Абраз пэндзля Юзафа Азямблоўскага ў Лідскім Фарным касцёле
У "Інвентарным вопісе Лідскага рымска-каталіцкага касцёла і бенефіцыі", складзеным 29 траўня 1882 года, у раздзеле "Вопіс алтароў" пад пунктам 2 запісана:
"2. Пры ўваходзе па левай руцэ - алтар Маці Божай Вастрабрамскай двухпавярховы на дзвюх калонах, мураваны, памаляваны ў мармуровы колер, а калоны -- у алебастравы колер. На першым паверсе абраз абраз Маці Божай Вастрабрамскай, у 1847 годзе жывапісцам Азямблоўскім на дубовай дошцы маляваны і дваранінам Іванам (Янам) Андрушкевічам ахвяраваны, а на 2-м паверсе Абраз Маці Божай Ружанцовай у срэбнай рызе".
Андрушкевічы - шляхта Лідскага павету. Дзед Яна, Тадэвуш Андрэйкавіч, знакаміты быў тым, што ў 1808 г. крэдытаваў князя Мікалая Радзівіла сумай у 10 тысяч залатых дукатаў і 130 тысяч польскіх злотых, і праз 16 гадоў выйграў судовы працэс у яго спадчынніка князя Міхала Мікалаевіча Радзівіла, і па судовым выраку атрымаў двор Тарноўшчыну (сучаснае Тарнова). Рэдка каму ўдавалася выйграць судовы працэс у Радзівілаў, Тадэвушу Андрушкевічу ўдалося. Сын Тадэвуша Юліюш прадаў Тарноўшчыну Канстанціну Кашыцу.
Азямблоўскі Юзаф (каля 1804, Менск - 27.8. 1878), мастак-графік. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Літвы і Беларусі. У пач. 1830-х г. вучыўся ў прафесара жывапісу Віленскага універсітэта Я. Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню. Яна праіснавала працяглы тэрмін і надрукавала больш за 600 літаграфій (ілюстрацый і асобных лістоў). Таленавіты мастак і выдатны арганізатар Ю. Азямблоўскі згрупаваў вакол сябе здольных выхаванцаў Віленскай мастацкай школы, выпусціў значную колькасць літаграфскіх краявідаў, партрэтаў, відаў Беларусі і Літвы. У майстэрні Ю. Азямблоўскага ілюстравалі свае кнігі Ю. Крашэўскі, Т. Нарбут, Ф. Бохвіц, Ю. Струміла, Я. Шымлер і інш.
Сам Ю. Азямблоўекі працаваў у жанры партрэта (партрэты Я. Рустэма і Ю. Франка), гарадскога краявіду (віды Вілыіі, беларускіх гарадоў). Яму належыць таксама шэраг жанравых замалёвак. Асобнае месца ў яго творчасці займае літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб»). З рэдкай для тых часоў праўдзівасцю ў ёй паказаны вобраз змардаванага на паншчыне і прыгоннай працы беларускага селяніпа, які без шапкі стаіць пасярод поля і неяк крыва і безнадзейна глядзіць на зямлю. Суровы рэалізм літаграфіі і бязлітасная, амаль гратэскавая характарыстыка вобраза выклікалі глыбокае спачуванне А.I. Герцана, які ў працы «Хрышчоная ўласнасць» пісаў: «Нянавісць, змешаная са злосцю і сорамам, напаўмняе маё сэрца, калі я гляджу на гэты бязлітасны дакор, на гэтае «да сякераў, браткі», прадстаўленае з надзвычайнай праўдзівасцю.
За гэта злачынства, за гэтага беларуса яго паны не свабодныя...»
Літаграфія Ю. Азямблоўскага «Славянскі нявольнік пераканаўча сведчыць, што лешныя мастакі Беларусі адчувалі непарыўнасць свайго лёсу з лёсам народа. Адсюль вялікая выкрывальная, вобразна-эмацыянальная сіла іх графічных лістоў.
Літаграфію «Беларускі раб» выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі Адам Міцкевіч. Арыгінал гэтай літаграфіі і варыянт, выдадзены парыжскай фірмай Лемярсе захоўваюцца ў музеі А. Міцкевіча ў Парыжы.
Сярод твораў Азямблоўскага значнае месца займаюць партрэты вялікіх князёў ВКЛ Альгерда, Вітаўта, Ягайлы, Жыгімонта II Аўгуста і інш. І менавіта гэтыя гістарычныя партрэты аказаліся найбольш запатрабаванымі ў незалежнай Беларусі.
Гравюры і малюнкі Ю. Азямблоўскага скарыстоўваюцца ў шмат якіх кнігах і падручніках, але практычна нідзе не ўказваецца аўтар. Чаму? Мабыць таму ж, чаму ў пяцітомным выданні "Памяць. Мінск" пра Азямблоўскага няма ні радка, хаця ён адзін з нямногіх мастакоў 19-га ст., хто нарадзіўся ў Менску.
Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у Лідскім Фарным касцёле - работа, вядома, капійная, скапіяваная са знакамітага абраза Маці Божай другой паловы 16-га стагоддзя, змешчанага ў Вільні ў Вастрабрамскай капліцы.
Калі стала вядома, што Маці Божая Вастрабрамская выратавала ў веку пяці гадоў Адама Міцкевіча: ён зваліўся з даху і не дыхаў, а маці на каленях, у слязах, звярнулася да яе з малітваю аб выратаванні - і цуд, дзіця расплюшчыла вочы, каштоўнасць гэтай выявы ў вачах вернікаў - прыхільнікаў таленту паэта ўзрасла да велічынь небывалых.
Несумнеўна, Ян Андрушкевіч чытаў паэму А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш", дзе распавядаецца пра гэты дзіўны выпадак.
Ян Андрушкевіч ахвяраваў Лідскаму касцёлу таксама невялікі абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Як тут не ўспомніць: "Panno Swieta, са Jasnej bronisz Czestochowy i w Ostrej swiecisz Bramie !..."
Аналіз даступных крыніц не дазволіў пакуль што выявіць на тэрыторыі Беларусі арыгіналы работ Ю. Азямблоўскага. Зусім верагодна, што лідскі абраз "Маці Божай Вострабрамскай" - адзіная ў нашай краіне арыгінальная работа гэтага мастака. Безумоўна, прафесійныя мастацтвазнаўцы могуць унесці значныя ўдакладненні і дапаўненні ў гэты артыкул, але на ўсе заўвагі ёсць простае пытанне, чаму дагэтуль імя Юзафа Азямблоўскага было так занядбана?