Заснаваны ў 1923 г. Друйскі кляштар айцоў Марыянаў быў першым у гісторыі беларускім каталіцкім кляштарам - беларускім не толькі ў геаграфічным сэнсе, але i па сваёй ідэйнай накіраванасці. У гэтых адносінах ён быў незвычайным, бо не адпавядаў польскамоўнай традыцыі рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Заснаванне любога каталіцкага кляштара звычайна адбывалася з дазволу Апостальскага пасаду, які даваўся на просьбу тэрытарыяльна кампетэнтнага епіскапа. Паколькі Друя знаходзілася на тэрыторыі Віленскай епіскапіі, афармленнем заснавання Марыянскага кляштара займаўся віленскі біскуп Юры Матулевіч.
Юры Матулевіч нарадзіўся ў 1871 г. у вёсцы Лугіне, што каля Марыямпаля б. Сувальскай губерні. Паходзіў з літоўскай сялянскай сям'і. Вышэйшую тэалагічную адукацыю атрымаў у Варшаве, Пецярбургу i Фрыбургу ў Швейцарыі.
З 1907 да 1911 г. быў прафесарам сацыялогіі i тэалогіі ў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі. Тут у 1909 г. ён уступіў у ордэн Марыянаў i з гэтага часу працаваў для яго развіцця. У кастрычніку 1918 г. Апостальскі пасад прызначыў Матулевіча віленскім біскупам i адначасова генералам ордэна Марыянаў.
З рухам беларускага адраджэння Матулевіч пазнаёміўся яшчэ ў Пецярбургскай акадэміі, дзе супрацоўнічаў, між іншым, з вядомым беларускім дзеячам Браніславам Эпімах-Шыпілам. У гэты час у Пецярбургу пад кіраўніцтвам Вацлава Іваноўскага дзейнічала выдавецкая суполка «Загляне сонца i ў наша ваконца», вырасталі першыя кадры беларускай народнай інтэлігенцыі, а ў ix ліку i беларускага каталіцкага духавенства.
Будучы віленскім біскупам, Матулевіч быў вымушаны практычна вырашаць міжнацыянальныя пытанні даверанай яму каталіцкай паствы.
Як літовец, ён добра разумеў, што каталіцызм не з'яўляецца «польскай верай», i паслядоўна дапускаў ужыванне беларускай i літоўскай моваў у касцельным жыцці беларусаў i літоўцаў. Сваю пазіцыю біскуп Матулевіч выказаў у лісце да кардынала Гаспары:
«Калі на мяне націскалі, каб я быў супроць беларусаў, тады я адкрыта заявіў: няхай не патрабуюць ад мяне таго, каб я прыгнятаў i пераследаваў у святароў няпольскай нацыянальнасці тое, што бачу хвалёным i ўзнагароджваным у святароў палякаў. Як пастыр, я павінен быць аднолькава справядлівы для ўсіх».
Задума заснаваць беларускі Марыянскі кляштар была адным з першых пачынанняў Матулевіча на віленскім біскупскім пасадзе. Ужо 27 лютага 1919 г. ён прыняў маладога i энергічнага беларускага святара, дарэчы, гадунца Пецярбургскай акадэміі, айца Андрэя Цікоту, якому прапанаваў арганізаваць кляштар. Пад час гэтай сустрэчы Матулевіч запэўніў Цікоту, што будзе спрыяць адраджэнскаму руху, так матывуючы сваю пазіцыю:
1. Задачай царквы з'яўляецца не навучанне мовы, але закону Божага ў зразумелай для народу мове.
Беларускі народ найлепш пазнае закон Божы, калі ён будзе навучацца ў роднай мове.
2. Беларускі рух адраджаецца i пашыраецца, i калі Каталіцкая царква не выйдзе яму насустрач, то гэты рух пойдзе супроць царквы i будзе яе вінаваціць за імкненне да дэнацыяналізацыі беларускага народа.
3. Трэба мець на ўвазе i беларусаў праваслаўных, i колішніх уніятаў, да якіх можна прыблізіцца, прапаведуючы Божае слова толькі ў беларускай мове.
Айцец Цікота хутка згадзіўся з прапановай i матывацыяй біскупа, аднак, будучы прафесарам беларускай каталіцкай семінарыі ў Менску (1918-1920), не мог неадкладна пакінуць заняткі. Толькі ў верасні 1920 г., пасля ліквідацыі семінарыі савецкімі ўладамі, ён уступіў у ордэн Марыянаў у Марыямпалі. Пасля гадавога навіцыяту, восенню 1921 г., а. Цікота быў высланы ў Амерыку для збору сродкаў на планаваны беларускі кляштар.
Тым часам біскуп Матулевіч афармляў у Рыме справу заснавання кляштара. Прапанавалася Друя - мястэчка «на скраю свету», дзе існаваў прыгожы касцёл, пабудаваны ў 1644 г. Казімірам Сапегам, сынам канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, а таксама старыя напаўразваленыя кляшторныя будынкі. Сваімі рэскрыптамі ад 23 ліпеня i 10 жніўня 1923 г. папа Пій XI дазволіў заснаваць у Друі кляштар айцоў Марыянаў ды перадаць ім касцёл i парафію. Папскі акт фундацыі пастанаўляў, што мэтай дзейнасці друйскіх Марыянаў павінна быць аднаўленне старога кляшторнага будынку, заснаванне школы i навіцыяту для беларусаў - кандыдатаў на манахаў, між іншым, для працы сярод беларускага праваслаўнага насельніцтва.
Як бачым, ідэя, выказаная біскупам Матулевічам у размове з айцом Цікотам, была ўхвалена Апостальскім пасадам, што дало фармальную падставу для яе ажыццяўлення. У палове 1923 г. а. Цікота прыехаў у Друю i пераняў ад мясцовага параха, а. Антона Зянкевіча, парафію, касцёл i яго зямельную маёмасць. З гэтага часу Друйскі кляштар пад кіраўніцтвам Цікоты паступова развіваўся i папаўняўся: у 1924 г. прыбылі сюды а. Язэп Гэрмановіч i Казімір Смулька, у г. - а. Язэп Дашута i ў 1926 г. - а. Фабіян Абрантовіч. Да Марыянаў далучыўся ранейшы вікарый друйскага параха, а. Віталіс Хамёнак. Папаўняўся i навіцыят: ужо ў 1924 г. ён налічваў 9 юнакоў-беларусаў, якія рыхтаваліся ўступіць у ордэн Марыянаў.
У першыя гады дзейнасці кляштара была зроблена вялікая работа: адноўлены i разбудаваны стары кляшторны будынак, адрамантаваны касцёл, наладжана гаспадарка, у тым ліку адноўлены 60-гектаровы фальварак непадалёк Друі, які пасля ваеннага ліхалецця быў занядбаны, без гаспадарчых будынкаў. Пры гэтым абслугоўвалася парафія ў 5 тысяч душ.
Важнай сферай друйскіх Марыянаў была адукацыя моладзі. Ужо ў 1923 г. тут была заснавана гімназія, якой цэлае дзесяцігоддзе кіраваў супэрыёр кляштара а. Цікота. I хаця ў гімназіі навучанне адбывалася па-польску, але дзякуючы выхаваўчай працы яе настаўнікаў Абрантовіча, Гэрмановіча, Дашуты i Хамёнка яна выпусціла нямала беларускіх інтэлігентаў. Прыгадаем прозвішчы хаця б Язэпа Малецкага, Антона Цвячкоўскага, Віктара Ярмалковіча ці пазнейшых святароў - Міколу Баговіча, Фелікса Журню, Юрыя Кашыру, Антона i Тамаша Падзяваў, Часлава Сіповіча.
У палове 30-х гадоў друйскія Марыяны купілі ў Вільні дом пры вуліцы Зыгмунтоўскай, 25, куды кіраваліся тыя выпускнікі гімназіі, якія ўступілі ў ордэн Марыянаў i жадалі вучыцца ў віленскай духоўнай семінарыі. Быў гэта Марыянскі дом студыяў - парастак Друйскага кляштара, якім у 1935-1936 гг. кіраваў а. Кашыра i на працягу двух наступных гадоў - а. Гэрмановіч. Вось што аб ім напісаў Гэрмановіч:
«Была моладзь, кіпела праца. Не раз пабывалі ў тым доме беларускія святары, дзеячы, мастакі i паэты. Помню, адведалі нас ксяндзы Ад. Станкевіч, Ул. Талочка, Навіцкі, Семашкевіч (паэт Быліна) i іншыя. Гасцілі ў нас так жа Антон Луцкевіч, Трэпка, Шутовіч, Дубейкаўскі, Максім Танк, Забэйда-Суміцкі. Віленскі беларускі дом айцоў Марыянаў быў сапраўднай клетачкай беларускага духовага адраджэння. Аднак праіснаваў ён толькі 3 гады».
Усе гэтыя здзяйсненні сведчаць аб добрым фінансавым становішчы Друйскага кляштара, хаця, пэўна пра дэталі гаварыць цяжка. У прыватнасці, невядома, якія сродкі прывёз Цікота з Амерыкі, а таксама ці была папская фундацыя. Затое вядома, што кляшторная гаспадарка давала нядрэнны даход. Гэтыя сродкі папоўніла ахвяраванне княгіні Магдалены Радзівіліхі, вядомай з дабрадзейных адносін да беларусаў. Вось жа ў 1916 г. яна ахвяравала на беларускія рэлігійныя мэты дыяментавы нашыйнік, які ў 1925 г. каштаваў 15 тысяч долараў. Значную частку гэтых грошай прынёс у кляшторную касу а. Абрантовіч як свой манаскі пасаг.
Гэтыя сродкі дазволілі Друйскаму кляштару не толькі ажыццяўляць прадугледжаныя ў папскім рэскрыпце мэты, але i па-свойму інтэрпрэтаваць: паціху, неафіцыйна падтрымліваць заходнебеларускую палітычную партыю - Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю. Асабліва значнай была выдавецкая дзейнасць БХД, якая адбывалася не толькі пад шыльдай гэтай партыі. Вядома, такая дзейнасць патрабавала значных сродкаў, якіх хадэцкія дзеячы не мелі.
Паколькі найбольшай праблемай былі кошты друку кніжак i часопісаў, сярод хадэцкіх дзеячоў узнікла задума арганізаваць сваю друкарню. Паводле сведчання Язэпа Найдзюка - аднаго з арганізатараў i шматгадовага кіраўніка друкарні, у 1925 г. паўстала ў Вільні ціхая суполка, у склад якой увайшлі чатыры асобы: а. Адам Станкевіч, а. Вінцук Гадлеўскі, Фабіян Ярэміч i супэрыёр Друйскага кляштара а. Цікота. Старанием гэтай суполкі ў 1926 г. начала сваю дзейнасць віленская беларуская друкарня імя Ф. Скарыны. Вырашальную ролю ў рэалізацыі гэтага праекта адыграў фінансавы ўклад Друйскага кляштаpa; матэрыяльныя магчымасці іншых удзельнікаў суполкі былі больш абмежаваныя.
Дзейнасць друйскіх Марыянаў была соллю ў вачах як уладаў, так i мясцовых польскіх шавіністаў. Але абвінаваціць ix у антыдзяржаўнай дзейнасці было па сутнасці немагчыма. Па-першае, дзякуючы адпаведнай абачлівасці не была раскрыта матэрыяльная падтрымка манахаў хадэцкаму руху, пра што сведчылі падазрэнні польскай прэсы, быццам бы кляштар карыстаўся грашовай падтрымкай... СССР. Па-другое, пачатыя Марыянамі ў 1924 г. сістэматычныя казанні на беларускай мове ў Друйскім касцёле i яго філіяльнай капліцы ў Малькоўшчыне ніяк не абмяжоўвалі польскамоўных набажэнстваў.
Аднак само гучанне беларускага слова з касцёльных амбонаў выклікала агрэсіўныя дзеянні мясцовых шавіністаў. Акрамя таго, не задавальняла ix тое, што манахі маліліся i гаварылі паміж сабою i з беларускімі вернікамі па-беларуску, што на гэтай мове яны вучылі дзетак закону Божаму, спавядалі, што ўся кляшторная атмасфера была беларуская. А ўсё гэта, на думку шавіністаў, ставіла пад пагрозу паспяховасць паланізацыйнай палітыкі ўладаў.
Антыбеларуская прапаганда не ўяўляла для друйскіх Марыянаў вялікай небяспекі, пакуль на біскупскай сталіцы заставаўся ix пратэктар Юры Матулевіч. Аднак у 1925 г., у выніку шалёнай кампаніі i націску польскага ўраду на папскага нунцыя ў Варшаве, Матулевіч быў вымушаны пакінуць Вільню. Назначены на яго месца новы біскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі не працягваў палітыкі свайго папярэдніка i вызначыўся татальнай ліквідацыяй беларускай мовы ў касцёлах Віленшчыны. Найчасцей гэта дасягалася шляхам службовага перамяшчэння беларускіх святароў у польскія парафіі, у якіх яны маглі паслугоўвацца ўжо толькі польскай мовай.
У Друі першай ахвярай гэтай палітыкі стаў а. Абрантовіч, які ў чэрвені 1928 г. быў накіраваны Апостальскім пасадам у Харбін для місійнай дзейнасці сярод расейскай эміграцыі. I хіба толькі канфесійная лаяльнасць а. Часлава Сіповіча прымусіла яго паставіць такое пытанне: «Хто i чаму пастараўся пераканаць папу Пія XI, што а. Фабіян (Абрантовіч - Ю. Т.) ёсьць неабходным для працы сярод расейцаў на Далёкім Усходзе ў Харбіне, а Друя i беларусы могуць абыйсьціся i без яго, дагэтуль нам невядома». Аднак у 1932 г. падобны лес спаткаў таксама а. Гэрмановіча i ў 1933 г. а. Цікоту, які да 1939 г. быў у Рыме, пасля чаго быў накіраваны ў той жа Харбін.
Гэта быў моцны ўдар па Друйскім кляштары, які такім чынам пазбаўляўся сваіх вядучых святароў. Усё ж кляштар дзейнічаў надалей, хаця i ў паменшаным складзе. Паводле Тадэвуша Гурскага, каля 1929 г. былі спынены беларускія казанні ў Друйскім касцёле, але іншыя крыніцы сведчаць, што а. Хамёнак гаварыў ix па-беларуску аж да яго высялення з Друі летам 1938 г.
На ўздыме хвалі антыбеларускага тэрору, у чэрвені 1938 г., польская паліцыя, выконваючы загад віленскага ваяводы Бацянскага, выселіла з Друі астатніх айцоў Марыянаў: Дашуту, Кашыру, Смульку i Хамёнка, а праз месяц- чатырох марыянскіх клерыкаў: Антона Падзяву, Казіміра Саруля, Баніфаца Саруля i Часлава Сіповіча. Замест ix у Друю былі накіраваны Марыяны палякі, якія ў выніку распаду польскай дзяржавы i далучэння заходняй Беларусі да БССР так i не разгарнулі шырэйшай дзейнасці.
Разгон друйскіх Марыянаў выклікаў абурэнне i пратэсты не толькі беларускай прэсы, але i некаторых дэмакратычных колаў. За дэталёвае прадстаўленне гэтай ганебнай падзеі ў палове чэрвеня 1938 г. быў канфіскаваны часопіс «Шлях моладзі» (№ 14), а таксама польская газета «Кур'ер Віленьскі» (ад 12 чэрвеня 1938 г.). Усе ix намаганні вярнуць беларускіх манахаў у Друю былі безвыніковыя. Дарэмнымі былі старанні нават генерала Люцыяна Жэлігоўскага, які ў польскага прэм'ера, прэзідэнта i ў кіраўнікоў парламента дабіваўся адмены загаду віленскага ваяводы. Лёс друйскіх Марыянаў вызначала нацыянальная палітыка польскай дзяржавы, якая патрабавала рашучага змагання з тэндэнцыямі беларусізацыі рыма-каталіцкай царквы. Згодна з гэтай палітыкай беларускія католікі павінны былі стацца палякамі.
Як склаліся далейшыя лёсы беларускіх Марыянаў? Кашыра, які ў чэрвені 1942 г. вярнуўся ў Друю, неўзабаве выехаў у Росіцу на Віцебшчыне i тут 17 лютага 1943 г. загінуў ад рук эсэсаўскіх карнікаў разам з мясцовымі жыхарамі. Абрантовіч улетку 1939 г. вярнуўся з Харбіна на радзіму, быў арыштаваны савецкімі органамі i загінуў. Цікоту i Гэрмановіча кітайцы выдалі ў 1948 г. савецкім органам, i неўзабаве яны апынуліся ў сібірскіх лагерах. Там Цікота ў 1952 г. памёр, а Гэрмановіч у 1955 г. быў вызвалены i праз Польшчу выехаў на Захад. Смулька, Дашута i Хамёнак пасля высялення
Друі ўвесь час жылі ў Польшчы (памерлі ў 1965-1971 гг.).
Хаця дзейнасць беларускага кляштара ў Друі закончылася ў 1938 г., але яго традыцыя жыла яшчэ доўгі час. Вось жа адзін з друйскіх клерыкаў, выгнаных польскай паліцыяй у 1938 г., Часлаў Сіповіч, не застаўся ў Польшчы, але выехаў у Рым, дзе падчас вайны закончыў тэалагічную адукацыю, у 1940 г. стаў святаром, а пасля вайны (у 1948 г.) заснаваў у Лондане беларускі Марыянскі дом i шмат пазней - бібліятэку ІМЯ Ф. Скарыны. Тут працавалі i закончылі свой жыццёвы шлях айцы Марыяны: Леў Гарошка, Язэп Гэрмановіч, Тамаш Падзява i Фэлікс Журня, а таксама брат Марыянін Мікола Баговіч.
У ліпені 1960 г. а. Сіповіч быў назначаны біскупам i Апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў на чужыне. Біскуп Сіповіч памёр
кастрычніка 1981 г., пасля чаго лонданскі парастак Друйскага кляштара закончыў сваю дзейнасць.
Літаратура
«Божым шляхам». Парыж, Лондан, 1957-1971.
Цыпрыяновіч С. (Я. Найдзюк). Беларуская друкарня імя Ф. Скарыны ў Вільні. 1926- 1941. Успаміны. Нац. б-ка ў Варшаве, Аддз. рукапісаў, № 181.
«Шлях моладзі». Вільня, 1938, 30.VI, 25.VII, 5.Х.
Górski Т. Stosunek biskupa Małulewicza do spraw Językowych w diecezji wileńskiej 1918-1925. Rzym, 1970.
The Journal of Byelorussian Słudles. London 1981, vol. V, № 1.