Лаўрэш Леанід
Download epub bookВыхаванкі князёў Чартарыскіх з-пад Ліды / Леанід Лаўрэш. - [б. м.] : Издательские решения, 2025. - 60 с.
ISBN 978-5-0067-7595-4
У кнізе расказваецца пра выхаванак князёў Чартарыскіх XVIII - пачатка XIX ст. сясцёр Нарбут (Нарбутоўнаў) з Лідчыны і іх творчае атачэнне.
Л25
УДК 9
ББК 84
ISBN 978-5-0067-7595-4
© Леанід Лаўрэш, 2025
Сёстры Нарбут - выхаванкі Чартарыскіх
Нарбуты - старажытны род, дакладней некалькі радоў, не маючых роднасных сувязяў, з іх лідскія - самы разгалінаваны, старажытны і шматлікі шляхецкі род Нарбутаў. Род лідскіх Нарбутаў пачынаецца з XV ст. (легендарныя прадстаўнікі роду - з X ст., напрыклад легендарны заснавальнік роду Нарбутаў - Даўспрунг як быццам прыбыў у Літву з Рыма разам з Палемонам у 924 г.). Першы «гістарычны» Нарбут (нарадзіўся каля 1430 г.) валодаў маёнткамі Арняны і Калтыняны каля Вільні. Адзін з яго сыноў - Войцех набыў маёнтак Лебедзь і пасля уцёкаў Міхала Глінскага з Літвы, атрымаў ягоны маёнтак Забалаць у Лідскім павеце. Ягоны унук Пётр (нарадзіўся каля 1540 г.) пабудаваў касцёл у Забалаці і лічыцца родапачынальнікам Нарбутаў на Лідчыне [1].
У Лідскім павеце Нарбуты жылі яшчэ ў XVII ст., тут яны валодалі маёнткамі: Шаўры, Андрушаўцы, Янаўшчына, Карбаўцы, Стары Двор, Варонічы, Радзівонішкі, Сукурчы, Нарбутушкі, Балкупы і фальваркіі: Вершулішкі, Пігоша, Шчуркішкі, Білаты, Былінішкі, Ляўкішкі і інш. Радніліся з шляхецкім родам Наневічаў, Рылаў, Жабаў, Марачэўскіх, Барташэвічаў, Сабанскіх, Грудзінскіх і інш.
Вось некаторыя з найбольш вядомых Нарбутаў:
- Даніэль Казімір Нарбут (?1738-1807) сын Казіміра, вучыўся ў Рыме, ксёндз, абат парадыскі, прафесар піярскага калегіума, прафесар Collegium Nobilium у Вільні. Член Адукацыйнай камісіі. Аўтар першага ў нас падручніка логікі (Вільня 1769 г.). Сакратар канцлера ВКЛ князя Міхала Чартарыскага. За заслугі перад бацькаўшчынай і навукай атрымаў у 1793 г. ад караля Станіслава Аўгуста ордэн св. Станіслава. У вольны час пісаў вершы. У канцы жыцця вярнуўся на Лідчыну, дзе жыў у маёнтку Радзівонішкі свайго брата Дамініка, тут і памёр 17 сакавіка 1807 г. і пахаваны ў Радзівонішскай грэка-каталіцкай царкве, якой ужо даўно няма [2].
- Юстын Нарбут (?1776 -1845) сын Юзафа, палкоўнік войска ВКЛ, гісторык. Адным з першых напісаў кнігі па гісторыі ВКЛ, жыў і памёр у маёнтку Юршышкі на Лідчыне. Яго дачка, пісьменніца Каміла Юрэвіч з Нарбутаў [3] і сястра, вядомая авантурыстка і мецэнатка Юлія Шышкова з Нарбутаў [4].
- Славуты гісторык Тадэвуш Нарбут [5].
- Ян Антон Нарбут, сын Казіміра і Мар'яны з Навіцкіх. Быў братам Дамініка і Казіміра Нарбутаў (піяра). У 1778 г. стаў паслом у сейм і быў абраны у Скарбовую Камісію ВКЛ. У 1785 г. стаў стольнікам Лідскага павета і займаў гэтую пасаду да 1794 г. У траўні 1797 г. абраны на пасаду маршалка шляхты Лідскага павета і займай пасаду да 1798 г. Быў жанаты з Кларай Плятэр, меў дачку Казіміру, жонку вядомага капітана польскіх войскаў Юзафа Гружэўскага.
- Аляксандр Остык Нарбут (?1763-1833), - лідскі маршалак [6].
- Вінцэнт Нарбут (?1812-1883), гісторык і палеограф славянскіх моў, шматгадовы супрацоўнік Архіва гістарычных дакументаў Трыбунала ВКЛ у Вільні [7].
- Тадэвуш Нарбут, падкаморы лідскі, дэпутат Вальнага сейма 1776 г., які не падпісаў ратыфікацыю першага падзелу і за гэта быў праследаваны. Яго сын Войцех Нарбут, падкаморы караля Станіслава Аўгуста, дэпутат Вялікага сейма, удзельнічаў ва ўсталяванні Канстытуцыі 3 мая. Дочкі Тадэвуша Нарбута, славутыя Аляксандра, Канстанцыя - такзваныя «пулаўкі», выхоўваліся i атрымалі адукацыю пры двары княгіні Ізабэлы Чартарыйскай з Флемінгаў (1745-1835) у Пулавах [8], менавіта пра іх і пойдзе расказ у гэтай кнізе.
У гэтай кнізе я распавяду пра нашых зямлякоў, якія пакінулі свой след у гісторыі і культуры. Пра маіх гераінь я ўжо пісаў раней [9], гісторыкі і мемуарысты гэтых жанчын называлі Нарбутоўнамі. За час, які прайшоў з моманту ранейшых публікацый, з'явілася новая інфармацыя, што і прымусіла мяне вярнуцца да тэмы.
Аляксандра (у замустве Цясельская) з сёстрамі Канстанцыяй і Тэкляй была далёкімі сваячкамі Юстына Нарбута і Юліі Шышковай з Нарбутаў, яны мелі агульнага прадзеда - лідскага падкаморага Уладзіслава Нарбута (нарадзіўся каля 1650 г.) і прабабулю, жонку Уладзіслава - Крысціну, пра якую вядома толькі, што яна паходзіла з роду Лукоўскіх герба Даленга [10]. Уладзіслаў Нарбут да 1698 г. некалькі разоў выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Вядома, што яго родны брат Аляксандр загінуў у Венгрыі на вайне з туркамі і па тастаменту ад 28.11.1683 г. яго маёнтак Хадзілоні [11] перайшоў да Уладзіслава Нарбута [12]. У традыцыях таго часу, нават больш далёкія сваякі лічылі і называлі адзін аднаго кузынамі.
Аляксандра Нарбут і яе сёстры
Міхаіл Балінскі ў сваёй працы «Даўняя Віленская акадэмія» пра Аляксандру Нарбут пісаў наступнае: «… у той час у Вільні кожны адукаваны месціч, кожны, хто меў адносіны да навукі, быў моцна ўсхваляваны навіной, якая толькі што разышлася па горадзе, што агульнавядомая сваімі талентамі і адукаванасцю, высакародная літоўская панна Аляксандра Нарбутоўна [13], дачка подкаморага лідскага, была абрана сябрам Акадэміі навук у Берліне на паседжанні 19 студзеня 1788 г., і патэнт на тое з рук прускага князя Генрыха атрымала. Усцешыла гэта шмат асоб і асабліва шматлікую сям'ю. Некаторыя здзіўляліся і лічылі гэта не жаночай справай, а ў некаторых, як часта бывае ў свеце, гэты факт узбуджаў зайздрасць, калі не здзек» [14].
Смешна, але факт абрання Аляксандры з Нарбутаў, і сёння выклікае зайздрасць. І таму, каб адразу «расставіць кропкі над і», зраблю наступную заўвагу. Міхал Балінскі - вельмі аўтарытэтны і адказны гісторык, не мог падаваць у сваёй фундаментальнай манаграфіі неправераную інфармацыю, тым больш, што факт абрання Аляксандры быў агульнавядомы і ніяк не аспрэчваўся сучаснікамі. Спісы членаў Прускай акадэміі ў інтэрнэце правяраюцца за 5 хвілін, і таму я адразу даведаўся, што на сённяшні дзень нашай зямлячкі ў спісах няма. Тлумачэнне гэтаму толькі адно, яго я падаваў і раней - абранне Аляксандры з Нарбутаў было палітычным, і пасля змены сітуацыі і падзелаў Рэчы Паспалітай спісы акадэмікаў былі падпраўленыя, а можа і страчаныя. Я некаторы час вывучаў гісторыю Прускай акадэміі тых часоў, якая зусім не была сярод лепшых у Еўропе, і магу упэўнена цвердзіць пра наяўнасць вялікіх прабелаў у нашых ведах пра гэтую навуковую ўстанову ў XVIII ст. і прабелы ў спісах яе чальцоў.
Цікава, што ў 1776 г. прускі кароль Фрыдрых II забяспечыў ганаровае членства ў гэтай акадэміі для сваёй стрыечнай сястры, расійскай імператрыцы Кацярыны II - пра навуковы ўзровень гэтага акадэміка з чыста хатняй адукацыяй лепей прамаўчаць. У 1794 г. акадэмікам Берлінскай акадэміі стала не надта вядомая нават у свой час пісьменніца Джуліяна Джаване ды Джыразоле. А першай жанчынай, прынятай у Прускую акадэмію «за чыста навуковыя справы», толькі ў 1949 г. стала аўстрыйскі фізік Ліза Майтнер [15]
Для нас галоўнае тое, што нашы лідскія дзяўчаты - Аляксандра і яе сёстры, пра якіх гаворка пойдзе ніжэй, патрапілі ў «вяршкі вяршкоў» ( фр. «crеme de crеme».) тагачаснага Еўрапейскага грамадства, атрымалі адпаведную адукацыю, выхаванне і максімальна развілі свой творчы патэнцыял - лёс сясцёр Нарбут (Нарбутоўнаў) быў нестандартным і вельмі цікавым для адносна небагатай тагачаснай лідскай шляхты.
Бацька сясцёр Нарбут - Тадэвуш Нарбут (каля 1740-?) герба Задора, палкоўнік пяцігорскі, лідскі падстолі з 1768 г., стольнік з 1778 г., падкаморы Лідскага павета (1782-1792) і каралеўскі шамбелян, сын Казіміра Юзафа Нарбута (каля 1700-?). Ад першага шлюбу ў Тадэвуша Нарбута каля 1760 г. нарадзіліся тры дачкі: Канстанцыя, Аляксандра і Тэкля, ад другога шлюбу з Кацярынай Вяжэвіч - сын Войцех, каралеўскі шамбелян, пасол сойма 1788 г. ад Лідскага павета, дачка Ганна і сын Станіслаў (?-1858), смаленскі канонік і пробашч касоўскі.
Войцех Нарбут (1762-26.02.1837) выхоўваўся ў Вільні ў калегіуме ордэна піяраў, потым у 1774-1776 гг. вучыўся ў Варшаве ў «Калегіюм Нобіліум» і звярнуў на сябе ўвагу караля Станіслава Аўгуста, у якога з дапамогай Чартарыскіх каля 1775 г. стаў пажам, а потым шамбелянам і даверанай асобай караля. У 1788 г. Войцех быў абраны на Чатырохгадовы сойм (1788-1792) паслом ад Лідскага павета і прысутнічаў на паседжанні сойма 3-га траўня 1791 г. як прыхільнік канстытуцыі. Потым ён быў паслом на Гарадзенскім сойме. Пасля сойма, у 1794 г. падарожнічаў разам з князем Адамам Чартарыскім за мяжой. У 1801 г. Войцех Нарбут стаў выхавальнікам князя Дамініка Радзівіла, сына Гераніма. Маецца непацверджаная інфармацыя, што на трохгоддзе - 1810-1812 гг. абіраўся маршалкам Лідскага павета. Па жаданні сяброў Войцех напісаў займальныя і гістарычна цікавыя мемуары аб прыдворным жыцці часоў караля Станіслава Аўгуста. Мемуары яго пад назвай «Успаміны аб сваёй службе пажом пры каралі Станіславе» («Pamiętnik o sluźbie swej przy Kroli Stanisławie, jako Paź») планаваў выдаць Юзаф Крашэўскі, але яны засталіся ненадрукаванымі [16]. Акрамя таго, ён пераклаў з французскай «Разважане над Евангеллем...» абата Дюкеня (Abbe Duquesne. «L'evangile medite et distribue pour tous les jours de l'annee, suivant la concorde des quatre evangelistes»). Таксама Войцех Нарбут славіўся сваімі працамі па разьбярстве, якія высока ацэньваліся калекцыянерамі [17].
Войцех Нарбут разам з жонкай Ганнай з Эйсмантаў прымаў удзел у Гарадзенскім сойме 1793 г., пра што пісаў Рэймант [18]. Памёр 26.02.1837 г. у родных Сукурчах на Лідчыне.
Лідскі падкаморы Тадэвуш Нарбут, бацька нашых сясцёр Нарбутоўнаў, быў адносна багатым чалавекам. Верагодна ён меў дом у Лідзе, бо ў 1790 г., паводле інфармацыі Ч. Малеўскага, яму ў Лідскай парафіі належала Зарэчча (прыгарад Ліды). Таксама яму належалі ваколіцы Бельскія і Плясавічы, фальварак Сукурчы і фальварак Востраў. Сукурчы былі цэнтрам вясковай акругі (у якой жылі больш за 500 чалавек) [19] і вельмі старым населеным пунктам. У другой палове XХ ст., калі Сукурчаў як населенага пункта ўжо не існавала, у народзе захоўвалася памяць пра тое, што на бэльцы аднаго з тутэйшых вельмі старых будынкаў, нібыта была напісана дата - XVI ст. [20] Апошнім уладальнікам фальварка Сукурчы быў Вітольд Пілецкі.
Фальварак Востраў знаходзіўся за 1 км ад Сукурчаў. Гісторык Тэадор Нарбут так пісаў пра гэты фальварак: «Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка ад Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, гарод меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належала да Тадэвуша Нарбута, падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальваркам...» [21]. У Востраве Тадэвуш Нарбут на свае сродкі фундаваў капліцу [22]. Згодна з Тэадорам Нарбутам (унучатым племеннікам Тадэвуша Нарбута) менавіта ў Востраве было падпісана знакамітае Востраўскае пагадненне 1392 г. якое палажыла канец братазабойчай вайне паміж Вітаўтам і Ягайлам. У 2007 г. мне удалося знайсці месца, дзе стаяў легендарны ў нашай гісторыі фальварак Востраў [23].
Належаў Тадэвушу Нарбуту і фальварак Лаўчылавічы каля Ліды, але потым ён быў аддадзены ў забеспячэнне доўгу ў 26 000 злотых Юзафу Гразмані.
Паўстанец 1863 г, аўтар найкаштоўных мемуараў Мірон Браніслаў Нарбут так напісаў пра бацьку і сына Нарбутаў: «У даўнейшыя часы шляхта лідская была ахвочая на соймах да спрэчак і схільная не толькі да недысцыплінаванасці і келіха, але і да абароны межаў Рэчы Паспалітай ад нашэсця ворагаў: у канфедэрацыі Барскай, у паўстанні Касцюшкі і ў пазнейшых баях з акупантам несла свае жыццё на ахвяру Краю. Павет Лідскі на соймах меў прадстаўнікоў, якія голасна адстойвалі недатыкальнасць межаў Рэчы Паспалітай - гэта Тадэвуш Нарбут, падкаморы лідскі, пасол на сойм вальны 1776 г. Пры ратыфікацыі першага падзелу Рэчы Паспалітай ён выступіў супраць і за гэта пераследаваўся ўладамі, потым шамбелян караля Станіслава Аўгуста - Войцех Нарбут, пасол - актыўны грамадскі дзеяч, прамоўца на сойме варшаўскім 1791 г., на каторым адбылася без пралівання крыві грамадзянская рэвалюцыя, прыняўшая векапомную Канстытуцыю 3-га Мая, якая дазволіла ўшляхціць цэлы народ, даць яму грамадзянскія свабоды, якімі дагэтуль карысталася выключна шляхта» [24].
Сын Канстанцыі Нарбут - Леон Дэмбоўскі напісаў цікавыя мемуары, якія могуць служаць крыніцай па гісторыі яго сям'і. Пра свайго дзеда «па-кудзелі» ён пісаў: «Тадэвуш Нарбут, падкаморы лідскі ... быў паслом на сойм 1776 г. дзе не падпісаўся пад ратыфікацыяй першага падзелу Рэчы Паспалітай і таму меў за гэта шмат непрыемнасцяў. Лідскі падкаморы жыў у радзінным маёнтку Сукурчы і па жонцы меў вёску Котлаў, а каля 1773 г. дакупіў ад Пясецкіх (насамрэч, ад Юдыцкіх - Л. Л.) фальварак Востраў, нічога не заплаціўшы, у крэдыт. Некалькі разоў быў паслом і ўсё жыццё траціў на арганізацыю партый, кіраўніцтва соймікамі і выбарамі ў Трыбунал літоўскі. З лістоў дзеда... відаць, што свае галоўныя высілкі накіроўваў ён то на падтрымку каралеўскай партыі, то партыі Чартарыскіх, якая часам супрацьстаяла шчыралітоўскай партыі князя Радзівіла. Акрамя гэтага ўмеў праз асабістыя роднасныя сувязі Нарбутаў на Літве вырашаць праблемы. Аднак у выніку страціў фартуну. Адзін яго сын быў шамбелянам пры каралі, іншы прысвяціў сябе духоўнаму званню. Дзве дачкі, (насамрэч, тры, трэцяя сястра - Тэкля з Нарбутаў. - Л. Л.) адну маю маці Канстанцыю і іншую, старэйшую, Аляксандру, узяла на выхаванне княгіня Ізабела Чартарыская. Яны разам з князёўнамі Тарэзай і Марыяй атрымалі адукацыю і былі іх неразлучнымі сяброўкамі» [25]. Такім чынам сёстры Аляксандра, Канстанцыя і Тэкля выхоўваліся і атрымалі адукацыю пры двары княгіні Ізабэлы Чартарыскай з Флемінгаў (1745-1835) у Павонзках і Пулавах, у гісторыю яны ўвайшлі як так званыя «пулаўкі» [26].
Чартарыскія
Каб зразумець далейшыя падзеі і тагачасны стан рэчаў, трэба спыніцца на асобах Ізабэлы і Адама Казіміра Чартарыскіх.
Ізабэла Чартарыская з Флемінгаў нарадзілася 3-га сакавіка 1746 г. (па іншых звестках 22-га мая 1740 г.) ад бацькі, небагатага саксонскага двараніна а потым вялікага падскарбія ВКЛ і паморскага ваяводы Юрыя Флемінга і маці Антаніны Чартарыскай.
Ізабэла пісала: «Мая маці памерла пры родах. Пазней бацька ажаніўся з яе роднай сястрой, якая таксама праз два гады пакінула гэты свет. Абедзве сястры памерлі ва ўзросце 22 гады, абедзве 22 сакавіка, абедзве пры родах ад воспы, абедзве ў адной і той жа хаце ў Варшаве, на адным і тым жа ложку» [27].
Ізабэла атрымала арыстакратычнае выхаванне, якім кіравала яе бабуля, княгіня Элеанора Чартарыская з Валдштэйнаў, удава літоўскага канцлера князя Міхала Фрэдэрыка, бабуля жыла ў Варшаве і ў Воўчыне (у Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці). З дзяцінства Ізабэла Флемінг выклікала да сябе вялікую ўвагу, бо была адзіным нашчадкам вялікіх зямельных уладанняў свайго дзеда, Міхала Фрэдэрыка Чартарыскага.
19 кастрычніка 1761 г., на 16-м годзе жыцця Ізабэла ў Воўчыне выйшла замуж за свайго стрыечнага дзядзьку, князя Казіміра Адама Чартарыскага, бліскучага і багатага 26-гадовага маладога чалавека, які нават потым прэтэндаваў на каралеўскі пасад. Шлюб маладым сужэнцам даў сваяк, познанскі біскуп Тэадор Чартарыскі. Юры Флемінг у пасаг дачцэ запісаў 800 000 злотых і вялікую зямельную маёмасць.
Маладая пара спачатку не мела ніякіх узаемных пачуццяў. Сярод іншага гэтаму спрыяла фізічная непрывабнасць Ізабэлы на момант вяселля, якая была выклікана нядаўна перанесенай воспай [28]. Сын Ізабэлы Адам Ежы Чартарыскі ўспамінаў: «Незадоўга да вяселля мая маці, падчас наведвання сялянскай хаты, знайшла ў калысцы немаўля, хворае на воспу. Мама вельмі напалохалася з гэтага, бо некалькі яе сясцёр ужо памерлі ад воспы. Яна захварэла і знаходзілася ў такім стане, што людзі пачалі сумнявацца, ці выжыве яна. Пасля таго, як ачуняла, бацькі дамагліся яе шлюбу. На сваім вяселлі маці мела чырвоныя плямы, воспіны на твары і парык на галаве, бо страціла ўсе валасы. Княгіня Любамірская [29] была ў роспачы і нават страціла прытомнасць з-за таго, што яе брату даюць такую брыдкую жонку. […] Пасля шлюбу, цалкам ачуняўшы, мая маці хутка стала сапраўднай прыгажуняй» [30].
З гэтага часу пачынаецца актыўнае жыццё Ізабэлы Чартарыскай, жыццё, якое можна падзяліць на тры перыяды: маладосці - часу свецкіх захапленняў і арыстакратычных забаў, сталага ўзросту - часу заняткаў палітыкай, нарэшце, старасці - перыяду літаратурнай працы.
Пасля вяселля, маладыя жылі ў Алешыцах (зараз - Падкарпацкае ваяводства), а зімовыя месяцы праводзілі ў Варшаўскім Блакітным палацы. Маладая княгіня адчувала сябе там нядобра - муж ставіўся да яе непаважліва, і да таго ж яна цярпела прыніжэнні з боку швагеркі Ізабэлы Любамірскай. Аднак Ізабэла карысталася сімпатыяй свайго стрыечнага брата Станіслава Панятоўскага, будучага караля Польшчы, які абараняў яе і потым стаў адным з яе каханкаў.
Не маючы камфорту ў сваім маёнтку, княгіня ў мужчынскім адзенні пажа адправілася з мужам за мяжу. Часам гэта выклікала непаразуменні, напрыклад, аднойчы ў Франкфурце-на-Майне яе прынялі за дацкага прынца, а ў Майнцы яна ледзь не стала ахвярай сексуальных дамаганняў з боку старэйшай жанчыны. Гэтыя паездкі адыгралі вялікую ролю ў развіцці інтэлекту Чартарыскай, аб чым клапаціўся і яе муж. У Францыі князі Чартырыскія разам наведвалі Жан-Жака Русо і Вальтэра, іх прымалі ў салонах французскай арыстакратыі, дзе юная княгіня кружыла галаву ўсяму велікасвецкаму грамадству [31].
У 1763 г. Ізабэла Чартарыская разам з мужам вярнулася на радзіму, дзе ў гэты час памёр кароль Аўгуст ІІІ і ўзнікла пытанне аб абранні новага караля. Адам Казімір Чартарыскі падтрымаў кандыдатуру свайго стрыечнага брата Станіслава Панятоўскага, аказаў яму энергічнае садзейнічанне, і сам адмовіўся ад дамаганняў на карону.
Справа ў тым, што яшчэ пры жыцці Аўгуста III партыя Чартарыскіх (т. з. «фамілія») пры падтрымцы Расіі імкнулася ўзяць уладу ў Польшчы. Першапачаткова кандыдатам у новыя каралі быў вылучаны менавіта князь Адам Казімір і рускі цар Пётр III у 1762 г. падчас візіту Чартарыскага ў Пецярбург, заахвочваў яго заняць польскі трон. Але Адам Казімір больш цікавіўся літаратурай, мастацтвам і навукамі і таму адмовіўся, заявіўшы, што не адчувае сябе здольным узяць адказнасць за Рэч Паспалітую («Рэч Паспалітая» - пераклад з лацінскага слоў «Res Publica» - «рэспубліка»), якая пагружалася ў анархію. Потым з кандыдатурай Адама Казіміра Чартарыскага не пагадзілася царыца Кацярына II, якая прыняла ўладу ў Расіі пасля звяржэння і забойства свайго мужа Пятра III - царыца баялася, што, дзякуючы багаццю і інтэлектуальным якасцям, Чартарыскі будзе занадта незалежны. Таксама царыца ведала ад свайго пасланца ў Варшаве Рапніна [32] і прускага караля Фрыдрыха II, што Чартарыскія маюць намер адмяніць liberum veto і правесці рэформы, якія пагражалі бы пануючаму становішчу Расіі ў справах Рэчы Паспалітай. Таму ў 1765 г. новым каралём быў абраны Станіслаў Панятоўскі, які таксама належаў да «фаміліі» і з'яўляўся фаварытам Кацярыны ІІ, пасля каранацыі ён прыняў імя Станіслаў Аўгуст [33].
Пасля абрання караля пачалася самая бліскучая і шумная эпоха ў жыцці Ізабэлы Чартарыскай. Яна стала фаварыткай караля і адначасова знаходзілася ў блізкіх адносінах з рускім пасланцам князем Рапніным. Але гэта не замінала патрыётам глядзець на маладую княгіню, як на боства. Сама Чартарыская даволі высока ацэньвала свой фізічны стан, пазней, ва ўзросце 35 гадоў, яна пісала: «Я ніколі не была красуняй, але заўсёды была ладнай. Маю прыгожыя вочы, а паколькі ў іх адлюстроўваюцца ўсе пачуцці душы, дык прыгажосцю майго твару можна захапляцца. Маю даволі белыя плечы, мой лоб гладкі і не псуе мой твар, мой нос ані брыдкі, ані прыгожы, у мяне вялікія вусны, белыя зубы, добрая ўсмешка і прыгожы авал твару. У мяне дастаткова валасоў, каб лёгка прыкрыць галаву, яны цёмныя, як і мае бровы. Маю больш высокі, чым нізкі рост, мая фігура стройная, а талія можа і занадта тонкая. Рукі брыдкія, але ножкі найпрыгажэйшыя, і таму мае рухі вельмі грацыёзныя. Мой твар, у гэтым сэнсе, падобны на мой розум - найвялікшая чароўнасць іх абодвух залежыць ад майстэрства, з якім я здолела падвоіць іх каштоўнасць. У маладосці я шмат заляцалася, але з кожным годам усё менш, аднак мой жаночы пол усё яшчэ часам нагадвае пра сябе, бо жаночая прыгажосць - вялікая моц» [34].
Верагодна, каля 1765 г. сімпатыя Чартарыскай да стрыечнага брата «Антося» (г. з. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага) перарасла ў больш глыбокае пачуццё. Адносіны Ізабэлы са Станіславам сталі шырока вядомыя ў Варшаве. Ведаў і яе муж, ён цярпеў раман і нават падвозіў княгіню ў замак на сустрэчы з каралём, а сам шукаў любоўных прыгод у іншых месцах. Плёнам саюзу Чартарыскай і Панятоўскага стала дачка Марыя Ганна, (нарадзілася ў сакавіку 1768 г., пазней яна стала пісьменніцай), якую вуліца зларадна называла «Цёлкаўна» («Цялец» [35] быў гербам Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама яго мянушкай).
Адначасова ў Ізабэлы Чартарыскай завязаўся раман з расійскім пасланнікам Мікалаем Рапніным, які прадстаўляў інтарэсы царыцы Кацярыны II у Варшаве, яго задачай было тарпедаваць усе спробы рэформаў у тагачаснай Рэчы Паспалітай. Ізабэла скарылася Рапніну, да якога не мела пачуццяў, па просьбе караля і свайго мужа Адама, якія спадзяваліся такім чынам здабыць прыхільнасць пасланца. Цікава, што 4 сакавіка 1767 г. (у папяльцовую сераду) Рапнін разам з Чартарыскай выклікалі ў Варшаве вялікі скандал - Рапнін закупіў увесь тэатр (які звычайна павінен быў быць зачынены ў гэты дзень) і загадаў сыграць французскую камедыю для сябе, Ізабэлы і супрацоўнікаў сваёй місіі.
Умяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай урэшце прывялі да стварэння ў лютым 1768 г. Барскай канфедэрацыі і выбуху паўстання. Ізабэла і Адам Казімір Чартарыскія, каб пазбегнуць пагрозы, вандравалі ў гэты час па Еўропе. 10 красавіка 1769 г. Кацярына ІІ звольніла Рапніна з пасады. Гэтае звальненне было выклікана незадавальненнем царыцай недастатковай, па яе меркаванні, абаронай інтарэсаў Расіі ў Рэчы Паспалітай, а таксама раманам пасланца з Чартарыскай - Рапнін, які спачатку лёгка ставіўся да гэтага рамана, закахаўся ў Ізабэлу шчырым каханнем. Верагодна ад гэтага саюза 14 студзеня 1770 г. нарадзіўся першы сын княгіні - Адам Ежы Чартарыскі (1770-1861), пазнейшы міністр замежных спраў Расіі пры цары Аляксандры І, куратар Віленскай навучальнай акругі, у якую ўваходзіў і Лідскі павет [36] (пайшоў у адстаўку пасля справы філаматаў), а потым - кіраўнік патрыятычнай эміграцыі ў Парыжы [37] (т. з. «Гатэль Ламбер» [38]).
У 1772 г. княгіня адправілася са сваім мужам у Нідэрланды, каб урэгуляваць спадчыну свайго памерлага бацькі Юрыя Флемінга і прадаць графства Беркялу, якое яму належала. Увосень 1772 г. Ізабела апынулася ў Лондане, куды яе разам з мужам суправаджаў Рапнін. Тут Чартарыскія сустрэлася з амерыканскім навукоўцам і палітыкам Бенджамінам Франклінам, ён вылечыў княгіню ад дэпрэсіі праз ігру на фісгармоніі. У адным з лонданскіх салонаў Ізабэла Чартарыская пазнаёмілася з французскім герцагам Арманам Луі дэ Гонта дэ Лазенам, з якім у княгіні адбыўся самы бурны раман яе жыцця. Першая сустрэча з Чартарыскай зрабіла на герцага вялікае ўражанне, хаця ён і быў жанатым чалавекам. Пра сустрэчу з ёй ён пісаў у сваіх успамінах: «У пакой увайшла дама, апранутая і прычасаная лепш, чым звычайна гэта робяць англійскія жанчыны. Я спытаўся пра яе, і мне сказалі, што гэта княгіня Чартарыская. Сярэдняга росту, з цудоўнай фігурай, з найпрыгажэйшымі вачыма, найпрыгажэйшымі валасамі, найпрыгажэйшымі зубамі, прыгожымі ступнямі і вельмі смуглым колерам твару, хоць і знявечаным воспай, з лагоднымі манерамі і непараўнальнымі рухамі - пані Чартарыская даказала, што нават не будучы прыгожай, можна быць чароўнай» [39].
Паколькі ні муж, ні Рапнін першапачаткова не мелі нічога супраць кантактаў Ізабэлы з герцагам дэ Лазенам (Рапнін зайздросціў толькі Адрыяну Луі дэ Баньеру, графу дэ Гіне, французскаму паслу ў Лондане, які ў той час таксама абагаўляў Ізабэлу), у 1772 г. яны ўтрох адправіліся «на воды» ў Спа (сённяшняя Бельгія). Пасля ад'езду туды Рапніна, княгіня па дарозе ў Спа прызналася дэ Лазену ў каханні. У Парыжы 5 лістапада 1773 г. паміж імі пачалася інтымная блізкасць, на наступны дзень, Чартарыская змучаная раскаяннем, спрабавала атруціцца, але яе выратавалі. Знаходзячыся ў герцага ў Парыжы, яна ўсё больш улюблялася ў яго, і ў рэшце-рэшт адмовілася ад Рапніна.
Ізабэла вярнулася дахаты ў красавіку 1774 г. Пры ад'ездзе яна прызналася дэ Лазену, што цяжарная ад яго. 28 кастрычніка 1774 г. ў Блакітным палацы ў Варшаве, княгіня нарадзіла сына Канстанціна Адама. Ізабэла выклікала сапраўднага бацьку дэ Лазена, які, схаваўшыся ў шафе за ложкам княгіні, прысутнічаў пры родах. Француз потым пісаў, што роды былі цяжкімі і цягнуліся ажно 36 гадзін [40].
Планы дэ Лазена наладзіць сумеснае жыццё з Чартарыскай скончыліся правалам - ён быў адкліканы назад у Францыю. Адносіны паміж закаханымі пачалі псавацца, Ізабэла абвінаваціла француза ў нявернасці, але і сама пры гэтым мела раманы з іншымі мужчынамі, у тым ліку, напрыклад, з Францішкам Ксаверыям Браніцкім. Паступова перапіска паміж каханкамі спынілася.
Герцаг дэ Лазен быў гільяцінаваны ў 1793 г. падчас Французскай рэвалюцыі. У 1821 г., яшчэ пры жыцці мужа Ізабелы, былі апублікаваны яго дзённікі, што выклікала вялікі скандал. Герцаг падрабязна апісаў свой раман з Ізабэлай, а таксама і з іншымі дамамі з колаў англійскай і французскай арыстакратыі, а таксама і з «простымі» жанчынамі. Сем'і, якія пацярпелі ад гэтых падрабязнасцяў, патрабавалі прызнаць дзённікі падробкамі, і ў 1858 г. па просьбе сям'і Чартарыскіх, і ў першую чаргу Адама Ежы Чартарыскага, дзённікі былі канфіскаваныя [41].
Заўважу, што ўсе мае персанажы - тыповыя прадстаўнікі так званага «галантнага века», пра характэрныя рысы якога, неабходна сказаць некалькі слоў.
«Галантны век» («Fêtes galantes», фр., літаральна «галантныя святы») ахоплівае часы з 1715 па 1770-я гг. - гэта значыць усё праўленне караля Людовіка XV, аднак некаторыя аўтары падаўжаюць яго да самага пачатку Вялікай Французскай рэвалюцыі (1789 г.).
Паняцце «галантнасць», якое дала найменне цэлай эпосе, перш за ўсё адносілася да стасункаў паміж мужчынам і жанчынай з арыстакратычнага асяроддзя. «Галантнасць» у перакладзе з французскай мовы азначае вытанчаную ветлівасць, надзвычайную абыходлівасць. Паступова «галантнасць» распаўсюдзілася на ўвесь стыль жыцця. «Галантным» прызнаваўся чалавек, чые манеры, гаворка і гарнітур былі бездакорнымі, чые веды казалі аб цікавасці да навук і мастацтваў. Прытрымліваючыся гэтага пастулату, дзеці з арыстакратычнага асяроддзя атрымлівалі рознабаковую адукацыю. «Галантны кавалер» і «галантная дама» да дробязяў прадумвалі кожны свой жэст, погляд і слова. Звычайна ўзорам для пераймання вышэйшым светам быў манарх - кароль, курфюрст ці князь, які абавязкова прыпадабняецца Богу. Добрым тонам лічылася мець фаварытку, даваць у яе гонар балі, канцэрты і маскарады.
У жанчыне шанавалася не халодная прыгажосць, не правільныя рысы твару, а пікантнасць: асіны стан, вузкія сцёгны, маленькія ступні, круглы твар. Жанчына «Галантнага века» павінна была нагадваць далікатную статуэтку.
Галоўнай псіхалагічнай асаблівасцю чалавека «Галантнага веку» была інфантыльнасць. Ён не хацеў сталець, увесь час жадаў святаў, прагнуў штодзённых перамен, і адной з галоўных псіхалагічных рэакцый галантнай эпохі быў капрыз як адказ на невыкананае жаданне. Галоўны вораг чалавека гэтага веку - нуда ад якой ён пазбаўляўся любым чынам. Мемуарыст Станіслаў Мараўскі так апісваў паводзіны маладога чалавека «галантнага веку»: «У маю маладосць яшчэ квітнела мастацтва XVIII стагоддзя падабацца жанчынам. Найперш трэба было быць моцным, свежым, мець румянец на твары і, па магчымасці, быць прыгожым. Адказваць трэба было абдумана, гаварыць умела і дасціпна, быць вясёлым і не надакучваць іншым. Трэба было быць надзвычай гжэчным з кожнай дамай - маладой і старой, брыдкай і прыгожай. Трэба было ведаць, як сядзець, як трымаць капялюш, як браць у рукі лыжку, як чэрпаць той лыжкай суп і іншую ежу і як уцягваць ежу ў рот, каб пры гэтым не ствараць непатрэбныя гукі, як гэта робяць сёння, гэтыя гукі нашы сяляне называць «сёрбаннем». Трэба было ведаць, як узяць і трымаць нож і відэлец пры стале, як ужываць сурвэтку і г. д. І хто больш зграбна, трапна і элегантна выконваў гэтыя умовы, той лічыўся лепш выхаваным. Тытунёвага смуроду баяліся, як чумы» [42].
У Галантную Эпоху існавала самабытная маскарадная культура. Шматлікія п'есы і камічныя оперы таго перыяду звычайна грунтаваліся на сітуацыі, калі дзяўчына пераапранаецца ў мужчынскі камзол, а юнак «ператвараецца» ў дзяўчыну, ці служанка - у арыстакратку і г. д. (нагадаю вандроўку з мужам Ізабэлы Чартарыскай ў мужчынскім адзенні пажа па Еўропе). Галоўнай была гульня, чалавек як быццам не жыў, а толькі гуляў у жыццё [43].
Нягледзячы на тое, што галоўнай рэзідэнцыяй Чартарыскіх у Варшаве быў Блакітны палац, княгіня шмат часу праводзіла ў сваёй летняй рэзідэнцыі ў Павонзках. Заражаная модным у той час сентыменталізмам, княгіня Ізабела Чартарыская зладзіла сабе пад Варшавай рэзідэнцыю Павонзкі (тады за 3 мілі ад Варшавы) - ідылічны прытулак з даволі блізкай копіяй версальскага палаца Трыянон. Тут Ізабэла Чартарыская ў хатках пастухоў прымала магнатаў, апранутых пастушкамі, тут ладзіла балі, на якія з'язджалася ўся арыстакратычная Варшава. Каралеўскія балі, змяняліся шумнымі прыёмамі ў Павонзках - жыццё маладой княгіні праходзіла весела і бестурботна. І толькі Першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 г. на нейкі час прыпыніў гэтыя велікасвецкія забавы і, ва ўсякім разе, некалькі змяніў жыццё Ізабэлы Чартарыскай.
Пасля таго, як у 1771 г. Чартарыскія арандавалі Павонзкі, Ізабэла вырашыла стварыць тут сентыментальны ландшафтны парк, які мог бы канкурыраваць з Варшаўскім Мокатувам (Mon Coteau) яе швагеркі Ізабэлы Любамірскай і Аркадзіяй яе сяброўкі Алены Радзівіл [44]. Праз гады яе сын Адам Ежы Чартарыскі гэтак апісаў жыццё ў Павонзках: «Кожны з дзяцей меў хатку з садам, а пасярэдзіне на ўзвышэнні, над сажалкай, вада якой, сцякаючы ў маленькую рэчку, арашала ўсе пасадкі ... каб упрыгожыць гэты маёнтак, мая маці завяла ў ім штучныя разваліны ... кожная з хатак ... калонія мела сваю адмысловую эмблему. У сястры Марыі эмблемай была выява берасцянкі з надпісам: «Весялосць». Мне далі галінку дуба з надпісам: «Цвёрдасць». Над хатай маці была намалявана курыца з куранятамі. Над халупай сястры Тарэзы - кошык з белымі ружамі і надпісам: «Дабрыня» ... панны Нарбут мелі таксама свае хаткі ... Усё гэта было прыдумана і ўладкавана маёй маці» [45]. А швейцарскі матэматык Іаган Бернулі, які наведаў Чартарыскіх у 1778 г., пісаў гэтак: «Павонзкі выглядаюць як невялікая вёска, якая схавалася ў лесе сярод азёр і рэчак. Акрамя некалькіх штучных руін, засталіся толькі простыя драўляныя хаціны, крытыя саламяным дахам. Знутры, аднак, гэтыя хаты абстаўлены з неверагодным густам і пышнасцю» [46]. Але найбольшае ўражанне у Павонзках рабіў дом княгіні Ізабэлы з шыкоўнай лазенкай на ніжнім паверсе. Бернулі пра яе: «У апошнім памяшканні верхняга паверха ёсць схаваная ніша, праз якую з дапамогай спецыяльнага прыстасавання можна апусціцца ў ніжні пакой. Гэты пакой з'яўляецца лазенкай. І якой лазенкай! Ванна схаваная ў нішы пад канапай, абабітай каштоўнай залатой тканінай, сцены выкладзеныя сапраўднай, вытанчана распісанай кафляй з залатымі абадкамі. Я налічыў каля шасцісот кафляў, пры тым адна кафля, у што лёгка паверыць, каштавала дукат» [47].
Трэба сказаць, што такія ці падобныя рамантычныя паселішчы былі ў той час ў вялікай модзе ў магнатаў. У якасці прыкладу можна прывесці знакамітую Альбу Радзівілаў каля Нясвіжа. Адзін з прыдворных, які суправаджаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага да Караля Радзівіла «Пане Каханку» ў Нясвіж, занатаваў: «Наступіла нядзеля. Пасля імшы ў замкавай капліцы, кароль паўторна паехаў у Альбу, каб бліжэй агледзець пабудаваныя там для сяброў і сваякоў Радзівілаў з густам аформленыя "хаткі" з садком пры кожнай "хатцы" і нават з дзікім паркам. Тут ён зрабіў візіт генералавай Фэргінавай, якая жыла ў Альбе, і князю Мацею. У гэтай рэспубліцы Альба, князь-ваявода быў "войтам", усе з'яўляліся грамадзянамі, а караля віталі хлебам з соллю, як быццам у нейкай незалежнай дзяржаве» [48].
Палацавы комплекс Павонзкі княгіні Ізабэлы, знаходзіўся насупраць сучасных Вайсковых могілак. Ён не захаваўся да нашых дзён, бо быў знішчаны падчас паўстання 1794 г. Аднак у канцы XVIII ст. гэта было вельмі моднае сярод арыстакратыі месца, тут прымалі гасцей, у тым ліку і караля Станіслава Аўгуста, ладзіліся забавы і тэатральныя пастаноўкі, у якіх выступала Чартарыская, яе сям'я і яе гадаванкі.
Гэты настрой весялосці і пастаяннай пагоні за задавальненнямі разбурыла трагічная смерць старэйшай дачкі Тарэзы. На пачатку 1780 г. здарыўся няшчасны выпадак - ад каміна загарэлася сукенка Тарэзы. Нягледзячы на неадкладную дапамогу мастака Норбліна, які патушыў полымя сваім паліто, ужо праз некалькі дзён, 13 студзеня 1780 г., дзяўчына памерла ад апёкаў. Сведка гэтай трагедыі, пісьменнік, палітык і гісторык Юльян Урсын Нямцэвіч (1757-1841), гэтак апісаў падзею: «... мы нарэшце вярнуліся ў ... Варшаву. Уязджаючы на мост з боку Прагі, сутыкнуўся з фурманам князя, які вёз дровы. "Што чутно, кахане?" - спытаў я. "Нічога новага, - кажа, - толькі тое, што дачка князя-генерала згарэла". [...] Гэтая жудасная навіна была праўдай. Прыгожая княжна Тэрэза ўжо памерла. Некалькі дзён таму ў лёгкай муслінавай сукенцы яна грэлася ля каміна, полымя ахапіла яе спадніцы і ў імгненне вока на княжне загарэлася ўсё. Яе малодшая сястра, сёння герцагіня Вюртэмбергская, панна Нарбутоўна, якая сёння Дэмбоўская, страцілі прытомнасць і перш, чым крыкі палаючай жанчыны даляцелі да старой ахмістрыні, перш, чым прыбеглі на дапамогу, было ўжо позна. На трэці дзень гэтая маладая асоба памерла ў самых жудасных пакутах. Я пакінуў яе свежай і прыгожай, як бутон ружы, які вось-вось раскрыецца, а зноў убачыў на катафалку непазнавальна ссохлай і збляклай. Такія ўжо няпэўныя нашы дні» [49].
Прыкладна тады ж княгіня Ізабэла нарадзіла дачку Габрыэлу, якая памерла праз некалькі дзён пасля народзін. Чацвер, дзень смерці Тарэзы, з гэтага часу стаў для Ізабэлы Чартарыскай днём жалобы. Швейцарскі паэт і прапаведнік Іаган Каспар Лаватэр, з якім княгіня пазнаёмілася ў Цюрыху, а потым перапісвалася, прысвяціў памяці Тарэзы сваю паэму «Тарэзе Чартарыскай». Пасля смерці Тарэзы маці загадала перанесці яе хатку на Павонзках (з некранутым убранствам як памяць пра дачку) у глыб лесу, і пасля трагедыі радзей наведвала раней любімую рэзідэнцыю [50].
4 красавіка 1782 г. памёр цесць Ізабэлы князь Аўгуст Аляксандр Чартарыскі. Вялізную маёмасць князя падзялілі яго дзеці - Ізабэла Любамірская і Адам Казімір, які атрымаў, між іншым, маёнткі на Падоллі, Валыні, маёнткі Сяняву, Воўчын і Пулавы.
Вось як Юльян Урсын Нямцэвіч апісваў двор Чартарыскіх у Воўчыне (на Берасцейшчыне - Л. Л.), прывяду цікавыя фрагменты тэксту: «Калі ў канцы жніўня 1777 г. я скончыў адукацыю і вярнуўся дадому, мае бацькі атрымалі запрашэнне ад князя Чартарыскага, [...] які жыў у той час у Воўчыне. [...] Тут ужо збіраліся госці, бо Воўчын абяцаў наведаць кароль [51].
Палац у Воўчыне аднапавярховы і даволі прасторны, мае тры дзядзінцы, акружаныя афіцынамі для двара і гасцей. Пакоі прыгожа аздобленыя, з вялікімі партрэтамі Аўгуста II і III, Карла XII, бацькі і маці караля (Станіслава Аўгуста Панятоўскага - Л. Л.). Маці караля на карціне была апранутая ў белы жупан і малінавы кунтуш, яе намалявалі ў постаці настаўніцы геаграфіі, якая вучыць па карце маленькага хлопчыка. Гэтым хлопчыкам быў пазнейшы кароль Станіслаў Аўгуст. Нарадзіўся гэты кароль у Воўчыне, у мураваным доме ўдалечыні ад палаца, каля касцёла.
Пры палацы меўся вялікі парк у французскім стылі, са шпалерамі падстрыжаных самшытаў, унізе парку цягнуліся празрыстыя каналы. Княжацкі двор, хоць і нельга было параўноўваць з даўнімі панскімі дварамі, але ён быў даволі вялікі. [...]
Калі мы прыехалі ў Воўчын, мой бацька прадставіў мяне князю Чартарыскаму: "Мосць пане, падстолій, - сказаў бацьку князь, - не хвалюйся за свайго сына, я бяру яго пад сваю апеку". А княгіня, сказала маёй маці: "Не аддам яго табе, пакуль не ажэніцца". Неўзабаве прыехаў кароль, і пачаліся розныя святы, у тым ліку і ў вёсцы Грымятычы, якую княгіня ўпрыгожыла і пабудавала там дом. Панны Нарбутоўны, панны Пашкоўскія і іншыя прыдворныя дамы гралі ролю жнеяў. Княжны Тарэза і Марыя былі яшчэ дзецьмі. Увечары ладзілі танцы. Мая маці была прыхільніцай Барскай канфедэрацыі і не любіла караля [...], але замiрылася з iм падчас танца, бо была заваявана гжэчнай ветлівасцю манарха» [52].
Неўзабаве, у 1783 г., Адам Казімір вырашыў перанесці сваю галоўную кватэру з Блакітнага палаца ў Варшаве ў Пулавы. Гэта рашэнне аблягчалася тым, што адносіны паміж Станіславам Аўгустам і Чартарыскімі ўжо некалькіх гадоў як сапсаваліся.
Княгіня Ізабэла шмат часу аддавала развіццю і добраўпарадкаванню пулаўскай рэзідэнцыі. Яна наняла шмат мастакоў, будаўнікоў і ландшафтных архітэктараў, якія пад яе кіраўніцтвам аднавілі палац і Пулаўскі парк (працамі кіраваў архітэктар Іахім Гемпель). У 1788 г. пачалося будаўніцтва дарычнай аранжарэі, якую звалі «Грэцкі дом», а пазней, у 1791 г., пачалося будаўніцтва «палаца Марынкі», прызначанага для дачкі Марыі. Чартарыская імкнулася да таго, каб яе Пулавы, якія атрымалі назву «Паўночныя Афіны», былі роўныя каралеўскаму двару. Развіццю культурнага і інтэлектуальнага жыцця пры двары Чартарыскіх спрыяла прысутнасць пісьменнікаў, мастакоў і дзеячаў Асветніцтва, якія ўдзельнічалі ў тым ліку ў навучанні дзяцей князёў Чартарыскіх. Сярод іх былі Готфрыд Эрнэст Гродэк (пазней прафесар Віленскага ўніверсітэта і настаўнік Адама Міцкевіча), пісьменнікі Юльян Урсын Нямцэвіч, Ян Павел Вароніч, Францішак Дыянізі Князьнін, мастакі Ян Пётр Норблін, Фогель, К. Войнякоўскі, Я. Рыхтар, архітэктар Я. Хемпель, дзякуючы клопатам сям'і Чартарыскіх, атрымаў адукацыю і пачаў сваю кар'еру сын пулаўскага цесляра, архітэктар Крысціян Пётр Айгнер [53], тут працавалі музыканты Вінцэнт і Францішак Лясловы. Такім чынам у другой палове XVIII ст. князь Адам Казімір Чартарыскі разам з жонкай стварыў у Пулавах сапраўдны асяродак навукі і мастацтва. У палацы мелася выдатная бібліятэка, фінансаваліся навуковыя даследаванні ў галіне філалогіі, літаратуры, гісторыі. Да навуковай працы прыцягваліся лепшыя навукоўцы Еўропы. Пры двары атрымлівала адукацыю і выхаванне таленавітая моладзь. Пулаўская школа атрымала агульнаеўрапейскае прызнанне, калі Чартарыскія стварылі яе філіялы ў Францыі і Англіі [54].
Сёстры Нарбут - выхаванкі Чартарыскіх
З Тадэвушам Нарбутам, бацькам Аляксандры і яе сясцёр, князя Чартарыскага звязвалі агульныя дзяржаўныя клопаты: «Бацька [Чартарыскі] ў Вільні быў старшынём суда Літвы. Ён горача аддаваўся выкананню сваіх абавязкаў … віцэ-прэзідэнтамі суда тады былі: у Гародні - Швяйкоўскі, вельмі выдатны чалавек, а ў Вільні - Нарбут, бацька паннаў, якія выхоўваліся ў доме маіх бацькоў» [55]. Графіня Ганна Патоцкая, якая асабіста добра ведала Чартарыскіх, пісала: «Тут можна было назіраць сапраўдную арыстакратыю... Калі князь... аказваў падтрымку якому-небудзь небагатаму, але высакароднаму сямейству, ён тайна аддзячваў [сямейству] за выказаны давер» [56].
У сваіх мемуарах, сын Адама Казіміра і Ізабэлы Чартарыскіх, будучы міністр замежных спраў Расейскай імперыі Адам Ежы Чартарыскі пісаў: «Знаходжанне майго бацькі ў Літве прыцягнула да нас вялікую колькасць выхадцаў гэтага края.. ... З Літвы, каб атрымаць у нас выхаванне, прыехала таксама некалькі маладых людзей. Іх прысутнасць ажыўляла Пулавы ў вольныя ад заняткаў гадзіны» [57]. Звычайна ў княгіні выхоўвалася 12 дзяўчат. Калі яны завяршалі адукацыю, княгіня клапацілася аб тым, каб дзяўчаты добра выйшлі замуж. Панны жылі ў асобным будынку пад апекай Францішкі Марыі Янушэўскай, якая разам са сваім мужам Філіпам займалася таксама і адукацыяй дзяўчат [58]. Асноўнай навукай, якую вывучалі дзяўчаты, была французская мова, модная ў той час і неабходная для чытання кніг. Вельмі добра выкладалі польскую мову, і княгіня заахвочвала паненак больш гаварыць і пісаць па-польску. Князь вельмі цікавіўся ўзроўнем адукацыі пулаўскіх дзяўчат, пра што сведчаць асабістыя віншаванні, якія ён накіроўваў выпускніцам. Па заканчэнні тэрміну адукацыі выхаванкі дзякавалі князю і ягонаму дому за «гонар атрымаць выхаванне ў Пулавах» [59] .
Вядома, што княгіня Ізабэла Чартарыская вельмі добра адносілася да сясцёр Нарбут. Яны жылі з Чартарыскімі як члены іх сям'і, абедалі за княжым сталом [60] і былі сяброўкамі маладых князёўнаў [61]. У зборніку Марыі і Уладзіслава Тамкевічаў «Даўняя Польшча ў анекдоце» ёсць нават анекдот з пулаўскага жыцця Аляксандры: «У Чартарыскіх у Пулавах пэўны час стала жыла панна Аляксандра Нарбутоўна. Была яна ўсімі паважаная і любімая, аднак князь Адам не мог ёй дараваць таго, што яна зашмат ужывала тытунь, таму аднойчы сказаў пра панну Аляксандру: "Калі б іншыя часткі цела ў нашай панны Аляксандры, былі неўтаймаваныя гэтак жа, як нос, то якая ж панна была б!"» [62].
Сёстры Нарбут прымалі ўдзел у сямейных пастаноўках, Адам Ежы Чартарыскі ўспамінаў: «У Павонзках … ставілі оперу пад назвай «Земіра і Азор». У адным з актаў гэтай оперы на сцэне з'яўляліся і дзве з маіх сясцёр з паннай Нарбут. Сцэна ўяўляла зачараваны замак, дзе сёстры павінны былі суцяшаць Земіру» [63]. «Неяк, пасля адной з тэатральных п'ес, калі ўжо ўсе раз'ехаліся, успыхнуў пажар. Агонь з'явіўся ў бакавым крыле хаты, дзе жылі мае сёстры. Сёстры з гувернанткай, мадэмуазель Пці і іх сяброўкі, панны Нарбут, ратуючыся, павінны былі ўцячы на іншы канец двара … пасля пажару Аляксандра, малодшая з сясцёр Нарбут, была ў адчаі і, думаючы, што мы пазбавіліся ўсёй нашай маёмасці, казала, каб мае бацькі пераехалі ў вёску яе бацькоў Сукурчы ў Лідскай акрузе» [64].
На пераломе 1784/1785 г. адбылася непрыемная падзея ў жыцці Чартарыскіх - яны сталі ахвярай даносу, як быццам князь Адам Казімір узначаліў змову з мэтай забойства караля. Справа выклікала вялікі рэзананс у тагачаснай Варшаве, жыхары якой падзяліліся на прыхільнікаў князя Адама і яго ворагаў. Аднак суд, які скончыўся ў красавіку 1785 г., даказаў адсутнасць змовы.
Фактычна, скандал і судовы працэс (які каштаваў князю Адаму амаль 4 мільёны злотых) яшчэ больш паглыбілі крыўду сям'і Чартарыскіх на караля. Таму сястра Адама Чартарыскага княгіня Любамірская, якая падчас скандалу была на баку брата, з'ехала за мяжу, больш не вярнулася ў краіну і памерла ў Вене, а сям'я Чартарыскіх і ўвесь двор пераехалі ў Пулавы.
Паступова Ізабэла Чартарыская ператваралася з жанчыны, зацікаўленай перш за ўсё забавамі, у патрыётку сваёй радзімы. У маладосці яна мала цікавілася палітыкай, аднак цяпер вырашыла актыўна працаваць разам з мужам. Улетку 1786 г. Адам Казімір падарожнічаў па Валыні і Падоллю, як быццам з мэтай агледзець маёнткі, якія засталіся ў спадчыну ад бацькі, але сапраўднай мэтай было жаданне наладзіць кантакты з лідарамі антыкаралеўскага лагера: Станіславам Шчэнсным Патоцкім і Францішкам Ксаверыям Браніцкім. Абшарнікі з розных куткоў краіны пачалі прыязджаць у Пулавы на перамовы перад сесіямі сойма, якія ўвайшоў у гісторыю як Чатырохгадовы сойм.
У такой атмасферы Ізабэла Чартарыская вырашыла паставіць оперу з трох актаў «Маці Спартанка», толькі што напісаную Францішкам Князьніным на музыку прыдворнага кампазітара Чартарыскіх Ляслова з дэкарацыямі Яна Пятра Норбліна. Опера была пастаўлена ў вялікай зале Пулаўскага палаца. Прэм'ера, верагодна, адбылася 15 чэрвеня 1786 г. На ёй прысутнічалі такія апазіцыйныя каралю магнаты, як Францішак Ксаверый Браніцкі, Севярын Ржавускі, Ігнацы і Станіслаў Косткі Патоцкія - агулам было больш за 500 чалавек. Драма Князьніна выклікала рэзананс у Пулавах і па ўсёй Рэчы Паспалітай. У аснову сюжэта быў пакладзены эпізод з Беатыйскай вайны, калі ў 371 г. да н. э. адбылася бітва паміж фіванцамі пад кіраўніцтвам Эпамінонда і спартанцамі. Опера заклікала змагацца за незалежнасць. Пасля гэтай пастаноўкі «Маці Спартанка» стала прыдомкам княгіні Ізабэлы, якая выконвала ў п'есе галоўную ролю спартанкі Тэоны [65]. У спектаклі гралі яе сыны Адам Ежы і Канстанты і лідзянкі Аляксандра Нарбутоўна з яе сястрой Канстанцыяй Дэмбоўскай [66], Аляксандра ў гэтай пастаноўцы атрымала ролю Талэзіі.
Да таго часу Аляксандра Нарбут ужо стала вядомай актрысай, перакладчыцай і літаратарам. Яе прозвішча ёсць у спісе літаратараў Яна Савінскага [67]. У «Гісторыі польскай літаратуры …» Фелікса Бянткоўскага [68] маецца інфармацыя пра пераклад п'есы дэ Жанліс «Зэлія, альбо шчырасць». Выхадныя дадзеныя гэтага перакладу наступныя: Zelia, czyli Szczerość (Zelia, albo Szczera; Zelia czyli Osobliwsze wychowanie). Kom. w 5 a. Narbutówna Al. (1790). Ładowski R. Warszawa, 1793 [69].
У 1784 г. княгіня Чартарыская заказала вядомаму мастаку Францішку Смуглевічу [70], які нядаўна прыехаў з Рыма, зрабіць малюнак з сімвалічнай выявай «Надзеі». Гэтую працу, праз сваю дачку Марыю Вюртэмбергскую, яна даслала Аляксандры Нарбут. Цікавая была матывацыя гэтага падарунка - ад пачатку Чартарыская загадала Смуглевічу зрабіць малюнак паводле задумы Аляксандры, а потым даслала ёй «першы эскіз, як аўтару гэтай чароўнай задумы». Такім чынам, «Надзея» сталася сумеснай працай - аўтарам ідэі была Аляксандра Нарбут, кіраванне справай узяла на сябе княгіня Чартарыская, а Смуглевіч стаў выканаўцам.
Дзеці Чартарыскай і яе выхаванкі падзялялі захапленне княгіні выяўленчым мастацтвам. Яе вучаніцы, у тым ліку і панны Аляксандра і Канстанцыя Нарбутоўны, а пазней Цэцылія Дэмбоўская (дачка Канстанцыі Нарбутоўны), таксама стваралі самастойныя мастацкія творы. Пад уплывам Чартарыскай, абедзве панны Нарбутоўны і потым Цэцылія Дэмбоўская вучыліся ў самога Яна Пятра Норбліна - мастака французскага паходжання, жывапісца, графіка, гравёра і карыкатурыста, аднаго са стваральнікаў жанравага жывапісу ў Рэчы Паспалітай і найвыбітнейшага мастака эпохі Станіслава Аўгуста [71].
А ў паэме Францішка Князьніна «Паветраны шар - ці пулаўскія вечары», апавядаецца пра палёт паветранага шара ў Пулавах. Тут сёстры, як і ўсе іншыя насельнікі Пулаў, фігуруюць пад імёнамі грэчаскіх герояў: Аляксандра - гэта Кліадора, а Канстанцыя - Ірыс [72]. Нарбутоўны у паэме занатоўваюць падзеі: «Ірыс - алоўкам, а яе сястра пяром, Ірыс як мастак, а сястра яе Кліадора як дзеяапісальніца» [73]. Паэма апісвала рэальныя падзеі 1784 г. Чартарыскія вельмі цікавіліся апошнімі навінамі з Францыі пра палёты толькі што вынайдзенага братамі Мангальф'е паветранага шара. І ў Пулавах з ініцыятывы Канстанцыі Нарбут было заснавана «Таварыства Паветраных шароў» (Towarzystwo Balonowe). Агульнымі намаганнямі пулаўскай моладзі (напрыклад князь Адам Ежы Чартарыскі выразаў з паперы элементы шара, а Аляксандра Нарбут пакрывала шар рознымі фарбамі) пад кіраўніцтвам прафесара ле'Гулера (L'Huillier) быў пабудаваны і запушчаны ў паветра шар з катом Феліцыянам у кошыку. Шар нейкі час лётаў у паветры над прысядзібным садам, а калі прызямліўся, кот уцёк ад гаспадароў і схаваўся на дрэве [74]. Палёт паветранага шара з катом Фелюсям быў адным з першых у нашай частцы Еўропы і меў вялікае рэха ў магнацкіх колах Рэчы Паспалітай, таму Князьнін і напісаў сваю паэму «Паветраны шар - ці пулаўскія вечары» і прысвяціў яе княжне Марыі Чартарыскай [75].
Леон Дэмбоўскі пісаў пра абставіны шлюбу сваёй маці Канстанцыі Нарбут: «Мая маці была прыгожай і стройнай, мела вялікі поспех, але галоўным для яе сталася тое, што, яна змагла знайсці сяброўства сваіх дабрачынцаў і сяброўства гэтае было заснавана на павазе і схільнасці сэрца, якая засталася нязменнай аж да смерці». І калі ў 1784 г., князёўна Марыя Чартарыская выйшла замуж за Людвіка, герцага Вюртэмбергскага [76], роднага брата будучай рускай царыцы (жонкі будучага імператара Паўла I, у той час - вялікага князя, маці будучага цара Аляксандра I), маладой герцагіні Вюртэмбергскай давялося пакінуць Айчыну, яе муж, герцаг Людвіг знаходзіўся на прускай службе. І яе сяброўкай на чужыне была Канстанцыя Нарбут, разам яны нейкі час жылі ў Берліне. Дэмбоўскі працягвае: «Манархам тады быў Фрыдрых II - вялікі знаток і аматар жаночага полу. Падчас гэтага знаходжання ў Берліне, Канстанцыя пазнаёмілася з афіцэрам прускай гвардыі графам Чакам (Chack) і разбіла яго сэрца сваёй прыгажосцю. Калі маладыя жанчыны вярнуліся ў Варшаву, за імі прыехаў і закаханы граф Чак. Пайшоў слых што вяселле графа і Канстанцыі - ужо вырашаная справа. Нават кароль Станіслаў узяў прускага графа пад сваю пратэкцыю. Канстанцыя была не супраць, перспектыва стаць графіняй, багатай і ўплывовай жанчынай ёй спадабалася. Аднак у Сукурчах перспектыва вяселля з прусаком не выклікала захаплення. Бацька, лідскі падкаморы, сказаў, што свайго дазволу не дасць, пакуль немца не пазнае. З такіх далёкіх краёў, казаў ён, і хто яго тамака ведае, граф ці не граф - а можа галыш які? І дадаваў: "Ці ж мор на ліцвінаў, каб панну за немца выдаваць?". З меркаваннем падкаморага была згодна лідская шляхта, якая нястомна гасцявала ў Сукурчах і мела меркаванні па ўсіх пытаннях. Дарэмна лідская падкаморава, маці Канстанцыі, стаўшы на бок дачкі, казала, што князёўна Масальская была выдадзена за нейкага француза (князя дэ Лігнэ), а Радзівіл пайшла за расіяніна Ферзена, тое ж зрабіла і Бжастоўская - ніхто яе не падтрымаў. Выданне дачкі замуж за немца здавалася шляхце незразумелым horrendum (лац. «жахам». - Л. Л.), а каралеўская пратэкцыя тлумачылася дрэннай схільнасцю манарха ды іншаземцаў. Калі розгалас пра меркаванае вяселле разышоўся па Літве, прыехаў ваявода Хмара і абвінаваціў падкаморага і пана Валадковіча, бо гэты апошні, Канстацыю за свайго сына меціў» [77] . І Канстанцыя адмовіла немцу, сказаўшы што ніколі замуж за чужаземца не пойдзе. «Немец быў шчыра закаханы і ўпаў у меланхоліяю, хацеў пакончыць жыццё самазабойствам, але час усё лечыць, залячыў і гэтую рану» [78].
У той жа год, пасля Валадковіча, заявіў пра жаданне дамагацца Канстанцыі палкоўнік, а пазней генерал Арлоўскі, які карыстаўся пратэкцыяй князя Чартарыскага. Абапіраючыся на пасрэдніцтва войскага ВКЛ Залеўскага, ён звярнуўся да лідскага падкаморага. Але падкамораму не спадабалася і гэтая партыя. Сватаўся да Канстанцыі і сам Нямцэвіч, Дэмбоўскі піша, што «слынны потым, а той час звычайны афіцэр-інжынер Юліян Урсын Нямцевіч, наўпрост звярнуўся да падкаморага, аднак падкаморы, які быў pater difficultatum (лац. «цяжкім», ці «суровым бацькам». - Л. Л.), калі ішла справа аб лёсе ягоных дачок, адмовіў і яму, Арлоўскаму - таму што стары, Нямцэвічу - таму што малады!». З ліста падкаморага да дачкі: «Ад нейкага часу часта перапісваюся з панам Нямцэвічам. Малады чалавек, піша добра, але яшчэ малады. Каму ж вядома, што з яго будзе? - вядома толькі Богу, а не мне. Хто можа прадбачыць, што з яго вырасце? Высокі дуб ці крывы глог? Бачу, што жывы як агонь, а ці не будзе занадта запальчывы?» [79]. Прыхільнікам Канстанцыі лічыўся і слынны паэт Шыманоўскі.
Усе гэтыя сватаўствы скончыліся тым, што Канстанцыя выйшла замуж за ротмістра народнай кавалерыі Дэмбоўскага. Шлюб адбыўся ў Пулавах 29 снежня 1786 г.
З 1783 г. галоўнай сядзібай Ізабэлы Чартарыскай сталі Пулавы (але яе муж аддаваў перавагу іх другой сядзібе - Сянявам), княгіня шмат падарожнічала па краіне і за мяжой, актыўна ўдзельнічала ў палітычным жыцці. У 1787 г. князі Чартарыскія сустракалі ў сваіх маёнтках у Галіцыі аўстрыйскага імператара Іосіфа II, а ў верасні таго ж года Ізабэла з'ехала ў Парыж. Там яна сустрэлася, між іншым, з каралевай Марыяй-Антуанетай, якой перадала ліст ад яе брата - імператара Іосіфа, а таксама ў апошні раз сустрэлася са сваім былым каханкам - герцагам дэ Лазенам.
Канстанцыя вандравала разам з княгіняй Чартарыскай. У Парыжы яны спыніліся ў гатэлі «Палац Раял», які быў уласнасцю прынца Арлеанскага (у гатэлі ў гэты момант жыў надворныя маршалак Ржавускі, старэйшы брат польнаго пісара Казіміра Ржавускага). З Канстанцыяй у якасці прыслугі знаходзіўся казачок, які ні слова не разумеў па-французску, але кожны вечар разгульваў па гасцініцы. За ім хадзілі тлумы цікаўных французаў, бо прымалі казачка за кітайца. У канцы 1787 г. Канстанцыя вярнулася з Парыжа на дзевятым месяцы цяжарнасці, і праз 3 дні ў яе нарадзілася дачка Цэцылія, якая таксама, як і яе маці, атрымлівала адукацыю і выхаванне ў Пулавах. А 16 кастрычніка 1789 г. у Пулавах нарадзіўся яе сын Леон, аўтар успамінаў, якія я цытую [80].
Тады княгіня Ізабэла прадоўжыла вандроўку па Еўропе разам Аляксандрай, і ў канца снежня 1787 г. Аляксандра разам з Чартарыскай была ўжо ў Берліне. «Княгіня ў канцы снежня прыязджае ў Берлін. Ужо памёр Фрыдрых Вялікі, але адносіны (да Чартарыскай - Л. Л.) за два гады не змяніліся, і вельмі добры прыём княгіні ў Берліне нельга было зразумець без уліку палітычнай сітуацыі. Кабінет міністраў і каралеўскі двор Берліна ў гэты час спрабаваў здабыць папулярнасць у Польшчы і давер партыі, да якой належаў муж княгіні» [81] .
Заўважым, што ў канцы снежня 1787 г. Аляксандра Нарбут знаходзілася ў Берліне.
Калі летам 1788 г. княгіня з Аляксандрай вярнуліся ў Пулавы, на радзіме ўжо пачыналася падрыхтоўка да сойма, які ўвайшоў у гісторыю як Чатырохгадовы. Калі князь Адам Казімір быў абраны паслом на сойм ад Люблінскага ваяводства, Ізабэла паехала за ім у Варшаву. Падчас сойма, Блакітны палац Чартарыскіх у Варшаве стаў адным з галоўных цэнтраў палітычнага жыцця. Кожную сераду Чартарыскія ладзілі ў палацы прыёмы, падчас якіх адбываліся важныя сустрэчы і ажыўленыя дыскусіі. Верагодна, менавіта ў Блакітным палацы быў напісаны першы праект Канстытуцыі 3 мая. Аднак Пулавы, якія знаходзіліся адносна недалёка ад сталіцы, не страцілі сваёй важнай ролі.
Паводзіны Ізабэлы Чартарыскай хутка выклікалі злосныя памфлеты, якія распаўсюджваліся па Варшаве, і што яшчэ горш, палітычная дзейнасць княгіні пакрыўдзіла караля, які падазраваў у ёй правадніка прускай арыентацыі і змову супраць сябе. У лісце ад 28 лістапада 1788 г. Станіслаў Аўгуст пісаў свайму амбасадару ў Пецярбургу Антонію Аўгустыну Дэболі, што Чартарыская: «...забяспечыўшы сябе пратэкцыю Прусіі і маючы моцную падтрымку ў народзе, спадзяецца [...] прывесці сваю дачку і яе мужа, герцага Вюртэмбергскага на трон, тады яны пазбавяцца ад мяне праз смерць або рэвалюцыю» [82].
Такім чынам, менавіта ў гэты час, час максімальнага палітычнага збліжэння Чартарыскіх з Прусіяй і адбылося выбранне нашай Аляксандры Нарбут у Берлінскую акадэмію.
На жаль знайсці дакладную інфармацыю аб яе выбранні сябрам акадэміі навук у Берліне на пасяджэнні 19 студзеня 1788 г. покуль не ўдалося, але можна выказаць здагадку, што акрамя палітычных мэтаў падтрымкі сваёй партыі, гэтае абранне было дэманстрацыяй павагі да Чартарыскіх, прызнаннем іх сістэмы адукацыі, а таксама таленту іх выхаванкі. Нешта падобнае ў той час было звыклай справай, напрыклад, нават у па-сапраўднаму знакамітай і ўплывовай Французскай акадэміі (у ёй акадэмікам плацілі неблагія грошы), яшчэ за 90 год да абрання Аляксандры Нарбут ў Берлінскую акадэмію, з разлікам на перспектыву і з-за павагі да бацькі, былі прыняты семнаццацігадовы сын знакамітага астранома Касіні - Жак, а таксама ягоны пляменнік Джакама Маральдзі [83].
Берлінская акадэмія, арганізаваная Лейбніцам на пачатку XVIII ст. перажыла заняпад пры «жаўнерскім каралі» Фрыдрыху Вільгельму I (1688-1740). Пасля яго смерці, у кіраванне Фрыдрыха II, фінансаванне акадэміі значна палепшылася, яна была пашырана і забяспечана лабараторыяй, для ўдзелу ў кіраўніцтве акадэміяй запрошаны добрыя навукоўцы. Але толькі ў XIX ст. Пруская акадэмія стала аўтарытэтнай навуковай установай.
Сямейнае жыццё князёўны Марыі з Чартарыскіх не атрымалася. Нейкі час яна разам з Канстанцыяй жыла ў Варшаве ў кляштары сакраментак, чакаючы разводу з Людвігам Вюртэмбергскім. Пасля разводу яны абедзве з'ехалі ў Сянявы - уласнасць князёў Чартарыскіх, дзе іх чакала Аляксандра Нарбут са сваімі двума пляменнікамі.
У Сянявах Чартарыскіх бываў Касцюшка і ў адно з наведванняў падарыў свае ордэнскія стужкі [84]. А 28 кастрычніка 1792 г., пасля таго як генерал выйшаў у адстаўку, нязгодны са здрадніцкай палітыкай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ён прыехаў у Сянявы на дзень св. Тадэвуша (адзначаецца 28 кастрычніка). Гнанаму генералу былі наладжаны ўрачыстыя імяніны. На ягоную галаву быў ускладзены вянок, сплецены з галінаў дуба, уласнаручна пасаджанага каралём Янам Сабескім у ХVІІ ст. пасля перамогі над туркамі пад Венаю. Пры гэтым у гонар героя прагучаў верш «Генералу Касцюшку ў дзень ягоных імянін у Сяняве» [85].
Вайна, паўстанне 1794 г. руйнаванне Павонзак і Пулаў, а потым паўторная адбудова Пулаваў - усё гэта знаходзіцца ўжо па-за межамі маёй кнігі.
За ўдзел у паўстанні Касцюшкі ў 1794 г. у Дэмбоўскіх былі канфіскаваны ўсё маёнткі на Украіне, і Чартарыскія падаравалі ім невялікі фальварак Пожуг [86] за адну мілю ад Пулаў. Увесну 1800 г. Канстанцыя Дэмбоўская з мужам прыехала жыць у гэты фальварак. Тут жа хаваліся ад расейцаў і ўсе астатнія з Нарбутаў. З 1796 г. тут ужо жылі «дзве сястры маёй маці - панны Аляксандра і Тэкля, брат Войцех Нарбут… Панна Аляксандра хутка выйшла замуж за палкоўніка Цясельскага і пераехала да яго ў Самакленскі (недалёкая, на ўсход ад Пулаў)», - пісаў Леон Дэмбоўскі [87]. Такім чынам, у 1800 г. Аляксандра выйшла замуж за Станіслава Цясельскага (1750-1823) і стала Аляксандрай Цясельскай. «Палкоўнік Цясельскі - стары з «салодкім» характарам, моцна замілаваны ў батаніку, пэўны час наглядаў за адукацыяй сыноў князя. Ва ўзнагароду за ягоныя заслугі, князь пажыццёва надаў яму прыгожы фальварак Самакленскі, каштоўны больш не зямлёй, а вялікімі і прыгожымі лясамі. Нягледзячы на тое, што валоданне фальваркам было толькі пажыццёвым, Цясельскі пабудаваў там ладны мураваны дом, залажыў вялікую аранжарэю і сад з рэдкімі раслінамі. На рэчках пабудаваў шлюзы, паставіў млын, тартак, залажыў вёску Сыры, даглядаў лясы. Пасля яго фальварак падвоіў свой сабекошт» [88].
Леон Дэмбоўскі з гумарам апісваў сваю цётку Аляксандру: «Мая цётка мела слабое здароўе, але была дзіўна экзальтаванай жанчынай. Умела добра маляваць і любіла займацца жывапісам. Аднак я нічога іншага ў яе на мальбертах не бачыў, як толькі малюнак мора пры заходзе сонца. Купідон на лодцы адплываў, а нявеста на беразе абапіралася на якар і з прагай працягвала да яго рукі. Гэтым купідонам для панны Аляксандры быў стары палкоўнік Цясельскі. Калі Гіменей скончыў нарэшце тыя доўгія амуры (Аляксандра выйшла замуж за палкоўніка. - Л. Л.), і з'явіўся новы прадмет для мастацтва: два сэрцы гараць на алтары, каля якога ў маўчанні ляжыць абсыпаны кветкамі Купідон. Акрамя гэтага, у Сяняве, у сваім садзе яна разводзіла велізарных птушак - соваў і мела для іх дзевяць вымураваных фрамуг, у якіх вялікія і маленькія совы парабілі сабе гнёзды» [89].
Пляменнік Леон Дэмбоўскі быў чалавекам XIX стагоддзя - якое звалі «стагоддзем навукі» і «стагоддзем пары і электрычнасці», ён ужо не разумеў людзей «галантнага» XVIII стагоддзя і таму іранізаваў над сваёй цёткай.
Дадам, што Аляксандра Цясельская з Нарбутаў усё жыццё кульгала на адну нагу [90].
Менавіта ў Самакленсках прайшлі апошнія гады жыцця Аляксандры. Памерла яна ў 1803 годзе і, верагодна, была пахавана недзе недалёка ад фальварка мужа.
Аляксандра Нарбут і яе сёстры з'яўляліся часткай інтэлектуальнай эліты Рэчы Паспалітай, і пасля таго, як гэтай дзяржавы не стала, пачалі жыць сваім прыватным жыццём. Гэтыя творчыя жанчыны былі добра вядомыя сваім сучаснікам і даследчыкам першай паловы ХІХ ст., яны бясконца згадваюцца ў мемуарах той эпохі (я працытаваў тут толькі малую частку гэтых згадванняў), але ў наш час сталі невядомымі сваім землякам. Нараджаюцца і сыходзяць у нябыт дзяржавы, але мы павінны памятаць пра першую і адзіную у гісторыі горада Ліды жанчыну-акадэміка (нават пры ўсёй характэрнай для таго часу ўмоўнасці яе выбрання), памятаць пра яе сясцёр і ўнікальны творчы дух, у якім яны выгадаваліся.
* * *
Замест эпілога, прывяду фрагмент з успамінаў нашай зямлячкі (з маёнтка Дабраўляны, сучасны Смаргонскі раён), паэтэсы, пісьменніцы і мемуарысткі Габрыэлі Пузыні з Гюнтараў, якая дзяўчом наведала Пулавы ў 1825 г.:
«Неўзабаве ... прыйшло запрашэнне з Пулаў ад князёў Чартарыскіх правесці ў іх астатак лета. Услед за гэтым лістом, прыйшоў другі з запрашэннем маім бацькам, бо князь Адам, калі займаў пасаду куратара Літоўскай навучальнай акругі, асабіста ведаў майго тату. Ад такога запрашэння адмовіцца было немагчыма, і ў канцы жніўня, пасля пяці тыдняў у бабулі, па маршруце, апісаным у лістах біскупа Красінскага, праз «пяскі і лес», мы рушылі ў дарогу і на наступны дзень, перад заходам сонца, на супрацьлеглым беразе Віслы, якую трэба было яшчэ пераплыць на плытах, прыехалі ў Пулавы, мястэчка раскінулася ў даліне, вышэй стаялі замак і храм Сібілы [91] . Пулавы падрабязна апісала пані Таньская ў сваіх «Разрыўках» [92].
Пулавы, сёння ўласнасць скарбу, ператвораны ў дзяржаўны інстытут для дзяўчат, але старыя Пулавы 1825 г., ад якіх засталася толькі назва, некранутымі ўжо сорак два гады жывуць у маёй памяці як зачараваны замак са сваёй напаўсагнутай васьмідзесяцігадовай феяй з сухімі рысамі твару, з пранізлівым позіркам, з напудранай фрызурай - княгіняй Ізабэлай з Флемінгаў Чартарыскай. Яна ветліва і нават сардэчна вітала нас на парозе вялікай залы, і яе занядбанае ўбранне надавала ёй нешта таямнічае. Каля княгіні Ізабэлы стаяла дачка, княгіня Марыя Вюртэмбергская і сын, князь Адам Чартарыскі, абодва ўжо сівыя, як галубы. У той час у Пулавах жылі ўнукі Замойскія і прыгожы князь Леон Сапега, заручаны з адной з унучак Замойскіх. Праводзілі тут усё лета два сямействы Плятэраў, а таксама генерал Мараўскі з жонкай і дзецьмі. Была панна Панятоўская, пляменніца апошняга караля і Эмма Стрыжэўская з Патоцкіх, заўсёды элегантная жанчына з прэтэнзіямі, якімі яна адрознівалася ад патрыярхальнай прастаты князёў. Каб закончыць гэты спіс, трэба дадаць яшчэ ваяводзіну, графіню Патоцкую з Вілянава. Штодзень у другой гадзіне дня звон склікаў гасцей ў ніжнюю залу палаца на абед, гонар якому аказваў князь Адам і яго сястра. Княгіня-маці абедала ў сваім пакоі пасля таго, як адведае школкі ў вёсцы. Штодзень за стол садзілася да трыццаці чалавек, якім прыслугоўвала не меншая колькасць гайдукоў, лакеяў і казакаў. Пулаўскі стол не меў ні рыбы, ні дзічыны, хоць палац стаяў пасярод багатых лясоў, рэк і азёр, бо тут не адыходзілі ад традыцый, якая заўсёды адпавядала жарту с. п. князя-генерала, неяк ён сказаў пра пулаўскі стол: "На ім старое масла і маладое віно".
На наступны дзень пасля нашага прыезду мы зладзілі пікнік на траве. Кожны госць мусіў прынесці сваю страву, і сама княгіня прыйшла з булёнам і печанай баранінай уласнага прыгатавання, сказаўшы, што ёй можна даверыцца, бо ў часы рэвалюцыі яна гатавала на трыццаць асоб. Мае бацькі зрабілі сюрпрыз - літоўскі халаднік - і растлумачылі, што яны, як падарожнікі, не маюць часу развесці вогнішча. Кожную страву сустракалі воклічамі: «Віват», а калі хтосьці прапанаваў моркву ў алеі, пані Стрыжэўская кампліментарна заўважыла, што страва смакуе як «entre la pomme de terre et l'ananas» (фр. «мясцовая морква з ананасам». - Л. Л.). Адзіная бутэлька шампанскага, ахвяраваная ўнукам, выклікала не толькі віваты, але і здзіўленне, а чорную каву ахвяраваў маленькі чатырохгадовы «турак» - сынок Станіслава Плятэра, якога пасадзілі ля падножжа вялізарнага дрэва пад назвай «Le protecteur» (фр. «Пратэктар, абаронца». - Л. Л.).
Прагулкі ў лодках, язда ў старасвецкіх карэтах - кашах са збруяй адпаведнага веку, у якіх было вельмі весела катацца, гарбата на ганку, а часам і на траве, пасля вячэры пасядзелкі ўвесь час у іншым куце салона, бо так любіла княгіня - вораг аднастайнасці і цырымоній, вось што было зместам гэтых пяці дзён у Пулавах, якія ніколі не забудуцца.
Князі прымалі ў ніжніх апартаментах, бо залы адчыняліся толькі для вялікіх сямейных урачыстасцяў. У абедзеннай зале стаяла вялікая мармуровая ванна, у якую клалі капелюшы, шалікі і малітоўнікі (у нядзелю). Нам казалі, што калісьці Урсын Нямцэвіч прагледзеў вялікую колькасць французскіх кніг і як сябар роднай мовы, на кожнай з іх напісаў: "Бог не разумее французскай мовы". Нам паказвалі адну з такіх кніжак, і мой бацька, заўважыўшы памылку ў правапісе, жартам сказаў: "Бог, хоць і не разумее французскай мовы, але папярэджвае, што слова «французская» пішацца праз «с»". Гэта рассмяшыла дам, якія ў помсту папрасілі яго занатаваць сваю заўвагу на кнізе.
Гасцей размясцілі ў адмыслова пабудаваных для гэтага двухпавярховых афіцынах з унутранымі калідорамі, з камінам, у якім бесперапынна гарэў агонь, за што слугі дабраслаўлялі княгіню - каб распаліць пліту, не трэба было бегчы на кухню. Мой бацька пераняў гэта для нашага новага палаца, які будаваўся тады ў Дабраўлянах. Княгіня-маці старанна клапацілася пра сваіх гасцей і ў сваёй дыспазіцыі карэт для шпацыраў ні пра каго не забывала, нават і пра дзяцей. Яна была ветлівай і абыходлівай з гасцямі, такой жа была нават і са сваімі дзецьмі. Я памятаю яе словы да сына: "Пане Адаме, калі будзеш ісці, прынясі мне мой званочак". Пачуўшы гэта, сын адразу ўскочыў і прынёс.
Яна любіла расказваць смешныя анекдоты пра сябе, адзін з іх быў з прускіх часоў, калі паміж Пулавамі і Варшавай мелася мяжа на якой строга пільнавалі кантрабанду і штучныя парыжскія кветкі былі цалкам забаронены. Княгіня ўзялася перавезці велізарную колкасць букетаў для усіх сваіх дам, якія рыхтаваліся да вяселля, і натуральна, таксама і для нявесты. А паколькі сукенкі і аздобы не падлягалі мыту, яна абшыла свой падарожны шлафрок гірляндамі, зрабіла капялюш з 12 вялізнымі букетамі, і апранутая з такой вялікай фантазіяй, выйшла з карэты перад здзіўленымі мытнікамі. Адны з іх смяяліся, другія злаваліся, а старшы запатрабаваў плату за кантрабанду, бо ў падарожжа так ніхто не апранаецца. На што княгіня адказала, што ведае - яна выглядае смешна, але любіць кветкі, якіх ніколі не бывае зашмат. Нягледзячы на відавочнае парушэнне, з-за строгага выканання прусакамі сваіх прадпісанняў, княгіня не заплаціла ні граша і прыехала ў Пулавы ў касцюме Флоры.
Кожную раніцу мы шпацыравалі па цудоўным парку, дзе кожнае пасаджанае княгіняй дрэва служыла ўзорам для яе кнігі пра сады. У "Марынках", палацы пабудаваным для княгіні Вюртэмбергскай, жыла сумная сям'я Людвіка Плятэра.
Ля падножжа замка, на схіле зялёнага ўзгорка, каля крыніцы з сапраўднай жывой вадой, стаяла скульптурная група італьянскага мастака, за якую 30 000 дукатаў заплаціў граф Жавускі [93]. Дзве постаці - рыцара у пакутах і мёртвай дзяўчыны - былі выразаны з суцэльнага кавалка... На руцэ Танкрэда ляжала мёртвая Кларында, якую ні вада, набраная ў шлеме рыцара, ні яго слёзы [94] ўжо не маглі вярнуць да жыцця! На пастаменце меўся надпіс:
Ты гінеш ад рукі кахання, прыўкрасная Кларында,
А твой Танкрэд пралівае слёзы з-за сваёй перамогі!
Неяк на ранку княгіня адкрыла нам сваю нацыянальную скарбніцу і сэрца ліцвінкі захавала ў сваёй памяці палаш Ягайлы і ланцуг Ядвігі. Княгіня сама хацела паказаць маім бацькам гатычны дом. Ветлівая і поўная жыцця, яна рухала цяжкія скрыні, у якіх знаходзіліся дзіцячыя рэчы Жан-Жака Русо, лісты ад мадам Севінье і г. д. А косткі Абеляра і Элаізы, Лаўры і Петраркі, здабытыя княгіняй з іх магіл, у яе касцістай руцэ я памятаю і дагэтуль. Пачуўшы ад майго бацькі, што ў Дабраўлянах мае быць рыцарская капліца, яна падарыла яму цэлую скрыню каляровага шкла, якую атрымала ў катэдры ў Майнцы пасля вялікай рэвалюцыі. У нядзелю княгіня павезла нас у касцёл ў яе любімай вёсцы Уластавіцы. Увечары таго ж дня на лузе святкаваліся дажынкі, на якія княгіня жадала пакінуць і нас, хоць мы ўжо з ёй развітваліся. Яна энергічна дабівалася свайго, спачатку доўга ўпрошвала нас і нарэшце, тупнуўшы калісьці маленькай і грацыёзнай ножкай, сказала: «Не адпушчу! Не адпушчу! Загадаю паздымаць колы!». Мы засталіся, і гэта быў наш апошні дзень у Пулавах, з якімі мы развітваліся ля падножжа каменнага крыжа, дзе наша, апранутая ў белае, маці, з распушчанымі валасамі, пасадзіла нас на лаву каля балюстрады і ўкленчыўшы, малілася малітвай Касцюшкі: "Божа! Дазволь нам яшчэ адзін раз пабываць у Пулавах! … Дай Божа! Дай Божа!". Гэта відовішча спыніла княгіню Вюртэмбергскую, якая ехала па дарозе, даслухаўшы малітву, яна ўсклікнула сваім лагодным галаском: "Гэта не толькі прыгожа, але і ветліва". І мастак, які тут пры гэтым прысутнічаў і першы раз быў у Пулавах, пашкадаваў, што гэтая жывая карціна не будзе назаўсёды ўвекавечана…
На наступны дзень мы ўжо былі на дарозе ў Літву.
Наша вяртанне ў Вільню было радасным...».
А ў 1831 Габрыэля Пузыня запісала:
«… сумным было пачуць пра Пулавы, дзе васьмідзесяцігадовая княгіня мусіла саступіць маёнтак свайму ўласнаму ўнуку, князю Вюртэмбергскаму. Пакінула пасля сябе столькі ўспамінаў і прыгожыя сляды сваёй працы ў маёнтку, да якога так прызвычаілася. Разам з дачкой, княгіняй Вюртэмбергскай, схавалася ў сваіх маёнтках у Галіцыі і праз некалькі гадоў закончыла там сваё жыццё».
Sic transit gloria mundi...
[1] Нарбут А. Н. Нарбут Н. И. Нарбуты Лидские // Наш Радавод. Кніга 6. Ліда. 1994. С. 44-45.
[2] Гл: Стасевіч-Ясюкова Ірэна. Казімір Нарбут. Варшава - Ліда, 2004.
[3] Гл: Лаўрэш Леанід. Юстын Нарбут // Наша слова.pdf № 43 (95), 25 кастрычніка 2023.
[4] Гл: Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122.
[5] Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025.
[6] Гл: Лаўрэш Леанід. Маршалкі Лідскага павета // Лідскі Летапісец. 2020. № 2(90). С. 13-19.
[7] Malewski Czesław. Rody i herby szlacheckie na Litwie (X) // Nasza Gazeta. 1 (490).
[8] Гл: Лаўрэш Леанiд. Аляксандра Нарбут - акадэмiк Берлiнскай акадэмii навук // АСОБА і ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 4. 2011. Мінск. С. 6-16.
[9] Галоўнае, гл: Лаўрэш Леанiд. Аляксандра Нарбут - акадэмiк Берлiнскай акадэмii навук // АСОБА і ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 4. 2011; Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122; Лаўрэш Леанід. Юстын Нарбут // Наша слова.pdf № 43 (95), 25 кастрычніка 2023.
[10] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. Москва, 1998. С. 49-50.
[11] Гл. Інвентар маёнтка Хадзілоні 1760 г. // АВАК. Т. 35. С. 89-94.
[12] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 10.
[13] Alexandra Narbutówna (у Балінскага - з адным «t», у іншых крыніцах - з двума).
[14] Balinski Michal. Dawna academia Wilenska. Petersburg, 1862. S. 322. // "Wszakże mało może zważano na, to cu czytał, bo właśnie wtenczas w Wilnie każdy światły mieszkaniec, albo majncy pretensya do nauki, mocno był zajęty osobliwa wiadomością, która tylko co rozeszła się w mieście, że znajoma wszystkim z talentów i nauki, zacna litewska panna, Alexandra Narbutówna, podkomozanka lidzka, wybrana została na towarzyszkę akademii nauk w Berlinie, na posiedzenia jej dnia 19 stycznia r. 1788, i patent na to z rak książecia Henryka pruskiego otrzymała. Pochlebiało to wielu osubom, a mianowicie całej licznej rodzinie, dziwiło niektórych jako nieoswojonych z tym rodzajem zaszczytu dla kobiet, a w innych nawet, jak to nieraz bywa na świecie, obudzalo uczucie jakiejś zazdrości, jeżeli nie szyderstwa".
[15] Londa Schiebinger: Schöne Geister: Frauen in den Anfängen der modernen Wissenschaft. Stuttgart. 1993. S. 151.
[16] Тым не менш, відочна, Крашэўскі карыстаўся гэтымі мемуарамі калі пісаў сваю шматтомную «Польшчу пад час трох разбораў...» (Józef Ignacy Kraszewski. Polska w czasie trzech rozbiorow, 1772-1799).
[17] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 539.; Русский биографический словарь под ред. А. А. Половцова. М. 1910. Т. 15. С. 61.
[18] Reymont Władysław. Ostatni Sejm Rzeczypospolitej. Warszawa, 1913. S. 48, 185.
[19] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego. Warszawa. 1890. Т. 11. S. 561.
[20] Пацюпа Юры. Tahafut al-Tahafut // Arche. 2006. №4. С. 205.
[21] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1839. T. 5, S. 491. // «Ostrow w powiecie Lidzkim, na zachód Lidy niedaleko Myta, za lewym brzegiem rzeki Dzitwy, niegdyś ogromna majętność skarbu litewskiego, gdzie były pałace obszerne, jak dotąd fundamenta i sklepy przekonywają, ogrod owocowy miał zawierać w sobie 9 morgów przestrzeni, pod ostatnie czasy należała do Tadeusza Narbutta, Podkomorzego Lidzkiego. Dziś w zdrobnieniu przez exdywizye jest niewielkim folwarkiem... ».
[22] Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912. S. 486.
[23] Гл: Лаўрэш Леанід. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. // Гістарычны альманах. 2007. Т. 13. С. 109-118.
[24] Narbutt Miron Bronisław. Lida i Lidziane. // Ziemia Lidzka. 1997. № 26-27.
[25] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. 1898. Petersburg. T. I. S. 8-9.
[26] Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 539.
[27] Цыт па: Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. Warszawa, 1978. S. 10.
[28] Там жа. S. 11.
[29] Ізабэла Любамірская з Чартарыскіх (1733 ці 1736-1816) - арыстакратка, мецэнатка і калекцыянерка твораў мастацтва эпохі ракако. Сястра Адама Казіміра Чартарыскага. Ва ўласнасці Ізабелы Любамірскай знаходзіліся варшаўскія палацы ў Вілянуве, Урсынаве і «Mon Coteau» (фр. «Мае ўзгоркі») ў Мокатуве. Яна паклала краевугольны камень у будынак Нацыянальнага тэатра ў Варшаве. Была адна з самых вядомых жанчын Рэчы Паспалітай XVIII ст., прымала актыўны ўдзел у палітыцы свайго часу.
[30] Adam Jerzy Czartoryski. Pamiętniki i memoriały polityczne 1776-1809. Warszawa. 1986. S. 78-79.
[31] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach, S. 11-16.
[32] Рапнін Мікалай Васілевіч (1734-1801), расійскі ваенны i дзяржаўны дзеяч, генерал-фельдмаршал (1796 г.), князь.
[33] Marian Dziewanowski. Książę wielkich nadziei: Biografia księcia Adama Czartoryskiego. Wrocław, 1998. S. 20-24.
[34] Gabriela Pauszer-Klonowska, Pani na Puławach, S. 65-66.
[35] Віленскі каралеўскі астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі нават вылучыў новае сузор'е: Цялец Панятоўскага («Taurus Poniatovii», або «Taureau royal de Poniatowski», назва сузор'я паходзіць ад герба караля) па суседстве са Шчытом Сабескага. Цялец Панятоўскага размяшчаўся паміж сузор'ямі Змеяносца i Арла i ўключаў V-падобную групу зорак. Пачобут лічыў iх падобнымі на зорны збор Гіяды ў сузор'i Цялец, што i дало астранамічную падставу да вылучэння на небе сузор'я з такой назвай. Гэты падарунак вучоны зрабіў свайму аўгусцейшаму патрону дзеля праслаўлення ягонага імя. Спачатку Цялец Панятоўскага прыжыўся на зорных картах, але пасля сузор'е было скасавана і не ўваходзіць у сучасны спіс сузор'яў. Аднак чатыры зоркі гэтага скасаванага сузор'я (66, 67, 68, 70 Oph (Змеяносец)) у сучасных зорных атласах адзначаны як адкрыты зорны збор (open clusters) Mel 186 (Cr 359). - гл. Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі астраноміі. Мінск, 2013. С. 47-48.
[36] Лаўрэш Л. Л. Інстынкт пазнання. Нарысы з гісторыі адукацыі ў горадзе Ліда. Гродна, 2023. С. 34.
[37] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 32-36.; Marian Dziewanowski. Książę wielkich nadziei. S. 29.
[38] Гатэль Ламбер (фр.: Hotel Lambert) - прыватны асабняк XVII ст. у цэнтры Парыжа на востраве Сен-Луі, гістарычны помнік Францыі. У пераносным сэнсе «Гатэль Ламбер» - найменне кансерватыўнай часткі польскай эміграцыі сярэдзіны XIX ст. ў Парыжы, бо з 1843 г. гатэль Ламбер быў палітычным штабам і культурным цэнтрам эмігранцкай дыяспары ў Францыі на чале з Адамам Ежы Чартарыскім і яго братам Канстанцінам.
[39] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 35-48.
[40] Гэты дэ Лазен быў каханкам фаварыткі караля Францыі Людовіка XV, вядомай як маркіза Пампадур, сярод іншых, яго каханкамі былі Алена Радзівіл (1753-1821, жонка віленскага ваяводы Міхала Гераніма Радзівіла) і Ізабела Чартарыская, якая нарадзіла ад яго свайго сына Канстанціна. Лазен не сумняваўся ў сваім бацькоўстве, і сучаснае генетычнае даследаванне паказала, што ў генатыпе Канстанціна Чартарыскага няма паўночнаеўрапейскай галагрупы, якую павінны былі мець Чартарыскія - Гедымінавічы.
[41] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 41-48.
[42] Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825) . Warszawa, 1924. S. 135-136.
[43] Гл: Фукс Эдуард. Галантный век. Москва, 1994.
[44] Княгіня Алена Радзівіл, народжаная Пшаздзецкая (1753 -1821) - статс-дама, жонка віленскага ваяводы Міхала Гераніма Радзівіла. Яна брала прыклад са сваёй сяброўкі Ізабелы Чартарыскай, уладальніцы маёнтка ў Пулавах, і недалёка ад Небарава з дапамогай архітэктараў разбіла рамантычны палацавы парк пад назвай «Аркадзія», якому прысвяціла каля 40 гадоў жыцця. Парк стаў яе радасцю і гонарам. Быў вытрыманы ў англійскім стылі, яго садовыя павільёны ўпрыгожвалі творы пераважна антычнага мастацтва.
[45] Адам Чарторижский. Мемуары. Москва, 1998. С.15-16.
[46] Danuta Wójcik-Góralska. Władztwo księżnej Izabeli, Książka i Wiedza. Warszawa. 1967. S. 85.
[47] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 52.
[48] Cz. J. Stanisław August Poniatowski w gościnie u księcia «Panie Kochanku». Karta z dziejów Nieświeża // Słowo. 1926. № 251.
[49] Julian Ursyn Niemcewicz. Pamiętniki czasów moich. T. I. Gdańsk, 2000. S. 51.
[50] Там жа. S. 49-66.
[51] Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся ў Воўчыне, і некаторы час яго парэшткі знаходзіліся ў тамтэйшым касцёле. Гл: Мацкевіч Юзаф пра вяртанне ў 1938 г. парэшткаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з Ленінграда // Наша слова.pdf № 27 (79), 5 ліпеня 2023.
[52] Julian Ursyn Niemcewicz. Pamiętniki czasów moich. T. I. S. 33.
[53] Danuta Wójcik-Góralska. Władztwo księżnej Izabeli. S. 94-107.
[54] Графиня Анна Патоцкая. Мемуары. 1794-1820. Москва, 2005. С. 44.
[55] Адам Чарторижский. Мемуары. С.20.
[56] Графиня Анна Патоцкая. Мемуары. 1794-1820. С. 44.
[57] Адам Чарторижский. Мемуары. С. 28.
[58] Zofia Gołębiowska. Oświata i wychowanie w Puławach oraz kluczu końskowolskim w czasach Czartoryskich. Puławy. 2005. S. 35.
[59] Zofia Gołębiowska. Oświata i wychowanie w Puławach oraz kluczu końskowolskim w czasach Czartoryskich. S. 36.
[60] Puławy (1762-1830). Monografia z życia towarzyskiego, politycznego i literackiego na podstawie archiwam ks. Czartoryskich w Krakowie. Opracował Ludwik Dębicki. Lwów. 1887. T.1. S.177. // У 1793 г., Канстанцыя была ужо замужам, "pp. Dembowscy": "Pierwszy stol panski: JO ksiestwo, ksiazeta mlodzi, ksiezna Wirtemberska, pp. Dembowscy, marszalek, Skuczewicz, Rembielinski, Kniaznin, Gutowski, Szpinek, Zalewski, Ciesielski, Orlowski major, ks. Piramowicz, panna Narbutowna, Gasparowna, p. Kling, p. Ferber, ksiezniczka Zofia, Madame Petit, pp. staroscianka (Stadnicka) i Bardeleben, przyjaciol lub gosci 7 osob przecietnie codzien".
[61] Puławy (1762-1830). Monografia z życia towarzyskiego, politycznego i literackiego na podstawie archiwam ks. Czartoryskich w Krakowie. Opracował Ludwik Dębicki. Lwów. 1887. T.1. S.117. // "Pannami ksiezny byly dwie siostry Narbuttowny dwie panny Paszkowskie, francuzka panna Parisot, i do pilnowania malych dzieci pani Pichel z corka".
[62] Maria Tomkiewiczowa, Władysław Tomkiewicz. Dawna Polska w anegdocie. Warszawa, 1968. S.287-288. // "U Czartoryskich w Puławach przez pewien czas przebywała w charakterze rezydentiki panna Aleksandra Narbuttówna. Była ona przez wszystkich szanowana i lubiana, jednakże książę Adam nie mógł jej darować tego, że ustawicznie zażywała tabakę. Toteż mawiał on o pannie Aleksandrze:
- Zęby inne członki u naszej panny Aleksandry tak jak nos były niewstrzemięźliwe, co by to za panna była!".
[63] Адам Чарторижский. Мемуары. С. 18.
[64] Там жа. С. 15.
[65] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 94-107.
[66] Dwór kobiecy w Rzeczypospolitej XVII i XVIII wieku. Kraków. 2021. S. 279.
[67] Jan Sowiński. O Uczonych Polkach. Warszawa, Krzemieniec i N. Gluncksber, 1821.
[68] Fielix Bentkowski. Historya literatury polskiej w spisie dziel drukiem ogloszonych. Warz. i Wilnia, 1814 S. 566.
[69] Dzeila Franciszka Dyonizego Kniaznina. T. IV. Warszawa, 1828. S.5.
[70] У лідскім фарным касцёле раней было 4 абразы пэндзля гэтага вялікага майстра, зараз застаўся 1 абраз. Гл: Лаўрэш Леанід. Новае пра лідскі фарны касцёл, замак і абразы пэндзля Смуглевіча // Лідскі Летапісец. 2021. № 2 (94). С. 55-58.
[71] Dwór kobiecy w Rzeczypospolitej XVII i XVIII wieku. Kraków. 2021. S. 274-275.
[72] Dzeila Franciszka Dyonizego Kniaznina. T. III., Lipsk. 1837. S. 7.
[73] Dzeila Franciszka Dyonizego Kniaznina. T. II., Warszawa, 1828. S. 32.
[74] Skrzydlata Polska. 1984. № 6.
[75] Фрагменты:
[...] Kto by się kiedy tej spodziewał myśli,
Żebyśmy mieli po powietrzu latać?
Ku temu już ludzie na ostatek przyśli,
Że się dziś mogą z ptakami pobratać.
Cudowną Banię pióro me okryśli,
Jak ma wybujać i wiatry zamiatać.
Śpiewam tę Radę co ją budowała:
Dowcip tu pracą i nagrodą chwała.
[...] Lecz co zna dobrze świat stary i nowy,
Co myśli pięknie i co gładko pisze:
Z temi się ozwie Kliodora słowy:
Przezacne siostry, baczni towarzysze,
Czegoż to ludzkie nie wymyślą głowy?
Nowych klęsk sobie szukają, jak słyszę.
Ej, niebezpieczne z powietrzem frymarki:
Wieluż to z niego postrącało karki!
[...] Otóż i bania idzie znamienita,
Czterema poważnie wzniesiona ramiony,
Lud ją okrzykiem i klaskaniem wita,
We dwa szeregi dla niej ustawiony.
Kępa pospólstwem jak mrowiem okryta,
Pełne są chłopców dęby i jesiony.
Filusia każdy z nich oglądać drze się,
Co go na barkach Kliodora niesie.
[76] Людвіг Фрыдрых Аляксандр Вюртэмбергскі (1756-1817). У 1784 годзе ажаніўся з Марыяй Чартарыскай і быў прызначаны галоўнакамандуючым арміі ВКЛ, у 1790 г. атрымаў чын генерал-лейтэнанта. У 1792 г. падчас вайны з Расіяй паводзіў сябе пасіўна, сказаўся хворым, адмовіўся ваяваць супраць расейцаў і пакінуў войска. У 1793 г. Марыя Чартарыская падала на развод.
[77] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. 1898. Petersburg. T. I. S. 9-11.
[78] Там жа.
[79] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. T. I. S. 12.
[80] Там жа. S. 13.
[81] Puławy (1762-1830). Monografia z życia towarzyskiego, politycznego i literackiego na podstawie archiwam ks. Czartoryskich w Krakowie. Opracował Ludwik Dębicki. Lwów. 1887. T.1. S.255. // " W towarzystwie księżny była panna Aleksandra Narbuttówna, ... siostra pani Dembowskiej i równie jak ona wychowanica Puław. ... przybywa księżna z końcem grudnia do Berlina. Tu już nie żył Fryderyk Wielki, ale stosunki na dworze przed dwoma laty zawiązane, nie uległy zmianie, owszem na dobre przyjęcie księżny nie była może bez wpływu sytuacya polityczna. Wszak gabinet i dwór berliński starał się w tej właśnie porze obradującego sejmu jednać sobie popularność w Polsce i zaufanie stronnictwa, do którego mąż księżny jenerałowej należał".
[82] Jerzy Michalski. Opozycja magnacka i jej cele w początkach Sejmu Czteroletniego // Sejm Czteroletni i jego tradycja. Warszawa, 1991. S. 56.
[83] Копелевич Ю.Х. Возникновение научных академий. Середина XVII-середина XVIII в. Ленинград. 1974. С. 98.
[84] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. 1898. Petersburg. T. I. S.19.
[85] Бензярук Анатоль. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. Брэст, 2006. С. 66.
[86] Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 539.
[87] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. 1898. Petersburg. T. I. S.40.
[88] Там жа. S. 100-101.
[89] Там жа. S.16-17.
[90] Whelan Agnieszka. Gesture and Performance: Princess Izabela Czartoryska and her Gardens, 1770-1831. Doctoral thesis (Ph.D), UCL (University College London). 2013. S. 174.
[91] Храм Сібілы (Swietynia Sybilli) у Пулавах. Адна з самых вядомых пабудоў палацавага парку Пулаў. Круглы гмах стаіць на высокай набярэжнай Віслы. Пабудаваны на мяжы XVIII і XIX ст.ст. па загадзе княгіні Ізабэлы Чартарыскай па праекце Крысціяна Пятра Айгнера. Створаны на ўзор храма Весты ў Цівалі, Італія. - Л. Л.
[92] Маюцца на ўвазе «Rozrywki dla Dzieci» - першы польскі часопіс для дзяцей, які выдаваўся ў Варшаве ў 1824-1828 гадах Клеменцінай Гофман з Таньскіх. - Л. Л.
[93] Скульптурную групу Танкрэда і Кларынды, згодна з успамінамі Леона Дэмбоўскага, княгіні Чартарыскай ахвяраваў не Казімір Жавускі, а князь Станіслаў Ябланоўскі, які купіў яе за 1500 дукатаў пасля караля Станіслава Аўгуста і загадаў паставіць ноччу ў ніжнім садзе Пулаваў
[94] Скульптура выканана на сюжэт эпічнай паэмы знакамітага італьянскага паэта XVI ст. Тарквата Тасо «Вызвалены Іерусалім» (1575 г.). У паэме апісваецца падзея Першага крыжовага паходу (1096-1099), які завяршыўся ўзяццем рыцарамі-крыжакамі Іерусаліма. Ваяўнічы рыцар, удзельнік крыжовага паходу Танкрэд пакахаў дзяўчыну Кларынду, якая ваявала на баку сарацынаў (мусульман). Не пазнаўшы яе ў латах, Танкрэд смяротна параніў яе. Па сюжэце, перад смерцю Кларында пажадала прыняць хрысціянства, і Танкед, набраўшы вады для хрышчэння ў шлем, усё ж пазнаў яе. - Л. Л.