Папярэдняя старонка: Нарысы з гісторыі астраноміі

Марцін Пачобут-Адляніцкі 


Аўтар: Лаўрэш Л.Л.,
Дадана: 15-03-2009,
Крыніца: 'Наша Слова' №9(900) 4 сакавіка 2009 г. і №10(901) 11 сакавіка 2009 г.

Спампаваць




Марцін Пачобут-Адляніцкі

Быў рэктарам у нашай альма-матар
Пачобут, ксёндз, вучоны і куратар
Абсерваторыі універсітэцкай -
Свяціла! …
На жаль, пазней у навуковых колах
Пачобута не стала: ён вярнуўся
У кляштар свой і там да смерці гнуўся
Перад распяццем, быццам грахаводнік,
А летась і памёр ён, боскі ўгоднік.

"Пан Тадэвуш або апошні наезд у Літве"

Адам Міцкевіч
Пераклад Я. Семяжонава

Марцін Пачобут-Адляніцкі, доктар філасофіі і доктар тэалогіі, каралеўскі астраном Станіслава Аўгуста, прэлат, смаленскі дэкан, рэктар і прафесар Віленскага ўніверсітэта, чалец - карэспандэнт Парыжскай Акадэміі Навук і Французскага Народнага Інстытута, чалец Лонданскага Каралеўскага, Варшаўскага і іншых навуковых таварыстваў, нарадзіўся ў маёнтку каля вёскі Сламянцы пад Гародняй 30 кастрычніка 1728 года. герб Малая Пагоня (Божадар) генеалагічнае дрэва Пачобутаў-Адляніцкіх.

Пачаткі роду Пачобутаў не зусім ясныя. Ёсць меркаванне, што Пачобуты - род русінкага паходжання. У памінальніку праваслаўнага Супрасльскага манастыра пад Беластокам, сярод іншыхдабрачынцаў ёсць "род Яўстахія Адзінца Пачобута". Гэты Яўстахій Пачобут жыў напрыканцы 16 ст. і рэпрэзэнтаваў толькі адну з галінаў роду, бо гучанне прозвішча гаворыць аб тым, што заснавальнік роду мог меў балцкія карані. К. Няцецкі ў сваім гербоўніку піша аб тым, што род пайшоў з населенага пункта Пачобуты на Гарадзеншчыне. Першы вядомы Пачобут з прыдомкам - Адляніцкі (ля Пачобутаў цячэ рака Одла, адсюль Адляніцкі) гэта Мікалай Пачобут - Адляніцкі (ёсць яшчэ Пачобуты з прыдомкам - Кундзіч). Жыгімонт I прывілеем ад 20 лютага 1536 г., за вайсковыя заслугі, надаў герб Малая Пагоня (Божадар) свайму піўнічаму Мікалаю Адляніцкаму і ягонаму сыну Севасцьяну - чашніку ВКЛ, заснавальнікам роду. 26 жніўня 1523 г. дваранства атрымаў стрый Мікалая Адляніцкага - Васька Зянонавіч.

У актах аб набілітацыі Мікалая і Ваські Зяноновіча можна знайсці нешматлікую інфармацыю аб родзе. Дзедам Ваські быў Сямён, па версіі даследчыкаў - той самы, які фігуруе пры двары Казіміра Ягайлавіча ў 1478 г. Прадзедам Мікалая Адляніцкага быў Грэцка, які меў сына Рыну (Грынь). Пры двары князя ВКЛ у 1478 г. фігуруе пакаёвы Рынец або Рынь. Магчыма гэта сын Грэцкі. Верагодна менавіта блізкасць рода да двара, спрыяла набілітацыі Мікалая Адляніцкага.

З продкаў якія пакінулі след у гісторыі, можна адзначыць Яна Пачобута, які доўгі час быў судовым падстарастам у Слуцку ў сярэдзіне 17 ст. Вядомы таксама Андрэй Пачобут - Адляніцкі, ў 1633 годзе каморнік Ашмянскага павету. У 1646 г. Багуслаў Радзівіл паслаў яго ў якасці свайго прадстаўніка для рашэння спрэчкі паміж плебанам жупранскім Паўлам Клячкоўскім і пратэстантамі ў Жупранах. У 1650 г. Андрэй стаў земскім пісарам Ашмянскага павету, неаднаразова выбіраўся дэпутатам трыбуналу ВКЛ (1645, 1652, 1663), а ў 1671 г. абраны ашмянскай шляхтай падсудкам і на гэтай пасадзе быў да 1676 г. У 1674-1676 гг. фундаваў касцёл дамініканаў у Ашмяне.

* * *

Бацька Марціна Пачобута-Адляніцкага - Казімір - краўчы, а потым абозны Гарадзенскі. Маці - Хелена з Глебавічаў.

Марцін Пачобут-Адляніцкі на 10-м годзе жыцця быў аддадзены ў Гарадзенскую езуіцкую школу, дзе вучыўся 7 гадоў. 13 жніўня 1745 года ва ўзросце 17 гадоў быў прыняты ў Ордэн Езуітаў Марцін Пачобут-Адляніцкі.у Вільні. Пасля заканчэння курсу навучання ў 1749 г. ён стаў выкладчыкам філасофіі і красамоўства ў Полацкай езуіцкай вучэльні, а праз два гады выкладаў тыя ж навукі ў Віленскай езуіцкай вучэльні, дзе заставаўся да 1754 года.

У 1754 г. пасланы ў Прагу для ўдасканалення ў матэматыцы, грэцкай і лацінскай мовах. Сямігадовая вайна ў Еўропе перашкодзіла вучобе, і ўжо праз год Пачобут - выкладчык латыні ў Вільні і пры гэтым адначасова праходзіць курс вышэйшай тэалогіі.

Князь Міхал Чартарыскі - канцлер ВКЛ, вылучыў з сваіх сродкаў фундуш для маладых людзей, жадаючых удасканалення ведаў за мяжой. У 1761 г. на гэтыя грошы Марцін Пачобут-Адляніцкі выехаў вучыцца. За тры гады паспеў пабываць у Нямеччыне, Італіі і Францыі. Спачатку ён захапіўся паэзіяй, але, наведаўшы некаторыя лепшыя італьянскія навукова - матэматычныя ўстановы, зацікавіўся астраноміяй і вырашыў прысвяціць сябе вывучэнню гэтай навукі. Пазнаёміўшыся з дырэктарам марсельскай астранамічнай абсерваторыі Пэзэнам (Pezenas), Марцін прыняўся за працу пад яго кіраўніцтвам. Аднак, з-за абвастрэння ў Францыі руху супраць езуітаў, Пэзэн прымушаны быў у 1763 г. пакінуць Марсэль і пасяліцца ў Авіньёне. Туды ж перабраўся за ім і Адляніцкі, дзе і займаўся яшчэ восем месяцаў. Вынікам гэтых заняткаў з'явілася надрукаваная ў тым жа 1763 г. праца "Traite de Paix entre Descartes et Newton, precede de vies litteraires de ces deux chefs etc. par Aime Henri Paulian. Avignon. 1763". Правёўшы зіму 1763-1764 гг. у Рыме, ён увесну 1764 года вярнуўся ў Неапаль. Тут пры дапамозе ангельскіх астранамічных прылад назіраў пачатак вялікага сонечнага зацмення. Вынікам гэтага назірання стаў артыкул, надрукаваны венскім астраномам - езуітам М. Хэллем (M. Hell) у кнізе " Эфемерыды на 1765 г." ("Ephemerides anni 1765").

Напрыканцы 1764 года праз Фларэнцыю, Венецыю і Вену Пачобут вярнуўся ў Вільню і пачаў выкладаць матэматыку і астраномію ў Віленскім універсітэце, а таксама займацца астранамічнымі назіраннямі.

У гэтым жа годзе каралём Рэчы Паспалітай стаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Віленскі універсітэт у 1764 г. меў два тэлескопы з якімі была магчымасць працаваць прафесійна (першы - мерыдыянны, другі на экватарыяльнай мантыроўцы) і астранамічны гадзіннік майстра Элікота. З Францыі Пачобут прывёз 16-ці футавую неахраматычную трубу, а яшчэ у 1764 г. быў атрыманы 6-ці футавы секстант майстра Канівэ, з дапамогай якога Марцін Пачобут-Адляніцкі вызначыў каардынаты Вільні. Аб атрыманні новых астранамічных прылад пісала "Газета Віленска" № 6 за 1766.

У Вільні Марцін Пачобут-Адляніцкі - чалавек бліскучага інтэлекту і выдатнай адукацыі, поўнасцю аддае сябе астраноміі. Кожную ясную ноч ён праводзіць астранамічныя назіранні, а днямі апрацоўвае атрыманыя дадзеныя. Паступова прыходзіць слава аднаго з лепшых астраномаў Еўропы.

Па выніках назірання зацмення Месяца 24 лютага 1766 г. ён выдае працу " Martitni Poczobut. Calculus eclipsos lunaris quae accidit 24 febr. 1766, pro obcervatorio Acad. Vilnensis" (Вільня. 1772).

25 студзеня 1767 г. Пачобут тытулаваны Каралеўскім астраномам.

У гэтыя ж гады Пачобут блізка знаёміцца з Яўхімам Храптовічам, падканцлерам ВКЛ, чалавекам багатым, адукаваным, і ўплывовым. Паміж імі завязваюцца сяброўскія адносіны і сталая Альжбета Пузыніна-Агінская, (1700-1768). перапіска. Напрыклад, у лісце ад сакавіка 1768 г. астраном тлумачыць Храптовічу, чаму скончыўшы назіранні ў Наваградку, не змог заехаць да свайго мецэната ў маёнтак Шчорсы, пры гэтым паведамляе, што праз 2 - 3 тыдні абавязкова адмыслова прыедзе ў Шчорсы, захапіўшы з сабою астранамічныя прылады для вызначэння геаграфічных каардынатаў маёнтка. Вучоны пачынае выконваць розныя даручэнні падканцлера ў Вільні.

Пры ўдзеле Марціна Пачобута-Адляніцкага быў распрацаваны праект абсерваторыі, на будаўніцтва і далейшае фінансаванне якой, зноў фундавала грошы Альжбета Пузыніна-Агінская, кашталянова Мсціслаўская. У ліпені 1768 г. Пачобут выехаў у Еўропу на закупы астранамічнага абсталявання. У Даніі, а затым у Галандыі ён наведаў шэраг гарадоў якія мелі вытворчасць дакладных прыбораў. Напрыканцы жніўня Пачобут прыехаў у Лондан - сталіцу дакладнай механікі і найбуйнейшы тагачасны астранамічны цэнтар . Ён робіць замовы ў майстэрнях знакамітых Доланда і Рамсдэна, практыкуецца ў знакамітай абсерваторыі ў Грынвічы. Скончыўшы справы ў Лондане, 5 сакавіка 1769 г. каралеўскі астраном выязджае ў Парыж. Там знаёміцца з астраномамі Мес'е, Касіні і Лаландам, праводзіць сумесныя назіранні, вучыцца. На пачатку траўня, праз Берлін вяртаецца ў Вільню. У гэтым жа годзе, у якасці асістэнта, у абсерваторыю прыходзіць Стржэцкі, які стаў паплечнікам і сябрам Пачобута. Другім памагатым астранома ў 1770 г. прызначаецца Францішак Нарвайш.

Медаль адбіты Станіслам Аўгустам Панятоўскім у гонар Марціна Пачобута-Адляніцкага,1775 г..

3 чэрвеня 1769 г. адбылася вельмі рэдкая з'ява - праход Венеры па дыску Сонца. Для назірання гэтай з'явы Марцін Пачобут-Адляніцкі сумесна з астраномам Стржэцкім, выязджае ў Рэвель, але дрэннае надвор'е не дазваляе правесці назіранні. Вярнуўшыся з Рэвелю, Пачобут даведваецца, што ён абраны чальцом Каралеўскай Акадэміі навук у Лондане. Аб праходзе Венеры па дыску Сонца Пачобут напісаў у " Каляндар Віленскі" за 1769 г.

1770 год. Прыйшлі замоўленыя ў Лондане астранамічныя прылады.

1771 год. "Мемуары Парыжскай Акадэміі" апублікавалі артыкул Пачобута "Observations sur la hauteur du pole de Vilna".

Да 1772 г. ішлі будаўнічыя работы ў новай Віленскай абсерваторыі. З-за немагчымасці ў гэты час займацца назіраннем зорнага неба, Пачобут перакладае "Асновы геаметрыі" Кляро, якая неўзабаве і друкуецца, з дадаткамі перакладчыка.

Між тым, падзенне езуіцкага ордэна станавілася ўсё больш яўным. Адляніцкі ўгаворвае віленскіх езуітаў, з прычыны будучага знішчэння ордэна, саступіць сваю друкарню каралю Станіславу-Аўгусту, ад якога, праз нейкі час, Пачобут атрымлівае гэтую друкарню ў падарунак. Прыбыткі ад дзейнасці друкарні ідуць на ўтрыманне абсерваторыі. У сваёй друкарні астраном выдаў вынікі зробленых ім самім і ягонымі супрацоўнікамі шматлікіх назіранняў. У ёй жа Пачобут пачынае выдаваць штогоднік "Каляндар Віленскі", дзе публікуе матэрыялы па гісторыі краю, сучаснай палітыцы, тэалогіі, і піша на астранамічныя тэмы.

З пачатку 1773 г. каралеўскі астраном пачынае рэгулярныя назіранні ў новай абсерваторыі. У гэтым жа гадзе ліквідуецца Ордэн Езуітаў. Пачобут шукае фінансавыя сродкі для ўтрымання ўніверсітэта і абсерваторыі. Ён піша Храптовічу, і падканцлер абяцае не пакінуць навучальную ўстанову ў бядзе. Адукацыйная Камісія (першае ў Еўропе міністэрства адукацыі), ператварае езуіцкую акадэмію ў Галоўную Школу Вялікага Княства і пачынае яе фінансаванне.

Дзённік назіранняў Пачобута за 1773 год..

1775 год. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адзначае заслугі Марціна Пачобута-Адляніцкага залатым медалём, адбітым у яго гонар (медаль з партрэтам Пачобута і надпісам "Mart. Poczobut. Astron. Reg. Pol. Soc. R. Lond. N. MDCCXXVIII"; на абароце ўверсе: "Sic itur ad astra", у цэнтры выява нябеснага глобуса, з правага боку выява кнігі з надпісам "MP" у лаўровым вянку, па леваму боку - план Сонечнай сістэмы, унізе надпіс: "Bene merentis laudi dedit Stani. Aug. Rex. MDCCLXXV").

1777 год. Пры падтрымцы караля Адукацыйная камісія выдзяляе 2 тысячы злотых на закуп новага астранамічнага абсталявання ў Англіі. Для замовы прылад выехаў віленскі астраном Стржэцкі. У майстэрні Рамсдэна закуплены 8-мі футавы квадрант з мерыдыянным тэлескопам, які меў 4-х цалевы аб'ектыў - трыплет.

1778 год. Пачобут абіраецца чальцом - карэспандэнтам Парыжскай Акадэміі навук, сваёй навуковай і педагагічнай дзейнасцю заваяваўшы сабе агульнаеўрапейскае прызнанне. Напрыклад, у той час быў высока ацэнены астраномамі ягоны спосаб верыфікацыі акулярнага мікраметра. У лісце Храптовічу ад 9 сакавіка 1778 г. Пачобут паведамляе аб добрых адозвах астраномаў Парыжа і Лондана на гэтую навінку.

1779 год. Адукацыйная камісія вырашае пачаць работы па стварэнні поўнай карты Рэчы Паспалітай. Для гэтага патрабавалася зрабіць вялізную колькасць вымярэнняў каардынатаў мясцовасцяў і замераў адлегласцяў. У лісце да падканцлера ВКЛ Храптовіча, Пачобут прапаноўвае стварыць астранамічную калегію (colegium astronomicum) з шасці астраномаў з гадавым акладам 2000 злотых кожнаму. Пры гэтым, ён спасылаецца на досвед Францыі, дзе, для такой працы, запатрабавалася значна больш адмыслоўцаў за яшчэ большыя грошы. Аднак з-за вялікіх выдаткаў работы па стварэнні карты былі часова адкладзеныя.

* * *

1780 год. Пачобут становіцца рэктарам Акадэміі і пробашчам касцёла Св. Сёмухі ў Вільні. Новы рэктар запрашае ў акадэмію з Гародні Жылібера і набірае новых прафесараў для ўніверсітэта. Асобы Жылібера і іншых кандыдатаў для працы ў Вільні Пачобут абмяркоўвае ў лістах да Храбтовіча. У 1780 годзе неабходнасць існавання Галоўнай школы Літоўскай была аспрэчана. Рэктар прыклаў шмат высілкаў дзеля захавання школы. Пры яго ўдзеле Адукацыйная Камісія пад старшынствам Гуга Калантая, зацвердзіла Кодэкс, які захаваў навучальныя ўстановы на Літве. У траўні 1783 г. Пачобут прывёз гэты дакумент у Вільню.

1785 год. Кароль узнагароджвае Пачобута ордэнам Св. Станіслава.

У тыя часы, канчатковае размежаванне сузор'яў на небе яшчэ не было скончана. Яшчэ ў 1777 г. каралеўскі астраном апублікаваў вынікі назіранняў за 1773 г. год у кнізе пад загалоўкам "Cahiers des observations astronomiques faites a l'observatoire royal de Vilna en 1773, presentes au roi (de Pologne), par M. l'abbe Poczobut astronome de S. M. et membre de la Societe royale. Мэта ягонай публікацыі - вылучэнне з некалькіх зорак, каардынаты якіх былі вызначаны Віленскай абсерваторыяй, новага сузор'я: Цялец Панятоўскага (Taurus Poniatovii або Taureau royal de Poniatowski) па суседстве са Шчытом (Тарчай) Сабескага (сузор'е Шчыт Сабескага (Scutum Sobieski), зараз проста Шчыт, вылучыў на карце неба астраном Ян Гевелій з Гданьска). Берлінскі астраном П. Бодэ ў "Astronomisches Jahrbuch" за 1781 г. змяшчае інфармацыю Пачобута з апісаннем новага сузор'я. У 1785 г. Бодэ ў "Astronomisches Jahrbuch" змясціў назіранні Віленскай абсерваторыі пад загалоўкам: "Веоbachtungen der Sterne des Poniatowskischen Stieres, auf der Konigl. Sternwarte zu Wilna". У зорным атласе і каталогу Бодэ (17 240 зорак) і ў каталогу з 50 000 зорак француза Лаланда, выдадзеных на пачатку 19 ст., прысутнічае вылучанае Пачобутам сузор'е Цялец Панятоўскага. Яно размяшчалася паміж сузор'ямі Змеяносца і Арла, уключаючы V-падобную групу зорак. Пачобут знаходзіў іх падобнымі на зорны збор Гіяды ў сузор'і Цялец, што і дало падставу да з'яўлення на небе сузор'я з падобным назовам. Сузор'е Цялец Панятоўскага нейкі час карысталася папулярнасцю ў астраномаў, але пасля было скасавана і не ўваходзіць у сучасны спіс сузор'яў. Аднак, чатыры зоркі гэтага скасаванага сузор'я (66, 67, 68, 70 Oph (Змеяносец)) у сучасных зорных атласах адзначаны як адкрыты зорны збор (open clusters) Mel 186 (Cr 359) па каталогу Мялота (Philibert Jacques Melotte).

Аўтар знайшоў сузор'е Цялец Панятоўскага у чатырох атласах зорнага неба XVIII-XIX стагоддзяў:

На працягу 1786 г. Пачобут праводзіць 60 назіранняў размяшчэння планеты Меркурыя, якую вельмі цяжка назіраць з-за блізкасці да Сонца. А ў 1787 годзе праводзіць яшчэ 124 назіранні 'Astronomisches Jahrbuch' за 1781 г. з апісаннем сузор’я Цялец Панятоўскага.гэтай планеты, з вызначэннем яе дакладных каардынатаў на небе. Атрыманыя дадзеныя, былі зведзеныя ў табліцы размяшчэнняў планеты, і дасланыя ў Парыж астраному і матэматыку Лаланду, які зрабіў вылічэнне арбіты планеты. Назіранні Меркурыя Пачобута, надрукаваныя Лаландам у "Memoires de l'Academie" за 1786 г. Згадваныя ў гэтым артыкуле назіранні зрабленыя 4-х футавай прыдадзенай прыладай і 6-ці футавым секстантам Канівэ. А ў 1808 г. пра навуковую каштоўнасць даследаванняў Астранамічнай школы Пачобута-Адляніцкага Лаланд напісаў у сваёй кнізе "Астранамічная бібліяграфія разам з гісторыяй астраноміі ад 1781 да 1802" ("Bibliographie astronomique, avec l'histoire de l'Astronomie depuis 1781 jusqu'a 1802", Paris. 1808).

Для новых астранамічных прылад перабудоўваецца і пашыраецца абсерваторыя. Гэтыя працы, з-за праблем з фінансаваннем, запатрабавалі шмат высілкаў і былі скончаныя толькі ў 1788 г.

Прыкладна з 1788 г. пачынаецца сяброўскае ліставанне Пачобута з Янам Снядэцкім. У сваіх лістах два астраномы дзеляцца вынікамі назіранняў, навуковымі навінамі і. т.д. Напрыклад, Снядэцкі апісвае распрацаваныя ў Англіі спосабы парабалізацыі галоўнага люстэрка тэлескопа.

У тым жа 1788 г. рэктар Пачобут накіроўваецца ў Варшаву для далейшай прапрацоўкі законаў, звязаных з адукацыяй. Праца над законамі доўжылася да пачатку 1790 г.

У 1793 г. пагаршаецца здароўе каралеўскага астранома. Пачынаюцца моцныя і працяглыя галаўныя болі. Але Пачобут удзельнічае ў працы памятнага Гарадзенскага сойму, рашаючы пытанне з фінансаваннем Галоўнай Літоўскай Школы пад час чарговага разбору Рэчы Паспалітай.

У лісце да Яна Снядэцкага ад 4 красавіка 1793 г., Пачобут скардзіцца на здароўе і паведамляе якую навуковую літаратуру ён мае і якую б жадаў атрымаць. Далей ён падрабязна распавядае аб сваёй навуковай працы: "… увесь сакавік штодня назіраў Меркурый. Сёння таксама яго назіраў, заўтра абавязкова, бо заўтра найбольшая ягоная элангацыя …

Лепшы спосаб вымярэння геаграфічнай шырыні - гэта назіранне зорак у зеніце, бо пры гэтым атмасфера ўносіць найменшую хібнасць. Я штогод назіраю зоркі β, γ, ε, ξ Ursae Majoris. γ у нас найлепшая, бо толькі за 20' ад зеніту знаходзіцца …

Ці чуў Пан, аб праекце, прапанаваным ад імя Французкай акадэміі Лаландам аб … вымярэнні дугі мерыдыяна ад Дюнкерка да Маёркі, аб уводзінах універсальнай меры даўжыні і вагі, і аб пераходзе ў вымярэнні часу ад шасцірычнай сістэмы да дзесятковай?

Не ці будзем хутка ў суседстве з Прусіяй? Гавораць што сама Варшава апынецца за мяжой Прускай … Мяжа з Расіяй павінна быць праведзеная ад Друі, далей праз павет Ашмянскі альбо праз Паставы і да Камянца павінна прайсці …".

5 верасня 1793 г. адбылося поўнае зацменне Сонца. Для гэтага ў Аўгустоў пад Гародню былі дастаўленыя астранамічныя прылады і ў прысутнасці караля Станіслава Панятоўскага, рускага амбасадара Сіверса і мноства гасцей, Пачобутам і Снядэцкім былі праведзеныя астранамічныя назіранні зацмення. Дакладнае вымярэнне часу пакрыцця дазволіла ўдакладніць геаграфічныя каардынаты Гародні і ўнесці карэктыроўку ў вылічаную раней геаграфічную даўгату Вільні. А самае галоўнае: сама астранамічная з'ява і праца навукоўцаў зрабіла вялікае ўражанне на караля і шматлікіх уплывовых гасцей, і паўплывала на фінансаванне навукі. У тым жа 1793 г. кароль узнагароджвае Пачобута Ордэнам Белага Арла. У лісце да Яна Снядэцкага ад 13 лютага 1794 г. астраном піша: "Дзень 5 верасня не толькі быў карысны для астраноміі, але і для нас усіх вельмі шчаслівым, бо ўдалося вырашыць пытанне фінансавання Галоўнай школы. Прыемна мне ўспомніць той дзень і тыя назіранні, якія мы ў прысутнасці гэтых высокіх гасцей зрабілі пры дапамозе такіх якасных прылад".

1795 год. Пасля канчатковага разбору Рэчы Паспалітай рэктар Пачобут зноў бярэцца за рашэнне праблем фінансавання Галоўнай школы. Амаль два гады; 1795 і 1796 ён праводзіць у Гародні - горадзе, дзе знаходзіўся генерал-губернатар Літвы князь Рапнін. Толькі на прыканцы 1796 г. Пачобут вяртаецца ў Вільню.

Цяжкім ударам лёсу сталася смерць сябра і паплечніка, астранома Ежы Стржэцкага 5 лютага 1797 г.

Новы рускі імператар Павел I, здзейсніў паездку па заходняй частцы імперыі, і 27 траўня 1797 г. наведаў Галоўную школу. Імператар агледзеў універсітэт, наведаў абсерваторыю. Усе распачынанні Пачобута былі падтрыманыя. Універсітэт быў захаваны і дапоўнены кафедрай хіміі, для якой быў прыняты на працу таленавіты малады прафесар Андрэй Снядэцкі, брат астранома Яна Снядэцкага.

Калі імператарам стаў малады Аляксандр I, Пачобут ездзіў у Пецярбург улагоджваць універсітэцкія справы. Фінансаванне было зацверджанае, і ў якасці ўзнагароды рэктар атрымаў ад маладога імператара пярсцёнак. Вярнуўшыся з Пецярбурга Пачобут падаў у адстаўку з паста рэктара ў сувязі з пагаршэннем здароўя, адмовіўся ад прапанаванага яму з Рыма месца біскупа і поўнасцю прысвяціў сябе астраноміі.

* * *

Пачобут вёў перапіску з большасцю вядомых астраномаў тагачаснай эпохі. Асабліва частай была перапіска з Янам Снядэцкім з Кракава і Бодэ з Берліна. Займаўся Пачобут і стварэннем адмысловай астранамічнай бібліятэкі пры абсерваторыі. У гэтай справе яму дапамагалі Ян Снядэцкі і экс-канцлер ВКЛ Храптовіч, які ў той час жыў у Варшаве. Снядэцкі пісаў, што Пачобут пакінуў у абсерваторыі шмат прылад і кніг, набытых за свае грошы.

У лісце ад 26 снежня 1801 г. да Яна Снядэцкага Пачобут падрабязна распавядае аб сваіх назіраннях. На пачатку ліста ён скардзіцца на тое, што дрэннае надвор'е не дазволіла займацца астранамічнымі назіраннямі ўсю восень і пачатак зімы: "Не магчыма было назіраць пакрыццё зоркі γ Cancri". Далей ён разважае аб астраклімаце і яго ўплыве на назіранні: "Нават улетку, назіранні з'яў у сістэме спадарожнікаў Юпітэра (зацменняў і пакрыццяў) двума ахраматычнымі тэлескопамі аднаго класа, пры якіх адзін тэлескоп большай часткай выходзіць у акно, а іншы поўнасцю знаходзіцца ў памяшканні, адрозніваліся на 30-40 секунд (дугі - заўвага аўтара)". Піша ён і аб тым, што ўдалося знайсці толькі што адкрытую англійскім астраномам Гершалем планету Уран і вымераць яе вуглавыя памеры (каля 4"). Пачобут паведамляе, што ў жніўні ўдалося правесці назіранні пакрыццяў Месяцам двух зорак, 17 жніўня π Скарпіёна і 27 жніўня χ Цяльца.

На пачатку 19 ст. былі адкрыты малыя планеты - астэроіды. Пачобут, атрымаўшы інфармацыю аб месцазнаходжанні на небе астэроіда Церэры, на пачатку красавіка 1802 г. знаходзіць яго, а пачынаючы з 9 красавіка робіць серыю назіранняў з вымярэннямі становішча астэроіда для вызначэння яго арбіты.

У навуковым свеце таго часу ўзніклі спрэчкі, аб тым як назваць новыя малыя планеты. Нямецкі астраном Цах апублікаваў вершы Пачобута на лаціне, прысвечаныя спрэчкам астраномаў аб тым як назваць гэтыя планеты:

Na Ceres

Qune segetum culmos docuisti falce secare,
Falx dentata sacrum sit tibi stemma, Ceres.

Na Pallas

Falx Cereris signum esto: Tu ut tuare labores
Syderibus sacros, aigida Pallas habe!

Нароўні з астраноміяй, усё сваё жыццё Пачобут захапляўся лацінскай паэзіяй і мовай. Ён нават выступаў супраць пераводу навучання студэнтаў на сучасныя жывыя мовы. Калі ў 1802 г. Варшаўскае Таварыства Аматараў Навук звярнулася да яго па аўтарытэтную падтрымку ў справе пераводу навучання на польскую мову, ён адказаў, што "вялікія і вельмі вучоныя мовы грэцкая і лаціна і нават наша ліцвінская мова (верагодна, гарадзенец Пачобут меў на ўвазе старабеларускую мову) сышлі з часам … але і што з таго? Надрукуем новыя кнігі, перадрукуем старыя, вельмі гэта дорага. Што далей? Самі чытаць гэтыя кнігі будзем … а за мяжой ніхто гэтых кніг ведаць не будзе і нас таксама…".

'О dawnosci zodijaku Egipskego w Denderach' (1803); 'Recherches sur le zodiaque de Denderah' (1805).

А пра свае заняткі астраноміяй Пачобут казаў: "Мая Ўранія, як старая баба, не змагла забрацца на вяршыню Парнаса, але соваючыся пад той вяршыняй, давала не вершы, а матэрыял для вершаў".

19 чэрвеня 1802 г. Вільню і ўніверсітэт наведаў малады імператар Аляксандр I. Ад імя ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў, як самы вядомы і паважаны навуковец , да яго з прамовай на французскай мове звярнуўся Пачобут і прачытаў оду на латыні. Затым астраном правёў імператара ў абсерваторыю, дзе Аляксандр з цікавасцю агледзеў аб'сталяванне. Імператару былі падораныя ўласнаручна Пачобутам вырабленыя табліцы з вынікамі назіранняў Царэры. Аляксандр I пацікавіўся, ці мае абсерваторыя тэлескоп Гершэля, пра які ён шмат чуў. Спадабаўся яму таксама ахраматычны тэлескоп з мікраметрам, у які імператар доўга аглядаў наваколлі. Як вынік, выйшла кніга вершаў на лаціне Пачобута: "Ad Augustum Imperatorem Alexandrum I, carmen lectum in publico consessu Imp. Univer-sitatis Vilnensis" (Вершы гэтыя ў рускім перакладзе былі надрукаваны ў "Периодическом издании об успехах народного просвещения", 1803 г., № 3). Пасля гэтага візіту Указам ад 8 верасня 1802 г. была ўзноўлена сістэма адукацыі ў былым ВКЛ. А 4-га красавіка 1803 г. выйшаў Указ, які пацвярджаў існаванне Галоўнай Школы Літоўскай у новых умовах пад назовам Імператарскага ўніверсітэта з поўным фінансаваннем.

Задыяк, 'О dawnosci zodijaku Egipskego w Denderach'.

З канца 1803 г. Пачобут прыступае да назіранняў толькі што знойдзенага астэроіда Палада. Узімку гэтага года Палада як раз знаходзілася ў вылучаным Пачобутам сузор'і Цяльца Панятоўскага і былому каралеўскаму астраному было прыемна, што нямецкія калегі ў перапісцы згадваюць гэтае сузор'е.

У той час уся адукаваная Еўропа чытала кнігі французскіх егіптолагаў, якія пабылі разам з войскам Напалеона ў Егіпце. Экс-канцлер Храптовіч атрымаў кнігу егіптолага барона Дамініка Віванда Данона ў сваю ў бібліятэку і даслаў Пачобуту копію малюнка са знакамі задыяку. Пачобут, як прафесійны астраном, з вялікай цікавасцю вывучаў найстаражытнейшы задыяк і размяшчэнне зорак задыякальных сузор'яў. У ліпені ў друкарні ўніверсітэта была надрукавана ягоная кніга аб старажытным егіпецкім задыяку. Увосень гэтая кніга выйшла на французскай мове. Пазней была выдадзеная яшчэ і па-нямецку. Аналізуючы рух кропкі летняга сонцастаяння віленскі астраном вылічыў узрост помніка - 583 г. да н.э.

На пачатку 19 стагоддзя выходзяць наступныя працы Пачобута:

На пачатку 1803 г. Пачобут акрамя сталай перапіскі з Парыжскай, Лонданскай і Берлінскай акадэміямі усталяваў навуковыя кантакты і з Пецярбургскай акадэміяй. У архіве бібліятэкі 'Дзядзінец Пачобута'.Пецярбургскай Акадэміі навук быў знойдзены дзённік назіранняў Пачобута за 1773 год (Poczobut, Cahiers des observations astromiques faltes l'Observatoire Royal de Vilna in 1773, presentes au Roy. Vilna, 1777), які мае зроблены ягонай рукой дароўны надпіс на тытульнай старонцы.

У 1802 годзе адбылося асабістае знаёмства Пачобута з адным з навукоўцаў Пецярбургскай Акадэміі навук. Гэта быў вядомы хімік акадэмік У.М. Севяргін, які наведаў Вільню праездам. Аб сустрэчы з Пачобутам ён пісьмова даклаў сваёй акадэміі і перадаў некалькі кніг, выдадзеных у Вільні. У сваіх занатоўках аб падарожжы ён так апісаў сустрэчу ў Вільні: "… прэлат Пачобут, дырэктар Віленскай абсерваторыі, прапанаваў рэгулярна пасылаць Акадэміі, калі яна таго пажадае, метэаралагічныя назіранні, якія праводзяцца ва Ўніверсітэце. Астранамічная абсерваторыя … складаецца з двух аддзяленняў, з якіх адно ёсць вялізная зала, дзе знаходзяцца некаторыя астранамічныя прылады і невялікая бібліятэка, да гэтага прадмета датычная. Іншае аддзяленне ёсць круглая, даволі вялізная вежа, з усіх бакоў, нават у самім купале з адтулінамі, якія замыкаюцца тонкімі накрыўкамі, з ліставога жалеза зробленымі. Гэтыя накрыўкі зроблены так, што сам назіральнік без дапамогі іншага іх зручна адчыняць і замыкаць можа. Звыш таго верхняя частка вежы рухомая і можа круціцца вакол. У гэтай вежы, акрамя іншых астранамічных прылад, павешаны таксама вялікі квадрант на белай, суцэльна мармуровай сцяне амаль у аршын шырынёю і цвёрда ўмацаванай. Гэтая сцяна знаходзіцца ў сярэдзіне вежы так, што вакол яе хадзіць можна. Абсерваторыя мела бы вялікія выгоды, калі б ёй не перашкаджала на поўдні … вежа манастыра. Састарэлы Пачобут, шаноўны ведамі і працавітасцю астраном, з шкадаваннем згадваў аб гэтай акалічнасці".

Ян Снядэцкі пісаў, што ў спадчыну ад Пачобута засталося 34 тамы дзённікаў астранамічных назіранняў. На жаль, вялізная большасць назіранняў Пачобута засталася невядомай для астраномаў.

З-за пагаршэння стану здароўя ў 1807 годзе Пачобут пакінуў пост дырэктара абсерваторыі, перадаўшы яго Яну Снядэцкаму. Але калі ў кастрычніку таго жа года на небе з'явілася камета, цяжка хворы Пачобут, якому быў прапісаны ложак, шмат зімных начэй правёў у вежы абсерваторыі, назіраючы камету і рэгулярна вызначаючы яе становішча на небе, дзеля разлікаў арбіты. У жніўні 1808 г. Пачобут пераязджае ў Дынабурскі манастыр, каб там сустрэць смерць, як належыць манаху. Але ягонае здароўе часова паляпшаецца, і астраном зноў уступае ў адроджаны ордэн езуітаў. У манастыры ён піша план па рэфармаванні езуіцкіх школ на Беларусі, прапануе адмяніць былыя праграмы навучання. У апошнім лісце з манастыра да Снядэцкага Пачобут шкадуе, што гэтае рэфармаванне ён не паспеў зрабіць.

20 лютага 1810 г. Марцін Пачобут-Адляніцкі памёр.

У 1919 г. імем Пачобута названы адзін з будынкаў (абсерваторыя) адноўленага універсітэта Стэфана Баторыя (Дзядзінец Пачобута). Імя нашага астранома носіць таксама адзін з кратэраў на Месяцы.

Крыніцы:

  1. Balinski Michal. Dawna academia Wilenska. Petersburg, 1862.
  2. Jan Sniadecki, Pisma rozmaite// Zuwot uczony i publiczny Marcina Odlanickiego Poczobyta. Wilno, 1818., T.1.
  3. Dykchyonarz uczonych polakow. Lwow, 1833.
  4. Zuwot uczony i publiczny Marcina Odlanickiego Poczobyta. Wilno, 1818., T.1. S.326.
  5. Kasper Niesiecki, Herbarz Polski, wyd. J.N. Bobrowicz, Lipsk 1839-1845. t. 7 S. 339-340.
  6. Nasz Czas 20/2003 (609) // Czesław Malewski. Rody i herby szlacheckie na Litwie. Herb Pogonia (Bożezdarz)
  7. Jan Sniadecki, Pisma rozmaite// Zuwot uczony i publiczny Marcina Odlanickiego Poczobyta. Wilno, 1818., T.1.
  8. Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Гродно, 2002.
  9. Kronika Rodzinna. Warszawa, 1883. T.11, №12 S.365-371.
  10. Historia astronomii w Polsce, t. II. Wroclaw - Warszawa. 1983.
  11. Историко-астрономические исследования. Выпуск VII. Москва. 1961г. // В.Л. Чеканал. Мартин Почобут и Петербургская Академия наук. С. 299.

Сузор'е Цялец Панятоўскага на атласах зорнага неба

'Atlas Coelestis' ангельскага каралеўскага астранома Джона Флемстыда), выдадзеным ў 1776 г. і 'Celestial Atlas' Аляксандра Джэймсана выдадзеным у 1822 г.. 'Urania’s Mirror' Самуэля Лейта, 1825.. 'Uranographia', атлас выдадзены ў 1801 г. нямецкім астраномам Іаганам Бодэ. На сучасная зорнай мапе Ташімі Такі (2006) і Google-Sky.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX