Жывапiсец паганскай Лiтвы
Казіміру Альхімовічу -- 160 год з дня нараджэння
Ён нарадзіўся перад самымі калядамі - 20 снежня 1840 года ў вёсцы Дубраве былога Лідскага павету (цяпер Шчучынскі раён), што знайходзіцца амаль на самым ускрайку дрымучай і дзікай Налібоцкай пушчы.
Пазней шматлікія маляўнічыя эпізоды з дзяцінства ляглі ў аснову яго бессмяротных твораў, якія набылі вядомасць у свеце. Але свае першыя малюнкі ён зрабіў у краіне свайго дзяцінства.
Гаворка далей пойдзе пра нашага славутага земляка, мастака і графіка Казіміра Дамінікавіча Альхімовіча.
Казік паходзіў з небагатай сям'і. Але грошы на навучанне ў ёй не шкадавалі (яго брат Гіцыянт таксама стаў мастаком). Падросшага Казіка, бацька аддаў у Віленскую гімназію. Яго талент памножаны на працавітасць далі плён у яго самым галоўным захапленні жыцця - маляванні. Вось чаму вучоба ў гімназіі стала штуршком для развіцця творчага дару.
У тыя часы ў Вільні вялікай папулярнасцю карысталася творчасць мастака Канута Русецкага. Як мастак, ён надаваў вялікую ўвагу паказу жыцця творчага чалавека. Ўсё гэта зрабіла значны ўплыў на фармаванне творчай індывідуяльнасці Казіміра Альхімовіча.
Амаль не захавалася пэўных звестак аб жыцці мастака. Вядома толькі, што пасля заканчэння гімназіі ён некаторы непрацяглы час працаваў эканомам у адным з маёнткаў пад Кіевам.
У 1863 годзе К. Альхімовіч сярод удзельнікаў вызвольнага паўстання. Па прыгавору суда быў высланы ў Сібір. Давялося жыць на Урале: у Кунгуры, і Верхатур'і. У ссылцы мастак шмат маляваў з натуры, занатоўваючы падзеі з цяжкага жыцця сасланых, пісаў рэлігійныя кампазіцыі, з продажу якіх жыў.
Адна з найлепшых прац таго часу - аўтапартрэт, зроблены па дарозе ў ссылку ў 1864 годзе.
У ссылцы Альхімовіч прабыў да 1869 года і вызваліўся ён па амністыі. Гады ссылкі наклалі адбітак суму і смутку на ўсю творчасць мастака.
Вярнуўшыся з ссылкі, Альхімовіч пасяліўся ў Варшаве, дзе ў 1871 - 1973 г.г. наведваў рысавальную школу, якой кіраваў выпускнік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Войцах Герсан. Гэта была прыватная навучальная ўстанова, над якой брала шэфства Пецярбургская Акадэмія мастацтваў. Як сцвярджалі сучаснікі, Альхімовіч быў любімым вучнем Герсана. А ў Герсана іх вучыліся сотні. Сярод іх класікі польскага жывапісу: Юзаф Хелмонскі і Максімільян Герымскі. У школе Альхімовіч праявіў выдатныя здольнасці жывапісца. Упершыню давялося Альхімовічу выстаўляцца. Двойчы ён быў узнагароджаны срэбным медалём за карціны "Смерць у выгнанні" і "Пахаванне на Урале".
Мастак едзе ў Мюнхен, дзе ўдасканальвае сваё майстэрства з 1873 па 1875 год у Мюнхенскай Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам прафесара Вагнера. Даводзіцца шмат выстаўляцца, прымаць удзел у творчых конкурсах. На выставах ён атрымлівае медалі рознага рангу.
З 1875 па 1878 год працаваў ў Парыжы. Жыў ў Авоне і ў Фантэнбло, дзе кіраваў мастацкай майстэрняй.
У 1878 годзе Альхімовіч вярнуўся ў Варшаву. З 1880 года выкладае малюнак у школе жывапісу і разьбы Б. Пасвіковай. Гады, праведзеныя ў школе Герсана, вызначылі творчае аблічча мастака, кан-чатковы кірунак яго дзейнасці-гісторыя роднай зямлі.
Менавіта як першапраходца ў гістарычным жанры Альхімовіч паўстае ў 80-х гадах, калі вышлі яго першыя творы гэтага кшталту. Яго вабіла беларуская мінуўшчына.
Нямногія работы Альхімовіча, што адлюстроўвалі беларускую даўніну, дайшлі да нашага часу. Лёс адной з лепшых карцін гістарычнага жанру "Смерць Міхаіла Глінскага ў цямніцы", якая выстаўлялася на акадэмічнай выставе ў Пецярбургу у 1885 годзе, невядомы.
Сапраўдны поспех і сусветная вядомасць прыйшлі да Альхімовіча з карцінай "Пахаванне Гедыміна", завершанай у 1883 годзе. Работа з 1887 па 1888 год экспанавалася на выставах у Варшаве, Пецярбургу, Львове, Сан-Францыска… І ўсюды выклікала захапляльныя водгукі і прыносіла аўтару высокія ўзнагароды.
У бітве 1341 г. пры гарадзішчы Велюёне быў забіты Гедымін. Мастак на гэтым цяжкім моманце з нашай гісторыі і засяродзіў увагу.
Алесь Марціновіч так у сваёй кнізе "Хто мы , адкуль мы…"піша пра гэты знакаміты твор Казіміра Альхімовіча: " Карціна так напісана, што веліч і смутак паяднаны між сабой. Веліч ад усведамлення, якія людзі калісь жылі на беларускай зямлі. Смутак ад незваротнасці страты. Такі настрой перажываў і сам творца. Пра гэта здагадваешся, уважліва ўзіраючыся ў сюжэт. Самі фарбы ствараюць адпаведны настрой. А яшчэ - удалая кампазіцыйная прадуманасць твору. З самага гушчару, з нетраў яго, дзе, здавалася б, дагэтуль ніколі не ступала людская нага, выходзяць воіны. У смутку і жалобе нясуць яны на руках цела князя, якому не толькі служылі верай і праўдай, але і любілі яго. За мужнасць і справядлівасць, за адданасць бацькоўскай зямлі. Поруч - гэткі ж самотлівы народ, той народ, якому Гедымін аддаў сваё жыццё. Дзеля шчаснага іхняга дня змагаючыся і дзеля будучыні … Людзі ў белых вопратках. Журботнасць малюнка яшчэ больш узмацняецца прысутнасцю магутных дубоў і елак, што моўчкі застылі быццам вартавыя, аддаючы апошнюю пашану воіну і чалавеку. Цяжкія хмары, якія завалаклі неба, таксама нагад-ваюць: адбылася трагедыя. І ў гэты момант, калі ўжо нічога немагчыма паправіць, застаецца адзінае і найбольш прыймальнае - яшчэ цясней з'яднацца, каб супольна выступаць супраць ворагаў…"
У сваёй творчасці К. Альхімовіч таксама звяртаўся да вобраза яшчэ аднаго слаўнага сына Літвы - князя Кейстута.
Твор "Адпачынак Кейстута" выхоплівае з жыцця князя толькі адзін кароткі момант. Але гэтым кароткім момантам рэчаіснасці аўтар дае нам захапіцца.
На карціне "Вітаўт на магіле Кейстута" мы бачым застыўшую ў роздуме постаць Вітаўта, якога чакае справа прадаўжэння яднання беларускіх зямель.
Цікавасцю да гісторыі сваёй Радзімы выклікана стварэнне шэрагу гістарычных кампазіцый, дзе перад гледачом паўстаюць тыя часы, калі на тэрыторыі Беларусі панавала паганская вера. Палотны "Паганскія вешчуны", "Малітвы жар-сцецерпных", "Багіня кахання Мільда", "Смерць Маргера", "Ліздзейка з дачкой на крушнях храма Перуна", "Апошні вяшчун Літвы з дачкой Плёнтай" з гэтага шэрагу.
Некалькі прац Альхімовіча прысвечаны польскай гісторыі. У Варшаве, у музеі Войска Польскага, захоўваецца палатно мастака "Аба-рона Ольштына", у аснову якога паложаны выпадак з 1587 года пры абароне Ольштына, калі ворагі ўзялі ў закладнікі дзіця Каспара Карпін-скага, ставячы ўмову: ці Ольштын здасца без бою, ці ахвяру заб'юць.
У канцы 1880-х гадоў мастаком ствараюцца палотны: "Смерць Міхаіла Глінскага ў цямніцы" і "Падрыхтоўка да смерці Самуіла Збароўскага".
З імем Міхаіла Глінскага звязана перамога нашых продкаў над татарамі пад Клецкам. Аб апошніх днях жыцця гэтага чалавека і нагадвае палатно, што ўпершыню экспанавалася на акадэмічнай выставе ў Пецярбургу.
У карціне "Падрыхтоўка да смерці Самуіла Заброўскага" паказаны бунтар супраць каралеўскай улады. Закаваны ў ланцугі, знясілены пасля катаванняў, Самуіл Заброўскі сядзіць на каменнай падлоге каземату. Ніякіх шанцаў уратавацца не засталося. Каталіцкі святар чытае над ім апошнія словы малітвы. У адкрытых дзвярах падвала ўжо з'явілася постаць ката з сякерай у руках. Ён гатовы у любую хвіліну адсеч галаву асуджанаму. У нямым маўчанні застыла варта. Але нішто не зламала непахіснай волі Заброўскага. Яго энергічны і ўпарты паварот галавы, пранізлівы погляд светчыць аб непахіснай стойкасці чалавека, гатовага прыняць пакутлівую смерць.
Мастацкія сродкі выяўлення, што прымяняе К. Альхімовіч, прыгожа падкрэсліваюць асноўную ідэю карціны - імкненне да свабоды. А прарваўшыяся ў глыб падвала промні сонца асвятляюць твар і рукі асуджанага, вырываючы яго з цемры сутарэння.
Партрэты Паўла Яна Сапегі, Крыштафа Радзівіла, палотны "Вясельныя ўрачыстасці Жыг-монта Аўгуста" прадаўжаюць галерэю гістарычных работ, выкананых нашым славутым земляком.
Як сцвярджала М. Герсан-Дамброўская, Альхімовіч, не гледзячы на моцны нацыянальны уціск, гаварыў па-беларуску. Увагай да ўсяго роднага, беларускага прасякнуты яго шматлікія кампазіцыі бытавога жанру. У гэтых палотнах ён адлюстроўваў жыццё і быт прыгонных сялян, парабкаў і дробна-памеснай шляхты. Сюжэты для іх навеяны ўспамінамі аб родных мясцінах. "Жніво", "Дажынкі", "Наём работнікаў", "Хата селяніна", "Дзеці пад лесам" і г.д. створаны па замалёўках і эцюдах, зробленых у Дубраве.
Для мастака увасабленнем Літвы, Радзімы, у першую чаргу была родная сядзіба. Ён паўстае перад намі своеасаблівым летапісцам беларускай вёскі. Адну з самых яркіх карцін з жыцця бацькоўскага маёнтка дае К. Альхімовіч у творы "Дажынкі". Тут увасоблены дзіцячыя ўражанні мастака, паказаны ён сам разам з братам, бацькамі, маці. Атмасфера шчырасці і даверу пануе ў сям'і шляхціча, яна атуляе і сялян, якія дажалі жыта і прыйшлі проста з поля на панскі двор. На прыступках невялікага дома ўсіх сардэчна сустракаюць гаспадары, а іх сыны стаяць побач з пачастункамі ў руках. Урачыстасць моманту падкрэслена і выглядам святочна накрытага стала, і вялікая бочка піва ці віна, а таксама энергічнымі жэстамі музыкаў, якія, падобна, граюць нейкую вясёлую мелодыю.
Да болю ўсё гэта блізка мастаку. Ён бачыць сябе вуглаватым хлопчыкам, якому і няёмка ў прыгожым новым адзенні, і страшнавата ад важнасці сваёй ролі, і радасна, бо наперадзе - свята.
У шматфігурнай кампазіцыі "Дажынак" мастак паказаў сябе цудоўным рэжысёрам, майстрам псіхалагічнага аналізу. Кожная фігура ў карціне глубока асэнсавана і займае належнае ёй месца. Сімпатыі жывапісца на баку простых бела-рускіх сялян-парабкаў. Палатно напісана ў рэалістычнай манеры, але прасякнута такім шчымліва-любасным пачуццём аўтара, што ўспрымаецца гледачом як лірычная ідылія.
К. Альхімовіч папулярызуе ў сваіх творах ідэю яднання шляхты, з якой сам выйшаў, і сялянства ў імя вызвалення краю. Такім зместам напоўнены яго палотны "Наём работнікаў"(1893), дзе сяляне паказаны людзьмі з пачуццём уласнай годнасці, "Шляхціц і селянін" (1908), дзе стары шляхціч, былы інсургент, вядзе шчырую гутарку з мала-дым селянінам. Гэтыя творы мастака глыбока біяграфічныя. Зместам сваім яны перадаюць старонкі жыцця аўтара, яго родных і аднавяскоўцаў.
Будні сялянскага жыцця, навеяныя ўспамінамі дзяцінства, склалі аснову твораў К. Альхімовіча: "У поце чала", "Жніво", "Вясковая дзяўчына", "Збор сена", "Вясковы пейзаж". Шмат сваіх работ мастак прысвячае сялянскім дзецям. Аўтар захапляецца непасрэд-насцю, адкрытасцю, чысцінёй вобразаў дзяўчынак. У творы "Пастуш-ка" Альхімовіч выхоплівае кароткі амомант нелёгкай сялянскай долі. Маленькая дзяўчынка стаіць на па-горку, абапёршыся аб ствол дрэва. Яна нюхае кветку і пра нешта марыць. А ўнізе на абшарах, пакрытых сакавітай травой, пасецца статак. Постаць па-стушкі, што размешчана на пярэднім плане, як бы яднае ў сябе ўсю неабсяж-насць неба, хараство і моц зямлі.
Альхімовіч на працягу свайго доўгага творчага жыцця ў асноўным трымаўся рэалістычных прын-цыпаў адлюстроўвання рэчаіснасці, якія ўзбагачаліся ярка выяўленым рамантычным светаўспрыманнем. Яго карціны, за нешматлікім выключэннем, вызнача-ліся нягучнасцю фарбаў. Такая тады была манера ў выяўленчым мастацтве ў польскіх мастакоў, уражанне ад карцін якіх выказаў на выставе ў Парыжы ў 1881 годзе французскі крытык: "Ці няма ў Польшчы нябеснага блакіту, празрыстага паветра, жывога сонечнага прамення? І ці край асуджаны на снежныя замеці, вільготную імглу, алавяны далягляд?"
У работах мастака 90-х гадоў ХІХ ст., што створаны пад уплывам творчасці французскіх ім-прэсіяністаў, заўважаецца пасвятленне жывапіснай палітры.
Альхімовіч працаваў таксама і як графік. Да сённяшняга дня дайшлі яго графічныя аркушы, выка-наныя ў чорным тушы, дзе мастак узнаўляе аблічча выдатных людзей мінулага - гетманаў Вялікага княства Літоўскага Кшыштафа Радзівіла і Паўла Сапегі.
Казімір Альхі-мовіч не аднойчы ў сваёй творчасці звяртаецца да рэлігіі. Мастак, быў шчырым ка-толікам. Цэлы шэраг прац зрабіў ён для касцёлаў Беларусі і Польшчы, Расіі, прычым не толькі жыва-пісных, але і пластычных, выразаных з дрэва. Сярод яго значных твораў, што дайшлі да нашага часу, абразы "Святой Тройцы" ў Кафедральным саборы ў Любліне і "Праабражэнне" ў касцёле вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна.
Яркай старонкай творчасці К. Альхімовіча былі ілюстрацыі да літаратурных твораў, прычым мастака натхняла творчасць пісьменнікаў-раман-тыкаў ліцвінскага паходжання. Яны былі найбольш прагрэсіўнымі прадстаўнікамі тагачаснай інтэлек-туальнай эліты краю, цесна звязанай каранямі з беларускай зямлёй. Па-мастацку прачытваючы творы паэта, К. Альхімовіч выбіраў для сябе гераічна-ўзнёслыя вобразы. Гэта, напрыклад, гераічныя постаці ў п'есах "Каспар Карлінскі", "Маргер" У. Сыракомлі, фантастычныя і чароўныя ўладаркі - "Мілда" Ю. Крашэўскага, "Свіцязянка" А. Міцкевіча, "Гапляна" Ю. Славацкага.
Адмысловыя яго ілюстрацыі да твораў Э. Ажэшкі, зямлячкі мастака, пісьменніцы-дэмакраткі, як і Альхімовіч, удзельніцы паўстання 1863-1864 гадоў. Апошняя па сюжэту ілюстрацыя мае назву "Ляжала на пагорку…". Маладая дзяўчына ў чорнай сукенцы ў адчаі ўпала на пагорку пад старым дубам, дзе былі забіты два самыя дарагія для яе муж-чыны - брат і каханы. Мастак як бы тройчы ўзмацняе драматызм сітуацыі, паказваючы адзінокае паміраючае дрэва, адзінокі крыж, адзінокую тужлівую постаць - своеасаблівае трыадзінства дачаснай чалавечай самоты. І няма аптымістычнага заканчэння ні ў навеле, ні ў ілюстрацыях мастака.
К. Альхімовіч, як шмат іншых краявых мастакоў і літаратараў, паэтызаваў духоўны свет свайго народа, яго хараство, маральную сілу і здароўе. З рамантычным уздымам даводзіў веліч гісторыі стара-жытнай Літвы, высакародную ахвярнасць удзельнікаў вызвольнага руху, непаўторную прывабнасць народнага тыпажу. Узвышаючы, нават ідэалізуючы шматлікія праявы жыцця нацыі, мастак імкнуўся абудзіць яе лепшыя сілы да актыўнай дзейнасці.
На жаль, пакуль мала вядома пра асабістае жыццё мастака. Аб ім можна меркаваць паводле работ, паводле публікацыяў у часопісах, якія даволі падрабязна адлюстроўвалі падзеі мастацкага свету. У прэсе адзначалася, што мастак удзельнічаў у дабрачыннай выставе на карысць хворага калегі, што публічна выказаў пратэст супраць нізкага дылетанцкага ўзроўню работ у Мастацкім Салоне. З павагай адносіўся К. Альхімовіч да поспехаў сваіх таленавітых сучаснікаў, пра што сведчыць работа "Апафез двух геніяў", дзе ва ўрачыста-узвышаным плане падаецца вобраз Яна Матэйкі. Мастак многа працаваў, шмат разоў атрымліваў узнагароды на прадстаўнічых выставах. Яго творы бачылі лепшыя салоны Парыжа і Мюнхена, Берліна і Адэсы, Пецярбурга і Львова, Сан-Францыска і Чыкага, Прагі і многіх польскіх гарадоў, але найчасцей - варшаўскія Салоны Крывульта і Унгра.
Літаратура:
1.Гісторыя беларускага мастацтва.: у 6-і т., Т-3., Мн., 1989;
2. Дробаў Л. М., Беларускія мастакі ХІХ ста-годдзя;
3.Дробов Л.Н, Живопись Белоруссии ХIХ - начала ХХ в.;Мн."Вышэйшая школа",1974;
4.Загідуліна М.А., "Запознены рамантык" / "Свіцязь" - 1.1994;
5.Загідуліна М.А., "Вобразы роднага краю ў творчасці Казіміра Альхімовіча" - Шчучыншчына: мінулае і сучаснасць; Гродна-Шчучын, 1995-1997 гг.;
6.Загідуліна М.А., "Духоўны свет Казіміра Альх-імовіча" / "Мастацтва"- 4.1998;
7.Марціновіч А., Хто мы, адкуль мы… Кн.2. - Мн., 1998;
8. Паўлючэнка Н.У.,"Казімір Альхімовіч: старонкі жыцця" - Шчучыншчына: мінулае і сучаснасць; Гродна-Шчучын, 1995-1997 гг.