Францішак Багушэвіч у паўстанні 1863 года: легенды, здагадкі, факты
175 гадоў з дня нараджэння
Агульнавядома, што Францішак Багушэвіч удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Гэта пацверджана мноствам дакументаў, успамінаў, факт. Асноўны факт, што Багушэвіч вымушаны быў з'ехаць на чужбіну, каб не трапіць у лапы карнікаў.
Аднак больш-менш дакладную інфармацыю мы маем пра забітых паўстанцаў, чые асобы былі ўстаноўлены. Маем судовыя справы арыштаваных паўстанцаў з іхнімі паказаннямі, але верыць гэтым паказанням да канца не выпадае, бо хто колькі мог, той столькі і ўтойваў ад следчых. "Здавалі" ў крайнім выпадку як правіла забітых або заведама эміграваўшых. Былі, канешне, здраднікі і слабавольныя, але асноўная маса палонных выкручвалася як магла, каб не сказаць лішняга. Таму інфармацыі пра канкрэтнага паўстанца заўсёды вельмі мала. Нават калі карнікам удавалася высветліць імя забітага, то ўсяляк хавалі, хто ён і адкуль.
Пра Францішка Багушэвіча з крыніцы ў крыніцу, з артыкула ў артыкул перадаецца легенда - легенда, бо доказы не прыводзяцца - што ён ваяваў у аддзеле Людвіка Нарбута і быў паранены. Разам з тым ва ўспамінах пра Людвіка Нарбута Ф. Багушэвіч нідзе не засвяціўся. Ён мог карыстацца псеўданімам, але дакладна пра гэта таксама нічога не вядома.
Звернемся да фактаў.
1. Перад паўстаннем Францішак Багушэвіч быў запрошаны на пасаду настаўніка абшарнікам Звяровічам або Жвіровічам у маёнтак Доцішкі Лідскага павета. У польскім напісанні гэтае прозвішча пачынаецца або з Z з кропкай, або з Z з крэскай, што для расейскага пісара вялікай розніцы не ўяўляла. Сам Аляксандр Звяровіч быў малады, падчас паўстання яму было 25 гадоў (С. Суднік. Мемарыялізацыя памяці паўстання 1863-64 гадоў на гістарычнай Лідчыне. Лідскі летапісец, № 4 (64), 2013 г.). Францішку Багушэвічу было адпаведна 23 гады. Факт працы Багушэвіча ў Доцішках пацвярджаецца многімі крыніцамі.
2. Арганізоўваў паўстанне на Лідчыне і кіраваў ім Людвік Нарбут з Шаўроў. Перад паўстаннем Людвік Нарбут жыў у Сербянішках у маёнтку жонкі. Паміж Доцішкамі і Шаўрамі - кіламетраў 8, да Сербянішак яшчэ 4-5. Ніякіх іншых паўстанцкіх аддзелаў у бліжніх ваколіцах не было.
3. Трэцяя дзейная асоба нашага даследвання Ян Карловіч валодаў маёнткам Подзітва, які таксама недалёка ад Доцішак. Яну Карловічу на момант паўстання было 27 гадоў. З 1862 па 1865 год у яго біяграфіі белая пляма. Дзе ён жыў і што рабіў? Паводле дырэктара музея Ф. Багушэвіча у Кушлянах Алеся Жамойціна, Карловіч быў адказным за друкаваную прадукцыю паўстання, трымаў адпаведны фонд для выдавецкай справы і таму быў асабліва блізкі да Кастуся Каліноўскага. Але будзем трымаць у памяці Подзітву.
Людвік Нарбут падняў Лідскі павет на паўстанне раней за ўсе іншыя паветы ВКЛ. Шэрагі паўстанцаў папаўняліся паступова і перш за ўсё за кошт бліжніх ваколіц. У найбольш поўнай працы Леаніда Лаўрэша "Паўстанне 1863 г. на Лідчыне. За нашу і вашу свабоду" (Лідскі летапісец, № 2 (62), 2013 г.) у шэрагах паўстанцаў Людвіка Нарбута паказваюцца і Францішак Багушэвіч, і Аляксандр Звяровіч.
4-га траўня 1863 г. аддзел Людвіка Нарбута пасля шэрагу больш-менш паспяховых баёў пацярпеў паразу пад Дубічамі. Сам Людвік Нарбут загінуў. Загінула шмат паўстанцаў, шмат трапіла ў палон. Рэшткі аддзела раздзяліліся. Ваяры адной часткі аддзела Нарбута схаваліся ў лесе і праз некаторы час далучыліся да іншых аддзелаў інсургентаў. Другую частку аддзела брат Людвіка - Баляслаў Нарбуту сабраў у Гарадзенскай пушчы. 2 траўня рускія войскі пад камандаваннем ваеннага начальніка Лідскага павета палкоўніка Алхазава знайшлі аддзел пад Ганэлькамі (над ракой Котрай) і зноў разбілі паўстанцаў. Толькі нямногія байцы змаглі пазней далучыцца да аддзела Астрогі-Парадоўскага. Сам Баляслаў Нарбут быў арыштаваны каля Друскенікаў і адвезены для ваеннага суда ў Гародню.
Дзе аказаўся пасля Дубіцкага разгрому Францішак Багушэвіч, калі ён сапраўды быў у аддзеле Людвіка Нарбута?
Звернемся да артыкула дырэктара музея Францішка Багушэвіча ў Кушлянах Алеся Жамойціна.
"Паўстанцкі шлях Францішка Багушэвіча
1863 год. Нават біёграф Багушэвіча Напалеон Роўба з палітычных меркаванняў не мог нічога сказаць пра дзейнасць паэта ў тыя гады. Шчаслівая выпадковасць напаткала аўтара гэтых радкоў. Жыхарка Доцішак Бенядыкта Янаўна Свечка перадала ў мае рукі паперы свайго бацькі, актыўнага ўдзельніка левага сялянскага руху ў буржуазнай Польшчы. Цікавая яго аўтабіяграфія, напісаная па-польску. Яе цытую амаль цалкам у сваім перакладзе.
"Свечка Ян. Нарадзіўся 6 красавіка 1896 года паводле старога стылю. Бацька меў некалькі гектараў зямлі, сам на ёй працаваў. Займацца ў школе магчымасці не было. Вучыўся толькі дома.
...Зімовымі вечарамі падвучыўся яккольвек чытаць па-польску і па-руску ад майго бацькі Міхала - былога першага вучня польскай нелегальнай школы, арганізаванай Жвіровічам у вялікім двары ў Доцішках у 1861-1862-1863 гадах. З апавядання майго бацькі Міхала Жвіровіч на свой кошт трымаў у двары ў Доцішках двух настаўнікаў - педагогаў дворных: прафесара Багдзевіча Адама і ...Багушэвіча Францішка.
Жвіровіч з прафесарам Багдзевічам параконна ездзілі ў Варшаву па польскія школьныя чытанкі, якія давялося распакоўваць у той час вучню Міхалу (майму бацьку). З апавядання старых людзей і... майго бацькі, Міхала, Жвіровіч быў кіраўніком паўстання на Віленшчыне 1863 года. Разам са Жвіровічам актыўны ўдзел у паўстанні браў і малады ў той час Багушэвіч Францішак - настаўнік майго бацькі... Бацька мой быў сведкам (меў тады 12 поўных гадоў), калі аднойчы летнім днём 1863 года рота царскіх казакаў наляцела на двор Жвіровіча ў Доцішках і граміла заспетых знянацку паўстанцаў Жвіровіча, узброеных пістаноўкамі, шляхецкімі шаблямі і пікамі. Паўстанцы спрабавалі схавацца ад казакаў у дворскі лес Зялёная Сола. Там атрымаў рану ў нагу Багушэвіч Францішак - настаўнік майго бацькі ў Доцішках, які, на сваё шчасце, паспеў схавацца за забітага каня. Жвіровіча казакі схапілі. Пасля царскага суда яго вывезлі на Сібір. Маёнтак Жвіровіча канфіскавалі і аддалі царскаму палкоўніку жандармерыі ІІІпееру, які жыў у Вільні (...)".
У аўтабіяграфіі цікавае сведчанне аб сутычцы казакаў з паўстанцамі каля Доцішак. З рапарта палкоўніка Ўласава вынікае, што сутычка адбылася 12 чэрвеня І863 года (ЦДГА Літ. ССР, ф. 438, воп. 1, спр. 102, арк. 211). З архіўных дакументаў мы даведаліся, што ў той час каля Доцішак знаходзіўся атрад Астрогі (ЦДГА Літ. ССР, ф. 1248, спр. 200, арк. 9-10). Вось паказанні паўстанца з гэтага атрада А. Янкоўскага: "З Гарадзенскай пушчы пайшлі да мястэчка Эйшышкі, але на шляху былі мызы абшарніка Звяровіча. Калі мы стаялі на адпачынку, не болей, чым тры гадзіны, дагнала нас войска, і мы пайшлі ад яго праз балота да мястэчка Шчучын, наўмысна блудзячы, заходзілі ў вёскі, але, у якія менавіта, не памятаю; але на мызы не заходзілі таму, што гэта было забаронена, здаецца, Камітэтам".
Як бачым, дакументы і ўспаміны не пярэчаць адно другому. Ёсць толькі недакладнасць у прозвішчы (Жвіровіч - Звяровіч), але рускі чыноўнік мог свабодна перакруціць тутэйшае прозвішча паводле снайго разумення. У памяці жыхароў Доцішак жыве Жвіровіч. I яшчэ народная памяць данесла апавяданне пра тое, што ў хмызняку ля маёнтка інсургенты свежавалі жывёлу, ахвяраваную Жвіровічам для паўстанцаў.
Зыходзячы з успамінаў і архіўных дакументаў, адновім ход падзей 12 чэрвеня 1863 года.
Атрад Астрогі пасля паходаў папаўняў запасы правізіі ў абшарніка Аляксандра Жвіровіча. Асноўныя сілы паўстанцаў былі размешчаны на адпачынак у лесе, прыблізна за паўкіламетра ад маёнтка. А выдзеленыя людзі, сярод іх і Багушэвіч (як знаёмы з гаспадаром), нарыхтоўвалі правізію і, магчыма праз Жвіровіча даведваліся аб загадах Камітэта.
Аляксандр Жвіровіч у рэвалюцыйнай арганізацыі займаў, відаць, важную пасаду. Яшчэ ў лютым, згодна з паўстанцкім маніфестам ад 22(10) студзеня 1863 года, ён вызваліў часоваабавязаных сялян вёскі Доцішкі ад паншчыны. Асмеліцца на такое ў самым пачатку паўстання мог толькі чалавек вельмі цвёрды ў сваіх перакананнях. Разам са Жвіровічам асмеліўся па такі ўчынак і Тодар Нарбут. А цяпер успомнім, што сын Нарбута, Людвік, быў начальнікам паўстанцкіх узброеных сіл у Лідскім павеце. Лагічна разгорнем ход думак. Для прыцягнення па бок паўстання народных сіл патрэбен быў штуршок. Такім штуршком і з'явілася вызваленне сялян ад паншчыны. Першымі адважыліся на гэта А. Жвіровіч і Т. Нарбут. Значыць, цэнтр паўстання ў Лідскім павеце фармуецца вакол гэтых людзей. Калі Л. Нарбут быў начальнікам узброеных паўстанцкіх сіл павета, то Жвіровіч, вельмі магчыма, быў яго намеснікам або займаў якую іншую пасаду. Блізкасць Ф. Багушэвіча да кіраўнікоў арганізацыі Лідскага павета і абумоўлівае ягоную сувязь з паўстанцамі Ашмянскага павета. Ён як прадстаўнік мог удзельнічаць у з'ездах "Пянтковічаў".
Аднак вернемся да падзей 12 чэрвеня 1863 года. У мяне пад рукамі польская вайсковая карта за 1923 г. На ёй яшчэ значыцца лес Зялёная Сола, дзе стаялі на адпачынку паўстанцы. Ад яго не засталося і следу: загінуў у час кайзераўскай і белапольскай акупацыі. Дык вось, з пункту гледжання тактыкі палкоўнік Уласаў не мог заспець асноўнын сілы паўстанцаў Астрогі знянацку. Маглі трапіць у сутычку толькі людзі, занятыя нарыхтоўкай правізіі, і тыя, хто з картамі прыйшоў у маёнтак зверыць далейшы маршрут атрада з указаннямі Камітэта. Таму і значацца ў рапарце палкоўніка Ўласава захопленыя перапіска і карты.
А цяпер узнікае пытанне: калі Багушэвіч уступіў у паўстанцкі атрад? Пытанне амаль без адказу, але... Перад намі фотаздымак Ф. Багушэвіча, зроблены ў 1863 г. У сям'і паэта лічылася, што ён сфатаграфаваны перад выхадам на паўстанне. ІІІто ж рабіць, як вызначыць месяц ці пару года?.. I раптам бліснула здагадка: а што, калі...
Людзі пажылога веку адразу вызначылі, што чалавек на фотаздымку апрапуты ў верхняе адзенне, якое насілі ці ранняю вясной, ці ўвосень, пад зіму.
Значыць, Багушэвіч мог пайсці да паўстанцаў у сакавіку 1863 г. Тады ўспомнены тут атрад узначальваў Людвік Нарбут.
Аб дзейнасці атрада Нарбута, а затым Астрогі, ёсць звесткі ў справе Ўладзіслава Пілецкага - хатняга настаўніка Нарбутаў, аднаго з першых інсургентаў. "Першага лютага прыбыў туды (ў Шаўры - А.Ж. ) Людвік Нарбут і ўгаворваў мяне далучыцца да шайкі, якая раніцай 2 лютага налічвала 8 чалавек і знаходзілася ў лесе на адлегласці трох вёрст ад мястэчка Нача" (ЦДГА Літ. ССР, ф. 494, спр. 233). З архіўных матэрыялаў відаць, што Л. Нарбут меў гарантаваную падтрымку ў многіх маёнтках і вёсках аж да самай Гародні. Аб тым, што атрад дзейнічаў не стыхійна, а пад кіраўніцтвам Камітэта, сведчаць паказанні інсургента А. Янкоўскага: "...я прысягаў не кідаць шайку і быць верным Народнаму Ураду" (ЦДГА Літ. ССР, ф. 1248, спр. 206, арк. 8).
22 красавіка 1863 г. пасля даносу здрадніка царскія войскі напалі на атрад пад мястэчкам Дубічы. Людвік Нарбут у гэтым баі загінуў. Асноўным сілам атрада ўдалося адарвацца ад ворага. Цікава, што паранены Ў. Пілецкі, хатні настаўнік Нарбутаў, знайшоў прытулак у маёнтку А. Жвіровіча. Ці не пасярэднічаў тут Ф. Багушэвіч? Вельмі магчыма. Пілецкі скончыў Віленскую гімназію і вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, які пакінуў адначасова з Багушэвічам. Вельмі магчыма, што яны разам уступілі ў паўстанцкі атрад.
Пасля 12 чэрвеня 1863 г. баявы шлях Ф. Багушэвіча пралёг цераз Нёман у Аўгустоўскую (Сувалскую) губерню. Рана, атрыманая пры Доцішках, магла быць лёгкай, але з-за адсутнасці кваліфікаванай медыцынскай дапамогі магла і загнаіцца. Таму Напалеон Роўба ўспамінае нейкіх Крушэўскіх, у якіх знайшоў прытулак паранены інсургент.
Вось каб Крушэўскія захавалі гэтак памяць сваіх продкаў, як захавалі Свечкі памяць дзеда пра свайго настаўніка!..
Паколькі Багушэвіч дзейнічаў у мясцовасці, дзе яго амаль ніхто не ведаў, то, паводле законаў канспірацыі, у атрадзе ён мог мець мянушку. Таму вельмі мала надзеі, што праз такі прамежак часу можа дайсці да нас прамое сведчанне ўдзельніка падзей.
Цяжка задаволіцца набыткам. Мала яшчэ мы ведаем пра Францішка Багушэвіча. Вельмі цікавымі былі б для нас і паэтычныя творы Ф. Багушэвіча таго часу. Не магла маўчаць муза ў такі час, не магла! З успамінаў малодшага сына Міхала Свечкі, вучня Багушэвіча, вынікае, што настаўнік яго бацькі чытаў сваім вучням уласны сатырычны верш пра пана з Эйшышкаў, які зусім бязбожна абдзіраў просты люд. На вялікі жаль, гэты твор у памяці не захаваўся. Даследчыкаў чакае яшчэ шмат працы." (Жамойцін А. Паўстанцкі шлях Францішка Багушэвіча. ЛіМ.- 1983.-14 студзеня.)
З многім можна пагадзіцца ў артыкуле Алеся Жамойціна, але не ўсе здагадкі шаноўнага аўтара і экстрапаляцыі падзей бясспрэчныя.
Звернемся яшчэ да адной крыніцы, а менавіта да "Гісторыі Паўлаўскага палка", напісанай паручнікам Воранавым у частцы паўстання і знойдзенай у свой час Леанідам Лаўрэшам:
"6-я рота, пад начальствам капітана Ўладзімірава, 20 траўня выступіла з Вільні і ажыццяўляла пошукі на поўначы Лідскага павета. 2-га чэрвеня гэты атрад у Рудніцкім лесе спаліў 3 лагеры пры рацэ Вясенчы, ля засценка Пакернаў. 4-га чэрвеня, ля возера Казлова, рота нагнала і знішчыла невялікую хеўру мяцежнікаў, без страт з нашага боку. Лік забітых інсургентаў невядомы, таму што безупынны пераслед адбываўся ў такіх балотах, у якіх некаторыя салдаты правальваліся з галавой, і шмат каштавала працы іх выцягваць. Пасля справы рота варочалася ў Вільню.
20-га траўня, калі Рудніцкі атрад прыбыў у Алькенікі, туды ж прыехаў палкоўнік Уласаў з загадам ад генерала Мураўёва, узяць ад атрада 2 роты з 35 казакамі і ачысціць мясцовасць у наваколлях Эйшышак, Дубіч, Забалаці і Радуні ад мяцежнікаў. 4-я і 2-я стралковая рота л.-гв. Паўлаўскага палка ўвайшлі ў склад атрада, пры 25 казаках. 21-га траўня атрад выступіў з Алькенік і да 26-га траўня рабіў рэкагнасцыроўкі, спачатку па памежных частках Гарадзенскай губерні, потым у лесе Гарадзенскай пушчы паабапал ракі Котры да Збуры, але мяцежнікаў тут не аказлася. Уладкаванне земскай варты ўваходзіла ў абавязкі атрада.
Мясцовасць каля Эйшышак, Забалаці, Начы, Дубіч была абходжана атрадам уздоўж і папярок; прычым заняцце гэтых мястэчкаў мела важнае стратэгічнае значэнне, бо яны знаходзіліся на бязлесым пярэсмыку, які раз'ядноўвае лясы Гарадзенскай пушчы ад вялікіх лясоў Віленскага і Лідскага паветаў. 3-га чэрвеня была атрымана вестка, што хеўра Віславуха і Любіча ад Вясенчы перайшла да Пяленікаў. Наш атрад рушыў на пошукі, разам з атрадам палкоўніка Алхазава, і 5-га чэрвеня каля Пашчышак хеўра Віславуха была нагнаная і прымушаная да ўцёкаў. Хуткі 4-х гадзінны пераслед не даў магчымасці вызначыць поўныя страты суперніка. У палон узята 6 чал., адбіты сцяг, іншая зброя, у нас забіты радавы.
7-га чэрвеня 2 стралковая рота адпраўлена ў Алькенікі для канваявання палонных, a палкоўнік Уласаў з 4-й ротай л.-гв. Паўлаўскага палка і ротай Інгерманландскага палка пайшоў у Эйшышкі, куды рана раніцай 8-га прыбыла і 2-я стралковая рота. Тут атрымана вестка, што на поўначы Гарадзенскай пушчы з'явілася хеўра Астрогі. Атрад, пасля поўдня 8-га чэрвеня, выступіў да Начы па знаёмай дарозе.
Сустрэчнае насельніцтва імкнулася выявіць сваю адданасць атраду, выносілі віно, харчовыя харчы, прасілі спыніцца ў іх; казалі, што ўсе людзі браты, і нават у пацверджанне гэтага цалаваліся з салдацікамі. 8-га мы начавалі ў Начы. 9-га рана раніцай атрад прыбыў у Дубічы, дзе нават ксёндз распавёў, што хеўра хадзіла па Гарадзенскай пушчы і была поблізу Шумы, куды 10-га і прыбыў атрад. Тут, пасля грунтоўнага роспыту, атраду было паказана месца, дзе знаходзілася хеўра. Па прыбыцці туды войскаў, вогнішчы яшчэ гарэлі, і шматлікае гаспадарчае прыладдзе, кінутыя прыхапкам, паказвала, што хеўра нечакана і хутка пакінула бівуак. - Мы ішлі па следзе ўвесь дзень 10-га, і палову дня 11-га. Тым часам атрад ішоў па слядах амаль што бесперапынку, спыняючыся, каб зварыць абед ці перадыхнуць гадзіны 3 - 4. У суткі атрад рабіў значна больш за 50 вёрст, не маючы ніводнага адсталага, не гледзячы на страшна стомны рух. Калі 12-га ў 11 гадзін атрад прыбыў у Парадунь, то след хеўры згубіўся. Казакі паехалі адшукваць яго, a атрад пачаў рыхтаваць абед. Толькі-толькі селі абедаць, як прыскакаў казак з весткай, што ля мызы Доцішкі след паказаўся зноў. Катлы вывернулі, і роты пайшлі фарсіраваным маршам. Па прыбыцці на мызу, пачалі рабіць пяратрус. Яе абшарнік раней незвычайна папераджальна і ласкава сустракаў атрад, папярэджваючы наймалое жаданне і патрэбы салдатаў і афіцэраў. Салдаты яго звалі "паўстанчык". Зараз справа скончылася інакш: у адной з адрын знайшлі вазы з запасамі, з гладышамі малака, - прызначанымі для інсургентаў; акрамя таго казакі данеслі, што за садам, на плаціне, відаць незвычайна шмат слядоў, па якіх і рушыў атрад. Падыходзячы да лесу, які цягнуўся за плацінай, палкоўнік Уласаў загадаў рассыпацца 2-й стралковай роце, a астатнім ісці ў рэзерве. Раптам пасярэдзіне ланцуга раздаўся залп, атрад увесь рынуўся на стрэлы, пачалася перастрэлка. Мяцежнікі пачалі адыходзіць. Вялікая колькасць кінутых імі запасаў, сведчыла, што хеўра моцна стомлена. Атрад пераследваў яе безупынна да ночы, прычым яны страцілі ўвесь абоз, шмат забітымі і параненымі. Узятыя ў палон паказалі, што хеўрай камандаваў Астрога. У нас стратаў не было. Пасля справы атрад працягваў пошукі, пры чым галоўнай яго мэтай была ўладкаванне сельскай варты. (Паводле pawet.net).
З гэтага тэксту відно, што ў Доцішкі расейскія войскі прыходзілі не адзін раз. Спачатку іх ветліва сустракаў абшарнік, трэба разумець, гаспадар Аляксандр Звяровіч, гэта гаворыць пра тое, што або Звяровіч рэгулярна ў атрадзе Людвіка Нарбута не знаходзіўся, або ў Доцішках гаспадарыў у гэты час нехта іншы. Прынамсі ў спісах паўстанцаў значыцца яшчэ Адольф Звяровіч, які потым эміграваў.
12 чэрвеня паводле абедзвюх крыніц у Доцішках быў атрад Астрогі, а з ім паводле папярэдніх фрагментаў - рэшткі атрада Людвіка Нарбута. З тэксту не відаць, што Звяровіч 12 чэрвеня быў у маёнтку, і што яго арыштавалі. Арыштавалі, але не ў маёнтку.
Расейскі афіцэр не падае факту бою у маёнтку, а толькі ў лесе за маёнткам.
Паранены Францішак Багушэвіч паводле Напалеона Роўбы адлежваўся ў нейкіх Крушэўскіх, але па ўсім відаць не ў Аўгустоўскай губерні, а тут на Лідчыне-Віленшчыне. Так аддзел Астрогі пайшоў у Аўгустоўскія лясы. Але ці мог пайсці з ім паранены ў нагу! Францішак Багушэвіч? Ці змог бы дайсці? Так, у Сувалскім павеце ёсць Крушава, і трапляліся Крушэўскія. Але паўстанца Юльяна Крушэўскага мы знайходзім і ў Гарадзенскім павеце. Калі б мы маглі падняць поўную карціну землеўладання ў Лідскім павеце, то знайшлі б тых самых Крушэўскіх, але пакуль гэта не зроблена. І вось тут на першы план выходзіць Ян Карловіч.
Ян Аляксандр Людвік Карловіч гербу Астоя быў 1836 года нараджэння, старэйшы за Францішка Багушэвіча і Аляксандра Звяровіча. Быў вельмі адукаваным, закончыў Віленскую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт, вучыўся ў Каледж дэ Франс у Парыжы і ў Гедэльбергу, у кансерваторыі ў Бруселі.
Паводле некаторых крыніц з Францішкам Багушэвічам Ян Карловіч пазнаёміўся менавіта ў Доцішках, бо Подзітва побач, ёсць версія, што Багушэвіч прыязджаў у Подзітву, але сутнасць не мяняецца. Яны былі знаёмыя да паўстання. Маёнтак Подзітва належаў Карловічам здаўна, а Вішнева Ян атрымаў пасля смерці свайго цесця, бацькі жонкі Ірэны з Сулістроўскіх. Старэйшы і больш адукаваны Ян, безумоўна, паўплываў на светапогляд Францішка.
Пасля разгрому паўстання заставацца на Віленшчыне Францішку Багушэвічу было небяспечна. Пра тое, што Францішак Багушэвіч знаходзіцца ў паўстанні царскія ўлады здагадваліся. Ён быў у вышуку. За ўдзел ў паўстанні быў арыштаваны бацька паэта Казімір, сястра Ганна і малодшы брат Апалінар. Маёнтак на нейкі час быў секвестраваны. Існуе легенда, што ў памяць аб гэтых падзеях Ф. Багушэвіч збудаваў на тэрыторыі сядзібы капліцу. Але, па ўсім відаць, доказаў пра ўдзел Францішка ў баявых дзеяннях у следчых не было. Не дастаткова было ўлікаў і супроць сям'і, іначай маёнтак не вярнуўся б да Багушэвічаў. Тым не менш трапляць у лапы карнікаў не выпадала. Трэба было на нейкі час пакінуць родныя мясціны. Ян Карловіч, які ў гэты крытычны момант быў адзіным з старых сяброў застаўшыхся на свабодзе, параіў выехаць на Украіну, пазычыў грошай на дарогу. Ёсць інфармацыя, што грошы Багушэвічу прывозіла менавіта Ірэна з Сулістроўскіх. Безумоўна, у ніякія Сувалкі Ян Карловіч жонку не пасылаў бы. У траўні 1865 г. Францішак Багушэвіч аказаўся ў Нежыне, паступіў у Юрыдычны ліцэй, адначасова працаваў хатнім настаўнікам, бо бацькі па зразумелых прычынах не маглі дапамагаць матэрыяльна. У ліпені 1868 г. Ф. Багушэвіч закончыў навучанне і адразу паступіў на службу памочнікам справавода Чарнігаўскага губернскага кіравання, а праз год перайшоў на пасаду следчага ў Чарнігаўскую судовую палату.
Таму мы маем дзве версіі: калі сапраўды Ф. Багушэвіч сыходзіў на Сувалкі, то мусіў вярнуцца, каб сустрэцца з Карловічам, але куды вярнуцца? А калі лячыўся недзе поблізу, то, безумоўна, за два гады мог скантактаваць. У сувязі з гэтым варта сказаць, што канспірацыя і ўзаемадапамога былі ў паўстанцаў на высокім узроўні.
Якую можам зрабіць выснову?
У прынцыпе легенды пра тое, што Францішак Багушэвіч ваяваў падчас паўстання ў аддзеле Людвіка Нарбута, і тое, што быў паранены на тэрыторыі Лідскага павета, дакументальна пацвярджаюцца. Пра тое, што Ф. Багушэвіч быў на Сувалках і быў паранены там, дакументаў пакуль не маем. Даступныя польскія крыніцы, наогул, не паказваюць ніякіх баёў аддзела Астрогі ў Аўгустоўскіх лясах
Станіслаў Суднік.
150 гадоў таму пад Лідай нарадзіўся лідар крымска-татарскага руху Мацей Сулькевіч
20 ліпеня 2015 года споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння выдатнага вайсковага начальніка, генерал-лейтэнанта Сулеймана Сулькевіча - кіраўніка Крымскага краявога ўраду, які існаваў з чэрвеня па лістапад 1918 года. Мацей Аляксандравіч (мусульманскае імя Сулейман) Сулькевіч паходзіў з татараў ВКЛ.
Фармаванне гэтай этнічнай групы пачынаецца з ХIV стагоддзя. Палітыка кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага ў значнай ступені дзіўная - у той час як Еўропа "ўзбройвалася супраць татараў", літоўскія князі ахвотна з імі супрацоўнічалі.
У 1395 годзе разгромлены Тамерланам хан Тахтамыш некаторы час знаходзіўся ў Літве, а яго сын Джэлал-ад-Дзін удзельнічаў у знакамітай Грунвальдскай бітве. 15 ліпеня 1410 года яго кавалерыя размясцілася на правым фланзе польска-літоўскага войска, атакаваўшы тэўтонцаў.
Прадэманстраваўшы Вітаўту свае намеры працягваць бацькаву палітыку дружалюбнага супрацоўніцтва, Джэлал-ад-Дзін атрымаў падтрымку вялікага князя Літоўскага ў барацьбе за ханскі пасад. Ужо ў наступным годзе ён абвясціў сябе ханам спачатку ў Крыме, а да вясны 1412 года ўжо і ў Сараі - адбылося гэта пры падтрымцы ВКЛ.
Паводле летапісца Міхалона Ліцвіна, будучы заснавальнік Крымскага ханства Хаджы Гірэй нарадзіўся ў Літве, у Троках.
Сулейман Сулькевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1865 года ў Віленскай губерні ў радавым маёнтку Кемейшы Лідскага павета (зараз Воранаўскі р-н) у шлахецкай сям'і. У 1883-1886 гадах ён скончыў у Варонежы Міхайлаўскі кадэцкі корпус, затым артылерыйскую вучэльню.
Яго вайсковая кар'ера развіваецца паспяхова: штабс-капітан, капітан, камандзір роты, старшы ад'ютант штаба 34-й пяхотнай дывізіі. У 1899 г. Сулькевіч ўпершыню ўзнагароджаны - ён атрымлівае ордэн Святога Станіслава 3-й ступені і ў снежні таго ж года - званне падпалкоўніка. Праз чатыры гады, у кастрычніку 1903 года, Сулькевіч прызначаны на пасаду начальніка штаба 15-й пяхотнай дывізіі, у снежні таго ж года атрымлівае званне палкоўніка.
Расейска-японская вайна прыносіць яму новыя высокія ўзнагароды. Не абыходзіць яго бокам Першая сусветная вайна. У сакавіку 1915 года Сулькевіч прызначаецца начальнікам 33-й пяхотнай дывізіі 21-га армейскага корпуса 3-й арміі, яму прысвоена званне генерал-лейтэнанта.
Рэвалюцыі - Лютаўская буржуазная, а затым Кастрычніцкая сацыялістычная - уносяць карэнныя змены ў жыццё народаў былой Расейскай імперыі. Сулькевіч ўсталёўвае сувязі з абраным у траўні 1917 года ў Маскве на Ўсерасейскім з'ездзе дэлегатаў мусульманскіх вайсковых арганізацый кіраўніцтвам (Харб Шуро) і прыступае да фармавання на Румынскім фронце 1-га асобага мусульманскага корпуса. Яго мэтай было аказанне дапамогі Крыму або Казані ў рэалізацыі планаў нацыянальнага адраджэння.
Узімку 1918 года бальшавікі разагналі прадстаўнічы орган крымскіх татараў - Курултай, па-зверску расправіўшыся з старшынём нацыянальнага ўраду і муфтыем Крыма Наманам Чэлебіджыханам. Адносіны крымскіх татараў з бальшавікамі, і без таго не бязвоблачныя, сталі яшчэ больш нацягнутыя.
10 сакавіка 1918 года бальшавіцкі ўрад абвясціў сваім дэкрэтам тэрыторыю Крыма Савецкай сацыялістычнай рэспублікай Таўрыдай. Аднак урад гэтай рэспублікі прабыў ва ўладзе крыху больш за месяц.
У выніку выбараў 18 красавіка 1918 года склад новага Савету стаў змяшаным - у яго, акрамя бальшавікоў, увайшлі эсэры і меншавікі. Аднак у гэты момант да Крыма падступілі немцы. Чальцы савецкага ўраду, баючыся як немцаў, так і паўстанцаў - крымскіх татараў, прынялі рашэнне не змагацца за захаванне савецкай улады і ўцякаць з Крыма.
Такім чынам, 1 траўня 1918 года ў Крыме запанавалі немцы. Раней, 21 красавіка, было створана Часовае бюро Курултая. На паседжанні 19 траўня быў зацверджаны дакумент, згодна з якім крымска-татарскі парламент павінен быў быць папоўнены прадстаўнікамі іншых народаў. Курултай абвясціў сябе часовым крымскім парламентам з ініцыятывай фармаваньня ўраду. Прэм'ер-міністрам быў абраны Джафер Сейдамет, але яму так і не ўдалося сфармаваць урад, а нямецкія ўлады вырашылі зрабіць стаўку на генерала Сулькевіча. У канцы чэрвеня 1918 года ім быў сфармаваны Крымскі краявы ўрад, куды ўвайшоў і Джафер Сейдамет, як міністр замежных спраў.
Кабінет Сулькевіча праводзіў паслядоўную палітыку, накіраваную на ўмацаванне суверэнітэту Крыма. У перыяд існавання ўраду Сулькевіча ствараецца міністэрства замежных справаў, засноўваецца крымскае грамадзянства, зацвярджаюцца сцяг і герб Крыма. У планах было і стварэнне ўласных узброеных сілаў. Усе гэтыя ініцыятывы не маглі спадабацца камандаваньню нямецкіх акупацыйных войскаў. Урад Сулькевіча праіснаваў да 15 лістапада 1918 года, спыніўшы існаванне пасля сыходу нямецкіх войскаў з Крыма.
Не знайшоўшы агульнай мовы з Антонам Дзянікіным, які неўзабаве заняў Крым са сваёй добраахвотніцкай арміяй, Сулейман Сулькевіч пакінуў Крым і накіраваўся ў Баку, дзе ўзначаліў Генеральны штаб азербайджанскай арміі.
А неўзабаве жыццё Сулеймана Сулькевіча трагічна абарвалася. У траўні 1920 года, пасля ўступлення ў Азербайджан 11-й арміі Савецкай Расеі, ён быў арыштаваны ВЧК і 15 ліпеня 1920 года расстраляны.
Гульнара Бекірава.
75 гадоў з дня нараджэння Кастуся Тарасава
Кастусь ТАРАСАЎ (10 кастрычніка 1940, Менск - 20 сакавіка 2010, Менск) - беларускі пісьменнік.
З сям'і службоўца. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох год працаваў слесарам-зборшчыкам на Менскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі "Спецэлеватармельбуд". Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1960-1965). Пасля заканчэння інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе "Нёман" у Бярозаўцы Лідскага раёна, тэхнолагам на віцебскім заводзе "Маналіт". Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве "Вышэйшая школа" (1967-1975), журналістам па дагаворы і загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі газеты "Знамя юности" (1975-1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса "Неман" (1977-1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты "Літаратура і мастацтва" (1986-1988). З 1990 адказны сакратар часопіса "Спадчына". Працаваў у газеце "Свабода", "Навіны", "Наша Свабода". Быў выпускаючым рэдактарам газеты "Новы час".
Так атрымалася, што сябры ТБМ увесь час хацелі мець не толькі "Наша слова", як трыбуну арганізацыі, але і выдаваць газету з шырокім беларускім агульнакультурным зместам, газету для нацыянальнай культурнай эліты. Канцэпцыя газеты, яе назва былі падрыхтаваны тагачасным намеснікам старшыні ТБМ Сяргеем Кручковым і Кастусём Тарасавым, які ўжо меў на той час добры досвед у выдавецкіх справах.
Кастусь Тарасаў меў сваё бачанне "Новага часу", ён заўважаў новыя тэндэнцыі ў сусветным кантэксце, праецыраваў іх на нашу рэчаіснасць. Таму рабіў стаўку на матэрыялы не аднамомантныя, а на больш важныя рэчы - публікацыю матэрыялаў, якія будуць запатрабаваныя і ў перспектыве. Так згодна з яго канцэпцыяй газета набыла сваё аблічча, прэтэндуючы на тое, каб стаць выданнем для інтэлектуальнай эліты. Пры гэтым заставалася прынцыповай пазіцыя - ажыццяўляць выданне на беларускай мове.
У 1966 г. пачаў друкавацца як журналіст. З мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 годзе (аповесць "Следственный эксперимент", часопіс "Неман"). Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар гістарычных аповесцяў пра мінулае Беларусі. Аўтар кніг аповесцяў "День рассеяния" (1980), "В час Стрельца" (1981), "Странствие в тесном кругу" (1986), "Погоня на Грюнвальд" (1986), зборніка гістарычна-літаратурных эсэ "Память про легенды" (1984, пашыранае выданне на бел. мове 1990), "Золотая горка" (1998), "Единственный свидетель - Бог" (1991), "Тры жыцці княгіні Рагнеды" (1997), "Беларусь: Гістарычнае падарожжа для дзяцей" (1999), "Апошняе каханне князя Міндоўга" (2000), "Крыж памяці. Кароткі спіс войнаў, паўстанняў, рэпрэсіяў, катастрофаў, якія выпалі на лёс Беларусі за тысячагоддзе" (2001) і іншыя.
Па матывах аповесці К. Тарасава "Чорны шлях" (рас. "Стая ворон над гостинцем") драматург Аляксей Дудараў стварыў п'есу "Ядвіга" (Купалаўскі тэатр, рэж. Валеры Раеўскі).
Супрацоўнічаў з беларускім аддзяленнем Савецкага Фонду культуры на чале з Іванам Чыгрынавым, потым у кастрычніку 1988 года ўвайшоў у Аргкамітэт па заснаванні БНФ і ўдзельнічаў у выбарах у ВС БССР у 1990 годзе.
Прэмія Міністэрства абароны СССР за раман "Погоня на Грюнвальд" (1988).
Прэмія "Залаты апостраф" часопіса "Дзеяслоў" за аповеды "Брыгіткі" і "Нячутныя гукі самоты" (2007).
Прэмія імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра. "За актыўную і плённую працу ў галіне гістарычнай прозы і эсэістыкі, што спрыяе фармаванню сучаснай нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў" (2010).
Кастусь Тарасаў стаў годным спадкаемцам Уладзіміра Караткевіча, які ў свой час напісаў яму рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў БССР. "Беларускі кнігазбор" выдаў том яго выбраных твораў.
З біяграфіі Кастуся Тарасава
Кастусь Іванавіч Тарасаў нарадзіўся 10 кастрычніка 1940 года ў Менску ў сям'і Івана Тарасава і Марыны Матусевіч.
Бацька - Іван Міхайлавіч Тарасаў (1906 - 1973) быў родам з вёскі Горкі Віцебскай вобласці. Гэтаму чалавеку выпаў няпросты лёс. Яго жыццё пачалося з трагічнага здарэння. У пяцігадовым узросце хлопчык пашкодзіў сабе пазваночнік (загуляўшыся з братамі, ён упаў з печы), бацькі не адвезлі сына да доктара, і неўзабаве ў хлопчыка пачаў расці горб. Насуперак нешчаслівым абставінам бацька Кастуся Тарасава знайшоў свой шлях у жыцці. Ён юнаком адправіўся ў Менск, скончыў інстытут... Пазней Іван Тарасаў стаў буйным вучоным-хімікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце. "Іван выбіўся ў людзі", - пэўна, сказалі б яго аднавяскоўцы, давядзіся ім даведацца пра лёс вясковага калекі.
Бацькава вёска (з успамінаў "Ветах")
"У годзе 1950-ым, ніяк не раней, бацька ехаў на машыне ў Віцебск і вырашыў паглядзець на рэшткі роднай вёскі. Ён узяў з сабой мяне - вось так я таксама аднойчы ў жыцці пабачыў айчыну. Мы спыніліся ў бацькоўскага прыяцеля, калгаснага брыгадзіра. Ён узяў двух асядланых коней, і мы паехалі, я ехаў з бацькам. Дзень быў сонечны. Мы ехалі пакінутай дарогай, кіламетраў пяць. Я не ведаў тады, што бацька не быў на родным двары з 1932 года - яго пакрыўдзіла маці. Яшчэ я не ведаў, якім быў мой дзядуля, калі ён памёр, калі памерла мая бабуля, маці бацькі. Я ехаў у незнаёмае месца, дэталі кароткай гутаркі з прыяцелем мяне не цікавілі. Я чуў, што яны паміж сабою гаварылі, і ўсе іх словы праляцелі міма вушэй. Нарэшце паказалася вёска. Толькі коміны - ні платоў, ні пабудоў, ні рэшткаў паваліўшыхся дахаў. Толькі аблезлыя коміны з выдранымі дзверцамі ды нетоптанай дзікай травой вакол. Бацька і прыяцель параіліся, які з комінаў належаў бацькавай хаце, а я так нічога і не ўбачыў.
Цяпер я ўбачыў усё тое жыццё - нямецкія танкі на знявечаных руінах вёскі. Вёска называлася Горкі. Яна пазначана сярод разбураных немцамі дзевяці з паловай тысяч і не адрадзілася пасля танкавага наезду".
Маці пісьменніка (1910 - 2007) Марына Матусевіч была мянчанкай. У пасведчанні аб нараджэнні яна была запісана полькай, але, як казаў сам Кастусь Тарасаў, гэта было ад таго, што сям'я маці была каталіцкай, а на тэрыторыі Беларусі ў тыя часы католікі часта запісваліся палякамі, у той час як праваслаўныя - рускімі. Марына Тарасава скончыла швейны інстытут у Ленінградзе. Падчас вучобы яна выступала ў аматарскім тэатры і на ўсё жыццё захавала любоў да тэатра і акцёрства. Пасля вайны Марына Тарасава заставалася хатняй гаспадыняй. Разам з тым яе дзейны характар патрабаваў выхаду. Яна шмат часу выдаткоўвала на грамадскія справы. Гэта былі як ініцыятывы ў школе, дзе вучыўся сын Кастусь і малодшая дачка Таццяна, так і мерапрыемствы большага размаху. Напрыклад, у першыя гады пасля Айчыннай вайны яна бралася за арганізацыю дабрачынных спектакляў для дзяцей-сірот. Марына Тарасава самастойна дамаўлялася з менскімі тэатрамі пра такія спектаклі і брала на сябе ўсю арганізацыйную частку.
Шлюб з Іванам Тарасавым быў другім у яе жыцці. Ад першага шлюбу ў Марыны Тарасавай была дачка Зара (1933 г.н.).
У дзяцінстве Кастусь Тарасаў быў вельмі блізкі з бабуляй Ядвігай Матусевіч. Яна раптоўна памерла, калі хлопчыку было дванаццаць. Пра бацьку і пра бабулю гл. аўтабіяграфічны аповед "Нячутныя гукі самоты" (рас. "Шепот полнолуния").
Стары двор
"Часам, калі выпадае, заходжу на стары двор - тут прайшло маё дзяцінства. Падыходжу да пад'езда, дзе мы жылі на першым паверсе, да вокнаў кухоннага і пакоя, у якім жылі бабуля, я і сястра. Зараз у двары ўсё па-іншаму. Толькі пад'езды тыя ж, адкуль выбягалі сябры. Двор быў забудаваны адрынамі - восемдзесят адрын. На вузенькім тратуары старэйшыя хлопцы і дзяўчаты танцавалі пад патэфон або акардэон. У першым пад'ездзе жылі Фарберавы - усё нізенькія і тоўсценькія, мы кідалі ім у вокны дымавухі і заліваліся рогатам, калі яны выбягалі на вуліцу з крыкамі: "Хуліганы". Была тут радыёмайстэрня, якую мы абакралі, прарабіўшы ў даху дзірку, а затым алюмініевымі стужкамі з кандэнсатараў былі ўпрыгожаны ўсе дрэвы на Маскоўскай вуліцы, як на карнавале. На самым краі даху над пятым пад'ездам некалі сядзеў Манах - і кідаў уніз котку з падвязаным да задніх ног хвастом. А яшчэ ў доме былі склепы - у першым была радыёмайстэрня, у другім жыла вялікая сям'я, у якой сын Вова загінуў на нашай вуліцы пад трамваем. У трэцім класе я закахаўся ў дзяўчынку з першага пад'езда і распавёў сваім сябрам. Назаўтра на асфальце каля кожнага пад'езда было мелам вялікімі літарамі напісана: "К + Т = Л". Я заціраў гэтую здраду. З сёмага пад'езда, дзе мы жылі, вынеслі хаваць бабулю. Яе пранеслі міма ўсіх пад'ездаў, нібы развітваючыся з імі, у край двара, там стаяў аўтобус. А ў хляве заставалася яе каза, якую я даіў".
У шаснаццаць гадоў Кастусь Тарасаў пазнаёміўся з Кімам Хадзеевым (1929 - 2001), менскім філосафам і дысідэнтам, які к моманту іх сустрэчы адседзеў некалькі гадоў у турме ў Ленінградзе. Дом Кіма быў своеасаблівым клубам для вальнадумных і творча настроеных маладых людзей. Нягледзячы на тое, што Кастусь Тарасаў і яго сябры, якія наведвалі Кіма, былі гадоў на 10 маладзейшыя за гаспадара, ён ставіўся да іх з павагай, а ў нейкім сэнсе, і па-бацькоўску. Сам Кім вёў асацыяльны лад жыцця. На працягу многіх дзесяцігоддзяў ягоны дом заставаўся цэнтрам менскага андэграўнду. Кім зарабляў пісаннем чужых дысертацый, дыпломаў, навуковых прац. Лічылася, што ён ведае ўсё, альбо амаль усё. Кім быў неардынарнай асобай, і знаёмства з ім, безумоўна, аказала ўплыў на маладога Кастуся Тарасава.
Пасля заканчэння школы Кастусь Тарасаў на працягу трох гадоў працаваў слесарам, ездзіў у геолагавыведвальную экспедыцыю, падарожнічаў з сябрам Віктарам Генкіным па СССР...
У 1960 годзе Кастусь Тарасаў паступіў на хіміка-тэхналагічны факультэт Беларускага палітэхнічнага Інстытута і скончыў яго ў 1965 годзе.
Зніклы горад
"У юнацтве ў мяне быў прыяцель, з якім мы перажылі разам некалькі прыгод. Аднойчы ў міліцэйскім аддзяленні горада Ялта, ноччу, калі памежнікі затрымалі нас за начлег пад кустом у гарадскім парку і, абвясціўшы валацугамі, здалі міліцыі, мы, падпісаўшы абяцанне пакінуць горад у 24 гадзіны, памарылі пра будучыню і вырашылі, што ўспомнім гэтую прыгоду ў 2000 годзе на Новы год. Тады да яго заставаўся 41 год.
Вось ужо да 2000 года засталося рукой падаць, прыяцель мой даўно памёр, і другі прыяцель, з якім мы перажылі іншыя прыгоды, таксама памёр, і ўспамінаць тыя даўнія нашы прыгоды магу я адзін. А гэта зусім не тое, што ўспамінаць удваіх. Гэта сумны ўспамін - у адзіноце гартаць мінулыя дні. Ды і многіх іншых людзей няма, з кім было б што ўспомніць з лепшых гадоў, самых яркіх дзён жыцця - з юнацтва, калі жыццё абяцае поспех, ты вясёлы і шчаслівы, і ўсе бядоты невядомыя за паваротамі часу "...
Пасля інстытута К. Тарасаў нядоўгі час прцаваў майстрам шклаварэння на заводзе "Нёман" у Бярозаўцы Лідскага раёна, затым тэхнолагам на віцебскім заводзе "Маналіт". У гэты час у К.І. Тарасава выйшла першая газетная нататка, і неўзабаве супрацоўніцтва з газетамі ў якасці пазаштатніка стала рэгулярным. А ў студзені 1967 года Кастусь Тарасаў перайшоў у менскае выдавецтве "Вышэйшая школа", дзе пачаў працаваць рэдактарам.
Для самога Кастуся Тарасава пераход да літаратурнай працы быў натуральным і адзіна жаданым. Мара стаць пісьменнікам узнікла ў яго яшчэ ў ранняй маладосці, і ў сярэдзіне 1960-х ён ужо шмат пісаў і шукаў свой стыль, хоць мала каму паказваў свае спробы.
Пісьменніцкі дэбют адбыўся ў 1976 годзе, калі ў менскім літаратурным часопісе "Неман" выйшла дэтэктыўная аповесць Кастуся Тарасава "Следственный эксперимент".
Далейшая творчая кар'ера складвалася даволі ўдала. У 1980 годзе выйшла ў свет першая кніга Тарасава "День рассеяния" - гістарычная аповесць пра Грунвальдскую бітву. Пазней гэтая аповесць вырасла ў раман "Погоня на Грюнвальд" (1986, прэмія Мінабароны СССР у 1988). У 1984 годзе зборнік літаратурна-гістарычных эсэ "Память о легендах" прынёс 44-гадоваму пісьменніку вядомасць у Беларусі. Кніга займальна апавядала пра малавядомыя старонкі беларускай гісторыі.
Поспехам карысталіся аповесці "Отставка штабс-капитана", "Тры жыцці княгіні Рагнеды", "Залатая горка", "Апошняе каханне князя Міндоўга" і інш.
Прататып
"У мяне ёсць аповесць "Тры жыцці княгіні Рагнеды". Яна атрымалася таму, што там ёсць прататып Рагнеды - Лора. Калі прыгледзецца - там усе Лорыны рысы. Усе мае галоўныя аповесці ўтрымліваюць яе вобраз. Яе твар, натура, дзеянні заўсёды былі перада мной , калі я пісаў. ...Рагнеда складае толькі малую частку Лоры, але для мяне гэта Лора".
Гістарычныя творы Кастуся Тарасава часцей за ўсё звязаны з мінулым Беларусі. У аснове сюжэтаў ляжаць драматычныя факты беларускай гісторыі. Роднай мовай Тарасава была руская, але ён вывучыў беларускую мову, якую стаў выкарыстоўваць не толькі на размоўным узроўні, але і змог пачаць пісаць на ёй. Многія аповесці, напісаныя па-руску, ён пазней пераклаў на беларускую мову, а з пачатку 1980-х пісаў і на беларускай і на рускай.
У сярэдзіне 1980-х гадоў у Беларусі пачалася хваля нацыянальнага адраджэння, барацьба за вяртанне роднай культуры і мовы. Беларуская мова да таго моманту амаль не выкарыстоўвалася ні на афіцыйным узроўні, ні як сродак зносін у гарадах, і захоўвалася ў асноўным дзякуючы вясковым жыхарам.
Кастусь Тарасаў прымаў жывы ўдзел у руху беларускага адраджэння.
Мінулае і будучае
"Усё жыццё мяне цягнула мінулае, але цяпер мне стала цікава будучыня, гадоў гэтак праз дзвесце. Як людзі будуць жыць у ёй? І ці могуць у ёй захавацца беларусы, якія ў большасці сваёй не ведаюць сваёй мовы, гісторыі сваёй краіны, і якіх суседзі - рускія і палякі - заўсёды расцягвалі ў свае дзяржавы?"
Акрамя пісьменніцкай справы Кастусь Тарасаў працягваў працаваць рэдактарам і журналістам. З 1977 па 1983 Тарасаў - літаратурны супрацоўнік аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса "Неман", 1984 - 1985 - член сцэнарнай-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі "Беларусьфільм", 1986-1987 - уласны карэспандэнт газеты "Літаратура і мастацтва", 1989-1995 - нам. галоўнага рэдактара часопіса "Спадчына", 1995-1996 - галоўны рэдактар выдавецтва "Оракул".
У тым жа годзе Кастусь Тарасаў стварыў сваё выдавецтва "Лекцыя", якім кіраваў да 2002 года.
З канца 1990-х ён таксама супрацоўнічаў як аўтар з апазіцыйнымі беларускімі газетамі "Свабода", "Навіны". Быў намеснікам галоўнага рэдактара, выпускаючым рэдактарам газеты "Новы час".
У красавіку 2006 года ў Кастуся Тарасава здарыўся інсульт. Сям'я перавезла яго ў Маскву, паступова здароўе стала аднаўляцца. У красавіку 2009 ён вярнуўся ў Менск.
Раптоўна памёр 20 сакавіка 2010 года ў Менску.
Tarasau.com.