Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

LIDA einst und jetzt. Горад Ліда на малюнках часоў Першай сусветнай вайны 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 24-01-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. LIDA einst und jetzt // Лідскі Летапісец 2020. 4(88). С. 43-61.



У мінулым годзе я купіў гэтую кнігу на адным з інтэрнет-аўкцыёнаў, але малюнкі з яе нам былі вядомыя і раней. Купіўшы кнігу, мы атрымалі магчымасць прачытаць яе тэкставую частку.

Пад гэтакім загалоўкам «Ліда некалі і цяпер» кніга выйшла ў канцы 1917 г. і была прысвечана да другой гадавіны нямецкай акупацыі Ліды. Аўтар, др. Карл Фогель (Karl Vogel), абапіраючыся, у асноўным на напрацоўкі Міхала Шымялевіча, распавёў пра гісторыю Ліды да пачатку Першай сусветнай вайны і жыццё горада пад нямецкай акупацыяй з верасня 1915 г.

Самай каштоўнай часткай брашуры з'яўляюцца 25 малюнкаў, выкананых пяром. Арыгіналы гэтых малюнкаў экспанаваліся ў верасні 1917 г. у Доме жаўнера (былым Кармеліцкім кляштары). Аўтары малюнкаў - вядомыя ў той час нямецкія мастакі, прызваныя на вайсковую службу: В. Райман (W. Reimann, мал. 1, 4, 6, 8, 11, 17, 19, 22, 24, 25), Э. Хольцлёнер (E. Holzlаhner, мал. 2, 3, 5, 9, 12, 16, 21, 23), Э. Сандэр (E. Sander, мал. 7, 10, 14, 15), і Э. Ран (Е. Rahn, мал. 13,18,20).

Пра Фогеля ў сваіх успамінах пісаў Станіслаў Іваноўскі: «Калі мы даведаліся пра рэвалюцыю ў Берліне, пайшлі дэлегацыяй да мясцовага бургамістра - нямецкага афіцэра (прозвішча не памятаю), ведаю што быў юрыстам па адукацыі і напісаў ілюстраваную манаграфію пра горад Ліду, і патрабавалі, каб ён перадаў нам уладу ў горадзе» [1].

Цікавая інфармацыя пра Фогеля падаецца ў зборніку мемуараў яўрэяў горада Ліды, з якіх бачна, што Фогель на пачатку быў намеснікам бургамістра (штадтгаўптмана): «Намеснік бургамістра, доктар Фогель, чалавек разумны, але са слабым характарам і малым уплывам. Дарэчы, гэты Фогель напісаў на нямецкай мове брашуру пра Ліду і яе гістрыю. Гісторыю горада Фогель узяў з прац Шымялевіча. Дарэчы, у 1933 ці 1934 гг. адзін з буйнейшых лідскіх купцоў і адзін з кіраўнікоў горада ў той час Г. Чарток [2] атрымаў ліст ад доктара Фогеля. Фогель у гэтым лісце абвяшчаў, што прыняў нацысцкую ідэалогію» [3].

Вось практычна і ўсё, што вядома пра гэтую кнігу.


Спіс малюнкаў (малюнкі гл. у канцы артыкула):

1. Рыма-каталіцкі касцёл, галоўны ўваход.

LIDA einst und jetzt. Ліда некалі і цяпер.

2. Галоўны алтар касцёла.

3. Від на касцёл з боку Зарэчча.

4. Сінагога.

5. Скрыня з Торай ў сінагозе.

6. Яўрэйскія могілкі.

7. Млын каля Ліды.

8. Гарадскі парк з музыкай.

9. Муры замка Гедыміна з поўдню.

10. Над берагам Лідзейкі.

11. Кляштар па-кармеліцкі (Дом жаўнера).

12. Праваслаўная царква.

LIDA einst und jetzt. Ліда некалі і цяпер.

13. Іканастас праваслаўнай царквы.

14. Від на праваслаўную царкву.

15. Рыма-каталіцкія могілкі.

16. Праваслаўныя могілкі.

17. Студня на рынку.

18. Хлопцы мятуць рынак.

19. Сцэна на рынку.

20. Вуліца, якая вядзе да рынку.

21. Старая вуліца з тыповымі драўлянымі дамамі.

22. Драўляны дом з тыповым ганкам.

23. Стары заезд (карчма).

24. Унутры чайнай.

25. У яўрэйскай крамцы.

Ліда некалі і цяпер [4]

Да 21 верасня 1917 г. - угодкаў утварэння Ваеннай акругі "Ліда"

Гэтая кніжка ўтрымоўвае некаторыя артыкулы майго калегі гера Фогеля, з нагоды дня, у які два гады таму назад нямецкія войскі ў слаўным пераможным маршы захапілі Ліду (21 верасня 1915-1917), надрукаваныя ў палявой газеце «Вахта на Усходзе» («Wacht im Osten») са зборам ваенных малюнкаў. Паколькі яны мне падаліся каштоўнымі, для вас усіх, хто зацікавіўся Лідай, як успамін пра дасягнутае, было зроблена спецыяльнае давыданне. Спачатку было запланавана надрукаваць яго з вокладкай, дзе б сімвал горада, стары замак Гедыміна, быў паказаны на малюнку, і некалькі малюнкаў яшчэ б яго ўпрыгожвалі. Высокаякасныя чорна-белыя гравюры, якія былі прадстаўлены на армейскіх выстаўках мастакамі Хольцлёнерам, Ранам, Райманам і Сандэрам прыдалі сціплым напачатку планам такую цікавасць і такое захапленне, што кніжка з шматлікімі малюнкамі, якія праз талент мастакоў, праз жывапісныя і зменлівыя матывы падаюць нам, немцам, сваеасаблівае дабрадатнае жыццё маленькага гарадка. Аказваецца, такі гарадок таксама мае сваю маляўнічую прыцягальнасць, калі маецца да таго добрая воля, каб паўсюль шукаць прыгажосць ў жыцці і паводзінах іншых людзей і гарадоў.

Кніжка - гэта нямецкая праца, прыдуманая і зробленная ў варожай краіне, друк і літаграфіі зроблены ў палявой ваеннай друкарні «Вахта на Усходзе», кіраўніцтва якой спрыяла выданню, як магло. Камандуючы Цум Вінкель і граф фон Берлепш заслугоўваюць сардэчнай падзякі. Найцяплейшай падзякі заслугоўваюць мастакі, якія такім найлепшым чынам вырашылі пытанне ўпрыгожання кніжкі.

Ліда, лістапад 1917 г.

Кіраўнік горада (штадтгаўптман) Альберс.

* * *

Зусім нямногія нямецкія салдаты былі ў гэтыя два гады ў Лідзе, праходзілі праз Ліду, і зусім нямногія ўвогуле раней ведалі яе назву. Зараз тут адчуваецца паўсюль нямецкі ўплыў, большы, чым у іншых вялікіх гарадах Усходу. Амаль немажліва сабе ўявіць, што вялікія казармы прымалі расейскіх вайскоўцаў, што казакі цягнуліся па гэтых вуліцах. Толькі некаторыя абпаленыя руіны выдаюць тое, што казацкае камандаванне рабіла спробу спаліць горад. Па-большаці засталося ўсё, як было, і далей пульсуе тут жыццё, як гэта павінна быць у мірны час.

Гандаль і абмен працягваюцца, дзякуючы нямецкаму клопату, у ваенны час, як і раней, прыходзяць тутэйшыя людзі ў вялікай колькасці ў горад, каб на кірмашах і па нядзелях, і на святы ў маляўнічай таўкатні прадаць нешта, ці ўдзелам у рэлігійнай службе ажывіць горад.

Яўрэі і палякі, абодва па-свойму, надаюць Лідзе абрысы горада, у якім горад і вёска сустракаюцца ў плыні эканамічнага абмену і руху.

Лепш, чым у вялікім горадзе можна тут пазнаёміцца з месцам і людзьмі, традыцыямі і звычаямі, але непасрэдна заахвочвае нас таксама жаданне пранікнуць у мінулае і лёс нашага ваеннага гарнізона. Некаторыя цікавыя карціны з мінулага і сучаснага прынесла сабранне ваенных малюнкаў "Вахты на Усходзе".

Ужо толькі масіўныя сцены руін замка заманьваюць нас, яшчэ глыбей даследаваць змену часоў. Мы хочам у горадзе, які нам на доўгі ці кароткі час даў прытулак, таксама пазнаёміцца з гісторыяй; бо толькі тады зможам сапраўды разумець і правільна прымаць асноўны лад яго жыцця і яго жыхароў.

Ліда мела калісьці вялікае значэнне, натхняльнае мінулае. Горад быў уцягнуты ў шматлікія, поўныя ахвяр войны, перажыў суровыя бітвы, яго сцены бачылі полымя, смерць і спусташэнне, бліскучыя фэсты святкаваліся ў яго сценах і прымалі высокіх гасцей. Таксама ён іграў вялікую ролю ў духоўным жыцці мінулых часоў.

[...]

У 1772 г. горад захапілі рускія.

Яшчэ шмат разоў перад апошняй Сусветнай вайной была Ліда сведкай ваенных падзей. У 1794 г., калі палякі ішлі з боку Вільні праз Ліду і паблізу ад Ліды былі разбітыя, рускія ўзялі горад канчаткова. Нажаль, пры гэтым быў знішчаны Лідскі замак. Архіў быў перавезены ў Смаленск, дзе ў 1812 годзе згарэў.

14 снежня 1795 г. Ліда была прыяднана да Расеі і ў 1796 далучана да Слонімскай губерні (пазней да Віленскай). Цар Павел І у 1797 г. наведваўся ў яе сцены, у 1812 г. цар Аляксандр І праводзіў тут агляд сваіх войск.

У гэтым жа годзе кароткі час стаялі ў Лідзе і французскія войскі.

Апошняй ваеннай падзеяй перад Сусветнай вайной быў нязначны бой 23 траўня 1831 года каля выезду на Вільню, калі лідскі рускі гарнізон быў абяззброены паўстанцамі.

Са шматзменнай гісторыі горада памятаюцца яшчэ пажары 1843 і 1891 года. Гэтыя пажары поўнасцю знішчылі старую структуру горада. Апусцелы і зруйнаваны стаяў ужо з 1794 года стары сімвал былых славы і велічы - замак. Нажаль, згарэла ў 1891 годзе таксама і старая ратуша, што была ў 18 стагоддзі пабудавана і ўпрыгожана калонамі і калоннымі заламі.

Царкоўнае жыццё мінулага Ліды таксама не пазбаўлена цікавасці. Гарадскія жыхары вызнавалі ў старыя часы грэцка-каталіцкую і рымска-каталіцкую царкву. З 16-га стагоддзя панавалі ўніяты. Заснаванне рымска-каталіцкай парафіі адбылося ў 1387 г. Пры каралі Сігізмундзе (Жыгімонце) Аўгусце знайшло распаўсюджанне кальвінісцкае і лютэранскае вучэнні, пакуль яно на працягу 16-18 стагоддзяў не было вынішчана езуіцкімі місіямі.

Ад старых цэркваў нічога не засталося. Зараз існы рымска-каталіцкі касцёл быў пабудаваны ў 1770 г. на месцы драўлянага, пабудаванага ў 14 стагоддзі [5], дрэва гэтага старога касцёла было скарыстана пры будоўлі грэцка-каталіцкай царквы.

Пра манастырскае жыццё сказана наступнае: да сярэдзіны 15 стагоддзя знаходзілася тут францысканская місія. У 1672 быў заснаваны кляштар кармелітаў, які праіснаваў да 1872 года. Кляштар з касцёлам піяраў быў пабудаваны ў 1758 г., касцёл згарэў у 1843 г. Ад старых будынкаў захаваўся кармеліцкі кляштар, у якім перад вайной знаходзілася рускае афіцэрскае казіно, а цяпер нямецкія салдацкія казармы.

Лідскае насельніцтва на 2/3 складаецца з яўрэяў, да гэтага трэба дадаць: пасяліліся яўрэі тут у другой палове 16 стагоддзя. У 1579 годзе была пабудавана першая сінагога, за якой паследавала другая ў 1633 г. Зараз іх ужо 13. Усе захаваныя сінагогі з новых часоў.

Літоўскія, польскія, рускія князі валодалі Лідай, і сюды наведваліся, шведы і французы, праходзілі праз Ліду і разбівалі тут свой лагер, і ўжо два гады немцы валодаюць горадам, вялікі кайзер Германіі затрымліваўся тут: у гэтых некалькіх словах расказана ўся поўная падзей гісторыя горада. Як будзе выглядаць будучыня Ліды? Яна нам стала любімай і дарагой за гэтыя два гады. Добры лёс вызначае будучыню горада.

Ліда пад нямецкім кіраўніцтвам

19 верасня 1915 года апошнія рускія пакінулі горад Ліду, які бачыў у апошнія дні вялікія масы войск, што цягнуліся з Гарадзенскага напрамку ў ходзе адступлення. Спроба спаліць горад па камандзе расейцаў на шчасце не ўдалася па прычыне карумпаванасці камандавання [6]. Калі спужаныя, у няведзенні глядзеўшыя у будучыню, жыхары выйшлі ранкам 20 верасня на вуліцы, там не было ніводнага рускага салдата. Але ўжо перад поўднем з'явіліся ў горадзе першыя маленькія нямецкія кавалерыйскія аддзелы. Убачаныя польскія і яўрэйскія жыхары горада былі сабраныя разам, і двое з іх дзеля бяспекі былі на кароткі час спалоненыя і памешчаныя пад варту. 21 верасня 1915 г. быў горад фармальна ўзяты ў валоданне. Быў створаны цывільны камітэт і цывільная міліцыя. Вялікія нямецкія вайсковыя часткі прайшлі шматлікімі калонамі праз горад. У той жа час аднавілася гаспадарчае жыццё, і насельніцтва, у першую чаргу яўрэйскае, хутка прыладзілася да зменных умоў часу.

Як грыбы з зямлі раслі тады, напрыклад, чайныя, у якіх шматлікія нямецкія вайскоўцы, ажывіўшыя карціну горада, шукалі спакою і забавы. Крамы ізноў адкрыліся. Мяса і іншыя прадукты былі яшчэ танныя, так што нямецкія салдаты, якія ў тыя дні бачылі Ліду, былі вельмі задаволена такім станам.

Знешне вельмі выразна было бачна, што горад знаходзіўся пад рускай уладай. Розніца паміж тым, што было некалі і сёння такая вялікая, што горад амаль не пазнаць. Жудасныя беспарадкі панавалі на вуліцах, плошчах і ў дварах. Гэта вельмі хутка змянілася і зрабілася лепей, так што немцы ў Лідзе цяпер пачуваліся па-дамашняму. Можна ўбачыць, як жыхары, здольныя да перавыхавання, прывыклі да нямецкай чысціні, да якой цяпер рэдка каго трэба прымушаць [7].

Два найменшыя прадстаўнікі жывёльнага свету, назвы якіх у свеце ў людзей, якія сябе даглядаюць, былі заганныя - вошы і блохі - увялі тут раней, як і ў іншых некультурных абласцях занятых тэрыторый, сапраўдны жудасны рэжым.

Ліда была пад рускім кіраўніцтвам крыніцай інфекцый. Сыпны тыф, халера, воспа, малярыя - гэтыя хваробы рэгулярна сюды прыходзілі, яны былі такімі небяспечнымі і эпідэмічнымі, бо хаты былі маленькія, нячыстыя, непрактычна пабудаваныя, людзі нядбайна адносіліся да чысціні сваёй, свайго дома і двара; пры колькасці жыхароў у 20 тысяч чалавек, якія туліліся ў 1300 хатах. Было вельмі небяспечна, асабліва небяспечна падчас вайны і з ёю звязанным памножаннем людзей. Не паляпшае гэтага і той факт, што вялікая колькасць жыхароў, з усімі рускімі, пакінула горад перад прыходам нямецкай арміі.

Як мага больш паменшыць небяспеку і ліквідаваць яе - гэта сапраўды найважнейшае заданне нямецкага ваеннага кіраўніцтва адразу пасля акупацыі. У гэтай галіне мы працавалі з бачным поспехам, так што Ліда за гэтыя два гады амаль што не была закранута эпідэміямі.

Рэгулярная, планава праводзімая дэзінсекцыя насельніцтва, арганізаваная эпідэмілагічная бальніца, камплектацыя яўрэйскай цывільнай бальніцы з аднаго боку добрым медыцынскім абсталяваннем, патрэбным гарадской бальніцы, з другога наборам медсёстраў, пастаянны нагляд за гігіенічным і санітарным станам у Лідзе прынеслі шмат дабра і дазваляюць спадзявацца, што застануцца і ў будучым.

Ад стану здароўя насельніцтва акупаванага горада залежыць больш, чым некаторыя могуць падумаць. Наша ўласная бяспека залежыць ад таго, што хваробы насельніцтва будуць пабораныя і прадухіленыя. За выключэннем таго, што яны пагражаюць нам, з добрага стану здароўя насельніцтва выцякае таксама тое, што яно застаецца здольным да работы і прадпрымальніцтва.

Цяжкае і важнае заданне кіраўніцтва - клопат пра харчаванне, канешне, тут першая ўмова - гэта парадак. Хлеб, бульба і іншыя віды харчавання таму сведчанне. Мы жывём тут у мясцовасці, якая прыносіла багатыя ўраджаі, не як вынік інтэсіўнага карыстання, а хутчэй за кошт вялікіх плошчаў і малой шчыльнасці насельніцтва.

У сувязі з рэгуляваннем і наглядам за харчаваннем горад падтрымлівае існыя дабрачынныя ўстановы, і адбываецца заснаванне новых, напрыклад, яўрэйскай і хрысціянскай народнай кухні. Сродкі для гэтага былі ўнесены не ў малой частцы самім насельніцтвам. Тут аб'яднана карыснае з прыемным. Выканальніцкія таленты яўрэяў зрабілі мажлівым не адзін цікавы тэатральны вечар; і яўрэйскія п'есы, з вытанчанай самаіроніяй (крытыкай) сваіх землякоў, прапануюць таксама немцам, афіцэрам і салдатам, займальныя гадзіны і магчымасць заглянуць у народнае жыццё. Той самай мэце служыў вялікі фэст у гарадскім парку, што прынёс звыш спадзяванага чысты прыбытак для дабрачыннасці.

Нямецкія жаўнеры ў парку, 1916 г.

Гэты фэст, што застанецца ў памяці насельніцтва і ўсіх немцаў, якія ў ім удзельнічалі, выразна паказаў, якое дабро зрабіла нямецкае кіраўніцтва насельніцтву, калі ізноў адкрыла гарадскі парк. Так было зроблена не толькі месца для адпачынку, але і быў упрыгожаны горад. Жудасна выглядала старое з рускіх часоў «дашчанае перакрыцце» на Гарадзенскай вуліцы [8], і яшчэ больш агідным быў той драўляны хлеў, які рускія называлі летнім тэатрам. Цяпер густоўныя бярозавыя парэнчы атачаюць парк з боку вуліцы і паркавыя сцежкі, праз бярозавыя вароты можна ўвайсці ў парк, па нядзелях грае тут вайсковая капэла, яе бравыя і бадзёрыя маршы гучаць ў павільёне з бярозы, пакрытым саломай і асветленым сотнямі рознакаляровых лямпачак. Шматлікія лаўкі ўздоўж дарожак ды ручайкоў запрашаюць адпачыць каля маленькага возера. Высокія алешыны парку, большую частку якіх, як і запруджаную і заросшую частку парку, аддзяляе пяргола з бярозы, надаюць сваёй гордай вышынёй маляўнічы від.

З'яўленне парку ў забалочанай мясцовасці вельмі цікавае і вельмі па-руску.

У ранейшыя часы тэрыторыя парку адносілася да абарончай сістэмы Гедымінавага замка і была да 1905 года поўнасцю забалочаная. У часы пабудовы французскімі інжынерамі чыгункі Балагое - Сядлец на пачатку руска-японскай вайны рускі палкоўнік, які быў акружным афіцэрам, адказным за земляныя работы ў Лідзе, атрымаў ад кіраўніцтва будоўлі чыгункі бясплатна вазы і салдат. Пры прыцягненні лідскага насельніцтва было прывезена 12000-15000 вазоў зямлі на тэрыторыю парку. Будоўля была выключна цяжкая, таму ў балоцістай мясціне ў некаторых месцах па-мясцоваму звычаю рабіўся дрэнаж пукамі вярбы, а прывезеная ў вялікай колькасці зямля кожны раз праглытвалася.

Палкоўнік, хаця і ўкладваў свае грошы ў будоўлю, збіраў і з заможных лідзян вялікія сумы, так што застаўся не ў накладзе. Акрамя летняга тэатра, піўнога зала і канцэртнага дома былі тут таксама водныя каналы з гандоламі для ўвесялення.

Ажыўленая мітусня пануе тут ізноў у пагодныя дні і асабліва падчас канцэртаў у парку.

Упрыгожванню карціны горада служыць таксама, арганізаваная ваенным кіраўніцтвам будоўля; тэраса 30 м у даўжыню і 4 м у шырыню ля нямецкага дома на Віленскай вуліцы з яе багатым кветкавым аздабленнем стала ўпрыгожваннем вуліцы. Далей была адбудаваная частка са спаленых дамоў, былі зроблены палепшанні вуліц, карацей, было таксама многа што зроблена, каб палепшыць уражанне ад горада [9].

Немцы спрыялі таксама і духоўнаму жыццю горада, у першую чаргу праз асаблівы клопат пра школы. Праўда, славутая школа равінаў і сусветнавядомая дзявочая гімназія з пачаткам вайны закрыліся. Але польская і яўрэйская народныя школы, таксама як талмуд-тора школа (тып перадшколы для школы равінаў) і так званая хедар-школа (яўрэйская рэлігійная школа) былі пашыраны на нямецкі прыклад, праз увядзенне прадметаў агульнай адукацыі (такіх, як нямецкая мова, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, гісторыя) і ўкамплектаваны добрымі нямецкімі адукацыйнымі матэрыяламі. Гэта сапраўдная радасць назіраць, з якой стараннасцю і добрымі поспехамі праводзяцца заняткі па большасці мясцовымі сіламі.

Насельніцтву таксама пайшлі насустрач у тым, што ізноў дазволілі наведвацца ў бібліятэку з рускімі, польскімі, яўрэйскімі кнігамі, перанеслі яе ў лепшы будынак і папоўнілі нямецкімі класічнымі творамі. Таварыскасці служыць чытальная зала, таксама як і два драматычныя гурткі.

Сумленны храніст не дазволіў бы сабе на гэтым месцы забыцца пра абедзве, арганізаваныя «Вахт ім Остэн» і армейскім кіраўніцтвам, выстаўкі мастацтва, на якія наведваліся не толькі асобы, прыналежныя да нямецкіх войскаў, але і мясцовыя жыхары. Успамін пра іх будзе такі ж доўгі і слаўны, як і ўспамін пра паркавы фэст, пра суперніцтва палоных спевакоў і пра спартыўныя спаборніцтвы нямецкіх салдат, якія праводзіліся ў Лідзе.

Мушу падзякаваць мясцовым жыхарам, што пры нямецкай уладзе, нягледзячы на бітвы на ўсіх франтах, падтрымлівалі эканамічнае жыццё горада, гандаль і абмен, хоць і не зусім так, як у мірныя часы, але для часоў ваенных сапраўды жыва. Але падтрыманне прадпрымальніцтва патрабуе таксама зацікаўленнасці пераможцы; таму што рухі войск прыносяць пастаянны попыт на ўсе мажлівыя тавары і прадукты. Можна пабачыць Ліду па нядзелях і базарных днях; здзівішся, як на рынку тоўпяцца вазы сялян і як вялікая колькасць сялян снуе па вуліцах. Паўсюль таргуюцца і мяняюцца - і зарабляюць грошы.

Канешне, і тут да заробку належыць падатак, прамы і непрамы. Для пакрыцця коштаў кватаравання патрэбны грошы. Таму ўведзены падатковы парадак, як у Германіі, усе пакупкі тавараў купцамі праходзяць праз нямецкую адміністрацыю, ролю якой на акупаваных тэрыторыях Расіі і Румыніі выконваюць ваенныя адміністрацыі, у той час як ў Польшчы і Бельгіі створаны цывільныя ўлады. Таксама фінансавыя і судовыя справы ўрэгуляваны на нямецкі ўзор.

Кіраўнічая дзейнасць, якая у Лідзе пачалася 21 кастрычніка 1915, вялася раней акружным камітэтам і гарадскім камітэтам на нямецкі лад. Цяпер горад разам з некалькімі вёскамі ўтварае гарадскую акругу з ваенным акружным камітэтам, на чале якога стаіць гарадскі кіраўнік.

Хто мае час на кароткае ці даўжэйшае знаходжанне, каб пазнаёміцца з Лідай, не прапусціць магчымасці прагуляцца па ваколіцах. Таму кінецца ў вочы супрацьлегласць паміж вуліцамі з мураванымі дамамі і прылеглымі вулачкамі з драўлянымі па-майстэрску ўпрыгожанымі разьбою хатамі. Замак зробіць на гледача вялікае ўражанне.

Розныя культуры данясуць да яго ўпрыгожаная калонамі руская праваслаўная царква з яе купаламі і званіцай, снежна-белы, без вежаў, з жывапіснымі варотамі каталіцкі касцёл, перад якім паказваюцца на святы і працэсіі цікавыя народныя тыпы і жыццё, і нарэшце вялікая сінагога з яе раскошным белым алтаром, зробленым у форме храма з арыентальным арнаментам, у якім захоўваюць Тору. Да гэтага дадаюцца меншыя сінагогі, якія часткова належаць пэўным рамеснікам. Такую самую процілегласць паміж канфесіямі знойдзем мы на схаваных у хваёвым гаі каталіцікх могілках з драўлянымі крыжамі, на праваслаўных могілках, што схаваныя ў лісцвеным гаі, і на яўрэйскіх могілках, без парадку і амаль без дрэваў, але са шматлікімі магільнымі домікамі, што аднак ляжаць на прыгожым месцы з відам на бераг лідскай ракі, на маляўнічы вадзяны млын са ставамі, на накрытыя саломай драўляныя хаты вёскі Раслякі і на лес за імі. Хто мае волю бачыць прыгажосць, шукаць і выявіць яе для сябе, то і гэтая мясцовасць мае сваю прыцягальнасць.

Агульны прыгожы від на горад з яго цэрквамі, вялізным Мікалаеўскім вакзалам можна атрымаць з толькі перад вайной пабудаваных казармаў лідскага Паўночнага гарадка і з ганаровых нямецкіх могілак перад імі.

І ў гэтым горадзе, ужо як два гады нямецкім, міжвольна думае салдат пра Радзіму і пра дзень, калі ён развітаўся дома з любімымі. Мы адчуваем сабе добра ў Лідзе, але Радзіму гэта не зможа нам замяніць. Настальгія застаецца.

Dr. B.

(Пераклад зроблены ў 2018 годзе, праз 101 год пасля напісання тэксту.)

Акрамя мастакоў, чые творы былі змешчаны ў кнізе "Ліда некалі і цяпер", горад Ліду малявалі і іншыя мастакі, сярод іх Паўль Пэшке і Герман Штрук.

Вядомы нямецкі мастак і графік Паўль Пэшке (Paul Paeschke, 1875-1943) нарадзіўся ў Берліне. Закончыў Берлінскую мастацкую акадэмію. У Першай сусветнай вайне прыняў удзел у якасці мастака і карэспандэнта газеты «Die Wacht im Osten» і пакінуў серыю афортаў з жыцця Ліды і Вільні.

Падчас Другой сусветнай вайны Пэшке працаваў педагогам у Брандэнбургу і працягваў жыць у сваёй берлінскай кватэры ў Зелендорфе.

Малюнкі Паўля Пэшке

1. Паўль Пэшке. Ліда. Фара. 1918 г.

Цві Герман Штрук.

2. Паўль Пэшке. Ліда. Фара. 1918 г.

3. Паўль Пэшке. Ліда. Жанчыны.

4. Паўль Пэшке. Ліда. Рынак.

5. Паўль Пэшке. Ліда. Сядзельцы.

6. Паўль Пэшке. Ліда. Вуліца.

7. Паўль Пэшке. Ліда. Талмуд-школа.

8. Паўль Пэшке. Ліда. Перад крамай.

(Малюнкі гл. у канцы артыкула)

Цві Герман Штрук

Мастак, прафесар Цві Герман Штрук быў адным з вядомых дзеячаў нямецкага яўрэйства. Падчас Першай сусветнай вайны, у 1916 г. ён наведаў Ліду і зрабіў літаграфію лідскага рынка. Маляваў ён з балкона лідскага яўрэйскага сямейства Гурфонгаў. Дадам, што з'яўляюся ўладальнікам аднаго з адбіткаў гэтай літаграфіі.

Літаграфія была надрукавана ў кнізе «Замалёўкі Літвы, Беларусі і Курляндыі», выдадзенай у Берліне ў 1916 г. Кніга ёсць у інтэрнеце.

Нямецкі і ізраільскі мастак, графік і літограф Герман Штрук, Хаім Аарон бен Давід (па-нямецку. Hermann Struck) нарадзіўся 6 сакавіка 1876 г. у Берліне і памёр 11 студзеня 1944 г. у Хайфе. Больш вядомыя яго графічныя работы і літаграфіі.

Штрук нарадзіўся ў яўрэйскай сям'і. Мастацкую адукацыю атрымаў ў берлінскай Акадэміі мастацтваў. Аўтар тэарэтычнай работы па графіку «Мастацтва гравіроўкі» («Die Kunst des Radierens», 1908). Быў настаўнікам для такіх майстроў, як Марк Шагал, Ловіс Корынт, Ёзаф Будка, Якаб Штэйнхардт і Лесер Уры.

Герман Штрук стварыў цікавыя партрэты сваіх многіх знакамітых сучаснікаў - Г. Ібсена, А. Эйнштэйна, Ф. Ніцшэ, З. Фрэйда і О. Уайльда. У гады Першай сусветнай вайны ён служыў у войску, пры Вярхоўным камандаванні «Ост» (Obe-rkommando Ost) на Усходнім фронце, рэферэнтам па справах ўрэяў на занятых германскімі войскамі тэрыторыях - Беларусі, усходняй Польшчы, Літвы і Латвіі. Пазнаёміўшыся з пісьменнікам Арнольдам Цвейгам (не блытаць са Стэфанам Цвейгам), Штрук разам з ім стварае кнігу-альбом «Абліччы ўсходне-еўрапейскіх яўрэяў» (Das ostjudische Antlitz, 1915).

Па веравызнанні Штрук быў артадаксальным іудэем, а па палітычных перакананнях - сіяністам. Упершыню наведаў Палестыну ў 1903 г. Адзін з заснавальнікаў руху «Мізрахі» ў рэлігійным сіянізме. У 1923 г. мастак эміграваў у тады брытанскую Палестыну. Быў членам мастацкай акадэміі Бецалель і адным з заснавальнікаў Мастацкага музея Тэль-Авіва.



LIDA einst und jetzt. 1. Рыма-каталіцкі касцёл, галоўны ўваход; 2. Галоўны алтар касцёла. LIDA einst und jetzt. 3. Від на касцёл з боку Зарэчча. LIDA einst und jetzt. 4. Сінагога; 5. Скрыня з Торай ў сінагозе. LIDA einst und jetzt. 6. Яўрэйскія могілкі. LIDA einst und jetzt. 7. Млын каля Ліды. LIDA einst und jetzt. 8. Гарадскі парк з музыкай. LIDA einst und jetzt. 9. Муры замка Гедыміна з поўдню. LIDA einst und jetzt. 10. Над берагам Лідзейкі. LIDA einst und jetzt. 11. Кляштар па-кармеліцкі (Дом жаўнера). LIDA einst und jetzt. 12. Праваслаўная царква; 13. Іканастас праваслаўнай царквы. LIDA einst und jetzt. 14. Від на праваслаўную царкву. LIDA einst und jetzt. 15. Рыма-каталіцкія могілкі. LIDA einst und jetzt. 16. Праваслаўныя могілкі; 25. У яўрэйскай крамцы. LIDA einst und jetzt. 17. Студня на рынку. LIDA einst und jetzt. 18. Хлопцы мятуць рынак; 20. Вуліца, якая вядзе да рынку (вуліца Крывая). LIDA einst und jetzt. 19. Сцэна на рынку. LIDA einst und jetzt. 21. Старая вуліца з тыповымі драўлянымі дамамі. LIDA einst und jetzt. 22. Драўляны дом з тыповым ганкам. LIDA einst und jetzt. 23. Стары заезд (карчма). LIDA einst und jetzt. 24. Унутры чайнай. P. Paeschke, 1918. 1. Паўль Пэшке. Ліда. Фара. 1918 г. P. Paeschke, 1918. 2. Паўль Пэшке. Ліда. Фара. 1918 г. P. Paeschke, 1918. 3. Паўль Пэшке. Ліда. Жанчыны. P. Paeschke, 1918. 4. Паўль Пэшке. Ліда. Рынак. P. Paeschke, 1918. 5. Паўль Пэшке. Ліда. Сядзельцы. P. Paeschke, 1918. 6. Паўль Пэшке. Ліда. Вуліца. P. Paeschke, 1918. 7. Паўль Пэшке. Ліда. Талмуд-школа. P. Paeschke, 1918. 8. Паўль Пэшке. Ліда. Перад крамай. Hermann Struck, 1916. Герман Штрук. Ліда. 1916. Hermann Struck, 1916. Ліда. 1916, літаграфія з калекцыі аўтара.

















[1] Stanislaw Iwanowski. Samoobrona w Lidzie i Grodnie w 1918-1919 // Zeszyty Historyczne. 1995. № 113. S. 110-113.

[2] Быў у той час лідскім радным.

[3] Sefer Lida. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. Tel-Aviv. 1970. P. 35.

[4] Тэкставая частка кнігі падаецца нязначна скарочана ў перакладзе з нямецкай мовы Арцёма Судніка, зробленым спецыяльна для "Лідскага летапісца".

[5] Сучасная мураваная фара, па маіх падліках, шосты касцёл на гэтым месцы - Л. Л.

[6] Адступаючымі рускімі войскамі была падпалена аптэка яка належала Бэйту Ханану Пупко на рагу вуліц Крывой і Каменскай і дом цесляра Левіна (прыехаў у Ліду з Воранава) па вуліцы Віленскай. Жыхары горада ўсе разам патушылі пажар. - Гл: Sefer Lida. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. Tel-Aviv. 1970. P. 34. - Л. Л.

[7] Жыхары горада ўспаміналі, што акупацыйныя ўлады імкнуліся прымусіць насельніцтва адчуць над сабой вяршэнства нямецкага акупанта. Адзін з першых загадаў акупацыйнай адміністрацыі - здымаць шапку перад любым нямецкім афіцэрам. Калі стары яўрэй-рэзнік Мардэхай Аарон каля рынка не заўважыў аўтамабіля камандуючага нямецкай 12-й арміяй генерала Макса фон Фабека і не зняў капялюш, генерал загадаў арыштаваць старога і на нейкі час пасадзіць у турму. Не лепшымі былі і іншыя афіцэры. Гл: Sefer Lida. P. 35. - Л. Л.

[8] Немцы тады вуліцу Каменскую пераназвалі ў Гарадзенскую. - Л. Л.

[9] У гэтым доме па вул. Віленскай, 19 пачаў працаваць «Нямецкі дом». З боку вуліцы Віленскай да гатэля была прыбудавана летняя тэраса рэстарана, з якой для наведвальнікаў меліся добрыя відарысы цэнтральнай вуліцы горада. Сюды з розных гарадоў Беларусі для нямецкіх жаўнераў былі прывезены прастытуткі, і гэтае месца мела адмысловую славу. - Гл: Sefer Lida. P. 35. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX