Гісторыя лідскіх вуліц і пляцаў
Вуліца Сувальская (цяпер Савецкая) у міжваеннае дваццацігоддзе была галоўнай вуліцай горада Ліды, якая вызначала яго аблічча.
Поўная назва яе: вуліца імя Сувальскага палка. Такая назва ёй нададзена для ўшанавання 41-га палка Сувальскіх стральцоў, якія вызначаліся ў баях за Ліду ў 1919 і 1920 гадах.
Да аднаўлення незалежнасці гэтая вуліца называлася Віленскай, бо па ёй пралягаў даўнейшы паштовы тракт, які злучаў Мір і Наваградак з Вільняю. Даўжыня вуліцы Сувальскай ад падножжа замка Гедзіміна да перасячэння з чыгуначнай каляёю на Маладзечна перавышала 1,5 км. Вуліца была брукаваная, вымашчаная палявым каменем, зрэдку абсаджаная дрэвамі.
У міжваеннае дваццацігоддзе на вуліцы Сувальскай знайходзіліся найважнейшыя ўстановы, святыні і кінатэатры. Вуліца была мейсцам шэсцяў, парадаў (фота 1), гулянняў, якія адбываліся з нагоды дзяржаўных урачыстасцяў. У гэты час вуліца набывала святочны выгляд. Дамы былі ўпрыгожаны сцягамі, вокны і балконы - зелянінаю і партрэтамі дзяржаўных дзеячаў, а вітрыны крамаў прыгожа ілюмінаваліся. Вуліца была таксама любімым месцам пагулянак жыхароў і спатканняў моладзі. А самае важнае, што на Сувальскай можна было купіць усё, чаго чалавек пажадае, а не толькі славутыя "мыдла і павідла".
Вуліцу Сувальскую трыццатых гадоў цікава паказаў Юзаф Кардаш ( "Lida pzawdziwa" Olsztyn, 1997). Да яе вяртаецца ва ўспамінах з дзяцінства Я. Ярмант (Яўгенія Ярмантовіч) у выдадзенай па-расейску кнізе "В тени замка Гедимина" (Ліда, 1995). Некалькі старонак апісанню вуліцы Сувальскай і рынка прысвяціў Уладзіслаў Нарушэвіч у сваёй кніжцы ("Wspomnienia lidzianina" (Warszawa, 2001), якая ўсцешвае вялізарным поспехам. Сувальскую 20-х гадоў ХХ ст. рэалістычна паказаў Ежы Путрамент ("Паўстагоддзя - маладосць", Warszawa, 1964).
На старых фатаграфіях і паштоўках найчасцей можна ўбачыць абодва касцёлы, рынак, фрагменты гандлёвага цэнтру.
Пэўную дакументальную вартасць маюць адносна нешматлікія аб'явы і рэклама, змешчаныя перш за ўсё ў "Ziemi Lidzkiej" і "Zyciu Nowogrodskim". Гэта можа быць адзіным следам мінуўшчыны. Значна больш іх было ў мясцовай прэсе, якая выдавалася на мове ідыш. Яны сведчаць пра дамінантную ролю яўрэйскай супольнасці ў дзелавым жыцці.
Ліда была тыповым крэсавым горадам, які па гадах нацыянальнай няволі з цяжкасцю выбіраўся з бяды і занядбання.
У 1939 г. рэдактар Уладзіслаў Абрамовіч пісаў: "Сам цэнтр у наш час мала адрозніваецца ад выгляду перадваеннага (г. зн. перад І Сусветнай вайной - заўв. Л.Ц.), былі праведзены ў парадак толькі вуліцы, некалькі разоў перабрукаваны, пакладзены тратуары, і пабудаваны некалькі новых камяніц, якія архітэктурна моцна кантраставалі з астатнімі пабудовамі. Старэйшыя будынкі з канца ХІХ і пачатку ХХ ст., якія будаваліся без выразнага стылю, перацярпелі нязначныя пераробкі. Са сценаў і аконных абрамовак прыбраны цагляныя карнізы, накладзены гладкі тынк і абноўлены вітрыны крамаў" ("Ziemiа Lidzkа", 1939 /4-5).
"Вуліца Сувальская, - піша Я. Ярмант, - была густа забудавана з абодвух бакоў. Паміж разнастайнымі крамамі і крамкамі амаль не было прамежкаў, так блізка суседнічалі яны паміж сабой. Стваралася ўражанне вялікага гандлёвага цэнтра. Амаль ўсе крамы былі ўласнасцю яўрэяў. У маёй памяці захаваліся толькі два славянскія прозвішчы: Вярсоцкі і Радзевіч. Большасць фірм абслугоўчых, у тым ліку кравецкія майстэрні - мужчынскія і дамскія належалі яўрэям". Між іншым аўтарка ўспамінае школы, кінатэатры, бібліятэкі. Без пераўвелічэння піша пра багаты асартымент крамаў і культурнае абслугоўванне кліентаў.
Даўнейшыя жыхары Ліды найчасцей успамінаюць размешчаныя на вуліцы Сувальскай касцёлы, кінатэатры, школы, калегіюм ксяндзоў піяраў, "Амерыканку", краму Голдвасара, Канеўскага, Вінаградава, Вярсоцкага, Радзевіча, Мізгера і некалькі іншых.
На пераломе дваццатых і трыццатых гадоў на вул. Сувальскай знаходзілася 20 галантарэйных крамаў, 14 з вырабамі тэкстыльнай прамысловасці, т.зв. мануфактура, 13 з таварамі спажывецкімі, 9 з т. зв. таварамі каланіяльнымі, 6 піўных, 5 крамаў з абуткам, 5 цукерняў, 3 кнігарні, 3 крамы з вяндлінамі (вэнджанасцямі), 3 з напоямі алкагольнымі, 2 з мэбляю і г.д., былі таксам 4 банкі.
Свае паслугі прапановаўвалі: краўцы, кушняры, шаўцы, цырульнікі, ювеліры, майстры гадзіннікавых спраў, фатографы, бюро даведак. З вул. Сувальскай былі звязаны прозвішчы 10 лекараў розных спецыяльнасцяў (С. Казубоўскі, В. Галубоўскі (Golembewski), Г. Гарновіч, Я. Ялец, З. Ястрэмбскі, Э. Ёдка, Р. Кантар, Ш. Каплан, Э. Рэнерт, Р. Зарцын), 4 фельчараў, 5 дантыстаў, 2 ветэрынараў.
Павернутая да жыцця пасля страшных злачынстваў, папялішчаў і знішчэнняў, выкліканых ІІ Сусветнай вайной, даўняя вуліца Сувальская змяніла свой выгляд да непазнання. Яна робіць уражанне вуліцы прасторнай і меней заселенай. Няма ўжо колішняй забудовы з аднапавярховых камяніц і драўляных дамоў, такіх характэрных для старой Ліды. Нанава пабудаваныя дамы з'яўляюцца сведчаннем тэндэнцый, якія дамінавалі ў савецкай архітактуры 60-х гадоў. У незабудованых мейсцах узніклі скверы. А ў іх ушанаваны гістарычныя асобы і палеглыя байцы ды партызаны. Знесены агароджы, якія атачалі касцёлы. Праезджая частка атрымала асфальтавае пакрыццё, была выраўнена, пашырана і падвышана. Галоўная вуліца горада. На скрыжаванні Савецкай з іншымі вуліцамі працуюць светлафоры. Зараз няма магчымасці пералічыць усе змены ў эканамічнай інфраструктуры за некалькі дзесяткаў гадоў.
Не прэтэндуючы на абсалютную дакладнасць паспрабуем прынамсі часткова нанава адкрыць перадваенную Сувальскую, прывязваюць яе да сённяшняй забудовы вул. Савецкай.
Пачнём ад левага боку, г.зн. ад пачатку вул. Сувальскай аж да адходзячай улева вул. 3 траўня (Ленінская). Правым бокам пачатак Сувальскай прылягаў да скверу пры Пляцы Славы (зараз Пляц 600-годдзя горада), што відаць на фота 2.
Блізка ад збегу вул. Сувальскай з вул. Мацкевіча пад № 1 знайходзілася Гарадская ўправа (магістрат). На чале апошняй управы з 1935 г. быў бурмістр Юзаф Задурскі, пасол на сойм у 1935-38 гадах. Віца-бурмістрам быў магістр права Вітольд Ёдка. У гарадской радзе ў 1938 г. засядалі 24 асобы.
У доме № 3 размяшчаліся: тэхнічны аддзел Гарадской управы, гарадская бібліятэка і рэдакцыя "Ziemi Lidzkiej", перанесеная ў 1939 г. з вул. Замкавай, бібліятэка і чытальня працавалі ў будзённыя дні. Зборы бібліятэкі, пачаткам якой былі дарункі былога бурмістра Рудольфа Бергмана, налічвалі звыш 9000 пазіцый, з якіх не менш 25% прыпадала на яўрэйскую літаратуру. Бібліятэкай кіравала пані Анэля Рашкоўская.
Рэстаран "Паляўнічы" ("Mysliwska"), якім кіравала пані Баркоўская, знайходзіўся па № 5. Рэстаран вызначаўся ўзорнай кухняй, добра ўкамплектаваным буфетам, смачнымі і здаровымі абедамі і разам з тым даступнымі цэнамі. На рагу быў шынок, калісьці яўрэйская карчма.
Прыблізна на месцы, дзе былі дамы № 3,5,7, стаіць гандлёвы дом "Юбілейны" (Савецкая, 1).
Паміж дамамі № 5 і 7 знаходзілася між іншым цукерня Канопкі з забаўляльнаю рэкламаю кручанага марожанага Пата і Паташона, крама з цацкамі Канцаленбогена,крамы з дзіцячай вопраткай. За імі ў двары ў старым доме Д. Мюлер меў фотастудыю.
У прылеглым доме № 9 размяшчаўся гатэль "Гранд" з прыгожа зашклёным уваходам. Гатэль быў уласнасцю Б. Ландо, таксама, як і суседняя крама. У гэтым жа доме размяшчалася каўбасная крама А. Вярсоцкага, якая прапаноўвала "тавар заўсёды свежы і найлепшага гатунку".
У суседнім доме, пад № 11, крамай з каланіяльнымі таварамі, вінамі, гарэлкай і лікёрамі кіраваў Міхал Баркоўскі. Пра яго канспірацыйную дзейнасць у 1939-40 гг. пісала "Ziemiа Lidzkа" (2000/1).
Названыя больш-менш поўна крамы знаходзіліся насупраць фарнага касцёла. За імі ў цокальным мураваным будынку (Сувальская, 13) знаходзілася сядзіба Управы дзяржаўнага скарбу, акцызу і манаполіі (фота 3).
Рухаемся далей у кірунку перасячэння з вул. 3 траўня, у глыбіні спатыкаем Дзяржаўнае староства (Сувальская, 15). Яно не прылягала да самой вул. Сувальскай. Ад яе Староства аддзяляў невялікі Пляц Збавіцеля. Староства размяшчалася ў даўніх памяшканнях Кляштара абутых кармелітаў. Пад будынкам Староства было выкапана бомба- і газасховішча, якое мела ўваход у будынку Староства, а другі з боку Скарбовай управы. Старастамі лідскімі ў 30-я гады былі: Генрык Багаткоўскі, доктар Юзаф Чушкевіч, Тадэвуш Міклашэўскі і апошнім з канца 1937 г. быў Станіслаў Гусоўскі (Gonssowski). На месцы, якое займалі Скарбовая ўправа і Староства, можна прыняць, што сёння знаходзіцца музычная навучальня (Савецкая, 3). На скрыжаванні вуліц Сувальскай і 3 траўня стаяў вышынёю звыш 2 метраў макет авіяцыйнай бомбы, якая рэкламавала Лігу супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны. На рагу вуліц 3 траўня і Сувальскай 19 (зараз Савецкая, 5) у цокалі была цукерня "Амерыканка", якая належала Б. Будыне і была найбольш вядомым рэстаранам, які наведвала інтэлігенцыя. Асабліва ўпадабалі яго афіцэры мясцовай залогі.
"У "Амерыканку", лепшы шынок, уваход для шарагоўцаў і падафіцэраў быў загадам па палку забаронены", - пісаў Юзаф Рыбінскі, які адбываў вайсковую службу ў 5 лётным палку ("Сонца на мяжы", Беласток, 1983). У 30-х гадах над "Амерыканкай" на другім паверсе дзейнічала Кола Полек (Гурток полек), працавала закусачная з продажам спіртных напояў на разліў. Вечарамі часаправаджэнне рабіла больш прыемным музыка.
Далей, у доме № 19 знайходілася крама з тканінамі Б. Ковенскага і зубны кабінет Мойшы Дварэцкага, а таксама майстэрня па вырабу штучных зубоў і фарфаравых каронак.
На фота 4 з канца 20-х відаць адрэзак Сувальскай ад вул. 3 траўня да рынку. З левага боку відзён уваход у "Амерыканку", а над ім шыльда Кааператыўнага Народнага банка. Банк той пазней быў перанесены ў новапабудаваную сядзібу пры вул. Перацкага, 1 (вугал 3 траўня).
Пара малых крамак аддзяляла "Амерыканку" ад крамы М. Слуцкага, якая вяла продажпапяровых тавараў, а таксама лістоў для рам. Слуцкі праславіўся, як вядомы ў Лідзе выдавец паштовак ("Замак Гедзіміна", "Касцёл айцоў піяраў", "Рынак", "Вуліца Сувальская", "Вуліца замкавая" "Дзяржаўная гісназія" "Дзеканка". У Слуцкага можна было набываць віды з часоў І Сусветнай вайны з падпісамі ра рускай і нямецкай мовах (напр. "Lida, Wilnaerstrasse - Kaffee Deutschland", "Szene auf den Wochenmarkt in Lida, Russland".) Гандаль такімі відамі не падабаўся мясцовым уладам.
Фірма "Браты Вінаградавы" (Сувальская, 21), якая існавала ад 1861 года, вяла гандаль спажывецкімі і каланіяльнымі таварамі, вінамі і лікёрамі. Пры краме працаваў рэстаран "Брыстоль", адзін з лепшых у Лідзе.
Пад № 21 дзейнічалі таксама дзве меншыя фірмы. "Электрарад" прадаваў электратэхнічныя тавары і стэрэафанічныя прыёмнікі, а Л. Златковіч прадаваў дамскія футры і капелюшы.
Той самы адрас, г. зн. № 21, у двары, у завулку, мела адкрытая ў 1936 г. "Варшавянка", першаразрадны рэстаран с кабінетамі, які славіўся выдатнаю кухняю. Ігнацы Расіконь, уладальнік "Варшавянкі", штодзённа запрашаў на дансінг.
Электратэхнічныя тавары, а, асабліва, модныя лямпы "Tungsram", прадавалі браты М. і М.Палячакі, (Сувальская,23). Побач А. Арановіч аказваў паслугі ювелірныя і па рамонту гадзіннікаў.
Чатыры дамы за "Амерыканкай" (прыблізна Савецкая, 9) знаходзілася "Старая аптэка". Уладальнікам аптэкі быў Левінсон. Аптэка гэтая размяшчалася ў доме Р. Бергмана, якому раней належала аптэка. Яе выгляд паказаны на фота 5. (1927 г.).
У цукерні (Сувальская, 35) можна было скарыстацца з тэлефона-аўтамата.
Далей за крамай з мэбляй і іншымі таварамі пачынаўся рынак (цяпер Пляц Леніна), а на ім шэраг крамак, якія мелі адрас Сувальская-Рынак.
Па адрасу Сувальская, 47 касметычныя, перавязачныя і фотаграфічныя тавары прапаноўвала парфюмерная крама "Астра" Ё. Барана.
Крама гатовай вопраткі і галантарэі дамскай і мужчынскай "Галіна" Міхала Слюсарчака, адкрытая ў 1935 г, займала адно з памяшканняў па Сувальскай, 55.
Там жа знаходзілася вялікая крама Якуба Вінера, перанесеная пасля пажару з-пад кінатэатра "Нірвана", які гандляваў "фабрычнай гатовай вопраткай: дамскай і мужчынскай, плашчамі, футрамі, а таксама ўсякімі мануфактурнымі матэрыяламі наймаднейшых колераў і ўзораў па цэнах вельмі даступных".
Там, дзе рынак сваім канцом прылягаў да вул. Сувальскай, пад № 59 у вуглавым доме прыблізна насупраць уваходу ў кінатэатр "Эра", знайходзілася, адкрытая ў 1923 г., крама Яна Межвы, інваліда, старшыні Саюза вайсковых інвалідаў у Лідзе і чальца Гарадской Рады (ён быў без рук). Быў там багаты выбар він і гарэлкі, тытунёвых вырабаў, а таксама слодычы Ведла і Фухса. Па суседству быў кааператыў Суполкі спажыўцоў, кіраўніком якога быў Арэхва. Той самы адрас, г.зн. № 59, але бліжэй да рынку мела крама, што належала Г. Нойману і М. Рэзніку, купцам, якія гандлявалі мануфактурнымі таварамі (шаўковымі і баваўнянымі тканінамі).
За крамай Межвы была піўная, а некалькі далей аптэка Ізраеля Стукатара (Сувальская, 63, фота 6). На тых дамах уласна закончваўся гандлёвы цэнтр левага боку вул. Сувальскай. За аптэкай на рагу вул. Школьнай (зараз Кірава) знаходзіўся гатэль "Варшаўскі". Насупраць касцёла айцоў піяраў звяртаў на сябе ўвагу дом лекара-акуліста Р. Зарцына.
Далей размяшчаліся пераважна драўляныя жылыя дамы, у якіх зрэдку трапляліся рабочыя памяшканні.
Да сёння захаваліся толькі два дамы, пабудаваныя ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Адзін з іх двухпавярховы, які мае адрас Савецкая, 23. Другі дом цокальны з калонамі, у якім размяшчаўся Лідскі школьны інспектарат, а зараз Аддзел працаўладкавання. Мае адрас Савецкая, 31.
У доме Сувальская, 81 В. Якубоўскі меў слясарна-механічную майстэрню.
Грамадская страхавая каса размяшчалася ў доме пад № 83.
Далей стаяў адрознага выгляду малы, мураваны будынак, у якім знайходзілася крама "Разам" ("Spolem").
Пад № 99 "Браты Жыжэмскія і Левін" выраблялі лямец, пралі воўну, качалі сукно.
Пётр Бінкевіч на Сувальскай, 127 займаўся рамонтам рухавікоў, паравых машын і сельска-гаспадарчых прыладаў.
Крама Зыгмунта Капроўскага, яна знаходзілася пад № 133, прапаноўвала вэнджанасці.
Спажывецкія тавары, часопісы і газеты можна было набываць у В. Сушынскай па тым самым адрасе.
За адыходзячай улева вул. Крупаўскай (зараз 8 сакавіка) расцягнулася незабудаваная пляцоўка, а за ёй былі і захаваліся да гэтага часу праваслаўныя могілкі з драўлянай цэркаўкай. У той парафіяльнай святыні капланскія паслугі выконваў бацюшка Багаткевіч.
Яшчэ далей, у канцы вуліцы Сувальскай, пад № 179, знаходзілася пабудаваная ў дваццатых гадах, гарадская электрастанцыя і некалькі домікаў. А пад № 189 размяшчалася Добраахвотная пажарная дружына.
Правы бок вул. Сувальскай браў свой пачатак ад вул. Мацкевіча і невялікай шавецкай майстэрні Антонія Кузюмы і Антонія Хведанка, якая працавала з 1930 г. Каса Скарбовай управы, Сувальская, 4, прылягала да скверу на Пляцы Славы. Да пляцу прылягаў фарны касцёл Узвіжання Св. Крыжа. Касцёл, пабудаваны ў стылі позняга барока, быў аточаны мураванай агароджай, а сваім фасадам быў некалькі адсунуты ад вуліцы. Шлях да касцёла адкрывалі шырокія двухстворкавыя ўязныя вароты, якія дамінавалі ў муры. З абодвух бакоў ад іх знаходзіліся вузейшыя ўваходы для вернікаў.
Унутры касцёла на адной з калонаў у 1933 г. была прымацавана мемарыяльная дошка ў памяць 250-годдзя перамогі пад Венай. Дошка тая захавалася да сёння.
Шматгадовыя капланскія паслугі ў гэтым касцёле аказваў пробашч і дзякан Гіпаліт Баярунец (1872-1946), вікарыем быў Лявонці Касперак, каплан 77-га палка пяхоты Ковенскіх стральцоў, які загінуў у верасні 1939 г.
За касцельным мурам з левага боку стаяла званіца. А побач з ёю шапік з прадметамі рэлігійнага культу.
Трохі далей, ідучы ў кірунку кінатэатра "Эдысон", пад № 6 была кнігарня Сабіны Шкоп альбо Марыі Шкоп. Заснаваная ў 1907 г., кнігарня мела турыстычны аддзел, а таксама прадавала і прадметы рэлігійнага культу. Сёння паблізу таго месца стаіць помнік Ф. Скарыну.
Купецкі банк знайходзіўся пад № 10.
Проста ў тарцы вуліцы 3 траўня (сённяшняга праезду ад вул. Савецкай да вул. Качана тады не існавала) па адрасу Сувальская,12, знайходзілася крама Ёселя Ружанскага, які прадаваў швейныя машыны, равары, музычныя інструменты і радыёпрыёмнікі.
Перад самым кінатэатрам "Эдысон" знайходзілася крама Л. Цвайфуса з самымі рознымі каланіяльнымі таварамі, паўднёвымі пладамі і слодычамі.
У старой двухпавярховай камяніцы 19-га стагоддзя, там дзе сённяшні сквер, размяшчаўся кінатэатр "Эдысон". Яго ўладальнікам быў Натан Левін, які называўся дырэктарам. Яго супольнікамі былі М. Альканіцкі і А. Мяснік.
Гэта быў кінатэатр з балконам і буфетам. Паказу фільмаў звычайна папярэднічала надпраграма (часопіс) ПТА (Польскага тэлеграфнага агенцтва). А вячэрнім сеансам нярэдка папярэднічала рэвю (кінаагляд). У "Эдысоне" паказвалі "лепшыя фільмы гэтага часу з моцным гукам" і т.д. праграмы мяняліся прыблізна што- тыдзень.
Так, напрыклад, у акрэсе 12 сакавіка - 8 красавіка 1939 г. на экране гэтага кінатэатра высвечваліся фільмы: "Тыран", "Вязніца без кратаў", "Каханне ў джунглях", "Таямніца Чырвонага мора". У той самай камяніцы мелі краму сёстры Бердаўскія, якія гандлявалі дамскай галантарэяй.
Побач з кінатэатрам працавала друкарня Я. Каплінскага (фота 7) .
Далей за кінатэатрам і друкарняй на адрэзку Сувальскай аж да вул. Лідскай (зараз Таўлая), дзе сёння знайходзяцца: музычная школа, стэла ў гонар палеглых вызваліцеляў і партызанаў, а таксама кіно "Кастрычнік", цягнуўся цэлы шэраг самых розных галін дробных прадпрыемстваў, частку якіх, нават, немагчыма ўспомніць у ўпарадкаванай чарговасці.
Знакамітая фотастудыя належала А. Глаўберману.
Тавары каланіяльныя і слодычы прапаноўваў у немалым выбары Далінка.
Вуглавую краму (рог Сувальскай і Лідскай, сёння Савецкай і Таўлая) з абуткам меў С. Шварц.
Шымон Пупко разам з сынамі, займаючы участак з № 20, гандляваў будаўнічымі матэрыяламі і вырабляў кафлю, канкуруючы з дзвюмя іншымі кафлярнямі.
На рагу вул. Сувальскай і Камерцыйнай размяшчаўся гатэль "Камерцыйный" і невялікая кнігарня.
Цукерніку належала вялікая цукерня на Сувальскай, 30, якая прапаноўвала пышныя пірожныя "макагігі", булачкі з мёдам, макам і г.д., займала памяшканне ў цокалі (крама) і на паверсе, дзе былі пастаўлены столікі, фартэпіяна, а госці на мейсцы маглі карыстацца прэсай. У цукерні быў тэлефон-аўтамат.
На фота 8 лепш відзён фрагмент правага боку вул. Сувальскай які ідзе ў бок Фарнага касцёла. Той самы бок, але ў супрацьлеглым кірунку паказаны на фота 9.
Прыблізна насупраць "Старой аптэкі" ў 1930 г. З. Гольдвасар адкрыў "Магазін на еўрапейскі ўзор", у якім прапаноўваў кліентам швейныя машыны, равары, сепаратары, грамафоны, патэфоны і самыя розныя музычныя інструменты, такія, як скрыпкі, гітары, мандаліны, балалайкі, гармонікі, а таксама грамафонныя пласцінкі і запасныя часткі.
Паміж вуліцай Пераца і Лідскай была малочная крама.
Народны яўрэйскі банк быў размешчаны пад № 40. Там жа знаходзіўся і Лідскі аддзел Аб'яднання тэкстыльных прадпрыемстваў у Лодзі (горад ў Польшчы) К. Шайблера і Л. Грохмана.
Пад № 42 знаходзіўся дом, збудаваны ў першай палове ХІХ ст. у старасвецкім стылі. Гэта быў даўні гмах суда. Пад тым жа адрасам размяшчалася "Хрысціянская крама абутку" Юзафа Ліпінскага, які прадаваў абутак уласнага вырабу: жаночы і мужчынскі, у вялікім выбары і па даступнай цане.
Фабрыка галёшаў і гумовага абутку "Ардаль" мела тут свой фабрычны склад (Сувальская, 48).
Той адрэзак правага боку Сувальскай (ад Лідскай да бровара) складаў яшчэ прадаўжэнне гандлёвага цэнтра. Яго фрагмент ад вул. Лідскай і далей прадстаўляе фота 10.
У доме № 52 размяшчалася крама славутай механізаванай вытворчасці вэнджанасцяў Андрэя Радзевіча, якая дзейнічала ад 1918 г., побач знайходзілася крама гандлёвай Цэнтралі малочных кааператываў.
У суседням доме з № 54 кааператыў "Адзінства" прадаваў гатовы абутак. А пры краме працавала абуткавая майстэрня.
Заснаваная ў 1937 г. слясарна-такарная і механічная майстэрня Я. Няцецкага займала адно з памяшканняў дома № 58, збоку знаходзілася крама з абуткам фірмы "Баця" і крама спажывецка-каланіяльная.
Камяніца з № 58 была вядомая тым, што за брамаю ў падворку знайходзіўся кінатэатр "Эра". Аднак раней на тым участку, які належаў Фларэнціну Длускаму, стаяў гмах кінатэатра "Нірвана" Ябланоўскага.
Пра тое, як часта мянялася праграма можна прапанаваць ацаніць на падставе назваў фільмаў, якія ішлі ў студзені і лютым 1930 г.: "Дама пад маскай", "Манулеску - джэнтэльнен узломшчык", "Дзікае каханне", "Іх чацвёра", "Горад без жанчын", "Крыстына", "Грэшнае каханне" (польскі), "Сон пра каханне", "Бульварны матыль". У зале "Нірваны" арганізоўваліся таксама сходы, урачыстыя паседжанні, напр., з нагоды Свята Працы. На сцэне выступалі з гастролямі знакамітыя артысты. Летам 1932 г. "Нірвана" згарэла. Агонь паглынуў таксама і суседнія крамы.
На месцы "Нірваны" быў збудаваны сучасны кінатэатр "Эра". Аднак уладальнікам "Эры" быў паляк Тамашэвіч. Рэпертуар фільмаў, якія паказваліся, імпанаваў.
"Эра" мела найвялікшую глядзельную залу ў Лідзе, была даступна для арганізацыі ўрачыстасцяў з розных нагодаў, а таксама мітынгаў, напр., штрайкаваўшых работнікаў "Ардалю" у 1936 г. Тою залаю карысталіся таксама папулярныя артысты польскай сцэны. Кіно "Эра" знайходзілася прыблізна за цяперашняй бібліятэкай імя Я. Купалы (Савецкая, 16).
Некалькі далей, праз адзін або два дамы была невялікая кнігарня. Р. Матэцкай.
У камяніцы № 64 размяшчалася вайсковая кнігарня В. Пухачэўскага, а пад № 66 была крама з капелюшамі Б. Гайлоўны, адкрытая ў 1931 г., і фатаграфічная студыя.
За той камяніцай да вуліцы прылягаў сад айцоў піяраў, а ў ім стаяў драўняны будынак, у якім з 1927 года размяшчалася прыватная 6-класная ўсеагульная школа ксяндзоў піяраў.
На фота 11 прадстаўлены касцёл айцоў піяраў. З правага боку відзён невялікі фрагмент старога школьнага будынка. У ім невялікія лекцыйныя памяшканні (4) займалі малодшыя класы ўсеагульнай школы, а з часам мужчынскія класы Купецкай гімназіі. Старэйшыя класы размяшчаліся на 1-м паверсе будынка, прылеглага да касцёла.
Рэктарамі гэтай школы былі ксёндз Алойзы Наперач (да 1935), пасля яго кс. Клеменс Мар'ян Чабаноўскі, у будучым вязень сталінскіх лагераў у 1951-56 гадах. Настаўнікамі ў ёй працавалі: прэфект кс. Людвік Кароль Русек, кс. Юлій Павел Альшэўскі, Юзаф Безанюк, Ян Асіняк, В. Маленчык, брат Атаназы В. Шчапаняк, Млынарскі, Эма Чабаноўская, Пярсоўна і інш.
Ва ўсеагульную школу хадзіла не больш за 100 вучняў (хлопцаў), якія паходзілі пераважна з сямей інтэлігенцкіх і вайсковых. Выхаванцамі школы сярод іншых былі Зыгмунт і Ежы Каляцінскія, Ян і Станіслаў Цапуты (блізняты), Генрык Жураўскі і Уладзіслаў Сперскі. Усе яны, як жаўнеры АК, палеглі ў Сурконтах у жніўні 1944 г.
Школьную тэрыторыю ад касцёла айцоў піяраў, пабудаванага ў класічным стылі і пасвечанага ў імя Язэпа Каласанты, аддзяляла агароджа з кратаў паміж мураванымі слупкамі, якая атачала святыню. У святочныя дні ў касцёл прыходзіла школьная моладзь у шыхце і са сцяжком.
На фасадзе касцёла ў 1938 годзе была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць Людвіка Нарбута, вучня школы піяраў, героя студзеньскага (1863) паўстання. Цяпер няма агароджы, як таксама і дошкі, а касцёл у 1996 годзе перададзены праваслаўным.
У тым жа касцёле ў 30-я гады апрача раней названых ксяндзоў рэктараў душпастырамі працавалі: а. Людвік К. Русек, а. Антоні Трацяк, а. Аўгустын Ступнік (Stenpnik), а. Юлій Павел Альшэўскі, а. Генрык Мішкурка і са жніўня 1939 г. а. Станіслаў Каласанты Роек, апошні лідскі піяр і шматгадовы пробашч у фарным касцёле, які памёр у Лідзе ў 1996 г. і пахаваны побач з касцёлам . За касцёлам ксяндзоў піяраў спачатку знаходзілася 4-х класная мужчынская Купецкая гімназія, ператвораная ў 1934 г. у каэдукацыйную 4-х гадовую Гандлёвую школу, якую называлі "гандлёўкай". Пра тую школу, настаўнікаў і вучняў абшырна піша ў сваёй кніжцы В. Нарушэвіч, выпускнік гэтай школы.
Тут жа за "гандлёўкай" пад № 70 Шымон Зальдовіч меў друкарню, майстэрню штэмпеляў і пераплётаў. У Зальдовіча друкаваліся "Wiadomoscie Lidzkie", "Ziemia Lidzka", "Вясковы лірнік" "Кароткі турыстычны праваднік па Лідскім і Шчучынскім паветах" А. Гржымалы - Пшыбыткі, "Прыпавесці" лідскага паэта Я. Альбірта, а таксама часопісы на мове ідыш.
Паблізу друкарні знаходзілася невялікае кіно "Маленькае", якое належала Яблонскаму. Яно было адкрыта неўзабаве пасля пажару "Нірваны".
Участак з № 72 належаў нашчадкам Папірмейстара. Яго займаў найстарэйшы лідскі бровар, які існаваў ад 1874 г., тартак (лесапілка) і млын. Апрача піва гэтая фірма вырабляла халадзільныя напоі.
Пад адрасам Сувальская, 74 Казімір Інгялевіч меў вытворчасць цукраў (цукрыдаў).
Лідскі аддзел Віленскага гандлёвага банка размяшчаўся ў доме № 84.
Побач была пякарня Давіда Гяршэвіча.
Браты Марак і Шымон Пупко былі ўладальнікамі бровара, які існаваў з 1876 г.
Апрача піва гэтая фірма вырабляла халадзільныя напоі і ліманады. Асабліва выдатнай была "ананасаўка" з кавалачкамі ананасу. Тэрыторыю бровара пры Сувальскай, 88 займалі тры вялікія гмахі. А комін, мабыць, быў ці не найвышэйшай будаўнічай канструкцыяй у Лідзе. Акрамя таго там працаваў вальцовы млын і тартак.
Бровар працуе і зараз. Прадукцыя высокай якасці. Піва вядомае не толькі на абшарах Беларусі. Надзвычай высокую якасць мае і лідскі квас.
У драўляным доме. Сувальская, 90 знайходзілася Паштова-тэлеграфная установа, т. зв. Старая пошта, перанесеная ў 1938 г. у новы будынак па вул. Міцкевіча. У гэтым доме, паказаным на фота 12, размяшчалася таксама прыватная Жаночая школа Кравецка-белашвейнага саюза надомнай працы жанчын і швейная майстэрня В. Жаўнерчыка, якая вырабляла абутак пад лыжы, пад канькі, а таксама парусінавы і дамскі.
Фота 13 паказвае дом № 92, які належаў Малеўскай. У тым доме ў 1934-35 гадах жыў з бацькамі аўтар гэтага артыкула. На здымку я стаю каля бацькі.
За домам № 92 цягнуліся пераважна драўляныя жылыя дамы, а ў іх невялікія эксплуатацыйныя памяшканні.
Пад № 124 Міхал Лапко з 1922 г. трымаў шавецкую майстэрню.
Эдмунд Тубілевіч у 1937 г. адкрыў краму з вяндлінамі, якая знайходзілася пад № 134.
Перад вул. Пастаўскай стаяў будынак яўрэйскага шпіталя (Сувальская, 130), а ў глыбіні направа, бліжэй да Лідзейкі быў кірнут (яўрэйскія могілкі).
Гандлёвы млын "Хіцім" - кааперытыў з айцамі піярамі - меў адрас Сувальская, 140.
Ліцейны завод і фабрыка сельскагаспадарчых машын "Бенланд" займалі ўчастак з № 142.
Другі, большы, ліцейны завод і вытворчасць сельскагаспадарчых машын братоў Я. і Э. Шапіраў, заснаваныя ў 1900 г. Юдалем Лейбам Шапірам размяшчаліся па № 170, сёння гэта ААТ "Лідсельмаш".
На канцы горада па адрасу Сувальская, 182, была пабудавана Дзяржаўная рамеслена-прамысловая школа, якая займала двухпавярховы драўляны будынак. Навукі ў ёй набіралася каля 110 вучняў.
Перад пераездам чыгуначнай лініі Ліда-Маладзечна закончвалася вуліца Сувальская, пераходзячы ў вуліцу Віленскую, яна сёння называецца вул. Свярдлова.
Гэта ўсё - незваротная мінуўшчына, нецалкам забытая.
Вуліца Сувальская 1936-39 гг. паводле рэкламных праспектаў
Левы бок.
Сувальская, 1. Магістрат - гарадская ўправа. Дантыст Радуньска-Навагродская.
Сувальская, 3. Гарадская ўправа. Бурмістр-тэл. 42, віца-бурмістр-тэл. 13.
Бібліятэка і чытальная зала.
Рэдакцыя часопіса "Ziemia Lidzka" (1939 г.)
Сувальская, 5. Бар "Зямянскі" Браніслава Бароўскага.
Рэстаран "Mysliwska" ("Паляўнічы").
Праход на вул. Мацкевіча.
Сувальская, 7. Швейнае прадпрыемства Б. Рудніцкага.
Кандытарская Канопкі.
Крама цацак Канцэленбогена.
Крама гатовай вопраткі.
Гатэль "Гранд" Б. Ландо.
Фатаграфія Мюлера.
Сувальская, 9. Механічная фабрыка вэнджанасцяў Аляксандра Вярсоцкага. Вэнджанасці да святаў. Найлепшыя гатункі каўбасаў. Заснована ў 1919 г. Тэл. 7.
Хлебная крама.
Каўбасная крама.
Сувальская, 11. Крама з каланіяльнымі таварамі, вінамі, гарэлкай і лікёрамі Міхала Баркоўскага.
Адвакат Якуб Вагнер, тэл. 116.
Сквер Збаўцы. За ім у гыбіні:
Сувальская, 13. Фінаддзел падаткаў і фінансавых аплатаў, тэл. 45.
Фінаддзел акцызаў і дзяржаўных манаполій, тэл. 134.
Сувальская, 15. Павятовае староства. Стараста-тэл. 50. Віца-стараста, тэл. 49. Павятовыя доктар, архітэктар, камісар аховы лясоў.
Мадэль авіяцыйнай бомбы.
Вуліца 3 траўня.
Сувальская, 19. Кандытарская "Амерыка", шырока вядомая пад назвай "Амерыканка". На другім паверсе "Кола полек".
Крама А. Цыдаровіча па продажу бензіну, аліваў, кіслароду і карбіду. Склад аптэчны і касметычны.
Крама паперы і пісьмовых прыладаў С. Матэцкага.
Зубны доктар Мойжаш Дварэцкі, абсальвент Стаматалагічнай акадэміі ў Варшаве, тэл. 176. Дантыст М. Дварэцкая.
Сувальская, 21. Крама: тавары прадуктовыя і каланіяльныя, віны і гарэлка братоў Вінаградавых.
Рэстаран "Брыстоль" братоў Вінаградавых.
Крама "Электрарад" М. Крыгеля і М. Жыжамскага, новыя стэрэафанічныя прыёмнікі Філіпса, радыё і электратэхнічныя тавары (1937).
Варшаўская ювелірная майстэрня М. Гавенскага.
Віленскі склад футра (з 10.10.1936) і футры ды капелюшы дамскія Л. Златковіча.
У двары рэстаран "Варшавянка" Ігнацыя Расікона. Заснаваны ў 1936 г.
Сувальская, 23. Тавары электратэхнічныя братоў М. і М. Палячакаў.
Сувальская, 27. Старая аптэка Левінсона ў доме Бергмана.
Крама мэблі.
Рынак. Вул. Гандлёвая.
Сувальская, 29. Ювелірныя паслугі і рамонт гадзіннікаў А. Арановіча (1937).
Сувальская, 43. Хлебная крама.
Сувальская, 45. Старая аптэка Левінсона і Зеліковіча, тэл. 11.
Унутраныя хваробы. Доктар Ісаак Кантор, тэл. 123.
Сувальская, 47. Парфюмерная крама "Астра" І. Барана. Тавары касметычныя, перавязачныя і фатаграфічныя. З'явіўся вясной 1939 г.
Дантыст Бярловіч - Жыжэмская.
Сувальская, 55. Крама галантарэйная і гатовай вопраткі "Галіна" Міхала Слюсарчыка, адчыненая ў 1935 годзе.
Крама Якуба Вінера, філіял кандытарскай.
Выезд з рынку.
Сувальская, 59. Тавары мануфактурныя (шаўковыя) Г. Ноймана і М. Рэзніка. Сукны камвольныя, шаўковыя, дываны, дарожкі, ходнікі.
Крама він і гарэлкі "Пратэр" Яна Межвы. Заснаваны ў 1923 г.
Кааператыў Таварыства спажыўцоў.
Сувальская, 61. Піўная.
Сувальская, 63. Аптэка Стукатара, тэл. 84.
Дантыст Ганна Стукатар, тэл. 84.
Хваробы горла, вуха і носа, доктар Л. Берлінерблаў.
Вуліца Школьная.
Сувальская, 65. Гатэль Варшаўскі.
Жаночыя хваробы. Доктар Галамбіоўскі, тэл. 58.
Прадстаўніцтва польскай дзяржаўнай латарэі, дырэктар Х. Ажахоўскі.
Сувальская, 71. Фельчар Р. Зарцын.
Сувальская, 75. Фельчар А. Гурвіч. Акушэрка Гурвіч. Акуліст Р. Зарцын.
Сувальская, 77. Скуравыя і венерычныя хваробы, доктар Вольфавіч, тэл. 90.
Сувальская, 81. Слясарна-механічная майстэрня В. Якубоўскага.
Сувальская, 83. Павятовая класіфікацыйная камісія пры скарбовай управе.
Сувальская, 85. Дантыст Р. Пупко.
Сувальская, 95. Назіральная вежа і гаражы Дабраахвотнай пажарнай дружыны.
Сувальская, 99. Фабрыка лямцавага абутку, воўнапрадзільная фабрыка, укатка сукна братоў Жыжэмскіх і Левіна.
Сувальская, 107. Павятовая тэлефонна-тэлеграфная ўправа - тэл. 97, 23. Клуб PPW.
Сувальская 109. Фельчар В. Жыленас.
Сувальская, 111. Майстэрня помнікаў і вырабаў з цэменту Х. Крайновіча.
Сувальская, 125. Крама прадуктова-каланіяльная "Адзінства" ("Jednosc"). Асноўнаебюро знаходзілася на вул Мацкевіча, тэл. 143. Крамы знаходзіліся па васьмі адрасах, у тым ліку па адрасах на Сувальскай: Сувальская, 125 і Сувальская, 6.
Сувальская, 127. Рамонт рухавікоў, паравых машын і сельгасабсталявання Пятра Бянкевіча.
Сувальская, 131. Піўны бар "Лідзянка" В. Кажанеўскага.
Хлебная крама.
Сувальская, 133. Крама вэнджанасцяў і каўбас Зыгмунта Капроўскага
Прадуктовыя тавары, газеты і часопісы В. Сушынскай, філіал кандытарскай.
Вуліца Крупаўская.
Праваслаўныя могілкі і царква.
Сувальская, 137. Бюро вымярэнняў (абмераў).
Гарадская электрастанцыя.
Правы бок.
Сувальская, 2. Шавецкая майстэрня Антонія Кужмы і Антонія Хведанека. Заснована ў 1930 г.
Шпалерная майстэрня А. Дубчанскага.
Сувальская, 4. Скарбовая каса.
Сувальская, 6. Кнігарня і пісьмовыя прылады Марыі Шкоп, пазней Сабіны Шкоп. Заснована ў 1907 г. Крама прадуктова-каланіяльная "Адзінства" ("Jednosc").
Сувальская, 8. Сучаснае прадпрыемства - цырульня Ю Макуліцкага і Ю. Пупко. Тэл. 182.
Крама прадуктова-каланіяльная Л. Гайфуса з паўднёвай садавіной і слодычамі.
Сувальская, 10. Кінатэатр "Эдысон" Натана Левіна, М. Алькеніцкага і А Мясніка.
Друкарня Ю. Каплінскага.
Крама "Плутас". Садавіна, слодычы, тавары каланіяльныя. Сувальская, 12. Крама Ёселя Ражанскага. Швейныя машыны, равары, музычныя інструменты радыёпрыёмнікі.
Сувальская, 14. Спецыяльная майстэрня ювелірна-гравіравальная М. Крашынскага.
Электратэхнік Х. Ажахоўскі.
Фотастудыя А. Глаўбермана.
Каланіяльныя тавары і слодычы Далінкі.
Крама абутку С. Шварца.
Вуліца Турэцкая.
Сувальская, 20. Кафельная фабрыка "Непер". Будаўнічыя матэрыялы. Шымон Пупко і сыны. Тэл. 107.
Сувальская, 22. Хрысціянскае пашывачнае прадпрыемства К. Хутны - 2 паверх.
Адвакат Ізраел Каміёнскі, тэл. 136.
Вуліца Шкляная.
Сувальская, 30. Цукерня (кандытарская) "Кракавянка" Е. Цукерніка, тэл. 60.
Сувальская, 38. Крама фабрыкі "Ардаль".
Вуліца Камерцыйная.
Сувальская, 40. Лідскі сельскагаспадарчы сіндыкат. Кіраўнік І. Чацвярцінскі. Заснованы ў 1929 г.
Фотастудыя Л. Залмана.
Сувальская, 42. Двухпавярховы цагляны дом Фрумы Крэйны Ілютовіч ды Пецярбургер.
На 1-м паверсе шавецкая майстэрня Галубовіча і слясарная майстэрня Шульмана.
Крама З. Гольдвасара. Швейныя машыны, равары, грамафоны, патэфоны, музычныя інструменты.
Крама тканінаў Б. Ковенскага.
Хрысціянская крама абутку Ю. Ліпінскага.
Сувальская, 44. Віленскі склад футраў Л. Златковіча.
Электратэхнік Л. Фердман. Рамонт электра- і радыёпрыбораў.
Вуліца Пераца.
Сувальская, 46. Дантыст Бор-Хвідавіцкая.
Кнігарня і склад пісьмовых матэрыялаў Уладзіслава Пугачэўскага. Заснавана ў 1920 г.
Малочная крама.
Вуліца Лідская (цяпер Таўлая).
Сувальская 52. Крама. Механічная фабрыка вэнджанасцяў Андрэя Радзевіча, тэл. 24. Заснавана ў 1918 г. Узнагароджана залатым медалём на выставе 1931 г..
Гандлёвы цэнтр Малочнага таварыства.
Сувальская, 54. Кааператыў "Адзінства". Выбар гатовага абутку. Рамонт абутку.
Доктар Міхал Каплан. Хваробы нутраныя і нярвовыя. Тэл. 219.
Сувальская, 58. Майстэрня слясарна-такарная і механічная І. Няцецкага. Заснавана ў 1937 г.
Крама спажывецка-каланіяльная.
У двары ў доме Длускага кінатэатр "Эра".
Школа дападрыхтоўкі спецыяльная і звычайная № 3.
Доктар Аляксандр Пружанскі. Хваробы жаночыя і вонкавыя.
Сувальская, 58 б. Польскае абутковае таварыства "Бата" ("Баця").
Сувальская, 60. Кнігарня Р. Мацецкай.
Сувальская, 62. Прадпрыемства гадіннікава-ювелірнае Л. Гельфанда.
Сувальская 64. Кнігарня В. Пугачэўскага і склад пісьмовых матэрыялаў.
Абутковая крама Сам. Віняцкага.
Прадпрыемства кушнерска-шапачнагафтавальнае А. Чорнага (у двары).
Рэнтген. Доктар Лявон Кац. Тэл. 22.
Дзіцячыя хваробы. Доктар Эйзенберг-Кац. Тэл. 22.
Сувальская, 66. Атэлье і крама дамскіх капялюшыкаў Браніславы Гойлы. Заснована ў 1931 годзе.
Фотастудыя Баршанскага Е., 1936 г.
Дантыст М. Драпкін-Каток.
Сувальская, 68. Прыватная 6-класная, усеагульная школа манахаў-піяраў.
Язэпаўскі касцёл.
4-х класная гарадская Купецкая гімназія. Піяры раней займалі тэрыторыю, якую ў 1938 годзе займалі дамы № 62-72 Хазановічаў, Камянецкіх, Каткоў, Сапатніцкіх, Зяльдовічаў і Папірмейстараў. Сувальская, 70. Друкарня Шымана Зяльдовіча.
Рэдакцыя газеты "Lider najs" ("Лідскія навіны", ідыш). Рэдактар Юзаф Альбірт. Тэл. 57.
Кінатэатр "Маленькі" Яблонскага.
Сувальская, 72. Піўзавод, саладоўня, тартак і вытворчасць газаваных водаў нашчадкаў Папірмейстара. Заснаваны ў 1874 г. Тэл. 74.
Сувальская, 74. Фабрыка цукраў Казіміра Інгялевіча. Заснавана ў 1934 г.
Межавы прысяжны Генрык Пашкоўскі, пак. 7.
Маер Станіслаў - сакратар іпатэчнага аддзелу ў Лідзе, акружнога суда ў Вільні. Тэл. 2.
Натарыюс Юзаф Дваракоўскі. Тэл. 77.
Натарыюс Вінцэнт Папкоўскі пры іпатэчным аддзеле. Тэл. 131.
Сувальская, 84. Лідскі аддзел Віленскага прыватнага гандлёвага банка. Тэл. 12.
Доктар Агушэвіч-Брамс. Дзіцячыя хваробы. Кварцавая лямпа. Тэл. 133.
Пякарня Давыда Гершавіча.
Сувальская, 86. Доктар Адольф Левінсон. Унутраныя хваробы. Тэл. 264. увальская, 88. Піўны завод, вытворчасць газаваных водаў, вальцовы млын, механічная лесапілка братоў М. і С. Пупко. Заснаваны ў 1876 г. Тэл. 26.
Сувальская, 90. "Старая пошта".
Тератарыяльная паштовая ўправа "Ліда-1". Тэл. 139.
Раённая ўправа тэлефонна-тэлеграфная. Тэл. 97, 23.
Хрысціянская друкарня.
Прыватная кравецка-бялізнярская жаночая школа Саюза надомнай жаночай працы.
Шавецка прасоўня В. Жаўнерчыка.
Сувальская, 92. Дом Малеўскіх.
Сувальская, 94. Дом Вітажэнца.
Сувальская, 118. Радыёстанцыя Яна Шчэпаняка з пазыўнымі SPIBX.
Сувальская, 124. Шавецкая майстэрня Міхала Лапко. Заснавана ў 1922 г.
Сувальская, 130. Яўрэйскі шпіталь. Заснаваны ў 1908 г.
Сувальская, 134. Крама вэнджанасцяў Эдмунда Тубялевіча. Заснавана ў 1937 г.
Сувальская, 140. Гандлёвы млын "Хіцім".
Сувальская, 142. Жалезаліцейны завод і фабрыка "Benland". Тэл. 87.
Вуліца Пастаўская.
Сувальская, 162. Механік Пётр Вяргейчык.
Сувальская, 170. Жалезаліцейны завод і фабрыка сельгасмашын братоў Ю. і Е. Шапіраў. Заснаваны ў 1900 г. Тэл. 75.
Сувальская, 182. Дзяржаўная рамесная (механічная) школа. Двухпавярховы драўляны будынак.