Я вырашыў у гэтым артыкуле падсумаваць дастаткова цікавую інфармацыю пра агульна вядомых казурак - тараканаў, якую час ад часу сустракаю ў розных крыніцах.
Пачнём здалёк.
Вядома, што рускі цар Пётр І ніколі не ўваходзіў у хату, пакуль нехта з яго служак не агледзіць усе пакоі і не ўпэўніцца ў тым, што ў доме няма розных гнюсных насякомых. Расказваюць, што аднойчы цара частаваў у сваім доме нейкі афіцэр. Калі госці селі за стол і пачалі баляванне, Пётр падазрона спытаў у гаспадара:
- Ці чысты твой дом ад прусакоў?
- Амаль што, - адказаў гаспадар, - а каб мне зусім ад іх пазбавіцца, я аднаго тут прыбіў жыўцом.
І ён паказаў на сцяну, дзе яшчэ перабіраў лапкамі і варушыў вусамі прыбіты цвіком прусак. Убачыўшы таракана, цар здрыгануўся і ўскочыў з-за стала, потым даў гаспадару добрую аплявуху і ўцёк. Падобнага кшталту гісторыі пра Пятра І пераказваюць розныя расейскія аўтары.
Жыхар Лідчыны, гісторык Юстын Нарбут (не блытаць з Тэадорам!) захаваў, а ў сярэдзіне XIX ст. Адам Кіркор апрацаваў і надрукаваў успамін пра знаходжанне Пятра І ў Лідскім павеце.
Тры дні, на пачатку верасня 1705 г., Пётр гасцяваў у гаспадара маёнтка Трабушкі (што паміж Эйшышкамі і Радунню) лідскага шляхціца Ільцэвіча. Зразумела, што перад друкам той успамін быў моцна адрэдагаваны, каб паказаць веліч, добрасумленнасць і шляхетнасць гэтага цара, які, як вядома, меў няўстойлівую псіхіку і розныя, мякка кажучы, дзіўныя схільнасці. Але ва ўспамінах Ільцэвіча ёсць яўна аўтэнтычны кавалак тэксту які я і прыводжу ніжэй - дазволю сабе дастаткова вялікую цытату:
"Аднойчы, перад поўднем, кавалерыя, пяхота і артылерыя наляцелі, як гром на Трабушкі ... афіцэры агледзелі і ператрэслі ўсё ў доме Ільцэвіча і загадалі яму перайсці з сямействам у стадолу, пасля чаго пачалі паляпшаць памяшканне ... У святліцы сцены пакрылі парчой, падлогу выслалі дыванамі. ... Да вечара пад'ехалі свежыя казакі і драгуны, разам з імі прыехала карэта, запрэжаная шасцю коньмі. ... З карэты выйшлі двое мужчын: адзін высокага росту з вусамі, ... другі сярэдняга росту, тоўсты і старэйшы за першага. ...
Ледзь яны ўвайшлі ў дом, як загадалі паклікаць гаспадара. "Я ўвайшоў, распавядаў Ільцэвіч, калі адзін з старэйшых дварэцкіх даваў справаздачу аб сродках на кухню ..." Ільцэвіч нізка пакланіўся абодвум. ... Высокі мужчына гучна запытаў:
- Як цябе завуць?
- Бедны шляхціц Леў Ільцэвіч да вашых паслуг.
- Ці ёсць у тваім доме прусакі?
Такое пытанне Ільцэвіч раней чуў ужо некалькі разоў, і, не ведаючы, навошта ім патрэбныя гэтыя брыдкія істоты, адказаў:
- На жаль, ні ў нас, ні ва ўсёй Літве не водзяцца гэтыя звяркі ....
Засмяяўшыся, высокі спадар сказаў:
- Але ж гэта, друг мой, не звяры, а агідныя і шкодныя чорныя жукі.
Ільцэвіч адказаў:
- Можа быць, але мы іх не ведаем ..." (Памятная книжка Виленскай губернии на 1860 г. Вильно, 1860. Ч. 2. С. 31.)
Потым гаспадар дома даведаўся, што высокі мужчына - гэта сам цар Пётр І, а тоўсты - царскі фаварыт Шафіраў.
Як бачым, на пачатку XVIII ст. ніхто ў нас і не ведаў пра існаванне гэткіх непрыемных казурак.
У Расіі сёння мае распаўсюд легенда пра тое, што тараканаў (ці іх разнавіднасць - прусакоў, рыжых тараканаў) занеслі з Прусіі рускія салдаты падчас руска-прускай вайны (1756-1763 гг.), а раней гэтых кузурак там і не было. Але тады адкуль узялася фобія на тараканаў у рускага цара?
Пойдзем далей.
Вось што занатаваў у дзённіку ў лістападзе 1822 г. візітатар, правінцыял ордэна дамініканаў (выдаўцы зборніка дакументаў, дзе надрукаваны яго ўспаміны, чамусьці не падалі імя гэтага чалавека):
"Ліда засталася па правай руцэ. Начавалі мы ў карчме ксяндзоў піяраў, карчма была б цалкам зручнай, калі б не прусакі - казуркі занесеныя з глыбіні Расіі ў Літву. Гэтыя казуркі завуцца прусакамі таму, што яны тут з'явіліся гэткім чынам: былі прынесеныя азіяцкімі ордамі падчас паходу рускіх на Прусію ў валадаранне царыцы Лізаветы".
(Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1904. Т. 14. С. 136-137.)
Такім чынам, на пачатку XIX ст. тараканы ў нас ужо добра вядомыя і моцна дапякаюць жыхарам гістарычнай Літвы, але людзі яшчэ памятаюць, адкуль яны тут з'явіліся. І, дарэчы, у Германіі і Чэхіі рыжых тараканаў (прусакоў) і зараз называюць "рускімі" (па-нямецку: russen , па-чэшску: rus ). А біёлагі цвердзяць, што ў XIX ст. тараканы менавіта з Азіі былі занесены ў Еўропу.
На пачатку XXI ст. па невядомай прычыне тараканы амаль што цалкам зніклі з нашых гарадоў (як надоўга?), і маладыя беларусы, таксама, як і шляхціц пачатку XVIII ст. Леў Ільцэвіч, ужо не ведаюць гэтых "брыдкіх жывёл".
Ад аўтара. У гэтай папулярнай публікацыі я адмыслова падаю крыніцы інфармацыі пра тараканаў, каб пазбегнуць абвінавачванняў у міфатворчасці.