І авалоданне законамі натуры
У сэрцах не туманіць сузірання
Тварца сусветаў у яго праявах.
Праз лікаў тонкую вуаль і формул
Выносіў Бога твар да твару ён,
Як і першнастаўнікі навукі:
Пастэр і Дарвін, Ньютан і Паскаль
Максіміліян Валошын. "Памяці В. К. Цэраскага"
(Пераклад С. Судніка)
Вядомы астрафізік канца 19 - пачатку 20 ст., піянер інструментальнай фотаметрыі і заснавальнік маскоўскай школы фотаметрыстаў Вітольд Карлавіч Цэраскі (Witold Michał Henryk Ceraski) нарадзіўся 9 мая 1849 г. у горадзе Слуцку.
Цэраскія - выхадцы з роду рэфармацкіх пастараў, іх прозвішча паходзіць ад лацінскага слова "cera" - "воск".
Інфармацыі пра род Цэраскіх няшмат. У спісе ўсіх 42 пратэстанцкіх пастараў ВКЛ за 1754 г. прысутнічае і Міхал Цэраскі [1]. Паводле Валерыяна Красінскага: "Радзівілішкі (Radziwiliszki) - даўняя ўласнасць і, пэўна, фундацыя біржанскіх Радзівілаў, на мяжы з Курлядыяй, пратэстанцкі збор захаваўся да нашых дзён (1905 г. - Л. Л.). 1754 г. штодня тут бываў пастар Міхал Цэраскі" [2]. Мне ўдалося знайсці ўпамінанне пра шлюб дзеда астранома - Юзафа Цэраскага з Багумілай Навалінскай у 1795 г. [3]. Юзафа Цэраскага хрысцілі ў парафіі евангелістаў-рэфарматараў у Новым Месце (Nowe Miasto), а Багумілу Навалінскую (нарадзілася 11.11.1773 г.) ў парафіі евангелістаў-рэфарматараў у Швабішках (Szwabiszki), кнігі метрык захоўваюцца ў Архіве Сінода евангелістаў-рэфарматараў у Вільні [4]. Вядома пра двух сыноў Юзафа Цэраскага - Карла і Міхала. Бацька будучага астранома Карл Цэраскі (1817-1864) быў высокаадукаваным чалавекам з шырокімі інтарэсамі і пасля заканчэння універсітэту ў Дэрпце (Тарту) працаваў выкладчыкам геаграфіі Слуцкай гімназіі. Дзядзька астранома Міхал Цэраскі (1814-1870) таксама закончыў Дэрпцкі універсітэт і па сямейнай традыцыі працаваў евангелісцкім пастарам у Дзевалтове (Dziewałtowie), Біржах і Койданаве, актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1863 г. [5].
Карл Цэраскі перадаў сваім дзецям цікавасць да навук, мастацтва, літаратуры і гісторыі. Інтэлектуальная атмасфера сям'і спрыяла развіццю інтарэсаў малога Вітольда. Дзяцінства Цэраскага прайшло ў асяроддзі сяброў бацькі - педагогаў гімназіі. Дарэчы, Слуцкая гімназія - адна з найстаражытнейшых навучальных устаноў у Беларусі. Згодна з граматай князя Януша Радзівіла ад 7 мая 1617 г. у Слуцку быў заснаваны евангелічны храм і вучэльня пры ім, заняткі ў вучэльні пачаліся з восені 1617 г. [6].
Цэраскі рана пачаў цікавіцца дакладнымі навукамі, а з'яўленне на небе ў 1858 г. яркай каметы Данаці [7] абудзіла цікавасць да астраноміі. Гэту цікавасць падтрымліваў яго выкладчык матэматыкі Герман і выкладчык прыродазнаўчых навук Вагнер, пра якіх Вітольд Карлавіч успамінаў з вялікай удзячнасцю. Цэраскі меў магчымасць назіраць у маленькі тэлескоп фізічнага кабінета Сонца, Месяц, Юпітэр, што прыносіла яму вялікае задавальненне. Вучань Цэраскага прафесар Блажко С.Н. згадваў, што "нацыянальны рух у заходніх губернях Расіі выклікаў рэакцыю царскага ўрада, якая пракралася і ў навучальныя ўстановы; школьны рэжым рэзка змяніўся, вучням забаранілі выдачу навуковых кніг са школьнай бібліятэкі. Вітольд Карлавіч, які вельмі хацеў прачытаць кнігу Гершэля "Нарысы астраноміі" ў перакладзе... змог дастаць гэтую кнігу толькі з вялікай цяжкасцю" [8].
У 1867 г. Цэраскі закончыў гімназію і, нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, выкліканыя смерцю бацькі, паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага універсітэту. Сродкі для існавання даводзілася здабываць прыватнымі ўрокамі, і таму ўжо з другога курса ён пачаў працаваць у якасці звышштатнага вылічальніка ў Астранамічнай абсерваторыі, тут яму быў выдзелены пакой для жыцця. Так пачалася шматгадовая кар'ера Цэраскага ў абсерваторыі Маскоўскага універсітэту. Дырэктарам абсерваторыі ў той час быў швейцарац Каспар Готфрыд Швайцар (1816-1873) (Kaspar Gottfried Schweizer). Ён не ведаў рускай мовы і не мог выкладаць ва універсітэце. Дырэктар - высакакласны астраном-назіральнік і вялікі педант - скрупулёзна сачыў за тым, каб малады вылічальнік займаўся на працы толькі сваімі абавязкамі. Цэраскаму, які меў шырокія інтарэсы ў жыцці, даводзілася хаваць неастранамічныя кнігі ў стол. Ва універсітэце ён слухаў лекцыі матэматыкаў Бугаева і В.Я. Цынгера, механіка Ф.А. Слудскага. Курс астраноміі чытаў прафесар Ф.А. Брадзіхін. Пад уплывам апошняга Цэраскі абраў астрафізічны кірунак для сваёй будучай навуковай дзейнасці. На чацвёртым курсе універсітэта, Цэраскі напісаў працу прапанаваную факультэтам на тэму: "Вылічэнне эліптычнай арбіты Марса па трох назіраннях" і атрымаў за яе залаты медаль [9].
У 1871 г. Цэраскі закончыў універсітэт са ступенню кандыдата [10] і быў пакінуты пры універсітэце са стыпендыяй, а потым атрымаў месца звышштатнага асістэнта абсерваторыі. Астраномам-назіральнікам быў у той час А. І. Грамадскі. Прафесар М.А. Кавальскі запрашаў Вітольда Цэраскага ў Казань на пасаду астранома-назіральніка, але ён застаўся працаваць у Маскоўскай абсерваторыі. У 1873 г., пасля смерці Швайцара, дырэктарам абсерваторыі стаў Брадзіхін, і Цэраскі пачаў займацца навуковай дзейнасцю.
Першым даручэннем ад Брадзіхіна была экспедыцыя па назіранні праходу Венеры па дыску Сонца 9 снежня 1874 г. У той час ускладаліся вялікія надзеі (яны не апраўдаліся), што гэтым метадам удасца дакладна вызначыць паралакс Сонца [11]. Перад выездам у экспедыцыю Цэраскі апублікаваў артыкул з інфармацыяй пра гісторыю назіранняў гэтай з'явы і з разлікамі яе момантаў для 41 населенага пункта Расеі. У пачатку артыкула ён пісаў: "Велізарная цікавасць, з якой чакаецца ў астранамічным свеце праход 1874 года, тлумачыцца не рэдкасцю з'явы, якая ад былася ў апошні раз больш за сто гадоў таму, а важнасцю высноваў, якія, як можна спадзявацца, будуць выведзены з назіранняў..." [12].
Для назірання экспедыцыя Цэраскага выехала ў сібірскі гарадок Кяхта, каля мяжы з Кітаем. Цэраскі ніколі не вылучаўся моцным здароўем, а доўгі конны шлях праз ўсю Расею з астранамічным абсталяваннем быў цяжкі. Калі ж наступіў чаканы дзень, надвор'е не дазволіла правесці паўнавартасныя назіранні. Праз 15 гадоў навуковец з гумарам пісаў у асабістым дзённіку пра сваю няўдалую экспедыцыю: "Я ехаў амаль пяць тыдняў да слаўнага па прыгажосці Байкала, спусціўся на поўдзень, і да майго здзіўлення аказалася, што я ўсё яшчэ ў Расеі. Мне нават сказалі, што Расея тут не заканчваецца, што яна ідзе да Берынгава праліва і да Японскага мора, што ёсць нейкі "Усурыйскі край"... што Расеі належыць Самарканд, пра які Шахеразада распавя дала такія цудоўныя казкі, і палымяная Калхіда, і святая вяршыня Арарат..." [13]. Няўдача гэтай экспедыцыі шмат чаму навучыла Цэраскага. І пазней, замест арганізацыі выездаў з няпэўнымі вынікамі ён выдзяляў грошы на закуп абсталявання з наступнымі назіраннямі ў стацыянарнай абсерваторыі.
Па вяртанні з Кяхты Цэраскі атрымаў пасаду звышштатнага асістэнта, а ў 1878 г. - астранома-назіральніка ў абсерваторыі. Адным з першых ён пачаў выкарыстоўваць фатаграфію ў астраноміі. Ён атрымаў ў 1875 1876 г. здымкі сонечных плямаў і факелаў на фотагеліёграфе Дальмеера. Неўзабаве ўвагу Вітольда Цэраскага прыцягнула іншая галіна астрафізікі - астрафотаметрыя, якая стала потым галоўным кірункам ягоных навуковых заняткаў, і працы менавіта ў гэтай галіне прынеслі яму вядомасць у асяроддзі навукоўцаў. Працай па фатаграфаванні Сонца ў 1877 г. заняўся А. А. Белапольскі.
Сур'ёзных прац па астрафотаметрыі ў той час было не шмат. Можна назваць працы Зейдэля і Цэльнера, які прапанаваў канструкцыю астрафатометра, распачыналіся астрафотаметрычныя працы ў абсерваторыі Гарвардскага каледжа ў Кембрыджы. Вітольд Цэраскі стаў адным з піянераў у параўнальна маладой галіне астраноміі - астрафотаметрыі. З першых жа гадоў працы ён спланаваў сабе праграму вызначэння зорных велічынь каляпалярных зорак і пачаў яе выкананне пры дапамозе набытага абсерваторыяй астрафатометра сістэмы Цэльнера. Але гэтая прылада і метады працы з ёй былі тады яшчэ мала даследаваныя, Цэраскі падвергнуў крытычнаму даследаванню астрафатометр Цэльнера, імкнучыся яго ўдасканаліць, а паралельна распрацоўваў новыя прыёмы назірання. Гэтыя даследаванні друкаваліся ў 1876 г. у "Працах Маскоўскай астранамічнай абсерваторыі" і зрабіліся асновай ягонай магістарскай дысертацыі. 29 студзеня 1883 г. Цэраскі абараніў дысертацыю на ступень магістра "Пра вызначэнне бляску белых зорак". У працы вызначалася яркасць 500 белых зорак з мэтаю стварэння фундаментальнага фотаметрычнага каталогу ў сучаснай сістэме зорных велічыняў.
У 1879 і 1880 г. Вітольд Карлавіч адкрыў дзве новыя пераменныя зоркі: адну тыпу Алголя [14], другую тыпу ó Кіта [15]. У той час адкрыццё зменных зорак было рэдкасцю, бо фатаграфічныя назіранні яшчэ не мелі такога значэння ў астраноміі, як цяпер.
У другой палове 70-х г. па рэкамендацыі Брадзіхіна Цэраскі пачаў чытаць лекцыі па фізіцы на Лубянскіх жаночых курсах (пасля - Вышэйшыя жаночыя курсы). Ён меў вялікі поспех як таленавіты лектар і прыцягнуў сімпатыі слухачак сваім удзелам у развіцці жаночай адукацыі.
Ва універсітэце Цэраскі пачаў выкладаць у 1882 г. - яшчэ будучы астраномам-назіральнікам, да абароны магістарскай дысертацыі. Яму было даручанае кіраўніцтва ў абсерваторыі практычнымі заняткамі і назіраннямі студэнтаў. Абсерваторыю з гэтай мэтай наведвалі толькі нешматлікія студэнты па адмысловым дазволе дырэктара. У справаздачах Брадзіхіна ёсць цікавыя заўвагі адносна "побытавых умоваў" ў наваколлі абсерваторыі: "На жаль, адсутнасць шашы і глыбокая гразь увосень і ўвесну ў завулках каля абсерваторыі складаюць вялікую перашкоду для наведвання абсерваторыі студэнтамі, заявы прафесара пакідаюцца муніцыпалітэтам без наступстваў" (1882 г.). Да таго часу адносіцца і аповед Цэраскага пра тое, што рамізнікі ў дажджлівую пару года з прычыны жудаснай гразі часам не давозілі з горада да абсерваторыі, а, спыніўшыся на некаторай адлегласці ад яе, прапаноўвалі людзям самім шукаць далейшы шлях. Аднак напрыканцы 1880-х г. завулак (ён зваўся тады Вялікім Мікольскім) быў забрукаваны [16].
Цэраскі чытаў усе асноўныя курсы па астраноміі: апісальную, сферычную, тэарэтычную і практычную. Яго лекцыі карысталіся вялікім поспехам, курс апісальнай астраноміі наведвалі нават студэнты іншых факультэтаў. Дакладнасць і вытанчанасць выкладання прынеслі яму легендарную вядомасць. Шматлікія выпускнікі Маскоўскага універсітэту адзначалі майстэрства выкладчыка. Напрыклад Ціхаў Г. А. успамінаў: "Астраномію чытаў прафесар Вітольд Карлавіч Цэраскі. Рабіў ён гэта надзіва проста і займальна. Апісальную астраномію студэнты слухалі, стаіўшы дыханне. Калі ж выводзіліся даволі сумныя і доўгія формулы па сферычнай і тэарэтычнай астраноміі і на тварах студэнтаў з'яўляліся прыкметы безуважлівасці, Цэраскі ажыўляў слухачоў або вясёлаю пры маўкаю, або паказам якога-небудзь прыбора. Памятаю такі выпадак. Трэба было растлумачыць, як пераходзяць ад сярэдняга сонечнага часу да зорнага [17]. Прафесар вымае з левай кішэні камізэлькі гадзіннік, паказ вае колькі зараз часу і кажа: "Знойдзем, які зорны час будзе праз пяць хвілін". Робіць на дошцы вылічэнне. Праз пяць хвілін пасля адзначанага сярэдняга часу Вітольд Карлавіч вымае з правай кішэні камізэлькі другі гадзіннік. Ён паказвае хвіліна ў хвіліну тое, што вылічана на дошцы" [18].
З канца 1883 г. да сярэдзіны 1884 г. В. К. Цэраскі прабыў у навуковай камандзіроўцы ў Нямеччыне, дзе наведаў розныя абсерваторыі, знаёмячыся з іх працай, і слухаў лекцыі Гельмгальца і іншых выбітных навукоўцаў. У 1884 г. ён ажаніўся з Лідзіяй Пятроўнай Шэлехавай (1855-1931). 20 лістапада 1884 г. быў абраны прыват-дацэнтам. У тыя гады Цэраскі працягваў назіранні і даследаванні астрафатометра, якія далі матэрыял для ягонай доктарскай дысертацыі "Астранамічны фатометр і яго выкарыстанне". У дысертацыі ён выклаў прынцыпы ўдасканальвання астрафатометра, які ў выніку атрымаў назву фатометра Цэльнера - Цэраскага. Дысертацыя была надрукаваная ў "Матэматычным зборніку" [19] Маскоўскага матэматычнага таварыства, але абараніў ён яе ў Пецярбургу, дзе і атрымаў 30 траўня 1888 г. ступень доктара [20].
У 1889 г. Цэраскі здзейсніў другую камандзіроўку за мяжу і наведаў Парыж з яго сусветнай выставай і пасля вяртання, стаў надзвычайным прафесарам Маскоўскага універсітэту (ганаровым прафесарам - у 1907 г.).
У 1890 г. Брадзіхін перайшоў у Пулкаўскую абсерваторыю і Вітольд Карлавіч Цэраскі заняў пост дырэктара абсерваторыі Маскоўскага універсітэта. На гэтай пасадзе ён працаваў 25 гадоў. Да рэпутацыі строгага і абачлівага прыродазнаўцы і бліскучага лектара ён далучыў рэпутацыю выбітнага арганізатара навукі. З першых жа гадоў дырэктарства Вітольда Карлавіча пачалося абнаўленне абсерваторыі.
Дзве акалічнасці паспрыялі Цэраскаму. Па-першае, купец А.А. Назараў, яго універсітэцкі таварыш, выдзеліў са сваіх сродкаў суму на паляпшэнне абсерваторыі, даўшы Цэраскаму поўную свабоду набываць неабходнае абсталяванне ў найлепшых фірмаў. Па-другое, Цэраскі дамогся, што з першага ж асігнавання ўрада была выдзеленая сума не толькі на будаўнічыя работы, але і на астранамічнае абсталяванне. На сродкі А.А. Назарава, акрамя набыцця гарманічнага аналізатара і некалькіх дробязяў, у 1890 г. быў замоўлены 110-міліметровы (4 ангельскія цалі) аб'ектыў-апланат. Для кароткафокуснага тэлескопа-астрографа з гэтым аб'ектывам (для магчымасці фатаграфавання зорнага неба ў малым маштабе, але цэлымі сузор'ямі) майстра Хейд (Heyde) у 1895 г. у Дрэздане па праекту Цэраскага вырабіў высокадакладную паралактычную мантыроўку. Цэраскі даў прыладзе назву "экватарыяльная камера", і на гэтай камеры з 1895 г. была арганізаваная першая сістэматычная служба пошуку і вывучэння зменных зорак фатаграфічным шляхам [21]. Да сёння Маскоўская "шкляная бібліятэка фотапласцінак" (негатываў фарматам 24 х 30 см) адна з самых багатых у свеце [22]. Да гэтай працы Цэраскі прыцягнуў сваю жонку і яна адкрыла 219 зменных зорак [23]. Амерыканскі часопіс "Popular Science" пісаў у жніўні 1906 г.: "Спадарыня Л. Цэраская, жонка дырэктара астранамічнай абсерваторыі ў Маскве, знайшла вялікую колькасць зменных зорак пры вывучэнні фатаграфій, зробленых астраномам той жа абсерваторыі Блажко. Мадам Цэраская была асабліва паспяховая ў пошуках зменных зорак тыпу Алголь. Гэта вельмі добры вынік, калі улічыць той факт, што з 3000 вядомых цяпер зменных зорак выяўлена толькі трыццаць восем тыпу Алголь" [24].
Цэраскі дамогся выдзялення 100 000 рублёў і істотна перабудаваў абсерваторыю. У 1895-1896 г. абсерваторыю падоўжылі на поўнач: былі пабудаваныя цудоўная аўдыторыя з двума цаглянымі слупамі для практычных заняткаў студэнтаў, падземны пакой, дзе праз нейкі час быў устаноўлены галоўны гадзіннік абсерваторыі, паміж круглай залай і аўдыторыяй быў уладкаваны невялікі архіў для захоўвання журналаў назіранняў і іншых навуковых дакументаў. Была ўзведзеная галоўная цыліндрычная трохпавярховая вежа і пад яе новым металічным купалам у 1900 г. усталяваны самы буйны на той час у Расіі 15-цалевы падвойны (з візуальнай і фатаграфічнай трубамі па 6 м даўжынёю) доўгафокусны рэфрактар-астрограф дзвюх знакамітых фірмаў: братоў Анры (оптыка) і братоў Рэпсальдаў (паралактычная мантыроўка). Падвойны астрограф праслужыў тры чвэрці стагоддзя і цяпер, пасля рэстаўрацыі ў 1990-я г., застаецца дзейным музейным экспанатам.
Апошняя перабудова астранамічнага комплексу закончылася ў 1903 г., калі на сродкі А.А. Назарава нямецкая фірмаю братоў Гейдэ пабудавала вежу (вядомую як "назараўская"), і ў ёй усталявалі 7-цалевы рэфрактар-апахрамат Цэйса. Мадэрнізавалі мерыдыянны круг з ягоным павільёнам [25]. Калі на Прэсню быў праведзены электрычны ток, зрабілі электрычнае асвятленне абсерваторыі і электрычнае кручэнне вялікага купала (да таго часу круцілі механізм рукамі). Каб засцерагчы мерыдыян абсерваторыі ад узвядзення высокіх будынкаў, на хадайніцтва Цэраскага кіраўніцтва універсітэту купіла ўчастак зямлі на поўнач ад абсерваторыі. Пабудавалі невялікую метэаралагічную абсерваторыю, якая не перашкаджала астранамічным назіранням. На іншы бок участка, на поўдзень, дзе мясцовасць спускаецца да Масквы-ракі, Цэраскі атрымаў сэрвітут, які забараняў на гэтай зямлі на працягу 99 гадоў узвядзенне высокіх будынкаў у паласе шырынёю 10 сажняў ад абсерваторыі да Масквы-ракі. На хадайніцтва Цэраскага Гарадская ўправа распарадзілася завулак абсерваторыі засадзіць дрэвамі.
Пасля ўсіх перабудоваў абсерваторыя Маскоўскага універсітэта стала другой па значнасці ў Расеі. Вітольд Карлавіч любіў сваю абсерваторыю. Зрэдку ў цесным коле ён дазваляў сабе з задавальненнем казаць, што "атрымаў абсерваторыю драўлянай, а пакідае яе мураванай" [26].
У гады рэвалюцыі 1905 г. абсерваторыі пагражала рэальная небяспека з прычыны блізкіх баёў, а таксама таму, што менавіта ў ёй знаходзілася бальшавіцкая таемная яўка, узначаленая супрацоўнікам абсерваторыі П. К. Штэрнбергам (партыйны псеўданім Месяцовы), пра што Цэраскі і не падазраваў.
* * *
Клопаты па абнаўленні абсерваторыі не парушалі навуковай працы яе дырэктара. Ён дбайна працягваў назіранні са сваім астрафатометрам. Пры назіраннях Цэраскі выявіў фізіялагічную памылку, якая раней нікім не была заўважаная. Ён знайшоў, што адносны бляск дзвюх зорак, якія стаяць побач, залежыць ад іх узаемнага размяшчэння, таму варта ў астрафатометры ставіць назіраную зорку і направа, і налева ад штучнай. Ягоныя тэарэтычныя працы па вызначэнні хібнасцяў пры фотаметрычных вымярэннях атрымалі прызнанне, і ягоны метад вымярэнняў быў прыняты іншымі назіральнікамі [27]. Цэраскі распаўсюдзіў свае фотаметрычныя даследаванні на зорныя скупнасці h і x Персея (у 1891-1893 гг.) і ў сузор'і Валасы Веранікі у 1897 - 1901 г. У першай скупнасці ён з вялікай дакладнасцю вызначыў зорныя велічыні 70 зорак ад 6,4 m да 8,0 m і многіх больш слабых, да 13,2 m, у Валасах Веранікі зорныя велічыні 82 фундаментальных зорак ад 6,4 m да 8,0 m і многіх зорак да 13,5 m. У 1906 г. ён адкрыў зменную зорку RW Вознага. Таксама ён знайшоў адзін з відаў выбуховых зорак - падвойную зорку - U Блізняцоў.
Цэраскі цікавіўся пераважна распрацоўкай метадалогіі. Самі аб'екты даследавання цікавілі яго вельмі мала. Так, напрыклад, у 1879 і 1880 г. ён выпадкова адкрыў дзве новыя зменныя зоркі: U і Т Цэфея. Нягледзячы на тое што тады такіх аб'ектаў было вядома яшчэ не шмат, Цэраскі не зацікавіўся высвятленнем закона змены бляску гэтых зорак (пасля высветлілася, што першая з іх - тыпу Алголя, другая - доўгаперыядычная зменная). Таксама мала цікавіла яго фізічная прырода і іншых зменных і новых зорак, якія ён назіраў. Ён працяглы час вымяраў сваім фатометрам бляск новай зоркі ў Возным ў 1892 г. і ў Персеі 1901 г. Для першай з іх ён атрымаў дакладныя вымярэнні бляску за 16 дзён, прасачыўшы змены яе бляску ад 5-й да 12-й зорнай велічыні, але крывую бляску пабудаваць не спрабаваў. Відавочна, што ён бачыў сваю задачу ў вырашэнні іншых пытанняў, і тым не менш 10 ягоных артыкулаў прысвечаны зменным і новым зоркам [28].
Неаднойчы Цэраскі звяртаўся да назіранняў метэораў і пачынаючы з 1878 г. прысвяціў ім сем артыкулаў. Ён прапанаваў вызначаць каардынаты метэорнага радыянта не звычайным спосабам - графічна, а аналітычна, больш дакладна. Потым Цэраскі склаў карту вобласці неба ў сузор'і Персея для нанясення на яе шляхоў метэорнага струменя Персеідаў. Гэтая карта шырока выкарыстоўвалася назіральнікамі і была выдадзеная двойчы. У 1898 г. Цэраскі прапанаваў зручны інструментальны метад вызначэння вуглавой хуткасці метэораў [29].
Ён звярнуў увагу на выгоды назірання абодвума вачамі і прапанаваў злучэнне дзвюх астранамічных труб у астранамічны бінокль. Як толькі ў яго рукі трапіў новы ў той час тып бінокля - прызмавы бінокль, яшчэ мала святласільны, з малымі аб'ектывамі, ён прыдумаў новы тып бінокля для астранамічных назіранняў, які складаецца з дзвюх труб сістэмы Кеплера з аб'ектывамі па 30 мм дыяметрам і павелічэннем ў чатыры разы. Навядзенне на фокус з улікам адрознення ў зроку абодвух вачэй назіральніка ажыццяўлялася дадатковым перасоўваннем аднаго з аб'ектываў. У яго можна было ўбачыць зоркі да 8,5 велічыні. Лёгкі алюмініевы корпус рабіў гэты бінокль зручным ва ўжыванні. Гэты прыбор шырока рэкамендаваўся аматарам астраноміі [30]. Астранамічныя біноклі - сёння любімыя прыборы аматараў астраноміі.
Павялічаная абсерваторыя запатрабавала наяўнасці ў кожнай вежы дакладнага астранамічнага гадзінніка, і Цэраскі вынайшаў спосаб электрычнага параўнання маятнікаў і праверкі ходу гадзіннікаў.
Частковае сонечнае зацьменне 1897 г. навяло яго на думку пра магчымасць выявіць сляды месяцовай атмасферы пры даследаванні бачных дэфармацый сонечных плямаў поблізу месяцавага краю.
Метады вывучэння Сонца таксама ўвесь час цікавілі Цэраскага. Ён апублікаваў тры серыі вызначэнняў каардынатаў сонечных плямаў. Для вызначэння дакладнага маштабу здымкаў на геліёграфе ён прыдумаў адмысловую касету, на якую адмысловым спосабам "перанёс" ніці акуляра пасажнай прылады, вуглавая адлегласць паміж імі была старанна вызначаная праз назіранні зорак.
У 1906 г. Цэраскі вынайшаў просты акуляр для дэталёвага вывучэння сонечных плямаў, які дае магчымасць назіраць не дыяфрагмуючы аб'ектыў. З гэтым акулярам Вітольд Карлавіч назіраў у 15-цалевы рэфрактар тонкія дэталі сонечнай паверхні [31]. Пра назіранні з акулярам сваёй канструкцыі ён напісаў :"У траўні - чэрвені бягучага года я назіраў сонечныя плямы з нашым 15-цалевым рэфрактарам, пры цалкам адкры тай адтуліне, павелічэнне было 435 разоў. У нашым клімаце выгляд Сонца… надзвычай дрэнны, толькі на працягу кароткіх імгненняў яно бывае спакойным, і тады на паверхні Сонца і ў плямах бачна дзіўная колькасць дэталяў... цені плямаў уяўляліся мне як густыя аблокі цём нага сіне-фіялетавага колеру, дно іх было далёка не аднастайнае... можна было адрозніць вельмі разнастайныя адценні... Цені мелі па краях вялікую колькасць тонкіх прыдаткаў, падобных да зубцоў грабян ца, тонкія карані ці лапкі казурак... 25 - 26 траўня я бачыў асляпляльнае воблака, якое плыло над плямай… яно мне падалося жаўтлявым і больш яркім, чым паверхня Сонца. 20 мая такое самае воблака зусім змяніла сваю структуру за 24 гадзіны і з зусім аднастайнага стала касмыкаватым. Часам былі прыкметныя доўгія паходні, якія праходзя ць праз паўцень... 19 мая на ўсходнім краі з'явілася група плямаў, вакол якіх перапляценне паходняў праектавалася на грануляваную паверхню Сонца. Было відавочна, што ніякая замалёўка не можа перадаць усе гэтыя тонкія дэталі, гэтак сама, як і ніякі фатаграфічны працэс не можа перадаць усе бясконцыя градацыі адценняў пачынаючы ад асляп ляльнага святла паходняў і заканчваючы вельмі цёмнымі адценнямі ўнутранасці плямаў" [32].
Імя Цэраскага назаўжды злучанае з адкрыццём рэдкай і вельмі прыгожай з'явы ў атмасферы Зямлі - серабрыстых аблокаў. Пэўныя упамінанні пра начныя аблокі, якія свецяцца, сустракаюцца ў працах еўрапейскіх навукоўцаў 17 - 18 ст., але яны маюць адрывісты і невыразны характар. Першаадкрывальнікамі гэтай з'явы лічацца Т. Бэкхаўс (Backhouse T.W.). які назіраў іх 8 чэрвеня ў Кісінгtне (Нямеччына), і астраном Маскоўскага універсітэту Вітольд Карлавіч Цэраскі, які назіраў іх незалежна ад Бэкхаўса ўвечары 12 чэрвеня (па новым стылі) 1885 г. Цэраскі не спяшаўся з публікацыяй атрыманых вынікаў. Ён зрабіў гэта толькі праз два гады, але паведамленне пра незвычайную з'яву прайшло незаўважаным [33].
Вось як адкрыццё апісвае сам аўтар у артыкуле "Пра аблокі, якія свецяцца": "У 1885 г., каля летняга сонцастаяння, намі былі заўважаныя зусім асаблівыя аблокі, названыя пасля святлівымі, ці серабрыс тымі, аблокамі.
Што да іх з'яўлення, то я дакладна ведаю, што да 4 чэрвеня 1885 г. мы іх ніколі не бачылі…
Вяртаючыся неяк у адзін з гэтых дзён досвіткам са шпацыру, мы ўбачылі неба ў незвычайным стане; было бачна - адбываецца нешта, што трэба назіраць, хоць метэаралогія і не ўваходзіць у праграму працы Абсерваторыі.
Палова неба да зеніту была пакрытая шчыльным пластом зусім новых для нас аблокаў. З'ява была тады ў максімуме... яе навізна пры мусіла нас страціць найболей цікавыя і спрыяльныя імгненні. Шмат разоў з таго дня мы бачылі і фатаграфавалі вельмі цікавыя аблокі, але гэта былі ўжо толькі рэшткі, якія не давалі ніякага ўяўлення пра з'яву ў яе максімальным развіцці.
Назіранне дазволіла нам адкрыць некаторыя вельмі характэрныя ўласцівасці згаданых аблокаў.
24 чэрвеня 1885, як сказана вышэй, мы спрабавалі вызначыць іх вы шыню, назіраючы з двух пунктаў, аддаленых на 10 км адзін ад аднаго, і знайшлі, што гэтая база замалая, гэта паказвала на вялікую вышыню аблокаў. Назіранні 26 чэрвеня далі нам вертыкальную вышыню каля 75 км. Хутка мы зразумелі, што аблокі, якая б ні была іх колькасць, не бачныя ні ўдзень ні ўначы; яны бачныя толькі пры адпаведным ста новішчы Сонца пад гарызонтам, пры ранішняй ці вячэрняй заранцы.
У гэтую гадзіну разгортваецца дзіўная карціна: на зусім ясным небе з'яўляюцца аблокі, і праз некаторы час яны становяцца нябачнымі. Я падкрэсліваю тое, што яны не знікаюць, але толькі становяцца нябач нымі, гэта я ўстанавіў з упэўненасцю, назіраючы іх простым вокам і ў трубу са слабым павелічэннем.
Калі ўвечар аблокаў шмат, то на паўночным захадзе над кропкаю, дзе зайшло Сонца, утвараецца сегмент, які свеціцца і, змяняючыся патроху ў памерах, павольна перасоўваецца на поўнач. Апоўначы вы шыня сегмента больш не змяняецца, і гэта самы спрыяльны момант, каб рабіць назіранні, замалёўкі ці фатаграфаванні.
Аблокі, нягледзячы на іх яркасць, вельмі празрыстыя; не адзін раз я бачыў, як яны праходзілі перад зоркамі, не памяншаючы іх бляску. Гэта паказвае, што паглынанне свету малое, але ўсё ж існуе і ўплывае на фотаметрычныя назіранні. Малая колькасць маіх астранамічных на зіранняў за апошні час тлумачыцца менавіта прысутнасцю гэтых аб локаў.
Пачынаючы з 1885 г. мы іх бачылі кожнае лета. У мінулым, 1889-м, годзе я ўбачыў іх у першы раз 9 чэрвеня, у 11 вечара, каля гарызонту на паўночным захадзе, але да поўначы яны зніклі …" [34].
Вялікую вядомасць атрымалі працы Цэраскага па вызначэнні тэмпературы паверхні Сонца. На пачатку 90-х г. 19 ст. пытанне пра тэмпературу Сонца было яшчэ спрэчным. Дзеля яе вызначэння навукоўцы звярталіся да розных спосабаў і атрымлівалі зусім розныя вынікі.
У 1889 г. на сусветнай выставе ў Парыжы дэманстраваліся вырабы французскай аптычнай прамысловасці. Сярод іх, паводле словаў наведвальніка выставы В.К. Цэраскага, "у аптычным аддзеле мімаволі звяртала на сябе ўвагу велічынёю і дасканаласцю ўвагнутае люстэрка". Пасля парыжскай выставы гэтае люстэрка дэманстравалася сярод экспанатаў фірмы "Жэтліф і Сымон" на французскай выставе ў Маскве ў 1891 г., па заканчэнні якой па рэкамендацыі сябры Пастаяннай камісіі аддзела Прыкладной фізікі Політэхнічнага музея В.К. Цэраскага люстэрка было набытае для Політэхнічнага музея ў Маскве.
Для правядзення даследаванняў на гэтую тэму ў траўні 1894 г. Цэраскі атрымаў дазвол узяць набытае Політэхнічным музеем люстэрка ва ўніверсітэцкую абсерваторыю і правёў з ім шэраг доследаў. На меркаванне Цэраскага, тэмпература ў фокусе люстэрка магла служыць "зыходнаю кропкаю для меркаванняў пра тэмпературу Сонца". Люстэрка ўстаўлялася ў простую драўляную раму на шарнірах і ўраўнаважвалася цэглаю. Назіральнік трымаў у фокусе ўзор, які падвяргаўся плаўленню. Падчас доследаў прамяні Сонца, сабраныя люстэркам, расплаўлялі амаль імгненна ўсе металы і мінералы (ад плаціны да карунду), нават вапну. Зыходзячы з гэтага Цэраскі ацаніў тэмпературу ў фокусе люстэрка як ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца, у 3500 °С. Потым з дапамогаю люстэрка былі сабраныя промні ад электрычнай дугі з вядомай тэмператураю, роўнай 3500 °С. Электрычную дугу ўсталёўвалі на такой адлегласці ад люстэрка, каб яе малюнак у фокусе атрымліваўся такім самым па памерах, як малюнак Сонца ў папярэднім доследзе. У фокус уносіліся розныя лёгкаплаўкія рэчывы. У гэтым выпадку тэмпература ў ім складала каля 150 °С. Такім чынам, было пацверджана, што тэмпература ў фокусе люстэрка складае толькі малую частку тэмпературы крыніцы. У выніку апрацоўкі вынікаў Цэраскі вызначыў: тэмпература паверхні Сонца - больш за 6000 °С, што адпавядае вынікам сучасных вымярэнняў. У памяць пра гэты не складаны, але выдатны эксперымент, які дазволіў яшчэ 100 гадоў таму ўстанавіць ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца, рэфлектар французскае фірмы "Жэтліф і Сымон" ў Політэхнічным музеі носіць памятную назву "Люстэрка Цэраскага" [35].
Стварыў Цэраскі і простую канструкцыю сонечнага тэрмаэлектрагенератара [36]. Тэрмабатарэя гэтага генератара складалася з 25 ідэнтычных элементаў. Батарэя змяшчалася ў драўляную раму, прамежкі паміж сценкамі і элементамі генератара запаўняліся ватаю. Рама ў шкляной скрыні была размешчаная так, каб гарачыя пласты тэрмабатарэі знаходзіліся пад шклом, а халодныя - на адкрытым паветры, што дазваляла дасягнуць у сонечны дзень розніцы тэмпературы паміж імі у 50 °С. Магутнасць генератара была невялікая: яе ставала толькі на прывядзенне ў дзеянне электрычнага званка. В. К. Цэраскі сцвярджаў, што "тэрмаэлектрычны слуп пры сваёй вельмі простай канструкцыі ўяўляе з сябе самы лепшы сродак утылізаваць со нечнае цяпло". Асабліва яго прыцягвала ідэя "пакрыць пустэльныя схілы гор скалістага берага Крыму, залітыя сонечным святлом, тэрмаэлект рычнымі слупамі, якія будуць паглынаць сонечныя прамяні і дадуць магчымасць выкарыстоўваць іх". Аднак вырашыць праблему сонечнай тэрмаэнергетыкі ў той час было не пад сілу з прычыны недастатковага развіцця навукі і тэхнікі. Таму ідэі В. К. Цэраскага пачынаюць увасабляцца ў жыццё толькі ў наш час [37].
У 19 ст. яшчэ не было вырашанае пытанне пра велічыню сціску Сонца і меркавалася часавая змена яго формы. Для вырашэння гэтага пытання Цэраскі прыдумаў і пабудаваў адмысловы геліёметр [38].
Складанай навуковай задачай у той час было вызначэнне яркасці Сонца. Праблема складалася ў велізарнай розніцы ў яркасці Сонца і звычайных зорак. За гэтую цяжкую задачу браліся да Цэраскага толькі нямногія даследнікі. А яго праца выканана найболей старанна. Бляск Сонца быў аслаблены праз адлюстраванне яго прамянёў ад шаравой шкляной паверхні. Гэты бляск параўноўваўся ўдзень пры дапамозе фатометра з бляскам планеты Венеры, а пасля заходу Сонца бляск Венеры параўноўваўся фатометрам з бляскам абраных зорак. У 1903 г. гэтым арыгінальным спосабам астраном вызначыў бачную зорную велічыню Сонца у - 26,5 m. (адрозніваецца ад сучаснай на 0,1 m.) [39].
З канца 19 ст. фірма-вытворца складанай механікі оптыкі "Фірма Трындзіных" цесна супрацоўнічала з Вітольдам Карлавічам Цэраскім. Пад кіраўніцтвам дырэктара абсерваторыі былі распрацаваныя некалькі канструкцый штатываў для тэлескопаў і асвоеная іх вытворчасць. У рэкламным праспекце фірмы адзначалася: "У апошні час у Расеі зацікавіліся астраноміяй. Таму нашая фірма задалася мэтаю стварыць тып таннага і ў той жа час найбольш зручнага партатыўнага штатыва для астранамічных трубаў. Мы мелі на ўвазе астраномаў-аматараў, якім вельмі важна мець штатыў, лёгкапераносны і ў той жа час зручны". Фірма пад кіраўніцтвам Цэраскага асвоіла выпуск штатываў для астранамічных трубаў з адтулінамі аб'ектыва 61-108 мм і 110-130 мм. Дапамог астраном і з абсталяваннем прыватнай абсерваторыі Трындзіных у Маскве па апошнім слове тагачаснай тэхнікі. Вучоны спрыяльна паставіўся да справы будаўніцтва і адкрыцця новай маскоўскай агульнадаступнай абсерваторыі Трындзіных, бо падчас працы ў абсерваторыі Маскоўскага універсітэту яму даводзілася нярэдка адмаўляцца ад правядзення заняткаў з вучнямі сярэдніх навучальных установаў з прычыны нястачы часу і месца [40].
Навуковая дзейнасць Цэраскага атрымала ўсеагульнае прызнанне. У 1914 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі Навук. Быў сябрам Маскоўскага матэматычнага таварыства і ганаровым сябрам Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды. Даследчык актыўна удзельнічаў у жыцці навуковых таварыстваў.
Польскі даследчык Пшэмыслаў Рыбка са здзіўленнем зазначыў, што Цэраскі яшчэ ў 1901 г. адмовіўся ад прапановы Ягелонскага універсітэта ўзначаліць кафедру астраноміі. Між іншым гэты факт сведчыць пра тое, што ўжо на пачатку 20 ст. Цэраскага ведалі ў Еўропе і ён меў сталыя кантакты з польскімі астраномамі [41].
Цэраскі цікавіўся і гісторыяй астраноміі 16 і 17 ст. Ён наведаў месцы, дзе працавалі Капернік і Ціха Браге, і напісаў артыкул пра сваіх папярэднікаў. У згаданым артыкуле дарэчы, адзначаў, што "перавароту ў навуцы, роўнага па значэнні перавароту, зробленаму Капернікам у гісторыі навукі, ужо быць не можа. Калі падобнае ўвогуле магчыма, дык толькі ў галіне так званых псіхічных з'яваў" [42].
У 1887 г. Маскоўскае матэматычнае таварыства сумесна з Таварыствам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі ўрачыста адзначыла 200-годдзе з дня выхаду працы І. Ньютана "Матэматычныя пачаткі натуральнай філасофіі". 20 снежня 1887 г. з дакладам "Ньютан як творца нябеснай механікі" выступіў астраном В.К. Цэраскі. Яго даклад па структуры і манеры выкладу стаў яскравым прыкладам прамоўніцкага мастацтва, узорам публічных выступаў.
Пра публічныя лекцыі Цэраскага, як гэта ні дзіўна, не захавалася звестак да 1887 г., хоць падаецца неверагодным, каб бліскучы лектар не чытаў іх. Найчасцей ён выступаў у Таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Яно падзялялася на некалькі аддзяленняў. Адно з іх, фізічнае, на сваіх пасяджэннях збірала масквічоў, якія цікавіліся фізікай. Паведамленні па фізіцы вельмі часта суправаджаліся дэманстрацыямі, таксама рабіліся паведамленні па механіцы і па астраноміі, дакладчыкам на астранамічныя тэмы быў Цэраскі [43]. Актыўна выступаў ён з публічнымі лекцыямі ў Політэхнічным і Гістарычным музеях перад навучэнцамі гімназій і школ. Мноства яго артыкулаў, прысвечаных папулярызацыі астранамічных ведаў, былі апублікаваныя ў часопісах "Свет Божий", "Русская мысль", "Научное слово", "Русский астрономический календарь". Вітольд Карлавіч усяляк дапамагаў першаму ў Расеі аб'яднанню аматараў астраноміі - Ніжагародскаму гуртку аматараў фізікі і астраноміі. Пачынаючы з 1901 г. ён сам стаў супрацоўнікам Рускага астранамічнага календара апублікаваў у ім шэраг артыкулаў. У сваіх матэрыялах для аматараў астраноміі ён не толькі засяроджваўся на спецыфічных астранамічных тэмах, але і шукаў адказы на вечныя пытанні: "Зорнае неба, біялагічныя з'явы ў цесных межах Зямлі і духоўная дзейнасць у нас саміх, разам узятыя, спараджаюць паняцце пра Сусвет, хоць і смутнае і ў найвышэйшай ступені няпоўнае... Але бясконцасць даступная сузіранню чалавека толькі на зорным небе, прытым бяскон цасць сапраўды тут прысутнічае, і не як гіпотэза ці здагадка, а адгэ туль ужо паняцце пра яе, законным і неабходным чынам распаўсюджваецца на сукупнасць жыццёвых і іншых працэсаў у прыродзе" [44]. Цэраскі лічыў, што "астраном... павінен ведаць усе тонкасці сучаснай астрана мічнай... практыкі... Але ніколі, ні на хвіліну ён не павінен забываць, што ён павінен быць навукоўцам, мысляром, прыродазнаўцам-філосафам, наколькі гэта дазваляюць яго сілы і здольнасці..." [45].
* * *
Вітольд Цэраскі наладзіў нядзельныя зборы ўсіх супрацоўнікаў абсерваторыі для навуковых дакладаў і вольнага абмеркавання ўсялякіх пытанняў, звязаных з навуковай працай абсерваторыі. Ён хацеў чуць меркаванні іншых, здараліся гарачыя спрэчкі, якія перапыняліся дасціпнымі і лагоднымі заўвагамі Вітольда Карлавіча, часам даходзіла да галасавання. Быў выпадак, калі Вітольд Карлавіч выканаў жаданне грамады, хоць сам галасаваў супраць. Стаўленне Цэраскага да супрацоўнікаў было самае добразычлівае, і нават патрабаванні выказваліся ў мяккай, пераканальнай, а не загаднай форме. Гэта стварала ў абсерваторыі незвычайна добрую атмасферу ўзаемнага разумення і даверу. Каб згуртаваць астраномаў у адну сям'ю, Цэраскі прыдумаў "свята абсерваторыі". Свята адбывалася штогод увечары 25 снежня. Да 9-й гадзіны ў кватэры Вітольда Карлавіча збіраліся астраномы і "сябры абсерваторыі". У сярэдзіне вячэры гаспадар уставаў і, адзначыўшы заслугі ранейшых дырэктараў, партрэты якіх віселі на сцяне, даваў своеасаблівую справаздачу аб навуковай дзейнасці абсерваторыі ў мінулым годзе і выказваў пажаданні для кожнага на будучы год. Майстар слова ўмеў у прыгожай, дасціпнай форме нешматлікімі словамі вызначыць задачы для ўсіх - ад сябе, дырэктара, да самага малодшага супрацоўніка, якім нярэдка бываў студэнт. Пасля хто-небудзь з прысутных астраномаў прамаўляў тост у гонар Вітольда Карлавіча, і своеасаблівая "афіцыйная" частка свята заканчвалася, пачыналася нязмушаная гутарка, якая доўжылася да нявызначанага часу [46].
Цэраскі ўважліва кіраваў працай іншых супрацоўнікаў, даючы ім значную свабоду ў выбары тэмы працы, але ж заўсёды клапаціўся пра тое, каб праграмныя тэмы абсерваторыі выконваліся дакладна.
Сучаснікі адзначалі яго асабістую культуру, высокі інтэлект, спагадлівасць да людзей. Цэраскі цёпла ставіўся да маладых навукоўцаў, простых супрацоўнікаў абсерваторыі, падтрымліваў сувязь са студэнтамібеларусамі і адгукаўся на іх патрэбы. Сярод ягоных вучняў два сусветна вядомыя астраномы, якія нарадзіліся ў Беларусі Ціхаў Г.А. (са Смалявічаў пад Менскам) і Блажко С. Н. (г. Хоцімск на Магілёўшчыне). Дапамагаў і зусім невядомым маладым людзям, якія мелі жаданне атрымаць адукацыю і шукалі ў яго падтрымкі. Захаваліся ўспаміны Ф. Я. Зотава: "У 1911 г. я, просты хлапчук з "глухой вёскі", бацька якога ўмеў толькі чытаць "па складах" (не "по слогам" а "па складах" - менавіта так у рускім тэк сце, - Л. Л.), працуючы ў карчме, прачытаў папулярны артыкул Цэраскага і напісаў яму ліст з просьбаю пасадзейнічаць у атрыманні адукацыі". Праз нейкі час да Зотава зайшоў сын прафесара са сваім сябрам і запрасіў яго да сябе дахаты. Цэраскі, пагаварыўшы з маладым чалавекам, даў яму праграму самападрыхтоўкі і падручнікі. Праз некалькі месяцаў на просьбу прафесара маладога чалавека праэкзаменаваў С. Н. Блажко. Прафесар пасадзейнічаў паступленню на двухгадовыя 1-я Маскоўскія электратэхнічныя курсы [47]. Зотаў так апісаў вядомага астранома: "І вось упершыню я ўбачыў Вітольда Карлавіча. Ён запрасіў сесці насупраць яго. Я ўбачыў перад сабою чалавека з сіваватымі хвалістымі валасамі, з адкрытым светлым тварам і вачыма, якія нібы выпрамень валі святло. Усё аблічча Вітольда Карлавіча было адухоўленым. Словам, я бачыў перад сабою чалавека, якім у маім тагачасным уяўлен ні і павінен быў быць усякі вялікі вучоны" [48].
Кола зносінаў Цэраскага не абмяжоўвалася навукоўцамі. Ён не быў вузкім адмыслоўцам: яго жывы розум цікавілі літаратура, мастацтва, гісторыя. Паступова вучоны стаў сваім у навукова-літаратурным гуртку моладзі, прыцягваючы да сябе сваім таварыскім характарам, разнастайнасцю інтарэсаў і досціпам гутарак. Вось як сведчыў пра гэта акадэмік А.А. Белапольскі: "Я быў і яго [Цэраскага] вучнем, і яго таварышам. Незабыўныя гады нашага сумеснага знаходжання ў Маскоўскай абсер ваторыі, калі ў нас утварыўся гурток моладзі, аб'яднанай агульнымі інтарэсамі навукі, мастацтва і жыцця, глыбока хвалявалі мяне ў часы майго наступнага жыцця. Лідэрам гэтага гуртка заўсёды быў Вітольд Карлавіч. Ён… задаваў тэмы нашым навуковым і жыццёвым спрэчкам, уносіў ажыўленне ў іх разумнымі заўвагамі, выклікаў крытыку да прачы танага, ён быў душою нашага гуртка; часта прыцягваў ён да нас і маладых людзей звонку: да яго заўсёды імкнуліся знаёмыя, бо ведалі, што вечар, праведзены ў Вітольда Карлавіча, пакіне ў душы ўцешнае ўражанне... Каля яго збіраліся самыя выбітныя людзі ў Маскве... усе яны былі тады маладымі людзьмі, бліскалі сілаю і талентамі. Сапраўды, я лічу адмысловым шчасцем, што першыя крокі майго жыцця працяклі ў гэтым бліскучым асяроддзі, у цэнтры якой быў Вітольд Карлавіч. Гэтую здольнасць прыцягваць да сябе людзей Вітольд Карлавіч захаваў на ўсё сваё жыццё" [49]. Белапольскі пісаў, што ўжо ў 1880-х г. вакол Цэраскага ўтварыўся шматлікі гурток навукоўцаў, артыстаў, мастакоў, пералічыў толькі некаторых удзельнікаў гуртка з ліку навукоўцаў і філосафаў: К.А. Андрэеў [50], М.Я. Жукоўскі [51], Н.І. Карееў [52], М.С. Карэлін [53], Л.М. Лапацін [54], Б.К. Младзееўскі [55], В.С. Салаўёў [56]. Але і па гэтых імёнах відаць, што ў коле сяброў былі інтэлектуальныя лідэры грамадства. Многія з гэтых дзеячаў потым увайшлі ў склад Маскоўскага псіхалагічнага таварыства і бралі ўдзел у выданні часопіса "Пытанні філасофіі і псіхалогіі" [57].
Вялікае сяброўства злучала Цэраскага з вядомым паэтам Максіміліянам Валошыным. Яны пазнаёміліся ў 1907 г. пад час адпачынку ў Крыме [58]. Гэта відаць з пісьма паэта ад 1907 г.: "...паміж імі [гасцямі] жонка дырэктара Маскоўскай абсерваторыі Цэраскага. Гэтым знаёмс твам я вельмі ўсцешаны, бо яно дае мне магчымасць быць у абсерва торыі ўвосень, пра што я вельмі марыў. Я ўжо атрымаў запрашэнне". Астраномія заўсёды цікавіла Валошына, ён даўно ўпадабаў "прагулкі па небу". Гэтае захапленне нярэдка ўзбуджала яго натхненне, дазваляла знаходзіць ёмістыя паэтычныя метафары, пісаць надзіва ёмістыя і выразныя вершы. Як сведчыла жонка паэта, гэта, асабліва цаніў Вітольд Карлавіч: "Недакладнасці ў вершы не дараваў бы і Пушкіну, а пра Вашы вершы, Максіміліян Аляксандравіч, магу сказаць, што ведаю, у якім часе, пра якую частку небасхілу напісаны кожны радок". Валошын пабудаваў свой дом у 1903 г. на пустынным у той час беразе Кактэбельскай затокі (Крым) [59]. Шматлікія госці, якія бывалі ў паэта ў Кактэбеле, па вечарах падымаліся на адмыслова зробленую над хатай назіральную пляцоўку - абсерваторыю, каб паглядзець на Месяц, зоркі, планеты, паслухаць у выкананні ветлівага гаспадара вершы пра Сусвет. Акрамя Цэраскіх, у М.Валошына ў розны час гасцявалі выбітныя дзеячы культуры: І.А. Бунін, Ф.І. Шаляпін, А.М. Талстой, М.А. Булгакаў, А.М. Скрабін, В.Я. Брусаў [60].
У архіўным фондзе В. К. Цэраскага, які захоўваецца ў Пецярбургскім архіве АН РФ (фонд № 716), захаваліся два рукапісныя сшыткі, што змяшчаюць нататкі Цэраскага па грамадска-палітычных пытаннях. Першы з сшыткаў мае 37 старонак, нататкі ў гэтым сшытку адносяцца пераважна да падзей 1886 г. ці да больш ранніх. На вокладцы сшытка значыцца: "De rebus omnibus" [61]. Другі сшытак ў 16 старонак з нататкамі пра падзеі канца 1890 - пачатку 1900-х г. Усе запісы ў сшытках зробленыя для сябе і адкрываць унутраны свет нашага земляка. Цэраскі быў далёкі ад палітыкі. Ён лічыў, пісаў пра гэта ў сшытках, што справа прафесара - аддаваць усе сілы сваёй кафедры, няўхільна выконваць абавязкі навукоўца і настаўніка. Але Цэраскі нарадзіўся ў Беларусі. Ён быў пляменнікам паўстанца 1863 г. і навучэнцам Слуцкай гімназіі і сведкам рэпрэсій царскага ўрада. Ужо будучы навукоўцам і прафесарам, стаў сведкам палітыкі русіфікацыі народаў Расеі. Нядзіўна, што нацыянальна-патрыятычныя разважанні складаюць галоўную частку запісаў у сшытках Цэраскага [62].
У першым сшытку чытаем: "Патрыятызм можна падтрымліваць гістарычнымі ўспамінамі. Ён, уласна кажучы, нічога матэрыяльнага не патрабуе. Але страта незалежнасці, увогуле, забівае народ, таму што сціскае сферу дзеяння, таму што пазбаўляе магчымасці задавац ца гістарычнымі задачамі і перспектывамі. Толькі Радзіма, перад велічэзнымі цяжкасцямі, натхняе чалавека і грамадства". І: "Патрыятызм, да яго я дайшоў досведам і назіраннем, ёсць сіла і запатрабаванне такое ж несумнеўнае і натуральнае, як запатрабаванне дыхаць. Патрыятызм выяўляецца і ў хвіліну страты, і ў хвіліну роздумаў пра страту незалежнасці". Цэраскі пісаў гэтыя радкі ў той час, калі русская публіцыстыка, у тым ліку "Маскоўскія ведамасці" М. Н. Каткова абвяшчала "палякаў" лютымі ворагамі рускай дзяржаўнасці. Зразумела, што Каткоў быў законным і натуральным аб'ектам непрыязнасці Цэраскага, які пісаў у тым жа сшытку, відавочна, пад жывым уражаннем чытання "Маскоўскіх ведамасцяў": "Каткоў усё расце, ён і багаслоў, і філосаф, і юрыст, і фінансіст, і палітык, і філолаг з філолагаў, і патрыёт. Думаюць, што ён святы і прарок. Перад усімі прарокамі ў Каткова вя лікая перавага - тых гналі, а яго берагуць. Добра быць паліцэйскім святым і жандарскім прарокам"; "Рускіх няма, ёсць антыпалякі. Калі нацыя дойдзе да самасвядомасці, калі будуць рускія, дык паладзіць з імі будзе не цяжка" [63].
Як вучоны і прафесар Цэраскі асабліва востра рэагаваў на падзеі жыцця, яго хвалявала палітыка ўраду ў асвеце: " Ордэны, чыны і месцы даюцца прафесарам за так званыя адміністрацыйныя здольнасці. Гэта дрэнна, бо яны [такія прафесары] з'яўляюцца прадстаўнікамі універсі тэта, не быўшы носьбітамі яго ідэі... універсітэт і інспекцыя зваротна прапарцыйныя". Ён з абурэннем прыводзіў выняткі з водгукаў гімназічнага начальства пра абітурыентаў, выхаванцаў гімназій, паступіўшых ва універсітэт: "NN ніякіх кніг не чытае, увогуле вучань узорны... NN - вальнадумец, чытае Спенсара [64]" [65].
Запісы 1880-х г. адлюстроўваюць цікавасць Цэраскага да міжнародных спраў і трывогу з нагоды ўзмацнення германскага мілітарызму. Цэраскі занатаваў: "У Турцыі - прускія інструктары ў войску, у Кітаі - прусакі, усюды прусакі" . "У імя чаго, - пытаецца Цэраскі, - будзяць яны спячую сілу ўсходніх народаў, што даюць ім, чаму вучаць?" У сувязі з выступам на юбілеі Гейдэльбергскага універсітэта германскага кронпрынца, які гаварыў пра значэнне універсітэтаў для выпрацоўкі разумовай дысцыпліны, Цэраскі зазначыў: "Што мае на ўвазе пад разумоваю дысцыплінаю спадар прускі салдат?" [66].
У пазнейшых нататках Цэраскага мы знаходзім і водгук на замах на жыццё міністра народнай асветы Багалепава ў 1901 г. Непасрэднай нагодаю да замаху былі высілкі Багалепава па аддачы ў салдаты студэнтаў за ўдзел ва універсітэцкіх хваляваннях. Запісы Цэраскага зроблены пад непасрэдным уражаннем артыкула ў "Маскоўскіх ведамасцях", у якім давалася апалагетычная характарыстыка Багалепава і, у прыватнасці, сцвярджалася, што ён заўсёды дзейнічаў, "падпарадкоўваючыся сумленню". З гэтай нагоды Цэраскі зазначыў: "Сумленне таго ці іншага чалавека не ёсць крытэр справядлівасці і праўды. Выключна толькі сумленню падпарадкоўваліся фанатыкі, прыгнятальнікі, найвялікшыя злачынцы і вылюдкі... Падобным чынам Рачынскі [67], цалкам шаноўны чала век, хваліў Мураўёва за тое, што той расстраляў графа Плятэра ўжо пасля царскага памілавання. І для яго, зусім сумленнага рускага чалавека і прытым дбайнага супрацоўніка "Пытанняў філасофіі і псіхалогіі", мяжы паміж дабром і злом не існуе". Наступны за гэтым запіс "Вянок на магілу Багалепава" (памёр ад атрыманага ранення), у якім Цэраскі па пунктах фармулюе вынікі дзейнасці Багалепава і шкоду, якую ён зрабіў справе развіцця навукі і асветы і, у прыватнасці, Маскоўскаму універсітэту. Асабліва адзначае "дзікі і тупы пераслед палякаў, армянаў і г. д.". Цэраскі ўспамінаў, што ў 1898 г., пры прызначэнні В.І. Вярнадскага прафесарам, Багалепаў, тады папячыцель Маскоўскай навучальнай акругі, выклікаў Вярнадскага да сябе і заявіў, што яго прызначаюць не за навуку (навука - справа Акадэміі навук) і што прафесар павінен узгадняць свае дзеянні з поглядамі ўрада і выхоўваць студэнтаў "у вядомым кірунку". "Скажам ад сябе, што падобны погляд на універсітэты ёсць найвялікшае няшчасце і згуба універсітэтаў. Ганенне навукі - сапраўд най, вольнай, глыбокай - зробіць універсітэт найгоршай са школаў, бо ён пазбаўлены рамеснай, тэхнічнай асновы" [68].
Цэраскі ў перыяд 1889-1911 г. быў сябрам Рады Маскоўскага універсітэта і яго ўдзел ва універсітэцкіх справах быў актыўны. У 1901 г. Цэраскі ўваходзіў у склад камісіі, абранай Радай Маскоўскага універсітэта для разгляду пытанняў пра неабходныя пераўтварэнні ва універсітэтах. У 1904-1905 г. у вельмі складаным становішчы Цэраскі ўзначальваў камісію Рады па справах студэнцкіх установаў [69]. У 1905 г., пасля ўзброенага паўстання ў снежні 1905 г., ён зрабіў аб'ектыўны даклад на радзе універсітэта пра гэтыя падзеі. Вітольд Карлавіч востра рэагаваў на разгром Маскоўскага універсітэта ў 1911 г., і далучыўся да прафесараў, якія выступілі з пратэстам супраць гэтага разгрому. Ён спыніў чытанне лекцый ва універсітэце і захаваў за сабою толькі абсерваторыю [70].
* * *
Здароўе Вітольда Карлавіча заўсёды было слабое і патрабавала сталай увагі. Прыкладна каля 1910 г. у яго з'явілася хвароба, якую лекары так і не змаглі дыягназаваць дакладна. Хвароба выяўлялася паступова, павольна павялічвалася агульная фізічная слабасць, але розум захоўваў працаздольнасць. Цэраскі адчуваў, што сілы сыходзяць, і спяшаўся дапісаць свае працы (яны склалі VI том 2-й серыі "Прац Маскоўскай астранамічнай абсерваторыі"). У 1916 г., па патрабаванні лекараў, ён вырашыў скласці з сябе кіраванне абсерваторыяй і пераехаць з жонкай у Феадосію, дзе, як усе спадзяваліся, паўднёвае сонца ўмацуе яго здароўе. Тут і заспела яго рэвалюцыя і грамадзянская вайна.
Ф.Я. Зотаў успамінаў: "Пасля дэмабілізацыі я выправіўся на Поўдзень… у той час немцы займалі Ўкраіну, і я, хаваючыся ад іх, апы нуўся ў Феадосіі. Цэраскія прынялі мяне як роднага сына. Матэрыяльнае становішча сям'і Цэраскіх тады было няважным. Вітольд Карлавіч па стану здароўя не мог працаваць. Увесь цяжар клопатаў пра здабыван не сродкаў ляжаў на Лідзіі Пятроўне. Яна выкладала ў настаўніцкім інстытуце і давала шмат прыватных урокаў па розных прадметах… У сям'і Цэраскіх я тады пражыў каля 6 месяцаў. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча сям'і Цэраскіх у той час у Феадосіі, як і раней у Маскве, была прыцягальным цэнтрам усіх разумных людзей. У суботу ўвечары ці ў нядзелю ў Цэраскіх збіралася невялікая грамада… бываў мастак Багаеўскі, паэт Валошын, члены сям'і мастака Айвазоўскага… каля двух месяцаў сталым госцем была жанчына-астраном Пулкаўскай абсерваторыі, прозвішча якой я не памятаю… Увечары Вітольд Карлавіч любіў праводзіць у невялікім садку на двары…
Неяк у Феадосіі я зайшоў у яго пакой і заспеў яго за сталом з тва рам, залітым слязьмі. Мне было нязручна спытаць яго, што з ім. Ён сам пачаў: "Вось Зотаў, шкада што вы добра не валодаеце польскай мовай, каб у поўнай меры адчуць усю шчырасць і прыгажосць Міцкевіча". Тут я заўважыў, што перад ім ляжыць раскрытая кніга…" [71].
На працягу нейкага часу Цэраскія жылі ў паэта Максіміліяна Валошына ў Кактэбелі. І перажылі яны неверагодныя цяжкасці рэвалюцыі менавіта дзякуючы апецы паэта. Валошын здабываў пайкі праз Камісію асветы, клапаціўся пра неабходныя жыццёвыя дробязі. Лідзія Пятроўна Цэраская потым пісала Валошыну: " Наша знаходжанне ў Крыме непарыўна звязана з Вамі, не было цяжкай хвіліны, каб Вы не прыйшлі на дапамогу, клапаціліся пра муку, цукар, газу і г. д. без канца. І гэта Вы рабілі не толькі для нас, да Вас ішлі гурбы людзей з сваімі просьбамі"[72].
У вялікую кватэру прафесара на Прэсні, Вялікі Мікольскі завулак, 5 [73], Цэраскія ўжо не вярнуліся. Увосень 1922 г. яны пераехалі пад Маскву, у горад Троіцкае Падольскага павету Маскоўскай губерні, дзе сын Канстанцін Вітольдавіч працаваў лекарам. Ф.Я. Зотаў наведаў іх: "Пасля пераезду Цэраскіх у Троіцкае я паехаў наведаць іх… Здароўе Вітольда Карлавіча было значна горшым за тое, якім яно было падчас майго знаходжання ў Феадосіі. Ён цяпер увесь час ляжаў ў ложку. Але выраз насць думкі і жывая цікавасць да ўсяго ў яго заставалася ранейшай. Ён некалькі гадзінаў не адпускаў мяне ад сябе, распытваючы пра тое, што робіцца ў Маскве…" [74].
У 1924 г. астранамічныя ўстановы і арганізацыі ўрачыста адзначылі 75-гадовы юбілей вучонага. Вітольд Карлавіч Цэраскі памёр у Троіцкім, пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках недалёка ад уваходу. Ягоны сябар Максіміліян Валошын прысвяціў яму кранальны верш.
Імем Цэраскага названы кратэр на зваротным боку Месяца і астэроід [75].Але самым значным помнікам выдатнаму вучонаму служыць Маскоўская астранамічная абсерваторыя.
[1] Lukaszewicz Józef. Dzieje kościołów wyznania helweckiego w Litwie. T. 1. Poznan. 1842. S. 413.
[2] Krasiński Walerjan Skorobohaty, Bursche Jul. Zarys dziejów powstania i upadku reformacji w Polsce. T. 2, cz. 2. Warszawa, 1905. S. 220.
[3] Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. Warszawa. 1936. S. 217.
[4] Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. S.XVI.
[5] Konwent Polonia. Konwent Polonia - lista członków 1828 - 1939. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: prawo.univ.gda.pl/~konwentpolonia/05Album%20Polonorum/Album%20Polonorum%20do%201939.html - Дата доступу: 18. 07. 2009.
[6] Глебов П. А. Из истории старейшей гимназии в Виленском учебном округе // Журнал министерства народного просвещения. 1904. Июнь. Санкт-Петербург. С. 342-366.
[7] Камета Данаці (C/1858 L1, 1858 VI) - доўгаперыядычная камета, адкрытая італьянскім астраномам Джавані Данаці 2 чэрвеня 1858 г. Найбольш блізкага да Зямлі становішча дасягнула 10 кастрычніка 1858 г. Паводле сведчання Марка Твэна, які служыў тады лоцманам на Місісіпі, свет ад яе дазваляў чытаць газету. Вяртанне каметы C/1858 L1 чакаецца ў XXXIX ст.
[8] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание // Цераский В. К. Избранные работы по астрономии. Москва: Гостехиздат, 1953. С. 11.
[9] Rybka E., Rybka P. Historia astronomii w Polsce. 1983. S. 238.
[10] Кандыдат універсітэта - першая акадэмічная ступень. Ранейшая ступень кандыдата (яе не варта блытаць з сучаснаю навуковаю ступенню кандыдата навук) прысвойвалася асобам, якія закончылі з выдатнымі адзнакамі курс універсітэту. Ступень кандыдата універсітэта пры паступленні на дзяржаўную службу давала права на чын 10-га класа - калежскі сакратар, што адпавядала армейскаму званню штабс-капітана.
[11] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 12.
[12] Цераский В. К. О прохождении Венеры через диск солнца в 1874 году // Математический сборник, 6:4. 1873. С. 64-73.
[13] Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В.К. Цераского. // Историко-астрономические исследования. Москва: Гостехиздат,1955. вып. I. С. 325.
[14] Зменныя тыпу Алголя з'яўляюцца разнавіднасцю зацьменных падвойных зорак. Калі больш халодная зорка праходзіць перад больш гарачаю, то частка свету гарачэйшай зоркі засланяецца, і агульная яркасць пары часова змяншаецца. Прататыпам дадзенага класу зорак стала зорка Алголь (β Пярсея).
[15] Зоркі тыпу ó Кіта - зоркі з вялікімі перыядамі і значнымі зменамі яркасці.
[16] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 14.
[17] Зорны час - у астраноміі гэта час, у якім працягласць сутак роўная перыяду звароту Зямлі вакол сваёй восі адносна нерухомых зорак. Зорны час вызначаецца з астранамічных назіранняў. На розных мерыдыянах Зямлі зорны час розны; змене даўгаты на 15 градусаў да ўсходу адпавядае павелічэнне зорнага часу на 1 гадзіну. 24 ч зорнага часу = 23 ч 56 мін 4.091 сек сярэдняга сонечнага часу.
[18] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. Москва, 1959. С. 26.
[19] Цераский В. К. Астрономический фотометр и его приложения С. 551-632.
[20] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 15.
[21] Rybka E. Rybka P. Historia astronomii w Polsce. S. 240.
[22] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 20.
[23] Цэраская Лідзія Пятроўна (23.06.1855-22.12.1931) адукацыю атрымала на Жаночых педагагічных курсах ў Пецярбургу. З 1875 да 1916 г. - выкладчык французскай мовы. З 1898 г. сумесна з мужам В. К. Цэраскім прыступіла да працы па пошуку новых зменных зорак. З таго часу яе імя цесна злучана з гісторыяю Маскоўскае абсерваторыі (зараз - Дзяржаўны астранамічны інстытут ім. П. К. Штэрнберга). Яе працы былі адзначаны прэміяю Рускага астранамічнага таварыства.
[24] Solon I. Bailey. Study of variable stars // Popular Science. Aug. 1906. P. 175.
[25] Бугаевский А. В. Московская университетская обсерватория // Очерки истории отечественной астрономии. С древнейших времен до начала ХХ в. Киев, 1992. С. 55.
[26] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 25-26.
[27] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание С. 24.
[28] Воронцов-Вельяминов Б.А. Научная деятельность В. К. Цераского // Цераский В. К. Избранные работы по астрономии. Москва: Гостехиздат, 1953. С. 38-42.
[29] Воронцов-Вельяминов Б.А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 34.
[30] Воронцов-Вельяминов Б.А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 32-33.
[31] Воронцов-Вельяминов Б.А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 35.
[32] Цераский В. К. Окуляр для детального изучения солнечных пятен. // Труды Московской обсерватории, II серия. Т. V. 1911.
[33] Бронштэн В. А.. Неопубликованные наблюдения серебристых облаков В.К. Цераского // Историко-астрономические исследования. Выпуск XII. Москва, 1975. С. 385-389.
[34] Цераский В. К. О светящихся облаках // Труды Московской обсерватории. II серия. Т. II. 1890.
[35] Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 37.
[36] Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 36.
[37] Остапенко Е.В. Термоэлектрические генераторы: история создания и перспективы применения // Электропанорама. Электротехнический журнал. 2007 г. № 12. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: elektropanorama.com.ua/ua/magazine/12_2007/economy?article=338 - Дата доступу: 18. 07. 2009.
[38] Воронцов-Вельяминов Б.А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 36.
[39] Блажко С.Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 24.
[40] Морозова С.Г., Трындин Е.Н. Фирма Трындиных в истории Российской астрономии. // Историко-астрономические исследования. Выпуск XXXII. Москва, 2007. С. 57-72.
[41] Rybka E., Rybka P. Historia astronomii w Polsce. S. 239.
[42] Цераский В.К. Коперник и Тихо Браге // Научное слово. Москва, 1903. Кн. 1.
[43] Блажко С.Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание С. 16.
[44] Цераский В.К. Астрофотографические работы Московской обсерватории // Русский астрономический календарь на 1902 г.
[45] Цераский В. К. Записка о Московской обсерватории // Историко-астрономические исследования. Москва, 1958. Вып. IV. С. 577.
[46] Блажко С.Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 23.
[47] Зотов Ф.Я. Воспоминания о В.К. Цераском // Историко-астрономические исследования. Москва, 1955. Вып. I. С. 335 - 336.
[48] Зотов Ф.Я. Воспоминания о В.К. Цераском. С. 337.
[49] Блажко С.Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 14-15.
[50] К. А. Андрэеў (1848 - 1921), вядомы матэматык, універсітэцкі таварыш В. К. Цераскага, быў прафесарам у Харкаўскім, потым у Маскоўскім універсітэце.
[51] М.Я. Жукоўскі (1847 - 1921), прафесар, матэматык і механік, падтрымліваў цесную навуковую сувязь з маскоўскімі астраномамі В.К. Цераскім, Ф.А. Брадзіхіным, А.А. Белапольскім.
[52] Н.І. Карееў (1850 - 1931), вядомы гісторык, аўтар капітальных прац па гісторыі Заходняй Еўропы. Выхаванец Маскоўскага універсітэта, потым прафесар Варшаўскага і Пецярбургскага універсітэтаў.
[53] М.С. Карэлін (1855 - 1899), гісторык, прафесар Маскоўскага універсітэта. Аўтар капітальнай працы "Ранні італьянскі гуманізм і яго гістарыяграфія" і прац па гісторыі папства.
[54] Л.М. Лапацін (1855 - 1920), прафесар філасофіі ў Маскоўскім універсітэце, старшыня псіхалагічнага таварыства і рэдактар часопіса "Пытанні філасофіі і псіхалогіі", спірытуаліст і метафізік.
[55] Б.К. Младзееўскі (1858 - 1923) - выбітны матэматык, прафесар Маскоўскага ўніверсітэта.
[56] В.С. Салаўёў (1853 - 1900), сын вядомага гісторыка С.М. Салаўёва, геніяльны філосаф і рэлігійны мысляр, містык і ідэолаг тэакратыі.
[57] "Пытанні філасофіі і псіхалогіі" - шырока вядомы часопіс, які выходзіў у Маскве пры Псіхалагічным таварыстве з лістапада 1890 г., 4 - 6 разоў у год. Часопіс займаўся не толькі распрацоўкай адмысловых навуковых пытанняў, але і псіхалагічнай крытыкай адметных з'яваў літаратуры і жыцця.
[58] Цветков В.И. Максимилиан Волошин и естественные науки // На рубежах познания Вселенной. Историко-астрономические исследования. вып. XXII. Москва, 1990. С. 381 - 394.
[59] Цветков В. И. В. К. Цераский в Коктебеле // Земля и вселенная. 1974. № 6. С. 52-53.
[60] Луцкий В.К.. История астрономических общественных организаций в СССР. Москва, 1982. С. 136.
[61] "Пра загадку амнібуса", літаральна - "Пра ўсеагульную загадку" (лац).
[62] Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. // Историко-астрономические исследования. Москва: Гостехиздат, 1955. Вып. I. С. 323-324.
[63] Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 325-326.
[64] Герберт Спенсар (1820 - 1903) (Herbert Spencer) - англійскі філосаф і сацыёлаг, адзін з родапачынальнікаў пазітывізму, яго ідэі карысталіся вялікаю папулярнасцю напрыканцы 19 ст.
[65] Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 328.
[66] Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 327.
[67] Г.А. Рачынскі (1859 - 1939), пісьменнік, пісаў на рэлігійна-філасофскія тэмы, перакладчык заходнееўрапейскай літаратуры, друкаваўся ў "Маскоўскіх ведамасцях".
[68] Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 329.
[69] Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 332.
[70] Куликовский П.Г. Витольд Карлович Цераский ( к 125-летию со дня рождения). // Земля и вселенная. 1974. № 6. С. 48-51.
[71] Зотов Ф. Я. Воспоминания о В.К. Цераском. С. 340-341.
[72] Цветков В.И. В. К. Цераский в Коктебеле. С. 52-53.
[73] Вся Москва: Адресная и справочная книга на 1917 год. Москва: Суворин «Новое время», 1917. С. 526.
[74] Зотов Ф.Я. Воспоминания о В.К. Цераском. С. 341.
[75] Lutz D. Schmadel. Dictionary of minor planet names. International Astronomical Union. 2003. S. 75.