Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Лідскія юбіляры 2018 года 


Дадана: 20-05-2019,
Крыніца: Лідскі Летапісец. 2018. № 1(81).



Мазітава Святлана Апанасаўна

Кіраўнік калектыва аўтарскай песні "Творчая музычная майстэрня "Родник"; лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў;выкладчык вышэйшай катэгорыі музыкі і спеваў Установы адукацыі "Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Лідскі каледж; старшыня ЦК музыкі і спеваў УА ГрДУ імя Я. Купалы, Лідскі каледж (з 2011 г. па 2014 г.).

Нарадзілася 20.03.1958 г. у г. Лідзе.

Бацька - Куцярніцкі Апанас Кузьміч - майстар Лідскай абутковай фабрыкі

Маці - Куцярніцкая Зоя Антонаўна - выкладчык пачатковых класаў Ганчарскай школы, мікшар кінатэатра "Юбілейны.

З 1 класа Святлана вучылася ў СШ № 8 , пасля пераводу СШ № 8 на Раслякі перайшла вучыцца ў 8 клас у СШ № 11, дзе і скончыла 10 класаў у 10 "В" класе ў 1975 годзе.

Паралельна з агульнаадукацыйнай, з 4 класа вучылася ў Лідскай музычнай школе. 4 гады займалася па класе скрыпкі, але затым цікавасць праявіла да фартэпіяна і перайшла займацца па класе фартэпіяна. 3 гады вучылася ў выдатнага педагога Марыі Іллінічны Рачкоўскай, пад яе кіраўніцтвам на конкурсе на лепшае выкананне эцюда ў музычнай школе заняла 1 месца.

Мазітава Святлана Апанасаўна.

Пасля заканчэння 10 класаў, у 1975 годзе паступіла ў Лідскае музычнае вучылішча па класе фартэпіяна. Дарэчы, на той час, вельмі складана было паступіць у навучальную ўстанову такога плану і быў досыць вялікі конкурс - 4,5 чалавека на месца. З цеплынёй і любоўю ўспамінае вучобу ў гэтай выдатнай навучальнай установе, дзе ёй далі лепшую музычную адукацыю, з якой яна ўпэўнена крочыла па жыцці, удзячная сваім выкладчыкам: Труханавай Ірыне Уладзіміраўне, Зусман (Дзвілянскай) Бэле Аронаўне, Акімавай Таццяне Аляксееўне.

У 1979 годзе скончыла Лідскае музычнае вучылішча, атрымаўшы дыплом выкладчыка музычнай школы па класе фартэпіяна, канцэртмайстра.

У гэтым жа годзе скончыла курсы экскурсаводаў у Лідскім бюро вандраванняў і экскурсій. З вялікай цікавасцю працавала пазаштатным экскурсаводам у тым жа Лідскім бюро вандраванняў і экскурсій.

Вышэйшую адукацыю атрымоўвала завочна ў Менскім дзяржаўны педагагічны інстытуце імя А.М. Горкага, выкладчык музыкі і спеваў (спецыяльнасць - фартэпіяна) з 1983 - 1987 г., дзе ёй пашчасціла вучыцца ў таленавітага выкладчыка фартэпіяна Кагановіча Генадзя Паўлавіча (цяпер выкладае і жыве ў Германіі), які тады выкладаў у Ліцэі пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі для адораных дзяцей і па сумяшчальніцтве - у інстытуце.

На пятым курсе інстытута Святлана Апанасаўна стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу навуковых прац на лепшую працу па натуральных і гуманітарных навуках у г. Менску ў 1986 годзе (кір. Кагановіч Г.П.).

Пасля заканчэння музычнага вучылішча пачала сваю працоўную дзейнасць акампаніятарам гімнастыкі на вольных практыкаваннях у ДЮСШ №1 г. Ліды. Вельмі добры калектыў сустрэў маладога спецыяліста, і Святлана Апанасаўна з задавальненнем заглыбілася ў творчую працу ў спартовай школе. Гэта вельмі цікавая і творчая праца, нестандартная, праца, якая патрабавала творчасці і фантазіі. Бо трэба было ствараць музычныя суправаджэнні на вольных практыкаваннях гімнастам, перапрацоўваць музычны матэрыял, складаць новы, які адпавядае тэмпераменту кожнай гімнасткі. З вольнымі практыкаваннямі выхаванцаў, з гонарам выступалі ў Гародні ў школе Алімпійскага рэзерву, у зале Вольгі Корбут. Вельмі цікава было выступаць на спаборніцтвах з выхаванцамі і заваёўваць дыпломы на спаборніцтвах. Харэографам працавала таленавітая тытулаваная гімнастка - мінчанка Лаўрыненкава Людміла. З ёй было створана шмат найцікавых вольных кампазіцый для гімнастаў, у выніку якіх выхаванцы заўсёды паднімаліся на па стамент пашаны і займалі прызавыя месцы на спаборніцтвах.

У 1983 годзе Святлана Апанасаўна выйшла замуж. Муж: Мазітаў Рым Ахметнабіевіч - тэхнік выпрабавальнік авіяцыйных рухавікоў Уфімскага маторабудаўнічага авіяцыйнага аб'яднання. Працаваў з 1982 года ў вайсковай частцы ў г. Лідзе па абслугоўванні авіяцыйнай тэхнікі ў Паўднёвым вайсковым гарадку. У 1984 годзе ў іх нарадзілася дачка - Дзінара Мазітава. Сёлета спаўняецца 35 гадоў сумеснага жыцця пары Мазітавых. Сям'я Мазітавых шмат часу аддавала выхаванню дачкі, яе развіццю, навучанню. Усё гэта патрабавала шмат фінансавых выдаткаў і вялікай колькасці працы і часу для развіцця, навучання і станаўлення асобы маладога кампазітара і выканаўца. Муж заўсёды дапамагае Святлане Апанасаўне і дачцы па жыцці, гэта іх асноўная апора. Ён - і крытык, і суддзя, і падказчык, і першым чынам сябар. Ён мае вельмі тонкі музычны густ, гэта асноўны крытык усіх музычных твораў. Ён - асноўны памагаты: і тата, і муж, і кіроўца, і стваральнік відэапрэзентацый, ён - і фатограф, займаецца дасылкай рознай дакументацыі і суправаджае на канцэртах і выступленнях дачку і жонку. Заўсёды апора сям'і і яе аснова. Ён майстар на ўсе рукі. Умее рабіць усё - і паправіць кампутар, і машыну, разбіраецца ў электроніцы, выдатна шые, усё ў яго выдатна атрымліваецца. Рым Мазітаў вельмі творчы і чулы чалавек. Вельмі добры, мае шмат сяброў, выдатны сем'янін, адданы і клапатлівы муж і бацька. Святлана Апанасаўна ўдзячная мужу, што ён адрамантаваў і даглялае хату яе дзядулі - Касарэўскага Антона ў аграгарадку Ганчары - з любоўю даглядае вялікі сад, які яе дзед пасадзіў адразу пасля вайны. Гэтаму саду і хаце па 75 гадоў. Гэта ўпадабанае месца адпачынку сям'і Мазітавых.

Пасля дэкрэту Святлана Апанасаўна пайшла працаваць выкладчыкам Лідскага педагагічнага вучылішча па класе фартэпіяна.

У вучылішчы працавала з 1985 года. За перыяд працы ў педагагічным вучылішчы (затым каледжы) працавала выкладчыкам індывідуальных заняткаў па фартэпіяне, выкладала методыку музычнага выхавання, была кіраўніком практыкі, акампанавала вакальнай групе, хору, вакалістам. Рыхтавала навучэнцаў на конкурсы прафесійнага майстэрства (візітоўкі і творчы конкурс), якія заўсёды станавіліся лаўрэатамі, пераможцамі і дыпламантамі рэспубліканскіх конкурсаў у Гародні, Барысаве, Нясвіжы, Менску. Гэта праца ёй таксама вельмі падабалася. Усё гэта было звязана з творчасцю. Тут нельга было выконваць гатовыя творы па нотах, а трэба было ствараць цікавыя музычныя кампазіцыі, складаць, інтэрпрэтаваць. Усё гэта патрабавала творчага падыходу і самааддачы. Гэта яе захоплівала і натхняла.

Увесь час Святлана Апанасаўна рыхтавала нумары мастацкай самадзейнасці на рэспубліканскія, абласныя і раённыя конкурсы.

З'яўлялася 12 гадоў чальцом прафкама педагагічнага вучылішча і каледжа, старшынёй культмасавой камісіі. Абіралася неаднаразова чальцом атэстацыйнай камісіі.

Вельмі любіць свой выкладаны прадмет - індывідуальныя заняткі па музыцы (фартэпіяна). Для навучэнцаў, заўсёды імкнулася зрабіць навучальны працэс цікавым і больш насычаным. Маючы ў класе шмат навучэнцаў з музычнай адукацыяй Святлана Апанасаўна заўсёды імкнулася павялічыць іх адукацыйны і культурны ўзровень, рыхтавала і праводзіла адкрытыя мерапрыемствы з навучэнцамі свайго класа. Праводзіла адкрытыя канцэрты свайго класа, навучэнцаў фартэпіяна для каледжа: "Як мы граем Шапэна!!! ", "Творы для дзяцей П. І. Чайкоўскага ў нашым класе фартэпіяна". Да 20-годдзя каледжа падрыхтавала і правяла адкрытае мерапрыемства "Музыка маладых для маладых", дзе навучэнцы Святланы Апанасаўны выконвалі творы юнага кампазітара Дзінары Мазітавай.

У 2005 годзе Святлана Апанасаўна стварыла ў Лідскім педагагічным каледжы сваё творчае аб'яднанне "Складаем і спяваем", дзе навучэнцы складалі вершы і музыку. Свае творчыя сачыненні яны прадставілі на адкрытым мерапрыемстве "Як добра і прыемна проста жыць, калi жыццё не перакрэслена выйною". Публіка з захапленнем сустрэла творчыя сачыненні выхаванцаў, і гэта дало імпульс да далейшага творчага развіцця будучага калектыва.

З моманту зліцця двух лідскіх каледжаў у Лідскі каледж УА ГрДУ ім. Я. Купалы Святлана Апанасаўна - выкладчык індывідуальных заняткаў па фартэпіяне, кіраўнік калектыва аўтарскай песні творчай музычнай майстэрні "Родник", з 2011 г. па 2014 г. старшыня ЦК музыкі і спеваў.

Працуючы ў каледжы, шмат часу аддавала метадычнай працы. Займалася даследчай працай.

У каледжы абагульнены досвед працы С.А. Мазітавай у даследчай працы па тэме: "Вывучэнне творчасці маладога беларускага кампазітара Дзінары Мазітавай і ўкараненне яе ў педагагічную дзейнасць каледжа, агульнаадукацыйных школ".

Выдадзены артыкул Святланы Апанасаўны Мазітавай у рэспубліканскім часопісе "Музычнае i тэатральнае мастацтва: праблемы выкладння" ("Музыка для дзяцей") у 2006 г.

Па тэме: "Шляхі музычнага развіцця малодшых школьнікаў" выступала на II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Падрыхтоўка настаўніка пачатковых класаў: праблемы і перспектывы" ў г. Менску 24.11.2011 г.

Надрукавана артыкул у зборніку 2012 г: Матэрыялы II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Падрыхтоўка настаўніка пачатковых класаў: праблемы і перспектывы", Менск, 24 лістапада 2011 г. Назва дакладу: "Шляхі музычнага развіцця малодшых школьнікаў".

Працуючы ў каледжы, Святлана Апанасаўна заўсёды ўшчыльную займалася развіццём, выхаваннем і навучаннем дачкі, якая з ранніх гадоў займалася творчасцю і канцэртнай дзейнасцю. Заўсёды суправаджала яе на конкурсах і канцэртах. У сувязі з гэтым павышала свой прафесійны ўзровень. Гэта конкурсы і канцэрты ў Расіі - Маскве "Новыя імёны", Санкт-Пецярбургу - конкурсы кампазітараў, Польшчы - Міжнародныя конкурсы сучаснай музыкі, Італіі - конкурсы сучасных выканаўцаў, канцэрты ў Літве, Беларусі, выканальніцкія і кампазітарскія конкурсы і фэсты ў Менску, у Гародні. Там Святлана Апанасаўна паглыблялася ў новае, творчае, слухала сучасныя сусветныя сачыненні, вывучала новыя падыходы да выкладання музыкі. Гэта пашырала яе далягляд і адкрывала новыя перспектывы да яе далейшай творчай працоўнай дзейнасці. Яна сістэматызавала і падрыхтавала матэрыял пра кампазітара і піяністку Дзінару Мазітаву. Святланай Апанасаўнай сабраны, вывучаны і сістэматызаваны матэрыялы: "Аўтабіяграфія Дзінары Мазітавай", "Гады вучобы ў Беларусі", "Творчая дейнасць кампазітара і піяністкі", "Канцэртная дзейнасць у Лідзе і ў Менску", "Гады вучобы і творчасці ў Санкт-Пецярбургу", "Пецярбургскі перыяд творчасці", "Творчы багаж Дзінары Мазітавай", "У якіх залах выступала Дзінара Мазітава". Усё гэта кажа пра вялікую адказнасць, неабходна праўдзіва і пісьменна даць інфармацыю ў СМІ, тэлебачанню, радыёрэдактарам і журналістам. Гэта паглынае масу вольнага часу і сіл. Часта бывала, што трэба прыняць рашэнні, што і як выканаць на нейкім адказным канцэрце, абраць рэпертуар для выканання за мяжой, на канцэрце, у тэле- ці радыёэфіры. Вызначыцца, якую патрэбную інфармацыю падрыхтаваць і даць. Святлана Апанасаўна была неаднаразова вядоўцай на канцэртах за мяжой і ў Беларусі. Яна - складальнік праграм выступленняў Дзінары Мазітавай, распрацоўшчык сцэнараў мерапрыемстваў пра кампазітара. Арганізатар аўтарскіх і выканальніцкіх канцэртаў, папулярызуючы такім чынам творчасць выканаўца і кампазітара Лідчыны. Прадставіць творчасць кампазітара і піяністкі за мяжой, выступаць у філармоніях, на прэстыжных сцэнах, мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню - гэта вялікая адказнасць.

З 2012 па 2014 год Cвятлана Апанасаўна, па просьбе дырэктара, прафесара Багдановіча А.В. стала старшынёй ЦК музыкі і спеваў Лідскага каледжа. Самымі прадуктыўнымі гадамі працы ў каледжы Святлана Апанасаўна лічыць гады працы з найразумнейшым кіраўніком установы, прафесарам Багдановічам А.В. , і нам. дыр. па вых. працы Сямашкам А.М. Здавалася б далёкія іх прафесіі ад музыкі, але менавіта яны па складзе розуму, адукаванасці, прафесіяналізму змаглі ўбачыць і падтрымаць новае, патрэбнае творчае аб'яднанне даць яму росквіт і карысць для ўсяго падрастаючага пакалення, дапамагчы вырасці парасткам творчага "Родника", падтрымаць жыццё творчага маладога калектыва. У гэты перыяд было і правядзенне рэспубліканскага семінара, і ўдзел Святланы Апанасаўны ў Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Гэтыя людзі, навукоўцы, наватары, і самі робяць патрэбнае новае, і дапамагаюць творчым выкладчыкам і навучэнцам знаходзіць і выяўляць таленты і ўжываць патрэбныя нестандартныя формы і метады рашэння для таленавітай моладзі!

Больш за 30 гадоў працавала Святлана Апанасаўна выкладчыкам індывідуальных заняткаў па фартэпіяне ў каледжы. Галоўная задача гэтых заняткаў - навучанне навучэнцаў ігры на інструменце і выразнаму спеву, развіццю музычных здольнасцяў. На гэтых уроках ёй прыйшлося сутыкнуцца з неардынарнымі, таленавітымі навучэнцамі. Пасля яна зрабіла выснову, што ў каледжы, хоць і не часта, але сустракаюцца таленавітыя навучэнцы. І з імі неабходна займацца асобна, па вызначанай праграме. Творчы чалавек вельмі мучыцца, калі яго творы пыляцца на паліцах, ім трэба даваць жыццё. Святлана Апанасаўна вырашыла, гэты від дзейнасці неабходна вынесці за рамкі ўроку. Так і нарадзілася ў яе ідэя стварэння ў той час у педагагічным каледжы творчага аб'яднання, першапачаткова яно звалася "Складаем і спяваем", дзе яна магла з удзельнікамі займацца творчасцю. Досвед працы з адоранымі навучэнцамі ў яе быў. Больш за дзесяць гадоў яна займалася даследчай працай "Вывучэнне творчасці маладога беларускага кампазітара Дзінары Мазітавай і ўкараненне яго ў педагагічную дзейнасць каледжа, пачатковай школы і дзіцячага саду".

Пасля абагульнення педагагічнага досведу яна вырашыла правесці эксперымент і паспрабаваць займацца складаннем музыкі з навучэнцамі без музычнай адукацыі, чые прафесіі зусім не звязаныя з музыкай. Тым больш што на той момант педагагічны каледж аб'ядналі з тэхнічным каледжам, і яна пачала займацца творчасцю з зусім далёкімі ад музыкі і творчасці навучэнцамі.

Працуючы ў каледжы, неабходна было падаваць нумары мастацкай самадзейнасці для рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў, канцэртаў. Заўсёды журы патрабавалі новы рэпертуар. А дзе яго браць? Вось Святлана Апанасаўна і прыйшла да высновы, неабходна складаць песні самім. Гэта і паслужыла стварэнню новага творчага аб'яднання - "Творчая музычная майстэрня "Родник"".

У любой навучальнай установе ёсць калектывы эстрадных спеваў, танцавальныя, інструментальныя і г.д. , але такога аб'яднанне па стварэнні складзеных песень няма - гэта новае рашэнне. З чым звязана з'яўленне новага калектыва?

У навучэнцаў каледжа важна развіваць пачуццё новага, іх ініцыятыву і творчую актыўнасць. У сувязі з гэтым неабходны новыя формы працы, арыентаваныя на пошук, падтрымку і развіццё таленавітых і адораных навучэнцаў. Для дасягнення пастаўленай мэты Святлана Апанасаўна і прапанавала новую форму заняткаў у каледжы - творчую музычную майстэрню "Родник". Першапачаткова яна стварыла палажэнне пра творчую музычную майстэрню "Родник", вызначыўшы мэты і задачы аб'яднання. Заняткі ў майстэрні накіраваны на развіццё творчых здольнасцяў, на фармаванне гарманічнай, рознабакова развітай асобы.

Актуальным стала пасля неабходнасць шукаць новыя шляхі выхаду творчасці. Даваць жыццё новаму твору - песні. Як вядома з досведу працы выкладчыкаў - далёка не заўсёды новае адразу прабівае сабе дарогу. Досвед працы не раз паказваў, з якой масай цяжкасцяў даводзіцца сутыкацца, пакуль твор убачыць свет. Адмыслова гэтым тэмам падчас працы Святлана Апанасаўна надавала пільную ўвагу: "Цяжкасці ў працы з адоранымі навучэнцамі", " Асаблівасці працы з таленавітымі навучэнцамі ў каледжы", "Нашы дасягненні", распрацоўкі васьмі адкрытых мерапрыемстваў калектыва. Папярэдне вывучыўшы ўсе матэрыялы па працы з таленавітымі, адоранымі дзецьмі, азнаёміўшыся з псіхалогіяй адоранасці, маючы абагульнены досвед працы з Дзінарай Мазітавай, Святлана Апанасаўна павяла навучэнцаў за сабой ствараючы новае, творчае.

Маючы вялікі дзейсны досвед працы па развіцці творчасці, сачыненні, працы з таленавітым дзіцем, навучэнцамі Святлана Апанасаўна апісала свой досвед працы з творчымі навучэнцамі ў калектыве ў працы па тэме: "Развіццё творчага патэнцыялу навучэнцаў каледжа праз складальніцкую песенную творчасць". Падрыхтавала інфармацыйна-метадычныя і аналітычныя матэрыялы з досведу працы выкладчыка.

На прыкладзе працы з таленавітымі ўдзельнікамі калектыва яна паказала, як выхоўваць і навучаць таленавітых навучэнцаў. Пазнаёміла з новай формай працы з таленавітымі навучэнцамі ў каледжы - калектывам аўтарскай песні творчай музычнай майстэрні "Родник" і паказала новыя шляхі выхаду педагагічнага досведу. Правяла па ўсіх этапах працы з удзельнікамі калектыва аўтарскай песні, апісала, як выхоўваць і навучаць таленавітых навучэнцаў праз складанне музыкі. Праз знаёмства з дасягненнямі новай формы працы з таленавітымі навучэнцамі ў каледжы - калектывам аўтарскай песні - творчай музычнай майстэрні "Родник " паказала эфектыўнасць новай формы працы з навучэнцамі, эфектыўнасць удзелу ў розных конкурсах і фэстах. Удзел у канцэртнай дзейнасці калектыва - заклад поспеху працы з навучэнцамі. Паказала новыя шляхі выхаду педагагічнага досведу выкладчыка (радыёэфір, тэлепраграмы, прэса, газетныя публікацыі); УКантакце; ЮТУБ. Паказала як пасродкам працы з таленавітымі навучэнцамі развіваецца творчы патэнцыял навучэнцаў каледжа.

З аўтарскімі песнямі навучэнцаў "Родник" пачаў выступаць на фэстах і конкурсах. У скарбонцы калектыва 42 дыпломы і граматы рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў.

Святлана Лісі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX