Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Данута Бічэль 


Дадана: 03-05-2013,
Крыніца: Лідскій Летапісец № (4)60.



75 гадоў з дня нараджэння

Яе пакаленне прыйшло ў літаратуру ў канцы 50-х - 60-я гады з гарачым жаданнем сцвердзіць - як самыя значныя - нацыянальна-патрыятычныя і гуманістычныя каштоўнасці жыцця. Шчыры лірызм, грамадзянскі тэмперамент вершаў тагачасных маладых, іх прага сацыяльнай справядлівасці, духоўнасці, свабоды асобы, шанаванне роднага - усё гэта было запатрабавана новымі грамадскімі настроямі, якія не прымалі афіцыёзных ідэалагічных прынцыпаў.

Д. Бічэль была адной з вялікага гурту маладых, што пайшлі ў літаратуру пераважна з філалагічных факультэтаў і праз веды, адукацыю стараліся самаідэнтыфікавацца, развіць у сабе жывую душу, каб спраўней паслужыць роднай зямлі з дапамогай слова. Паэтэса, як і яе равеснікі, хутка творча расла, фармавалася як індывідуальнасць. Яе лірыка адметная шчодрасцю пачуццяў, глыбокім драматызмам, значнасцю думак пра свой край і народ. Традыцыйная народная культура - маральная аснова яе паэзіі, у якой моцна чуецца дух беларускай даўніны, міфаў, абрадаў, песень. Арганічны сплаў народна-паэтычнай і літаратурна-кніжнай (Я. Купала, М. Багдановіч, Л. Геніюш) стыхіі вызначае вобразны лад яе твораў, маляўніча метафарычных, асацыятыўных мастацкай структуры, сакавітых прыродаапісальным матэрыялам, натуральнасцю побытавых пластоў лексікі, якую паэтэса настойліва ўводзіла ў ранг літаратурнай, паказаўшы яе шырокую эстэтычную функцыянальнасць.

Нарадзілася Данута Янаўна Бічэль (у замужжы Загнетава) 3 снежня 1937 г. у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. Бацька, як старэйшы ў сялянскай сям'і, зямельнага надзелу не атрымаў, таму кідаўся ў заробкі. У выніку купіў кавалак зямлі і пабудаваў на ёй хату. Тут, на хутары Загасцінец, у прыгожай прыродным наваколлем мясціне прайшло дзяцінства паэтэсы. Вучылася ў школе ў няблізкіх Біскупцах, затым у Дакудаве. Скончыла на выдатна сямігодку ў Карнілках. У школьную пару пачалі прасіцца з душы вершы. Недзе з пятага класа пісала рэгулярна, але цішком, хаваючыся, "для сябе". Адкуль што бралася? Д. Бічэль успамінае:

- Ад Загасцінца на поўдзень - лес. Прабегчы хвілін дзесяць - і вы ўжо каля ракі. Рака Гаўя ўпадае ў Нёман. Навокал заліўныя лугі. Лес клінком падступае да Нёмана і паўколам акаймляе луг. Праплысці па цячэнні Нёмана паўкіламетра - і тут ужо ўрочышча Казечына з векавымі дубамі, а па левы бок Нёмана пачынаюцца лясы, якія цягнуцца да Налібоцкай пушчы.

Чытала тады не шмат. Сярод ранніх кніг - Я. Купала, А. Міцкевіч, Г. Сянкевіч. Найбольш паўплывала на развіццё паэтычнага светаадчування родная песня, якая часта чулася і ў хаце, і на блізкай палявой дарозе ў вячэрні час.

- Я нарадзілася ў польскай паэзіі. У нашай хаце ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне жыла польская паэзія. Я змалку ведала рэлігійныя песні, малітвы, якім мяне мама вучыла па-польску. А гэта таксама вершы. Я ўвогуле ўбірала паэзію, як цэмент воду, як алкаголік алкаголь. Я з юнацтва ведала Адама Міцкевіча, у нас дома былі яго кніжкі. Я ведала Юліюша Славацкага, Марыю Канапніцкую, а пазней я чытала Галчынскага, Івашкевіча, Каміля Бачынскага - самых розных польскіх паэтаў. У мяне былі амаль усе кнігі Віславы Шымборскай. Іх у мяне пазычалі сябры і часам не вярталі. Але я на іх не крыўдую, гэта нармальна. А потым у Горадні ў нас ішло польскае тэлебачанне, якое трымала мяне ў акіяне сусветнай культуры, разбураючы ўсе межы і бар'еры.

Спала ў юнацтве на сене. Маці не любіла маіх начлегаў: адрынка амаль што ў лесе. Засынала пад песню. Іншы раз хацелася падбегчы да песні бліжэй, заглянуць ёй у вочы.

I вершы яе былі нібы працягам песень - меладычна лёгкія, эмацыянальна адкрытыя.

У 1953 г. паступіла ў Лідскую педвучэльню. Тут выступала з вершамі са сцэны, мела ўжо два сшыткі сваіх твораў. Толькі пісаліся яны звычайна дома, у лесе нават. Педвучэльню скончыла ў Наваградку, бо Лідская была расфармавана. Хадзіла ў Наваградку на пасяджэнні раённага літаб'яднання. У 1957 г. пераступіла парог Гарадзенскага педінстытута, стала студэнткай беларускага аддзялення гістарычна-філалагічнага факультэта. Праз год газета "Літаратура і мастацтва" змясціла яе верш "Роднае слова" - распеўны, радасны, напоўнены пачуццямі любові да Бацькаўшчыны, удзячнасці ёй. Цяпер паэзія ўсё больш становіцца справаю жыцця.

Раннія вершы Д. Бічэль лірычна светлыя, чыстыя, празрыстыя па настроі. Юная асоба раскрывалася насустрач жыццю шчыра і хораша, з даверам да яго: "Па шляхах зялёных Беларусі // Буду пракладаць свае дарогі". Яны вабілі, гэтыя нязнаныя дарогі, цешыла краса навакольнага, клікала да сябе рамантычная мара. I лёгка было, і добра, як бывае ў гэтую шчаслівую пару жыцця. "Босыя ногі, // Голыя плечы... // Збочыць з дарогі - // Лугам прабегчы... // Над перасохлай // Рэчкаю соннай // Выпырхнуць звонкай // Птушкаю сойкай". Паэтычны свет яе заставаўся рамантычна ўзвышаным, і лірычная гераіня адчувала сябе часцінкаю натуральнай стыхіі роднага асяроддзя з яго прыродным шматгалоссем, песеннымі танамі і яснымі далячынямі. Хацелася "перасмяяцца, // Перамарыцца, // З ветрам-травою // Нагаварыцца". Гэтыя асаблівасці першых зборнікаў яе лірыкі "Дзявочае сэрца" (1961) і "Нёман ідзе" (1964) добра былі адзначаны крытыкай, якая дружна адгукнулася на кніжкі маладой паэтэсы і высока ацаніла шчырасць і хараство споведзі юнай душы. Красамоўныя ў гэтых адносінах нават назвы рэцэнзій "Свежасць і чысціня" Р. Бярозкіна, "Чаромхавая свежасць" У. Варно, "Падказана жаночым сэрцам..." Б. Бур'яна, "Шчодры букет" В. Рагойшы, "Свет? Ён цудоўны!" У. Калесніка, "I вяслуеш у вёскі і вёсны" Ю. Голуба, "Шчаслівая пара" С. Грахоўскага, "Песня над Нёманам" А. Пяткевіча, "Шчыры запеў" Н. Кедалавай.

Разам з тым здольнасць да лірычнага самавыяўлення спалучаецца ў маладой паэтэсы з адчуваннем паэтычнага ў звычайным і дробным. Радзіма, што афіцыйна трактавалася як з'ява ўзвышаная і глабальная, у вершы Д. Бічэль, якім, дарэчы, адкрываўся яе першы зборнік, выглядае досыць празаічна, камерна. Гэта быў, хаця і мала ўсвядомлены, але палемічны выклік сацрэалістычным устаноўкам таго часу.

Салома стрэхаў мохам перакрыта,

Хвайняк калючы б'ецца пад рукой,

Загон курамі зблытанага жыта.

У гэтых радках выражалася дэмакратычная пазіцыя яе пакалення, якое не хацела прымаць казённыя ісціны, а прыслухоўвалася да народных маральна-этычных запаветаў, азіралася на досвед Я. Купалы і Я. Коласа. Вернасць гэтым запаветам мацавалася адчуваннем душэўнай лучнасці з роднымі палямі, пералескамі, сялянскімі хатамі, якія былі істотнымі аб'ектамі хараства. Тым больш мілыя сэрцу гэтыя будзённыя з'явы, што яны для гераіні - асяродак жывога, рухомага, напоўненага глыбокім зместам жыцця: "Мяне лета ў горадзе скоўвае, // Я - сялянка, жанчына вясковая; // Серп зублёны начамі сніцца". Такім чынам, рамантычны свет гераіні Д. Бічэль нярэдка рэалістычна зазямляецца. Збліжэнне традыцыйна прыгожага і звычайнага стварае ў вершах паэтычны сінтэз на мікраўзроўні вобраза і выяўляе асаблівую прывабнасць жыцця, у якім так ці інакш ды звязваюцца розныя яго ўласцівасці. "Першы след маланкі - баразна: // Хутка будзе сеяцца ярына. // Ручнічок закінуўшы за плячо, // Выбягала сонейка, як дзяўчо".

Пэўны паварот творчага станаўлення Д. Бічэль можна бачыць у трэцім яе зборніку паэзіі "Запалянкі" (1967). Тут лірычная гераіня спыняе свой летуценны бег уперад, адчуўшы патрэбу азірнуцца, засяродзіцца на значным у жыцці, услухацца ў сябе. Адбываецца прынцыповае вяртанне на свае сцежкі, у сваю вёску і хату. Больш за тое - да рэальных лёсаў блізкіх людзей, да свайго роду і, вядома, да сваёй песні, да фальклору.

- Я тутэйшая, я звычайная...

Мяне маці тут нарадзіла,

Як сасонку ў бары пасадзіла.

Рамантычныя захапленні саступаюць месца развазе, мацнее вага аналітычнай думкі. Радасныя і жартаўлівыя адчуванні змяняюцца журботнымі, сталымі. Вобраз радзімы набывае глыбіню і аб'ёмнасць: яна бачыцца ў нялёгкіх гісторыях людзей (паэмы "Буслянка", "Жыта"). У "Буслянцы" скупыя малюнкі лёсаў вясковых кабет, падсветленыя элегічнай танальнасцю традыцыйнай народнай песні, напаўняюцца роздумам пра перажытае пакаленнямі, пра хараство і сілу беларускага народнага духу. Тут паэтызуецца народная культура беларусаў з яе мараллю, этыкай, педагогікай, філасофіяй, што рэалізуецца праз сямейна-родавыя сувязі і каляндарна-гаспадарчы рытм жыцця. Хораша выяўлены яго спрадвечны маркотна-светлы рух абнаўлення, няспынная жыццятворчасць суладных прыродных і чалавечых сіл. Добра ўпісана ў кантэкст гняздо-буслянка як сімвал жыццёвага спакою, упэўненасці і светлых надзей, таксама адбеленыя саматканыя палотны як знак традыцыйнай чысціні і руплівасці народнага жыцця. "Праз доўгі гладзюткі палетак // На белу расу // Высцілае сабе кабета // Узлётную паласу" . Прыкмячаецца ў творах увага да народных рытуалаў - кандэнсатараў маральнага досведу, згусткаў памяці, утваральнікаў легенд і міфаў, якія ўзбагачаюць і вобразатворчы арсенал паэтэсы.

Упарта ўрос

у гэты грунт наш род

смалістым каранём глыбокім.


Як спатыкнецца сейбіт пад гарой,

Паўстаюць Белавежы,

Налібокі...

Усведамленне ўласнай асобы, самакаштоўнасці свайго народа будзіць у паэтэсе адказнасць перад людзьмі, салідарнасць з тымі, хто паслядоўна змагаецца за праўду і справядлівасць. Характэрны ў гэтых адносінах верш "Людзі без смерці", прысвечаны Васілю Быкаву. Абвостранае пачуццё чалавечнасці патрабуе тут "зноў вяртацца да сэрцаў мужных, // Што са строю пайшлі ў вечнасць, - // Ці прымалі яны двурушных? // Ці даруюць яны бессардэчнасць?" Публіцыстычна-суровае гучанне твора, яго строгі рытмічны лад сведчаць пра творчы пошук паэтэсы ў адлюстраванні драматызму жыцця. Праўда, пошук у гэтым кірунку доўга не меў працягу. Наадварот, складвалася інтанацыйна раскаваная, апавядальна вольная манера паэтычнага выказвання. Насычаная паўзамі, перападамі таноў, яна лепш магла ўмяшчаць роздум, ствараць падтэкст.

У 2-й палове 60-х - 70-я гады Д. Бічэль пабывала ў многіх мясцінах Беларусі. Была на тое ўжо моцная ўнутраная патрэба. Але часцей маршруты паездак кіраваліся ў Зэльву, дзе жыла Ларыса Геніюш. Паэтэса глыбока народнага складу таленту, яна прыкметна паўплывала на творчасць маладзейшай каляжанкі сілай патрыятычнага духу, абвостранай памяццю аб продках, спадчыне, адчуваннем скрытых каштоўнасцей народнага жыцця. У кнігах Д. Бічэль 70-х гадоў - "До-ля" (1972), "Ты - гэта ты" (1976), зборніку выбраных твораў "Браткі" (1979) - працягваецца паварот аўтаркі да народных крыніц жыццядзейнасці, да хараства ў яго народным уяўленні. Гэта быў досыць рашучы паварот да прозы чалавечага быцця, у якой месціцца, на думку аўтаркі, яго паэтычная сутнасць. Аб'ектам паэтычнага засваення становіцца тут самы разнастайны свет, у тым ліку вясковы побыт з яго звычаямі, будзённымі рэчамі, лекавымі зёлкамі, бабулямі і ўнукамі, сабакам Жулікам. Лірычная гераіня нарэшце асмельваецца скупянуцца ў гэтай першароднай стыхіі традыцыйнага нават патрыярхальнага жыцця, спазнаць яго смак. I менавіта тут адчувае сябе ў цэнтры Сусвету.

Звязана крэўнымі вязкамі

з чалавецтвам - я дома.

Самай сардэчнай музыкай

са мной хлевушок рохкае.

Вочы цяплом затуманены -

я пры маме.

Адпусціла ў грудзях

закарузлае, чэрствае, крохкае...

Абняла мяне Беларусь.

Запаланіла.

Трымае.

У 70-я гады ўрываецца ў яе вершы (і ўжо не лёгкімі павевамі, а ва ўсёй паўнаце і сіле) паганскі свет прыроды. Хвалі Нёмана, баравіковы неруш, жытнёвая ніва, пярун, як звер шалёны, месяца жоўтае кола, сакавітыя мурагі, бляск сонца, бярэмя лебяды з агарода, кастры рос, зубр, які зарыкаў у пушчы, вока вадаёма - усё гэта найпершыя складнікі жыцця, здольныя перадаць голас чалавечага сэрца, што так суладна б'еццапульсуе з родным наваколлем. У зборніку "Ты - гэта ты" - цэлы раздзел вершаў пра розныя беларускія травы, кветкі, птушак, насякомых, жывёл, якія ўтвараюць асаблівую паэтычную аўру жыцця Беларусі, зямную і разам з тым магічна адухоўленую. Пры гэтым кожная прыродная істота гаворыць сваім жыццём штосьці нечаканае пра жыццё людское. Так, скочкі, якія садзяць на свежых пясчаных насыпах магіл, у паэтэсы - "продкаў вочкі", спрацаваныя коні, што пасуцца на лузе, і насякомыя-конікі, якія бесклапотна скачуць, - з'явы аднародныя ў творы, // "Зрэнкам-барвенкам // градка паблісквае", "верасу пальцы // настрояць душы тваёй струны", "як добра ў лесе // думаць пра людзей" , імхі - "гармонікаў маўклівыя мяхі" . Увогуле ўсё навакольнае ў прыродзе адгукаецца чалавечымі радасцямі і болямі ( "Паслухай, // як маўчаць снапы, // як на былінцы вецер грае, // які на словы луг скупы - // трава маўкліва памірае" ). Паэтычная чуйнасць да жыцця нараджае ў Д. Бічэль іншую, новую рэальнасць. У вершы прыходзіць узбуйненая метафарычнасць, адмысловая асацыятыўнасць спалучэння розных з'яў, што выяўляе багацце светаадчування аўтаркі.

Закалыхалася -

гуленькі-гушкі!

Сеюць муку

нябачныя мельнікі.

Лётаюць, лётаюць

лёгкія гускі,

белалобыя і гуменнікі.

Малюнак снегападу, яго паэтычная далікатнасць, чысціня і разам з тым прыродная матэрыяльнасць, што дасягаецца нечаканымі ўвасабленнямі, якія грунтуюцца на прадметна-побытавых назіраннях, ствараюць адчуванне ціхага і светлага спакою, душэўнай лагоднасці. Але ў другой частцы верша з'яўляюцца новыя дэталі, якія ўзбагачаюць і нават змяняюць агульную эмацыянальную палітру, паглыбляючы змест вобраза. Гучыць ужо тужліва-самотная нота, звязаная з спрадвечнымі ў жыцці расстаннямі і чаканнем страт.

Хай ім не зведаць

у выраі гора!

Званіце ім, ветры,

ў кляновыя гуслечкі!


Гыля-гыля, родныя гусачкі!

Ваша пер'е

ападае на горад.

Верш досыць характэрны для сталай творчасці Д. Бічэль і жаночай чуласцю да хараства, якое ўяўляецца заўжды безабаронным, крохкім, і асаблівым уменнем тварыць паэтычную мадэль на матэрыяле сялянска-этнаграфічным, "празаічным". Нават вобраз Беларусі набывае ў Д. Бічэль побытавыя рысы. Але менавіта ў гэтым абліччы Бацькаўшчына дарагая лірычнай гераіні. Менавіта ў такой інтэрпрэтацыі яна ўздымаецца на эстэтычную вышыню і становіцца каштоўнасцю, вартай пакланення.

Мне цёпла, прытульна, лёгка.

Нішто так не грэе погляд,

як світка з твайго лёну,

зялёны акраец поля.


Хай сіла ў чатыры столкі

маё скруціць карэнне, -

перад Радзімай толькі

Апушчуся на калені.

Радзіма - дамінанта паэзіі Д. Бічэль.

Усё больш усталёўваецца ў яе творчасці аналітычны погляд на жыццё, схільнасць да спазнання вялікіх ісцін чалавечага быцця, высвятлення яго няпростых сакрэтаў. Аднак рацыянальны пачатак, хоць і прыкметны ў вершах, не змяншае іх лірызму: пачуццё гераіні зараз моцнае сваёй унутранай напружанасцю, паўнакроўнасцю.

Поўдзень спакоем душу напаіў,

як навальніца, жытнёвую ніву.

Мудрая, шчодрая хваля адліву.

Зноў, быццам мора, чакаю прыліў.

Хвалі жыцця - глабальныя рухі чалавечага лёсу, цікавыя для аўтаркі як выявы значных, сутнасных законаў існавання. Так, восеньскі стан прыроды, яе сцішанасць даюць падставу задумацца пра адзіноту чалавека як патрэбу яго духу. У вершы "Восень" з'яўляецца непазбежнае пытанне пра сэнс адзіноты, яе часавыя параметры ( "шмат ці не гадзін // чалавек бывае з думкамі // адзін" ). Такія абагульненні ствараюць нярэдка канцоўку верша, нясуць яго акцэнт. Гэта назіраецца і ў лірычным малюнку "Вясна", дзе разгорнутая паэтычная мазаіка абуджэння прыроды завяршаецца знешне нечаканым, але псіхалагічна абгрунтаваным і не зусім ардынарным вывадам пра жыццё ( "Смяяліся крыніцы. // Ярына // кусцілася на поўнае дыханне. // Жанчыны варты моцнага кахання. // Усе кахання варты, як адна" ). Часцей думка верша рэалізуецца праз увесь яго кантэкст, як у "Кроснах", дзе жыццё і прыроды, і чалавека - "вытворчы" працэс, сувымерны з народным ткацтвам, і сама паэтэса імкнецца "пакласці на аснову // свой уток, - // сцяжынку палявую, // слоў віток..." Прыхільнасць да лірычных медытацый дэманструецца аўтаркай і назвамі твораў гэтага часу: "Маленства", "Адказнасць", "Час", "Кантрасты", "Радасць", "Абавязак", "Недавер", "Спрадвечнае", "Ашчаднасць", "Сваяцтва". Праўда, такія загалоўкі нярэдка паэтычна правакуюць чытача, становячыся ўсяго толькі зернем лірычнай сітуацыі верша. Зараз асабліва ўскладняецца вобразная структура твораў, практыкуецца шматслойны эстэтычны мантаж з'яў і прадметаў, якія часцей - з побытавых пластоў жыцця. Дастаткова вольная, "празаічная" інтанацыя твораў.

Творчая сталасць паварочвае Д. Бічэль і да дзіцячай аўдыторыі, засведчыўшы лішні раз шматграннасць мастацкіх інтарэсаў паэтэсы. Выходзяць кніжкі вершаў для маленькіх "Перапёлка" (1968), "Грыб-парасон" (1969), "Дзічка" (1971), "Рыжая палянка" (1971), "Дагані на кані" (1973), пазней - "Лузанцы" (1982), "Габрынька і Габрусь" (1985). Аўтарка адкрывае дзецям таямнічыя моманты прыроды, паводзіны і норавы найбольш вядомых беларускіх жывёл, птушак. Надзяляе іх чалавечымі рысамі, то смешнымі, то надта сур'ёзнымі, і робіць іх такім чынам блізкімі чытачу ( "Села кошка на парожку, // Вяжа коціку панчошкі, // А пасля пашые тапкі, // Каб кату не мерзлі лапкі" ). Здольнасць выяўляць незвычайнае ў звычайным, абуджаць здзіўленне і захапленне дапамагае развіваць фантазію, сардэчную прыхільнасць дзяцей да знаёмых з'яў прыроды. Пра возера, напрыклад, заўважана: "Чаму ж яно зелена? // Бо жабкамі заселена" . Пра бусла: "Тэпаў Боця цераз мост // У сваё балота. // Світка з лёну, // Чорны хвост, // У чырвоных ботах" . Паэтэса і ў "дарослых" вершах добра адчувала паэтычную значнасць самага простага рэчавага і прыроднага асяроддзя. Дзеці ж, уваходзячы ў гэтае асяроддзе, пазнаюць яго асаблівыя каштоўнасці, хараство і вучацца чалавечнасці. Практыкуецца часцей лаканічная, добра завершаная паэтычная форма, якая можа ўмяшчаць загадку ( "Вырас мячык на градзе, // Ды не скача анідзе, // Пад лісток прылёг у цень // I таўсцее кожны дзень" ), дасціпны дыялог, калыханку, гукапераймальную замалёўку, сцэнку-гульню. Сустракаюцца ў Д. Бічэль і вершаваныя апавяданні з выразнай фабулай - апісанні прыгодніцкіх падарожжаў, дзе сябрам маленькага героя з'яўляецца кіт, добры дракон. Паэтэса звычайна пазбягае ў гаворцы з дзецьмі адкрытай дыдактыкі. I ўсё ж яна дэманструе і станоўчы прыклад - у кніжцы "Габрынька і Габрусь" на першай старонцы выступаюць героі, якія "малююць росны гай // і зайчыка ў гаі. // I любяць родны край // мацней за ўсе краі" .

У кніжках 80-х гадоў - "Дзе ходзяць басанож" (1983), "Загасцінец" (1985), зборніку выбранай лірыкі "Даўняе сонца" (1987) - загаварыла-заспавядалася каханне. У ранейшых зборніках Д. Бічэль было яно сарамліва-жартаўлівае, паўфальклорнае. Драматычныя яго праявы прабіваліся на паверхню скупа, намёкамі. Лірычная гераіня нібы асцерагалася выносіць на людзі такія перажыванні, чакаючы, спадзеючыся, тулячы ў душы запаветнае. I вось у пару сталасці, калі зведаны былі сапраўдныя сардэчныя асалоды і страты, спазнана іх высокая цана, выбухнулі з усёй сілаю жаночыя пачуцці кахання.

Горкая асенняя любоў.

Зыркае святло яе дуброў.

Роспачы тупік.

Надзеі пік.

Радасці апошні баравік.

Але ў гэтых межах "апошняй радасці" крыецца ў паэтэсы мноства пераліваў пачуцця. Ёсць у іх і асаблівая паганская моц самаадданасці ( "як сцішанасць прагне буры, // так я кожнай клетачкай скуры прагну цябе" ), ёсць адухоўленае ўяўленне пра вышыню пачуцця ( "за любоўю наўпрост басанож, // нібы ластаўка, лётала ў сне" ), ёсць смакаванне зведанага і адчуванне яго глыбокага следу ў душы ( "Пра малады жаночы сорам // успомню - // абальюся варам. // Яскравы месяц па-над борам // глядзіць тваім вясёлым тварам" ), ёсць прасветленае пачуццё захаплення ( "гляджу я на цябе, // як на абраз..." ), ёсць народна-гуллівае заклінанне-прысушка ( "каб тваё немаладое цела // ля маёй падушкі маладзела" ), ёсць збалелая надзея-паратунак на будучыню ( "Мы рассыплемся зеллечкам роднай зямлі // і спляцёмся карэннем глыбока на дне. // Толькі моцна да сэрца мяне прытулі // і змані, што адну не пакінеш мяне" ). Гэта складаная паліфанія пачуцця, даступная развітай душы, непазбежна ўмяшчае ў паэтэсы яшчэ адзін, бадай, галоўны тут матыў - расстанне. Па-жаночаму мудрае разуменне жыцця, яго руху і змен прымае як наканаванасць сумную ісціну - "любоў - скразняку адпачынак // на баравым пералёце" ; "Цвёрды жыцця арэх. // Перажыла свой грэх" . Страта Кахання, туга па ім, горкае пачуццё адзіноты, шкадаванне сябе выказаны ў лірыцы Д. Бічэль паэтычна натуральна і хораша ( "Я - не скала. // Чым крыўдаваць, схілюся... // Апошні раз на вочы памалюся"; "наблытала спакусная вясна, // запэўніла, // што я табой жадна"; "мы з табой убачымся за светам. // Мы з табой сустрэнемся пасля" ). Увогуле ж сітуацыя развітання раскрывае ў вершах барацьбу сэрца і розуму, роспачы і веры ( "А ніхто нідзе аніколі // не падумаў, што шчасця даволі" ). Перамагае сталая развага, якая ўмее мірыцца з жыццёвай рэальнасцю.

Я маладосць адправіла ні з чым:

не трэба больш вярэдзіць

мне галоўку.

Ты адбыла ўжо тут сваю радоўку...

Лірыка кахання ў кніжках Д. Бічэль 80-х гадоў цікавая глыбінёй і складанасцю псіхалагічнага зместу. У вершах гучыць голас жанчыны з жыццёвым досведам, здольнай на вялікае пачуццё. Прычым яно характэрнае найбольш сваімі зямнымі праявамі. Нават народна-афарыстычная лексіка, стылістыка арганічныя ў маналогах гераіні, якая выказваецца пра запаветнае: "Болей не ўбачыць ніхто маіх слёз. // Выцягну неяк пад горку свой воз" . Пры ўсім гэтым каханне ў вершах паэтэсы - спрадвечная таямніца, прыгожая сваёй духоўнасцю, невытлумачальнасцю зместу.

На забытым сонцам

азярцы,

да якога ты

выпадкам збочыў,

што табе

мае сказалі вочы?

Зблыталі пачаткі і канцы.

Сіла пачуццяў закаханай - выява і асаблівага жыццялюбства, душэўнай шчодрасці лірычнай гераіні. Абвостранае адчуванне хараства звязана ў яе з усім навакольным светам. Тым больш гэта датычыцца самага дарагога. Таму няма парадаксальнасці ў радках: "Да цябе працягваю я рукі - // абнімаюць рукі Беларусь" . Таму так прагне гераіня зліцца з роднай прыродаю, увабраць у сябе яе моц і красу, апусціцца "тварам у прыпол радзімы - // ніву... // прадвясновы ранак малады" . Вобразна сакавітыя зараз, насычаныя жыццём дэталі прыродных малюнкаў: "Нарэшце выспелі брусніцы - // лясных выжарын завушніцы", "полечку дождж каля ёлак танцуе", "глыну любові з небагладыша" . Прыкметныя вобразы рэк, адлётаў і прылётаў птушак, маршрутаў дарог, зменаў пораў года - увогуле руху жыцця. У гэтай сувязі бачыцца верш "Як вярнуцца дахаты", які мае ключавое значэнне ў ідэйна-творчым развіцці паэтэсы. Яшчэ ў першым яе зборніку быў змешчаны верш пра сваё, хатняе - "Вёска Біскупцы", куды так прыемна было прыязджаць, "каб у стозе духмяным выспацца" , і дзе так утульна пачувала сябе лірычная гераіня. Яна не аддзяляла сябе ад роднага гнязда, хаця спяшалася "пракладаць свае дарогі" . Цяпер пытанне пра вяртанне ў сваё селішча гучыць, па сутнасці, рытарычна. "Так далёка занесла ногі. // Як вярнуцца дахаты? ". Праблема, вядома, не ў геаграфічнай адлегласці, а ў духоўна-маральнай. I не толькі ў тым, што гераіня змянілася, пасталела. Змяніўся сам родны асяродак, які, здаецца, не надта будзе трымаць пры сабе. I розум падказвае: навошта ехаць? "Каб на золку з хаты ізноў?" Праўда, там засталося штосьці надта дарагое.

Там кудахтаюць куры на седале.

там пра долю матуля ведае.

Там на вербніцу, нібы вербачка,

распушылася маё сэрдачка...

Гэта часцінка маленства і юнацтва, неад'емнага ад даўняга і такога прывабнага для гераіні вясковага побыту. Толькі згаданыя рэаліі адступілі далёка назад. Адсюль прасветлена-элегічная нота верша, якая нясе пачуццё развітання, страт. Гераіня з жалем пакідае за сабою гэта безабароннае патрыярхальнае хараство. Гучыць, па сутнасці, матыў расстання з рамантычнымі мроямі, лёгкімі паэтычнымі ўяўленнямі, характэрнымі для ранніх кніг аўтаркі. Цяпер, на новым этапе творчасці, зацвярджэнне народных маральных пачаткаў жыцця больш глыбокае, паэтычна асэнсаванае. Гаспадаром краю, увасабленнем яго сілы і хараства выступае, напрыклад, Нёман, вобраз якога з'яўляецца стрыжнявым у творчасці Д. Бічэль. Ён своеасабліва яднае грамадска-чалавечыя і прыродныя кірункі жыцця, з'яўляецца сімвалам годнасці беларусаў, маральным апірышчам і сведчаннем неўміручай сувязі пакаленняў.

Хмельны ад гулу паводкаў,

ты не змялееш ніколі,

шлях маіх продкаў,

шлях маёй споўненай долі.

Лірычная гераіня - адзін з прытокаў гэтай ракі жыцця, якому суджана папоўніць яе паўнаводную плынь, узбагаціць яе жыццядзейныя сілы ( "Так я марыла ўдалеч цячы, // Але з родных бароў не ўцячы" ). Толькі з сваім нацыянальным багажом можна ісці на прасцяг вялікага жыцця, мяркуе паэтэса ( "у людскі вадаспад - з бацькавага парога" ).

Увага паэтэсы да роднай спадчыны, клопат пра яе захаванне і адражэнне і сам час дэмакратычных зрухаў у жыцці савецкага грамадства паспрыялі звароту да беларускай гісторыі. Перад чытачом праходзіць цэлая галерэя гістарычных асоб, якім аўтарка дае сваю інтэрпрэтацыю (Давід Гарадзенскі, Ягайла і Ядвіга, Барбара Радзівіл, браты Мамонічы, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Максім Багдановіч, Гальяш Леўчык, Уладзімір Хадыка, Уладзімір Жылка). Сцвярджае найперш гераічны, высокі пачатак іх спраў. Адчувае сябе часцінкай духу людзей, што зведалі жорсткія ганенні ( "Нас знішчалі, знішчыць не маглі" ), бачыць глыбокія сляды іх лёсаў у сучаснасці. Гэтыя сляды, адбіткі сацыяльна-гістарычных і культурных дасягненняў нясуць у Д. Бічэль і рэальныя геаграфічныя мясціны, якія зараз зноў і зноў з'яўляюцца ў вершах Кушляны, Жупраны, Доцішкі, Астрына, Крычаў, Ляўкі, Гервяты, Мілавіды, Міхалішкі). Такія назвы выносяцца звычайна ў загалоўкі твораў і ўспрымаюцца як вобразы нацыянальнага жыцця, знакі Беларускага шляху.

Характэрна, што ў зборніках 80-х гадоў назіраецца пэўнае абнаўленне мастацкай палітры вершаў. У прыватнасці, крыху аслабляецца ўмоўна-асацыятыўны рад, і вобраз становіцца больш паэтычна непасрэдным. Адчувальная цяпер тэндэнцыя да класічнай яснасці верша, што садзейнічае ўзмацненню лірычнай спавядальнасці.

Кнігі Д. Бічэль 90-х гадоў " А на Палессі" (1990), "Божа мой, Божа" (1993), "Крэсавякі" (1993, у сааўт.), "Гараднічанка" (1993), "Ты не самотны..." (1997, у суаўт.), "Нядзелька" (1998), "Снапок" (1999) сведчаць пра далейшае развіццё паэтэсы на шляхах лірычнага спасціжэння сучаснасці. У зборніку "А на Палессі" загучала з новай сілай тэма нацыянальнай гісторыі, падказаная, зрэшты, і патрыятычным уздымам беларускага грамадства тых часоў. Аўтарка раскрывае вялікі свет слынных сыноў Беларусі - Усяслава Чарадзея, "Настаўніцы роднай зямлі" Ефрасінні Полацкай, Вітаўта, Францішка Скарыны, Сімяона Полацкага, Кастуся Каліноўскага, выкарыстоўваючы формы лірычнага маналога, паэтычнай хронікі, балады, прытчы. Дзяржаўныя дзеячы, патрыёты-асветнікі, ваяры, яны даюць грамадзянскі ўрок сучаснікам, вучаць мужнасці і самаадданасці.

Паказаныя пераважна ў гераічна-легендарным асвятленні гістарычныя персанажы сваім жыццём-подзвігам сведчаць пра няскоранасць свайго краю і людзей.

Сэрца народа паклалі ў дамоўку.

Думалі - сціхла, утаймавана.

Але жывое прабілася зноўку

цераз грудочак у Мастаўлянах.

Увогуле, кожная мясціна Каліноўскага знакавая для беларусаў ( "Якушоўка - супольная сям'і нашай хата" ). Гэта і Белавежская пушча з яе магутнымі насельнікамі-зубрамі, і Вільня з яе "пляцам пятлі", дзе гераіня выказвае ўпэўненасць: "клянёмся вырвацца з твае пятлі". Танальнасць такіх вершаў баявая, узвышанасуровая: у іх гучыць матыў вернасці гераічным традыцыям ( "не дачакаюцца трупаў крукі. // Скосім адступніцтва, мы - касінеры, // сейбіты долі сваёй, дзецюкі" ). Усхвалявана-сказавая інтанацыя балад, прыпавесцяў дапамагае адчуць дыханне даўніны, перадаць таямнічасць і велічнасць такіх постацей, як Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Сімяён Полацкі. Спалучэнне рэальна-гістарычнага і паэтычна-ўмоўнага, метафарычна насычанага планаў стварае пераканаўчую выяву мінулага, у якой дзейна працуе мастацкая персаніфікацыя.

Беларусь! Палачанкай глядзіш з-пад рукі.

Абцугамі цябе абнімаюць вякі.

Вядома, творы гэтага кірунку неслі ў сабе выразную пазнавальна-асветніцкую звышзадачу, папулярызавалі веды пра нацыянальнае мінулае, будзілі гістарычную памяць. Аднак гістарызм становіцца ў іх і ўнутранай, эмацыянальна-псіхалагічнай якасцю, бо з'яўляецца неад'емнай часткай светаадчування аўтаркі. Мінулае гаворыць у Д. Бічэль не толькі Барысавымі камянямі ці полацкай Сафіяй, гаворыць і вершамі "Неглюбскі строй", "Ракуцёўшчына", "Празарокі". Веліч і хараство свайго народа, узгадаванага гістарычным досведам, перадае паэтэса праз вобразы Нёмана і Дняпра, Белага возера і Свіцязі. З верша "Дняпро":

Аж да стомы вачэй

навакол наглядзецца спярша.

Прытуліцца да зрывістай стромы

шчакою вільготнай,

дзе душа беларуса шчырэе ракой паўнаводнай

і адкрыта- рака перад небам,

нібыта душа...

Паэтычнае асэнсаванне духу свайго народа, трывога за яго будучыню набываюць своеасаблівае завяршэнне ў 80-я гады ў адным з лепшых вершаў гэтага часу - "Замест запавету", дзе паэтэса дае наказ у дарогу свайму блізкаму нашчадку. Непасрэднасць, даверлівасць лірычнага перажывання спалучаецца ў творы з яго грамадзянскай суровасцю і строгасцю, бо гаворка вядзецца па высокім рахунку жыцця і выяўляе, між іншым, неадназначнасць адносін аўтаркі да свайго народа ( "Любі, Стасюк, людзей, і нават злых. // Малых, слабых. Яны не вінаваты, // што пакалечылі сябе аб страты, // не паважаючы сябе саміх" ). Нашчадка яна хоча бачыць найперш чулым да дабра і хараства, моцным лучнасцю з ранейшымі пакаленнямі ( "Не бойся адзіноты анідзе. // Не адзінокі ты - з табою продкі... // пра іх штодзённа помні, не на ўгодкі" ). Гістарычныя матывы ў вершах пераважна мажорныя, яны мацуюць веру ў жыццё і добрую долю народа. Вечныя ж ісціны быцця і адпаведныя галасы душы лірычнай гераіні маюць цяпер вельмі рознае, але часцей драматычна-журботнае гучанне. Яе моцна кліча да сябе жыццё з усімі радасцямі і спакусамі ( "хай вернуць твае пацалункі // у вясковы згублены край" ; "Вусны зацалуй мне да донца"; "і цішком // увайду ў тваё сэрца // таямнічым штуршком" ; "у чаканні любоўнай гарачкі // з глыбіні скаланецца душа" ). Але мудрая развага вучыць жыць штодзённымі клопатамі і не захапляцца часовым і дробным, прыглядацца да народных маральных здабыткаў. Яны зноў і зноў адгукаюцца ў душы хараством самых простых імператываў ( "Праца і шчырасць // там адны маюць правы, // вышэй, чым школьную, бацькаву лічаць вучобу" ). Толькі гераіня разумее, што вяртання ў той свет ужо няма і неабходна лічыцца з суровай рэальнасцю. Знікаюць вобразы імклівага руху, паэтычнага палёту, з'яўляецца вобраз цяжкай, няспешнай хады-вандроўкі і шчымлівая нота самотнасці.

Павандрую па роднай старонцы

У шчаслівых пабуду ў гасцях.

Усё ж паэтычная вышыня жыцця застаецца ў лірыцы Д. Бічэль неадлучнай яго часткай. Прага кахання, святла, чысціні жыве і ў часіны нялёгкіх выпрабаванняў ( "Дух мне займае... Празрыстае неба і дол. // Мой незакляты, // Мой светлы скрыдлаты анёл!" ).

Духоўная вышыня жыцця як ратунак асобы, нацыі, чалавецтва ад зруйнавання ва ўмовах жорсткай сучаснасці з яе прагматызмам і маральнай незапатрабаванасцю паэтызуецца ў цыкле вершаў апошніх гадоў. Гэта вершы-літанні, звернутыя да боскай сілы, якая можа паспрыяць у бядзе. Шматлікія прамыя звароты, паўторы, характэрныя для такіх твораў, вызначаюць лірычную экспрэсію выказвання, выяўляюць моцны драматызм перажывання. Практыкуюцца жанры малітваў, псалмоў, літанняў, і гаворка вядзецца пра вялікае - лёс Беларусі, яе нацыянальных каштоўнасцей ( "Божа! Вазьмі нас пад крылле, // нашы нябёсы і гоні... // Іх жа суседзі душылі // трыста гадоў у прыгоне" ). Дачыненні лірычнай гераіні з вышэйшай сілай маральна вельмі блізкія, і звернутыя да яе маналогі ўзрушаюць эмацыянальнай пранікнёнасцю, асаблівай адухоўленасцю пачуцця. Гэта і ў зваротах да Маці Божай Вострабрамскай ( "Па сходках лесвіцы ружанцовай // прыношу з лідскіх дарог // тугу малітвы простай мясцовай, // даруй наіўноце, Бог" ), і ў размове адзін на адзін з сабою ( "Толькі добраму Богу адкрыю душу"; "Далучы мяне, Божа, да волі Тваёй, // да любові Тваёй // да святла Твайго, // сеяць дазволь дабрыню ў зласлівым сэрцы..." ). Высокае тут не адарвана ад жыцця. Яго звычайныя, родныя рэаліі, заўсёды дарагія для паэтэсы, складаюць адзін паэтычны рад з боскімі з'явамі ( "Наша хата, наш парог! // З намі Нёман, з намі Бог" ). Д. Бічэль выпрацоўвае тут своеасаблівы, лірычна-прамоўніцкі, эмацыянальна адкрыты стыль мастацкага маўлення, захоўваючы пры гэтым пяшчотнасць пачуцця і схільнасць да складанай метафарычнасці. У гэтым стылі вытрыманы і цыкл вершаў пра Максіма Багдановіча, пра яго сённяшняе ўспрыманне паэтэсай.

Паэтычная творчасць Д. Бічэль-Загнетавай спалучаецца з грамадска-асветніцкай дзейнасцю. Скончыўшы ў 1962 г. Гарадзенскі педінстытут, працавала настаўніцай у Гародні, у 1982 г. зацвярджаецца на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка Гарадзенскага абласнога гістарычна-археалагічнага музея і пачынае рыхтаваць да адкрыцця музей М. Багдановіча. Збірае матэрыялы, складае планы экспазіцый, думае, шукае. Прайшлі гады, пакуль экспазіцыя была сфармавана. Музей М. Багдановіча ў Гародні адкрыты ў 1994 г., і дырэктарам яго да 1998 г. працавала менавіта Д. Бічэль.

У канцы 80-х гадоў Данута Бічэль была актывісткай БНФ, выпускала самвыдатаўскую газету "Рэанімова". Музей Максіма Багдановіча ў Горадні быў такім клубам ці прытулкам для іншадумцаў.

- Гэта былі шчаслівыя часы ў маім жыцці. Сапраўды, тады да мяне далучылася ўся дэмакратычная, сапраўдная Беларусь. Праз наш музей прайшлі такія славутыя гурты, як "Мроя", такія выканаўцы, як Данчык, Лявон Вольскі, Сяржук Сокалаў-Воюш. Да нас тады прыяжджалі Анатоль Сыс і Кастусь Тарасаў, усе лепшыя людзі Беларусі, і не толькі з Менска, але і з Віцебска, з Гомеля, з Магілёва. Лепшыя настаўнікі з усёй Беларусі прывозілі ў наш музей сваіх дзяцей. У музеі была паказана ўся цудоўная наша культура, якая выйшла з "Нашай Нівы". А ў ёй было ўсё: і горад, і вёска, і, вядома ж, нашыя вялікія паэты, нашы празоры - Багдановіч, Купала, Вацлаў Іваноўскі, Зоська Верас, Магдалена Радзівіл і Беларуская Народная Рэспубліка. Там усё ёсць, толькі я не ведаю, ці сучасныя людзі гэта разумеюць, ці ўмеюць прачытаць. І мы ў тым свеце жылі, і людзі да нас цягнуліся, бо ўсе хацелі стварыць такую Беларусь, якая ў нас ужо была ў тых маленькіх музейных пакоях.

Натуральна, што гэты час - 80-90-я гады - быў часам усё большага далучэння паэтэсы да свету М. Багдановіча. Так з'явілася асобная нізка лірыкі на тэмы вялікага паэта ў зборніку "Ты не самотны...".

Тут - тая ж духоўная вышыня, якая кліча да сябе лірычную гераіню голасам красы і вернасці Бацькаўшчыне. Паэт выяўляе сябе ў вершах на тым жа ўзроўні быцця, што і апостал, анёл, птах, зорка, месяц ды яшчэ валошка беларускага поля. Побач з М. Багдановічам у творах - яго маці Марыя Апанасаўна, душа якой "ідзе з нябыту ў бессмяроцце Сына", Цётка, Зоська Верас і... Святая Маці Божая. Паэтэса і зараз умее сумяшчаць узвышанае і зямное: слугаванне паэту - гэта і што-дзённая практычная справа.

Я жыву ў Тваім доме, Максіме.

Гэта лёс мой, мяне не прасілі.

На твой голас іду Тваім следам...

Манера лірычнага выказвання тут больш камерная, стрымана журботная і светлая ( "наш амаль вясковы домік, // як забытых вершаў томік...", "да Цябе прытуляюся // сумнай душою" ). Але грамадзянская місія беларускага паэта непазбежна кіруе і да драматычных праблем. Таму далучэнне да чысціні і вышыні М. Багдановіча вымагае выразнасці жыццёвай пазіцыі, патрыятычнай самаадданасці найперш ( "Тут душа мая гарыць васковай свечкай - // Не хачу быць ні расійкай... ані пшэчкай" ). Драматычная нота дыктуецца і спрадвечным пытаннем адносін паэта і масы, яўнай неадпаведнасцю духоўнай вышыні паэта і нізкім узроўнем сучаснікаў. Гэта нараджае балючае пачуццё шкадавання. Яго "іскрысловы запаляць душы, // сагрэюць вуглі. // Мы ў сабе іх намарна здушым - // не дараслі..." Апелюючы да вялікага паэта, аўтарка заўважае асаблівую жорсткасць бездухоўнасці, што татальна знішчае жыццё, не спыняючыся перад яго святынямі. Знешне спакойная інтанацыя паэтычнага аповеду, якая стварае тут ілюзію звычайнасці "забойстваў", выбухае ў вершы сілай эстэтычнай энергіі. Той сілай, якую здольная несці глабальная метафара ў Д. Бічэль.

Тут усіх забіваюць усімі.

I табой забіваюць, Максіме.

Я таксама забіта сваімі,

і на фотцы стаю разам з імі.

Паэтэса цяпер валодае багатым арсеналам мастацкага самавыяўлення. Вернасць народна-паэтычнай традыцыі, апора на эстэтычна будзённыя пласты жыцця, вяртанне да апрабаваных інтанацыйна-рытмічных структур дапамагаюць выказвацца пранікнёна-спавядальна, з даверам да чытача-суразмоўцы ( "Шнурую словы ў шнурочак // так посна, так нескаромна. // Таму мне светла па ночах, // што цёмным па ночах цёмна" ). Толькі спавядаецца ўжо сталая і мудрая душа, якая настроена на вялікія ісціны жыцця. Моцная ў вершах іх унутраная, "падводная" плынь, што рэалізуецца праз аб'ёмную сістэму вобразаў. Пры гэтым не траціцца ў вершах паэтычны паўтон, эмацыянальная змястоўнасць. У іх плыве-пераліваецца жывое пачуццё асобы, чуйнай да ўсяго натуральнага - чалавечага і прыроднага.

Птахі мы - людзі, да голлечка промняў

цягнемся кволым даверлівым крыллем.

Хмараў галінкі сонца адкрылі...

Болем знявечаны, болю не помнім.

Характэрна, што паэтэса ніколі не рэагавала на патрэбы кан'юнктуры, не пісала вершаў на "грамадскія" тэмы, якія настойліва падказваліся ідэалагічнай палітыкай савецкага часу. Такія творы з іх дыдактычна-ўжытковай скіраванасцю не арганічныя для таленту Д. Бічэль. Яе заўсёды хвалявалі пытанні народнага духу, беларускага нацыянальнага лёсу, таямніц жыцця, якія раскрываюцца ў роднай прыродзе, рухам душы чалавека. Творчасць паэтэсы досыць лакальная паводле матэрыялу. Жыццёвая пляцоўка лірычнай гераіні пераважна тутэйшая, "краёвая", абмяжоўваецца рэгіёнамі Гарадзеншчыны. Тут ступаюць яе ногі, тут ходзіць душа, якая сягае часам у Вільню, Полацк, на рачныя прасторы Дняпра ды зноў вяртаецца на сцежкі дзядоў. Такі "хатні" арэал жыццядзейнасці, характэрны асабліва для заходнебеларускага менталітэту, спрыяе арыентацыі на глыбіннае ў жыцці. Спасцігаючы сваё, мясцовае, паэтэса раскрывае агульналюдскія здабыткі і страты чалавека.

У нулявыя гады паэтэса развівае пераважна духоную, хрысціянскую складовую сваёй лірыкі. Кніга духоўных вершаў "На белых аблоках сноў" (2002) аб шчасці яднання з праўдай Хрыстовай, якую нясуць Яго пасланнікі па дарогах Сусвету; аб шчасці наведвання святых месцаў і месцаў аб'яўлення Маці Божай, аб шчасці далучэння да хрысціянскай супольнасці вялікіх святых у самым пачатку беларускай малітвы.

Абраз Маці Божай Будслаўскай - самы сціплы ў сваёй прыгажосці. Малітоўнае агляданне яго з любоўю - падстава для глыбокай малітвы. Да Вастрабрамскай Божай Маці Міласэрнай - пачуццё на ўзроўні гістарычнай традыцыі, агульначалавечага яднання i дзіцячай казкі. У Вострую Браму нашых бабуляў вяла глыбокая вера ў тое, што Маці Божая вырашае ўсе беды адразу i канчаткова. Да Белагрудскай Божай Маці Міласэрнай у аўтаркі шмат асабістых пачуццяў i надзеі, што сюды яшчэ прыйдуць натоўпы вернікаў i атрымаюць палёгку душы, як прыйшла Данута Бічэль з кнігай "Стакроткі ў вяночак Божай Маці" (2004).

Вершаваная батлейка Дануты Бічэль "Нараджэнне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы", як і ўсякая традыцыйная батлейка паўтарае біблейскі сюжэт. Пастушкі, Марыя, Юзаф і наванароджанае Дзіцятка - біблейскі сюжэт, момант нараджэння Ісуса Хрыста, расказаны вершам. Вершаваная батлейка Дануты Бічэль - гатовы сцэнар, п'еса не толькі для тэатра лялек, а таксама для маладых і дарослых выканаўцаў. Рыфмаваныя ролі, якія лёгка западаюць у памяць, і простая мова дазваляюць выкарыстоўваць п'есу без уступнай адаптацыі. Твор, чытаны па ролях, можа быць дасканалай радыёпастаноўкай, якую з задавальненнем паслухаюць і дзеці, і дарослыя. Наратарамі пастаноўкі з'яўляюцца Анёлы, якія нясуць у свет навіну пра Нараджэнне Збаўцы. У пастаноўцы таксама задзейнічаны іншыя персанажы, якія прысутныя ў біблейскім сюжэце - Тры Каралі, звяры, цар Ірад, яго прыслужнікі.

У зборнік "Іду сцяжынкаю да Бога" (2007) выдадзены да 70-годдзя паэткі і перакладчыцы ўвайшлі творы, напісаныя ў нядаўнія гады. Гэта вершы-малітвы, як іх акрэслівае сама паэтка, прасякнутыя шчырасцю, любоўю да роднага Краю і надзеяй на яго духоўнае адраджэнне.

У 2008 годзе Данута Бічэль выдала першую празаічную кнігу. "Хадзі на мой голас" - гэта ўспаміны, нарысы пра вядомых людзей, з якімі або сустракалася cп. Данута, або іх творчасць зрабіла пэўны ўплыў на яе жыццё і творчасць. Кніга распачынаецца падарожжам у родную вёску паэткі - у Біскупцы. Кожны чарговы нарыс - гэта своеасаблівае апісанне ўласнага лёсу ў кантэксце гістарычных падзей. Тут партрэты вядомых гарадзенцаў і людзей, звязаных з Гародняю. Як зазначыла сама аўтарка, якая, па-сутнасці, звыкла выказвацца вершам, гэтая кніга - "яшчэ не развітанне, яшчэ не запавет, але падвядзенне вынікаў..." Адыходзячы ад прывычнай вершаванай формы Данута Бічэль піша: "Я зразумела, што пра людзей, якія істотна паўплывалі на мой лёс, вершам не напішаш" . І хаця кніга пра жыццё самой аўтаркі, але галоўны герой - не яна. Яе героі - людзі, з якімі жыла, сябравала, на якіх раўнялася.

Цыкл вершаў "Ойча наш..." (2008) - гэта паэтычнае асэнсаванне малітвы Панскай, кожнага яе радка, a так-сама вельмі асабісты, кранальны зварот дзіцяці да Нябеснага Айца, у якім удала i тонка знітавана дольнае з горнім. Гэта сапраўдная паэзія, натхнёная i асвечаная малітваю.

"Мост Святога Францішка" (2010) - гэта працяг кнігі Дануты Бічэль "Хадзі на мой голас", што выйшла ў 2008 г. Аўтарка "апавядае пра людзей духоўна прыгожых, якія жылі для саміх сябе, для сваіх блізкіх і для Радзімы, - у тым сэнсе, як яны разумеюць паняцце Радзімы" . Гэта асобы вядомыя, як Чэслаў Неман, Зоська Верас, Кастусь Тарасаў, так і нязнаныя шырока, але блізкія для Дануты Бічэль, - муж, брат. Кнігу пісьменніца прысвяціла Ларысе Геніюш.

У гэтыя ж гады Данута Бічэль адчула пакліканне да перакладу лепшых хрысціянскіх паэтаў на беларускую мову, каб зрабіць іхнія творы даступнымі беларусам.

Перакладала паэзію Яна Паўла ІІ.

- Ян Павел ІІ (ці Караль Вайтыла, што адно і тое ж), ён як бы беларускі паэт. Мне, як перакладчыцы, было таксама складана да яго падступіцца. Пакуль я не зачапілася за два вершы. Заўсёды, калі паэта вывучаеш, нейкі адзін радок дапамагае табе да яго прыблізіцца і ўвайсці ў яго свет. У Яна Паўла ІІ гэта быў верш "Калі вакол гавораць на мовах". Я прачытала і зразумела, што ён - беларускі паэт. Я не ведаю, ці ўспрымаюць яго другія народы так, як я, беларуска. "Калі вакол гавораць на мовах, звініць сярод іх адна - наша ўласная, заглыбляецца ў думы пакаленняў, плыве вакол нашай зямлі, ёсць стрэхай дому, у якім мы разам, а па-за домам гучыць рэдка". Яна Павал ІІ, вядома ж, думаў пра польскую мову, але як гэта зразумела і нам, беларусам!

Напярэдадні 75-годдзя паэткі выйшла ў свет кніга польскага паэта-ксяндза Яна Твардоўскага "Разам з Табою" , якую яна пераклала супольна з Хрысцінай Лялько. Гэта кніга паэтычных афарызмаў, кніга мысляра, які ўмеў філасофію хрысціянства выказаць праз мастацкія вобразы. Ян Твардоўскі вельмі папулярны ў сённяшняй Польшчы. Ці будзе ён запатрабаваны беларускім чытачом?

- Калі я перакладала вершы Твардоўскага, то перш за ўсё думала пра нашых ксяндзоў, якія павінны гэта ведаць і чытаць. Мне здаецца, яны вельмі мала часу маюць на паэзію. Я падаравала кнігу сваім знаёмым ксяндзам, тым, у каго я спавядаюся, з кім у мяне ёсць сяброўства. Яны захоплена чытаюць і проста ўдзячныя нам з Хрысцінай Лялько. У Яна Твардоўскага вельмі яскрава паказана, што і ў дрэва ёсць душа, і ў травы таксама, і ў жывёлаў усіх, і ў казюлек, якія поўзаюць. Ад гэтага я ішла. Але мне, як касцельнаму чалавеку, было цікавае і другое. Верабейка, які ўваліўся ў свянцоную ваду, - таксама адзін з герояў Яна Твардоўскага. Я гэтыя гісторыі з птушкамі, якія залятаюць у касцёл і потым проста гінуць там, перажывала і ў сваім жыцці. А вось як Ян Твардоўскі звяртаецца да святога Францішка з Асызу, і якія ў яго думкі пра мову (у нас тэма мовы - галоўная): "Святы Францішак, апякуне заолагаў і арнітолагаў, чаму рыкае зубр, алень трубіць, ліс скуголіць, вавёрка фыркае, чорны дрозд свішча, арол брэша, перапёлка пілікае, бакас хрыпіць, сінічка цінькае, голуб бубніць і буркуе, дрозд-рабіннік папісквае, дзяркач скрыпіць, каўка лапоча, ластаўка шчабеча, жораў курлыкае, драфа сыкае, чалавек гаворыць, спявае і плача". Там вельмі важны фінал: "маўчанне - гэта таксама мова". Бо калі мы гаворым з Богам - мы маўчым, і гэта самая яскравая мова.

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 13 снежня 2012 года была прэзентавана яшчэ адна кніга Дануты Бічэль "Іду сцяжынаю да Бога" . Паэтычны зборнік пабачыў свет у выдавецтве "ПроХрысто" напярэдадні 75-годдзя. У яго ўвайшлі вершы, напісаныя Данутай Янаўнай у апошнія гады. Многія з іх друкаваліся ў часопісе "Наша вера".


Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984) Д. Бічэль даўно прыцягвае ўвагу перакладчыкаў. Кнігі яе паэзіі выйшлі на польскай мове ў Лодзі ў 1981 г., на рускай мове ў Маскве ў 1969 і 1990 гг. З 1993 па 2003 г. яна ўзначальвала Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жывучы стала ў Гародні, шмат зрабіла як літаратурны кансультант, выхавальнік мясцовай творчай моладзі.

(Паводле belsoch.org, рэдакцыя Станіслава Судніка.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX