Папярэдняя старонка: Трусаў А.А.

Вучоны-энцыклапедыст (Анатоль Грыцкевіч) 


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 11-06-2020,
Крыніца: Трусаў Алег. Вучоны-энцыклапедыст (Анатоль Грыцкевіч) // Наша Слова № 5 (1416), 30 студзеня 2019.



31 студзеня 2019 г. знакамітаму гісторыку Анатолю Грыцкевічу споўнілася б 90 гадоў. Шкада, што ён не дажыў да гэтага юбілею. Але памяць пра яго жыве і да гэтага часу.

Я пазнаёміўся з Анатолем Пятровічам яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя праз яго малодшага брата Валянціна, таксама вядомага беларускага гісторыка і краязнаўца. Беларусі часам шанцуе на братоў-гісторыкаў. Варта таксама прыгадаць, напрыклад, братоў Тышкевічаў і братоў Луцкевічаў. У адрозенне ад большасці беларускіх гісторыкаў, якія паходзяць з вёсак, Грыцкевічы нарадзіліся ў Менску і належаць да гарадской інтэлігенцыі, гэта і адбілася на іх дзейнасці.

Іх бацька, Пётр Навумавіч, паходзіў са Случчыны, са шляхецкага роду Грыцкевічаў, які Анатолю Грыцкевічу ўдалося прасачыць з XVI стагоддзя. Пётр Навумавіч меў гістарычную адукацыю, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, потым далучыўся да антыпольскіх партызан, стаў камуністам і ў ліпені 1920 г. далучыўся да А. Чарвякова, выступаў за новае абвяшчэнне БССР. Потым ён апынуўся ў Менску, дзе да 1937 г. узначальваў прафсаюз настаўнікаў, работнікаў вышэйшай школы і навукі. Маці Анатоля Агнеса Львоўна - былая вясковая настаўніца з Рагачоўскага павета, таксама камуністка, стала медыкам, дацэнтам медыцынскага інстытута.

У першы клас Анатоль пайшоў вучыцца ў 25-ую беларускую школу імя Чарвякова. З дзяцінства ён добра ведаў беларускую мову, бо на ёй не толькі вучыўся, але і размаўляў дома, а таксама з бабуляй і дзядулем, якія жылі ў вёсцы. Дома была хатняя бібліятэка, у тым ліку, і "Малая савецкая энцыклапедыя", з якой браты Грыцкевічы набывалі першыя гістарычныя веды.

У жахлівым 1937 г. бацька Анатоля трапіў пад сталінскія рэпрэсіі. Газета "Рабочы" абвінаваціла яго ў тым, што ён не вядзе барацьбу з ворагамі народа ў Наркамасвеце. Яго выключылі з партыі і звольнілі з працы. Цэлы год Пётр Грыцкевіч быў беспрацоўным. Але праз год яго аднавілі ў партыі і прызначылі дырэктарам школы № 5 у Менску, дзе ён выкладаў беларускую мову і літаратуру. Анатоль Грыцкевіч успамінаў, што пасля 1937 г. у яго сям'і перасталі размаўляць па-беларуску, бо баяліся абвінавачванняў у нацыянал-дэмакратызме.

У 1941 г. бацька пайшоў на фронт, дзе камандаваў сапёрным батальёнам і загінуў пад Масквой у кастрычніку таго ж года.

Маці працавала ў палявым шпіталі і разам з дзецьмі пераехала спачатку ў Кіргізію, а потым у г. Яраслаў. У Фрунзе, дзе жыў тады Анатоль, ён у 1943 г. чытаў Клаўзевіца, творы Бісмарка і кнігі пра Першую сусветную вайну, а таксама знакамітую аповесць Якуба Коласа "Дрыгва".

У 1944 г. сям'я Грыцкевічаў вярнулася ў Менск. Маці вельмі хацела, каб сыны сталі медыкамі, і яны абодва скончылі медінстытут. Анатоль скончыў яго ў 1950 г. і пачаў працаваць медыкам, але потым паступіў у Менскі педінстытут замежных моў, які скончыў у 1955 г. са спецыялізацыяй па англійскай мове. Увесь гэты час Анатоль цікавіўся гісторыяй і асабліва працамі М. Доўнар-Запольскага і М. Любаўскага, а таксама творамі Г. Сянкевіча і А. Міцкевіча. Таму ў 1953-1958 гг. Анатоль завочна скончыў гістфак БДУ. Сваю дыпломную працу ён прысвяціў гісторыі Слуцка.

На абароне гэтай дыпломнай работы прысутнічаў беларускі гісторык К. Шабуня, які і запрасіў сп. Анатоля на працу ў свой сектар у Інстытут гісторыі АН БССР. З 1959 г. А. Грыцкевіч малодшы, а з 1965 г. - старэйшы навуковы супрацоўнік. У 1964 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі прыватна-ўласніцкага беларускага горада ў XVI-XVIII стст. на прыкладзе г. Слуцка. Ужо тады погляды Анатоля Грыцкевіча, асабліва пад уплывам Мікалая Улашчыка, на беларускую гісторыю, асабліва ў часы хрушчоўскай і брэжнеўскай русіфікацыі, сталі адрознівацца ад поглядаў тых гісторыкаў, якія бясконца славілі ў сваіх працах партыю, камсамол і прафсаюзы.

І тут яму пашанцавала змяніць месца працы і атрымаць большую самастойнасць у сваёй навуковай дзейнасці. У 1975 г. быў створаны Менскі інстытут культуры, і яго рэктар, чалавек не абыякавы да беларускай культуры, пісьменнік і драматург Аляксандр Петрашкевіч, запрасіў узначаліць кафедру гісторыі СССР і замежных краін і заняцца выкладчыцкай дзейнасцю.

А. Грыцкевіч пагадзіўся і адразу прапанаваў змяніць назву кафедры на "Кафедру гісторыі СССР, БССР і замежных краін". Прапанова была прынятая, і ў БССР з'явілася трэцяя кафедра гісторыі з такой назвай (пасля БДУ і Менскага педінстытута). У 1976 г. Анатоль Грыцкевіч стаў дацэнтам.

Упершыню ў беларускай гістарыяграфіі ён піша пра розныя аспекты існавання і дзейнасці беларускіх гарадоў у часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэта і абарончыя пабудовы, і існаванне Магдэбургскага права, і жыццё месцічаў з іх канфліктамі, і ўдзел у шматлікіх войнах, і пра іх апалчэнні "міліцыйнага" тыпу. Яго працы грунтуюцца на архіўных матэрыялах, якія пярэчаць тагачаснай савецкай гістарыяграфіі, апалагетам якой тады ў БССР быў Лаўрэн Абэцэдарскі.

Яшчэ адна тэма хвалюе А. Грыцкевіча, гэта лёс Беларусі ў 1917-1921 гг. Ён быў першым гісторыкам у БССР, які, нягледзячы на цэнзуру, пачаў вывучаць і друкаваць інфармацыю пра Слуцкае ўзброенае паўстанне беларускіх сялян супраць бальшавікоў у 1920 г.

У 80-90-х гадах ХХ стагоддзя ў БССР, а потым і ў Рэспубліцы Беларусь, пачалі друкавацца розныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі і Анатоль Грыцкевіч напісаў для іх сотні розных гістарычных артыкулаў, асабліва для шасцітомнай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Яго суаўтарамі ў першую чаргу былі Г. Штыхаў, А. Мальдзіс і М. Ермаловіч.

Таксама даследчык здаўна цікавіўся рэлігійнымі пытаннямі. Ён адным з першых беларускіх гісторыкаў пачаў вывучаць гістарыяграфію праваслаўнай царквы ў Беларусі. Таксама яго цікавілі традыцыі каталіцызму і ўніяцтва. Адна з яго прац "Становішча праваслаўнай царквы на Беларусі да Люблінскай уніі 1569 г." выйшла на англійскай мове ў Ватыкане ў 1992 г. Будучы ў Рыме і Ватыкане Анатоль Грыцкевіч тройчы сустракаўся з Янам Паўлам ІІ. Адна з сустрэч адбылася ў мястэчку Кастэль Гандольфа за 30 км ад Рыма на Апіевай дарозе. У сваіх успамінах А. Грыцкевіч адзначае, што Папа да гасцей з Беларусі звяртаўся па-беларуску.

Значную ўвагу даследчык надаваў гісторыі беларускай шляхты і статутам ВКЛ. Генеалогіі беларускіх і літоўскіх магнацкіх і шляхецкіх родаў ён прысвяціў дзясяткі артыкулаў, асабліва энцыклапедычнага характару.

Паколькі далёка не ўсе беларускія навукоўцы і асабліва чыноўнікі падзялялі погляды А. Грыцкевіча на нашу гісторыю абараняць доктарскую дысертацыю пра сацыяльна-эканамічнае развіццё прыватнаўласніцкага горада на тэрыторыі Беларусі і Літвы яму давялося ў Вільні, дзе была больш дэмакратычная навуковая атмасфера. Абарона прайшла паспяхова, і ў 1985 г. А. Грыцкевіч стаў доктарам гістарычных навук, а ў 1987 г. - і прафесарам.

У кастрычніку 1988 г. ён становіцца сябрам Аргкамітэта па стварэнні БНФ, а потым шмат год яго абіраюць у Сойм гэтай патрыятычнай арганізацыі.

Анатоль Грыцкевіч у супрацьвагу Лаўрэну Абэцэдарскаму, грунтуючыся на архіўных матэрыялах, упершыню ў беларускай гістарыяграфіі ўвёў вызначэнне Рэчы Паспалітай як федэрацыі дзвюх раўнапраўных дзяржаў - ВКЛ і Каралеўства Польшчы (Літвы і Кароны). Ён даказаў, што беларускія феадалы займалі важнае месца ў палітычным і эканамічным жыцці ВКЛ, што дае падставы лічыць ВКЛ пасля Люблінскай уніі Беларуска-літоўскім, або Літоўска-беларускім, гаспадарствам. Гэтую канцэпцыю Грыцкевіч паслядоўна адстойваў з 1992 г.

У 1991 г. А. Грыцкевіч разам з іншымі гісторыкамі даў навуковае абгрунтаванне існаванню ў якасці дзяржаўных сімвалаў герба "Пагоня" і бел-чырвона-белага сцяга. Ён увайшоў у склад камісіі для выпрацоўкі эталона Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Палажэння аб гербе, узораў пячатак Вярхоўнага Савета, Прэзідыума ВС і нагруднага знака народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь.

У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. А. Грыцкевіч пачаў актыўна займацца такімі праблемамі як гісторыя беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці. Яго цікавяць утварэнне БНР, паход генерала Булак-Булаховіча на Палессе, беларуска-польскія і беларуска-літоўскія дачыненні ў 1919-1920 гг.

На гэтую тэму выходзяць такія працы даследчыка, як "Гісторыя геапалітыкі Беларусі" (1994 г.), "Ідэя незалежнасці Беларусі ў гістарычным аспекце" (1995 г.), "Фальсіфікацыя гісторыі і сучасная прэса" (1996 г.). У 1996 г. у Гродне на польскай мове выйшла публікацыя, прысвечаная генералу Станіславу Булак-Булаховічу. У 2009 г. Грыцкевіч падрыхтаваў да друку на рускай мове кнігу "Западный фронт РСФСР 1918-1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию", якая выйшла ў выдавецтве "Харвест", а ў 2010 г. кніга "Заходні фронт РСФСР у 1919-20 гады" выйшла па-беларуску.

Займаўся Анатоль Грыцкевіч дзейнасцю Францішка Скарыны, пісаў пра беларускае паходжанне Івана Фёдарава, пра гісторыю беларускіх татараў і яўрэяў. Ён кіраваў навуковым калектывам "Славутыя імёны Бацькаўшчыны" пры Беларускім фондзе культуры.

Анатоль Грыцкевіч актыўна прапагандаваў нашу гісторыю на старонках перыядычнага друку, праз радыё і тэлебачанне, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных канферэнцыях у Польшчы, Літве, Расіі, Германіі, Ватыкане, Англіі і іншых краінах. Ён праводзіў вялікую працу з творчай моладзю, чытаў лекцыі акрамя гісторыі Беларусі па такіх тэмах, як гісторыя рэлігіі, генеалогія, гістарычная геаграфія, быў доўгі час старшынём Савета па абароне доктарскіх дысертацый па тэорыі культуры пры Беларускім універсітэце культуры, выступаў у якасці апанента па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, кіраваў падрыхтоўкай шматлікіх дыпломных работ, магістарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Анатоль Грыцкевіч напісаў цікавы артыкул "Арганізацыя аба-роны земскай і бітва пад Оршай 1514 года." Ён даследаваў жыццё і дзейнасць гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага і яго сына, таксама Канстанціна, які быў лідарам праваслаўя ў ВКЛ і магнатам, які ў 1581 г. выдаў першую ва Усходняй Еўропе поўную царкоўна-славянскую Астрожскую біблію.

У нашай краіне і за яе межамі Анатоля Грыцкевіча ведалі як актыўнага і ўплывовага грамадскага дзеяча. Ён быў дырэктарам Беларускага інстытута Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, член-карэспандэнтам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, сябрам Рады ТБМ, Вучонай Рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, Прэзідыума Беларускага фонда культуры, гістарычнага клуба "Спадчына" і іншых грамадскіх арганізацый. Доўгі час (з 2001 г.) А. Грыцкевіч быў старшынём Міжнароднага грамадскага аб'яднання Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Гэта аўтарытэтная арганізацыя, у якой аб'яднаны прадстаўнікі інтэлігенцыі Беларусі і замежжа. У гэтай працы Анатолю Грыцкевічу актыўна дапамагаў яго малодшы брат Валянцін, які кіраваў з 1988 г. Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Санкт-Пецярбурзе.

Пад рэдакцыяй А. Грыцкевіча ў 2001 г. ЗБС "Бацькаўшчына" выдала грунтоўную гістарычную кнігу "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы". У 2009 г. ЗБС "Бацькаўшчына" падрыхтавала да друку і выдала зборнік артыкулаў А. Грыцкевіча пад назвай "Старонкі нашай мінуўшчыны". Апошняя манаграфія А. Грыцкевіча "Борьба за Украину (1917-1921)" выйшла ў 2011 г., яна і зараз не згубіла сваю актуальнасць, асабліва пасля падзей 2014 г.

Памёр Анатоль Грыцкевіч 20 студзеня 2015 г. на 86 г. жыцця. Але плён яго працы працягвае жыць.

Алег Трусаў, кандыдат гіст. навук.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX