Першапачаткова павятовы маршалак узначальваў шляхту падчас вайсковага рушэння. Ён браў пад сваю каманду шляхту ад павятовага харунжага і прыводзіў яе да ваяводы свайго ваяводства. Калі шляхта злучалася з войскам ваяводы, павятовыя маршалак і харунжы перадавалі сваё войска ваяводзе.
У мірны час павятовы маршалак злучаў павет з каралём. Да Люблінскай уніі павятовыя маршалкі нават былі чальцамі рады ВКЛ, але Люблінская унія злучыла сенаты Польшчы і Літвы ў адзін агульны сенат і пакінула павятовых маршалкаў па-за гэтым сенатам - яны перасталі быць панамі-радай.
Акрамя сваіх вайсковых абавязкаў, павятовыя маршалкі яшчэ займаліся разбіральніцтвам судовых спраў, якія падлягалі каралеўскаму суду. Па сваім стане ў шэрагу іншых службовых асоб яны стаялі вельмі высока. У спісе ўрадоўцаў у 9-й кнізе публічных спраў Літоўскай метрыкі, маршалкі названыя пасля паноў-рады, але вышэй стараст, дзяржаўцаў і цівуноў. У спісе павятовых урадоўцаў маршалкі стаялі на першым месцы: вышэй за падкаморыя, харунжага, земскага суддзі, падсудка і пісара. Пры гэтым дазвалялася сумяшчаць маршалкоўства з іншымі пасадамі [1].
З канца XIV ст. з'явілася пасада гаспадарскага маршалка, ці маршалка ЯКМ (Яго каралеўскай мосці). Асобы на гэтай пасадзе выконвалі адмысловыя даручэнні вялікага князя і караля, кіравалі прыдворнымі службамі [2].
На працягу XV - 1-й паловы XVI ст. колькасць гаспадарскіх маршалкаў значна павялічылася і кожны з іх меў роўныя паўнамоцтвы. Гэта пасада не абмяжоўвала атрыманне асобай іншых урадаў, што спрыяла адносінам яе, як да добрага пачатку кар'еры. Па меры пераняцця польскіх традыцый гаспадарскі маршалак атрымаў некаторыя паўнамоцтвы намесніка ваяводы або кашталяна ў рэгіёнах, дзе іх не было. На час заключэння Люблінскай уніі (1569 г.) было 18 гаспадарскіх маршалкаў. Урэшце гаспадарскі маршалак быў ператвораны ў павятовага маршалка - асобу, адказную за арганізацыю павятовага сойміка [3].
Гэтак узнікала пасада «маршалак ЯКМ павета». Такі павятовы маршалак кіраваў шляхтай павета, склікаў і вёў павятовы соймік [4].
Пачну пералік усіх вядомых нам маршалкаў Лідскага павету:
Ян Юр'евіч Ваўчок (Ваўчковіч), маршалак гаспадаркі, канюшы і падканюшы віленскі, дзяржаўца васілішскі. 20.04.1566 г. ён - ужо лідскі маршалак, на пасадзе быў да сваёй смерці 23.05.1582 г.
Ян Нелюбовіч, маршалак гаспадаркі, як лідскі фігуруе ў дакуменце ад 17.05.1589 г., займаў пасаду да смерці ў 1612 г.
Філон Васільевіч Копець, намінаваны 03.12.1612 г. пасля Нелюбовіча, займаў пасаду да сваёй смерці, 20.09.1623 г., быў жанаты з Альжбетай Адамаўнай з Храбтовічаў, памерла ў 1628 г.
Аляксандр Халецкі, падскарбі ВКЛ, сакратар ЯКМ, былы віленскі войт. Намінаваны на пасаду 07.12.1623 г., пасля Копця, займаў яе да смерці, 27.09.1651 г. Меў трох жонак: першая, з 1638 г. Альжбета Ізабела з Дуніных-Раецкіх, кальвіністка, дачка менскага ваяводы; другая, з 1652 г. удава падскарбія ВКЛ Гедэона Трызны; трэцяя, Крыштофа з Патоцкіх, дачка падскарбія ВКЛ.
Тэафіл Дунін-Раецкі, сын менскага ваяводы, з кальвінізму перайшоў у католікі. Намінаваны на лідскага маршалка 12.10.1651 г. пасля Халецкага і займаў пасаду да смерці, 1.06.1680 г. Меў дзвюх жонак: першая кальвіністка Альжбета з Даўмонтаў, памерла ў чэрвені 1660 г.; другая, Альжбета з Друцкіх-Сакалінскіх, шлюб адбыўся ў 1665 г., памерла 22.03.1686 г. [5]
Сярод уплывовай шляхты ВКЛ, якія падпісалі Кейданскаю унію са Швецыяй, абсалютнай большасцю былі пратэстанты. Сярод іншых асоб, разам з віленскім ваяводам і вялікім гетманам Янушам Радзівілам, падпісаў унію і лідскі маршалак Тэафіл Дунін-Раецкі [6].
Маршалак Тэафіл Дунін-Раецкі пражыў бурнае і доўгае жыццё, яго тастамант датуецца 1680 г. Мяркуючы па гэтым дакуменце, лідскі маршалак быў тонкай, ўзнёслай і нават трошкі арыгінальнай натурай. Свой тастамант ён пачаў з таго, што канстатаваў відавочную, як яму здавалася, ісціну: смерць валодае чалавекам незалежна ад узросту, і таму абавязак кожнага - быць гатовым да яе. Пасля разважанняў пра тленнасць чалавечага быцця маршалак адзначыў прыярытэт Радзімы.
Звычайна ў тастамантах заўсёды агаворваліся месца і абрад пахавання. Месца залежала ад канфесійнай прыналежнасці аўтара: хавалі звычайна ў храме або каля яго, гэта давала храму шчодрыя ахвяраванні. Але Дунін-Раецкі пакінуў досыць сціплую суму святарам на малітвы, а пахаваць сябе загадаў не зусім звычайна - у полі за маёнткам, прычым магільны склеп пабудаваць наступным чынам: квадратны роў у вышыню чалавечага росту і шырынёй у чатыры «польскія локці» па перыметры магілы, само пахаванне - склеп, над якім насыпны, нічым не адзначаны ўзгорак без усялякага упрыгожвання. Такі від пахаванняў быў папулярны ў асяроддзі арыян (сацыніянян ці антытрынітарыяў) [7]. Гэты незвычайны спосаб пахавання не быў хвілінным капрызам маршалка. У тастаманце ён інфармаваў жонку, што ўсе матэрыялы ўжо падрыхтаваны і наняты муляры для будаўніцтва склепа.
Вядома, што большую частку свайго жыцця Раецкі быў пратэстантам і тастамант стаўся нагодай паказаць усім, што хоць ён і не мае ніякага дачынення да выгнаных з Рэчы Паспалітай арыянаў і перайшоў у каталіцтва, але захаваў сімпатыю да іх. Але тое, што ён католік, бачна ў некалькіх месцах тастаманту, тут ён піша пра тое, што ў гэтай магіле яго цела будзе чакаць уваскрэсення - арыяне прызнавалі толькі ўваскрэсенне душы.
Тастамант Дуніна-Раецкага адрасаваны тагачаснаму грамадству, але ўсё ж у першую чаргу яго другой жонцы, народжанай князёўне Друцкай-Сакалінскай. Мяркуючы па тастаманце сужэнцы жылі цалкам шчасліва. Нават пакідаючы другой жонцы канкрэтныя інструкцыі пра гаспадарку, Раецкі не саромеецца выказваць свае пачуцці да яе. Нават нерамантычны загад зрабіць выплаты старым слугам, пад пяром маршалка ператвараецца ў цудоўны панегірык жонцы. Само слова «жонка» ўжываецца выключна з такімі эпітэтамі як «любімая», «дарагая», «маё апошняе каханне», «сардэчная».
Асобнай клопатам Тэафіла быў лёс дзесяцігадовага сына. Сваю радню маршалак ведаў добра, і таму апекунамі сына сталі людзі хоць знатныя і багатыя, але не родныя. Апекуны з'яўляліся вядомымі асобамі, што павінна было адбіць жаданне радні пажывіцца за кошт малагадовага спадчынніка. Апекунамі былі прызначаны віленскі ваявода Міхаіл Пац (памёр у 1682 г.), мечнік ВКЛ Тызенгаўз, крайчы ВКЛ Уладзіслаў Тышкевіч (памёр ў 1684 г.).
Аднак сваёй дачцэ ад першага шлюбу Дунін-Раецкі не пакінуў нічога. Аплаціўшы даўгі зяця і раней выдзелены значны пасаг, ён лічыў, што сума гэтая цалкам для яе дастатковая. І нават папярэджваў дачку і зяця ад неабдуманых учынкаў у дачыненні да яго сына.
Іншыя сваякі (брат і пляменнік) таксама былі папярэджаны. Калі б не змякчальныя фармулёўкі, такое папярэджанне можна было б палічыць за прамыя пагрозы. Тэафіл Дунін-Раецкі звяртаўся да пляменніка вельмі высакароднымі словамі. Сутнасць звароту можна было звесці да наступнага: адны вы маладыя, як надзея, з нашага роду застаяцеся, таму будзьце сябрамі і дапамагайце адзін аднаму, у адваротным выпадку ёсць грозныя апекуны, якія дакладна не дадуць сірату ў крыўду. Дарэчы, пляменніку ад дзядзечкі таксама нічога не дасталося, хоць вельмі скнарлівым Дуніна-Раецкага назваць было нельга: ён, напрыклад, пакінуў пяцьсот злотых чалавеку, які некалі (15 - 17 гадоў таму) выходжваў яго ад ран. Акрамя таго, некалькі разоў у тастаманце напісана аб узнагародзе слугам і чэлядзі, якім дасталіся дастаткова значныя сумы.
Асобна ў тастаманце гучыць тэма дружбы. Рэдка калі ў такіх дакументах сустракаюцца такія тэмы, але наш маршалак быў асобай неардынарнай. Пералічваючы лепшых сваіх сяброў, ён выказваў падзяку кожнаму і прасіў аб апошняй паслузе: прыехаць на яго пахаванне для апошняга развітання [8].
Нейкім чынам пры жывым Раецкім, 29.11.1657 г. на лідскага маршалка быў намінаваны Уладзіслаў Леан Франскевіч-Радзімінскі, войскі троцкі. Але, зразумела, што пасаду ён не атрымаў.
Ян Станіслаў Курч, харунжы. Пасаду займаў з 08.01.1683 г. па дзень сваёй смерці 10.02.1684 г.
Аляксандр Ян Масевіч, харунжы. Намінаваны на пасаду 11.02.1684 г. (але, чамусьці, ужо 20.06.1683 г. распісаўся ў гродскай кнізе як лідскі маршалак), пасаду займаў да 12.04.1688 г., у дакуменце ад 09.04.1689 г. ён - ужо мсціслаўскі ваявода [9].
Ян Аляксандр Масевіч (? - каля 1696) - цікавая асоба ў нашай гісторыі. Паходзіў з незаможнага шляхецкага роду герба Копач (альбо Топач). Маладосць Яна Аляксандра Масевіча прайшла на ваеннай службе ў Сапегаў, ён ваяваў супраць украінскіх казакоў, а ў 1656 г. супраць шведаў пад Варшавай. У 1658 г. у якасці камісара гетмана Паўла Яна Сапегі ўдзельнічаў у складанні інвентара Ляхавіцкага замка. У 1659-1661 гг. з'яўляўся падстарастам Рэтаўскага цівунства, якое належала Сапегу [10].
У 1660-х гг. Ян Аляксандр Масевіч займаў пасаду лідскага гродскага пісара, з 1671 г. - пасаду лідскага земскага пісара. З 1680 г. - лідскага харунжага, з 1684 г. - лідскага маршалка. З 1690 г. мсціслаўскі ваявода [11]. З 1674 г. - шадаўскі цівун. На пачатку 1670-х гг. Ян Аляксандр Масевіч - маршалак двара Казіміра Яна Сапегі. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1673 г. На сойме 1683 г. абраны ў склад камісіі па перагаворах з Расіяй (пасяджэнні праходзілі ў Кадзіне).
У 1667 г. Ян Аляксандр Масевіч - дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на соймах 1668, 1677, 1683, 1685 гг. (на трох апошніх абіраўся ў склад Скарбовага Трыбунала ВКЛ), а таксама у 1688, 1689 г. У 1691 г. ён - маршалак Трыбунала ВКЛ. У 1669 г. удзельнічаў у выбарах польскага караля і вялікага князя літоўскага Міхала Вішнявецкага, у 1674 г. - Яна III Сабескага. З пераходам Сапегаў у 1680-х гг. у апазіцыю да каралеўскага двара, Масевіч стаў адным з лідараў сапегаўскага лагера на соймах Рэчы Паспалітай [12].
Мсціслаўскі ваявода ЯВп Ян Аляксандр Масевіч у 1692 г. ўзяў у арэнду Бердаўку Шункоўскіх і Гародна «застаўным правам за суму 55 тысяч» [13]. У Бердаўцы ён валодаў карчмой і акрамя гэтых маёнткаў, на Лідчыне Масевіч меў яшчэ Канюхі, агулам - 70 дымоў [14].
Эльяш Міхал Рымвід, падкаморы. Лідскім маршалкам быў з 17.08.1690 па дзень сваёй смерці, 06.05.1696 г. [15]
Жыццёвы шлях наверх Эліяша Міхала Рымвіда быў наступны: суддзя гродскі лідскі (1668-1671 г.), падстараста лідскі (1671-1682 г.), падстолі лідскі (1678-1683 г.), сурагатар гродскі віленскі (1682 г.), падкаморы лідскі (1683-1690 г.) і, нарэшце, маршалак лідскі (1690-1696 г.).
У 1669 г. сярод іншых паслоў ад Лідскага павета Эліяш Міхал Рымвід засведчыў абранне польскага караля і вялікага князя літоўскага Міхала Карыбута. З падымнага рэестра Віленскага ваяводства 1690 г. даведваемся, што Эліяш Міхал Рымвід, маршалак лідскі меў 100 дымоў, таксама валодаў Навадворскім староствам - 114 дымоў у 1667 г., 92 дымы ў 1690 г.
Эліяш Міхал Рымвід фігуруе і тастаманце Францкевіча-Радзімінскага. Гэты тастамант ад 22 жніўня 1694 г. сведчыць, што лідскую павятовую эліту звязвалі не толькі сваяцкія але і сяброўскія адносіны. Казімір Ян Францкевіч-Радзімінскі (лідскі стараста ў 1682-1694 гг.) не меў нашчадкаў і ў якасці апекуноў сваёй жонкі Аляксандры з Нарушэвічаў прызначыў Эліяша Міхала Рымвіда, маршалка лідскага і Аляксандра Нарушэвіча, старасту ўшпольскага [16].
Нясецкі піша пра Эліяша Рымвіда: «Эліяш Міхал, найперш падстараста гродскі лідскі, потым падкаморы, стараста Наваградскі (памылка, насамрэч Навадворскі - Л. Л.) і лаздзейскі (Лаздзіяй - Л. Л.), быў паслом на розныя соймы, куды яго шматкроць Айчына кідала, таксама дэпутатам на трыбунал скарбовы літоўскі, але ўжо камісарам, Constit. 1678 fol. 15, калі місія для нашых (гэта значыць езуітаў) пры касцёле дэмбраўскім, ад яго і ад ягонай жонкі функцыянавала, быў потым маршалкам лідскім». Ён быў жанаты з Крысцінай Гружэўскай, падкамаранкай жмудскай [17].
Гэтую інфармацыю пра Эліяша Міхала Рымвіда дапоўніў лідскі гісторык Міхал Шымялевіч. Ён пісаў, што Ян Гружэўскі, падкаморы жмудскі меў двух сыноў і ажно дванаццаць дачок: з іх Крыстына, была жонкай Эліяша-Міхала Рымвіда і Яна-Паўла Стрыеўскага, войскага гарадзенскага, чашніка саноцкага. Эліяш Міхал Рымвід разам з жонкай валодаў у былым Лідскім павеце Дэмбравам і меў пляц у Лідзе «ідучы з Рынка па вуліцы Каменка, па правай руцэ, праву шляхецкаму падлеглы», гэта пляц раней належаў Крыштафу Багдзевічу, потым ягонаму сыну Мальхеру. Сыны гэтага апошняга, Людвік і Казімір Багдзевічы прадалі пляц Эліяшу Міхалу Рымвіду, падстарасту лідскаму за 80 коп грошаў, а Ян Васілевіч, генерал Яго Каралеўскай Мосці Лідскага павета 4 лютага 1678 г. зацвердзіў гэтае набыццё. Пасля смерці Эліяша Міхала Рымвіда яго сын Ян Рымвід, маршалковіч лідскі і старасціч навадворскі і лаздзейскі 22 снежня 1702 г. спадкаваў пасля бацькі «двор у горадзе Лідзе на вуліцы, якая з Рынка на Каменку ідзе, з агароднікамі [18] там жа жывучымі» і прадаў яго Францішку Масевічу, маршалку лідскаму. Потым усе звесткі пра гэты род знікаюць [19].
Міхал Ян Александровіч, пісар земскі. Пасаду займаў пасля Рымвіда, з 01.12.1703 г. па 18.02.1712 г.
Міхал Ян Александровіч герба Косы быў ўладальнікам Касцянёва. Лідскі маршалак Міхал Александровіч, згодна з Урускім «муж шляхетны і праведны, не было ў павеце такога праблем, якімі бы ён не займаўся». Калі шведы наклалі на павет кантрыбуцыю і з-за ваеннага спусташэння землеўладальнікі не маглі яе выплаціць, ён заплаціў кантрыбуцыю гатоўкай, якую дастаў з сваёй шкатулкі, гэта пры тым, што і яго маёмасць была знішчана.
Францішак Юзаф Масевіч, харунжы. Намінаваны 28.09.1714 г. быў на пасадзе да смерці, 12.08.1716 г.
Казімір Сцыпіён дэ Кампа, падкаморы, пасаду заняў 03.07.1721 г. і быў маршалкам да смерці 10.05.1733 г. [20] Сваю першую сціплую пасаду лідскага мечніка Казімір Сцыпіён атрымаў у 1701 г. У 1711 г. ён ужо заняў месца свайго старэйшага брата Яна - стаў гродскім лідскім пісарам, а ў 1713 г. - лідскім падстоліем. У гісторыкаў стварылася ўражанне, што Казімір проста займаў пасады пасля свайго старэйшага брата, што, безумоўна, садзейнічала палітычнаму ўплыву Сцыпіёнаў у Лідскім павеце. Тры разы Казіміра Сцыпіёна абіралі ад Лідскага павета дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1714 г. ён стаў лідскім падкаморыем, а ў 1716-1717 г. маршалкам лідскім. Нягледзячы на два шлюба з Ганнай Гутоўскай і Зоф'яй Юдыцкай (памерла ў 1752 г., дачка рэжыцкага маршалка Антонія Юдыцкага), Казімір Сцыпіён не пакінуў нашчадкаў. Можа таму яго маёмасны стан застаўся невядомым [21].
Казімір Юзаф Нарбут, стольнік. На пасаду маршалка намінаваны 09.09.1752 г., займаў пасаду да 9.02.1767 г. (па іншай інфармацыі па 1768 г.) [22]. Яго ўнучка Аляксандра Цясельская з Нарбутаў ў XVIII ст. была членам Берлінскай акадэміі навук [23].
Ежы Антон Ёдка, падкаморы. Намінаваны 08.03.1768 г. і займаў пасаду да смерці 21.11.1783 г.
Францішак Антон Александровіч, намінаваны 21.02.1783 г. [24]
У складзе Расійскай імперыі да першай паловы XIX ст.
Ян Антон Нарбут, сын Казіміра і Мар'яны з Навіцкіх. Быў братам Дамініка і Казіміра Нарбутаў (піяра). У 1778 г. стаў паслом у сойм і там быў абраны у Скарбовую Камісію ВКЛ. У 1785 г. стаў стольнікам Лідскага павета і займаў гэтую пасаду да 1794 г. У траўні 1797 г. абраны на пасаду маршалка шляхты Лідскага павета і займай пасаду да 1798 г. Быў жанаты з Кларай Плятэр, меў дачку Казіміру, жонку вядомага капітана польскіх войскаў Юзафа Гружэўскага [25].
Аляксандр Остык-Нарбут, маршалак у 1798-1816 гг.
Ігнацы Скіндар, маршалак у 1816-1819 гг. Уладальнік маёнтка Лядцк, вывучаў права ў судовых установах, 1809 г. - падкаморы Лідскага павета, у 1816 г. - лідскі маршалак. У 1812 г. быў падпрэфектам Лідскага павета і ладзіў святкаванне дня нараджэння Напалеона ў Лідзе [26].
Антоні Скіндар, маршалак у 1819-1824 гг.
Ігнацы Скіндар, маршалак у 1824-1828 гг.
Рамуальд Кастравіцкі, маршалак у 1828-1830 і 1839-1844 гг. З усіх маршалкаў гэтага часу толькі Рамуальд Кастравіцкі меў вышэйшую адукацыю - у 1807 г. ён закончыў Віленскі ўніверсітэт [27].
Антон Скарбак-Важынскі, маршалак у 1831-1834 г.
Уладальнік Голдава Антон Скарбак-Важынскі жаніўся з Францішкай з Лясковічаў і праз яе атрымаў у пасаг вялікі маёнтак Ішчалну. Францішка ўдзедзічыла гэтую маёмасць ад бацькі. На партрэтах, якія віселі да 1939 г. у сталовай палаца ў Ішчалне, Францішка выглядае звычайнай жанчынай, першая маладосць якой ўжо прайшла. А яе муж Антон быў намаляваны высокім і прыстойным мужчынам у латах. Антон Скарбак-Важынскі меў тыпова славянскі твар - румяны бландзін з блакітнымі вачамі, з якіх біла энергія. Верагодна ён любіў уцехі, якія давала жыццё землеўладальніка: браў чынны ўдзел у публічным жыцці і цешыўся сімпатыяй паважаных суседзяў, таму хутка стаў маршалкам Лідскага павета. Францішка была жонкай ціхай і ўтульнай, замуж выйшла позна, ва ўзросце каля 30 гадоў. Вядома толькі, што яна добра грала на арфе і брала ўдзел у публічных канцэртах даход з якіх ішоў на філантрапічныя мэты. Скарбак-Важынскія мелі аднаго сына Баляслава [28].
Лідскі маршалак шляхты Антон Скарбак-Важынскі - 30 траўня 1831 г. у Лідзе пачаставаў сытым сняданкам шматтысячнае войска паўстанцаў. Як гаспадар маёнткаў, Антон Скарбак-Важынскі парадкаваў вёскі, ачышчаў палі ад камення, палепшыў гадоўлю быдла і значна ўзняў як матэрыяльны стан, гэтак і культурныя набыткі сваёй сям'і [29].
Граф Ваўжынец Путкамер, маршалак у 1847-1849. Пра гэтага чалавека я напісаў вялікі тэкст і таму дзеля эканоміі паперы, не буду паўтарацца. Цікаўныя, могуць пачытаць артыкул які ёсць і ў інтэрнэце [30].
Юзаф Марачэўскі, маршалак у 1850-1855 гг.
Другая палова XІX ст. - пачатак XX ст.
Традыцыйна павятовых і губернскіх маршалкаў шляхты («предводителей дворянства») выбірала дваранства. Рэгулярна, кожныя тры гады, склікаліся павятовыя і губернскія дваранскія сходы, якія выбіралі саслоўных прадстаўнікоў у дваранскі дэпутацкі сход. Акрамя таго, на дваранскіх сходах абіраліся суддзі ў павятовыя і губернскія суды і прадстаўнікі дваран ў розныя часовыя камісіі.
Пасля паўстання 1863-1864 гг. дваранскія сходы былі зачынены, а маршалкі пачалі прызначацца генерал-губернатарам. Цікава, што шляхта страціла права на саслоўнае самакіраванне тады, калі іншыя класы грамадства, наадварот, атрымалі такое права - пасля адмены прыгоннага права былі створаны інстытуты сялянскага самакіравання, а ў 1870-80 гг. пашыраны правы гарадскіх саслоўяў.
Адразу пасля паўстання маршалкі шляхты, якія падазраваліся ў сувязях з паўстанцамі, былі знятыя з пасадаў. У 1864 г. было вырашана ўсе пасады ў Заходніх губернях даваць чыноўнікам рускага паходжання.
Аднак знайсці новых маршалкаў было не так проста. Абавязковай умовай была прыналежнасць да мясцовага дваранства і наяўнасць зямельнай уласнасці, пажадана ў тым жа павеце, які ўзначальваў маршалак, да таго ж маршалак шляхты не атрымліваў заробак і павінен быў жыць на свае сродкі. А рускіх абшарнікаў у краі было не шмат.
Аднак знайсці новых маршалкаў было не так проста. Абавязковай умовай была прыналежнасць да мясцовага дваранства і наяўнасць зямельнай уласнасці, пажадана ў тым жа павеце, які ўзначальваў маршалак, да таго ж маршалак шляхты не атрымліваў заробак і павінен быў жыць на свае сродкі. А рускіх абшарнікаў у краі было не шмат.
Маршалак шляхты меў вялікія паўнамоцтвы. Ён старшынстваваў у Дваранскай апецы, павятовым рэкруцкім «присутствии», рэвізійнай камісіі, павятовым камітэце грамадскага здароўя. Таксама працаваў у камітэтах: царкоўна-будаўнічым і дарожным; у папячыцельстве аб дзіцячых прытулках, у камісіях: для вызначэння ўзнагароджання ўладальнікам за маёмасць, якая адыходзяць паводле судовага прысуду ў казну; для ацэнкі нерухомай маёмасці, якая адыходзіла з прыватнага валодання; у губернскай управе пры продажы нерухомай маёмасці дваран і г.д. Маршалкі узначальвалі турэмныя камітэты, былі членамі-карэспандэнтамі губернскага статыстычнага камітэта. Акрамя таго, яны выконвалі мноства канкрэтных абавязкаў па справах свайго саслоўя.
Праз нейкі час пасля паўстання, імперскія ўлады зноў пачалі абмяркоўваць розныя варыянты законаў пра маршалкаў. Адны генерал-губернатары прапаноўвалі вяртацца да выбараў, іншыя, наадварот, жадалі ўзмацніць на іх ціск і ўрадавы кантроль. Справа пайшла па лініі ўзмацнення кантролю, і з 1888 г. у Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губернях маршалкамі шляхты не была прызначана ні адна асоба «польскага паходжання» [31].
Пры канцы 1890-х гадоў павятовы прадвадзіцель дваранства ў Заходніх губернях ператварыўся ў звычайнага бюракрата, стаў дзяржаўным чыноўнікам. Таму ў Віленскім генерал-губернатарстве не было недахопу ахвочых атрымаць месца павятовага маршалка, а па сумяшчальніцтву - старшыні з'езда міравых пасярэднікаў. Дарэчы, маршалкі пачалі атрымліваць заробак як міравыя пасярэднікі.
У 1903 г. у Заходніх губернях былі ліквідаваны пасады міравых пасярэднікаў і ўведзены пасады земскіх начальнікаў. Павятовыя маршалкі шляхты сталі старшынямі павятовых з'ездаў земскіх начальнікаў, яны лічыліся ў 5 службовым класе і па гэтым разрадзе атрымалі права на дзяржаўную пенсію.
Рэвалюцыя 1905-07 гг. прымусіла ўрад пачаць шукаць іншыя шляхі, перагледзець сваё стаўленне да выбарнасці маршалкаў шляхты, бо рускі памешчык або чыноўнік, ніяк не звязаны з мясцовымі землеўласнікамі, так і не атрымаў вотум даверу шляхты. Імператарскі ўказ ад 1 траўня 1905 г. павінен быў аднавіць выбары дваранскіх сходаў і маршалкаў шляхты ў заходніх губернях.
Але дваранскія выбары ў заходніх губернях адноўлены не былі. Напружаная палітычная абстаноўка прымусіла адкласці рашэнне гэтага пытання, і ўрад да яго больш не вяртаўся. Да канца імперскай Расіі маршалкамі шляхты былі асобы, прызначаныя ад урада, у асноўным памешчыкі і чыноўнікі рускага паходжання і праваслаўнага веравызнання. Адзіным выключэннем быў католік, граф Людвіг Уладзіслававіч Грабоўскі, які ў 1905-1917 гг. па чарзе займаў пасады дзісенскага, лідскага і віленскага павятовых маршалкаў [32].
Стэфан Буткевіч (19.02.1815-30.03.1896). Пра гэтага чалавека, я дастаткова падрабязна пісаў у сваіх ранейшых артыкулах [33].
Іван Ільіч Чапялеўскі (1842-1904). Маршалак лідскай шляхты з 15.05.1875 па 1881 г. і з 1890 г. па 1895 г. З 5 ліпеня 1896 г. па 24 траўня 1899 г. - Віленскі губернатар. З 24 траўня 1899 г. па 25 кастрычніка 1904 г. - Віцебскі губернатар.
Паходзіў з дваран Калужскай губерні. Адукацыю атрымаў у першым Маскоўскім кадэцкім корпусе, уступіў у службу 30 чэрвеня 1862 г. падпаручнікам ў 8-ы стралковы батальён і неўзабаве быў пераведзены прапаршчыкам ў 6-ю артылерыйскую брыгаду. У 1863 г. пераведзены ў батарэю 11-й артылерыйскай брыгады. Ваенную службу з-за хваробы пакінуў у 1864 г. Праз 4 гады, у 1868 г. ён быў залічаны ў распараджэнне галоўнага начальніка Паўночна-Заходняга краю з адкамандзіраваннем у часовую камісію па сялянскіх справах. У 1869 г. прызначаны міравым пасярэднікам 1-га ўчастка Віленскага павета, у 1873 г. прызначаны старшынём Лідскага павятовага міравога з'езда і залічаны ў штат міністэрства ўнутраных спраў.
У 1875 г. прызначаны Лідскім павятовым маршалкам шляхты, а ў 1878 г. - ганаровым міравым суддзём Лідскай судовай міравой акругі. У 1881 г. удзельнічаў у працах камісіі, заснаванай па загаду імператара, па высвятленні шкодных бакоў эканамічнай дзейнасці яўрэяў у Віленскай губерні. У тым жа годзе прызначаны членам ад урада ў Віленскае губернскае «присутствие» па сялянскіх справах. У 1882 г. прызначаны членам губернскіх «присутствий» па вайсковай павіннасці і па гарадскіх справах, а таксама вучэбнага савета Віленскай дырэкцыі народных вучылішч. У тым жа годзе запрошаны ў Пецярбург для ўдзелу камісіі па «устройству быта» чыноўнікаў паўночна-заходніх губерній. У 1886 г. прызначаны ганаровым міравым суддзём Віленскай судовай міравой акругі. У 1890 г. прызначаны Віленскім павятовым прадвадзіцелем дваранства і старшынём Лідскага з'езда міравых пасярэднікаў. У 1894 г. прызначаны Віленскім губернатарам [34].
Кабылінскі Люцыян Людвігавіч, маршалак лідскай шляхты з 17 лютага 1882 г. па 1890 г. Рыма-католік, закончыў Кіеўскі ўніверсітэт [35]. Відочна, сам пайшоў з пасады, бо ажно да 1915 г. займаў розныя невялікія выбарныя пасады ў павеце. У 1892 г. Францішак Багушэвіч пісаў пра Кабылінскага: «Ужо год, як у адстаўцы, хоць ездзіць яшчэ на тройцы» [36].
З 12 чэрвеня 1890 г. лідскім маршалкам ізноў стаў дзейны стацкі дарадца Іван Ільіч Чапялеўскі.
З 2 лютага 1895 г. тытулярны дарадца Павел Міхайлавіч Дублінскі - лідскі маршалак, праваслаўны, закончыў Маскоўскі ўніверсітэт [37].
Іван-Міхаіл Робертавіч фон Віт, маршалак ліскай шляхты з 30.07.1899 г. па 07.06.1906 г. З 07.06. 1906 па 1915 г. быў маршалкам шляхты Віленскага павета. Скончыў Паўлаўскае вайсковае вучылішча.
Каб атрымаць месца маршалка, прэтэндэнты звярталіся да рэкамендацый або пратэкцыі - гэта было звычайнай справай. Менавіта такім чынам, маршалкам спачатку Лідскага а потым Віленскага паветаў стаў зяць былога віленскага віца-губернатара, а потым Пермскага губернатара Пятра Рыгоравіча Пагодзіна. Іван-Міхаіл Робертавіч фон Віт праслужыў маршалкам розных паветаў каля 17 гадоў. Ён паходзіў з дваран Эстляндской губерні, належаў да лютаранскага веравызнання, уласнага маёнтка не меў, але ў жонкі быў маёнтак у Магілёўскай губерні. Цесць выпрасіў яму не толькі месца, але і дамагаўся для яго прыдворнага звання камер-юнкера ў абыход Віленскага губернскага маршалка шляхты Сымона Апалінар'евіча Красоўскага [38].
Грабоўскі Людвік Уладзіслававіч, маршалак Лідскага павета з 07.06.1906 па 25.07.1916 г., губернскі маршалак Віленскай губерні з 25 ліпеня 1916 г.
Як вядома, дваранскія выбары ў Заходніх губернях адноўлены не былі, і граф Людвік Грабоўскі на сваю пасаду быў прызначаны. У 1903-1917 гг. ён пабыў павятовым прадвадзіцелям дваранства Дзісенскага, Лідскага і Віленскага паветаў.
Людвік Грабоўскі быў мясцовым абшарнікам, валодаў маёнткамі ў Лідскім павеце Віленскай губерні і Наваградскім павеце Менскай губерні. Ягоная жонка мела маёнткі ў Вілейскім і Свянцянскім паветах. Да 39 гадоў ён займаўся гаспадаркай у сваіх маёнтках, пакуль ў 1903 г. не быў прызначаны земскім начальнікам ў Свянцянскім павеце. Кар'ера Л. В. Грабоўскага складвалася дрэнна, але ён працягваў служыць, бо спадзяваўся, што губернскае кіраўніцтва выканае свае абяцанні і ён атрымае хуткае падвышэнне па службе, каб такім чынам вырашыць свае матэрыяльныя праблемы. Аднак пасада маршалка наадварот, каштавала яму двух маёнткаў, якія давялося прадаць для пакрыцця расходаў па службе, і страты даверу мясцовых абшарнікаў. Пра абяцанні службовай кар'еры давялося нагадваць гадамі, адзіным суцяшэннем было залічэнне ў спіс кандыдатаў на пасаду віца-губернатара Віленскай альбо ў адной з цэнтральных губерняў. Грабоўскі спрабаваў атрымаць пасаду старшыні Віленскага павятовага з'езда міравых суддзяў ці перавесціся ў Вільню ўчастковым міравым суддзём, але ягоныя просьбы былі пачутыя толькі ўлетку 1916 г., калі атрымаў жаданую пасаду Віленскага павятовага маршалка дваранства. Аднак губерня была ўжо акупавана немцамі [39].
Людвік Грабоўскі быў вядомым конназаводчыкам, пра ягоны ўдзел у Агульнарасійскай выставе 1883 г. пісаў Уладзімір Гіляроўскі ў кнізе «Сябры і сустрэчы»: «Палова чэрвеня, а ўжо пачыналі вызначацца кандыдаты на выйгрыш дэрбі, хоць уладальнікі на ранішніх галопах стараліся схаваць жвавасць сваіх крэкаў (крэк - фаварыт, Л. Л.) ... Як журавель на балоце, у далёкім куце іпадрома нерухома стаяў польскі конназаводчык Людвік Грабоўскі. Свайго трохгодку, які, як ён верыў, павінен па-за канкурэнцыяй ўзяць дэрбі, Грабоўскі не пускаў сёння, таму што публікі сабралася зашмат. Гэты заўзяты паляўнічы любіў скакавую публіку толькі ў тыя моманты, калі ягонага каня, які ўзяў вялікі прыз, публіка заахвочвала апладысментамі. Тады Грабоўскі браў левай рукой яшчэ не астылага скакуна за лейцы і праводзіў яго перад трыбунамі пад апладысменты публікі ў адказ размахваючы цыліндрам, паднятым вышэй галавы каня» [40].
Лідская шляхта запомніла эпізод, як Людвік Грабоўскі сабраў дэлегацыю для сустрэчы цара на вакзале г. Ліды. Уладальнік Малога Мажэйкава Андрэй Брахоцкі пісаў праз шмат гадоў: «Толькі post factum мы даведваліся, што мой бацька браў удзел у дэлегацыі «дваран», якія на станцыі Ліда віталі цара Мікалая ІІ, калі той праязджаў чыгункай. Тады мы не ведалі, што маршалак шляхты Грабоўскі адмыслова мабілізаваў ваколічную заможную шляхту, байкот гэтага «вернападданніцкага чыну» мог прывесці да рэпрэсій, уключаючы канфіскацыю маёнтка» [41].
Лепшы лідскі гісторык ХХ ст. Міхал Шымялевіч пісаў: «Найвышэйшым чыноўнікам і прадстаўніком Лідскага павета быў павятовы маршалак шляхты граф Людвік Грабоўскі, прамы нашчадак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага ад марганатычнага шлюбу з Альжбетай Грабоўскай» [42]. Мае пошукі паказваюць, што Шымялевіч, як заўсёды, меў рацыю. Зробім невялікі экскурс у генеалогію Грабоўскіх гербаў Окша і Тапор.
Першы з вядомых Грабоўскіх, Ян Грабоўскі быў руплівым кальвіністам. Ён перасяліўся ў Літву, а ягоныя сыны Крыстыян (Кшыштаф), берасцейскі гараднічы і Марцін, віцебскі стольнік, падпісалі элекцыю караля Яна ІІІ.
Лінія Кшыштафа Грабоўскага:
Крыстыян (Кшыштаф) памёр у 1711 г., меў сыноў Юзафа, берасцейскага гараднічага і Войцеха, берасцейскага земскага суддзю.
У Юзафа былі два сыны: Францішак Аляксандр і Крыштаф. Францішак Аляксандр - абозны берасцейскі (1749 г.), гродскі старадубскі суддзя (1762 г.), гродскі берасцейскі суддзя (1765 г.), пакінуў сына Феліцыяна, пружанскага маршалка. Ягоны сын Караль Рафал быў спярша пружанскім (1826 г.), а потым лідскім (1837 г.) апеляцыйным суддзём. З'яўляўся ўладальнікам Плянтаў і Вялікага Мажэйкава, памёр у 1857 г. Разам з Касыльдай з Цяльшэўскіх меў сына Станіслава, уладальніка Вялікага Мажэйкава і дачок: Теадозію (жонка Станіслава Аскеркі), Францішку (жонка Стэфана Верашчакі), Марыю (жонка Баляслава Скарбак-Важынскага). У дадзеным артыкуле, гэтая лінія нас не цікавіць.
Лінія Марціна Грабоўскага:
Марцін, брат Крыштафа быў жанаты з Катажынай Аборскай, якая ў 1727 г. зрабіла запіс грошай на слуцкі евангелісцкі збор. Яны мелі сына Стэфана (жанатага з Тэадозіяй Стрыенскай). Сыны Стэфана і Тэадозіі: Ян Ежы, Тамаш, Павел і Міхал. Ян Ежы быў жанаты з Альжбетай Шыдлоўскай [43].
Альжбета Грабоўская з Шыдлоўскіх (1748-1810). Нарадзілася ў 1748 ці 1749 г. Мела 16 гадоў, калі будучы кароль Рэчы Паспалітай, а ў той час яшчэ літоўскі стольнік, патрапіў пад яе жаночыя чары і прапанаваў яе бацьку, харунжаму, абірацца паслом на канвакацыйны сойм [44]. Пасля ўступлення на трон Станіслаў Аўгуст даў бацьку Альжбеты асобнае Познанскае кашталянства, а потым пасадзіў у крэсла плоцкага ваяводы.
Некаторыя з гісторыкаў сцвярджаюць, што Альжбета Шыдлоўская была не прыгажуняй, а наадварот, нават і брыдкай [45]. Але іншыя, напрыклад Юліюш Фалькоўскі («Obrazy z życia kilku ostatnich pokoleń w Polsce») пісаў, што «яна была прыгожая, пульхная з гладка акругленымі формамі, за што яе і кахаў Ягамосць кароль, аднак акрамя жаночай прывабнасці, мела яна яшчэ добры розум і разуменне палацавага этыкету, пражыўшы дваццаць гадоў пры сапсаваным двары Станіслава Аўгуста, яна ўплывала на прызначэнне ўраднікаў, стараст, на узнагароджанне чыноўнікаў, была прызнана нават найвышэйшай арыстакратыяй і мела павагу да канца свайго жыцця». Ва ўзросце 20 ці 21 год Альжбета выйшла замуж за ўдаўца, генерала Яна Ежы Грабоўскага. Шлюб у варшаўскай катэдры св. Яна праводзіў ксёндз-біскуп куяўскі Астроўскі. Пасля шлюбу Грабоўскія выехалі ў свой маёнтак ў Літве. Калі генерал памёр, ад гэтага другога шлюбу засталося пяць дзяцей: Аляксандр, Павел, Міхал, Казімір, Ізабела і Станіслаў. Прычым натарыяльна было заверана, што Станіслаў - сын караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У кастрычніку 1784 г. кароль марганатычна жаніўся з удавой генерала Грабоўскага Альжбетай. У вялікай таямніцы гэты саюз дабраславіў ксёндз-біскуп Альбертрандзі. «Дзеці яе адгэтуль выхоўваліся пры двары, кароль меў да іх вялікую ласку праз каханне да пані Грабоўскай, якую, аднак, публічна за жонку не прызнаваў не толькі таму, што гэта было дрэнна для каралеўскай годнасці, але і таму, што не жадаў пагаршаць і так дрэнныя адносіны з Грабоўскімі - лідарамі дысідэнцкіх канфедэрацый» - пісаў гісторык Юльян Барташэвіч. Таемная жаніцьба таксама дрэнна ўздзейнічала на рэлігійныя пачуцці народа, які і да таго не любіў Грабоўскую і абвінавачваў яе ў спрыянні збліжэнню караля з Расіяй. Па-іншаму бачыў яе ролю драматург Дамінік Магнушэўскі ў п'есе «Posіedzenіe Baccіarallego», тут яна - патрыётка сваёй дзяржавы. Кастамараў таксама лічыў яе патрыёткай, але гэта аспрэчвалі Крашэўскі і Барташэвіч. Тым не менш, Альжбета Грабоўская была руплівай каталічкай і выхавала сваіх дзяцей у рыма-каталіцкай веры.
Перад выбухам паўстання 1794 г., кароль адправіў сваю жонку ў Галіцыю, а потым у Вену. У гэты час сын караля Станіслаў, вучыўся ў Рыме, і кароль дасылаў сваёй жонцы 300 дукатаў у квартал, а сыну - 250.
Калі пазбаўлены кароны Станіслаў Аўгуст жыў у Пецярбургу, дзе па міласці цара Паўла І яму было дазволена мець свой двор, пані Грабоўская, пакінуўшы дзяцей у Варшаве, прыехала да свайго мужа і была з Панятоўскім да ягонай смерці ў сакавіку 1798 г. Было ёй ў той час каля 50 гадоў, мела яна лішнюю вагу, але любіла свет, бо мела вясёлы характар. Пасля смерці караля вярнулася ў Варшаву, і праз нейкі час яе салон пачаў лічыцца лепшым у горадзе.
Памерла Альжбета Грабоўская 28 траўня 1810 г.
Прызнаны сын караля Панятоўскага, Станіслаў, нарадзіўся 1780 г. і атрымаў прозвішча Грабоўскі - кароль ніколі не жадаў публічна прызнавацца ў сваім марганатычным шлюбе. Таму ў 1792 г. ён загадаў скласці свайму сыну радавод «па мячы» да 16-калена па лініі генерала Яна Ежы Грабоўскага [46].
Станіслаў Грабоўскі - з 1793 г. камандор мальтыйскага ордэна, з 1812 г. - сакратар Рады Міністраў герцагства Варшаўскага, з 1819 г. - кашталян, з 1825 г. - міністр асветы і рэлігійных вызнанняў Польскага каралеўства, у 1836 г. - генеральны кантралёр у чыне расійскага тайнага дарадцы.
Станіслаў Грабоўскі меў дзве жонкі: Цацылію з Дамбоўскіх і Юлію з Забелаў. З першай жонкай меў дачку Меланню і сыноў Леана і Людвіка. З другой жонкай меў дачок Марыю і Міхаліну.
Граф Людвіг (другі сын Станіслава і Цацыліі з Дамбоўскіх) нарадзіўся ў 1809 г. Меў дзве жонкі: Лаўру з Бычэўскіх і Камілу з Астрогаў. Ад першай жонкі меў сына Уладзіслава, які ў сваю чаргу жаніўся з Марыяй Мілачэўскай і меў сына Людвіка, які і займаў пасаду маршалка Лідскага павета.
Маршалак лідскай шляхты Людвік Грабоўскі быў жанаты з Марыяй Свентажэцкай, меў сына Уладзіслава (1890 г .н.) і дачку Зоф'ю [47].
Трэба яшчэ раз заўважыць, што Людвік Грабоўскі быў вельмі далёкім сваяком уладальніка велічэзнага маёнтка Вялікае Мажэйкава Станіслава Грабоўскага.
[1] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569 - 1586). Т. 1. С. Петербург, 1901. С. 313-321.
[2] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. T. 1. S. 20-21.
[3] Энцыклапедыя ВКЛ, Т. 2. Мінск, 2005. С. 273.
[4] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 21.
[5] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 337-338.
[6] Ateneum Wilenskie. R.10. Wilno, S. 173-224.
[7] Частка кальвіністаў Рэчы Паспалітай, якая прызнала традыцыйную інтэрпрэтацыю дагмата пра Тройцу за непраўдзівую, утварыла ў 1562-1565 гг. уласны Збор, які яны называлі «меншым». Самі кальвінісцкія дысідэнты не называлі сябе арыянамі або антытрынітарыямі, называліся проста хрысціянамі або «братамі». Пэўная ідэалагічная і арганізацыйная ўнармаванасць у арыянства з'явілася ў кан. XVI - пач. XVII ст., гэта ўніфікацыя звязана з дзейнасцю Фаўста Соцына.
[8] http://pawet.net/library/history/city_district/data_people/policies/raecki/Философское_завещание_маршалка_Теофила_Раецкого.html
[9] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 338.
[10] Масевіч Аляксандр Ян // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Мінск, 2010. Т. 3. С. 342.
[11] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 317; 339; 347.
[12] Масевіч Аляксандр Ян // Вялікае княства Літоўскае. Т. 3. С. 342.
[13] Lwowska Naukowa Biblioteka im. W. Stefanyka NAN Ukraine. Oddzial Rekopisow. Zespol 4. Dzial I (sygnatura oryg.: 1287). Akty sadowe roznych rodzin polskich i rusko-litewskich 1512-1869. Арк. 308-313.
[14] Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskigo. Województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 209.
[15] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 338.
[16] Амелька С. Да пытання аб складзе палітычнай эліты шляхты Лідскага павета ВКЛ у другой палове // Герольд Litherland 2006. № 17. С. 87-89.
[17] Herbarz polski Kaspra Niesieckiego. Lipsk, 1841. Т. 8. S. 210.
[18] Па «Уставе на валокі» 1557 г., участак зямлі ў 3 морга, лічыўся агародам і гэту катэгорыю сялян пачалі называць агароднікі.
[19] Szymielewicz Michał. Skąd pochodzi ród Adama Mickiewicza // Ziemia Lidzka 1938. № 9. S. 113-116.
[20] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 338-339.
[21] Данскіх Сяргей. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі // Герольд Litherland № 17. 2006. С.57 - 68.
[22] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 339.
[23] Гл: Лаўрэш Леанiд. Аляксандра Нарбут - акадэмiк Берлiнскай акадэмii навук // АСОБА і ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 4. 2011. Мінск. С. 6-16.
[24] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 339.
[25] Polski Słownik Biograficzny. Т. XXII. Wrocław-Warszawa- Kraków, 1977. 529-530.
[26] Гл.: Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. Гродна, 2016. С. 45.
[27] Токць Сяргей. Шляхецкае самакіраванне ў Гродзенскай губерні (пачатак XIX ст. - 60-ыя гады XIX ст.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 1997. №7. С. 15.
[28] Karol Laskowicz: (Kresowy dwór i jego sąsiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnień. // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu, sygn. 15480/II. S. 11-12.; 153.
[29] Там жа. S. 174-180.
[30] Гл: Лаўрэш Леанід. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5. 2013. С. 302-313.
[31] Байрашаускайте Тамара. Институт предводителей дворянства в западных губерниях Российской империи во второй половине XIX в. - начале XX в. (Виленская и Ковенская губернии) // Беларускі гістарычны зборнік. 2014. №41. С. 67-69.
[32] Там сама. С. 75-84
[33] Гл: Лаўрэш Леанід. Лідскія могілкі // Наша Слова. № 19 (1222), 13 траўня 2015.: Лаўрэш Леанід. Лідскія могілкі // Лідскі Летапісец. 2016. №2(74). С. 38-60.: Лаўрэш Леанід. Новае пра Лідскія гарадскія могілкі // Лідскі Летапісец. 2018. № 3(83). С. 34-41.
[34] Альманах современных русских государственных деятелей. СПб., 1897. С. 761-762.
[35] Памятная книжка Виленской губернии на 1887 г. Вильна, 1886. С. 222.
[36] Содаль Уладзімір. Сем раз ён Ліду адведаў // Лідскі летапісец. 2005..№ 3(31). С. 10.
[37] Памятная книжка Виленской губернии на 1896 г. Вильна, 1895. С. 244.
[38] Байрашаускайте Тамара. Институт предводителей дворянства в западных губерниях Российской империи ... С. 76.
[39] Байрашаускайте Тамара. Институт предводителей дворянства в западных губерниях Российской империи. S. 84-85.
[40] Гиляровский В.А. Друзья и встречи. Сборник. Москва, 2010. С. 112-113.
[41] Brochocki Andrzej. Na przelomie dwoch epok: zapiski obszarnika (wspomnienie z lat 1894-1939) // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu., sygn. 15615/II. S. 19.
[42] Szymielewicz M. Lida w latach wielkiej wojny // Ziemia Lidzka. 1939. № 7-8. S. 187.
[43] Boniecki Adam. Herbarz Polski Cz.1. T. VII. Warszawa, S. 9.
[44] Канвакацыйны сейм збіраўся падчас безкаралеўя. Павінен быў вызначыць тэрмін, месца і ўмовы элекцыі будучага караля.
[45] Гл: Kraszewski J. Polska w czasie trzech rozbiorów 1772-1799: studya do historyi ducha i obyczaju. Tom III. 1791-1799. Warszawa - Kraków, 1903. S. 648.
[46] Żychliński Teodor. Zlota księga szlachty polskiej. Poznan, 1881. Rocznik III. S. 79-80, 85.
[47] Uruski Seweryn. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. 4. Warszawa. 1907. S. 346.