Літаратурная Лідчына шматалікая, шматгранная і шматмоўная. Вядзе сваё існаване ад лідскага старасты Яна Абрамовіча (? - 19.04.1602), які выдаў у Вільні евангелічны "Катэхізіс" (1598), што змяшчае 300 рэлігійных песень. Яму таксама прыпісваюць аўтарства манускрыпта "Погляды ліцьвіна на танны і больш дарагі продаж збожжа" (1595). Менавіта пры Яне Абрамовічы Ліда атрымала гарадскі герб, якім карыстаецца да сёняшняга дня, і магдэбурскае права.
У наступныя два стагоддзі падчас Контррэфармацыі і Асветы літаратурнай дзейнасцю займаліся ў асноўным манахі, сярод якіх былі, як ураджэнцы Лідчыны, так і выкладчыкі Лідскага піярскага калегіюма.
Карыцкі Кароль сын Аляксандра (03.11.1702 - 10.12.1789) - нарадзіўся ў маёнтку Дзітрыкі ў шляхецкай сям'і, навучаўся ў Вільні, Слуцку, Полацку, Варшаве, манах-езуіт, доктар філасофіі (1736), педагог, пісьменнік. Узначальваў кафедру філасофіі ў Віленскай акадэміі (1736-39). З 1746 г. у Рыме, быў першым сакратаром польскай асістэнцыі езуітаў. Друкаваў на лаціне легенды і панегірыкі.
Карыцкі Міхал, брат Караля (07.09.1714 - 10.03.1781) - ураджэнец маёнтка Дзітрыкі, манах-езуіт, доктар філасофіі (к.1750), паэт, педагог. Пісаў на лаціне вершы, казкі, элегіі, пасланні, пародыі, оды і паэмы, найбольш вядомая з іх - сатырычная паэма "Птушыны сойм". Пры жыцці выдаў 25 вершаў, у тым ліку "Аўстрыйскі Марс" (1756), "Дыфірамб" (1757), "Песня" (1781). Пасля смерці, праз 36 год, у Полацкай езуітскай Акадэміі быў выдадзены зборнік яго твораў пад назвай "Песні" (1817). З оды "Да Людвіка пры надыходзе траўня", у перакладзе на беларускую мову:
Кветкамі зямля засцілае сцежку
І павевам ветлым вясна вітае,
Галасістых птушак суладным хорам
Лес сустракае…
Нарбут Казімір (19.04.1738 - 17.03.1807) - ураджэнец маёнтка Крупа. Манах-піяр, педагог, філосаў, доктар права, паэт. У 1784-86 гг. - лідскі пробашч, з 1795 г. жыў у Радзівонішках, дзе і пахаваны. Аўтар падручніка "Логіка ці навука аб роздумах і разважаннях…" (Вільня, 1769, 4 выд. у 1791). Друкаваў вершы на лаціне і польскай мове, перакладаў з лацінскай і французкай.
Мікуцкі Антоні (?) - манах-піяр, у 1770-72 гг. выкладаў у Лідскім піярскім калегіюме прыгожае маўленне, паэзію, рыторыку. Позняй восенню 1771 г. паставіў першую на лідскай сцэне п'есу "Няшчасце, заўсёды ўважлівых і незадаволеных людзей, і адзінай асабістага няшчасця прычынай, прыпісаннай часу або сапсаванаму па іх меркаванню грамадству". П'еса была напісана ім у гонар харунжых Лідскага павету паноў Нарбутаў і "сказана сцэнічным вобразам" на польскай мове ў памяшканні калегіюма. У п'есе высмейваліся заўсёды незадаволеныя, бурчлівыя на сапсанасць сучаснага ім грамадства людзі. Сцэнічнае ўвасабленне "Няшчасця…" магчыма мела поспех. У чэрвені 1772 г. А. Мікуцкі сіламі навучэнцаў піярскага калегіюму паставіў другую сваю п'есу "Трагедыя аб змове Каціліны". У 1787-96 гг. А.Мікуцкі быў рэктарам віленскага піярскага калегіюму. У 1800-01 гг. зноў жыў у Лідскім піярскім клештары.
Доўгірд Аніёл (02.12.1776 - 26.04.1835) - манах-піяр, філосаф, псіхолаг, у 1796/97 навучальным годзе выкладаў у Лідскім піярскім калегіюме, пазней - у Шчучынскім калегіюме (1804-06), некаторы час зімой 1816-17 гг. жыў у Лідскім клештары ў якасці дарадцы правінцыі. Пісаў вершы.
Гаўлоўскі Каласанты (?) - манах-піяр, выкладаў прыгожае маўленне ў Лідскім піярскім калегіюме у 1812/13 навучальным годзе, адзначыўся 15 жніўня 1812 г. у дзень імянін Напалеона Банапарта одай у яго гонар, дзе былі наступныя радкі:
Ojczyzny naszej wspanialy Mscicielu,
Hardej pтlnocy silny gromicielu
Niech Orly Polskie i Litwy Pogonie
Sluza zamiarom Twym Napoleonie.
…
Wуwczas krwia obcych plynela Lidzieja,
Dzis sie z nia miesza Niemen, Dniepr, Dzwina,
Isci sie naszej Pogoni nadzieja,
Juz cierpien naszych minela godzina.
( Часопіс "Litwa i Rus", 1912, Т.П, z.2-3, s. 150.)
У другой палове ХІХ стагоддзя, у эпоху Рамантызму цікавасць да літаратуры прасачылася ў асяроддзе лідскіх буйных землеўладальнікаў.
Антоні Гарэцкі (1787 - 18.09.1861) - нарадзіўся ў сям'і віленскага войскага Валенція Гарэцкага, які валодаў маёнткам Біскупцы. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, удзельнічаў у кампаніі 1812 г. на баку Напалеона і ў паўстанні 1831 года, з'ехаў за мяжу, жыў у Дрэздане на адной кватэры з А. Міцкевічам, сын яго Тадэвуш ажаніўся на адной з дачок А. Міцкевіча. Аўтар шматлікіх вершаў, баек, элегій, жартаў і эпіграм. Яго празвалі "смаргонскім Піндарам" за прыземленасць, народнасць яго творчасці і наяўнасць шматлікіх беларускіх слоў і выказванняў.
Я - мужык, я толькі знаю
Працу: доля ўжо такая!
Што я потам здабываю,
Пан на забаўкі пускае.
У пакоры век гарую:
Сею, жну ды зноў ару я.
…
Заб'еш чалавека - аплоціш смерць гэту
Жыццём. А сто тысяч заб'еш - аж з-за свету
Прышлюць каралі да цябе, краю ката,
Паважных паслоў і ўшануюць, як брата.
(Урыўкі з вершаў "Думка мужыка" і "Ці не праўда?" у перакладзе з польскай // Полымя, № 7, 1999, с. 149-150).
Каміла Нарбут (каля 1800 - ?) - дачка гісторыка Юстына Нарбута, жыла ў маёнтку Юршышкі. Выступала ў перыядычных выданнях з рыфмованымі і празаічнымі творамі. Выдала кнігу "Pisma moralne" (Вільня, 1835). З верша "Чалавек" у перакладзе з польскай ( Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998, с. 381):
Чалавек разумным створан,
Ён сябе ўзняў узорам,
Пан зямлі, кароль сумлення,
Трон яго - адно цярпенне,
Герб дзяржаўны - слёз струмені;
Па гаркотах смерць чаргою…
Смерць! Не размінуцца з ёю…
Потым… што яго чакае…
Тога … розум не спазнае.
Канстанцін Кашыц (1828-1881) - кандыдат дыпламатычных навук, стваральнік рыфмованых сатыр, якія друкаваў пад псеўданімам: "Загадка", "Крыжык", "Дагератып", "Пастка", валодаў велізарным маёнткам Тарноўшчына, удзельнічаў у паўстанні 1863 года, адбываў высылку, страціў значную частку зямель.
На Лідчыне нарадзілася першая беларуская паэтка Адэля з Устроні, якая напісала на лацінцы па-беларуску паэму "Мачаха" (1850) і на польскай мове - верш "Кракаў" (1850). Рукапіс паэмы быў знойдзены Адамам Мальдзісам у Кракаўскай Ягелонскай універсітэцкай бібліятэцы і надрукаваны ўрыўкамі ў 1974 годзе, і цалкам у 1986 годзе ( Краю мой - Нёман, Мн., 1986, с. 239-242).
Я ж сіротка ў роднай хатцы!
Не схінуся к чужой матцы!
Бо яна ж мне чужа чужым!
Не злажуся і слоўцам адным.
Ці душа твая не гляне,
Як яна мяне ганяе.
Ты мне з мілым абручыла
І звянчыла бы, каб жыла.
Трэба думаць, многія лідскія шляхціцы і шляхцянкі пісалі вершы, але захаваліся толькі асобныя фрагменты, напрыклад анціфона лідскага землемера Маркевіча, якая ў 60-я гады стала для мясцовых п'яніц вобразным гімнам:
Witaj zrodlo nad krysztaly!
Tobie wszyscy daja chwale.
Ty pocieszasz w utrapieniu.
Ty ogrewasz w oziebieniu.
Ciebie panie,ciebie panni
Za posilek maja ranny,
Tobie cale ludzkie plemie
Ryjac nosem, bije w ziemie.
O radosci, o wesele!
Pelnym haustem pijmy smiele!
Напрыканцы ХІХ стагоддзя адукаванасць пранікае і ў беларускамоўную сялянскую сераду, з'яўляюцца творы на беларускай мове. Адной з лепшых і таленавіцейшых прадстаўнікоў гэтай часткі "тутэйшых" з'яўляецца паэтка, празаік, публіцыст і выдавец Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч (Кейрыс, "Цётка" (3(15).07.1876-5(17).02.1916), якая нарадзілася ў шматдзетнай сялянскай сям'і ў маёнтку Песчына Лідскага паветe. Скончыла прыватную 7-класную навучальню (1901), навучалася на Вышэйшых Агульнаадукацыйных курсах П. Лестгафта ў Пецярбургу (1902-04), як вольны слухач - на філасофскім факультэце Львоўскага ўніверсітэта (1906-08,10-11) на гуманітарным факультэце Кракаўскага універсітэта (1908-09). Настаўнічала ў вёсцы, працавала фельчарам у тыфозным салдацкім бараку (1915). Лячылася ў Закапане, падарожнічала па Італіі (1908) і Скандынавіі (1914). Удзельнічала ў стварэнні Беларускай Сацыялістычнай грамады (1902), выданні часопіса "Свабода" (1902), і газеты "Наша Доля". Выдавала ў Менску часопіс для дзяцей і моладзі"Лучынка" (1914). Арганізавала таемныя, з 1915 г. легальныя беларускія школы, у тым ліку ў Лідзе.
Друкавалася з 1902 г. Пісала вершы, аповесці, артыкулы, апавяданні аб прыродзе, даследвала беларускі народны тэатр. Выдала зборнікі вершаў "Хрэст на свабоду" (1906), "Скрыпка беларуская" (1906), зборнік перакладаў з украінскай "Гасцінец для малых дзяцей" (1906). У Пецярбургу выйшла яе "Першае чытанне для дзетак беларусаў" (1906). Кароткае жыццё, але такое яркае! На помніку над яе могілкай у Старым Двары лацінкай выбіта:
На магіле ўзыду дубам,
Пачну шаптаць братнік губам
Аб іх доле, аб свабодзе,
Стану песняй у народзе!
У 1905 г. у Лідзе на будаўніцтве чыгункірацаваў дзесятнікам Карусь Каганец (Кастравіцкі Казімір -Рафал 29.01.(10.02) 1868 - 20.05.1918) - беларускі паэт, празаік, драматург, мастак, графік-скульптар. Шырокай вядомасцю карыстаўся яго вадэвіль "Модны шляхцюк" - адзін з першых твораў беларускага тэатральнага рэпертуару. Вядомыя яго вершы, напісаныя ў Лідзе.
У 1932-34 гг. у Лідзе жыў і працаваў лекар Чарноцкі Напалеон Казіміравіч (13.07.1866 - 14.02.1937) выпускнік медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта (1895). У юнацтве ўдзельнічаў у перакладзе на беларускую мову і выданні на гектаграфе рэвалюцыйнай брашуры "Дзядзька Антон". У 1910 г. былі выдадзены ў яго перакладзе на беларускую мову п'есы "Сватаўство" А. Чэхава і "Пашыліся ў дурні" М. Крапіўніцкага. Аўтар брашуры "Як будзе з зямлёю?" (1910). Зрабіў апісанне батлеечнага прадстаўлення "Betlejki z okolic Naczy" (1928). Апошнія гады жыў у маёнтку Вялікая Лябёдка, пахаваны на могілках у Скрыбаўцах.
У канцы ХІХ і ў ХХ стагоддзі на Лідчыне нараджаліся літаратары якія пісалі на габрэйскай, польскай, ангельскай, беларускай і расейскай мовах. З асяроддзя лідскіх габрэяў ХІХ стагоддзя выйшлі габрэйскі пісьменнік Ш.-Л. Гордан і расейскі літаратуразнавец П. С. Коган.
Шмуэль (Шмуль) Лейба Гардон (акронім Ша-лаг, 1865-1955) - габрэйскі пісьменнік, паэт, перакладчык, бібліёграф, педагог. Рэдагаваў друкаваныя ў Варшаве часопісы для дзяцей і юнацтва "Олам катон" (1901-05), "Га-неўрым" (1904-05), настаўніцкі штомесячнік "Га-педагог" (1903-04). Выдаў у Палестыне кнігу вершаў у трох тамах "Арфа Ізраіля" (1891-93) і двухтомную кнігу "Тэорыя літаратуры" (1900), у 1924 годзе выдаў шматтомны каментар да Танаха, які з'яўляецца асноўным навучальным дапаможнікам у свецкіх школах Ізраіля. Шырокую вядомасць атрымалі яго падручнікі іўрыту, а тксама пераклады на іўрыт баек Лафантгена і трагедыі "Кароль Лір" У. Шакспіра.
Пётр Сямёнавіч Коган (8(20).05.1872- 02.05.1932) - расейскі латаратуразнавец і крытык, тэатразнавец і педагог, выпускнік гісторыкафілала-гічнага факультэта МДУ, прафесар, прэзідэнт расейскай Акадэміі мастацтвазнаўчых навук (1921-29) - нарадзіўся ў сям'і лідскага лекара.
Друкаваўся з 1895 года. Выдаў "Нарысы па гісторыі заходнееўрапейскіх літаратур" (1903-10; 12 выданне ў 2 тамах, 1941-43), "Нарысы па гісторыі старажытных літаратур. Т. 1. Грэчаская літаратура" (1907, 7 выданне 1937). "Нарысы па гісторыі навейшай рускай літаратуры" у 3 тамах (1908-12), "Бялінскі і яго час" (1923), "Рамантызм і рэалізм у еўрапейскай літаратуры ХІХ ст." (1923), "А. М. Горкі" (1928), "А.С. Грыбаедаў" (1928), "А. П. Чэхаў" (1929), "Уільям Шэкспір" (1931).
У Лідскім ешыбоце ў 1905-06 гг. вучыўся Гольдберг Бен Цыён (1895-1972) - у 1907 г. з бацькамі з'ехаў у ЗША, скончыў аддзяленне псіхалогіі Калумбійскага універсітэта (1920), супрацоўнік і рэдактар газеты "Дэр тог". Узначальваў габрэйкі камітэт амерыкана-савецкай дружбы. Доктар псіхалогіі (1921). Выдаў кнігі "Габрэйская праблема ў СССР" (1961) і "Падарожжа па СССР" (1966).
Польскамоўная літаратура набыла з лідскай зямлі ў ХХ стагоддзі наступныя імёны:
Гольмант Ян (1897-?) з в. Навіцкія І - селянін, яго вершы з каментарамі В. Абрамовіча былі надрукаваны ў 1937 г. у часопісе "Ziemia Lidska" № 6-7, с. 71:
W miescie Lidzie na Kamionce
Niema wiatru, pali slonce.
Ludzi przy ciezkiej robocie
Tluczo kamien, czolo w pocie.
Do gory podnoszo mloty,
Chco zarobic para zloty
Na przezycie i ubranie…
Bijze, poki ci sil stanie.
Макрэцкая (Ланге ) Каміла Эмілія - дачка генерала Адама Макрэцкага, якая жыла ў Лідзе ў 1919 годзе, напісала паэму "Rok 1919 czyli pesn o dywizjach litewsko-bialoruskich" (1926), у якой ёсць такія радкі:
Wzieta Lida, a potem - wziete stare Wilno!
Wziete mestwem junackim, w sprawe wiara silna
I zahuczala gedzba narodu potezna
Wraca do nas mlodz, niezwyciezona, orezna
Lecz w tej simfonii grzmiacej potegi rosnacei
Jeczal ton piesn zalobnych ponury i drzacy,
Bo tam w kosciele lidzkim w zalobnym szeregu
Ci co legli czekali wiecznego noclegu.
У 1936 годзе ў Лідзе быў выдадзены зборнік паэзіі Эльжбеты Красіцкай "Okruchy" - першы, як тады лічылі ў гісторыі лідскага выдавецтва: аднак, у спісах кніг, якія належалі па загаду НКУС абавязковаму знішчэнню, узгадваецца зборнік вершаў М.Арла " Чаму ж усыхаюць кветачкі польскія на гноі беларуска-літоўскім?", выдадзены ў 1921 г. у якойсці з лідскіх друкарняў.
Э. Красіцкая друкавалася ў 1930 г. на старонках "Kobiety Wspolczesnej", яе называлі прапагандысткай мясцовага фальклёру, энтузіясткай рэгіаналізму і народнасці, аматаркай вёскі. Гэтыя радкі з верша "Stary plot" вельмі нагадваюць песню 50-х гадоў "Стары клён":
Stary plot, wiejski plot, stoi zadumany.
Z wiez koscielnych bija dzwony, sciela sie tumany.
Stary plot, stary plot, z wiklin wyplatany,
Jak siermiega gospodarcza bieda podlatany.
Пісьменнік з сусветныым імем Путрамент Ежы (14.11.1910- 23.06. 1986) - у 1925-30 гг. вучыўся ў лідскай гімназіі імя Хадкевіча. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1930-34). Падчас сусветнай вайны працаваў у Маскве. Пасля вайны на дыпламатычнай працы: пасол Польшчы ў Швейцарыі (1945-47) і Францыі (1947-50); сакратар польскага Саюзу пісьменнікаў у 60-я гады.
Пачаў друкавацца з 1932 года. Да вайны выдаў два зборнікі вершаў. Напісаў дзесяць раманаў: "Сапраўднасць" (1947), "Верасень" (1951), "Перапуцце" (1954), "Ноеў каўчэг" (1961), "Пасынкі" (1963), " Вяпрук" (1964), "Пушча" (1966), "Малаверныя" (1967), "Болдын" (1969), "Выбранныя" (1978-79) і шасцітомную кнігу ўспамінаў "Паўстагоддзя" (1964-80). Узнагароджаны ордэнам Дружбы Народаў (1980).
Бабкоўскі Андрэй (1913-1961) - нарадзіўся ў Лідзе. Скончыў Варшаўскую вышэйшую гандлёвую школу (1938). У 1939-48 гг. працаваў у Парыжы на розных прамысловых прадпрыемствах, сумяшчаючы літаратурную дзейнасць у часопісе "Szhice piorkiem". У 1948 г. з'ехаў з сям'ёй у Гватэмалу. Аўтар выдадзеных у Парыжы і Лондане гістарычна-публіцыстычных артыкулаў, драмы "Чорны пясок" (1945) і кнігі аповесцяў і апавяданняў.
Цыбульская Мая Эльжбета - нарадзілася ў Лідзе ў траўні 1941 года. Скончыла Варшаўскую гімназію і факультэт польскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Абараніла доктарскую дысертацыю "Аб аповесцях Івашкевіча" (1964), праходзіла стажыроўку ў Оксфардзе. З 1970 г. жыве ў Лондане. Аўтар паэтычнай кнігі "Лірычныя спробы" (1982), літаратурна-крытычных даследванняў "Вацлаў Іванюк, паэт" (1984), "Гутаркі са Станіславам Лівам" (1990).
Юрэвіч Аляксандр - нарадзіўся ў Лідзе 18.11.1952 г. У 1957 г. бацькі пераехалі ў Польшчу. Вучыўся на філалагічным факультэце Гданьскага універсітэта, завочна - на сцэнарным аддзяленні Вышэйшай школы фільма, тэлебачання і тэатра ў Лодзі (1982-83). Працаваў у Гданьскай ваяводскай бібліятэцы, у рэдакцыі літаратурных часопісаў "Podpunkt" (1984-89), "Tytul" (з 1990). Друкуецца з 1973 года. Выдаў кнігі паэзіі і прозы "Сон, які напэўна не быў каханнем" (1974), "На другім баку" (1978), "Не страляйце ў Беатлесаў" (1983), "Як галубы, гнаныя бурай" (1990), "Пакуль яшчэ і іншыя вершы" (1991), "Сярод ночы" (1980), "Ліда" (1990, 1994), "Пан Бог не чуе глухіх" (1995).
Значны аддзел лідзян прыйшоў у беларускамоўную літаратуру. У розныя гады ў Лідзе жылі: В. Таўлай, Н. Тарас, В. Корбан, Я. Місько, В. Каваленка, М. Дзеленкоўскі, С. Астраўцоў.
Таўлай Валянцін Паўлавіч (26.01.(8.02).1914 - 27.04.1947) нарадзіўся ў Баранавічах у сям'і чыгуначніка, у 1921-24 гг. вучань лідскай усеагульнай школы № 5, у другім класе напісаў першы верш "Верабей". Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі (1927-29). У кастрычніку 1930 г. накіраваны ў БССР, працаваў у Рэчыцы інструктарам райкаму камсамолу, вучыўся ў БДУ, працаваў у газеце "Звязда". Член КПЗБ з 1932 г. Адкліканы на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь - член цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ, супрацоўнік нелегальнай "Беларускай газеты", прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызвольнага руху Заходняй Беларусі. Неаднаразова сядзеў у турмах, у 1934 годзе асуджаны на 8 гадоў. Вызвалены з Гарадзенскай турмы ў верасні 1939 г. У 1939-41 гг. працаваў карэспандэнтам лідскай газеты "Уперад", у 1943 г. арыштаваны ў Лідзе разам з бацькам, мачахай і сястрой, вызвалены з дапамогай сяброў, бацька і мачаха загінулі ў Асвенцыме. Быў сувязным партызанскага аддзелу імя Катоўскага (1942-44), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы "Буравеснік" (студзень-ліпень 1944). Пасля вайны працаваў адказным сакратаром у рэдакцыі наваградскай газеты "Звязда" (1944-45) і старэйшым навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара ў Літаратурным музеі Янкі Купалы (1945-47). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1941).
Друкавацца пачаў ў 1928 годзе. Аўтар паэмы "Непераможная" (1928). У 1935 г. у Лукішскай турме ў Вільна пачаў паэмы "Таварыш" і " Пра сухар", скончыў іх у 1945-46 гг. Некалькі вершаў напісана ў Лідзе. Першы зборнік " Выбранае" выдадзены ў 1947 годзе. Затым выдаваліся "Выбраныя творы" (1951, 1979), "Творы" (1966), "Выбранныя вершы і паэмы" (1967), "Пілую вершам краты" (1984).
Тарас Ніна Міхайлаўна - нарадзілася 2(15).05.1916 года ў вёсцы Заполле Наваградскага раёна. Вучылася ў Наваградскай і Віленскай беларускіх гімназіях. У 1938-45 гг. жыла ў Лідзе, працавала літсупрацоўнікам у газеце "Уперад" (кастрычнік 1939 - чэрвень 41, ліпень 44 - вясна 45), выбіралася дэпутатам Лідскага гарадкога Савета. З 1945 года жыве ў Менску. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1940). Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2 ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі ВС БССР.
Першыя вершы выдала ў 1936 годзе, у 30-я гады друкавалася ў газеце "Наша воля", часопісах "Шляхмоладзі", "Беларускі летапіс", "Калоссе", "Снапок". Выдала зборнікі лірыкі: "На ўсход ідучы" (1940), "Суніцы" (1946), "Вершы" (1952), "Кветка шчасця" (1958), "Пад белым яварам" (1966), "У тапаліную замяць" (1976), "Праметэю прыйду пакланіцца" (1981), "Праз ветры-завеі" (1986); зборнікі паэзіі для дзяцей "Казкі пра абавязкі" (1955), "Наш бор" (1968). Кніга яе вершаў выйшла ў Маскве (1960).
Міско Якуб Герасімавіч (1.06.1911 - 23.10.1981) - нарадзіўся ў вёсцы Чэмеры Слонімскага раёна. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі (1925-28). Працаваў у галоўным сакратарыяце арганізацыі "Змаганне", у рэдакцыі "Беларускай газеты", быў членам тройкі Цэнтра нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі. Неаднаразова сядзеў у турмах. У лістападзе 1939 г. арыштаваны органамі НКУС. Са студзеня да верасня 1940 г. працаваў у калгасе в.Чэмеры, з кастрычніка 1940 да 22 чэрвеня 1941 г. літсупрацоўнікам у рэдакцыі лідскай газеты "Уперад". Падчас ВАВ служыў у разведцы дзейнай арміі. Дэмабілізаваўся ў званні маёра. Вучыўся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце (1948-49). Працаваў у рэдакцыях "Сельскай газеты" (1947-76) і часопіса "Камуніст Беларусі" (1976-81). Член Саюза журналістаў БССР (1958), "Заслужаны дзеяч культуры БССР" (1967).
Першы верш "Наперад" надрукаваў у 1926 годзе. У 30-я гады пісаў артыкулы ў польскіх газетах, зноў пачаў друкавацца з 1948 года. Выдадзена яго кніга "Маё маўклівае сэрца" (1983).
Корбан Уладзімір Іванавіч (25.08.1910-30.11.1971) - нарадзіўся ў пасёлку Барань, Аршанскага раёна. З канца 1946 да студзеня 1948 года працаваў дырэктарам лідскага цвіковага завода. З 1952 года працаваў у часопісе "Вожык", у 1967-71 гг. яго галоўны рэдактар.
Першыя басні надрукаваў у 1946 годзе. Аўтар двух дзесяткаў зборнікаў басень, вершаў і фельетонаў. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1948), "Заслужаны дзеяч культуры БССР" (1970).
Каваленка Віктар Антонавіч (21.07.1929 - 2001 ) - нарадзіўся ў в. Сакоўшчына Валожынскага раёна. Скончыў Шчолкаўскую сямігодку, Лідскае педвучылішча (1945-48), Менскі педінстытут (1953), з 1958 г. працаваў у інстытуце літаратуры Акадэміі Навук Беларусі, з 1982 г. - дырэктар інстытута. "Заслужаны дзеяч культуры БССР" (1981), акадэмік АН Беларусі (1994).
Друкаваўся з 1952 года як крытык і літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук (1978),
Выдаў кнігі "Пошукі і здзяйсненні" (1963), "Давер" (1967), "Голас чалавечнасці" (1970), "З пазыцыі сучаснасці" (1975, 1982), "Вытокі. Уплывы. Паскоранасць" (1975), "Прага духоўнасці" (1975), "Праблемы сучаснай беларускай крытыкі" (1977), "Іван Шамякін: нарысы творчасці" (1979, 1980), "Міфа - паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры" (1981), "Агульнасць лёсаў і сардэц: Беларуская проза аб Вялікай Айчыннай вайне ў кантэксце рускай і іншых літаратур" (1985), "Покліч жыцця" (1987), "Веліч праўды: Выбраннае" (1989). З'яўляецца сааўтарам кнігі "Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы" (1972), адзін з аўтараў кніг "Гісторыя Беларускай савецкай літаратуры" (1964), "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" (1969), "Гісторыя савецкай шматнацыянальнай літаратуры" (1974), "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры" (1974). Аўтар рамана "Падвышанае неба" (1978).
Лаўрэат прэміі Саюза пісьменнікаў СССР (1976) за кнігу "Прага духоўнасці". Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Каласа (1980) за ўдзел у стварэнні даследвання "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" і "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры" (1977). Узнагароджаны маделём Ф. Скарыны і інш. медалямі.
Дзелянкоўскі (Дубровін) Мікалай Іванавіч - нарадзіўся 02.02.1932 года ў мястэчку Скідзель. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1952-57). Пра-цаваў у лідскай газеце "Уперад" (1957-1962), кіраваў літаратур-ным аб'яднаннем. Пазней карэспандэнт газеты "Мінская праўда" (1962-73), БелТА (1973-77), адказны сакратар рэдакцыі ча-сопісаў "Родная прырода" (1977-83) і "Беларуская мінуўшчына" (1993-94), намеснік рэдактара газеты "Рэклама-плюс" (1994-95) і "Беларускай лясной газеты" (1995-97). Член Беларускага Са-юза журналістаў (1960), сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (1995).
Друкаваўся ў 1949 года. Выдаў кнігі: "Стваральнікі" (1957), "Нясвіж" (1979), "Стоўбцы" (1981, у сааўт.), "Родная краса" (1981) , "Прыгажосць неба" (1984) , "Бацькоўскі парог" (1985) , "Скідзель" (1987) , "Сяброўствы. Знаёмствы. Сустрэчы" (1992). Аўтар сцэнараў тэлефільмаў і п'ес.
Астраўцоў (Астравец) Сяргей Аляксандравіч - нарадзіўся 11.04.1959 г. у г. Менску, сярэднюю школу скончыў у Шаўляі (1976). У 1976 годзе бацькі пераехалі ў Ліду, служыў у СА (1977-79). З Ліды паступіў нафакультэт журналістыкі БДУ (1979). Скончыў у 1984 г. Працаваў у газеце "Гродзенская праўда", рэдактарам газеты "...", карэспандэнтам газеты "...". У цяперашні час - карэспандэнт газеты "Наша свабода" і радыё "...". Сябар Саюза пісьменнікаў (1998) і сябар Пэн-цэнтра (1999). Аўтар кнігі "Янычары" (1993) і "Цэнзарскія нажніцы" (2000).
З 1994 года ў Лідзе жыве Станіслаў Вацлававіч Суднік. Ён нарадзіўся 21.09.1954 года ў вёсцы Сейлавічы (хутар Касцянева) Нясвіжскага раёна. Скончыў Менскае вышэйшае зенітна-ракетнае вучылішча і Цвярскую ваенна-камандную акадэмію імя Г. К. Жукава (1992). Падпалкоўнік запасу. Сябар Саюза пісьменнікаў з 16 сакавіка 2001 года. Выдаў "Шыхтовы статут бела-рускага войска" (1992), "Кароткі расейска-беларускі вайсковы слоўнік" (1993), "Расейска-беларускі вайсковы слоўнік" (1997), зборнікі вершаў "Пагоня за мову" (1992) і "Мой Грунвальд" (1999), аўтар чатырох паэмаў і многіх эсэ, друкаваўся ў мясцовых і рэспубліканскіх перыядычных выданнях.
У цяперашні час сябрамі Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца пяць ураджэнцаў Лідчыны: Д.Бічэль, К.Лялько, І.Багдановіч, В.Клімовіч, В.Праўдзін.
Бічэль (Бічэль-Загнетава) Данута Янаўна - нарадзілася 03.12.1937 г. у в. Біскупцы. скончыла Карнілаўскую сямігодку, тры гады вучылася ў Лідскай педна-вучальні, чацвёрты курс завяршала ў Наваградскім педнавучальні (1957). Скончыла Гарадзенскі педінстытут (1962) - аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі, выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Горадні. Супрацоўнік Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея (1982-95), дырэктар музея М. Багдановіча (1995-99). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1964). Старшыня Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Друкуецца з 1958 года. Выдала зборнікі вершаў "Дзявочае сэрца" (1961), "Нёман ідзе" (1964), "Запалянкі" (1967), "Перапёлка" (1968, дзіц.), "Грыб-парасон" (1969), "Дзічка" (1971, дзіц.), "Рыжая палянка" (1970), "Доля" (1972), "Дагані на кані" (1973), "Ты - гэта ты" (1976), "Браткі" (1979), "Лузанцы" (1972), "Дзе ходзяць басанож" (1983), "Загасцінец" (1985), "Габрынька і Габрусь" (1985), "Даўняе сонца" (1987), "А на Палессі" (1990), "Гараднічанка" (1993), "Божа, мой Божа" (1993), "Снапок" (1999), "Нядзелька" (1999) і інш. Адзначана Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Купалы (1984) за зборнік "Дзе ходзяць басанож". Узнагароджана медалём.
Лялько Крысціна Аляксееўна - нарадзілася 30.03.1956 г. у в. Хадзюкі Лідскага раёна. Скончыла Тарноўскую СШ. Працавала бухгалтарам сельсавета ў Радзівонішках (1973-74). Скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філфака БДУ (1974-75). Працавала навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея імя Я. Купалы (1979-83), літсупрацоўнікам аддзела крытыкі штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва" (1983-84). З 1984 года - рэдактар аддзела літаратуры ў часопісе "Беларусь", з 1995 г. - адначасова рэдактар-выдавец часопіса "Наша вера". Сябар Саюза пісьменнікаў (1983).
Перш верш быў надрукаваны ў газеце "Уперад" у 1971 годзе. Прозу друкуе з 1979 г. Выдала кнігі прозы "Дарога пад гару" (1985), "Світанак над бярозамі" (1989), зборнік казак у апрацоўцы "Хітрэй свету не будзеш" (1988). У перакладзе на рускую мову кнігі выйшлі ў Маскве (1989) у Менску (1993). Аўтар сцэнара караткаметражнага мастацкага фільма "Лёгкі хлеб" (1987). Лаўрэат прэміі камсамола БССР (1986) за кнігу прозы "Дарога пад гару".
Багдановіч Ірына Эрнстаўна - нарадзілася 30.04.1956 г. у Лідзе ў сям'і інжынераў. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага універсітэта (1978), аспірантуру пры інстытуце лі-таратуры Беларусі (1978-81). З 1983 г. працуе старэйшым навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута, адначасова з 1997 года выкладае на кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. Кандыдат філалагічных навук (1985). Сябар Саюза пісьменнікаў (1989).
Вершы друкуе з 1973 года, літаратурна-крытычныя артыкулы з 1979 г.
Выдала зборнікі паэзіі "Чаравікі маленства" (1985), "Фрэскі" (1989), "Вялікдзень" (1993). Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій аб беларускай паэзіі 20-х гадоў і сучаснага перыяду. Выдала манаграфію "Янка Купала і рамантызм" (1989), кнігу "Авангард і традыцыя. Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння" (2001). Клімовіч Уладзімір Аркадзевіч - нарадзіўся 09.08.1967 у в. Ігнаткаўцы Лідскага раёна, скончыў Голдаўскую СШ (1984), акцёрскае аддзяленне Менскага тэатральна-мастацкага інстытута (1984-89). Працаваў кіраўніком школьнай тэатральнай студыі, супрацоўнічаў з Беларускім тэлебачаннем. Сябар Саюза пісьменнікаў (1995).
Друкуецца з 1989 г. Адзін з аўтараў калектыўнага зборніка "Пад знакам стральца". Выдаў зборнік апавяданняў "Выратаванне безданню" (1992), "Лаліта і кактус" (1997), "Той, хто будуе горад" (1997).
Праўдзін Віктар Аляксандравіч - нарадзіўся 11.05.1955 г. у Лідзе ў сям'і вайскоўца. Скончыў вышэйшую школу мі-ліцыі ў Менску. Маёр міліцыі ў запасе. Сябар Саюза пісьменнікаў (1996). Намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў (2001).
Аўтар кніг "Візіцёр з поўначы" (1992), "Боль. Споведзь міліцыянера" (1996), "Эксгумацыя" (1997, 1998).
Асабістыя кнігі і зборнікі выдалі больш 20 літаратараў. Усе яны друкаваліся ў калектыўных зборніках, у мясцовай, абласной і рэспубліканскай прэсе.
Івашэвіч Іван Пятровіч (Граніт Пятрусь, 11 (24).01.1909 - 14.01.1980) - нарадзіўся ў в. Зачэпічы Лідскага павету ў сялянскай сям'і, скончыў 4 класы польскай школы. У 1927-39 г. працаваў дарожным рабочым. Прымаў удзел у нелегальным з'ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні ў 1933 г. Неаднаразова арыштоўваўся. Працаваў старшынём Беліцкага сельсавету (1939-1941). Быў сувязным партызанскай брыгады "Барацьба". Вучыўся ў Беліцкай вячэрняй школе, завочна скончыў Наваградскае педвучылішча (1950), працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах (1945-71).
У друку ўпершыню выступіў у 1933 г. Выдаў кнігу вершаў для дзяцей "Сцяжынка" (1978). Цыклы яго вершаў надрукаваны ў зборніках "Сцягі паходні" (1965), "Ростані волі" (1990).
Анішчык Аляксей Сцяпанавіч (Андрэй Чэмер) 1912 г. н. - у прамежутку паміж 1962-67 гг., пасля вызвалення з лагера працаваў у Лідзе эканамістам. Друкаваўся з 1936 года. Выдаў кнігі "Мондзінская балада" (1996), "Жыццё жывым належыць" (1996), "Наваградская беларуская гімназія" (1997), "Сяргей Хмара" (1998), "Выбранныя Богам" (1999). Жыве ў Вільні.
Лебедзеў Аляксандр Мікалаевіч (Струмень Васіль, 19.03.(01.04).1914 - 25.10.1992) - у 20-я 30-я гады жыў у в. Зацэпічы Беліцкай гміны. У 1932-34 гг. працаваў на будаўніцтве маста праз Нёман у Беліцы, у 1935-36 гг. - на шклозаводзе "Нёман". Член КСМЗБ і КПЗБ, неаднаразова сядзеў у турмах. Служыў у 77 палку ў Лідзе. У 1938 г. пераехаў на Ровеншчыну. Удзельнік ВАВ (1940-45). Скончыў Ровенскі настаўніцкі інстытут і Львоўскі педагагічны інстытут, працаваў у школах Ровенскай вобласці. Друкаваўся з 1931 года. Аўтар аповесцяў, паэмы "Забастоўка", успамінаў " За волю і з'еднанне".
Сіранкоў Фёдар Іларыёнавіч (21.02.1915 - 07.01.1985) - удзельнік ВАВ, інжынер, прараб у разнастайных будаўнічых арганізацыях, у 1973-75 гг. працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі ў лідскім БУ-133, з 1975 г. на пенсіі. У часопісе "Север" у № 4-5 за 1977 г. была надрукавана яго дакументальная аповесць "У дрыгве Сінявіна" - аб спробе прарыву блакады Ленінграда ў верасні 1942 года.
Саўко Іван Міхайла-віч (19.02.1925 - 09.06.1998) - нарадзіўся ў Наваградскім раё-не. Выпускнік Віцебскага ветэрынарнага інстытута, галоўны ветурач саўгаса "Тарнова" (1957-82), працаваў у Лідскай раённай станцыі па барацьбе з захворваннямі жывёл. Друкаваўся з 1960 г. Выдаў тры зборнікі паэзіі: "Насуперак лёсу" (1993), "Рэха жыцця" (1994), "Голас сэрца" (1996).
Стадуб Алесь (псеўдаміны Будзевіч А., Красавіцкі А., Старадуб А., Ярашэня А.) - на-радзіўся 24.04.1931 г. у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Яраслаўскага педінстытута. Працаваў у школах, у рэдакцыях газет. У 1972 годзе пераехаў у Ліду. Працаваў у рэдакцыі газеты "Уперад" (1972-87), кіраўніком юнкораўскіх гурткоў у Доме школьнікаў (1993-2001). Друкаваўся з 1972 г. Выдаўзборнікі паэзіі "Твае вочы" (1997), "Вузел" (1998), "Споведзь натхнення" (1999), "Букет настрою" (2000), "Летапіс пачуццяў" (2000).
Сліўко Смарагд Фёдаравіч - нарадзіўся 16 снежня 1931 года ў Яраслаўлі. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута. Працаваў у лідскіх школах.
Жалкоўскі Аляксандр Васілевіч - нарадзіўся 01.03.1933 г. у Шчучынскі павеце. Скончыў Астрынскую школу імя Цёткі (1950), Гарадзенскую вочна-завочную сярэднюю школу (1954), Менскую ВПШ (1957-61). Працаваў у Васілішскай раённай газеце "Ленінскі шлях" (1950-53, 56-57), другім сакратаром Васілішскага РК ЛКСМБ (1953-54), загадчыкам сектара партуліку РК КПБ (1955-56). Надалей - рэдактар Воранаўскай газеты "Ленінскі сцяг" (1961-62), намеснік рэдактара Лідскай газеты "Сцяг працы" (1962-65), рэдактар Мастоўскай газеты "Зара над Нёманам" (1965-69) рэдактар Лідскай газеты "Уперад" (1969-86), з траўня 1986 г. - асабісты карэспандэнт газеты "Гродзенская праўда". Адзін з сааўтараў кніг "Твае героі, Гродзеншчына", "Іх імёнамі названы", "У прынёманскіх лясах", "У чэрвені 1941 г." (2-ая кніга).
Чакліна-Гарбачова Наталля - нарадзілася ў 1933 годзе ў Свердлоўску. Скончыла латаратурны факультэт Маскоўскага педінстытута. Працавала настаўніцай у Лідскай СШ № 3 (1961-1967), затым у абласным аддзеле адукацыі, медадыстам-кансультантам у Венгрыі, ГДР, Славакіі, Уетнаме. Выдала зборнік вершаў "Зямная жамчужына" (2001). Жыве ў Менску.
Васько Ўладзімір Гаўрылавіч ( псеўданімы: Катовіч Віталь, Золак А., Аленчык А., Алесь Непахісны, Баравік Васіль, Апанас Лужок, Алесь Дударык, Вахта А., Падбел Уладзімір, Мі-хась Жамойда, Максім Бурнос). Нарадзіўся ў Шчучынскім раёне ў 1937 годзе. Скончыў Гарадзенскі педінстытут (1960-65). Працаваў у рэдакцыі "Лідскай газеты" (1972-2000). Першы верш надрукаваў у 1955 годзе ў Жалудокскай газеце "За радзіму".
Аўтар зборнікаў паэзіі: "Прасветленнасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997).
Макарэвіч Пётр Рыгоравіч - нарадзіўся 15.04.1938 г. у Крупскім раёне Менскай вобласці. Скончыў Менскі інстытут імя М. Горкага (1964). Загадчык раённай бібліятэкі ў Лідзе (1964-65), ін-структар райкаму партыі (1965-66), аперупаўнаважаны Лідскага аддзела КДБ (1966-71), ст. апаратчык-лакавар на лакафарбавым заводзе (1971-72), супрацонік газеты "Уперад" і на Лідскім радыё (1972-1998).
Першы верш надрукаваў у 1962 годзе ў газеце "Знамя юнасці". Выпусціў зборнік вершаў "Слиток-Злітак" (1997).
Цішук Святлана Аляксандраўна (псеўд. Сяргеева, Ціхая, Ціхалідава С. да 1990 г.) - нарадзілася 15.05.1938 г. у Гомелі. Скончыла Гарадзенскі тэхнікум фізкультуры (1957) і Га-радзенскі педінстытут (1973). Працавала ў дзіцячых спартыўных школах г. Ліда, трэніравала баскетбалістак і плаўцоў (1961-82).
Першы верш надрукаваны ў 1979 годзе. Аўтар зборніка паэзіі "На крылах белай вароны" (1999).
Пырскі Леапольд Вітольдавіч - нарадзіўся 10.03.1946 г. у Гарадзенскім раёне. Вучыўся на факультэце журналістыкі Свярдлоўскага універсітэта (1968-72), скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1978). У Лідзе з 1970 года. Вальшчык лесу, сцівідар, настаўнік, рэдактар і дыктар радыё, фотакарэспандэнт, муляр, загадчык сельскагаспадарчага аддзела раённай газеты, апаратчык лакафарбавага завода, з 1978 года адвакат юрыдычнай кансультацыі г. Ліда. Выдаў у сааўтарстве зборнік вершаў "Шчырасць"(2000).
Мельнік Міхаіл (Міхась) Іванавіч - нарадзіўся ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці 07.11.1949 г. Скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута (1972). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Астравецкай школе, завучам у Красноўскай і Голдаўскай СШ. З 1984 года выкладае беларускую мову і літаратуру ў Лідскім педагагічым каледжы.
Друкуецца з 1975 г. Сааўтар зборніка вершаў "Скрыжаванне" (1996).
Бачароў Віктар Мітрафанавіч - нарадзіўся 08.02.1950 года ў Краснаярску. Жыве ў Лідзе з 1975 года. Выпускнік Гарадзенскага педінстытута (1975), грузчык, арматуршчык, бетоншчык, запраўшчык, загадчык склада, метадыст Дома піянераў, намеснік дырэктара - арганізатар пазакласнай і пазашкольнай працы, дырэктар СШ № 13 (з 1986). Друкуецца з 1976 г. Аўтар кніг "Размова" (1996), "Пара браць" (1998), "Калі адзвінеў званок" (1998), "Дэмбель непазбежны" (1999), "Вершы з мінулага стагоддзя" (2001).
Дзвілянскі Аркадзь Якаўлевіч - нарадзіўся 02.09.1950 г. у Лідзе. Вучыўся ў СШ № 8 і СШ № 1, музычнай школе. Скончыў гістарычна-тэарэтычны факультэт Уральскай кансерваторыі (1978). Працаваў у Кіргізскім інстытуце мастацтваў (1978-93) і Акадэміі музыкі ў Магілёве (1993-96). Кандыдат мастацтвазнаўства (9189), дацэнт (1995). Выдаў некалькі метадычных дапаможнікаў, зборнік паэзіі "Сімфарыфмы" (1992), і аповесць у прозе і вершах "Крысбэйл" (1993). Цяпер жыве ў Стэмфардзе (ЗША).
Віннік Леанід Макаравіч - нарадзіўся ў Лідзе 06.06.1956, скончыў школу-інтэрнат (1973), служыў у войску ў Маскве (1974-76), працаваў электрыкам на трасе Сургут-Урангой (1976-78), бондарам на воз. Байкал (1987-89), манцёрам сувязі ГТС (1989-97). У цяперашні час - плотнік у будтрэсце № 19. Друкуецца з 1973 года. Аўтар зборнікаў вершаў "Пад згаслымі зоркамі" (1996), "Мелодыі журботнага дажджу" (1998), "Настальгія" (1999), "Шчырасць" (2000 у сааўт.)
Аляшкевіч Аляксандр (Гара Алесь) - нарадзіўся ў 1958 годзе, скончыў Лідскую музычную навучальню. Выдаў кнігу "Д'яблава мора".
Карэйва Юры Іванавіч (псеўд. Белавокі Юры) - нарадзіўся 29.05.1961 года ў Лідзе. Скончыў СШ № 4 (1978) і філалагічны факультэт Гарадзенскага універсітэта (1995). Вучыўся пры касцёле Святога Духа у Вільні тэалогіі (1990-91) і ў Сучасным Гуманітарным Універсітэце на юрыдычным факультэце (1997-98). Выкладаў літаратуру, катэхізіс і рэлігіязнаўства. Друкаваўся ў рэспубліканскіх і мясцовых выданнях, у зборніках паэзіі "Шлях", "Кола", "Ад лідскіх муроў".
Сазанавец Лілея Вацлаваўна - нарадзілася 10.06.1963 года ў Івейскім раёне. Скончала Лідскі індустрыяльны тэхнікум (1982), вучылася ў Беларускім тэхналагічным інстытуце (1984-88). Працавала на заводзе "Оптык" (1982-84) і на лакафарбавым заводзе (1990-98). Вучылася на факультэце славістыкі Віленскага педагагічнага універсітэта. Друкавалася з 1996 года.Выдала кнігу навэл "Неспланаванае забойства" (1996). З'ехала ў Канаду.
Астраўцоў Аляксандр Аляксандравіч - нарадзіўся 10.03.1965 года ў Менску. У 1976-82 гг. жыў у Лідзе, скончыў СШ № 9 (1982), Беларускі палітэхнічны інстытут (1982-87), працуе ў рэдакцыі літаратурнага часопіса "Крыніца". Друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях. Жыве ў Менску.
Пацюпа Юры Віктаравіч - нарадзіўся 13.03.1965 года ў Полацку. Дзяцінства прайшло на Лідчыне ў в. Дамейкі. скончыў СШ у в. Азёры Гарадзенскага раёна (1982), Лідскае СПТВ № 136 (1983), філалагічны факультэт Гарадзенскага універсітэта (1992).
Працуе на кафедры беларускай культуры Гарадзенскага ўніверсітэта. Друкуецца з 1986 года. Выдаў зборнік паэзіі "Ноч" (1991). Жыве ў Горадні.
Летуноўскі Дзяніс Валянцінавіч - нарадзіўся 21.04.1981 года ў Лідзе ў сям'і музычных педагогаў. Скончыў лідскую гімназію і музычную школу. У цяперашні час студэнт Маскоўскага Літаратурнага інстытута імя Горкага. Першыя вершы напісаў у 9 гадоў. Выдадзены тры зборнікі вершаў і песень: "Вечнасць" (1996), "Працяг" (1997), "Я застаюся з табой" (1999).
Мазітава Дзінара Рымаўна - нарадзілася ў Лідзе 24.03.1984 г., вучылася ў СШ № 11 і 17, музычнай школе, цяпер вучыцца ў музычным ліцэі пры Беларускай Акадэміі музыкі. Пачала пісаць музыку ў 7 га-доў, таксама піша вершы. Выдадзена яе кніга " Балетпа казцы Андэрсена "Дзюймовачка".
Хаця б аднойчы ў мясцовых выданнях друкавалася больш 300 аўтараў.
Больш 20 годаў друкаваліся ў мясцовых газетах Вячаслаў Мікалаевіч Кучынскі (з1949), Яўген Гольскі(1049-83), Сяргей Кліменка (з1960), Мікалай Багоеў (з1971), Васіль Міхіненка (з1978), Іван Гушчынскі (з1976), Тадэвуш Чарнавус (з1975), Вера Ляцецкая (з1977), Мікалай Янушкевіч (1960-81), Аляксандр Гембіцкі (з1981).
Актыўна працавалі на літаратурнай ніве ў 80-90-я гады Віктар Гебень, Іван Грыцко, Валянціна Казак, Таццяна Кудрашова, Наталля Ларыёнава, Марына Масла, Іосіф Ма-сян, Ганна Камінская, Людміла Шот, Юлія Пясецкая, Вераніка Пятроўская, Аркадзь Яфімавіч Топаль і інш. Яскрава заявіла аб сабе ў апошнія два гады Ўладзімір Грачоў, Святлана Мельнікава, Аршуля Баўтрэль. Шмат друкаваліся ў рэспубліканскім выданні цяперашнія студэнты ВНУ - ураджэнцы Ліды: студэнтка філфака БДУ Таццяна Аскерка, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Валянціна Дзегцярова, студэнт матфака Гарадзенскага універсітэта Зміцер Шах і інш. Студэнтка Менскага лінгвістычнага універсітэта Святлана Кухарэвіч друкавалася на старонках г-зет "Зорка", "Раніца", "Маладзёвы кур'ер", "Пераходны ўзрост", "Чырвоная змена" і часопісаў "Першацвет", "Літ art", яе вершы змешчаны ў "Анталогіі маладога верша".
У канцы 90-х гадоў у мясцовую літаратуру прыйшлі вучні лідскіх школ Інга Бібліс, Сяргей Боцька, Юля Гушчынская, Святлана Дарашэнка, Наталля Дронава, Васіль Каламіец, Юля Корхава, Алена Лук'ян, Вадзім Астроўскі, Сяргей Паўлюкевіч, Ганна Маркевіч, Вадзім Лаўрэш, Алесь Нічыпар і інш. Падрастае новае пакаленне. Самая малодшая паэтка Лідчыны Анастасія Багацька вучыцца ў 5 класе Шайбакоўскай школы, на год старэйшая за яе Юля Гушчынская з Мінойтаўскай школы.
Мемуарная літаратура.
Успаміны пра Ліду напісалі ўраджэнцы Ліды: Е. Путрамент, І. Рыбінскі, Я. Ярмантовіч, Ю. Кардаш, І. О. Далінскі, У. Нарушэвіч.
Ежы Путрамент (1910-1986) - у першым томе ўспамінаў "Polwiecze" (1964) распавядае аб Лідзе 20-30-х гадоў.
Рыбінскі Іосіф (20.12.1912-26.05.1986) - падафіцэр палка ў Лідзе, журналіст, аўтар двух аўтабіяграфічных кніг на польскай мове, у адной з іх апісаў Лідскі аэрадром 30-х гадоў, ажаніўся на лідзянцы Вераніцы Гедройць.
Яўгенія Ярмантовіч - ураджэнка Ліды, настаўніца музыкі і ангельскай мовы ў Беластоку напісала і выдала за свой кошт кнігу "У цені замка Гедыміна" (1995), у якой апісала лідскія падзеі другой паловы 30-х першай паловы 40-х гадоў.
Юзаф Кардаш - нарадзіўся ў Лідзе 29.09.1924 г., дзяцінства прайшло ў в. Колышкі, вучыўся ў Лідскім педвучылішчы, у 1959 годзе з'ехаў у Польшчу, працаваў у сістэме адукацыі дырэктарам школ, выдаў кнігу "Lida prawdziwa" (1997).
Іосіф Львовіч Далінскі (1900-2000) - прафесар Маскоўскага Усесаюзнага Інстытута Кінематаграфіі, некалькі гадоў таму выйшла кніга яго ўспамінаў, у якой ён апісвае сваё дзяцінства ў Лідзе пачатку стагоддзя.
Уладзіслаў Нарушэвіч выдаў выдатна аформленую і добра ілюстраваную кнігу "Wspomnienia lidzianina" (2001), у якой апісана даваенная Ліда.
У. Ампілаў і У. Смірноў напісалі дакументальную аповесць "У маленькім горадзе Ліда…"
(1962) аб лідскіх падпольшчыках ВАВ.
Іван Панчанка напісаў дакументальную аповесць пра Лідскі дзіцячы дом і аднаго з яго выхаванцаў Анатоля Аляксандравіча Новікава "… І вечнай будзе музыка" (1986).
На Лідчыне нарадзіліся і жылі будучыя тэатразнаўцы, літаратуразнаўцы, аўтары метадычнай літаратуры.Найбольш вядомыя сяород іх Халянкова А. Л., Ярмаловіч М. А., Будзько А. Ф., Смольскі Р. Б., Хамякова В. Р., Астравух А. Э. і Шандроха Н. Э.
Халянкова (дзяв. Мацыевіч) Аліна Люцыя-наўна (01.05.1940 - 11.07.1979) - нарадзілася ў в. Дубчаны. Сскончыла Белагрудскую сямігодку, Наваградскае педвучылішча (1958), гістарычна-філілагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута (1963). Кандыдат філалагічных навук (1978). Аўтар артыкулаў, рэцэнзій прысвечаных праблемам беларускай літаратуры 60-70-х гадоў.
Ярмаловіч Марыя Арцёмаўна 1942 г.н., - вучылася ў Лідскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (1959-60), скончыла Менскі педінстытут (1967). Кандыдат педагагічных навук (1972). Выдала "Руска-беларускі слоўнік педагагічных тэрмінаў" (1992, у сааўт.), падручнікі "Дыдактыка" (1995) і "Педагогіка агульная" (1995).
Будзько (дзяв. Бушэйка) Антаніна Філіпаўна 1943 г. н. - скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу (1959), Менскі інстытут замежных моў (1996). Аўтар вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў і падручнікаў для школ "Deutsch " (1995), дапаможніка "Настольная кніга для выкладчыка замежнай мовы" (1993,1997 у сааўт.)
Смольскі Рычард Баляслававіч - нарадзіўся ў Лідзе 03.04.1946 г. у сям'і працоўных. Скончыў СШ № 10, тэатральны факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1970). Доктар мастацтвазнаўства (1991). Рэктар Беларускай Акадэміі Мастацтваў з 1997 г. Аўтар кніг і манаграфій аб беларускім тэатры і яго майстрах: "На сцэне - бессмярот-насць подзвіга" (1982), "Пазначана часам. Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры" (1984), "Наступным у спадчыну. Тэма ВАВ у беларускім тэатры 80-х гадоў" (1986), "Тэатр і жыццё. Некаторыя праблемы тэатральнага працэсу ў Беларусі 70-80-х гадоў" (1989, адзін з аўтараў), "Тэатр у прасторы часу" (1998), "На скрыжаванні. Тэатр у працэсах станаўлення і развіцця гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў" (1999).
Хамякова (дзяв. Гушча) Вольга Рамуальдаўна - нарадзілася 10.05.1956 г. у в. Цвербуты ў сям'і настаўнікаў. Скончыла філалагічны факультэт Менскага педінстытута. Кандыдат філалагічных навук (1986). Вывучае пытанні методалогіі літаратуры, аналіз тэкста, развіццё рускай літаратуры 19 стагоддзя. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў, метадычных распрацовак для студэнтаў.
Астравух Аліна Эдмундаўна і Шандроха (дзяв. Астравух) Нона Эдмундаўна - абедзве нарадзіліся 16.05.1969 года ў в. Навасёлкі ў сям'і настаўнікаў. Скончылі Мінойтаўскую СШ (1985), Лідскае педвучылішча (1987), факультэт беларускай філалогіі і культуры Гарадзенскага універсітэта (1992). Аліна Эдмундаўна - кандыдат філалагічных навук (1998), вывучае сучасную беларускую паэзію, праб-лемы яе жанрава-стылёвай разнастайнасці. Нона Эдмундаўна - кандыдат педагагічных навук (1998) вывучае праблемы лінгвадыдактыкі, тэорыі і методыкі выкладання беларускай мовы.
З канца 19 стагодздзя друкаваліся разнастайныя матэрыялы па этнаграфіі Лідчыны.
Філосаф і этнограф Уладзіслаў Вярыга (09.06.1868 - 27.08.1916) у кнізе "Беларускія паданні" (Львоў, 1889) выдаў 32 казкі, а ў часопісе "Zbior wiadomosci do antopologii krajowej" (1889) надрукаваў 45 песень, запісаных у Лідскім павеце.
У тыя ж гады настаўніца Амелія Даравінская (Дзеравіньская, "Бірута", 1863-27.07.1891) надрукавала ў часопісе "Wisla" (1889) легенду "Sosny w Lidze". Пасля году яе скорай смерці ў "Зборніку паведамленняў па айчыннай антрапалогіі" (1892) з'явіліся са-браныя ёй "Беларускія песні з Лідскага павету".
Польскі літаратар, публіцыст, перакладчык Земавіт Фядэцкі, які нарадзіўся на Лідчыне, выдаў зборнік песень, сабраных у в. Феліксава ў 1942 годзе - "Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі… czyli co spiewano w Feliksowie" (1992).
Баяровіч Мар'ян Андрэевіч - намеснік дырэктара (1975-77), дырэктар (1977-96), Лідскага музвучылішча выдаў два зборнікі: "Беларускія народныя песні і танцы" (1998) і "170 беларускіх народных песень Гродзеншчыны" (2001).