Першы помнік беларускага мураванага дойлідства - славутая Полацкая Сафія пабудаваная пасярод старажытнага дзяцінцу Полацку (пазней ён атрымаў назву Верхні замак) дзесьці ў сярэдзіне XI ст. Упершыню ўскосны ўспамін аб існаванні Полацкай Сафіі ўтрымліваецца ў летапісе пад 1066 г. у сувязі з тым, што полацкі князь Усяслаў Чарадзей пасля захопу Ноўгараду вывез дадому званы з Ноўгарадскай Сафіі. Даследнікі лічаць, што на гэты час будынак полацкага храму ўжо быў зроблены i захопленыя наўгародскія званы прывезеныя ў Полацк для мясцовай Сафіі.
Да нашых дзён Полацкая Сафія дайшла ў моцна перабудаваным выглядзе i ўяўляе зараз базілікальную пабудову эпохі «віленскага барока». Таму доўгі час навукоўцы XIX i XX стст. устрымліваліся ад спробаў зрабіць графічныя рэканструкцыі Сафіі на ХІ-ХІІ стст.
Асноўныя спрэчкі паміж даследнікамі ішлі наконт часу пабудовы заходніх апсідаў храму, якія нагадваюць старадаўнія ўсходнія апсіды Полацкай Сафіі.
Адны навукоўцы (Шароцкі, Бруноў, Някрасаў, Афанасьеў, Ашчэпкаў i Аляксееў) сцвярджалі, што заходнія апсіды першапачатковыя, i тлумачылі ix узнікненне ўплывам раманскай архітэктуры. Гэтая група вучоных прапаноўвала рэканструкцыі планаў Полацкай Сафіі з наяўнасцю як усходніх, так i заходніх апсідаў.
Іншыя даследнікі (Паўлінаў, Шчакаціхін, Хозераў, Варонін, Лазараў) лічылі, што заходнія апсіды - з'ява пазнейшая, i прапаноўвалі планы Сафіі толькі з усходнімі апсідамі.
План першапачатковай Сафіі, прапанаваны І.Хозеравым пасля даследаванняў 1926 г., уяўляў сабою квадрат (прыкладна 27x27 м). Але маштаб, прыкладзены да гэтага плану, памылкова пададзены ў метрах (а патрэбна ў сажанях). На жаль, некаторыя вучоныя прынялі гэты план на веру без усялякай праверкі. Адначасова з Хозеравым абмеры падземных частак Сафіі зрабіў М.Шчакаціхін, які прапанаваў свой план рэканструкцыі храму XI-XII стст. Нягледзячы на тое, што план Шчакаціхіна менш падрабязны, чым рэканструкцыя Хозерава (на ім адсутнічаюць бакавыя праходы, некаторыя вонкавыя лапаткі), асноўныя параметры Полацкай Сафіі дадзены даволі дакладна i складаюць паводле вонкавага абмеру 26,5x26,5 м. Доўгі час план Сафіі, прапанаваны М.Шчакаціхіным, быў самы дакладны. Апошні, самы дакладны план Полацкага Сафійскага сабору надрукаваў у 1988 г. пасля раскопаў храму Валянцін Булкін.
У выніку сваіх раскопаў (1976-1978 гг.) В.Булкін паставіў апошнюю кропку ў спрэчцы наконт часу пабудовы заходніх апсідаў i абгрунтавана даказаў, што яны пабудаваныя ў пачатку XVII ст., калі сабор стаў уніяцкім i быў пераарыентаваны аўтаром на поўнач. Пра гэта сведчыць таўшчыня цэглы (6,5 см), з якой зроблены познія апсіды i ix падмуркі, узведзеныя ў тэхніцы мяшанай муроўкі (адначасовае ўжыванне цэглы i камянёў, прычым цэгла пераважае). Дарэчы, менавіта ў 1607 г. адбыўся чарговы пажар Полацкай Сафіі, пасля якога храм быў хутка адноўлены. Варта адзначыць, што ў 30-х гг. XVII ст. уніятамі быў капітальна перабудаваны з ужываннем брусковай цэглы аналагічнай таўшчыні Барысаглебскі храм у Наваградку, у будаўніцтве якога ў XII ст. бралі ўдзел полацкія майстры.
Значны ўклад у вывучэнне вонкавага аблічча Сафіі XVI-XVII стст. зрабіў М.Ткачоў. У сваёй кнізе «Замкі Беларусі» ён надрукаваў чатыры выявы Полацкай Сафіі ў XVI-XVIII стст. паводле іканаграфічнага матэрыялу. У той час храм стаў абарончым i меў чатыры нарожныя вежы, прыстасаваныя для ваенных дзеянняў.
Міхась Ткачоў лічыў, што перабудова храму адбылася ў 1494-1501 гг. i нарожныя вежы былі круглыя ад самага нізу да верху.
Але гэтай версіі запярэчыла Тамара Габрусь. Я на лічыць, што вежы завяршалі вуглавыя квадратныя ў плане кампартыменты старажытнага сабору. Нарожныя вежы не былі круглыя да самага нізу, бо падчас апошніх раскопаў Полацкай Сафіі, якія праводзіў Валянцін Булкін, ix рэшткі не знойдзены. Даследніца выказала меркаванне, што пры перабудове Сафіі ў пачатку XVII ст. на загад уніяцкага архібіскупа Я.Кунцэвіча былі знятыя вярхі баявых вежаў «як непатрэбныя, царкве ніякай красы не дадаючы».
Нядаўна ў рукі беларускіх даследнікаў трапілі новыя матэрыялы. У шостым нумары «Спадчыны» за 1997 г. на вокладцы надрукавана новая каляровая выява Сафіі XVI ст. Гэтая гравюра з нюрнбэргскага «лятучага лістка» 1579 г. На пярэднім плане на Верхнім Полацкім замку мы бачым васьмігранную каменную вежу-данжон, умацаваную ўнізе гатычнымі контрафорсамі, а далей стаіць Полацкая Сафія, перад парталам якой узвышаюцца дзве прастакутныя ў плане абарончыя вежы, напалову разбураныя агнём гарматаў Сцяпана Батуры. Такім чынам, мае рацыю Т.Габрусь: абарончыя вежы Сафіі ніколі не былi круглыя, але Я.Кунцэвіч тут не пры чым, бо ён дабудоўваў ужо разбіты ў вайну 1579 г. храм. На новай нямецкай гравюры Полацку, знойдзенай Алесем Белым, мы бачым Полацкую Сафію з чатырма вежамі, але побач стаяла вышэйшая вежа-званіца.
Доўгі час даследнікі не прапаноўвалі аб'ёмнай рэканструкцыі Полацкай Сафіі, бо не мелі для гэтага дастатковай інфармацыі.
Раскопы В.Булкіна дазволілі запоўніць гэтую лакуну. У 1976 г. археолаг знайшоў каля ўсходняй сцяны сабору рэшткі пабудовы XII - пачатку XIII ст. У 1977 г. перад паўднёвым парталам сабору ўскрытыя рэшткі прытвору (7,8x5 м), складзеныя з плінфы, на цамянцы, «са схаваным радам». Падмурак быў складзены з валуноў i меў глыбіню 0,6-0,8 м. Звонку, ля паўднёва-заходняга кута храму, знойдзеныя рэшткі пабудовы з плінфы. Таўшчыня яе сценаў вагаецца ад 1 да 1,2 м. Паўднёвая сцяна гэтай прыбудовы дапасуецца да апошняе паўднёвае лапаткі заходняе сцяны сабору i мае даўжыню 4,8 м. Заходняя сцяна прасочана да месца, дзе яна разбураная пры пабудове позніх заходніх апсідаў. Знойдзеныя, верагодна, рэшткі заходняй галерэі сабору з вежай, што знаходзіліся ў яе паўднёвым канцы. У 1978 г. знойдзеныя магчымыя рэшткі другой лесвічнай вежы сабору XI ст. Часткова раскрытая пабудова ХІІ-ХІІІ стст., якая дапасоўвалася да храму з паўночнага ўсходу. У раскопе каля паўночна-ўсходняга боку Сафіі раскапаныя рэшткі княжацкай спачывальні, да якой з поўдня была прыбудаваная невялічкая царква з прастакутнаю апсідаю.
Першую аб'ёмную рэканструкцыю Полацкай Сафіі, зробленую мастаком Сакаловым паводле матэрыялаў раскопаў В.Булкіна, надрукаваў Г.Штыхаў, аднак бакавыя галерэі на гэтым малюнку адсутнічаюць. Мы прапануем чытачам два варыянты рэканструкцыі Сафіі ХІ-ХІІ стст. з бакавымі галерэямі, выкананыя ў 1996 г. пры нашым удзеле мастаком Р.Данчанкам (гл. таксама 1-ю старонку вокладкі). Гэта выгляды Полацкай Сафіі з боку апсіды i з боку галоўнага парталу сабору. Хочацца спадзявацца, што гэтыя рэканструкцыі не застануцца без увагі даследнікаў.
Літаратура
1. Булкин В.А. Софийский собор в Полоцке (К вопросу о западных апсидах). // Древнерусское искусство. Художественная культура X первой половины XIII в.- М., 1988.- С. 59-63.
2. Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII-XVJI стст.). - Мн., 1977. - С.62-63.
3. Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии. // Древности Белоруссии и Литвы. - Мн., 1982. - С. 165-172.
4. Штыхов Г.В. Киев и города Полоцкой земли. // Киев и западные земли Руси в ІХ-ХІІІ вв. - Мн., 1982. - С.56.
5. Габрусь Т. Зруйнаваныя святыні. // Страчаная спадчына. - Мн., 1998. - С. 57-58.
6. Белы А. Полацк у нямецкіх «лятучых лістках». // Спадчына, 1997, №6. - С. 213-219.