КАРЫЦКІ Міхал (07.09.1714 - 10.03.1781) - ураджэнец маёнтка Дзітрыкі Лідскага павету (там пахаваны яго бацька), манах-езуіт, доктар філасофіі (к. 1750), паэт, педагог. Пісаў на лаціне вершы, казкі, элегіі, пасланні, пародыі, оды і паэмы, найбольш вядомая з іх - сатырычная паэма "Птушыны сойм". Пры жыцці выдаў 25 вершаў, у тым ліку "Аўстрыйскі Марс" (1756), "Дыфірамб" (1757), "Песня" (1781). Пасля смерці, праз 36 гадоў, у Полацкай езуіцкай Акадэміі быў выдадзены зборнік яго твораў пад назвай "Песні" (1812). У 1863 годзе Карыцкія прынялі ўдзел у паўстанні, іхнія землі былі перададзеныя Макрэцкім.
НАРБУТ Тодар (Тэадор Матэвуш, Фёдар Яўхімавіч; 28.10.(8.11.) 1784, б. маёнтак Шаўры Лідскага пав., цяпер Вораноўскі р-н - 14.(26.) 11.1864), гісторык і археолаг. Скончыў Віленскі універсітэт (1803). У 1803 прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. У 1804 удзельнічаў у рабоце камісіі па распрацоўцы праекту рэгуляцыі Нёмана. Удзельнік руска-пруска-французскай (1806-07) і руска-шведскай (1808-09) войнаў (капітан рускай арміі, вайсковы інжынер). Аўтар праекта Бабруйскай цвердзі і ўдзельнік яе будаўніцтва. З 1812 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку, даследаваў гісторыю ВКЛ. Першы на Беларусі даў вызначэне курганам як месцам старажытных пахаванняў. Вёў раскопкі ў Падняпроўі, пазней - на радзіме. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне непадалёку ад в. Шаўры Лідскага павету. Апісаў руіны цвердзі на Нёмане каля в. Лыскава Гарадзенскага павету. Сцвярджаў, што дрыгавічы невядомага паходжання жылі каля Кіева. Памылкова адносіў яцвягаў да скіфскіх плямён. Геральдыку Беларусі не лічыў старажытнай, бо аналагічная існавала і ў суседніх народаў. Даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Аўтар "Гісторыі літоўскага народа" (т. 1- 9,1835-41; давёў падзеі да 1569), у 1-м томе змясціў табліцу сваіх знаходак. Увёў у навуковы ўжытак Кроніку Быхаўца (1846). Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў пра Ліду, Наваградак, Індуру і інш., займаўся пытаннямі старажытнай міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі. Бацька герояў паўстання 1863 года: Людвіка (загінуў у баі), Баляслава, Францішка, Тадоры, а таксама славутага лекара Станіслава Нарбута ды яшчэ двух сыноў і трох дачок.
Асаблівыя заслугі роду Нарбутаў перад Беларуссю былі ў поўнай меры "ацэнены" расейскаю ўладаю. Жонка Т. Нарбута Крысціна і сын Баляслаў былі сасланыя. Францішак эміграваў. Сам 79-гадовы, моцна хворы Тодар быў пакінуты пад наглядам паліцыі ў Вільні, дзе і памёр. Маёнтак Шаўры, у якім была напісана "Гісторыя літоўскага народа", разрабавалі, калекцыі і дакументы вывезлі.
У незалежнай Беларусі выдалі вельмі шмат розных помнікаў гісторыі і культуры, але да гэтага часу не выдадзена "Гісторыя літоўскага народа" Тодара Нарбута.
ЛЯСКОВІЧ Марыя (1864 - 22.05.1939), дачка ўдзельніка паўстання 1863 г. Настаўніца ў в. Пяткоўшчына Лідскага павету, заснавальніца (1924) і настаўніца прафесійнай жаночай школы ў Ішчолне. У 1929 г. атрымала "Залаты крыж заслугі" з рук прэзідэнта Масціцкага, у 1939 г. узнагароджана ордэнам "Адраджэння Польшчы".
НАРУШЭВІЧ Язэп (Іосіф, 6.09.1914- 6.01.1994) Нарадзіўся ў Лідзе ў мікрараёне Ферма ў сям'і чыгуначніка. У 1915 г. разам з бацькамі эвакуяваны ў ваколіцы Гомеля. Сям'я вярнулася ў Ліду ў 1922 г. Язэп закончыў агульнаадукацыйную СШ № 5, у 1930 г. паступіў у нанава створаную Гандлёвую школу піяраў. Быў адным з лепшых вучняў гэтай школы. На агульнапольскіх стралецкіх спаборніцтвах заваяваў бронзавы медаль у стральбе з вайсковай зброі.
Пасля атрымання дыплома ў 1935 г. выехаў у Кракаў, вучыўся ў піярскім калегіюме. У 1939 г. з пачаткам вайны пяшком прыйшоў з Кракава ў Ліду.
Разам з бацькам і суседзямі Язэп Нарушэвіч прыняў удзел у вызваленні вязняў з турмы на вул. Сыракомлі ў апошніх днях чэрвеня 1941 г. У час акупацыі працаваў у аптэцы як бухгалтар і забеспячэнец. У 1944 г. працаваў бухгалтарам у швейнай арцелі. Вясной 1945 г. выехаў у Польшчу, жыў у Лодзі. Закончыў філасофскі факультэт у Лодзінскім універсітэце і Вышэйшую духоўную семінарыю ў Лодзі. У 1951 г. пасвенчаны ў капланы. Быў вікарыем парафіі ў Згержы, затым у Азоркаве. У 1964 г. атрымаў дактарат па філасофіі ў Тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Праз некалькі гадоў быў прызначаны духоўным пастырам у Вышэйшую духоўную семінарыю Лодзі, а затым натарыюсам у Епіскапскую Курыю. У 1972 г. атрымаў пробства ў Ласку, дзе да 1986 г. был пробашчам і дэканам Ласкага дэканату. Ганаровы канонік Ласкай калегіі. У 1975 г. арганізаваў у Ласкай плябаніі 1 з'езд выпускнікоў Гандлёвай школы свайго выпуску. У 1986 г. пайшоў на пенсію. Пахаваны ў Ласку.
СВІРЫДАЎ Пётр Мацвеевіч (1914-1941), дырэктар Лідскага музея ў 1940-41, ураджэнец в. Грышына Слабада Жукаўскага раёна Бранскай вобласці, выпускнік Ленінградскага кніжнага технікума, студэнт-завочнік гістарычна-архіўнага факультэта Маскоўскага бібліятэчнага інстытута. Вядомыя тэксты двух яго лістоў, напісаных у 1941 г. сябру дзяцінства І. Г. Ганічаву. У лісце ад 8 траўня ён паведаміў: «Веду борьбу с районными организациями за помещение для музея... Живу по-холостяцки, по-студенчески (жыў па вул. Камсамольскай, 53)... в Лиде хорошие паненки. Одна у меня работает секретарем». У апошнім лісце ад 11 чэрвеня ён пісаў: «..наметил провести археологические раскопки... Вел на днях великую борьбу с областными и районными организациями по вопросу сноса нашей Лидской крепости. Нужен был камень для спецстроительства, решили разобрать замок - памятник старины. Долго пришлось скандалить, разъяснять - не помогло. Тогда дело дошло до правительства. Я довел до сведения СНК БССР. Через 30 минут после моей телеграммы председатель СНК БССР Былинский позвонил в Лиду и отдал приказ о прекращении разбора-сноса крепости». У тым жа лісце ён паведаміў прыяцелю, што закахаўся, як хлопчык, у нейкую польку.
У першыя дні вайны экспанаты музея былі эвакуяваныя. Каля Смаленска ў машыну трапіла авіяцыйная бомба. Верагодна, разам з экспанатамі загінуў і Пётр Свірыдаў - абставіны яго смерці невядомыя.
ДЗІКЕВІЧ Мікалай Мікалаевіч, нарадзіўся 20 верасня 1924 г. у в. Дзітрыкі. Беларус. Закончыў гадзічны Лідскі педагагічны тэхнікум (1945). 8 студзеня 1946 г. прызваны ў шэрагі Чырвонай арміі, дэмабілізаваны 4.02.47 у годнасці "малодшы сяржант". Настаўнік у школах Лідскага раёна. Да выхаду на пенсію працаваў выкладчыкам фізкультуры ў Нёманскай школе. Узнагароджаны знакам ДТСААФ «За актыўную работу» (1975). Аўтар гістарычна-этнаграфічнага эсэ "Дзітрыкі: згукі заснуўшай цывілізацыі" (друкуецца ў часопісе "Лідскі летапісец" з 2001 г.). Гэтае эсэ мае ўсе падставы лічыцца лепшым творам такога жанру ў Беларусі пачатку 21-га стагоддзя.
МЕЛЬНІК Міхась Іванавіч. Нарадзіўся 7 лістапада 1949 года ў вёсцы Майсеевічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў Гарадзенскай прафесійна-тэхнічнай навучальні № 49 хімікаў. У 1972 годзе скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Астравецкай СШ, намеснікам дырэктара Красноўскай і Голдаўскай сярэдніх школ Лідскага раёна, старшынём прафсаюзнага камітэта Лідскай ПТН - 196, з 1984 года выкладае беларускую мову і літаратуру ў Лідскім дзяржаўным педагагічным каледжы.
Міхась Іванавіч вядомы як творчы і дасведчаны педагог, якому ўласцівы высокі прафесіяналізм, дабрасумленныя адносіны да працы. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1995 г.). Выбіраўся народным дэпутатам Гарадзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў па Маладзёжнай выбарчай акрузе № 51 (1990-1995 гг.). З 1989 года па 1997 год з'яўляўся першым старшынём Лідскай гарадской рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны натхняльнік і рухавік ідэі пабудовы ў горадзе Лідзе помніка вялікаму першадрукару і асветніку Францішку Скарыну (адкрыццё адбылося 25 ліпеня 1993 года, скульптар Валяр'ян Янушкевіч). Уваходзіў у склад Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыюме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992-1994 гг.).
Першы верш на рускай мове надрукаваў у 1966 годзе ў рэспубліканскай газеце "Зорька". А першы верш на беларускай мове "Задуменная ноч" з дабраславення славутага Васіля Быкава быў надрукаваны 25 лістапада 1967 года ў газеце "Гродзенская праўда". Суаўтар (разам з Пятром Чаборам) зборніка вершаў "Скрыжаванне" (Менск, Міжнародны фонд "Беларускі кнігазбор", 1996 г.). На працягу доўгіх гадоў публікуе свае літаратурна-крытычныя, навукова-метадычныя і публіцыстычныя артыкулы ў мясцовым, абласным і рэспубліканскім друку. Неаднаразова выступаў па радыё і тэлебачанні. З'яўляецца адным са стваральнікаў у Лідскім педкаледжы Музея асветы і культуры Лідчыны і адным з заснавальнікаў і выдаўцоў газет "Народная трыбуна" і "Голас з Ліды" (1992-1995гг.). Кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".
На словы Міхася Мельніка напісана шмат песень кампазітарамі Я. Петрашэвічам, В. Пыпецем, Дз. Мазітавай, С. Мазітавай, Д. Ціханам. С. Лявонавай, С. Чарняком, І. Воранам, В. Пазнуховай і іншымі.
Узначальвае арганізацыю ТБМ педкаледжа - адну з самых буйных у Беларусі.
СУДНІК Станіслаў Вацлававіч, нарадзіўся 21.09.1954 г. у в.Сейлавічы Нясвіжскага раёна (у сапраўднасці на хутары Касцянева каля Сейлавіч). Закончыў 10 класаў Сейлавіцкай СШ, Менскую ВІЗРН, Цвярскую вайсковую камандную акадэмію імя маршала Савецкага Саюза Г. К. Жукава (завочна). Ордэн «За службу Радзіме» 3 ступені, медаль «За баявыя заслугі». Падпалкоўнік запасу. Жыве ў Лідзе з 1994 года.
З 1990 па 1992 г. выпускаў газету «Рокаш» у г. Прыазёрску ў Казахстане. Выдаў «Шыхтовы статут беларускага войска» (1992), зборнік вершаў «Пагоня за мову» (1992), «Кароткі расейска-беларускі вайсковы слоўнік» (1993), «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» на 8 тысяч слоў (1997), кнігу вершаў "Мой Грунвальд" (1999), публікаваўся ў часопісах «Полымя» (1992), «Маладосць» (1997), «Лiдскi летапiсец» (1997-2005), «Роднае слова» (1995), газетах "Рокаш" (1990-1992), "Літаратура і мастацтва" (1993-94), «Лiдская газета» (1994), "Пагоня" (1995-1997), «Наша слова» (1997- 2005), "Тэлескоп"(2001-02, 2004-05), "Новы час" (2004).
Рэдактар газеты «Наша слова» з 1997 г., рэдактар газеты «Голас з Ліды» (1995), заснавальнік часопіса «Ад лідскіх муроў» і рэдактар асобных нумароў, выдавец газеты «Голас Ліды» (1998-1999), рэдактар часопіса «Лідскі летапісец», рэдактар газеты "Тэлескоп"(2001-02, 2004-05).
Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі БНФ "Адраджэнне" і Партыі БНФ з 1994 г.
Сябар сойму БНФ "Адраджэнне" і Партыі БНФ з 1995 г. па 2003 г.
Дэпутат Лідскага гарадскога савета (1995-1999).
Намеснік старшыні Гарадзенскай абласной рады ТБМ з 1994 г. Сябар рэспубліканскай Рады ТБМ з 1995 г. Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" з 1998 г. Сябар тэрміналагічнай камісіі ТБМ.
Старшыня Альянсу "Дэмакратычная Ліда" з 1995 г.
Старшыня Асамблеі няўрадавых арганізацый Гарадзенскай вобласці (1997-2003).
Старшыня Лідскага літаратурна-мастацкага аб'яднання "Рунь" з 1997 г.
Сябар Беларускага краязнаўчага таварыства імя Тодара Нарбута з 1998 г.
Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў з 2000 г.
Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 16 сакавіка 2001 г.
Адзін з заснавальнікаў "Фонда развіцця рэгіянальнай прэсы".
ДЗІКЕВІЧ Валеры Мікалаевіч, нарадзіся 25 верасня 1964 г. на ст. Нёман Лідскага р-на. Пасля заканчэння ў 1981 годзе Нёманскай СШ працаваў на мясцовых будоўлях мулярам і цеслем, служыў у войску. З 1986-га па 1991 год вучыўся на факультэце міжнародных зносін Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных зносін МЗС РФ (МДІМЗ МЗС РФ). Пасля заканчэння інстытута поступіў у вочную аспірантуру МДІМЗ на кафедру паліталогіі, якую закончыў у 1996 годзе, але ўжо ў завочнай форме. З кастрычніка 1992-га па снежань 1993 года вучыўся на факультэце эканамічных і сацыяльных навук Манчэстарскага універсітэта (Вялікабрытанія), дзе атрымаў ступень магістра эканамічных і сацыяльных навук. Пасля вяртання з Англіі выкладаў у МДІМЗ, кансультаваў камерцыйныя і грамадскія арганізацыі, вёў уласную калонку ў дадатку да газеты «Московская правда» - «Красная площадь». У верасні 1994 г. стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў штомесячнага навукова-публіцыстычнага часопіса «Бизнес и политика», першы нумар якога выйшаў у снежні таго ж года. У якасці адказнага сакратара і рэдактара часопіса быў ініцыятарам шэрагу важнейшых публікацый, якія прынеслі яму вядомасць у навуковых і экспертных колах. На старонках «Бизнеса и политики» ўпершыню ў расійскай палітычнай журналістыцы былі шырока і ўсебакова разгледжаны праблемы лабізму, груп інтарэсаў у сучаснай расійскай палітыцы, карпаратывізму, узаемастасункаў бізнесу і палітыкі ў Расіі і замежных краінах. Са снежня 1994 г. па чэрвень 1996 г. падрыхтаваў да публікацыі каля ста пяцідзесяці артыкулаў, сярод якіх тэксты такіх вядомых палітолагаў, сацыёлагаў і журналістаў, як Ю. Перагудаў, М. Ільін, В. Цымбурскі, А. Мядзведзеў і інш. У «Бизнесе и политике» публікаваліся і ўласныя артыкулы В. Дзікевіча на актуальныя тэмы. У пачатку 1995 г. разам з групай сяброў і аднадумцаў стварыў Цэнтр кіраўнічага праектавання (ЦКП), супольнасць маладых эканамістаў, сацыёлагаў, палітолагаў, псіхолагаў, кіраўнікоў, журналістаў, спецыялістаў у іншых абласцях ведаў. Вынікам цэлага шэрагу семінараў і інтэлектуальных абмеркаванняў у рамках ЦКП сталі артыкулы яго экспертаў, апублікаваныя ў расійскіх друкаваных выданнях. Так, напрыклад, тэкст, напісаны В. Дзікевічам у суаўтарстве з А. Садавым і А. Фяцісавым і апублікаваны пад загалоўкам «Контрольный пакет, как проклятие российской приватизации» у часопісе «Бизнес и политика» (чэрвень 1996 года), а затым пад загалоўкам «Виртуальный мир российской экономики» -у газеце «Деловой мир» (жнівень 1996 года), стаў, па агульным прызнанні, важнай вехай у абдумванні постпрыватызацыйнай рэальнасці сучаснай Расіі. А артыкул В. Дзікевіча, А. Тупіцына і А. Фяцісава «В поисках «субъекта развития», апублікаваная ў дадатку да «Независимой газеты» «НГ- сценарии» у кастрычніку 1997 года, на думку некаторых рэцэнзентаў, «абазначыў істотны паварот у дыскусіі пра будучыню Расіі» (С. Папоў. Развитие человека как приоритет новой политики. - «Независимая газета», 25.10.1997). Летам 1999 г. лепшыя артыкулы В. Дзікевіча, А. Фяцісава, А. Садава і іншых экспертаў ЦКП увайшлі ў другі выпуск зборніка «Игра на своем поле» М., «Русская линия», 1999. Эксперты ЦКП прымалі ўдзел у некаторых нашумеўшых палітычных, сацыяльных і РR-праектах. З траўня 1995 года па гэты час працуе ў буйных карпаратыўных структурах: кіруе рознага роду РR-службамі, з'являецца дарадцам першых асобаў гэтых структур па сувязях з грамадкасцю. У ліпені 2002 г. стаў адным з заснавальнікаў Партнёрства кіраўнікоў РR-служб. У якасці «вольнага мастака» па-ранейшаму публікуе (як правіла, пад псеўданімамі) артыкулы і эсэ на палітычныя тэмы ў розных расійскіх выданнях: «Новых известиях», «Российской газете» і інш. Лаўрэат прэміі «Лучшие перья России» (2002). Пад псеўданімам друкаваўся ў часопісе "Лідскі летапісец".
КІШКА Станіслаў Пятровіч (1455?-1514). Падстолі літоўскі (1487-88), стольнік літоўскі з 1491 г., пасол Вялікага князя Літоўскага Аляксандра да Вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ у 1490, 1495 і 1500 гг., маршалак гаспадарскі ў 1493-99 гг, намеснік лідскі ў 1496-99 гг., ваявода смаленскі ў 1500-03 гг., вялікі гетман ВКЛ у 1503-07 гг., дзяржавец Васілішскага староства (1505-06), стараста гарадзенскі з 1508 г., маршалак земскі ў 1512-13 гг. Чалец Паноў-Рады. Разам з князем К.І. Астрожскім удзельнічаў у прайгранай бітве на р. Ведрашы. У 1507 г. перад Клецкай бітвай занямог і перадаў камандаванне войскам Міхаілу Глінскаму, які бітву бліскуча выйграў.
Тодар з Нарбутаў Лідскіх
О, Лідскі край, табою ганаруся,
З слязой на воку Бог цябе стварыў.
Не ведаў свет ніякай Беларусі,
А пра цябе з пашанай гаварыў
* * *
Стаяла Ліда між балот Дайнаўскіх,
Сачыла царстваў лёт і заняпад,
Збірала ў песнях і чароўных казках
Хады стагоддзяў адмысловы лад.
Раслі тут людзі, як дубы на ўзлессі,
Снавалі душы аўру той зямлі,
З сабой з народзінаў лідзяне неслі
І тое, пра што ведаць не маглі.
Але збіраліся, як хмары ў паднябессі
Стагоддзяў дзеі ў памяці людзей,
Пакуль магутны лёс ім не накрэсліў,
Хто стане летапісцам тых падзей.
І ён прыйшоў, нашчадак слаўных родаў,
Чые пад Грунвальдам не сцерліся сляды,
Каб расказаць уласнаму народу
Пра слаўныя і мужныя гады
Ён Остык-Нарбут вырас з тых курганаў,
Што крыве прысвячалі ў дар багам
У час, што называе ксёндз паганым,
І што заўсёды быў наймільшы нам.
Як любім мы дзяцінства свайго годы,
Якімі б цяжкімі не выйшліся яны,
Дзяцінства любяць роднага народа,
Народа тога верныя сыны.
Палонны край цягнуў ярмо галечы
Захопнік ладзіў тут сваю турму,
Але ў мінуўшчыне нам край быў вечным,
І ў будучым быць вечнаму яму.
Нам прышласці не дадзена спазнанне,
Ды нешта ведаць можам мы з яе,
Яна заўжды была адлюстраваннем
Мінуўшчыны, як сутнасці свае.
Чаму "Гісторыі літоўскага народа"
На Лідчыне спадобіў Бог саспець?
Таму, што тут спрадвечная прырода
Ліцьвінскай нацыі здалела ацалець.
Тут вёску перайдзі з сярэдзіны да краю,
І пройдзеш па стагоддзях напрасткі,
У прозвішчах Дайнава паўсплывае,
І кельты загамоняць праз вякі.
Тут зажурбоча рэчка па-яцвяжску,
І па-нальшчанску зашуміць лясок,
Гара прастогне нешта па-варажску,
І па-судаўску памаўчыць пясок.
Тут след глыбокі ад славянаў-гудаў,
І крывіч у тым краі не чужы,
Дзяржаўнай воляй, а не нейкім цудам
Плямёнаў спадчыну ліцьвін спажыў.
Плямёны тыя меўшы за карэнні,
Магутны ствол ліцьвіншчыны паўстаў,
А Нарбуту ўсяго што разуменне
Бог гэтай велькае сапраўды даў.
Ён ведаў вельмі, вельмі, вельмі многа,
Да тога і дагэтуль не дайшлі...
... Для следапыта розныя дарогі
Бываюць на спакуслівай зямлі.
Ёсць шлях шырокі, статкам пратаптаны,
Гасцінец біты, хоць яйцо каці,
А для адной сапраўдай апантанных,
Бывае, што і сцежкі не знайсці...
* * *
Паўстанне збіта, край наш здратаваны,
Маскаль, як крук, крумкоча: "На вякі",
А дзесь на вёсцы, Богам занядбанай,
З пяра сцякаюць вольныя радкі.
Прывозяць кронікі да Нарбута з паўсвету,
Знаходкі шлюць, як памяткі вякоў,
Бо так патрэбны загібелым гэтым
Ваколіцам хоць некалькі радкоў
Пра іх багоў, што край той ахіналі,
Пра прашчураў, што верылі багам,
Пра іх князёў, што грозна выязджалі
З-пад старажытных невядомых брам.
Пра тыя гарады, што зніклі назаўсёды
Пра смелых думак нецугляны лёт,
Пра велічнасць забітага народа.
Які забыў, што ён і ёсць народ...
... Шаўры не Вільня, нават, не Варшава,
Не цэнтр культурны, што ні гавары,
Ды піша Нарбут, і сюда рухава
Збягаюцца і хлопы, і цары...
...І пазяхнуўшы з забыцця выходзяць
Альгерд, Кейстут, Вялікі Гедзімін,
Вітаўт ізноў над краем верхаводзіць,
І зноў тут гаспадарыць сам ліцьвін...
Пра бітвы піша, пра здабыткі нашы,
Што за сахой усходзяць на раллі,
Што нам давалі сенажаці, пашы
І што праз злыдняў так і не далі.
... Яшчэ балонкі не дайшлі да друку,
А ўжо яны ў свядомасці людзей,
Яны нясуць дзяржаўную навуку
І грунт для светлых заўтрашніх надзей.
* * *
Раслі тамы пакрэсленай паперы,
А побач дзеці Нарбута раслі,
І прарастала між народу вера
У велічнасць бацькоўскае зямлі
Як грымне гром наступнага паўстання,
І зноў за край падымуцца сыны,
Не гледзячы на імя і празванне,
Сынамі Нарбута ўсе стануцца яны.
... Раз атрымалася што ў лютай сечы
Клінок казацкі хлопца ледзь не зжаў,
Рассек заплечнік, ды не змог рассекчы
Том Нарбута, што ў тым мяшку ляжаў...
Так том гісторыі збярог хлапчыну,
Ды гэта будзе звужаны пагляд,
Тым творам Нарбут абярог Айчыну,
Якую пляжыў іншаземны гад.
* * *
На поплаве, стаптаным капытамі,
Аж чорна ўсё, ды толькі недзе там,
Нашмат глыбей, пад конскімі нагамі,
Жыве карэньчык недаступы нам.
Табун паскача, цёплы дождж прыльецца,
І глянь-паглянь, сыходзіць колькі дзён,
З пад чарнаты ізноў трава бярэцца,
Зямной бранёю прарастае дзёрн.
* * *
Ляжаць тамы, зрэдчас хто возьме ў рукі,
Не крытыкнуць не зможа не адзін,
Вядома ж, што далёка ад навукі,
Ад сённяшняй, той Нарбут паблудзіў.
Ды толькі здарыцца, калі, бывае,
У Начы да магілы падысці,
І новымі пачуццямі ўсплывае
Душа незачарствелая ў жыцці.
Стаім мы перад велічнай магілай,
Пігмеі дробненькіх адкрыццяў і ідэй,
А ён, тытан, з магутнай сваёй сілай
І з-пад зямлі кіруе і вядзе.
Даў Бог краіне вольную навуку,
Гісторыкамі тут хоць гаць гаці,
Ды з іх да звання Тодарава ўнука
Не кожнаму надарыцца дайсці...
* * *
О, Лідскі край, каб толькі ты і здолеў,
Што даць нам Нарбута, дык, нават, і тады,
Ты заручыўся б шчыраю любоўю
Дзяцей тваіх на вечныя гады.
Станіслаў Суднік.