Папярэдняя старонка: Персанажы Шэкспіра – ў Літве

Літоўскія прыгоды шэкспіраўскіх персанажаў 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 16-03-2011,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Літоўскія прыгоды шэкспіраўскіх персанажаў // ARCHE №10. 2010. C.145-156.

Спампаваць




Балтыйскія крыжовыя паходы былі часткай агульнага руху крыжовых паходаў у Еўропе. Пачаўшы даследаваць тэму еўрапейскіх рыцараў у Прусіі ў XIV ст., я з цікавасцю даведаўся, што сярод іх былі вельмі вядомыя асобы.

У Прусіі на працягу ХІІІ ст. пабывалі многія тагачасныя арыстакраты Еўропы, бо яна як магніт вабіла шараговых ваяроў, якія жадалі стаць рыцарамі. Аднак з канца XIIІ ст. колькасць рыцараў-крыжакоў, якія прыбывалі ў Прусію і Лівонію, стала памяншацца. У гэты час Тэўтонскі ордэн усё радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у займальных наступальных дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную гарнізонную службу або небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. Дзеля таго ў 1330-я гг. вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Лютэр фон Браўншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў у Прусію. Лютэр сам быў адораны паэт і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных працаў пісаць пра Тэўтонскі ордэн. Ён стварыў традыцыю, пры якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Для гэтага была адроджаная традыцыя святкавання Круглага стала караля Артура. Простых ваяроў з Еўропы пераконвалі ісці ваяваць у Прусію, каб удзельнічаць у «Reisen» (такім сярэднявечным эўфемізмам называліся вайсковыя паходы). Важнае значэнне мела колькасць пасвячоных у рыцары пасля заканчэння Reisen. Цырымонія пасвячэння ў рыцары стала неад'емнай часткай кожнага крыжовага паходу. Гонар яе правядзення аддавалі самому высакароднаму з прыезджых крыжакоў. Пасвячэнне адбывалася пасля таго, як хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годны ўчынак. Пасля гэтага вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны Кругламу сталу караля Артура, і ўзнагароджваў найбольш адважных воінаў [1]. Французскі гісторык Э. Лавіс так апісаў гэтае мерапрыемства:

У пышным шатры накрываўся круглы стол, за які садзіліся пры гуку трубаў і цымбалаў дзесяць прызнаных найадважнейшых рыцараў, і імёны іхныя ўслаўлялі потым паэты ва ўсім хрысціянскім свеце. Гэтыя рыфмаваныя аповеды таксама запальвалі мужнасць, як у мінулыя часы пропаведзь Пятра Пустэльніка або Св. Бернара, і, дзякуючы… гэтаму, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным [2].

Адрозна ад рыцараў, якія ўдзельнічалі ў гэты ж час у Стогадовай вайне ў Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць не была тут для крыжакоў галоўнай. У значнай ступені гэта тлумачылася беднасцю мясцовага насельніцтва ў параўнанні з астатняй Еўропай. Адзіным багаццем тут былі коні. Напрыклад, у XIV ст. вялікі князь літоўскі Вітаўт меў іх 20 тысяч [3]. Тэўтонскія рыцары захоплівалі землі, а не рухомую маёмасць. Ордэн прыцягваў замежных удзельнікаў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі рыцарскага гонару [4]. Э. Лавіс пісаў, што ваяроў вабіла жаданне паглядзець зблізку на гэты Ордэн, гонар рыцарства, якое панавала на зямлі, адабранай у няверных, а больш за ўсё пагоня за моцнымі ўражаннямі і цікавымі прыгодамі, аповедамі пра якія можна было б потым займаць на радзіме жанчын. Гэтыя далёкія паходы пакінулі глыбокі след у рыцарскіх норавах. Многія нямецкія песні пачынаюцца словамі: «Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію», шматлікія французскія казкі захоўваюць успамін пра гаротны стан рыцара, які, прыняўшы ўдзел «у святым паходзе ў Прусію», аказваўся ашуканым мужам [5]. Як прыклад стаўлення рыцарства Еўропы да крыжовых паходаў у Прусію можна згадаць цікавы раман Антуана дэ ла Саля «Маленькі Жан дэ Сэнтрэ», які ёсць амаль што навучальным дапаможнікам для тых, хто прагнуў пасвячэння ў рыцары. Падобна таму, як гэта адбываецца ў сучасным спорце, у той час былі «прафесійныя» рыцары, якія выклікалі на бой супернікаў у чужых краях і туляліся ад двара аднаго правіцеля да іншага ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі б іхныя ўмовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сэнтрэ праехаў вялікую частку Еўропы, а з Францыі ён адправіўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар засыпаў яго падарункамі. Пазней ён пабываў пры двары імператара, які асабіста прысутнічаў на двубоях, дзе выступаў супраць нямецкіх рыцараў. Нарэшце, перайшоўшы ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны, Жан кіруецца ў «крыжовы паход» у Прусію, дзе нарэшце здабывае сабе славу.

У той жа час падарожжа ў Прусію было задарагім для бедных рыцараў, і таму Тэўтонскі ордэн выплачваў ім грашовыя субсідыі. Гэта ў значнай ступені нівелявала адрозненні паміж крыжакамі і наймітамі. Практыка выплачвання грашовых сумаў для праезду стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават баварскі герцаг, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай імперыі, прыняў грошы ад Ордэна за службу ў 1322 г. [6]

Зацішша ў Стогадовай вайне выклікала прыток у Прусію французскіх, бургундскіх і англійскіх рыцараў. Маршал Францыі Жан Бусіко (Jean Boucicaut) асабіста ўдзельнічаў у чатырох кампаніях на баку Ордэна і арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі. З 1329 г. англійскія рыцары сталі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах (Reisen) на Літву. Перыяды іхнай найбольшай актыўнасці прыпадалі на той час, калі цягнуліся перамір'і ў Стогадовай вайне, асабліва ў 1347-1352 гг., 1362-1368 гг. і ў 1390-1398 гг. Напрыклад, у 1362-1368 гг. англійскія рыцары са сваімі атрадамі амаль штогод ваявалі ў Прусіі. Кульмінацыя іхнай актыўнасці прыпала на перыяд з лістапада 1367 г. па люты 1368 г., калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі дадзеныя чатырнаццаці рыцарам і іхным атрадам, разам - дзевяноста сямі ваярам. Напрыклад, тры сыны графа Уорвіка (Warwick) выпраўляліся ў паход з дзевяццю эсквайрамі [7] і дваццаццю ёменамі [8] пры трыццаці конях і з адной тысячай марак на выдаткі, а эсквайр Уільям Далезон (William Dalleson) у суправаджэнні аднаго ёмена павінен быў выдаткаваць трыццаць марак. Для некаторых экспедыцыя ў Прусію зрабілася звычкай. Так, Томас Уфард (Thomas Ufford), сын Роберта, графа Суфолка, ваяваў на баку тэўтонскіх рыцараў у 1348, 1362, 1365 і, магчыма, у 1352 г. Сэр Томас Бойнтан (Thomas Boynton) упершыню ўдзельнічаў у ваеннай кампаніі ў Прусіі яшчэ падлеткам у 1362 г. і паўторна ўзімку 1367-1368 гг. Тады ж Х'ю Дэспэнсер (Hugh Despenser) атрымаў першую ліцэнзію на ўдзел у Балтыйскім крыжовым паходзе. Яшчэ раз ён ваяваў у Прусіі і Літве ў 1383 г.

У 1360-я гг. у крыжовых паходах у Прусію ўдзельнічалі рыцары з усіх рэгіёнаў Англіі і з розных узроўняў дваранства: ад графа Уорвіка ў 1365 г., ягоных сыноў у 1367-1368 гг. і ягонага ўнука на пачатку XV ст. да правінцыйных дваран, накшталт Джэфры Скроўпа Мэшема (Geoffrey Scrope of Masham) з Ёркшыра, забітага ў Літве ў 1362 г., ці Рычарда Волдгрэва (Richard Waldegrave) з Суфолка, які ўдзельнічаў у паходзе да Віслы ў 1363 г. У балтыйскіх крыжовых паходах прымалі ўдзел многія прадстаўнікі высакародных сем'яў Англіі [9]. Сярод іх было і некалькі асобаў, якія сталі прататыпамі славутых герояў вядомых трагедыяў Уільяма Шэкспіра «Рычард ІІ» і «Генрых IV». Найбольш вядомым і тытулаваным з іх быў, несумненна, граф Дэрбі, будучы кароль Англіі Генрых IV.


Генрых IV Балінгброк (Henry IV Bolingbroke), вядомы таксама як Генрых Ланкастэр, быў заснавальнікам Ланкастэрскай галіны каралеўскай дынастыі Плантагенетаў. Ён нарадзіўся ў замку Балінгброк за 20 кіламетраў на поўнач ад Бостана ў 1367 г. (верагодна, у красавіку), і быў старэйшым сынам Джона Гонта (герцага Ланкастэра, чацвёртага сына Эдуарда III) і ягонай першай жонкі Бланш (прапраўнучкі англійскага караля Генрыха III). У дзесяць гадоў яму надалі тытул графа Дэрбі і самую ганаровую ўзнагароду ў каралеўстве - Ордэн Падвязкі. У 1380 г. ён ажаніўся з адной са спадчынніц графа Хэрафорда і ў 1384 г. пераняў і гэты графскі тытул (з 1397 г. Генрых стаў першым герцагам Хэрафордам).

Прысвяціўшы сябе рыцарскім подзвігам, з 1390 па 1393 гг. Генрых правёў у крыжовых паходах. Ён вандраваў па Цэнтральнай Еўропе, дабраўся да Венецыі, пабываў на Кіпры і ў Палестыне. У 1390 г. ён вырашыў далучыцца да крыжовага паходу ў Літву, у якім удзельнічалі французскія рыцары. Бацька, Джон Гонт, даў яму 3533 фунты на выдаткі. Былі нанятыя караблі з Данцыга, каб перавезці трыста англійскіх ваяроў. 20 ліпеня 1390 г. экспедыцыя выходзіць з Бостана і праз тры тыдні высаджваецца ў Памераніі. Дэрбі прыйшоў у Данцыг 10 жніўня, а ўжо 16 жніўня прыбыў у Кёнігсберг [10]. Прускія гісторыкі прызнаюць добрую службу «hraf Henrich von Derby» і ягоных паплечнікаў [11].

У гэты час вялікі магістр Энгельгард Рабэ сумесна з князем Вітаўтам і лівонскімі рыцарамі рыхтаваўся да вайсковага паходу. У жніўні, пасля прыбыцця добраахвотнікаў з Англіі і Францыі, падрыхтоўка для вайны была скончана. Мэтай паходу быў захоп Вільні і ўзвядзенне на вялікакняскі пасад Вітаўта.

Правёўшы некалькі паспяховых вайсковых аперацый, крыжакі ўрэшце дайшлі да Вільні і мелі перад сабою тры магутныя крэпасці: Верхні Замак, Ніжні Замак і Крывы Горад. Вітаўт са сваімі жамойтамі разам з графам Дэрбі і англійскай пяхотай абклаў Крывы горад, а немцы і французы - Верхні Замак [12].

6 верасня пачаўся агульны штурм падпаленага горада. Верагодна, прыхільнікі Вітаўта адчынілі гарадскую браму, і непрыяцель уварваўся ў горад, забіваючы ўсіх. Міхал Балінскі цытуе англійскага аўтара хронікі Уолсінгема (Walsingham), які славу частковага здабыцця Вільні аддае графу Дэрбі і піша пра 4000 забітых літвінаў [13]. У той жа час Длугаш пісаў пра 14 000 забітых, а Фойгт, спасылаючыся на хроніку Віганда, гаворыць пра 7000 забітых [14].

У выніку дадзеных падзей крыжакі разышліся па цэлым краі, але куды пасля захопу Вільні накіраваўся граф Дэрбі, мы інфармацыі не маем. Вядома толькі, што 20 кастрычніка ён вярнуўся ў Кёнігсберг, дзе заставаўся да 9 лютага 1391 г., зладзіўшы паміж Калядамі і Трыма Каралямі вялікі банкет на англійскі манер. Затым ён пераехаў у Данцыг і заставаўся там да канца Вялікадня 1391 г., пры гэтым атрымаўшы падарункі ад новага магістра Ордэна, Конрада фон Валенрода, і вёў перамовы з Польшчай адносна абмену двух палонных англійскіх рыцараў [15]. Выкупіўшы палонных, граф Дэрбі атрымаў ад папы Баніфацыя IX вызваленне ад крыжацкага зароку і ў канцы сакавіка 1391 г. вярнуўся ў Англію [16].

У ліпені 1392 г. граф Дэрбі зноўку адплыў у Прусію. Высадзіўшыся ў Памераніі, ён прыбыў у Данцыг 10 жніўня. Тут ягоныя ваяры забілі немца і былі настолькі агрэсіўныя, што Тэўтонскі ордэн быў рады пазбавіцца ад «памагатых». Паўдзельнічаць у новым наездзе на Літву не ўдалося, і таму Дэрбі паслаў большасць сваіх ваяроў дахаты, а сам 23 верасня пачаў паломніцтва ў Святую Зямлю, пасля заканчэння якога ў ліпені 1393 г. вярнуўся ў Лондан [17]. Больш гэтаму рыцару, які праз шэсць гадоў стаў каралём Англіі, да самай сваёй смерці ў 1413 г. на нашую зямлю ступіць не давялося.


Другім шэкспіраўскім персанажам, нага якога ступала на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, быў Хотспур - адзін з галоўных герояў драмы «Генрых IV». Шэкспір паказвае Хотспура выбітнай асобай, роўнай якой у атачэнні караля не было. Адначасова Хотспур, пры ўсёй сваёй доблесці, - бунтаўшчык, якому не можа быць месца пры цэнтралізаваным дзяржаўным парадку. У Шэкспіра ён смелы і палкі, хуткі ў думках і дзеяннях, сваю рыцарскую волю ставіць вышэй за ўсё. Можна сказаць, што Хотспур краса і гонар адыходзячага Сярэднявечча. Хотспуру жыццё ўяўляецца арэнай бесперапынных рыцарскіх сутычак. Паводле ягоных словаў, «Як жыць, дык каралёў зрынаць; як смерць, дык слаўная, каб прынцы гінулі з намі!» (частка I, V, 2).

Прататыпам шэкспіраўскага Хотспура быў сэр Генры Персі (20 мая 1364 (1366?) - 21 ліпеня 1403), які быў таксама вядомы пад мянушкай «Гары Хотспур» (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшывалец). Сям'я Персі пакінула прыкметны след у англійскай гісторыі. Яна мела значныя ўладанні ў Паўночнай Англіі. Першыя свае маёнткі, якія знаходзіліся ў Ёркшыры, Персі атрымалі яшчэ з рук Вільгельма Заваёўніка за заслугі ў Нармандскай заваёве. На поўдні Персі валодалі графствам Дарэм.

Хотспур быў старэйшым сынам Генры Персі, першага графа Нартумберленда, і пасвечаны ў рыцары каралём у Віндзары 23 красавіка 1377 г. У 1383 г. ён упершыню прыняў удзел у крыжовым паходзе на землі нашых продкаў [18]. У той год у верасні вялікае войска крыжакоў пад камандай вялікага магістра Конрада Цёльнэра выступіла на Літву. З імі ішла літоўска-жамойцкая харугва князя Вітаўта. У выніку гэтага паходу Вітаўт разам з крыжакамі спачатку захапіў Коўна і Трокі і спаліў прадмесці Вільні, але затым Ягайла разам з братам Скіргайлам вярнуў заваяваныя гарады і прымусіў Вітаўта вярнуцца на тэрыторыю Ордэна. Пра канкрэтныя дзеянні Хотспура падчас гэтага паходу нічога не вядома, акрамя самога факту, што ён браў у ім удзел. Вядома толькі, што напрыканцы 1383 г. ён вярнуўся на радзіму, а ў 1392 г., магчыма, прыняў удзел у яшчэ адным наездзе крыжакоў - на Ліду.

Тэадор Нарбут так апісаў гэты наезд:

Пад Аліту перадавыя атрады крыжакоў падышлі ў студзені 1392 г. У выправе прымалі ўдзел Ян Румпенхайм (Jan Rumpenheim), Конрад Ліхтэнштайн (Konrad Lichtenstein) з замежнымі гасцямі. Князь Вітаўт таксама ўдзельнічаў у гэтай выправе. Калі войска ўжо выходзіла з Аліты, англічане паспрачаліся з немцамі за права несці харугву Св. Георгія. Дайшло да крывавай сутычкі. З абодвух бакоў у бойцы ўдзельнічалі знатныя людзі: англічанамі кіраваў Персі, сын графа Нартумберленда, а іншымі Рупрэхт з Шакендорфа. Мэтай выправы было места Ліда, у якім у гэты час для аховы краю знаходзіўся князь Карыбут з войскам. Праз замерзлую дрыгву крыжакі раптам падышлі да Ліды і падзамча. Карыбут не стаў бараніць адзін з найлепшых замкаў Літвы і ўцёк са сваім дваром і войскам, пакінуўшы ўсё, што было ў замку і горадзе, на здабычу непрыяцелю. Здабыта было шмат зброі і вайсковага рыштунку [19] .

Такім чынам, Нарбут наўпрост піша пра тое, што пад Лідай быў сын графа Нартумберленда Персі (Хотспур). Пры гэтым ён спасылаецца на працу Ё. Фойгта [20], які, у сваю чаргу, расказвае пра падзеі, абапіраючыся на «Хроніку Віганда». У той жа час Віганд, даючы інфармацыю пра «Reisen» на Ліду, піша адно толькі пра тое, што англічанамі кіраваў спадар Персі (Aglici eciam extederunt vexillulum per dominum nobilem de Perse). У спасылцы да гэтага тэксту даецца каментар:

Відавочна той жа самы, што і на с. 154 (С. 648. - Л. Л.), спадар Персі з Англіі паходзіць з роду герцага Нартумберленда (памылка - не герцага, а графа. - Л. Л.) і ёсць падставы меркаваць, што гэта не вядомы Генры Персі (Хотспур. - Л. Л.), а спадар Томас Персі... Верагодна, што гэта Томас, бо граф Генры Дэрбі (будучы кароль Генрых IV) падчас свайго паходу ў Прусію ў 1390 г. атрымаў пашпарт (дазвол) на выезд за мяжу ад караля Рычарда II для рыцара Томаса Персі... з тэрмінам дзеяння адзін год [21].

Праз старонку ж Віганд зноў піша: «sc. Dominus Perse de Anglia» [22].

Такім чынам, хто з роду Персі быў пад Лідай у 1392 г., дакладна высветліць, мабыць, ужо немагчыма. Аўтар каментароў да «Хронікі Віганда» лічыць, што гэта быў Томас Персі (дзядька Хотспура), але нават з ягонай інфармацыі відаць, што дазвол у сэра Томаса дзейнічаў толькі да 1391 г., у той час як наезд адбываўся праз год пасля ягонага заканчэння.

Сучасны англійскі гісторык Крыстофер Туерман таксама лічыць, што Хотспур быў у балтыйскім паходзе ў 1383 г. а ягоны дзядзька - праз дзевяць гадоў, г. зн. у 1392 г. [23] Іншы сучасны англійскі гісторык, Маўрыс Кін, таксама паведамляе нам, што

Хотспур, знакаміты сын першага графа Нартумберленда, быў у Прусіі у 1383 г. Ягоны дзядзька, сэр Томас Персі, здаецца, служыў там у 1391 г. [24]

У той жа час некаторыя іншыя крыніцы хутчэй сведчаць пра ўдзел у паходзе 1392 г. менавіта Хотспура [25].

Так, важную інфармацыю дае нам польскі гісторык Генрык Зінкс. Cа спасылкай на іншыя крыніцы ён піша: «На наступны год (1392 г. - Л. Л.) быў у Прусіі на чале сваёй дружыны Генры Персі... ён, аднак, не жадаў браць удзелу ў вайне супраць Вітаўта, з якім меў справу летась і ведаў як хрысціяніна i са сваёй дружынай вярнуўся з-пад Кёнігсберга» [26]. Тут важна адзначыць, што ў 1391 г. разам з будучым каралём Генрыхам IV ваяваў Томас Персі, і ў той вайне Вітаўт быў іхным паплечнікам. Ваяваць супраць Вітаўта Персі мог толькі пасля заключэння Востраўскага пагаднення (4 жніўня 1392 г.), г. зн. у канцы 1392 г.

Такім чынам, у пачатку 1392 г. пад Лідай, хутчэй за ўсё, быў Генры Персі (Хотспур). У той жа час прысутнасць абодвух Персі, пляменніка і ягонага дзядзькі, амаль адначасова і ў адным месцы, пры тым што хранікёры завуць іх проста «Персі», уносіць блытаніну ў гэтае пытанне.

Акрамя таго, з ліста караля Кіпра каралю Англіі Рычарду ІІ ад 15 ліпеня 1393 г., вядома, што Генры Персі ўвесну быў на Кіпры і, магчыма, сустрэўся там з графам Дэрбі [27], што не можа выключаць і ягонага магчымага ўдзелу ў выправе 1392 г.


Урэшце, мы маем звесткі, што ў выправе крыжакоў на Ліду і Наваградак у 1394 г. удзельнічаў яшчэ адзін шэкспіраўскі персанаж: Джон Бафорт, граф Самерсэт, персанаж першай часткі драмы «Генрых IV» Уільяма Шэкспіра. Джон Бафорт (John Beaufort) (1371 (?) - 16 сакавіка 1410) быў першым з чатырох пазашлюбных дзяцей Джона Гонта, герцага Ланкастара, і ягонай палюбоўніцы Кэтрын Свайнфорд (пазней яна стала ягонай жонкай). Бафорт нарадзіўся прыблізна ў 1371 г., і прозвішча было яму нададзена з-за феода Бафорт ягонага бацькі ў правінцыі Шампань, Францыя. Будучы кароль Англіі Генрых IV (граф Дэрбі) быў ягоным зводным братам.

У выданні «Хронікі Віганда» 1863 г. на старонцы 653 мы знаходзім словы, што «reysa interfuerunt comes de Liningen, Bekvort», а ў спасылцы 2008 да гэтага сказа напісана, што «Bekvort» - гэта «Johann Beaufort» [28]. Англійскі гісторык пачатку ХХ ст. А. Полард у «Нацыянальным біяграфічным слоўніку» пісаў, што Бафорт у 1394 г. ваяваў на баку Тэўтонскага ордэна ў Літве [29]. Тое ж самае адзначаюць і іншыя англійскія гісторыкі [30]. Пра ўдзел менавiта Джона Бафорта ў «Reisen» 1394 г. піша і Генрык Зінкс [31]. Аднак у беларускай гістарычнай літаратуры да нашага часу гэты чалавек чамусьці фігуруе як «граф Бэдфард».


Такім чынам, сусветна вядомыя людзі - персанажы трагедый Шэкспіра - у свой час удзельнічалі ў крыжацкіх ваенных выправах на тэрыторыю сучаснай Беларусі, і сёння мы маем магчымасць нават паказаць замежнікам Лідскі і Наваградскі замкі, якія ім давялося штурмаваць. Гэта можа мець немалое значэнне ў тым ліку і для развіцця турызму ў Беларусі.



[1] Riley-Smith J. The Crusades, A Short History. New Haven, 1987. P . 214.

[2] Лависс Э. История Тевтонского Ордена // Тевтонский Орден. Москва, 2005. С. 64-65.

[3] Тамсама. С. 56.

[4] Keen M. Chaucer's Knight, the English Aristocracy and the Crusades // English Court Culture in the Later Middle Ages / Ed. V. J. Scattergood and J. W. Sherborne. New York, 1983. P. 45-61.

[5] Э. Лависс. История Тевтонского Ордена… С. 62.

[6] Urban W. The Teutonic knights and Baltic chivalry // The Historian. 1994. Vol. 56. № 3. P. 519-530. Электронная версія: http://www.highbeam.com/doc/1G1-17199165.html.

[7] Эсквайр (англ. esquire, ад лац. scutarius - шчытаносец) - у Сярэднявеччы збраяносец рыцара, пазней тэрмін «эсквайр» часта ўжываецца як раўназначны тэрміну «джэнтльмен».

[8] Ёмен (yeomen) - у той час у Англіі так зваліся дробныя земляўласнікі, якія самастойна апрацоўвалі зямлю.

[9] Tyerman Ch. England and the Crusades, 1095-1588. Chicago, 1988. P. 268.

[10] Die Chronik Wigands von Marburg / Hrsg. von T. Hirsch // Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. Leipzig, 1863. S. 789.

[11] Voigt J. Geschichte Preussens, von den ältesten Zeiten zum Untergange der Herrschaft des Deutschen Ordens. Bd. 5. Königsberg, 1832. S. 541.

[12] Baliński M. Historya miasta Wilna. T. 1. Wilno, 1836. S. 129-134.

[13] Baliński M. Historya miasta Wilna... S. 136.

[14] Voigt J. Geschichte Preussens… Bd. 5. S. 548.

[15] Tout T. F. A Short Analysis of English History. - Manchester, 1891. Электронная версія: http://www.thepeerage.com/e36.htm.

[16] Тамсама.

[17] Тамсама.

[18] Keen M. H. Nobles, Knights, and Men-at-arms in the Middle Ages. London, 1996. P. 122.

[19] Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. T. 5. S. 482.

[20] Voigt J. Geschichte Preussens… Bd. 5. S. 607-609.

[21] Die Chronik Wigands von Marburg. S. 646.

[22] Тамсама. С. 648.

[23] Tyerman Ch. England and the Crusades… P. 268.

[24] Keen M. H. Nobles, Knights... P. 112.

[25] «English visitors in Prussia - men like Henry Hotspur, Earl of Percy, in Prussia in 1392». Гл.: Bulletin bibliographique de la Société internationale arthurienne / International Arthurian Society. Vol. 1. Paris, 1949. P. 80.

[26] Zinks H. Polska w oczach Anglikow XIV-XVI w. Lublin. 2002. S. 32-33.

[27] Kyngeston R., Smith L. T. Expeditions to Prussia and the Holy Land Made by Henry Earl of Derby. London, 1894. P. 311.

[28] «Wigand meint den englischen ritter Johann Beaufort, welcher nebst seinen ritterlichen Genossen Stephan Scroop, Hinrich Hochton, Richard Echon und Jahann Aclum unmittelbar nach der Ruckkehr von diser Rejse 1394». Гл.: Die Chronik Wigands von Marburg. P. 653.

[29] «…and in 1394 he was serving with the Teutonic knights in Lithuania». Гл.: Pollard A. F. John Beaufort, 1st Earl of Somerset // Dictionary of National Biography. 1901. Supplement vol. 1. Электронная версія: http://www.thepeerage.com/e272.htm.

[30] «In 1394 he was in Lithuania, engaged in the Crusade organized by the Teutonic knights». Гл.: Richardson D., Everingham K. G., Faris D. Plantagenet Ancestry: A Study In Colonial And Medieval Families. Social Science, 2004. P. 660.

[31] Zinks H. Polska w oczach Anglikow... S. 33.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX