Папярэдняя старонка: Востраўскае пагадненне 1392 г.

Гісторыя маёнтка Востраў 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-05-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Гісторыя маёнтка Востраў // Гісторыка-культурная спадчына Лідчыны. Зборнік навуковых артыкулаў. Мінск. 2022. С. 39-45.



Раней намі было надрукавана некалькі артыкулаў пра месца падпісання Востраўскага пагаднення 1392 г. паміж Вітаўтам i Ягайлам [1]. У артыкулах аналізавалася інфармацыя, якую падаваў Тэадор Нарбут [2] i рабіліся некаторыя высновы аб яе дакладнасці.

Адразу заўважу, што расходы каралеўскага двара Ягайлы i яго месцазнаходжанне распісаны падзённа i яшчэ ў XIX ст. выдадзены на лаціне i па-польску [3]. Было б элементарна проста даведацца, дзе знаходзіўся кароль з каралевай 4 жніўня 1392 г. Але інфармацыі пра 1392 г. у гэтых кнігах няма і, верагодна, гэта інфармацыі страчана назаўжды.

Апошняе, што я бачыў па гэтай тэме, артыкул Сяргея Полехава «Itinerarium wielkiego księcia litewskiego Witolda: 4/5 sierpnia 1392 - 27 października 1430» [4]. Даследчык y артыкуле згадвае розныя верагодныя лакалізацыя двара Востраў, у тым ліку дае спасылку i на мой артыкул [5].

Верагодна, што лакалізацыя месца заключэння Востраўскага пагаднення ўжо ніколі не будзе ўстаноўлена, але гэта не перашкаджае кожнаму з магчымых прэтэндэнтаў, выкарыстоўваць гэта гістарычнае пагадненне ў мэтах пашырэння турызму.


З моманту першых публікацый паступова знайшлася гістарычная інфармацыя пра адну з самых старажытных мясцін Лідчыны - двор Востраў, якую я i прапаную ў гэтым артыкуле.

На момант падпісання пагаднення ў 1392 г. маёнтак быў уласнасцю скарбу ВКЛ.

Яшчэ ў XV ст. па ўсёй тэрыторыі гістарычнай Лідчыны цягнулася пушча, якая належала Вялікаму князю літоўскаму. У часы Вітаўта тут было не шмат сталага насельніцтва i менавіта гэты Вялікі князь пачаў надзяляць баяраў землямі, але надаваць ён мог толькі лясы i рэкі. Гэтая маёмасць каштавала не шмат, бо гаспадар павінен быў карчаваць лес i так праз выкарчоўку лесу i заняцце новых пусташаў рухалася каланізацыя Лідчыны [6].

Першымі ўладальнікамі маёнтка маглі быць Бутрымы. Вядома, што ў Гародле ў 1413 г. Мацей з Вансоша, клішскі ваявода, адаптаваў у род Тапор Яна Бутрыма з Жырмун, які да акта адаптацыі прывесіў пячатку з гербам Тапор (павернуты ўправа). Бутрымы - першыя ўласнікі Жырмун. Як будзе бачна далей, Востраў на працягу стагоддзяў быў злучаны з Жырмунамі ў адну маёмасць i меў аднаго гаспадара, i таму, думаю, можна выказаць здагадку, што Бутрымы, маглі атрымаць Востраў адначасова, ці пасля Жырмун.

Неабходна трошкі расказаць пра гэты род. Першы раз мы сустракаем Бутрыма ў канцы XIV ст. на радзе баяраў. Гэты Бутрым меў патронім Савічавіч, таму, верагодна, ягонага бацьку звалі Савіч. Але i Савіч ёсць патронім ад Савы, які быў дзедам Яна Бутрыма. Калі Сава таксама быў Бутрымам, дык магчыма менавіта яго Ягайла загадаў пакараць смерцю ў 1382 г. за забойства Вайдылы.

Вяртаючыся да Яна Бутрыма, бачым яго ў 1407 i 1410 гг. яшчэ без усялякіх пасад. Але ўжо ў 1412 г. ён атрымлівае пасаду маршалка двара вялікага князя Вітаўта i на гэтай пасадзе знаходзіцца да канца жыцця. У 1410 г. Ян Бутрым адбываў пасольства Вітаўта ў Празе a ў 1414 г. прымаў удзел у выправе на Прусію i каля замка Голанд патрапіў у крыжацкі палон. У 1422 г. атрымаў пасаду смаленскага старасты. З 1426 г. інфармацыі пра яго няма, аднак у 1428 г. пасаду маршалка двара Вітаўта займае сын Яна - Юры Бутрым. Таму можна лічыць, што Ян Бутрым памёр паміж 1426 i 1428 г. [7]

Сын Яна Бутрыма - Юры з Жырмун у маладосці вучыўся за мяжой i лічыўся высокаадукаваным чалавекам. У 1428-1429 гг. пасля бацькі, ён таксама займаў пасаду маршалка двара Вітаўта. Потым ніякай пасады не меў, ажно пакуль у 1440 г. мы не сустракаем нейкага з Бутрымаў на пасадзе слонімскага i здзітаўскага намесніка. Але ўпэўненасці што справа ідзе менавіта пра Юрыя Бутрыма няма. Яго сын Уладзіслаў Бутрым у 1445 г. - студэнт Кракаўскага ўніверсітэта. Другі сын - Трэчус Бутрымовіч у сярэдзіне XV ст. атрымлівае маёмасць у Ашмянскім павеце.

Аляксандр Мантоўт у 1422-1435 гг. - салечніцкі стараста. Праз нейкі час, ад Жыгімонта Кейстутавіча, ён атрымаў Салечнікі ва ўласнасць. У 1440 г. Мантоўт - эйшышскі стараста, пасля чаго яго след губляецца. Абодва староства Мантоўта з двух бакоў суседнічалі з гняздом Бутрымаў - вёскамі Бутрыманцамі i Бутрымамі.

Аляксандр Мантоўт меў чатырох сыноў - Барташа, Конрада, Міхала, Таўцівіла, з якіх Конрад вядомы з прыдомкам Кучук. Міхал Мантаўтавіч меў нейкія справы з Жырмунамі Бутрымаў [8] і, верагодна, праз яго Жырмуны перайшлі да Мантаўтавічаў.

Першае згадванне пра Востраў я знайшоў у дакуменце ад 1 ліпеня 1436 г. - усяго праз 44 года пасля заключэння Востраўскага пагаднення. У гэтым дакуменце Кучук Конрад (сын Аляксандра Мантоўта), дзедзіч Жырмунаў, надае касцёлу францішканаў НПМ у Вільні меру мёду са сваёй вёскі Дакудава i дзесяць мер жыта з Вострава (Dominis Conradus de Szyrmuni legat mensuram dictam vszatekin Dokudov millessimo ąudringentesimo tricesimo sexro Legatio pro una mensura mellis ex villa Dokudov et pro desem vasis siliginis ex Ostrov a domino Conrado de Szyrmin) [9].

Гэты старажытны пергамент захоўваўся ў архіве Віленскага каталіцкага капітула, вось апісанне дакумента з «Дыпламатычнага кодэкса катэдры i дыяцэзіі віленскай»: «... стары, на тоўстым пергаменце, у трох месцах мышы павыгрызалі дзюры, памеры 32 х 19,5 + 3,5 ш. На пергаментным паску вісіць пячатка, выціснутая на чорным воску, дыяметр 23 мм, з выявай герба Тапор, які павернуты ў права, на акружнасці пячаткі не чытальны надпіс па-рускі». Да дакументаў у архіве была прыкладзена папраўленая копія, перапісаная на пачатку XIX ст., копія мела тую ж сігнатуру што i дакумент. Пра Востраў у копіі напісана: «et decem wasa siliginas (de) Ostrov», пра Кучука «Cimradus alias Kuczuc» [10],

Вядома, што родапачынальнікам гэтага роду быў Кучук - каморнік Ягайлы, які ў 1382 г. удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? - пасля 1437 г.) ужо валодаў Дакудавым, Шчучынам i Востравам. Сын Конрада - Ян Кучук (каля 1410 - каля 1478), маршалак гаспадарскі у 1469-1478 гг. i намеснік лідскі ў 1473 г. [11] У 1473 г. ён згадваецца ў метрыцы: «Здеся положил перед нами маршалъко нашъ, намесникъ лидскии, пань Янъ Кучукъ ... » [12].

Ян Кучук меў сына Юрыя (каля 1435 - пасля 1482) які быў гаспадарскім маршалкам у 1482 г. i сына Войцеха (каля 1440 - пачатак 1506). Войцех ў 1492-1505 гг. таксама займаў пасаду гаспадарчага маршалка [13]. У 1496 г. Войцех Кучуковіч заяўляе пра «блискость имения своего, на имя Жирмунъ, што жъ держатъ Михайловичи Монтовтовичи» [14]. Каля 1516 г, у метрыцы ёсць справа пра Кучукаўскае возера ў вёсцы Сцеркава пад Лідай, дзе Кучукі, пэўна, таксама мелі маёмасць [15].

У Метрыцы BKЛ знаходзім, што Казімір Ягелончык 8 мая 1466 г. сярод іншага надаў Андрэю, малодшаму сыну Галігіна з рода Клаўсуцяў, даннікаў з Вострава: «Оньдрушку дворецъ у Волковыску, a Червичи у Пинску, данники, a 14 чоловековъ у-въ Острыне, у-въ Острове данъники, на имя Поздешевичи; даютъ два устава меду» [16]. Польскі гісторык Глінка, каментуючы гэты тэкст, указваў, што гэтыя наданні даваліся па межах радавых маёнткаў Клаўсуцяў [17], у выпадку з Востравам, зусім блізка быў маёнтак Дзітва, якім валодалі Клаўсуці.

У недатаваным дакуменце (каля 1509 г.), у якім разглядаюцца споры кухмістра пана Пятра з панам Юрыем (Радзівілам), вояводзічам Віленскім, ідзе размова пра трэцюю частку маёнткаў «Докудово, Щетино (Шчучын - Л. Л.) a Остров», якія раней належалі пану Войцеху Кучуковічу [18].

Рашэнне па гэтай справе прынята не было i 20 жніўня 1512 г. у Кракаве робіцца другая спроба вырашыць спрэчку. Кухмістр Пётр Аляхновіч даводзіў: «Будучи де ешчо за славное памети милости Александра, пан Вотехъ Кучуковичъ, маршалокъ его милости, именья свои отчизные, третюю частъ, ... Докудово a Щетино a Остров, по своем жнвоте мне записал; н пан Вотехъ посылалъ o том чолом бити королю его милости и король его милость Александр тот тастамент и рукой своей подписал и потвердиль; и по смерти пана Вотехово, к тым именьям приповедовался, по близкости дочки свое, староста Городенски пан Станиславъ Петровнчъ, которого жъ дочка его на онъ часъ была змовена за пана Юрья, и его милость в тыи именья далъ ему увязанье...». Аднак «пан Юре, воевода Киевски, к тому мовил, тотъ тастаментъ пана Воетховъ Кучуковича .... не слушны... и тые имениья далъ ero милостъ въ моцъ тестю моему пану Станиславу (старасце Гродзенскаму - Л. Л.); моя жена, будучи какъ то дедичка и отчичка тому, отходячи того света, мне, мужу своему, то дала и въ тастаменъте своемъ записала .. .» [19].

Вялікі князь Жыгімонт прапанаваў зрабіць перапынак i зноў вярнуцца да справы пасля вяртання ў BKЛ. З тома Метрыкі не бачна, чым скончылася справа, аднак у 1537 г., пасля смерці кіеўскага ваяводы i лідскага старасты Юрыя Мікалаевіча Радзівіла (1480-1541) кароль Жыгімонт «на вечнасць» зацвердзіў за другой жонкай нябожчыка, Барбарай Станіславаўнай, сярод іншых маёнткаў таксама i «Жырмуны, Щчучин, Остров, ... Докудов» [20].

У яшчэ адным не датаваным дакуменце (каля 1510 г.) разглядаецца скарга каралеўскага двараніна Януша Сакаловіча на слуг паноў Крупскіх (уладальнікаў Крупава, зараз вёска пад Лідай, у некалькіх кіламетрах ад Вострава - Л. Л.). У справе ў якасці сведак фігуруюць суседзі Крупскіх - баярын Юры Востраўскі i Міхна, «корчмит» Востраўскі [21].

Войскі рускага ваяводы Хаванскага разбурылі Востраўскі двор падчас вайны (1654-1667) Расіі з Рэччу Паспалітай. Вядома, што на пераправе цераз раку Дзітву каля вёскі Мыто (недалёка ад Вострава) на золку 27 лістапада 1659 г. адбыўся бой паміж войскамі Хаванскага i войскамі BKЛ [22].

Далейшую гісторыю Вострава можна дастаткова падрабязна прасачыць па дакументах i таму мы не будзем яе падрабязна пераказваць. Цікавую інфармацыю пра гэты населены пункт даў выбітны лідскі гісторык першай паловы XX ст. Міхал Шымялевіч. Ён піша, што на карце «Rizzi Zannoni» выдадзенай у 1772 г. у Парыжы, між Лідай i Мыто намаляваны вялікі лес з назвай «Лес Лідскі». Гэты лес уваходзіў у Лідскае староства i быў падзелены між маёнткамі Дайнова, Цыбары i інш. Напрыканцы XVI ст. Ян Янавіч Завіша, падкаморы Лідскі, a потым кашталян i ваявода Віцебскі, выкупіў Белагруду - маёмасць, якая належала яшчэ яго дзеду, Андрэю Завішу. Пасля смерці Віцебскага выяводы Белагруда разам з Жырмунамі i Востравам (так званы Жырмунскі ключ) перайшла ягонаму пляменніку Мікалаю Завішу, таксама кашталяну Віцебскаму. Пасля смерці бяздзетнага Мікалая Завішы, уся гэтая маёмасць перайшла да ягонай удавы, a потым, напрыканцы XVII ст., да Анны Завішы, дачкі Яна Юрыя Завішы, старасты Браслаўскага. У сярэдзіне XVIII ст. Жырмуны i Востраў з Белагрудай - маёмасць княгіні Барбары Радзівіл (з Завішаў). Ад яе маёмасць пераходзіць да сына - Станіслава Радзівіла (1722-1784) i ўнука Мікалая Радзівіла, уладальнікаў Жырмун [23].

Тэадор Нарбут паведамляў, што перадапошнім гаспадаром Вострава быў Тадэвуш Нарбут, падкаморы лідскі. Ягоны ўнук Лявон Дэмбоўскі пісаў у сваіх мемуарах; «Лідскі падкаморы жыў у радзінным маёнтку Сукурчы i па жонцы меў вёску Котлуў, a каля 1773 г. дакупіў ад Пясецкіх (насамрэч, Юдыцкіх - Л. Л.) маёнтак Востраў, нічога не заплаціўшы, у крэдыт» [24].

Пэўна, Тадэвуш Нарбут, купіў маёнтак трошкі пазней, бо ў 1767 г. Востраў як пасаг атрымаў Юзаф Юдыцкі (1717-1797 гг.), калі жаніўся на Алаізе Радзівіл, дачцэ генерал-маёра Альбрэхта Радзівіла i Ганны Халецкай. Таму ў Падымным тарыфе 1775 г. Востраў належыць лідскаму абознаму Юдыцкаму, a лідскі падкаморы Нарбут валодае суседнімі Сукурчамі [25].

Міхал Шымялевіч пісаў, што ў XVIII ст. у Белагрудскую парафію ўваходзіла маёмасць князёў Радзівілаў: Востраў, Дайнова, Вялікае Ольжава, Тарноўшчына [26]. Акрамя касцёлу ў Белагрудзе, парафія мела некалькі капліц: у Востраве, Дайнове, Дзітве, Вялікім Ольжаве i інш.

Дакладна вядома, што менавіта ў Востраве Тадэвуш Нарбут на свае сродкі фундаваў капліцу [27] якая была ліквідавана ў 1866 г. [28] Тое, што ён пабудаваў капліцу не ў сваіх Сукурчах, a ў суседнім, нядаўна набытым маёнтку, кажа аб адметнасці Вострава ў вачах гаспадара i суседзяў, бо традыцыйна, менавіта Сукурчы былі цэнтрам вясковай акругі (у акрузе жыло больш за 500 чалавек) [29].

Таксама пры Тадэвушу Нарбуту ў фальварку Востраў, каля дарогі, знаходзілася карчма, a на рацэ Крупка меўся стаў з млынам (другі стаў быў каля Сукурчаў) [30].

У час напісання Теадорам Нарбутам «Дзеяў... », Востраў «пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх» [31]. Згодна з Чэславам Малеўскім, Міхалоўскія сталі гаспадарамі ў 1832 г. : Востраў з вёскай Янцавічы - 350 дзесяцін, 40 дымоў [32]. У 1930-я гг. Востраў усе яшчэ маёмасць Міхалоўскіх.

У другой палове XX ст., калі Сукурчаў як населенага пункта ўжо не існавала, у народзе захоўвалася памяць пра тое, што адзін з тутэйшых будынкаў, быў вельмі стары [33] бо на бэльцы нібыта была напісана дата - XVI ст. [34] A ў сям'і апошніх уладальнікаў Сукурчаў Пілецкіх захавалася легенда пра Востраўскае пагадненне. Апошні ўладальнік Сукурчаў, герой Другой сусветнай вайны Вітольд Пілецкі, па расказах сваіх бабулі i маці пераказаў мясцовую легенду, пра тое, што калі «Ягайла сустрэўся з Ядвігай... у Востраве над Дзітвой, у двары i стайнях было там занадта цесна, i яны прыйшлі ў Сукурчы, на гучную бяседу» [35].

У сярэдзіне 2000 г. мясцовыя людзі яшчэ памяталі Міхалоўскіх, яны ж расказалі мне, што апошнім уладальнікам гістарычнага месца быў нейкі Барташэвіч. Ён пакінуў свой фальварак у 1939 г. i апошні раз з'явіўся на Лідчыне ў сярэдзіне 1950-х гадоў, каб паглядзець, што сталася з яго маёмасцю. З кнігі Ч. Малеўскага «Роды шляхецкія на Літве ў XIX веку. Лідскі павет» бачна, што Барташэвічы - вялікі i разгалінаваны шляхецкі род Лідскага павета гербаў Бонча i Самсон. У 1835 г. Барташэвічам належалі Кербедзі, якія мяжуюць з Востравам. Верагодна, таму Барташэвічы i купілі занядбаны маёнтак. Улічваючы, што яшчэ ў 1929 г. фальварак належаў Міхалоўскім, a да Барташэвічаў ён перайшоў у 30-я гады XX ст., можна зрабіць выснову: Міхалоўскія валодалі ім больш як 100 гадоў.

Мясцовыя жыхары памяталі каменныя падмуркі з рэшткамі пабудоў у былым фальварку Востраў. Большы падмурак меў памеры прыкладна 25 на 10 м. Фальварак быў засаджаны дрэвамі, добра запомнілася вялікая груша. У пачатку 80-х гадоў XX ст. падмуркі i рэшткі пабудоў былі зруйнаваны бульдозерамі i скінуты ў вялікую яміну за сто пяцьдзясят метраў ад ваколіцы Янцавіч. Груда зямлі i вялікіх апрацаваных валуноў ляжыць на тым жа месцы i цяпер. Так скончыў сваё гістарычнае існаванне Востраў - адзін з першых населеных пунктаў Лідчыны. Маёнтак, ад назвы якога пайшоў другасны тапонім - вёска Астроўля.

Былая жыхарка вёскі Заполле, што ў двух кіламетрах ад Вострава, Ядвіга Паўлюкевіч, 1940 г. нараджэння, таксама выдатна ведала гэты тапонім i памятала стары дом фальварка. З яе слоў - гэта быў вялікі, драўляны аднапавярховы панскі дом з высокімі, у рост чалавека, каменнымі падмуркамі. Дом меў належны ганак з чатырма высокімі каменнымі прыступкамі, у ім было пяць пакояў - чатыры вялікіх i адзін малы, a таксама кухня. Каля дома месціліся: гумно, свіран, хлеў, лядоўня i флігель для наёмных работнікаў. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме знаходзіўся фельчарска-акушэрскі пункт, i жыла сям'я медыкаў Смалякоў. З 1963-1964-х гг. дом пуставаў.

Археолагі маглі б знайсці рэшты падмуркаў XIV ст. там, дзе пазней стаяў фальварак Востраў. Але ці захавалася нешта ў зямлі пасля ўсіх бед, якія прайшлі па нашай зямлі? Нават калі я ўпершыню прыехаў на месца былога маёнтка, дык адразу ўбачыў вынікі дзейнасці «чорнага капальніка» на гэтым месцы. Мясцовыя людзі расказвалі мне, што яшчэ ў 2006 г. на гэтым месцы «чорны археолаг» цэлы тыдзень шукаў скарбы металашукальнікам. Але нічога для сябе каштоўнага не знайшоў. Для недасведчанага «чорнага археолага» - гэта безназоўны фальварак, знойдзены, верагодна, па польскай карце 1929 г. Тым не менш потым яго працай скарыстаўся i я. На месцы маёнтка ён накапаў вялізную колькасць ям i шурфоў. На ix паверхні ляжаць металічныя часткі гаспадарчых прылад, цвікі, фрагменты цэглы, керамікі i нават два патроны. Безумоўна, у зямлі застаўся вялізны культурны пласт. I хто ведае, магчыма, недзе на глыбіні захаваліся падмуркі. Яшчэ доўга ў маёй кішэні ляжалі абівачныя цвікі XIX ст., падабраныя пасля чорнага капальніка.

Але гэтым гісторыя не скончылася. Мае артыкулы пра знаходку месца падпісання дамовы 1392 г. публікаваліся ў беларускіх сродках масавай інфармацыі i навуковых зборніках. I праз нейкі час, праз «трэція рукі» да мяне дайшла інфармацыя, што «чорныя капальнікі» зноў пабывалі на тым месцы i на гэты раз знайшлі рэчы XIV ст. (энкалпіён i інш.).



[1] Гл: Лаўрэш Леанід. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. II Гістарычны альманах. 2007. Т. 13. с. 109-118; Яго ж. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г.// Ліда i Лідчына: да 685-годцзе заснавання горада : матэрыялы рэспубліканскай навук.-практ. канф. Ліда, 3 кастр. 2008 г. Ліда, 2009. С. 44-48; Ławresz Leonid. Miejsce zawarcia ugody ostrowskiej 1392 r. // Ziemia Lidzka. 2007. № 2 (78) i інш.

[2] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1839. T. 5. S. 491.

[3] Гл: Piekosiński Franciszek. Rachunki dworu króla Władysława Jagiełły i królowej Jadwigi z lat 1388 do 1420. Kraków, 1896.; Najstarsze księgi i rachunki miasta Krakowa od r. 1300 do 1400, wyd. F. Piekosiński, J. Szujski, Kraków, 1878. : Przeździecki Aleksander. Życie domowe Jadwigi i Jagiełły z regestrów skarbowych z lat 1388-1417. Warszawa, 1854.

[4] Гл: Polechow Sergiej. Itinerarium wielkiego księcia litewskiego Witolda: 4/5 sierpnia 1392 - 27 października 1430 // Rocznik Lituanistyczny. 2019. № 5. S. 9-120.

[5] Ibid. S. 99-100. (Зноска № 401.)

[6] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach ХІІІ-ХІV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem społecznym bojarstwa litewskiego // SZ. Warszawa, Poznan, 1959. T. IV. S. 96.

[7] Semkowicz Władysław. O litewskich rodach bojarskich zratanych ze szlactą polską w Horodle 1413 r., Rocznik Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie. 1920. T. 5. S. 47-48.

[8] Semkowicz Władysław. O litewskich... S. 48.

[9] Ks. Fijałek Jan, Semkowicz Władysław. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1., Zeszyt 1. Kraków, 1932. S. 165-166.

[10] Ks. Fijalek Jan, Semkowicz Władysław. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1., Zeszyt 1. Kraków, 1932. S. 165-166.

[11] ВКЛ. Энцыклапедыя. Мінск, 2007. T. 2. С. 174.

[12] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3 (1440-1498): Użrasymij knyga 3 / Parenge L. Anużyte ir A. Baliulis, Vilnius, 1998. P. 24.

[13] ВКЛ. Энцыклапедыя. T. 2. C. 174.

[14] Русская историческая библиотека. Т. 27. С.-Петербург, 1910. С. 666.

[15] Там жа. С. 1194-1196.

[16] Там жа. С. 81.

[17] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem społecznym bojarstwa litewskiego. S. 104.

[18] Русская историческая библиотека. Т. 20. С.-Петербург, 1903. С. 627.

[19] Там жа. С. 790-791.

[20] Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. Kh. 21. M-, 1915. С. 418.

[21] Русская историческая библиотека. Т. 20. С. 65, 67.

[22] Курбатов O. А. «Литовский поход 7168 года» князя М. А. Хованского и битва при Полонке // Славяноведение. 2003. № 4. С. 25-40.; Dyjariusz moskiewskiej wojny w Wielkim Księstwie będącej i uspokojenie onej przez jw. jmp. Pawia Sapiehę wraz z jw. jmp. Czarnieckim wojewodą niskim nastąpione, w: Pomniki dziejów Polski wieku siedemnastego, T. 1. 1840, wydał August Podgórski. S. 162.

[23] Michał Szymielewicz. Białohruda // Ziemia Lidzka. 2001. № 2 (45).

[24] Dembowski Leon. Moje wspomnienia, Petersburg. 1898. T. 1. S. 9.

[25] Падымны тарыф 1775 г. Асабісты архіў аўтара. Арк. 148 адв.

[26] Michał Szymielewicz. Białohruda.

[27] Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912. S. 486.

[28] Ibid. S. 209.

[29] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego. Warszawa, 1890. T. 11. S, 561.

[30] Rybak A. Dekanat lidzki w 1784 roku w świetle opisów parafii. Praca magiterska. Białystok, 2004. S. 68, 72-73.

[31] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1839. T. 5. S. 491.

[32] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiat lidzki. Wilno, 2005. S. 175.

[33] Вітольд Пілецкі пісаў пра свой дом у Сукурчах: «Стары вялікі дам - мае свой уласны пах. Прасякнуты ім за доўгія чатыры стагоддзі (...). Калісьці быў месцам з'ездаў, сеймікаў павятовых, вяліся mym перамовы i адбываліся шумныя забавы». - Гл. : Pilecki Witold. Poemat «Sukurcze» // Ziemia Lidzka. 2006. № 6 (76).

[34] Юры Пацюпа. Tahafut al-Tahafut //Arche. 2006. № 4. C. 205.

[35] Pilecki Witold. Poemat «Sukurcze».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX