Папярэдняя старонка: Востраўскае пагадненне 1392 г.

Праўду ў яміну не закапаеш, або шукайце і знойдзеце 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 05-03-2012,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Праўду ў яміну не закапаеш, або шукайце і знойдзеце // Маладосць. 2012. № 2. С. 96-100.

Спампаваць




4 жніўня 1392 года было заключана Востраўскае пагадненне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Уладыслаў, ён жа Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла, і ягоная жонка - польская каралева Ядвіга, з другога боку - князь гарадзенскі Вітаўт і ягоная жонка Ганна. Яны дамовіліся спыніць міжусобную вайну. Вітаўт стаў фактычным уладаром Вялікага Княства Літоўскага. Пагадненне паклала канец братазабойчай вайне, прывяло да разгрому крыжакоў на палях Грунвальда і дазволіла Вялікаму Княству Літоўскаму неўзабаве дасягнуць найбольшага росквіту і магутнасці.

Пагадненне было заключана ў маёнтку Востраў (Ostrów, Ostrowo). Але да гэтага часу лакалізацыя гэтага маёнтка выклікае спрэчкі сярод краязнаўцаў і гісторыкаў. Ёсць нават меркаванне пра тое, што яно адбылося пад Люблінам у населеным пункце Востраў-Любельcкі. Аўтар, працуючы з «Дзеямі народа Літоўскага» Тэадора Нарбута, знайшоў інфармацыю пра месца, дзе знаходзіўся Востраў. Вялікі гісторык дае дакладную і дастатковую інфармацыю. У пятым томе «Дзеяў...» Нарбут піша: «Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, гарод меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належала да Тадэвуша Нарбута, Падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх». Патлумачу лацінскі юрыдычны тэрмін. У Літве існаваў закон, па якім у выпадку неплацежаздольнасці даўжнiка, яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёну, але дзялілася на часткі адпаведна ліку крэдытораў.

«За левым берагам» - гэта адносна вёскі Мыто. Такім чынам маем, што Востраў знаходзіўся на левым - лідскім беразе Дзітвы. У кнізе Чэслава Малеўскага «Роды шляхецкія на Літве ў XIX веку. Лідскі павет» чытаем, што панам Міхалоўскім, сярод іншага належаў Востраў (1832-1845 гг.) з вёскай Янцавічы - 350 дзесяцін, 40 душ мужчынскіх, 35 жаночых, у 1845 г. Лідская парафія.

Неабходна дадаць, што ў польскім «Слоўніку геаграфічным» таксама прысутнічае фальварак Востраў Міхалоўскіх у вясковай акрузе Сукурчы. Паколькі Сукурчы знаходзіліся прыкладна ў адным кіламетры ад Янцавіч і Вострава, то гэта яшчэ адно ўказанне на месцазнаходжанне легендарнага маёнтка.

І ў расійскім спісе населеных пунктаў 1904 г. маёнтак Востраў на рацэ Крупка належыць Міхалоўскім. Там жа, на рацэ Крупка, фігуруе яшчэ і засценак Востраў, які належыць Гейштоўтам, а Гейштоўты - вядомы разгалінаваны шляхецкі род Лідчыны герба Гейш. Трохі на поўдзень, па рацэ Дзітва, была вялікая ваколіца Гейштоўты. Ужо той факт, што назва засценка адрозніваецца ад прозвішча гаспадара, сведчыць пра тое, што засценак быў набыты. Чэслаў Малеўскі таксама не піша пра тое, што Гейштоўты валодалі гэтым засценкам у XIX ст. Безумоўна, што засценак - частка здрабнелага маёнтка Востраў. Астатнія населеныя пункты Лідскага павета з назвай Востраў: на рацэ Жыжма пад Васілішкамі, каля Дубіч і іншыя, у нашым кантэксце цікавасці не маюць. Таксама ў спісе польскага бізнесу 1929 г. фальварак Востраў Лідскай гміны належыць Міхалоўскім.

Далейшы пошук працягваўся па картах. Прыцягвае ўвагу ўнікальная праца Тадэвуша Новака «Вобраз Лідчыны на мапах XVI-XVIII стст.». Прааналізаваны 25 старажытных карт і складзена зводная табліца ўсіх населеных пунктаў Лідчыны, якія прысутнічаюць на старых картах. Надрукаваны іх копіі. Але ж Востраў там адсутнічае. Няма такога населенага пункта нават на дастаткова падрабязных Радзівілаўскіх картах працы Макоўскага 1613 і 1633 гг.

На нямецкай карце 1913 г., што з'яўляецца перадрукам з 1893 г., каля Янцавіч абазначаны фальварак Востраў. Далейшы пошук вывеў на польскую тапаграфічную карту 1929 г. На ёй Востраў азначаны, і назва падаецца на польскі манер: «Fw. Ostrowo». Параўнанне розных карт дазволіла прыйсці да высновы, што на тапаграфічнай карце 1983 г. на месцы Вострава абазначана купка дрэў.

* * *

Пасля знаходжання маёнтка на карце, паўстала задача знайсці яго на мясцовасці. Таму перад паездкай я паразмаўляў с Юзафам Хрулём, 1929 г. нараджэння, шляхцічам герба Праўдзіц. Ён - сын апошняга ўладальніка фальварка Воўкавічы, які знаходзіцца каля сямі кіламетраў на поўдзень ад Вострава. Юзаф Юзафавіч адразу сказаў, што добра ведае такі фальварак. Гэта быў адзіны пункт з падобнай назвай у ваколіцах Ліды, калі рухацца ў бок Мыто. Апошні ўладальнік гістарычнага месца - Барташэвіч. Гаспадар пакінуў свой фальварак у 1939 г. і апошні раз з'явіўся на Лідчыне ў сярэдзіне 1950-х гадоў, каб паглядзець, што сталася з яго маёмасцю. Фальварак быў добра бачны з боку Крупава як зялёны сад з домам і пабудовамі. З кнігі Ч. Малеўскага «Роды шляхецкія на Літве ў XIX веку. Лідскі павет» бачна, што Барташэвічы - вялікі і разгалінаваны шляхецкі род Лідскага павета гербаў Бонча і Самсон. Самае цікавае, што ў 1835 г. Барташэвічам належалі Кербедзі, якія мяжуюць з Востравам. Верагодна, таму Барташэвічы і купілі занядбаны маёнтак. Улічваючы, што яшчэ ў 1929 г. фальварак належаў Міхалоўскім, а да Барташэвічаў ён перайшоў у 30-я гады ХХ ст., можна зрабіць выснову: Міхалоўскія валодалі ім больш як 100 гадоў.

Разам з Юзафам Юзафавічам выехалі ў Янцавічы. І першы ж жыхар вёскі Янцавічы адразу згадзіўся правесці нас да Вострава. Тапонім з такой назвай жыве да нашага часу! Жыхары Янцавіч і цяпер памятаюць, што ўладальнікамі Вострава былі Міхалоўскія. А Барташэвіча ўжо не ўзгадваюць. Мясцовы жыхар - Франц Ткацэвіч, 1953 г. нараджэння, расказаў, што пра існаванне фальварка ён чуў ад старэйшых. Сам жа памятае толькі каменныя падмуркі з рэшткамі пабудоў. Большы падмурак меў памеры прыкладна 25 на 10 м. Фальварак быў засаджаны дрэвамі, добра запомнілася вялікая груша. У пачатку 80-х гадоў ХХ ст. падмуркі і рэшткі пабудоў былі зруйнаваны бульдозерамі і скінуты ў вялікую яміну за сто пяцьдзясят метраў ад ваколіцы Янцавіч. Груда зямлі і вялікіх апрацаваных валуноў ляжыць на тым жа месцы і цяпер. Гэта ўсё, што засталося ад найстаражытнейшага на Лідчыне маёнтка Востраў. Франц Часлававіч адлічыў ад камянёў тыя сто пяцьдзясят метраў на ўсход, арыентуючыся на комін лідскай ЦЭЦ, і ў полі ўпэўнена паказаў месца, дзе стаяў фальварак. Па рэльефе поля і цяпер выразна праглядаецца пляцоўка двара. Так скончыў сваё гістарычнае існаванне Востраў - адзін з першых населеных пунктаў Лідчыны. Маёнтак, ад назвы якога пайшоў другасны тапонім - вёска Астроўля.

Ткацэвіч прыгадаў, што яшчэ ў 2006 г. на месцы фальварка целы тыдзень «чорны археолаг» шукаў металашукальнікам скарбы. Але нічога для сябе каштоўнага не знайшоў. Для непасведчанага «чорнага археолага» гэта безназоўны фальварак, знойдзены, верагодна, па польскай карце 1929 г. Тым не менш, з ягонай працы скарысталіся і мы. На месцы маёнтка ён накапаў вялізную колькасць ям і шурфоў. На іх паверхні ляжаць металічныя часткі гаспадарчых прылад, цвікі, фрагменты цэглы, керамікі і нават два патроны. Безумоўна, у зямлі застаўся вялізны культурны пласт. І хто ведае, магчыма, недзе на глыбіні захаваліся падмуркі. Павінны былі застацца і рэшткі склепа ці лядоўні.

Былая жыхарка вёскі Заполле, што ў двух кіламетрах ад Вострава, Ядвіга Паўлюкевіч, 1940 г. нараджэння, таксама выдатна ведае гэты тапонім і памятае старыя пабудовы. З яе слоў - гэта быў вялікі драўляны аднапавярховы панскі дом з высокімі, у рост чалавека, каменнымі падмуркамі. Дом меў належны ганак з чатырма высокімі каменнымі прыступкамі, у ім было пяць пакояў - чатыры вялікіх і адзін малы, а таксама кухня. Каля дома месціліся: гумно, свіран, хлеў, лядоўня і флігель для наёмных работнікаў. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме знаходзіўся фельчарска-акушэрскі пункт, і жыла сям'я медыкаў Смалякоў. З 1963-64-х гадоў дом пуставаў.

Вось так, дзякуючы Т. Нарбуту, быў знойдзены найстарэйшы маёнтак Лідчыны - Востраў. Уся непасрэдная і ўскосная інфармацыя аказалася дакладнай. Факты шчыльна падышлі адзін да аднаго і пацвердзіліся на месцы. З досведу краязнаўца ведаю, што так здараецца зрэдку.

* * *

Верагодна, Востраў, як месца сустрэчы нашчадкаў Альгерда і Кейстута, быў абраны невыпадкова. Па-першае, на момант падпісання пагаднення маёнтак знаходзіўся на мяжы Гарадзенскага княства, якое належала Вітаўту, і лідскімі ўладаннямі Ягайлы. Мяжа праходзіла па рацэ Дзітва. Па-другое, недалёка ад Вострава праходзіў старадаўні шлях з Вільні ў Кракаў. І найстаражытнейшы мост праз раку Дзітва на шляху з Вільні на Варшаву ў 1392 г. знаходзіўся якраз насупраць Вострава, у Рулевічах. Мост праз Дзітву ў Мыто быў пабудаваны толькі ў канцы XV ст.

На адлегласці ў некалькі міль ад маёнтка Востраў знаходзіўся Лідскі замак, дзе два манархі, здавалася б, маглі наладзіць годны прыём. Але ў студзені таго ж 1392 г. атрады крыжакоў на чале з камандорамі Янам Румпенгаймам, Конрадам Ліхтэншцейскім і разам з войcкам Вітаўта, які ў той час яшчэ змагаўся з Ягайлам за кантроль над Літвой, разрабавалі і спалілі горад і замак. Таму Ліда не магла належным чынам прыняць стрыечных братоў.

Цікава пра пагадненне піша Ян Длугаш: «Уладыслаў, кароль Польскі ... прагнучы забяспечыць спакой Літвы, да якой, як да роднай зямлі, меў найвялікшае шанаванне ... пастанавіў нарэшце паяднацца з князем Вітаўтам і даць яму ўладу над Літвой і Руссю, бо іншыя браты ягоныя былі аматарамі палявання і п'янства і не былі здатныя да кіравання дзяржавай. Дзеля гэтай мэты патаемна выслаў Генрыка, князя Мазавецкага, які быў абраны біскупам Плоцкім... але потым парушыўшы стан духоўны, родную сястру Вітаўта... узяў за жонку. ... кароль Польскі Уладыслаў напрыканцы месяца ліпеня выехаў у Літву, а 7 жніўня стаў ў Востраве, туды ж для сустрэчы прыбыў князь Вітаўт з найбольш адданымі прыхільнікамі, і з пачцівай просьбай, слязьмі заліты, умольваў караля аб прабачэнні для сябе і дараванні сваёй віны. Кароль Уладыслаў адпусціў яму ўсе правіны. Потым выправіўся з ім у Вільню... і не толькі вярнуў Вітаўту спадчынную тэрыторыю і замкі, але і ўсю Літву і Русь з замкамі аддаў пад ягоную ўладу...»

Длугаш піша, што дзеля заключэння пагаднення Ягайла выехаў у Літву! Аналіз і параўнанне сучасных карт Польшчы з картай заходніх межаў ВКЛ і дадзенымі кнігі Льва Казлова і Анатоля Цітова «Беларусь на сямі рубяжах» дазваляе сцвярджаць, што Востраў-Любельскі не ўваходзіў у склад ВКЛ.

* * *

Падрабязная гісторыя Вострава - гэта справа будучых даследаванняў. Але ў агульных рысах нешта можна зрабіць і цяпер. На момант падпісання пагаднення 1392 г. маёнтак адназначна быў уласнасцю скарбу ВКЛ.

Цікавую інфармацыю пра Востраў дае выбітны лідскі гісторык першай паловы ХХ ст. Міхал Шымілевіч. Ён піша, што на карце, названай па імені яе складальніка «Rizzi Zannoni», выдадзенай ў 1772 г. у Парыжы, між Лідай і Мыто намаляваны вялікі лес з назвай «Лес Лідскі». Гэты лес уваходзіў у Лідскае староства і быў падзелены паміж маёнткамі Дайнова, Цыбары і інш. Напрыканцы XVI ст. Ян Завіша, падкаморы Лідскі, а потым кашталян і ваявода Віцебскі, выкупіў маёмасць, якая належала яшчэ ягонаму дзеду, Андрэю Завішу - Белагруду. Па смерці ваяводы Віцебскага Белагруда разам з Жырмунамі і Востравам перайшла яго пляменніку Мікалаю Завішу, таксама кашталяну Віцебскаму. Пасля смерці бяздзетнага Мікалая Завішы, уся гэтая маёмасць перайшла да ягонай удавы, а потым, напрыканцы XVII ст., да Ганны Завішы, дачкі Яна Юрыя Завішы - старосты Браслаўскага. У сярэдзіне XVIII ст. Жырмуны і Востраў з Белагрудай ужо маёмасць княгіні Барбары Радзівіл з Завішаў. Ад яе пераходзіць да сына - Станіслава Радзівіла (1722-1784 гг.), падкаморага літоўскага, і далей - Мікалаю Радзівілу, уладальніку Жырмун. Т. Нарбут піша, што перадапошнім гаспадаром Вострава быў Тадэвуш Нарбут, падкаморы Лідскі. Яго ўнук Леон Дэмбоўскі пісаў: «Лідскі падкаморны жыў у радзінным маёнтку Сукурчы і па жонцы меў вёску Котлуў, а каля 1773 г. дакупіў ад Пясецкіх маёнтак Востраў, нічога не заплаціўшы, у крэдыт». Такім чынам да Нарбутаў Востраў належаў Пясецкім. А ў час напісання нашым вялікім гісторыкам «Дзеяў...» Востраў «пасля здрабнення праз exdywizye ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх». Згодна з Малеўскім, Міхалоўскія становяцца гаспадарамі Вострава ў 1831 г. Магчыма, маёмасць Нарбутаў была канфіскавана за ўдзел у паўстанні 1831 г. А потым і ў 30-я гады ХХ ст. Востраў юрыдычна ўсё яшчэ застаецца маёмасцю Міхалоўскіх.

Міхал Шымілевіч піша, што ў XVIII ст. у Белагрудскую парафію ўваходзіла маёмасць князёў Радзівілаў: Востраў, Дайнова, Вялікае Вольжава, Тарноўшчына. Акрамя касцёла ў Белагрудзе, парафія мела некалькі капліц: у Востраве, Дайнове, Дзітве, Вялікім Вольжаве і інш. Дакладна вядома, што менавіта ў Востраве Тадэвуш Нарбут на свае сродкі фундаваў капліцу. Тое, што ён пабудаваў капліцы не ў сваіх радзінных Сукурчах, а ў суседнім, нядаўна набытым фальварку, кажа пра адметнасць Вострава ў вачах гаспадара і суседзяў, бо на той час Сукурчы былі цэнтрам вясковай акругі дзе жылі больш як 500 чалавек і вельмі старым населеным пунктам. У другой палове XХ ст., калі Сукурчаў, як населенага пункта ўжо не існавала, у народзе захоўвалася памяць пра тое, што адзін з тутэйшых будынкаў быў вельмі стары, на бэльцы нібыта была напісана дата з XVI ст.

Белагрудскую парафію стварыў біскуп Абрахам Война ў XVII ст. з частак лідскай і ваверскай парафій. Межы парафіі часта мяняліся. Апошняе размежаванне зрабіў арцыбіскуп Ігнат Галавінскі ў 1844 г. Таму не дзіўна, што ў Малеўскага, інфармацыя якога грунтуецца на віленскіх архівах, у 1831 г. Востраў належыць да лідскай парафіі.

Вядома, што войскі рускага ваяводы Хаванскага разбурылі Востраўскі замак-палац падчас вайны (1654-1667 гг.) Расіі з Рэччу Паспалітай.

* * *

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што маёнтак Востраў Міхалоўскіх, пра які пісаў Т. Нарбут, знойдзены. Ягоную лакалізацыю, апроч Нарбута, нам даюць наступныя крыніцы: кніга Ч. Малеўскага «Роды шляхецкія на Літве ў XIX веку. Лідскі павет» (Czeslaw Malewski. Rody szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiet Lidzki. Wilno, 2005.); «Слоўнік геаграфічны польскі» (Warszawa, 1888, T. 7.); «Спіс населеных пунктаў Расійскай імперыі» (Санкт-Петербург, 1905 г.); «Спіс польскага бізнесу 1929 г.» (Ksiega Adresowa Handlowa. Warszawa - Bydgoszcz, 1929.); карты ХІХ-ХХ стст., на якіх ёсць фальварак Востраў. Зрэшты, пра тое, што Міхалоўскія былі ўладальнікамі Вострава, і цяпер памятаюць жыхары вёскі Янцавічы.

Засмучае толькі адзін факт - працы Т. Нарбута сур'ёзныя беларускія гісторыкі не лічаць надзейнымі крыніцамі. Аднак у нашым выпадку інфармацыя гісторыка дакладна стыкуецца з усім знойдзеным матэрыялам і памяццю людзей, пацвярджаецца знаходкай рэштак фальварка Востраў там, дзе і паказаў Нарбут. Няўжо гэта не «ўзнімае» кошт ягонай інфармацыі? Да таго ж, вялікую важкасць набываюць ускосныя доказы: падобна да таго, што Востраўская дамова была заключана каля Ліды. Пра гэта піша самая апошняя «Энцыклапедыя ВКЛ» 2005 г., Т. І., С. 465. Гэта месца сапраўдны востраў сярод дрыгвы і дае магчымасць малымі сіламі гарантаваць бяспеку найвышэйшых асоб.

Длугаш і іншыя гісторыкі не паказваюць дакладна, дзе знаходзіўся маёнтак. Яны зыходзяць з таго, што ягонае месцазнаходжанне - агульнавядомы факт. Міхал Шымялевіч пералічвае Востраў сярод найбуйнешых маёнткаў Завішаў і Радзівілаў на Лідчыне. Мае асабістыя краязнаўчыя даследаванні даводзяць, што яшчэ ў першай палове ХХ ст. менавіта Востраў Міхалоўскіх каля Янцавіч быў найбольш вядомым сярод населеных пунктаў з такой ці падобнай назвай на Лідчыне. Знаходзіць лагічнае тлумачэнне і назва вёскі Астроўля (ля - Вострава). Напрамкі ад Астроўлі да Янцавіч усяго некалькі кіламетраў. Астроўля - другасны тапонім, які застаўся як напамін пра некалі вялікі і агульнавядомы маёнтак.

Выдаткі каралеўскага двара Ягайлы і ягонае месцазнаходжанне распісаны падзённа, гэтыя дакументы выдадзеныя на лацінскай мове і па-польску. Таму было б элементарна даведацца, дзе дакладна знаходзіўся кароль з каралевай 4 жніўня 1392 г. Але інфармацыі пра 1392 г. у гэтых кнігах няма, верагодна, падобная інфармацыя страчана назаўжды. Тым важней нам тая інфармацыя, якую захаваў Т. Нарбут.

І напрыканцы. Археолагі маглі б знайсці рэшткі падмуркаў XIV ст. там, дзе пазней паўстаў фальварак Востраў. Магчыма, пад зямлёй яшчэ нешта захавалася. Нягледзячы на ўсе беды, якія напаткалі Беларусь, у тым ліку і гэты куток нашай Радзімы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX