Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

Лідчына ў XV ст. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 19-11-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідчына ў XV ст. // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 36-49.



Пятнаццатае стагоддзе пачалося 1 студзеня 1401 г. і скончылася 31 снежня 1500 г.

Гэтае стагоддзе - час пачатку Вялікіх геаграфічных адкрыццяў: адкрыццё Амерыкі Хрыстафорам Калумбам, падарожжа Васка да Гама і г. д., у гэтым жа стагоддзі Партугалія і Іспанія ператвараюцца ў імперыі, а Залатая Арда перастае існаваць. У 1453 г. спыніла сваё існаванне Візантыйская імперыя, што радыкальна змяніла ментальную карту Усходняй Еўропы. У тым жа 1453 г. пасля бітвы за Бардо скончылася Стагадовая вайна паміж Францыяй і Англіяй. І менавіта ў гэтым стагоддзі ідуць бясконцая Гусіцкія войны. І толькі ў 1492 г. закончылася Рэканкіста, і Еўропа зноў становіцца цалкам хрысціянскай.

У XV ст. з'явіўся друкарскі варштат Ёгана Гутэнберга, што неверагодным чынам паскорыла інтэлектуальны прагрэс чалавецтва.


У XIV-XV стст. Беларусь працягвала «ўрастаць» у еўрапейскую цывілізацыю, стаўшы часткай Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Вітаўт умацаваў цэнтральную ўладу ў дзяржаве праз ліквідацыю буйных удзельных княстваў, створаных яшчэ ягоным дзедам Гедымінам. Ён рабіў гэта, бо некаторыя з княстваў мелі памеры з добрую еўрапейскую краіну, а іх уладары, як прыналежныя да роду Гедыміна, маглі законна прэтэндаваць на найвышэйшую пасаду і неаднойчы бунтавалі супраць вялікага князя.

Вітаўт рознымі спосабамі выдаліў iх з буйных удзелаў і замяніў баярамі - намеснікамі, якія не маглі нават марыць пра суперніцтва з гаспадаром. Іх кар'ера цалкам залежала ад ласкі вялікага князя. Такім чынам Вітаўт запачаткаваў працэс узнікнення новай арыстакратыі пад назвай «паны», якая паступова выцесніла старую княжацкую.

Пры князі Вітаўце Вялікае Княства Літоўскае дасягнула зеніту і стала самай магутнай дзяржавай Усходняй Еўропы - некаторыя гісторыкі кажуць пра імперыю Вітаўта. Вялікі князь трошкі не дажыў да каранацыі яго каралём [1].

Агромністая шматнацыянальная дзяржава лучыла, акрамя сённяшняй Беларусі, сучасную Летуву, большую частку Украіны і заходнія вобласці сучаснай Расеі. Арганізацыя дзяржаўнай улады Вялікага Княства Літоўскага наследавала ўзоры мясцовых беларускіх княстваў, а афіцыйнай мовай дзяржавы стала беларуская (старабеларуская).

Акрамя беларусаў, украінцаў і жамойтаў у краіне існавалі анклавы немцаў (у асноўным у заходніх гарадах) [2], яўрэяў (з'явіліся ў Беларусі ў канцы XIV-XV стст.) [3], татараў (лічыцца, што іх прывёў Вітаўт з Крыма) [4] і перасяленцаў з маскоўскіх земляў.

Яўрэі прыходзілі з Польшчы і Германіі і спавядалі пераважна артадаксальны юдаізм. Вялікі князь Аляксандр Казіміравіч зрабіў спробу выдаліць яўрэяў з дзяржавы, выдаўшы ў 1495 г. прывілей аб іх выгнанні, але ўжо ў 1503 г. новым прывілеем распарадзіўся паклікаць іх назад і вярнуць канфіскаваную маёмасць.

Татарскія грамады сфармаваліся ў гістарычнай Літве і на Палессі, яны жылі раней і жывуць сёння ў тым ліку і на гістарычнай Лідчыне. Яўрэйскія і татарскія грамады мелі адміністрацыйна-рэлігійную аўтаномію. Афіцыйна атрымалі аўтаномію таксама і вандроўныя супольнасці цыганоў, якія з'явіліся ў Беларусі ў XV ст.

Здаўна ў Беларусі сяліліся палякі - польская шляхта шукала службы ў вялікіх князёў і магнатаў. Таму нават на заканадаўчым узроўні прымаліся меры дзеля абмежавання наплыву ў Літву польскай шляхты. У агульнакраёвых (земскіх) прывілеях вялікага князя Казіміра (1440-1492 гг.), наступных за ім гаспадароў і ў Літоўскіх статутах забаранялася надаваць пасады і маёнткі «чужынцам і іншаземцам». Даследчыкі лічаць, што ў першую чаргу на ўвазе меліся палякі.

У XIV-XV стст. працягвала фармавацца ўнікальная беларуская культура, якая спалучала рысы заходнееўрапейскай традыцыі і мясцовай поствізантыйскай. А моладзь, найперш шляхецкая, выязджала вучыцца ў еўрапейскія ўніверсітэты. У XVI ст., па падліках гісторыкаў, у Еўропе навучаліся прадстаўнікі 77 родаў з ВКЛ.

Беларусь пераймала і творча перапрацоўвала еўрапейскія мастацка-архітэктурныя стылі: готыку, рэнесанс, барока і класіцызм. Славутымі агульнабела-рускімі помнікамі з'яўляюцца Лідскі замак і Маламажэйкаўкая царква (якая знаходзіцца на тэрыторыі гістарычнай Лідчыны).

Даследчыкі нездарма называюць XV-XVI стст. залатым векам Беларусі. У гэты перыяд беларуская культура дамінавала ў дзяржаве, на беларускай мове гаварылі і сяляне, і гараджане, і баяры-шляхта, і вялікія князі. Пазней, сацыяльныя эліты - шляхта і мяшчанства - паступова перайшлі на польскую, а яшчэ пазней - на расейскую мовы. Беларусы сталі «сялянскім народам», і залаты век больш ніколі не паўтарыўся [5].

***

З канца XIV ст. кіроўная эліта Вялікага Княства Літоўскага ўзяла курс на саюз з Польшчай. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. ВКЛ і Польшча аб'ядналіся на аснове дынастычна-персанальнай уніі пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне уній (у 1401, 1413, 1446, 1501 гг.), як лічаць гісторыкі, сведчыць, па-першае, пра нетрываласць гэтых аб'яднанняў, па-другое, усё ж пра мэтазгоднасць збліжэння абедзвюх дзяржаў і наяўнасць фактараў, якія ўвесь час падштурхоўвалі іх да гэтага. У XV-XVI стст. вызначылася трывалая тэндэнцыя: чым больш абвастраліся адносіны Вільні з Масквой, тым больш ВКЛ схілялася да аб'яднання з Польшчай.

Працяг славянскай асіміляцыі балтаў

Прафесар Алесь Краўцэвіч заўважыў, што «балта-славянскі кантакт аказаўся самай значнай гістарычнай з'явай на Панямонні за апошнія паўтара тысячагоддзя. Адсюль вынікае непазбежнасць яго ўплыву на працэс стварэння і фармавання ВКЛ. … Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні з-за яго геаграфічнага маштабу, храналагічнай працягласці, уплыву на жыццё тутэйшых чалавечых супольнасцяў, можна адназначна ацаніць як найбуйнейшую гістарычную з'яву ў рэгіёне на працягу ўсяго 2 тыс. н.э. У сваю чаргу названыя кантакты з'яўляліся часткай яшчэ больш разлеглага ў часе і прасторы працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння, распачатага каля трэцяй чвэрці 1 тыс. н.э. і ахапіўшага ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, а таксама прылеглыя раёны Летувы, Латвіі, Расіі і Украіны» [6].

Галоўным зместам працэсу, які ў той час адбываўся, быў каланізацыйны рух славян на землі, занятыя балтамі з іх асіміляцыяй і ў выніку гэтага кардынальная змена этнічна-культурнай сітуацыі ў Панямонні. Лічыцца, што на час утварэння Кіеўскай дзяржавы балта-славянская мяжа праходзіла прыблізна па лініі: воз. Асвейскае - Дзісна - Пліса - Будслаў - Заслаўе - Рубяжэвічы - Дзераўная - Беліца - Слонім - Ваўкавыск [7].

Адным з асноўных крытэрыяў размежавання балтаў і ўсходніх славян дагэтуль лічыцца канфесійная прыналежнасць насельніцтва: католікі - балты, праваслаўныя (потым ўніяты) - славяне. Але, з аднаго боку, вядома, што да ўвядзення Ягайлам каталіцтва, частка балтаў ўжо была хрысціянамі ўсходняга абраду, з другога боку, вядома, што значная частка русінаў была пераведзеная Ягайлам у заходні абрад. І ўжо з XV ст. назіраецца працэс пераходу праваслаўных феадалаў у каталіцтва, а потым масава ў пратэстантва. Таму прафесар Краўцэвіч лічыць па меншай меры сумнеўным выкарыстання такога крытэрыя [8].

Пэўным чынам зразумець тагачасную этнічную сітуацыю дазваляе інфармацыя аб парафіях, заснаваных між XIV і канцом XVI ст. (з так званым старакаталіцкім насельніцтвам). Акрэсленая паводле гэтай папраўкі мяжа перавагі старакаталіцкага насельніцтва ў агульных рысах супадае з мяжой, вызначанай на аснове дадзеных тапанімікі. Гаворка ідзе аб так званай «лініі Сафарэвіча». Мовазнаўца Ян Сафарэвіч правёў яе на аснове картаграфавання перавагі айконімаў з суфіксам -ішкі. Устанавіўшы, што ў раёнах з балцкім насельніцтвам колькасць такіх айконімаў складае ад 12 да 15%, даследчык акрэсліў паўднёва-ўсходнюю мяжу мясцовасцей, дзе такія назвы складаюць не менш як 4%. Прызнаўшы атрыманы вынік за мяжу «рассялення балцкага насельніцтва», даследчык адзначыў яе яўнае супадзенне з мяжой між раёнамі з перавагай каталіцкага або праваслаўнага насельніцтва. «Лінія Сафарэвіча», па ўсёй верагоднасці, зафіксавала нейкі этапны момант эвалюцыі этнічнай сітуацыі на Панямонні. Паколькі яна ў асноўных рысах супадае з мяжой перавагі старакаталіцкага насельніцтва, то, ведаючы дату хрышчэння балтаў (1387 г.), даследчыкі прызнаюць што гэта мяжа адпавядае сітуацыі канца XIV ст. ці больш ранейшых часоў. Можна таксама адзначыць значнае супадзенне лініі Сафарэвіча з мяжой распаўсюджвання айконімаў, звязаных з яцвягамі (беларуская назва Ятвезь і яе летувіскі адпаведнік - Dajnava) [9].


У назвах вёсак, «лінія Сафарэвіча» добра прасочваецца ў сучасным Воранаўскім раёне. Напрыклад, на шляху з Ліды ў бок Радуні, не даязджаючы ракі Дзітвы, стаіць вёска Ворнішкі і адразу за ракой знаходзяцца два паселішча з назвай на «-ішкі»: ваколіца Больцішкі і ваколіца Волдацішкі, раней тут жа быў шляхецкі засценак (ваколіца) Гейштаўты, назва якога паходзіць ад яцвяжскага ці прускага слова «Gieja» - «спевы» ці нават можа мець значэнне «вайдэлот» [10] - сцвярджаў знаўца нашай гісторыі Напалеон Роўба. Ён у свой час чытаў пра падзеі вакол Гейштаўтаў у дакументах Лідскага гродскага суда. Засценак быў заснавана родам Гейштаўтаў прадстаўнікі якога, у свой час, ратуючыся ад крыжакоў, збеглі з Прусіі, а ў больш познія часы, у выніку адаптацыі яго родам Гедыголдаў, прынялі герб Гейш. Жылі Гейштаўты ў сваім шляхецкім засценку не менш за 600 гадоў. Прадстаўнікі гэта роду ўдзельнічалі ў Гарадзельскім сойме 1413 г. Некалькі разоў Гейштаўты разам з суседзямі праганялі захопнікаў са свайго багатага паселішча, якое было схаваны ў Дзітвянскіх балотах. Першы раз яны не пусцілі сюды войска Хаванскага (верагодна, у 1658-59 гг.), а другі раз, падчас Паўночнай вайны, выціснулі з родных хат шведаў, калі тыя, умацаваўшыся ў Радунскім замку, прыйшлі па харчы ў засценак Гейштаўты. Тады шляхта Гейштаўты разам з суседзямі схавалася ў Дзітвянскіх балотах і не давала чужынцам спакойнага жыцця ў сваім засценку, покуль тыя не ўцяклі ў Радунь. Шляхта Гейштаўты заўсёды мелі адмысловыя гаці ў балотах, пра якія чужынцы не ведалі. Напалеон Роўба пісаў, што гэтыя гаці на глыбіні да 1 метра ў балоце, у бок Олтушак і Смалякоў, захаваліся яшчэ на пачатку XX ст. Паведаміў гісторык і пра інфармацыю аб спаленні і рабаванні гэтага засценка чужынцамі. Сярод іншага, Напалеон Роўба пісаў, што «пасля апошняга шведскага наезду, старыя людзі памяталі і расказвалі пра вялікае гумно, якім валодалі Гейштаўты, у гэтым гумне шведы зрабілі для сябе кірху». Гэты факт кажа нам пра дастаткова працяглы тэрмін знаходжання шведаў ў багатым засценку. Таксама Роўба паведаміў, што, пэўна ў XVIII ст. ці ў яшчэ больш старыя часы: «Навакольныя з Гейштаўтамі вёскі: Гудзелі, Наркуны і іншыя размаўлялі толькі па-балцку і не ведалі ніякай славянскай мовы, а сёння (пачатак XX ст. - Л. Л.) ... сталі цалкам беларускімі» [11]. Дадам, што родная цётка маёй жонкі была замужам за Казімірам Гейштаўтам з засценка Гейштаўты і зараз жонка мае стрыечных сваякоў з гэтага старажытнага роду. А Казімір Гейштаўт 20 гадоў таму прывёў мяне на месца свайго будучага пахавання і ўзяў чэснае слова, што пасля яго смерці, я прыйду да яго магілы. І вось ўжо гадоў з 15, як я ўсё ніяк не магу выканаць сваё абяцанне ...

Цікава, што адразу на поўнач за Больцішкамі і Валдацішкамі, ляжыць вёска з цалкам славянкай назвай Пашкавічы. Але на поўначы гэтай вёсцы маюцца каменныя магілы якраз з часоў «лініі Сафарэвіча», што кажа пра старажытнасць гэтай раней балцкай вёскі, якая сёння мае назву ад нейкага беларускага Пашкі.

Наезд Юрыя Святаслававіча і пабудова чацвёртага па ліку касцёла

Тэадор Нарбут пісаў, што 5 жніўня 1406 г. смаленскі князь Юры Святаслававіч з вялікім атрадам напаў на Ліду, разрабаваў і спаліў яе, пасля чаго марна штурмаваў замак. Жонка з дзецьмі гэтага князя ўтрымлівалася ў няволі ў Лідскім замку. Лідскі стараста Якуб з Селіцы адсутнічаў, аднак хутка прыехаў з Голдава і адагнаў нападнікаў. Яны ўцяклі ў Салешніцкія лясы і потым напалі на францысканскі кляштар у Вільні і кляштар Дзевы Марыі на Песках, у якім, шукаючы каштоўнасці, пазабівалі ўсіх, каго заспелі ў Напярэдадні Грунвальдскай бітвы Ягайла і Вітаўт моляцца (ёсць меркаванне, што мастак намаляваў той момант, калі Ягайла моліцца і не ўступае ў бітву а Вітаўт кліча яго пачаць ваенныя дзеянні), мастак Ян Матэйка. кляштары. Нарбут заўважыў, што менавіта гэтак было занатавана ў лідскіх плябанскіх запісах, напісаных ксяндзом Стогневам, які праз трошкі больш чым 40 гадоў пасля гэтых падзей стаў лідскім пробашчам. Запісы потым працягвалі рабіць яго заступнікі [12].

Трэці па ліку лідскі касцёл, пабудаваны ў 1397 г., згарэў у 1406 г. У 1414 г. касцёл быў узноўлены як парафіяльны і пасвечаны пад назвай «Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых», і гэта быў ужо 4-ты лідскі касцёл. Фрагмент прывілея гэтаму касцёлу, дадзены Ягайлам, бярог сярод іншых дакументаў лідскі пробашч. У дадатку да пятага тома «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» Тэадор Нарбут змясціў тэкст гэтага прывілея, а таксама спіс пробашчаў лідскага касцёла [13].

Магчыма, менавіта гэтая пабудова прастаяла ажно да вайны 1654-1663 гг., калі яна была спалена разам з нашым горадам, але магчыма, што да 1654 г. у горадзе стаяў ужо наступны, 5-ты драўляны касцёл.

Тэадор Нарбут пісаў, што ў 1434 г., калі Свідрыгайла спаліў Ліду, фарны касцёл уцалеў, а ў 1450 г. з'явіўся філіяльны касцёл у Крупаве [14].

Грунвальдская бітва

Пра Грунвальдскую бітву напісана ўжо шмат цікавага і карыснага і таму я не буду перапісваць іншых аўтараў. Магу толькі парэкамендаваць удумлівым чытачам прачытаць тэксты Яна Длугаша якія існуюць у перакладах на розныя мовы, а з беларускіх гісторыкаў звярнуць увагу на ўсё тое, што напісаў па гэтай тэме Руслан Гагуа [15] і на кнігу Генадзя Сагановіча «Грунвальд у беларускай гісторыі» [16].

Вядома, што сярод 40 харугваў ВКЛ, якія прымалі ўдзел у той векапомнай бітве, была і лідская харугва. Верагодна ўзначальваў яе лідскі стараста, як я ўжо адзначыў вышэй, каля 1406 г. гэтую пасаду займаў Якуб з Селіцы. Пра ўдзел лідскай харугвы ў Грунвальдскай бітве маецца грунтоўны і змястоўны артыкул Станіслава Судніка [17] да якога я адсылаю чытача, бо не маю жадання рабіць кампіляцыю з добра зробленай ім працы.

Аднак заўважу, што ў бітве загінула ўся кіроўная эліта ордэна і яго моц была падарвана. ВКЛ дасягнула мэты вайны, і пасля яшчэ шэрагу бітваў і перамоваў ВКЛ канчаткова вярнула сябе Жмудзь і Судавы. 500 гадоў пасля гэтай бітвы збройны немец не ступаў на зямлю Беларусі і Летувы. Але ёсць у Грунвальскай перамогі і яшчэ адзін бок. На пагорках Грунвальда назаўжды засталася абсалютная большасць старых беларускіх нобіляў. Вотчыны засталіся без гаспадароў, а намесніцтвы без намеснікаў [18].

Гарадзельская унія

2 кастрычніка 1413 г. у Гародле адбылася дамова Вялікага князя літоўскага Вітаўта са сваім стрыечным братам, польскім каралём Уладзіславам Ягайлам. Была падпісана так званая Гарадзельская унія.

Перадумовай уніі было тое, што перамога ў Вялікай вайне з Тэўтонскім ордэнам, якая закончылася падпісаннем Торуньскага мірнага дагавору ў 1411 г., не стала канчатковым вырашэннем пагрозы для ВКЛ і Польшчы з боку крыжакоў. Торуньскі дагавор не задавальняў ні адзін з бакоў, а новы Вялікі магістр Ордэна Генрых Пляўэн энергічна ўзяўся за адбудову былое велічы рыцарскай дзяржавы. Гэта азначала магчымасць новай вайны. У дадзенай сітуацыі Вітаўт і Ягайла палічылі неабходным падпісаць новую унію. Акрамя таго, вялікаму князю Вітаўту трэба было замацаваць незалежнасць ВКЛ і пазбавіцца залежнасці ад Польскага каралеўства.

Паводле артыкулаў уніі, Вітаўт прызнаваў вярхоўную ўладу Ягайлы, частка вотчынных правоў Ягайлы на землі ВКЛ пераходзіла польскай Кароне, а тытул вярхоўнага князя літоўскага рабіўся часткай польскага каралеўскага тытулу. Адначасова ўводзіўся інстытут спадчыннасці пасада і тытулу Вялікага князя літоўскага. Вітаўт заняў першае месца ў кароннай радзе і стаў другой па значнасці асобай ва ўладнай сістэме злучанай дзяржавы. Таксама ў Літве ўводзілася аднолькавае з Польшчай адміністрацыйнае дзяленне на ваяводствы і кашталяніі (уводзіліся і адпаведныя пасады - віленскіх і троцкіх ваявод і кашталянаў). Літоўскія баяры-католікі атрымлівалі правы польскай шляхты і гербы. Гэтыя змены закранулі 47 родаў [19].

Зацьменне сонца і кароль Ягайла на Лідчыне

Летам 1415 г. па запрашэнні вялікага князя Вітаўта, яго стрыечны брат Уладзіслаў Ягайла, правёў у ВКЛ. На Лідчыне кароль наведаў Васілішкі і Эйшышкі: «У часе яго падарожжа з Кобрына да Мыто, у суботу а 3-й гадзіне, на восьмы дзень пасля Божага Цела, наступіла значнае зацьменне сонца, якое караля і яго людзей, як з'ява неспадзяваная і невядомая, здзівіла, прымусіла задумацца і прывяло ў забабонны неспакой. Было гэтак незвычайна, што птушкі, уражаныя хуткай цемрай, паселі на зямлю, а зоркі img/4.jpg свяцілі, як ноччу. З-за цемры кароль быў прымушаны спыніцца і рушыў наперад толькі, калі мінула зацьменне сонца» [20].

Дзякуючы таму, што гэтая астранамічная з'ява была агульнаеўрапейская, мы можам дакладна сказаць, што яна адбылася 7 чэрвеня 1415 г. У гэты дзень здарылася сонечнае зацьменне з максімальнай фазай 1.071 у 07:15 сусветнага часу. Шырыня цені дасягала 285 км, працягласць поўнага зацьмення 03 мін 24 сек. Гэта астранамічная з'ява фіксуецца ў шматлікіх еўрапейскіх хроніках і ў розных летапісах [21].

Дадам, яшчэ раз, што зацьменне адбылося 07.06.1415 г. і яго можна лёгка змадэліраваць на любой сучаснай праграме-планетарыі.

Пасля Эйшышак кароль наведаў Трокі, «з Трок кароль польскі Уладзіслаў разам з Аляксандрам Вітаўтам накіраваўся ў Коўню, а адтуль на караблі да пабудаванага замка ў Велоне». Пасля знаходжання ў Жмудзі, на свята Дабравешчання Найсвяцейшай Панны (25 сакавіка) кароль вярнуўся ў Вільню і потым, праз 7 дзён «праз Рудаміну, Ліду, Наваградак, Цырын прыбыў у Клецк, адкуль па рацэ Случы дабраўся да Прыпяці» і далей праз Давыд-гарадок і Луцк вярнуўся ў Польшчу [22].

Дабравешчанне святкуецца 25 сакавіка, і таму Уладзіслаў Ягайла быў ў Лідзе на пачатку красавіка 1416 г.

Шлюб Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай

Старадаўні род князёў Гальшанскіх меў радавым гняздом Гальшаны ў Ашмянскім павеце. У канцы XIV ст. жыў князь Іван Альгімундавіч Гальшанскі, намеснік кіеўскі, муж смаленскай князёўны Агрыпіны. Праз сваю жонку ён быў блізка параднёны з Вялікім князем Вітаўтам, жанатым з Ганнай Смаленскай. Князь Іван меў трох сыноў. Адзін з іх - намеснік кіеўскі, другі - намеснік у Вялікім Ноўгарадзе. Трэці, Андрэй, не займаў ніякіх высокіх пасадаў. Андрэй памёр, пакінуўшы толькі дачок: Васілісу, Соньку і Марыю. Родная Ягайла і Зоф'я_Гальшанская, мастак А. Лесэр. сястра Андрэя, Ганна Іванаўна, была жонкай Пяста Мазавецкага - Баляслава III - і вядомая ў гісторыі як фундатарка шпіталя св. Духа ў Варшаве, якая тады была яшчэ сталіцай Мазовіі, а не ўсёй Польшчы.

Дочкі Андрэя Іванавіча разам з маці, Аляксандрай Дзмітраўнай Друцкай, жылі ў брата маці, князя Сямёна Друцкага. Род Друцкіх ішоў ад славутага беларускага князя Усяслава Чарадзея! Некаторыя з даследчыкаў схіляліся да думкі, што будучая каралева больш хілілася да радні з боку маці, чым бацькі. Пра дзяцінства Сонькі нічога не вядома, апроч факту, што выхоўвалася яна разам з шасцю сынамі дзядзькі, маладымі князямі Друцкімі. Аляксандра Дзмітраўна ў той час яшчэ жыла, бо значна пазней яна наведвала дачку ў Вавельскім замку. Трэба думаць, што Сонька нарадзілася каля 1405 г.

img/3.jpg

У траўні 1420 г. памерла Альжбета Пілецкая, трэцяя жонка Ягайлы, а сівы кароль Уладзіслаў Ягайла ўсё яшчэ не меў сына. Яму быў неабходны яшчэ адзін шлюб, і пасля перабору розных варыянтаў, Вітаўт прапанаваў Ягайлу сваячніц сваёй жонкі.

Неўзабаве Ягайла гасцяваў у Друцкіх і пазнаёміўся там з князёўнай Сонькай Гальшанскай. Напачатку кароль разважаў пра магчымы шлюб з яе старэйшай сястрой Васілісай, але хутка пакінуў гэтую думку і зацікавіўся Сонькай. Паколькі па старадаўнім беларускім звычаі нельга было выдаваць малодшую сястру перад старэйшай, Васілісу хутка сасваталі за князя Івана Бельскага [23].

Вось як пра ўсё гэта напісана ў «Хроніцы Быхаўца»: «Едучы назад (з Смаленска), вялікі князь Вітаўт і кароль Ягайла заехалі ў Друцк і былі на абедзе ў князя друцкага Сямёна Дзімітравіча. У караля Ягайлы ўжо трэцяя жонка была памерла без плода, ды ён пабачыў у князя Сямёна дзвюх яго прыгожых пляменніц, старэйшую Васілісу, празваную Бялухай і малодшую Соф'ю. I прасіў Ягайла Вітаўта, кажучы так: «Было ў мяне тры жонкі, дзве ляхавіцы, а трэцяя нямкіня, але плода з імі не меў. А цяпер прашу цябе, з'яднай мне ў князя Сямёна сястрычну яго меншую Соф'ю, я за сябе замуж яе ўзяў бы, можа, хоць з роду рускага (маецца на ўвазе беларускага - Л. Л.) мне Бог дзяцей даў бы». I калі князь Вітаўт пачаў гаварыць пра тое князю Сямёну, той адказаў: «Гаспадару вялікі княжа Вітаўце! Кароль Ягайла - брат твой каранаваны і гаспадар вялікі. Не магло б быць маёй пляменніцы лепей, як за яго міласць замуж пайсці, але ж не хачу я рабіць ганьбу і сорам яе старэйшай сястры тым, што малодшая раней за старэйшую замуж пайшла б. Дык няхай бы яго міласць старэйшую ўзяў». I калі князь вялікі Вітаўт пра гэта каралю Ягайлу паведаў, той яму адказаў: «Я і сам ведаю, што старэйшая сястра цудоўнейшая, але мае вусы, а гэта азначае, што дзеўка яна моцная, я ж чалавек стары - не смею на яе спакусіцца».

Потым князь вялікі Вітаўт з князем Сямёнам, памысліўшы, выклікалі да сябе князя Івана Уладзіміравіча Бельскага, братаніча свайго, і ўгаварылі яго ажаніцца са старэйшаю сястрою Васілісаю Бялухаю, а Соф'ю заручылі з каралём Ягайлам» [24].

Шлюб Ягайлы з Сонькай Гальшанскай адбыўся ў Наваградку ў лютым 1422 г. Непасрэдна перад тым абранніца караля нанова ахрысцілася і ўзяла імя Зоф'я. Вядома, што вяселле было шумнае і па шлюбе маладыя выехалі ў Ліду, дзе і адбываліся галоўныя ўрачыстасці. У Лідзе сабралася мноства гасцей, у ліку якіх быў нунцый папы Марціна V Антоніа Зена, чэшскае пасольства, ліцвінскае баярства. Святкаванне ў Лідзе цягнулася аж да вялікага посту. На момант жаніцьбы Ягайла меў 71 год а ягоная чацвёртая жонка толькі 17.

Ян Длугаш гэтак апісвае падзеі: « … усе паны і рыцары, якія былі разам з каралём Уладзіславам, рознымі парадамі, просьбамі і ўсімі даступнымі спосабамі, як маглі адгаворвалі караля Уладзіслава ад жаніцьбы з ліцвінкай, аднак Аляксандр Вітаўт абясцэніў усе іх высілкі і схіліў караля Уладзіслава да шлюбу са сваёй пляменніцай, княжной Сонькай … Вярнуўшыся на запусты ў Наваградак, кароль Уладзіслаў узяў у жонкі князёўну Соньку, параднёную з ім у трэцім і чацвёртым калене, якая да гэтага была абмытая вадой вадохрышча - бо была раней праваслаўнага веравызнання - змяніўшы пры гэтым імя на Зоф'ю. У прысутнасці біскупа віленскага Мацея [25] , які прамовіў словы святой прысягі, заключыў гэты, не мілы палякам, а яму - на мяжы ўжо лядашчай старасці - цалкам непатрэбны шлюб. З вялікай пышнасцю быў праведзены ў Наваградку шлюб паміж няроўнымі партнёрамі: згрыбелым ужо каралём Уладзіславам і маладзенькай у той час Зоф'яй, якая вызначалася болей прыгажосцю, чым звычкамі.

Пасля вяселля кароль польскі Уладзіслаў выехаўшы ў чацвер, раніцой пасля Папельцу, з новай жонкай Зоф'яй, з Наваградка прыбыў у Ліду. Прыехаў туды да яго нунцый папы Марціна V, доктар абодвух правоў [26] Антоній Зено, каб выслухаць сведак, якія павінны былі быць прадстаўленыя ў спрэчцы з крыжакамі з Прусіі і каб убачыць арыгіналы прывілеяў і дакументаў. Гэтак ён сваім прыбыццём даставіў задавальненне і каралю Уладзіславу, і Аляксандру Вітаўту, кароль і князь падарылі яму багатыя падарункі. Калі гэты незвычайны муж у адпаведнасці са сваім бездакорным характарам марудзіў з іх прыёмам (папа Марцін паслаў для вывучэння гэтай справы такога чалавека, пра якога ведаў, што гэты суддзя несумненна кіруецца справядлівасцю, не паддасца прагнасці і не возьме падарункаў, хоць бы яны мелі невядома якую вартасць – забараніўшы яму адмысловым указам іх прыняцце – не магчыма яго перакупіць каштоўнымі падарункамі), ён пачаў гэтым абуджаць вялікую сімпатыю і ў караля Уладзіслава, і ў князя Вітаўта. Зваротным шляхам з Ліды ў Польшчу, які ішоў праз Ваўкавыск і мясцовасці, праз якія звычайна праходзіла яго дарога, кароль Уладзіслаў накіраваўся ў Кракаў, узяўшы з сабой нунцыя апостальскай сталіцы Антонія Зена» [27].

Гісторыкі вызначылі, што ў Лідзе вялікі князь Вітаўт а гэта значыць, што і кароль Ягайла з маладой жонкай, былі 27.02.1422 г. [28], дадам што першае зафіксаванае наведванне Вітаўтам Ліды адбылося 20.05.1396 г. [29].

Адразу пасля шлюбу Зоф'я пачала ствараць сабе такое становішча, вынікам якога павінна была стаць яе каранацыя. Але першая дата ўрачыстай каранацыі - 26 снежня 1422 г. - па невядомых прычынах не была вытрымана, а новую не вызначылі. Гэта магло быць звязана, з абыякавым стаўленнем Ягайлы да жонкі. Звярталі ўвагу, што каралева не цяжарыла і нават у самыя першыя месяцы шлюбу сівы муж ад'язджаў на доўгі час, пакідаючы маладую жонку ў чужым для яе атачэнні. Таксама пэўную ролю адыграў нутраны стан палітычных сілаў у Польшчы - ніводная палітычная група не мела зацікаўленасці ў каранацыі маладой жонкі Ягайлы. Тады Сонька паказала добры розум, хутка ацаніла сітуацыю і зрабіла стаўку на групоўку, сярод якой усё болей вылучаўся малады канонік Збігнеў Алясніцкі, цікава, што гэтая групоўка ад пачатку была супраць шлюбу Ягайлы і Сонькі Гальшанскай.

У выніку, каранацыя была прызначана на сакавік 1424 г. Сваёй прысутнасцю яе аздобілі суседнія манархі: Сігізмунд з Барбарай Люксембурскай і дацкі кароль Эрык. Прыбылі чатыры Пясты Мазавецкія, восем - Шлёнскіх, мноства князёў літоўскіх і беларускіх на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам, які меў з сабой пяцьсот ваяроў. Каранацыю правёў арцыбіскуп Гнезненскі, асістэнтамі былі арцыбіскуп львоўскі, трое біскупаў і папскі легат. Святочныя забавы цягнуліся тыдзень. Агульную ўвагу выклікала адсутнасць вялікага князя літоўскага Вітаўта. Была гэта самая ўрачыстая каранацыя каралеўскай жонкі за ўсю гісторыю Польшчы. Каранацыя ўзмацніла становішча Сонькі, і нядаўняя «беларуская дзяўчына» (як акрэсліў Длугаш) пачулася ў новай айчыне больш пэўна [30].

Зоф'я нарадзіла Ягайлу трох сыноў (сярэдні памёр немаўлём) і стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. У сучаснікаў былі сумненні наконт бацькоўства першага хлопчыка, але трэці сын Казімір, які нарадзіўся, калі каралю Ягайлу ўжо споўнілася 76 гадоў, быў настолькі падобны да бацькі, што атрымаў мянушку Ягелончык ( г. з. малы Ягелон). Дынастыя Ягелонаў кіравала аб'яднанай польска-ліцвінскай дзяржавай да 1572 г., Венгрыяй і Чэхіяй - да 1529 г. Два сыны, чатыры ўнукі і два праўнукі Зоф'і Гальшанскай сталі каралямі, і яна ўвайшла ў гісторыю як «маці каралёў».

Вядома, што ажно да пачатку XX ст. кожнае чацвёртае або нават кожнае трэцяе дзіця памірала не дасягнуўшы паўнагадовага ўзросту. Каб зразумець значнасць Зоф'і Гальшанскай, для прыкладу разгледзім сям'ю знатных сужэнцаў - англійскага караля Эдуарда I (1239-1307) і ягоную жонку, каралеву Элеанору (1241-1290). Дзеці, якія нарадзіліся ў гэтай каралеўскай сям'і, натуральна, гадаваліся ў самых лепшых умовах, якія толькі магла забяспечыць сярэднявечная Еўропа: яны жылі ў палацы, у іх было шмат ежы і цёплай вопраткі, у пакоях было цёпла, не мелася праблем з чыстай вадой. Прынцаў і прынцэс абслугоўвала цэлая армія персаналу, сярод якога меліся і лепшыя лекары. У прыдворных хроніках пералічана 16 дзяцей, народжаных каралевай Элеанорай з 1255 па 1284 г. З іх 10 дзяцей памерлі маленькімі, толькі 6 дасягнула 11-ці гадовага ўзросту. І толькі апошняе, 16-тае дзіця, прынц Эдуард, дажыў да паўнагоддзя і пасля смерці свайго бацькі ўзышоў на пасад Англіі пад імем Эдуарда II. Інакш кажучы, толькі з шаснаццатай спробы Элеанора справілася з галоўнай абавязкам ангельскай каралевы - падаравала каралеўству спадчынніка пасада [31].

Каралева Зоф'я выступіла ініцыятарам першага перакладу Бібліі на польскую мову, вядомага як «Біблія каралевы Зоф'і» і ўвесь час аказвала істотную фінансавую падтрымку Кракаўскай акадэміі. Яна была адзіным заступнікам гэтай навучальнай установы, у якой вучыліся і ўсе тагачасныя беларусы, і дзе ступень бакалаўра атрымаў і наш вялікі Францішак Скарына.

Грамадзянская вайна ў ВКЛ

Вялікі князь Вітаўт у сваім тастаманце ад 21 кастрычніка 1430 г. выказаў пажаданне быць пахаваным у катэдральным касцёле св. Станіслава пад алтаром св. Міхала Арханёла разам са сваёй жонкай Ганнай.

Праз 6 дзён, 27 кастрычніка 1430 г. Вялікі князь ВКЛ Вітаўт памёр.

Пахаванне Вітаўта, мініяцюра, 1443 г.

Думаю, развітваючыся з гэтым знакамітым палітычным дзеячам, трэба пералічыць населеныя пункты гістарычнай Лідчыны, у якіх ён бываў. Пра Ліду я ўжо напісаў трошкі вышэй, акрамя нашага горада, Вітаўт шматкроць наведваў мястэчка Дубічы, якое таксама знаходзілася на гістарычнай Лідчыне. Тут, у Дубічах, ён падпісаў дакумент для берасцейскага намесніка Цвербута аб наданні «ляху Якушу … пустыни у Корошове от парчовское границы за Берестьем». Гісторыкі не могуць дакладна датаваць гэтую падзею, яна адбылася ў 1396 ці 1411 ці 1426 гг. [32] Таксам вялікі князь бываў у гэтым мястэчку: 28.03.1397 г., 01.03.1402 г., 28.03.1403 г., 06.03.1415 г., 21.02.1418 г, 25.07.1421 г., 26.02.1426 г. 17.03.1427 г. і 15.03.1430 г. [33]. Цікава, што яго сюды прываблівала, можа паляванне?

Таксама Вялікі князь адзін раз наведаў Новы Двор, тут Вітаўт быў 03.02.1429 г [34]


Кароль Ягайла, вялікі маскоўскі князь Васіль (унук Вітаўта), вялікі князь Свідрыгайла і шмат іншых асоб, з вялікай урачыстасцю перавезлі парэшткі Вітаўта з Трокскага замка ў Віленскую катэдру. Тут была выканана яго воля - Вялікага князя пахавалі пад алтаром св. Міхала Арханёла каля жонкі Ганны: «... паклалі ягонае цела ў Вільні, у замку, у касцёле святога Станіслава, з левага боку ад алтара, каля дзвярэй у сакрыстыю» [35].

Спроба Вялікага князя Вітаўта пераўтварыць ВКЛ ў каралеўства не атрымалася.

Пераемнікам Вітаўта на літоўскім вялікакняскім пасадзе стаў родны брат Ягайлы князь Свідрыгайла Альгердавіч. Але абранне яго адбылося з парушэннямі ўмоў, прапісаных у Гарадзельскайй уніі. Менш чым праз два гады, у ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1432 г. Свідрыгайла быў зрынуты з пасада і збег у Полацак. Пасля гэтага вялікім князем быў абвешчаны Жыгімонт Кейстутавіч - малодшы родны брат Вітаўта [36], яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўня, Жамойць, Гародня, Менск, Наваградак, а Берасце было падпарадкавана ўзброенай сілай. Астатнія землі засталіся адданымі Свідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску.

Пачалася грамадзянская вайна, прадметам вайны стала палітычнае ўладкаванне ВКЛ ва ўмовах крызісу палітычнай сістэмы, утворанай Востраўскім пагадненнем (1392 г.) і Гарадзельскай уніяй (1413 г.). Я толькі вельмі коратка апішу ход падзей гэтай вайны і прывяду гістарычны тэкст са згадваннем нашага горада.

Апіраючыся пераважна на Полацк, увосень 1432 г. Свідрыгайла пачаў вайсковыя паходы на землі, падуладныя Жыгімонту. У лістападзе былы Вялікі князь з палачанамі і смалянамі дайшоў да Вільні, валоданне якой было вырашальным у барацьбе за страчаны вялікакняскі пасад: «Швидригайло, маючи войско листанское и велми много руси московской, вторгнул до Литвы, бурил, палил, стинал люд, … А Швидригайло место Виленское и обои Троки, Крево, Молодечно, Лиду и Ешишка зо всеми волостями окрутне звоевал и выпалил, а потом Петра Монскирдовича гетмана Жигимонтового, поразил и войско литовское розгромил» [37].

8 снежня пад Ашмянамі адбылася бітва паміж войскамі Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча. Сеча доўжылася да ночы і скончылася паражэннем Свідрыгайлы. Пскоўскі летапіс гэтак апісвае гэтую бітву: « …и бысть сеча и бой велик, и побегну князь Свитригайло с побоища к Полотьску, а князь Жидимонт ста на костех, а паде рати много и того князя, и сего князя, у Свитригаило падоша полочани, а инех много руками поимаша» [38].

Каб залучыць на свой бок феадалаў з партыі Свідрыгайлы, Жыгімонт у 1434 г. выдаў Троцкі прывілей, якім пашырыў усе правы, дадзеныя прывілеям Ягайлы (1387 г.) і Гарадзельскім прывілеям (1413 г.), на ўсіх феадалаў ВКЛ, незалежна ад іх веравызнання. Але значная частка баяраў усё адно не падтрымлівала Жыгімонта.

У ліпені 1435 г. Свідрыгайла разам з войскам Лівонскага ордэна рушыў на войска Жыгімонта, але атрымаў паразу ў бітве пад Вількамірам, пасля чаго уцёк у Полацак.

У 1438 г. у ВКЛ быў вялікі голад «по сёлам и по городам зверы людей едали …» [39].

Супраць Жыгімонта Кейстутавіча была арганізавана змова князёў Івана і Аляксандра Чартарыйскіх, віленскага ваяводы Даўгерда і троцкага ваяводы Лялюша - усе чацвёра католікі, якія раней былі звязаны са Свідрыгайлам. У выніку змовы Жыгімонт быў забіты ў Троцкім замку: «… от Божого нароженя 1440. Князя великого Жыкгимонта Кестутьевича у Троцэх зарезали у вербъную неделю перед обедом, один з дому князеи Чорторыских, але з волею всих панов и князеи литовских, а пановал на Литовском панстве сем год и шесть месецэи» [40].

Княжанне вялікага князя Казіміра Ягелончыка

29 чэрвеня 1440 г. рада князёў і паноў, узначаленая Янам Гаштольдам, абвясціла Вялікім князем 13-гадовага сына Ягайлы Казіміра Ягелончыка [41]: «… от Божого нароженя 1440. Князи и панове и вся земля Литовская, дорадившыся, и взяли собе князем великим Казимера Якгеиловича, сына королевского, з Ляхов, и посадили почстиве на столечных городех, на Вил(ь)ни и на Троцэх, и на всеи земли Литовскои и Рускои. …

В лето Божого нароженя 1434 умер в Польщы король Якгеило» [42].

Казімір Андрэй Ягайлавіч (Ягелончык) нарадзіўся 30 лістапада 1427 г. у Кракаве, памёр 7 чэрвеня 1492 г. у Гародні.


У тым жа 1440 г. вялікі князь Казімір «паехаў у Літву, каб пачаць кіраваць Вялікім княствам. … Калі быў на пастоі над ракой Свіслач, сын забітага вялікага князя Жыгімонта, пляменнік Вітаўта, князь Міхал з Гародні … заступіў дарогу Казіміру з 500 вершнікамі і ахвяраваў яму і яго людзям дары, пасля чаго злажыў прысягу паслушэнства і вернасці … Ад ракі Свіслачы паехаў у Дубна, дзе праз брод перайшоў раку Нёман і дзе яго прынялі княжата, паны і шляхта літоўская. … З Дубна праз Васілішкі, Радунь, img/6.jpg Эйшышкі, Новы Двор і іншыя размешчаныя па прамой лініі селішчы, прыбыў у Вільню. Калі ўваходзіў у Вільню, вышлі яму насустрач: біскуп віленскі Мацей, кашталян віленскі Ян Хосцік, ваявода і стараста віленскі Ян Даўгерд, а таксама ўвесь клір і народ. З найвышэйшымі ўшанаваннямі, з радасцю і павагай, пад гукі труб Яго Мосць быў уведзены ў віленскі замак. Найперш увайшоў у кафедру святога Станіслава, дзякаваў Богу за вялікія ласкі, а галоўнае за тое, што прывёў сюды ў цэласці яго і яго войска. А ў знак радасці з нагоды яго прыбыцця вуснамі клера была апетая ласкавасць Бога гімнам Te Deum laudamus (Цябе Бога славім). Шмат замкаў, а менавіта Гародня, Берасце, Ліда і іншыя ажно да гэтага часу былі ў руках князя Міхала» [43].

Такім чынам, у 1440 г. у запісах вялікакняжскага двара гэтак быў занатаваны шлях у Вільню вялікага князя. У прамежку паміж 22.05 і 29.06.1440 г. двор разам з Казімірам рухаўся наступным чынам: «Прыезд з месца пастою (Дубна - Л. Л.) над ракой Свіслач, пераправа цераз Нёман і выезд у Васілішкі», потым у Васілішках было занатавана «прыезд з Дубна, выезд у Радунь», у Радуні «прыезд з Васілішак, выезд у Эйшышкі», у Эйшышках «прыезд з Радуні і выезд у Новы Двор (што пад Вільняй - Л. Л.)», і ў Новым двары занатавана: «прыезд з Эйшышак і выезд праз іншае мястэчка ў Вільню». У сваю сталіцу вялікі князь прыехаў 29.06 і знаходзіўся тут па 13.07.1444 г., дарожная занатоўка: «Прыезд з Новага двара, уезд у замак, побыт у ім на працягу некалькіх дзён» [44]. Як бачым, вандраваў наш Вялікі князь нетаропка, надоўга спыняючыся ў мястэчках, каб на месцы вырашаць дзяржаўныя справы.

Вядома, што Казімір Ягелончык наведаў наш горад 15.07.1443 г. [45], 14.07 і 15.07.1444 г. ён быў ў Лідзе «з усёй сваёй радай» [46]. Таксама вялікі князь быў у Лідзе 15.07.1446 г.

Неаднаразова быў вялікі князь у мястэчках Лідчыны. Напрыклад 30.08.1444 г., 09.09.1445 г., з 23 па 24.07.1450 г. «з нашымі князямі і панамі, з нашай вернай радай» ён знаходзіўся ў Астрыне [47]. Зафіксаваны побыт Казіміра ў Беліцы (03.05.1453 г.) [48], у Дубічах (26.02.1471 г.) [49] і два разы ў Жалудку: 14.05.1451 г. і 26.04.1455 г., у гэты раз у Жалудку было занатавана: «Выезд з Літвы ў Петрыкаў» [50].


Пры сваім абранні Казімір абяцаў вярнуць Вялікаму Княству Валынь і Падолле, якія раней адышлі Польшчы і выканаў сваё абяцанне, таксама ў 1444 г. вярнуў у склад ВКЛ Драгічынскую зямлю. Пасля смерці польскага караля Уладзіслава - свайго старэйшага брата, Казімір быў запрошаны на польскі пасад. Але доўгі час не пагаджаўся, бо яго не адпускалі князі і баяры ВКЛ, якія не жадалі нават персанальнай уніі з Польшчай, але пасля ўсё ж пад уплывам маці ён даў згоду. У чэрвені 1447 г. быў абраны каралём Польшчы, але прысягу даў толькі ў 1453 г. Вось як пра гэтыя падзеі напісана ў Хроніцы Быхаўца (у перакладзе на сучасную беларускую мову): «Быў вялікі князь Казімір сем гадоў князем літоўскім і гаспадарствы ўсе, што ад Вялікага Княства былі залежныя, у цэласці трымаў і ў спакоі, а ўсе тыя землі, якія не хацелі яму паслухмянымі быць, Вялікаму Княству падначаліў і супакоіў. А за тыя сем гадоў паны ляшскія так і не знайшлі караля польскага і вугорскага, брата ягонага, які загінуў яшчэ ў бітве з туркамі, і Карона аўдавела. I, параіўшыся, аднадушна вырашылі яны ўзяць на каралеўскі пасад вялікага князя Казіміра і прыслалі да яго і да паноў літоўскіх сваіх высокіх паслоў: арцыбіскупа гнезненскага, біскупа кракаўскага, пана кракаўскага ды шмат іншых ляшскіх паноў радных - прасіць яго на Карону Польскую. … I стаў Казімір каралём польскім і Вялікім князем літоўскім» [51].


З 1434 па 1443 гг. лідскім старастам быў сын або ўнук Тахтамыша, апошняя галіна знакамітага роду Чынгісхана - Даўлет Хаджы-Гірэй (Ач-Гірэй). У 1445 г. перакопскія татары прасілі вялікага князя Казіміра даць ім хана, прычым паказвалі на Хаджы-Гірэя, як на нашчадка знакамітых сваіх правадыроў, цалкам годнага заняць гэтае месца. Казіміру прадставіўся выпадак узгадаць веліч і бляск Вітаўтавага двара. У 1446 г. лідскі стараста быў выкліканы ў Вільню і тут па старадаўнім звычаі ў прысутнасці татарскіх паслоў і мноства саноўнікаў урачыста апрануты ў ханскую мантыю і абвешчаны ханам Перакопскай арды [52].

У Хроніцы Быхаўца маецца наступны запіс 1447 г.: «И того ж году прыедут(ь) князи и уланы, и вси мурзы Шырыновские и Багранивские, и от всее орды Перекопское до великого князя Казимира, просячы и чолом бьючы, абы им цара дал на царство, Ач-Кгирея, которы прыехал был з орды до Литвы ешче за великого князя Жыкгимонта, и князь велики Жыкгимонт дал ему Лиду. И князь велики Казимир того цара Ач-Кгирея з Лиды честовавшы и вдаровавшы и во великои его почестности до орды Перекопское на царство послал, и послал с ним, садечы его на царство, маршалка земского Радивила. И Радивил отпровадил его в почестности аж до стольца его до Перекопа, и там его Радивил именем великого князя Казимира посадил на царстве Перекопском. И вси тыи годы за господарства Казимирова и за жывота того цара Ач-Кгирея упокой был межы княством Литовским и ордою Перекопскою, бо был велики прыятель княству Литовскому тот цар Ач-Кгирей …» [53].

Радзівіл, пра якога ідзе гаворка, гэта Радзівіл Осцікавіч.

Ач-Гірэй, інакш Хаджы-Гірэй - заснавальнік татарскай дынастыі Гірэяў, які стаў пры падтрымцы ўладаў ВКЛ асобным, больш незалежным ад Залатой Арды, перакопскім (крымскім) ханам і кіраваў гэтай прычарнаморскай ардой да 1466 г.


У 1461 г. назіралася вялікая камета: «Року 1461. Комета великая показалася на небе, межи всходом солнца и полночю, праве полнеба метлою своею заимуючи, през дний 15 была виденая, а то значило пристя татаров, которые по згиненю оной зараз до Литвы и Подоля татаре заволские, мешкаючии за Волгою рекою, з царем своим Меняком преправившися през Днепр и на три войска великие розделившися одны до Литвы, другие на Подоле и до Волох, третие на Волынь. А так Литву, Волохов, Подоле и Волынь, вси панства зобрали и сплюндровали, але и сами нездоровы ушли, бо их Стефан, воевода волоский, наголову поразил и их царя поимал и волохом своим казал розсечи его» [54].


У 1447 г. Казімір Ягелончык выдаў гэтак званы Казіміраў прывілей, якім пашырыў правы феадалаў ВКЛ, гарантаваў права ўласнасці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад іх людзей. У гэтым прывілеі прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ маглі атрымліваць толькі мясцовыя феадалы. Пры Казіміры вырасла роля паноў-рады [55] і ўзмацніўся яе ўплыў на дзейнасць Вялікага князя. Пры вялікім князі і каралі Казіміры распачалося палітычнае панаванне шляхецкага стану.

У 1454 г. Казімір ажаніўся з Альжбэтай, дачкой памерлага германскага караля Альбрэхта II, сужэнцы мелі трынаццаць дзяцей.

У 1457 г. вялікі князь выдаў прывілей, паводле якога жыхары ВКЛ маглі вольна выязджаць за мяжу (за выключэннем варожых краін) у тым ліку і для набыцця адукацыі. Як адукаваны чалавек, ён разумеў абсалютную важнасць адукацыі і нават аказваў з дзяржаўнага скарбу матэрыяльную дапамогу студэнтам. Менавіта тады на Лідчыне з'явіліся асобы з еўрапейскай універсітэцкай адукацыяй.

У 1468 г. Казімір выдаў Судзебнік, першую спробу кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ. У 1471 г. ён юрыдычна ліквідаваў удзельныя княствы.

Вялікі князь Казімір княжыў 52 гады і ў асноўным гэта былі спакойныя гады, у якія належным чынам развівалася наша дзяржава.

«… кароль Казімір … з большай ахвотай жыў у Вялікім Княстве, чым у Ляхах, бо ў Літве вельмі ловы раскошныя – шмат розных звяроў, якіх ні ў адным іншым гаспадарстве няма, а кароль Казімір вельмі ловы любіў». Незадоўга перад смерцю, ён «… паехаў у Польшчу і быў там год, і вярнуўся ў сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, у Вільню, і быў там год, а пасля разнямогся і загадаў адвезці яго да Горадні, бо там вельмі любіў жыць дзеля раскошных ловаў і ўсякіх пажыткаў.

Будучы ў Горадні, ён зразумеў, што ўжо з тае хваробы выйсці не зможа, і ён паклікаў да сябе сваіх паноў-раду Вялікага Княства Літоўскага ў ложніцу, дзе ён адпачываў, і пачаў прасіць іх умільна і пакорліва, каб паны-рада ўзялі сабе гаспадаром на Княства Літоўскае яго сярэдняга сына, каралевіча Аляксандра. I паны-рада, … пагадзіліся…

Пасля таго кароль Казімір паклікаў да сябе паноў ляшскіх, … і тое ж мовіў ім, патрабуючы імем каралеўскім, каб паны-рада Кароны Польскае не пакінулі без увагі астатняе просьбы гаспадара свайго ды ўзялі пасля яго смерці гаспадаром сабе на Карону Польскую яго старэйшага сына – каралевіча Ольбрахта. I паны ляшскія абяцалі прасіць аб гэтым усіх пралатаў і паноў польскіх. … I, мудра ўладзіўшы дзяржаўныя справы, там жа, у Горадні, жыццё сваё ў глыбокай старасці скончыў. Было гэта ў чацвер, за тыдзень да Божага ўзнясення.

У год ад Божага нараджэння 1492 месяца траўня 24 дня, перад сёмаю суботаю, узялі яго цела, адвезлі да Кароны Польскае, у горад Кракаў і паклалі ў замку, у касцёле святога Станіслава, у капліцы, якую ён сам пабудаваў. Там жа і ўдава ягоная Альжбета пасля яго смерці нейкі час жыла і па смерці сваёй была пахаваная ў той самай капліцы» [56].


Трэба расказаць пра сына Казіміра Ягелончыка, польскага каралевіча і вялікага княжыча літоўскага, Казіміра Казіміравіча - святога Казіміра (1458-1484).

З дзяцінства будучы вялікі князь і кароль Казімір быў міралюбным і набожным. Яго адукацыяй займаліся дыпламат і гісторык Ян Длугаш і італьянскі паэт і гуманіст Філіп Калімах. Выбар настаўнікаў быў не выпадковы, бо Казіміра рыхтавалі да кіравання дзяржавай.

Будучы святы хварэў на сухоты і даўшы зарок цнатлівасці, адмовіўся ад шлюбу з дачкой германскага імператара Фрыдрыха III. У траўні 1483 г. па выкліку бацькі ён прыехаў у Вільню, дзе сваёй дабрачыннасцю заслужыў павагу гараджан. На Каляды 1483 г. наведаў Гародню і тут яго здароўе істотна пагоршылася, 01.03.1484 г. у цяжкім стане перавезены ў Вільню, дзе і памёр.

Амаль што адразу пасля смерці Казіміра пачалося яго шанаванне, і з 1613 г. ён прызнаецца заступнікам Вялікага Княства Літоўскага, а з 1636 г. - таксама і заступнікам Польшчы.

На тэрыторыі гістарычнай Лідчыны, мы маем цудатворны абраз Маці Божай Тракельскай, якая знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Тракелі. Тракелі традыцыйна належалі да Ашмянскага павета, але ў 1920-30-х гг. нейкі час былі часткай Лідчыны.

Першы ўспамін пра Тракелі знаходзім ў лісце князя Жыгімонта Кейстутавіча, якім ён у 1433 г. пацвердзіў Яну Гаштольду маёмаснае права на цэлы шэраг розных двароў і вёсак, у тым ліку на Новы Двор і Тракелі. Маёмасць Гаштольдаў пасля смерці астатняга ў родзе - Станіслава Гаштольда, віленскага ваяводы, па тагачасным праве адышла да караля Жыгімонта І, які ў 1543 г. дараваў яе каралевічу Жыгімонту Аўгусту.

Лічыцца, што парафіяльны касцёл у Тракелях закладзены ў 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. Аднак Марцін Гаштольд быў толькі троцкім ваяводам і памёр у 1483 г., ягоны сын Альбрыхт Гаштольд быў віленскім ваяводам у 1522-1539 гг. і таму, гледзячы на гэтую інфармацыю, дата заснавання касцёла застаецца пад пытаннем. Падчас вайны, у 1655-1659 гг. тракельскі касцёл быў знішчаны і адбудаваны езуітамі каля 1674 г., верагодна ў 1687 г. высвечаны віленскім біскупам-суфраганам Уладзіславам Сільніцкім. У 1758 г. езуіты, вераемна, пасля пажару касцёла зноў адбудавалі яго і высвецілі пад тытулам Visitationis Beatae Mariae Virginis. Аднак тады касцёл стаяў у паўночнай частцы вёскі, прыкладна за 500-600 м ад цяперашняга, каля шашы на Ліпнішкі.

Сучасны драўляны касцёл пабудаваў у 1809 г. Стэфан Незабытоўскі. Грунтоўна яго рэстаўраваў адміністратар Тракелькай парафіі ксёндз Юзаф Сідорскі ў 1866 г. [57]


Згодна з легендай, абраз Маці Божай Тракельскай быў намаляваны ў канцы ХVІ ст., калі культ св. Казіміра яшчэ толькі нараджаўся, абраз, прывезены з Вільні ў 1595 г. і здаўна славіўся шматлікімі цудамі. Невядомы віленскі мастак стварыў прыгожы і высакародны вобраз Маці Божай з Дзіцяткам. Па характары вобразаў яго можна параўнаць з абразом 1640 г. віленскага мастака фламандскага паходжання Пенса ў Святой Ліпцы, што ў Варміі (Польшча). У другой палове XVII ст., магчыма, каля 1664 г., абраз Маці Божай з Дзіцяткам быў дапоўнены выявай укленчанага св. Казіміра з ружанцам у руках. Сваёй правай далонню Марыя ахапіла левую руку, якая трымае Божага Сына. З правага боку ад яе ўкленчыў св. Казiмiр з ружанцам у руках - заступнік Вялікага Княства Літоўскага. Выява Маці Божай была намалявана на асобным палатне і даклеена да асноўнага падчас першай рэстаўрацыі абраза ў другой палове XVII ст. Магчыма, гэта звязана з кананізацыяй святога.

У 1994 г. Гарадзенскі ардынарый Аляксандр Кашкевіч зрабіў касцёл у Тракелях дыяцэзіяльным санктуарыем, свята цудатворнага абраза адзначаецца ў першую нядзелю ліпеня. 5 ліпеня 2009 г. адбылася ўрачыстая каранацыя абраза папскімі каронамі, акт каранацыі здзейсніў кардынал Казімір Свёнтак.

З невялікімі скаротамі, прывожу мой пераклад цікавага артыкула гісторыка Валяр'яна Харкевіча, у якім апавядаецца пра кананізацыю св. Казіміра.


Урачыстасці падчас кананізацыі Св. Казіміра ў Вільні [58]

Калі пры святле дня 4 сакавіка 1484 г. свае вочы заплюшчыў каралевіч Казімір, паўсюдная жалоба, боль і смутак ахінулі ўсю Польшчу і Літву. І адначасова нарадзілася вера, што каралевіч, якому не было дадзена ўзяць скіпетр на зямлі, возьме скіпетр уладара душ, стане патронам і заступнікам Літвы.

Св. Казімір, абраз віленскай катэдры, каля 1520 г.

Ужо пры жыцці каралевіча яго называлі святым, і ніхто не сумняваўся, што пасля развітання з гэтым светам ён яшчэ мацней злучыцца з народам, які адчуваў у Казіміры святасць, шчыра і глыбока шанаваў яго. Шчырыя малітвы, якія ішлі з глыбіні сэрцаў, атачалі труну святога. Каб падаць прыклад падпарадкавання Божай волі і ўказаць як належыць паводзіць самаму вернаму слузе Найсвяцейшай Панны, яго бацька, Казімір Ягелончык разам з жонкай Альжбетай і сынамі Янам Альбрэхтам, Жыгімонтам і Фрыдрыхам, запісаліся ў шэрагі брацтва Найсвяцейшай Панны пры Кракаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пасля пахавання ў каралеўскай капліцы віленскай катэдры, магіла каралевіча стала месцам пілігрымак. На ёй здзяйсняліся цуды.

Таму нічога дзіўнага, што распачаліся намаганні аб кананізацыі каралевіча. Браты святога Казіміра, каралі Аляксандр і потым Жыгімонт І, - у 1501 і 1520 гг. дасылалі ў Рым слыннага пралата (потым біскупа) і знакамітага дыпламата Эразма Цёлка.

Папа Леў X цалкам зычліва паставіўся да справы кананізацыі каралевіча і вызначыў адмысловую камісію, каб даследаваць справу і падрыхтаваць матэрыялы да кананізацыі. На працягу года гэтая камісія закончыла сваю працу, і ў 1521 г. на тайнай кансісторыі папа далучыў Казіміра да ліку святых.

Акт кананізацыі быў зацверджаны адпаведнымі дакументамі, якія атрымаў біскуп Эразм Цёлак. Здавалася, справа атрымала добры вынік, але здарылася няшчасце, якое адклала кананізацыю Казіміра амаль што на 80 гадоў. Біскуп Цёлак раптоўна памёр у Рыме - ён стаў ахвярай эпідэміі, лютаваўшай у той час у Еўропе. Дакументы, якія ён меў (а гэта былі арыгіналы) зніклі, і таму трэба было зноў аднаўляць высілкі ў тым жа кірунку, тым больш, што розныя перашкоды не дазволілі хутка апекавацца гэтай важнай справай. Надышлі бурлівыя часы Рэфармацыі, якая гэтак адзначылася ў Літве. Час быў змарнаваны.

Толькі Жыгімонт ІІІ аднавіў высілкі ў Рыме праз дасланага туды энергічнага віленскага каноніка кс. Рыгора Свянціцкага. У 1602 г. папа Клімент XIII, які ў свой час быў легатам у Рэчы Паспалітай і добра арыентаваўся ў нашых справах, загадаў Святой Калегіі знайсці акт кананізацыі, каб нарэшце агалосіць гораду і міру далучэнне дабраславёнага Казіміра да ліку святых і ахвяраваў дасканалую харонгву (абраз) з выявай святога.

З гэтай харонгваю, з булай аб кананізацыі і рознымі дарамі кс. Свянціцкі шчасліва вярнуўся ў Вільню 10 траўня 1603 г. Запанавала агульная радасць, усе прагнулі ўрачыстага святкавання ў гонар новага Патрона, але на гэтых урачыстасцях меў жаданне прысутнічаць сам кароль Жыгімонт ІІІ, і таму арганізацыя свята вымагала вялікай падрыхтоўкі. Прайшоў цэлы год, перш чым віленскі біскуп Бенедыкт Война прызначыў свята на 10 траўня 1604 г.

Аднак кароль не змог прыехаць у Вільню і даручыў канцлеру Льву Сапегу рэпрэзентаваць сваю асобу.

Каб уся Вільня магла ўзяць удзел ва ўрачыстасцях і стаць сведкам дасканалага святкавання, пачаткам свята быў выбраны выхад з касцёла св. Стэфана, які да таго часу толькі што пабудавалі (у 1600 г.) на складкі, сабраныя кс. Шымонам Высоцкім. У касцёле была пастаўлена харонгва, падараваная папам і сюды пацягнуўся натоўп, сфармаваны перад катэдрай. Першымі ішлі рамеснікі, купцы і віленскія месцічы з харонгвамі і абразамі. Рамеснікі, па колькасці цэхаў, стварылі 32 аддзелы, а купцоў было вельмі шмат. За імі ішла прыгожа ўбраная начная варта, узброеная сякерамі і алебардамі. Потым, замыкаючы першую паходную калону, ішлі вучні пачатковай школы касцёла св. Яна.

Наступнымі ішлі брацтвы, ордэны і белае духавенства, якое ўзначальваў віленскі пробашч з вялікай колькасцю асістэнтаў. Пяць брацтваў ішлі незвычайна прыгожа: гэта былі брацтвы Прасвятога сакраманту, патронам якога быў Св. Дыянізі, брацтва краўцоў пад апекай Ваўжынца і Крыштафа, брацтва рымараў Св. Яна Евангеліста, брацтва слесараў Св. Барталамея і таксама брацтва шаўцоў, якое знаходзілася пад апекай Св. Ганны.

Потым ішла супольнасць віленскіх выкладчыкаў, за імі ішлі ордэны: бернардыны, францішканы, абутыя кармеліты, дамініканы з брацтвамі індывідуальных манахаў, а таксама моладзь катэдральнай школы з пяццю харонгвамі.

Нарэшце, за імі ішоў белы клір - першымі ішлі ўніяты на чале з двума архімандрытамі, за імі лаціннікі з усёй дыяцэзіі. Потым - аркестр, «жаўнеры св. Казіміра» - маладыя людзі, прыбраныя рыцарамі ці анёламі з лілеямі ў руцэ. За імі віленская капітула з біскупамі Пацам і Войнам.

За духавенствам ішлі літоўскія магнаты ў атачэнні вялікай колькасці рыцарства і шляхты. Агульную ўвагу на сябе звярталі самыя знакамітыя дамы, якія падкрэсліваючы сваю сціпласасць і пабожнасць, ішлі закрыўшы твары і пераважна босыя.

Гэтыя калоны перайшлі мост, які злучаў катэдральны пляц з Замкавай вуліцай (бо ў той час Віленка цякла каля сучаснай Каралеўскай вуліцы праз пляц і далей - сучаснай вуліцай Арсенальскай), - і прамой дарогай скіраваліся да касцёла св. Стэфана, дзе з прыгожымі прамовамі выступіў кс. Рыгор Свянціцкі, які ўручыў Льву Сапегу харонгву, ахвяраваную папам - Леў Сапега прэзентаваў караля.

Пасля кароткага перапынку і адпачынку людзі зноў пашыхтаваліся ў калоны і выступілі ў бок катэдры. Асабіста канцлер Леў Сапега нёс харонгву св. Казіміра.

Рудніцкая брама, праз якую трэба было прайсці, з фронту была дэкаравана і ўпрыгожана накшталт птушкі, якая ляціць. Насустрач калонам з гэтай брамы выйшла жанчына ў жалобе, яна сімвалізавала сумную Вільню ў роспачы, бо да гэтага часу харонгва яшчэ не аздобіла магілы св. Казіміра і горад не можа яшчэ цешыцца і радавацца свайму святому Патрону. Пра гэта абвяшчалі анёлы з ружамі ці лілеямі ў руках, але праз нейкі час яны пачалі абвяшчаць радасную вестку пра надыход доўгачаканай хвіліны - набліжэнне харонгвы з выявай святога да яго магілы. Жанчына-Вільня ўбачыла натоўпы, пазнала харонгву з выявай святога і, шчаслівая, скінула з сябе жалобныя шаты. У каралеўскіх строях яна вітала радасныя калоны вільнян.

Уласна ў гэты час, калі пад гукі аркестра Леў Сапега пранёс харонгву праз браму, раптоўна ў небе з'явіўся бусел. Зрабіўшы круг, ён знізіўся і апусціўся на харонгву. Здзіўлены народ бачыў, як потым ён узляцеў і знік у далечыні.

Другая, адмыслова пабудаваная брама, знаходзілася на рынку па левы бок ад ратушы. Яна была аздобленая гербамі і эмблемамі, на ёй меліся надпісы, якія навучалі, як праз цнатлівае жыццё наблізіцца да святога патрона. Каля гэтай брамы чакалі 4 постаці і вялі паміж сабой дыялог - яны сімвалізавалі мужнасць, стрыманасць, разважлівасць і справядлівасць.

На Замкавай, каля муроў Акадэміі, за кошт Акадэміі была пабудавана трыумфальная арка. Спаткаць працэсію выйшла постаць Акадэміі ў атачэнні навук: Тэалогіі, Філасофіі, Філалогіі, Красамоўства, Паэтыкі, Гісторыі і Граматыкі [59]. Тут адбыўся дыялог на латыні.

Апошняя трыумфальная арка была пабудавана капітулай каля катэдры. Каля гэтай брамы постаці ў выглядзе анёлаў-вартаўнікоў сямі віленскіх храмаў (катэдры, св. Тройцы, св. Духа, св. Крыжа, Найсвяцейшай Панны (на Пясках), св. Яна і св. Францішка) агаласілі гімны ў гонар св. Казіміра.

Свята закончылася ўрачыстым набажэнствам у катэдры і спевам Te Deum.



[1] Краўцэвіч А. Кароткая гісторыя Беларусі. 2022. С. 38.

[2] Гл: Немцы ў старой Вільні // Наша слова.pdf. № 3 (55), 18 студзеня 2023.

[3] Гл: Сосіс I. Яўрэі на Беларусі // Спадчына. 1992. №2. С. 75-81.

[4] Гл: Шимелевич М. Литовские татары. Этнографический очерк. Вильно, 1905.

[5] Краўцэвіч А. Кароткая гісторыя Беларусі. С. 37- 41.

[6] Краўцэвіч А. Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 1998. № 9. С. 5.

[7] Там жа. С. 10.

[8] Там жа. С. 11-12.

[9] Там жа. С. 12.

[10] Вайдэлоты (літ.: vaidilos) - святары ў свяцілішчах агню старажытных прусаў і літоўцаў (яцвягаў, жамойтаў і інш.), абавязкам якіх было прымаць ахвяры, даглядаць вогнішча, сачыць за календаром святаў, навучаць і даваць парады, а таксама апяваць на пахаваннях герояў-нябожчыкаў, асабліва на восеньскім свяце казла.

[11] Rouba Napoleon. Przewodnik po Litwie i Białejrusi. Wilno, 1909. S. 62.

[12] Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1.

[13] Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. Dodatek I. S.3-5. (In nomine Dni Amen. Vladislaus dei gratie Rex polonie lituanieque Princeps supremus e. t. c. Heres mie e. t. c. Ad perpctuam rei memoriam. Quamquam ex suscepli cura Regiminis universorum nostrorum Regimini subditoruM utilitale tenemur ad ea tanien que diuini cultui administracionem decus ac gloriam ac statum felicem et quietem, ac virium firmitatem Ministrorum Omnipotentis conspiciunt, tanio dignius intendimus quantum pro ceteris mundi Princibibus nomen Regale solum magniricencie extollit et mirabilius universorum prouidencie creatoris consideranles sane Omnipotenlis inimensam clemenciam qua nos ovem pridem perditam ad Begales dignitates solium Clementissimi sublimauit, volentesque tanquam fidelis commissorum gubernator pro infinibis heneficiis aliquibus licet tamen exilio meritis obuiare. Ecclesiam vetere nostre fundacionis olim pp. cc. ord. s. Francisci Apostolis Lituanie cominendandam in opido nostro Lida nunc de nouo conslructam et ad honorem Omnipotentis Dei Gloriosissime Virginis Marie Omnium Sanctorum specialiler Sancti Crucis...... dicalum......dotauirnus bonis prouenlibus et utilitatibus ut in nostris literis ........ clare nitilur confirmamus et incorporamus donamus et appropriamus Lidensem .......... Dougirdi ........ ommos thelonis vulgariter. На абаротным баку стаяла дата даданая потым: A. Domini M. CCC. XIIII. Feria iijj. in hebd. Pentecost... У імя Бога, аман. Уладзіслаў Кароль Божай міласцю Польшчы, вялікі князь Літоўскі... і г.д..... На вечную памяць... Касцёл нашай старой фундацыі ордэна Святога Францішка, Апостала Літвы, заснаваны раней у нашым горадзе Ліда, зараз нанава збудаваны і названы ў гонар Усіх Святых, асабліва Святога Крыжа, мы надзяляем маёмасцю і прывілеямі...).

[14] Там жа. S. 4.

[15] Гл. напрыклад: Гагуа Р.Б. Грюнвальд в источниках: «Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410». Пинск, 2009.

[16] Гл: Сагановіч Г. Грунвальд у беларускай гісторыя: Спроба разбору палітычнага міфа. Мінск, 2015.

[17] Гл: Суднік Станіслаў. Лiдская харугва ў Грунвальдскай бiтве // Лідскі Летапісец. 2000. № 3(11). С. 9-17.

[18] Там жа. С. 17.

[19] Гудавичюс Э. История Литвы с древнейших времен до 1569 года. Т. I. Москва, 2005. С. 225-229.

[20] Długosz Jan. Roczniki czyli kroniki sławnego królestwa polskiego. Księga 11 (1413-1430). Warszawa, 2009. S. 56.

[21] Гл: И бысть знамение въ солнци месяца июня въ 7 (Новгородская I летопись младшего извода ПСРЛ. Т.3. С.405).

Того же лета погыбе с(о)лнце июн(я) 7 в пятницю было и скры луча своя зелене от лица земнаго (Московско-Академическая летопись ПСРЛ. Т.1. Стб.540).

Того же лета, месяца июня въ 7 день, бысть знамение въ солнце, мракъ зеленъ, таже помале бысть мракъ аки кровь, и другъ друга человеку не видети, аки въ крови стояху вси (Никоновская летопись ПСРЛ. Т.11. С.226).

Того же лета, месяца июня въ 7 день, на память святого отца Федота, въ 7 часъ дни, погыбе солнце все, и бысть тма, человека въ лице не видети было (Тверская летопись РЛ. Т.6. С.465).

Того же лета, месяца июня в 7 день, на память святого мученика Федота, изгибе солнце и скры луча своя от земли в 4 час дни, в год божественныя литургия, и звезды явишася яко в нощи. Тогда было князю великому Василью Дмитреевичу 26 лет на великом княжении (Никифоровская летопись ПСРЛ. Т.35. С.33).

В то же лето иуня 7 тма бысть в пяток перед обеднею, бысть же се не много, час единъ, видети было и звезды все, яко же и в нощи (Московский летописный свод конца XV в. РЛ. Т.8. С.329).

В лет(о) 923 м(еся)ца июния въ 7 быс(ть) помрачение с(о)лнцю въ 6 ча(с) дне створися нощь, и явишася звезды и быс(ть) страх великъ на всех родех ч(е)л(ове)ч(ес)кихъ в д(е)нь с(вя)т(о)го пятка (РГБ ОР. Ф.304. I. Ед. хр. 765. Л.319об.).

Того ж(е) лета июня 7 въ час 4 дни тма быс(ть) по всеи земли, и с(о)лнце померьче, яко ж(е) в распятии Х(ристо)ве, и звезды явишася, и заря явис(я) утренняя и вечерняя, и паки по единем ч(а)се Г(оспод)ь Б(ог)ъ дасть просвещение всему миру (Софийская вторая летопись ПСРЛ. Т.6. Вып.2. Стб.41).

[22] Długosz Jan. Roczniki czyli kroniki sławnego królestwa polskiego. Księga 11 (1413-1430). S. 57.

[23] Рудзкі Э. Соф'я Гальшанская - апошняя жонка Ягайлы, маці Ягелонаў // Спадчына. 1993. № 6. С. 34-36.

[24] Хроніка Быхаўца // Беларускія летапісы і хронікі. Мінск, 1997. С. 115-116.

[25] Віленскі біскуп з 04.05.1422 па 1455 г.

[26] Доктар абодвух правоў (скарочанае - J.U.D. лац.: Iuris Utriusque Doctor) - вучоная ступень вышэйшай ступені доктара навук у галіне грамадзянскага і царкоўнага права. Ступень была шырока распаўсюджана сярод каталіцкіх і нямецкіх вучоных сярэднявечча і ранняга новага часу.

[27] Długosz Jan. Roczniki czyli kroniki sławnego królestwa polskiego. Księga 11 (1413-1430). S. 165-166.

[28] Polechow Sergiej. Itinerarium wielkiego księcia litewskiego Witolda: 4/5 sierpnia 1392 - 27 października 1430 // Rocznik Lituanistyczny. 2019. № 5. S. 78.

[29] Там жа. S. 46.

[30] Рудзкі Э. Соф'я Гальшанская - апошняя жонка Ягайлы, маці Ягелонаў. С. 36-40.

[31] Харари Юваль Ной. Sapiens. Краткая история человечества. Москва, 2016. С. 328.

[32] Polechow Sergiej. Itinerarium wielkiego księcia litewskiego Witolda: 4/5 sierpnia 1392 - 27 października 1430. S. 45.

[33] Polechow Sergiej. Itinerarium wielkiego księcia litewskiego Witolda: 4/5 sierpnia 1392 - 27 października. S. 97.

[34] Там жа. S. 92.

[35] Артыкулы пра пошукі магілы Вітаўта // Наша слова.pdf № 50, 14 снежня 2022.

[36] Жыгімонт Кейстутавіч (каля 1365 - 20 сакавіка 1440) - вялікі князь літоўскі з 1432 па 1440 г.

[37] Хроника Литовская и Жамойтская // Полное собрание русских летописей (у далейшым ПСРЛ). Москва, 1975, Т. 32. С. 84.

[38] Псковская летопись. Т. 1. Москва, 1941. С. 40.

[39] Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага // Летапісы і хронікі Вялікага княства Літоўскага (XV-XVII ст.). Мінск, 2015. С. 271.

[40] Там жа.

[41] Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Мінск, 2012. С. 172-173.

[42] Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага. С. 272.

[43] Długosz Jan. Roczniki czyli kroniki sławnego królestwa polskiego. Księga 11 i 12 (1431-1444). S. 281-282.

[44] Там жа. S. 61.

[45] Rutkowska Grażyna. Itinerarium króla Kazimierza Jagiellończyka. 1440-1492. Warszawa, 2014. S. 66.

[46] Там жа. S. 67.

[47] Там жа. S. 67, 68, 99.

[48] Там жа. S. 118.

[49] Там жа. S. 232.

[50] Там жа. S. 103, 140.

[51] Хроніка Быхаўца. С. 140.

[52] Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 23.

[53] Хроніка Быхаўца // Летапісы і хронікі Вялікага княства Літоўскага (XV-XVII ст.). Мінск, 2015. С. 191.

[54] ПСРЛ. Т. 32. С. 214.

[55] Рада Вялікага Княства Літоўскага (таксама Паны-Рада) - найвышэйшы орган дзяржаўнай улады Вялікага Княства Літоўскага ў XV - першай палове XVI ст.

[56] Хроніка Быхаўца // Беларускія летапісы і хронікі. Мінск, 1997. Т. 32. С. 146-147.

[57] Шымялевіч Міхал. Дворышча і Тракелі // Лідскі летапісец. 2016. №2(74). С. 35-38.

[58] Charkiewicz W. Uroczystości kanonizacyjne Św. Kazimierza w Wilnie // Kurier Nowogródzki. № 62, 3 marca 1933.

[59] Навукі так званага трывіюма - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX