Да 160-тых угодкаў з дня нараджэння
Ён з тых, у кім сапраўда малых ісцінІ авалоданне законамі натуры
У сэрцах не туманіць сузірання
Тварца сусветаў у яго праявах.
Праз лікаў тонкую вуаль і формул
Выносіў Бога твар да твару ён,
Як і першнастаўнікі навукі:
Пастэр і Дарвін, Ньютан і Паскаль
Максіміліян Валошын
“Памяці В. К. Цэраскага”.
Вядомы астрафізік канца 19-га - пачатку 20-га ст., піянер інструментальнай фотаметрыі і заснальнік маскоўскай школы фотаметрыстаў, Вітольд Карлавіч Цэраскі(Witold Michał Henryk Ceraski), нарадзіўся 9 траўня 1849 г. у горадзе Слуцку.
Цэраскія – выхадцы з роду рэфармацкіх пастараў, прозвішча паходзіць ад лацінскага слова “cera”– “воск”.
Інфармацыі пра род Цэраскіх не шмат. У спісе ўсіх 42 пратэстанцкіх пастараў ВКЛ за 1754 г. прысутнічае і Міхал Цэраскі. Валерыян Красінскі пісаў: “Радзівілішкі (Radziwiliszki) – даўняя уласнасць і пэўна фундацыя біржанскіх Радзівілаў, на мяжы з Курлядыяй, пратэстанцкі збор захаваўся да нашых дзён ( 1905 г .– заўвага Л.Л.). 1754 г. штодня тут бываў пастар Міхал Цэраскі”. Мне ўдалося знайсці згадванне пра шлюб дзеда астранома – Юзафа Цэраскага з Багумілай Навалінскай у 1795 г. Юзафа Цэраскага хрысцілі ў парафіі евангелістаў – рэфарматараў у Новым Месце (Nowe Miasto) а Багумілу Навалінскую (нарадзілася 11.11. 1773 г.) ў парафіі евангелістаў – рэфарматараў у Швабішках (Szwabiszki), кнігі метрык захоўваюцца ў Архіве Сінода евангелістаў – рэфарматараў у Вільні. Вядома пра двух сыноў Юзафа Цэраскага – Карла і Міхала. Бацька будучага астранома Карл Цэраскі (1817-1864) быў высокаадукаваным чалавекам з шырокімі інтарэсамі і пасля заканчэння ўніверсітэта ў Дэрпце (Тарту) працаваў выкладчыкам геаграфіі Слуцкай гімназіі. Дзядзька астранома Міхал Цэраскі (1814-1870) таксама закончыў Дэрпцкі ўніверсітэт і па сямейнай традыцыі працаваў евангелісцкім пастарам у Дзевалтоўне (Dziewałtowie), Біржах і Койданаве, актыўна удзельнічаў у паўстанні 1863 г.
Карл Цэраскі перадаў сваім дзецям цікавасць да навук, мастацтва, літаратуры і гісторыі. Інтэлектуальная атмасфера сям’і спрыяла развіццю інтарэсаў малога Вітольда. Дзяцінства Цэраскага прайшло ў асяроддзі сяброў бацькі – педагогаў гімназіі. Дарэчы, Слуцкая гімназія – адна з найстаражытнейшых навучальных устаноў у Беларусі. Згодна з граматай князя Януша Радзівіла ад 7 траўня 1617 г. ў Слуцку быў заснаваны евангелічны храм і вучэльня пры ім, заняткі ў вучэльні пачаліся з восені 1617 г.
Цэраскі рана пачаў цікавіцца дакладнымі навукамі, а з’яўленне на небе ў 1858 г. яркай каметы Данаці абудзіла цікавасць да астраноміі. Гэта цікавасць падтрымлівалася яго выкладчыкам матэматыкі Германам і выкладчыкам прыродазнаўчых навук Вагнерам, пра якіх Вітольд Карлавіч успамінаў потым з вялікай удзячнасцю. Цэраскі меў магчымасць назіраць у маленькі тэлескоп фізічнага кабінета Сонца, Месяц, Юпітэр, што, прыносіла яму вялікае задавальненне. Вучань Цэраскага, прафесар Блажко С.Н. пісаў, што “нацыянальны рух у заходніх губернях Расіі выклікаў рэакцыю царскага ўраду, якая пракралася і ў навучальныя ўстановы; школьны рэжым рэзка змяніўся, вучням забаранілі выдачу навуковых кніг са школьнай бібліятэкі. Вітольд Карлавіч, які вельмі хацеў прачытаць кнігу Гершэля “Нарысы астраноміі” ў перакладзе ..., змог дастаць гэту кнігу толькі з вялікай цяжкасцю”.
Цэраскі у 1867 г. закончыў гімназію і, нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, выкліканыя смерцю бацькі, паступіў на фізіка – матэматычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Сродкі для існавання даводзілася здабываць прыватнымі ўрокамі, і таму ўжо з другога курсу ён пачаў працаваць у якасці звышштатнага вылічальніка ў Астранамічнай абсерваторыі, тут жа яму быў выдзелены пакой для жыцця. Так пачалася шматгадовая кар’ера Цэраскага ў абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта. Дырэктарам абсерваторыі ў той час быў швейцарац Каспар Готфрыд Швайцар (1816-1873) (Kaspar Gottfried Schweizer). Ён не ведаў рускай мовы і не мог выкладаць ва універсітэце. Дырэктар быў высакакласным астраномам – назіральнікам і вялікім педантам, скрупулёзна сачыўшым за тым, каб малады вылічальнік займаўся на працы толькі сваімі абавязкамі. Цэраскаму – чалавеку, які меў шырокія інтарэсы ў жыцці, даводзілася хаваць неастранамічныя кнігі ў стол. Ва універсітэце ён слухаў лекцыі матэматыкаў Бугаева і В.Я. Цынгера, механіка Ф.А. Слудскага. Курс астраноміі чытаў прафесар Ф.А. Брадзіхін. Пад уплывам апошняга Цэраскі абраў астрафізічны кірунак для сваёй будучай навуковай дзейнасці. Калі Вітольд Карлавіч быў на чацвёртым курсе ўніверсітэта, ён напісаў працу на тэму, прапанаваную факультэтам: “Вылічэнне эліптычнай арбіты Марса па трох назіраннях”, і атрымаў за яе залаты медаль.
У 1871 г. Цэраскі закончыў ўніверсітэт са ступенню кандыдата (кандыдат універсітэта— першая акадэмічная ступень, ранейшую ступень кандыдата не варта блытаць з сучаснаю навуковаю ступенню кандыдата навукаў) і быў пакінуты пры ўніверсітэце са стыпендыяй, а затым атрымаў месца звышштатнага асістэнта абсерваторыі. Астраномам – назіральнікам быў у той час А. І. Грамадскі. Прафесар М. А. Кавальскі запрашаў Вітольда Карлавіча ў Казань на пасаду астранома – назіральніка, але ён застаўся працаваць у Маскоўскай абсерваторыі. У 1873 г., пасля смерці Швайцара, дырэктарам абсерваторыі станавіцца Брадзіхін і Цэраскі пачынае займацца навуковаю дзейнасцю.
Першым даручэннем ад Брадзіхіна была экспедыцыя па назіранні праходу Венеры па дыску Сонца 9 снежня 1874 г. У той час ускладаліся вялікія надзеі (якія не апраўдаліся пасля), што гэтым метадам удасца дакладна вызначыць паралакс Сонца. Перад выездам у экспедыцыю, Цэраскі апублікаваў артыкул з інфармацыяй аб гісторыі назіранняў гэтай з’явы і з разлікамі момантаў яе для 41-го населенага пункта Расіі. На пачатку артыкула ён пісаў: “Велізарная цікавасць, з якой чакаецца ў астранамічным свеце праход 1874 года, тлумачыцца не рэдкасцю з’явы, якая адбылася ў апошні раз больш за сто гадоў таму назад, а важнасцю высноў, якія як можна спадзявацца, будуць выведзены з назіранняў ...”.
Для назірання экспедыцыя Цэраскага выехала ў сібірскі гарадок Кяхта, каля мяжы з Кітаем. Цэраскі ніколі не адрозніваўся моцным здароўем, а доўгі конны шлях праз ўсю Расію з астранамічным абсталяваннем быў цяжкі. Калі ж наступіў чаканы дзень, надвор’е не дазволіла правесці паўнавартасныя назіранні. Праз 15 гадоў навуковец з гумарам пісаў у асабістым дзённіку пра сваю няўдалую экспедыцыю: “Я ехаў амаль пяць тыдняў да слаўнага па прыгажосці Байкала, спусціўся на поўдзень, і да майго здзіўлення аказалася, што я ўсё яшчэ ў Расіі. Мне нават сказалі, што Расія тут не заканчваецца, што яна ідзе да Берынгава праліва і да Японскага мора, што ёсць нейкі “Усурыйскі край”..., што Расіі належыць Самарканд, пра які Шахеразада распавядала такія цудоўныя казкі, і палымяная Калхіда, і святая вяршыня Арарат... “.Няўдача гэтай экспедыцыі шмат чаму навучыла Цэраскага. І ў далейшым, замест арганізацыі выездаў з няпэўнымі вынікамі ён выдзяляў грошы на закуп абсталявання з наступнымі назіраннямі ў стацыянарнай абсерваторыі.
Па вяртанні з Кяхты Цэраскі атрымаў пасаду звышштатнага асістэнта, а ў 1878 г. астранома–назіральніка ў абсерваторыі. Адным з першых ён пачаў ужываць фатаграфію ў астраноміі, атрымаўшы ў 1875-76 гадах здымкі сонечных плямаў і факелаў на фотагеліёграфе Дальмейера. Неўзабаве іншая вобласць астрафізікі прыцягнула ўвагу Вітольда Карлавіча – астрафотаметрыя, якая стала потым галоўным кірункам ягоных навуковых заняткаў, і працы менавіта ў гэтай вобласці прынеслі яму вядомасць у асяроддзі навукоўцаў. Працай па фатаграфаванні Сонца ў 1877 г. заняўся А. А. Белапольскі.
Сур’ёзных прац па астрафотаметрыі ў той час было не шмат, можна назваць працы Зейдэля і Цэльнера, які прапанаваў канструкцыю астрафатометра, толькі што пачыналіся астрафотаметрычные працы ў абсерваторыі Гарвардскага каледжа ў амерыканскім Кембрыджы. Таму магчыма прызнаць Вітольда Карлавіча адным з піянераў у параўнальна маладой галіне астраноміі – астрафотаметрыі. З першых жа гадоў працы ў гэтай вобласці ён вызначыў сабе праграму вызначэння зорных велічынь каляпалярных зорак і пачаў выкананне свайго плану пры дапамозе набытага абсерваторыяй астрафатометра сістэмы Цэльнера. Але гэтая прылада і метады працы з ёй былі тады яшчэ мала даследаваны, і вось Цэраскі падвяргае крытычнаму даследаванню астрафатометр Цэльнера, імкнучыся яго ўдасканаліць, паралельна ён распрацоўвае новыя прыёмы назірання. Гэтыя даследаванні друкаваліся ў 1876 г. у “Працах Маскоўскай астранамічнай абсерваторыі” і з’явіліся асновай ягонай магістарскай дысертацыі. 29 студзеня 1883 г. Цэраскі абараняе дысертацыю на ступень магістра пад назвай “Пра вызначэнне бляску белых зорак”. У гэтай працы вызначалася яркасць 500 белых зорак з мэтаю стварэння фундаментальнага фотаметрычнага каталогу ў сучаснай сістэме зорных велічыняў.
У 1879 і 1880 гг. Вітольд Карлавіч адкрыў дзве новыя пераменныя зоркі, адну тыпу Алголя (зменныя тыпу Алголя з’яўляюцца разнавіднасцю зацменных падвойных зорак, калі халаднейшая зорка праходзіць перад больш гарачаю, то частка свету больш гарачай зоркі засланяецца, і агульная яркасць пары часова змяншаецца.), другую тыпу у Кіта (Зоркі тыпу у Кіта — зоркі з вялікімі перыядамі і значнымі зменамі яркасці). У той час адкрыццё зменных зорак было рэдкасцю, бо фатаграфічныя назіранні яшчэ не мелі такога значэння ў астраноміі, як зараз.
У другой палове 70-х гадоў па рэкамендацыі Брадзіхіна пачалася лектарская дзейнасць Цэраскага, ён пачаў чытаць лекцыі па фізіцы на Лубянскіх жаночых курсах (пасля – Вышэйшыя жаночыя курсы). Ён меў вялікі поспех як таленавіты лектар і прыцягнуў сімпатыі слухачак сваім дзейным удзелам у развіцці жаночай адукацыі.
Ва універсітэце Цэраскі пачаў выкладаць у 1882 г. яшчэ быдучы астраномам – назіральнікам, да абароны магістарскай дысертацыі. Яму было даручана кіраўніцтва ў абсерваторыі практычнымі заняткамі і назіраннямі студэнтаў. Абсерваторыю з гэтай мэтай наведвалі толькі нешматлікія студэнты па адмысловым дазволе дырэктара. У справаздачах Брадзіхіна ёсць цікаўныя заўвагі адносна “побытавых умоў” таго часу ў наваколлях абсерваторыі. У 1882 г. ён пісаў: “На жаль, адсутнасць шашы і глыбокая гразь увосень і ўвесну ў завулках каля абсерваторыі складаюць вялікую перашкоду для наведвання абсерваторыі студэнтамі, заявы прафесара пакідаюцца муніцыпалітэтам без наступстваў”.Да гэтых часоў адносіцца і аповед Цэраскага пра тое, што рамізнікі ў дажджлівую пару года з-за жудаснай гразі часам не давозілі з горада да самай абсерваторыі, а, спыніўшыся на некаторай адлегласці ад яе, прапаноўвалі людзям самім знаходзіць далейшы шлях. Аднак у канцы 80-х гг. завулак (ён зваўся тады Вялікім Мікольскім) быў забрукаваны.
Цэраскі чытаў усе асноўныя курсы па астраноміі: апісальную, сферычную, тэарэтычную і практычную. Яго лекцыі карысталіся вялікім поспехам, курс апісальнай астраноміі наведвалі нават студэнты іншых факультэтаў. Дакладнасць і вытанчанасць выкладання набылі яму легендарную вядомасць. Шматлікія выпускнікі Маскоўскага універсітэта ў сваіх мемуарах адзначалі майстэрства выкладчыка, напрыклад Ціхаў Г.А. пісаў: “Астраномію чытаў прафесар Вітольд Карлавіч Цэраскі. Рабіў ён гэта дзіўна проста і займальна. Апісальную астраномію студэнты слухалі стаіўшы дыханне. Калі ж выводзіліся даволі сумныя і доўгія формулы па сферычнай і тэарэтычнай астраноміі і на тварах студэнтаў з’яўляліся прыкметы безуважлівасці, Цэраскі ажыўляў слухачоў або вясёлаю прымаўкаю, або паказам якога-небудзь прыбора. Памятаю такі выпадак. Трэба было растлумачыць, як пераходзяць ад сярэдняга сонечнага часу да зорнага. Прафесар вымае з левай кішэні камізэлькі гадзіннік, паказвае колькі зараз часу і кажа: “Знойдзем, які зорны час будзе праз пяць хвілін”. Робіць на дошцы вылічэнне. Праз пяць хвілін пасля адзначанага сярэдняга часу, Вітольд Карлавіч вымае з правай кішэні камізэлькі другі гадзіннік. Ён паказвае хвіліна ў хвіліну тое, што вылічана на дошцы”.
З канца 1883 г. да сярэдзіны 1884 г. В. К. Цэраскі прабыў у навуковай камандзіроўцы ў Нямеччыне, дзе наведаў розныя абсерваторыі, знаёмячыся з іх працамі, і слухаў лекцыі Гельмгальца і іншых выбітных навукоўцаў. У тым жа 1884 г. ён ажаніўся з Лідзіяй Пятроўнай Шэлехавай (1855-1931). 20 лістапада 1884 г. В.К. Цэраскі быў абраны прыватдацэнтам. У гэтыя гады ён працягваў назіранні і даследаванні астрафатометра, якія далі матэрыял для ягонай доктарскай дысертацыі “Астранамічны фатометр і яго ўжыванне”. У дысертацыі ён выклаў прынцыпы ўдасканальвання астрафатометра, які ў выніку атрымаў назву фатометра Цэльнера – Цэраскага. Дысертацыя была надрукавана ў “Матэматычным зборніку” Маскоўскага матэматычнага таварыства, але абараняў ён яе ў Пецярбургу, дзе і атрымаў 30 траўня 1888 г. ступень доктара.
У 1889 г. Цэраскі здзейсніў другую камандзіроўку за мяжу і наведаў Парыж з яго сусветнай выставай і пасля вяртання, атрымаў годнасць надзвычайнага прафесара Маскоўскага універсітэта (ганаровым прафесарам стаў у 1907 г.).
У 1890 г. Брадзіхін пераходзіць у Пулкаўскую абсерваторыю і Вітольд Карлавіч Цэраскі становіцца дырэктарам абсерваторыі Маскоўскага універсітэта і працуе на гэтай пасадзе 25 гадоў. Да рэпутацыі строгага і абачлівага прыродазнаўцы і бліскучага лектара ён далучыў рэпутацыю выбітнага арганізатара навукі. З першых жа гадоў дырэктарства Вітольда Карлавіча пачынаецца абнаўленне абсерваторыі.
Дзве акалічнасці прыйшлі на дапамогу Цэраскаму. Па-першае, купец А. А. Назараў, універсітэцкі таварыш Вітольда Карлавіча, выдзеліў са сваіх сродкаў суму на паляпшэнне абсерваторыі, даўшы Цэраскаму поўную свабоду набываць неабходнае абсталяванне ў лепшых фірм. Па-другое, Цэраскі дамогся, што з першага ж асігнавання ўраду была выдзелена сума не толькі на будаўнічыя работы, але і на астранамічнае абсталяванне. На сродкі А. А. Назарава, акрамя набыцця гарманічнага аналізатара і некалькіх дробязяў, у 1890 г. быў замоўлены 110 – міліметровы (4 ангельскія цалі) аб’ектыў – апланат. Для кароткафокуснага тэлескопа – астрографа з гэтым аб’ектывам (для магчымасці фатаграфавання зорнага неба ў малым маштабе, але цэлымі сузор’ямі), майстрам Хейдам (Heyde) у 1895 г. у Дрэздане, па праекце Цэраскага, была выраблена высокадакладная паралактычная мантыроўка. Цэраскі даў прыладзе назву “экватарыяльная камера”, і на гэтай камеры з 1895 года была арганізаваная першая сістэматычная служба пошуку і вывучэння зменных зорак фатаграфічным шляхам. Да цяперашняга часу Маскоўская “шкляная бібліятэка фотапласцінак” (негатываў фарматам 24х30 см) з’яўляецца адною з самых багатых у свеце. Да гэтай працы ён прыцягнуў сваю жонку Л.П. Цэраскую і яна адкрыла 219 зменных зорак. Амерыканскі часопіс “Popular Science” пісаў у жніўні 1906 г.: “Спадарыня Л. Цэраская, жонка дырэктара астранамічнай абсерваторыі ў Маскве, знайшла вялікую колькасць зменных зорак пры вывучэнні фатаграфіяў, зробленых астраномам той жа абсерваторыі Блажко. Мадам Цэраская была асабліва паспяховай у пошуках зменных зорак тыпу Алголь. Гэта вельмі добры вынік калі улічыць той факт, што з 3000 вядомых зараз зменных зорак выяўлена толькі трыццаць восем тыпу Алголь”.
Цэраскі дамогся выдзялення 100 000 рублёў і істотна перабудаваў абсерваторыю. У 1895-1896 гг. будынак абсерваторыі быў падоўжаны на поўнач: была пабудавана цудоўная аўдыторыя з двума цаглянымі слупамі для практычных заняткаў студэнтаў, пабудаваны падземны пакой, у які праз нейкі час быў устаноўлены галоўны гадзіннік абсерваторыі, паміж круглай залай і аўдыторыяй быў уладкаваны невялікі архіў для захоўвання журналаў назіранняў і іншых навуковых дакументаў. Была пабудавана галоўная цыліндрычная трохпавярховая вежа і пад яе новым металічным купалам у 1900 г. усталяваны самы буйны тады ў Расіі 15-цалевы падвойны (з візуальнай і фатаграфічнай трубамі па 6 м. даўжынёю) доўгафокусны рэфрактар – астрограф дзвюх знакамітых фірмаў: братоў Анры (оптыка) і братоў Рэпсальдаў (паралактычная мантыроўка). Падвойны астрограф праслужыў тры чвэрці стагоддзя і цяпер, пасля рэстаўрацыі ў 1990-я гады, застаецца дзейным музейным экспанатам.
Апошняя перабудова астранамічнага комплексу закончылася ў 1903 г., калі на сродкі А.А. Назарава нямецкаю фірмаю братоў Гейдэ была пабудавана вежа (вядомая як “назараўская”), і ў ёй усталяваны 7-цалевы рэфрактар – апахрамат Цэйса. Таксама была праведзена мадэрнізацыя мерыдыяннага круга з ягоным павільёнам. Калі на Прэсню быў праведзены электрычны ток, зрабілі электрычнае асвятленне абсерваторыі і электрычнае кручэнне вялікага купала (да таго часу круцілі механізм рукамі). Каб засцерагчы мерыдыян абсерваторыі ад узвядзення высокіх будынкаў, па хадайніцтве Цэраскага кіраванне ўніверсітэта купіла ўчастак зямлі на поўнач ад абсерваторыі, ды пабудавала невялікую метэаралагічную абсерваторыю, якая не перашкаджала астранамічным назіранням. На іншы бок участка, на поўдзень, дзе мясцовасць спускаецца да Масквы-ракі, Цэраскі атрымаў сарвітут, які забараняў на гэтай зямлі на працягу 99 гадоў узвядзенне высокіх будынкаў у паласе шырынёю 10 сажняў ад абсерваторыі да Масквы-ракі. Па хадайніцтве Цэраскага Гарадская ўправа распарадзілася завулак абсерваторыі засадзіць дрэвамі.
Пасля ўсіх перабудоў абсерваторыя Маскоўскага ўніверсітэта стала другой па значнасці ў Расіі.
Вітольд Карлавіч любіў сваю абсерваторыю. Зрэдку, у цесным коле, ён дазваляў сабе з задавальненнем казаць, што “атрымаў абсерваторыю драўлянай, а пакідае яе мураванай”.
Клопаты па абнаўленні абсерваторыі не парушалі навуковай працы дырэктара абсерваторыі, ён дбайна працягваў назіранні са сваім астрафатометрам. Пры назіраннях Цэраскі выявіў фізіялагічную памылку, якая раней нікім не была заўважаная. Ён знайшоў, што адносны бляск дзвюх зорак, якія стаяць побач, залежыць ад іх узаемнага размяшчэння, таму варта ў астрафатометры ставіць назіраную зорку і направа і налева ад штучнай. Ягоныя тэарэтычныя працы па вызначэнню хібнасцяў пры фотаметрычных вымярэннях атрымалі прызнанне, і ягоны метад вымярэнняў быў прыняты іншымі назіральнікамі. Цэраскі распаўсюдзіў свае фотаметрычныя даследванні на зорныя скупнасці h і x Пярсея (у 1891- 1893 гг.) і ў сузор’і Валасы Веранікі (1897-1901 гг.). У першай скупнасці ім з вялікай дбайнасцю былі вызначаны зорныя велічыні 70 зорак ад 6,4 m да 8,0 m і многіх больш слабых, да 13,2 m. У Валасах Веранікі ён вызначыў зорныя велічыні 82-х фундаментальных зорак ад 6,4 m да 8,0 m і многіх зорак да 13,5 m. У 1906 г. ён адкрыў зменную зорку RW Вознага. Так сама ім быў знойдзены адзін з відаў выбуховых зорак – падвойная зорка – U Блізняцоў.
Цэраскі цікавіўся пераважна распрацоўкай метадалогіі. Самі аб’екты даследавання цікавілі яго вельмі мала. Так, напрыклад, у 1879 і 1880 гг. ён выпадкова адкрыў дзве новыя зменныя зоркі: U і Т Цэфея. Нягледзячы на тое, што тады такіх аб’ектаў было вядома яшчэ не шмат, Цэраскі не зацікавіўся высвятленнем закона змены бляску гэтых зорак (пасля высветлілася, што першая з іх тыпу Алголя, другая – доўгаперыядычная зменная). Таксама мала цікавіла яго фізічная прырода і іншых зменных і новых зорак, якія ён назіраў. Ён працяглы час вымяраў сваім фатометрам бляск новай зоракі ў Возным ў 1892 г. і ў Пярсеі 1901 г. Для першай з іх ён атрымаў дакладныя вымярэнні бляску за 16 дзён, прасачыўшы змены яе бляску ад 5-й да 12-й зорнай велічыні, але крывую бляску пабудаваць не спрабаваў. Відавочна, што ён бачыў сваю задачу ў рашэнні іншых пытанняў, і тым не менш 10 ягоных артыкулаў прысвечаны зменным і новым зоркам.
Не раз Цэраскі звяртаўся да назіранняў метэораў і, пачынаючы з 1878 г., прысвяціў ім сем артыкулаў. Ён прапанаваў вызначаць каардынаты метэорнага радыянту не звычайным спосабам – графічна, а аналітычна, больш дакладна. Потым Цэраскі склаў карту вобласці неба ў сузор’і Пярсея для нанясення на яе шляхоў метэорнага струменя Пярсеідаў. Гэтая карта шырока выкарыстоўвалася назіральнікамі і была выдадзена двойчы. У 1898 г. Цэраскі прапанаваў дасціпны інструментальны метад вызначэння вуглавой хуткасці метэораў.
Ён звярнуў увагу на выгоды назірання абоімі вачамі і прапанаваў злучэнне дзвюх астранамічных труб у “астранамічны бінокль”. Як толькі ў яго рукі трапіў новы ў той час тып бінокля – прызмавы бінокль, яшчэ мала святласільны, з малымі аб’ектывамі, ён прыдумвае новы тып бінокля для астранамічных назіранняў, які складаецца з дзвюх труб сістэмы Кеплера з аб’ектывамі па 30 мм дыяметрам і павялічэннем ў чатыры разы. Навядзенне на фокус з улікам адрознення ў зроку абоіх вачэй назіральніка ажыццяўлялася дадатковым перасоўваннем аднаго з аб’ектываў. У яго можна было ўбачыць зоркі да 8,5 велічыні. Лёгкі алюміневы корпус рабіў гэты бінокль зручным ва ўжыванні. Гэты прыбор шырока рэкамендаваўся аматарам астраноміі. Астранамічныя біноклі і зараз з’яўляюцца любімымі прыборамі аматараў астраноміі.
Павялічаная абсерваторыя, запатрабавала наяўнасці ў кожнай вежы дакладнага астранамічнага гадзінніка і Цэраскі вынаходзіць спосаб электрычнага параўнання маятнікаў і паверкі ходу гадзіннікаў.
Частковае сонечнае зацменне 1897 г. навяло яго на думку аб магчымасць выявіць сляды месяцавай атмасферы пры даследаванні бачных дэфармацый сонечных плям поблізу месяцавага краю.
Метады вывучэння Сонца таксама ўвесь час цікавілі Цэраскага. Ён апублікаваў тры серыі вызначэнняў каардынатаў сонечных плям. Для вызначэння дакладнага маштабу здымкаў на геліёграфе ён прыдумаў адмысловую касету, на якую дасціпным спосабам “перанёс” ніці акуляра пасажнай прылады, вуглавая адлегласць паміж імі была старанна вызначана праз назіранні зорак.
У 1906 г. Цэраскі вынаходзіць просты акуляр для дэталёвага вывучэння сонечных плям, які дае магчымасць назіраць не дыяфрагмуючы аб’ектыў. З гэтым акулярам Вітольд Карлавіч назіраў у 15-ці цалевы рэфрактар тонкія дэталі сонечнай паверхні, аб назіраннях з акулярам сваёй канструкцыі ён напісаў: “У траўні – чэрвені бягучага года я назіраў сонечныя плямы з нашым 15-цалевым рэфрактарам, пры цалкам адкрытай адтуліне, павелічэнне было 435 разоў. У нашым клімаце выгляд Сонца … надзвычай дрэнны, толькі на працягу кароткіх імгненняў яно бывае спакойным, і тады на паверхні Сонцы і ў плямах бачна дзіўная колькасць дэталяў ... цені плям уяўляліся мне як густыя аблокі цёмнага сіне-фіялетавага колеру, дно іх было далёка не аднастайным ... можна было адрозніць вельмі розныя адценні ... Цені мелі па краях вялікую колькасць тонкіх прыдаткаў, падобных на зубцы грабянца, тонкія карані ці лапкі казуркаў ... 25-26 траўня я бачыў асляпляльнае воблака якое плыло над плямай, … яно мне здалося жаўтлявым і больш яркім, чым паверхня Сонца. 20 траўня такое ж воблака зусім змяніла сваю структуру за 24 гадзіны і з зусім аднастайнага стала касмыкаватым. Часам былі прыкметныя доўгія паходні, якія праходзяць праз паўцень ... 19 траўня на ўсходнім краі з’явілася група плям, вакол якіх перапляценне паходняў праектавалася на грануляваную паверхню Сонца. Было відавочна, што ніякая замалёўка не можа перадаць усе гэтыя тонкія дэталі, гэтак жа, як і ніякі фатаграфічны працэс не можа перадаць усе бясконцыя градацыі адценняў, пачынаючы ад асляпляльнага святла паходняў і заканчваючы вельмі цёмнымі адценнямі ўнутранасці плям”.
Імя Цэраскага назаўжды злучана з адкрыццём рэдкай і вельмі прыгожай з’явы ў атмасферы Зямлі – серабрыстых аблокаў. Некаторыя згадванні пра начныя аблокі, якія свецяцца, сустракаюцца ў працах еўрапейскіх навукоўцаў 17-18 ст. але яны маюць адрывісты і невыразны характар. А першаадкрывальнікамі гэтай з’явы лічацца Т. Бэкхаўс (Backhouse T.W.) які назіраў іх 8 чэрвеня ў Кісінгэне (Нямеччына), і астраном Маскоўскага універсітэта Вітольд Карлавіч Цэраскі, які назіраў іх незалежна ад Бэкхаўса ўвечар 12 чэрвеня (па новым стылі) 1885 г. Цэраскі не спяшаўся з публікацыяю атрыманых вынікаў. Ён зрабіў гэта толькі праз два гады, але паведамленне пра незвычайную з’яву прайшло незаўважаным.
Вось як адкрыццё апісвае сам адкрывальнік у артыкуле “Аб аблоках, якія свецяцца”:
“У 1885 г., каля летняга сонцастаяння, намі былі заўважаны зусім асаблівыя аблокі, названыя пасля свецяшчыміся ці серабрыстымі аблокамі.
Што да іх з’яўлення, то я дакладна ведаю, што да 4 чэрвеня 1885 г. мы іх ніколі не бачылі …
Вяртаючыся аднойчы ў адзін з гэтых дзён досвіткам з шпацыру, мы ўбачылі неба ў незвычайным стане; было бачна – адбываецца нешта, што трэба назіраць, хоць метэаралогія і не ўваходзіць у праграму працы Абсерваторыі.
Палова неба да зеніту была пакрытае шчыльным пластом зусім новых для нас аблокаў. З’ява была тады ў максімуме ... яе навізна прымусіла нас страціць найболей цікавыя і спрыяльныя імгненні. Шмат разоў з таго дня мы бачылі і фатаграфавалі вельмі цікавыя аблокі, але гэта былі ўжо толькі рэшткі, якія не давалі ніякага ўяўлення пра з’яву ў яе максімальным развіцці.
Назіранне дазволіла нам адкрыць некаторыя вельмі характэрныя ўласцівасці згаданых аблокаў.
24 чэрвеня 1885, як сказана вышэй, мы спрабавалі вызначыць іх вышыню, назіраючы з двух пунктаў, аддаленых на 10 км адзін ад аднаго, і знайшлі, што гэтая база замалая, гэта паказвала на вялікую вышыню аблокаў. Назіранні 26 чэрвеня далі нам вертыкальную вышыню каля 75 км. Хутка мы зразумелі, што аблокі, якая б ні была іх колькасць, не бачныя ні днём ні ўначы; яны бачныя толькі пры адпаведным становішчы Сонца пад гарызонтам, пры ранішняй ці вячэрняй заранцы.
У гэтую гадзіну разгортваецца дзіўная карціна: на зусім ясным небе з’яўляюцца аблокі, і праз некаторы час яны становяцца нябачнымі. Я падкрэсліваю тое, што яны не знікаюць, але толькі становяцца нябачныя, гэта я ўстанавіў з упэўненасцю, назіраючы іх простым вокам і ў трубу са слабым павелічэннем.
Калі ўвечар аблокаў шмат, то на паўночным захадзе над кропкаю, дзе зайшло Сонца, утвараецца сегмент, які свеціцца і, змяняючыся патроху ў памерах, павольна перасоўваецца на поўнач. Апоўначы вышыня сегменту больш не змяняецца, і гэта самы спрыяльны момант каб рабіць назіранні, замалёўкі ці фатаграфаванні.
Аблокі, нягледзячы на іх яркасць, вельмі празрыстыя; не адзін раз я бачыў, як яны праходзілі перад зоркамі, не памяншаючы іх бляску. Гэта паказвае, што паглынанне света малое, але ўсё ж існуе і ўплывае на фотаметрычныя назіранні. Малая колькасць маіх астранамічных назіранняў за апошні час тлумачыцца менавіта прысутнасцю гэтых аблокаў.
Пачынаючы з 1885 г. мы іх бачылі кожнае лета. У мінулым, 1889 годзе я ўбачыў іх у першы раз 9 чэрвеня, у 11 вечара, каля гарызонту на паўночным захадзе, але да поўначы яны зніклі …”.
Вялікую вядомасць атрымалі працы Цэраскага па вызначэнні тэмпературы паверхні Сонца. Напачатку 90-х гг. ХІХ ст. пытанне пра тэмпературу Сонца было яшчэ спрэчным. Дзеля вызначэння тэмпературы Сонца навукоўцы звярталіся да розных спосабаў і атрымлівалі зусім розныя вынікі.
У 1889 г. на Сусветнай выставе ў Парыжы дэманстраваліся вырабы французскай аптычнай прамысловасці. Сярод іх, па словах наведвальніка выставы В.К. Цэраскага, “у аптычным аддзеле мімаволі звяртала на сябе ўвагу велічынёю і дасканаласцю ўвагнутае люстэрка”.Пасля парыжскае выставы гэтае люстэрка дэманстравалася сярод экспанатаў фірмы “Жэтліф і Сымон” на французскай выставе ў Маскве ў 1891 г., па заканчэнні якой па рэкамендацыі сябра Сталай Камісіі аддзела Прыкладной фізікі Палітэхнічнага музея В.К. Цэраскага люстэрка было набыта для Палітэхнічнага музея ў Маскве.
Для правядзення даследаванняў на гэтую тэму ў траўні 1894 г. Цэраскі атрымаў дазвол узяць набытае Палітэхнічным музеем люстэрка ва ўніверсітэцкую абсерваторыю і правёў з ім шэраг доследаў у траўні 1894 г. Па меркаванні Цэраскага, тэмпература ў фокусе люстэрка магла служыць “зыходнаю кропкаю для меркаванняў пра тэмпературу Сонца”. Люстэрка ўстаўлялася ў простую драўляную раму на шарнірах і ўраўнаважвалася цэглаю. Назіральнік трымаў у фокусе ўзор, які падвяргаўся плаўленню. Падчас доследаў прамяні Сонца, сабраныя люстэркам, расплаўлялі амаль імгненна ўсе металы і мінералы (ад плаціны да карунду), нават вапну. Зыходзячы з гэтага Цэраскі ацаніў тэмпературу ў фокусе люстэрка, як ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца, у 3500° С. Затым з дапамогаю люстэрка былі сабраны промні ад электрычнай дугі з вядомай тэмператураю роўнай 3500° С. Электрычную дугу ўсталёўвалі на такой адлегласці ад люстэрка, каб яе малюнак у фокусе атрымліваўся такім жа па памерах, як малюнак Сонца ў папярэднім доследзе. У фокус уносіліся розныя лёгкаплаўкія рэчывы. У гэтым выпадку тэмпература ў ім складала каля 150° С. Такім чынам, было пацверджана, што тэмпература ў фокусе люстэрка складае толькі малую частку тэмпературы крыніцы. У выніку апрацоўкі вынікаў Цэраскі вызначыў: тэмпература паверхні Сонца – больш за 6000° С, што адпавядае вынікам сучасных вымярэнняў. У памяць аб гэтым не складаным, але выдатным эксперыменце, дазволіўшым яшчэ 100 гадоў назад устанавіць ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца, рэфлектар французскае фірмы “Жэтліф і Сымон” ў Палітэхнічным музеі носіць памятную назву «Люстэрка Цэраскага».
Стварыў Цэраскі і простую канструкцыю сонечнага тэрмаэлектрагенератара. Тэрмабатарэя гэтага генератара складалася з 25 ідэнтычных элементаў. Батарэя змяшчалася ў драўляную раму, прамежкі паміж сценкамі і элементамі генератара запаўняліся ватаю. Рама ў шкляной скрыні была размешчана так, каб гарачыя пласты тэрмабатарэі знаходзіліся пад шклом, а халодныя – на адкрытым паветры, што дазваляла дасягнуць у сонечны дзень рознасці тэмператураў паміж імі у 50 °С. Магутнасць генератара была невялікая – яе хапала толькі на прывядзенне ў дзеянне электрычнага званка. В.К. Цэраскі сцвярджаў, што “тэрмаэлектрычны слуп пры сваёй вельмі простай канструкцыі ўяўляе сабою самы лепшы сродак утылізаваць сонечнае цяпло”.Асабліва яго прыцягвала ідэя “пакрыць пустэльныя схілы гор скалістага берага Крыма, залітыя сонечным святлом, тэрмаэлектрычнымі слупамі, якія будуць паглынаць сонечныя прамяні і дадуць магчымасць выкарыстоўваць іх”.Аднак вырашыць праблему сонечнае тэрмаэнергетыкі ў той час было не пад сілу з прычыны недастатковага развіцця навукі і тэхнікі. Таму ідэі В.К. Цэраскага пачынаюць увасабляцца ў жыццё толькі ў наш час.
У XІХ ст. яшчэ не было вырашана пытанне пра велічыню сціску Сонца і меркавалася часавая змена яго формы. Для рашэння гэтага пытання Цэраскі прыдумаў і пабудаваў адмысловы геліёметр.
Складанай навуковай задачай у той час было вызначэнне яркасці Сонца. Праблема складалася ў велізарнай розніцы ў яркасці Сонцы і звычайных зорак. За гэтую цяжкую задачу браліся да яго толькі нямногія даследнікі, і праца Вітольда Карлавіча выканана найболей старанна. Бляск Сонцы быў аслаблены праз адлюстраванне яго прамянёў ад шаравой шкляной паверхні. Гэты бляск параўноўваўся днём пры дапамозе фатометра з бляскам планеты Венеры, а па заходзе Сонца бляск Венеры параўноўваўся фатометрам з бляскам абраных зорак. У 1903 г. гэтым арыгінальным спосабам ён вызначыў бачную зорную велічыню Сонца у – 26,5 m. (адрозніваецца ад сучаснай на 0,1 m.).
З канца XIX ст. фірма – вытворца складанай механікі оптыкі “Фірма Трындзіных” цесна супрацоўнічала з вядомым астраномам Вітольдам Карлавічам Цэраскім. Пад кіраўніцтвам дырэктара абсерваторыі былі распрацаваны некалькі канструкцыяў штатываў для тэлескопаў і асвоена іх вытворчасць. У рэкламным праспекце фірмы адзначалася: “У апошні час у Расіі зацікавіліся астраноміяй. Таму нашая фірма задалася мэтаю стварыць тып таннага і ў той жа час найбольш зручнага партатыўнага штатыва для астранамічных трубаў. Мы мелі на ўвазе астраномаў – аматараў, якім вельмі важна мець штатыў, лёгка пераносны і ў той жа час зручны”.Фірма пад кіраўніцтвам Цэраскага асвоіла выпуск штатываў для астранамічных трубаў з адтулінамі аб’ектыва 61-108 мм і 110-130 мм. Дапамог астраном і з абсталяваннем прыватнай абсерваторыі Трындзіных у Маскве па апошнім слове тагачаснае тэхнікі. Навуковец добра паставіўся да справы будаўніцтва і адкрыцця новай маскоўскай агульнадаступнай абсерваторыі Трындзіных, бо падчас працы ў абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта яму даводзілася нярэдка адмаўляцца ад правядзення заняткаў з вучнямі сярэдніх навучальных установаў з-за недахопу часу і месца.
У гады рэвалюцыі 1905 г. абсерваторыя падвяргалася рэальнай небяспеке з-за блізкіх баёў, а таксама з прычыны таго, што менавіта ў ёй знаходзілася бальшавіцкая таемная «яўка», якая ўзначальвалася супрацоўнікам абсерваторыі П.К. Штэрнбергам (партыйны псеўданім «Месяцовы», пра што Цэраскі не падазраваў.
Навуковая дзейнасць Цэраскага атрымала ўсеагульнае прызнанне. У 1914 г. ён быў абраны членам – карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі Навук. Быў гэтак жа сябрам Маскоўскага матэматычнага таварыства і ганаровым сябрам Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды. Ён актыўна удзельнічаў у жыцці навуковых таварыстваў.
Польскі даследчык Пшэмыслаў Рыбка са здзіўленнем піша, што Цэраскі яшчэ ў 1901 г. адмовіўся ад прапановы Ягелонскага універсітэта ўзначаліць кафедру астраноміі. Між іншым гэты факт сведчыць аб тым, што ўжо на пачатку ХХ ст. яго ведалі ў Еўропе, і аб сталых кантактах з польскімі астраномамі.
Цэраскі цікавіўся гэтак жа і гісторыяй астраноміі XVI і XVII стагоддзяў. Ён наведаў месцы дзе працавалі Капернік і Ціха Браге і напісаў артыкул аб сваіх папярэдніках. У артыкуле пра Каперніка і Ціха Браге Цэраскі дарэчы адзначаў, што “перавароту ў навуцы, роўнага па значэнні перавароту, зробленаму Капернікам у гісторыі навукі, ужо быць не можа. Калі падобнае наогул магчыма, дык толькі ў вобласці так званых псіхічных з’яваў”.
У 1887 г. Маскоўскае матэматычнае таварыства сумесна з таварыствам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі ўрачыста адзначыла 200-годдзе з дня выхаду працы І. Ньютана “Матэматычныя пачаткі натуральнай філасофіі”. 20 снежня 1887 г. з дакладам “Ньютан як творца нябеснай механікі” выступіў астраном В. К. Цэраскі. Яго даклад па структуры і манеры выкладу, з’явіўся яркім прыкладам прамоўніцкага мастацтва, узорам публічных выступаў, характэрных для гэтага навукоўца.
Пра публічныя лекцыі Цэраскага, як гэта ні дзіўна, не захавалася звестак да 1887 г., хоць неверагодна, каб бліскучы лектар, не выступаў з імі. Часцей за ўсё ён выступаў у Таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Яно падзялялася на некалькі аддзяленняў. Адно з іх, фізічнае, на сваіх пасяджэннях збірала масквічоў, якія цікавіліся фізікай. Паведамленні па фізіцы вельмі часта суправаджаліся дэманстрацыямі; бывалі таксама паведамленні па механіцы і па астраноміі, дакладчыкам на астранамічныя тэмы быў Цэраскі. Актыўна выступаў ён з публічнымі лекцыямі ў Палітэхнічным і Гістарычным музеях перад навучэнцамі гімназіяў і школаў. Мноства яго артыкулаў, прысвечаных папулярызацыі астранамічных ведаў, былі апублікаваныя ў часопісах “Свет Божы”, “Русская мысль”, “Навуковае слова”, “Рускі астранамічный каляндар”. Вітольд Карлавіч усяляк дапамагаў першаму ў Расіі аб’яднанню аматараў астраноміі – Ніжагародскаму гуртку аматараў фізікі і астраноміі. Пачынаючы з 1901 г., ён сам становіцца супрацоўнікам Астранамічнага календара і змяшчае ў ім шэраг артыкулаў. У сваіх артыкулах для аматараў астраноміі ён засяроджваўся не толькі на спецыфічных астранамічных тэмах але і шукаў адказы на “вечныя пытанні” : ”Зорнае неба, біялагічныя з’явы ў цесных межах Зямлі і духоўная дзейнасць у нас саміх, разам узятыя, спараджаюць паняцце пра Сусвет, хоць і смутнае і ў вышэйшай ступені няпоўнае... Але бясконцасць даступна сузіранню чалавека толькі на зорным небе, прытым бясконцасць сапраўды тут прысутнічае, і не як гіпотэза ці здагадка, а адгэтуль ужо паняцце пра яе, законным і неабходным чынам распаўсюджваецца на сукупнасць жыццёвых і іншых працэсаў у прыродзе”.Цэраскі лічыў што: “ ...астраном ... павінен ведаць усе тонкасці сучаснай астранамічнай... практыкі... Але ніколі, ні на хвіліну ён не павінен забываць, што ён павінен быць навукоўцам, мысляром, прыродазнаўцам – філосафам, наколькі гэта дазваляюць яго сілы і здольнасці...”.
Цэраскі завёў нядзельныя зборы ўсіх супрацоўнікоў абсерваторыі для навуковых дакладаў і вольнага абмеркавання ўсякіх пытанняў, звязаных з навуковай працай абсерваторыі. Ён хацеў чуць меркаванні іншых, бывалі гарачыя спрэчкі, якія перапыняліся дасціпнымі і лагоднымі заўвагамі Вітольда Карлавіча, часам даходзіла да галасавання, і быў выпадак, калі Вітольд Карлавіч выканаў жаданне грамады, хоць сам галасаваў супраць. Адносіны Цэраскага да супрацоўнікаў былі самыя добразычлівыя, і нават патрабаванні выказваліся ў мяккай, пераконвальнай, а не загаднай форме. Гэта стварала на абсерваторыі незвычайна добрую атмасферу ўзаемнага разумення і даверу. Каб згуртаваць астраномаў у адну сям’ю, Цэраскі прыдумаў “свята абсерваторыі”. Свята адбывалася штогод увечар 25 снежня. Да 9-й гадзіны ў кватэры Вітольда Карлавіча збіраліся астраномы і “сябры абсерваторыі”. У сярэдзіне вячэры гаспадар уставаў і, адзначыўшы заслугі ранейшых дырэктараў, партрэты якіх віселі на сцяне, даваў своеасаблівую справаздачу аб навуковай дзейнасці абсерваторыі ў мінулым годзе і выказваў пажаданні для кожнага на будучы год. Майстар слова ўмеў у прыгожай, дасціпнай форме нешматлікімі словамі вызначыць задачы для ўсіх, ад сябе, дырэктара, да самага малодшага супрацоўніка, якім нярэдка бываў студэнт. Пасля таго хто-небудзь з прысутных астраномаў прамаўляў тост у гонар Вітольда Карлавіча, і своеасаблівая “афіцыйная” частка свята заканчвалася, пачыналася нязмушаная гутарка, якая доўжылася да нявызначанага часу.
Цэраскі ўважліва кіраваў працай іншых супрацоўнікаў, даючы ім значную свабоду ў выбары тэмы працы, але ж заўсёды клапаціўся пра тое, каб праграмныя тэмы абсерваторыі выконваліся дакладна.
Сучаснікі адзначалі яго асабістую культуру, высокі інтэлект, спагадлівасць да людзей. Цёпла ён ставіўся да маладых навукоўцаў, простых супрацоўнікаў абсерваторыі, падтрымліваў сувязь са студэнтамі – беларусамі і адгукаўся на іх патрэбы. Сярод ягоных вучняў два сусветна вядомыя астраномы, якія нарадзіліся ў Беларусі Ціхаў Г.А. (з Смалявіч пад Менскам) і Блажко С.Н. (г. Хоцімск, Магілёўская вобласць). Дапамагаў і зусім невядомым маладым людзям якія мелі жаданне атрымаць адукацыю і шукалі ў яго падтрымкі. Захаваліся ўспаміны Зотава Ф.Я. які пісаў: “У 1911 г. я, просты хлапчук з “глухой вёскі”, бацька якога ўмеў толькі чытаць “па складах” (менавіта так у рускім тэксце, не “по слогам” а “па складах”), працуючы ў карчме, прачытаў папулярны артыкул Цэраскага і напісаў яму ліст з просьбаю пасадзейнічаць у атрыманні адукацыі”.Праз некаторы час да Зотава зайшоў сын прафесара са сваім сябрам і запрасіў яго да сябе дахаты. Цэраскі пагаварыўшы з маладым чалавекам, даў яму праграму самападрыхтоўкі і падручнікі. Праз некалькі месяцаў па просьбе прафесара маладога чалавека праэкзаменаваў Блажко С.Н. Прафесар пасадзейнічаў паступленню на двухгадовыя 1-я Маскоўскія электратэхнічныя курсы. Зотаў так апісаў вядомага астранома: “І вось у першы раз я ўбачыў Вітольда Карлавіча. Ён запрасіў сесці насупраць яго. Я ўбачыў перад сабою чалавека з сіваватымі хвалістымі валасамі, з адкрытым светлым тварам і вачыма, якія як бы выпраменьвалі святло. Усё аблічча Вітольда Карлавіча было адухоўленым. Словам, я бачыў перад сабою чалавека, якім у маім тагачасным уяўленні і павінен быў быць усякі вялікі навуковец”.
Кола зносінаў Цжраскага не абмяжоўвалася навукоўцамі. Ён не быў вузкім адмыслоўцам, яго жывы розум цікавілі літаратура, мастацтва, гісторыя; паступова ён становіцца часткай навукова – літаратурнага гуртка моладзі, прыцягваючы да сябе сваім таварыскім характарам, разнастайнасцю інтарэсаў і досціпам гутарак. Вось як сведчыў пра гэта ў сваіх успамінах акадэмік А. А. Белапольскі: “Я быў і яго (Цэраскага) вучнем, і яго таварышам. Незабыўныя гады нашага сумеснага знаходжання ў Маскоўскай абсерваторыі, калі ў нас утварыўся гурток моладзі, злучанай агульнымі інтарэсамі навукі, мастацтвы і жыцця, глыбока хвалявалі мяне ў часы майго наступнага жыцця. Лідарам гэтага гуртка заўсёды быў Вітольд Карлавіч. Ён … задаваў тэмы нашым навуковым і жыццёвым спрэчкам, уносіў ажыўленне ў іх разумнымі заўвагамі, выклікаў крытыку да прачытанага, ён быў душою нашага гуртка; часта прыцягваў ён да нас і маладых людзей звонку: да яго заўсёды імкнуліся знаёмыя бо ведалі, што вечар, праведзены ў Вітольда Карлавіча, пакіне ў душы ўцешнае ўражанне... Каля яго збіраліся самыя выбітныя людзі ў Маскве ... усе яны былі тады маладымі людзьмі, бліскалі сілаю і талентамі. Сапраўды я лічу адмысловым шчасцем, што першыя крокі майго жыцця працяклі ў гэтым бліскучым асяроддзі, у цэнтры якой быў Вітольд Карлавіч. Гэтую здольнасць прыцягваць да сябе людзей Вітольд Карлавіч захаваў на ўсё сваё жыццё”.Белапольскі, пісаў, што ўжо ў 80-х гадах ХІХ ст. вакол Цераского ўтварыўся шматлікі гурток навукоўцаў, артыстаў, мастакоў. А. А. Белапольскі пералічвае толькі некаторых удзельнікаў гуртка з ліку навукоўцаў і філосафаў: К.А. Андрэеў, Н.Я. Жукоўскі, Н.І. Карэеў, М. С. Карэлін, Л. М. Лапацін, Б. К. Младзееўскі, В. С. Салаўёў. Але і па гэтых імёнах відаць, што ў коле сябраў былі інтэлектуальныя лідэры грамадства таго часу. Многія з гэтых дзеячоў потым увайшлі ў склад Маскоўскага псіхалагічнага таварыства і бралі ўдзел у яго часопісе “Пытанні філасофіі і псіхалогіі”.
Вялікае сяброўства злучала Цэраскага з вядомым паэтам Максіміліянам Валошыным. Яны пазнаёміліся ў 1907 г. пад час адпачынку ў Крыме. Паэт быў аматарам астраноміі і шматлікія госці, якія бывалі ў М. Валошына ў Крыме (Кактэбель), па вечарам падымаліся на адмыслова зробленую над хатай назіральную пляцоўку – абсерваторыю, каб паглядзець на Месяц, зоркі, планеты, паслухаць у выкананні ветлівага гаспадара вершы пра Сусвет. Акрамя Цэраскіх, у М. Валошына у розны час гасцявалі выбітныя дзеячы культуры: І. А. Бунін, Ф. І. Шаляпін, А. Н. Талсты, М. А. Булгакаў, А.Н. Скрабін, В. Я. Брусаў.
У архіўным фондзе В. К. Цэраскага, які захоўваецца ў Пецярбургскім архіве АН РФ (фонд № 716), захаваліся два рукапісныя сшыткі, што змяшчаюць нататкі Цэраскага па грамадска – палітычных пытаннях. Першы з іх сшыткаў мае 37 старонак, нататкі ў гэтым сшытку адносяцца пераважна да падзей 1886 г. ці да больш ранніх. На вокладцы сшытка значыцца: “De rebus omnibus” (“Пра загадку амнібуса”, літаральна - “Пра ўсеагульную загадку”. Другі сшытак ў 16 старонак з нататкамі аб падзеях канца 1890-х – пачатку 1900-х гг. Усе запісы ў сшытках зроблены “для сябе” і адкрываць унутраны свет нашага земляка. Цэраскі быў далёкі ад палітыкі. Ён лічыў, пісаў пра гэта ў сшытках, што справа прафесара – аддаваць усе сілы сваёй кафедры, няўхільна выконваць абавязкі навукоўца і настаўніка. Але Цэраскі нарадзіўся ў Беларусі. Ён быў плямяннікам паўстанца 1863 г. і яшчэ вучнем Слуцкай гімназіі стаў сведкам рэпрэсій царскага ўраду. Стаўшы потым навукоўцам і прафесарам, стаў сведкам палітыкі русіфікацыі народаў Расіі. Нядзіўна, што нацыянальна – патрыятычныя разважанні складаюць галоўную частку запісаў у сшытках Цэраскага.
У першым сшытку чытаем: “Патрыятызм можна падтрымліваць гістарычнымі ўспамінамі. Ён, уласна кажучы, нічога матэрыяльнага не патрабуе. Але страта незалежнасці, наогул, забівае народ, таму што сціскае сферу дзеяння, таму што пазбаўляе магчымасці задавацца гістарычнымі задачамі і перспектывамі. Толькі Радзіма, перад велічэзнымі цяжкасцямі, натхняе чалавека і грамадства”.Пасля гэтага ён піша: “Патрыятызм, да яго я дайшоў досведам і назіраннем, ёсць сіла і запатрабаванне такое ж несумнеўнае і натуральнае, як запатрабаванне дыхаць. Патрыятызм выяўляецца і ў хвіліну страты, і ў хвіліну роздумаў аб страце незалежнасці”.Цэраскі пісаў гэтыя радкі ў той час, калі руская публіцыстыка, у тым ліку “Маскоўскія ведамасці” Каткова М. Н., абвяшчала “палякаў” лютымі ворагамі рускае дзяржаўнасці. Зразумела, што Каткоў быў законным і натуральным аб’ектам непрыязнасці Цэраскага, які пісаў у тым жа сшытку, відавочна, пад жывым уражаннем чытання “Маскоўскіх ведамасцяў: “Каткоў усё расце, ён і багаслоў, і філосаф, і юрыст, і фінансіст, і палітык, і філолаг з філолагаў, і патрыёт. Думаюць, што ён святы і прарок. Перад усімі прарокамі ў Каткова вялікая перавага – тых гналі, а яго берагуць. Добра быць паліцэйскім святым і жандармскім прарокам”. “Рускіх няма, ёсць антыпалякі. Калі нацыя дойдзе да самасвядомасці, калі будуць рускія, дык паладзіць з імі будзе не цяжка”.
Як навуковец і прафесар Цэраскі асабліва востра рэагуе на падзеі жыцця, яго хвалюе палітыка ўраду ў асвеце: “Ордэны, чыны і месцы даюцца прафесарам за так званыя адміністрацыйныя здольнасці. Гэта дрэнна, бо яны (г. з. такія прафесары) з’яўляюцца прадстаўнікамі ўніверсітэта, не быўшы носьбітамі яго ідэі ... універсітэт і інспекцыя зваротна прапарцыйянальныя”.Ён з абурэннем прыводзіць выняткі з водгукаў гімназічнага начальства аб абітурыентах, выхаванцах гімназіяў, паступіўшых ва ўніверсітэт: “NN ніякіх кнігаў не чытае, наогул вучань узорны ... NN - вальнадумец, чытае Спенсара”.
Нататкі 80-х гадоў, адлюстроўваюць цікавасць Цэраскага да міжнародных спраў і трывогу з нагоды ўзмацнення германскага мілітарызму. Цэраскі занатаваў: “У Турцыі – прускія інструктары ў войску, у Кітаі – прусакі, усюды прусакі”. “У імя чаго, –пытае Цэраскі , – будзяць яны спячую сілу ўсходніх народаў, што даюць ім, чаму вучаць?”.У сувязі з выступам на юбілеі Гейдэльбергскага універсітэта германскага кронпрынца, які гаварыў пра значэнне ўніверсітэтаў для выпрацоўкі разумовай дысцыпліны, Цэраскі заўважае: “Што мае на ўвазе пад разумоваю дысцыплінаю спадар прускі салдат?”.
У пазнейшых нататках Цэраскага мы знаходзім і водгук на замах на жыццё міністра народнай асветы Багалепава ў 1901 г. Непасрэднай нагодаю да замаху былі высілкі Багалепава па аддачы ў салдаты студэнтаў за ўдзел ва ўніверсітэцкіх хваляваннях. Запісы Цэраскага зроблены пад непасрэдным уражаннем артыкула ў “Маскоўскіх ведамасцяў”, у якім давалася апалагетычная характарыстыка Багалепава і, у прыватнасці, сцвярджалася, што ён заўсёды дзейнічаў “падпарадкоўваючыся сумленню”. З гэтай нагоды Цэраскі заўважае: “Сумленне таго ці іншага чалавека не ёсць крытэр справядлівасці і праўды. Выключна толькі сумленню падпарадкоўваліся фанатыкі, прыгнятальнікі, найвялікшыя злачынцы і вылюдкі... Падобным чынам Рачынскі, цалкам шаноўны чалавек, хваліў Мураўёва за тое, што той расстраляў графа Плятэра ўжо пасля царскага памілавання. І для яго, зусім сумленнага рускага чалавека і прытым дбайнага супрацоўніка “Пытанняў філасофіі і псіхалогіі”, мяжы паміж дабром і злом не існуе”. Наступны за гэтым запіс “Вянок на магілу Багалепава” (памёр ад атрыманага ранення), у якім Цэраскі па пунктах фармулюе вынікі дзейнасці Багалепава і шкоду, якую ён зрабіў справе развіцця навукі і асветы і, у прыватнасці Маскоўскаму універсітэту. Асабліва адзначае “дзікі і тупы пераслед палякаў, армянаў і г. д.”.Цэраскі ўспамінае, што ў 1898 г., пры прызначэнні В. І. Вернадскага прафесарам, Багалепаў, тады апякун Маскоўскай навучальнай акругі, выклікаў Вернадскага да сябе і заявіў яму, што яго прызначаюць не за навуку (навука – справа Акадэміі навук) і што прафесар павінен узгадняць свае дзеянні з поглядамі ўраду і выхоўваць студэнтаў “у вядомым кірунку”. “Скажам ад сябе, што падобны погляд на ўніверсітэты ёсць найвялікшае няшчасце і згуба ўніверсітэтаў. Ганенне навукі – сапраўднай, вольнай, глыбокай – зробіць універсітэт найгоршай са школаў, бо ён пазбаўлены рамеснае, тэхнічнае асновы”.
Цэраскі ў перыяд 1889-1911 гг. быў сябрам Рады Маскоўскага універсітэта і яго ўдзел у ўніверсітэцкіх справах быў актыўным. У 1901 г. Цэраскі ўваходзіў у склад камісіі, абранай Радай Маскоўскага ўніверсітэта для разгляду пытанняў пра неабходныя пераўтварэнні ва ўніверсітэтах. У 1904-1905 гг. у вельмі складаным становішчы Цэраскі ўзначальваў камісію Рады па справах студэнцкіх установаў. Вітольд Карлавіч востра рэагаваў на разгром Маскоўскага ўніверсітэта ў 1911 г., ён далучыўся да прафесараў, якія выступілі з пратэстам супраць разгрому ўніверсітэта. Ён спыніў чытанне лекцыяў ва ўніверсітэце і захаваў за сабою толькі абсерваторыю.
Здароўе Вітольда Карлавіча заўсёды было слабым і патрабавала сталай увагі з боку сям’і. Прыкладна каля 1910 г. у яго пачала выяўляцца хвароба, якую лекары так і не змаглі вызначыць дакладна. Хвароба выяўлялася паступова, павольна павялічвалася агульная фізічная слабасць, тым часам як розум захоўваў поўную працаздольнасць. Цэраскі адчуваў, што сілы сыходзяць, і спяшаўся дапісаць свае працы (яны склалі VI том 2-й серыі “Прац Маскоўскай астранамічнай абсерваторыі”). У 1916 г., па патрабаваннях лекараў, ён вырашыў скласці з сябе кіраванне абсерваторыяй і пераехаць з жонкай у Феадосію, дзе, як усе спадзяваліся, паўднёвае сонца ўмацуе яго здароўе. Тут і заспела яго рэвалюцыя і грамадзянская вайна.
Зотаў Ф.Я. успамінае: “Пасля дэмабілізацыі я адправіўся на Поўдзень … у той час немцы займалі Ўкраіну, і я, хаваючыся ад іх, апынуўся ў Феадосіі. Цэраскія прынялі мяне, як роднага сына. Матэрыяльнае становішча сям’і Цэраскіх тады было няважным. Вітольд Карлавіч па стане здароўя не мог працаваць. Увесь цяжар клопатаў пра здабыванне сродкаў ляжаў на Лідзіі Пятроўне. Яна выкладала ў настаўніцкім інстытуце і давала шмат прыватных урокаў па розных прадметах…. У сям’і Цэраскіх я тады пражыў каля 6 месяцаў. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і Цэраскіх, яна ў той час у Феадосіі, як і раней у Маскве, была прыцягальным цэнтрам усіх думаючых людзей. У суботу ўвечар ці ў нядзелю ў Цэраскіх збіралася невялікая грамада … бываў мастак Багаеўскі, паэт Валошын, члены сям’і мастака Айвазоўскага … каля двух месяцаў сталым госцем была жанчына – астраном Пулкаўскай абсерваторыі, прозвішча якой я не памятаю … Вечары Вітольд Карлавіч любіў праводзіць у невялікім садку на двары…
Неяк у Феадосіі я зайшоў у яго пакой і заспеў яго за сталом з тварам, залітым слязьмі. Мне было нязручна спытаць яго, што з ім. Ён сам пачаў: “Вось Зотаў, шкада што Вы добра не валодаеце польскай мовай, каб у поўнай меры адчуць усю сардэчнасць і прыгажосць Міцкевіча”. Тут я заўважыў, што перад ім ляжыць раскрытая кніга …”.
На працягу нейкага часа Цэраскія жылі ў свайго сябра, паэта Максіміліяна Валошына ў Кактэбелі, і перажылі неверагодныя цяжкасці рэвалюцыі менавіта дзякуючы апецы паэта. У вялікую кватэру прафесара на Прэсні, Вялікі Мікольскі завулак, 5, Цэраскія ўжо не вярнуліся. Увосень 1922 г. яны пераехалі пад Маскву, у Троіцк Падольскага павету Маскоўскай губерні, дзе сын, Канстанцін Вітольдавіч працаваў лекарам. Зотаў Ф.Я. наведаў іх: “Пасля пераезду Цэраскіх у Траецкае я паехаў наведаць іх … Здароўе Вітольда Карлавіча было значна горшым за тое, якім яно было падчас майго знаходжання ў Феадосіі. Ён зараз увесь час знаходзіўся ў пасцелі. Але выразнасць думкі і жывая цікавасць да ўсяго ў яго заставалася ранейшай. Ён некалькі гадзінаў не адпускаў мяне ад сябе, распытваючы пра тое, што робіцца ў Маскве …”.
У 1924 г. астранамічныя ўстановы і арганізацыі ўрачыста адзначылі 75-гадовы юбілей вучонага.
Вітольд Карлавіч Цэраскі памёр у Траецкім. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках недалёка ад уваходу.
Ягоны сябар Максіміліян Валошын прысвяціў яму кранальны верш.
Імем Цэраскага названы кратэр на зваротным боку Месяца і астэроід. Але самым відным помнікам выдатнаму навукоўцу служыць Маскоўская астранамічная абсерваторыя.
9 траўня 2009 г. споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння Вітольда Карлавіча Цэраскага (1849 - 1925). У Беларусі дата прайшла незаўважанай. А вось у Маскве ў чацвер 14 траўня, у 15 гадзін у Музеі ДАІШ (Дзяржаўны Астранамічны Інстытут імя П.К. Штэрнберга МДУ) на Чырвонай Прэсні адбылося выязное ўрачыстае паседжанне ДАІШ з запрашэннем прадстаўнікоў навукі і культуры Беларусі – землякоў навукоўца па яго родным горадзе Слуцку, прысвечанае гэтаму юбілею. (9 траўня былі ускладзены кветкі на магілу В.К. і Л.П. Цэраскіх на Ваганькаўскіх могілках).
На паседжанні былі заслуханы даклады:
“В.К.Цэраскі як навуковец і арганізатар навукі”. ( Ю.Л. Менцын, загадчык Музея ДАІШ.); “Аб увекавечванні памяці В.К. Цэраскага на яго радзіме, аб слаўнай гісторыі г. Слуцка і аб новых гістарычных пошуках аб сям’і навукоўца”. У.М. Дудко, чалец Рады Федэральнай навукова-культурнай аўтаноміі (ФНКА) “Беларусы Масквы”.)
Была прынятая рэзалюцыя аб мера-прыемствах па далейшым увекавечанні памяці В.К. Цэраскага ў Маскве і Слуцку.
Максіміліян Валошын
Памяці В.К. Цэраскага
Ён з тых, у кім сапраўда малых ісцін
І авалоданне законамі натуры
У сэрцах не туманіць сузірання
Тварца сусветаў у яго праявах.
Праз лікаў тонкую вуаль і формул
Выносіў Бога твар да твару ён,
Як і першнастаўнікі навукі:
Пастэр і Дарвін, Ньютан і Паскаль.
Яго я бачыў змучаным у крэсле,
З дрыготкімі рукамі, але з тварам
Такой празрыстасці, што ён свяціўся
Ў малочным німбе месяцовай сівізны.
За слоў вагой блішчэлі таямніча
Вадзяныя ліцьвіна вочы,
Што на вякі ўвабралі ззянне
Туманнасцяў і зорных Галатэй.
Ў яго гаворцы ўлоўлівала вуха
Такую беражнасць да слоў чужых,
Да з’яваў мімалётнага жыцця,
Што ўміленне грудзі заціскала.
Такім ён быў там на Чырвонай Прэсні,
Калі ў Абсерваторыі адзін
Сваёй навукі свет недатыкальны
Абараняў ад тых і ад усіх.
Урад бяздарны, жорсткі, злы,
Як звеку ўрады ўсе,
Прагнаў яго, пры тым забараніў
Тварыць як творцу і як вучонаму вучыць.
Расейская міжсобіца застала
Яго ў глухім прыморскім гарадку,
Дзе ён шукаў бязвоблачнага неба
Больш яснага і зорнага, чым у Маскве.
Была вайна, тэрор, і мор, і голад.
Каму патрэбны дрэхлы астраном?
Як даказаць уезнаму загпраду
Ягоныя правы на харчпаёк?
Таму, хто змог запрэгчы ў працу сонца,
Хто новых зорак вылічаў шляхі
Па пуду за Сусвет, таварыш!
Даеш тлушчы ў астраномавы паёк!
Высокая камедыя навукі
Ў руках вайскоўцаў, дурняў і дзяльцоў...
Разбітым і замучаным на поўнач
Паехаў ён, каб хоць памерці дома.
І радаснай журбою зашчаміла
Любіўшых яго сэрцы вестка тая,
Што ён вярнуўся ў зорную айчыну
Ад цесных дзён, ад душных спраў зямных.
10 лістапада 1925, Кактэбель.
Пераклад С.Судніка
Крыніцы:
- Józef Lukaszewicz. Dzieje kościołów wyznania helweckiego w Litwie. T. 1. Poznan. 1842.
- Walerjan Skorobohaty Krasiński, Jul Bursche. Zarys dziejów powstania i upadku reformacji w Polsce. T. 2 cz. 2. Warszawa
- Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. Warszawa. 1936.
- Журнал министерства народного просвещения, 1904, июнь. С.-Петербург.// Глебов П.А. Из истории старейшей гимназии в Виленском учебном округе. С.342-366.
- Цераский В.К. Избранные работы по астрономии. М.: Гостехиздат, 1953.
- Historia astronomii w Polsce. Wroclaw – Warszawa. 1983.
- Математическій сборник, 6:4, 1873. //В. К. Цераскiй, “О прохожденiи Венеры черезъ дискъ солнца въ 1874 году” С. 64–73.
- Историко-астрономические исследования. М. Гостехиздат,1955,вып.I // Ю. Г. Перель. ВИТОЛЬД КАРЛОВИЧ ЦЕРАСКИЙ К ВОПРОСУ О МИРОВОЗЗРЕНИИ В. К. ЦЕРАСКОГО.
- Г. А. Тихов. Шестьдесят лет у телескопа. М. 1959.
- Математический сборник, 13:3, 1887. //В. К. Цераский, “Астрономический фотометр и его приложения” С.551–632.
- Popular Science. POPULAR SCIENCE MONTHLY. Aug1906 // Solon I. Bailey. Study of variable stars.
- Очерки истории отечественной астрономии. С древнейших времен до начала ХХ в. Киев, 1992. // Бугаевский А.В. Московская университетская обсерватория.
- Окуляр для детального изучения солнечных пятен, Труды Московской обсерватории, II серия, т. V, 1911; Изв. Русского Астрономического о-ва, СПБ. № 6, 1936; Русский Астрономический календарь на 1907 г.
- Историко-астрономические исследования. Выпуск XII / отв. ред. Л.Е.Майстров, Москва, 1975 //В. А. Бронштэн. Неопубликованные наблюдения серебристых облаков В. К. Цераского. С.385-389.
- Цераский В.К. О светящихся облаках. Труды Московской обсерватории, II серия, т.II, 1890 г.
- Электропанорама. Электротехнический журнал. № 12, 2007 г. // Е.В. Остапенко. Термоэлектрические генераторы: история создания и перспективы применения.
- "Историко-астрономические исследования". Выпуск XXXII. Москва. 2007 г.// С.Г. Морозова, Е.Н. Трындин. Фирма Трындиных в истории Российской астрономии.
- В.К. Цераский. Коперник и Тихо Браге. Научное слово, М., 1903, кн. 1.
- В.К. Цераский. Астрофотографические работы Московской обсерватории. Русский астрономический календарь на 1902 г.
- Историко-астрономические исследования, М. 1955, вып. I, //. Зотов Ф.Я. Воспоминания о В.К. Цераском.
- Историко-астрономические исследования. М., 1958, вып. IV // Цераский В. К. Записка о Московской обсерватории.
- На рубежах познания Вселенной. Историко-астрономические исследования, вып. XXII. М.. 1990. // Цветков В.И. Максимилиан Волошин и естественные науки.
- В.К.Луцкий. История астрономических общественных организаций в СССР. М. 1982.