Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Гаштольды 


Аўтар: Ярашэвіч Аляксандр,
Дадана: 07-02-2008,
Крыніца: 'Спадчына' №6 -1992 г. С.53-58.



3 некалькіх соцень касцёлаў Віленскай дыецэзіі, якая ахоплівала амаль усю цяперашнюю Беларусь і Віленскі край, толькі два прысвечаны святому Мікалаю. Адзін - у Вільні, заснаваны яшчэ да хрышчэння Літвы для замежных купцоў і рамеснікаў. У пачатку нашага стагоддзя, калі каталіцтва Вільні было паланізавана, толькі ў гэтым касцёле чуліся літоўская і беларуская мовы, каля яго групаваліся ініцыятары нацыянальнага рэлігійнага Адраджэння.

Другі Мікалаеўскі касцёл стаіць у Геранёнах, побач з руінамі замка. Па звестках з архіва Віленскай дыецэзіі, касцёл заснаваны ў 1411 г. князем Жыгімонтам Кейстутавічам пры біскупу Мікалаю з Гажкова. Аднак уся ранняя гісторыя Герамёнаў звязана з Гаштольдамі. Крыжацкія хронікі згадваюць у 1380-х гг. «Гаштольдэндорф» каля Геранёнаў. Гаштольды часта сустракаліся з крыжакамі і на полі бою, і за перамовамі. Ул. Сямковіч лічыў, што яны перасяліліся з-пад Вялёны ад небяспечных суседзяў у Старыя Геранёны (цяпер Суботнікі), дзе меў свой двор віленскі ваявода Монівід. А гэта абяцала пэўную бяспеку.

У XV ст. Гаштольды стаяць на самым версе феадальнай піраміды Вялікага Княства Літоўскага. Ян (Івашка) быў сярод бліжэйшых паплечнікаў Вітаўта ў барацьбе за аднаўленне суверэннасці Княства пасля Крэўскай уніі, а па яго смерці стаяў на чале «сепаратыстаў» у барацьбе за незалежнасць Літвы, за вяртанне ёй Валыні і Падляшша. Подпіс Яна ёсць на акце Гарадзельскай уніі і ўсіх астатніх важных дзяржаўных дакументах. Ён выказаўся за трынаццацігадовага Казіміра Ягелона пры выбары ліцвінамі вялікага князя пасля міжусобіцаў 1430 гг. і стаў яго дарадцам («дзядзькам»). Хутка Ян замяў пасаду віленскага ваяводы, найважнейшую ў дзяржаве. Гаштольд быў супраць таго, каб Казімір станавіўся адначасова польскім каралём, і калі гэта адбылося, узначаліў апазіцыю, на чым страціў ласку караля, а разам з тым асноўны двор - «Геранёны Мураваныя», які вярнулі Гаштольдам толькі ў 1493 г.

Сын Яна, Марцін, меў больш сціплае і спакойнае жыццё і кар'еру. Энергічны характар і палітычныя ідэі Яна Гаштольда пераняў сын Марціна і княгіні, Марыны Трабскай Альбрэхт (Ольбрахт, Войцех) - безумоўна, не толькі самы вядомы прадстаўнік роду, але і найбольш знакаміты палітычны дзеяч 1-й паловы XVI ст. Гэта ён збудаваў у Геранёнах замак, руіны якога можна бачыць і сёння, а побач - замкавую капліцу (касцёл св. Мікалая).

Бацькоў Альбрэхт страціў у маленстве, апекавалася ім і сястрой мачаха Ганна Юр'еўна Гальшанская і бабка княгіня Трабская, якая пазней адпісала выхаванцам свае вялікія ўладанні. У 1492 г. Альбрэхт значыцца сярод студэнтаў Ягелонскага універсітэта. Невядома, ці давялося яму вучыцца ў Еўропе, але неаднаразова ездзіў ён да цэзарскага двара як пасол. Быў прызначаны наваградскім намеснікам якраз у часе крымскіх набегаў, біў татараў з гетманам Станіславам Кішкам. У 1505 г., калі літоўскія паны пры з'яўленні татарскіх загонаў каля Наваградка спешна ад'ехалі за Нёман, Гаштольд застаўся ў замку і адбіў напад. Западозраны ў зносінах з Глінскім (гісторыкі бачаць тут інтрыгі Радзівілаў), страціў пасаду і ледзь апраўдаўся на сейме перад каралём. Удзельнічаў у войнах з Масквою - абараняў Смаленск у 1507 г., змагаўся пад Оршаю, летам 1513 г. разбіў маскоўскае войска пад Полацкам (з гэтай падзеяй звязана легенда аб з'яўленні святога Казіміра, якГ паказаў літоўскім войскам пераправу праз Дзвіну).

Наступны напад Масквы адбіваць ужо не было каму, бо ўспыхнула зацятая барацьба паміж Гаштольдам і Радзівілам з-за межаў маёнткаў на Падляшшы, і не толькі. Не здолелі памірыць іх ні кароль, ні гетман Астрожскі, ні папскі легат Ферары. Сварка там абвастрылася, што Гаштольду спалілі замак у Цікоціна, а сам ён ледзь уратаваўся. Толькі смерць Радзівіла спыніла міжусобіцу.

Альбрэхт Гаштольд шляхам куплі і замены спадчыны стаў самым багатым землеўласнікам у княстве: меў маёнткі ў Ашмянскім, Віленскім, Троцкім паветах, на Валыні, над Дняпром; на Падляшшы ўладарыў як удзельны князь і павінен быў выстаўляць у выпадку вайны 466 коннікаў (па вопісу 1528 г.). У 1522 г. як канцлер атрымаў ад караля прывілей прыпячатаць дакументы не зялёным, а чырвоным воскам, на то мелі права толькі асобы каралеўскага роду.

Як канцлер, прыняў чынны ўдзел у складанні Першага Літоўскага статуту, а некаторыя гісторыкі прыпісваюць яму наогул аўтарства. Быў зацятым праціўнікам уніі з Польшчай, магчыма, на гэтым памірыўся са сваімі антаганістамі Радзівіламі, тым больш, што прыйшлося разам даказваць перад каралём права на некаторыя маетнасці. Пасля смерці маскоўскага князя Васіля Іванавіча яны правялі на сейме ўхвалу вайны з Масквою (пэўна рупіла вярнуць Смаленск), каб адвесці ўвагу ад гаспадарчых спраў (як лічыць гістарыёграф Боны Ул. Пацеха). казаўшы упадак вайсковай арганізацыі, а тое-сёе з маёнткаў давялося вярнуць у казну. Памёр Альбрэхт Гаштольд у 1539 г., пахаваны ў Віленскай катэдры.

Ул. Пацеха, крытычны да «сепаратызму» канцлера, аднак дае яму досыць пахвальную характарыстыку: «...быў прыхільны да культуры заходняй, рэнесансавай... Па разумовай культуры стаяў вышэй многіх тагачасных літоўскіх паноў. Горды магнат з бязмернымі амбіцыямі, быў шчыра прывязаны да свайго краю і не даў скарыстаць сябе як сродак чужым краінам. Аслеплены ў сваім кансерватызме, не разумеў перамен, якія адбываліся пад уплывам уніі з Польшчай».

Альбрэхт Гаштольд, відаць, разумеў сэнс зменаў, але ставіўся да іх адмоўна; ён належаў да тых ліцвінаў, якія «баяліся замяніцца на палякаў» (так пазней пісаў адзін з папскіх нунцыяў) і ўсімі сіламі супрацьстаялі інкарпарацыі - зліццю Літвы з Польшчай. Яны былі прыхільнікамі прававой сістэмы для стабільнасці дзяржавы, таму такую ўвагу аддавалі ўкладанню статутаў. Калі пачаліся рэальныя перамовы пра Люблінскую унію, Мікалай Радзівіл Чорны з гордасцю казаў, што Літва прыступае да уніі як дзяржава з добрым кіраваннем. Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй «Хроніцы» апісаў, як Гаштольд і Радзівіл дастойна прадставілі Літву еўрапейскаму свету, суправаджаючы ў 1515 г. караля Жыгімонта І на з'езд з Рымскім імператарам, каралямі Чэхіі і Венгрыі ў Прэсбург і Вену. Яны «за вялікія грошы мелі сто юнакоў з Польшчы, навучаных музыцы, адзетых па-маскоўску, па-татарску і па-казацку, якія з рознымі інструментамі, з шаблямі і сайдакамі, у крывых ботах перад імператарам у касцёле заўсёды імшы і вячэрні спявалі, на вялікае здзіўленне іншых народаў, і немцаў і влохаў (італьянцаў), якія да таго думалі аб Літоўскім народзе як грубым». Стрыйкоўскі тут не аддзяляе палякаў ад ліцвінаў, але зразумела, што юнакі былі з Княства, а не з Польшчы.

Гаштольд быў актыўным прыхільнікам рэнесансавай культуры: хоць будаваў касцёлы і шчодра надзяляў іх маёмасцю, але і не прызнаваў манаполіі царквы на адукацыю. Калі ў 1533 г. віленская капітула не дазволіла сакратару канцлера Яну Вілямовічу адчыніць у Вільні прыватную школу пад кіраўніцтвам магістра вызваленых навук Рыгора з Эйшышак, то Гаштольд праз год адчыніў школу пры сваім двары ў Трабах. Школа ў Геранёнах існавала, пэўна, яшчэ раней, бо з невялікіх Геранёнаў надзіва многа моладзі вучылася ў Кракаўскім універсітэце, дабрачынцамі якога Гаштольды былі здаўна. Рэнесансавае надмагілле Гаштольда, заказанае, як мяркуюць, самім канцлерам у 1539-1541 гг. італьянскаму майстру Бернардыну Занобію дэ Джыаноці было першым у Вільні ўзорам надмагільнай (і наогул свецкай) скульптуры. Рэльеф, у якім спалучаны рысы італьянскай і паўднёва-германскай традыцыяў, ацалеў да нашага часу. Выдатны кракаўскі мастак Станіслаў Самастшэльнік выканаў для літоўскага канцлера прыгожы ілюмінаваны малітоўнік (да вайны захоўваўся ў Баварскім Нацыянальным музеі ў Мюнхене). Унікальным узорам дэкаратыўнага мастацтва была і Геранёнская манстранцыя, падораная канцлерам Гаштольдам Геранёнскаму касцёлу ў 1535 г., але пазней, пасля смерці апошняга Гаштольда, Станіслава, перададзеная ў Віленскі катэдральны касцёл, якому канцлер асобным тастаментам 1539 г. адпісаў мноства каштоўных рэчаў: манстранцыі, кандэлябры, арнаты з выявамі святых, абраз Маці Божай на дошцы «грэцкага пісьма».

Геранёнская манстранцыя знаходзілася ў Віленскай катэдры яшчэ ў канцы XIX ст., на IX Археалагічным з'ездзе ксёндз Францкевіч даў яе апісанне, якое варта тут прывесці. «З пазалочанага срэбра ў строга гатыцкім стылі, вышынёй у адзін метр... На аснове рэльефныя выявы гербаў Абданк, Гіпацэнтаўр, Пламеньчык і Друцк. Паміж гербавымі шчытамі, спераду і ззаду, выявы 4 евангелістаў. На... верхняй частцы стрыжня з пярэдмяга боку знаходзіцца невялікі шчыт з радавым гербам Абданк... з датай пад ім 1535... Па баках стрыжня, упіраючыся галовамі ў аснову, уздымаюцца ўверх два тонкія змеі, хвасты іх, завіваючыся, закончаны 2 кветкамі ў стылі Адраджэння, якія падтрымліваюць папярочную планку. На ёй з абодвух бакоў паміж калонкамі статуэткі св. Войцеха і св. Станіслава, а над месцам для св. дароў на паўкруглай пляцоўцы з балясінкамі статуэтка Маці Божай, у ззянні, з дзіцем Ісусам на руках. Шэсць калонак са святымі злучаюць пляцоўку з верхняй, якая трымае невялікую фігурку Збавіцеля. Верх... закончаны 3-ма гатыцкімі шпілямі, сярэдні ўвенчаны «Распяццем» з Маці Божай і Іаанам Евангелістам, на крайніх - херувімы... Нягледзячы на агульны вытрыманы гатыцкі характар манстранцыі кветкавыя завіткі і ажурны паясок пры аснове паказваюць на новы кірунак - эпоху Адраджэння». Як вядома, Віленская катэдра пасля вайны служыла карціннай галерэяй: колькі год таму, калі катэдру рыхтаваліся адчыніць як храм, быў знойдзены тайнік з касцельным срэбрам. Магчыма, што ў ім захавалася і герамёнская манстранцыя; па ёй можна меркаваць, якімі каштоўнымі рэчамі забяспечыў Гаштольд свой залдкавы касцёл. Канцлер фундаваў у Геранёнах багатае пробаства, па яго просьбе і просьбе самога караля Жыгімонта І папа Клімента VII у 1528 г. зрабіў Геранёнскі касцёл інфулацкім. Прывілей на інфулацыю азначаў, што пробашч касцёла ў час урачыстай літургіі і іншых абрадаў ужываў уборы біскупа - інфулу (мітру), посах, далматык і г. д. Інфулатамі часцей за ўсё былі члены віленскай капітулы. Для матэрыяльнага забеспячэння касцёла Гаштольд адпісаў частку даходаў са сваіх маёнткаў (у 1803 г. гэтая сума складала 4000 р.).

Пэўна, ніколі Геранёнскі касцёл не быў такі аздоблены і ўрачысты, як 18 мая 1537 г. Канцлер Гаштольд і віленскі кашталян Юры Радзівіл жанілі сваіх дзяцей - Станіслава і Барбару. На шлюб сабралася шмат гасцей, прыехалі паслы ад прускага князя Альбрэхта. У Радзівілаўскіх зборах захаваліся «Рэестры» пасагу, які віленскі кашталян даў «сваей панне Барбары» і «Я. М. Пану Ваяводу Наваградскаму» (жаніху). Рэестр срэбра - 16 вялікіх міс і паўмісак, 12 талерак, 24 лыжкі, 12 кубкаў, кубкі для віна і піва, налеўка з медніцай (збан для палівання рук), 2 ліхтары, келіх, чара вагою 20 грыўняў. Усяго дабра на 240 грыўняў, а літоўская грыўня важыла 100- 105 грамаў і каштавала з пазалотай 100 коп грошаў. Наступны «Рэестр» пералічвае найперш ланцугі, клейноды і пярсцёнкі коштам 970 коп (усё гэта можна бачыць на вядомых партрэтах Барбары), яшчэ даўжэйшы спіс срэбра і ўлюбёных Барбараю перлаў (каўняроў, брамак, брыжаў, чапцоў), а таксама залататканых паясоў, усяго на 1800 коп грошаў. А яшчэ «пан віленскі» дараваў «дзеўку сваю» з парчовымі шатамі і гарнастаем, залатымі чапцамі, берэтам чырвоным аксамітным з золатам венецкай работы, шапкаю вялікай «папелятай з сабалямі», шатамі з атласу і адамашку. Трэба адзначыць, што спіс «паненскіх шат» куды больш сціплы. Пазней, калі Барбара стала каралевай, кракаўскіх прыдворных вельмі раздражняла, што яна надта доўга ўбіраецца, прымушаючы чакаць нават караля.

Каб усё гэта перавезці ў Геранёны, Радзівіл даў два «скарбныя вазы», запрэжаныя ў 6 і 4 сівых коней, а найперш «кабылку» (карэту са спецыяльнай падвескай, каб не так трэсла) з пазалотай і падушкамі і да яе 6 сівых коней ды рьідван (лёгкая 2-колавая павозка на 1-2 чалавекі) з чацвёркай гнедых коней. Малады ж падараваў цесцю 100 злотых чырвоных і два соракі сабалёў, а цешчы - сорак сабалёў і ланцужок залаты.

Спланаваны бацькамі шлюб не прынёс маладым шчасця. Станіслаў жыў у Геранёнах, выязджаючы часам па ваяводскіх клопатах. Барбары пасля шумнага бацькоўскага дому ў Вільні было сумнавата; адзін з многіх непрыхільных да яе гісторыкаў адзначыў, што «пані ваяводзіна хутка знайшла сабе прыяцеляў, якія замянілі ёй мужа».

Вядома, што 17-гадовая Барбара любіла бавіць час у вясёлай сябрыне. Аднак не будзем забываць, што град усялякіх папрокаў і плётак пасыпаўся на Барбару, калі Жыгімонт Аўгуст дамагаўся ў Кракаве яе каранацыі. Узнялася такая палеміка, што не проста выявіць праўду. Багатая гістарычная і мастацкая літаратура прысвечана «раману стагоддзяў» Жыгімонта і Барбары, патаемнаму іх шлюбу, барацьбе за прызнанне каралевай. Пра геранёнскі перыяд драма паэта-рамантыка Дамініка Магнушэўскага «Барбара яшчэ Гаштолдава жонка», але пабудавана яна на паэтычным вымысле. У 1539 г. памёр Альбрэхт Гаштольд, у наступным Барбара страціла бацьку, а 18 снежня 1542 г. раптоўна памёр Станіслаў Гаштольд, апошні ў родзе. Здаецца, Барбары давялося часцей насіць жалобу, чым весяліцца.

Па літоўскім праве маёмасць вымерлага роду пераходзіла да караля. Жыгімонт І падараваў Геранёны і іншыя маёнткі, апрача адпісаных удаве Альбрэхта, сыну Жыгімонту Аўгусту. У кастрычніку 1543 г. той з'явіўся ў Геранёнах, каб забраць рухомую маёмасць Гаштольдаў, і затрымаўся на некалькі тыдняў. Выехаць нібы перашкодзіла эпідэмія ў наваколлі, але гісторыкі лічаць, што прычынай стала незвычайная прыгажосць маладой удавы. Адсюль і пачалося каханне Барбары і Жыгімонта, якое дагэтуль хвалюе паэтаў і гісторыкаў.

Натура тонкая і эмацыянальная, Барбара была шчыра рэлігійнай і, напэўна, жывучы ў Геранёнах, штодзень малілася перад алтаром замкавага касцёла. Што ж засталося ў ім ад тых часоў? У інтэр'еры, на жаль, нічога. Касцёл неаднойчы цярпеў ад войнаў і пажараў; вядома, што быў ён спалены варожымі войскамі пры нашэсці 1654-1660 гг. Рэстаўраваўся ў сярэдзіне XVIII ст., кансекраваны ў 1771 г. Да гэтага часу адносіцца каменны алтар, збудаваны па архаічнай для XVIII ст. схеме трохчасткавай трыумфальнай аркі. У цэнтры яе гарэльеф вялікіх памераў «Тройца» (ці «Айцоўства»), выразаны з дрэва, першапачаткова, напэўна, паліхромны, цяпер памаляваны светла-шэрай алейнай фарбай у тон «мармуровай» расфарбоўцы алтара ў цэлым. У пэўным кантрасце з барочнай дынамікай рэльефу знаходзяцца статычныя строга франтальныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла па баках ад алтара. Верхні ярус змяшчае абраз св. Мікалая (патрона касцёла), астатнія скульптуры - больш познія.

Сам касцёл таксама значна перабудаваны, па звестках «Збору помнікаў», сакрысціі і тамбур прыбудаваны ў 1883 г. Рэканструкцыя фасада пад сціплы класіцызм таксама паказвае на XIX ст. Аднак план касцёла з архаічнай, амаль квадратнай залай, гранёнай апсідай, простым дзяленнем сценаў сведчыць, што ў асноўных рысах захаваўся Гаштольдаў касцёл 1519 г., каштоўнасць якога не толькі архітэктурная, але і гістарычная. Разам з руінамі замка касцёл складае культурна-гістарычны аб'ект, які заслугоўвае значна большай увагі, чым мае сёння.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX