Член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР, ганаровы акадэмік АН Беларусі, акадэмік Акадэміі навук Казахскай ССР, Ціхаў Г.А. нарадзіўся 1 траўня 1875 г. у мястэчку Смалявічы пад Менскам. Бацька служыў начальнікам чыгуначнай станцыі недалёка ад Смалявічаў, якая тады называлася Вітгенштэйнская. Бацька быў родам з Пецярбурга. Выхаваннем дзяцей займалася маці, жанчына добра адукаваная, дасведчаная ў французскай і польскай мовах. Вось як на схіле гадоў акадэмік успамінаў роднае мястэчка: "У часы майго дзяцінства Смалявічы славіліся цішынёй, густымі цёмнымі лясамі і спакойнымі затокамі поўнымі рыбы ... Смалявічы мелі адзіную вуліцу даўжынёй каля двух кіламетраў … Драўляныя хаткі, драўляная царква, драўляная сінагога. Царква стаяла на ўзвышшы, каля рэчкі Пліса. У ёй я лавіў рыбу. А колькі тамака было ракаў! Апусціш прынаду, прывязаную вяроўкай да доўгай палкі, і злавіў ... Цішыня, спакой ...".
З-за службы бацькі сям'я некалькі разоў змяняла месца жыхарства, і ў гімназію Ціхаў паступіў, калі яны жылі ўжо на станцыі Зайцава Севастопальскай чыгункі, але менавіта Смалявічы ён лічыў сваёй радзімай.
Вялікі ўплыў у дзяцінстве на юнага Гаўрыіла аказаў дзед па маці Гаўрыіл Міхайлавіч Зубковіч. Ціхаў пісаў: "Для мяне і сястры было вялікім шчасцем ездзіць на вакацыі ў любыя Смалявічы, дзе жылі бацькі маці, і ўспаміны аб гэтых падзеях майго далёкага дзяцінства … звязаны з маім дзядулем, якога я вельмі любіў. Калі наша каляска пад'язджала да хаты, я выскокваў з яе на хаду і са слязьмі радасці кідаўся да дзеда на шыю. Дзед таксама вельмі любіў мяне, не адпускаў ні на крок, а падчас ежы абавязкова саджаў побач з сабой. Дзядуля Гаўрыіл (мне далі гэтае ж імя ў яго гонар) у маладосці скончыў духоўную семінарыю … Чалавек адораны, з вялікімі здольнасцямі да малявання, ён дзіўна тонка адчуваў і разумеў прыроду. Ён з такім натхненнем распавядаў аб ёй, так ярка, так вобразна, што я ягоныя расказы запомніў на ўсё жыццё".
Прозвішча дзеда, Гаўрыіла Міхайлавіча Зубковіча, знайшлося ў спісах выпускнікоў 1839 г. у той час яшчэ ўніяцкай Літоўскай духоўнай семінарыі, якая знаходзілася ў Жыровічах. З 1856 г. дзед астранома стаў настаяцелям храма св. Мікалая ў Смалявічах і служыў там святаром да 1888 г.
Дзядзька астранома па маці - Уладзімір Гаўрыілавіч Зубковіч нарадзіўся 26 сакавіка 1863 г., стаў святаром, і два тэрміны, з 1901 г. па 1907 г. і ад пачатку 20-х гадоў па 1937 г. таксама служыў настаяцелем храма св. Мікалая ў Смалявічах. У 1937 г. 29 снежня 1937 г. а. Уладзіміра арыштавалі, абвінаваціўшы ў сяброўстве ў так званай "шпіёнскай контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі". Падчас допытаў а. Уладзімір сумленнем сваім не пакрывіў, не падпісаў данос на свайго епіскапа і мужна вытрымаў усе катаванні. Па прысуду Адмысловай тройкі НКУС 74-гадовы святар быў расстраляны ў Менску 31 студзеня 1938 г. Рашэннем Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 28 кастрычніка 1999 г. протаіярэй Уладзімір Зубковіч быў услаўлены як мясцовашанаваны святы, адзін з 23-х новапакутнікаў Менскай епархіі, а на Архірэйскім Саборы РПЦ у 2000 г. прылічаны да ліку новапакутнікаў і спавядальнікаў XX ст.
Такім чынам Ціхаў Г.А. - плямяннік беларускага праваслаўнага святога. Ён і сам усё жыццё заставаўся глыбока рэлігійным чалавекам, а ў канцы жыцця, з'яўляючыся акадэмікам Казахскай АН, стаў царкоўным старастам прыходу горада Алма-Аты.
Наогул - Зубковіч старадаўняе беларускае шляхочае прозвішча і сустракаецца ўжо ў Перапісе войскаў ВКЛ ад 1528 г.
Цікавасць да астраноміі і дакладных навук у Гаўрыіла выявілася падчас вучобы ў гімназіі. Будучы акадэмік так апісаў з'яўленне зацікаўленасці астраноміяй у сваіх мемуарах: "… увечар вяртаўся дадому, зірнуўшы на неба, я звярнуў увагу на дзве зоркі. Адна была вельмі яркай, а другая прыцягвала погляд тым што бесперапынна змяняла колер. Яна нагадвала дыямент які мяняў колер ад чырвонага да фіялетавага. Абедзве зоркі мяне надзвычай зацікавілі. У маёй сястры ў гімназіі ўжо выкладалі касмаграфію … і я папрасіў яе спытаць у настаўніка назоў прыгожых зорак. Адказ быў такі: яркая зорка - планета Венера, мігатлівая зорка - Сірыюс. Мне захацелася пабольш даведацца пра іх, бліжэй з імі пазнаёміцца. У Сімферопальскай публічнай бібліятэцы я запрасіў астранамічныя кнігі. Мне далі дзве кнігі Каміла Фламарыёна "Гісторыю неба" ў рускім перакладзе і "Папулярную астраномію" на французскай мове. Прачытаў іх з вялікай цікавасцю і мой лёс быў вырашаны. Вясну 1892 года я ніколі не забуду - тады я беззваротна вырашыў зрабіцца астраномам. У гімназіі, дзе я вучыўся, была метэаралагічная вышка. Меўся так сама каметашукальнік і трохцалевая астранамічная труба. Я запытаў у выкладчыка дазволу паглядзець у іх на неба і ў ясны вечар пайшоў на вышку. Дагэтуль памятаю тое захапленне, якое адчуў, паглядзеўшы ў каметашукальнік на Млечны Шлях а ў астранамічную трубу на Сатурн. Я заўважыў на планеце два іголкападобных выступы - гэтага было досыць: я бачыў кольцы Сатурна! З прагнасцю набываў я ўсё новыя і новыя астранамічныя кнігі. Кожная з іх расчыняла перад мной адну за другой таямніцы нябесных свяцілаў … я цвёрда вырашыў паступіць ... на фізіка-матэматычны факультэт, каб спецыялізавацца па астраноміі".
У 1893 г. юнак скончыў гімназію і пачаў рыхтавацца ў Маскоўскі ўніверсітэт. "Я падаў заяву і да вялікай сваёй радасці, быў прыняты на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта". Выкладчыкамі Ціхава былі буйныя навукоўцы і педагогі - матэматык У.Я. Цвінгер, фізікі А.Г. Сталетаў і П.Н. Лебедзеў, астраномы В.К. Цэраскі і А.А. Белапольскі, механік Н.Е. Жукоўскі. Студэнт Ціхаў наведваў паседжанні Таварыства даследчыкаў прыроды і Таварыства аматараў прыродазнаўства дзе слухаў даклады многіх буйных навукоўцаў свайго часу. Яшчэ студэнтам першага курса Ціхаў пачаў рэгулярна наведваць агульнадаступную абсерваторыю ў аптычнай краме Швабе. "На даху дома (дзе месціўся магазін) была пабудаваная невялікая астранамічная вежа з купалам. Люкі купала адчыняліся, іх можна было накіроўваць у любы бок неба. У вежы змяшчалася астранамічная труба з аб'ектывам у 15 сантыметраў, усталяваная на паралактычным штатыве з гадзіннікавым механізмам. Механізм павольна круціў трубу за выбраным свяцілам … Я стаў частым наведвальнікам астранамічнай вежы над крамай Швабе. Паказваў зоркі і даваў тлумачэнні асістэнт Маскоўскай абсерваторыі Пакроўскі, аўтар папулярнай кнігі "Даведнік пра неба". Мне было асабліва прыемна, калі Пакроўскі казаў, звяртаючыся да мяне: "Калега, пакруціце купал".
Студэнт першага курса Ціхаў прыватнымі ўрокамі назбіраў 65 рублёў (па тых часах вялікія грошы) і выпісаў з Нямеччыны, ад фірмы Реінфельдэр і Хертэль, тэлескоп з аб'ектывам дыяметрам дзве цалі. Труба была замоўленыя на адрас дзеда, у Смалявічы. Пасля заканчэння першага курса Ціхаў на ўсё лета прыехаў да дзеда і ў дзедавай адрыне пачаў будаваць аматарскую абсерваторыю пад будучы тэлескоп. Жаданне было вялікае, праца пачыналася з 3-х раніцы і заканчвалася позна ўвечар. Праз месяц над адрынай дзеда - святара з'явілася вежа з паваротным купалам. "З вежы была бачная дарога са станцыі, адкуль кожны вечар прывозілі пошту. Кожны вечар я глядзеў у бінокль на паштовую брычку, у якой ездзіў паштар. І вось аднойчы ўбачыў, што ён вязе на каленях доўгую скрыначку, абабітую палатном. Я зразумеў, што гэта мая доўгачаканая труба. На наступны дзень раніцай скрыначку прынеслі дадому. Адразу ж адкрыў яе і ўбачыў трубу. Бліскацелі чырвонае дрэва, аб'ектыў у латуневай аправе і латуневы патрубак для акуляраў. Радасці маёй не было мяжы.… Я ўсталяваў трубу на дубовым штатыве. Процівагі для яго адліваў з свінцу. Калі мая "абсерваторыя" была гатовая, наведаць яе было шмат ахвочых. Не магу ўспомніць без замілавання, як мой дзядуля, якому было ўжо за 70 гадоў, залазіў па прыстаўных усходах на дах адрыны і далей па ашэстках на вежу, каб паглядзець на зоркі". Аднак працавала "абсерваторыя" у Смалявічах нядоўга - усяго тры тыдні. Першыя студэнцкія вакацыі мінулі хутка, і неабходна было адпраўляцца ва ўніверсітэт.
У 1895 г. будучы стваральнік астрабіялогіі зацікавіўся батанікай і прачытаў некалькі кніг, у тым ліку "Жыццё расліны" К. А. Ціміразева. "З задавальненнем і падзякай успамінаю, што маім першым настаўнікам батанікі была мая бабуля".
На 3-цім курсе (1896 г.) студэнт Ціхаў заняўся пытаннем дысперсіі святла ў міжзоркавай прасторы і апрацаваў вынікі назіранняў зорак β Ліры, δ Цэфея і η Арла. Вылічэнні дазволілі яму выказаць здагадку, што ў міжзоркавай прасторы ёсць асяроддзе якое прымушае праменні з рознай даўжынёй хваль распаўсюджвацца з рознымі хуткасцямі. У 1898 г. ён распрацаваў два спосабы даследавання касмічнай дысперсіі. Аднак у 1900 г. знакаміты нямецкі астраном К. Шварцшыльд апублікаваў вынікі сваіх назіранняў зорак η Арла і β Ліры, якія не пацвердзілі вынікі Ціхава.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Гаўрыіл Андрыянавіч ажаніўся з Людмілай Яўграфаўнай Паповай, якую, як рэпетытар рыхтаваў да паступлення ў адзін з еўрапейскіх універсітэтаў. Бацькі жонкі мелі дастатковыя сродкі, што дазволіла з'ехаць за мяжу абодвум. Ціхаў быў прыняты студэнтам у Парыжскі ўніверсітэт, а жонка паехала ў Швейцарыю і паступіла на медыцынскі факультэт Бернскага ўніверсітэта.
"Цудоўным днём у красавіку я прыехаў у Парыж. Ён сустрэў мяне духмянасцю квітнеючых каштанаў. Вуліцы былі прасякнутыя гэтым тонкім і далікатным водарам. Ашаломлены, блукаў я па горадзе. Паэтычна - пявуча гучалі для мяне назовы найпрыгожых плошчаў …павольна, гультаявата несла свае цяжкія воды Сена. Набярэжныя каля плошчы Згоды былі занятыя парыжскімі букіністамі. Поглядам не акінеш чароды кніжных крамак, прыкрытых ад сонца палатнянымі падстрэшкамі... У горадзе ўсё гаварыала аб гісторыі … ён заваяваў мяне адразу, гэты незабыўны горад, як заваёўвае, верагодна, кожнага, хто ўступаў на камяні яго бруку і правёў у ім хоць бы адзін дзень".
У Францыі Ціхаў займаўся навуковай працай пад кіраўніцтвам вядомага астранома, дырэктара Медонскай абсерваторыі Жуля Жансэна, асабіста пазнаёміўся з кумірам свайго дзяцінства, сусветна вядомым астраномам і папулярызатарам астраноміі Камілам Фламарыёнам. Жыў пры Медонскай абсерваторыі, дзе Жансэн выдзеліў яму пакой, а на заняткі ў Парыж ездзіў цягніком. У парыжскім універсітэце слухаў лекцыі сусветна вядомых прафесараў: матэматыка Пікара, механіка Апеля, фізіка Пуанкарэ, астранома Вольфа, хіміка Труста, батаніка Боніе. "Я часта наведваў парыжскія тэатры. Бачыў знакамітую Сару Бернар. Хадзіў у музеі. Быць у Парыжы і не быць у Луўры немагчыма. Я неаднаразова прастойваў тамака гадзінамі перад знакамітымі палотнамі вялікіх майстроў, бачыў выдатныя статуі антычных скульптараў".
У 1899 г. па парадзе Жансэна Гаўрыіл Андрыянавіч правёў назіранне метэорнага струменя Леаніды з паветранага шара. "У ноч на 15 лістапада 1899 г. … шар "Аэраклуб" з двума пілотамі, сябрамі парыжскага аэраклуба - графамі дэ ля Во і дэ Сэн Вікторам, хімікам Леспіё і мною падняўся ў паветра. Ноч была вельмі пахмурнай. Але праз некалькі хвілін мы былі над смугой, якая покрывала зямлю пластом таўшчынёй у 200 метраў. Неба было цалкам чыстым. Я пачаў праглядаць яго з боку сузор'я Льва. І вось звалілася адна зорка, потым другая, трэцяя... Я не мог адарвацца ад гэтага відовішча. Колькасць метэораў усё павялічвалася ... На жаль, значная частка, небасхілу была закрытая ад мяне шарам".
У тым жа 1899 г. сумесна з рускім астраномам А.П. Ганскім, Ціхаў два разы падняўся на гару Манблан для спектраграфавання тэлурычных ліній кіслароду атмасферы Зямлі (Тэлурычные лініі - спектральныя лініі, якія ўтвараюцца ў спектрах нябесных свяцілаў у выніку паглынання святла малекуламі газаў зямной атмасферы). Гэтыя назіранні дазвалялі меркаваць пра стан атмасферы, а потым аналагічныя спектрагафічныя назіранні дазвалялі Ціхаву ўдакладняць склад атмасферы іншых планетаў.
На пачатку 1901 г. Ціхаў вярнуўся ў Маскву. "Пакідаючы Францыю, я адчуваў да навукоўцаў гэтай краіны вялікую шчырую ўдзячнасць за гасціннасць і за адмысловую чыста французскую шырату і свабоду навуковых поглядаў, якія я там назіраў і засвоіў".
У 1902 г. Ціхаў абараняе дысертацыю і станавіцца магістрам. Яшчэ са студэнцкіх гадоў ён марыў працаваць у Пулкаўскай абсерваторыі. І яго мара ажыццявілася ў верасні 1906 г., калі малады магістр быў залічаны ад'юнкт-астраномам Пулкаўскай абсерваторыі звыш штату. Акадэмік Белапольскі ў першы дзень працы сказаў маладому навукоўцу: "Рабіце што хочаце. Мы ведаем, што вы глыбока цікавіцеся навукай, а таму часу губляць дарма не будзеце".
Са студэнцкіх гадоў Ціхава цікавіла дысперсія святла ў міжзоркавай прасторы. Знакаміты французскі фізік і астраном Араго ўпершыню паставіў пытанне аб тым, ці з аднолькавай хуткасцю рухаецца ў касмічнай прасторы святло рознага колеру. Ён лічыў, што пры існаванні адрознення ў хуткасці святла (дысперсіі святла) зменныя зоркі, калі змяняюць сваю яркасць, павінны змяняць і колер. Аднак назіранні зменных зорак астраномамі не пацвярджалі гэтай здагадкі. Ціхаў узяўся за праверку гіпотэзы Араго. Ён фатаграфаваў зменныя зоркі RT Пярсея (знойдзеную Лідзіяй Цэраскай) і W Вялікай Мядзведзіцы праз розныя святлафільтры і апрацоўваў спектры β Возніка, зробленыя акадэмікам Белапольскім. Асноўнай высновай з назіранняў і разлікаў было тое, што ўсе тры зоркі паказалі памяншэнне хуткасці святла ў міжзоркавай прасторы пры памяншэнні даўжыні хвалі (запазненне мінімуму бляску ў ультрафіялеце ў параўнанні з памяранцавымі і чырвонымі хвалямі). Вынікі назіранняў былі абагульнены ў вялікім артыкуле "Два спосабы пошуку дысперсіі ў нябеснай прасторы". Праца была надрукаваная ў 1908 г. на французскай мове. Адразу пасля першага артыкула Ціхаў піша наступны па той жа тэме: "Досвед пошукаў дысперсіі святла ў міжзоркавай прасторы з назіранняў спектральна - падвойных зорак". Над дысперсіяй святла працаваў і французскі астраном Ш. Нордман (Нордман Шарль, Charles Nordman) - французскі астраном, прапагандыст тэорыі рэлятыўнасці). Ён назіраў дзве іншыя зоркі візуальна пры дапамозе фатометра. Адначасова з Ціхавым Нордман выявіў, што змена даўжыні хвалі змяняе хуткасць святла яшчэ ў двух зменных зорак. За гэтыя даследаванні Парыжская акадэмія навук прысудзіла Нордману і Ціхаву прэстыжную навуковую прэмію імя Вільдэ. Пасля яшчэ некалькі зорак паказалі змену хуткасці святла пры тых жа ўмовах. Гэтая з'ява атрымала назоў "з'явы Ціхава - Нордмана ". Сувязь з'явы Ціхава - Нордмана з касмічнай дысперсіяй аспрэчвалася ў 1909 г. П.Н. Лебедзевым, які тлумачыў гэты эфект уздзеяннем атмасферы зорак. З'ява была растлумачана толькі ў 1935 г. (у працы Э. Р. Мустэля) дзеяннем прыліўной хвалі на галоўнай зорцы ў зорнай пары. Больш познія вымярэнні паказалі, што ў некаторых зорак з'ява мае зваротны знак (позняцца чырвоныя прамяні), а ў некаторых наогул адсутнічае.
Фатаграфаванне неба Ціхаў праводзіў на астрографе, які стаў яго галоўнай прыладай на ўсё жыццё: "Я працаваў на новым астрографе са святласільнай камерай. Ён быў усталяваны ў 1905 г. Грошы на набыццё прылады падарыў Фёдар Аляксандравіч Брадзіхін. Таму астрографу прысвоілі назоў "брадзіхінскі". "Брадзіхінскім" застаўся ён да нашага часу. Падчас ... вайны астрограф перавезлі з Пулкава ў Алма-Ату. Я і цяпер працягваю назіраць на ім неба".
Шэраг працаў Ціхава, выкананых на пачатку ХХ ст., быў прысвечаны рознага роду з'явам у зямной атмасферы - вымярэнням сінявы і палярызацыі дзённага неба, спектраграфаванню мігацення зорак. Ім былі створаныя новыя канструкцыі прыбораў для такіх назіранняў і прапанаваныя арыгінальныя метады даследванняў. Пры гэтым таксама грунтоўна распрацоўваліся прынцыпы фатаграфічнай фотаметрыі, што потым знайшло адлюстраванне ў напісаным ім раздзеле "Астрафотаметрыя" у першым выданні "Пулкаўскага курса астрафізікі і зорнай астраноміі", які выйшаў у 1922 г.
Вельмі істотным для навуковай біяграфіі Гаўрыіла Андрыянавіча быў 1909 год - год вялікага супрацьстаяння Марса. Ён адзін з першых пачаў ужываць каляровыя светлафільтры для назіранняў планеты з мэтай падвышэння бачнага кантрасту дэталяў паверхні. У тыя гады асабліва актыўна абмяркоўваўся пытанне аб існаванні на Марсе месцаў, пакрытых расліннасцю, і рабіліся спробы выявіць у спектрах Марса паласу паглынання хларафілу, характэрную для зямных раслін. Пазней Ціхаў пісаў: "Ці ёсць расліннае жыццё на Марсе?" - такая была асноўная задача, якую мы з Н.Н. Каліціным паставілі перад сабой, рыхтуючыся да назіранняў планеты ў 1909 годзе … Я папрасіў Арыстарха Апалонавіча Белапольскага саступіць мне на нейкі час 30-цалевы рэфрактар ... Мы ведалі, што назіранне Марса - справа нялёгкая. Цяжка разгледзець на невялікім дыску планеты, які відаць у тэлескоп, дробныя дэталі яе паверхні. Замінаюць ваганні зямной атмасферы. З-за іх малюнак дрыжыць, расплываецца, цьмянее ... Мы вырашылі фатаграфаваць праз светафільтры - тонкія шкляныя пласцінкі. Прыступілі да вырабу светафільтраў, афарбоўваючы жэлацін на шкле анілінавымі фарбамі: у асноўным гэта былі цёмна-чырвоны, светла-чырвоны, жоўты і зялёны ... Зрабілі мы і драўляную фотакамеру, на рэфрактар. Вядома, што для кожнага рэчыва характэрная адпаведная, толькі яму аднаму ўласцівая афарбоўка. Няма нават двух рэчываў, афарбаваных дакладна ў адзін колер. Таму беспамылкова меркаваць аб колеры (участкаў Марса - Л.Л.) - шлях да зразумення прыроды рэчыва ... Назіранні рабіліся ў жніўні, калі ў паўднёвым паўшар'і Марса быў канец лета. Вылоўлівалі Марс праз найменшы прасвет у аблоках ...". У 1909 г. падчас вялікага супрацьстаяння Марса Ціхаў атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных участках спектру, па якіх ён выявіў адрозненне памераў і яркасці палярных шапак у розных колерах, выявіў існаванне блакітнай імгі ў атмасферы планеты якая вэлюмавала дэталі паверхні ў караткахвалевым дыяпазоне спектру. Навуковец пісаў: "…такая параўнальна рэдкая астранамічная з'ява, як вялікае супрацьстаянне Марса, выклікала ў мяне непераадольнае жаданне сфатаграфаваць планету пры дапамозе велічэзнага Пулкаўскага рэфрактара, аб'ектыў якога меў 75 сантыметраў у дыяметры і факальную даўжыню ў 14 метраў. Нягледзячы на гэта, ён даваў дыяметр Марса на фотапласцінцы ўсяго ў 1,5 міліметра … Кожны здымак Марса экспанаваўся … некалькі секунд. Нам удалося зрабіць каля тысячы фотаздымкаў. Некаторыя з іх былі вельмі добрымі і дазволілі зрабіць шэраг цалкам новых высноў. Так выявілася што палярная шапка пад канец раставання набыла зелянявы колер … параўнальны з колерам зямнога лёду, а знакамітыя каналы Марса маюць такі жа колер, як «моры» Марса, якія лічацца ўчасткамі раслінных пакроваў. Далей было знойдзена падабенства аптычных уласцівасцяў атмасферы Марса з аптычнымі ўласцівасцямі зямной атмасферы".
Назіранні 1909 г. паказалі, што "моры" Марса (морам на Марсе, як і на Месяцы, навукоўцы называюць цёмныя ўчасткі паверхні планеты) маюць павышаную адбівальную здольнасць у зялёных прамянях у параўнанні з мацерыкамі. Пры гэтым і тыя, і іншыя застаюцца чырванаватымі ў адносінах да белага. Колер "каналаў", сфатаграфаваных Г.А. Ціхавым, апынуўся такім жа як і ў мораў. Гэтак жа было выяўлена, што кантраст паміж суседнімі дэталямі слабее ў караткахвалевай частцы спектру і ўзмацняецца ў даўгахвалевай. Відавочна, што такі эфект давала атмасфера Марса.
За даследаванні Марса з ужываннем святлафільтраў Ціхаў быў узнагароджаны прэміяй і памятным медалём Рускага астранамічнага таварыства.
У 1909 і 1910 гг. Ціхаў займаўся даследаваннем колераў Сатурна і Ўрана, а потым і Няптуна (1922 г.). У наступныя гады ён шмат увагі надаваў назіранням планет, атрымліваючы здымкі праз розныя святлафільтры і сінтэзуючы затым іх каляровыя малюнкі. Пытанні колеру астранамічных аб'ектаў - зорак, планет, сонечнай кароны, папялістага святла Месяца - абмяркоўваліся ім у шматлікіх артыкулах.
17 красавіка 1912 г. у Пулкаве назіралі няпоўнае сонечнае зацменне. Ціхаву ўдалося атрымаць выдатныя фатаграфіі хромасферы і пратуберанцаў Сонца.
У 1914 г. Гаўрыілам Андрыянавічам было пастаўлена пытанне, як у прынцыпе можна выявіць біясферу метадамі астраноміі? Відавочна, што для адпрацоўкі методыкі, найболей падыходзіла біясфера роднай планеты - Зямлі. Для гэтага ён пачаў вывучаць папялістае святло Месяца (папялістае святло Месяцы - гэта тое слабое святло, якім свеціцца ўвесь Месяц, калі яго яркая частка мае выгляд вузкага сярпа). Ужыўшы светафільтры Гаўрыіл Андрыянавіч упершыню даказаў, што Зямля пры назіранні з космасу павінна мець блакітнаватае адценне.
У сваіх мемуарах ён пісаў аб гэтым: "Ці можна вызначыць з Зямлі колер нашай планеты, пазнаць, як бачылі бы яе людзі, трапіўшыя на Месяц? … Для гэтага трэба вывучыць колер папялістага святла Месяца … Колер яркага сярпа Месяца - гэта колер Сонца, зменёны адбівальнымі ўласцівасцямі месяцовай паверхні. Колер папялістага святла гэта колер Зямлі, таксама зменены месяцовай паверхняй. Параўноўваючы колер папялістага святла з колерам яркага сярпа, мы тым самым параўноўваем колер Зямлі, бачнай з Месяца, з колерам Сонцы, бачным адтуль жа. Для рашэння гэтага пытання я фатаграфаваў пры дапамозе … астрографа яркі серп Месяца і папялістае святло Месяца ў розных участках спектру - ад чырвоных прамянёў да … ультрафіялетавых … Зямля, бачная з Месяца, мае колер моцна белаватага неба. Калі б мы паглядзелі на Зямлю з прасторы, то ўбачылі бы дыск бледнавата - блакітнага колеру і не ўбачылі б бы якія-небудзь падрабязнасці на самой зямной паверхні". Выснова Ціхава аб колеры Зямлі з космасу была пацверджана пасля пачатку касмічных палётаў. Але галоўнай мэтай даследаванняў папялістага святла Месяца было адшуканне ў ягоным спектры паласы паглынання хларафіла. Нягледзячы на магутную зямную біясферу, паласы паглынання хларафілу ў адлюстраваным свеце Зямлі навуковец не выявіў. Ён растлумачыў гэта тым, што ўчасткі сушы пакрытыя расліннасцю, адносна плошчы акіянаў, не вялікія і акрамя таго магутная зямная атмасфера вельмі моцна паглынае і рассейвае святло.
У 1915 г. Ціхаў прапанаваў новы метад хуткага набліжанага вызначэння колераў зорак, у якім выкарыстоўваецца аб'ектыў з моцнай храматычнай аберацыяй у фатаграфічнай вобласці (метад падоўжнага спектрографа); у 1937 і 1951 апублікаваў каталогі колераў каля 18 000 зорак у абраных пляцоўках Каптэйна.
Самым галоўным у сваіх астрабіялагічных даследаваннях Ціхаў лічыў пабудову дакладнай фізічнай мадэлі планеты Марс. Дзеля гэтага патрэбна была адмысловая планетная абсерваторыя для шматгадовых, разлічаных на шэраг вялікіх супрацьстаянняў, назіранняў Марса. У 1916 г. ён пачаў вывучаць астраклімат для выбару месца пабудовы высакагорнай абсерваторыі на Каўказе. А ў 1916 г. Ціхаў здзейсніў узыходжанне на Казбек для выбару месца будучай высакагорнай станцыі, будаўніцтва якой было адкладзена да заканчэння вайны.
Вялікую ролю ў лёсе Ціхава адыгыраў Мікалай Аляксандравіч Марозаў, чалавек унікальнага лёсу і шматлікіх здольнасцяў, былы нарадаволец, вязень Шлісельбурга (25 гадоў у турмах), навуковец, аўтар шэрагу кніг, стваральнік у 1909 г. "Рускага таварыства аматараў светазнаўства (Русское общество любителей мироведения - РОЛМ). У наш час тыя адмыслоўцы, якія Марозава паважаюць, кажуць пра яго як пра энцыклапедыста з наватарскімі ідэямі. Хто не паважае кажуць пра бліскучага дылетанта які не атрымаў, сістэматычнай адукацыі і таму грувасціў фантастычныя тэорыі. РОЛМ ставіў сваёй мэтай распаўсюджванне прыродазнаўчых ведаў, першым чынам астранамічных, але так сама "зазіраў за гарызонт" - цікавіўся тэлепатыяй, Атлантыдай і г.д. Сам Марозаў - папярэднік Фаменка і Насоўскага з іх "новай храналогіяй" у гісторыі. Гаўрыіл Андрыянавіч сябраваў з Марозавым, магчыма, падзяляў яго погляды ў прыродазнаўчых навуках і не каментаваў "не надта" навуковыя погляды аматара. Дзякуючы сваёй высокай папулярнасці Марозаў забяспечваў галоўнае - збор грошаў на развіццё навукі.
РОЛМ аб'ядноўвала ўсіх аматараў астраноміі, яго філіялы паўсталі ў вялікіх і малых гарадах Расеі. Пецярбургскі ўніверсітэт перадаў таварыству 175-міліметровы рэфрактар Мерца, які быў усталяваны ў Лабараторыі імя П.Ф. Лесгафта. Пазней гэтая лабараторыя была ператвораная ў Дзяржаўны прыродазнаўча - навуковы інстытут ім. П. Ф. Лесгафта (Государственный естественно-научный институт им. П. Ф. Лесгафта), дырэктарам якога стаў М. А. Марозаў.
Сярод іншага, Марозаў цікавіўся пытаннямі пошуку жыцця на Марсе. З гэтай мэтай была распрацаваная шырокая праграма параўнання спектраў зямных раслін са спектрамі паверхні чырвонай планеты. Для яе ажыццяўлення ў Інстытуце ім. П.Ф. Лесгафта было арганізавана аддзяленне астрафізічных праблем, якое ўзначаліў прафесійны астраном Пулкаўскай абсерваторыі Гаўрыіл Андрыянавіч Ціхаў. Згодна з ягонымі меркаваннямі ў план працы абсерваторыі так сама было ўключана фатаграфаванне Сонца з фільтрамі і фотаметрычныя назіранні зорак. У сваіх даследаваннях Марса Ціхаў абапіраўся на працы іншага супрацоўніка - У.Н. Любіменка, загадчыка батанічным аддзелам Інстытута. Апошні займаўся пытаннем аб тым, якімі ўласцівасцямі павінны валодаць жывёльныя і раслінныя арганізмы, якія прыстасаваліся да жыцця ў розных умовах. Вывучалася залежнасць паміж колькасцю хларафілу ў раслінах і ўмовамі геаграфічнага асяроддзя ў якіх яны растуць. Даследаванні марскіх водарасцей прывялі Любіменка да ідэі, што водараслі, з іх малым утрыманнем хларафілу, можна было б разглядаць як адмысловы біялагічны тып раслін якія з большай карысцю выкарыстоўваюць светлавую энергію, чым вышэйшыя расліны. Несумнеўна, менавіта гэтая ідэя Любіменка і прывяла Г.А. Ціхава да высновы, што расліннасць на Марсе, калі яна ёсць, па сваіх аптычных уласцівасцях павінна быць бліжэй да зямных ніжэйшых раслін тыпу мохаў, лішайнікаў і водарасцей.
Прыкладна з 1910 г. Ціхаў пачынае чытаць лекцыі па астраноміі на фізіка-матэматычным аддзяленні Вышэйшых жаночых курсаў (знакамітых Бестужаўскіх курсах). Адна з слухачак курсаў - Штаўдэ Н.М, з якой ён будзе падтрымліваць сяброўскія адносіны да канца жыцця, успамінала, што цікавасць да астраноміі абудзілася ў яе менавіта пад уплывам Ціхава, якога яна ўпершыню пачула падчас вучобы на курсах у 1911 г. Энергічны, цікавы калежскі дараднік, галоўны астраном Пулкаўскай абсерваторыі, Ціхаў быў ужо да таго часу знакаміты ў навуковых кругах. Ягоная лекцыя на Бестужаўскіх курсах звалася "Меркаванае жыццё на Марсе". Менавіта дзякуючы яму і яго захопленасці ў курсістак з'явілася цікавасць да астраноміі і быў створаны астранамічны гурток, які Ніна Штаўдэ неўзабаве ўзначаліла. Гаўрыіл Андрыянавіч дапамагаў працы кружка: курсісткі наведвалі ўніверсітэцкую абсерваторыю, студэнты ўніверсітэта чыталі даклады на паседжаннях кружка Вышэйшых жаночых курсаў. Ён арганізоўваў экскурсіі курсістак у Пулкаўскую абсерваторыю, садзейнічаў усталяванню сувязі з Рускім таварыствам аматараў светазнаўства. У ліку нешматлікіх першых жанчын у 1914 г. Штаўдэ здала дзяржаўныя іспыты па фізіка-матэматычным аддзяленні ў Пецярбургскім універсітэце. Яна была найболей вядомай і актыўнай супрацоўніцай "РОЛМ" - таленавіты астраном і, адначасова, глыбока рэлігійная жанчына, стаўшая неўзабаве манашкай. Пасля заканчэння курсаў, у 1914 годзе, ў рамках навуковай праграмы складзенай Марозавым, яна занялася даследаваннем оптыкі атмасферы, метэорамі і астэроідамі.
У 1916 г. па прапанове Ціхава пры "РОЛМ" быў заснаваны фонд узнагароды залатым медалём за лепшыя навуковыя працы атараў па астраноміі. Улічваючы заслугі Гаўрыіла Андрыянавіча і яго актыўную дзейнасць у таварыстве, агульны сход таварыства вырашыў прысвоіць медалю імя Г. А. Ціхава. Гэты медаль прысуджаўся лепшым астраномам - аматарам да канца 20-х гадоў. Ціхаў потым неаднаразова з замілаваннем успамінаў аб сваёй дзейнасці ў "РОЛМ", высока ацэньваў навуковую і навукова - папулярызатарскую працу таварыства.
Ішла Першая Сусветная вайна і ў 1917 г. астранома прызвалі ў войска дзе ён займаўся пытаннямі бачнасці аддаленых аб'ектаў у аэрафотаздымцы і нават апублікаваў першую ў свеце навуковую манаграфію "Паляпшэнне фатаграфічнай і візуальнай паветранай выведкі".
Пазней у сваіх мемуарах акадэмік пісаў: "Вайсковы аддзел, у які я патрапіў, стаяў пад Кіевам. Ён меў вельмі доўгі назоў: "Цэнтральная аэранавігацыйная станцыя Ваеннай школы лётчыкаў - назіральнікаў" ... Мы праводзілі фатаграфаванне мясцовасці з самалёта - аэрафотаздымку. Аэраздымкамі я вельмі зацікавіўся, бо значная частка маіх чыста астрафізічных прац была звязаная з імі. Захацелася палепшыць метады фатаграфавання і яго вынікі. За службу ў Кіеве я атрымаў чын яфрэйтара і вельмі гэтым ганарыўся. Але астраномія вабіла мяне неадольна, і, калі скончылася вайна, я быў шчаслівы зноў да яе вярнуцца".
У галодным 1919 годзе Ціхаў рэгулярна чытаў лекцыі па астрафізіцы ў Петраградскім універсітэце, дзе сярод яго слухачоў былі многія, потым вядомыя і знакамітыя навукоўцы, такія як У.А. Амбарцумян, Н.А. Козыраў, У.П. Цэсевіч, У.Б. Ніканаў. Пры гэтым ён не пакідаў працу ў Пулкаве і ў інстытуце імя Лесгафта. "У той час я жыў у Пулкаве, і паездкі мае ў Ленінград былі спалучаныя з вялікімі цяжкасцямі. Я ішоў пешшу на станцыю Аляксандраўскую, часам узбіраўся на адкрытую пляцоўку вагона - прабрацца ўнутр не было ніякай магчымасці, - нарэшце прыязджаў на Варшаўскі вакзал. Адтуль на трамваі дабіраўся да Васільеўскага Вострава - ва ўніверсітэт. На дарогу патрабавалася не меней за дзве гадзіны. З універсітэта накіроўваўся ў астрафізічную лабараторыю. У інстытуце ў мяне быў адмысловы пакой, дзе я начаваў адну або дзве ночы ў тыдзень. У Пулкава вяртаўся тым жа цяжкім шляхам".
Пры "РОЛМ" у 1921 г. быў створаны гурток маладых "светазнаўцаў". Шлях у вялікую навуку пачыналі з працы ў гэтым гуртку многія буйныя навукоўцы, сусветна вядомы астраном, акадэмік У.А. Амбарцумян потым пісаў: "... У гуртку маладых "светазнаўцаў" мы упершыню сур'ёзна, на ўзроўні найноўшых ведаў таго часу, пазнаёміліся з астраноміяй, адданасць якой пранеслі праз усё наша жыццё і захавалі дагэтуль... Г. А. Ціхаву, які, нягледзячы на велізарную занятасць, надаваў вялікую ўвагу нам, моладзі, якая імкнулася да ведаў, мы абавязаныя тым, што ён прышчапіў нам любоў да навуковай працы. Ён быў сапраўдным распаўсюджвальнікам навуковых ведаў. Менавіта таму я назаўжды захаваў глыбокую ўдзячнасць да яго...".
У 1927 г. Гаўрыіл Андрыянавіч абіраецца ў члены - карэспандэнты Акадэміі навук СССР.
Але нават пры Савецкай уладзе матэрыялізм не стаў светапоглядам большай часткі сяброў "РОЛМ". Сябры таварыства паводзілі сябе лаяльна да рэлігійных перакананняў грамадзян, уключаючы і сваіх сяброў. Антырэлігійнай прапагандай яны не займаліся прынцыпова, лічачы яе замахам на правы чалавека, у прыватнасці на волю сумлення. Гэта і шмат што іншае не магло спадабацца новай уладзе. У 30-х гадах таварыства было разгромлена. У 1931 г., па выніках праведзенага следства, АГПУ прыйшло да высновы аб існаванні ў кіраўніцтве таварыства "контррэвалюцыйнай групоўкі", і вінаватасці шэрагу яго сябраў у злачынствах, прадугледжаных па артыкулу Крымінальнага кодэкса за "антысавецкую" дзейнасць (арт. 58-11). Пасля гэтага справа была перададзена на калегію АГПУ для пазасудовага разгляду. У выніку шэраг сяброў "РОЛМ" быў накіраваны ў канцлагеры, іншыя пайшлі ў ссылку або падпалі пад адміністрацыйны пераслед. Само ж таварыства рашэннем адміністрацыйнага аддзелу "Ленгубвыканкаму" ў 1932 г. было зачынена. А потым, у гады Вялікага Тэрору, факт сяброўства ў астранамічным таварыстве стаў падставай для фізічнага знішчэння. Марозаў не быў рэпрэсаваны, але яго выслалі з сталіцы. Многія з асуджаных былі рэабілітаваныя толькі ў гады перабудовы пасмяротна. Лёс значнай іх часткі невядомы.
Ціхаў, актыўны сябар "РОЛМ", у 1931 г. таксама быў арыштаваны. Але яму пашанцавала болей, чым іншым і ён прабыў у турме толькі два месяцы. На пачатку 1931 г. арыштавалі Ніну Штаўдэ і саслалі яе ў Рыбінск. Неўзабаве яе выпусцілі, але потым пачаўся цэлы шэраг арыштаў і допытаў. Жанчыну саджалі ў турмы, выпускалі, адпраўлялі ў лагеры і ссылкі. Гэтыя пакуты працягваліся да 1944 г., пакуль яе канчаткова не выпусцілі з месцаў зняволення, пасля чаго яна напісала ліст некалькім навукоўцам, у тым ліку і Г.А. Ціхаву. Ён запрасіў яе, здольнага астранома, да сябе ў Алма-Ату дзе ў той час ствараўся "сектар астрабатанікі".
У 30-я гады Ціхаў працягваў працаваць у Пулкаўскай абсерваторыі. У 1936 г. пры назіранні зацьмення Сонца ён упершыню заўважыў, што сонечная карона складаецца з дзвюх частак: бесструктурнай "матавай" кароны і бруістай "прамяністай" кароны.
З моманту паступлення на працу ў Пулкаўскую абсерваторыю ў 1906 г. і да эвакуацыі ў Алма-Ату ў 1941 г. Ціхаў жыў у кватэры пры абсерваторыі. Аспірант 30-х гадоў Гневышаў М.Н. так апісаў бытавыя ўмовы вядучых астраномаў абсерваторыі: "Усе пулкаўскія кватэры абаграваліся дровамі. Калолі дровы і прыносілі іх вязанкамі дворнікі па заяўках, якія падаваліся загадчыку гаспадаркай ... дзве кватэры, якія знаходзіліся на другім паверсе астрафізічнай лабараторыі, двухпавярховы будынак якой стаяў на захад ад сучаснай гасцініцы. У паўднёвай з гэтых кватэр жыў Г.А. Ціхаў, а ў другой - загадчык астрафізічнага аддзела ...".
Астраном Пулкаўскай абсерваторыі 30-х гадоў Мартынаў Д.Я. успамінаў: "Я нічога не сказаў яшчэ пра аднаго з "стаўпоў" Пулкаўскай астрафізікі - Гаўрыіла Андрыянавіча Ціхава. Аднак пра яго я магу сказаць не шмат. Ён быў выдатным назіральнікам. Фізікі сказалі б "эксперыментатарам" г.з. адрозніваўся ўменнем ставіць і вырашаць асобныя задачы, якія ўзнікаюць падчас развіцця астраноміі. У сакавіку 1930 г. уся абсерваторыя разам з астраномамі ўсяго свету была узбуджаная адкрыццём дзевятай планеты Сонечнай сістэмы, якую потым назавуць Плутонам. Яшчэ не было канчаткова даказана, што гэта сапраўды вялікая планета (а не астэроід), і таму патрэбныя былі новыя і новыя назіранні. І вось С. К. Касцінскі (астраном Пулкаўскай абсерваторыі - Л.Л.) на 33-сантыметровым астрографе, а Г. А. Ціхаў на шмат меншым Брадзіхінскім астрографе (17 - сантыметровым) "навыперадкі" фатаграфуюць вобласць новай планеты, і ў Г.А. Ціхава планета выходзіць ані не горш, чым у С.К. Касцінскага. Гэта - поспех! Праўда, дакладнасць вызначэння каардынатаў новага аб'екта ў Сяргея Канстанцінавіча ў чатыры разы вышэй, бо фокусная адлегласць яго астрографа значна большая. Але затое ў Ціхава дакладней вызначаецца зорная велічыня планеты. Гаўрыіл Андрыянавіч даходзіць да віртуознасці ва ўжыванні "свайго" (з 1906 г.!) Брадзіхінскага астрографа да розных актуальных пытанняў астраноміі і яго, як быццам, не прыгнятае, што гэта маленькая прылада, што яго магчымасці абмежаваныя. Ён не ставіць тэарэтычных праблем, а калі трэба тэарэтычна абгрунтаваць ужываную ім методыку, ён выяўляе тую жа ювелірную канкрэтнасць, што і ў назіраннях. Такім, напрыклад, быў даклад Гаўрыіла Андрыянавіча на IV з'ездзе айчынных астраномаў, дзе я яго ўпершыню ўбачыў. Вырашаючы задачу, да якога моманту варта аднесці вымяраную на фотапласцінцы яркасць аб'екта, які змяняе бляск падчас экспазіцыі, Гаўрыіл Андрыянавіч рабіў перад аўдыторыяй разлікі, якія адпавядалі элементарнаму вызначэнню інтэграла. Верагодна, таму ў Гаўрыіла Андрыянавіча не стварылася школы. Ён ахвотна, з поўнай адданасцю вучыў усяму, чаму мог навучыць, быў ветлы, абыходлівы, у яго было шмат вучняў, але ... яны адыходзілі ад яго, ледзь устаўшы на ногі".
У ліпені 1941 г. з Пулкава павінна была накіравацца экспедыцыя ў Алма-Ату для назірання сонечнага зацьмення. Але пачалася вайна, таму было вырашана сумясціць экспедыцыю на сонечнае зацьменне з эвакуацыяй абсерваторыі. Пулкава атрымала адзін пасажырскі і адзін таварны вагон. Першага жніўня абодва вагоны адправіліся ў далёкі шлях. Ціхаў пісаў: "На Кастрычніцкай чыгунцы, паміж Ленінградам і Масквой, былі ўжо шматлікія сляды разбурэнняў і пажараў, У Маскве вагоны стаялі цэлыя суткі. Уначы быў налёт фашысцкіх самалётаў. Выбухі, трасавальныя кулі, пажары... Праз суткі нашы вагоны прычапілі да таварнага цягніка, які ішоў без прыпынкаў некалькі гадзін. У Куйбышаве ўжо не было зацямнення. Ехалі ад Ленінграда да Алма-Аты роўна дваццаць сутак, прыехалі туды 21 жніўня. З гэтага дня і пачалося маё алма-ацінскае жыццё. Я застаўся ў Алма-Аце, у філіяле Ўсесаюзнай Акадэміі Навук. У 1946 г. была адчыненая Акадэмія Навук Казахскай рэспублікі, правадзейным сябрам якой неўзабаве мяне абралі".
Калі скончылася вайна, Ціхаў правільна разлічыў, што на ўзнаўленне разбуранай Пулкаўскай абсерваторыі пойдзе столькі часу, што яго жыцця не хопіць. Таму ён вырашыў застацца працаваць у Алма-Аце.
У верхняй частцы Алма-Аты (пры канцы вуліцы Ўзбекскай (цяпер вул. Сейфуліна), у гарадской метэастанцыі, на ўзвышэнні, якое нагадвае Пулкаўскія вышыні, у 1946 г. была пабудаваная планетная абсерваторыя і некалькі катэджаў для навукоўцаў. Там ўсталявалі той самы брадзіхінскі астрограф а пазней - 20-ці санціметровы тэлескоп сістэмы Максутава, зручны нават для экспедыцыйных прац і які выкарыстоўваўся так сама для фатаграфічных і спектральных назіранняў Месяца і планет. Быў высажаны таксама «астрабатанічный» сад з рознымі дрэвамі і хмызнякамі. У садзе была любая Ціхаву серабрыстая елка і куст рэліктавай, існаваўшай на зямлі мільёны гадоў, расліны гінкга. Сярод іншых будынкаў пры абсерваторыі быў і катэдж Гаўрыіла Андрыянавіча, дзе ён жыў са сваёй жонкай Людмілай Яўграфаўнай і хатняй прыслужніцай фінкай Ганнай, якую ён неўзабаве ўдачарыў (Родная дачка Ціхава - Таццяна Гаўрылаўна, геолаг, аўтар кнігі «Тайга и горы. Из рассказов геолога Тагиловой», Лениздат 1962 г.). Частку свайго дома навуковец аддаў пад лабараторыю. Ціхаў нават быў абраны ў члены Вярхоўнага Савета КазССР і прыгатаваў для сесіі Савета вялікі даклад аб значэнні астраноміі.
Астраномы, якія апынуліся ў Алма-Аце былі аб'яднаны ў створаны для гэтай мэты Астрафізічны інстытут, дырэктарам якога быў прызначаны акадэмік У. Г. Фясенкаў. Для развіцця даследаванняў па пошуку існавання жыцця на іншых планетах сонечнай сістэмы пры Акадэміі навук Казахскай ССР быў арганізаваны Сектар астрабатанікі, узначалены Г.А. Ціхавым.
У 1945 г. пасля шматгадовага перапынку Гаўрыіл Андрыянавіч вярнуўся да даследванняў Марса. Ужо не малады астраном, а шырока вядомы масціты навуковец, ён паставіў перад сабой галоўную задачу свайго жыцця - вырашыў знайсці новыя довады на карысць гіпотэзы існавання жыцця на Марсе. У наступныя некалькі гадоў ён сфармуляваў асноўныя тэзісы для абгрунтавання гіпотэзы існавання жыцця на Марсе і стварыў новую навуку - астрабатаніку, якая праз нейкі час стала часткай астрабіялогіі.
Астрабатаніка паўстала як навуковая галіна, якая спрабуе растлумачыць аптычныя асаблівасці марсіянскіх "мораў" з пазіцый гіпотэзы аб існаванні марсіянскай расліннасці. Вось як выглядае астрабатанічная гіпотэза ў тым выглядзе, у якім яе выказаў сам аўтар:
1. Законы жыцця ў Сусвеце адзіныя.
2. Прыстасвальнасць жыцця да ўмоў асяроддзя надзвычай вялікая.
3. Расліны маюць аптычную прыстасавальнасць да ўмоў асяроддзя.
Толькі абапіраючыся на такія тэзісы, лічыў навуковец, варта даследаваць магчымасць жыцця на планетах. Інакш жа непазбежны сыход у вобласць фантазіі, якая ні да чаго не прывядзе.
Апаненты існавання жыцця на Марсе высунулі некалькі вельмі лагічных аргументаў:
· Па-першае, зямная расліннасць вельмі моцна рассейвае нябачныя, "цеплавыя" інфрачырвоныя прамяні. Менавіта таму знятыя праз інфра-чырвоныя светлафільтры зямныя расліны здаюцца як бы пакрытымі інеем або снегам. Між тым у марсіянскіх "мораў" няма такога інфрачырвонага эфекту.
· Па-другое, у спектры зямных раслін добра бачныя палосы паглынання, якія стварае хларафіл - рэчыва, без якога неймагчымае жыццё раслін. У спектры жа марсіянскіх раслін ніякіх палос паглынання хларафілу не выяўлена.
· Нарэшце, па-трэцяе, зямной расліннасці ўласцівы зялёны колер, тады як, па назіраннях шматлікіх астраномаў, "моры" Марса маюць добра прыкметны блакітнае, сіняе, а часам нават фіялетавае адценне.
Ціхаў пачаў шукаць адказы на гэтыя пытанні, ён цалкам аддаўся новай навуцы, лічачы, што на іншых планетах (Марсе, Венеры, Меркурыі) могуць існаваць іншыя формы жыцця, якія прыстасаваліся да ўмоваў, аб якіх да пачатку касмічнай эры існавалі цалкам няслушныя звесткі. Першым ён стаў ужываць спектраскапію для даследавання святла, адлюстраванага ад зямных раслін, якія растуць у цяжкіх умовах: высакагорных плато, пустынях або палярных абласцях, каб выявіць шляхі прыстасавання іх да жыцця і параўноўваць са спектрам святла, адлюстраванага ад некаторых участкаў Марса. Пры гэтым ён адкрыў знікненне палос паглынання хларафілу ў спектры некаторых высакагорных раслін. Потым, калі высвятлілася, што на Марсе няма расліннасці, гэтыя вынікі страцілі астранамічнае значэнне, але захавалі біялагічную цікавасць.
У сувязі з развіццём касманаўтыкі, у снежні 1956 г. у Маскве адбылося скліканае Акадэміяй навук СССР нарада найбуйнейшых савецкіх астраномаў і біёлагаў па пытанні аб магчымасці жыцця на планетах. Пераважная большасць удзельнікаў нарады выказалася ў карысць наяўнасці на Марсе арганічнага жыцця, і нарада прыняла рашэнне аб неабходнасці развіцця даследаванняў жыцця за межамі Землі. Усе гэтыя нарады праходзілі з удзелам нашага земляка і тое што ён атрымаў падтрымку, сведчыць што на ўзроўні ведаў сярэдзіны 50-х гадоў ідэі Ціхава мелі рацыю. І падобна на тое, што з мэтай далейшага развіцця касмічнай біялогіі, прыцягнення ўвагі грамадскасці да космасу і грошай на касманаўтыку, астрабатаніку і персанальна Ціхава падтрымлівалі найбольш уплывовыя савецкія вучоныя той эпохі - ракетчыкі. Вядомы канструктар ракетнай тэхнікі Сяргей Паўлавіч Каралёў прапаноўваў стварыць "Планетны навукова-даследчы інстытут на базе сектара астрабатанікі Казахскай Акадэміі навук" і прыцягнуць да справы Гаўрыіла Андрыянавіча Ціхава і ўсіх яго аднадумцаў, якія займаліся астрабіялогіяй. Каралёў напісаў дакладную запіску Хрушчову, дзе сярод іншага прапанаваў ураду і гэтую ідэю. Аднак Ціхаў памёр праз паўгода пасля адсылкі гэтага ліста генсеку, пахаваўшы разам з сабой ідэю стварэння Планетнага інстытута.
Вучань Гаўрыіла Андрыянавіча - Віктар Германавіч Тэйфель у наш час пісаў : "Навуковыя вынікі, якія мы атрымалі, азначалі, што ў прынцыпе на Марсе расліны маглі быць. Кажучы аб гэтым, сур'ёзны і больш чым проста адказны навуковец Ціхаў ніколі - хоць гэта яму і прыпісвалі - не сцвярджаў, быццам ён даказаў што жыццё на Марсе існуе. Ён меркаваў такую магчымасць, яе не выключаюць і сённяшнія амерыканскія вучоныя якія даследуюць Марс … Галоўнае, што зрабіў у сваім жыцці Гаўрыіл Адрыянавіч, звязана не з астрабатанікай. У першую чаргу ён быў астрафізікам, прычым яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. У гэтай вобласці ім зроблена шмат сур'ёзных адкрыццяў … Ён быў не толькі рамантыкам, але больш практыкам, навукоўцам. І ні на ёту не адставаў ад сучаснасці. Захаваліся нават фатаграфіі, дзе ён з супрацоўнікамі разглядае здымкі адваротнага боку Месяца. Наогул касмічныя адкрыцці займалі вялікую ўвагу Ціхава. Яшчэ да запуску штучнага спадарожніка Зямлі на тэрыторыі астрабатанічнага сектара была створана станцыя па назіранні за ім, і мы, студэнты і аспіранты, праводзілі тады свае эксперыменты. У тыя часы, трэба сказаць, да ідэй Гаўрыіла Адрыянавіча была вялікая цікавасць не толькі ў СССР, але і за мяжой. Так, у 1958 годзе спецыяльна да яго прыязджаў вядомы амерыканскі астраном Джордж Вільсан. Вось тады ён і сказаў фразу, якую потым часта цытавалі. "Амерыка, - сказаў ён, - занадта позна прызнала Цыялкоўскага, і цяпер мы выпраўляем памылку тым, што прызнаём ідэі Ціхава". Сказаныя Вільсанам словы не былі праявай адной толькі дыпламатычнай ветлівасці. Ціхаў падарыў Вільсану галінку расліны гінкга як знак супрацоўніцтва і сяброўства. Мінула вельмі шмат гадоў з гэтай сустрэчы, і вось гады два назад у інтэрнэце з'явіліся ўспаміны жонкі Вільсана аб гэтым эпізодзе і аб гэтай галінцы гінкга. Амерыканскія навукоўцы, якія працуюць цяпер у цэлым шэрагу арганізаваных у ЗША астрабіялагічных інстытутаў, прызналі, што сам тэрмін "астрабіялогія" быў прапанаваны Ціхавым і ўпершыню з'явіўся як назоў яго кнігі, што выйшла ў 1959 годзе … сакраментальнае пытанне "Ці ёсць жыццё на Марсе?" хвалявала ў тыя часы вельмі многіх людзей, і даследванні, якія праводзіліся Ціхавым і яго супрацоўнікамі ў сектары астрабатанікі, прыцягвалі шырокую ўвагу. На абсерваторыі сектара не было адбою ад экскурсантаў, а аўдыторыі, дзе выступаў з публічнымі лекцыямі Ціхаў, былі заўсёды перапоўненыя...
У канцы жыцця навукоўца, у 1959 годзе, вышлі мемуары Ціхава «Шэсцьдзесят гадоў ля тэлескопа», якія яго ворагі зло перайначвалі «Шэсцьдзесят гадоў у трубу». Касмічныя даследванні пакуль не выявілі жыцця па-за Зямлёй. Няўжо «Шэсцьдзесят гадоў у трубу»? Не, ідэя аб магчымасці існавання жыцця ва ўмовах, адрозных ад зямных, не страціла сваёй актуальнасці. І астрабіялогія бурна развіваецца. Пошукі якія вядуцца амерыканскімі астрабіёлагамі шмат у чым вынікаюць менавіта з ідэй, якія паўстагоддзя назад былі высунутыя нашым земляком. Першым чынам гэта прыстасавальнасць жывых арганізмаў да залімітавых па шкоднасці фізічных умоваў: да вельмі нізкіх або вельмі высокіх тэмператур, адсутнасці або нізкага ўтрымання кіслароду. Дарэчы такія арганізмы знойдзены нават на Зямлі і атрымалі назоў экстрамафілаў, іх знаходзяць ў самых розных месцах - пад лёдам Антарктыкі, высока ў атмасферы і нават у ядзерных рэактарах! Сучасная астрабіялогія засноўваецца на дасягненнях біялогіі, астраноміі і хіміі. У эксперыментальным плане яна выкарыстоўвае магчымасці касманаўтыкі для вывучэння Сонечнай сістэмы, а таксама метады астраноміі і радыёастраноміі для вывучэння арганічнага складніка міжзорнага асяроддзя і пошуку планетных сістэм, падобных да Сонечнай сістэмы. І астраномаў зноў хвалюе меркаваны колер раслін на іншых планетах: у інтэрнэце ёсць артыкул Нэнсі Цзян («В мире науки» №7, 2008 Рэжым доступу: http://elementy.ru/lib/430636 ), супрацоўніцы інстытута касмічных даследаванняў у Нью-Ёрку пад назвай «Колер раслін на іншых планетах» - гэта як раз тэма над якой усё жыццё працаваў Ціхаў.
Імем Г. А. Ціхава названыя кратэры на Марсе і Месяцы, малая планета №2251, знойдзеная 19 верасня 1977 г. у Крымскай астрафізічнай абсерваторыі.
Крыніцы:
1. Тихов Г. А . Шестьдесят лет у телескопа. Москва. 1961.
2. Выпускники Литовской духовной семинарии 1830-1891, 1903, 1913 гг. [Электроны ресурс] - Рэжым доступу: http http://www.petergen.com/bovkalo/duhov/litsem.html - Дата доступу: 12. 10. 2009.
3. ИСТОРИЯ СМОЛЕВИЧСКОЙ ЦЕРКВИ ВО ИМЯ СВЯТОГО НИКОЛАЯ ЧУДОТВОРЦА. [Электроны ресурс] - Рэжым доступу: http http://smaliavichy.by/?p=1588 - Дата доступу: 12. 10. 2009.
4. Священномученик протоирей Владимир Зубкович. [Электроны ресурс] - Рэжым доступу: http://minds.by/seminary/znam_vipuskniki/zubkovich.html - Дата доступу: 12. 10. 2009.
5. Воробьева Е. Я. К истории вопроса о космической дисперсии света // Историко-астрономические исследования. Выпуск 12, Москва, 1975.
6. Суслов А.К. Астрофизические исследования Тихова Г.А. // Историко-астрономические исследования. Выпуск XV, 1980.
7. Морозов Н. А. «Вселенная» III книга из сборника "Итоги науки в истории и практике". Изд. Товарищества «Мир», 1911.
8. Научно-биографический очерк и комментарии О. А. Мельников. // Белопольский А.А. Астрономические труды. М.,1954.
9. Луцкий В .К. История астрономических общественных организаций в СССР. Москва. 1982.
10. Валянский С.И., Недоселина И.С. Отгадчик тайн, поэт и звездочет. - М. 2004.
11. ВалянскийС.И. История и астрономия. [Электроны ресурс] - Рэжым доступу: http://hronotron.narod.ru/pred/morozov/hist_astr.txt - Дата доступу: 19.10.2009.
12. Суслов А, К. Студенческие астрономические кружки в Петербурге // Историко-астрономические исследования. Выпуск. М. 1957, вып. III,
13. Ходаковская О.И. Нина Михайловна Штауде - монахиня и учёный (1888-1980) [Электроны ресурс] - Рэжым доступу: http://www.mitropolia-spb.ru/news_detail.php?ID=2386 - Дата доступу: 20.10.2009.
14. Бронштэн В. А. «Разгром Общества Любителей Мироведения». Журнал Природа, 1990 г., № 10
15. Справка КГБ СССР о судьбе пулковских астрономов // Историко-астрономические исследования, вып. 22, М.: Наука, 1990,
16. Штауде Н.М. Автобиография. "Историко-астрономические исследования", 1990, Вып.22
17. Гневышев М.Н. Свершения и тревоги Пулкова // Историко-астрономические исследования", 1989, Вып.21.
18. Мартынов Д.Я. Пулковская обсерватория в годы 1926-1933 // Историко-астрономические исследования, 1984, Вып.17.
19. Виктор Тейфель. Как в Казахстане родилась астробиология // Известия - Казахстан. 20.05. 2005.
20. Полак И. Ф. Планета Марс и вопрос о жизни на ней // Марс: Великое противостояние. М. 2004.
21. Первушин А. Завоевание Марса. М. 2006.
22. «Наука и жизнь» 1973, №6, С. 52-53.
23. Зигель Ф. Обитаем ли Марс? Альманах «Мир приключений» 1957 г.
24. Творческое наследие академика Сергея Павловича Королева. М.: Наука, 1980.
25. Виктор Тейфель. Гавриил Тихов - звезда первой величины. "Казахстанская правда" ад 30.11.2007.