Некаторыя моманты ў гісторыі Еўропы XIV стагоддзя
У 1302 г. у Францыі з'яўляюцца так званыя Генеральныя штаты - саслоўна-прадстаўніцкая ўстанова з правамі дарадчага органа, якая склікалася ў крытычныя моманты па ініцыятыве каралеўскай улады для аказання дапамогі ўраду. Іхняя галоўная функцыя - прызначэнне падаткаў ў дзяржаве. Да Вялікай французскай рэвалюцыі Генеральныя штаты працяглы час не склікаліся, але ва ўмовах вострага палітычнага крызісу кароль, Францыі быў прымушаны сабраць у гэтым органе прадстаўнікоў трох саслоўяў. 17 чэрвеня 1789 г. Генеральныя штаты абвясцілі сябе Нацыянальным сходам, а 9 ліпеня Нацыянальны сход абвясціў сябе Устаноўчым сходам, які стаў вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органам рэвалюцыйнай Францыі, як тое самае ружжо, якое працяглы час вісела на сцэне але ўсё ж стрэліла.
У 14-ым стагоддзі пачынаецца ўздым Тэўтонскага ордэна ў Прусах. Некалькі дзесяцігоддзяў пасля пакарэння мясцовых плямёнаў манахі-рыцары выкарысталі для ўздыму гаспадаркі ў здабытай краіне. Моцна дапамаглі ім у гэтым каланісты з перанаселеных нямецкіх земляў, якія пачалі масава наплываць у Прусію. Ордэн пачаў актыўны наступ на Літву, a ў 1308 г. здабыў багатае славянскае Памор'е з буйнейшым балтыйскім портам Гданьскам [1].
На пачатку XIV ст. пачаўся Малы ледніковы перыяд, адчуліся кліматычныя змены - моцныя дажджы ўлетку і суровыя, марозныя зімы. Ураджаі гінуць, сяляне кідаюць нядаўна разораную раллю, людзі ў гарадах пачынаюць паміраць з голаду. На 1315-1317 гг. прыходзіцца пік голаду, так званы «вялікі голад». Падчас «вялікага голаду» гіне ад 15 да 25 % гарадскога насельніцтва. Голад у той час адрозніваўся ад голаду сёння. Дапамогі чакаць не было адкуль, і нават невялікі недарод, які можна было перажыць, разумна размеркаўшы рэсурсы, выклікаў паніку сярод насельніцтва. У Лівонскай хроніцы Германа Вартберга паведамляецца: «У 1315 годзе ў часы гэтага магістра (Герхард Ёрке) былі дарагавізна і голад у Лівоніі, так што людзі забівалі з голаду сваіх дзяцей, выкопвалі з магілаў трупы памерлых, здымалі з шыбеніц павешаных, варылі і жэрлі ix.» [2]
У 1348 г. з Крыма ў Еўропу прыйшла чума - самая магутная пандэмія таго часу. Чума прыйшла адразу у дзвюх формах - лёгачнай і бубоннай. Людзі ратаваліся рознымі маскамі, у якія клалі травы. Гэта мела нават нейкі сэнс бо адпужвала пераносчыкаў інфекцыі - блох. Напачатку чума прыйшла ў Італію і Іспанію, потым у Паўдзённую Германію і Францыю, потым хвароба перакінулася ў Англію. Пасля гэтага вярнулася на мацярык, прыйшла ў Польшчу, а потым у наш край. Эпідэмія цягнулася да 1353 г. Памерла каля 50 % тагачаснага насельніцтва. Страшныя часы, але адначасова ў культуры пачынаецца эпоха Протарэнесансу, эпоха Дантэ, Петраркі, Бакача. Пасля эпідэміі Еўропа прыходзіць ў прытомнасць амаль што цэлае стагоддзе, і толькі дзесьці з XVI ст. пачынаецца больш-менш устойлівы эканамічны рост.
У 1337 г. пачалася так званая Стогадовая вайна паміж Францыяй і Англіяй, якая ўскосна зачапіла і наш край. Пра гэта я раскажу далей.
Пачаткі гісторыі горада і замка
Першыя згадванні Ліды. Доктар гістарычных навук, прафесар С. В. Марозава ў сваім фундаментальным артыкуле «Ліда на старонках летапісаў і хронік Вялікага Княства Літоўскага» [3] заўважае, што ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» пасля запісу пад 1323 г. пра заснаванне Вільні ідзе невялікае апавяданне ад назвай «Огонь вечный перунови», там сярод іншага напісана: «Пановал князь Гедимин лет много на князстве Литовском, Руском и Жомойтском, и много мевал воен, а завше выгравал фортуне. Сплодил седмь сынов, осмую дочку Анну…». Далей, каля 1330 г. Гедымін надзяліў сваіх сыноў удзельнымі княствамі, прычым «Кестутови Троки Старые зо всем князством Жомойтским, з Городном и Ковном, Упитом и Лидою» [4]. Гэта першае пісьмовае згадванне Ліды.
Лідскі замак. Крыжацкія наезды на нашы землі ўчасціліся ў канцы ХІІІ - пачатку ХІV ст. Старыя драўляныя ўмацаванні з мураванымі вежамі-стаўпамі ўжо не маглі стрымаць ворага. Таму ў першай палове XIV ст. узнікае абарончая сістэма з магутных замкаў у Лідзе, Наваградку, Крэве, Медніках, Вільні, Троках, Коўні і г. д. [5] Гэта былі як старыя драўляныя, з цягам часу адбудаваныя з каменю і цэглы замкі-дзядзінцы, так і новы тып замкаў - кастэлі, запазычаны на Захадзе. Слова «кастэль» паходзіць ад лацінскага слова castellum - замак. У ХІІІ-ХІV стст. кастэлем у Заходняй Еўропе называлі невялікі мураваны замак, які звычайна меў адну ці дзве вежы і будаваўся ў нізіннай мясцовасці на штучным насыпе.
Будаўніцтва Лідскага замка, аднаго з самых вялікіх на тэрыторыі Беларусі (памеры двара складаюць прыблізна 80 х 80 метраў), прыпадае на 20-ыя гады ХІV стагоддзя. На чале Вялікага Княства Літоўскага тады стаяў князь Гедымін. Ён разумеў, што спыніць наступ крыжацкага войска могуць толькі мураваныя замкі з моцнымі залогамі. Таму, скарыстаўшы дыпламатычныя хады, князь заключыў часовае перамір'е з Ордэнам і вясной 1323 года разаслаў лісты ў ганзейскія (паўночна-нямецкія) гарады, якія не вельмі шанавалі крыжакоў, з запрашэннем на працу розных рамеснікаў, у тым ліку і муляроў. Ёсць меркаванні, што ганзейскія майстры прынялі непасрэдны ўдзел у пабудове Лідскага замка.
Для пабудовы замка была абрана невялікая пясчаная выспа (дзюна) у балоцістай сутоцы дзвюх рэк - Лідзейкі і Каменкі. Выспу пераўтварылі ў штучную прамавугольную пляцоўку і месцамі яе дасыпалі жвірам, камянямі, буйной рачной галькай да вышыні 5-6 метраў. З поўначы, на адлегласці 7 метраў ад яе праходзіў шырокі (каля 20 метраў) роў, які злучаў дзве ракі і аддзяляў умацаванне ад горада.
Прафесар Міхась Ткачоў у свой час падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў каменю, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску. Розныя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы на замку вяліся 5-7 гадоў. Падчас раскопак на тэрыторыі Лідскага замка ў пяску былі знойдзены фрагменты прыладаў працы і зброі людзей каменнага веку. Пясок на замчышча вазілі з найбліжэйшых радовішчаў. Лідскі замак пабудаваны з палявога каменю і цэглы. Таўшчыня сцен унізе - 2 метры, уверсе яны звужаюцца да 1,5 метра і пераходзяць у баявую галярэю. Парапет галярэі, таўшчынёй у 70 сантыметраў, складзены з цэглы, мае адзін рад байніц трох тыпаў. Насціл галярэі апіраўся на драўляныя бэлькі сячэннем 20 х 20 сантыметраў. На паўднёвай і ўсходняй сценах знаходзіліся два цагляныя данскеры (туалеты) на каменных фігурных кансолях. На пачатку замак меў толькі адну вежу - у паўднёва-заходнім куце двара [6].
Пасля з'яўлення замка, наш горад, які існаваў да гэта як малазначнае паселішча на рацэ Каменцы, пачаў расці каля замка. Таму, Гедымін бясспрэчна можа лічыцца заснавальнікам нашага горада, яму цалкам заслужана пастаўлены помнік.
У першай палове XIV ст. горад, у першую чаргу дзякуючы замку, з'яўляўся адным з рэгіянальных ваенна-адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ. У 1382 г. Ліда становіцца цэнтрам намесніцтва [7].
Доўга думаў, ці напісаць пра Гедыміна больш падрабязна? Але вырашыў, што чым рабіць кампіляцыю, сумленней будзе адправіць чытача да ўжо напісанага раней [8].
Прайшоў час. Не толькі просты народ, але і шляхта забылася, калі і хто будаваў наш замак. У народзе захавалася добрая памяць пра каралеву Бону, і будаўніцтва Лідскага замка доўгі час, пэўна, да прац Тэадора Нарбута, прыпісвалася менавіта каралеве Боне. Рэктар лідскіх піяраў у першай палове XIX ст., ксёндз Язафат Вайшвіла пісаў:
«Замак у горадзе прыпісваюць каралеве Боне, як быццам яна яго пабудавала. Амаль што кожны, у каго пра гэта пытаеш, так кажа. Нават лідскі магістрат менавіта гэтак каля 1820-га года рапартаваў, і гэтак жа лічыў і сам бурмістр Вінцэнт Бенстажыцкі. Так ён і напісаў у рапарце, выконваючы загад урада, які патрабаваў інфармацыю пра Лідскі замак.
... Я запытаў аднаго шляхціца:
- Ці ведаеш, чый замак?
Пан шляхціц адразу адказаў:
- Ведаю вельмі добра - каралевы Боны.
- А ці Бона яго вымуравала?
- Так, Бона, няма сумнення.
- Як даўно?
- Дастаткова даўно.
- А хто гэта такая, каралева Бона? Жонка якога караля?
- Гэтага не ведаю.
- А ці яна была хрысціянкай, ці паганкай?
- Паганкай!
- А дзе яна жыла?
- Тут, у Лідзе.
- А пахаваная дзе?
- У нашым замку.
- А хто пахаваны пасля яе?
- Кароль.
- А як яго звалі?
- Не ведаю.
- А што яшчэ ведаеш пра гэты замак?
- Больш нічога не ведаю.
- А хто яго знішчыў?
- Не ведаю.
Вось і ўсё, што можна даведацца пра замак ад мясцовых людзей» [9].
Вайдыла. Пасля смерці Гедыміна зімой 1341 г. Альгерд з Кейстутам былі старэйшыя пасля Нарымонта сярод Гедзімінавічаў, а ў Вільні сядзеў самы малодшы сын Гедыміна - Яўнут, малады і няздольны да ўлады. У 1345 г. Альгерд і Кейстут вырашылі ўзяць уладу - Кейстут з Трокаў з войскам прыйшоў у Вільню і паланіў Яўнута, пасля гэтага паклікаў Альгерда і перадаў яму Вільню як старэйшаму, прызнаючы вярхоўную ўладу брата. Альгерд з Кейстутам падзялілі ВКЛ на «паловы», Альгерд быў уладаром у Віленскай палове і меў тытул вялікага князя, Кейстут быў уладаром у Троцкай палове, і яму падпарадкоўваліся ўсе родзічы, якія мелі там удзелы.
Пасля падзелу Ліда належала Альгерду, які ў сваю чаргу падараваў горад свайму слузе Вайдылу. «Хроніка Быхаўца»: «Быў у вялікага князя Альгерда нейкі халоп, парабак нявольны, звалі яго Вайдыла. Спачатку быў ён пекарам, потым прызначыў яго князь пасцель слаць і ваду піць падаваць, і вельмі палюбіўся ён Альгерду, і даў быў вялікі князь яму Ліду трымаць і вывеў яго ў людзі. Потым, калі пасля смерці вялікага князя Альгерда мінула больш за два гады, князь вялікі Ягайла ўзняў Вайдылу вельмі высока і аддаў за яго сястру сваю родную, княгіню Мар'ю, што была замужам за князем Давыдам. I тым князю вялікаму Кейстуту надта вялікую крыўду і прыкрасць учыніў, што братанку ягоную ды Ягайлаву сястру за халопа аддаў. I ўвабраўся той Вайдыла ў вялікую моц за князем Ягайлам, ды пачаў з немцамі соймы чыніць, раіцца і падпісвацца пад граматамі супраць вялікага князя Кейстута» [10].
Пра гэта ж дарэнне паведамляе «Віленскі летапіс» [11].
А ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» маюцца чатыры блокі звестак пра Вайдылу. Трэба трошкі расказаць пра гэтага не чужога для Ліды чалавека. Для прастаты разумення летапісаў, тэксты пра Вайдылу падаю ў прафесійным перакладзе на сучасную беларускую мову.
«Быў у вялікага князя Альгерда нейкі парабак-нявольнік, халоп Вайдыла. Спачатку быў ён пекарам, а пасля [князь Альгерд] прызначыў яго пасцель сабе слаць і ваду падаваць сабе піць. Пасля [Вайдыла] так палюбіўся яму, што даў яму [князь Альгерд горад] Ліду трымаць і ўзвысіў яго. Потым жа, пасля смерці вялікага князя Альгерда два ці больш гадоў мінула, князь вялікі Ягайла яшчэ больш узвысіў Вайдылу і аддаў за яго сястру сваю родную - княгіню Марыю, што пасля была [замужам] за князем Давыдам.
I быў той Вайдыла ў вялікай моцы ў вялікага князя Ягайлы, і пачаў ён з немцамі соймы чыніць і граматы ўкладаць супраць вялікага князя Кейстута. Быў нехта астродскі комтур [12], звалі яго Гунстынам. Ён быў кумам князю вялікаму Кейстуту, хрысціў княгіню Янушаву, дачку яго. Той [Гунстын] расказаў князю вялікаму Кейстуту: "Ты таго не ведаеш, што князь вялікі Ягайла часта пасылае да нас Вайдылу і ўжо змовіўся з намі, каб цябе пазбавіць тваіх уладанняў, а яму б з маці яны дасталіся".
Князь вялікі Кейстут, ведаючы, што князь вялікі Вітаўт добра жыве з князем вялікім Ягайлам, пачаў скардзіцца сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту: "Ты з ім добра жывеш, а ён ужо змовіўся на нас з немцамі". Князь жа вялікі Вітаўт [так] гаварыў бацьку свайму: "Не вер гэтаму, гэта няпраўда, бо ён жа са мною добра жыве і, напэўна, паведаміў бы мне [пра гэта]".
Потым адбылася знамянальная падзея: князь вялікі Ягайла аддаў Полацк брату свайму, князю Скіргайлу, а яны (палачане) не прынялі яго. I князь вялікі Ягайла паслаў усё сваё войска літоўскае і рускае з братам сваім князем Скіргайлам на Полацк, і магістар лівонскі прыйшоў з войскам да Полацка, і аблажылі яны горад. I князь вялікі Кейстут зноў пачаў скардзіцца сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту, моцна крыўдуючы на князя Ягайлу: "За Вайдылу сястру сваю, а маю братавую аддаў; ад немцаў мне паведамілі, што яны змовіліся супраць нас; а па-трэцяе: з кім мы ваюем? З немцамі. А яны з імі Полацк здабываюць. Усё гэта паказвае, што яны з немцамі заадно супраць нас". I сказаў князь вялікі Вітаўт бацьку свайму, вялікаму князю Кейстуту: "Яшчэ і гэтаму не зусім веру". Сказаўшы гэта, паехаў вялікі князь Вітаўт у Дарагічын» [13].
Улічваючы, што Альгерд памёр у 1377 г., шлюб Вайдылы з Марыяй Альгердаўнай мог адбыцца каля 1379 г.
Трэба сказаць, што імя Вайдылы ў розных крыніцах падаецца як «Воидило» альбо Woydilo, а ў хроніцы Віганда - Waydel, Waydelen. Гэта імя мае балцкую этымалогію і, верагодна, Вайдыла быў балтам. З вялікай верагоднасцю можна казаць, што звесткі пра «нізкае» паходжанне Вайдылы з'яўляюцца тэндэнцыйнымі і накіраваны на тое, каб апраўдаць жорсткія дзеянні Кейстута супраць яго [14]. Трэба сказаць, што пры дварах вялікіх князёў ВКЛ існавала пасада пасцельнічага (лац: cubicularius), які апрача засцілання ложка для князя, падаваў яму пітную ваду. З гэтага бачна, што Вайдыла меў асобыя адносіны з князем, які давяраў яму сваё жыццё. Цікава, што князь Альгерд піў толькі звычайную пітную ваду («понеже пива и меду не пиаше, ни вина, ни кваса кисла»), бо, верагодна, баяўся атручвання. Чэшскі храніст Бенеш Крабіцэ з Вейтміле паведамляе, што яго бацька Гедымін быў атручаны.
Згодна з хронікай Віганда, пасля Вялікадня 1376 г. атрад крыжакоў ледзь не захапіў у палон баярына Вайдэла (Waydel), які паляваў каля Даўдзішак. Парабкі папярэдзілі свайго гаспадара, тым не менш крыжакі захапілі 40 коней, што паказвае на багацце Вайдылы, які ўжо меў сваіх парабкаў і як найменей 40 конных слуг [15].
Лідскі намеснік князя Вайдыла валодаў каля нашага горада Дубровенскай воласцю, якую ў 1387 г. Ягайла перадаў віленскаму касцёлу святых Станіслава і Уладзіслава (гл. далей). Яшчэ Адам Кіркор паведамляў пра існаванне тут у XIX ст. каменных падмуркаў двара Вайдылы.
Каб даведацца пра смерць Вайдылы, зноў працытуем летапіс:
«Князь жа вялікі Кейстут сабраў усе свае сілы, і ўварваўся ў Вільню, і паланіў вялікага князя Ягайлу з яго маці і братамі, і граматы тыя знайшоў, якія з немцамі [яны] ўклалі, а да сына свайго, вялікага князя Вітаўта, ганца паслаў у Дарагічын [паведаміць] пра тое, што ўчынілася. I ганец тон знайшоў вялікага князя Вітаўта ў Гародні. I князь вялікі Вітаўт за адзін дзень з Гародні прыімчаў да бацькі свайго, вялікага князя Кейстута [у Вільню]. Ён жа сказаў сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту: "Ты мне не верыў, а вось тыя граматы, [якія сведчаць], што яны змовіліся [з немцамі] супраць нас, але Бог нас збярог. Я ж князю вялікаму Ягайлу нічога [дрэннага] не ўчыніў, не рушыў ні скарбаў яго, ні стадаў, а самі палоненыя ходзяць толькі з невялікаю вартаю. Вотчыну ж яго, Віцебск і Крэва і ўсе землі, што бацька яго трымаў, - усё гэта аддаю яму і на нішто іхняе не пасягаю. А ўчыніў усё гэта, аберагаючы галаву сваю, уведаўшы, што супраць мяне змова рыхтуецца".
Князь вялікі Ягайла вельмі ўзрадаваўся прыезду вялікага князя Вітаўта. I прысягнуў князь вялікі Ягайла вялікаму князю Вітаўту і дзядзьку свайму, вялікаму князю Кейстуту, што ніколі супраць яго выступаць не будзе, а заўсёды і ва ўсім будзе ў яго (Кейстута) волі. I князь вялікі Кейстут адпусціў яго (Ягайлу) з маці і з братамі і з усім яго скарбам. ... Потым князь вялікі Кейстут пайшоў да Ноўгарадка Северскага на князя Карыбута, а сына свайго, вялікага князя Вітаўта, пакінуў у Вільні. Ідучы да Ноўгарадка Северскага, [князь вялікі Кейстут] загадаў павесіць Вайдылу» [16].
З іншай крыніцы, «Скарбца...» Даніловіча даведваемся, што Кейстут выступіў супраць Карыбута і па дарозе напаў на Дуброўню, за 5 вёрст ад Ліды, схапіў тут Вайдылу і загадаў яго павесіць [17]. Але ёсць меркаванне, што Вайдыла ўжо раней уцёк у Прусію і знайшоў прытулак у крыжакоў. Адсюль ён мог кіраваць змовай супраць Кейстута ў 1382 г. і быць схопленым, калі патаемна вярнуўся ў ВКЛ [18].
Пра Вайдылу таксама пісаў і польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі.
Далейшая гісторыя Ліды
14 жніўня 1385 г. у Крэўскім замку было падпісана пагадненне з Польшчай, вядомае зараз пад назвай «Крэўская унія». Ягайла мусіў ажаніцца з непаўналетняй 12-гадовай польскай каралеўнай Ядвігай (дачка польскага караля Людвіка Венгерскага, які не меў сыноў, і пасля яго смерці ў 1382 г. яна стала каралевай) і заняць польскі сталец. Узамен ён абавязваўся прыняць каталіцтва і ахрысціць у яго братоў, сваякоў і іншых падданых, вызваліць палонных хрысціян (палякаў), заплаціць 200 тыс. фларынаў за зрыў пагаднення аб шлюбе Ядвігі з Вільгельмам Габсбургам, вярнуць забраныя і назаўсёды далучыць свае землі да Каралеўства Польскага [19]. Ёсць меркаванне, што тэкст пагаднення з гэтымі ўмовамі вядомы толькі паводле пазнейшых, падробленых полькім бокам спісаў [20].
12 лютага 1386 г. Ягайла прыбыў у Кракаў. Канчатковае зацвярджэнне уніі адбылося 15 лютага 1386 г., калі Ягайла быў ахрышчаны ў Вавельскім кафедральным саборы Кракава і з тых часоў афіцыйна выкарыстоўваў імя Уладзіслаў або яго лацінскую версію. 18 лютага адбылося вянчанне з дванаццацігадовай Ядвігай. 4 сакавіка Ягайла быў урачыста каранаваны архібіскупам гнезненскім Бадзантам і афіцыйна пачаў тытулавацца «каралём Польшчы, вярхоўным князем Літоўскім і дзедзічам Рускім», паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў (Ягелонаў).
На наступны год адбыўся абрад сімвалічнага хросту літоўскіх паганцаў, які атрымаў назву Ягайлавага хросту: Ягайла з Ядвігай прыехалі ў Вільню, дзе знішчылі паганскія сімвалы (непагасны агонь у гонар Перуна, абагаўляных змей, высеклі святыя гаі), раздавалі новаахрышчаным белыя суконныя світкі, скураныя боты і грошы (таму асобныя паганцы хрысціліся па 2 разы і болей). У Вільні Ягайла выдаў дазвол на стварэнне каталіцкіх біскупства і 7 плябаніяў (прыходаў). 27 лютага 1387 года ў Вільні Ягайла надаў Віленскаму біскупству разам ў іншымі вёскамі лідскую вёску Дуброўна на рацэ Жыжма з прылеглымі землямі (недалёка ад сучаснай вёскі Біскупцы) [21]. Некаторыя гісторыкі лічаць, што верагодным цэнтрам Дубровенскай воласці была ўсё ж вёска Дуброўня, што пад Лідай [22].
Пасля Крэўскай уніі 1385 г. Ліда аказалася важным, бліжэйшым да Вільні населеным пунктам, каля якога ляжаў шлях ад сталіцы ВКЛ да польскай сталіцы Кракава. Такое геаграфічнае размяшчэнне Ліды разам з наяўнасцю добра ўмацаванага і да таго ж досыць камфартабельнага замкавага комплексу еўрапейскага тыпу, зрабіла горад месцам прыпынку Ягайлы ў яго частых паездках. Тут адбываліся важныя для абедзвух дзяржаў сустрэчы, перамовы, урачыстасці [23]. Усё гэта вабіла ў Ліду і хрысціянскіх місіянераў з захаду.
Верагодна, менавіта ў Лідскім замку вялікі князь Ягайла падпісваў дзяржаўныя дакументы, на якіх было ўказана, што яны былі падпісаны ў Лідзе. У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці. Таксама Ягайла надаў яму зямлю «на 6 сох», 3 пляцы, лугі і корчмы, дзесяціну з усёй каралеўскай маёмасці ў Лідскім павеце і 6 рублёў. Гэты фундуш быў пацверджаны 7 ліпеня 1616 г. каралём Жыгімонтам ІІІ [24]. Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адкрыў пры касцёле францішканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага ордэна былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 г. І гэты касцёл згарэў у 1406 г.
Фрагмент прывілею касцёлу, дадзены Ягайлам, бярог сярод іншых дакументаў Лідскі пробашч. У дадатку да пятага тома «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» Т. Нарбут змясціў тэкст гэтага прывілея, а таксама спіс пробашчаў Лідскага касцёла [25].
У Лідзе 10 студзеня 1389 г. Ягайла загадаў цівунам выплачваць дзесяціну закладзеным у ВКЛ касцёлам [26], 20 траўня 1397 г. Ягайла разам з сваім стрыечным братам Вітаўтам надаюць віленскаму біскупу Андрэю 200 грывен са свайго скарба і 10 мер мёду з Віленскага замка [27], а 3 чэрвеня таго жа года ў Лідзе браты дазваляюць біскупу Андрэю закласці кляштар меншых братоў (францішканаў) у Лідзе і высвеціць касцёл пад вызнаннем св. Крыжа і св. Францішка [28].
Надзвычай важным наступствам шлюбу Ягайлы і каралевы Ядвігі, стала аднаўленне, ці стварэнне ўніверсітэта, які да нашага часу мае назву Ягелонскі. Універсітэт, хоць і быў заснаваны ў 1364 г. па ініцыятыве польскага караля Казіміра III Вялікага, але пасля яго смерці стварэнне гэтай установы прыпынілася. 26 ліпеня 1400 Вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Ягайла, дзякуючы падараванням каралевы Ядвігі, аднавіў дзейнасць універсітэта. Для беларускай моладзі таго часу Кракаў на доўгі час стаў самым блізкім месцам, дзе можна было атрымаць вышэйшую адукацыю.
Ужо ў сярэдзіне XV ст. на Лідчыне з'яўляюцца першыя бакалаўры гэтага ўніверсітэта [29]. І, нагадаю, ступень бакалаўра атрымаў у Кракаве вялікі беларус Францішак Скарына.
Межы будучай гістарычнай Лідчыны
Гісторык Алег Ліцкевіч, прааналізаваў літоўска-крыжацкі дагавор 1379 г. і такім чынам апісаў абрысы мяжы паміж будучым Лідскім і Гарадзенскім паветамі. Сярод іншага ў дагаворы гэтак абазначана мяжа: «Вось сёлы на мяжы паміж Пераломам і Гародняй: Мікуландорф (Miculandorf) Бутэнера (?) з Гародні; другое - Заблоцце (Sablocza), сяло Помена, паляка; трэцяе - Вялікае Сяло (Grosedorf), дзе сядзяць судовы (яцвягі); чацвёртае - Астрына (Astryne); пятае - Раміландорф (Ramylandorf); шостае - Кентыняны (Kentynane), і Тамянаны (Tamyanane), і Сукендорф (Sukendorf)» [30].
Дзе «Мікуландорф» - в. Мікулішкі Шчучынскага раёна. Пра ўладальніка Мікулішак Ліцкевіч піша наступнае: «Здаецца, вялікая літара, з якой у арыгінале пададзена гэтае слова, сведчыць аб тым, што "Бутэнер" - гэта прозвішча. Таму магчымы варыянт, што гэта быў немец на службе ў князя Кейстута. Больш нічога пра гэтага чалавека невядома. З іншага боку, "Beutner" у старанямецкай мове азначала "пасечнік, пчаляр" ... Таму ў дагаворы 1379 г. магла ісці гаворка пра тое, што сяло належала Мікуле, які быў гарадзенскім бортнікам (мабыць, плаціў мядовую даніну)» [31].
Можна дапусціць, што пад «Забалаццю» маецца на ўвазе вёска Забалаць Воранаўскага раёна, ад якой на адлегласці 16 км жылі скалвы. Пра гаспадара Забалаці Помена можна сказаць, што польскі нобіль герба «Помян» у другой палове XIV ст. меў у гэтым раёне зямельнае ўладанне. Імя «Помен» падобна на назву польскага шляхецкага роду герба «Помян», гэты род ў XIV-XV стст. меў некалькі разгалінаванняў у Куяўскай і Серадзскай землях. Цікава, што паляк Помен, верагодна, першы польскі нобіль на службе ў літоўскіх князёў, якія яшчэ былі паганцамі, як Кейстут. У 1413 г. невядомы прадстаўнік гэтага роду адаптаваў у Гародле род літоўскага нобіля Станіслава Сака [32].
Вялікае Сяло (Grosedorf) - гэта сучасная вёска Вялікае Сяло Шчучынскага р-на. За 3 км на поўнач ад Вялікага Сяла ёсць вядомае нам гарадзішча Касцянёва, дзе стаяла памежная драўляная цвердзь Наваградскага княства, разбураная падчас вайны ў другой палове XIII ст.
Астрына - гэта сучасны пасёлак у Шчучынскім раёне. За 3 км на паўднёвы ўсход ад Астрыны, на беразе ракі Астрынкі, знойдзена гарадзішча Кульбачына. Тут памежная цвердзь Гарадзенскага княства, таксама, як і Касцянёва, знішчаная ў другой палове XIII ст.
Алег Ліцкевіч лічыць, што «наяўнасць побач з Астрыной і Вялікім Сялом рэшткаў старых памежных старажытнарускіх цвердзяў XIII ст. дазваляе меркаваць, што на гэтым адрэзку мяжа Гарадзенскага рэгіёна ў 1379 г. паўтарала канфігурацыю старажытнай мяжы былога Гарадзенскага княства» [33].
Лакалізацыя вёскі «Раміландорф» не высветлена, верагодна назва ўтварылася да імя нобіля-ўладальніка. «Сукендорф» - гэта, верагодна вёска Сухінічы Мастоўскага раёна.
Мяжа на лініі Мікулішкі - Забалаць - Вялікае Сяло - Астрына аддзяляла Гарадзенскі рэгіён ад Радунскай воласці, якая ў 1387 г. разам з іншымі валасцямі Троцкага рэгіёна была перададзена князю Скіргайлу Альгердавічу. А частка тэрыторыі на нашым, усходнім беразе Котры, якая паводле дагавора 1379 г. яшчэ належала да Гарадзенскага рэгіёна, у XV ст. увайшла ў склад асобнай Астрынскай воласці [34].
Лідчына ў «Паведамленнях аб літоўскіх шляхах»
Важнай крыніцай па гісторыі ВКЛ і Лідчыны XIV ст. з'яўляецца «Паведамленне аб літоўскіх шляхах» («Die Littauischen Wegeberichte»), якое было напісана на мяжы XIV-XV ст., напярэдадні Вялікай вайны ВКЛ і Польскага каралеўства з Тэўтонскім ордэнам. «Паведамленне аб літоўскіх шляхах» упершыню было надрукавана ў другім томе «Scriptores Rerum Prussicarum» у Лейпцыгу ў 1863 г. Гэты тэкст утрымлівае апісанне дарог праз тэрыторыю заходняй часткі ВКЛ, у большасці сваёй зробленае паміж 1385 і 1404 г. Шпіёнаў ордэна - Паўла, Урбана, Івана і Астапку ў першую чаргу цікавілі шляхі і гасцінцы для арміі, адлегласці паміж паселішчамі, наяўнасць вады і харчавання. Але часам яны ўзгадвалі імёны ўладальнікаў тагачасных беларускіх вёсак і двароў.
На тэрыторыі будучага Лідскага павета крыжакі адзначылі наступных уладальнікаў:
- Васюту (уладальнік вёскі на поўдзень ад Ражанкі: «Waisedendorf»);
- Гасцілку (вёска «Hostilkandorf» на ўсход ад Гародні ў накірунку Ражанкі, верагодна, сучасныя Гасцілаўцы Лідскага раёна);
- Кіманта (Ражанка);
- Сангайлу (Ліпічна);
- Сцегявіла (Жалудок і землі ўздоўж ракі Лебяды: «Stegewillen lant») [35].
Ніжэй прывяду пераказы (не рызыкую назваць гэта перакладамі, бо рабіў гэта сам) кавалка, датычнага Лідчыны.
83. З Гародні ў Салешнікі, вяртаючыся праз Пералом.
Перш за ўсё, з Гародні на другі бок возера (Белае), за 3 мілі ад замка. Ад Астрынскага замка, да Астрыны - 3 мілі, ёсць рака з назвай Котра, дзе шмат аховы. Адтуль да Васілішак - 2 мілі праз непрыгожы лес, тут вы можаце спыніцца на працягу 2 начэй і добра паляваць. Адтуль да Дубічаў - 5 міль добрай дарогі, тут ёсць паселішча і замак. Ад Эйшышкаў да Дубічаў - 3 мілі, яны знаходзяцца за адну мілю ад дарогі. Ад Эйшышак да Салешнікаў - 5 міль ... З Салешнікаў вярнуцца назад па пустцы ў 12 міляў у княскі двор у Пераломе; тут можна знайсці дастаткова корму. Пасля пераправы цераз раку Нёман мы вяртаемся на дарогу.
86. Шлях з Прэвалкі (населены пункт на Балтыцы - Л. Л.) да Салешнікаў.
Дарога праходзіць ад Прэвалкі да Салешнікаў. Першая ноч каля Стрэвінінкая (падаю сучасную назву), другая ў Шырвісе, у трэцюю ноч - у Эйшышках, чацвёртая - у Дворышчы, і пятая - каля Лідскага замка.
87. Шлях ад Пералома на Бакшты.
Першая ноч - у двары Мікулы (3 мілі ад Пералома). Другая ноч - праз 3 мілі ў Берштах каля ракі пад назвай Котра; трэцяя начоўка - праз 3 мілі ў Бакштах каля Новага Двара; чацвёртая ноч - праз 4 мілі ў Лідзе.
88. Шлях ад Лютцана (зараз Гіжыцко ў Польшчы) у Астрыну.
... праз 4 мілі ў Вількушы, дзе вы можаце павярнуць у патрэбным кірунку, і, калі вы хочаце ехаць у начны час, тады вам трэба праехаць 8 міль у бок Нёмана да каралеўскага двара Васілішкі або Астрына, дзе багатыя землі. ...
89. Шлях ад Луцка да Астрыны.
… затым Волкуш (вёска ў Аўгустоўскім павеце) - 4 мілі па адкрытым полі, адтуль - 4 мілі да Гародні, потым - 4 мілі да возера, маёнтка караля, потым - 4 мілі да Астрыны, нерухомасці караля. Далей - рака Котра, праз яе давядзецца пераходзіць. Адтуль вы можаце скіроўваць туды, куды патрэбна.
90. Шлях ад Пералома да Эйшышак.
... першая ноч будзе ў Пераломе, адтуль па дарозе дзве вялікія мілі, корму дастаткова; далей адтуль - за 4 мілі Бершты, шлях цвёрды і добры, але ёсць рака, якая называецца Котра, яна вельмі цяжка замярзае, ушыркі - 30 футаў, вакол шмат дрэў, і таму лёгка зрабіць мост. Пасля ракі яшчэ далёка да дарогі. Калі не жадаеце ісці сюды, тады вы павінны ведаць, што ёсць возера, з якога рака выцякае, праз яго вы можаце перайсці ў зімовы перыяд, калі яно замерзне. Ад Берштаў - дзве мілі да Бакштаў, адтуль будзе цвёрдая і добрая дарога. На шляху будзе рака, але вельмі малая, меншая, чым Котра, і яны гарантуюць, што праз яе таксама будзе мост. Ад Бакштаў за 2 мілі - Васілішкі, тут зямля багатая і добрая. Ад Васілішак праз 2 мілі знаходзіцца Забалаць, тут добрыя палі і вёскі. Ад Забалаці да Скалева - дзе мілі, там жывуць тыя, якіх паланілі каля Рагніта, ад аднаго сяла да іншага ёсць добрая дарога, але ёсць там і рака, якая завецца Пелясой, яна нешырокая, яны сцвярджаюць, што праз яе маецца мост. Ад Скалева далей праз 2 малыя мілі - Радунь. Тут прыгожы, багаты і густанаселены край. Ад Радуні праз 2½ мілі знаходзяцца Эйшышкі; дарога добрая і зямля багатая.
91. Дарога з Гародні ў Крэва.
... Ад Гародні праз 3 мілі ўверх па рацэ Пыранцы. Тут таксама вы будзеце мець праз 1½ мілі мост, тут паўсюдна добры корм. Адсюль праз 4 мілі - Астрына, каралеўская сядзібы, корм заўсёды добры; тут шырокае і адкрытае поле і некалькі рэк, але яны бясшкодныя. Далей дрэнны лес, яго лепей абыйсці і 3 мілі ехаць да Васілішак, тут добрая і пастаянная ежа і не перашкаджаюць рэкі. Адтуль да ракі Жыжма - 3 мілі, у вярхоўях ракі балота, якое не замярзае, таму тут цяжка зрабіць дарогу, але на рацэ ёсць добры мост, тут добрая і пастаянная ежа. Дарога ідзе праз прасторнае і зялёнае поле. Адтуль да Ліды - 2 мілі, лясы ці рэкі не перашкаджаюць. Адтуль да ракі ... - 3 мілі; калі яна не замерзла, дык вам трэба зрабіць мост, абодва берагі ракі добрыя, і тут знойдзецца корм. Адтуль праз 1½ мілі - Ліпнішкі, вам нічога не патрабуецца, пастаянна ёсць яда, лясы ці рэкі не перашкаджаюць. Адтуль праз 3 мілі ў вёсцы дом, можна адпачыць, пастаянна ёсць харчаванне і добрая ежа; далей дарога праз добрае адкрытае поле, рэкі ці лес не замінаюць. Адтуль да Крэва - 3 мілі, добры край, няма праблем з харчаваннем і кормам.
Зваротны шлях. ... Адтуль, праз 3 мілі ўверх па рацэ Лебяда, край Сцегявілы, тут заўсёды добра і дастаткова корму. Вам трэба будзе зрабіць мост.
93. ... да Турэйска і Гародні.
... потым да Ваўкавыска - 2 мілі, тут можна правесці 2 ці 3 ночы, таму што ёсць пастаянная вада, а таксама добрая і прыгожая зямля; потым Дзярэчын - праз 4 мілі, вы не можаце паставіць тут лагер, бо няма вады. Праз 4 мілі адсюль - Слонім, тут не трэба марнаваць час, хаця зямля добрая і дастаткова вады, і тут можна стаяць 2 ночы. Праз 6 міляў адсюль - Збляны, тут трэба чакаць ноч і спаць у лесе ля Нёмана. Потым праз 4 мілі - Турэйск, тут досыць ежы і вады. Потым праз 4 мілі - Лядск, ёсць добрая вада і добры корм, потым Васілішкі - праз 3 мілі, тут добра і можна застацца на 2 ночы, таму што дастатковая колькасць вады. Праз 4 мілі адсюль - Астрына, тут ёсць вада, і тут добра; адсюль 3 мілі - да ракі, якая называецца Пыранка, тут зноў выходзім на добрую дарогу, і да Гародні - 4 мілі.
... Каб прайсці ад Ваўкавыска ў Гародню добрым шляхам, вы павінны ісці ад Ваўкавыска да Нёмана 4 мілі, дарога досыць добрая, і ёсць вада; затым праз 2 мілі - двор Кіманта Ражанка, дзе вы можаце, пры жаданні, жыць тры ночы ў палатках, вады і ўсяго неабходнага дастаткова; адтуль ісці да Лядска, так, як апісана вышэй.
95. Прыпынкі па дарозе ў Наваградак.
Шлях да Наваградка. Першая ноч - у Путрышках, другая - у Гасцілкавічах каля Юргена, трэцяя - на двары Кіманта, чацвёртая - у двары Васюты, пятая - у Наваградку.
96. Шлях да Ліды.
Гэта яшчэ адзін шлях да Ліды. Першая ноч - у Путрышках, другая - у Астрыне, трэцяя - у вялікакняскай маёмасці Васілішкі, чацвёртая - у Лідзе.
98. Прыпынкі на шляху з Гародні ў Наваградак.
.... Трэцяя ноч - праз 1½ мілі ад Ятвезі ў Ражанцы, двары Кіманта, дастаткова корму і вады. Чацвёртая ноч - за 3 мілі ад Ражанкі, у двары Сцегявіла Шалутка (Жалудок), дастаткова корму вады. Пятая ноч - за 2 мілі ад Шалуткаў каля Нёмана, дзе часта перапраўляюцца цераз гэтую раку ...
Ад Наваградка можа вярнуцца праз адно месца за 2½ мілі, дзе ёсць дастаткова ежы і вады, але назву месца магістр не ведае. Другая ноч - у Лідзе, праз 2½ мілі, тут дастаткова ежы і вады. Трэцяя ноч - праз 2 мілі на шляху ад Ліды, у двары Гарадзенскага ваеннага начальніка. Чацвёртая ноч - праз 2 мілі ў вёсцы Васілішках, прадуктаў харчавання і вады будзе дастаткова. Пятая ноч - за 2 мілі ад Васілішак ля возера ў Астрыне, вялікакняскай нерухомасці, ежы і вады будзе дастаткова. Шостая начоўка - за 3 мілі ад Астрыны, недалёка ад возера, у двары вялікага князя; далей - у Гародні...
99. Дарога з Гародні ў Наваградак.
... Ад Гародні да Гасцілкавага двара - 4 мілі, нічога не трэба правіць, і ўсё нязменна добра; ад двара Гасцілкі праз зялёнае поле без вёсак да Ятвеска - 4 мілі. Ад Ятвеска да двара Кіманта - 2 мілі па нязменна добрай дарозе, не трэба расчышчаць і стамляцца. Ад двара Кіманта праз 3 мілі - двор Сангайлы Ліпічна, дарога нязменна добрая, не трэба расчышчаць ці будаваць. Праз 4 мілі ад Ліпічны, недалёка ад Нёмана - сядзіба князя Збляны, пасля Зблянаў - добрая дарога. Адтуль да Наваградка - 8 міль ...
100. Дарога ад Трабаў да Наваградка.
... За 3 мілі ад Бярэзіны - Валожын, ёсць дастаткова ежы і вады; ад Валожына - за 1½ мілі Пятроў бор, ёсць ежа і вада; ... праз 2 мілі ўверх (па Нёмане) ад Бакштаў - Любча, ёсць дастаткова ежы і вады, ад Любчы праз 2 мілі - Нягневічы, потым праз 2 мілі - Наваградак, ёсць дастаткова ежы і вады. З Наваградка можа пайсці ў Ліду, Ваўкавыск або Сталовічы .... [36]
Персанажы Шэкспіра ў Літве
У 1388-1389 гг. княжанне Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім ускладнілася супрацьстаяннем з Вітаўтам, які быў абураны тым, што Скіргайлу былі нададзены ўладанні за кошт вотчыны Вітаўта. Выказваючы незадавальненне ліцвінскіх баяраў рэзкім узмацненнем інтэграцыі з Польшчай, Вітаўт зноў перайшоў на бок Тэўтонскага ордэна, чым распачаў другі эпізод грамадзянскай вайны ў Літве з намерам стаць вялікім князем. У абмен Вітаўт абяцаў перадаць ордэну Жамойць аж да Нявежы. Ягайла ў адказ Вітаўту пазбавіў яго Падляшша і Берасцейскай зямлі.
Вывучаючы войны ВКЛ з крыжакамі ў XIV ст., стала сустракаеш прозвішчы замежных і ў тым ліку ангельскіх рыцараў, якія ваявалі супраць нашых продкаў на баку Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Пачаўшы даследаваць тэму еўрапейскіх рыцараў у Прусіі ў XIV ст., я з цікавасцю зразумеў, што сярод іх былі вельмі вядомыя асобы.
У Прусіі пабывалі практычна ўсе арыстакраты Еўропы, яна як магніт вабіла шараговых ваяроў, жадаўшых стаць рыцарамі. Аднак з канца XIII ст. лік рыцараў-крыжакоў, якія прыбываюць у Прусію і Лівонію, пачаў памяншацца. У канцы XIII ст. Тэўтонскі ордэн усё радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у займальных наступальных дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную залогавую службу, небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. У 1330-ых гадах вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Лютар фон Браўншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў у Прусію. Лютар сам быў адораным паэтам і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных прац пісаць пра Тэўтонскі ордэн. Ён стварыў традыцыю, пры якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Для гэтага была адроджана былая традыцыя святкавання Круглага стала караля Артура. Простыя ваяры з Еўропы пераконваліся ісці ваяваць у Прусію, удзельнічаць у «Reisen» (такім сярэднявечным эўфемізмам называліся вайсковая паходы). Важнае значэнне меў лік пасвечаных у рыцары па заканчэнні Reisen. Цырымонія пасвячэння ў рыцары стала неад'емнай часткай кожнага крыжовага паходу. Гонар яе правядзення аддавалі самому высакароднаму з прыезджых крыжакоў. Пасвячэнне адбывалася, як толькі хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годную дзею. Пасля гэтага Вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны Кругламу сталу караля Артура, і ўзнагароджваў найбольш адважных воінаў [37]. Французскі гісторык Эрнест Лавіс так апісаў гэтае мерапрыемства: «У пышным шатры накрываўся круглы стол, за які садзіліся пры гуку труб і цымбал дзесяць прызнаных найадважных рыцараў, і імёны іх услаўляліся потым паэтамі ва ўсім хрысціянскім свеце. Гэтыя рыфмаваныя расказы таксама запальвалі мужнасць, як у мінуўшы час пропаведзь Пятра Пустэльніка або св. Бернара, і, дзякуючы … гэтаму, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным» [38].
У адрозненні ад рыцараў, якія ўдзельнічалі ў гэты ж час у Стогадовай вайне ў Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць не была галоўнай для крыжакоў. У значнай ступені гэта тлумачылася беднасцю мясцовага насельніцтва ў параўнанні з астатняй Еўропай. Адзіным багаццем тут былі коні, у XIV ст. вялікі князь літоўскі Вітаўт меў 20.000 коней [39]. Тэўтонскія рыцары захоплівалі землі, а не рухомую маёмасць. Ордэн прыцягваў замежных удзельнікаў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі рыцарскай гонару [40]. Эрнест Лавіс пісаў што воінаў вабіла цікаўнасць паглядзець зблізку на гэты ордэн, гонар рыцарства, панаваўшага на зямлі аднятай у няверных, а больш за ўсё пагоня за моцнымі ўражаннямі і цікавымі прыгодамі, аповядамі аб якіх можна было б потым займаць дам. Гэтыя далёкія паходы глыбока засталіся ў рыцарскіх норавах. Многія нямецкія песні пачынаюцца словамі: «Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію», многія французскія казкі захоўваюць нам успамін аб гаротным становішчы рыцара, які, прыняўшы ўдзел «у святым паходзе ў Прусію», аказваўся ў становішчы ашуканага мужа [41]. Як прыклад адносінаў рыцарства Еўропы да крыжовага паходу ў Прусію, цікавы раман Антуана дэ ла Саль «Маленькі Жан дэ Сантрэ», які ўяўляе сабою амаль што навучальны дапаможнік для тых, хто прагнуў прысвячэння ў рыцары. Падобна таму, як гэта адбываецца ў сучасным спорце, у той час былі «прафесійныя» рыцары, якія выклікалі на бой супернікаў у чужых краях і блукалі ад аднаго двара правіцеля да другога ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі бы іх умовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сэнтрэ праехаў вялікую частку Еўропы, з Францыі ён адправіўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар засыпаў яго падарункамі. Пазней ён пабываў пры двары імператара, які асабіста прысутнічаў на двубоях, дзе ён выступаў супраць нямецкіх рыцараў. Нарэшце, пярайшоўшы ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны, ён адпраўляецца ў «крыжовы паход» у Прусію, дзе, нарэшце знаходзіць сабе славу.
Але ж падарожжа ў Прусію было занадта дарагім для бедных рыцараў, і таму Тэўтонскі ордэн выплачваў грашовыя субсідыі. Гэта ў значнай ступені здымала грань паміж крыжакамі і наймітамі. Практыка выплачванні грашовых сум для праезду стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават Баварскі герцаг, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай імперыі, прыняў грошы ад Ордэна за службу ў 1322 г. [42]
Зацішша ў Стогадовай вайне выклікала прыток французскіх, бургундскіх і ангельскіх рыцараў. Маршал Францыі Жан Бусіко (Jean Boucicaut) асабіста ўдзельнічаў у чатырох кампаніях на баку Ордэна і арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі. З 1329 г. ангельскія рыцары пачалі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах (Reisen) на Літву. Перыяды найбольшай актыўнасці былі, калі наступалі перамір'і ў Стогадовай вайне, асабліва ў 1347-52, 1362-68, і 1390-98 гг. Напрыклад у 1362-68 гг. ангельскія рыцары са сваімі атрадамі, амаль штогод ваявалі ў Прусіі. Кульмінацыя актыўнасці - паміж лістападам 1367 г. і лютым 1368 г., калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі прадстаўлены чатырнаццаці рыцарам і іх атрадам, у суме - дзевяноста сем ваяроў. Напрыклад, тры сыны графа Уворвіка (Warwick) адпраўляліся ў паход з дзевяццю эсквайрамі [43] і дваццаццю ёменамі [44] пры трыццаці конях і з адной тысячай марак на выдаткі, а Уільям Далезон, эсквайр (William Dalleson, esquire) - у суправаджэнні аднаго ёмена, павінен быў выдаткаваць трыццаць марак. Для некаторых экспедыцыя ў Прусію стала звычкай. Томас Уфард, сын Роберта, графа Суфолка (Thomas Ufford, son of Robert, earl of Suffolk), ваяваў на баку тэўтонскіх рыцараў у 1348, 1362, 1365 гг. і, магчыма, у 1352 г. Сэр Томас Бойнтан (Sir Thomas Boynton) упершыню ўдзельнічаў у ваеннай кампаніі ў Прусіі яшчэ падлеткам у 1362 г. і паўторна ўзімку 1367-68 гг. Тады ж Х'ю Дэспансер (Hugh Despenser) атрымаў першую ліцэнзію на ўдзел у Балтыйскім крыжовым паходзе, яшчэ раз ён ваяваў у Прусіі і Літве ў 1383 г. У 1360-х гг. у крыжовых паходах у Прусію ўдзельнічалі рыцары з усіх рэгіёнаў Англіі і з розных узроўняў дваранства. Ад графа Уворвіка ў 1365 г. і яго сыноў у 1367-68 гг. і ягонага ўнука на пачатку 15 ст. і графа Херафорда (earl of Hereford) у 1363 г. і да правінцыйных дваран, накшталт Джэфры Скроўпа Машэма (Geoffrey Scrope of Masham) з Ёркшыра, забітага ў Літве ў 1362 г. Або Рычарда Волдагрэва (Richard Waldegrave) з Суфолка, які з графам Херафордам удзельнічаў у паходзе да Віслы ў 1363 г. У балтыйскіх крыжовых паходах удзельнічала мноства высакародных сем'яў Англіі (Beauchamps, Uffords, Bohuns, Percies, Despensers, Fitz Walters, Beauchamps, Scropes, Courtenays, Montagues, Counenay) [45].
Генры Персі (Henry Percy), знакаміты Хотспур (Hotspur), сын першага графа Нартумберленда (first earl of Northumberland), пра якога падрабязней я распавяду далей, быў у Балтыйскіх крыжовых паходах у 1383 г. [46] і, верагодна, пад Лідай у 1392 г. [47]
Кароль Генрых IV (Граф Дэрбі). Самы вядомы ангельскі ваяр, які стаў прататыпам рыцара ў «Кентэрберыйскіх аповядах» самага значнага ангельскага паэта Сярэднявечча Джэфры Чосера (1344-1400) [48] і героем трагедый Вільяма Шэкспіра «Рычард II» і «Генрых IV», быў граф Дэрбі, будучы кароль Англіі Генрых IV. Крыніцай сюжэту для Шэкспіра з'явіліся некалькі ананімных п'ес і летапісы Халіншэда, з якімі, аднак, Шэкспір абышоўся вельмі вольна. П'еса пра валадаранне Генрыха IV складае сярэднюю частку тэтралогіі, пачаткам якой з'яўляецца «Рычард II», а канцом - «Генрых V». Усе яны звязаны паслядоўнасцю гістарычных падзей і супольнасцю некаторых персанажаў. Дзеянне п'есы разгортваецца ў Англіі пачатку XV ст., калі каралеўская ўлада сцвярджала сябе ў барацьбе з феадаламі [49].
Генрых IV Балінгброк (Henry IV Bolingbroke), вядомы таксама як Генрых Ланкастар, ангельскі кароль, заснавальнік Ланкастарскай галіны дынастыі Плантагенетаў. Генрых, старэйшы сын Джона Гонта (герцага Ланкастара, 4-га сына Эдуарда III) і яго першай жонкі Бланш (прапраўнучкі ангельскага караля Генрыха III), нарадзіўся ў замку Балінгброк за 20 км на поўначы ад Бостана ў 1367 г., верагодна, у красавіку.
У дзесяць гадоў яму быў нададзены тытул графа Дэрбі і самая ганаровая ўзнагарода ў каралеўстве - Ордэн Падвязкі. У 1380 г. ён ажаніўся з адной са спадчынніц графа Хэрафорда, Марыяй Багун, і ў 1384 г. пераняў і гэты графскі тытул (з 1397 г. Генрых стаў 1-м герцагам Хэрафордам).
У 1387 г. падчас адсутнасці свайго бацькі ў Англіі, Генрых Балінгброк увайшоў у змову з чатырма іншымі лордамі, абуранымі тыраніяй ягонага стрыечнага брата - караля і злоўжываннямі каралеўскіх фаварытаў. Спачатку апелянтам удалося дабіцца поспеху: фаварыты караля былі асуджаны парламентам за здраду, а сам кароль быў пастаўлены пад кантроль Рады. Аднак, вярнуўшыся ў 1389 г., Джон Гонт ўстаў на абарону свайго пляменніка - караля і змог на час пагадніць апанентаў [50].
Прысвяціўшы сябе рыцарскім подзвігам, з 1390 г. па 1393 г. Генрых правёў у крыжовых паходах, вандраваў па Цэнтральнай Еўропе, дабраўся да Венецыі, пабываў на Кіпры і ў Палестыне.
У 1390 г. Генрых вырашыў далучыцца да крыжовага паходу ў Літву, у якім удзельнічалі французскія рыцары. Бацька, Джон Гонт, даў яму 3533 фунты на выдаткі. Былі нанятыя караблі з Данцыга, каб перавезці трыста ангельскіх ваяроў. 20 ліпеня 1390 г. экспедыцыя выходзіць з Бостана і праз тры тыдні высаджваецца ў Памераніі. Дэрбі прыйшоў у Данцыг 10 жніўня, а 16 жніўня прыбыў Кёнігсберг [51]. Прускія гісторыкі прызнаюць добрую службу « hraf Henrich von Derby» і яго паплечнікаў [52].
Магістр Энгельгард Рабэ сумесна з Вітаўтам і лівонскімі рыцарамі рыхтаваўся да вайсковага паходу. У жніўні, пасля прыбыцця добраахвотнікаў з Англіі і Францыі, падрыхтоўка для вайны ў Прусіі была скончана.
Войска выступіла пад камандаваннем магістра Энгельгарда Рабэ (Engelhard Rabe), бо Вялікі магістр Конрад Цольнер (Konrad Zolner) быў цяжка хворы. Французамі камандаваў рыцар Бусіко, сын маршала Францыі.
Пад Коўняй злучыўся з галоўнымі сіламі магістр Інфляндскі са сваімі рыцарамі.
Мэтай паходу быў захоп Вільні і ўзвядзенне на велікакняскі пасад Вітаўта.
Пад замкам Вісельвальдэ (Wissewalde), недалёка ад старой Коўні, са сваім войскам чакаў Скіргайла. Было вырашана бараніць пераправы.
Але магістр з атрадам адборных рыцараў, абыйшоўшы Скіргайлу з поўначы, пераправіўся цераз раку ўброд і раптам напаў на ліцвінскае войска і разграміў яго. Гэтая бітва адбылася ля мястэчка Віжуны. Скіргайла страціў сто чалавек. Рыцары ўзялі ў палон трох руска-літоўскіх князёў: Сымона сына Яўнута, Глеба Святаслававіча Смаленскага і Глеба Канстанцінавіча Чартарыскага (па версіі Стрыйкоўскага гэтыя князі былі забітыя) і адзінаццаць баяраў. Перамогу крыжакі адсвяткавалі шумным баляваннем.
Скіргайла з часткай свайго войска замкнуўся ў замку Вісельвальде, другая частка войска адступіла да Вільні. Недалёка ад Вільні, пад Веркамі, адбылася другая бітва, у якой ліцвіны зноў атрымалі паразу і адступілі ў Вільню.
4 верасня 1390 г. аб'яднаныя сілы крыжакоў і Вітаўта абклалі Вільню. Адначасова па рэках Нёмане і Віліі былі дастаўленыя харчовыя прыпасы і ваенны рыштунак.
Крыжакі мелі перад сабою тры магутныя цвердзі: Верхні і Ніжні Замак і Крывы Горад. Крывы Горад складаўся з драўляных хат і быў акружаны магутнымі палісадамі і равамі [53]. Верхні замак абараняў польскі гарнізон пад камандай Мікалая Маскажэўскага (Mikolaj Moskorzewski), падканцлера польскага. Абаронай Крывога Горада кіраваў князь Карыгайла (Казімір), родны брат Ягайлы. Міхал Балінскі цытуе данясенне, напісанае некім з палякаў на старанямецкай мове: «… абклалі Вільню, найболей моцна ўмацаваны горад у краях Літоўскіх, які складаецца з трох градаў з залогамі. Адзін з іх - Крывы Замак, у якім сабралася некалькі тысяч ваяроў, старых і люду паспалітага, як для абароны замка, так і для захавання свайго жыцця. У гэтым замку мёў даводства над залогой наш брат найбліжэйшы Пан Казімір». Вітаўт са сваімі жмудзінамі бок аб бок з графам Дэрбі і ангельскай пяхотай абклаў Крывы горад, немцы і французы - Верхні Замак. Усе вайсковыя кідальныя машыны праціўніка пачалі абстрэл Вільні з мэтай запаліць горад [54].
6 верасня пачаўся агульны штурм падпаленага горада. Верагодна, прыхільнікі Вітаўта адчынілі вароты горада, і непрыяцель уварваўся ў яго, забіваючы ўсіх. Длугаш [55] лічыў, што галоўнай прычынай падзення добра ўмацаванага горада была здрада. Ягайла пісаў: «…у гэтым замку, такі быў лік узброеных людзей, што сілай узяць яго было немагчыма, - толькі здрадай і падманам…», пасля ўварвання крыжакоў у Крывы Горад, як піша далей Ягайла, «…там такая пачалася разня, падчас пажару ў гэтым замку, што шмат тысяч людзей шляхетнага роду, нават князёў, а потым і шляхты, і чэрні без літасці было забіта» [56]. Балінскі цытуе ангельскага аўтара хронікі Уолсінгема (Walsingham), які славу частковага здабыцця Вільні аддае графу Дэрбі і піша пра 4000 забітых ліцвінаў [57]. Паніка і вялікая колькасць шукаўшых паратунку людзей не далі магчымасці Карыгайлу выратавацца ў Верхнім Замку. Ён быў забіты. Длугаш пісаў: «… полымя з-за варожага прыступу нельга было спыніць, князь Казімір, інакш Карыгайла, родны брат польскага караля Уладзіслава, кідаецца ўцякаць з агню, але трапляе жывым у рукі ворагаў, якія ў вялікім мностве атачалі падпалены замак, і адразу ж падае абезгалоўлены; насадзіўшы галаву забітага на доўгую дзіду, ворагі паказваюць яе для застрашвання абаронцаў Верхняга замка, пераконваючы іх здацца і здаць замак ...» [58]. У лісце камтура ордэна аб выніках штурму напісана: «Пасля першага штурму войска крыжакоў апанавала драўляны замак, у якім было забіта тысячы людзей і згарэла шмат ваяроў пешых і конных з некалькімі русінскімі князямі, а менавіта аднаго з братоў Польскага караля Карыгайлу, у тым замку ўзята ў палон некалькі тысяч людзей рознага веку» [59]. Балінскі адзначае, што пазней, вялікі князь ВКЛ Вітаўт надаў вялікія фундушы Віленскаму капітулу за душу свайго стрыечнага брата [60].
Верхні замак не быў узяты і трымаўся 5 тыдняў. Маскажэўскі выгнаў з замка ўсіх, хто мог быць людзьмі Вітаўта [61].
Длугаш піша аб 14 000 забітых, Фойгт, спасылаючыся на хроніку Віганда, гаворыць аб 7000 забітых [62].
Крыжакі разышліся па цэлым краі. Дзе пабываў у гэты час граф Дэрбі, не вядома.
У лістападзе з Польшчы падышоў Ягайла з польскім войскам, але да гэтага часу крыжакі адступілі, і ўзімку 1391 г. Ягайла адступіў у Польшчу.
20 кастрычніка Дэрбі вярнуўся ў Кёнігсберг, дзе заставаўся да 9 лютага 1391 г., наладзіўшы вялікі банкет паміж Калядамі і Трыма Каралямі на ангельскі манер. Затым ён вярнуўся ў Данцыг і застаўся там да канца Вялікадня 1391 г., пры гэтым атрымаў падарункі ад новага магістра, Конрада фон Валенрода, і вёў перамовы з Польшчай аб абмене двух палонных ангельскіх рыцараў [63]. Тым часам, пачаліся сваркі паміж ангельцамі і шатландцамі, што дайшлі да двубою, у якім быў забіты вядомы шатландскі рыцар Вільгельм Дуглас (Wilhelm Douglas). Двубоі былі гэтак жа паміж ангельцамі і французамі. Гэта вымусіла Вялікага магістра забараніць двубоі ў ваенны час [64]. Выкупіўшы палонных, граф Дэрбі атрымаў ад папы Баніфацыя IX вызваленне ад крыжацкага зароку і ў канцы сакавіка прыплыў у Англію. 30 красавіка граф прыбыў у Лондан, 3 лістапада выступіў у парламенце [65].
Ангельская дапамога таксама спынілася з-за таго, што іх рыцары патрабавалі, каб менавіта яны неслі сцяг св. Георгія, хоць, традыцыйна гэты сцяг заўсёды неслі немцы. Акрамя таго граф Дэрбі ўмяшаўся ва ўнутраныя справы ордэна, патрабуючы палепшыць магчымасці ангельскіх купцоў гандляваць у Прусіі. Раздражнялі немцаў таксама і сталыя бойкі ангельцаў з шатландцамі. У цэлым ангельцы сталі прычыняць больш праблем, чым каштавала іх дапамога. У 1394 г. Вялікі магістр Ордэна адказаў адмовай на афіцыйны ангельскі запыт аб удзеле ў паходзе гэтага года, і пасля 1394 г. ангельскія рыцары рэдка згадваюцца ў хроніках аб Прусіі. Трэба адзначыць, што французскія рыцары карысталіся большай павагай з боку ордэна, іх заўжды было болей за англічан, і яны не ўмешваліся ў камерцыйныя справы ордэна з патрабаваннем прэферэнцый для французскага гандлю. Французскія рыцары традыцыйна былі больш аддадзеныя рыцарскаму кодэксу паводзінаў, і, як гэта неаднаразова было падчас Стогадовай вайны, вялі сябе пад час рэальных баявых дзеянняў, як на рыцарскім турніры [66]. У 1394 г. пры аблозе Вільні насуперак волі Вялікага магістра ордэна французскія рыцары выклікалі на двубой польскіх рыцараў, вінавацячы іх у дапамозе язычнікам. Длугаш пісаў аб гэтым: «Пакуль доўжылася аблога, паміж рыцарамі абедзвюх бакоў узнікалі частыя спрэчкі і лаянкі: французы вінавацілі палякаў у тым, што тыя аказваюць дапамогу варварам супраць вернікаў; палякі ж пярэчылі, што паступаюць свята і набожна, бо дзеля веры сталі на абарону новаахрышчаных супраць ілжэзмагароў за веру. Абодва бакі ўмовіліся, што ў доказ справядлівасці сваёй справы як палякі, так і французы ўступяць у рыцарскі двубой пры двары Венцаслава (у той час караля Чэхіі) у Празе ў прызначаны дзень у роўным ліку, па чатыры рыцары з кожнага боку. Калі прыйшоў гэты дзень, абодва бакі выканалі ўмову, а менавіта: калі прыбылі чатыры рыцары з боку караля Уладзіслава, Ян з Влошчава, кашталян добжынскі, Мікалай з Вашмунтова, Ян з Здакова і Яраслаў Чэх, з боку ж французаў чатыры рыцары з'явіліся ў Прагу, яны адправіліся ў сад пры звярынцы, каб засведчыць рыцарскую сілу і шчасце. Аднак па загадзе Венцаслава, караля Чэхіі … праціўнікі былі ўтрыманы ад сутычкі і прыведзены, француз у пары з палякам і паляк з французам, да каралеўскага стала, дзе іх спачатку пышна прынялі і пачаставалі, а затым кароль Венцаслаў, выступіўшы як пасярэднік, памірыў іх і прывёў да згоды» [67].
У ліпені 1392 г. граф Дэрбі, зноўку адплыў у Прусію. Высадзіўшыся ў Памераніі, ён прыбыў у Данцыг 10 жніўня. Тут ягоныя ваяры забілі немца і былі настолькі агрэсіўныя, што Тэўтонскі ордэн быў рады пазбавіцца ад «памагатых». Паўдзельнічаць у новым наездзе на Літву не ўдалося, і Дэрбі паслаў большасць сваіх ваяроў дахаты, а сам 23 верасня пачаў паломніцтва ў Святую Зямлю. Кніга ягоных грашовых выдаткаў паказвае нам маршрут. Граф пабыў у Празе з 13 да 25 кастрычніка 1392 г., правёўшы тры дні з каралём Венцаславам у ягоным замку; правёў першыя чатыры дні лістапада ў Вене, ведучы перамовы з эрцгерцагам Альбрэхтам III і Жыгімонтам Вугорскім. Прыбыў у Венецыю 29 лістапада. Адсвяткаваў Каляды ў Зары каля Канстанцінопаля, адплыў на востраў Радос, адкуль прыбыў у горад Яфа. З Яфы з адным аслом, загружаным правізіяй, наведаў Ерусалім. З Ерусаліма ў лютым граф Дэрбі адплыў на Кіпр, дзе, магчыма, сустрэўся з Генры Персі (Хотспурам), які прыкладна ў гэты час таксама быў на Кіпры [68]. Вярнуўся ў Венецыю ў канцы сакавіка 1393 г., да 13 траўня жыў у Мілане. Далей праз Павію, 22 чэрвеня прыбыў у Парыж. У Лондан граф прыехаў 5 ліпеня і там старанна маліўся ў цэрквах [69].
А ў верасні 1392 г. пачалася яшчэ адна велізарная выправа рыцарскай Еўропы на чале з магістрам ордэна Конрадам Валенродам (абраны на гэты пост у 1391 г.) [70] Але гэта не з'яўляецца нашай тэмай.
* * *
Ангельскі Кароль Рычард ІІ так і не дараваў апелянтам. У 1398 г., пасля таго як Генрых і яшчэ адзін былы апелянт, герцаг Норфалк, спрабавалі развязаць сваю асабістую спрэчку двубоем, абодва рэвалі былі па загадзе караля выгнаны з Англіі. У наступным годзе памёр герцаг Ланкастарскі (Джон Гонт), бацька нашага героя. Рычард II канфіскаваў вялікія ўладанні герцага, якія павінны былі адысці графу Дэрбі.
Генрых нечакана апынуўся на чале ўсіх незадаволеных тыраніяй караля лордаў. Скарыстаўшыся адсутнасцю Рычарда (кароль узначаліў паход у Ірландыю), Генрых і яго паплечнікі ў ліпені 1399 г. высадзіліся ў Англіі і рушылі на Лондан. Паспешна вярнуўшыся, кароль Рычард ІІ не змог аказаць годны супраціў. У жніўні кароль быў узяты ў палон і пасаджаны пад арышт у замку Пантэфракт. Спадзеючыся захаваць жыццё, Рычард падпісаў адрачэнне ад пасаду. Аднак у 1400 г., пасля каранавання графа Дэрбі як Генрыха IV, Рычард быў забіты.
Неўзабаве Генрых усвядоміў, што атрымаць карону значна прасцей, чым захаваць яе. Першыя дзесяць гадоў прайшлі ў барацьбе. Спачатку ў студзені 1400 г. ён разграміў прыхільнікаў у той час яшчэ жывога Рычарда II. З 1403 г. па 1408 г. Генрых вёў барацьбу з адной з самых магутных сямей Англіі - Персі.
З 1408 г. здароўе Генрыха IV прыкметна пагоршылася, гісторыкі мяркуюць, што ў караля была праказа. Парой ён зусім не мог займацца дзяржаўнымі справамі. У перыяд з 1410 г. па 1411 г. ад імя бацькі краінай кіраваў ягоны сын - прынц Валійскі. Узніклі супярэчнасці паміж бацькам і сынам, яны выраслі ў сапраўдны канфлікт. Пры ангельскім двары пачалася барацьба за ўладу паміж хворым каралём і маладым прынцам. У 1412 г. кароль, узяўшы кіраванне краінай у свае рукі, вымусіў прынца пакінуць каралеўскую раду. Але 20 сакавіка наступнага года Генрых IV памёр, молячыся ў Вестмінстэрскім абацтве. Пахаваны ў Кентэрберы [71].
Генры Персі Хотспур. Нартумберленды (Northumberland) - лінія графаў, а пасля герцагаў з сямейства Персі. Нартумберленды пакінулі прыкметны след у гісторыі Англіі.
Персі мелі значныя ўладанні ў Паўночнай Англіі. Першыя свае маёнткі, якія знаходзіліся ў Ёркшыры, яны атрымалі яшчэ з рук Вільгельма Заваёўніка за заслугі ў Нармандскай заваёве. На поўдні Персі валодалі графствам Дарэм.
Землі Персі размяшчаліся таксама на прымежнай тэрыторыі Шатландыі, што давала Персі, падобна шэрагу іншых лордаў, дадатковыя магчымасці для палітычнага манеўравання паміж Лонданам і Эдынбургам.
Традыцыйна Персі займалі пасаду намеснікаў памежных земляў, іх абавязкам было ахоўваць ангельскія тэрыторыі, якія межавалі з Паўднёвай Шатландыяй. Першы граф Нартумберленд (1342-1408) Генры лорд Персі, чацвёрты барон Персі, бацька Хотспура, быў першым прадстаўніком свайго клана, чые дамаганні распасціраліся далей уласных уладанняў і традыцыйных рэгіянальных канфліктаў з іншымі сем'ямі. Ён вёў сваё паходжанне ад сэра Вільгельма дэ Персі (каля 1030-1096), нармандскага барона, прыбыўшага ў Англію з Вільгельмам I Заваёўнікам у 1066 г. Ледзі Мэры - маці першага графа Персі была дачкой герцага Генры Ланкастара, чый бацька Эдмонд быў другім сынам караля Генрыха III.
У 1377 г. сэр Генры Персі стаў маршалам Англіі і першым графам Нартумберлендам.
Сэр Генры Персі (20 траўня 1364 (1366?) - 21 ліпеня 1403), таксама вядомы па мянушцы «Гары Хотспур» (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшыванец), быў старэйшым сынам Генры Персі, 1-га графа Нартумберленда. Яго маці - Маргарэт Нэвіл, дачка Ральфа Нэвіла, 2-га барона Навіла дэ Рэбі (1291-1367) і Алісы дэ Адлей.
Гары Хотспур пасвечаны ў рыцары каралём у Віндзоры 23 красавіка 1377 г. У якасці збраяносца суправаджаў свайго бацьку пры ўзяцці замка Бервік 1378 г. [72]
Ужо ў 1383 г. Гары Хотспур першы раз прымае ўдзел у крыжовым паходзе ў Літву [73]. Хотспур унесены у спісы (The Calendar of the Patent Rolls) тых, каму дазволена ў гэты час выехаць за мяжу ў крыжовы паход [74]. У той год ў верасні вялікае войска крыжакоў, пад камандай Вялікага магістра Кондрада Цольнера выступіла на Літву. З імі ішла літоўска-жмудская харугва Вітаўта. На тэрыторыі Літвы да Вітаўта далучылася шмат прыхільнікаў.
Войскі рухалася дзвюма дарогамі і 11 верасня сабралася каля Трокаў. У Трокскім замку была моцная залога з ваяроў Скіргайлы, якія мелі ўсё неабходнае для абароны. Крыжакі ўжылі аблогавыя прыстасаванні. Ім удалося праламаць сцяну замка. Залога дамовілася з крыжакамі аб бесперашкодным выхадзе і пакінула замак, пасля чаго ён быў прыведзены ў належны стан і Вітаўт пакінуў у ім сваю залогу, да якой Вялікі магістр дадаў 60 сваіх ваяроў. Кашталянам замка прызначылі крыжака Яна Рабэ. Па Літве пайшла гаворка аб узяцці Вітаўтам Трокаў, і шляхта, якая служыла яшчэ яго бацьку, пачала сцякацца пад сцягі Вітаўта. Пасля ўзяцця Трокаў падышлі крыжакі з Ельблонга, Балгі, Брандэнбурга і Хрыстбурга. Гэтае войска высунулася да Вільні. Пасля цяжкіх баёў на подступах 18 верасня крыжакі ўвайшлі ў прадмесці горада і запалілі яго [75]. Віганд так апісвае штурм горада: «На наступны дзень войска спяшаецца да Вільні, і магістр высылае наперад 4-х камандораў, ... , каб спалілі, горад русінаў, як здолеюць. І адбываецца там бітва на мосце. Шматлікія ліцвіны адбілі хрысціянаў, але і хрысціяне ў сваю чаргу адбілі ідалапаклоннікаў, сякучы іх і ўдараючы. У трэці раз ідалапаклоннікі, прыкметна ўзмацніўшы свае шэрагі, прагналі хрысціянаў, а аднаго брата [Ордэна] да смерці пранізала страла, іншага раніла. Горад згарэў. Спадар Хуберт з Зэндзендорфа нёс сцяг святога Георгія. Пасля 3-х гадзін магістр са шматлікімі крыжакамі зняліся і адышлі да Нярыса, і войска падзялілася. Хрысціяне спяшаюцца на караблі, каля якіх не былі 11 дзён, і разам з магістрам цэлыя ўступаюць у Прусію» [76].
Вялікі магістр абвясціў Жмудзь уласнасцю ордэна, узяў закладнікаў і, падзяліўшы войска на малыя аддзелы, адправіў іх да мяжы Прусіі. У гэты ж час Вітаўт, ізноў атрымаўшы паўнамоцтвы вялікага князя, штодня далучаў да сваіх уладанняў новыя воласці і такім чынам істотна павялічыў свае сілы [77].
У гэты год Вітаўт разам з крыжакамі захапіў Коўню і Трокі, спаліў прадмесці Вільні, тым не менш Ягайла разам з братам Скірагайлам вярнуў заваяваныя гарады і прымусіў Вітаўта вярнуўся на тэрыторыю ордэна [78].
Аб канкрэтных дзеяннях Хотспура ў гэты час нічога не вядома, але ж вядома, што толькі напрыканцы 1383 г. Гары Хотспур вярнуўся на радзіму з-за абвастрэння сітуацыі ў Францыі.
* * *
Палітыку на англа-шатландскай мяжы ў канцы XIV ст. шмат у чым фармавалі два наймацнейшыя роды: з ангельскага боку - Персі а з шатландскага - Чорныя Дугласы.
Палітыку на англа-шатландскай мяжы ў канцы XIV ст. шмат у чым фармавалі два наймацнейшыя роды: з ангельскага боку - Персі, а з шатландскага - Чорныя Дугласы.
Сталая англа-шатландская вайна была пабочнай галіной Стогадовай вайны. Адным з пікаў абвастрэння памежнай вайны паміж сем'ямі Дугласаў і Персі з'явілася бітва пры Атэрберне (Otterburn). Шатландска-французскае ўварванне ў Паўночную Англію было ўзначалена графамі Джэймсам Дугласам і Мюрэем. Пры Атэрберне (15 жніўня 1388 г.) яны нанеслі паразу ангельскаму войску, якім камандаваў сэр Генры Персі (бацька Хотспура). На пачатку ангельцы рашуча атакавалі шатландскія палявыя ўмацаванні, і перавага была на іх баку. Але потым, падчас пераследавання войска шатландцаў, Хотспур дапусціў памылку, прыняўшы дапаможны лагер за галоўны лагер шатландскага войска і разам са сваім братам Ральфам быў узяты ў палон. Ангельцы страцілі каля 2000 чалавек. Страты шатландцаў былі невялікімі, аднак граф Джэймс Дуглас у гэтай бітве загінуў. Для вызвалення братоў Персі, каралём Англіі Рычардам II быў выплачаны вялізны выкуп у 3000 фунтаў [79].
У 1391 г. Ягайла перадаў Ліду свайму брату Карубуту Альгердавічу.
У 1391 г. Хотспур атрымаў пост начальніка залогі горада Кале ў Францыі. А ў 1392 г., верагодна, прыняў удзел у наездзе на Ліду.
Тэадор Нарбут так апісаў наезд крыжакоў: «Пад Аліту перадавыя атрады крыжакоў падашлі ў студзені 1392 г. У выправе прымалі удзел Ян Румпенхайм (Jan Rumpenheim), Конрад Ліхтэйнштэйн (Konrad Lichtenstein) з замежнымі гасцямі. Князь Вітаўт, таксама ўдзельнічаў у гэтай выправе. Калі войска ўжо выходзіла з Аліты, ангельцы паспрачаліся з немцамі за права несці харугву св. Георгія. Справа дайшла да крывавай сутычкі. З абодвух бакоў у бойцы удзельнічалі знатныя людзі, ангельцамі кіраваў Персі, сын графа Нартумберленда, іншымі Рупрэхт з Шакендорфа. Мэтай выправы было месца Ліда, у якой у гэты час для аховы краю знаходзіўся князь Карыбут з войскам. Праз замёрзлую дрыгву крыжакі раптам падышлі да Ліды і падзамча. Карыбут не стаў бараніць адзін з лепшых замкаў Літвы і ўцёк са сваім дваром і войскам, пакінуўшы ўсё што было ў замку і горадзе на здабычу непрыяцелю. Здабыта было шмат зброі і вайсковага рыштунку» [80]. Такім чынам Нарбут наўпрост піша што пад Лідай быў сын графа Нартумберленда Персі (Хотспур). Але пры тым ён спасылаецца на Фойгта [81] які ў сваю чаргу расказвае аб падзеях, абапіраючыся на «Хроніку Віганда».
Але Віганд, даючы інфармацыю аб «reisen» на Ліду, піша толькі тое, што англічанамі кіраваў спадар Персі (Aglici eciam extederunt vexillulum per dominum nobilem de Perse). У спасылцы да гэтага тэксту даецца каментар: «Яўна той жа, які і на С. 154 спадар Персі з Англіі паходзіць з роду герцага Нартумберленда (памылка, не герцага а графа - Л. Л.) і ёсць падставы меркаваць што гэта не вядомы Генры Персі (Хотспур - Л. Л.), а спадар Томас Персі ... Верагодна, што гэта Томас, бо граф Генры Дэрбі (будучы кароль Генры IV) падчас свайго паходу ў Прусію ў 1390 г. атрымаў пашпарт (дазвол) на выезд за мяжу ад караля Рычарда II для рыцара Томаса Персі ... з тэрмінам дзеяння ў 1 год» [82]. А праз старонку Віганд зноў піша: «sc. Dominus Perse de Anglia» [83].
Такім чынам, хто з роду Персі быў пад Лідай у 1392 г., дакладна высветліць, верагодна, ужо не магчыма. Аўтар каментарыяў да «Хронікі Віганда» лічыць, што гэта быў Томас Персі (дзядька Хотсупра), але нават з ягонай інфармацыі бачна, што дазвол у сэра Томаса дзейнічаў толькі да 1391 г.
Сучасны ангельскі гісторык Крыстофер Туерман таксама лічыць, што Хотспур быў у балтыйскім паходзе ў 1383 г., а ягоны дзядзька праз 9 гадоў, г. зн. у 1392 г. [84] Іншы сучасны ангельскі гісторык, Маўрыс Кін паведамляе нам, што «Хотспур, знакаміты сын першага графа Нартумберленда, быў у Прусіі у 1383 г. Ягоны дзядзька, сэр Томас Персі, здаецца, служыў там у 1391 г.» [85].
Польскі гісторык Зінкс (Henryk Zinks) са спасылкай на іншыя крыніцы піша: «На наступны год (1392 г. - Л. Л.) быў у Прусіі на чале сваёй дружыны Генры Персі ..., ён аднак не жадаў браць удзел у вайне супраць Вітаўта, з якім меў справу летась і ведаў, як хрысціяніна, са сваёй дружынай вярнуўся з-пад Кёнігсберга» [86]. Крыжакі з Вітаўтам ужо ў студзені 1392 г. былі каля Аліты, і Хотспур, безумоўна, сустрэўся з Вітаўтам у Прусіі яшчэ ў 1391 г., г. зн. - летась. Ваяваць супраць Вітаўта Персі змог бы толькі пасля заключэння Востраўскага пагаднення (4 жніўня 1392 г.). Такім чынам, Хотспур мог прымаць удзел у «Reisen» пад Ліду на пачатку 1392 г. Прысутнасць абодвух Персі, пляменніка і яго дзядзькі, амаль адначасова і ў адным месцы, пры тым што хранікёры завуць іх проста «Персі», уносіць блытаніну ў гэтае пытанне і, хто з роду Персі быў пад Лідай у 1392 г., абсалютна дакладна высветліць, верагодна, не магчыма.
З ліста караля Кіпра каралю Англіі Рычарду ІІ ад 15 ліпеня 1393 г., вядома, што Генры Персі ўвесну быў на Кіпры і, магчыма, сустрэўся з графам Дэрбі [87] што ўскосна можа сведчыць аб ягоным удзеле ў выправе 1392 г.
Неабходна дадаць, што дзядзька Хотспура Томас Персі, граф Вурсцер (Thomas Percy Worcester) таксама значны персанаж трагедый Вільяма Шэкспіра «Рычард II» і «Генрых IV» [88].
З 1393 г. па 1395 г. Хотспур служыў губернатарам горада Бардо.
На далейшы лёс сям'і Персі паўплываў канфлікт графа Генры з Рычардам II, які пажадаў, каб граф прыняў удзел у карнай экспедыцыі ў Ірландыю (1398). Аднак замест гэтага граф выехаў з Лондана ў свае землі ў Паўночнай Англіі.
У 1399 г. кароль Рычард II абвінаваціў графа Нартумберленда і ягонага сына ў здрадзе. У адказ яны, змовіўшыся з іншымі баронамі, паднялі паўстанне і пасадзілі на ангельскі трон свайго фаварыта Генрыха Ланкастара (Генрых IV). Поспех спрыяў далейшаму ўзмацненню ўплыву сям'і Персі. Граф Нартумберленд быў прызначаны канетаблем Англіі і атрымаў права на спагнанне падаткаў з вострава Мэн.
Частыя згадванні ў хроніках імя Персі ў той час звязаны з вайсковымі сутыкненнямі на мяжы з шатландцамі. Даволі тыповай з'яўляецца фраза храніста Уолсінгема (Walsingham), датычная падзей 1400 г.: «Шатландцы, варожыя да ангельцаў, уварваліся ў памежныя ўладанні, але Персі і яго сын Генры (Хотспур)… з дапамогай сваіх аддзелаў і лучнікаў прымусілі шатландцаў уцякаць».
У пачатку 1400-га года сэр Генры, па мянушцы Хотспур стаў намеснікам Усходняй Маркі і адміралам Англіі, атрымаўшы права на збор падаткаў з Усходняй Маркі.
У 1402 г. шатландскія бароны, прынялі рашэнне распачаць буйнамаштабны паход на паўночная графствы Англіі. У ліку ўдзельнікаў гэтага паходу былі таксама каля 50 французскіх рыцараў. Агульная колькасць шатландскага войска дасягала 40 тысяч чалавек.
У вайне з шатландцамі і іх разгроме ў бітве каля мястэчка Хамілдон Хіл галоўную ролю адыграў наш герой Гары Хотспур. Пасля перамогі Хотспур са сваімі людзьмі прайшоўся па шатландскай тэрыторыі і ўзяў штурмам некалькі шатландскіх цвердзяў. Вынікам перамогі пры Хамілдоне стала агульнае аслабленне Шатландыі. На цэлы год (да ліпеня 1403 г.) было забяспечана досыць стабільнае становішча на паўночнай мяжы [89].
Палітыка бацькі Хотспура, графа Нартумберленда прывяла да таго, што ў першыя гады XV ст. ён стаў адным з найбольш магутных лордаў Англіі. Яго поўны тытул гучаў наступным чынам: «Магутны лорд Генры, граф Нартумберленд, лорд бароніі Кокермаўт і Петуорт, барон Персі, Поінгс, Фіцпэйн і Браян, захавальнік Усходніх і Сярэдніх Марак Англіі на шатландскай мяжы і рыцар Ордэна Падвязкі» [90].
У 1403 г., вырашыўшы, што кароль не дастаткова аддзячыў ім за дапамогу, Персі ўзбунтаваліся супраць ангельскага караля Генрыха IV. Была арганізаваны змова, у якой дзеля звяржэння Генрыха і ўзвядзенні на пасад Эдмунда Марцімера (пляменніка Рычарда II), аб'ядналіся пад кіраўніцтвам Нартумберленда шатландцы і валійцы. Аднак, калі ўсё было гатова для ўзброенага выступу, граф раптам захварэў і замест таго, каб узначаліць рокаш, застаўся ў сваім замку Бервіку.
Узначаліў паўстанне Генры Персі Хотспур. Ён павёў сваё войска да Шрусберы на злучэнне з валійцамі. Злучыўшыся, мяцежнікі апублікавалі свой маніфест, у якім выказалі свае сапраўдныя і ўяўныя крыўды. Генрых IV нічога не ведаў аб змове і таму быў вельмі здзіўлены, атрымаўшы вестку аб паўстанні. Аднак у яго было войска, сабранае на выпадак вайны з шатландцамі. Добра разумеючы, што ў барацьбе з такім ворагам, як Персі, неабходна хуткасць, ён неадкладна павёў свае войска да Шрусберы, каб даць мяцежнікам бой. Бітва была вельмі крывавай; абодва палкаводцы добра ведалі сваю справу і былі адважныя. Генрыха можна было бачыць на самых небяспечных участках бітвы. З другога боку адважны Хотспур падтрымаў сваю воінскую славу, заваяваную ў шматлікіх кровапралітных бітвах, шукаючы сустрэчы са сваім галоўным крыўднікам - каралём. Аднак ён быў забіты, і гэта вырашыла зыход бітвы на карысць Генрыха IV [91].
* * *
Хотспур - адзін з галоўных герояў драмы «Генрых IV» Уільяма Шэкспіра. Шэкспір паказвае Хотспура выбітнай асобай, роўнай якой у атачэнні караля няма. Адначасова Хотспур, пры ўсёй сваёй доблесці - бунтаўшчык, якому не можа быць месцы пры цэнтралізаваным дзяржаўным парадку. У Шэкспіра ён смелы і палкі, хуткі ў думках і дзеяннях, сваю рыцарскую волю ён ставіць вышэй усё. Можна сказаць, што Хотспур - краса і гонар адыходзячага сярэднявечча. Хотспуру жыццё ўяўляецца арэнай бесперапынных рыцарскіх сутычак. Па ягоных словах: «Як жыць, дык каралёў зрынаць; як смерць, дык слаўная, каб прынцы гінулі разам з намі!» (частка I, V, 2).
П'еса Шэкспіра шматкроць пастаўлена ўсімі тэатрамі свету. Неаднаразова па п'есе зняты фільмы. Так, напрыклад, у ангельскім тэлефільме «Генрых IV» 1995-га года ў ролі Хотспура зняўся вядомы брытанскі акцёр Руфус С'юэл.
Генры Персі (Хотспур) - агульнавядомая асоба ў Англіі. Ягоным іменем з 19 ст. называюцца баявыя караблі:
- браняносны таран «Хотспур», закладзены ў 1868 г., спушчаны на ваду ў 1870 г., быў у баявым шыхце брытанскага флоту да 1904 г.
- знакаміты брытанскі эсмінец Другой Сусветнай вайны спушчаны на ваду ў 1934 г. , быў у шыхце флоту да 1947 г.
На працягу Другой Сусветнай вайны на ўзбраенні брытанскай арміі быў дэсантны планёр «Хотспур».
У прыгарадзе Лондана Татэнхеме знаходзіліся ўладанні сям'і Персі. Таму футбольны клуб прэм'ер - лігі, штаб-кватэра і стадыён якога знаходзіцца ў паўночнай частцы Лондана, мае назву Татэнхем Хотспур (анг. Tottenham Hotspur). За сваю больш за стогадовую гісторыю клуб стаў адным з самых тытулаваных на імглістым Альбіёне. Дата нараджэння клуба - 1882 г. Дэвіз клуба - Audere est Facere («Адважыцца - значыць зрабіць») [92].
З верасня 1933 г. па кастрычнік 1959 г. у Англіі друкаваўся самы папулярны дзіцячы часопіс «Хотспур» (The Hotspur). Усяго было выпушчана 1197 нумароў. З канца кастрычніка 1959 г. пачаў выдавацца часопіс - комікс для дзяцей «Новы Хотспур» (New Hotspur). Гэты часопіс выдаваўся да студзеня 1981 г. і карыстаўся нязменным поспехам у дзяцей. На гэтых часопісах вырасла некалькі пакаленняў ангельцаў [93].
У сучаснай ангельскай мове слэнгавае слова «хотспур» - абазначае чалавека - халерыка з саслабелым кантролем над асабістымі паводзінамі.
І вось гэты «нацыянальны герой» Англіі - Хотспур, магчыма, ваяваў пад нашай Лідай. Гэтая інфармацыя павінна мець важнае значэнне для развіцця турызму ў нашым рэгіёне.
Джон Бафорт. Тэадор Нарбут так напісаў аб выправе крыжакоў на Ліду і Наваградак у 1394 г.: «Узімку ў Прусіі сабраліся новыя госці, з Нямеччыны граф Ленінген, з Англіі граф Бэдфард, з Францыі гэтак жа вядомыя рыцары… Мэтай нападу была ўнутраная Літва, яе русінская частка. Выправа рушыла на Свята Трох Каралёў, прайшла змёрзлымі балотамі, абышла Гародню і накіравалася да Наваградка. Але крыжакі знайшлі горад спаленым гараджанамі, частка якіх прыгатавалася абараняцца ў замку, частка схавалася ў аддаленай пушчы (верагодна жанчыны і дзеці - Л. Л.) Адтуль, на шляху спусташаючы асады, крыжакі пайшлі да Ліды, дзе таксама знайшлі моцны замак, які стаяў сярод спаленага падзамча. Далей быў намер ісці на Салешнікі, і, магчыма на Вільню, але маразы раптам саслаблі, наступіла адліга, крыжакі, верагодна, дазналіся аб войску ВКЛ якое выйшла з Вільні і аб пагрозе для сябе з боку Гародні … Такім чынам яны былі змушаныя адыходзіць з-пад Ліды дзітвянскімі балотамі… Здабычай крыжакаў у гэты раз сталі 2200 палонных, 1400 коней і шмат быдла» [94].
Апісваючы падзеі, Нарбут абапіраўся на кнігу Фойгта (Voigt, VI, Geschichte Preussens, 1834), у якой ў зносцы № 3 на старонцы № 10 паведамляецца, што згадваны ў хроніцы Віганда «Bekvort» - гэта граф «Betfort» [95].
Адсюль у гістарычную літаратуру і ўвайшоў «граф Бэдфард», які прымаў удзел у выправе 1394 года на Наваградак і Ліду.
Але для ўважлівага назіральніка ўзнікаюць пытанні.
Граф Бэдфард - старажытны графскі тытул у сістэме дваранскіх тытулаў Англіі. Упершыню тытул графа Бэдфарда быў заснаваны ў 1137 г. для Гуга дэ Бамона. Другая крэацыя тытула адбылася ў 1366 г., калі графам Бэдфардам стаў паўночна-французскі дваранін Ангеран VII дэ Кусі (1340-1397) [96], які патрапіў у Англію ў якасці закладніка і ў 1365 г. ажаніўся з Ізабелай, дачкой ангельскага караля Эдуарда III. Ангерану ўдавалася балансаваць паміж ангельскім і французскім пасадам, але пасля смерці Эдуарда III у 1377 г. яму прыйшлося зрабіць канчатковы выбар. У выніку ён адмовіўся ад усіх земляў у Англіі і ад тытула «граф Бэдфард», але захаваў фамільныя ўладанні ў Францыі. Наступная крэацыя тытула адбылася толькі ў 1551 г., калі гэты тытул быў наданы Джону Раселу [97].
Не мог удзельнічаць у выправе і герцаг Бэдфард, бо першая крэацыя гэтага тытула адбылася ў 1414 г. а першы носьбіт гэта тытула - Джон Ланкастар нарадзіўся ў 1389 г. [98]
Такім чынам у 1394 г. не было чалавека, які быў бы носьбітам гэтага тытула. Хранікёр мог бы ў 1394 г. памылкова зваць графам Бэдфардам Ангерана дэ Кусі (гэты чалавек пакінуў след у гісторыі, напрыклад яго два разы згадвае Ёхан Хёйзінг у сваёй знакамітай кнізе «Восень сярэднявечча» [99]). Але інфармацыі аб ягоным удзеле ў крыжовым паходзе ў Прусію няма.
У выданні «Хронік Віганда» 1863 года на старонцы 653 знаходзім: «… reysa interfuerunt comes de Liningen, Bekvort», а ў спасылцы № 2008 да гэтага сказа напісана, што «Bekvort» - гэта Johann Beaufort [100].
І гэтая інфармацыя ўсё ставіць на свае месцы бо Джон Бафорт (Johann Beaufort) - асоба ў гісторыі вядомая.
Удзел Джона Бафорта ў паходзе 1394 г. на Літву пацвярджаецца гістарычнымі крыніцамі, напрыклад ангельскі гісторык пачатку XX ст. А. Полард у сваім «Нацыянальным біяграфічным слоўніку» пісаў, што Бафорт у 1394 г. ваяваў на баку Тэўтонскага ордэна ў Літве [101]. Тое ж самае пішуць і іншыя ангельскія гісторыкі [102]. Аб удзеле Джона Бафорта ў «reisen» 1394 г. піша і польскі гісторык Зінкс (Henryk Zinks) [103].
Джон Бафорт, 1-шы граф Самерсэта (John Beaufort, 1st Earl of Somerset) (1371(?) - 16 сакавіка 1410) быў першым з чатырох пазашлюбных дзяцей Джона Гонта, герцага Ланкастара, і яго палюбоўніцы Кэтрын Свайнфорд (пазней яна стала ягонай жонкай). Бафорт нарадзіўся прыблізна ў 1371 г., і прозвішча было яму нададзена з-за феода Бафорт ягонага бацькі ў правінцыі Шампань, Францыя [104].
Такім чынам будучы кароль Генрых IV (граф Дэрбі) быў яго зводным братам.
Кароткую біяграфію Бафорта даю паводле А. Поларда. Вайсковую службу Джон Бафорт пачаў у 1390 г. у крыжовым паходзе ў Паўночную Афрыку. Бафорт быў пасвечаны ў рыцары ў 1391 г., і ў 1394 г. ён ваяваў у Літве. У 1396 г. прыняў удзел у чарговым крыжовым паходзе і ў верасні ўдзельнічаў у бітве пад Нікопалем. Пасля законнага шлюбу свайго бацькі і маці ў 1397 г. атрымаў тытул графа Самерсэта і месца ў парламенце побач з графам Уорвікам. Праз некалькі месяцаў атрымаў тытул герцага Глостара і маркіза Дарсэта, ордэн Падвязкі і месца намесніка Аквітаніі. У 1398 г. стаў адміралам флота Ірландыі, канетэблем замка Дуўр і лордам-намеснікам Пяці партоў. Пасля таго, як кароль Рычард II быў зрынуты ў 1399 г., новы кароль Генрых IV адмяніў тытулы, якія даваліся прыхільнікам старога караля, і такім чынам Джон Бафорт стаў проста графам Самерсэтам. Аднак, ён быў лаяльным да новага караля (свайго зводнага брата) і служыў яму на розных вайсковых і дыпламатычных пастах. У 1404 г. ён стаў канстэблем Англіі. Cамерсэт памёр пасля доўгай хваробы 16 сакавіка 1410 г. у шпіталі св. Кацярыны недалёка ад Лонданскага Таўэра і быў пахаваны ў Кентэрберы.
Джон Бафорт, граф Самерсэт, персанаж першай часткі драмы «Генрых IV» Уільяма Шэкспіра.
Востраўскае пагадненне 1392 г.
4 жніўня 1392 года было заключана Востраўскае пагадненне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Уладзіслаў, ён жа вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла, і ягоная жонка - польская каралева Ядвіга, з другога боку - князь гарадзенскі Вітаўт і ягоная жонка Ганна. Яны дамовіліся спыніць міжусобную вайну. Вітаўт стаў фактычным уладаром Вялікага Княства Літоўскага. Пагадненне паклала канец братазабойчай вайне, прывяло да разгрому крыжакоў на палях Грунвальда і дазволіла Вялікаму Княству Літоўскаму неўзабаве дасягнуць найбольшага росквіту і магутнасці.
Пагадненне было заключана ў маёнтку Востраў (Ostrow, Ostrowo) [105]. Але да гэтага часу лакалізацыя гэтага маёнтка выклікае спрэчкі сярод краязнаўцаў і гісторыкаў. Ёсць нават меркаванне пра тое, што яно адбылося пад Люблінам у населеным пункце Востраў-Любельcкі. Аўтар, працуючы з «Дзеямі народа Літоўскага» Тэадора Нарбута, знайшоў інфармацыю пра месца, дзе знаходзіўся Востраў. Вялікі гісторык дае дакладную і дастатковую інфармацыю. У пятым томе «Дзеяў...» Нарбут піша: «Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка ад Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, гарод меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належала да Тадэвуша Нарбута, падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх» [106]. Патлумачу лацінскі юрыдычны тэрмін. У Літве існаваў закон, па якім у выпадку неплацежаздольнасці даўжнiка, яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёну, але дзялілася на часткі адпаведна ліку крэдытораў.
«За левым берагам» - гэта адносна вёскі Мыто. Такім чынам маем, што Востраў знаходзіўся на левым - лідскім беразе Дзітвы. У кнізе Чэслава Малеўскага «Роды шляхецкія на Літве ў XIX стагоддзі. Лідскі павет» чытаем, што панам Міхалоўскім, сярод іншага належаў Востраў (1832-1845 гг.) з вёскай Янцавічы - 350 дзесяцін, 40 душ мужчынскіх, 35 жаночых, у 1845 г. Лідская парафія [107].
Неабходна дадаць, што ў польскім «Слоўніку геаграфічным» таксама прысутнічае фальварак Востраў Міхалоўскіх у вясковай акрузе Сукурчы. Паколькі Сукурчы знаходзіліся прыкладна за адзін кіламетр ад Янцавіч і Вострава, то гэта яшчэ адно ўказанне на месцазнаходжанне легендарнага маёнтка.
І ў расійскім спісе населеных пунктаў 1904 г. маёнтак Востраў на рацэ Крупка належыць Міхалоўскім. Там жа, на рацэ Крупка, фігуруе яшчэ і засценак Востраў, які належыць Гейштоўтам, а Гейштоўты - вядомы разгалінаваны шляхецкі род Лідчыны гербу Гейш. Трохі на поўдзень, па рацэ Дзітва, была вялікая ваколіца Гейштоўты. Ужо той факт, што назва засценка адрозніваецца ад прозвішча гаспадара, сведчыць пра тое, што засценак быў набыты. Чэслаў Малеўскі таксама не піша пра тое, што Гейштоўты валодалі гэтым засценкам у XIX ст. Безумоўна, што засценак - частка здрабнелага маёнтка Востраў. Астатнія населеныя пункты Лідскага павета з назвай Востраў: на рацэ Жыжма пад Васілішкамі, каля Дубіч і іншыя, у нашым кантэксце цікавасці не маюць. Таксама ў спісе польскага бізнесу 1929 г. фальварак Востраў Лідскай гміны належыць Міхалоўскім.
На расійскай карце сярэдзіны XIX ст., а таксама на нямецкай карце 1913 г., што з'яўляецца перадрукам з 1893 г., каля Янцавіч абазначаны фальварак Востраў. Ёсць Востраў і на польскай тапаграфічнай карце 1929 г., назва падаецца на польскі манер: «Fw. Ostrowo». Параўнанне розных карт дазволіла прыйсці да высновы, што на тапаграфічнай карце 1983 г. на месцы Вострава абазначана купка дрэў.
* * *
Пасля знаходжання маёнтка на карце, паўстала задача знайсці яго на мясцовасці. Таму перад паездкай я паразмаўляў з Юзафам Хрулём, 1929 г. нараджэння, шляхціцам гербу Праўдзіц. Ён - сын апошняга ўладальніка фальварка Воўкавічы, які знаходзіцца каля сямі кіламетраў на поўдзень ад Вострава. Юзаф Юзафавіч адразу сказаў, што добра ведае такі фальварак. Гэта быў адзіны пункт з падобнай назвай у ваколіцах Ліды, калі рухацца ў бок Мыто. Апошні ўладальнік гістарычнага месца - Барташэвіч. Гаспадар пакінуў свой фальварак у 1939 г. і апошні раз з'явіўся на Лідчыне ў сярэдзіне 1950-х гадоў, каб паглядзець, што сталася з яго маёмасцю. Фальварак быў добра бачны з боку Крупава як зялёны сад з домам і пабудовамі. З кнігі Ч. Малеўскага «Роды шляхецкія на Літве ў XIX стагоддзі. Лідскі павет» бачна, што Барташэвічы - вялікі і разгалінаваны шляхецкі род Лідскага павета гербаў Бонча і Самсон. Самае цікавае, што ў 1835 г. Барташэвічам належалі Кербедзі, якія мяжуюць з Востравам. Верагодна, таму Барташэвічы і купілі занядбаны маёнтак. Улічваючы, што яшчэ ў 1929 г. фальварак належаў Міхалоўскім, а да Барташэвічаў ён перайшоў у 30-я гады ХХ ст., можна зрабіць выснову: Міхалоўскія валодалі ім больш, як 100 гадоў.
Разам з Юзафам Юзафавічам выехалі ў Янцавічы. І першы ж жыхар вёскі Янцавічы адразу згадзіўся правесці нас да Вострава. Тапонім з такой назвай жыве да нашага часу! Жыхары Янцавіч і цяпер памятаюць, што ўладальнікамі Вострава былі Міхалоўскія. А Барташэвіча ўжо не ўзгадваюць. Мясцовы жыхар - Франц Ткацэвіч, 1953 г. нараджэння, расказаў, што пра існаванне фальварка ён чуў ад старэйшых. Сам жа памятае толькі мураваныя падмуркі з рэшткамі пабудоў. Большы падмурак меў памеры прыкладна 25 на 10 м. Фальварак быў засаджаны дрэвамі, добра запомнілася вялікая груша. У пачатку 80-х гадоў ХХ ст. падмуркі і рэшткі пабудоў былі зруйнаваны бульдозерамі і скінуты ў вялікую яміну за сто пяцьдзясят метраў ад ваколіцы Янцавіч. Груда зямлі і вялікіх апрацаваных валуноў ляжыць на тым жа месцы і цяпер. Гэта ўсё, што засталося ад найстаражытнейшага на Лідчыне маёнтка Востраў. Франц Часлававіч адлічыў ад камянёў тыя сто пяцьдзясят метраў на ўсход, арыентуючыся на комін лідскай ЦЭЦ, і ў полі ўпэўнена паказаў месца, дзе стаяў фальварак. Па рэльефе поля і цяпер выразна праглядаецца пляцоўка двара. Так скончыў сваё гістарычнае існаванне Востраў - адзін з першых населеных пунктаў Лідчыны. Маёнтак, ад назвы якога пайшоў другасны тапонім - вёска Астроўля.
Ткацэвіч прыгадаў, што яшчэ ў 2006 г. на месцы фальварка цэлы тыдзень «чорны археолаг» шукаў металашукальнікам скарбы. Але нічога для сябе каштоўнага не знайшоў. Для недасведчанага «чорнага археолага» - гэта безназоўны фальварак, знойдзены, верагодна, па польскай карце 1929 г. Тым не менш, з ягонай працы скарысталіся і мы. На месцы маёнтка ён накапаў вялізную колькасць ям і шурфоў. На іх паверхні ляжаць металічныя часткі гаспадарчых прылад, цвікі, фрагменты цэглы, керамікі і нават два патроны. Безумоўна, у зямлі застаўся вялізны культурны пласт. І хто ведае, магчыма, недзе на глыбіні захаваліся падмуркі. Павінны былі застацца і рэшткі склепа ці лядоўні.
Замест пасляслоўя да тэмы Востраўскага пагаднення: чорны капальнік. Як пісаў вышэй пра «сустрэчу» з вынікам дзейнасці «чорнага капальніка» на месцы былога фальварка ў былым населеным пункце Востраў пад Лідай, дзе раней быў двор (дварэц), у якім адбылося падпісанне Востраўскага пагаднення 1392 года паміж Вітаўтам і Ягайлам. Мясцовыя людзі расказвалі мне, што: «…яшчэ ў 2006 годзе на месцы фальварка цэлы тыдзень "чорны археолаг" шукаў металашукальнікам скарбы. Але нічога для сябе каштоўнага не знайшоў. Для недасведчанага "чорнага археолага" гэты безназоўны фальварак, знойдзены, верагодна, па польскай карце 1929 года. Тым не менш, з ягонай працы скарысталіся і мы. На месцы маёнтка ён накапаў вялізную колькасць ям і шурфоў. На іх паверхні ляжаць металічныя часткі гаспадарчых прылад, цвікі, фрагменты цэглы, керамікі і нават два патроны. Безумоўна, у зямлі застаўся вялізны культурны пласт. І хто ведае, магчыма, недзе на глыбіні захаваліся падмуркі ... Яшчэ доўга ў маёй кішэні ляжалі абівачныя цвікі ХІХ стагоддзя, падабраныя пасля чорнага капальніка».
Але гэтым гісторыя не скончылася. Мае артыкулы пра знаходку месца падпісання дамовы 1392 года публікаваліся ў беларускіх сродках масавай інфармацыі і навуковых зборніках. І праз нейкі час, праз «трэція рукі» да мяне дайшла інфармацыя, што «чорныя капальнікі» зноў пабывалі на тым месцы і на гэты раз знайшлі рэчы XIV стагоддзя…
Мне стала вельмі сумна. Вынікам маіх інтэнсіўных пошукаў сталася рабаўніцтва каштоўнасцей вельмі не паважанымі мною людзьмі.
Далейшыя падзеі
Бітва каля Дакудава. Князь Карыбут, якому яшчэ да Востраўскага пагаднення Ягайла перадаў Ліду, у 1392 г. адмовіўся прызнаць Вітаўта вялікім князем ВКЛ.
З «Летапісу вялікіх князёў Літоўскіх», даведваемся: «Князь Карыбут Альгердавіч пачаў дакараць [вялікага князя Вітаўта], выяўляць сваё непаслушэнства, пачаў збіраць супраць яго сваё войска і выступіў супраць яго. Князь жа вялікі Вітаўт паслаў сваё войска [пад кіраўніцтвам] Васіля Барэйкавіча і Гінвіла супраць яго [Карыбута] . І сышліся войскі каля Дакудава, і былі разбіты воі князя Карыбута, і кінуліся наўцёкі, і шмат іх было пабіта. Сам жа князь Карыбут уцёк у Ноўгарадок. Там жа былі яго княгіня і дзеці. Князь жа вялікі Вітаўт сабраў сваё войска, і сам пайшоў да Ноўгарадка, і аблажыў горад, і ўзяў Ноўгарадок, а князя Карыбута, і княгіню, і дзяцей паланіў» [108].
Хан Тахтамыш. У выніку міжусобнай барацьбы гэты хан быў вымушаны ў 1370-я г. шукаць прыстанішча ў сярэднеазіяцкага эміра Тамерлана (Цімура). Пасля паражэння золатаардынскага цемніка Мамая ў Кулікоўскай бітве (1380 г.) пры дапамозе Тамерлана ён авалодаў стальцом Залатой Арды. У 1382 г. з вялікім войскам пайшоў на Маскву і захапіў яе. Умацаваўшы сваё становішча ў Залатой Ардзе, прымае рашэнне весці барацьбу супраць Тамерлана, якому быў абавязаны стальцом. У вайне 1389-95 гг. быў разбіты і ўцёк у Вялікае Княства Літоўскае.
Вялікі князь Вітаўт з разуменнем сустрэў Тахтамыша, прыняў яго ветліва, як ганаровага госця, бо бачыў ў перабежчыку сілу, якую збіраўся выкарыстаць у сваіх мэтах. У 1396 г. Тахтамыш разам з іншымі татарскімі эмігрантамі трывала асеў у ВКЛ. Тут ён з кіраўніка вялізнай Залатой Арды ператварыўся ў кліента Вітаўта, але не пакідаў думкі аб аднаўленні сваёй былой велічы. У 1396 (1397) г. Вітаўт пасяліў хана ў Лідзе, дзе той жыў два з паловай гады, валодаючы Лідскай воласцю, па сведчанні «Хронікі літоўскай i жамойцкай», «мешкал в Литве зо всеми уланы и мурзы своими на Лиде» [109].
Хан жыў у асобным доме. Раён за лідскім фарным касцёлам, дзе стаяў дом Тахтамыша, надоўга захаваў назву Тахтамышавага двара [110].
[1] Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248-1377 г. Гародня - Уроцлаў., 2015. С. 90.
[2] Цыт па: Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248-1377 г. С. 88.
[3] Марозава С. В. Ліда на старонках летапісаў і хронік Вялікага княства Літоўскага // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 8-13.
[4] Летапісы і хронікі Беларусі. Сярэднявечча і раньнемадэрны час. Смаленск. 2013. С. 444.
[5] Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248-1377 г. С. 100.
[6] Трусаў А. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка // Лідскі летапісец. 2007. №2(38). С. 14-29.
[7] Насевіч В. Лідскі павет // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 198-199.
[8] Гл. напрыклад: Краўцэвіч А. Гедымiн. Мінск, 2012.
[9] Wspomnienie domku Pijarów Lidzkich. Napisał ks. Jozafat Wojszwiłło, ostatni rektor Pijarów lidzkich // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu., sygn.3667/III. S. 13-14.
[10] Беларускія летапісы і хронікі. Мінск, 1997. С. 99.
[11] Летапісы і хронікі Беларусі. Сярэднявечча і раньнемадэрны час. С. 170-171.
[12] Камтур горада Астрога ў Прусіі.
[13] Беларускія летапісы і хронікі. С. 51-52.
[14]Ліцкевіч А. У. Комплекс звестак «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» пра нобіля Вайдылу: да праблемы верагоднасці і кантэксту // Studia Historica Europae Orientalis. Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 6. Минск 2013. С. 140.
[15] Там жа. С. 141-142.
[16] Беларускія летапісы і хронікі. С. 52.
[17] Skarbiec diplomatow papiezkich, cesarskich, krolewskich, książęcych, uchwał narodowych, postanowień różnych władz i urzędów, posługujących do krytycznego wyjaśnienia dziejów Litwy, Rusi Litewskiéj i ościennych im krajów. Daniłowicz Ignacy. Wilno, 1860. № 477, заўвага 8.
[18] Ліцкевіч А. У. Комплекс звестак «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». С. 152-153.
[19] Ліцкевіч А. // Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 3. Мінск, 2010. С. 424-425.
[20] Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мінск, 1993. С. 125.
[21] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. Kraków, 1939. T. 1, z. 2. S. 4
[22] Ліцкевіч А. У. Комплекс звестак «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». С. 143-144.
[23] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 196.
[24] Kurczewski Jan. Biskupstwo Wilenskie. Wilno, 1912. S. 208.
[25] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 197; Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 2: Беларусь у перыяд Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 2008. С. 233.; Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1.
[26] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. S. 28-29.
[27] Там жа. S. 51.
[28] Там жа.
[29] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // SZ. Warszawa, Poznan, 1959. T. IV. S. 102.
[30] Ліцкевіч А.У. Гародня і Гарадзенскі рэгіён у другой палове XIII-XIV ст. назва і межы // Гарадзенскі палімпсет, 2012. Людзі старой Гародні. XV-XX ст. С. 36.
[31] Там жа. С. 38.
[32] Там жа. С. 38-39.
[33] Там жа. С. 40.
[34] Там жа. С. 41.
[35] Данскіх Сяргей. Вытокі шляхты ВКЛ: землеўладальнікі беларускага Панямоння // Герольд Litherland. 2004. №3-4 (15-16). С. 110-112.
[36] Scriptores Rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der Preussischen Vorzeit bis zum Untergange der Ordensherrschaft. Bd. 2. Leipzig, 1863. S. 701-708.
[37] Jonathan Riley-Smith, The Crusades, A Short History. New Haven. 1987. P. 214.
[38] Э. Лависс. История Тевтонского Ордена. Москва. 2005. С. 64-65.
[39] Э. Лависс. История Тевтонского Ордена. С. 56.
[40] Keen Maurice. Chaucer's Knight, the English Aristocracy and the Crusades // English Court Culture in the Later Middle Ages. Ed. V. J. Scattergood and J. W. Sherborne. New York: St. Martin's. 1983. P. 45-61.
[41] Э. Лависс. История Тевтонского Ордена. С. 62.
[42] Urban William. The Teutonic knights and Baltic chivalry. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: https://www.jstor.org/stable/24448704?seq=1 - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[43] Эсквайр - ангел. esquire, ад лацінскага scutarius - шчытаносец, у сярэднявеччы - збраяносец рыцара, пазней тэрмін «эсквайр» часта ўжываецца як раўназначны тэрміну «джэнтльмен».
[44] Ёмен (yeomen) - у той час у Англіі так зваліся дробныя землеўласнікі, якія самастойна апрацоўваюць зямлю.
[45] Christopher Tyerman. England and the Crusades, 1095-1588. The university of Chicago press. 1988. P. 268.
[46] Maurice Hugh Keen. Nobles, Knights, and Men-at-arms in the Middle Ages. The Hambledon Press, 1996. P. 122.
[47] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno. 1839. T. 5. S. 482.
[48] Maurice Keen. Chaucer's Knight, the English Aristocracy and the Crusades. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.wsu.edu:8080/~hanly/chaucer/coursematerials/interactive/6514.4214.html - Дата доступу: 04. 07. 2010.
[49] Аникст А. Шекспир. Москва., 1964 . [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://william-shakespeare.ru/books/item/f00/s00/z0000000/index.shtml - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[50] Голдсмит. История Англии. Глава XVI. Генрих IV. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://silonov.narod.ru/parents/engl16.htm - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[51] Die Chronik Wigands von Marburg. Hrsg. von T. Hirsch // Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. Leipzig, 1863. P. 789.
[52] Voigt J. Geschichte Preussens. Voigt J. Geschichte Preussens, von den ältesten Zeiten zum Untergange der Herrschaft des Deutschen Ordens. Bd 5. P. 541.
[53] Голубович В., Голубович Е. Кривой город - Вильно // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. Вып. 11. М.- Л., 1945. С. 114.
[54] Balinski M. Historya miasta Wilna. Wilno. 1836. T. 1. S. 129-134.
[55] Jana Dugosza Kanonika Krakowskiego. Dziejów polskich ksiąg dwanaście. T. III. Ks. IX, X. Kraków, 1868. S. 465.
[56] Голубович В., Голубович Е. Кривой город - Вильно. С. 117.
[57] Balinski M. Historya miasta Wilna. T. 1. S. 136.
[58] Jana Dugosza Kanonika Krakowskiego. Dziejów polskich ksiąg dwanaście. T. III. Ks. IX., X. S. 465.
[59] Voigt J. Geschichte Preussens. Bd 5. P. 545.
[60] Balinski M. Historya miasta Wilna. T. 1. S. 138.
[61] Balinski M. Historya miasta Wilna. T. 1. S. 143.
[62] Voigt J. Geschichte Preussens. Bd 5. P. 548.
[63] Thomas Frederick Tout. Henry IV. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.thepeerage.com/e36.htm - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[64] Balinski M. Historya miasta Wilna. T. 1. S. 146.
[65] Thomas Frederick Tout. Henry IV. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.thepeerage.com/e36.htm - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[66] Urban William. The Teutonic knights and Baltic chivalry. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: https://www.jstor.org/stable/24448704?seq=1 - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[67] Jana Dugosza Kanonika Krakowskiego. Dziejów polskich ksiąg dwanaście. T. III. Ks. IX, X. S. 466-467.
[68] Richard Kyngeston, Lucy Toulmin Smith. Expeditions to Prussia and the Holy Land Made by Henry Earl of Derby, 1894. P. 311.
[69] Thomas Frederick Tout. Henry IV. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.thepeerage.com/e36.htm - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[70] Balinski M. Historya miasta Wilna. T. 1. S. 145.
[71] Голдсмит. История Англии. Глава XVI. Генрих IV. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://silonov.narod.ru/parents/engl16.htm - Дата доступу: 04. 07. 2010.
[72] NORTHUMBERLAND. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.rootsandleaves.com/family/Burke's/NORTHUMBERLAND.htm - Дата доступу: 04. 07. 2010.
[73] Maurice Hugh Keen. Nobles, Knights, and Men-at-arms in the Middle Ages. P. 122.
[74] John H. Pratt. Literary Criticism. Chaucer and War. University Press of America, 2000. P. 125
[75] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. S. 334-335.; Voigt, V. P. 423
[76] Kronika Wiganda z Marburga. Poznań. 1842. S. 295.
[77] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. S. 336.
[78] Энцыклапедыя ВКЛ 2005. Т. І. С. 10.
[79] Sir Henry Percy. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.1911encyclopedia.org/Sir_Henry_Percy - Дата доступу: 04. 07. 2010.
[80] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. S. 482.
[81] Voigt J. Geschichte Preussens. Bd 5. P. 607-609.
[82] Die Chronik Wigands von Marburg. Hrsg. von T. Hirsch. P. 646.
[83] Die Chronik Wigands von Marburg. Hrsg. von T. Hirsch. P. 648.
[84] Christopher Tyerman. England and the Crusades, 1095-1588. P. 268.
[85] Кёнисберег Гельмут. Средневековая Европа. 400-1500 годы. М. 2001. С. 323.
[86] Zinks Henryk. Polska w oczach Anglikow XIV-XVI. Lublin. 2002. S. 32 - 33.
[87] Richard Kyngeston, Lucy Toulmin Smith. Expeditions to Prussia and the Holy Land Made by Henry Earl of Derby, 1894. P. 311.
[88] Thomas Percy, 1st Earl of Worcester. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: https://en.wikipedia.org/wiki/Thomas_Percy,_1st_Earl_of_Worcester - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[89] Сражение при Хомилдоне (Северная Англия) в 1402 г. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.iserguey.narod.ru/simple.html - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[90] О Шотландии. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.iserguey.narod.ru/articles.html - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[91] Голдсмит. История Англии. Глава XVI. Генрих IV. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://silonov.narod.ru/parents/engl16.htm - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[92] Tottenham Hotspur Football Club. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: https://www.tottenhamhotspur.com - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[93] The Hotspur. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.britishcomics.20m.com/hotspur.htm - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[94] Teodor Narbutt. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. S. 514-516.
[95] Voigt J. Geschichte Preussens. Bd 6. 1834. S. 10.
[96] Enguerrand VII, Lord of Coucy. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://en.wikipedia.org/wiki/Enguerrand_VII,_Lord_of_Coucy - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[97] Russell (Family). [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.1911encyclopedia.org/Russell_(Family) - Дата доступу: 04. 07. 2010.
[98] Duke of Bedford. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://en.wikipedia.org/wiki/Duke_of_Bedford - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[99] Йохан Хёйзинга. Осень средневековья, Т. I. Москва, 1995. С. 91., 183.
[100] Die Chronik Wigands von Marburg. Hrsg. von T.Hirsch. P. 653. (Wigand meint den englischen ritter Johann Beaufort, welcher nebst seinen ritterlichen Genossen Stephan Scroop, Hinrich Hochton, Richard Echon und Jahann Aclum unmittelbar nach der Ruckkehr von diser Rejse 1394.)
[101] Pollard A.F. John Beaufort, 1st Earl of Somerset. Dictionary of National Biography. Vol. 1. 1901. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.thepeerage.com/e272.htm - Дата доступу: 04. 09. 2020.
[102] Douglas Richardson, Kimball G. Everingham, David Faris. Plantagenet Ancestry: A Study In Colonial And Medieval Families. Social Science, 2004. P. 660. (In 1394 he was in Lithuania, engaged in the Crusade organized by the Teutonic knights.)
[103] Henryk Zinks. Polska w oczach Anglikow XIV-XVI. S. 33.
[104] John Beaufort, 1st Earl of Somerset. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://en.wikipedia.org/wiki/John_Beaufort,_1st_Earl_of_Somerset - Дата доступу: 04. 07. 2010.
[105] Падрабязней, гл: Лаўрэш Леанід. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. // Гістарычны альманах. 2007. Т. 13. С. 109-118.; Лаўрэш Леанід. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзе заснавання горада. Матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі (Ліда, 3 кастрычніка 2008 г.). Ліда, 2009. С. 44-48.: Łauresh Leonid. Miejsce zawarcia ugody ostrowskiej 1392 r. // Ziemia Lidzka. 2007. № 2 (78).
[106] Teodor Narbutt. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. S. 491.
[107] Malewski Czesslaw. Rody szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiet Lidzki. Wilno. 2005. S. 175.
[108] Беларускія летапісы і хронікі. C. 58
[109] Марозава С. В. Залатаардынская палітыка Вітаўта // Гарадзенскія чытанні: зборнік матэрыялаў. Вып. 2. Гродна: Гродзенская друкарня, 2013. С. 18.
[110] Живописная Россия. Т. 3. СПб - Москва, 1982. С. 170.