Папярэдняя старонка: Туронак Юры

Падрэзаныя крылы 


Аўтар: Туронак Юры,
Дадана: 12-08-2019,
Крыніца: Наша вера. 2003. № 2(24).



Заснаваны ў кастрычніку 1913 г. беларускі гурток студэнтаў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу існаваў кароткі час - усяго пяць гадоў. Яго дзейнасць спынілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў выніку ліквідацыі акадэміі бальшавіцкімі ўладамі. Асноўнай мэтай гуртка было фармаванне нацыянальнай самасвядомасці яго членаў, а таксама навучэнцаў Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу.

Ксёндз Генрык Бэта.

Абедзве гэтыя навучальныя ўстановы рыхтавалі кадры святароў да душпастырскай працы ў Беларусі, якія ў сваю чаргу павінны былі садзейнічаць не толькі духоўнаму, але і нацыянальнаму выхаванню каталіцкіх народных мас. З гэтай прычыны акалічнасці заснавання гуртка і яго дзейнасць заслугоўваюць нашай увагі, тым больш што дадзеным пытаннем мала цікавіліся беларускія даследчыкі.

На пачатку ХХ стагоддзя Пецярбург быў нараўне з Вільняй важным цэнтрам беларускага адраджэнскага руху. Тут дзейнічалі такія вядомыя асобы Адраджэння як Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Вацлаў Іваноўскі, Ян і Антон Луцкевічы, Янка Купала, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Браніслаў Тарашкевіч і іншыя. Тут працавалі беларускія выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца», «Грамада», выдавецтва Антона Грыневіча, а таксама Беларускі навукова-літаратурны гурток, заснаваны ў 1912 г. у Пецярбургскім універсітэце. Тут распрацоўваліся канцэпцыі грамадскай дзейнасці.

Такім чынам, стварэнне акадэмічнага гуртка ішло ў адзіным рэчышчы агульнаграмадскага развіцця і павінна было дапаўняць яго ў рэлігійнай сферы. Затое, як часта бывае, неаднародна трактуецца ў літаратуры «персанальны аспект» - хто быў яго заснавальнікам. Бадай першы па гэтым пытанні выказаўся кс. Вінцэнт Гадлеўскі, які восенню 1912 г. паступіў на першы курс акадэміі.

«Задумаў я, - пісаў Гадлеўскі, - залажыць гурток і пачаў шукаць аднадумцаў. Падзяліўся сваімі думкамі з Цікотам і Хвецькам. Тыя цэлай душой пахвалілі мой пачын. Звярнуўся я тады да іншых беларускіх «краёўцаў», да Пякарскага, Шырокага, а таксама да Францука і Жаўняровіча і ў выніку 13 ці 20 кастрычніка 1913 г. мы залажылі першы гурток беларускай студэнцкай моладзі ў Петраградскай акадэміі» 1.

Версію Гадлеўскага аспрэчыў кс. Адам Станкевіч, таксама былы студэнт акадэміі і дзеяч гуртка. «Першым пачынальнікам беларускай арганізацыі сярод беларусаў-акадэмікаў, - пісаў Станкевіч, - быў Л. Хвецька. Дзякуючы яму ўжо ў 1912 г. паўстаў беларускі акадэміцкі гурток, у склад якога ўваходзілі Л. Хвецька, А. Цікота, П. Пякарскі, Ст. Шырокі, Францук, І. Жаўняровіч, В. Гадлеўскі. Існаваў аднак гэты гурток яшчэ толькі фактычна, а не фармальна. Урэшце ў кастрычніку 1913 г. быў ён фармальна заснаваны» 2.

Такім чынам, узнікае пытанне, на якое не далі адназначнага адказу выказванні абодвух кампетэнтных дзеячаў акадэмічнага гуртка - ці яго заснавальнікам быў Гадлеўскі ці Хвецька. Для дзейнасці гуртка гэтае пытанне, магчыма, было малаважнае, але можа быць цікавым перш за ўсё з увагі на тагачасную нацыянальную самасвядомасць беларускай акадэмічнай моладзі, якая толькі што нараджалася і пашыралася.

Вось жа Гадлеўскі, у пазнейшыя гады выдатны беларускі рэлігійны і нацыянальны дзеяч, які за гэта цярпеў у польскай турме, відаць, моцна дбаў пра адпаведную прэзентацыю свайго жыццяпісу. У вышэй цытаванай аўтабіяграфіі ён напісаў, што ў Віленскую духоўную семінарыю, куды паступіў у 1908 г., «прынёс з сабою беларускую нацыянальную сьведамасьць і зараз на першым курсе запісаўся беларусам» 3.

Пецярбургская духоўная акадэмія. Фота 1914 г.

Аднак гэта была няпраўда. Як сведчаць нядаўна апублікаваныя архіўныя матэрыялы Віленскай семінарыі, да канца сваёй там вучобы Гадлеўскі лічыў сябе палякам 4. Відаць, з гэтай прычыны не ўваходзіў у склад беларускага гуртка, які з 1910 г. дзейнічаў у семінарыі 5. Змена яго нацыянальнага самаадчування адбылася толькі ў Пецярбургскай акадэміі, у якой пад уплывам беларускіх дзеячаў, а таксама прыглядаючыся да працы згуртаваных у сваіх нацыянальных арганізацыях калегаў латышоў, літоўцаў, немцаў і палякаў, зразумеў усю недарэчнасць пануючага ў Беларусі паняцця «польская вера». Вядома, на тое патрэбны былі час, роздумы і дыскусіі, у сувязі з чым неверагодна, што пасля паступлення ў акадэмію ён быў ідэйна падрыхтаваны да ролі ініцыятара і заснавальніка гуртка.

Можна думаць, што няшмат іншай была нацыянальная свядомасць і Люцыяна Хвецькі, калі ў 1907 г. ён прыбыў у Пецярбург і паступіў у духоўную семінарыю. Аднак ужо ў семінарыі яна змянілася на карысць беларушчыны. Гэтаму спрыялі прыхільныя адносіны да беларускага адраджэння біскупа Дэнісевіча, уплыў прафесара семінарыі Эпімаха-Шыпілы і старэйшых сяброў, сярод якіх найбольшую ролю адыграў Хвецькаў зямляк з Сакольшчыны Генрык Бэта, які ў 1908-1912 гадах вучыўся ў акадэміі.

Бэта закончыў духоўную семінарыю ў Сейнах. Яна ў той час была кузняй кадраў літоўскага нацыянальнага духавенства. Тут ужо з 1904 г. выкладалася літоўская мова, распрацоўвалася літургічная тэрміналогія, рыхтавалася рэлігійная літаратура на літоўскай мове. Аб пануючай у семінарыі атмасферы яскрава сведчыць удзел яе навучэнцаў у кантрабандзе літоўскіх кніг, якія друкаваліся ва Усходняй Прусіі, дастаўляліся праз расійскую мяжу ў Сейны і распаўсюджваліся сярод насельніцтва.

Захоплены ідэяй эмансіпацыі літоўскага каталіцызму з традыцыйных уплываў пальшчызны, Бэта разумеў і цаніў значэнне роднай мовы ў душпастырскай працы і прапагандаваў гэтую ідэю сярод беларускіх семінарыстаў у Пецярбургу. Пры тым ён не абмяжоўваўся канфесіянальнымі патрэбамі - між іншым займаўся папулярызацыяй пчалярства сярод беларусаў і нават апрацаваў кнігу «Пчаліна - жывёлка малая, а карысці дае многа», якую ў 1911 г. выдаў сваім коштам у Пецярбургу пад псеўданімам Генрык Берозко.

Удзельнікі беларускага гуртка ў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу на пачатку 1917 г. Злева направа: Міхал Пятроўскі, Антон Матвейчык, Андрэй Цікота, Антон Неманцэвіч, Карл Лупіновіч, Адам Станкевіч.

Бэта, аднак, доўгі час не знаходзіў у акадэміі калегаў, гатовых падтрымаць ініцыятыву стварэння беларускага гуртка. Толькі ў 1911-1912 гг., на апошнім курсе яго вучобы, у акадэмію паступілі два пазнейшыя дзеячы гуртка - Люцыян Хвецька і Павел Пякарскі. Яны і ажыццяўлялі задуму Бэты, які ў 1912 г. закончыў акадэмію і вярнуўся на Беласточчыну. Справа гуртка паступова развівалася: восенню 1912 г. у акадэмію паступілі Станіслаў Шырокі, Ян Францук і Вінцэнт Гадлеўскі, а яшчэ праз год - Андрэй Цікота і Ігнат Жаўняровіч.

Такая іх колькасць ужо была дастатковай для арганізацыі гуртка. Фармальнае яго заснаванне адбылося ў кастрычніку 1913 г., хоць паводле цытаванай звесткі Адама Станкевіча практычная дзейнасць гуртка пачалася ўжо ў 1912-1913 гг.

З восені 1914 г. членамі гуртка сталі новыя студэнты акадэміі: Адам Станкевіч, Віктар Шутовіч, Карл Лупіновіч і Міхал Пятроўскі. Аднак у сувязі з падзеямі першай сусветнай вайны ў наступныя гады прыток новых студэнтаў значна прыпыніўся, у прыватнасці, перасталі паступаць у акадэмію выпускнікі духоўнай семінарыі ў Вільні, якая з верасня 1915 г. была акупаваная немцамі. У выніку ў 1915 г. у гурток прыбылі толькі два новыя студэнты - Антон Матвейчык і Антон Неманцэвіч, у 1916 г. - адзін Павел Хоміч і ў 1917 г. - Язэп Пяткевіч.

У 1914 г. беларускі гурток налічваў 11 членаў, што складала 16 працэнтаў ад усёй колькасці студэнтаў акадэміі, якіх на той час было 70. Аднак з вясны 1915 г. лік гурткоўцаў пачаў змяншацца. Адны студэнты закончылі поўны чатырохгадовы курс вучобы, а іншыя па розных прычынах былі вымушаныя спыніць вучобу. Усе яны прызначаліся духоўнымі ўладамі на розныя душпастырскія пасады на абшары Магілёўскай архідыяцэзіі, пераважна ў Беларусі.

Ратацыю членаў гуртка наглядна адлюстроўвае наступная табліца, апрацаваная на падставе звестак, пададзеных ксяндзом Адамам Станкевічам, і штогадовых афіцыйных даведнікаў Магілёўскай архідыяцэзіі.

Члены беларускага гуртка ў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу

Імя і прозвішча

Закончаная семінарыя

Год паступлення ў акадэмію

Год заканчэння вучобы

Гады вучобы

Год пасвячэння

Люцыян Хвецька

Пецярбург

1911

1915

4

1914

Павел Пякарскі

Вільня

1911

1915

4

1913

Вінцэнт Гадлеўскі

Вільня

1912

1916

4

1914

Станіслаў Шырокі

Вільня

1912

1916

4

1905

Ян Францук

Пецярбург

1912

1916

4

1915

Андрэй Цікота

Вільня

1913

1917

4

1914

Ігнат Жаўняровіч

Пецярбург

1913

1916

3

1915

Адам Станкевіч

Вільня

1914

1918

4

1914

Віктар Шутовіч

Вільня

1914

1915

1

1913

Карл Лупіновіч

Пецярбург

1914

1917

3

1913

Міхал Пятроўскі

Вільня

1914 а

1917

4

1912

Антон Неманцэвіч

Пецярбург

1915

1918

3

1915

Антон Матвейчык

Пецярбург

1915

1918

3

1915

Павел Хоміч

Пецярбург

1916

1917

1

1916

Язэп Пяткевіч

Пецярбург

1917

1918

1

1917

а) Пасля некалькігадовага перапынку ў 1914 г. прыняты на другі курс.
Крыніцы: A. Stankievič, Biełaruski chryścijanski ruch, Vilnia 1939, s. 65; Directorium divini officii et missarum pro archidioecesi Mohyloviensi nec non pro dioecesi Minscesi, Petropoli, на адпаведныя гады.

Асноўныя кірункі дзейнасці гуртка, паводзіны і абавязкі яго членаў вызначаў статут, які зацвярджаўся сенатам акадэміі. Поўны змест статута пакуль што не знойдзены ў пецярбургскіх архівах, таму карыстаемся апублікаванымі кс. Станкевічам некаторымі яго патрабаваннямі:

§ ІІІ. Разумнае і сістэматычнае шырэнне беларускіх твораў.

§ ІV. Ціхае яднанне прыхільнікаў, не ўступаючы ў гарачыя дыспуты і не дражнячы праціўнікаў, бо з праціўнікаў яны могуць стацца заклятымі непрыяцелямі.

§ V. Сцерагчыся зразіць іх да мовы.

§ VІ. Не думаю заводзіць беларускай мовы ў касцёле фармальна, пакуль не зменяцца цяперашнія варункі і пакуль народ не станецца ўсвядомленым.

§ VІІ. Буду старацца прыгатаваць народ да скарыстання з спадзяваных лепшых варункаў, каб ён сам зажадаў сваёй мовы ў касцёле і школе.

§ VІІІ. Не буду сеяць нянавісці да іншых народаў, а такжа між беларусамі каталікамі і праваслаўнымі (...).

§ ХІ. Буду памагаць сваёй працай і сваім дабром развіццю беларускай каталіцкай літаратуры і пісьменства.

§ ХІІ. Буду рабіць усё ў духу хрысціянскім і каталіцкім, вучачы братоў любіць сваё і паважаць чужое; буду працаваць з верай, надзеяй і міласцю ў сэрцы, буду ісці з воклічам на вуснах: «з Богам для народу» 6.

Першым старшынёй гуртка быў Павел Пякарскі, а сакратаром - Вінцэнт Гадлеўскі. Некаторыя змены ў кіраўніцтве адбыліся восенню 1914 г., калі ў акадэмію паступіў Адам Станкевіч, вопытны арганізатар і дзеяч беларускага гуртка ў Віленскай духоўнай семінарыі. Тады ён быў выбраны сакратаром акадэмічнага гуртка 7, а ў 1916 г., пасля выезду Пякарскага з Пецярбурга, яго старшынёй. Станкевіч кіраваў працай гуртка да 1918 г., у чым яму дапамагаў як сакратар Язэп Пяткевіч. Пазней акадэмія была закрыта бальшавіцкімі ўладамі.

Асноўнай сферай дзейнасці гуртка была самаадукацыя яго членаў у галіне беларусазнаўства - гісторыі, мастацкай літаратуры і музыкі. Гэта павінна было спрыяць росту іх нацыянальнай культуры, самасвядомасці і паўплываць на выпрацоўку кірункаў грамадскай працы.

З такой мэтай беларускія студэнты заахвочваліся карыстацца адпаведнай літаратурай у навуковых бібліятэках Пецярбурга. Значную дапамогу ў гэтай справе аказваў ім Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які дазваляў карыстацца і ўласнымі кніжнымі калекцыямі. Урэшце дзякуючы грашовай дапамозе княгіні Магдалены Радзівіл студэнты набывалі расейскамоўныя і іншыя кнігі аб Беларусі і такім чынам заснавалі ўласную бібліятэку.

Пра вынікі сваіх доследаў студэнты акадэміі разважалі на пасяджэннях гуртка. Між іншым Гадлеўскі чытаў даклад пра нацыянальны характар беларусаў, Шутовіч - пра Францішка Багушэвіча, Неманцэвіч - пра царкоўную унію, Станкевіч - пра нацыянальную самабытнасць беларусаў. Не раз гэтыя мерапрыемствы ладзіліся сумесна з членамі Беларускага навукова-літаратурнага гуртка, які з 1912 г. дзейнічаў у Пецярбургскім універсітэце. Не раз удзельнічаў у іх і апякун беларускага студэнцтва ў паўночнай сталіцы Б. І. Эпімах-Шыпіла.

Члены акадэмічнага гуртка займаліся таксама нацыянальным узгадаваннем беларускіх юнакоў, якія вучыліся ў Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу. Асабістыя сувязі паміж імі дапаўняліся дакладамі старэйшых калегаў з акадэміі, прысвечанымі актуальным рэлігійна-грамадскім пытанням. Таксама важную ролю адыгрываў створаны «акадэмікамі» беларускі хор, у якім маглі ўдзельнічаць і семінарысты. Немалая іх частка папоўніла ў 1920-я гады шэрагі нацыянальна-свядомага беларускага каталіцкага духавенства, як, напрыклад, Язэп Барадзюля, Ян Вярсоцкі, Язэп Гайлевіч, Ян Жук, Казімір Кулак, Пётр Татарыновіч, Антон Шышка і іншыя.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, якая адмяніла ранейшыя рэлігійныя і нацыянальныя абмежаванні, актывізавалася дзейнасць і беларускага каталіцкага духавенства. У 1917 г. Хвецька заснаваў у Пецярбургу (тады Петраградзе) Хрысціянска-Дэмакратычную Злучнасць (папярэдніцу Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі), стварыў сваё выдавецтва, якое выпускала газету «Крыніца», удзельнічаў у арганізацыі першага з'езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (май 1917 г.), гаварыў у петраградскім касцёле казанні па-беларуску. Рэлігійную дзейнасць на беларускай мове разгарнулі таксама маладыя святары - нядаўнія ўдзельнікі акадэмічнага гуртка, накіраваныя ў парафіі на Беларусі.

Хутка, аднак, становішча змянілася, і новыя бальшавіцкія ўлады пачалі жорсткае змаганне з рэлігіяй. У першую чаргу пераследавалася і знішчалася духавенства ўсіх канфесій. Такі лёс напаткаў і выпускнікоў Пецярбургскай акадэміі, якія працавалі на тэрыторыі СССР. Ужо ў 1920 г. быў арыштаваны Францук, Неманцэвіч арыштоўваўся двойчы - у 1919 і 1921 г., Хвецька - у 1923 г., Хоміч - у 1926 г., Жаўняровіч - каля 1929 г., Лупіновіч - у 1931 г., Пяткевіч - у 1933 г. З іх Францук, Неманцэвіч і Хвецька былі дэпартаваныя ў Польшчу, а астатнія загінулі ў ссылках і ў турэмных падвалах 8.

Тыя святары, якія апынуліся на заходнебеларускіх абшарах, далучаных у 1921 г. да Польшчы, не знішчаліся фізічна, аднак пад ціскам асімілятарскай палітыкі паступова звужаліся магчымасці іх працы на беларускай рэлігійнай ніве. У такіх умовах Матвейчык, Пякарскі, Францук і Шырокі адышлі ад беларускага руху, а Хвецька і Неманцэвіч, пасля вяртання з СССР у 1925 г., выкарыстоўваліся ва унійнай працы сярод праваслаўных, якая стала прычынай канфліктаў у заходнебеларускім грамадстве і не спрыяла яго нацыянальнай кансалідацыі.

Шутовіч з Барадзенічаў і Пятроўскі з Даўгінава былі «за беларускую агітацыю» пераведзены ў польскія парафіі, а Цікота - у Рым і пазней - у Харбін. Сасланыя ў чужыя асяроддзі, яны ўжо не маглі працаваць для свайго народа.

Толькі Гадлеўскі і Станкевіч не паддаліся націскам уладаў. Нягледзячы на розныя перашкоды, а ў іх ліку забарону ўдзельнічаць у працы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ці супрацоўнічаць з «Беларускай Крыніцай», абодва гэтыя святары настойліва ажыццяўлялі ідэалы акадэмічнага гуртка і зрабілі значны ўклад у гісторыю беларускага каталіцкага руху міжваеннай пары. Іх змаганне і здзяйсненні вартыя паглыбленага вывучэння.


1. З жыцьця і дзейнасьці кс. В. Гадлеўскага. Аўтабіяграфічны нарыс. «Беларуская крыніца», 12 і 16.02.1928.

2. Станкевіч А. Беларускі хрысьціянскі рух, Вільня, 1939, с. 65.

3. З жыцьця і дзейнасьці кс. В. Гадлеўскага ...

4. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя. Аўтар-укладальнік Ю. Гарбінскі, Мінск-Мюнхен, 1999, с. 487 і 592.

5. Станкевіч А., с. 63.

6. Тамсама, с. 68.

7. Шутовіч Я. Ксёндз Адам Станкевіч у 25-ыя ўгодкі сьвяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасьці (10.1.1915-10.1.1940), Вільня, 1940, с. 40.

8. Гл. біяграмы ў даведніку «Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX