Прастытуцыя ў гарадах Беларусі: другая палова XIX - пачатак XX стст.
Праблема крыніц па гісторыі прастытуцыі
Гісторыя прастытуцыі ў гарадах Беларусі другой паловы XIX - пачатку XX стст. з'яўляецца адной з найменш, ці дакладней, практычна нявывучаных тэм у сучаснай беларускай гістарыяграфіі. Публікацыі на гэтую тэму адзінкавыя. І прычына не толькі ў адсутнасці інтарэсу да гэтай праблемы. Тэма прастытуцыі з прычыны сваёй спецыфікі і актуальнасці ва ўсе перыяды гісторыі чалавечай цывілізацыі заўсёды прыцягвала да сябе ўвагу як гісторыкаў-прафесіяналаў, так і простых абывацеляў.
Складанасць заключаецца ў саміх крыніцах, іх выяўленні і пошуку. Праблема, з якой сутыкаецца любы даследчык гісторыі паўсядзённасці, палягае ў тым, што інфармацыя па гісторыі прастытуцыі разрознена, а не кампактна сабрана ў межах аднаго архіўнага фонду ці справы. Гэта па-першае. А другая праблема звязана з даступнасцю матэрыялаў для беларускіх даследчыкаў. Захаваныя фонды паліцэйскіх органаў улады, у веданні якіх знаходзіўся нагляд за прастытуцыяй у гарадах, знаходзяцца збольшага за межамі Беларусі. Іх вывучэнне звязана з матэрыяльнымі затратамі для даследчыкаў. Надзвычай бедныя ў беларускіх архівах і фонды судовых органаў улады. Прастытуцыя заўсёды звязана з крыміналам, таму, натуральна, у судах разглядаліся справы, звязаныя з гандлем жанчынамі. Адсутнічаюць у беларускіх архівах і фонды расійскай арміі, чые вайскоўцы былі аднымі з галоўных кліентаў прастытутак у гарадах Беларусі. Усё гэта ўскладняе даследаванне такой гарадской з'явы як прастытуцыя.
Тым не менш, ёсць цэлы шэраг іншых крыніц, аналіз якіх дазваляе ўзнавіць карціну гэтай цёмнай старонкі жыцця кожнага горада. Асаблівую цікавасць у гэтых адносінах уяўляюць апублікаваныя статыстычныя дадзеныя, матэрыялы справаводства гарадскіх, губернскіх, галоўным чынам, медыцынскіх устаноў, а таксама заканадаўчыя і нарматыўна-прававыя дакументы цэнтральных расійскіх і мясцовых органаў улады. На аснове аналізу гэтых груп крыніц у працы даследуюцца метады нагляду за прастытуцыяй, формы арганізацыі прастытуцыі, аналізуецца юрыдычны статус жанчын, якія займаліся прастытуцыяй.
Рэгламентацыя прастытуцыі ў Расійскай імперыі
Афіцыйна прастытуцыя ў Расійскай імперыі была забаронена. У адпаведнасці з артыкулам 155 «Устава о предупреждении и пресечении преступлений» забаранялася «открывать днем и ночью дом свой, или наемный, для непотребства, входить в оный и непотребством своим или непотребством иных снискивать себе пропитание» [1] . Гэты артыкул, упершыню зацверджаны яшчэ ў XVIII ст., праіснаваў да самага падзення Расійскай імперыі без якіх-небудзь істотных змяненняў. Аднак прастытуцыя існавала. У выніку шырокага распаўсюджвання венерычных захворванняў сярод насельніцтва і, ў першую чаргу, сярод войскаў, расійскі ўрад вырашыў прастытуцыю, якая была названа галоўнай прычынай гэтай з'явы, паколькі не атрымліваецца вынішчыць, то хаця бы ўзяць яе пад кантроль. У выніку паявіўся цэлы шэраг цыркуляраў, пастаноў, узаканенняў, якія рэгламентавалі прастытуцыю. Гэтыя шматлікія падзаконныя акты фактычна анулявалі 155 артыкул. Апошні працягваў існаваць хутчэй як сімвал таго, што, хаця прастытуцыя і прызнана цярпімай, расійскі урад усё ж выступае супраць гандлю жанчынамі, а ўсе прынятыя дакументы ў гэтай справе носяць часовы характар.
Адзінага заканадаўства для ўсёй Расійскай імперыі ў дачыненні да рэгламентацыі прастытуцыі не існавала. У кожным горадзе маглі быць свае адміністрацыйныя нормы, якія ў агульных рысах адпавядалі агульнаімперскім. Першыя «Правила содержательницам борделей» і «Правила для публичных женщин» былі прыняты 29 мая 1844 г. [2] , і прызначаліся для Санкт-Пецярбурга. Потым гэтыя правілы былі распаўсюджаны на ўсе гарады імперыі. У 1861 г. для Санкт-Пецярбурга былі распрацаваны новыя правілы, аднак ва ўсіх астатніх расійскіх гарадах працягвалі дзейнічаць правілы 1844 г., якія заставаліся ў сіле аж да пачатку XX ст. У 1903 г. 8 кастрычніка было зацверджана новае «Положение об организации надзора за проституцией в Империи» [3] .
Унікальным горадам быў Мінск. У ім дзейнічалі спецыяльна распрацаваныя для Мінска Абавязковыя пастановы Мінскай гарадской думы аб санітарным наглядзе за прастытуцыяй, прынятыя ў лістападзе 1891 г.
Такім чынам, занятак прастытуцыяй і арганізацыя прастытуцыі ў Расійскай імперыі пад кантролем мясцовых уладаў былі легалізаваны.
У адпаведнасці з «Правилами содержательницам борделей», «Правилами для публичных женщин» 1844 г. і цыркулярам міністра ўнутраных спраў 26 кастрычніка 1851 г. [4] усе жанчыны, якія займаліся прастытуцыяй, а таксама дамы цярпімасці абавязковаму строгаму нагляду з боку паліцыі. Дзеля гэтага паліцэйскія органы ўлады складалі адмысловыя спісы публічных жанчын. У губернскіх гарадах спісы прастытутак захоўваліся ва Урачэбнай управе, у павятовых гарадах - у гарадской бальніцы. Такія моманты, як умовы адміністрацыйнага падпарадкавання жанчыны нагляду і яе выключэнне са спісаў публічных жанчын, у дакументах прапісаны не былі. Гэтыя і іншыя пытанні арганізацыі нагляду за прастытуцыяй залежалі выключна ад асабістага рашэння паліцэйскага чыноўніка.
Першая ў разгляданы перыяд спроба арганізаваць асобныя органы кантролю за прастытуцыяй на тэрыторыі Беларусі была ўчынена ў 60-я гг. XIX ст. Дзеля барацьбы з распаўсюджваннем венерычных захворванняў і, перш за ўсё, сіфілісу сярод вайскоўцаў, раскватараваных у заходніх губернях, генерал-губернатар Мураўёў выдаў распараджэнне аб прызначэнні ў гарадах часовых адмысловых лекараў для медыцынскага агляду прастытутак і адмысловых паліцэйскіх чыноўнікаў для назірання за прастытуткамі са штогадовай платай у 250 рублёў. Уведзеныя пасады адмысловых чыноўнікаў для кантролю за прастытуцыяй праіснавалі каля чатырох гадоў - да 1867 г., а пасля былі скасаваны з-за недахопу грашовых сродкаў. Іх абавязкі былі ўскладзены на штатных гарадскіх і павятовых лекараў і паліцэйскіх.
У канцы XIX ст. спецыяльныя органы кантролю за прастытуцыяй у большасці расійскіх гарадоў або адсутнічалі, альбо існавалі толькі на паперы. Пераважна нагляд за прастытуцыяй знаходзіўся ў веданні паліцыі. У некаторых гарадах дзейнічалі Урачэбна-паліцэйскія камітэты - асобны орган паліцыі, у веданні якога знаходзіўся нагляд за прастытуцыяй. Паліцыя ў такім выпадку толькі выконвала пастановы камітэта, у якім было сканцэнтравана ўсё справаводства для кантролю за прастытуцыяй.
Віцебск належыў да ліку нешматлікіх гарадоў Расійскай імперыі, дзе быў арганізаваны Урачэбна-паліцэйскі камітэт. У яго склад уваходзілі ўрачэбны інспектар (старшыня), паліцмайстар, сябра гарадской управы, дэпутат ад вайскоўцаў і два лекары (цывільны і вайсковы). Камітэт збіраўся ў меру неабходнасці, альбо па запрашэнню паліцмайстара [5] . Рэгістрацыю прастытутак праводзіў паліцэйскі чыноўнік. Для гэтых мэтаў было дзве кнігі - адна для дамоў цярпімасці, другая - для запісу і выпісцы паасобных прастытутак.
У Сянне, Горках, Лідзе і Пінску таксама былі арганізаваны Урачэбна-паліцэйскія камітэты, аднак яны не мелі поўнага штату і іх функцыі былі выключна дарадчыя. У Мінску і Бабруйску нагляд за прастытуцыяй знаходзіўся ў веданні гарадскіх органаў самакіравання - Гарадскіх санітарных камітэтаў. Камітэт у Бабруйску пачаў сваю дзейнасць у 1892 г.
У Мінску Санітарны камітэт па наглядзе за прастытуцыяй быў заснаваны ў 1891 г. У яго склад уваходзілі Гарадскі галава (старшыня), паліцмайстар, адзін ці два лекары, а таксама санітарны лекар, які быў яго неадменным членам (разам з памочнікам). Пры неабходнасці ў склад камітэта запрашаліся ваенныя лекары. Паліцыя ніякага дачынення да нагляду за прастытуцыяй не мела, і толькі аказвала неабходную дапамогу камітэту ў выпадку такой патрэбы.
Як і ў Віцебску, у мінскім Санітарным камітэце для запісу прастытутак было дзве кнігі: адна для прастытутак дамоў цярпімасці, другая - для прастытутак-адзіночак. Пры іх унясенні ў кнігу запісваліся імя, прозвішча, узрост, веравызнанне, месца нараджэння, цяперашняе і былое месца жыхарства, былыя заняткі, прычыны, якія прымусілі займацца прастытуцыяй, і «ўсе астатнія дакументы». На кожную прастытутку заводзілася асабістая справа.
У канцы XIX - пачатку XX стст. у губернскіх гарадах, у якіх не існавала асобных органаў кантролю, наглядам за прастытуцыяй займаўся прызначаны паліцмайстарам памочнік прыстава, у павятовых гарадах - паліцэйскі наглядчык. На аснове данясенняў прыставаў і наглядчыкаў паліцэйскае ўпраўленне складала спісы прастытутак, уносіла новых, альбо выключала са спісаў. Спісы прастытутак, якія працавалі ў публічных дамах, увогуле ў асобных гарадах складаліся на аснове дадзеных, што прадстаўляліся самімі гаспадынямі бардэляў.
Вынікам такога парадку сталі шматлікія злоўжыванні з боку паліцэйскіх чыноўнікаў. Былі выпадкі арыштаў цнатлівых дзяўчат за «патаемную распусту» па адным толькі падазрэнні паліцэйскага чыноўніка, якога прастытуткі, напрыклад у Гродне, называлі «кантралёрам». Спрактыкаваныя прастытуткі са стажам адкупляліся ад паліцыі і маглі гадамі патаемна займацца сваёй справай [6] . У Мінску нават дзейнічала свая такса для водкупу. Прыстаў 4-й часткі горада атрымоўваў з кожнай прастытуткі па тры рублі штомесяц [7] .
Такім чынам, пад нагляд паліцыі, як правіла, траплялі альбо нявопытныя прастытуткі, якія толькі пачалі займацца прастытуцыяй, альбо прастытуткі ніжэйшага разраду. Для таго, каб выкрыць прастытутку вышэйшага ці сярэдняга разраду, з аднаго боку, у паліцыі не хапала сродкаў. З другога боку, у такіх жанчын было дастаткова грошай, каб адкупіца ад паліцэйскіх. Акрамя таго, гэтыя прастытуткі мелі высокапастаўленых заступнікаў. Нярэдка тыя пры неабходнасці прадстаўлялі іх сваімі сваячкамі ці нявестамі, каб яны маглі пазбегнуць прымусовай рэгістрацыі [8] . Гэтая катэгорыя прастытутак пражывала ў сваіх кватэрах, добра апраналася, наведвала тэатры і іншыя грамадскія месцы. Абвінаваціць у прастытуцыі такую жанчыну было вельмі цяжка. У 1915 г. гродзенскі паліцмайстар скардзіўся, што ў Гродне
большасць прастытутак складае прышлы элемент, на выгляд вельмі прыстойных, нярэдка даволі заможных, якія жывуць адзіночкамі і займаюць асобныя кватэры. Выявіць, што гэтыя жанчыны займаюцца прастытуцыяй, магчыма толькі пры садзейнічанні публікі, якая карыстаецца іх паслугамі [9] .У некаторых гарадах існавалі спецыяльныя агенты, якія высочвалі такіх жанчын. Пры Санітарным камітэце ў Мінску было два такія спецыяльныя агенты. Адзін з іх назіраў за кватэрамі прастытутак і гатэлямі, другі - за дамамі цярпімасці [10] . Аб неабходнасці прызначэння падобных агентаў у Гродне доктар вайсковага шпіталя Шмідт гаварыў яшчэ ў 1870 г., аднак нічога так і не было зроблена [11] .
З заснаваннем Камітэта ў Мінску кантроль за прастытуцыяй узмацніўся, у выніку на працягу наступных шасці гадоў колькасць зарэгістраваных прастытутак павялічылася ў тры разы. У 1899 г. у Мінску дзейнічала 10 публічных дамоў, санітарнаму нагляду было падпарадкавана 445 жанчын [12] . Адпаведна, павялічылася і колькасць прастытутак з венерычнымі захворваннямі. Два венерычныя аддзяленні ў Мінску ў бальніцы Прыказу грамадскай апекі і яўрэйскай бальніцы мелі ўсяго 20 месцаў і з такой колькасцю хворых ужо не спраўляліся. Хворых жанчын даводзілася класці па дзве на адзін ложак, альбо ўвогуле адмаўляць у прыёме ці выпісваць раней. Падобнае становішча з нястачай месцаў для венерычных хворых было тыповым для ўсіх гарадоў Беларусі таго часу.
Мінскія гарадскія ўлады прыймаюць рашэнне аб адкрыцці бальніцы для лячэння прастытутак. Бальніца была адкрыта 30 студзеня 1898 г. на сродкі мінскага аддзялення Таварыства барацьбы з заразнымі хваробамі. Пастановай Мінскай гарадской думы 28 верасня 1898 г. бальніца была прынята ў веданне горада. Першапачаткова бальніца была разлічана на 17 ложкаў. Утрыманне бальніцы практычна поўнасцю забяспечвалася «добраахвотнымі ўзносамі» гаспадынь дамоў цярпімасці і кватэрных гаспадынь прастытутак [13] .
У 1899 г. горад арандаваў спецыяльна для Санітарнага камітэта, агляднага пункту прастытутак і бальніцы асобныя дамы па вуліцы Вясёлай. Што цікава, у арэнду для гэтых мэтаў свае ўласныя дамы здаваў сам санітарны лекар Мінска П. А. Грацыянаў [14] . Бальніца займала асобны дом, які размяшчаўся ў двары, а вокны выходзілі ў сад, і складалася з двух вялікіх і двух малых пакояў, ванны, аптэкі, кухні, пакоя для прыслугі і гардэробнай. Бальніца была разлічана ўжо на 25 ложкаў. Аднак і гэтага аказалася мала. Бывалі дні, калі ў бальніцу прымалі да 32 чалавек. Бальніца прызначалася выключна для лячэння венерычных захворванняў зарэгістраваных прастытутак Мінска [15] . Лячэнне было бясплатным. Усе хворыя атрымоўвалі бальнічныя бялізну і плацце. У бальніцы быў нават прадуманы вольны час пацыентак. Вечарамі жанчынам уголас чыталі кнігі, навучалі іх рукадзеллю. Бальнічны персанал складаўся з двух лекараў і фельчаркі, вартаўніка, кухаркі і трох сядзелак.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў шмат якіх гарадах Беларусі ніякіх органаў нагляду за прастытуцыяй не існавала. Напрыклад, у Гродне дамоў цярпімасці не было, рэгістрацыя прастытутак не вялася. Усе яны па меры выяўлення высяляліся з гораду. Тым не менш, прастытуткі ў горадзе былі пастаянна. Толькі па адных дадзеных паліцыі ў 1913 г. у Гродне іх налічвалася каля 50, хаця на самой справе іх было значна больш.
Усе выяўленыя прастытуткі ў Гродне накіроўваліся на медыцынскі агляд. Пры затрыманні прастытуткі самі заяўлялі, што яны хочуць падпарадкавацца ўрачэбна-паліцэйскаму нагляду, праходзіць рэгулярныя медыцынскія агляды і мець адпаведныя білеты. Тлумачылася гэта тым, што прастытуткі баяліся венерычных захворванняў. Тым не менш, як заяўляў гродзенскі паліцмайстар, «забяспечыць іх гэтакімі (білетамі) і зарэгістраваць не ўяўляецца магчымым» [16] .
Паліцмайстар хадайнічаў аб стварэнні ў Гродне ўрачэбна-паліцэйскага камітэта, неабходнасць існавання якога, апроч іншых прычын, ён падмацоўваў цэлым шэрагам заяў прастытутак:
1913 года, красавіка 5 дня. Я, ніжэй падпісаная гродзенская мяшчанка Вікторыя Міхайлаўна Манцэвіч, пражываю на Іерусалімскай вуліцы ... , даю гэтую падпіску пану гродзенскаму паліцмайстру ў тым, што не маю іншых сродкаў існавання да жыцця, таму займалася і буду займацца прастытуцыяй, і таму прашу забяспечыць мяне адпаведнай кніжкай [17] .У адпаведнасці з распараджэннем гродзенскага губернатара 3 мая 1913 г. у гарадах губерні пачалі стварацца ўрачэбна-паліцэйскія камітэты. Ужо ў маі 1913 г. гэтакі дзейнічаў у Бельску, у снежні - у Кобрыне [18] . Нарэшце такі камітэт быў утвораны і ў Гродне. У адпаведнасці з прынятымі ім 23 чэрвеня 1915 г. рашэннямі ў Гродне ўводзілася абавязковая рэгістрацыя і рэгулярны медыцынскі агляд прастытутак. Пры гэтым іх колькасць не павінна была перавышаць 20. Усе астатнія ў абавязковым парадку высяляліся за межы горада. Заражаныя венерычнымі захворваннямі зараз жа выдаляліся ў Ваўкавыск ці Слонім у бальніцы Прыказу грамадскай апекі. А паліцмайстру, на якога былі ўскладзены абавязкі распарадчыка камітэта, было даручана знайсці «якую-небудзь асобу ў якасці агента», якая б адшуквала і высочвала патаемных прастытутак, з платай 60 рублёў у месяц [19] . Рэалізаваць усе рашэнні не ўдалося. Ужо ў верасні Гродна быў акупаваны нямецкімі войскамі.
З пачаткам вайны, са з'яўленнем вялічэзнай колькасці вайскоўцаў, рэзка павялічылася і колькасць венерычных хворых. Іх было так шмат, што ў Мінску нават прапаноўвалася выключна для іх лячэння выдзяліць адзін з ваенных шпіталяў «не менш чым на тысячу ложкаў» [20] . У выніку кантроль за прастытуцыяй зноў узмацніўся. Такія захады, прынятыя ў Мінску раней, як закрыццё ўсіх дамоў цярпімасці, высяленне ўсіх жанчын, выкрытых у патаемнай прастытуцыі, па месцы іх прапіскі, былі прызнаны неэфектыўнымі. На паседжанні Асобай Ваенна-санітарнай камісіі, утворанай у верасні 1915 г., было прынята рашэнне аднавіць даваенную агентуру для вышуку прастытутак, дазволіць адкрываць дамы цярпімасці, узнавіць абавязковыя медыцынскія агляды прастытутак. Акрамя таго, усіх прастытутак абавязалі мець фотаздымкі на сваіх білетах.
Абвастрылася і крымінагенная абстаноўка ў Мінску. У бардэлях вёўся гандаль алкаголем, у тым ліку рознага роду сурагатамі:
Дома терпимости превратились в притоны темных личностей, с продажей водки и обиранием посетителей; в квартирах проституток-одиночек возможны приюты … воров, дезертиров и всякого темного люда, включительно до шпионажа [21] .У сакавіку 1916 г. губернатарам былі зацверджаны змяненні ў Санітарных правілах па наглядзе за прастытуцыяй у Мінску, што фактычна перадавалі кантроль за прастытуцыяй у горадзе паліцыі [22] . У ліпені 1916 г. в. а. мінскага паліцмайстара Л. Ф. Папейка для стабілізацыі становішча загадаў штодня накіроўваць «в места скопления гуляющей публики летучие наряды из городовых … для наблюдения» [23] . Па яго загадзе таксама былі правераны ўсе спісы прастытутак, і тыя з іх, якія мелі судзімасці, высяляліся з Мінска. Аднак сітуацыя не змянілася.
Бардэлі, дамы цярпімасці, дамы спатканняў ...
Па дадзеных 1889 г. у гарадах Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў налічвалася 59 дамоў цярпімасці і спатканняў, у якіх працавала 326 прастытутак [24] . Утрымоўваць бардэлі мелі права толькі жанчыны ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў. У 1903 г. мінімальны ўзрост быў павялічаны да 35 год, а максімальны не абмяжоўваўся ўвогуле. На самай справе ў 1889 г. 14 % публічных дамоў знаходзіліся ва ўласнасці гаспадынь, чый узрост вагаўся ад 20 да 30 год [25] . У асноўным гаспадынямі бардэляў у гарадах беларускіх губерняў былі жанчыны сярэдняга ўзросту - ад 35 да 45 год (49 %). Некаторыя трымалі гэты бізнес да апошніх дзён свайго жыцця. У Гродне ў 1904 г. гаспадыні дома цярпімасці на Падгорным завулку было 72 гады.
Для адкрыцця бардэля неабходна было атрымаць спецыяльны дазвол паліцыі. З 1903 г. з санкцыі паліцыі дазвол выдаваў Урачэбна-паліцэйскі камітэт (там, дзе ён быў). Патрабавалася таксама мець яшчэ і згоду домаўладальніка, у доме якога планавалася арганізаваць бардэль. Кватэру, у якой меркавалася размясціць бардэль, аглядала спецыяльная камісія, складзеная з лекара, паліцэйскага чыноўніка і прадстаўніка ўрачэбна-паліцэйскага камітэта.
Аналагічныя правілы па адкрыцці публічных дамоў, уведзеныя ў 1903 г., у Мінску дзейнічалі з моманту ўтварэння Санітарнага камітэта ў 1891 г.
Гаспадыні бардэляў абавязаны былі пражываць непасрэдна ў сваім «прадпрыемстве». У адпаведнасці з правіламі 1903 г. яны мелі права выходзіць замуж. Муж мог пражываць разам са сваёй жонкай у публічным доме, але яму катэгарычна забаранялася ўмешвацца ў яе справы. Разам з тым, жанчыны-гаспадыні не мелі права ўтрымліваць пры сабе сваіх уласных дзяцей, старэйшых за тры гады.
Значная большасць гаспадынь бардэляў былі або замужнімі, або ўдовамі. Толькі 10 % з іх былі не замужам. Пераважная частка жанчын, якія ўтрымоўвалі бардэлі, былі яўрэйкамі (71 %) і належалі да мяшчанскага саслоўя (64 %) [26] .
У сярэднім, публічныя дамы працавалі ад аднаго-трох і да дзесяці гадоў. Некаторыя з іх зачыняліся, як правіла, па распараджэнні мясцовых уладаў за парушэнне якіх-небудзь нормаў, напрыклад, парушэнне цішыні і спакою на прылеглых вуліцах. Потым яны зноў маглі адчыніцца. Але былі бардэлі, і такіх было каля 1/3, якія мелі доўгую гісторыю і пераходзілі па спадчыне ад маці да дачкі. Гэткія дамы налічвалі ад 10-15 да 50 гадоў і болей у сваёй дзейнасці.
Утрымальніца бардэля абавязана была складаць спісы ўсіх жанчын, якія працавалі ў яе. Аб усіх зменах у штаце сваёй установы яна павінна была паведамляць неадкладна лекару і паліцыі. Усе ўзятыя на працу жанчыны папярэдне праходзілі медыцынскі агляд, і толькі ў выпадку добрага стану свайго здароўя мелі права абслугоўваць кліентаў.
Калі жанчына пакідала бардэль, то гаспадыня павінна была таксама паведаміць пра гэта лекару і даць паліцыі пасведчанне аб тым, што жанчына сапраўды пакінула бардэль, а таксама дадзеныя пра тое, куды яна накіравалася.
Утрымальніца бардэля мела права зачыніць сваю ўстанову ў любы час на сваё жаданне, або перадаць яго іншай гаспадыні, але папярэдне павінна была паведаміць аб гэтым паліцыі. Пасля закрыцця бардэля яго гаспадыня ўсё роўна працягвала заставацца пад паліцэйскім наглядам.
Гаспадыня публічнага дома абавязвалася сачыць за чысцінёй у сваёй установе. Памяшканне павінна было быць дастаткова прасторным і адпавядаць колькасці жанчын, якія ў ім працавалі. Ложкі павінны былі адасабляцца адзін ад аднаго лёгкімі пярэгарадкамі або шырмамі. Гаспадыня бардэля кантралявала не толькі чысціню бялізны, але і ахайнасць саміх жанчын. З 1903 г. патрабавалася, каб у кожнай жанчыны, якая працуе ў бардэлі, быў свой асобны пакой і неабходная колькасць пасцельнай і нацельнай бялізны.
У 1903 г. была прынята папраўка, што бардэль не можа размяшчацца ў сутарэннях. Таксама забаранялася рабіць уваход у бардэль з вуліцы, як у гандлёвых установах. Акрамя таго, бардэлі маглі размяшчацца на адлегласці не бліжэй 150 сажняў ад царкоўных, адукацыйных і грамадскіх устаноў.
Правілы таксама прадугледжвалі даволі "гуманныя" адносіны да прастытутак. У адпаведнасці з правіламі 1844 г., утрымальніцы бардэляў абавязваліся не даводзіць жанчын, якія працуюць у іх, «до крайнего изнурения неумеренным употреблением» і, акрамя таго, «удерживать женщин своих от излишнего употребления крепких напитков». Строга забаранялася выкарыстоўваць якія-небудзь сродкі для перарывання цяжарнасці ў публічных жанчын, а таксама лячыць хворых жанчын у асоб, якія не маюць спецыяльнай медыцынскай адукацыі. Да ведама лекара трэба было даводзіць аб усіх выпадках цяжарнасці альбо хваробы прастытутак.
У Мінску прастытуткі ў выпадку парушэння сваіх правоў альбо канфлікту са сваім сутэнёрам ці гаспадыняй мелі права звяртацца са скаргамі ў Санітарны камітэт. І жанчыны актыўна карысталіся гэтым правам: у камітэт штодзень паступалі прашэнні ад прастытутак. У 1895 г. адна з прастытутак звярнулася са скаргай на гатэльнага фактара, які забраў у яе заробленыя грошы. Гэтага фактара зараз жа выклікалі ў Камітэт, дзе пад пагрозай складання пратаколу мужчына вярнуў усе грошы [27] .
Кожная публічная жанчына атрымоўвала медыцынскі білет, у які заносіліся звесткі аб стане яе здароўя. За атрыманы білет прастытутка плаціла да пяці капеек срэбрам. За захаванасць білетаў несла адказнасць гаспадыня бардэля.
Значная ўвага ў правілах 1844 г. надавалася захоўванню цішыні і «магчымай прыстойнасці» у бардэлях. Прыймаць гасцей «у нядзелі і святочныя дні ... да заканчэння абедні» не дазвалялася. Наведваць бардэлі было забаронена непаўналетнім і выхаванцам навучальных устаноў.
Жанчыны мелі права пакінуць бардэль у любы час, калі яны пажадаюць. Ніякія грашовыя прэтэнзіі гаспадыні бардэля да прастытуткі не маглі стаць прычынай да яе затрымання.
У правілах 1903 г. былі прапісаныя формы матэрыяльных і грашовых узаемаадносін прастытутак і іх гаспадынь. Гаспадыні бардэляў мелі права пакідаць сабе да 75 % заробку прастытуткі. У адпаведнасці з даходамі свайго бардэля, гаспадыня абавязана была даць жанчыне, якая працавала ў яе, неабходнае адзенне, абутак, добрае харчаванне і «пражыванне». Усё адзенне і абутак, калі жанчына прапрацавала ў бардэлі больш за адзін год, заставалася ў яе ўласнасці.
Магчыма, гэтыя правілы ў некаторых бардэлях і выконваліся. Але збольшага, і асабліва гэта тычылася бардэляў ніжэйшага разраду, выконваліся толькі некалькі пунктаў: аб складанні спісаў і вядзенні медыцынскіх білетаў, паколькі за гэтым назіралі медыцынскія і паліцэйскія чыноўнікі.
Санітарны стан большасці дамоў цярпімасці быў вельмі нездавальняльным. Санітарны лекар Віцебска ў 1894 г. адзначаў, што
... заведения эти (дамы цярпімасці) оказались содержащимися неопрятно. Воздух был сперт за отсутствием вентиляции, помещения для женщин тесны, белья было мало и при том содержалось оно грязно.Акрамя дамоў цярпімасці ў Расійскай імперыі існавалі яшчэ і тайныя прытоны, прытоны распусты і дамы спатканняў. Звычайна гаспадары гэтых устаноў давалі толькі памяшканні для сустрэч кліентаў з прастытуткамі. Яны маглі таксама і самі пастаўляць кліентам прастытутак, якія пражывалі на асобных кватэрах. Але даволі часта прастытуткі пражывалі непасрэдна ў саміх гэтых кватэрах. Нярэдка ў паліцэйскіх справаздачах пад прытонамі распусты меліся на ўвазе кватэры прастытутак-адзіночак. Вельмі часта гаспадыні кватэр здавалі пакоі прастытуткам пад выглядам звычайных кватарантак, пры гэтым забяспечвалі іх бялізнай, адзеннем, харчаваннем. А потым прастытутка павінна была адпрацаваць свае даўгі. Гаспадыня пастаўляла кліентаў і забірала сабе ўвесь заробак жанчыны, якая тым самым трапляла ў поўную залежнасць ад яе.
Шмат якія прастытуткі аказваліся, фактычна, у бяспраўным стане перад сваімі гаспадарамі. Гаспадары кватэр і сутэнёры маглі забраць у жанчыны ўвесь яе заробак, альбо ў кошт доўгу забраць апошняе адзенне. У большасці выпадкаў жанчыны знаходзіліся ў неадплатным даўгу перад сваімі гаспадарамі. Вельмі часта жанчыну ўтрымлівалі з дапамогай шантажу, пагрозы пакалечыць яе, калі яна вырашыць пакінуць бардэль альбо прытон.
Цікава, што калі дамы цярпімасці ўтрымлівалі жанчыны, што і патрабавалася правіламі, то тайныя прытоны належалі мужчынам, што было забаронена. Так, напрыклад, два тайных прытоны ў Гродне ў пачатку XX ст. былі размешчаны ў дамах Янкеля Бейрама і Якава Будзінскага [28] .
У канцы XIX ст. кошт аднаго наведвання прастытуткі ў публічных дамах гарадоў Беларусі вагаўся ад 15-30 капеек да двух рублёў у залежнасці ад узроўню бардэля. Калі кліент жадаў застацца на ноч, то ён павінен быў заплаціць ад 60 кап. да пяці рублёў. Акрамя таго, прастытутку можна было ўзяць дадому. Кошт такога візіту прастытуткі з дому цярпімасці сярэдняга і ніжэйшага разраду вагаўся ад аднаго да трох рублёў, з бардэля вышэйшага разраду вызначаўся па ўзаемнай дамоўленасці [29] . Самыя нізкія расцэнкі на сэксуальныя паслугі былі ў гарадах Мінскай губерні, самыя высокія - Віцебскай.
Утрыманне дамоў цярпімасці было прыбытковай справай. У 1904 г. утрымальніцы публічнага дому ў Гродне Сара і Рэйза Глаз пабудавалі новы двухпавярховы мураваны будынак пад бардэль за кошт сваіх уласных сродкаў.
Заробкі вулічных прастытутак таксама залежылі ад іх узроўню, маладосці і прыгажосці. Самыя танныя атрымоўвалі ад трох да 15 капеек. Прастытуткі вышэйшага разраду маглі дазволіць сабе дарагія ўпрыгожванні і ўласныя кватэры. Як правіла, яны мелі пастаянных кліентаў.
Падаткі і прастытуцыя
У Расійскай імперыі падаткі ні з прастытутак, ні з утрымальніц бардэляў не спаганяліся. Гэтае пытанне неаднаразова абмяркоўвалася ў расійскім урадзе, у прыватнасці, у 1844 г. і ў 1868 г. у сувязі з заснаваннем і рэарганізацыяй Урачэбна-паліцэйскіх камітэтаў у Маскве і Санкт-Пецярбурзе. Якія-небудзь зборы з прастытутак і гаспадынь бардэляў тады былі прызнаны, як гэта ні парадаксальна, «недостойными правительства». Спагнанне падаткаў азначала б для расійскага ўрада прызнанне і легалізацыю прастытуцыі на ўрадавым узроўні, у той час як яна была забаронена.
Своеасаблівая сітуацыя склалася ў Мінску. З 1895 г. гаспадыні дамоў цярпімасці за кожны дзень, які ў іх прапрацавала прастытутка, у залежнасці ад узроўню ўстановы, плацілі ад 10 да 25 капеек. Атрыманыя сумы грошай запісваліся ў адмысловую кнігу Санітарнага камітэта на імя той жанчыны, за якую яны ўносіліся. Калі прастытутка пакідала публічны дом, яна атрымоўвала на рукі ўсю назапашаную суму, свайго роду «выхадную дапамогу». Гаспадыні бардэляў знайшлі спосаб ашукаць гарадскія ўлады. Прастытуткі наўмысна пакідалі публічны дом, каб атрымаць гэтыя грошы. А праз два-тры дні зноў вярталіся «на працу», а грошы забірала іх гаспадыня. Калі гэтая схема была выкрыта, «дапамогу» сталі выдаваць толькі ў тым выпадку, калі жанчына выходзіла замуж або канчаткова пакідала сваё рамяство. Але і такі парадак выдачы таксама сябе не апраўдаў. Таму з 1898 г. абавязковыя ўзносы гаспадынь дамоў цярпімасці былі спынены. Гаспадыні бардэляў сталі ўносіць «па добраахвотным пагадненні» штомесяц ад 10 да 30 рублёў з кожнага публічнага дома ў залежнасці ад яго разраду на ўтрыманне спецыяльнай бальніцы для прастытутак. Такі ж узнос, толькі ў меншым памеры - па 10 кап. з кожнай прастытуткі - плацілі і гаспадыні прыватных кватэр, якія здаваліся прастытуткам-адзіночкам. Наколькі ўзносы былі «добраахвотнымі», цяжка сказаць. Але штогод у 1898-1900 гг. сума ўзносаў гаспадынь бардэляў і прыватных кватэр у Мінску была крыху меншай за чатыры тысячы рублёў (у 1898 г. - 3909 р. 75 к., у 1899 г. - 3762 р. 25 к., у 1900 г. - 3817 р. 90 к.).
"Начныя матылькі" беларускіх гарадоў XIX стагоддзя
У гарадах Расійскай імперыі можна было выдзеліць дзве ўмоўныя групы прастытутак. Адна з іх працавала і пражывала ў дамах цярпімасці (публічных дамах, бардэлях). Другая група самастойна шукала кліентаў. Гэта, так званыя, прастытуткі-адзіночкі. Некаторыя з іх мелі сваіх сутэнёраў.
Прастытуткам-адзіночкам было дазволена здымаць кватэры, але пражываць у іх яны маглі толькі па адной. У выніку некаторыя проста не мелі сродкаў для ўтрымання пастаяннай кватэры. Таму летам яны пакідалі сваё жыллё і вялі качавы лад жыцця. Ноч яны праводзілі ў полі, ля ваеннага лагера, на могілках, у руінах старых дамоў. Калі не было сродкаў, каб зняць кватэру зімой, жанчыны дзень праводзілі ў шынках, корчмах, а ноч - у начлежных дамах.
У 1903 г. прастытуткам было дазволена здымаць кватэры ўдзвюх. Аднак некаторыя прастытуткі жылі і ўтрох, і учацвярых [30] . Так было лягчэй выжываць. У 1906 г. у Гродне былі чатыры кватэры з 10 прастытуткамі-адзіночкамі па 2-3 у кожнай, і каля 20 «бадзяжных» прастытутак, «перекочевывающих с места на место» [31] .
Па афіцыйных дадзеных, у 1889 г. у гарадах Беларусі 624 жанчыны займаліся прастытуцыяй [32] . На думку сучаснікаў, у Расійскай імперыі колькасць зарэгістраваных прастытутак ніколі не адпавядала рэальнай лічбе. У залежнасці ад горада колькасць «афіцыйных» прастытутак складала ад 1/5 да 1/10 ад рэальнага ліку жанчын, якія займаліся прастытуцыяй [33] .
Сустрэць прастытутак можна было практычна на ўсіх галоўных вуліцах горада, дзе яны шукалі кліентаў, а таксама, зразумела, каля іх кватэр і бардэляў.
Свае паслугі, акрамя бардэляў, прастытуткі аказвалі ва ўсіх месцах, што падыходзілі для гэтага. Перш за ўсё, гэта былі іх кватэры, і кватэры афіцэраў, а таксама гатэлі, кавярні, страўні, лазні, стайні, наваколле казармаў, глухія гарадскія вуліцы, сады, агароды, берагі рэк і г. д. Распаўсюджанай з'явай было, калі салдаты, выяўленыя на кватэрах у незарэгістраваных прастытутак, падавалі іх сваімі прачкамі [34] . У Брэсце бывалі выпадкі, калі пад час начных аблаў паліцыя знаходзіла салдат у адной толькі нацельнай бялізне ў гарадскім садзе, у кустоўі, а таму вымушана была канваіраваць іх у крэпасць у паліцэйскай форме [35] .
Паводле веравызнання сярод прастытутак можна вылучыць тры асноўныя групы: адна трэць (30 %) спавядала каталіцтва, 29 % - праваслаўе, і 38 % былі іудзейкамі [36] . Большасць (64 %) прастытутак належала да мяшчанскага саслоўя, прыкладна адна трэць (27 %) - сялянскага [37] . Пераважная частка (86 %) прастытутак была непісьменнай. Але сярод пісьменных сустракаліся і тыя, хто атрымаў адукацыю ў гімназіях і прагімназіях, і нават у жаночых інстытутах [38] .
Абсалютная большасць прастытутак была не замужам. Замужнія, удовы і разведзеныя складалі 8 %. Як правіла, прастытуцыяй займаліся жанчыны з нешчаслівых сем'яў, сіроты. Жывых бацькоў, альбо толькі бацьку ці маці, мелі ўсяго толькі 8 % жанчын. Не мелі аніякіх сваякоў 17 % прастытутак [39] .
Згодна з правіламі 1844 г. у бардэлі можна было прымаць жанчын толькі з 16 год. У пачатку XX ст. легальна займацца прастытуцыяй было дазволена з 18 год, а працаваць у бардэлях з 21 года.
У 1889 г. сярэдні ўзрост прастытутак дамоў цярпімасці складаў 21 год, прастытутак-адзіночак - 23 гады [40] .
Большасць прастытутак (92 %) мела ўзрост ад 17 да 30 гадоў [41] . Прастытуткі, старэйшыя за 35 год, сустракаліся вельмі рэдка. У 1878 г. у Ігумене ў спісах прастытутак значылася нейкая Юзэфа Сабалеўская, узрост якой склаў 46 гадоў [42] . А ў тым самым годзе у Мінску працавала 49-гадовая прастытутка Юзэфа Ліпінская [43] .
Дзве трэці прастытутак (62 %) пачыналі працаваць у 15-18 год. Росквіт кар'еры прыпадаў на ўзрост 18-21 года, спад пачынаўся ў 22-23 гады. Да 25-28 гадоў прастытутка ператваралася «в ни на что не годного человека и выбрасывалась с арены жизни» [44] . Актыўная кар'ера ў пераважнай большасці прастытутак працягвалася не болей за пяць гадоў. У канцы XIX ст. у гарадах прастытуткі са стажам ад пяці да дзесяці год склалі 19 %. Толькі 24 (4 %) жанчыны займаліся прастытуцыяй ад 10 да 25 гадоў [45] .
Па афіцыйным дадзеным у 1889 г. у гарадах Беларусі самы ранні ўзрост пачатку занятку прастытуцыяй, быў 13 год, а самы стары - 37 гадоў. [46] .
Колькасць прастытутак у буйных гарадах павялічвалася разам з развіццём тэхнікі і вытворчых тэхналогій. У 1908 г. у Мінску ўжо была зарэгістравана 531 жанчына, якая займалася прастытуцыяй [47] . У гады Першай сусветнай вайны Мінск ператварыўся ў прыстанішча прастытутак з усёй Расійскай імперыі:
Минск наводнен проститутками, едва ли в настоящее время есть город в России, который бы мог в этом отношении конкурировать со столицей Полесья. Только ранним утром город свободен от проституток, но после полудня сады, рестораны, кофейни, кинематографы, улицы до поздней ночи кишат проститутками. В гостиницах, банях, темных аллеях творятся неслыханные для Минска безобразия. Здесь же снуют юркие агенты, предлагая живой товар. Минск пережил за последнее время различного рода голод, но в проститутках недостатка не было [48] .Прастытуткі вылучаліся высокім узроўнем мабільнасці ў перамене месца жыхарства. Яны мянялі гаспадынь, пераходзілі з аднаго бардэля ў іншы, ці на кватэры, а потым зноў вярталіся да сваёй былой гаспадыні. Значная частка прастытутак не мела ў якасці пастаяннага месца жыхарства нават які-небудзь адзін пэўны горад. Яны пастаянна гастралявалі па гарадам і спыняліся ў гатэлях толькі на некалькі тыдняў альбо месяцаў. Адна з полацкіх прастытутак Аляксандра Брэжнева ў красавіку 1894 г. пакінула дом цярпімасці і перайшла жыць на прыватную кватэру, а ўжо ў жніўні гэтага ж года накіравалася ў Ніжні Ноўгарад [49] . Другая прастытутка Хася Старасельская ў маі 1894 г. пакінула публічны дом у Віцебску і пераехала ў адзін з бардэляў Полацка, а ў чэрвені вярнулася ў Віцебск да сваёй былой гаспадыні, каб у кастрычніку зноў пакінуць горад [50] . Склад прастытутак у буйных гарадах на працягу аднаго года ў 70-90-я гг. XIX ст. мяняўся больш чым на 65-70 % [51] .
Дзіцячая прастытуцыя
У Расійскай імперыі была распаўсюджаная і запатрабаваная дзіцячая прастытуцыя. Дзеці пачыналі займацца прастытуцыяй з дзевяцігадовага ўзросту. Нярэдка занятак прастытуцыяй быў абумоўлены тым сацыяльным асяроддзем, у якім яны раслі і выхоўваліся. Вельмі часта дзяўчынкі станавіліся ахвярамі гвалту, што ў далейшым прыводзіла іх да прастытуцыі. Найбольш неабароненымі былі дзяўчынкі, якія працавалі прыслугай альбо знаходзіліся на навучанні ў якой-небудзь майстэрні. Як правіла, яны падвяргаліся сэксуальным дамаганням з боку як самаго гаспадара, так і яго дзяцей, ці кагось з прыслугі. Але часцей за ўсё дзяўчынак проста прадавалі іх уласныя бацькі, старэйшыя браты ці сёстры, альбо апекуны. У пачатку 1895 г. у Мінску было затрымана шэсць дзяўчынак ва ўзросце ад 11 да 14 гадоў, якія прапаноўвалі свае паслугі прахожым за 15 кап. Паводле слоў адной з іх, да рамяства далучылі яе ўласныя сяброўкі, якія яшчэ два гады таму «завялі яе ў гатэль». Чацвёра з дзяўчынак аказаліся сіротамі. А маці дзвюх астатніх зараблялі на жыццё прастытуцыяй сваіх уласных дачок і іх сябровак.
Паколькі ўзроставая мяжа, калі можна было легальна займацца прастытуцыяй, і, адпаведна, падпарадкаванне нагляду, была абмежавана, з рэгістрацыяй непаўналетніх прастытутак узнікалі праблемы. Згодна з законам яны павінны былі перадавацца на апеку сваякам ці дабрачынным і іншым падобным установам. Пастановай Мінскай гарадской думы аб санітарным наглядзе за прастытуцыяй, у выпадку немагчымасці перадаць дзяцей пад нагляд, іх бралі на санітарны ўлік. У выніку, у Мінску санітарныя білеты прастытутак атрымоўвалі дзяўчынкі 10-11 год [52] .
У дзяўчынак-падлеткаў, якія рана пачалі сэксуальнае жыццё, фармавалася неадэкватнае ўспрыманне навакольнай рэчаіснасці, скажаліся маральныя нормы і каштоўнасці. Дзяўчынкам падабалася разгульнае "лёгкае" жыццё і спажыванне алкаголю. За нязначную паслугу, якой уяўляўся сэксуальны кантакт, яны атрымоўвалі ад «добрых дзядзечкаў» прыгожую сукенку, шакалад і нават грошы.
Вельмі высока на рынку сэксуальных паслуг цанілася дзіцячая нявіннасць. Метады і сродкі гінекалогіі дазвалялі «аднаўляць» дзявоцкую пляву. Аперацыя праходзіла «хутка, амаль бязбольна і засёды ўдала». Звычайна ўшываўся абрэзак бычынага пухіра альбо вельмі тонкая гумавая пласцінка, над якой размяшчалася капсула з крывёй ці фарбай. Часам цнатлівасць аднаму і таму ж дзіцяці «аднаўлялі» некалькі разоў і, адпаведна, некалькі разоў прадавалі яго нявіннасць. Дзявоцкую пляву аднаўлялі таксама і дарослыя дзяўчаты, якія збіраліся выйсці замуж.
Дзяўчынкі-прастытуткі, у сілу сваёй безабароннасці, няспеласці, несфармаванай псіхікі выконвалі нават самыя ненармальныя сэксуальныя фантазіі. Высока цаніліся тыя з іх, якія маглі задавальняць разнастайныя сэксуальныя жаданні сваіх кліентаў, але захоўвалі пры гэтым, у фізіялагічным сэнсе, нявіннасць. Такія дзяўчынкі маглі прапанаваць «до 16 способов блаженства - за исключением естественного», г. зн. самаго палавога акту. Дзеці згаджаліся на тое, ад чаго з агідай адмаўляліся дарослыя прастытуткі.
Прычыны прастытуцыі
У большасці выпадкаў жанчыны былі вымушаны гандляваць сваім целам па сацыяльна-эканамічных прычынах. Вельмі часта прастытуцыяй пачыналі займацца прыслуга і фабрычныя жанчыны, якія засталіся без працы. Звычайна цяжкае матэрыяльнае становішча спалучалася са складанымі сямейнымі адносінамі - сіроцтва, другі шлюб бацькі, альбо глыбокімі асабістымі перажываннямі - згвалтаванне, здрада палюбоўніка, нараджэнне пазашлюбнага дзіцяці і г. д. Большасць жанчын, якія займаліся прастытуцыяй, пазбавіліся цнатлівасці добраахвотна, ахвяраў згвалтавання сярод прастытутак было 11 % [53] . Рэзкі кантраст паміж сваім мізэрным заробкам і раскошай горада выводзіў адарваных ад сям'і жанчын, асабліва тых, хто вельмі блізка судакранаўся з жыццём заможных класаў (прыслугу), на шлях прастытуцыі.
Нярэдка прастытуцыя выкарыстоўвалася ў якасці дадатковага заробку. На гэта ішла прыслуга, работніцы фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, швачкі, але сваім целам гандлявалі і сядзелкі, і сёстры міласэрнасці, гувернанткі, настаўніцы г. д. Як правіла, прастытуцыяй займаліся жанчыны, якія працавалі ў піцейных дамах - гэта «буфетчицы, продавщицы, певицы, танцовщицы, музыкантши». У павятовых гарадах вельмі часта жанчыны-прастытуткі на летні перыяд адпраўляліся ў вёскі на палявыя падзённыя працы [54] . Жанчынам трэба было зарабіць на жыццё і яны абіралі найбольш просты для іх на дадзены момант спосаб.
Бывалі выпадкі, калі прастытуцыя станавілася сямейным бізнесам. Маці-прастытутка далучала да свайго рамяства дачок, альбо старшыя сёстры - малодшых. У спісах гродзенскіх прастытутак пастаянна фігуруюць групкі па дзве-тры жанчыны з аднолькавымі прозвішчамі, якія да таго ж жылі на адной вуліцы ў адным доме [55] .
Некаторыя жанчыны не вытрымлівалі цяжару, звязанага з заняткам прастытуцыяй, і канчалі жыццё самагубствам. Сярод прастытутак Расійскай імперыі былі нават распаўсюджаны групавыя самагубствы. Аднак, нярэдка, «начныя матылькі» знаходзілі асаблівую асалоду ў сваім рамястве, зноў і зноў вярталіся да яго. Прастытуцыя станавілася для іх чымсьці накшталт наркотыку.
Адміністрацыйныя і санітарна-гігіенічныя правілы для прастытутак
Правіламі 1844 г. для прастытутак быў устаноўлены цэлы шэраг санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Яны павінны былі як мага часцей «обмывать холодной водой известные части», і, асобна адзначалася, каб «девки, употребленные, не переходили бы тот час же к другим посетителям не обмывшись и, если можно, переменяли бы белье». У лазню публічныя жанчыны павінны былі хадзіць не менш двух разоў на тыдзень. Таксама ім прадпісвалася ўжываць як мага меней «белил, румян, сильно-душистой помады, мазей и притираний». Займацца абслугоўваннем кліентаў пад час менструацый забаранялася. У бардэлях за ўсім гэтым павінна была строга назіраць сама гаспадыня. Падкрэслівалася, што прастытуткі ў дамах цярпімасці павінны былі без пярэчання выконваць усе патрабаванні сваіх гаспадынь адносна асабістай гігіены.
Дакументы, якія рэгламентавалі прастытуцыю, накладалі на жыццё прастытутак яшчэ цэлы шэраг абмежаванняў. Памяняць месца жыхарства яны маглі толькі з ведама паліцыі. У 1870 г. у Гродне ваенны лекар Шмідт прапаноўваў нават з публічных дамоў не выпускаць прастытутак без дазволу паліцыі [56] .
У Мінску прастытутка магла зняць кватэру толькі з дазволу Санітарнага камітэта. Прастытуткам забаранялася пражываць у гатэлях, «заезжих домах» і іншых падобных установах. Гэта азначала, што тэарэтычна нават па асабістых справах прастытутка не магла прыехаць у Мінск і спыніцца ў гатэлі. Публічным жанчынам забаранялася з'яўляцца на вуліцах Мінска пасля першай гадзіны ночы, а вокны іх кватэр заўсёды павінны былі завешвацца шчыльнымі шторамі, а ноччу закрывацца аканіцамі [57] .
У Мінску было забаронена арганізоўваць бардэлі ў цэнтры горада, межы якога былі вызначаныя вуліцамі: Набярэжная ад Магазіннага завулка, Паліцэйская, Хрышчэнская, Саборная плошча, Койданаўская вуліца да Раманаўскай, Багадзельная, Серпухаўскі завулак, Падгорная і Скобелеўская да Магазіннага завулка.
У дамах, у якіх адкрываліся бардэлі, здаваць кватэры ў наём было забаронена.
У адпаведнасці з прынятымі папраўкамі ў 1916 г. у Правілы аб санітарным наглядзе за прастытуцыяй у Мінску, пражываць прастытуткам і адкрываць дамы цярпімасці можна было толькі ў пэўных раёнах горада, абмежаваных 3-м і 5-м паліцэйскімі ўчасткамі. Згодна з загадам, выдадзеным мінскім паліцмайстрам, жанчынам, якія займаліся прастытуцыяй, было забаронена з'яўляцца ў цэнтральных раёнах горада з сёмай гадзіны вечара да сёмай гадзіны раніцы [58] .
На паводзіны жанчын-прастытутак у грамадскіх месцах правіламі 1903 г. таксама накладаўся шэраг абмежаванняў. Прастытуткам было забаронена з'яўляцца ў вокнах сваіх кватэр «в непристойном виде, затрагивать на улицах прохожих и зазывать их к себе». З пункту погляду маралі патрабаванне зразумелае. Але як у такім выпадку прастытуткам знаходзіць кліентаў, паколькі гэта - «зазывание к себе» - іх праца, фактычна ўзаконеная ўладамі? Акрамя таго, жанчынам, якія займаліся прастытуцыяй, было забаронена з'яўляцца «на гуляньях» і грамадскіх месцах па некалькі разам, а таксама займаць у тэатрах месцы на бельэтажы ці першых радах партэра.
Пашпарты і медыцынскія білеты
У правілах 1844 г. аб замене пашпартоў прастытутак медыцынскімі білетамі размовы не ішло. Тым не менш, гэта практыка стала распаўсюджанай па ўсёй Расійскай імперыі. У 1876 г. сумеснай пастановай грамадзянскага і ваеннага ведамстваў было прынята рашэнне аб выдачы медыцынскіх жоўтых білетаў замест пашпартоў [59] . Калі жанчына жадала пакінуць горад, то ў дзень ад'езду яна павінна была прайсці медыцынскі агляд з адзнакай «здаровая», здаць медыцынскі білет у паліцэйскае ўпраўленне. Толькі ў такім выпадку яна мела права забраць пашпарт і пакінуць горад. У канцы XIX ст. пашпарт на рукі жанчыне ўжо не выдаваўся. Замест яго яна атрымоўвала «проходное свидетельство» («праязны білет»), а пашпарт перасылаўся па новаму адрасу ў адпаведнае паліцэйскае ўпраўленне. Паводле правілаў 1903 г. за прастытуткамі-адзіночкамі ўсталёўваўся сакрэтны нагляд і пашпарт пакідаўся ў жанчын. Але па-ранейшаму пашпарты забіраліся ў прастытутак дамоў цярпімасці, за якімі ўсталёўваўся яўны нагляд [60] .
Тым самым абмяжоўвалася асабістая свабода прастытутак. Яны пазбаўляліся агульнаграмадзянскіх дакументаў, што пацвярджалі іх асобу. Замест пашпарта яны атрымоўвалі медыцынскі (санітарны) білет, гэтак званы «жоўты білет», у якім адзначаліся імя, прозвішча, узрост і месца жыхарства жанчыны, а таксама дадзеныя аб медыцынскіх аглядах. У Санкт-Пецярбурзе акрамя гэтых звестак у білеты прастытутак дамоў цярпімасці ўносіліся чыста антрапалагічныя прыкметы: рост, твар, валасы, вочы, нос, рот, падбародак, а таксама якіясьці асаблівыя прыкметы. Калі прастытутка выходзіла на вуліцу, яна заўсёды павінна была мець пры сабе медыцынскі білет.
У дамах цярпімасці білеты захоўваліся на відным месцы, каб можна было вольна даведацца аб стане здароўя іх работніц. З 1903 г. кліентам ужо проста паведамлялася, што яны маюць права азнаёміцца з медыцынскім білетам прастытуткі.
Прастытуцыя і мацярынства
Самае жорсткае абмежаванне тычылася дзяцей. Правіламі 1891 г. у Мінску прастытуткам не дазвалялася пражываць разам са сваімі дзецьмі. Агульнарасійскія правілы 1903 г. таксама забаранялі прастытуткам, якія жылі ў бардэлях, утрымліваць пры сабе дзяцей. Цяжарнасць станавілася для прастытутак нежаданым наступствам іх дзейнасці. Ад дзіцяці, якое яшчэ не нарадзілася, імкнуліся пазбавіцца з дапамогай народных сродкаў для перарывання цяжарнасці, а таксама ішлі на шырока распаўсюджаныя ў пачатку XX ст. нелегальныя аборты. Тым не менш, на мяжы XIX-XX ст. у Гродзенскай губерні колькасць незаконнанароджаных, пэўную частку якіх складалі дзеці прастытутак, была значнай - 8-11 % ад агульнай лічбы народжаных [61] . За першую палову 1895 г. сярод парадзіх гарадскога радзільнага прытулку ў Мінску каля дзвюх трацінаў складалі незамужнія.
У большасці выпадкаў у прастытутак не было магчымасці і сродкаў выхоўваць дзяцей. Нежаданых дзяцей у лепшым выпадку пакідалі ў прытулках, на ганках грамадскіх устаноў ці жылых дамоў. У 1899 г. траціна мінскіх мацярок кідала сваіх толькі што народжаных дзяцей [62] . У горшым выпадку - жанчыны забівалі сваіх дзяцей. Паводле афіцыйных дадзеных, у Гродне большую частку выпадкаў гвалтоўнай смерці складалі забойствы немаўлятак. Незаконнанароджаныя не былі патрэбны ні сваім маткам, якія часам нават не памяталі і не ведалі бацькаў сваіх дзяцей, ні грамадству.
Умовы падпарадкавання прастытутак ўрачэбна-паліцэйскаму нагляду
Падпарадкаваць жанчыну ўрачэбна-паліцэйскаму нагляду, г. зн. унесці яе ў спісы прастытутак, можна было толькі з добраахвотнай згоды самой жанчыны, альбо на аснове дадзеных паліцыі. Аднак такая добраахвотнасць была даволі ўмоўнай. Калі жанчына не пагаджалася, то яе прыцягвалі да судовай адказнасці па артыкуле 44 «Устава о наказаниях, налагаемых мировыми судьями», «за не исполнение распоряжений правительства, относящихся к предупреждению непотребства» [63] , а, менавіта, «за тайный разврат». Закон прадугледжваў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 100 рублёў, альбо зняволенне тэрмінам да аднаго месяца. Непасрэднага артыкула закона, які б даваў магчымасць прызнаць жанчыну прастытуткай і прымусова падпарадкаваць яе ўрачэбна-паліцэйскаму нагляду, у расійскім заканадаўстве не было. Тым не менш, непісьменнасць жанчын, іх бяспраўнасць давалі шырокія магчымасці для самавольства паліцэйскіх чыноўнікаў. Прыцягненнне да судовай адказнасці было адным са сродкаў ціску на жанчыну, каб вымусіць яе «добраахвотна» падпарадкавацца ўрачэбна-паліцэйскаму нагляду.
Як ужо адзначалася, умовы выключэння жанчын са спісаў прастытутак у правілах 1844 г. прапісаны не былі. Паводле правіл 1903 г. жанчына магла быць вызвалена ад урачэбна-паліцэйскага нагляду толькі пасля таго, як было даказана, што яна «пакінула промысел распусты». У мінскіх правілах дэталізавалася, што жанчына выключалася са спісаў прастытутак у выпадку яе смерці (быццам можна было заставацца прастытуткай пасмяротна), замужжа, альбо ў выніку хадайніцтва самой жанчыны, калі яно будзе прызнана паважным. У такіх выпадках асабістыя справы жанчын, выключаных са спісаў прастытутак, знішчаліся.
Медыцынскія агляды прастытутак
Яшчэ адной з'явай, што была звязана з прастытуцыяй, былі венерычныя захворванні. Праблема шырокага распаўсюджвання венерычных захворванняў на мяжы XIX-XX стст. набыла агульнаімперскае гучанне. У 1900 г. венерычныя хворыя ў гарадах Гродзенскай губерні складалі 15 % ад агульнай колькасці ўсіх хворых [64] .
Большасць сярод венерычна хворых жанчын складалі прастытуткі [65] . У сярэднім хворыя сярод агледжаных лекарамі прастытутак у Гродзенскай губерні складалі 56 %. Заражэнне прастытутак адбывалася як правіла на працягу першых трох гадоў іх прафесійнай дзейнасці. За пяць гадоў кар'еры практычна ўсе прастытуткі заражаліся сіфілісам.
Таму галоўным абавязкам публічных жанчын, акрамя выканання сэксуальных паслуг, было «беспрекословно подвергаться освидетельствованию». Усе прастытуткі павінны былі праходзіць рэгулярны, не радзей аднаго разу на тыдзень, медыцынскі агляд. Акрамя таго, па правілах 1844 г. гаспадыні бардэляў абавязаны былі самі штодзённа аглядаць усіх сваіх прастытутак. Як правіла, прастытуткі-адзіночкі аглядаліся ў суботы ў гарадскіх бальніцах, а прастытуткі з дамоў цярпімасці ў пятніцы ў саміх бардэлях, у першай палове дня [66] . На практыцы агляды маглі праходзіць у самых разнастайных месцах - на кватэрах лекараў і нават у памяшканні паліцэйскіх упраўленняў.
Працэдура збірання жанчын на агляд была вельмі зневажальнай. У дзень агляду паліцыя арыштоўвала ўсіх прастытутак і праз увесь горад пад здзеклівыя кпіны прахожых у суправаджэнні натоўпу разявак вяла іх у паліцэйскае ўпраўленне. Падобныя працэсіі можна было назіраць у гарадах Расійскай імперыі да пачатку XX ст. [67] .
У сярэдзіне XIX ст. у Гродне арыштаваныя прастытуткі ў чаканні медыцынскага агляду да прыбыцця лекараў размяшчаліся за краты ў камеру разам з іншымі арыштантамі. Агляд праходзіў у сутарэнні турмы. Зразумела, што такая працэдура была вельмі непрыемная для жанчын. Таму з прыблізна 60 яўных прастытутак у 1870 г. у Гродне паліцыя ледзь магла сабраць 20 [68] . Усе просьбы лекараў аб змяненні месца і ўмоў агляду вельмі доўга заставаліся безвыніковымі. Пасля агляд прастытутак усё ж такі пачаў праводзіцца ўжо ў Гродзенскай акруговай больніцы. У Віцебску ў 1892 г. агляды прастытутак таксама праводзіліся ў асобным памяшканні 3-й паліцэйскай часці [69] .
У 1876 г. выйшла пастанова Міністэрства ўнутраных спраў, у адпаведнасці з якой медыцынскі агляд павінен быў праходзіць два разы на тыдзень: у серады і суботы з 10 да 12 гадзіны дня прастытутак-адзіночак - у гарадскіх бальніцах, прастытутак дамоў цярпімасці - у тыя ж самыя дні ў бардэлях. Агляды ў бальніцах праводзілі гарадавы і ваенны ўрачы. У сувязі з шырокім распаўсюджваннем венерычных захворванняў сярод войскаў ваенныя ўрачы прымалі ўдзел і ў аглядзе жанчын дамоў цярпімасці.
У канцы XIX ст. у Гродне прастытуткі дамоў цярпімасці аглядаліся штотыднёва, прастытуткі-адзіночкі - два разы ў нядзелю ў Акруговай бальніцы.
У Мінску пасля заснавання Санітарнага камітэта агляды ўсіх прастытутак праходзілі ў спецыяльным аглядным пункце, арганізаваным пры камітэце на сродкі горада. Прастытуткі, якія пражывалі ў дамах цярпімасці, аглядаліся ў аўторкі і пятніцы, а прастытуткі-адзіночкі - у серады і суботы. Пры аглядах лекару дапамагала фельчарка, якая скончыла спецыяльны курс па лячэнні венерычных захворванняў [70] . Здаровым жанчынам ставіўся штамп «здаровая» і прызначалася новая дата наступнага агляду. Хворым выдавалася асобая картка, з якой яны накіроўваліся на лячэнне ў бальніцу. Білет прастытуткі пакідаўся на захаване ў Санітарным камітэце да яе выздараўлення [71] .
Каб прастытуткі не пазбягалі лячэння, у Мінску, напрыклад, яны накіроўваліся ў бальніцы ў суправаджэнні вартаўніка [72] .
Усе прастытуткі, якія прыбывалі ў горад, таксама павінны былі прайсці медыцынскі агляд. Прызнаныя здаровымі атрымоўвалі медыцынскія білеты. Тыя, у каго выяўляліся венерычныя хваробы, накіроўваліся на прымусовае лячэнне.
Паводле правіл для Урачэбна-паліцэйскага камітэту ў Санкт-Пецярбурзе 1861 г., да якіх звярталіся для вырашэння тых пытанняў, што не былі вызначаны ў правілах 1844 г., пры аглядзе павінны былі прысутнічаць яшчэ паліцэйскія і вайсковыя чыноўнікі. Так, у 1876 г. у Бабруйску штотыднёвы агляд праходзіў у гарадскім паліцэйскім упраўленні «при бытности полицейского чиновника». Жанчыны аглядаліся «во всей подробности и оказавшиеся больными тут же сдаются на руки полиции для отправки в госпиталь на излечение». В 1892 г. у Полацку агляды прастытутак праводзіліся два разы на тыдзень таксама ў прысутнасці паліцэйскага чыноўніка. Не цяжка ўявіць, якая атмасфера панавала і якія сцэны разыгрываліся пад час гэтакіх аглядаў. З цягам часу расійскі ўрад зразумеў абсурднасць такога становішча. У 1903 г. у новых правілах асобна агаворвалася, што «полицейские чины не могут присутствовать при самом акте врачебного осмотра».
Метады і ўмовы правядзення медыцынскіх абследаванняў прастытутак у многіх гарадах далёка не заўсёды адпавядалі нават тагачасным медыка-санітарным нормам. Асабліва гэта было актуальна для аглядаў, якія праводзіліся ў дамах цярпімасці і на кватэрах саміх прастытутак. Памяшканні былі цеснымі, не прыстасаванымі да гінекалагічных аглядаў, дрэнна асветленымі. У іх адсутнічала спецыяльнае абсталяванне. Толькі па правілах 1903 г. гаспадыні бардэляў павінны былі мець неабходны набор інструментаў для агляду жанчын, і «стол, на якім праводзіцца такі агляд». Усё гэта і «распущенность проституток, большинство которых самого низкого пошиба» рабіла агляды малаэфектыўнымі [73] .
Сама методыка медыцынскага агляду не была дэталёва распрацавана. Кожны лекар праводзіў агляды на свой розум. Адны лекары прымушалі жанчын поўнасцю распранацца і аглядалі іх «з галавы да пят». Іншыя абмяжоўваліся аглядам палавых органаў, паражніны роту і насаглоткі, а таксама паверхні скуры, не закрытай адзеннем. Эфектыўнасць агляду ў такім выпадку памяншалася. У некаторых гарадах даходзіла да абсурду: жанчына на аглядальнае крэсла садзілася амаль «поўнасцю апранутая, у капелюшы і пальчатках» і сама «расхінала» «labia majora (вялікія (палавыя) губы - лац.)» [74] .
Мінск быў адзіным горадам у Беларусі і, верагодна, адным з нямногіх у Расійскай імперыі, дзе была распрацавана інструкцыя для медыцынскага персаналу Санітарнага камітэта. Згодна з ёй, агляд кожнай прастытуткі павінен быць «магчыма поўным, аглядацца павінны не толькі палавыя органы, з абавязковым увядзеннем матачнага люстэрка, і паражніна рота, але і ўся паверхня скуры, тулава і канечнасцяў». Уваходзіць у пакой да лекара жанчына павінна была ў такім выглядзе, «які забяспечваў бы магчымасць самага пільнага агляду, гэтакай як: вымытай, адпаведна раздзетай і г. д.»
Лекары прызнавалі, што існаваўшыя метады дыягностыкі не заўсёды дазвалялі выявіць усе праявы венерычных захворванняў, незалежна ад вопыту, кваліфікацыі і добрасумленнасці ўрача. Бактэрыялагічныя даследаванні не праводзіліся. У бальніцах нават губернскіх гарадоў на мяжы XIX-XX стст. не было мікраскопаў.
Шмат пытанняў выклікала і дэзінфекцыя інструментаў, з дапамогай якіх аглядаліся жанчыны. У інструкцыі для Мінскага санітарнага камітэта патрабавалася, каб для кожнай аглядаемай жанчыны выкарыстоўваліся асобныя інструменты. Асаблівая ўвага надавалася іх стэрылізацыі ў кіпені. У іншых гарадах адзін набор люстэркаў выкарыстоўваўся для агляду ўсіх жанчын. А ў Маскве, напрыклад, кожная жанчына прыходзіла са сваім гінекалагічным (матачным) люстэркам. Да і сам парадак дэзінфекцыі розніўся: у адных выпадках інструменты проста абмывалі вадой, у іншых у ваду дадавалі яшчэ сродкі для дэзінфекцыі, але ў адвольных прапорцыях.
Самі лекары прызнавалі, што заражэнне прастытутак венерычнымі хваробамі магло адбывацца падчас іх медыцынскіх аглядаў - «быстрота заражений проституток находится в прямом отношении с частотою осмотров».
Не была абмежавана і колькасць жанчын, якіх павінен быў агледзець лекар за адзін прыём. У буйных гарадах Расійскай імперыі ўрачам прыходзілася аглядаць да 300 жанчын у дзень. На агляд адной жанчыны адводзілася, напрыклад, у Санкт-Пецярбурзе, не больш за дзве хвіліны [75] . Такія медыцынскія агляды не былі эфектыўнымі і не адпавядалі нават тагачасным медыка-санітарным патрабаванням..
Прастытуткі ўсяляк імкнуліся пазбегнуць аглядаў. Яны маглі проста не прыйсці ў вызначаны дзень у бальніцу. У дні аглядаў практычна ніколі не было поўнага складу прастытутак і ў публічных дамах. Калі жанчыны заўважалі адзнакі хваробы ў сябе, то яны адзначаліся як выбыўшыя з бардэля, альбо ўвогуле, як пакінуўшыя горад. А лекары ў сваіх спісах канстатавалі - «знікла».
Калі жанчына трапляла ў бальніцу, яна траціла магчымасць зарабляць, таму лічыла за лепшае лячыцца, калі лячылася ўвогуле, у прыватных лекараў.
Яшчэ адной з прычын, па якой прастытуткі ўхіляліся ад агляду, была плата за прымусовае лячэнне. У «Правилах для публичных женщин» 1844 г. было прапісана, што калі прастытутка прыйдзе ў бальніцу добраахвотна, то ў выпадку захворвання яна будзе лячыцца бясплатна. Калі ж хвароба будзе выяўлена ў выніку медыцынскага агляду, то за сваё лячэнне ёй давядзецца плаціць [76] . Лячэнне жанчын з дамоў цярпімасці аплачвалі іх гаспадыні.
У 1851 г. усе прастытуткі былі вызвалены ад платы за лячэнне. Аднак у 1862 і 1867 гг. была прынятая папраўка, што дзеянне гэтых правіл не пашыраецца на гаспадынь бардэляў, «как пользующихся от них особыми выгодами». Да таго ж гаспадыні публічных дамоў нясуць «в некоторой степени и ответственность за допущение случаев заражения», і павінны праяўляць «внимательный со стороны их надзор и настояние о соблюдении чистоты, равно осторожность и разборчивость в приеме посетителей» [77] . А таму яны па-ранейшаму мусяць аплочваць лячэнне сваіх падапечных.
Хаця гэта і было забаронена, усю суму грошай, што пайшла на лячэнне, гаспадыні бардэляў выстаўлялі ў доўг самім прастытуткам. Да таго ж у бальніцы ім даводзілася харчавацца за свой кошт. Паколькі сума за лячэнне і харчаванне набягала значная, прастытуткі ўсяляк імкнуліся пазбегнуць аглядаў. А іх гаспадыні дапамагалі ім у гэтым, паколькі не жадалі ні плаціць за лячэнне, ні губляць тыя грошы, якія прастытутка магла б зарабіць пад час знаходжання ў бальніцы.
Звесткі аб усіх прастытутках, якія не з'явіліся на агляд, перадаваліся паліцыі, якая павінна была выявіць іх і прывесці на агляд. Прастытуткі, якія не прайшлі агляд без паважных прычын, прыцягваліся паліцыяй да адказнасці па ўсё тым жа 44 арт. «Устава о наказаниях, налагаемых мировыми судьями». Як правіла, яны караліся арыштам тэрмінам на 7-14 дзён [78] .
Гандаль жанчынамі
У Расійскай імперыі квітнеў нелегальны гандаль жанчынамі. Шырока быў развіты гандаль жанчынамі за мяжу. Цэнтрамі гандлю жанчын з Расійскай імперыі былі рынкі Вены, Данцыга, Лейпцыга. Часцей за ўсё жанчын пастаўлялі ў публічныя дамы Турцыі, Індыі, Бразіліі і іншых нееўрапейскіх краін. Як правіла, жанчынам абяцаліся выгодныя ўмовы працы, ці магчымасці ўдала выйсці замуж. Нярэдка іх гвалтавалі, а потым, пад уздзеяннем шантажу і пагроз, дастаўлялі ў бардэлі, вярнуцца з якіх на радзіму было вельмі складана.
У значна большых памерах быў развіты гандаль жанчынамі ўнутры самой Расійскай імперыі. Гаспадары публічных дамоў або тайных прытонаў імкнуліся абнаўляць склад прастытутак не менш аднаго-двух разоў на месяц. Гэта таксама было адной з прычын значнай мабільнасці прастытутак. Жанчыны перапрадаваліся з аднаго бардэля ў іншы. Сума, якую затрачвалі на іх набыццё, потым гаспадынямі бардэляў выстаўлялася ў доўг самім прастытуткам. Нярэдка гандаль жанчынамі вёўся з ведама паліцэйскіх органаў. У другой палове XIX ст. у Віцебску ці Мінску склад прастытутак у дамах цярпімасці за адзін год змяняўся больш чым на 70-80 %.
Практычна ў кожным горадзе Беларусі дзейнічалі спецыяльныя агенты- «камісіянеры», якія займаліся пастаўкамі «жывога тавару» ў публічныя дамы. У Мінску ў канцы XIX ст. паліцыя рэгулярна затрымлівала «камісіянераў» не толькі з бліжэйшых гарадоў, але з Крэменчуга, Кіева, Растова-на-Доне. Сістэма гандлю жанчынамі ахоплівала ўсю імперыю.
Вартасць жанчыны ў Гродзенскай губерні, напрыклад, у залежнасці ад яе прыгажосці і маладосці, вагалася ад пяці да некалькіх соцень рублёў [79] . Танней за ўсё каштавалі прастытуткі, чые дакументы знаходзіліся ў органах паліцыі. Калі жанчына мела пашпарт на руках, то яна разглядалася як «свежая». Гэта было доказам таго, што жанчына на ўліку ў паліцыі не стаіць прастытуцыяй яшчэ не займаецца. Таму прастытуткі імкнуліся забраць свой пашпарт, галоўнай падставай для чаго выкарыстоўвалася будучае замужжа. Вельмі часта ў ролі жаніхоў выступалі самі «камісіянеры».
Існавала мноства спосабаў вярбоўкі (зухерства) новых прастытутак. Галоўнымі ахвярамі станавіліся маладыя адзінокія дзяўчаты, якія ўпершыню трапілі ў горад. Спачатку ім дапамагалі знайсці жыллё і працу, аказвалі пэўную матэрыяльную дапамогу, і тым самым уцягвалі іх у даўгі. А потым з дапамогай падману, пагроз, шантажу і гвалту прымушалі адпрацоўваць усе грошы, што былі на іх патрачаны. Вельмі часта дзяўчыну частавалі смачным сытным абедам у гатэлі і абяцалі «всевозможные блага» пры ўмове, што яна займецца прастытуцыяй. І некаторыя дзяўчаты згаджаліся, паколькі марылі аб новым казачным жыцці.
Пры другім спосабе вярбоўкі для прыцягнення маладых дзяўчат у газетах даваліся аб'явы аб прыёме на працу на вельмі выгадных умовах, у тым ліку прапаноўвалася праца і за мяжой. Разнастайныя тэатральныя агенцтвы, канторы па найме прыслугі і гатэлі актыўна займаліся гандлем жанчынамі. Дзяўчаты і жанчыны, якія звярталіся да іх у пошуках працы ў якасці прыслугі, кухарак, пакаёвак, нянек, нават не здагадваліся аб тым, якія абавязкі іх чакаюць. Іх адразу адпраўлялі ў публічныя дамы ці непасрэдна да кліентаў.
У гатэлях жанчын гатовы былі пастаўляць у любы час дня і ночы. Калі жанчына спрабавала пратэставаць, то гаспадары маглі знайсці не меней за дзесяць сведкаў таго, што тая ўжо даўно займаецца тайнай прастытуцыяй. У выніку яе ставілі на ўлік і выдавалі жоўты білет. У найлепшым жа выпадку яе накіроўвалі на медыцынскі агляд, а потым велікадушна адпускалі з пагрозай у любы момант залічыць у спісы прастытутак.
Крымінальныя справы па факце прымусу займацца прастытуцыяй узбуджаліся вельмі рэдка, паколькі адзінымі сведкамі былі самі прадаваныя жанчыны. Яны былі запалоханыя, і з вялікай неахвотай давалі паказанні супраць сваіх сутэнёраў. Калі справа і даходзіла да суда, то вінаватыя да 1909 г. караліся па арт. 44 «Устава о наказаниях», які прадугледжваў пазбаўленне волі тэрмінам усяго толькі на адзін месяц, або грашовы штраф у памеры да 100 рублёў [80] . Пакаранне было абсалютна несувымернае з цяжкасцю злачынства.
Начныя аблавы
Адным са сродкаў выкрыцця тайнай прастытуцыі, а таксама выяўлення прастытутак, якія не з'явіліся на медыцынскі агляд, а таксама, былі начныя паліцэйскія аблавы. У Гродне ў пачатку XX ст. не меней двух разоў на месяц, а напярэдадні святаў штодзённа паліцыя праводзіла раптоўныя начныя абходы вуліц, гарадскіх садоў, шынкоў, корчмаў і іншых месцаў [81] . Усе жанчыны, якія знаходзіліся ў гэты час на вуліцы, незалежна ад прычыны, і «навлекающие на себя явное подозрение в распутстве» [82] , арыштоўваліся, а пасля прымусова аглядаліся гарадавым лекарам.
Пры гэтым расійскі ўрад пастараўся захаваць правы маёмасных слаёў - падкрэслівалася, што мера гэтая тычылася толькі «бродячих женщин». Гэта значыць, што ўсе жанчыны з маламаёмасных слаёў насельніцтва разглядаліся як патэнцыйныя прастытуткі. Паліцыя атрымлівала права толькі па адным знешнім выглядзе вызначаць, можа тая ці іншая жанчына займацца прастытуцыяй, ці не. Адзінай правінасцю жанчыны станавілася яе беднасць.
Жанчыны, злоўленыя пад час начных паліцэйскіх аблаў, лічыліся «ўзятымі па камісіі» і заносіліся ў асобы разрад «камісійных». Іх уносілі ў асобны спіс, дзе пазначаліся іх месца жыхарства, а над імі ўсталёўваўся строгі паліцэйскі нагляд. Калі такая жанчына зноў трапляла ў паліцыю пад час такой начной аблавы, то яна ўжо заносілася ў спісы прастытутак і атрымоўвала медыцынскі білет.
Паколькі гэта была адна з самых грубых мер у Расійскай імперыі па кантролі за прастытуцыяй, у 1903 г. расійскі ўрад вырашыў адмовіцца ад гэткай практыкі. Губернатарам было разаслана распараджэнне:
Излишне строгие полицейские меры приводят лишь к усилению тайной проституции и, при недостаточной осторожности, могут незаслуженно оскорбить честь женщины и причинить ей непоправимый вред. Ввиду этого отнюдь не должны быть допускаемы уличные облавы на проституток.У адказ Камісія па распрацоўцы мер для ўзмацнення нагляду за прастытуцыяй у Гродне, што была ўтворана па распараджэнні губернатара ў 1913 г., сярод іншага, пастанавіла: «Необходима строгая и точная регистрация проституток, для чего следует производить внезапные осмотры днем и ночью гостиниц, кофеен и т. д.».
Выяўленыя паліцыяй тайныя (незарэгістраваныя) прастытуткі праходзілі стандартную працэдуру агляду з занясеннем у спісы і выдачай медыцынскага білета. Хворыя пад вартай паліцыі накіроўваліся ў бальніцу.
"Дознание мужчин…"
Адной з мер, накіраваных на барацьбу з распаўсюджваннем венерычных захворванняў, быў допыт мужчын, хворых на сіфіліс. У адпаведнасці з артыкулам 158 «Устава о предупреждении и пресечении преступлений», жанчыны, якія паводле слоў мужчын заразілі іх сіфілісам, падлягалі прыводу паліцыяй на прымусовы медыцынскі агляд і лячэнне. Але ізноў такі, сфера ўжывання гэтага закона абмяжоўвалася катэгорыяй «бродячих, подлых и подозрительных девок». Найбольш неабароненай групай насельніцтва ў Расійскай імперыі былі жанчыны з незаможных слаёў.
Гэтае «дазнанне» заражаных сіфілісам мужчын сябе не апраўдавала. Часта мужчыны альбо наўмысна пакрывалі жанчын і не паведамлялі іх сапраўдных прозвішчаў, альбо ўвогуле ведалі жанчыну толькі знешне. Каб адчапіцца ад дакучлівых допытаў, яны называлі імя агульнавядомай прастытуткі. У большасці выпадкаў жанчыны, агледжаныя па выніках такіх паказанняў, аказваліся здаровымі. Нярэдка прастытутак пад названымі імем і прозвішчам не існавала ўвогуле.
У шматлікіх цыркулярах агаворвалася, што агляд жанчын павінен праводзіцца толькі з папярэдняга дазволу паліцыі і «по произведении оного с должною осмотрительностью надлежащего дознания, если обнаружится, что указанная женщина действительно промышляет развратом». На практыцы дадзеная ўмова не выконвалася. Нярэдка на агляд дастаўлялі цнатлівых дзяўчат.
Фактычна на падставе паказанняў аднаго мужчыны, які як правіла не валодаў высокімі маральнымі якасцямі, жанчыне выстаўлялася абвінавачванне ў распаўсюджванні сіфілісу.
У 1876 г. маладая мяшчанка Ліба Шыфрынава звярнулася да губернатара са скаргай на мінскага лекара Бадэра. Той праз паліцыю запатрабаваў даставіць Лібу і яе сястру Сафію на медыцынскі агляд. Па распараджэнні губернатара было праведзена расследаванне, якое выявіла, што сёстры «распустай не займаюцца» [83] . Зразумела, што падобныя абвінавачванні не маглі не адбіцца на сацыяльным статусе жанчыны, яе сям'і, на адносінах гарадской супольнасці да яе.
Расійскі ўрад хвалявала не столькі праблема сэксуальнага рабства жанчыны, колькі распаўсюджванне венерычных захворванняў. І захады, што прымаліся для кантролю за прастытуцыяй, прыраўноўваліся да захадаў, скіраваных супраць распаўсюджвання іншых інфекцыйных хваробаў.
Жанчыны выступалі ў якасці крыніцы заразы, такой жа, як тыф, халера: венерычныя хваробы разносіць «масса одиночной и бродячей проституции», жанчыны, якія гандлююць сваім целам, з'яўляюцца «заведомо заражающими других» [84] .
Прастытуткі былі абавязаныя сачыць за сваім здароўем, і пры выяўленні захворвання ім забаранялася мець сэксуальныя кантакты. У адносінах да мужчын такіх абмежаванняў прадугледжана не было. Паводле правіл 1844 г. сачыць за здароўем мужчын павінны былі самі прастытуткі: «для предохранения себя от заражения … осматривать детородные части и покрывающее оные белье у посетителей». Правілы 1903 г. ужо толькі рэкамендавалі падобныя агляды: прастытуткі «имеют право осматривать половые органы и белье у посетителей, прежде сообщения с ними». Абавязковыя медыцынскія агляды мужчын, якія наведвалі прастытутак, ніводным «цыркулярам» прадугледжаныя не былі. Як і ў асобныя спісы гэтыя мужчыны не ўносіліся і медыцынскія білеты замест пашпартоў не выдаваліся.
Прастытуцыя і горад
Як гэта ні парадаксальна, гарадская супольнасць часам лічыла існаванне прастытуцыі неабходным для падтрымання фізічнага здароўя мужчын, галоўным чынам, вайскоўцаў. Менавіта таму, калі ў Гродне ў пачатку XX ст. былі зачыненыя амаль усе публічныя дамы, начальнік гродзенскага гарнізона хадайнічаў аб адкрыцці бардэля для «нижних воинских чинов». А гродзенскі губернатар так і пісаў, што «запрет публичного заведения … несомненно поставит в ненормальные условия жизнь войск обширного Гродненского гарнизона». Гэтым спекулявалі гаспадыні зачыненых бардэляў. У шматлікіх прашэннях яны ўказвалі, сярод іншых прычын, што адсутнасць дамоў цярпімасці можа згубна адбіцца на здароўі салдат [85] .
Такім чынам, грамадства адкрыта прызнавала права мужчын на сэкс. Рэалізоўваць гэта права павінны былі жанчыны гандлем свайго цела. У жанчын права на сэкс не было: яны павінны былі задавальняць мужчынскія патрэбы. У вачах грамадства прастытуткі - гэта «продажные, публичные, развратные, распутные, непотребные, блудные, испорченные» жанчыны. Сэксуальныя кантакты мужчын грамадствам не асуджаліся, асуджаліся магчымыя наступствы ў выглядзе венерычных захворванняў. Таму сэкс павінен быць бяспечным. І адказнасць за гэтую бяспеку несла жанчына. Менавіта таму прастытуцыя была ўзята пад кантроль, а жанчын падвяргалі пастаянным зневажальным аглядам.
Пры гэтым гараджане вельмі негатыўна ставіліся да суседства з прастытуцыяй у межах гарадской прасторы. Як правіла, жыхары асобных вуліц паказвалі здзіўляльную аднадушнасць у барацьбе супраць адкрыцця дамоў цярпімасці. Як толькі яны даведваліся, што на іх вуліцы будзе заснаваны публічны дом, яны зараз жа арганізоўвалі актыўную кампанію, каб не дапусціць гэтага. Са шматлікімі пісьмовымі прашэннямі яны звярталіся ў гарадскія органы ўлады - гарадскую думу і ўправу, і да самаго губернатара.
Спецыфіка сітуацыі была ў тым, што ў кампетэнцыю гарадскіх органаў самакіравання не ўваходзілі пытанні адкрыцця дамоў цярпімасці і вызначэння гарадскіх тэрыторый для іх. Яны ўваходзілі ў кампетэнцыю паліцыі. Усё, што мог зрабіць горад, гэта прыняць пастанову аб тым, каб «на городских землях этих домов не открывалось». Астатняе залежала ад ініцыятывы саміх гарадскіх жыхароў. Гараджане маглі, напрыклад, сумесна «байкатаваць» мерапрыемствы па адкрыцці бардэляў. Менавіта так і зрабілі жыхары Гродна ў 1906 г., калі вырашалася пытанне аб адкрыцці публічнага дома. Калі ўлады знаходзілі прыдатны будынак для размяшчэння ў ім бардэля, то адны домаўладальнікі адмаўляліся здаваць свой дом для гэтых мэтаў, а другія проста называлі «непомерно высокие цены».
Дамы цярпімасці, тайныя прытоны, кліентамі якіх былі пераважна вайскоўцы расійскай арміі, сапраўды спраўлялі шмат клопатаў гараджанам. На вуліцах горада прастытуткі ў пошуках кліентаў паводзілі сябе непрыстойна, маглі абразіць прахожых, «у асаблівасці, падлеткаў». Яны правакавалі ўвагу мужчын, «стараясь всячески заводить с ними знакомство и затем заманивать к себе, причем нередко ухитряются обирать посетителей, обладающих крупными деньгами» [86] .
У сваіх прашэннях, у тым ліку і аб закрыцці дамоў цярпімасці, гараджане яскрава апісвалі атмасферу публічных дамоў. Святар Лаўр Кляеўскі ў 1912 г. хадайнічаў аб закрыцці публічнага дома ў Навагрудку, бо той - гэта «открытая школа разврата и очаг заразы населения истощающими болезнями», а жыхары пастаянна з'яўляюцца сведкамі «безобразных сцен самого дикого разгула» [87] .
У 1906 г. пагроза адкрыцця бардэляў навісла над жыхарамі Вясёлага завулка і Канатнай вуліцы Віцебска. Бардэлі ў гэтым раёне былі закрытыя яшчэ ў 1900 г. Віцябляне скардзіліся, што дамы цярпімасці ўплываюць на «деморализацию и развращение нашей молодежи обоего пола, и на увеличение в нашей местности скандалов, краж и буйства и нарушение в ночное время нашего спокойствия пьяными компаниями». Яны нават прасілі, каб завулак Вясёлы быў перайменаваны ў Канатны, «дабы и слава и память его померкли навсегда» [88] .
На вуліцах каля публічных дамоў пастаянна адбываліся сваркі, бойкі п'яных салдат, нярэдка з ужываннем зброі. Салдаты брыдкасловілі, крычалі, ламалі агароджы і выбівалі шыбы ў суседніх дамах. У пошуках прытонаў яны ўрываліся ў найбліжэйшыя дамы, і тым самым наводзілі неймаверны жах на іх насельнікаў [89] .
Тэрыторыю вакол дамоў цярпімасці кліенты прастытутак ператваралі ў прыбіральню. Навагрудскі святар Л. Кляеўскі скардзіўся: «…христианский город не должен спокойно смотреть, как окрестности нашего кладбища и самая ограда его оскверняются нечистотами посетителей этого дома» [90] .
Яшчэ адна праблема была звязана са здаваннем жылля ў наём. Кватэры ў дамах па суседстве з бардэлямі абясцэньваліся. Аднак нават пры заніжанай цане яны часта стаялі пустымі, паколькі ніхто не згаджаўся жыць у такім раёне.
Не менш хваляванняў выклікала і тое, які ўплыў аказваюць паводзіны прастытутак і іх кліентаў на дзяцей і падлеткаў, якія жылі побач. У 1897 г. домаўладальнікі Новараманаўскай вуліцы Мінска прасілі аб закрыцці публічнага дома і адзначалі, што
дети наши, будучи свидетелями разврата и окончательного нравственного падения как проституток, так и посетителей их, в будущности доставят обществу преступников, а нам, родителям, безграничное огорчение… все эти невинные существа (дети - Аўт.) должны оставаться невольными зрителями распутства, граничащего с одичением [91] .Асаблівае хваляванне, звязанае з прастытуцыяй, выказвала жаночая палова гарадоў. У канцы XIX ст. гарадскому галаве Мінска графу Чапскаму паступіў ліст ад мінчанак, у якім яны скардзіліся на сваё «обиженное семейное положение»:
… в гостинице «Гомель» девушек таких (прастытутак - Аўт.) находится очень много и наши мужья сменившись со службы не приходят домой, а находятся в гостинице «Гомель». Мало того, что очень много денег тратят на них, но более всего, что некоторые заразились венерической болезнью… [92] .Праблема, на думку аўтарак гэтага ліста, заключалася не ў маральных якасцях іх мужоў, а у самім факце наяўнасці прастытутак, якія спакушалі мужчын...
Хваляванні гараджан былі настолькі моцнымі, наколькі значна прастытуцыя ўмешвалася ў іх жыццё, у межы іх асабістай прасторы. Гараджане пісалі шматлікія прашэнні аб закрыці бардэляў ніжэйшага разраду, але ў той жа час маглі мірыцца з існаваннем бардэляў для больш прыстойнай публікі, паводзіны якой не спраўлялі столькі клопатаў. Гараджанаў абурала не сама прастытуцыя як з'ява, не амаральнасць таго, што адбывалася ў публічных дамах, а тое, як гэта закранала іх жыццё.
Такім чынам, праблема прастытуцыі ў гарадах не была вырашана. Прычына гэтага заключалася ў недасканаласці расійскага заканадаўства і ў менталітэце саміх гараджан. У арганізацыі барацьбы з прастытуцыяй існавалі супярэчнасці як на заканадаўчым, так і на мясцовым узроўні. Меры, што прымаліся гарадскімі ўладамі для кантролю і барацьбы з прастытуцыяй, былі накіраваныя на пераадоленне наступстваў гэтай з'явы, а не на ліквідацыю яе прычын.
Жанчына ў гарадской прасторы Расійскай імперыі была пазбаўленая права на сэксуальнасць. Сэксуальныя жаданні маглі быць толькі ў мужчын, а жанчына выступала ў якасці аб'екта для задавальнення іх сэксуальных фантазій і патрэбаў. Менавіта таму прастытуцыя ў расійскім заканадаўстве разглядалася выключна як жаночы занятак. Усе існаваўшыя цыркуляры, распараджэнні, пастановы для абмежавання распаўсюджвання венерычных захворванняў у Расійскай імперыі тычыліся «лишь исключительно женщин, оставляя в стороне большое количество мужчин-проститутов, точно так же распространяющих сифилис» [93]…
[1] Устав о предупреждении и пресечении преступлений // Свод законов Российской империи. Издание 1890 г. Том 14. СПб., Б. г. С. 27.
[2] Свод узаконений и распоряжений правительства по врачебной и санитарной части в империи. СПб., 1895-1896. Вып. 1. С. 76-78.
[3] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне (далей - НГАБ у Гродне). Ф. 9, воп. 4, спр. 155, арк. 15-17 адв.
[4] Свод узаконений и распоряжений… С. 75-76.
[5] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей - НГАБ). Ф. 2513, воп. 2, спр. 929, арк. 27 адв.
[6] Елистратов А. О прикреплении женщины к проституции. (Врачебно-полицейский надзор). Казань, 1903. С. 43-44.
[7] НГАБ. Ф. 1, воп. 3, спр. 161, арк. 195 адв.
[8] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 4, спр. 155, арк. 36.
[9] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 4, спр. 155, арк. 36.
[10] НГАБ. Ф. 1, воп. 3, с. 161, арк. 254.
[11] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 4, спр. 125, арк. 19 адв., 25; спр. 155, арк. 35.
[12] НГАБ. Ф. 1, воп. 3, спр. 161, арк. 254.
[13] Тамсама. Арк. 76 адв., 192.
[14] Тамсама. Арк. 31-34 адв.
[15] Тамсама. Арк. 432.
[16] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 4, спр. 155, арк. 1-1 адв.
[17] Тамсама. Арк. 3.
[18] Тамсама. Арк. 27-28.
[19] Тамсама. Арк. 36-36 адв.
[20] НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 1848, арк. 6.
[21] Тамсама. Арк. 19 адв., 43, 47.
[22] Тамсама. Арк. 30-32.
[23] Тамсама. Арк, 47.
[24] Статистика Российской империи. Вып. XIII: Проституция: по обследованию 1 августа 1889 г. / Под ред. А. Дубровского. С.-Петербург: Тип. Министерства внутренних дел, 1890. С. 2.
[25] Тамсама. С.15.
[26] Статистика Российской империи… С. 12, 14, 18.
[27] Грацианов П. А. К вопросу и реорганизации надзора за проституцией в России // Вестник общественной гигиены, судебной и практической медицины, издаваемый Медицинским департаментом. 1895. Т. XXVIII. Книга 2. Ноябрь. С. 159.
[28] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 2, спр. 2003, арк. 36.
[29] Статистика Российской империи… С. 4-5.
[30] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 3, спр. 34, арк. 27-28; Воп. 2, спр. 638, арк. 184-185.
[31] Тамсама. Воп. 2, спр. 2003, арк. 47.
[32] Статистика Российской империи… С. 2.
[33] Шашков С. С. Исторические судьбы женщины, детоубийство и проституция. История русской женщины // Собрание сочинений С. С. Шашкова. СПб., 1898. Том первый. С. 876-877.
[34] НГАБ. Ф. 2513, воп. 2, спр. 405, арк. 30.
[35] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 1, спр. 513, арк. 184 адв.
[36] Статистика Российской империи… С. 20-21.
[37] Тамсама. С. 36-37.
[38] Тамсама. С. 48-49.
[39] Тамсама. С. 40-41, 44-45.
[40] Тамсама. С. 2.
[41] Тамсама. С. 32-33.
[42] НГАБ у Гродне. Ф. 299, воп. 3, спр. 348, арк. 108.
[43] НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 348, арк. 247.
[44] Канкарович И. Проституция и общественный разврат//Антология социальной работы. М., 1995. Т. 2. С. 136.; Бентовин Б. Торгующая телом (Очерки современной проституции) 1910 // История проституции. СПб., 1994. С. 348.
[45] Статистика Российской империи. Вып. XIII: Проституция: по обследованию 1 августа 1889 г. / Под ред. А. Дубровского. С.-Петербург: Тип. Министерства внутренних дел, 1890. С. 62-63, 66-67.
[46] Тамсама. С. 54-55, 58-59.
[47] НГАБ. Ф. 1, воп. 1, спр. 4738, арк. 28.
[48] Тамсама. Ф. 299, воп. 3, спр. 1838, арк. 43 адв.
[49] НГАБ. Ф. 2513, воп. 2, спр. 880, арк. 16, 33, 62 адв.
[50] Тамсама. Арк. 7, 40 адв., 51 адв., 58, 73.
[51] Подсчитано по: Национальный исторический архив Беларуси. Ф. 299, воп. 3, спр. 348, арк. 3-3 адв., 247-248 адв., Ф. 2513, воп. 2, спр. 880, арк. 6-7 адв., 81-82 адв.
[52] Грацианов П. А. К вопросу и реорганизации надзора за проституцией в России. С. 161-162; Шыбека З. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый. Вільня, 2009. С. 277.
[53] Статистика Российской империи. С. 70-71.
[54] НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 318, арк. 78-78 адв.
[55] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 3, спр. 34, арк. 27-28. Ф. 9, воп. 2, спр. 638, арк. 184-185.
[56] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 4, спр. 125, арк. 29 адв.
[57] Свод узаконений и распоряжений… С. 170.
[58] НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 1838, арк. 47.
[59] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 1, спр. 513, арк. 123.; НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 318, арк. 376.
[60] Тамсама. Воп. 4, спр. 155, арк. 15 адв.
[61] Подсчитано по: Обзор Гродненской губернии за 1894, 1896, 1898, 1900-1911 года. Гродно, 1895, 1897, 1899, 1901-1912. Ведомости о движении населения в Гродненской губернии.
[62] Шыбека З. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый. Вільня, 2009. С. 278.
[63] Устав о наказаниях, налагаемых мировыми судьями // Свод законов Российской Империи. СПб., 1897. Книга 2. Т. 15. С. 181.
[64] Обзор Гродненской губернии за 1900 год. Гродно, 1901. С. 102.
[65] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 1, спр. 1412, арк. 81 адв.
[66] НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 318, арк. 105.
[67] Шашков С. С. Исторические судьбы женщины… С. 872.
[68] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 4, спр. 125, арк. 19 адв.-20.
[69] НГАБ. Ф. 2513, воп. 2, спр. 834, арк. 24 адв.
[70] НГАБ. Ф. 1, воп. 3, спр. 161, арк. 254.
[71] Тамсама. Арк. 21-22 адв.
[72] Грацианов П. А. К вопросу и реорганизации надзора за проституцией в России. С. 158.
[73] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 1, спр. 513, арк. 206.
[74] Елистратов А. О прикреплении женщины к проституции. С. 213.
[75] Справочная книга для врачей. Издание Медицинского департамента. СПб., 1890. Том I. С. 463.
[76] Свод узаконений и распоряжений… С. 78.
[77] Тамсама. С. 81.
[78] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 1, спр. 2682, арк. 1-2 адв.
[79] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 1, спр. 2358, арк. 234-235 адв.
[80] Устав о наказаниях, налагаемых мировыми судьями. С. 181.
[81] Тамсама. Воп. 2, спр. 323, арк. 25, 52 адв.
[82] Тамсама. Воп. 1, спр. 513, арк. 6, 123 адв.
[83] НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 318, арк. 169-169 адв., 170-170 адв., 229.
[84] Грацианов П. А. К вопросу и реорганизации надзора за проституцией в России. С. 156, 157.
[85] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 2, спр. 2003, арк. 27 адв., 39.
[86] НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 1838, арк. 47.
[87] Тамсама. Спр. 1564, арк. 65 адв.
[88] Тамсама. Ф. 2496, воп. 1, спр. 4627, арк. 1-1 адв.
[89] НГАБ у Гродне. Ф. 9, воп. 2, спр. 2003, арк. 12, 36, 93 адв., 73-73 адв.; НГАБ. Ф. 2496, воп. 1, спр. 4627, арк. 5.
[90] НГАБ. Ф. 299, воп. 3, спр. 1564, арк. 66.
[91] НГАБ. Ф. 1, воп. 3, спр. 161, арк. 53-53 адв.
[92] Тамсама. Арк. 195-195 адв.
[93] Тамсама. Ф. 2513, воп. 2, спр. 1713, арк. 31.