Адзін з вялікіх гарадоў сярэднявечнай Беларуci - Магілеў, атрымаў поўнае магдэбургскае права ў 1577 г. Пасля гэтага,. дзякуючы самакіраванню i вялікім гандлёвым прывілеям, горад хутка развіваўся i ў канцы XVI ст. стаў адным з самых вялікіх гарадоў у Вялікім Княстве Літоўскім, асабліва пасля разгрому i заняпаду Полацка падчас Лівонскае вайны.
Адразу пасля атрымання гандлёвых прывілеяў у Старым горадзе каля гарадской брамы будуецца першая драўляная ратуша. Паколькі Магілеў, як i іншыя гарады сярэднявечча, часта цярпеў ад пажараў, Магілеўская ратуша не адзін раз цалкам згарала, i пры гэтым яе месцазнаходжанне мянялася. Апошняя драўляная ратуша знаходзілася на левым баку вуліцы Шклоўскай (цяпер вул. Першамайская) на рагу, дзе потым месціліся езуіты [1].
У канцы XVII ст. пасля спусташальнай руска-польскай вайны, падчас якой Магілеву больш пашанцавала, чым суседнім беларускім гарадам, яго заможныя жыхары будуюць мураваную двухпавярховую ратушу з высокай васьмікутнай вежай на Гандлёвай плошчы.
Звесткі аб аўтарах будаўніцтва ратушы, яе выглядзе звонку i аб інтэр'ерах можна знайсці ў матэрыялах магілеўскага магістрату, якія былі надрукаваныя ў 1871 г. у Віцебску пад назовам "Историко-юридические материалы" [2].
Першы камень у падмурак новай ратушы быў урачыста закладзены 4 верасня 1679 г. Пры закладцы i асвячэнні ратушы прысутнічала каталіцкае i праваслаўнае святарства і кіраўнікі магістрату. Кіраваў будаўніцтвам "майстар Феска". Праўда, некаторыя даследнікі разам з ім называюць кіраўнікаімі будоўлі аўтарскі калектыў (Грышку, Ігната, Ваську i Андрэя). Аднак уважлівае прачытанне магістарскіх кніг дае магчымасць сцвярджаць, што гэтыя людзі былі простымі мулярамі, якія амаль кожны працоўны дзень чаргаваліся і, верагодна, уваходзілі ў адну будаўнічую арцель пад кіраўніцтвам "майстра".
На будаўніцтва ратушы спатрэбілася шмат будаўнічых матэрыялаў, якія куплялі ў розных падрадчыкаў, у тым ліку i ў манахаў Мікольскага манастыра. Было адразу закуплена 42,8 тысячы цаглінаў, 616 бочак вапны, шмат вялікіх камянёў для падмуркаў, 800 вазоў пяску, а таксама жалеза "на граты, на крюча и на иншыя до муры потребные речи", розныя драўляныя бэлькі, брусы, жэрдкі i бярвенні.
Да 1680 г. асноўны будынак ратушы, відаць, быў пабудаваны, бо ў лістападзе 1680 г. купілі "латоки два пяти сажон на ратуш мурованый". У лютым 1681 г. былі зроблены вокны i ў яе сенях прабіты "обокончыны" (аканіцы).
У сакавіку 1681 г. некаторыя часткі памяшканняў ацяпляюцца, бо дровы ўжо куплялі для абедзвюх ратушаў, старой i новай. У 1681 г, будаўніцтва працягваецца. Былі накрытыя ратушныя ганкі, вяліся працы на даху асноўнага будынку. Акрамя цяслярскай, вялася i мулярская праца, у якой бралі ўдзел дзве будаўнічыя арцелі над кіраўніцтвам майстроў Фескі i Апанаса. Ёсць звесткі, што ратуша была накрыта дахоўкаю, мела два ганкі, вялікі i малы, над якімі былі пазалочаныя ветранікі (флюгеры). Ратушныя вокны былі зашклёныя, a памяшканні ацяпляліся кафлянымі печкамі. Працягваліся працы знешняга аздаблення ратушы. Магілеўскі мастак Апанас Пігарэвіч зрабіў пазалочаныя ветранікі на ратушу, а таксама распісаў блакітнай фарбай ратушныя шчыты. Ён жа напісаў абраз Святой Багародзіцы, якая знаходзілася ў адной з ратушных залаў, распісаў "балясы, печку i напісаў выяву святых евангелістаў".
У лістападзе 1681 г. ратушу асвяцілі святары з Брацкага манастыра. 3 гэтага часу яна стала функцыянаваць. У 1682 г. было пачата будаўніцтва ратушнай вежы пад кіраўніцтвам майстра Крузберга з Быхава. Але 1 верасня 1686 г. каменная ратушная вежа, збудаваная на вышыню 40 локцяў (каля 26 м), абвалілася. 3 цяглянага развалу i друзу спрытныя магілеўцы збудавалі непадалёку цэйхгауз для rapматаў.
Магілеўскі магістрат на гэтым не супакоіўся i ў ліпені 1692 г. зноў распачаў будаўніцтва вежы перад ратушным будынкам. На гэты раз кіраваў будаўнікамі майстар Ігнат. Спачатку цалкам разабралі рэшткі першапачатковай вежы, потым заклалі i асвяцілі новыя падмуркі. Цянер будаўніцтва вежы прайшло больш паспяхова. Яна атрымала балкон, аздоблены разнымі драўлянымі балясамі, а перад уваходам у вежу быў зроблены малы ганак.
Але магілеўцам не шанцавала, i ўжо летам 1698 г. новая вежа запатрабавала рамонту. Падчас рамонту драўляныя ларэнчы балкона замянілі на металёвыя.
Пад 1699 г. каля ратушы ўжо згадваліся ворота ратушныя мураваныя", пакрытыя "дором" (дранкаю).
На падставе шматлікіх пісьмовых крыніцаў i аналізу аналагаў апісання інтэр'ераў ратушаў XVII ст., на тэрыторыі Рэчы Паспалітай можна прапанаваць рэканструкцыю знешняга выгляду i інтэр'ераў Магілеўскай ратушы на канец XVII ст.
На першым паверсе знаходзіліся "сени", вялікая "изба", дзе адбываўся суд пад кіраўніцтвам войта, канцылярыя, у якой знаходзіліся пісары, а таксама памяшканне (ратушная святліца), дзе захоўваліся бягучыя справы магістрату.
Другі паверх займалі "сени", судовая "изба", у якой праходзілі суды пад кіраўніцтвам бургамістра i дарадцаў, зала - месца сходаў магістрату i некалькі дапаможных памяшканняў. У цокальным паўпадвальным паверсе ратушы знаходзіліся скарбніца, сховішчы i турма. У корпусе вежы былі зала i святліца, a ў сутарэнні пад вежай жыў вартаўнік.
Усе памяшканні ацяпляліся кафлянымі печкамі, аблямаванымі тэракотавай i паліванай кафляй зялёнага колеру. Першы i цокальны паверхі напэўна мелі скляпеністую столь. 3 першага на другі паверх вялі лесвіцы, упрыгожаныя разнымі пафарбаванымі драўлянымі балясамі. Асноўнай мэбляй былі лавы i зэдлі, а таксама вялікія сталы, накрытыя зялёным сукном. У канцылярыі i архіве стаялі шафы, у якіх захоўваліся паперы i кнігі. Усе паверхі мелі зашклёныя вокны з алавянымі пераплётамі. Усярэдзіне яны завёшваліся фіранкамі з зялёнага гарусу. Парадныя памяшканні аздабляліся абразамі, каралеўскімі партрэтамі i харугвамі цэхаў. Усе падлогі былі выкладзеныя спецыяльнай цэглай, а сцены атынкаваныя ў белы колер.
У ратушы заўжды падтрымліваліся чысціня i парадак. У вячэрні i начны час дзеля асвятлення ўжываліся свечкі, што ўстаўляліся ў спецыяльныя ліхтары. На вокнах цокальнага i першага паверхаў былі жалезныя краты. Усе вокны нанач зачыняліся драўлянымі аканіцамі, акаванымі фігурнымі металёвымі пласцінамі, што выразаліся з тоўстай бляхі.
Звонку ратуша была атынкаваная, мела два ганкі, нізкі i высокі (парадны). На высокі ганак вяла лесвіца з разнымі балясамі. Верагодна, парадны ганак быў цалкам зачынены, бо меў акно. На нізкім ганку стаялі лавы. Падлогі абодвух ганкаў былi цагляныя.
Ратушную вежу аздаблялі балкон з металёвымі кратамі i, магчыма, вялікі гадзіннік. Дах ратушы быў накрыты дахоўкай, i яна прыгожа выглядала сярод невысокіх драўляных i цагляных крамаў мясцовых гандляроў, ад якіх яе аддзяляў драўляны плот з цаглянай брамай, накрытай дранкаю. Яшчэ здалёк стомлены вандроўнік, які ўваходзіў у Магілеў праз знакамітую Алейную браму, бачыў пазалочаныя металёвыя ветранікі, што аздаблялі ратушную вежу, франтоны i дахі абодвух ганкаў.
Гэтую карціну ў значнай ступені пацвердзілі вынікі археалагічных даследаванняў, зробленых аўтарам на месцы Магілеўскай ратушы ў верасні 1979 г. Была раскапаная большая частка рэшткаў будынку. Захаваліся падмуркі ратушы i ніжнія кавалкі сценаў, зробленых з тонкай цэглы-пальчаткі (сярэднія памеры яе 30-31x14-15x5,5 см). Глыбіня залягання падмуркаў асноўнага будынку 60-75 см, яны складзеныя з валуноў, прамежкі паміж імі закладзеныя цэглай. Ратуша пабудаваная на магутным пласце мацерыковай гліны. Гэта быў прастакутны ў плане будынак з васьміграннай вежай, прыбудаванай да галоўнага фасаду. Падчас раскопаў знойдзены падмурак вялікай кафлянай печы, складзены з кавалкаў цэглы i невялікіх камянёў. Побач былі кавалкі гзымсавай зялёнай паліванай кафлі XVII ст., аздобленай сюжэтным арнаментам. У развале печы выявілі i сцянную бязрамкавую кафлю пачатку XVIII ст., пакрытую светла-зялёнай палівай i раслінным арнаментам [3].
Сярод іншых знаходак можна вызначыць фрагменты шкляных квартаў, паліванага i расгііснога посуду. Найбольшую цікавасць уяўляюць зялёныя паліваныя куфлі з ручкай, аздобленыя старажытным гербам Магілева (абарончая вежа) [4]. Магчыма, што яны патрапілі сюды са старой драўлянай ратушы, бо ў 1661 г. Магілеў атрымаў новы герб.
У 1984 г. даследаванні Магілеўскай ратушы працягваў Ігар Чарняўскі. Каля падмуркаў ратушнай вежы ён прасачыў рэшткі параднага ганку, складзенага з цэглы-пальчаткі на неглыбокім бутавым падмурку. Знойдзены элементы дзвярных каробак, што сведчыць пра наяўнасць нейкіх памяшканняў пад ганкам [5].
Падчас раскопаў былі сабраныя кавалкі тонкай пляскатай чырвонай дахоўкі з прастакутным мацаваным шыпам, якой некалі быў накрыты будынак ратушы.
А цяпер зноў вернемся да пісьмовых крыніцаў. У верасні 1708 г. падчас Паўночнае вайны, калі войскі Пятра 1 спалілі горад, ратуша таксама гарэла, але гарадскія (магістарскія) кнігі з яе паспелі вынесці [6].
У 1733 г. ратушную вежу рамантуюць [7], i яе вышыня дасягнула 38 м. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Магілеў уваходзіць у склад Расейскай імперыі i робіцца губернскім горадам. Таму тут адразу пачалося вялікае будаўніцтва. На Гандлёвай плошчы, недалёка ад ратушы палац губернатара i чатыры будынкі ўстановаў 1773 г. карэннай перабудове падлягае i ратуша. Была закупленая цэгла ў розных людзей, а таксама ў манахаў-бернардынаў. Вапну на будоўлю пастаўляў Брацкі манастыр. Летам 1773 г. каля ратушнай вежы i будынку ўжо стаялі рыштаванні. Будынак капітальна перарабілі адпаведна новаму архітэктурнаму стылю класіцызму. Некаторыя сцены i перагародкі былі цалкам разабраныя, на вокнах пастаўленыя жалезныя краты, у мурах вежы ўжытыя металёвыя круглыя i крыжовыя праёмныя бэлькі-сувязі. Столь будынку ўцяплілі глінай, перарабілі лішнія кафляныя печы, аздобленыя зялёнай паліванай кафляй. У верасні дах ратушы быў накрыты бляхай. На ратушны дах спатрэбілася 450 лістоў бляхі, a ўся перабудова абышлася ў 1401 тысячу рублёў. Кіраваў працай перабудовы ратушы паручнік Іван Тоулин [8].
Перабудова ратушы ў стылі класіцызму i пабудова побач шэрагу манументальных будынкаў абапал Гандлёвай плошчы прывялі да ўзнікнення ў Магілеве першага завершанага комплексу адміністратыўна-грамадскіх будынкаў.
У 1777 г. былі атынкаваныя "ратушные коридоры", "судовая изба", канцылярыя, а таксама адрамантаваны ратушны гадзіннік. Захаваліся апісанні інтэр'ераў асноўных памяшканняў ратушы на канец XVIII ст. У зале знаходзіўся вялікі судовы стол, накрыты кармазінавым (малінавым) сукном. Вакол яго стаялі крэслы. На сценах віселі партрэты Кацярыны II, Паўла I (наступніка), каралеўскія партрэты (відаць выява Станіслава Панятоўскага) i абраз з выявай Ісуса Хрыста [9].
У 1778 г. было створанае Магілеўскае намесніцтва. 4 ліпеня 1778 г. трубачы на ратушнай вежы ўрачыста затрубілі, паведамляючы тым самым усім аб адкрыцці намесніцтва. У той час магілеўскім намеснікам быў граф Чарнышоў. На ягоны загад кожны дзень, з паловы 12-й да паловы першай гадзіны па абедзе, - акрамя суботы i нядзелі, - на магістрацкай вежы гралі на трубах i валторнах, a ў святочныя дні i на іншых інструментах. У 1780 г. на ратушную вежу, якая тады была самай высокай пабудовай у горадае, для агляду панарамы Магілева, падымаўся аўстрыйскі імператар Франц Іосіф, які сустракаўся ў Магілеве з Кацярынай II [10].
Пасля анексіі Расіяй Магілева ў будынку ратушы паранейшаму знаходзіўся гарадскі магістрат, які ў гэты час выконваў функцыі толькі гарадскога суду.
З канца XVIII ст. знешні выгляд ратушы амаль не мяняўся. Архітэктура будынку нагадвала старую традыцыю класіцызму, адлюстраваную ў абліччы адміністратыўных будынкаў на Гандлёвай плошчы: шырокі гарызантальны нас паміж паверхамі, рустоўка ніжняга наверху, аздабленні вокнаў верхняга наверху. Пяціярусная вежа ратушы, а таксама званіца Богаяўленскага сабору да гэтага часу сталіся асноўнымі вертыкальнымі дамінантамі гораду.
У 1846 г. у будынку ратушы па-ранейшаму знаходзіўся "городской магистрат обще с думаю в верхнем, этаже" i "съездный дом 1 части города" [11]. Да 1847 г. ратушная вежа выкарыстоўвалася як пажарная "каланча". Есць звесткі, што ў 1858 г. на ёй устанавілі гадзіннік.
У 1866 г. магістраты ў Беларусі бьші зліквідаваныя, i ўсе ix справы перадалі да павятовых (уезных) судоў.
У 1873 г. у ратушы знаходзіўся шпіталь, а вежа па-ранейшаму выкарыстоўвалася як назіральная вышка для пажарнікаў. Пасля земскай рэформы 1870 г. органамі гарадской улады з'яўляюцца гарадскія ўправы, a выканаўчымі органамі - гарадскія думы. У 1901 г. магілеўская гарадская ўправа знаходзілася ўжо ў будынку былой ратушы, дзе была да 1917 г. [12] 22 сакавіка 1917 г. у ратушы быў створаны Магілеўскі гарадскі савет.
У адпаведнасці з Пастановай СНК БССР № 28 ад 3 жніўня 1626 г. будынак узяты пад ахову дзяржавы i аб'яўлены дзяржаўным здабыткам. У 30-я гг. XX ст. ратушную вежу па-ранейшаму займалі пажарнікі, а сам корпус, як расказвалі старыя жыхары Магілева, займала вайсковая ўстанова.
Летам 1941 г. будынак ратушы апынуўся ў эпіцэнтры баёў за горад. Жыхары Магілева расказвалі, што пасля адыходу фашыстаў у 1944 г. на самым версе ратушнай вежы былі знойдзены парэшткі кулямётчыка, які да апошняга патрона змагаўся з захопнікамі ў жніўні 1941 г.
У гады вайны, у адным з памяшканняў ратушы, дзе была пральня, знаходзілася падпольная бальшавіцкая арганізацыя [13].
Ратуша моцна пацярпела i ў 1944 г. У газеце "За Радзіму" ад 10 жніўня 1944 г. надрукаваны фотаздымак напалоў разбуранага будынку ратушы. У жніўні 1945 г. ратушу абследавала камісія ў складзе некалькіх архітэктараў i прадстаўніка Ўпраўлення па справах архітэктуры Зенчанкі. Будынак не выкарыстоўваўся, яго сцены мелі шмат шчылінаў, скразных адтулінаў i выбоінаў. Внешняя i ўнутраная тынкоўка абвалілася. Перакрыцці разбураныя, усе лесвіцы, падлогі i столі знішчаныя. Камісія, зважаючы на тое, што ратуша ёсць каштоўным помнікам беларускай архітэктуры, прапанавала зберагчы яе да поўных архітэктурных абмераў i павесіць на будынак ахоўную дошку [14].
Разам з разбураным горадам паступова адбудоўваецца i Магілеўская ратуша. На фотаздымку 1948 г, яна мае дах i вокны, шчылінаў i адтулінаў ужо не відаць [15]. 16 кастрычніка 1947 г. ратуша ХVII ст. у г.Магілеве была зноў прынятая на дзяржаўную ахову [16].
На нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры, якая адбылася 26 снежня 1952 г., сярод адрамантаваных помнікаў усесаюзнага значэння ў Беларусі адзначалася таксама i Магілеўская ратуша. У якасці станоўчага прыкладу выступоўцы адзначалі праект забудовы Савецкай плошчы ў г.Магілеве, дзе аўтары змаглі арганічна ўключыць былую ратушу ў агульны ансамбль створанай імі плошчы [17].
Гэты праект быў надрукаваны ў магілеўскай газеце "За Радзіму". Аўтар артыкула "Праект забудовы Першамайскай вуліцы" І.Ганеянка адзначыў, што аднаўленне ратушы i выкананне працаў забудовы i рэканструкцыі Савецкай плошчы стварае прыгожы выгляд цэнтру гораду, які будзе відаць далёка з-за Дняпра.
У 1952 г. пачаліся працы поўнага аднаўлення Магілеўскай ратушы. 11 верасня 1953 г, выканкам Магілеўскага гарадскога Савету прыняў рашэнне № 725, згодна з якім начальнік рамбудканторы тав. Агасьян быў абавязаны скончыць працы да 10 снежня 1953 г., а гаркамунгас пасля аднаўлення павінен быў узяць будынак ратушы на захаванне як помнік архітэктуры [18]. Пра гэта пісала i мясцовая прэса. Але аднаўлення ратушы так i не скончылі. У 1957 г. з невядомых прычынаў помнік архітэктуры быў узарваны. Пра гэты акт вандалізму паведаміў 30 жніўня 1957 г. журналіст М.Канельчык у газеце "Советская Белоруссия". Мне давялося пабачыць гэтага цікавага чалавека, які расказаў, як цяжка было яму надрукаваць гэтую інфармацыю, якія непрыемнасці ён меў потым. Бальшавікі вельмі не любілі "гласности",
У 1979 г., калі я распачаў раскопкі Магілеўскай ратушы, на занядбанай i бруднай Савецкай плошчы, яшчэ былі бачныя рэшткі ўзарваных падмуркаў ратушы. У 10-15 метрах ад ix высіліся металёвыя механічныя арэлі, абазваныя мясцовымі жыхарамі "чортавым колам".
У 1978 г. Міністэрства культуры БССР выдзеліла грошы на распрацоўку праекту адбудовы Магілеўскай ратушы i размяшчэнне ў ёй Палацу шлюбаў. Былі зробленыя гістарычныя даследаванні, археалагічныя раскопкі, супрацоўнікамі Беларускага рэстаўрацыйнага праектнага інстытуту зроблены праект аднаўлення будынку.
У траўні 1992 г., на свяце 725-годдзя гораду ў падмурак будучай адноўленай ратушы заклалі i (як у XVII ст.) зноў асвяцілі першы камень будучага гарадскога сымбалю. Але будоўля ішла нядоўга. Цяжкасці з матэрыяламі i фінансаваннем, змена ўлады - i ўсё спынілася [19]. Магчыма, ў наступным стагоддзі ратуша ўсё ж будзе адноўленая, б о надзея памірае апошняй.
[1] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф. 1817, вогі. I, адз. зах. 59, л. 7.
[2] Историко-юридические материалы. Витебск, 1871, вып. 1.
[3] Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии ХІ-ХУІІ вв. - Минск, 1988. - С. 55-56, 69, 107, 146.
[4] Трусов О.А. Раскопки Могилевской ратуши и Заславльского замка. // Археологические открытия 1979 года. - М., 1980. - С.369.
[5] Чернявский И.М. Исследования в Могилеве, Любче и Несвиже. // Археологические открытия 1984 года. - М., 1986. - С.350.
[6] Записки игумена Ореста. Археологический сборник документов, относящихся к северо-западной Руси. Т. И.- Вильно, 1887. - С. 61.
[7] БелСЭ. Т. VI. - Мінск, 1972. С. 506.
[8] НГАБ, ф. 2109, вой. 2, адз, зах. 5. У дакументальных крыніцах пpoзвішча паручніка пішацца па-рознаму: напрыклад, Таул, Таулов, Фаулов, што, верагодна, тлумачыцца няведаннем расейскай мовы. У гэты час усё справаводства, пачынаючы з 1707 г., у Магілеўскім магістраце вялося на польскай мове.
[9] НГАБ, ф. 1817, воп. 3, адз. зах. 2, л. 54.
[10] Жизнь Гавриила Добрынина. - СПб., 1872. - С.198, 202, 306.
[11] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, ф. 1293, воп. 165, сп, 169. План г.Магілёва, 1846г.
[12] Никонов Б. Могилев и его прошлое. "Нива", 1901, № 11. - С.216.
[13] "Советская Белоруссия", 1957, 30 жніўня.
[14] НГАБ (былы ЦДАКР БССР), ф. 903, воп. 3, адз. зах. 33, л. 292-294.
[15] Кацар М. Архітэктура Магілёва. // Весці АН БССР, 1948, № 6. - С. 47.
[16] НГАБ, ф. 903, воп. 3, адз. зах. 44, л. 16.
[17] Тамсама, л. 30.
[18] Магілёўскі абласны архіў, ф. 11, воп. 5, адз. зах. 82.
[19] Кондратьева Л.Ф. Старая площадь. // V абласныя магілеўскія краязнаўчыя чытанні (28 кастрычніка 1993 г.). - Магілёў, 1994. - С. 51.