Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. I зорнае неба над галавой…

Уступнае слова ад зацiкаўленага чытача 


Аўтар: Дзярновiч Алег,
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: 'І зорнае неба над галавой…': Нарысы з гісторыі астраноміі / Леанід Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.

Спампаваць




Вывучэнне гісторыі навукі ўжо мае сваю традыцыю ў Беларусі. Апошняе дваццацігоддзе ў гэтай сферы адзначанае з'яўленнем серыі «Нашы славутыя землякі» - з тых 39 кніжак, якія выйшлі на працягу 1988-2007 гадоў, 12 былі прысвечаныя постацям і даследчыкам у галіне фізікі, матэматыкі, геаграфіі, геалогіі, інжынерыі, медыцыны… Выбудоўваецца гісторыя навукі праз біяграфіі яе персаналіі. Увогуле, гэта даволі пашыраны прыём - паказваць абставіны нараджэння навуковай тэорыі праз уласную творчую лабараторыю таго ці іншага навукоўца. Такім чынам мы можам зразумець той аб'ём ведаў і практычны інструментар, якія спрычыніліся да нараджэння пэўнай навуковай канцэпцыі ці тэхнічнага вырашэння, адчуць, што дапамагала, а што перашкаджала ў сацыяльнай сферы інтэлектуальнаму прагрэсу.

Леанід Лаўрэш застаўся верным гэтаму прыёму, але прапанаваў крыху іншы прынцып выкладання сваёй тэмы - ён падае гісторыю астраноміі ў нашым краі праз галерэю партрэтаў і гісторыю інстытуцый, гэтым самым ствараючы панараму станаў лення і развіцця гэтай навукі. Таксама аўтар дапамагае нам увесці пэўную карэкцыю ў пашыраныя ўяўленні.

Традыцыйна мы ўспрымаем Віленскі ўніверсітэт XVIII - першай трэці XIX ст. як краёвага лідара ў гуманітарных, найперш гістарычных, навуках. Але, як паказаў аўтар, ужо ў XVII ст., поруч з тэалогіяй і традыцыйнымі курсамі еўрапейскіх універсітэтаў у Віленскай акадэміі паспяхова выкладаліся найноўшыя астранамічныя вучэнні. А ў канцы XVIII ст. у Галоўнай літоўскай школе (як тады называўся ўніверсітэт) найбольш актыўна развіваліся фізiка-матэматычныя навукі і была створаная абсерваторыя. Фактычна, гісторыя астраноміі ў Віленскім універсітэце ілюструе станаўленне навукі Новага часу - сучаснай навукі. Не да канца зразумелым, праўда, застаецца пытанне: ці азначала гэтае станаўленне новай навукі поўны разрыў з герметычнай традыцыяй? Бо, што можа падацца дастаткова нечаканым, астраномія на ўзроўні канцэптуальнага абагульнення - у касмалогіі - часам амбівалентна кантактуе з рэнесанснай магіяй Джардана Бруна ці рэлігіяй.

Усё ж я раю людзям розных спецыяльнасцяў часам звяртацца да астраноміі, хоць бы для карэкцыі ўяўленняў пра ўласную значнасць і маштаб праблем, што паўстаюць перад намі ў актуальны час. Леанід Лаўрэш прапануе свае сцежкі ў гэтым шляху.

Алег Дзярновіч

Менск, 12 траўня 2012 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX