Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. I зорнае неба над галавой…

Прадмова 


Аўтар: Лаўрэш Леанiд,
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: 'І зорнае неба над галавой…': Нарысы з гісторыі астраноміі / Леанід Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.

Спампаваць




Велічная карціна зорнага неба прыцягвае ўвагу чалавека сваёй непаўторнай прыгажосцю. Чалавецтва заўсёды спрабавала і спрабуе асэнсаваць, якое месца яно займае ў Сусвеце, што такое гэты Сусвет, як ён уладкаваны, як паўстаў і ці заўсёды існаваў. Аднак астранамічныя веды акрамя высокага сэнсу - спасціжэння Сусвету - заўжды мелі і ўтылітарны характар і былі неабходныя для паўсядзённага жыцця.

Нябесныя з'явы - сутачны шлях Сонцы, парадак узыходу і заходу сузор'яў, месяцовыя фазы, змены на небе, звязаныя з порамі года, - аднастайна паўтараюцца і настолькі зрасліся з жыццём, што сталі неадменнай часткай наваколля. Аднак менавіта назіранне за небам і вылучэнне заканамернасцяў навучыла чалавека свядома арыентавацца ў часе і прасторы. Гэта было неабходна першабытным паляўнічым, жывёлагадоўцам і земляробам. Жывёлагадоўцам трэба было своечасова пераганяць статкі на новыя пашы, неяк арыентавацца на мясцовасці, вызначаць час дажджлівых або засушлівых сезонаў, а ў больш паўночных раёнах прадбачыць наступ зімы або лета. Земляробы апынуліся ў яшчэ большай залежнасці ад сезонных змен, бо іх праца - пасеў і жніво - немагчымы без календара. Такім чынам, і практычныя запатрабаванні прыцягнулі ўвагу людзей да нябесных з'яў, да назіранняў за перасоўваннем Сонца, Месяца, да сутачнага руху зорак. Тысячагоддзямі начуючы каля вогнішчаў і гледзячы на неба, чалавек засвоіў, што ад вечара да вечара зоркі не змяняюць узаемнага размяшчэння, а візуальна падзяляюцца на сузор'і. Веданне сузор'яў і ўсталяванне заканамернасці руху Сонца і Месяца дазволіла арыентавацца на мясцовасці і вызначаць час, усталяванне гадавога цыкла руху зорнага неба - стварыць першыя календары. Народны фальклор заха ваў для нас назовы свяцілаў і сузор'яў і іх сакральную ролю ў жыцці людзей [1]. Але ў гэтай кнізе разглядаецца гісторыя навуковай астраноміі.

Першыя захаваныя запісы астранамічных назіранняў датуюцца VIII ст. да н. э. Аднак вядома, што яшчэ за 3 тысячы гадоў да н. э. егіпецкія жрацы прымецілі, што разлівы Ніла, рэгуляваўшыя эканамічнае жыццё краіны, надыходзілі неўзабаве пасля таго, як перад узыходам Сонца на ўсходзе з'яўлялася самая яркая з зорак, Сірыус, якая хавалася дасюль каля двух месяцаў у прамянях Сонца. З гэтых назіранняў егіпецкія жрацы даволі дакладна вызначылі працягласць трапічнага года [2]. Астраномія як навука была створаная ў антычны час. У Старажытнай Грэцыі астраномія з'яўлялася адной з найболей развітых навук. Для тлумачэння бачных рухаў планет грэцкія астраномы, найперш Гіпарх (II ст. да н. э.), стварылі геаметрычную тэорыю эпіцыклаў, якая легла ў аснову геацэнтрычнай сістэмы свету Пталамея (II ст. н. э.). Галоўная кніга Пталамея - «Мегале сін таксіс» [3] - утрымоўвае фундаментальны выклад геацэнтрычнай сістэмы свету. Быўшы прынцыпова няслушнай, сістэма Пталамея дазваляла з любой зададзенай дакладнасцю вылічваць становішча планет на небе, яна задавальняла практычныя запыты, а яго кніга была найлепшай кнігай па астраноміі аж да XVI ст., а ва ўніверсітэтах вывучалася аж да канца XVIII ст. Але толькі ў XV ст. гэтую кнігу дакладна пераклаў на лаці ну і выправіў па мылкі Рэгіямантан, пасля чаго яна была надрукаваная. «Альмагест» Плаламея, пасля яго выдання ў 1496 г. друкарскім спосабам, уважліва вывучаў вялікі Мікалай Капернік. У кнізе «De Revolutіonіbus Orbіum Caelestіum», выдадзенай у 1543 г., ён прапанаваў мадэль Сонечнай сістэмы, у якой планеты круцяцца вакол цэнтральнага Сонца. Спачатку гэтая тэорыя не атрымала прызнання, бо не давала магчымасці прадказваць становішча планет больш дакладна, чым старая тэорыя (у сістэме Каперніка арбіты асноўных планет былі кругавымі, і, каб прагназаваць рух планет, ён таксама, як і Пталамей, карыстаўся эпіцыкламі). Тым не менш ідэі Каперніка зрабілі пераварот у астраноміі і стымулявалі далейшае развіццё навукі. Наступнае развіццё астраноміі прывяло да распрацоўкі Ёганам Кеплерам дакладнай геліяцэнтрычнай мадэлі, у якой планетарныя арбіты былі не кругавымі, а эліптычнымі і да адкрыцця Ньютанам закону сусветнага прыцягнення. Гэтыя адкрыцці разам з выкарыстаннем тэлескопа ў астраноміі прывялі да хуткага ўздыму ўсіх фізіка-матэматычных навук.

Пачынаючы з XV ст. нашы продкі - жыхары ВКЛ пачынаюць вучыцца ў еўрапейскіх універсітэтах. У тагачасных універсітэтах адукацыя падзялялася на два цыклы: трывіум і квадрыум. Квадрыум (лац. quadrі vіum - чатыры шляхі) - гэта падвышаны курс свецкай адукацыі, які складаўся з чатырох дысцыплін: арыфметыкі (лічылася базавай дысцыплінай), геаметрыі, астраноміі і музыкі (разглядалася як «навука гармоніі», а не «мастацтва гукаў»). Такім чынам, выпускнікі еўрапейскіх універсітэтаў сталі першым носьбітамі навуковых ведаў па астраноміі ў ВКЛ. Пасля заснавання ў канцы XVI ст. універсітэта ў Віль ні курс астраноміі можна было вывучаць у сваёй дзяржаве. Разам з вышэйшай вучэбнай установай з'явіліся і выкладчыкі - навукоўцы, якія займаліся астраноміяй прафесійна. Акрамя вышэйшай школы курс астра номіі дастаткова грунтоўна вывучаўся ў шматлікіх сярэдніх вучэбных асяродках на Беларусі, напрыклад у езуіцкіх калегіумах.

Верагодна, першым віленскім курсам астраноміі быў курс ад 1629 г. прафесара матэматыкі Андрэя Мілеўскага. Найбольш вядомым тагачасным выкладчыкам астраноміі быў матэматык прафесар Освальд Кры гер (1598-1665). Дзве часткі працы Освальда Крыгера «Compendіum ma thematіcarum dіscіplіnarum» (1632) былі прысвечаныя астраноміі. Захаваліся таксама запісы прафесарскіх лекцый па астраноміі за 1645 г. У гэтым курсе нароўні з іншымі прыводзіцца і сістэма Сусвету паводле Каперніка. Крыгер самастойна зрабіў тэлескоп і яшчэ пры жыцці Галілея, у снежні 1632 г. і студзені 1633 г., са сваімі студэнтамі правёў першыя назіранні за небам з дапамогай аптычнай прылады [4]. Гэта былі першыя астранамічныя назіранні з выкарыстаннем тэлескопа ў нашым краі. Ёсць дакладная інфармацыя пра назіранне Крыгерам адкры тых Галілеем спадарожнікаў Юпітэра ў 1632 г. Студэнты Крыгера Ян Рудаміна-Дусяцкі і Альберт Дыблінскі пад яго кіраўніцтвам напісалі першыя ў ВКЛ астранамічныя працы [5]. У XVII ст. навукоўцы акадэміі выдалі шэраг кніг, дзе разглядаліся розныя пытанні астраноміі.

З другой паловы XVIII ст. кіраўніцтва акадэміі пасылае на навуковыя стажыроўкі ў Еўропу маладых даследчыкаў: Тамаша Секежынскага (1750-1752), Тамаша Жаброўскага (1750-1752), Яна Багамольца (17541755) [6], Марціна Пачобута-Адляніцкага (1754-1756), Казіміра Нарушэвіча (1754-1756) [7].
У 1753 г. выхадзец з Наваградчыны езуіт Тамаш Жаброўскі засноўвае ў Вільні астранамічную абсерваторыю - першую ў нашым краі. Пры гарадзенцу Марціну Пачобуту-Адляніцкім гэтая абсерваторыя становіцца ў адзін шэраг з найлепшымі абсерваторыямі Еўропы. У 1770-я гг. А. Тызенгаўз у мэтах эканамічнага ўздыму краіны вы працаваў план стварэння ў Гродне акадэміі свецкага тыпу і пабудовы астранамічнай абсерваторыі пры ёй. Захаваўся праектны план, на якім сярод іншых паказаны і будынак меркаванай абсерваторыі [8]. Аднак ідэі па стварэнні абсерваторыі ў Гродне не былі рэалізаваныя.

У апошні час у Беларусі з'явіліся выдатныя працы з гісторыі Віленска га ўніверсітэта [9]. Але ў асноўным у іх даследавалася развіццё гуманітар ных навук і біяграфіі навукоўцаў-гуманітарыяў. Гісторыя развіцця прыро дазнаўчых навук у Беларусі, на жаль, пакуль што адсутнічае. Таму ў першай частцы гэтай кнігі сістэмна выкладзена развіццё астраноміі ў Віленскім універсітэце і ў дадатках да першай часткі зроблена спроба паказаць працу Віленскай абсерваторыі ў кантэксце тагачаснай навукі. У другой частцы расказваецца аб астраномах XIX-XX стст. - выхадцах з Беларусі і іх унёску ў развіццё гэтай дасканалай навукі.
На жаль, у кнізе амаль нічога няма пра гісторыю аматарскай астраноміі ў Беларусі, а гэтая навука ва ўсе часы імела шмат прыхільнікаў і заўзятараў. Нашы продкі захапляліся астраноміяй у гарадах, панскіх маёнтках і кляштарах. Пад'ём аматарскай астраноміі ва ўсім све це адбыўся з сярэдзіны XIX ст. у значнай ступені пад уплывам непераўзыдзеных кніг Каміла Фламарыёна. У Беларусі з канца XIX ст. працаваў астранамічны гурток пры Віцебскай гімназіі, а ў Гродне ў навучальных мэтах на пачатку ХХ ст. была адчыненая абсерваторыя ў рамесным вучылішчы імя царэвіча Аляксея, а ў кляштары брыгітак працаваў гурток аматараў астраноміі ксяндза Люцыяна Халецкага.
Сярод аматараў астраноміі былі самыя розныя людзі, напрыклад наш вялікі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. З 1956 да 1958 г., працуючы настаўнікам расійскай мовы і літаратуры ў Оршы, ён кіраваў астранамічным гуртком. Як успамінаў адзін з удзельнікаў гуртка, «дзеці й настаўнікі вечарамі зьбіраліся, ён сузор'і называў. Па астраноміі меў выключныя веды. Адным з самых лю бімых пісьменьнікаў Караткевіча быў Багдановіч. Памятаеце: "Нашто ж на зямлі сваркі й звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?"» [10].

Мэта кнігі - даць інфармацыю па гісторыі астраноміі ў межах гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Аўтар спадзяецца, што ягоная праца была не дарэмнай.



[1] Беларускую народную астраномiю грунтоўна вывучае мiнчанiн Цiмафей Авiлiн. Ён аўтар шэрагу публiкацый па беларускай народнай астраномii на беларускай, рускай, англійскай, чэшскай i балгарскай мовах: Белорусская народная астро номия // Историко-астрономические исследования. В. 31. Москва, 2006; Meteor Beliefs Project: East European meteor folk-beliefs; WGN, Journal of the International Meteor Organization. Vol. 35. No. 5; Astronyms in Belarussian folk beliefs. Archaeologia Baltica, 10 i iнш. Аўтар разглядае i аналiзуе беларускiя народныя ўяўленнi пра нябесныя свяцiлы, метэоры i этыялагiчныя легенды пра плямы на Месяцы.

[2] Неабходна адзначыць, што астраномiя адрознiваецца ад большасцi iншых прыродазнаўчых навук асаблiвай старажытнасцю. У час, калi фiзiка i хiмiя яшчэ не вылучылiся ў асобныя навукi, яна ўжо была добра распрацаванай навукай. Верагодна, толькi каралева навук - матэматыка - можа пахвалiцца такой сiвой старажытнасцю.

[3] «Вялiкая пабудова», арабы ператварылi гэты назоў у «Аль Маджысцi», адгэтуль позняя назва - «Альмагест».

[4] Гл.: Jezuici a kultura polska: materiały sympozjum z okazji Jubileuszu 500-lecia urodzin Ignacego Loyoli (1491-1991) i 450-lecia powstania Towarzystwa Jezusowego (1540-1990). Krakow, 15-17 lutego 1991 r. / pod redakcja Ludwika Grzebienia. Krakow, 1993. S. 276.

[5] Гл.: Матулайтите С. Учение Коперника в Вильнюсском университете в XVII - начале XIX вв. // Историко-астрономические исследования. Вып. XII. М., 1975. С. 79.

[6] Астраном, якi нарадзiўся на Вiцебшчыне, ксёндз-езуiт Ян Багамолец (1724-1795). Ступень магiстра фiласофii ён атрымаў у Вiльнi, далей вывучаў астраномiю ў Пра зе. Пасля выкладаў у Варшаўскiм калегiуме. Назiраў камету 1769 г. i па вынiках назiранняў апублiкаваў працу, у якой акрамя астранамiчных дадзеных пра камету даў i астралагiчнае тлумачэнне яе з'яўлення.

[7] Гл.: Блинова Т. Б. Иезуиты в Беларуси (Их роль в организации образования и просвещения). Гродно, 2002. С. 90.

[8] Гл.: Кiтурка I. Накiрункi даследавання гiсторыi Гараднiцы другой паловы ХVIII ст.: Кры нiцазнаўчы аспект // Гiстарыяграфiя i крынiцы па гiсторыi гарадоў i пра цэ саў урбанi зацыi ў Беларусi: зборнiк навуковых артыкулаў. Гродна, 2009. С. 204.

[9] Напрыклад: Габрусевiч С. А., Марозава С. В. Прафесар Iгнат Анацэвiч. Жыццё. Спадчына. Гродна, 2005; Вильна 1823-1824: Перекрестки памяти / сост. Федута А. И; вступ. ст. коммент. Лавринец П. М., Рейтблат А. И., Федута А. И. Минск, 2008 i iнш.

[10] Гл.: Жарко Г. Апiсваючы мiнуўшчыну Беларусі, Караткевiч ствараў Беларусi будучыню. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: svaboda.org/content/article/789197.html - Дата доступу: 07.11.2011.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX