Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Лідскія юбіляры 2016 года 


Дадана: 09-11-2016,
Крыніца: pawet.net.



Юбілей Крыстыны Лялько - маці "Ave Maria" і руплівай апякункі хрысціянскай Беларусі

Гутарка Аксаны Ючкавіч з Крыстынаю Лялько

30 сакавіка, у час, калі абуджаецца і адраджаецца ўсё навокал у прыродзе, у 1956 годзе на хутары Хадзюкі пад Лідай нарадзілася яна - Крыстына Лялько , каб сваім жыццём і працаю таксама абуджаць і адраджаць сваю Радзіму, беларусаў, захоўваць скарбы мінулага і несці надзею для новых пакаленняў.

У 2016 годзе пісьменніцы, паэтцы і перакладчыцы, даме папскага медаля "Benemerenti" - "Асабліва заслужаным" споўнілася 60 гадоў, з якіх 22 гады яна прысвяціла і працягвае прысвячаць часопісу "Ave Maria". 21 год Крыстына Лялько з'яўляецца галоўным рэдактарам часопіса "Наша вера", гуртуючы вакол яго лепшых журналістаў і навукоўцаў, якіх хвалюе захаванне духоўных спажыткаў беларускага народа.

Крыстына Лялько.

Яе рэдактарскае жыццё дапаўняецца творчым, у тым ліку актыўнай перакладчыцкай дзейнасцю. Ёй належаць пераклады многіх кніг, энцыклік і апостальскіх лістоў святога Яна Паўла ІІ на беларускую мову ("Пераступіць парог надзеі", "Дар і таямніца", "Fides et ratio", "Устаньце, хадзем", "Памяць і самасвядомасць" і інш.), вершаў кс. Яна Твардоўскага, кс. Вацлава Бурылы, кс. Яна Соханя і іншых хрысціянскіх паэтаў.

Крыстына Лялько дала магчымасць усім беларусам знаёміцца на роднай мове з помнікам містычнай літаратуры мінулага стагоддзя - "Дзённікам" св. Фаўстыны Кавальскай, які якраз у год яе юбілею чытае ўся Беларусь, перажываючы Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Ці не праяўляецца ў гэтым новая містыка і таямніца Божага Провіду?

Каб для нас адкрылася яшчэ больш постаць Крыстыны Лялько, Аксана Ючкавіч задала некалькі пытанняў юбілярцы, якую шчыра віншуе і якой складае шчырую падзяку за талент, які яна выкарыстоўвае на хвалу Божую і служэнне свайму народу.

- Спадарыня Крыстына, маё першае пытанне пра найпершае ў вашым жыцці: пра першыя крокі і першыя словы...

- Найпершае - гэта радзіма, маці, парог роднае хаты і падворак каля яе, зарослы пругкім румянкам, на які ўпершыню ступілі твае босыя ногі; малады садок у ружовай кіпені цвету, з гудам пчолаў у кронах і жоўтымі цёплымі сонейкамі малачаю ўнізе, каля самага твару.

Найпершае - гэта адкрыццё роднага свету, калі, па словах Гуардзіні, "усё яшчэ жыло ў невымоўнай чысціні пачатку". Гэта высокая і непаўторная паэзія пачатку, якая застаецца з чалавекам на ўсё жыццё і прыходзіць як паратунак у самыя безнадзейныя хвіліны дарослага жыцця. Увогуле, як слушна заўважыў Поль Рыкёр: "Чалавек - гэта істота з доўгім дзяцінствам". I дзякуй Богу!.. А першае слова, зразумела, было: "Мама".

- Вы з пяшчотаю і любоўю пішаце пра сваю матулю ў вершах і прозе, часта згадваеце яе ў інтэрвію і размовах. Што з яе жыццёвага вопыту вы змаглі перанесці ў сваё жыццё і чаму ўдалося ад яе навучыцца? Які ўплыў на вашае духоўнае жыццё яна мела?

- Вельмі вялікі. Мама заўсёды была і застаецца для мяне цэнтрам сусвету, маім маральным аўтарытэтам. Усё сваё жыццё яна кіравалася хрысціянскім, бенедыктынскім правілам: Оrа еt lаbоrа - малітва і праца. Гэтаму з маленства вучыла і мяне. Мама была вельмі працавітая і гультайства лічыла найгоршым калецтвам для чалавека. Я не бачыла, калі яна клалася спаць і калі ўставала. Яшчэ ў маім раннім маленстве доўгімі зімовымі вечарамі мама прала кудзелю, а ранняю вясною ткала кросны - ручнікі, дзяругі, дываны з непаўторнымі ўзорамі, якія сама прыдумвала-малявала; у нас і сёння ў хаце на хутары стаіць яе нажная машынка - мае самыя прыгожыя сукеначкі ў маленстве з фальбонкамі-пелярынкамі, самыя мяккія і зручныя піжамкі, каптанікі і камізэлькі (нават ужо ў дарослым жыцці) былі пашыты яе ўдалымі рукамі. А як яна шчыравала на зямлі! Наш агародчык каля хаты з ранняй вясны да позняй восені ярчэў самымі рознымі кветкамі. У мамы было тонкае адчуванне прыгажосці. Букеты з палявых і лясных кветак, якія яна збірала і якія заўсёды стаялі ў нашай хаце, былі непаўторныя. Працуючы, мама часта спявала: у яе быў прыемны голас і добры слых. I, бадай, самае важнае, чаму мама мяне ўсё жыццё вучыла - павазе і любові да ўсяго жывога на зямлі. Я найбольш удзячная ёй за гэтую навуку любові і за жывую веру, якую яна мне перадала - за тое, без чаго немагчыма заставацца чалавекам і, напэўна, увогуле немагчыма выжыць у гэтым свеце.

- Прыйшоў час і вам давялося пакінуць родную хату і выправіцца ў сталіцу: пасля заканчэння школы вы паступілі на філфак БДУ. Якою была ваша першая сустрэча з Менскам?

-Чамусьці найбольш памятаецца мая вандроўка ў Купалаўскі сквер. Там мяне заспела нечаканая восеньская навальніца. Па небе гойсалі маланкі, пагрукваў гром, а я, як зачараваная, стаяла перад помнікам Янку Купалу і ў нябесных гуках мне чуўся голас паэта. Тады склаўся мой першы "сталічны" верш, а тая сустрэча з Купалам у бронзе ў нечым была сімвалічная, бо адразу пасля заканчэння ўніверсітэта я прыйшла працаваць у ягоны Дом - уЛітаратурны музей паэта...

- Сапраўды, цікава. Распавядзіце, калі ласка, пра першыя ўражанні свайго студэнцтва - пра першыя знаёмствы са сваімі будучымі сябрамі...

- Самае першае блізкае знаёмства было з дзяўчатамі-аднакурсніцамі, з якімі мы пасяліліся ў 411-м пакоі ў студэнцкім інтэрнаце на былой Паркавай магістралі (цяпер - праспект Пераможцаў). Гэты інтэрнат узгадаваў не адно пакаленне айчынных філолагаў. Пра яго ў свой час напісаў таленавіты паэт з трагічным лёсам Анатоль Сербантовіч:

"На Паркавай прыгорбленыя хаты,

На Паркавай высокі інтэрнат,

Выходзіш ты на голас глухаваты,

Захутваешся ў тоненькі халат".

У тыя, 1970-я гады наш студэнцкі пяціпавярховік сапраўды быў самым высокім будынкам на Паркавай. Цяпер, гледзячы на шклобетонныя хмарачосы Крыстына Аляксеўна з Папам Янам Паўлам ІІ у 1995 годзе. на месцы "прыгорбленых хатаў" і нашага інтэрната, ужо цяжка ў тое паверыць... Што ж да сяброў - іх у студэнцтве было шмат і найбольш сярод тых, з кім давялося пазнаёміцца ў літаб'яднанні "Узлёт", якім кіраваў вядомы паэт і літаратуразнавец, прафесар Алег Антонавіч Лойка. Гэта былі маладыя паэты Мікола Мятліцкі, Анатоль Шушко, Іван Рубін, Васіль Сахарчук, Віктар Стрыжак, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Марук і паэткі Тамара Купрэвіч і Яўгенія Мальчэўская... На жаль, многія з іх ужо адышлі ў вечнасць. А тады мы часта збіраліся ў тым нашым 411-м пакоі або ў якім-небудзь іншым і чыталі вершы, размаўлялі пра літаратуру, спрачаліся.

- А якія ў той час былі прыярытэты - у вас, у вашых сяброў? Пра што марылі, што хацелася спраўдзіць у сваім жыцці?

- Напэўна, не памылюся, калі скажу, што аднымі з самых важных прыярытэтаў былі для ўсіх нас літаратура і творчасць. Мы марылі друкавацца. Памятаю, якая я была шчаслівая, калі на трэцім курсе мае вершы былі апублікаваны ў часопісе "Полымя". Аддзелам паэзіі там загадваў паэт-франтавік Анатоль Вялюгін. Прайсці праз яго патрабавальны адбор лічылася вельмі ганаровым...

У той час у рэспубліцы выходзіў штогадовы альманах "Дзень паэзіі", калектыўныя зборнікі маладых паэтаў, у якіх кожны з нас марыў надрукавацца. Мы жылі родным словам. Паглыбляць гэтае жыццё нам дапамагалі нашы выкладчыкі: народны паэт Беларусі, вядомы фалькларыст, прафесар Ніл Сымонавіч Гілевіч, які чытаў у нас курс народнай творчасці; тэарэтычныя веды па паэтыцы пашыраў вядомы літаратуразнавец і пісьменнік Вячаслаў Пятровіч Рагойша; хараство літаратурнай мовы раскрывала перад намі Ніна Іванаўна Гілевіч... А яшчэ ж былі сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі ў літаб'яднанні "Узлёт", былі літаратурныя вечарыны, на якія мы заўсёды імкнуліся трапіць. У той час жылі і пісалі такія выдатныя майстры слова як Іван Мележ, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Максім Танк, Пімен Панчанка і многія іншыя, якіх мы мелі шчасце не толькі чытаць і вывучаць на філфаку, але і бачыць, і чуць. Усё гэта паглыбляла любоў не толькі да роднай мовы і літаратуры, але і да беларушчыны ўвогуле, выхоўвала нас патрыётамі.

- А хто для вас быў першым настаўнікам у літаратуры? Якія былі ягоныя парады ці, можа, урокі?

- Мне ў гэтым вельмі пашанцавала: маё першае апавяданне, апублікаванае ў 1979 годзе ў тыднёвіку "Літаратура і мастацтва" (я тады была студэнткаю пятага курса), заўважыў выдатны пісьменнік, тонкі стыліст, цудоўны знаўца роднай мовы і светлы, высакародны чалавек Ян Скрыган. З таго часу пачалося наша творчае сяброўства: Ян Аляксеевіч чытаў амаль усё, што я пісала, часам рабіў заўвагі - пісаў на палях маіх тэкстаў свае думкі дробным, акуратным почыркам. Ён быў аўтарам прадмовы і рэдактарам маёй першай кнігі прозы "Дарога пад гару". Я і сёння памятаю, як ён мне раіў: "Калі сумняваешся ў якой-небудзь фразе, уяві, пачуй, як бы яе сказала твая мама ці хтосьці з блізкіх; увогуле, слухай і запамінай, як гавораць дома, у вёсцы. Мова павінна быць натуральнаю, а не штучнаю, выдуманаю. Часам мы пішам так, як усё роўна выкручваем рукі, думаючы, што мове не баліць". Ён не стамляўся паўтараць, што "мова - гэта галоўны знак радзімы" і яе трэба берагчы і любіць. Калі, бывала, я наракала, што вось, маўляў, пішуцца толькі кароткія апавяданні, а за аповесць засесці няма часу, Ян Аляксеевіч далікатна перапыняў мяне: "Запомні, апавяданне - гэта высокі клас літаратуры. На 5-7 старонках можна сказаць вельмі шмат, калі ў цябе ёсць талент". Ён вельмі хацеў, каб я пісала, і ў той, згаданай тут прадмове да маёй "Дарогі пад гару", заўважыў: "... З такою моваю маўчаць проста грэшна", але, на жаль, абставіны склаліся так, што на ўласную творчасць у мяне амаль не заставалася часу. Быў якраз пачатак 1990-х, у краіне пачыналася духоўнае і рэлігійнае адраджэнне, і мы, невялікая група свецкіх католікаў, заснавалі два часопісы: "Аvе Маrіа" і "Наша вера".

- Так, і вы ад пачатку былі прызначаны іх галоўным рэдактарам і вось ужо больш за дваццаць гадоў рэдагуеце гэтыя вельмі важныя для нашай духоўнай і нацыянальнай прасторы выданні. Скажыце, калі ласка, якія тэмы і праблемы ў іх закранаеце? Хто з вядомых аўтараў друкуецца ў гэтых часопісах?

- Тэматыка ў нас вельмі шырокая. Зразумела, аддаём перавагу духоўнай, тэалагічнай, філасофскай, але таксама і гістарычнай, і культуралагічнай. Друкуем і літаратурныя творы прозу, паэзію, хрысціянскую эсэістыку і публіцыстыку. Назваць усіх аўтараў, на жаль, не магчыма, але хацелася б удзячна згадаць найперш тых, хто быў з намі ад самага пачатку, але ўжо адышоў у вечнасць. Гэта народны пісьменнік Янка Брыль, вядомы філосаф і літаратуразнавец, хрысціянін з вялікай літары Уладзімір Конан, цудоўная паэтка, наша незабыўная Ніна Мацяш, вядомая паэтка, празаік і фалькларыст Валянціна Коўтун...

Удзячна вельмі за супрацоўніцтва з нашымі выданнямі літаратуразнаўцы Еве Лявонавай, мастацтвазнаўцам Тамары Габрусь, Аляксандру Ярашэвічу, Валерыю Буйвалу і Надзеі Усавай, вядомаму рэстаўратару і эсэісту Аркадзю Шпунту, лаціністу і гісторыку Алесю Жлутку, маладому архівісту Андрэю Шпунту... Асаблівая ўдзячнасць нашым таленавітым святарам, якія вядуць рубрыкі ў часопісе "Аvе Маrіа", уваходзяць у склад рэдкалегіі квартальніка "Наша вера", кансультуюць нас...

- Вашае імя прадстаўляе духоўную паэзію нашай краіны, а якая была ваша першая сустрэча з Богам, з вераю?

- Першай сустрэчы не памятаю, бо была яна праз сем тыдняў пасля майго нараджэння падчас хросту ў белагрудскім касцёле на роднай Лідчыне, якраз у дзень Спаслання Духа Святога, на Сёмуху. А пасля, калі я крыху падрасла, мама штонядзелі вазіла мяне на ровары, прывязаўшы ясік да рамы, за сем кіламетраў у наш касцёл. Маліліся таксама штодня дома - рана і ўвечары. Сваёю вераю я абавязана маме, яе жывому прыкладу і яе малітвам...

- Ведаю, што вы сустракаліся з ужо святым Папам Янам Паўлам II. Якой вы тады былі, чым жылі?

- Гэта быў 1994 год. Мы толькі-толькі заснавалі і зарэгістравалі часопіс "Аvе Маrіа". Я яшчэ працягвала працаваць у часопісе "Беларусь", дзе вяла аддзел літаратуры. Быў вельмі напружаны час. Восенню мне ўдалося выехаць на два месяцы ў Італію, у Перуджу, у знакаміты на ўвесь свет Universitа реr Stranierі, каб падвучыць італьянскую мову. Вось падчас таго побыту ў Італіі мне і пашчасціла трапіць на аўдыенцыю да Папы Яна Паўла II. Гэта сустрэча - на ўсё жыццё. Яна адбылася ў летняй рэзідэнцыі Папы ў Кастэль Гандольфа, за сорак кіламетраў ад Рыма. Падчас сустрэчы я папрасіла ў Яго Святасці дабраслаўлення на нашу выдавецка-рэдакцыйную працу, якую мы тады распачыналі. Папа ахвотна ўдзяліў сваё апостальскае дабраслаўленне, якое дапамагае нам у працы вось ужо больш за два дзесяцігоддзі.

- Крыстына Аляксееўна, з чаго пачынаўся Ваш перакладчыцкі досвед? Гэта была рэлігійная тэматыка?

- Мой перакладчыцкі досвед пачынаўся з гістарычнага нарыса "Мінск" Уладзіслава Сыракомлі. Да яго перакладу мяне падахвоціў вядомы пісьменнік і перакладчык, галоўны рэдактар выдавецтва "Кнігазбор" Кастусь Аляксеевіч Цвірка, за што я яму да гэтага часу ўдзячна. Калі ўлічыць, што Уладзіслаў Сыракомля ў сваім нарысе падрабязна апісвае не толькі гісторыю і геаграфію старажытнага Менска, але і ўсе тагачасныя святыні - касцёлы, кляштары, капліцы, зборы і цэрквы ўключна з іх інтэр'ерамі, абразамі, фрэскамі і роспісамі, то можна сказаць, што ў пэўнай ступені гэтая мая першая перакладчыцкая праца мела дачыненне да рэлігійнай тэматыкі.

Асабіста для мяне яна была вельмі важная, бо дала ўяўленне пра Менск як пра каталіцкі, еўрапейскі горад, якім ён быў амаль да паловы ХІХ стагоддзя, пакуль не былі пазачыняны або адабраны, а пазней проста знішчаны многія нашы святыні. Дзякуючы Уладзіславу Сыракомлю мы, прынамсі, ведаем, дзе яны знаходзіліся і як выглядалі… Ведаць гістарычную праўду вельмі важна, бо гэта дапамагае не толькі ганарыцца сваёю мінуўшчынаю, але і правільна ўспрымаць сённяшнія падзеі і мець надзею на будучыню…

- Вас можна назваць "перакладчыцай сучаснага святога", бо на Вашым "перакладчыцкім рахунку" і адгартацыі, і кнігі, і энцыклікі св. Яна Паўла ІІ. Што асабіста для Вас даў вопыт перакладу яго працаў?

- Магчыма, даў самае галоўнае, бо дапамог больш палюбіць Хрыста і Ягоны Касцёл.

Я мела шчаслівую магчымасць вучыцца гэтай любові і паглыбляць яе на старонках працаў св. Яна Паўла ІІ - вялікага хрысціяніна і пастыра, выдатнага тэолага і чалавека, які валодаў прарочым дарам…

З першае кнігі "Пераступіць парог надзеі", якая адразу пасля выхаду ў 1994 годзе стала бестселерам і была перакладзена на многія мовы свету, і да апошняй прыжыццёвай кнігі "Памяць і самасвядомасць" - своеасаблівага тастаманту Вялікага Папы - гэтая перакладчыцкая праца была для мяне сапраўднаю хрысціянскаю школаю любові, надзеі і веры. Таму ўспрымаю яе, як асаблівую Божую ласку і не перастаю за ўсё дзякаваць Богу.

- Ці былі вы знаёмыя з аўтарамі, чые творы перакладалі і перакладаеце?

- Пра сустрэчу з Янам Паўлам II я ўжо казала. Дарэчы, іх было дзве. I гэта можна назваць знаёмствам, бо праз год, пры другой сустрэчы, Папа мяне адразу пазнаў і сказаў, што памятае. Я была шчаслівая... Знаёмая я таксама з ксендзам Вацлавам Бурылам, кніжачку вершаў якога "Павінен быць хтосьці" пераклала. Аўтар прыязджаў у Менск на яе прэзентацыю. Давялося сустракацца на кніжных кірмашах у Варшаве з паэтамі-святарамі Янам Соханем і Ежы Шымікам. З ксяндзом Янам Твардоўскім, на жаль, пабачыцца не пашчасціла, была толькі аднойчы ў тым варшаўскім касцёле, дзе ён служыў усё сваё доўгае і ахвярнае жыццё.

- З'яўляючыся пісьменніцай і паэткай, Вы робіце і паэтычныя пераклады. А хто ўлюбёны аўтар, якім чынам выбіраеце творы і асобаў для перакладу?

- Такое ўражанне, што гэта яны мяне "выбіраюць", бо ніводнага аўтара і ніводнага твору не было выпадковага. Люблю ўсіх, з кім звёў творчы лёс, бо ў кожнага знаходжу штосьці вельмі блізкае, сугучнае сваёй душы і сваім перакананням, і таму кожны аўтар на час працы з ягоным тэкстам станавіўся настаўнікам, дарадцам і сябрам. Дарэчы, цеплыня творчага сумоўя застаецца ў душы назаўсёды…

- Апошнім Вашым перакладам, які ўжо пабачыла і "паспытала" хрысціянская грамадскасць, стаў "Дзённік" св. Фаўстыны. Яшчэ адна святая ў Вашай перакладчыцкай біяграфіі, да таго ж містычка. Які фрагмент з "Дзённіка" Вас найбольш закрануў?

- Такіх фрагментаў у "Дзённіку" святой Фаў тыны шмат. Увесь гэты натхнёны Богам тэкст, які адкрывае нам глыбіні бязмежнай Божай міласэрнасці, кранае неймаверна. Але, сапраўды, ёсць і такія фрагменты, якія ўразілі асабліва і да якіх найчасцей вяртаюся, каб зноў і зноў іх перачытваць. Гэта найперш "Размовы Бога з душою", якая знаходзіцца на розных этапах свайго дасканалення: і "пагружаная ў цемру" роспачы, і акунутая ў такое моцнае цярпенне, што нават не мае сілы на размову з Богам, і ў час свайго асаблівага імкнення да дасканаласці…

Вельмі крануў мяне фрагмент "Дзённіка", у якім с. Фаўстына апісвае эпізод, які здарыўся з ёю, калі яна служыла ў кляштары брамніцаю. Аднаго разу да кляштарнай брамы прыйшоў Езус у вобразе галоднага, абарванага жабрака і папрасіў у яе есці. Калі яна Яго накарміла, з'явіўся падчас візіі і падзякаваў ёй за гэты ўчынак міласэрнасці… Міласэрнасць, гэтак як і любоў, жывая ўчынкамі. Езус казаў с. Фаўстыне: "Я патрабую ад цябе ўчынкаў міласэрнасці, якія павінны сыходзіць з любові да Мяне. Ты павінна заўсёды і ўсюды праяўляць міласэрнасць да бліжніх, ты не можаш ад гэтага ані ўхіліцца, ані адмовіцца, ані адрачыся…" (Дз. 742).

- Магчыма, цяпер таксама штосьці перакладаеце ці ўжо рыхтуеце да друку? Чым і кім здзівіце чытача ў чарговы раз?

- У сувязі з Вашым пытаннем прыгадалася выказванне выдатнага хрысціянскага пісьменніка Дзмітрыя Меражкоўскага ў дачыненні Святога Пісання: "Пасля гэтай солі ўсё здаецца прэсным". Прыкладна такое адчуванне ёсць у мяне пасля перакладу "Дзённіка" св. Фаўстыны, і таму пакуль што няма жадання брацца за нешта іншае. Зразумела, перакладаю асобныя тэксты для часопісаў "Ave Maria" і "Наша вера".

Скажам, адным з такіх перакладзеных нядаўна тэкстаў былі невялікія фрагменты "Асабістых нататак" св. Яна Паўла ІІ, надрукаваныя ў першым мінулагоднім нумары квартальніка "Наша вера". Гэтыя "нататкі", якія пасля адыходу ў вечнасць Вялікага Папы выдаў былы ягоны сакратар, а цяперашні Кракаўскі Мітрапаліт кардынал Станіслаў Дзівіш, мяне вельмі ўразілі, бо яны - яшчэ адно моцнае і яскравае сведчанне "духоўнага жыцця ў Богу і з Богам" святога Папы… Толькі што выйшла з друку кніга маіх уласных вершаў і перакладаў духоўнай паэзіі…

- Спадарыня Крыстына ці Хрысціна? У чым усё ж сакрэт вашага імя, якое можна сустрэць у дзвюх формах?

- Імя Крыстына я атрымала падчас хросту. Імя Хрысціна - літаратурнае, дадзенае мне пры першай публікацыі маіх вершаў у лідскай раённай газеце ў 1971 годзе, калі я вучылася ў восьмым класе. Лідскаю раёнкаю тады кіраваў мудры рэдактар, цікавы чалавек Аляксандр Васілевіч Жалкоўскі. Думаю, што яму я абавязана гэтаю формаю свайго імя... Зрэшты, літаратурнае імя я люблю гэтаксама, як і атрыманае на хросце.

- Вы і паэтка, і пісьменніца, і пераклад чыца, і рэдактар... Магчыма, маеце яшчэ нейкую грань свайго творчага жыцця, пра якую я не згадала?

- Ды ўжо і гэтага больш, чым дастаткова...

- А каго ў вас больш? Паэткі, якая, па словах Дануты Бічэль, перадае сваё найменш здзейсненае пачуццё глыбінёю верша, ці пісьменніцы, публіцысткі, якая вядзе чытача пройдзенымі і перажытымі сцежкамі свайго жыцця і свайго народа? А, можа, строгай рэдактаркі ці засяроджанай перакладчыцы, якая імкнецца як мага дакладней разгадаць чужую душу, каб перадаць яе перажыванні на роднай мове?

- Цяжка сказаць. Якраз нядаўна ў тэлефоннай размове мы разважалі з Данутаю Бічэль, чаму ўсё ж пішуцца вершы, у тым ліку і празаікамі, перакладчыкамі ды рэдактарамі... I Данута Янаўна слушна заўважыла, што вершам можна ахапіць увесь свет і ўвесь сусвет, бо верш не абмежаваны ні часам ні прастораю, ён неабдымны, як пачуццё, бо ён і ёсць найперш - само пачуццё. Сапраўды, гэтак як Дух дыхае, дзе хоча, гэтак і нашае пачуццё здольнае ўздымацца да горняга, вышняга і ўзварушыць самыя патаемныя глыбіні чалавечай існасці. Проза ж, як правіла, засяроджаная на дэталі, абмежаваная прастораю і часам... I ўсё ж, перакладаючы чужыя вершы і пішучы свае і бясконца рэдагуючы тэксты для часопісаў, я вельмі сумую па сваёй ненапісанай прозе...

Гутарыла Аксана Ючкавіч, Лідскі летапісец №1(73)-2016. С. 9-14

Сын сваёй зямлі. 75-гадовы юбілей адзначыў Віктар Іванавіч Кудла

Дырэктар эксперыментальнай базы 'Ніва'

17 кастрычніка 2016 года 75-гадовы юбілей адзначыў Віктар Іванавіч Кудла. Чалавек, які ўсё жыццё аддаў роднай зямлі, напэўна, не патрабуе прадстаўлення. Былы дырэктар эксперыментальнай базы "Ніва", фермер, краязнавец, мастак...

Дарогі жыцця

- З маім нараджэннем звязана цікавая гісторыя: я, можна сказаць, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, - расказвае з усмешкай на твары Віктар Іванавіч. Віктар Іванавіч Кудла. - У траўні 1941-га бацька быў прызваны на вайсковыя зборы пад Гародню. Мама, якая была цяжарная мною, і яшчэ адна вясковая жанчына 20 чэрвеня вырашылі наведаць сваіх мужоў. Дабраліся да самой часткі, якая стаяла за Нёманам, сустрэліся. Першыя словы бацькі былі: "Што ж вы прыехалі?! Вайна будзе! Едзьце дамоў хутчэй". І жанчыны вярталіся. Начавалі ў Гародні, дзе а чацвёртай гадзіне раніцы сустрэлі вайну. Яны беглі ў кірунку Ліды. Неба паласавалі самалёты, паўсюль - выбухі, пажары... Як толькі ляцеў самалёт, хаваліся ў канаву або хмызнякі. Калі ўсё сціхала, гукалі адна адну: "Верка, ты жывая?" - "Жывая". І беглі далей... Праз чатыры месяцы пасля тых падзей нарадзіўся я. Дарэчы, і тут таксама цікава склалася: маці гасцявала ў бабулі Еўкі на хутары Праважа і вярталася дахаты. Нарадзіла мяне ў паўкошыку (вазку), лічы, на самым нашым падворку... Часта яна мне потым казала: "Нарадзіла я цябе ў дарозе, вось і ты ўсё жыццё кудысьці едзеш і едзеш". Так і ёсць: у сталым узросце я аб'ехаў шмат краін.

Дарог у жыцці Віктара Кудлы сапраўды было шмат. Першая і вялікая пачыналася па моры, падчас службы на флоце. Чатыры гады ён праслужыў на крэйсеры "Камсамолец" Талінскай ваенна-марской базы.

На караблі служыў вежавым артэлектрыкам і старшынём рэйдавага камандзірскага катэра, апошні год быў сакратаром камітэта камсамолу. Крэйсер курсіраваў у Балтыйскім моры, нейтральных водах, удзельнічаў у вучэннях краін Варшаўскай дамовы. Дарэчы, менавіта падчас гэтых вучэнняў у акваторыі Шчэцінскага заліва ў складаных штармавых умовах Віктару Кудлу давялося праявіць свае здольнасці і мужнасць, за што атрымаў медаль з рук старшыні Савета Міністраў СССР Аляксея Касыгіна. Віктару Іванавічу выпала сустрэцца з касманаўтам Германам Цітовым. "На караблі, з выпадку 20-годдзя вызвалення Эстоніі, прымалі гасцей, сярод якіх быў і Г. Цітоў, - расказвае Віктар Іванавіч. - Раніцай другога дня гасцей катэрам дастаўлялі на востраў Саарэма. На пірсе ўжо стаялі дзяўчаты з кветкамі. А ў мяне на катэры быў сам Цітоў. Я прапанаваў яму: "Герман Сцяпанавіч, зайдзіце ў рубку." Ён падышоў да штурвала (на касмічным караблі штурвалаў жа няма) і, спытаўшы дазволу, крутнуў да канца ўлева, а потым да канца ўправа. Зрабіў на хвалях "крутое піке". Уляцела мне потым ад начальства, але адгаворка была: гэта ж сам Цітоў!"

Дэвіз гаспадаркі - "Уперад!"

Па заканчэнні службы ў флоце Віктар Кудла атрымаў прапанову застацца ў Таліне. Але гэты варыянт ён не разглядаў - імкнуўся дахаты. Ды і абставіны так складваліся: старэйшы брат паехаў па камсамольскай пуцёўцы ў Краснаярск, дзе і застаўся, малодшыя былі яшчэ малыя, бацькі ніяк не маглі дабудаваць хату. І Віктар Іванавіч вярнуўся дамоў. Да арміі ён ужо скончыў сельгастэхнікум і атрымаў спецыяльнасць заатэхніка. Пра гэта ў мясцовым калгасе даведаліся, і ледзь толькі ўчарашні марак (дарэчы, старшы лейтэнант ВМФ) пераступіў парог хаты, як прыехаў старшыня калгаса.

За працу заатэхнікам Віктар Кудла ўзяўся з ахвотай. Ужо праз год яго перавялі намеснікам старшыні калгаса імя Вярхоўнага Савета БССР у в. Мыто. Потым накіравалі вучыцца. Пасля заканчэння Гарадзенскага сельгасінстытута прызначылі галоўным заатэхнікам у калгас "Дворышча". Трэба сказаць, калгасы "Дворышча" і "Савецкі" (ў суседніх Крыніцах) былі самымі адсталымі. І раённае кіраўніцтва зрабіла стаўку менавіта на маладога спецыяліста з "Дворышча", прапанаваўшы яму ўзначаліць "Савецкі". На прапа новы Віктар Кудла доўга адказваў адмовай.

- Ішоў 1973 год... Было свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, у госці прыехаў брат, - успамінае Віктар Іванавіч. - І тут раздаецца тэлефонны званок - першы сакратар райкама партыі віншуе са святам і пытае: "А можна я прыеду?" Праз паўгадзіны белая "Волга" раённага начальніка заязджае ў двор. Пагаварылі... "Мы рэкамендуем Віктара старшынём "Савецкага", а ён усё адмаўляецца", - адзначыў сакратар, на што брат адказаў: "Гэта яго справа". А жонка міжволі: "Можа, ты годзік папрацуеш, пайдзі ўжо, надта просяць...". І гэтым як адрэзала мне шлях назад.

- На той час была газета "Ўперад" (зараз - "Лідская газета"), і "Ўперад" стала дэвізам маёй гаспадаркі, - расказвае Віктар Кудла. - Першае, з чаго мы пачалі, - гэта будаўніцтва. Пабудавалі дзіцячы сад, кацельню, жывёлагадоўчы комплекс, бульбасховішча, бульбасартавальны пункт. Вырашылі зрабіць упор менавіта на вырошчванне бульбы. На базе гаспадаркі стварылі эксперыментальную базу "Савецкую", адну з лепшых гаспадарак у раёне.

На ўзроўні міністэрства на Лідчыне было вырашана зрабіць яшчэ адну эксперыментальную базу. Лепшага варыянту, чым суседняе з "Савецкай" "Дворышча", не было. Таму і вырашылі далучыць саўгас да "Савецкай", а ўзначаліць узбуйненую гаспадарку - Віктару Кудлу.

Шмат сіл і старанняў прыйшлося прыкласці маладому кіраўніку самай вялікай на той час гаспадаркі ў раёне, каб згуртаваць новы калектыў, умацаваць дысцыпліну, накіраваць спецыялістаў на рашэнне перспектыўных задач. У першую чаргу вырашаліся пытанні ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, будаўніцтва, рэканструкцыі жывёлагадоўчых ферм з поўнай механізацыяй працэсаў, стварэннем бытавых умоў (душавых, лазняў) для жывёлаводаў, што і было зроблена на МТФ "Мігуны", "Гурыны", "Гімбуты". Свінагадоўчая ферма "Мергінцы" пасля рэканструкцыі была прызнана лепшым у вобласці міні-комплексам замкнёнага цыклу. За гэтыя гады ў новай аб'яднанай гаспадарцы, якая атрымала назву "Ніва", былі пабудаваны аграхімцэнтр, збожжасховішча вежавага тыпу са збожжасушылкамі, сенасховішча і бульбасховішча, склады для будматэрыялаў, новыя гаражы. Добраўпарадкаваны ўсе палявыя і пасялковыя дарогі. Шмат было зроблена па сацыяльна-культурным развіцці Дворышча: пабудаваны адміністрацыйны будынак, сярэдняя школа, ФАП, быткамбінат, дамы на вул. Цэнтральнай і Зорнай.

Набытак таленавітага кіраўніка - не менш таленавітыя вучні. З "ніўскай школы" выйшлі вядомыя сёння на Лідчыне спецыялісты і кіраўнікі: Уладзіслаў Лабецкі, Віктар Юхно, Станіслаў Грышкевіч, Іван Жынко, Васіль Алясюк, Станіслаў Мікутайціс і іншыя.

Нам засталася спадчына

Дворышча - цікавае гістарычнае месца. Віктар Кудла, чалавек ад зямлі, не мог застацца абыякавым да той спадчыны, што засталася тут. Але глядзеў на яе не толькі сэрцам, як улюбёны ва ўсё роднае чалавек, але і як гаспадар. З яго падачы ў гаспадарцы вырашылі аднавіць у Дворышчы ансамбль панскага фальварка. Падкрэслю: гэта было ў пачатку 80-х, калі пра аграэкатурызм ніхто нават не вёў і размовы.

У Дворышча былі запрошаны архітэктары, якія распрацавалі праект сядзібна-этнаграфічнага комплексу. Пачыналася ўсё з дарогі, дзе знарок быў пакінуты брук. Злева ад яе адкрываўся былы крухмальны завод, справа - карчма. Далей - возера, млын... "Млын быў цалкам рэканструяваны. Дарэчы, калі пачалі абкопваць яго, дакапаліся да асновы. Аказваецца, стаіць фундамент млына на палях (сваях). Больш за сто гадоў палі стаяць, а нібыта ўчора пастаўлены. На першым паверсе была зроблена зала ўрачыстых грамадзянскіх абрадаў, на другім у адпаведным інтэр'еры прадугледжаны пакоі маладой, маладога, сватоў, мельніка. На трэцім - банкетная зала, там жа кухня (яна павінна была працаваць на ўласных прадуктах гаспадаркі). На кожным паверсе ўладкаваны каміны, працаваў грузавы ліфт. У рэстаўраванай чатырохпавярховай вежы быў створаны гістарычна-этнаграфічны музей "Зямля і людзі". Першы паверх - экспазіцыя каменнага веку. Тут жа адлюстраваны перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі: сярод экспанатаў - шынель мясцовага жыхара Іосіфа Бічаля, які бачыў самога Леніна. Падымаемся на другі паверх - "Вялікая Айчынная вайна". Трэці - "Першыя калгасы". Чацвёрты - "Эксперыментальная база "Ніва". Дах - аглядная пляцоўка, з якой адкрываліся краявіды Дворышча.

Дарэчы, са стварэння гэтага комплексу пачыналася і конна-спартыўная школа, былі закуплены спартыўныя коні. Тады ж на забалочаных і запушчаных нізінах былі выкапаны сажалкі. Старадаўні парк вычышчаны, пасаджаны новы парк уздоўж р. Жыжмы. Па цэнтральнай вуліцы пракладзены ліўнёвая каналізацыя, кабель вулічнага асвятлення. Усё гэта рабілі самі людзі, жыхары Дворышча, падчас суботнікаў, якія арганізоўваліся амаль штотыдзень.

- Мне было вельмі прыемна, калі я бачыў, што дварышчанцы паказваюць гасцям Дворышча, ганарацца зробленым, - расказвае Віктар Кудла. - І вельмі сумна зараз, калі бачу, што ад музея нічога не засталося.

Вечны покліч

Напэўна, перад кожным чалавекам, які аднойчы ў жыцці пакідае працу, паўстае пытанне: а што далей? Так думаў і Віктар Іванавіч. У яго была магчымасць пераехаць у Ліду, але, параіўшыся з сям'ёй, вырашыў застацца ў Дворышчы. Адзін з сыноў скончыў сельгасінстытут, другі - гістарычны факультэт. Трэба сказаць, што абодва сталі годным працягам бацькі, увабраўшы ўсе лепшыя рысы і памкненні. У той час толькі пачынаўся фермерскі рух. Праца на зямлі была сугучна поклічу душы былога дырэктара эксперыментальнай базы. І Віктар Іванавіч разам з малодшым сынам Артурам адкрылі фермерскую гаспадарку "Расінка - 2002". Узялі 15 гектараў зямлі (зараз ужо 51), на якіх вырошчваюць бульбу, збожжавыя і агародніну. З цягам часу ў фермерства ўключыўся старэйшы сын Вадзім, а малодшы заняўся іншай справай.

Сам Віктар Кудла ўзначаліў раённую асацыяцыю фермерскіх гаспадарак. Адначасова вядзе нястомную працу па захаванні спадчыны, памяці аб падзеях мінуўшчыны. Сабраў багаты краязнаўчы матэрыял, вядзе перапіску з архівамі, а галоўнае - спяшаецца запісаць успаміны жывых сведкаў. Апошнім часам працуе над успамінамі пра Ганчарскую школу, збірае матэрыял пра родную вёску Дроздава. Вялікую працу Віктар Кудла правёў па адной з самых малавядомых тэм - бежанстве Першай сусветнай вайны. У планах краязнаўца - прадоўжыць гістарычны экскурс па Дворышчы і накіды пра ваеннае ліхалецце ў родным краі...

- Мой святы абавязак - зрабіць усё, каб гісторыя засталася ў памяці дзеля нашчадкаў.

Партрэт юбіляра, напэўна, быў бы няпоўным без некалькіх штрыхоў аб яго захапленнях. Адно з іх - гэта карціны: Віктар Кудла малюе з самага дзяцінства, найбольш часта - родныя краявіды. Другое - разьбярства па дрэве. Трэцяе - садаводства: ён вырошчвае і выводзіць розныя гатункі пладовых дрэў, вінаграду, туй і іншых раслін.

Магчыма, многага пра Віктара Іванавіча яшчэ не ўдалося сказаць. Напрыклад, пра высокае прызнанне яго працы, мноства ўзнагарод. Але, напэўна, галоўныя ўзнагароды ў жыцці не тыя, што захоўваюцца ў футлярах і папках, а непадуладныя часу пачуцці павагі і падзякі ад многіх людзей. Тых, хто проста ведаў, жыў, працаваў. Хто сёння, узяўшы ў рукі газету, шчыра радуецца таму, што гэты чалавек быў, ёсць і яшчэ будзе.

Яхантава Вольга. Сын сваёй зямлі. 75-гадовы юбілей адзначыў Віктар Іванавіч Кудла // Лідскі Летапісец 2016. № 4(76). С. 21-23.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX