Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

Лідчына да XIV стагоддзя 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 26-11-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідчына да XIV стагоддзя // Лідскі летапісец. 2019. №3(87). С. 16-34.



Наша самая старажытная гісторыя

Хто такія славяне і балты?

Каменныя магілы

Памятныя камяні Лідчыны

Яцвягі і Лідская Дайнава

Селішчы і гарадзішчы гістарычнай Лідчыны

Борці

Лейці

Першапачатковая Ліда

Некалькі агульных заўваг


Тэрыторыя Паўночна-Заходняй Беларусі, згодна з фізічна-геаграфічным раёнаваннем падзяляецца на наступныя, меншыя фізічна-геаграфічныя раёны: Лідская раўніна, Сярэдне-Нёманская нізіна, Верхне-Нёманская нізіна, Гарадзенскае, Слонімскае, Наваградскае ўзвышшы, Капыльская града з прылеглай Стаўбцоўскай раўнінай, Баранавіцкая раўніна, Прыбужская раўніна. Найвялікшая рака - Нёман з прытокамі: Беразіной, Гаўяй, Дзітвой, Котрай, Моўчаддзю, Шчарай, Зэльвянкай, Свіслаччу, Ласасянкай. Сярод азёр вылучаюцца: Белае, Берштаўскае, Малочнае, Свіцязь. Рака Нёман на тэрыторыі Беларусі мае даўжыню 459 км. Шырыня даліны ад 1,5 да 5 км, аднак, сустракаюцца асобныя азёрападобныя пашырэнні да 15-20 км (пры ўпадзенні Заходняй Беразіны, Моўчадзі). Ля Мастоў, пры зліцці з Котрай і ў раёне Гародні адзначаюцца звужэнні даліны да 0,4 - 0,9 км [1].

Наша самая старажытная гісторыя

Гісторыя вывучэння першабытных помнікаў Панямоння мае амаль 200-гадовую гісторыю - з 1835 па 1841 гг. у Вільні выйшла 9-цітомная праца Тэадора Нарбута «Гісторыя літоўскага народа» [2].

З'яўленне на нашай тэрыторыі чалавека датуецца часам фінальнага палеаліту (12 000 - 8 300 год да н.э.). Каля Х тыс. да н. э. у Панямонні з'яўляюцца плямёны людзей, генетычна звязаных з лінгбійскай культурай (паселішчы: Кавальцы І, ІІ; Баля Сольная ІІІ, у Гарадзенскім р-не), асноўныя помнікі гэтай культуры знаходзяцца на тэрыторыі Заходняй і Паўночнай Еўропы.

У першай палове ІХ тыс. да н.э. тэрыторыя Панямоння знаходзілася пад моцным уздзеяннем арэнсбургскай культуры, плямёны якой у асноўным насялялі паўночную частку сучаснай тэрыторыі Германіі. Гэта стаянкі: Краснасельскі VI (Ваўкавыскі р-н), Беліца І, Збляны (Лідскі р-н), Востраў Салацкі (Гарадзенскі р-н), - маюць аналогіі са знаходкамі ў класічных стаянках арэнсбургскай культуры.

У палове ІХ тыс. да н.э. на Гарадзеншчыну з захаду прыйшлі плямёны свідэрскай культуры, у Панямонні гэтыя плямёны жылі амаль што тысячу гадоў (прыблізна ад 8600 да 7500 гадоў да н.э.). З усіх палеалітычных стаянак Паўночна-Заходняй Беларусі колькасна пераважаюць менавіта свідэрскія помнікі. Найбольш значныя з іх: Гожа, Азёры (Гарадзенскі р-н); Пескі 5, Навасёлкі І (Мастоўскі р-н); Беліца І, Збляны (Лідскі р-н); воз. Свіцязь (Наваградскі р-н).

Мяжой фінальнага палеаліту і мезаліту большасць даследчыкаў лічыць пачатак галацэну (каля 8300 год да н. э.). У сувязі з паступовым пацяпленнем клімату, тады адбыліся значныя змены ў раслінным і жывёльным свеце Панямоння. Сярэднегадавая тэмпература ў параўнанні з канцом фінальнага палеаліту паднялася на пачатку мезаліту прыблізна 1,5° і таму на змену тундра-стэпавай расліннасці са статкамі паўночных аленяў пачалі распаўсюджвацца вялікія масівы хваёвых і бярозава-хваёвых лясоў, у якіх жылі тыповыя прадстаўнікі лясной фаўны - алень, лось, воўк, казуля, барсук, бабёр, заяц.

У 7 500 - 6 000 гг. да н.э. на тэрыторыю Беларусі прыйшлі носьбіты кундскай культуры. У Беларускім Панямонні пакуль няма яшчэ добра даследаваных кундскіх помнікаў, а пра прысутнасць на гэтай тэрыторыі кундскага насельніцтва сведчаць адзінкавыя знаходкі і невялікія па колькасці паверхневыя зборы найбольш характэрных прыладаў працы і зброі.

Апошняй мезалітычнай культурай, стаянкі якой выяўлены на Панямонні, была - яніславіцкая (5 400 - 5 200 гг. да н.э. - пач. IV тыс. да н.э.). Тэрытарыяльна яніславіцкая культура ахоплівала значную частку Усходняй Еўропы, ад басейна Одэра да Сярэдняга Дняпра. Найбольш значныя помнікі на тэрыторыі Беларускага Панямоння: Беліца ІІ (Лідскі р-н), Нясілавічы І, ІІ, VI (Дзятлаўскі р-н), Ваўчуны (Слонімскі р-н), Глядневічы (Ваўкавыскі р-н), Пескі IV (Мастоўскі р-н) [3].

Бронзавы век у Панямонні даследаваны слаба. Але менавіта тады адбыўся пераход насельніцтва да новых форм гаспадарання, змены ў духоўнай культуры, з'явіліся новыя актыўныя этнасы і пачалося іх узаемадзеянне з «абарыгенамі», сфармаваліся новыя культуры.

Старажытнасці бронзавага веку Беларускага Панямоння сёння рэпрэзентаваны 165 паселішчамі, 9 могільнікамі ці адзіночнымі пахаваннямі і 459 асобнымі знаходкамі. У раннім перыядзе бронзавага веку (першая палова ІІ тысячагоддзя да н. э.) тэрыторыя Панямоння пачынае засяляцца плямёнамі культур шнуравой керамікі. На думку большасці даследчыкаў, яны з'яўляліся археалагічным выражэннем этнічнай супольнасці, якая выдзелілася ў ІІІ тысячагоддзі да н. э. з агульнага індаеўрапейскага масіву і адыграла галоўную ролю ў этнагенезе славян, балтаў і германцаў.

Але раннія ўплывы шнуравых [4] традыцый хаця і закранулі практычна ўсё Панямонне, аднак, верагодна, не былі істотнымі. Больш значную ролю ў этнакультурных працэсах на Панямонні ў гэты час адыграла культура шарападобных амфар [5]. Прысутнасць «шарападобнікаў» знойдзена не толькі на левабярэжных прытоках Нёмана, але і на яго правабярэжжы. Так, выразныя матэрыялы культуры шарападобных амфар выяўлены пры даследаванні першабытнага паселішча Дакудава 5 у Лідскім р-не (яма з арнаментаванай керамікай і крамянёвай шліфаванай сякерай) [6].

У сярэднім перыядзе бронзавага веку тэрыторыя Беларускага Панямоння ўвайшла ў арэал тшцінецкага [7] культурнага гарызонту і з'яўлялася кантактнай зонай паміж яго заходнімі і ўсходнімі традыцыямі. Аналіз 43 помнікаў з тшцінецка-сасніцкімі [8] матэрыяламі дазваляе папярэдне вылучаць дзве рэгіянальныя групы помнікаў. Помнікі першай групы (тшцінецкага тыпу) сустракаюцца практычна на тэрыторыі ўсяго Панямоння. Напрыклад, кераміка з падобнымі рысамі была знойдзена ў вярхоўі Котры пры даследаванні ў 1995 і 1997 г. паселішча Бершты 2 (Шчучынскі р-н). Помнікі другой групы (тшцінецка-сасніцкія) сустракаюцца толькі ў вярхоўях Нёмана і ў верхнім цячэнні Шчары на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга Панямоння.

У гэты час (канец ІІ тысячагоддзя да н.э. - першая палова І тысячагоддзя да н.э.) на тэрыторыі Беларускага Панямоння адбываецца зараджэнне культуры штрыхаванай керамікі, асноўнае развіццё і росквіт якой прыпадае на жалезны век [9].

Да ранняга жалезнага веку адносяць VIII ст. да н. э. - V ст. н. э. Гісторыя насельніцтва Беларускага Панямоння ў той час перш за ўсё звязаная з носьбітамі культуры штрыхаванай керамікі.

Помнікі культуры штрыхаванай керамікі існавалі доўгі час (канец II тыс. да н. э. - сярэдзіна V ст. н.э.). Яе паходжанне звязана з працэсамі, якія адбываліся ў бронзавым веку. У этнічным сэнсе носьбіты культуры штрыхаванай керамікі верагодна з'яўляюцца ўсходнімі балтамі. У перыяд - I ст. да н. э. / пачатак н.э. - сярэдзіна V ст. н.э. адбываецца яе росквіт. Завяршаецца складанне лакальных плямёнаў, якія былі аддзеленыя адзін ад аднаго малазаселенымі ці забалочанымі раёнамі. Ва ўсходняй частцы Беларускага Панямоння вылучаюць 8 такіх гуртоў, прычым шчыльнасць насельніцтва ў іх можа дасягаць 2,5 чал. / км 2. Можна адзначыць перавагу гарадзішчаў, якія размяшчаліся на пагорках і мелі пляцоўку авальнай формы. Як правіла, яны не ўмацаваныя ці слаба ўмацаваныя. Тады ж адбываліся змены і ў этнічным складзе насельніцтва Беларускага Панямоння. Гэта звязана з міграцыяй асобных груп заходнебалцкага насельніцтва праз басейн р. Мерач па Беларускай градзе ўглыб Панямоння (з I ст. н. э.) [10].


Аб былых часах нам нагадваюць буйныя пушчы і шматлікія тапонімы, у якіх гучыць сякернае рэха (Герніка, Погіры ад літ. Giria «лес», Лядзіны ад слова Ляда «высечанае месца для ворыва»). Тысячагоддзямі лад жыцця жыхароў нашага рэгіёна вызначаў ландшафт зоны змешаных лясоў і ўмераны клімат. У старажытнасці лес з усіх бакоў акружаў чалавека, паселішчы былі раскіданыя ў несувымерна вялікім моры векавых дрэў, у якім жылі толькі дзікія жывёлы. Прастора, парослая густым лесам, які парэзаўся рэкамі ці балотамі, выхавала мясцовае насельніцтва. З году ў год людзі збіралі мёд і воск, забівалі звяроў, секлі і спальвалі дрэвы каб вызваліць месца пад ворыва. Пад напорам дзейнасці чалавека ландшафт патроху мяняўся: на змену некранутаму лесу прыходзіла ўзгорыстая раўніна з пералескамі [11].

Сучасная Лідчына была менш заселенай, чым левабярэжжа Нёмана, але яна не была пусткай. Тут не ўзнікла буйных гандлёва-рамесных паселішчаў, а будаваліся невялікія гарадзішчы і селішчы, з'яўляліся могілкі.

Даследчыкі лічаць, што стабільнай мяжы паміж славянамі і балтамі не было ніколі - ні на пачатку каланізацыі славянамі балцкіх зямель, ні пазней, калі каланізацыя гэтых зямель ужо ішла поўным ходам. Беларускі народ паўстаў у выніку рассялення славян на тэрыторыі пражывання балтаў. Гісторыкі А. Краўцэвіч [12] і Л. Дучыц [13] і іншыя паказалі, што актывізацыя славянскай каланізацыі на Панямонні пачалася з канца Х ст. і менавіта на пачатку ІІ тысячагоддзя адбываўся асабліва інтэнсіўны працэс змешвання балтаў і славян на тэрыторыі Беларусі, тады ж ствараўся беларускі антрапалагічны тып, і ішоў сінтэз двух архетыпаў свядомасці. Дарэчы, у гэты ж час пачалі складвацца народнасці палякаў, чэхаў, балгараў, украінцаў і г. д.

Аналіз археалагічных матэрыялаў Панямоння паказвае, што рэгіён засяляўся славянамі з двух накірункаў - паўднёвага (дрыгавічы, валыняне) і паўночна-ўсходняга (крывічы) дзвюмя хвалямі. Першая хваля накіравалася сюды ў другой палове Х-ХІ ст., другая ў ХІІ ст. - у гэты час быў новы прыток насельніцтва з поўдню, што звязана з узмацненнем Галіцка-Валынскага княства і адначасова з гэтым адбывалася перасяленне ў Панямонне крывічоў і мазаўшан.

Гарадзенскі археолаг С. Піваварчык, мяркуе, што на правы бераг Нёмана перайшлі славяне паўднёвай каланізацыйнай хвалі ішлі ў двух напрамках [14]:

- Першы напрамак, паміж Гаўяй і Дзітвой. Славянская кераміка Х-ХІ стст. зафіксавана на гарадзішчах і селішчах Мыто і Ольжава, селішчах Дакудава і Моцевічы. Да прыходу на Лідчыну, гэтыя славяне жылі ў раёне Наваградка.

- Другі напрамак, з раёна Слоніма і Шчары ў басейн Лебяды і Котры. Тут знаходзяцца гарадзішчы Турэйск, Кульбачына, Касцянёва, селішчы Орля, Перакоп, і кераміка гэтых гарадзішчаў мае больш падабенства з керамікай паўднёвых зямель (Галічына, Валынь, Палессе). Таксама прасочваюцца заходнеславянскія (мазавецкія) элементы ў кераміцы гэтых помнікаў.

Хто такія славяне і балты?

Славяне. Першыя звесткі пра славян як народ упершыню з'яўляюцца ў візантыйскіх пісьмовых крыніцах сярэдзіны VI ст.

Сёння ўсе яшчэ не існуе агульнапрызнанай версіі фарміравання славянскага этнасу. Адна з апошніх навуковых гіпотэз пра славян выкладзена ў кнізе амерыканскага археолага румынскага паходжання Фларына Курты [15]. Фларын Курта лічыць, што «этнічнасць з'яўляецца калектыўнай рэалізацыяй грамадскіх знакаў адрознення». У нашым выпадку, у раннім сярэднявеччы «этнічнасць» з'яўлялася новастворанай грамадскай і культурнай формай мабілізацыі, якая была неабходна для вырашэння палітычных мэтаў. Галоўная ідэя канцэпцыі Курты палягае ў тым, што фармаванне славян не мае нічога супольнага з этнагенезам - яны былі «створаны» візантыйцамі і сталі вынікам класіфікацыі візантыйцамі груп насельніцтва, якія актыўна паводзілі сябе на паўночнай мяжы імперыі ў VI-VII ст. н. э. Візантыйскія аўтары карысталіся тэрмінамі «склавіны» і «анты», каб неяк назваць памежныя плямёны і надаць сэнс працэсам групавой ідэнтыфікацыі, якія адбываліся на іх вачах на Дунаі. Таму Курта лічыць, што славянская групавая тоеснасць «не сфармавалася на багністых тэрыторыях Прыпяці, а толькі ў цені цвердзяў Юстыніяна» [16].

Справа ў тым, што ў часы Юстыніяна I славяне пачалі свае набегі на балканскія правінцыі Візантыі. Таксама некаторыя з іх служылі ў візантыйскім войску. Трэба сказаць, што на беларускім Палессі славянскія паселішчы з'явіліся ў V-VІ стст. Самае дасканалае з іх, Хотамель, знаходзіцца ў Столінскім раёне і датуецца VII ст. [17] Таму, верагодна, напачатку продкі славян жылі на Палессі.

Славяне мелі толькі тэрытарыяльнае адзінства і на гэтай тэрыторыі з'явілася адносна агульная мова для камунікацыі паміж рознымі плямёнамі. Курта зрабіў гіганцкую працу па аналізе археалагічных дадзеных, апублікаваных у розных славянскіх ці балканскіх краінах, параўнаў іх паміж сабой і зрабіў даступнымі для англамоўнага чытача, ён прыўнёс у славістыку найноўшыя этналагічныя тэорыі [18].

Балты (балтыйскія народы) - народы індаеўра-пейскага паходжання, носьбіты балтыйскіх моваў, якія засялялі ў мінулым і насяляюць зараз тэрыторыю Прыбалтыкі ад Польшчы і Калінінградскай вобласці да Эстоніі. Першыя пісьмовыя згадкі пра балтаў ёсць у кнізе «Аб паходжанні немцаў і месцазнаходжанні Германіі» (па-лацінску: De origine, moribus ac situ Germanorum) рымскага гісторыка Публія Карнэлія Тацыта.

Фармаванне балцкіх плямён ішло ў III-II-гім тысячагоддзі да нашай эры, калі плямёны, якія навукоўцы абазначаюць як «культуры шнуравой керамікі», рассяліліся ў Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе. Рэгіёны пражывання балтаў уключалі ў сябе басейны рэк Віслы, Заходняй Дзвіны, вярхоўяў Дняпра, Акі і Волгі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі балтам належалі дняпроўска-дзвінская і мілаградская культуры, а таксама палеская культура стужкавай керамікі. У канцы III тыс. да н. э. - VI ст. н.э. яны былі галоўнай часткай насельніцтва сучаснай Беларусі.

У IX-XII ст. пісьмовыя крыніцы ўзгадваюць шэраг балцкіх народаў, якія насялялі паўднёвае і ўсходняе ўзбярэжжа Балтыйскага мора ад Віслы да Заходняй Дзвіны, а таксама паўночна-заходнюю частку сучаснай Беларусі. Балты падзяляліся на заходніх, усходніх і дняпроўскіх. Заходнія балты займалі тэрыторыю ад Панямоння да Ніжняй Віслы. Усходнія балты жылі па берагах рэк Нёман, Заходняя Дзвіна, Вілія. Пра дняпроўскіх балтаў мала што вядома. Усе яны растварыліся сярод славян [19].

Заходнія балты. Да іх належалі прусы - група заходнебалцкіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі сённяшніх Польшчы (Мазурскае Паазер'е) і Калінінградскай вобласці Расіі. Гэта былі вельмі ваяўнічыя плямёны, якія рабілі набегі на сваіх суседзяў. Прусы хавалі сваіх ваяроў разам з іхнімі коньмі, што зрабілася іх этнічнай прыкметай. У V ст. прусы занялі паўвостраў Самбію, вусце Нёмана, а пазней і тэрыторыі Верхняга Панямоння. У пахаваннях прусаў археолагі знаходзяць шмат узбраення (мячы, дзіды, сякеры, рэшткі драўляных шчытоў), аздобаў з металу, бурштыну і шкла.

Суседзямі прусаў былі роднасныя да іх яцвягі, якія занялі суседнюю з прусамі тэрыторыю: заходнюю частку Мазурскага Паазер'я і басейн сярэдняга і верхняга Нёмана. Племя, якое жыло на правым беразе Нёмана, мела назву дайнава, а жыхары левага берага называліся яцвягамі. Сваіх нябожчыкаў яцвягі спальвалі, а іх парэшткі хавалі ў каменных курганах, калі на земляным пагорку над рэшткамі спаленага нябожчыка ляжалі камяні. Найбольш яцвягаў жыло на тэрыторыі сённяшняй Польшчы і Гарадзенскай вобласці Беларусі. Куршы жылі на берагах Балтыйскага мора. У IX ст. яны мелі пяць асобных племянных тэрыторый - земляў. У куршаў быў добры флот, іх ведалі ў скандынаўскіх краінах [20].


На пачатку IV ст. н. э. на тэрыторыі Беларусі пачаўся працэс рассялення славян што прывяло да актыўных міжэтнічных кантактаў з мясцовымі балцкімі плямёнамі. У выніку апошнія былі амаль што цалкам асіміляваны, а ў заходніх частках Беларусі склалі змешаныя балцка-славянскія групы. На паўночным захадзе асіміляцыя балтаў працягвалася на працягу ўсяго перыяду феадалізму і амаль што да пачатку XX ст.

У 1908 г., у час калі два суседнія народы - беларусы і летувісы ішлі да сваёй дзяржаўнасці, гэтая тэма яшчэ не страціла сваёй актуальнасці. Віленская газета «Кур'ер Літоўскі» надрукавала артыкул «Зваротная хваля» пра балта-славянкія кантакты ў Лідскім павеце. Невядомы аўтар пад псеўданімам «Н» пісаў, што лінгвістычная карта Літвы і Беларусі, выдадзеная прафесарам Развадоўскім некалькі гадоў таму ў Кракаве, паказвала, як этнічная мяжа паміж беларусамі і літоўцамі перасоўвалася з усходу на захад, г.зн. беларусы каланізавалі былыя літоўскія землі, асімілюючы літоўцаў. Пры канцы артыкула аўтар сцвярджаў, што «ў апошнія часы, аднак, мы бачым адваротны працэс. Сяляне-літоўцы, пад уздзеяннем на іх нацыянальнай агітацыі ці з-за эканамічных стасункаў, стараюцца перасунуць этнаграфічную мяжу на ўсход. ... Літоўцы, як вядома, вызначаюцца вышэйшай агульнай культурай і больш высокай сельскагаспадарчай культурай» [21]. Праз некалькі нумароў у той жа газеце артыкул невядомага аўтара пракаментаваў знаны археолаг, этнограф і грамадскі дзеяч, жыхар Лідчыны Вандалін Шукевіч: «... аўтар робіць высілкі высветліць прычыны перасоўвання этнаграфічнай мяжы паміж беларусамі і літоўцамі …» [22]але абшары, якія займаюць літоўцы ў зоне кантактаў з беларусамі вызначаюцца сваімі «пясчанымі і неўрадлівымі землямі ... адсутнасць пераваг тутэйшых літоўцаў бачна хоць бы ў тым, што некаторыя гаспадаркі, маючы нават па 100 - 150 дзесяцін зямлі, стала купляюць хлеб» [23]. Навуковец адзначыў, што калі б літоўцы пераўзыходзілі ў культурным сэнсе беларусаў, дык этнаграфічная мяжа рухалася б у адваротны бок, але гэтага няма і даследчыкі не фіксуюць «зваротнай хвалі» літоўскай асіміляцыі [24].

Каменныя магілы

З таго нешматлікага, што засталося ад старажытных часоў на Лідчыне найбольш уражваюць каменныя магілы і камні-следавікі. Месца лакалізацыі каменных магіл - Нёманска-Вілейскае міжрэчча.

Найбольш раннія каменныя магілы пачалі з'яўляцца на поўнач ад Нёмана ў канцы ХII-ХІІІ стст. (Вензаўшчына, Пузелі, Лялькі, Дварчаны) а ў ХІІІ-ХІV стст. традыцыя каменных магіл распаўсюдзілася на значнай тэрыторыі не толькі Верхняга Панямоння (як на поўнач, так і на поўдзень ад Нёмана), але і на тэрыторыі Меншчыны. У цэлым шэрагу месцаў каменныя магілы працягвалі будавацца да XVI ст. [25]

«Археалогія Беларусі» пішуць: «У ХІ ст. замест пахаванняў у каменных курганах прыходзяць каменныя грунтовыя магілы, якія з другой паловы ХІІІ ст. становяцца пануючымі ў Верхнім Панямонні і Сярэднім Пабужжы. У адрозненне ад курганоў каменныя магілы не выдзяляюцца над паверхняй. Гэта круглыя, авальныя альбо прамавугольныя ў плане збудаванні, якія трохі ўзвышаюцца над зямлёй. Асаблівасцю каменных магіл з'яўляецца наяўнасць каменнай кладкі, якую рабілі з камянёў над кожным пахаваннем у адзін - вельмі рэдка - два слаі. Памеры кладак вагаюцца ад 3,2 х 1,3 х 0,25 м да 1,9 х 1,8 х 0,2- 0,3 м. У галавах пахаванняў, а часам і насупраць у нагах ставіліся вялікія валуны, падпраўленыя пад трохвугольнікі вышынёй да 1- 1,2 м. На гэтых камянях часта выбіты крыжы і крыжападобныя знакі, выявы птушак і звяроў, прылады працы і іншыя знакі. Для каменных могільнікаў выбіралі месца на пагорках з сухім пясчаным грунтам. Колькасць пахаванняў у іх розная: ад 15- 20, да 150-200, а ў сярэднім - 60-100. Магілы размяшчаюцца няроўнымі шэрагамі ў кірунку з паўночна-ўсходняга на паўднёва-заходні альбо наадварот як напрыклад у Вензаўшчыне сучаснага Шчучынскага р-на.

Пахавальны абрад у каменных магілах - трупапалажэнне ў чатырохвугольнай яме з закругленымі кутамі і звужанай доннай часткай (даўжынёй 1,8- 2 м, шырынёй 0,5-0,8 м і глыбінёй 0,5-1,3 м). Нябожчыка абстаўлялі з усіх бакоў дошкамі, якія часам мацавалі драўлянымі цвікамі. Зрэдку хавалі без дамавін. Як правіла, памерлых хавалі на спіне ў выцягнутым стане, адзначаныя пахаванні на левым ці правым баку з'яўляюцца падзахаваннямі. Галавой шкілеты арыентаваныя на поўдзень, паўднёвы захад ці паўднёвы ўсход, поўнач, паўночны захад ці паўночны ўсход, зрэдку на захад. Вялікая разнастайнасць назіраецца і ў размяшчэнні рук: скрыжаваныя на грудзях, выцягнутыя ўздоўж тулава, складзеныя на жываце, левая рука на локці правай, правая - на левым плячы і інш. У кожнай магіле звычайна знаходзіўся адзін касцяк, але сустракаюцца два-тры і нават чатыры» [26].

Даследчыца каменных магіл археолаг А. Квяткоўская, адзначала, што яны ніколі не бываюць адзінкавамі, яны заўсёды згрупаваны і ствараюць могільнікі, якія часта месцяцца на берагах рэк, азёр, ручаёў, пры тым ніколі не знаходзілі каменныя магілы каля культавых будынкаў. Знешне магілы ніяк не пазначаны: каменныя кладкі моцна задзернаваныя, на паверхню выступаюць верхнія часткі камянёў з кладак. Пры зняцці дзёрну бачна, што каменная канструкцыя трошкі ўзвышаецца над зямлёй. Як правіла, каменныя кладкі аднаслойныя. У галавах і нагах пахаванняў калі-некалі знаходзілі вялікія камяні са слядамі штучнай апрацоўкі - счэсаныя з бакоў, пашыраныя ў ніжняй і завужаныя ў верхняй частцы. На камянях, якія знаходзілі ў галавах, зрэдку бачныя выявы крыжоў рознай формы, салярныя і іншыя знакі, каменныя бабы і стоды.

У размяшчэнні магіл назіраецца сістэма: яны цягнуцца няроўнымі радамі з паўночна-усходняга ў паўдзённа-заходнім напрамку (Вензаўшчына, Барок, Дварчаны) ці з паўдзённага захаду на паўночны ўсход (Навасёлкі Зельвенскага р-на). На некаторых могільніках больш старыя пахаванні месцяцца ў цэнтры а больш познія па краях. Было заўважана, што магілы месцяцца групамі па 2 - 5 магіл, што дазваляе меркаваць пра сямейны характары пахаванняў. У гэтых групах некаторыя магілы часта з'яўляюцца больш познімі і былі зроблены ва ўжо сфармаваным масіве. Пры гэтым магілы звычайна месцяцца не паралельна але са змяшчэннем ў той ці іншы бок - знаходзяцца пад вуглом адна да другой. Гэты «непарадак» можа тлумачыцца народным павер'ем, якое фіксуецца і зараз: «Калі хаваць памёрлых сваякоў роўнымі радамі, дык таксама роўнымі радамі паляжа і ўвесь астатні род».

Першы этап эвалюцыі каменных могільнікаў звязаны з масавым пераходам ад абраду трупаспалення да абраду трупапалажэння ў канцы X - пачатку XII ст. Тады ад курганоў пераходзяць да грунтавых безкургановых пахаванняў.

Другі этап эвалюцыі каменных магільнікаў звязаны з развіццём абраду трупапалажэння. Пахаванні гэтага перыяду заўсёды маюць розны гаспадарчы інвентар. На паверхні магілы, у галавах, сустракаюцца фрагменты керамікі.

Трэці этап эвалюцыі каменным магіл пачаўся з сярэдзіны XVI ст. - памёршых пачалі хаваць у дамавінах, у выцягнутым стане, са зложанымі рукамі і галавой на захад. Інвентар у гэткіх магілах амаль што не сустракаецца, а ў галаве магілы ставяць вялікі часаны камень да 1,2 м у вышыню, часта, камень мае выбіты крыж.

Звычай будавання каменных кладак над пахаваннямі не спыняецца да канца XVII ст. Даследаванні вясковых могілак XVII-XVIII ст. паказваюць, што, як і раней, над магіламі будавалі каменныя кладкі. У галаве ставілі часаныя камяні вышынёй 1 - 1,2 м. На гэтых камянях выбіваліся крыжы рознай формы, выявы прыладаў працы, выявы птушак, звяроў і іншыя знакі [27].

Гістарычная Лідчына багатая на каменныя магілы, вывучэнне іх пачалося ў канцы ХІХ ст. раскопкамі В. Шукевіча і Э. Вальтэра. Гэтыя даследчыкі ў межах былога Лідскага павета даследавалі больш за 400 магіл.


Два пахаванні з каменнымі магіламі маюцца каля вёскі Вензаўшчына (сучасны Шчучынскі р-н). Адно за 0,1 км на захад на пад'ездзе да вёскі (XIII-XIV стст.), другое (X-XV стст.) за 80 м на паўднёвы захад ад вёскі на прыгожым узгорку (вераемна пра гэты ўзгорак пішуць Л. Дучыц і У. Лобач ў энцыклапедычным слоўніку-даведніку «Беларуская міфалогія» што ён мае назву «Перунова гара»). У 1-м могільніку адзначаны пахаванні трупапалажэннем у ямах галавой на захад, і амаль кожны нябожчык абкладзены дошкамі. У 2-м могільніку (на пагорку) хавалі ўжо галавой на поўдзень і на паўднёвы захад (тут ёсць і трупаспаленне, і пахаванне ў дамавінах, таксама сустракаюцца больш познія пахаванні на месцы ранейшых).

У канцы 1889 г. Э. А. Вальтэр зрабіў у Вензаўшчыне раскопкі 19 старажытных магіл. Дырэктар Віленскага музея старажытнасцей археолаг Ф. В. Пакроўскі адзначаў, што тут: «…быў знойдзены арыгінальны спосаб пахавання, таму што над касцякамі і над пластом пяску сустракаюцца надмагільныя вогнішчы і вуглі. У гэтых магілах знойдзены наступныя прадметы: бронзавы ключ з рэшткамі раменьчыка для нашэння гэтага ўпрыгожання на грудзях; розныя галаўныя ўборы, якія складаюцца з бронзавых пласцінак; 2 нараменнікі (рамена - плячо, заўвага Л. Л.); 2 бранзалеты; да 10 масіўных бронзавых пярсцёнкаў; адзін крыжык, які насілі разам са шклянымі каралямі, званочкамі і шамкамі; жалезныя ножыкі; паясныя кольцы; спражкі; адну сякеру і адну дзіду; срэбныя шарыкі на бронзавым дроце, якія служылі вушнымі ўпрыгожваннямі» [28]. У адной з магіл быў знойдзены павалены гаршчок і сасуд каля галавы нябожчыка, у іншай - міса, у могільніку на пагорку - грошы ВКЛ [29].

Пагорак каля Вензаўшчыны, увесь усеяны каменнымі магіламі, пакінуў у мяне моцнае ўражанне і запомніўся назаўжды. Да таго ж, прыехаўшы ў Вензаўшчыну, удалося ўдакладніць месца, дзе раней знаходзіўся Глушнянскі базыльянскі кляштар. Бо Вандалін Шукевіч пісаў, што каменныя магілы тут знаходзяцца ва ўрочышчы Ганчары каля вёскі Глушні і недалёка ад ўрочышча Манастыршчына і Царкоўшчына, прычым базыльянскі кляштар знаходзіўся ва ўрочышчы Манастыршчына, а царква (верагодна пры кляштары) - ва ўрочышчы Царкоўшчына. Людзі расказвалі, што ў гэтых урочышчах, проста ў лесе, былі старыя хрысціянскія магілы з помнікамі. Можа, гэта былі старыя манастырскія могілкі?

Жыхары вёскі казалі, што нейкія людзі ўвесь час капаюць тут каменныя магілы. Варвары паўсюдна знішчаюць тое малое, што яшчэ засталося ў нас з нашай гісторыі.


Паблізу м. Нача, на палях ваколіцы Пузелі знаходзяцца старадаўнія могілкі, якія ў 1885 г. даследаваў Вандалін Шукевіч сумесна з Эдуардам Вальтэрам (зараз гэта вёска Пузелі, каменныя магілы за 0,7 км на поўдзень ад вёскі). Яны раскапалі 8 магіл, прычым пры мужчынскіх касцяках былі сякеры і крэсалы, а пры жаночых - разнастайныя бронзавыя ўпрыгожанні, акрамя звычайных пярсцёнкаў і завушніц былі бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі і шкляныя пацеркі рознай велічыні. У Пузельскіх магілах былі знойдзены арыгінальныя бронзавыя ключы-падвескі і два літоўскія дынары. Усе пахаванні мелі сцены выкладзеныя камянямі ад дна да верху. Зверху магілу пакрывалі каменныя муроўкі авальнай формы з вялікімі камянямі ў галавах [30].

Теадор Нарбут таксама згадвае аб раскопках у яго прысутнасці адной каменнай магілы ў Начы, тут былі знойдзены адна цэлая каменная сякера і два абломкі сякеры [31].


Не даязджаючы да вёскі Пашкавічы з боку Ліды (Воранаўскі р-н, 0,3 км на поўдзень ад вёскі) у лесе пры дарозе ёсць каменны магільнік XIII-XV стст. Некалькі разоў я спыняўся тут і чытаў сваім спадарожнікам кароткую лекцыю па археалогіі.

Ёсць каменныя магілы і каля вёскі Беліца. У 1981 г. тут было выяўлена пахаванне мужчыны з часткамі каня, якія размяшчаліся зверху, над магілай. Археолаг Ала Квяткоўская лічыць, што гэтае пахаванне засталося ад прусаў (борцей), якія былі вымушаны ўцякаць на нашы землі ад Тэўтонскага ордэна [32].


Каля вёскі Апонаўцы (Воранаўскі р-н, 0,5 км на поўнач ад вёскі) ёсць магільнік XIII - пачатку XV ст. Археолаг XIX ст. Ф. Пакроўскі пісаў, што гэтыя магілы вядомыя ў народзе пад назовам «татарскія могілкі» [33]. Яны маюць выгляд невялікіх насыпаў, выкладзеных з камянёў авальнай ці круглай формы. У магіл авальнай формы амаль заўсёды ў адным або ў абодвух канцах стаяць вялікія, абчэсаныя валуны, што, здаецца, і было нагодай назваць гэтыя магілы «татарскімі». На ўсіх падобных могілках назіраецца аднолькавы абрад пахавання. Нябожчыкаў клалі на дне ямы 0,8-1,2 м глыбінёй, без усялякай падсцілкі, галавой на захад, тварам уверх, з рукамі, скрыжаванымі на грудзях, на жываце, ці выцягнутымі ўздоўж сцёгнаў. Каля нябожчыка звычайна пакідалі ўсё тое, што насілася ці ўжывалася ім пры жыцці. Магілы жанчын маюць шмат усякага роду ўпрыгожванняў з бронзы, з нейкага белага металу (так у Пакроўскага - Л. Л.) ці з срэбра. У ліпені 1889 г. Э. А. Вальтэр каля вёскі Апонаўцы раскапаў 21 магілу і знайшоў розныя ўпрыгожванні з бронзы (крыжык, розныя завушніцы, бляшкі і г. д.) і прадметы з жалеза (спражкі, 1 сякеру і г. д.). Пры касцяках былі: 1) абломак пражскага гроша XIII ст., 2) дынары Аляксандра Ягелончыка, 3) дынары з славянскім надпісам «печать» на адным баку, і з малюнкам - дзідай з крыжам на другім. Манеты гэтыя знаходзіліся разам з красалам і крэменем і ляжалі па правы бок ад галавы нябожчыка.


Па пытанні этнічнай прыналежнасці насельніцтва, якое пакінула каменныя могільнікі, існуюць два пункты гледжання. Напрыклад, Шукевіч, Вальтэр і Квяткоўская лічылі іх помнікамі яцвягаў, а А. Спіцын, В. Сядоў, Ф. Гурэвіч - помнікамі нашчадкаў таксама яцвягаў, але ўжо славянізаваных [34].

На гістарычнай Лідчыне захавалася яшчэ каля дзесятка могілак з каменнымі магіламі, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Памятныя камяні Лідчыны

Лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч у 1930-х гг. паведамляў, што ў Няцечы (за 7 км на ўсход ад Ліды) па левым баку дарогі з Ліды на Ліпнішкі, у невялікай упадзіне (так званай «Кудры») ляжаў камень. Людзі расказвалі, што яго ў Дуброўню здалёк нёс д'ябал, каб забіць біскупа, які там жыў, але пасля поўначы на Дакудаўскім балоце пачуў спевы пеўня, страціў сілу, і камень выпаў з яго кіпцюроў. На камені было зроблена некалькі вялікіх веерападобных драпінаў, якія ўважалі за след кіпцюроў д'ябла. «Не магу сказаць, ці гэта арыгінальнае паданне, ці паўстала пад уплывам легенды "Камень у Альгінях" Ігната Ходзькі. Пад гэтым каменем аматары неаднаразова шукалі скарб - французскай касы з 1812 г. Пасля парцэляцый і камацый [35] зямлі маёнтка Косаўшчына месца, на якім быў гэты камень, патрапіла ў рукі хцівага на грошы гаспадара, і ён разбіў і прадаў камень на будаўнічыя матэрыялы яшчэ перад 1915 г.» [36] Менавіта пра гэты камень, падаючы фізічна-геаграфічнае апісанне літоўскай зямлі, пісаў Тэадор Нарбут: «За Лідай, на тэрыторыі Дубровенскага староства, ёсць велічэзная глыба граніту, да 400 кубічных футаў» [37].

Таксама Шымялевіч паведаміў, што ў самой Лідзе, на Зарэччы (зараз вуліца Калініна) на пляцы Ступновічаў ляжала вялікая глыба старога граніту даўжынёй 4 м, шырынёй 2 м і вышынёй 1,5 м. На паверхні, якую было бачна з зямлі, былі два круглыя паглыбленні з гладкім дном - адно дыяметрам 20 см, а другое 25 см, глыбінёй каля 2 см. У 1892 г. майстар па вырабе надмагілляў Баляслаў Хруль разбіў гэтую глыбу на часткі і з адной з іх у сваёй майстэрні вычасаў вялікі помнік у выглядзе дуба. Гэтае арыгінальнае надмагілле з адпаведным надпісам было пастаўлена на магіле ксяндза Казіміра Гейдройця ў Забалаці. Ніякіх паданняў пра гэты камень не захавалася [38].


У Дайнаве раней быў вядомы сакральны камень «кабыла», на якім, па паданні, у часы Дайнаўскага княства, каралі злачынцаў, камень не захаваўся да нашага часу.

Недалёка ад гэтага сакральнага каменя «кабылы» да нашага часу ляжыць камень-сваяк. Прыйшлося патраціць шмат часу на пошукі «сваяка», бо я шукаў яго на вялікай забалочанай тэрыторыі (каля 2 км2). Камень знайшоўся за 0,5 км ад вёскі Дайнава-1 па дарозе да вёскі Бельскія, за 150 м на поўнач ад дарогі. Ад яго да таго месца, дзе раней ляжаў славуты камень «кабыла», каля 1 км напрасткі.

Гэта валун даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на паверхні валуна маецца 13 выразных лунак і шмат меркаваных (усяго, магчыма больш за 50). Дыяметр лунак 5-7 см і глыбіня 1-3 см [39]. Дайнаўскі валун адносіцца да класу ямкавых камянёў, г. зн. тых, на паверхні якіх маюцца адносна невялікія ямкі паўсферычнай формы. Дайнаўскі камень-следавік робіць моцнае ўражанне. Лункі на камені добра выяўляюцца вокам, але пад пякучым сонцам лета на маіх здымках іх не бачна, таму зрабіць здымак, лепшы за здымак гісторыка Эдварда Зайкоўскага не ўдалося [40]. Вераемна, Зайкоўскі рабіў штучную падсветку, каб выявіць рэльеф каменя.

Існуе меркаванне, што групы лунак на паверхні валуноў з'яўляюцца старажытнымі выявамі зорнага неба. Валуны гэтага тыпу знаходзяцца пераважна на паўночным-захадзе Беларусі. Гэта добра суадносіцца з арэалам археалагічнай культуры Панёманскай шнуравой керамікі (мясцовы варыянт балцкай культуры) таму верагодна такія камяні - «зорныя мапы», былі створаны прадстаўнікамі гэтай культуры. Калі гэта так, дык можна меркаваць, што лункі былі выбіты ў перыяд паміж 2000 - 1500 гг. да н.э.

Падобныя камяні на Лідчыне гэта:

- «Вялікі» камень у в. Васілішкі, 2 лункі.

- «Пярун» - камень у в. Таўкіне (Воранаўскі р-н), 4 лункі.

- «Вялікі» камень у в. Рэмзы (Воранаўскі р-н), 6 лунак.

- «Вялікі» камень у в. Зарэчча (Шчучынскі р-н), 33 лункі.

- «Вялікі» камень у в. Зеняўцы (Шчучынскі р-н), 35 лунак.

У суседнім Іўеўскім р-не такія камяні ёсць у в. Доўнары і ў в. Урцішкі, абодва камяні маюць больш за 50 лунак на паверхні [41].


Наступная катэгорыя валуноў са слядамі штучнай апрацоўкі - тыя, якія маюць на паверхні адшліфаваныя круглыя талеркападобныя паглыбленні.

Міхал Шымялевіч пісаў на пачатку XX ст.: «…блізка ад ваколіцы Бенкявічы, на ўскрайку лесу, ляжыць камень з трыма плоскімі, круглымі паглыбленнямі, кожнае па 4 вяршкі ў дыяметры, які ўяўляў собою відавочна ў часы паганства алтар, прысвечаны богу дарог Кела - Дэвас» [42]. Праз 20 год вялікі лідскі гісторык яшчэ раз напісаў пра гэты камень: «Бенькавічы, ваколіца ў Жырмунскай гміне за 12 км на паўночны захад ад Ліды. На перакрыжаванні вясковых дарог з вёскі Наркуны да вёскі Рэксці і ад фальварка Бычкоўшчына да Аполіна, ляжыць, амаль што цалкам у зямлі глыба старога граніту. 30 гадоў таму, калі мне яе паказаў тутэйшы шляхціц, с.п. Пётр Бянкевіч, камень гэты быў цэлы. У 1934 г. знайшоў каля каменя выкапаны дол і трэцяя частка яго аказалася адбітая кімсьці з тутэйшых хцівых варвараў. На бачнай з зямлі паверхні каменя маюцца тры круглыя паглыбленні дыяметрам 20 см і глыбінёй 2 см. Згодна з легендай, калісьці на гэтым камені абедаў кароль. Раней камень меў назву, але назва не захавалася» [43].

Знайсці гэты камень летам 2010 г. я не змог і таму, верагодна, сёння ён не існуе. Такія ж камяні ёсць у Воранаўскім раёне каля вёсак Падзітва і Друскінікі і паміж вёскамі Палашкі і Каргаўды. Падобны ж валун ляжыць каля Эйшышкаў у сучаснай Літве.

Міхал Шымялевіч пісаў пра два вялікія камяні пры гасцінцы з Крупава на Жырмуны, якія ён бачыў перад Першай сусветнай вайной. Камяні мелі значныя, але не надта глыбокія, круглыя паглыбленні. У 1930-я гг. калі будавалася шаша Вільня - Ліда гэтыя камяні разбіты на жвір [44].

За вёскай Мыто ёсць вельмі цікавы валун, які мае на сваёй паверхні даволі вялікае паглыбленне ў выглядзе чашы. Мясцовыя людзі расказваюць, што ў выемцы гэтага незвычайнага каменя заўсёды стаіць вада, нават у самую спёку яна не высыхае, і вада гэтая гаючая - лечыць бародаўкі і «канапушкі». Колькі людзі сябе памятаюць, яны хадзілі да гэтага каменя лекавацца і па-сёння водзяць туды дзетак. У 1988 ці 1989 гг. моладзь з менскай «Талакі» была тут у вандроўцы і імі былі запісаны расказы мясцовых людзей пра гэты камень. Называюць яго «Чара Багародзіцы», і адна бабуля распавяла наступную легенду: «Было вельмі сухое лета, выгаралі палі... Студні ў вёсцы пачалі сохнуць, і ў іх ужо амаль не было вады. Дзяўчына пайшла ў лес, дзе калісьці была крыніца. Але на тым месцы, дзе па паданні была крыніца, ляжаў вялікі камень... Дзяўчына была знясіленая ад смагі і, упаўшы на зямлю, пачала маліцца да Маці Божай, каб тая дапамагла не толькі ёй, але і ўсім вяскоўцам. Малітва была такая шчырая і чыстая, што Багародзіца падаравала дзяўчыне адмысловую чару з вадой, якая цудатворна з'явілася на камені. Усё лета вяскоўцы бралі з яе ваду і гэтым выратаваліся ад смяротнай спякоты». На паўночным баку каменя быў высечаны крыж, аднак яго счасалі па загадзе мясцовага (калгаснага?) партсакратара на пачатку 1960-х гг.

Падобны камень раней ляжаў каля вёскі Абманічы. Міхал Шымялевіч занатаваў: «Гоманічы ці Абманічы ці Гутна, вёска за 4 км на паўночны ўсход ад Ліды. Пры дарозе з Ліды на Брындзяняты, у дзяржаўным лесе ляжыць каменная глыба 2,5 м даўжынёй і 1,5 метра шырынёй з натуральным паглыбленнем на некалькі літраў вады наверсе, якая пасля дажджу тут звыкла знаходзіцца. Камень мае назву "Гоманава чарка" і "Чортавая чарка". Паданне расказвае, што ў гэтай мясцовасці жыў калісьці селянін Гоман, бедны п'яніца. Не маючы за што купіць гарэлкі, спаткаў на Абманіцкай грэблі д'ябла і прадаў яму сваю душу за цудоўную чарку, з якой гарэлка ніколі не ўбывала. Д'ябал тую чарку ў выглядзе вялікага каменя, відочна, прынёс Гоману, і яна была настолькі вялікай, што бедны п'яніца, насёрбаўшыся з яе гарэлкі, адразу памёр. І ёсць адзін дзень у год, калі ў гэтай цудоўнай чарцы знаходзіцца не вада, а сапраўдная гарэлка, але гэты дзень ніхто не змог дапільнаваць, бо заўжды знаходзілася нейкая перашкода» [45].

Ёсць наступная інфармацыя пра другі камень, які знаходзіцца над берагам ракі Вярсокі, якая ўпадае ў раку Мерач, паміж вёскамі Юршышкі, Друскенікі, Зубішкі і Вяжанцы (Вяжанцы - вёска за 10 км на паўночны захад ад мястэчка Эйшышкі). Гэта глыба дробна-зярністага граніту. Верхняя частка каменя плоская, не роўная. На ёй маюцца два круглыя паглыбленні (місы), старанна выбітыя і адшліфаваныя. З тых місак - як кажа паданне - падчас палявання на берагах Вярсокі хацеў пад'есці нейкі кароль. Гэтага каменя я асабіста не бачыў. Месцазнаходжанне яго не акрэслена [46].


Досыць рэдкай разнавіднасцю сакральных валуноў з'яўляюцца «камяні кахання» ці «камяні нявест» - у Больценіках Воранаўскага і ў Новым Двары Шчучынскага р-наў. Валун каля в. Больценікі легенда звязвае з Адамам Міцкевічам і Марыляй Верашчакай. Згодна са звесткамі мясцовых жыхароў, раней існавала традыцыя прыводзіць нявест да такога каменя, і таму да нашага часу жартуюць: «Ці, звадзіў ты ўжо сваю жонку да каменя?» Магчыма, «камяні кахання» ўшаноўваюцца з глыбокай старажытнасці і маюць адносіны да культу пладавітасці [47].


Наступны клас камянёў - валуны-пярэваратні, па легендах яны раней былі жывымі істотамі. Вандалін Шукевіч пісаў пра крыху абчэсаны гранітны валун, пастаўлены вертыкальна паблізу вёскі Казлы і Таболічы (Воранаўскі р-н, каля Забалаці): «Адзін з іх стаіць паблізу ад вёсак Казлы і Таболічы Забалацкай гміны ў Лідскім павеце, уздымаецца над паверхняю на 1,35 м. Ёсць гэта ледзь ачэсаны камень у форме нерэгулярнай піраміды, каля каменя, паверхня зямлі забрукавана дробнымі каменьчыкамі. Другі такога кшталту і такога ж памеру камень ляжыць каля першага. Народнае паданне кажа, што "нарачоных ператварылі ў камяні ўгневаныя бацькі, бо маладыя хацелі ажаніцца насуперак іх волі"» [48].

На паўночны захад ад Зблян, на адлегласці адной вярсты, каля дарогі на Парэчча, у канцы ХІХ cт. стаялі тры камяні рознай велічыні на адлегласці ў аршын адзін ад другога. Першы падымаўся над паверхняй зямлі на 1,5 аршына, другі - на 0,75. Трэці камень, верхняя частка якога, верагодна, была адбітая, ледзь выходзіў з зямлі. Усходні бок кожнага каменя - плоскі, і на ім высечаны васьміканцовы крыж. Пра паходжанне камянёў існуе народная легенда: тут сустрэліся два вяселлі, адно ехала ў царкву, а другое ўжо вярталася. За тое што вяселле, якое ўжо атрымала дабраславенне, саступіла дарогу вяселлю, якое яшчэ не паспела яго атрымаць, маладыя і фурман былі ператвораныя ў камень, а конь - у грушу (да 1884 г. каля камянёў расла груша). Па іншым паданні, у камяні былі ператвораныя маладыя, за тое, што ў нечым правініліся перад маці і былі ёю праклятыя [49].

Міхал Шымялевіч пісаў, што «40 гадоў таму (пры канцы XIX ст. - Л. Л.) чуў апавяданне, што пры дарозе з Гародна да Палецкішак [50] знаходзілася група камянёў, падобна, груба абчасаных, якія былі падобныя на сапраўднае вяселле. На некаторых камянях былі значны косы, чым і адрозніваліся каменныя кабеты. Паданне расказвала, што гэтае вяселле было кімсьці заклята і ператварылася ў камяні. Ніколі не меў магчымасці даведацца, ці існуе яшчэ гэтая група і дзе дакладна яна знаходзіцца» [51].

За 0,5 км на захад ад фальварка Бароўка, у лесе маёнтка Заполле, каля дарогі з Ліды да маёнтка Востраў знаходзілася «Яма кума» - натуральны дол дыяметрам у некалькі метраў. На дне гэтага дола ляжаць тры камяні: першы - 2 х 1 м і каля яго другі - 1,5 х 1 м, а паміж імі трэці - 0,75 х 0,5 м. Ніякіх знакаў ці слядоў апрацоўкі на гэтых камянях няма. Камяні амаль што цалкам у зямлі. Людзі казалі, што кум з кумой везлі дзіця да хросту і тут, у гэтай яме, паміж імі «нешта адбылося», у выніку чаго, з-за неасцярожнасці яны задушылі дзіця, а пан Бог іх за гэта пакараў - усіх ператварыў у камяні. У цёмную восеньскую ноч і зараз можна чуць, як кумы тут цалуюцца, а дзіця плача [52].


Да самай вялікай катэгорыі сакральных камянёў належаць камяні-следавікі. Вераемна, першапачаткова паглыбленні на іх былі прысвечаны старажытнай Вялікай багіні ці яе мужчынскаму адпаведніку, а пасля прыняцця хрысціянства ўяўленні пра камяні змяніліся. Следавікі вядомыя амаль ва ўсім свеце і паводле Герадота (V ст. да н.э.), выява ступні Геракла была на скале каля берага Днястра, і ёй пакланялася мясцовае насельніцтва [53].

Камень-следавік у в. Мэйры Лідскага р-на, знаходзіўся пад абаронай дзяржавы, ляжаў за 0,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі.

Міхал Шымялевіч падаў такія звесткі пра гэты камень-следавік: «Вёска Мэйры складаецца з двух частак - усходняй, якая называецца Мілевічамі і заходняй, вядомай пад назвай Мэйры. Камень, пра які ідзе размова, ляжыць за 0,25 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Мілевічы і за некалькі дзесяткаў метраў на поўдзень ад гасцінца Мыто - Паперня, на невялікім пагорку, які парос рэдкімі соснамі. Згодна са зробленым перадзелам зямлі гэтае месца знаходзіцца на зямлі Мацея Чыжыка. Даўгаваты стары камень няправільнай формы, памерам 70 х 50 х 40 см не мае ніякіх слядоў апрацоўкі, бачны на ім толькі два, а можа, тры выдзеўбаныя крыжыкі. Пры канцы каменя, на яго нахільнай паверхні знаходзіцца выразнае, як быццам натуральнае паглыбленне, якое мае падабенства са следам глыбока ўціснутай ступні 12-ці гадовай дзяўчыны, даўжынёй 16 см, шырынёй 5- 6 см і глыбінёй да 3 см. Магчыма, калісьці камень парушылі з месца, бо след ступні знаходзіцца на бакавой паверхні, і вада ў ім утрымлівацца не можа. 10 траўня 1936 г. купка дзяцей, якія бавіліся на вуліцы вёскі, у адказ на маю просьбу паказаць камень са следам Маці Божай з задавальненнем правялі мяне на месца. Тут я убачыў, што зямля каля каменя чыста падмецена і пасыпана белым пяском, а сам камень атачоны вялікім вянком з дзеразы і ўплеценымі кветкамі палыну. На маё пытанне дзеці адказалі, што камень гэты абмятаюць і ўпрыгожваюць кветкамі вясковыя дзяўчаты. А паважнае стаўленне да каменя ў вясковага люду, па словах Нарбута, мае ўжо не адно стагоддзе і захавалася да нашага часу» [54].

У чэрвені 2010 г. у мяне адбылася такая размова з чатырма мясцовымі вельмі пажылым людзьмі ў в. Мэйры. Я запытаўся ў першага дзеда на «паўднёвым ўсходзе вёскі»:

- А дзе ў вас тут камень знаходзіцца, са следам нагі, такі...?

- Дык няма яго, даўно ўжо няма.

- Не можа быць, а дзе ж ён знаходзіцца?

- Там, вось тамака ляжаў, на горцы... і праехаць на аўтамабілі можна прама да яго...

Еду на ўзгорак, нічога не знаходжу, вяртаюся, сустракаю гэтага ж дзеда і трох бабулек з ім, пытаюся:

- Дык дзе ж камень?

- Ужо гадоў з 10 як звезлі яго, і ты не першы, хто за гэтыя гады яго шукае.

- А хто ж яго прыбраў? Калгас?

- Не, не калгас, у калгасе ўсе ж тутэйшыя, разумеюць...

- Дык хто ж?

- Дык гадоў ужо з 10, нейкія маладзёны з горада прыехалі, пагрузілі ў машыну і павезлі...

- А што за машына? Як яны выглядалі?

- Не памятаем ужо ніякіх падрабязнасцей, даўно гэта ўжо было.

- Як выглядаў камень, што пра яго памятаеце?

- Камень такі вось быў (малюе на зямлі авал з вялікай воссю каля 50 см), яго не цяжка было пагрузіць... Памятаю, мы яшчэ малыя былі, калі дарослыя ў касцёл хадзілі, мы, дзеці, каля гэтага каменя маліліся. Там быў след нагі Божай Маці і выява Ружанца... я яшчэ, малой была, мая ножка якраз у той след на камені патрапляла... Ружанец на камені - гэта такія паглыбленні па крузе..., і нават там, дзе крыж павінен быць, там таксама адмысловая ямка была...

Прывяду згадкі пра гэты камень у гістарычнай літаратуры.

Тэадор Нарбут у дадатках да Т. VIII. «Гісторыі …» надрукаваў тэкст «Пра басьму» [55], у якім піша, што «басьма часцей мае выгляд ступні чалавека». Аўтар артыкула апавядае далей, як вывучаючы значэнне басьмы, прыйшоў да разумення, як ён мяркуе, іншай загадкі: «Гэтае назіранне прывяло мяне да тлумачэння знакаў чалавечай ступні, выбітых на камянях, якія ёсць у паветах ... : Гарадзенскім, Лідскім і Ашмянскім. Два такія камяні, знаходзяцца ў добра вядомых месцах. Адзін у Лідскім павеце, Ваверскай парафіі, у маёнтку Юзафа Шышкі, каля вёскі Мэйры: ступня на камені там выразная і дакладна выбітая. Сяляне ўважаюць яе за ступню Маці Божай і прызвычаіліся да яе ўшанавання. Другі камень у павеце Ашмянскім, каля дарогі з Трабаў да Гальшанаў, каля карчмы. Называецца той камень "След чорта", такую ж назву мае і карчма. ... Пра камень у Гарадзенскім павеце кажуць, што ён ляжыць над ракой Котрай, на левым беразе, недалёка ад Берштаў». Нарбут лічыў, што «манголы распаўсюдзілі над Славяншчынай Рускай сваё панаванне, якое як раз даходзіла да таго месца, дзе ляжаў той камень з адбіткам ступні, яны клалі на іх свае знакі - выявы Басмы» [56].

У іншай сваёй працы Нарбут дадаў: «Дажджавая вада, якая збіраецца ў тыя паглыбленні, лічыцца гаючай для вачэй» [57].

Яшчэ некалькі цытатаў пра Мэйрскі камень:

Адам Кіркор: «У двары Юзафова, у полі, пры в. Мэйры Лідскага павета на ... камені відаць адбітак чалавечае нагі» [58], і «Пры вёсцы Мэйры Мытлянскай воласці, ёсць вялікі камень з выявай на ім чалавечай ступні, як бы адбітай на мяккім воску. Мясцовыя жыхары лічаць адбітак следам Маці Божай» [59].

Людміла Дучыц і Эдуард Зайкоўскі: «Каля в. Мэйры Лідскага раёна знаходзіцца валун, апісаны яшчэ ў XIX ст. На валуне ёсць паглыбленне. вельмі падобнае на след чалавечай нагі (прытым не з пляскатай, а з "пад'ёмістай" ступнёй). Паглыбленне называюць "След Маткі Боскай". Побач з ім - падабенства меншага следу. Яшчэ адзін камень са "Следам Маткі Боскай" раней ляжаў і каля в. Дылева» [60].

Ад каменя застаўся толькі фотаздымак Э. Зайкоўскага [61].


Камень-следавік быў у в. Красулі (Шчучынскі р-н, камень знаходзіцца пад абаронай дзяржавы). Следавік ляжаў за заходняй ваколіцай вёскі. У ліпені 2010 г. жыхары вёскі расказалі, што добра яго памятаюць, але ўжо гадоў з 20 каменя няма. Людзі расказалі, што камень быў вялікі, меў памеры, прыкладна 120х80 см, быў цалкам урослы ў зямлю, і меў на сабе два адбіткі, адзін, вялікі лічыўся следам дарослага і быў прыкладна мужчынскага 41-42 памеру (расказаў мужчына, які сам ставіў сваю нагу на след) і другі - меншага памеру, лічыўся следам дзіцяці.


На царкоўным двары ў в. Бабры (Лідскага р-на) на поўнач ад храма знаходзіцца камень-следавік вышынёю 0,5 м. з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовавых паданнях гэта «След Маці Божай». Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 20-х гадах нашага стагоддзя следавік быў прывезены да храма і асвечаны праваслаўным святаром. Камень быў знойдзены ў 1999 г. Л. Лаўрэшам і У. Круцікавым і ўпершыню апісаны ў «Лiдскiм летапiсцы» № 9 за 1999 г. У 2009 г. ён, агароджаны невялікім плотам, ляжаў на цвінтары пры Баброўскай царкве.


Усяго на тэрыторыі сучаснай Гарадзенскай вобласці вядома больш 15 камянёў-следавікоў.

Міхал Шымялевіч высунуў вельмі цікавае тлумачэнне назве «камень-следавік», ён пісаў: «Па старажытнай юрыдычна-земляробчай тэрміналогіі адзінкі зямлі называліся слядамі. Тэрмін "след" спатыкаем і на нашых тэрыторыях у другой палове XV ст.: "Гладку в Радуни Кровопустов след" (Літ. Метр., кн. ІІІ, запіс., С. 72.), каля 1524 г. у Астрынскім павеце - два сляды наданы Шымку Мацкавічу (М. Любавский. Област. дел., С. 451.) і г. д. Маю дакументы - прывілеі Яна з княжатаў літоўскіх, біскупа віленскага, 1538 г. і позву 1743 г. Гэтыя дакументы сведчаць, што старажытныя касцёлы ў Вялікай Ваверцы ці Студзянцы, а таксама ў Дылеве ці Малой Ваверцы ад паловы XV ст. мелі шматлікія наданні землямі і людзьмі, якія ў 1571 г. перайшлі разам з касцёламі да вызнання евангеліцка-рэфарматарскага, а потым былі толькі часткова вернуты, пасля вяртання ў рыма-каталіцкае вызнанне, праз шматлікія і шматгадовыя судовыя працэсы. У выніку праведзенай пры канцы XVI ст. валочнай рэформы, паўсталі ў гэтай мясцовасці новыя вёскі, а старажытныя назвы зямельных надзелаў зніклі і зараз немагчыма ўжо зразумець, якія землі мелі касцёлы і як тая зямля называлася. Адважуся прапанаваць ідэю, што пэўныя землі, якія належалі да пэўнага касцёла, ці нават да алтара Маці Божай, маглі мець назву "След Маці Божай", а камень з паглыбленнем, падобным на след, патрапіў сюды выпадкова ці наадварот адмыслова быў тут пакладзены ў якасці доказу не толькі юрыдычнага, а і маральнага, што гэтая зямля ёсць уласнасцю не "ерэтыкоў кальвіністаў", а Маці Божай» [62].

Думаю, пакуль зніклі не ўсе нашы памятныя камяні, каб захаваць іх для нашчадкаў, самы час зрабіць недзе ў адным месцы музей камянёў.

Яцвягі і Лідская Дайнава

Пераважнай большасцю даследчыкаў яцвягі трактаваліся як балцкае племя, якое выразна адрознівалася ад суседзяў, мела сваю тэрыторыю, мову, культуру і г. д. Некалькі пакаленняў гісторыкаў прыкладала высілкі для апісання мовы, тэрыторыі і культуры яцвягаў. Каб спрыяць гэтаму, у 1959 г. на Беласточчыне нават была створана адмысловая Комплексная яцвяжская экспедыцыя, у якой працавалі даследчыкі розных спецыяльнасцяў з Польшчы, Швецыі і СССР. Аднак вялікіх вынікаў экспедыцыя не дала.

Тэма яцвягаў надзвычай складаная. Бібліяграфія па гэтай праблеме налічвае некалькі тысяч кніг і артыкулаў (напрыклад, вядомая бібліяграфія Ядвігі Матэльскай і Ёланты Пахадовіч-Май пералічвае каля 900 пазіцый за 30 год, з 1945 па 1975 гг. [63]). Таму толькі пераказу версій і тэорый можна прысвяціць вялікую кнігу. Каб мець нейкае сур'ёзнае сваё меркаванне па гэтай тэме, трэба прысвяціць вывучэнню праблемы яцвягаў усё жыццё, і таму я толькі коратка перакажу асноўнае.

Яцвягі - група плямён, якія існавалі ў I - пачатку II тысячагоддзя н. э. У нас яны былі больш вядомыя як яцвягі, у немцаў - як судавы (судзіны), у летувісаў - як дайнава. Выказваюцца думкі, што племянны саюз яцвягаў складаўся з чатырох плямён: судзінаў, дайнавы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. Іх асноўныя археалагічныя помнікі - каменныя курганы, на змену якім прыйшлі каменныя магілы.

Летапісы ўпамінаюць яцвягаў з X ст., але не акрэсліваюць дакладна тэрыторыю іх рассялення. Іпацьеўскі летапіс ўказвае, што жылі яны ў міжрэччы Нёмана і Нарава. Пасля доўгіх дыскусій, навукоўцы прыйшлі да высновы, што арэал рассялення яцвягаў ахопліваў вельмі шырокую тэрыторыю: паўночна-ўсходнія раёны сучаснай Польшчы, землі беларускага Панямоння і часткі берасцейскага Пабужжа, поўдзень сучаснай Літвы і літоўскае Занямонне. Агульнага меркавання пра лакалізацыю плямён дайнавы ці яцвягаў няма. Можна прыгадаць Г. Лаўмянскага, які на падставе лакалізацыі тапонімаў граматы Міндоўга 1259 г. зрабіў выснову пра тое, што Дайнаўская зямля знаходзілася паміж Мазурскімі азёрамі і р. Бебжа ці М. П. Барсава, які лічыў, што яна знаходзілася ў міжрэччы Верхняга Нёмана і Віліі [64].

Самыя новыя высновы пра яцвягаў зрабіў Аляксей Кібінь з кафедры славянскаіх і балканскіх краін гістарычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта. Ён высунуў канцэпцыю, згодна з якой яцвягамі называліся змяшаныя па складзе ваенна-гандлёвыя групоўкі, якія дзейнічалі ў другой палове X ст. у Верхнім Панямонні, Паўночным Палессі і, магчыма, у частцы басейна Заходняга Буга. Гэтыя групоўкі займаліся вайной, промысламі і карабляходствам па рэках. У этнічным сэнсе яцвягі не былі аднастайныя: акрамя балцкага насельніцтва (як мясцовага, так і прышлага з балтыйскага ўзбярэжжа), у іх склад уваходзілі асобныя славянамоўныя папуляцыі. Але ядром гэтай ваенна-гаспадарчай супольнасці хутчэй за ўсё былі варагі, якія і надалі гэтаму этнічнаму кангламерату сацыяльныя функцыі [65].

У другой палове X ст. у Верхнім Панямонні засноўваюцца новыя гарадзішчы - Індура на Свіслачы, Кульбачына ў Шчучынскім раёне (пра Кульбачына - далей), а таксама Муравельнік каля Ваўкавыска. Культура двух апошніх умацаваных паселішч выявіла выразныя скандынаўскія ўплывы. Менавіта сувязь знаходак з паўночнай вайскова-дружыннай культурай у сукупнасці з керамікай дазволілі датаваць гэтыя помнікі канцом X-першай паловай XI ст. Кібінь лічыць, што ваўкавыскае слова «яцвезь» указвае на карабляходства як адзін з галоўных заняткаў яцвягаў.

Беларускі гісторык Генадзь Семянчук у рэцэнзіі на кнігу Кібіня адзначыў: «У дадзеным выпадку мы маем справу ў пэўным сэнсе з сацыяльным тэрмінам, які абазначаў род заняткаў: яцвяжская дружынная культура не шмат чым адрознівалася ад культуры варагаў Русі. Разам з тым узнікненне асобнай назвы для гэтай групы сведчыць аб неабходнасці асаблівай самаідэнтыфікацыі для яе прадстаўнікоў, якая адлюстроўвала еднасць калектыву і яго супрацьпастаўленасць іншым. "Збіранне" яцвягаў трэба аднесці да другой паловы X ст., калі ўзнікаюць названыя гарадзішчы і адкрытыя паселішчы» [66].

Нельга сказаць, што падобныя погляды з'яўляюцца агульнапрынятымі ў сучаснай гістарыяграфіі, але як мінімум адно палажэнне прызнаецца несумнеўным - этнічная ідэнтычнасць не была адзінай формай ідэнтычнасці ў Сярэднявеччы.


У балцкай, яшчэ не асіміляванай славянамі, зоне вёскі яцвягаў атрымалі назву Дайнава, а ў славянскай - Яцвезь. Мяжой-падзелам гэтых тэрмінаў стаўся Нёман. Адзінай вёскай бежанцаў на поўнач ад Нёмана з славянскай назвай з'яўляецца Яцвеск каля Шчучына, што можа казаць пра раннюю славянскую асіміляцыю гэтага рэгіёна [67].

Населены пункт з назвай Дайнава ёсць недалёка ад Ліды. Гісторык Адам Кіркор у «Живописной России» пісаў (яго інфармацыя зараз мае, з большага, толькі этнаграфічную каштоўнасць), што Ліда была сталіцай ўдзельнага княства і з'яўляецца вельмі старажытным паселішчам на мяжы ўласна Літвы, ды славянскіх зямель і дайнаўцаў, і горад выконваў значную ролю ў гістарычных лёсах Літвы. Кіркор лічыў, што каля Ліды са старажытных часоў магло існаваць умацаванне, а князь Гедымін ужо потым пабудаваў тут замак, разваліны якога ацалелі да нашых дзён. «Ліда ляжыць амаль на мяжы двух плямён, што насяляюць Лідскі павет, … аддзеленых адно ад другога рэчкаю Дзітвою. Найстаражытнейшая сталіца дайнаўцаў: Дайнава - зараз невялікая вёска. Дайнаўскае княства існавала яшчэ на пачатку ХІІІ стагоддзя ... У Дайнаве захаваўся вялікі камень, які народ называе "кабылкаю", бо, паводле падання, на ім каралі злачынцаў» [68]. У кнізе «Черты из истории и жизни Литовского народа» Кіркор дапаўняе гэтую інфармацыю звесткамі пра Дайнаўскі замак: «Горад Ліда пабудаваны на самым рубяжы старажытнай Літвы і плямёнаў славянскіх. Заснаваны ў другой палове XIII стагоддзя, калі ўдзельнае Дайнаўскае княства саступіла месца Лідзе, якая на пачатку, верагодна, была невялікім паселішчам літоўскім». А ў заўвагах да гэтага тэксту ён дае вельмі цікавую інфармацыю: «Дайнава на захад ад Ліды за 10 вёрст (вярста = 1,0668 км - Л. Л.) , паблізу ракі Дзітва, зараз маёнтак. Тут існаваў замак, сляды якога бачныя і цяпер у розных паглыбленнях сажалак, у грабах (дрэвах - Л. Л.) , якія нідзе паблізу не растуць, у камені вялізарных памераў, на якім па паданні каралі смерцю злачынцаў. Камень гэты называецца і цяпер у простага люду "кабылай" і, мяркуючы па яго месцазнаходжанні, верагодна, ляжаў на плошчы супраць палаца. Княства Дайнаўскае межавала з цяперашнімі паветамі: Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім» [69]. Інфармацыя пра Дайнаўскі замак са спасылкай на Кіркора таксама ёсць у даведніку «Городские поселения в Российской империи» за 1860 г.: «Горад Ліда належыць да найстаражытнейшых літоўскіх паселішчаў. Яго навакольная мясцовасць складала самастойны ўдзел князёў Дайнаўскіх, рэшткі палаца якіх захаваліся ў фальварку Дайнава каля Ліды» [70]. Тая ж інфармацыя аб Дайнаве прыведзена і ў «Памятной книжке Виленской губернии на 1851 г.» [71] Інфармацыя пра Дайнаўскі замак (палац) не была падмацавана пісьмовымі крыніцамі, і таму ў тагачаснай сур'ёзнай навуковай працы «Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. 1893.» археолаг Ф. Пакроўскі нічога не піша пра замак, а толькі пра былое паселішча і наўпрост указвае на крыніцу інфармацыі - народную памяць: «Паблізу вёскі Дайнава, у цяпер высечаным лесе, ляжыць вялікі ўрослы ў зямлю камень. Месца гэтае сяляне называюць "кабылы", прычым кажуць, што па паданні ў часы Дайнаўскага княства на гэтым камені здзяйсняліся пакаранні злачынцаў. Паблізу ад каменя да гэтага часу захоўваюцца сляды паселішча, менавіта: ямы-басейны сажалак і пораслі грабу, якога нідзе больш у наваколлі няма» [72].

Археолаг Э. Вальтэр пісаў: «Дайнаўскае княства XII ст. знаходзілася ў межах цяперашняга Лідскага павета Віленскай губерні. Каля фальварка Дайнава (блізу р. Дзітва) прыкметны сляды замка і горада, які быў галоўным у Дайнаўскім княстве. Захаваўся вялікі камень, званы "кабылкай", на якім, па паданні, каралі смерцю злачынцаў» [73].

Лідскі гісторык і XX ст. Міхал Шымялевіч напісаў пра тое, як закончыўся лёс гэтага сакральнага для паганцаў каменя: «Пры вёсцы Бельск за 6 вёрст ад Ліды на полі ляжаў велізарны камень, які звалі "Кабыла". Па паданні на гэтым камені каралі даўней злачынцаў. Магчыма, што тут у старажытнасці збіраліся копныя суды. Камень пабіты мулярамі на пачатку 1905 г.» [74].

Неабходна адзначыць, што Тэадор Нарбут таксама лакалізаваў Дайнаўскае княства ў Лідскім павеце «за левым (лідскім - Л. Л.) берагам ракі Дзітва» [75] і лічыць лідскі населены пункт Дайнава, які знаходзіцца паміж Мыто і Лідай цэнтрам княства, пра што піша ў сваёй «Гісторыі...» [76].

* * *

Вышэй я ўжо пісаў пра сакральныя камяні, але тут трэба зноў вярнуцца да тэмы. Святыя камяні былі, напэўна, самым распаўсюджаным аб'ектам пакланення ў насельніцтва Еўропы ва ўсе часы існавання дахрысціянскіх культаў. Пакаранне смерцю на камені павінна мець карані ў балцкай міфалогіі. Звычайна, камяні з назвамі «кабыла», «кравец», «шавец» - гэта грубыя валуны аморфнай формы з неапрацаванай паверхняй. Тое, што валуны размяшчаліся ў паніжаных, забалочаных мясцінах, паблізу вады, і запісаныя народныя паданні, пацвярджаюць, што гэты від культавых камянёў у міфалогіі звязваўся з тытанічным баством (баство, якое ўвасабляе дзікую прыродную моц зямлі, падземнае царства і да т.п.), якое магло ўвасабляцца ў вобразе вала, зрэдку каня ці змея. Гэта баство пасля прыняцця хрысціянства ў народнай свядомасці трансфармавалася ў чорта. Засталіся сляды людскога ўшанавання камянёў. Гэта знакі на іх, сляды ахвяраванняў каля іх, уключэнне камянёў у структуру больш складаных і буйных сакральных комплексаў. Звычайна такія сакральныя камяні існавалі парамі [77]. Вядома шмат народных паданняў аб «сямействах» сакральных камянёў. І нашая дайнаўская «кабыла» не была адзінокай. Да сённяшняга часу захаваўся напарнік «кабылы» (гл. вышэй) - камень даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на паверхні гэтага валуна маецца 13 выразных лунак і некалькі меркаваных [78].

Нягледзячы на прыняцце хрысціянства, вера ў цудоўную моц камянёў захавалася да нашых дзён. І таму, спадзеючыся, на краязнаўчую ўдачу, я пачаў шукаць сведкаў, якія захавалі паданні аб дайнаўскім камені. Такім сведкам стала Паўлюкевіч Ядвіга Іосіфаўна (1940 г. н., былая жыхарка вёскі Заполле, 2 км. ад былога маёнтка Дайнава, дзе ляжаў камень «кабыла»). Яна расказала, што яе бацька, Іосіф Казіміравіч (1910 г.н.), раззлаваўшыся ўжываў прымаўку: «Адсяку галаву, як курыцы на Дайнаўскім камені». Ён жа, выкарыстоўваючы розныя гаспадарчыя драўляныя прылады з сасны ці ёлкі, часта казаў, што «вось у нас растуць грабы, якіх больш нідзе няма, вось гэта дрэва! Мацней за дуб!» Ядвіга Іосіфаўна памятае, што, калі ёй было некалькі гадкоў, яе маці, Міхаліна (1912 г. н.) расказвала казку, у якой людзі танцавалі на вялікім Дайнаўскім камені, але, нажаль, сюжэт гэтай казкі дзіцячая памяць не захавала. Яна распавяла, што стары панскі дом знаходзіўся паміж вёскамі Дайнава і Бельскія, на выгане, а рэшткі сажалак захаваліся да нашага часу.

Такім чынам у мясцовых людзей захавалася памяць пра камень, і нават ў XXІ стагоддзі навакольны люд памятае пра сакральны характар каменя, бо відочна, што пагроза адсекчы галаву, «як курыцы на Дайнаўскім камені» - гэта рэха памяці пра месца пакарання, а танцы на камені - рэха нейкіх паганскіх рытуалаў звязаных з урадлівасцю, шлюбам ці гаючымі ўласцівасцямі каменя, бо з цягам часу паганскія міфы перарадзіліся ў народныя казкі.

* * *

Напрыканцы траўня 2010 г. мы выехалі на тое месца дзе знаходзіўся легендарны Дайнаўскі палац. Паўлюкевіч Ядвіга Іосіфаўна паказала падвышанае месца дзе стаяў панскі дом Сангіноў, уся сям'я якіх з'ехала з Дайнавы яшчэ прыкладна ў 1938 г. У першай палове XIX ст. панскі двор, дзе ляжаў камень «Кабыла» належаў гаспадарам Брадоўскім (Brodowski, гербу Лада) [79]. На расейскай тапаграфічнай мапе сярэдзіны XIX гэты фальварак названы Мазораўшчызнай (на польскай мапе 1929 г. - Мазураўшчызна).

Пасля Другой Сусветнай вайны ў панскім доме паслядоўна месціліся школа, сельсавет, медыцынскі пункт, і дзесьці да канца 60-х гадоў ХХ ст. панскі дом быў разбураны. Зараз на месцы панскага дома стаіць дом фермера, а на месцы фальварка - вялікая фермерская гаспадарка з жылым домам і гаспадарчымі пабудовамі. З паўночна-заходняга боку ад былога панскага дома захаваліся сажалкі з усё яшчэ бачнымі землянымі валамі. А грабаў, канешне, ужо даўно няма. Тым не менш праз 150 гадоў пасля таго, як гэта месца апісаў Адам Кіркор, усё яшчэ бачны дэталі штучнага рэльефу.

Сучасны гаспадар гэтай зямлі - фермер - і не здагадваецца, што ягоная гаспадарка стаіць на месцы, пра якое пісаў Адам Кіркор, і калі Дайнаўскі замак - не больш, чым легенда, гэтае месца Лідчыны вартае таго, каб трапіць у турыстычныя даведнікі. За апошнія час фермерская гаспадарка цалкам заняла месца легендарнага Дайнаўскага замка.

Селішчы і гарадзішчы гістарычнай Лідчыны

Гістарычная Лідчына мае шмат археалагічных помнікаў, і з іх, можа, самыя цікавыя для нас - гэта месцы, дзе жылі нашы продкі - селішчы і гарадзішчы.

Размяшчэнне селішчаў на мясцовасці паказвае шляхі гаспадарчага асваення зямель. Галоўнымі шляхамі зносін у сярэднявеччы былі рэкі, і ў асноўным менавіта па рэках рассяляліся людзі па Усходняй Еўропе. Акрамя таго, рачныя даліны мелі ўрадлівую глебу і заліўныя лугі, у рэках заўжды было шмат рыбы, што спрыяла развіццю гаспадаркі і, канешне ж, галоўную ролю ў гісторыі Лідчыны адыграў Нёман. Самы распаўсюджаны тып селішчаў - прырэчны. Помнікі гэтага тыпу выцягнуты нешырокай паласой уздоўж берага ракі ці ручая. Іх працягласць звычайна не перавышае 500 м, але ёсць помнікі даўжынёй да 1,5 км (напрыклад селішча каля в. Дакудава на Нёмане). Сустракаюцца таксама мысавыя селішчы, селішчы гэтага тыпу размяшчаюцца ў месцах упадзення дробных рэчак ці ручаёў у рэкі - на мысах.

Вось найбольш цікавыя селішчы з даследаваных археолагамі на Лідчыне [80]:

- Помнік найстаражытнейшых часоў ніжэй вёскі Пескаўцы, на правым беразе Нёмана. Селішча знойдзена ў 1951 г. Культурны пласт ад 20 да 60 см прасочваецца на працягу 450 м.

- Селішча сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н. э. каля Белагруды. Знаходзіцца на левым беразе ракі Дзітва на поўнач ад вёскі. Тут знойдзена розная кераміка, культурны пласт разараны. Таксама на поўнач ад вёскі, за могілкамі, на беразе ракі, на месцы былога замка ў змешаным пласце знойдзена кераміка - рэшткі дрэнна вырабленых пасудзін.

- Помнік сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н. э. у в. Гарнеты. Селішча знаходзіцца ў цэнтры вёскі, 500 м на ўсход ад р. Дзітва. Тут знойдзена ляпная і кружальная кераміка са слядамі нагару.

- Помнікі сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н. э. ля в. Збляны. Тут на правым беразе Нёмана месцяцца два селішчы. Адно з іх знаходзіцца у ваколіцы вёскі на ўзвышаным беразе ракі, на працягу 100 - 120 м прасочваецца культурны пласт да 60 см таўшчынёй, які складаецца з цёмнай зямлі з украпваннямі вуглёў. Знойдзены фрагменты кружальнай керамікі. За 500 - 600 м ніжэй па Нёмане месціцца другое селішча, дзе знойдзены фрагмент ляпной пасудзіны.

- Помнік сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н. э. ля в. Ясілевічы. За 200 м на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Лебяда, прыкладна за 1 км ад месца яе зліцця з Нёманам, каля вясковых могілак знаходзіцца селішча плошчай 50 х 20 м. Цёмны культурны пласт з прымешкам вуглёў дасягае таўшчыні 40 см. Тут былі знойдзеныя абпаленыя камяні і аскепкі кружальнай керамікі.

- Помнік XI-XIV ст. ля в. Гарадзішча. Селішча на беразе рэчкі, якая ўпадае ў раку Лебяда. Па абодвух берагах на працягу 200 м прасочваецца культурны пласт чорнага колеру таўшчынёй да 40 см. Знойдзеныя кружальная кераміка і выраб з бронзы.

- Помнік XI-XIV ст. ля в. Перакоп (Шчучынскі р-н). Селішча знаходзіцца недалёка ад вёскі, мае культурны пласт таўшчынёй 30-40 см.

- Два селішчы XI-XIV ст. ля в. Дакудава. Першае - каля вёскі, цягнецца уздоўж Нёмана на 1,5 км паласой да 200 м. Культурны пласт ад 10 да 50 см. На паверхні культурнага пласта аскепкі кружальнай керамікі, тут знойдзены каваны цвік. Другое селішча ад першага ніжэй па рацэ на 1 км. Тут акрамя фрагментаў керамікі знойдзены абломак глінянага рыбалоўнага грузіла і крамянёвы нож.

- Селішча XI-XIV ст., 500 м ад вёскі Панямонцы, знойдзена кружальная і фрагменты паліванай керамікі.


Старажытным паселішчам, вядомым па пісьмовых крыніцах, адпавядаюць адкрытыя неўмацаваныя селішчы плошчай ад некалькіх сот квадратных метраў да некалькіх гектараў і невялікія, добра ўмацаваныя гарадзішчы. На Беларусі гарадзішчы вядомы з позняга бронзавага веку, і часта гарадзішчы адной эпохі выкарыстоўваліся насельніцтвам больш позняга часу. Гарадзішча - рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча або горада. На тэрыторыі Беларусі захавалася больш за тысячу гарадзішчаў, ёсць яны і на Лідчыне. Археолагі на тэрыторыі Беларускага Панямоння знайшлі каля 20 гарадзішчаў Х-ХІІІ ст. Звычайна гарадзішчы маюць культурны пласт, у якім пры раскопках знаходзяць рэшткі жытла, майстэрань, розныя рэчы і іншае. Выключэнне складаюць балотныя гарадзішчы-сховішчы, дзе насельніцтва хавалася ў час ваеннай небяспекі [81].

У ХІ ст. ва Усходняй Еўропе інтэнсіўна праходзіў працэс фармавання сярэднявечных адміністрацыйна-палітычных адзінак «земляў» ці «княстваў», паміж імі ішла барацьба за палітычныя прыярытэты і эканамічныя сферы ўплываў, за гандлёвыя шляхі і новыя тэрыторыі, што адлюстравана на старонках летапісаў. У памежных раёнах гарадзішчы з'яўляліся вартавымі памежнымі цвердзямі. Тут жылі «лепшыя мужы» з дружыннікамі, якія знаходзіліся ў леннай залежнасці ад князя. Прадстаўнікі вайсковага стану, якія пражывалі тут, займаліся гаспадаркай, і гэта было крыніцай іх існавання. На тэрыторыі гістарычнай Лідчыны такім ўмацаванымі паселішчамі-цвердзямі Гарадзенскага княства былі гарадзішчы каля вёскі Кульбачына і Касцянева (Шчучынскі р-н). Археолагі Сяргей Піваварчык і Генадзь Семянчук пішуць пра гэтыя гарадзішчы: «Іх умацаваная плошча складае каля 1 га. Абарончыя збудаванні маюць вялікую магутнасць - вышыня валоў 4- 5 м. Побач з гарадзішчамі знойдзены сляды селішчаў. Раскопкамі выяўлены культурны пласт магутнасцю да 1,2 м. Аналіз рэчавага матэрыялу паказаў, што помнікі ўзніклі ў канцы Х - пачатку ХІ ст. Пляцоўкі гарадзішчаў былі забудаваны наземнымі зрубнымі дамамі (Кульбачына) і паўзямлянкамі (Касцянева). Знаходкі на гарадзішчы Кульбачына наканечнікаў стрэл (34 экз.), дзідаў (2 экз.) бляхі ад тарчы дазваляюць сцвярджаць, што гэты помнік узнік як памежная вартавая цвердзь. Знаходкі жорнаў, прасліц, рыбалоўных кручкоў, касцяных праколак, касцей свойскай жывёлы сведчаць аб тым, што насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і промысламі. У верхніх пластах гарадзішча знойдзены пацеркі (шкляныя і з бурштыну), шкляныя бранзалеты, шпора з рапейкай. Гэта дае падставы гаварыць аб тым, што паселішча з другой паловы ХІІ ст. пачынае змяняць сацыяльную функцыю і набываць рысы феадальнай сядзібы, што з'яўлялася вынікам феадалізацыі грамадства. На гарадзішчы Касцянева таксама знойдзены наканечнікі стрэлаў, жалезныя вырабы (нажы, рэшткі замка, шыла), косці свойскай жывёлы. У ХІІІ ст. абодва гарадзішчы загінулі ў агні. Знішчэнне іх хутчэй за ўсё звязана з падзеямі 1252 г., калі валынскія князі "плениша всю землю Новогородьскую"» [82]. Таму ў гарадзішчах Кульбачына, Касцянева фіксуюцца пласты пажару з моцна абгарэлай керамікай, спаленымі ўмацаваннямі і пабудовамі.

Гарадзішча каля вёскі Кульбачына (3 км ад мястэчка Астрына) размешчана на беразе ракі Астрынкі і належыць да тыпу гарадзішчаў, умацаванні якіх не залежаць ад рэльефу мясцовасці. Аналіз археалагічнага матэрыялу паказвае, што паселішча ўзнікла ў канцы Х ст. у ходзе каланізацыі Панямоння славянскім насельніцтвам. З самага пачатку гэта была цвердзь - апорны пункт асваення правабярэжжа Нёмана, у глыбіні балцкіх зямель, потым, з ХІІ ст. пасяленне стала памежнай цвердзю Гарадзенскага княства і феадальнай сядзібай-замкам. Той факт, што гарадзішча знаходзіцца на беразе Астрынкі, даў магчымасць археолагу В. Сядову лічыць гэты помнік летапісным горадам Астрэя [83]. Аднак экспедыцыя археолагаў Эрмітажа знайшла гэтае летапіснае пасяленне на беразе возера Астрэя ў Пскоўскай вобласці, і ад лакалізацыі летапіснай Астрэі на Лідчыне трэба адмовіцца. Так сама В. Сядоў атаясамліваў летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянева і лічыў, што назва старажытнага горада паходзіць ад гідроніма - ракі Вавёркі (левы прыток ракі Лебяды). Сядоў лічыў, што горад загінуў у выніку нашэсця ў ХІІІ ст. а частка ўратаваўшыхся жыхароў заснавала сучаснаю Ваверку за 18 км ад гарадзішча ля Касцянева. Аднак наступныя археалагічныя пошукі на месцы гэтага гарадзішча выявілі знаходкі ХV-XVII стст., г. з. больш позняга часу. Таму археолагі перасталі звязваць летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянева [84].

Дадам, што гісторык Аляксей Кібінь не лічыць што Кульбачына з'явілася ў выніку экспансіі славян, па яго меркаванні насельнікамі Кульбачына былі летапісныя яцвягі [85].


Усім крытэрыям сярэднявечнага горада ў Панямонні адпавядае Турыйск (Турэйск). Сваю назву горад атрымаў ад невялічкай рачулкі Тур'я, якая працякае побач і ўпадае ў Нёман. Зараз дакладна вядома месцазнаходжанне гэтага летапіснага горада, гарадзішча якога знаходзіцца на трох узвышшах на ўсходняй ускраіне сучаснай вёскі Турыйск (Шчучынскі р-н), на правым беразе ракі Нёман. Зараз гэта адно з самых маляўнічых месцаў Панямоння.

З летапісаў вядома, што у 1252-1253 гг. князь Даніла Галіцкі прыходзіць з вайной на панёманскія гарады, якія былі пад уладай Міндоўга [86] і гэтак разам з Наваградкам, Ваўкавыскам і Слонімам на старонкі пісьмовых крыніц трапляе і Турыйск. Вынікам паходу 1253 г. стаў мірны дагавор 1254 г., па якому Панямонне перадавалася сыну Данілы - князю Раману. На пачатку 50-х гг. ХІІІ ст. сын Міндоўга, верагодна Войшалк, «воева около Тоурьска». Падчас сутыкнення ў 1276 г. Льва Данілавіча і Уладзіміра Васількавіча з Трайдзенем і Серпуціем «Володимер же противу тому, послав взяв у него Тоуриск на реце Немне, и сёла около нега поима» [87].

Археолагі сведчаць, што старажытны Турэйск узнік пры канцы ХІ ст. і быў горадам - адміністрацыйным цэнтрам сельскай акругі. Археолаг Сяргей Піваварчык піша: «Спачатку гэта было неўмацаванае славянскае паселішча. Пасля пажару, які знішчыў першапачатковае паселішча, узвышша, на якім яно знаходзілася з напольнага боку, было ўмацавана валам. Адначасова пачалі засяляцца навакольныя мясцовасці, утвараючы такім чынам пасады. Паселішча ператварылася ў цвердзь, з якой затым і вырас невялікі гарадок. Тое, што гэта сапраўды летапісны Турьск, дазваляе сцвярджаць комплекс тых прызнакаў, якія і выдзяляюць горад: планіроўка (дзядзінец і пасад), тэрыторыя засялення каля 1,5 га, магутнасць культурнага пласта да 1,5 м, рэшткі рамеснай вытворчасці (у першую чаргу металургіі і апрацоўкі жалеза), знаходкі ў культурным пласце - фрагменты амфар, шкляныя бранзалеты, высокамастацкія касцяныя вырабы, кніжная зашпілька» [88].

Археолагі адзначаюць блізкасць матэрыяльных культур Гародні і Турыйска [89]. Верагодна, гарадзенскія князі зрабілі Турыйск цэнтрам збору падаткаў з мясцовай сельскай акругі. У Іпацьеўскім летапісе ў 1276 г. названы сёлы каля Турыйска на Нёмане. Адначасова ён быў цвердзю на мяжы Гарадзенскага і Наваградскага княстваў. Горад загінуў ў агні ў другой палове ХІІІ ст. [90]


Цікавыя гарадзішчы даследаваны археолагамі каля вёсак Ольжава і Мыто.

Гарадзішча за 1,5 км на паўднёвы захад ад в. Мыто на правам беразе р. Дзітва датуецца сярэдзінай - другой паловай І тысячагоддзя н. э. Гарадзішча невялікіх памераў, пляцоўка авальнай формы 30 х 20 м, месціцца на ўзгорку і ўзвышаецца над далінай ракі Дзітва на 20 м. Археолагі мяркуюць, што у тут было гарадзішча - сховішча, куды падчас небяспекі хаваліся жыхары з блізкага селішча. У розных частках пляцоўкі вызначаны культурны пласт цёмнага колеру да 50 см таўшчынёй. Валоў і равоў гарадзішча не мела і, верагодна, агароджвалася драўлянай сцяной. За гарадзішчам, на раллі вызначана пляцоўка 200 х 150 м на якой знойдзена ляпная кераміка. Прыкладна з XVIII ст. на вяршыні ўзгорка знаходзіўся фальварак Мыто. З-за гаспадарчай дзейнасці ў 1980-х гадах значная частка гарадзішча разбурана.

Гарадзішча і селішча сярэдзіны - другой паловы І тысячагоддзя н. э. ля в. Ольжава знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі на беразе ракі Дзітва і мае назву «Шведская гара», подступы да яго абцяжараныя з-за балот. Уяўляе сабой ізаляванае ўзвышша 8-10 м з пляцоўкай 40 х 20 м (у кірунку з усходу на захад), гарадзішча густа парасло лесам. Культурны пласт таўшчынёй 40 см прасочваецца толькі ў цэнтры. Тут знойдзены толькі адзін ляпны чарапок ад пасудзіны і кавалачкі вуглю.


Усе гарадзішчы і селішчы Лідчыны маюць вялікую каштоўнасць для археалогіі і з'яўляюцца цікавымі аб'ектамі для турыстаў.

Борці

Валынскі летапіс 1276 г. піша пра прыход прусаў у Літву: «Придоша Проуси ко Тройденеви из своеи земли неволею перед Немцы» [91]. З'яўленне прусаў занепакоіла галіцкіх князёў Уладзіміра Васількавіча і Льва Данілавічаі, таму яны вырашылі выгнаць прусаў з зямлі, якую лічылі сваёй вотчынай. Аднак гэтую зямлю сваёй лічылі і князі ВКЛ. Таму адбыліся сутычкі паміж войскамі Галіцкага і Літоўскага княства, апошнімі кіраваў брат Трайдзена Сірпуць. Галіцкае войска ўзяла Слонім, адбылася бітва «около Камене» [92]. Падчас новага паходу Уладзімір «взя … Тоурийск на реце Немне и села около него поима» [93]. Вядома, што каля Турыйска потым склалася войтаўства Барцянскага староства. Таму напад войск галіцкага княства - гэта напад на борцяў з мэтай выгнаць іх з гэтай тэрыторыі.

Такім чынам, часткай насельніцтва поўначы і прынёмання Лідчыны сталіся заходнія балты - борці і скаловы. Борці - выхадцы з прускай зямлі Барты (ці Бартніі, Бартовіі). Гэта зямля ўпершыню згадваецца ў кнігах дацкага караля Вальдэмара ІІ, напісаных у 1249-1269 гг. Геаграфічна Барта з'яўлялася самай цэнтральнай зямлёй Прусіі. У 1238-1240 гг. яна, разам з Варміяй і Натангіяй перайшла пад кантроль Тэўтонскага Ордэна. Пасля шэрагу паўстанняў (1240-1249 гг., 1260-1274 гг.) у 1273 г. жыхары Барты былі канчаткова падпарадкаваны крыжакам. З гэтага часу пачалася міграцыя борцяў на землі ВКЛ, пра што сведчаць тапонімы, якія паходзяць ад слова Борці на тэрыторыі Лідчыны, Ашмяншчыны і іншых гістарычных земляў Беларусі.

Першыя звесткі пра Бортскую воласць ці Бортскі павет на ракой Пелясой з'яўляюцца ў 1494 і 1503 гг., у 1493 г. узгадваецца «бортскі намеснік». Пазнейшае староства складалася з войтаўстваў: Пяляскага, Скольвенскага, Гарадзенскага і Панёманскага [94].

Пра борцяў Тэадор Нарбут падае наступнае: «Былі гэта выхадцы з прускай правінцыі Бартніі. Іхнія нашчадкі дагэтуль ёсць у Лідскім павеце. Староства, размешчанае на правым беразе Пелясы, налічвала некалі 300 дымоў і называлася Борці, проста ад назвы сваіх першых пасяленцаў, паходзіўшых якраз з Бартніі, паколькі няма ні адной вёскі, а ні фальварка, якія б насілі такую назву. Яны даўней мелі такі прывілей, што ніякай працоўнай павіннасці ніколі не адбывалі і акрамя платы чыншу зусім малога не мелі іншай павіннасці. У часы Жыгімонта служылі ў літоўскай артылерыі, ад таго літоўскія артылерысты называліся борці» [95].

У ВКЛ борці плацілі толькі чынш і дзякла, а ад паншчыны і іншых феадальных павіннасцяў былі вызвалены. Устаў на валокі караля Жыгімонта Аўгуста ад 1557 г. вызначыў: «а коли им на войну ити кажем, мают мети тот рок вольный ото всих платов, а мосты им неповинные мостити мают …» [96]. Павіннасцю борцяў з'яўлялася будаўніцтва мастоў і грэбляў і служба ў артылерыі, праз нейкі час слова «борць» стала абазначаць менавіта будаўніка мастоў ці артылерыста. Таму борці адмыслова былі паселены, у тым ліку і каля Турэйска - важнай пераправы цераз Нёман [97].


Пасля борцяў вымушана пакінулі родную зямлю і іншыя жыхары Прусіі. Аднымі з такіх мігрантаў былі скаловы, яны насялялі самую паўночную вобласць Прусіі ў нізоўях Нёмана - Скаловію. Упершыню Скаловія згадваецца ў 1231-1240 гг. П. Дусбург, пералічаючы ў 1326 г. прускія землі, таксама згадвае Скаловію. Тады ж на нашу тэрыторыю пачалася эміграцыя ўласна прускага насельніцтва, якое вядома пад этнонімама «прусы», але, здаецца, на землях гістарычнай Лідчыны яны не сяліліся.

У «Паведамленне аб літоўскіх шляхах» пры апісанні дарогі з Пералому на Эйшышкі (№ 90) паміж Забалаццю і Радунню згадваецца Скалева і тлумачыцца, што тут жывуць скаловы - людзі з прускай зямлі Скаловіі, узятыя ў палон пры Рагніцы: «Ад Забалаці да Скалева дзве мілі, там жывуць тыя, якіх паланілі каля Рагніта, ад аднаго сяла да іншага ёсць добрая дарога, але ёсць там і рака, якая завецца Пелясой, яна нешырокая, яны сцвярджаюць, што цераз яе маецца мост, ад Скалева дзве малыя мілі да Радуні, паміж імі добрая зямля, відочна занятая» [98].

У прывілеі Ягайлы ад 1387 г., у якім вызначаны ўладанні Скіргайлы: «… а около Троков тая места на Ваку, по старый рубеж а по Вельи оуниз так ж по старый рубеж, а толко опроч Жеймов и Кулвы. А на су сторону по Сколву город Радыня и оуся тая волость со всякою службою, оуси лю(ди) и оусякий доход».

Адсюль бачна, што Скалева-Сколва была агульнай назвай прускай калоніі - группы вёсак пад Радунню, узнікненне гэтай калоніі, верагодна, звязана з паходам Кейстута і Альгерда ў Скаловію ў 1365 г. [99]

З пачатку XVII ст. і да сярэдзіны XIX ст. паселішчы з барцянскім і скаловенскім насельніцтвам ўтварылі самастойную гаспадарча-адміністрацыйную адзінку - Барцянскае староства якое мела два цэнтры: у ваколіцах мястэчка Жалудок і ў ваколіцах мястэчка Радунь, гэтыя два цэнтры складалі адну воласць Борці ці Барцянскае староства [100].

Лейці

Літоўскімі гісторыкамі было выказана меркаванне аб тым, што, тэрмін Літва магчыма першапачаткова меў сацыяльны, а не тэрытарыяльным сэнс. Найбольш цікавай з'яўляецца праца гісторыка А. Дубоніса, які лічыць, што карані Літвы трэба шукаць «не ў вадзе, а ў людзях». Ён даследаваў лейцяў (leičiai) - адну з груп служылага насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім XVI ст., асобныя паселішчы і цэлыя войтаўства якіх былі раскіданыя па тэрыторыі, абмежаванай рэкамі Святой (Швянтойяй), Віліяй, Нёманам, Ашмянскім, Маркоўскі і Браслаўскім паветамі, а таксама некаторымі месцамі Жамойці і Нёманска-Прыпяцкага водападзелу. Паколькі па месцазнаходжанні паселішчы лейцяў ў значнай ступені паўтараюць контуры тэрыторыі, падкантрольнай літоўскаму князю ў XIII ст., А. Дубоніс не выключыў таго, што яны могуць быць рэшткамі ваенізаванай сацыяльнай групы, якая займалася вайной, земляробствам, аховай межаў і іншай дзейнасцю на службе вярхоўнаму літоўскаму князю. Згодна з гіпотэзай літоўскага даследчыка, менавіта да гэтага сацыяльнаага тэрміну ўзыходзіць і тэрмін Lietuva [101].

Лейці жылі ў асобных вёсках ды селішчах, якія называліся іх імем.

На гістарычнай Лідчыне лейці жылі ў наступных валасцях Троцкага ваяводства: Каняўска-Дубіцкай, Радунскай, Эйшышскай і Жалудоцкай [102], каля Мажэйкава [103].

Пра лейцяў Радунскага велікакняскага маёнтка вядома, што іх працай было кармленне баявых коней - яны мусілі гадаваць гэтых коней на свае сродкі і рыхтаваць іх для ваенных патрэб [104].

У Эйшышскай воласці лейць Пацус Сядзевіч судзіўся з тамтэйшым баярынам Барташам Мяжэвічам. Спрэчку разглядалі давераныя асобы гаспадара: Ян Радзівіл і Якуб Кунцэвіч. У судзе лейць прыгадаў свае асноўныя прыкметы, ён: 1) чалавек гаспадара, гаспадарскага двара альбо маёнтка, вечны лейць; 2) мае сваю вотчынную зямлю; 3) служыць гаспадару так, як усе яго браты здаўна служылі. Гэтак лейць разумеў сваю лейцеўскую службу і свае абавязкі перад гаспадаром [105].

У сучасным Воранаўскім раёне ля вёскі Пузелі знаходзіцца могільнік лейцяў, археалагічныя артэфакты з якога датуюцца канцом ХІІ - пачаткам XVI ст. Па звестках даследчыцы гэтага магільніка Алы Квяткоўскай, у ім пахаваныя неспаленыя целы. Заўважана адметнасць магільніка: сценкі сямі з пятнаццаці даследаваных пахаванняў высланыя (умацаваныя) камянямі [106]. Могільнік у Пузелях (знаходзіўся недалёка ад маёнтка Нача) вывучаў яшчэ Вандалін Шукевіч [107].

Першапачатковая Ліда

На правым беразе Нёмана працэс славянізацыі не быў такім актыўным, як на наваградскім баку. Тым не менш, маецца цэлы шэраг прыкмет балта-славянскіх кантактаў і на гэтай тэрыторыі. Прафесар С. А. Піваварчык мяркуе, што ў басейнах Котры і Лебяды, а таксама паміж Гаўяй і Дзітвой славянізацыя пачалася ўжо ў Х-ХІ стст. і не скончылася ў ХIІ-ХІІІ стст.

Адной з верагодных прычын перасялення на поўнач можна лічыць хрысціянізацыю ўсходніх славян, якая была праведзена якраз у канцы X ст. Карэнная змена светапогляду чалавека познеродавага грамадства магла прывесці да адтоку часткі незадаволенага насельніцтва ў разведаную ўжо панямонскую вобласць. На карысць гэтага меркавання сведчыць зафіксаванае археолагамі ў Наваградку і іншых гарадах Панямоння даволі позняе (2-я палова - канец XI ст.) з'яўленне прадметаў хрысціянскага культу [108]. З гэтага можна зрабіць выснову, што засяленне славянамі «нашага», правага берага Нёмана не прыводзіла аўтаматычна да з'яўлення культавых пабудоў, і першыя цэрквы, верагодна, з'явіліся не раней XIV ст.

Славянская каланізацыя Панямоння ў канцы X ст. значна змяніла этнічную сітуацыю ў рэгіёне. Лічыцца, што ў гэты час балта-славянская мяжа праходзіла прыблізна па лініі: возера Асвейскае - Дзісна - Пліса - Будслаў - Заслаўе - Рубяжэвічы - Дзераўная - Беліца - Слонім - Ваўкавыск [109]. Тады ж славянскае племя крывічоў перайшло Нёман і пасялілася на правым беразе ракі ў раёне Збляны - Беліца. Як памяць пра гэта, да нашага часу засталася назва вёскі Крывічы. Беліцкія Крывічы не былі адзінай славянскай вёскай, бо як сама Беліца, так і навакольныя вёскі Краснае, Парэчча, Беляўцы носяць чыста славянскія назвы [110].

Несумненна, што назва вёскі Гуды (знаходзіцца на поўнач ад Ліды) засталася як напамінак пра часы славянскай каланізацыі - верагодна гэтая вёска была самым паўночным пунктам, куды ў той час перасяліліся славяне. Як вядома «гудамі» і сёння нас называць летувісы [111].


Тэадор Нарбут пiша пра княства Дайноўскае i пра заснаванне Лiды ў 1180 г. У Стрыйкоўскага Лiда ўзгадваецца толькi каля 1330 г. Беларускія археолагі вельмі дбайна і сістэмна шукалі старую Ліду, але не знайшлі слядоў Ліды Нарбута. І толькі зусім нядаўна стала зразумела, чаму гэтак здарылася.

Справа ў тым, што старая Ліда знаходзілася далей ад замка, чым меркавалася даследчыкамі, яна месцілася на рацэ Каменка і ўжо была знойдзена ў 1933 г. На наша шчасце, даследаванне старой Ліды праводзілася археолагам вельмі высока класу др-м Хеленай Цэгак-Галубовіч [112]. У Лідзе Хелена Цэгак была разам са сваім мужам, вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам, які потым напісаў газетны артыкул пра знаходку паселішча.

Такім чынам пры канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў ад гаршкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі пераслаў чарапкі ва Управу па рэстаўрацыі ў Вільню і прыпыніў работы. Чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях гэтага ўчастка. Была высунута ідэя, што тут былі старадаўнія могілкі альбо нават гарадзішча ці паселішча. Хутка лідскі стараста Багаткоўскі (зяць Міхала Шымялевіча, і таму, думаю, што славуты лідскі гісторык меў дачыненне да гэтай справы) выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак [113] (хутка яна стане вельмі вядомым і аўтарытэтным навукоўцам).

З прыездам археолага плошча раскопак была пашырана, і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Д-р Цэгак выказала здагадку, што з XI па XIII ст. тут магло існаваць славянскае паселішча, сляды якога потым былі амаль што цалкам знішчаны. Чарапкі мелі «славянскі стужкавы арнамент, які адносілі да племянных груп, што ішлі з усходу. ... На археалагічнай карце ... з'явіцца новы знак, які будзе абазначаць, сляды побыту славян на лідскім Выгане» [114].

Нажаль, даследчыкі, не пакінулі навуковага артыкула пра старую Ліду, застаўся толькі артыкул напісаны самім Уладзімірам Галубовічам у газеце «Кур'ер Віленскі».

Такім чынам можна дапусціць, што:

1. Ліду заснавалі не балты, а славяне.

2. Заснавана Ліда не на Лідзейцы, а на Каменцы. Таму назва паселішча Ліда ёсць першасная, а назва рэчкі Лідзейкі паходзіць ад назвы горада.

3. Усе этымалагічныя пошукі ў балцкіх мовах адходзяць на другі план. На першы план выходзіць славянская этымалогія. Хаця славяне таксама маглі нешта запазычыць.

4. Славянскае паселішча не магло ніяк быць старэй за ХІ стагоддзе. На гэты перыяд прыпадае хваля славянскай экспансіі ў балцкія землі Панямоння [115].

Пры канцы трэба адзначыць, што ў 1930-я гг. археолагі Уладзімір Галубовіч і Алена Цэгак-Галубовіч правялі раскопкі некаторых славянскіх курганоў Наваградскай зямлі і прызналі іх дрыгавіцкімі (славянскімі). На падставе вывучэння ўзораў керамікі Наваградчыны і Віленшчыны Галубовіч прапанаваў датаваць хвалю славянскага рассялення, якая рухалася сюды з боку Менска ХІ-ХІІ стст. [116]

Некалькі агульных заўваг

У 1000 г. еўрапейцы чакалі апакаліпсіс. Але замест апакаліпсіса пачаўся невялікі але ўпэўнены рост і была зроблена галоўная еўрапейская інавацыя - з'явіліся ўніверсітэты. Пачаўся працэс урбанізацыі, ішоў рост насельніцтва. Першым універсітэтам Заходняй Еўропы часта называюць Балонскі ўніверсітэт, заснаваны ў 1088 г., аднак у гэтым пытанні ёсць пэўныя рознагалоссі. Калі лічыць універсітэтам адзіную карпарацыю студэнтаў і прафесараў розных дысцыплін, дык, магчыма, было б правільней лічыць першым Парыжскі ўніверсітэт, заснаваны ў 1208 г. Да першага ўніверсітэта ў Вільні, які быў створаны ў 1578 г., меўся быць яшчэ вялікі кавалак часу. А шчыльнасць насельніцтва ў XIII ст. у нас была каля 2 чалавек на квадратны кіламетр [117].

Заканчваючы гэтую частку, немагчыма не ўзгадаваць важнейшую падзею сярэдзіны XIII ст. якая разам і цалкам перакуліла палітычную і эканамічную сітуацыю ў нашай частцы Еўропы.

Манголы, заваяваўшы княствы Кіеўскай Русі і пакінуўшы пасля сябе спалены Кіеў, прайшлі Галіцка-Валынскія зямлі, дзе яны захоплівалі гарады, якія ўдавалася ўзяць з наскоку, але не спыняліся падоўгу там, дзе аблога абяцала быць доўгай і цяжкай, і з усёй магчымай хуткасцю ўварваліся ў Цэнтральную Еўропу. Гэта адбылося ў пачатку 1241 года. Былі захоплены Сандамір і Кракаў. Тут хан Батый падзяліў сваё войска: адна, большая частка, рушыла на Венгрыю, а другая - праз усю Польшчу на Чэхію і паўднёвыя нямецкія княствы. 9 красавіка пад горадам Легніца адбылася бітва мангольскіх войскаў і аб'яднаных еўрапейцаў - польскіх, чэшскіх воінаў і нямецкіх рыцараў. Аб'яднанае войска было разгромлена, і манголы ўварвалася ў Маравію і Багемію. Тут манголы заваявалі не ўсе гарады і нават не ўсе асобныя цвердзі і замкі. Але ў рэшце-рэшт, гэтая частка мангольскага войска накіравалася ў Венгрыю, дзе злучылася з іншымі сіламі Батыя. Два месяцы прастаяў Бату-хан пад сценамі Буды, яго дробныя атрады, рассыланыя ва ўсе бакі, рабавалі каралеўства. Нарэшце хан хітрасцю выманіў мадз'ярскага караля Бэлу IV з яго войскам з горада і разбіў яго. Пасля чаго Батый лёгка узяў прыступам Буду і Пешт, якія бязлітасна разрабаваў і спаліў. Адсюль Батый скіраваў сваё войска далей на захад праз стромкія горныя схілы. Ён захапіў Заграб і, нарэшце, перадавы атрад манголаў выйшаў да старажытнага горада Спалата (цяпер Спліт) на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Адтуль, рухаючыся на паўночны захад ўздоўж ўзбярэжжа, армія Батыя дасягнула багатага горада Трыест, ад якога было ўжо блізка да Венецыі. Еўропу ахапілі страх і паніка.

І тут адбылося неверагоднае. Магутная і непераможная армія, прастаяўшы некаторы час каля Трыеста, нечакана знялася з месца і рушыла ў зваротны шлях. Полчышчы Батыя зніклі гэтак жа нечакана, як і з'явіліся, пакінуўшы ў здзіўленні ўсю Цэнтральную Еўропу якая абышлася «лёгкім спалохам». Еўропу ўратавала смерць вялікага кагана, хана Угэдэя, сына Чынгісхана. Да Бату-хана прыбыў ганец з далёкага Каракарума, новай сталіцы мангольскай імперыі, які прывёз заклік да ўсіх нашчадкаў Чынгіс-хана неадкладна сабрацца ў сталіцы на курултай, для абрання пераемніка кагана, які памёр.


А на другім ад Ліды беразе Нёмана, у Наваградку, у сярэдзіне XIII ст. ужо паўстала Вялікае Княства Літоўскае і 6 ліпеня 1253 г., у дзень св. Пятра і Паўла (ці па іншым меркаванні 29 ліпеня), па даручэнні Папы рымскага Інакенція IV Міндоўг і яго жонка Марта былі каранаваны як кароль і каралева Літвы. Каранацыя, верагодна, адбылася ў Наваградку. Міндоўг стаў нашым першым каралём.



[1] Абухоўскі Віктар. Засяленне тэрыторыі Беларускага Панямоння ў X-V тыс. да н.э. // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа: Зб. навук. пр. / Адк. рэд. А.М.Пяткевіч. Гродна, 2003. С. 183.

[2] Гл: Dzieje starożytne narodu litewskiego (t. 1-9, 1835-1841).

[3] Абухоўскі Віктар. Засяленне тэрыторыі Беларускага Панямоння ў X-V тыс. да н.э. С. 184-186.

[4] Культура шнуравай керамікі (ням. Schnurkeramik) - археалагічная культура меднага і бронзавага вякоў, распаўсюджаная на шырокіх тэрыторыях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і датаваная 3200 г. да н. э. / 2300 да н. э. - 2300 г. да н. э. / 1800 г. да н. э.

[5] Культура шарападобных амфар - археалагічная культура позненеалітычных плямён, якія ў III-м тысячагоддзі да н.э. жылі ў цэнтральнай і ўсходняй Германіі, Польшчы, Чэхіі, на паўночным усходзе Румыніі, у лесастэпавай частцы Правабярэжнай Украіны, на захадзе Беларусі. Падзяляліся на групы і варыянты. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваннем. Іх селішчы размяшчаліся на пясчаных берагах рэк. Жытлы былі наземнымі, слупавой канструкцыі, часам шматкамерныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі былі паўзямлянкі. Побач з жытламі размяшчаліся гаспадарчыя ямы. Пахавальны абрад - трупапалажэнне ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам - няпоўнае трупаспаленне. Для керамікі характэрны амфары з шарападобным корпусам і вертыкальным венчыкам, разнастайныя гаршкі, кубкі, міскі, арнаментаваныя, пераважна ў верхняй частцы, адбіткамі лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколамі. Сярод прылад працы і зброі - крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожанняў характэрны бурштынавыя вырабы, фігурныя каменныя пласціны.

[6] Гл: Лакіза Вадзім, Сідаровіч Віталь. Кераміка эпохі неаліту і бронзавага веку з паселішча Дакудава 5 (раскопкі 1998, 1999 і 2004 гадоў) // Acta archaeologica Albaruthenica. Vol. I / уклад. М.А. Плавінскі, В.М. Сідаровіч. Мінск, 2007. С. 17-35.

[7] Тшцінецкая культура - археалагічная культура бронзавага веку (XIX-XI стагоддзя да н. э.). Была распаўсюджана на тэрыторыі Польшчы, Украіны, Беларусі і Расіі. Названая па магільніку ля сяла Тшцінец (Trzciniec) каля Аполя-Любельскага (Люблінскае ваяводства, Польшча). Узнікла ў выніку развіцця і кансалідацыі цэнтральнай групы культур шнуравай керамікі на тэрыторыі Польшчы і распаўсюдзілася далей на Усход.

[8] Сасніцкая культура - археалагічная культура II тысячагоддзя да н. э., якая адносяцца да бронзавага веку. Названая па месцы першых знаходак у раёне пасёлка Сасніца Чарнігаўскай вобласці. Прыходзіць на змену сярэднядняпроўскай культуры і звязваецца з тшцінецкай культурай. Носьбіты сасніцкай культуры жылі ў ацяпляных агменямі зямлянках па берагах рэк, займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам. Выяўлены сляды крэмацыі і курганныя пахаванні. Кераміка прадстаўлена міскамі і збанамі з шнураваным арнаментам. Ёсць меркаванне, што носьбіты гэтай культыры - прабалты.

[9] Лакіза Вадзім. Этнакультурныя працэсы на Беларускім Панямонні ў бронзавым веку // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа: Зб. навук. пр. / Адк. рэд. А.М.Пяткевіч. Гродна, 2003. С. 189-193.

[10] Медведев Александр. Этнокультурная история Белорусского Понеманья в раннем железном веке // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа: Зб. навук. пр. / Адк. рэд. А.М. Пяткевіч. Гродна, 2003. С. 194-198.

[11] Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в Х-ХIII веках. Москва, 2014. С. 16.

[12] Краўцэвіч А. Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага // Bialoruskie zeszyty historyczne. 1998. № 9. С. 5-25.

[13] Дучыц Л. Балты і славяне на тэрыторыі Беларусі ў пачатку ІІ тысячагоддзя // Беларускі гістарычны агляд. 1995, Т. 2, сш. 1, С. 15-30.

[14] Піваварчык С. Да этнічных працэсаў на Панямонні ў раннім сярэднявеччы // Bialoruskie zeszyty historyczne. 1999. № 11. С. 241.

[15] Kurta F. The Making of the Slavs: History and Archaeology of the Lower Danube Region, c. 500-700. Cambridge; New York, 2001.

[16] Семянчук Генадзь. Рэцэнзія на «А. С. Кибинь, Ятвяги в X-XI вв.: «балтское племя» или «береговое братство? », «Studia Slavica et Balcanica Petropolitana», 2008, № 2 (4), c. 117-132.» // Bialoruskie zeszyty historyczne. 2010. № 33. С. 182.

[17] Трусаў Алег. Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі) // Наша Слова. № 6 (1313), 8 лютага 2017.

[18] Иванов С. А. «В тени Юстиниановых крепостей»? Ф. Курта и парадоксы раннеславянской этничности// Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. 2008. №2. С. 6.

[19] Гл: Кізіма С.А., Лянцэвіч В.М., Самахвалаў Д.С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. Мінск, 2003.

[20] Трусаў Алег. Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі) // Наша Слова. № 3 (1310), 18 студзеня 2017.

[21] Kuryer Litewski № 234, 11(24) października 1908.

[22] Kuryer Litewski № 246, 25 października (7 listopada) 1908.

[23] Там жа.

[24] Там жа.

[25] Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в Х-ХIII веках. С. 125.

[26] Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч. 2. С.31-32.

[27] Квятковская А. В. Каменные могильники Беларуси XI - XVII вв. Автореферат диссертации на соискание научной степени кандидата исторических наук. Минск, 1994. С. 8-17.

[28] Покровский Ф. Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С.109.

[29] Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. С.39-42.

[30] Покровский Ф. Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С. 107.

[31] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1835. T.1. S. 369.

[32] Квятковская А. В. К вопросу о пруссах-переселенцах на территории Беларуси в средневековье // Гістарычна-археалагічны зборнік. 1997. № 11. С. 13.

[33] Покровский Ф. Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С.107, 108.

[34] Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.33.

[35] Розных падзелаў маёнтка.

[36] Szymielewicz Michał. Zabytkowe kamienie // Ziemia Lidzka. 1937. № 9. S.103.

[37] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1937. T. II. S. 196.

[38] Szymielewicz Michał. Zabytkowe kamienie // Ziemia Lidzka. 1937. № 9. S.102.

[39] Винокуров В.Ф., Дучиц Л.В., Зайковский Э.М., Карабанов А.К. Культовые валуны с рукотворными углублениями. [Электронный ресурс] - Рэжым доступу: http://www.kirjazh.spb.ru/history/vinokur.htm - Дата доступу: 18. 03. 2018.

[40] Ляўкоў Э., Карабанаў А., Дучыц Л., Зайкоўскі Э., Вінакураў В. Культавыя камяні Беларусі // Studia Mythologica slavica № 3. 2000. C. 43-56.

[41] Vitiaz S., Vinakurau V. Cup-Marked Stones («Star Maps») in Belarus // Archaeoastronomical data and the echoes of cosmic catastrophic events (Abstracts submitted for the SEAC 2002 Tenth Annual Conference, 27-30 August in Tartu, Estonia). Tartu, 2002. P. 76-77.

[42] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок. Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

[43] Szymielewicz Michał. Zabytkowe kamienie // Ziemia Lidzka. 1937. № 9. S. 102.

[44] Там жа.

[45] Там жа.

[46] Szymielewicz Michał. Zabytkowe kamienie // Ziemia Lidzka. 1937. № 10. S.111-112.

[47] Зайкоўскі Э. Культавыя камяні Гродзеншчыны: агульнабеларускія рысы і рэгіянальныя асаблівасці // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. 2003. С. 206-210.

[48] Szukiewicz W. Szkice z archeologii przedhistorycznej Litwy. Cz. 1. Epoka kamienna w gub. Wilenskiej. 1901. S. 33.

[49] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 98.

[50] Палецкішкі, вёска за 10 км на захад ад Воранава.

[51] Szymielewicz Michał. Zabytkowe kamienie // Ziemia Lidzka. 1937. № 10. S. 112.

[52] Szymielewicz Michał. Zabytkowe kamienie // Ziemia Lidzka. 1937. № 9. S. 102.

[53] Зайкоўскі Э. Культавыя камяні Гродзеншчыны: агульнабеларускія рысы і рэгіянальныя асаблівасці. С. 206-210.

[54] Szymielewicz Michał. Zabytkowe kamienie // Ziemia Lidzka. S. 110-111.

[55] Басьма - татарскае слова, абазначала адбітак, так сама магло абазначаць істукана, балвана, статую. У нашым выпадку адпавядае знаку татарскай улады.

[56] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1839. T. VIII. Dodatak XI. S. 45.

[57] Teodora Narbutta pomniejsze pisma historyczne szczegolgni do historyi Litwy odnoszące się. Wilno, 1856. S. 219-220.

[58] Киркор А. Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Вестник Императорского Русского Географического общества. Ч. 20, 21. СПб. 1857-1858. С. 180.

[59] Biblioteka Warszawska. 1855. CLXXIV. S. 452.

[60] Дучыц Л., Зайкоўскі Э. Пра некаторыя вясковыя святыні Віленшчыны // Куфэрак Віленшчыны, №1(3). 2001. С. 23.

[61] Ляўкоў Э., Карабанаў А., Дучыц Л., Зайкоўскі Э., Вінакураў В. Культавыя камяні Беларусі. C. 43-56.

[62] Szymielewicz Michał. Zabytkowe kamienie. S. 111.

[63] Гл: Jadwiga Matelska, Jolanta Pochodowicz-Maj, Bibliografia Jaćwieży (materiały z lat 1945-1975). Białystok, 1985.

[64] Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. І. С.540.

[65] Гл: Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в Х-ХIII веках. Москва, 2014.

[66] Семянчук Генадзь. Рэцэнзія на «А. С. Кибинь, Ятвяги в X-XI вв.: «балтское племя» или «береговое братство?», «Studia Slavica et Balcanica Petropolitana», 2008, № 2 (4), c. 117-132.» // Bialoruskie zeszyty historyczne. 2010, № 33, s. 181-191.

[67] У дакументах XV ст. засталіся імёны 6 сялян гэтай вёскі: Mejszto, S'kodis, Korwelis, Zwikonis, Swirpli, Monejko. - Гл. Охманьский Е. Иноземные поселения в Литве XIII - XIV ст. в свете этнонимических местных названий // Балто-славянские исследования. 1980. Москва, 1981. С. 127.

[68] Живописная Россия. Т. 3. Ч. 1: Литовское Полесье. Ч. 2. Белорусское Полесье. СПб., 1882. (факсімільнае перавыданне, Мінск, 1993). С.168-169.

[69] Киркор А. Развалины Лидского замка // Черты из истории и жизни Литовского народа. Вильно, 1854. С.11-12.

[70] Городские поселения в Российской империи. С. Петербург, 1860 г. Т.1., С.162-165.

[71] Примечательнейшие древности в Виленской губернии. Памятная книжка Виленской губернии на 1851 г. ч. II, С.104.

[72] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. С.94-95.

[73] Вольтер Э. А. Дейнова // Энциклопедический словарь Брокгауза. СПб. Т.Х. 1893. С.94-95.

[74] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок. Виленский календарь. Вильною 1906. С. 37-57.

[75] Teodor Narbutt. Dzieje Narodu Litewskiego w krótkości zebrine. Wilno, 1847. S.34.

[76] Teodor Narbutt. Dzieje Narodu Litewskiego. Wilno, 1838. T. 4. S.285.

[77] Зайкоўскi Э.М. Месца Вялеса ў дахрысцiянскiм светапоглядзе насельнiцтва Беларусi. Мiнск, 1998. С.17-20.

[78] Винокуров В.Ф., Дучиц Л.В., Зайковский Э.М., Карабанов А.К. Культовые валуны с рукотворными углублениями. [Электронный ресурс] - Рэжым доступу: http://www.kirjazh.spb.ru/history/vinokur.htm - Дата доступу: 18. 07. 2009.

[79] Malewski Czesslaw. Rody szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiet Lidzki. Wilno, 2005. S. 89.

[80] Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понемонья. Москва-Ленинград. 1962. С.150-201.

[81] Піваварчык С., Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.35-41

[82] Піваварчык С., Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.45.

[83] Седов В. В. К истории поселений Черной Руси, КСИА, вып. 139, 1974, С. 27-31.

[84] Піваварчык С. Беларускае Панямонне у раннiм сярэднявеччы (X-XIII ст. ст.). С. 7-18.

[85] Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в Х-ХIII веках. С. 60.

[86] Ипатьевская летопись, ПСРЛ, т. II, Москва 1962, С. 819, 828.

[87] Ипатьевская летопись, ПСРЛ, т. II, С. 874..

[88] Пiваварчык С. Беларускае Панямонне у раннiм сярэднявеччы (X-XIII ст. ст.). С. 15.

[89] Зверуго Я. Г. Верхнее Понеманье в ХІ-ХІІІ вв., Мінск, 1989. С. 75.

[90] Зверуго Я. Г. Верхнее Понеманье в ХІ-ХІІІ вв. С. 89.

[91] Охманьский Е. Иноземные поселения в Литве XIII - XIV ст. в свете этнонимических местных названий // Балто-славянские исследования. 1980. Москва, 1981. С. 121-122.

[92] Там жа. С. 121-122.

[93] ПСРЛ. Т. ІІ. Ипатьевская летопись. 1908. С. 596.

[94] Охманьский Е. Иноземные поселения в Литве XIII - XIV ст. в свете этнонимических местных названий. С. 124.

[95] Narbutt T. Dzieje Narodu Litewskiego. T. IV. 1838. S. 271.

[96] РИБ. ХХХ. Юрьев, 1914. С. 543-544.

[97] Охманьский Е. Иноземные поселения в Литве XIII - XIV ст. в свете этнонимических местных названий. С. 124 -125.

[98] Scirptores Rerum Prussicarum. T. II, Leipzig, 1863. P. 703.

[99] Внуковіч Ю. I. Літоўцы Беларусі. этналагічнае даследаванне. Мінск, 2010. С. 42-46.

[100] Гл: Szymielewicz Michał. Borcie i włość Borciańska // Ziemia Lidzka. 1939. № 4-5. S. 109-117.; № 6. S. 161-168.

[101] Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в Х-ХIII веках. С. 134-135.

[102] Дубоніс А. Лейці вялікага князя літоўскага: з гісторыі ранніх дзяржаўных структур літоўскага грамадства. Смаленск: Інбелкульт, 2015. С. 24.

[103] Там жа. С. 29.

[104] Там жа. С. 26.

[105] Там жа. С. 26-27.

[106] Там жа. С. 49.

[107] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне ІХ археологического съезда. С. 99.

[108] Краўцэвіч А. Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага. С. 5.

[109] Зверуго Я. Г. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. Мінск, 1989. С. 15.

[110] Ахманьскі Ежы. Літоўская этнічная мяжа на ўсходзе ад племянной эпохі да XVI ст. // Arche. 2016. № 2(147). С. 40.

[111] Гл: Алег Дзярновіч. «Гуды» як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: «готы» ці «варвары»? // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты. Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. Варшава: Uczelnia Łazarskiego, 2013. С. 53-65.

[112] Kurjer Wilenski № 273(2814), 11 października 1933.

[113] Kurjer Wilenski № 273(2814), 11 października 1933.

[114] Kurjer Wilenski № 292(2833), 30 października 1933.

[115] Суднік Станіслаў. Як два разы старажытную Ліду адкрывалі // Лідскі Летапісец. 2016. 2(74). С. 32.

[116] Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в Х-ХIII веках. С. 202.

[117] Łowmiański H. Z dziejów ludnosci województwa nowogródzliiego // Kurjer Wilenski №351(3241) 24 grudnia 1934.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX