НАРБУТ Даніэль у манастве Казімір, афіцыйна Казімір (3.01.1738 - 17.03.1807) нарадзіўся ў Крупе (Крупава) Лідскага павету ў "сям'і Казіміра Нарбута, мечніка літоўскага з Крупы".
Вучыўся ў Шчучыне ў піярскай школе, затым у Любяшоўскім навіцыяце і ў піярскім калегіюме ў Дубровіцы, з 1759 г. у піярскім калегіюме ў Вільні, і каля 4 гадоў у піярскай вучэльні ў Рыме.
У 1764 г. вярнуўся на радзіму. Прызначаны прафесарам і прэфектам піярскага калегіюма ў Дубровіцы. Пасля жыў у Вільні, чытаў лекцыі па філасофіі, быў прэфектам піярскай друкарні
У 1769 г. выдаў у Вільні падручнік па логіцы - "Логіка або навука разважання і меркаваня аб прадметах навукі" на польскай мове. Аўтар курсу "Эклектычная філасофія" на лацінскай. Перавёў з французскай на польскую кнігу "Ваенная навука прускага караля для яго генералаў" (1771). У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадзянскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Рэчы Паспалітай, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. Як чалец Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнай адукацыі ў РП. Чалец Таварыства па складанні элементарных кніг, напісаў два раздзелы для школьнага статуту парафіяльных школ і палажэнне " Аб інспектаванні школ". Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі. Крытыкаваў сістэму адукацыі ў езуіцкіх акадэміях і калегіюмах, выступаў за свецкую сістэму адукацыі.
Мысляр - асветнік. Прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі.
Пробашч лідскі ў 1784-1786 гг.
Пахаваны ва ўніяцкай царкве ў Радзівонішках. Магіла не захавалася. (Пяткевіч А.)
ВІТАЖЭНЕЦ Стэфан Баляслававіч (15.01.1908, Ліда - 30.12.1994, Варшава).
Вітажэнцы герба Равіч - старажытны шляхецкі род Лідскага павету, які валодаў буйной зямельнай нерухомасцю ў радунскай, тракельскай, калясніцкай, жырмунскай, эйшышскай і нацкай парафіях.
Бацька Стэфана - сакратар маршалка павятовага дваранства, у 20-30 сакратар магістрата. Баляслаў Вітажэнец у 20-я гады на вуліцы Сувальскай пабудаваў пышную трохпавярховую вілу ў стылі канструктывізму. Да нядаўняга часу гэта быў лепшы дом у горадзе, у пасляваенныя гады ў ім атрымлівалі кватэры толькі першыя сакратары гаркаму і райкаму і старшыні гарвыканкаму.
Стэфан у 1929 г. скончыў Лідскую дзяржаўную гімназію імя гетмана Хадкевіча на вул. 3 траўня (цяпер Ленінская), а затым школу падхарунжых лётнага рэзерву (1930), Цэнтр падрыхтоўкі афіцэраў авіяцыі ў Денбліне (1932), курсы вышэйшага пілатажу пры Лётнай школе ў Грудзензе (1933). Служыў інструктарам у Лётнай школе да 1939 г.
Удзельнік Другой Сусветнай вайны. Здзейсніў 208 баявых вылетаў. За два месяцы паветранай бітвы над Вялікабрытаніяй збіў 5 нямецкіх самалётаў, адным з іх кіраваў нямецкі ас Хорст Тэтзен. Камандаваў эскадрылляй, дывізіёнам, знішчальным крылом. Скончыў вайну падпалкоўнікам.
У 1945 г. быў камендантам Школы пачатковага пілатажу, затым два гады да расфармавання камандаваў Другім польскім знішчальным крылом. У 1948 г вярнуўся ў Польшчу, пасяліўся з бацькамі ў Лодзі. У 1957 г. ізноў быў прызваны ў Польскае Войска. Служыў у апараце камандавання Паветраных Сілаў, 9 гадоў быў камендантам Цэнтра падрыхтоўкі лётчыкаў у Модліне. Узнагароджаны ордэнам Віртуці Мілітары, Ганаровым Лётным Крыжом Вялікабрытаніі, Крыжом срэбным Ордэна Віртуці Мілітары, трохразова Крыжом за доблесць, Крыжом Баявых Дзеянняў на Захадзе.
У 1968 г. у званні палкоўніка выйшаў на пенсію. Доўгія гады ўзначальваў Саюз польскіх лётчыкаў.
Памёр 30 снежня 1994 г. Пахаваны ў Варшаве на могілках у Павонзках сярод вайсковых лётчыкаў.
Пасмяротна ўзнагароджаны Камандорскім крыжом з Зоркай Ордэна Адраджэння Польшчы.
Правёў у паветры 4238 гадзін, лётаў на 31 тыпе самалётаў.
Адзіны з лётчыкаў чалец Капітулы Ордэра Віртуці Мілітары.
ЖАЛКОЎСКІ Аляксандр Васільевіч нарадзіўся 1.03.1933 г. у в. Сасновы Бор (да перайменавання - Цёмнае Балота) Шчучынскага раёна. Працаваў адказным сакратаром Васілішкаўскай раённай газеты (1950 г.), рэдактарам Воранаўскай (1961-1962 г.) і Мастоўскай (1965-1969 гг.) раённых газет. У Лідзе з 1962 г. Быў рэдактарам Лідскай газеты "Уперад" у 1969-89 гг. Наступныя гады працаваў уласным карэспандэнтам абласной газеты "Гродзенская праўда". Лаўрэат прэмій творчых конкурсаў, узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і ганаровым знакам "2000 год Хрысціянству". Сябар Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ з дня заснавання. Аўтар шматлікіх артыкулаў публіцыстычнага і краязнаўчага характару, у тым ліку сталы карэспандэнт газеты "Наша слова". Адзін з стваральнікаў лідскай кнігі "Памяць".
СТРАЛЮК Мар'ян Іванавіч (6.01.1938 -25.08.2000). Нарадзіўся ў в. Мохавічы Лідскага павету. Скончыў Белагрудскую сямігодку, Лідскую СШ № 2 (1956, энергетычны факультэт БПІ (1961. Майстар элетралабараторыі на Полацкай ЦЭЦ № 2. Скончыў аспірантуру БПІ пры кафедры электрастанцыі. Кандыдат тэхнічных навук (1966). З 1966 па 1988 гг. - асістэнт, старэйшы выкладчык кафедры "Электрычныя станцыі", намеснік дэкана, дэкан энергетычнага факультэта БПІ. У 1985 г абараніў доктарскую дысертацыю. Прарэктар па навуковай працы БПІ - БДПА (1988-2000) і галоўны рэдактар навукова-тэхнічнага часопіса " Энергетыка - Весткі вышэйшых вучэбных устаноў і энергетычных аб'яднанняў СНД". Шматлікія яго распрацоўкі адносяцца да тэорыі і практыкі даследавання электрычнай устойлівасці токаправодных канструкцый. Асабліва значны ўклад ён унёс у распрацоўку тэорыі дынамікі гнуткіх правадоў пад дзеяннем электрадынамічных сіл ад токаў кароткага замыкання і кліматычных фактараў. Складзеныя на аснове гэтай тэорыі алгарытмы і пакеты кампутарных праграм шырока выкарыстоўваюцца ў Беларусі, Расіі, Паўднёвай Карэі і інш краінах пры праектаванні токаводных канструкцый павышанай надзейнасці з скарочанымі габарытамі. Яны значна танейшыя.
Прафесар (1987), член-карэспандэнт НАН Беларусі (1989), акадэмік міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы (1993), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1999), ганаровы энергетык (1995). Кіраваў больш за 30 навукова-даследчымі праектамі і праграмамі, шэрагам важных гаспадарчых дамоў па стварэнні аптымальных рэжымаў электразабеспячэння, у тым ліку Жлобінскага металургічнага камбіната. Намеснік старшыні экспертнай рады па праблемах энергетыкі галоўнага кіравання навукова-даследчых прац Дзяржадукацыі СССР, навуковы кіраўнік першай міжвнуўскай праграмы фундаментальных даследаванняў па энергетыцы "Прыярытэт". Падрыхтаваў 10 кандыдатаў і доктара тэхнічных навук. Старшыня спецыялізаванай рады па прысуджэнні навуковых ступеняў, намеснік старшыні фонду фундаментальных даследаванняў РБ. 120 публікацый у айчынных і замежных навукова-тэхнічных часопісах і выданнях. Яму належаць тры вынаходствы. Узнагароджаны медалём "За працоўную адзнаку", Ганаровай граматай МП РБ. (У.А. Сарока.)
КАШЫЦ Кастусь (1828-1881), буйны зямельны ўладальнік у Лідскім павеце, удзельнік паўстання 1863 г., высылаўся ў Сібір. Кандыдат дыпламатычных навук, аўтар з'едлівых эпіграм, жартаўнік.
ВЯРЫГА Ўладзіслаў (9.06.1868-27.08.1916), запісваў у Лідскім павеце беларускія песні і паданні. Этнограф і філосаф. Кніга "Беларускія паданні" Львоў, 1889 - 32 казкі з Лідскага павету, часопіс "Zbior wiadomosci do antropologii krajowej" т. 13, 1889 - 45 песень з Лідскага павету.
ГОВАР Сцяпан Іосіфавіч (1888-1943). Нарадзіўся ў в. Масявічы Лідскага павету ў сям'і селяніна-бедняка, у пошуках працы з'ехаў у Гомель. Там уступіў у партыю бальшавікоў, з'яўляўся камісарам адміністрацыйнай часткі Гомельскага аддзела Заходняй акругі Народнага камісарыяту шляхоў зносін. У пачатку красавіка 1919 г. пераведзены на службу ў Віленскі аддзел Заходняй акругі НКШЗ, затым накіраваны ў Ліду. Уваходзіў у 1920 г. у склад Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту Лідскага павету, узначальваў зямельны аддзел. Пасля ўз'яднання з БССР быў сакратаром Ганчарскага сельсавета. Падтрымліваў сувязь з партызанамі. Забіты акаўцамі ў канцы снежня 1943 г. у сябе дома разам з плямяннікам Уладзімірам Міхайлавічам Говарам. Пра яго стала вядома ў 50-х гадах. Сын плямянніка Говар Дзям'ян Уладзіміравіч - шафёр калгаса імя Чкалава перадаў дакументы ў музей улетку 1968 г. Дакументы былі знойдзеныя ў саламяным даху старой хаты ў в. Масявічы.
ДЗЯМІДАЎ Мікалай Іванавіч (1888-1967), сын сястры Кастуся Каліноўскага. Афіцэр царскага войска. У 1918 г. служыў камендантам Гародні, прадстаўляў у камендатуры Раду БНР, удзельнічаў у фармаванні вайсковых частак для барацьбы з Чырвонай Арміяй. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі Латвіі кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Дзвінску, пасля ўвайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэту ў Рызе. У 1942 г. пераехаў у Беларусь, працаваў інспектарам Генеральнага Камісарыяту, затым рэферэнтам па школьных справах. У 1943 г. акруговы школьны інспектар, арганізатар беларускай самаабароны ў Лідзе (Пагоня, снежань 1998 г).Удзельнічаў у фармаванні батальёна БКА. У 1944 г. вярнуўся ў Рыгу, затым уцёк у Нямеччыну. Заўсёды адстойваў пункт погляду аб прыярытэце ў нацыянальным руху інтэлігенцыі, у прыватнасці настаўніцтва. (А.К. Салаўёў. Беларуская цэнтральная рада. Мінск, 1995, с.152.)
НОВІКАЎ Алег Цімафеевіч (21.04.1928 г., в. Войлева Сенненскага р-на Віцебскай вобл. - 9.02.1998 г. Ліда). Скончыў 10 класаў СШ № 53 в. Машчоны (1949), Беларускую сельскагаспадарчую Акадэмію па спецыяльнасці механізацыя працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці (1954), кваліфікацыя інжынер-механік.
Галоўны інжынер Забалоцскай МТС Радуньскага раёна (1954-57), дырэктар Раготнаўскай МТС Казлоўшчынскага раёна (1957-58), дырэктар Казлоўшчынскай МТС-РТС (1958-60), дырэктар саўгаса "Тарнова" (1960-87), генеральны дырэктар Лідскага вытворча-гандлёвага аб'яднання па садавінна-гародніннай прадукцыі "Лідасадавіна-гародніна" (1987-88). У ліпені 1988 г. пайшоў на пенсію.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (22.03.1966), Леніна (8.04.1971) і Кастрычніцкай рэвалюцыі (12.12.1973), медалямі, чатырохразова Ганаровымі граматамі ВС БССР. "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР" (23.10.1973). Неаднаразова абіраўся дэпутатам Лідскага раённага Савета дэпутатаў. Персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. 4 дзяцей, 6 унукаў.
28 гадоў дырэктар саўгаса "Тарнова". "Калі прыехалі ў Тарнова, там быў толькі палац і 6-кватэрны домік. Спачатку нават плакаў ад бяссілля. Паразгоняў нягоднікаў і набраў маладых спецыялістаў. Завёў буйную рагатую жывёлу, і саўгас пайшоў у гару. Шмат будаваў, фермы, склады. Трымаў дысцыпліну, спецыялісты дзяжурылі па начах, каб не кралі. Любіў новае, ездзіў па іншых гаспадарках, у Польшчу, у Балгарыю, усё ўдасканальваў". Пры ім былі пабудаваныя цэнтральная сядзіба саўгаса, школа, дзіцячы садок, цяплічны камбінат. Саўгас неаднаразова выходзіў пераможцам у раённым і абласным сацыялістычным спаборніцтве. У саўгас прыязджалі шматлікія дэлегацыі. Пяць раз прыязджаў Пётр Машэраў.
ЦІШУК Святлана Аляксандраўна. Нарадзілася 15 траўня 1938 г. у Гомелі. Скончыла 7 класаў СШ № 8, два курсы Гомельскага тэхнікума фізкультуры, перавялі ў Гарадзенскі, які скончыла ў 1957 г., адзін курс фізкультурнага інстытута, у 1973 г. скончыла Гарадзенскі педінстытут. Працавала ў дзіцячых спартовых школах г. Ліды, трэніравала баскетбалістак і плывуноў. 21 год (61-82) была трэнерам баскетбольнай зборнай школьнікаў г. Ліды. З выхаванцаў С. Цішук за зборную школьнікаў Беларусі выступала Бутрымовіч Ганна, за зборную вобласці шмат. Друкавацца пачала ў 1979 г. Першы верш апублікаваны ў "Лідскай газеце". Да 90 г. публікавалася пад псеўданімамі: Сяргеева, Ціхая, Ціхалідава. Пад сваім прозвішчам пачала публікавацца пасля 1990 г., калі пачала пісаць вершы на беларускай мове. Публікавалася ў газетах "Полымя", "ЛіМ", "Чырвоная Змена", "Фізкультурнік Беларусі", "Наша слова", "Гарадзенская праўда" і ў лідскіх зборніках. Аўтар зборніка паэзіі "На крылах белай вароны". Замужам. Муж Сяргей Андрэевіч.