Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

Лідскія прывілеі ў архіве Лідскага магістрата, 1785 г. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 21-02-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскія прывілеі ў архіве Лідскага магістрата, 1785 г. // Лідскі Летапісец. 2022. № 3-4(99-100). С. 42.



Мне ў рукі патрапіў вельмі цікавы дакумент - спіс прывілеяў і актаў нашага горада, якія захоўваліся ў Лідскім магістраце ў 1785 г. Спіс быў складзены пісарам горада Яго Каралеўскай Мосці Ліды Ігнацыем Ёчам 1 кастрычніка таго ж года па загадзе лідскай Камісіі добрага парадку (гл. дадаткі).

Камісіі добрага парадку (лац.: Boni Ordinis) - органы адміністрацыі ў гарадах з каралеўскай юрысдыкцыяй Рэчы Паспалітай. Яны пачалі стварацца з 1765 г. і першым горадам, дзе для размеркавання даходаў з'явілася такая камісія, была Варшава. Сойм 1768 г. стварыў падобныя камісіі для ўладкавання фінансаў і гаспадаркі буйных гарадоў і мястэчак. З 1777 г. юрыдычны статус камісій афармляўся каралеўскімі прывілеямі і членаў камісій прызначаў кароль. Камісіі добрага парадку вызначалі гарадскія даходы, клапаціліся пра стан гарадской гаспадаркі, займаліся даглядам убогіх і хворых за кошт царкоўных ахвяраванняў. Чатырохгадовы сойм 1788-1792 гг. замяніў камісіі добрага парадку Камісіямі парадкавымі цывільна-войсковымі і Камісіяй паліцыі абодвух народаў [1].

Акрамя прывілея 1590 г. з наданнем Лідзе Магдэбургскага права, аб наяўнасці іншых Лідскіх прывілеяў мала што вядома. Здаецца, упершыню прывілей з наданнем Лідзе Магдэбурскага права надрукавала Ванда Равінская ў першым нумары "Лідскай Зямлі" за 1938 г. [2], пра гэта я напішу ў іншых нумарах нашага часопіса.

Вось што пра некаторыя Лідскія прывілеі раней было вядома з выдатнай кнігі Напалеона Роўбы:

- Уладзіслаў IV 20 жніўня 1640 г. у Варшаве пацвярджае для Ліды Магдэбурскае права ва ўсіх яго пунктах, клаўзулах, умовах і параграфах.

- 19 красавіка 1670 г. кароль у Варшаве сваім прывілеям пацвердзіў Лідзе Магдэбургскае права.

- Аўгуст II 7 жніўня 1727 г. (у Роўбы памылка, насамрэч 7 верасня 1729 г.) пацвярджае прывілеі сваіх папярэднікаў, зацвярджае гандлёвы падатак з крам i бойняў. Аўгуст III 12 лістапада 1744 г. пацвердзіў усе гэтыя прывілеі, а прывілей 1776 г. залічыў Ліду да ліку тых літоўскіх гарадоў, якія захавалі Магдэбурскае права. З гэтага часу Лiда ізноў паволі ўздымаецца. У 1784-1787 гг. камісія "Boni Ordinis" пераглядае ўмовы i гарадскія выплаты [3].

У 1792 г. апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі яшчэ раз пацвердзіў усе правы нашаму гораду і яшчэ раз зацвердзіў наш герб, якім мы карыстаемся да гэтага часу. Нагадаю, што лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч гэтак раскрыў сімвалічны сэнс нашага герба: "Ключы - вольнасць, леў - незалежнасць, а атуленая каралеўскай мантыяй тарча герба - каралеўскую апеку" [4].

Дататкі:

Рэестр прывілеяў і ўсялякіх актаў горада Яго Каралеўскай Мосці Ліды, складзены па загадзе Камісіі добрага парадку, 1785 г., 1 кастрычніка [5]

1590, 17 верасня. Прывілей караля Жыгімона III гораду Яго Каралеўскай Мосці Лідзе (прывілей з наданнем Магдэбургскага права - Л. Л.), 1 асобнік.

1640, 20 жніўня. Прывілей Уладзіслава IV таму ж самаму гораду, 1 асобнік.

1670, 19 красавіка. Прывілей караля Міхала, 1 (асобнік).

1729, 7 верасня. Прывілей Аўгуста II, 1 асобнік.

1744, 12 лістапада. Прывілей Аўгуста III, 1 (асобнік).

1767, 12 студзеня. Прывілей, які пацвярджае папярэднія прывілеі, Найяснейшага Станіслава Аўгуста, які пануе зараз. 1 (асобнік).

Акты

Кніга першая прызнанняў і актаў ад 1696 да 1749 г., 1 (асобнік).

Кніга другая прызнанняў і актаў ад 1750 да 1760 г., 1 (асобнік).

Кніга трэцяя прызнанняў і актаў ад 1716 да 1785 г., дзейсная і зараз, 1 (асобнік).

Пратакол Дэкрэтаў ад 1739 г. да 1762 г. а таксама ранейшых Рэестраў тры штукі, (разам) 4 (асобнікі).

1772 г. Рэестр судовы, актараў [6], 1 (асобнік).

1785, 25 лютага. Другі рэестр актараў, 1 (асобнік).

Адзін пратакол прызнанняў і актаў.

Адзін маніфестовы пратакол.


Гэты рэестр падпісаў: / Подпіс/

Ігнацый Ёч, пісар горада Яго Каралеўскай Мосці Ліды.



[1] Анішчанка, Я. Камісіі добрага парадку // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2007. С. 25

[2] Rewinska Wanda. Miasta i miasteczka magdeburskie w wojewodztwach wilenskim i nowogrodzkim // Ziemia Lidzka. 1938. № 1. S. 5-7.

[3] Rouba Napoleon. Przewodnik po Litwie i Bialejrusi. Wilna, 1909. S.107-109.

[4] Abramowicz Wladyslaw. Herb miasta Lidy // Ziemia Lidzka. 1937. № 3. S. 1.

[5] Vilnius University Library. F. 5. A. 21-4276/1. Regestr Przywilejow y wszelkich Aktow Miasta JKmsci Lidy z nakazu Dekretu Komissyi Boni Ordinis.

[6] Спіс спраў, упісаных у судовы рэестр. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX