ПРАЗ ЦЕРНІ І ЗАВАЛЫ...
Хрышчаны ў Лідзе. Пятро Бітэль
Пятро Бітэль (Пётр Іванавіч) - беларускі святар, паэт і перакладчык. Нарадзіўся 19 чэрвеня 1912 года ў мястэчку Радунь Лідскага павету. Хрышчаны ў Лідскім Свята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы. Скончыў Беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю (1931), Менскі педінстытут (1970). У 1931-39 настаўнічаў. У 1944 вывезены ў Германію. Вызвалены ў 1945, служыў у Чырвонай Арміі. У 1946-47 працаваў настаўнікам, у 1947 звольнены з настаўніцкай працы. Стаў праваслаўным святаром. У 1950 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане. У 1956 г. вызвалены. Да 1963 года служыў у царкве. У 1963-74 зноў настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1978 г.
Друкаваўся з 1929 г. у часопісе "Шлях моладзі" пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм "Замкі і людзі" (1968), "Сказанне пра Апанаса Берасцейскага" (1984). Пераклаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча ("Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына", "Дзяды", "Крымскія санеты"), польскамоўныя паэмы і п'есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю. І. Крашэўскага "Хата за вёскай", (1989), паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера і інш. Рукапіс перакладу паэмы "Пан Тадэвуш" зроблены ў лагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Памёр 18 кастрычніка 1991 года.
Мае прадзеды, дзяды і бацькі - сяляне Ашмянскага павету Віленскай губерні. Маці родам з сяла Зноскі Гальшанскай воласці, бацька з вёскі Люташ Вішнеўскай воласці. Незайздросны быў іхні лёс. Прадзеды былі прыгоннымі графаў Сапегаў і Храптовічаў, дзяды жылі на бядняцкіх гаспадарках, бацькі на нейкі час адарваліся ад вёскі, аднак жыццё сваё закончылі ў ёй.
Маці, круглая сірата з 9-ці год. Жыла пры старэйшых братах пастушкай, нянькай, а падросшы, служанкай у бацькоў вядомага мастака Фердынанда Рушчыца і, нарэшце, у начальніка вішнеўскай пошты. Бацька, сын прымака, наймалодшы ў вялікай сям'і, таксама рана пакінуў родную хату. Закончыўшы народнае вучылішча, пасля блуканняў па розных часовых работах, уладкаваўся паштальёнам у вішнеўскім паштовым аддзеле. Тут і пазнаёміўся са сваёй будучай спадарожніцай. У пачатку 1911 года яго перавялі на тое ж становішча ў мястэчка Радунь Гарадзенскай губерні (цяпер гэта Воранаўскі раён), там бацькі мае пабраліся, там праз год нарадзіўся я. Хрысцілі мяне ў Лідскім праваслаўным саборы і ў метрыцы запісалі дату нараджэння 6 чэрвеня (старога стылю) 1912 года.
Першыя мае прасвятленні памяці і цмяныя ўспаміны - натоўпы незнаёмых людзей, цягнікі, гудкі паравозаў, нейкія вялікія будыніны. Маці трымае мяне моцна за руку, каб не згубіць у мітуслівым людскім зборышчы. Мой небагаты, яшчэ каравы лексікон папоўніўся новымі, хоць не цалкам усвядомленымі словамі: вайна, бежанцы, эшалон, станцыя, багаж... Мы ўцякаем ад наступу немцаў у глыб Расіі. Запомнілася назва нашага даўжэйшага прыпынку - горад Калуга. Там знайшоў нас бацька, які эвакуяваўся са сваёй поштай пазней за нас. Прыпамінаю ягоную форменную шапку з нейкім гербам і цёмны кіцель з бліскучымі гузікамі. На той час, пасля здачы адпаведных экзаменаў, бацька быў у чыне паштова-тэлеграфнага чыноўніка.
А пазней чаргаваліся гарады выгнання: Масква, Чарапавец, Белазерск і нарэшце Бабаева (на Паўночна-заходняй чыгунцы, дзе над уваходам у вакзальны будынак віднела вялікая шыльда "До Петрограда 329 вёрст". Спыніліся тут у пачатку 1919 года, па накіраванні савецкіх улад, і бацька пачаў працаваць намеснікам начальніка паштова-тэлеграфнай канторы. А да гэтага часу быў начальнікам паштовага аддзялення, тэлеграфістам... прыпамінаецца, як у 1917 годзе ў паштовым аддзяленні Сухач Белазерскага ўезда, дзе мы часова жылі, знялі са сцяны партрэты цара і царыцы і абраз Хрыста і павесілі партрэты Леніна і Троцкага.
Вярнуліся на радзіму, якая аказалася ў межах новаўтворанай польскай дзяржавы, у канцы 1921 года. Спыніліся ў старой дзедаўскай хаце дзе ўжо жыла сям'я аднавяскоўцаў-пагарэльцаў з пяці чалавек. Прыйшлося жыць разам у невымоўнай цеснаце і зносіць небывалую галечу. Польскія ўлады бацьку на працу па яго спецыяльнасці не прынялі, спробы ўладкавацца на якую-небудзь іншую дзяржаўную працу не далі выніку, так і засталіся мы на гаспадарцы (тры дзесяціны задзірванелай зямлі, без аніякага інвентару). З цяжкасцямі нажылі бацькі дрэнную карову і праз год - каня.
У Расіі закончыў я тры класы народнай школы, тут пайшоў у польскую, так званую "паўшэхную". Адразу было вучыцца нялёгка - я не разумеў па-польску ні слова. Але з часам асіліў мову і пачаў праяўляць поспехі. Школьны кіраўнік пераканаў майго бацьку, што мяне варта вучыць далей.
За дваццаць кіламетраў ад нас у сяле Баруны дзейнічала нядаўна адчыненая (спярша беларуская, а ў мой час ужо польская) настаўніцкая семінарыя. На ёй спыніўся наш выбар. Аднак за вучобу там трэба было плаціць, дый немалыя грошы каштавала ўтрыманне ў інтарнаце. Рызыкнулі, разлічваючы на стыпендыю, якіх, як мы даведаліся, замацоўвалася 2-3 на клас. Прыёмныя экзамены здаў на падрыхтоўчы курс, і стыпендыю трэба было зарабіць на працягу года добрымі поспехамі. Бацькі ўладкавалі мяне на кватэру да сваякоў на хутар за паўтара кіламетры ад мястэчка.
Жыў я там у жудасных умовах - маленькая ў два акенцы хаціна пасярод чыстага поля, без сяней і без падлогі; апроч мяне пяць чалавек сям'і (трое дарослых і двое дзяцей 4 і 6 гадоў) пераносілі тут холад і нястачы. У хаце пад печчу зімавалі куры, за печчу на катуху з бульбай раскладваў я на ноч свой тонкі сяннічок; займацца зададзенымі ўрокамі было немагчыма - у гаспадароў не было лямпы, вечарам гарэў куравы начнічок або лучына. Тут, як ніколі дагэтуль, я пазнаў і сцюжу, і недаяданне і нарэшце апаршывеў струпамі каросты і быў адпраўлены дамоў на некалькі тыдняў на лячэнне. Вярнуўшыся, мусіў даганяць прапушчанае, дык з мізэрнымі адзнакамі закончыў той курс падрыхтоўчы, які па праграме прыраўноўваўся да сёмага класа звычайнай школы. З кандыдата перавялі мяне ў гурт паўнапраўных семінарыстаў, на першы курс. Трэба зазначыць, што ў першы год маёй барунскай вучобы (1925/26 навучальны год) маімі настаўнікамі былі апроч іншых Тамаш і Марыя Багушэвічы - сын і нясестка класіка нашай літаратуры Францішка Багушэвіча. Ён вёў урокі ручной працы і малявання, яна выкладала польскую мову і літаратуру. Дзякуючы ёй я прыахвоціўся да добрых кніжак і пачаў рабіць нясмелыя спробы ўласнага пяра, вядома, па-польску.
Беларуская мова выкладалася ў нас як прадмет, аднак адносіны да яе былі даволі абыякавыя. У Барунах выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры быў настаўнік Дамарадскі, а ў Вільні - Янчуковіч.
З пачаткам новага 1926/27 навучальнага года мяне прынялі ў інтарнат, але плаціць па 40 злотых у месяц я не мог, дык атрымаў толькі кватэру, а харчавацца прыходзілася сухім пайком, як тады ў нас называлася, "з куфэрка" (прывезенай з дому скваркай і хлебам). Часам удавалася з'есці міску супу, пакінутага сябрамі ў інтарнацкай сталовай. Стыпендыю атрымаў толькі на другім курсе, і захавалася яна за мной і праз трэці курс.
Барунская семінарыя далей трэцяга курса не развілася, на апошнія два курсы накіроўвалі нас у Віленскую настаўніцкую семінарыю імя Томаша Зана.
Чацвёрты курс у Вільні прыйшлося пражыць без стыпендыі. Жыў на прыватнай кватэры, займаўся пасля ўрокаў рэпетытарствам - рыхтаваў тугалобых мяшчанскіх нашчадкаў да паступлення ў гімназію. Пяты, апошні, курс закончыў пры дапамозе стыпендыі. На выдадзеным мне ў 1931 годзе дыпломе адзначана, што на маю адукацыю польская дзяржава выдаткавала 1209 злотых, за што я павінен адпрацаваць тры гады.
Год нашага выпуску (1931) быў годам еўрапейскага крызісу, і Польшча захлыналася ад унутраных клопатаў - банкротстваў, беспрацоўя, інфляцыі і да т.п. Дзяржава эканоміла на ўсім і ў першую чаргу скарачала штаты. Уладкавацца на працу не было магчымасці, прыйшлося заставацца дома на бядняцкай бацькавай гаспадарцы. За 1931/32 і 1932/33 навучальныя гады ўдалося папрацаваць агулам толькі чатыры месяцы ў некалькіх школах Нясвіжскага павету а замяшчэнні захварэўшых настаўнікаў.
17 верасня 1933 года я быў пакліканы адбываць вайсковую павіннасць. Служыў у так званай школе падхаронжых (школа малодшых афіцэраў запасу) у горадзе Замброве Беластоцкага ваяводства. Дэмабілізаваўся роўна праз год у званні плютановага (старшы сяржант) падхаронжага.
Вярнуўшыся дахаты, працягваў пягнуць лямку беспацоўнага, і толькі ў лютым 1935 года падпісаў кантракт на працу да канца вучэбнага года ў Юшавіцкай школе Нясвіжскага павету. Летнія канікулы прайшлі без зарплаты. Накіраванне на штатную працу атрымаў 1 верасня 1935 года ў вёску Даўгінава Турэцкай гміны (цяпер гэта Карэліцкі раён) Стаў загадчыкам пачатковай школы.
Умовы працы былі тут не з лёгкіх. Школьны будынак - старэнькая хаціна ў канцы сяла пры дарозе над ровам эразійнага паходжання. Унутры - класны пакой, маленькая каморка для настаўніка, ці так званая канцылярыя, і цесныя сенцы з вешалкамі для дзіцячай вопраткі. Працаваў адзін, вёў чатыры класы, злучаныя па два. З рання вучыліся 3-ці і 4-ты класы, пасля кароткага перапынку - першы з другім. Усіх вучняў было 75-85. кватаравалі ў сялянскіх хатах.
Першую зіму пражылі мы ў невялікай хатцы разам з сям'ёй гаспадароў, дзе было трое дзяцей. (Гэта была сям'я сучаснага беларускага пісьменніка Алеся Бажко). Тут жа нарадзілася ў нас 29 верасня 1935 года другая дачка, а потым вельмі цяжка хварэла мая жонка Ніна Пятроўна. І ўсё ж чатыры гады, пражытыя ў Даўгінаве, я магу залічыць да лепшых у маім жыцці. Была маладосць, запал да працы, жаданне здзейсніць нешта незвычайнае, было шчырае сяброўства. Настаўнікі суседніх школ, маладыя, усе амаль аднолькавага ўзросту, жылі вельмі дружна, наведвалі адны адных, часта збіраліся ў якой-небудзь гасціннай сям'і, а пераважна ў Ярэмічах у настаўнікаў Зофіі і Карла Берначыкаў. Летам купаліся ў Нёмане, загаралі, займаліся спартыўнымі гульнямі, плавалі на байдарках. Зімой наладжвалі вечары, ставілі сіламі вясковай моладзі спектаклі, прытым часта беларускія п'есы і вадэвілі.
Мая школа спачатку была беларуска-польская. У першым класе ўрокі праходзілі выключна на беларускай мове, пісалі лацінскім алфавітам, лемантар і першая кніга для чытання былі надрукаваны лацінкай. У наступных класах трэба было пераходзіць на польскую мову, беларуская станавілася толькі асобным прадметам. Але ў 1937-38 навучальным годдзе загадам вышэйшай школьнай улады беларуская мова цалкам адмянялася, выкладанне трэба было весці выключна на польскай мове.
За час працы ў гэтай школе я здаў абавязковы, так званы другі кваліфікацыйны экзамен, які даваў мне званне сталага (дагэтуль лічыўся тымчасовым) настаўніка. Гэта быў вельмі цяжкі і адказны экзамен, на які прыязджала ў школу спецыяльная дзяржаўная камісія і дэтальна правярала ўсю працу настаўніка. Правал гэтага экзамена азначаў непрыдатнасць педагога да даручанай яму працы і вынікам бывала звальненне з займанай пасады. Пасля гэтага экзамену я паступіў завочна на Вышэйшыя настаўніцкія трохгадовыя курсы ў Вільні на гістарычна-філалагічны аддзел. У гэты ж перыяд кожнае лета адбываў месячныя вайскова-вучэбныя зборы.
У канцы жніўня 1939 года я закончыў вучобу на Вышэйшых курсах, а 1 верасня мяне мабілізавалі на вайну. Апынуўся ў Баранавічах у 76-м пяхотным палку ў званні падпаручніка (лейтэнант). Эшалон, у якім мы ехалі ў бок фронту, быў збамбардзіраваны нямецкай авіяцыяй; астаткі разбітых вайсковых частак пачалі адступаць з баямі на ўсход. Недалёка ад Берасця мы аказаліся паміж дзвюма варожымі арміямі - з захаду нямецкай, з усходу савецкай, якая перайшла мяжу 17 верасня. У нашай зборнай "рознашэрснай" частцы было каля 200 чалавек шараговага складу і каля паўсотні маладых афіцэраў запасу (гэта былі пераважна настаўнікі, інтэлігенцыя).
Камандзір гэтага зборнага палка маёр Раў аб'явіў уночы ў нейкай глухой пакінутай жыхарамі вёсцы, што ён не пярэчыць тым, якія хочуць пакінуць злучэнне і дабірацца дамоў. Маладых афіцэраў сабраў у адну з хат і загадаў пісаць для жаўнераў дэмабілізацыйныя даведкі. Пасля таго загадаў мне сабраць адыходзячых і правесці іх да шашы. Дарогу паказаў мне па штабной карце і загадаў вярнуцца на гэтае самае месца... "Мы, - сказаў ён, - будзем прабірацца ў паўднёвым кірунку, а цябе будзе тут чакаць матацыкліст, і ты нас дагоніш". Я правёў жаўнераў, як мне было загадана, па дарозе, якая цягнулася праз балота і хмызнякі кіламетраў 10, але калі вярнуўся, то не застаў абяцанага матацыкліста, а толькі наблытаныя ў розных кірунках сляды. Пасля розных прыгод я дабраўся да Берасця і стаў ваеннапалонным савецкай арміі.
У Берэсці на вакзале і побач з ім сабралася мноства былых польскіх вайскоўцаў розных спецыяльнасцяў. Усім нам абяцалі, што адправяць чыгункай дамоў. Уночы прыбыло некалькі таварных цягнікоў, у якія было нам загадана грузіцца. Набілі нас у неабсталяваныя вагоны па 80 чалавек, аб'явіўшы, што давязуць да Баранавіч, там выдадуць адпаведныя дакументы і дазволяць "удалиться по домам". Аднак не высадзілі нас ні ў Баранавічах, ні ў Стоўбцах. У Негарэлым перагналі ў вагоны савецкай чыгункі і павезлі далей. Ехалі мы ў такой цеснаце, што легчы на падлозе было немагчыма, можна было толькі або сядзець, падкурчыўшы ногі, або стаяць. Так мінулі мы Менск, Оршу, Смаленск, Маскву, Горкі і Арзамас.
Кармілі нас выключна салёнай траской і сухарамі. Рассунуць дзверы вагона, крыкнуць "Разойдись!" і ўкінуць на падлогу з вялікага таза кучу парэзанай на кавалкі рыбы і зачыняць зноў на завалу. Праз некаторы час з'явяцца зноў, размахаюць салдацкую посцілку і праз расчыненыя дзверы ўваляць адпаведную кучу сухароў. Як мы дзялілі і спажывалі гэты харч, нікога з іх не цікавіла. Нікога не кранала і тое, што мы смяртэльна пакутвалі ад смагі. На прыпынках, падлезшы да закратаванага акна і прасунуўшы 2-3 салдацкія кацялкі (больш у нашым вагоне не аказалася), мы вымольвалі ў заўважаных паблізу людзей падаць нам вады. Найчасцей людзі не адмаўлялі нам у гэтай паслузе. Але ж цягнік быў вельмі вялікі..., і ўрэшце, што значыла тая невялікая колькасць ажыўляльнай вадкасці на вагон засмяглага народу! Многія з нас пачалі хварэць на нястраўнасць, у вагоне зрабілася брудна і смуродна, з'явіліся небывалай велічыні ў незлічонай колькасці вошы...
Калінікалі на прыпынках загадвалі нам выходзіць з вагонаў і апраўляцца тут жа паблізу паміж рэйкаў пад строгім наглядам ўзброеных вінтоўкамі са штыкамі чырвонаармецаў і перад вачыма ўсяго народу.
Дзесьці за Арзамасам на раз'ездзе ці паўстанку Шоніха зрабілі нам уночы допыт, а наступнага дня больш паловы везеных у цягніку зшыхтавалі ў даўжэзную калону і пагналі пад канвоем у невядомым нам кірунку. І ў той жа дзень пад вечар дапоўнілі нашы вагоны прыгнанымі з нейкага, як нам казалі, манастыра, раней размешчанымі там польскімі ваеннапалоннымі і аб'явілі, што павязуць нас дамоў. Праўда, паехалі мы ў зваротным кірунку ў непазамыканых вагонах і без канвою. У вагонах стала значна свабадней... Дамоў дабраўся з вялікім і цяжкасцямі ў пачатку лістапада брудным, аброслым, вашывым дзедам, якога сям'я не адразу пазнала.
Чым кіравался нашы "телохранители" пры размеркаванні нас на дзве групы, з якіх адну вывелі з вагонаў і кудысьці пагналі, а другой дазволілі дабірацца дамоў, разгадаць цяжка.
Вярнуўшыся з гэтай прымусовай вандроўкі, я ў хуткім часе ўладкаваўся на настаўніцкую працу ў Вішнеўскую сямігодку, а пасля зімовай настаўніцкай канферэнцыі мяне перавялі ў горад Валожын на пасаду дырэктара школы № 2, створанай на базе дзвюх былых сямігодак (польскай і яўрэйскай) і былой сярэдняй гандлёвай школы.
Працаваць тут было вельмі складана: не ўсе настаўнікі валодалі рускай і беларускай мовамі, не вельмі разумела гэтыя мовы і большасць вучняў, а ў сувязі з дэградацыяй старэйшых класаў на два гады назад (сёмы клас стаў пятым, такі быў загад наркама асветы), стварылася шмат паралельных класаў з вялікай колькасцю пераросткаў.
Апроч таго, з пачаткам лютага 1940 года пачаліся арышты настаўнікаў нашай школы. Амаль штотыдзень знікаў бясследна нехта з прадметнікаў, і прыходзілася мяняць, ламаць расклад заняткаў. Так за люты-красавік было арыштавана 6 настаўнікаў з 29-ці, сярод якіх была і адна жанчына (Капыловіч).
Надзвычай прывольна адчувала сябе ў нашай школе прысланая з Магілёўшчыны піянерважатая, якая прабавала кіраваць нават дырэктарам. Аднойчы прыбегшы ў школу раней за ўсіх, яна ўбачыла ў дзевятым класе на падлозе вырваны з рамы з праколатымі пяром вачыма папяровы партрэт Сталіна (пратэст вучняў на рэпрэсіі супраць настаўнікаў). Як і можна было спадзявацца, яна ўзняла небывалы вэрхал і, схапіўшы злашчасны партрэт, памчалася ў аддзел НКУС. У выніку былі арыштаваны ўсе вучні гэтага класа (6 дзяўчынак і 5 хлопцаў), і да сягонняшняга дня ніхто не ведае, што з імі сталася. Пасля гэтага выпадку кожны дзень чакаў чаргі і дырэктар, але абышлося.
У канцы красавіка прыехаў новы дырэктар школы, выпускнік Магілёўскага педінстытута, а мяне перавялі ў райана на пасаду інспектара-метадыста.
З прыходам немцаў цывільную ўладу ў раёне захапілі палякі - рэшткі былой адміністрацыі панскай Польшчы - і пачалі выдаваць фашыстам усіх, хто займаў якую-небудзь пасаду пры савецкай уладзе. Прыйшлося больш паўгода жыць у падполлі.
У пачатку 1942 года з'явіўся новы начальнік раёна, беларус Кастусь Касяк. Ён хутка суцішыў не ў меру руплівых польска-нямецкіх адміністратараў, перавёў справаводства на беларускую мову, загадаў адкрываць беларускія школы, заступіўся за загнаных беларусаў. Мяне з сям'ёй вярнулі ў Валожын, далі працу ў школе.
Каб засцерагчы моладзь ад вывазу ў Германію, стараннем Касяка і некаторых жыхароў райцэнтра была створана ў Валожыне з дазволу акупацыйнах уладаў сярэдняя гандлёвая школа, у якую на першы і другі курс запісалася 120 чалавек з незакончанай сярэдняй адукацыяй. Мне было даручана выкладаць у гэтай школе беларускую мову і літаратуру ды геаграфію.
У чэрвені 1944 года мяне разам з сям'ёй вывезлі ў Германію па падазрэнні ў сувязях з партызанамі. Недалёка ад Варшавы на станцыі Пясэчна мы трапілі ў чыгуначную аварыю - на наш эшалон, які стаяў, наляцеў таварны цягнік. Выкарыстаўшы створанае такім чынам замяшанне, мы пры дапамозе польскіх чыгуначнікаў ускочылі ў пасажырскі цягнік і дабраліся да Варшавы. У нас не было ніякіх рэчаў, ніякіх дакументаў і ні капейкі грошай. Я звярнуўся на вакзале ў польскі Чырвоны Крыж, які скіраваў нас у беларускі нацыянальны камітэт, загадчыкам якога быў Шчорс. Землякі прынялі нас вельмі спачувальна, забяспечылі неабходнымі дакументамі, дапоўнілі наш гардэроб, далі талоны ў сталовую на абеды і праз некаторы час (у Варшаве рыхтавалася паўстанне) накіравалі ў горад Кіслін (Кашалін) у беларускую школу.
Там засталі мы 75 беларускіх дзяцей ад 7 да 14 гадоў, вывезеных з Парыцкага, Акцябрскага і Калінкавіцкага раёнаў. Іх доўга вазілі па Прусіі і Памераніі, трымалі пад голым небам і ў пустых стадолах, кармілі абыяк і абы-калі. Усе яны былі ў тых вопратках, у якіх фашысты вывезлі іх з дому, за доўгі час блуканняў ператвораных у жудасныя брудныя лахманы. Палова з іх была ў карослівых струпах, многія тэмпературылі, усе кашлялі. Пра нейкую там школу і вучобу не магло быць і гаворкі, дый кіраўнікі горада, закватараваўшы нас у былым памяшканні паліцыі, заявілі, што дарма карміць нас не збіраюцца, і таму ўсе павінны працаваць.
У першую чаргу прыйшлося здабываць для абяздоленай дзетвары вопратку, абутак, медыкаменты, што ў перадапошні год вайны было справай нялёгкай. Выручала мая, хоць на той час і не вельмі бліскучая, нямецкая мова і вялікае жаданне дапамагчы дзецям-сіротам. А калі дзетвара крыху акрыяла, прыйшлося ўладкоўваць яе на працу. Такім чынам амаль усе дзеці, за выключэннем некалькіх найменшых, пачалі зарабляць свой нявольніцкі хлеб (хатняй прыслугай, у крамах, цырульнях, хлебапякарнях і розных дробных прадпрыемствах), а, адпрацаваўшы вызначаныя 8-10 гадзін, на ноч вярталіся у лагер. Большасць прыходзіла на абед, які быў нам забяспечаны ў адной з гарадскіх сталовак. Нашым з жонкай абавязкам было сачыць за паводзінамі, здароўем і захаваннем рэжыму лагерных насельнікаў. Наша старэйшая дачка таксама працавала - была занята ў харчовай краме ўпакоўшчыцай. Ёй было тады 13 гадоў.
Дзеці вельмі сумавалі па сваіх родных і часта плакалі, асабліва дзяўчаткі. Наша выхаваўчая праца была вельмі цяжкая і складаная. Трэба было суцяшаць дзяцей, зацікавіць іх якім-небудзь заняткам ці апавяданнем, а ў нас не было ніякіх дапаможнікаў, ніводнай кніжкі, ні нават газеты на сваёй мове.
На каляды, калі немцы ладзілі сваім дзецям ёлкі, пастараліся ўсцешыць сваіх і мы. Трохі купілі, трохі раздабылі, а трохі змайстравалі цацак і таксама наладзілі свята, на якое з'явіліся "нашы апекуны" немцы. Дзяўчаткі праспявалі некалькі беларускіх народных песень, пахадзілі ў карагодзе, прачыталі некалькі вершаў, між іншым, адзін з большых хлапчукоў прачытаў верш Я. Купалы "Я ад вас далёка"...
Нашы выступленні немцам вельмі спадабаліся, хоць яны нашай мовы зусім не разумелі (з большага тлумачыў ім сэнс я).
Мы ведалі, што фронт набліжаецца, і жылі надзеяй, што хутка будзем вызвалены і вернемся дамоў. Калі пачаўся бой на падступах да горада, мне было загадана весці дзяцей на вакзал, грузіцца ў цягнік і кіравацца на захад. Сярод агульнай панікі нам удалося ўсёй грамадой схавацца ў сутарэннях вялікага пакінутага жыхарамі дома і дачакацца прыходу савецкіх салдат.
Ружовыя надзеі, якія звязвалі дзеці з прыходам "сваіх", не вельмі спраўдзіліся. Свае сваіх, нават дзяцей, за сваіх не прызнавалі і не вельмі з імі цырымоніліся. Адну з нашых дзяўчынак, чатырнаццацігадовую Алену С. заманілі ў пусты пакой, наздзекаваліся з яе і забілі, пакрыўшы лагер глыбокай жалобай.
Хлапчукі, якім горад быў ужо добра знаёмы, раздабылі ручную каламажку і з пахавальнага магазіна (хоць у горадзе ішла яшчэ страляніна) прыцягнулі прыгожую труну. Пахавалі дзяўчынку ў скверыку насупраць шматпавярховага дома.
Можна было вяртацца дамоў, толькі пытанне стаяла: як? На чым? Нейкі высокага рангу ваенны начальнік (пагонаў пад маскхалатам не было відаць), да якога я звярнуўся наконт дапамогі, ветліва выслухаў мяне і прыхільна аднёсся да маёй просьбы. Па яго загаду салдаты прыгналі нам чатыры параконныя падводы (адабраўшы ад бежанцаў-немцаў, якіх дагнаў фронт). На іх пагрузіліся меншыя дзеці ды той небагаты скарбд і харч, якім змаглі мы забяспечыцца ў падвалах пакінутых дамоў. Большыя дзеці і мы, дарослыя, пайшлі побач пехатой. Пасоўваліся мы ва ўсходнім кірунку, насустрач вайсковай сіле, што няспыннымі калонамі плыла з лозунгам: "Даешь Берлин!".
Нельга ўтаіць, што сустрэчныя салдаты-землякі не вельмі лічыліся з тым , што ў нашым абозе ехалі дамоў абяздоленыя дзеці. У хуткім часе адабралі ў нас адну павозку, замянілі коней на такіх, што ледзь цягнулі ногі, а нарэшце на адной стаянцы ўночы залезлі ў вазы і зрабавалі няхітрыя дзіцячыя трафеі і прыхаваныя на дарогу прадукты. Раніцай узняўся сярод дзяцей вялікі лямант, галоўнае таму, што пакрыўдзілі свае, якіх яны так доўга чакалі і так горача віталі.
Некалькі разоў за час гэтага падарожжа прыставалі да мяне не ў меру пільныя служакі то каб арыштаваць, як здрадніка, то мабілізаваць у армію, а то і, наогул, расстраляць, але дзеці за кожным разам акружалі мяне шчыльнай грамадой і з вялікім лямантам адваёўвалі. Так праз некалькі сутак дабраліся мы да польскага горада Торуня (такі давалі нам кірунак), дзе знаходзіўся лагер так званых "перемещённых лиц". Памясцілі нас у былой казарме побач з вялікай колькасцю цывільных асоб, вызваленых з нямецкага палону.
Неўзабаве пачалі далучаць да майго дзіцячага калектыву іншых бяздомных савецкіх дзяцей - шукальнікаў прыгод, вылаўленых па цягніках, што няспыннай плынню ішлі на захад. Гэта былі падлеткі, пераважна хлопцы, якія ехалі "в Берлин за трофеями". Праз пару дзён колькасць маіх падапечных падвоілася. Новапрыбылыя не прызнавалі ніякай дысцыпліны і ніякага начальства. Яны пачалі тэрарызаваць і дэмаралізаваць маіх спакойных беларускіх дзяцей. Давялося перажыць надзвычай цяжкія хвіліны - цяжка было ўтаймаваць разбэшчаных падлеткаў, многія з якіх мелі зброю і нават прабавалі пускаць яе ў ход. Я стараўся зацікавіць іх гутаркамі, гульнямі, рознымі заняткамі, але з такой колькасцю адзічэлага юнацтва цяжка было нам справіцца. Лагернае начальства патрабавала дысцыпліны. Але ніхто не аказваў нам дапамогі, а нават прыдуркаваты старшына арыштаваў мяне і пасадзіў у падвал, але хутка (праз паўдня) павінен быў мяне адпусціць, бо дзетвара бунтавалася, і ніхто не мог даць ёй рады. Такое жыццё працягвалася каля двух тыдняў, але нарэшце мяне мабілізавалі ў армію (2 траўня 1945 года), а дзяцей пагрузілі ў цягнік і пад узмоцненым канвоем павезлі на ўсход. Мая сям'я самастойна з вялікімі цяжкасцямі і перашкодамі дабралася дамоў.
Служыў я ў 206-м запасным палку шараговым спярша ў Шчэціне, а пасля ва Ўроцлаве да 1 студзеня 1946 года. На гэты раз у баях не ўдзельнічаў, але нёс вартаўнічую службу пры розных аб'ектах, а пасля служыў у так званым муззвязе - граў на скрыпцы.
Пасля дэмабілізацыі, вярнуўшыся дамоў, не адразу змог уладкавацца на працу. У раёне валадарылі цалкам новыя людзі, розныя выскачкі і прыстасаванцы, якія мяне не зналі або не хацелі заўважаць. Тых, з якімі я ў свой час трымаў кантакты, не аказалася на месцы, а то і ў жывых, і новая адміністрацыя сустрэла мяне, мякка кажучы, з недаверам і засцярогай. Пасля доўгай валакіты далі мне працу не ў раённым цэнтры, дзе я жыў і працаваў да самай вайны і пры акупацыі і дзе меў кватэру, а ў вёсцы Забрэззе; тут я выкладаў беларускую мову і літаратуру ды нямецкую мову.
Пасляваеннае жыццё было вельмі нялёгкім, і асабліва невыносным аказалася яно для маёй сям'і. Цясніліся мы з другой сям'ёй у невялічкай вясковай хаціне, зарплата мая была 800 рублёў (цана 1 пуда жыта на рынку), прадукты, якіх было заўсёды недахоп, прадаваліся па картках. У гэты час наша старэйшая дачка захварэла на туберкулёз каленнага сустава і некаторы час не магла зусім хадзіць, а затым пайшла ў школу на мыліцах. У такі неспрыяльны час нарадзіўся ў нас сын, якому не было малака (на карткі давалі толькі хлеб і ячныя крупы). І вось тады, вясной 1947 года, мяне выклікалі ў райана і аб'явілі, што звальняюць мяне з настаўніцкай працы як чалавека, якому савецкія ўлады не давяраюць, які не можа выхоўваць маладое пакаленне. І, здзекуючыся, загадалі напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Так адным махам аказаўся я пазбаўленым зарплаты, харчовых картак і кватэры, а ў сям'і было ўжо нас 5 чалавек. Жонка з-за немаўляці працаваць не магла. Спрабаваў я кінуцца ў пошуках працы ў розныя бакі і ў розныя інстанцыі, але нідзе не хацелі мяне прыняць.
Убачыўшы такое маё безвыходнае становішча, мясцовы святар, які жыў па суседстве, параіў мне пайсці ў святары. Гэта прапанова здалася мне спачатку такой недарэчнай, што я яе катэгарычна адкінуў. Аднак пазней, змушаны жыццёвымі абставінамі, пачаў задумвацца і нарэшце паехаў у Менск да мітрапліта Піцірыма. Гэта, аказалася, быў чалавек вялікай душы, ён зразумеў мяне. Вельмі ветліва прыняў і накіраваў на падрыхтоўчыя курсы ў Жыровіцкі манастыр, дзе я прайшоў самыя неабходныя азы тэорыі і пры дапамозе манахаў найпрасцейшую практыку. Вучоба працягвалася два месяцы, пасля чаго я атрымаў пасаду.
Трэба адзначыць, што дагэтуль я амаль зусім не вывучаў рэлігію. У нашай настаўніцкай семінарыі багаслоўе выкладаў рымска-каталіцкі ксёндз. На нашым курсе толькі я і яшчэ два мае калегі былі праваслаўнай веры, на ксяндзоўскіх уроках мы не прысутнічалі, а праваслаўны святар для нашай навучальнай установы не быў прадугледжаны. А пасля заканчэння семінарыі, калі прыйшлося афармляць дыпломы, наш класны кіраўнік аб'явіў нам, што не можа выпісаць нам дыпломаў, бо ў нас няма ацэнак па рэлігійных дысцыплінах. На пытанне, што нам рабіць, ён сказаў : "Звярніцеся да святара, які мае права выкладаць гэты прамет у сярэдняй школе. Ён вас праэкзаменуе за ўвесь курс, дасць вам даведкі, на падставе якіх і будуць аформлены вашы дыпломы".
Гэта была праблема, якая неспадзявана для нас вырашылася вельмі проста. Сястра аднаго з нас (Міхася Гарбунова з вёскі Літва Маладзечанскага раёна) была замужам за святаром, прэфектам Дзісненскай гімназіі. Мы скамунікаваліся з ім, і ён свайму швагру і нам, ягоным сябрам, выдаў даведкі без экзамену.
Такім чынам новая мая прафесія патрабавала ад мяне шмат намаганняў. Жыццё прымусіла нагнаць тое, што не было зроблена ў адпаведны час.
Пасля заканчэння курса і рукапалажэння ў сан іярэя (святара) я атрымаў накіраванне на пасаду настаяцеля царквы ў вёсцы Міжэвічы Слонімскага раёна. Здарылася гэта 30 верасня 1947 года. Царква там невялічкая, драўляная, але ўтульная і стараннна дагледжаная. Парафіяне прынялі мяне і маю сям'ю вельмі сардэчна, і хоць гэта быў цяжкі пасляваенны час, акружылі новага святара і яго сям'ю шчырай клапатлівай апекай. Хутка справілі наваселле мы ў новай хаце. Жыццё наладжвалася, я пачаў звыкацца са сваім новым становішчам і новымі абавязкамі, якія стараўся выконваць добрасумленна, паводле статуту.
У студзені 1949 года пастановай мітрапаліта я быў пераведзены ў Докшыцы Віцебскай вобласці. Гэта было павышэнне - і адмаўляцца ад яго было нельга.
У новай парафіі ўсё аказалася большага маштабу - і царква, і кватэра. І абсяг дзейнасці. Але сюды я прыехаў ужо нядрэнна падрыхтаваным, і праца была мне цалкам па сіле. Толькі тут я аказаўся на вачах мясцовага начальства, якое амаль з першых дзён пачало рабіць мне адразу дробныя непрыемнасці, а пасля канфіскавала царкоўны дом і выжыла мяне з нанятай кватэры. Прыйшлося перабрацца ў цесную хаціну на ўскрайку горада. Але і тут давялося пажыць не доўга. 24 лістапада 1950 года ўваліліся ў нашу хатку няпрошаныя госці, ператрэслі ўсе нашы шмуткі і паперкі і, хоць нічога крамольнага не знайшлі, вывелі мяне з хаты, загадалі ўзяць рукі назад, не азірацца і ісці, куды загадаюць.
Укінулі мяне ў цесны падвал раённай турмы, дзе пратрымалі больш за суткі, а пасля ўначы, звязаўшы рукі сухім калючым cкуратом-супонню, завезлі ў грузавіку на станцыю Парафіянава, а адтуль цягніком у Полацк. Там трымалі мяне ў так званым "боксе" (шафа з акенцам пад столлю) трое сутак. Пасля чаго, зноў жа ўначы, усклаўшы на рукі жалезку, завезлі цягніком у Менск. З вакзала ў турму везлі ў закрытым фургоне ("чорным воране"). У турме абмацалі з ног да галавы (каторы ўжо раз!), а пасля турэмны "цэрбер" з сяржанцкімі пагонамі забраў у мяне папругу і вялікім нажом, лязо якога было не менш за паўметра, абрэзаў усе гузікі; расхрыстаны, трымаючы ў жмені штаны, я апынуўся ў адзіночнай камеры.
У першую ж ноч пачаліся допыты. Ад следчага я даведаўся, што я шпіён, дыверсант, нацыяналіст, што збіраў групу, мэтай якой было адарваць БССР ад Савецкага Саюза, што ў час акупацыі супрацоўнічаў з немцамі і добраахвотна разам з імі ўцякаў у Германію, што схаваўся ад адказнасці за ўсе злачынствы пад святарскую расу і гэтак далей...
Праз месяц са змрочнай адзіночкі перавялі мяне ў круглую турму, так званую "амерыканку", якая знаходзіцца ў двары будынка Міністэрства ўнутраных спраў і КДБ. Тут у камерах сядзела па 2-4 чалавекі, між якімі, як я пасля даведаўся, часта знаходзіўся такі, што па-сяброўску выпытваў або выслухоўваў аднакамернікаў і, каб заваяваць спагаду ў свайго следчага або проста завербаваны, даносіў пачутае, куды яму загадвалі. З такімі стукачамі прыйшлося пазней сустрэцца не раз і на перасылках, і ў лагерах.
Следства вялося выключна ўначы (ад адбою да пад'ёму), а ўдзень нельга было - пад пільным вокам наглядчыка - зажмурыць вачэй. І толькі калі зняволены, ушчэнт знясілены бяссоннем, валіўся з ног, тады давалі яму адну ноч адпачынку, а пасля зноў выбівалі рознымі спосабамі патрэбныя ім паказанні. А допыты ж вяліся заўсёды ў павышаным тоне з пагрозамі, з бессаромнай лаянкай і частым рукапрыкладствам.
У такіх умовах давялося мне прабыць у менскай следчай турме больш года, і толькі ў снежні 1951 года аб'явілі (без суда), што рашэннем "особого совещания" я пакараны дзесяцігадовым зняволеннем у "исправительно-трудовых лагерях строгого режима". На наступны пасля гэтага дзень мяне перавялі ў гарадскую турму на вуліцы Валадарскага.
Адгэтуль, пасля тыднёвай адсідкі ў агульнай перапоўненай камеры, мяне разам з вялікай групай такіх, як і я, зняволеных (вядома, уначы) загналі на вакзале ў так званы "сталыпінскі" вагон, які звонку адрозніваецца ад звычайнага пасажырскага хіба толькі кратамі на вокнах, але з'яўляецца турмой на колах. Груба ашукаецца той, хто спадзяецца больш-менш па-людску падарожнічаць у такім вогоне. Язда ў "сталыпіне" - гэта кашмар, якога не прымяняюць, напэўна, і чэрці ў пекле. У купэ на 8 сядзячых месц канваіры набіваюць да 30-ці чалавек. Прыходзіцца стаяць так сціснутым, што нельга паварушыць ні рукой, ні нагой, духата адурманьвае, абяссільвае, людзі трацяць прытомнасць, і некаму ім аказаць дапамогу. Ні крыкі, ні стогны запёртых у гэты катух спачування не выклікаюць.
Так мы даехалі да Масквы, дзе зноў жа ўначы выгналі нас з вагонаў і, набіўшы, як селядцоў, у фургон з надпісам "Хлеб", павезлі па горадзе. Так трапіў я ў велічэзную турму, якая, паводле чуткі, знаходзілася (і існуе дагэтуль) у цэнтры горада на Чырвонай Прэсні. Заштурхнулі мяне ў вялікую камеру, у якой на двухпавярховых нарах, пад нарамі і побач на падлозе сядзела і ляжала не менш за сотню чалавек. У ноздры і горла ўдарыў кіслаедкі смурод, які спыніў мяне пры самых дзвярах. Памалу вочы прыгледзеліся да паўзмроку.
Шукаючы вачыма месца прыпынку, я пачуў паблізу голас з-пад нар з выразным літоўскім акцэнтам: "Ідзі, друг, сюда, тут ішчо адно места есць, а там фсё занята". Я паслухаў добрай рады і апынуўся на падлозе пад нарамі каля сцяны побач з пажылым сівым чалавекам. Як пасля аказалася, гэта быў ксёндз з нейкай парафіі з-пад Панявежыса. Прозвішча яго я не запомніў.
Неўзабаве я здагадаўся, чаму месца перад тым, як мне яго запрапанавалі, пуставала: побач стаяла велічная бочка-параша.
А ксёндз, між тым, казаў: "Нічаво, можна прывыкнуць. Тут хоць ляжаш на падлозе, а там далей і стаць няма дзе". Прыйшлося змірыцца і прывыкаць... а назаўтра зрання блатныя вырвалі ў мяне з-пад галавы клуначак - усё маё на той час багацце, распатрашылі яго і зніклі на верхніх нарах.
У гэтай сталічнай "образцовой" турме, дзе прыйшлося прабыць не менш двух тыдняў, асабліва даліся ў знакі клапы, якіх можна было згортваць жменяй... раздушаныя брудзілі адзежу і выдзялялі едкі смурод. Скаргі начальству на гэтую пошасць не давалі выніку.
Праз дзень нашу вялікую камеру выганялі на прагулку. Прагулачная пляцоўка, абведзеная высокім мурам, знаходзіцца на плоскім даху турмы, куды вядуць доўгія крутыя сходкі. Зняволеных, якія змушаны маршыраваць уздоўж сцен, ніхто не бачыць, і самі яны аглядаюць толькі мураваныя засценкі ды высокае неба.
З Масквы, пасля цяжкога падарожжа ў халодным "цялятніку", я апынуўся разам з тысячамі іншых таварышаў па нядолі ў Кіраве. Была сярэдзіна зімы, і мы вельмі пакутавалі ў неапальваных бараках перасылкі ад невыноснай сцюжы. Тут аднойчы зганялі нас у лазню пад ледзь-ледзь цёплы душ, надзяліўшы кожнага кавалачкам велічынёй са сціральную гумку чорнага смярдзючага мыла.
З Кірава вялікім спецыяльна абсталяваным эшалонам з таварных неабаграваных вагонаў перавезлі нас у Кемераўскую вобласць у мясцовасць Ольжэрас за высокую агароджу з калючага дроту з высокімі драўлянымі вышкамі для ахоўнікаў. У гэтай зоне было больш дзесятка вялікіх аднапавярховых і некалькі двухпавярховых баракаў з закратаванымі вокнамі.
У той жа дзень падзялілі нас на брыгады, замяніўшы наша адзенне на лагерныя бушлаты, целагрэйкі і ватнікі - усё паношанае, зацяганае і часцяком дзіравае з недахопам гузікаў. На ногі далі старыя падшытыя стаптаныя вайлакі. Пасля гэтага аб'явілі кожнаму з нас асабісты нумар. Раздалі белыя латкі і загадалі панашываць іх на целагрэйцы і бушлаце на грудзях насупраць сэрца і на плячах, на ватняй шапцы над ілбом, а таксама на штанах на левай калашыне вышэй калена. Тут жа выбілі кожнаму чорнай фарбай адпаведныя літары і лічбы. Я атрымаў нумар Н-447.
У бараках былі двухпавярховыя нары, складзеныя з тонкіх сасновых жэрдак, якія ляжалі няроўна і калолі бакі ляжачага нягладка абсечанымі сукамі.
На наступны дзень пасля міскі рэдкай баланды пагналі нас на працу. Паставілі пяцёркамі, пералічылі, аблятаючы ўсю калону некалькі разоў, загадалі ўзяцца пад рукі і пасля адчытання нязменнай формулы "шаг вправо, шаг влево считается побег, конвой стреляет без предупреждения", акружыўшы аўтаматчыкамі і сабакамі, пагналі па глыбокім снезе. Праз кіламетры 2-3 мы дабрылі да велічэзных шліхтаў бярвення, накрытага трохметровым слоем снегу. Заданне было - зняць снежнае покрыва, а пасля качаць бярвене ламамі і грузіць на пад'ехаўшыя лесавозы. Бярвенне было грубае і доўгае. Работа незнаёмае, дык не абышлося і без траўмаў, адмаражэнняў і мазалёў...
Вечарам накармілі той самай баландай з дабаўленнем лыжкі рэдкай поснай ячнай кашы.. спаць ляглі не распранаючыся (па прычыне холаду і каб не застацца без вопраткі ці абутку), адзежа сохла на нас, напаўняючы барак кіслым смуродам. На наступны дзень паўтарылася тое самае, і так працягвался да самае вясны. У брыгадзе было 38 чалавек, але брыгадзір і шасцёра прыбліжаных да яго зладзюг, так званых "законнікаў", не працавалі. Мы, рэшта брыгады, павінны былі выконваць нормы і за сябе, і за іх. А калі здаралася, што норму асілілі з надбаўкай, дык па дадатковай лыжцы кашы даставалася і тым абібокам.
Вясной пагналі нас выцягваць бярвенне, прыгнанае па рацэ да тартака. Складвалі яго ў вялікія шліхты або качалі да тартачнага транспарцёра. Апроч таго, пілавалі ўручную шпалы для чыгункі і вузкакалейкі, грузілі піламатэрыялы на аўтамашыны і г.д.
Ад непасільнай працы я пачаў занепадаць, дык мае таварышы прыклалі старанні, каб перавесці мяне ў іншую брыгаду. Памагла пасылка з дому...
Такім чынам я трапіў у брыгаду тынкоўшчыкаў і маляроў, у якой амаль выключна працавалі немцы Паволжа. Брыгадзірам быў таксама немец, чалавек спакойны і ўраўнаважаны. Тут я сустрэў зусім нечакана двух сваіх "землякоў". Адзін з іх быў Шаль, паляк, колішні галоўны інжынер шклозавода "Нёман", а другі семнаццацігадовы хлопец з Дзятлава Лёня Мазура, з якімі я зразу пасябраваў.
У гэтай брыгадзе працаваць было лягчэй (пераважна пад дахам), не было тут блатных і менш часу даводзілася быць пад нядрэмным вокам руплівых наглядчыкаў. Будавалі мы так званы шахткамбінат для новаадкрытага радовішча каменнага вугалю. Я стаў падсобнікам тынкоўшчыкаў.
У гэтым Камышлагу давялося прабыць каля трох гадоў. У красавіку 1954 года нас перакінулі ў Омск на будаўніцтва нафтаперагоннага завода. Лагер тут быў яшчэ большы і ўмовы існавання адпаведна цяжэйшыя. Нам давялося пачынаць амаль з нуля - і будаваць баракі пад уласнае жыллё, і капаць катлаваны пад падмуркі запраектаванага завода. Работы не спыняліся і ў самыя лютыя маразы.
Ад лагера да аб'екта працы быў выгараджаны доўгі калідор з высокіх слупоў, абцягнутых калючым дротам. Па гэтым калідоры ганялі на работу калоны зняволеных, а за дратамі адначасова беглі аўтаматчыкі і сабакаводы з грознымі аўчаркамі на павадках. Зона будоўлі была абнесена моцнай агароджай з вышкамі.
У пачатку 1955 года значную частку омскіх лагернікаў перавезлі ў Джэзказган на медныя руднікі. У гэты транспарт трапіў і я. Тым часам, пасля смерці Сталіна, лагерны рэжым памалу мякчэў, і лагернае начальства, клапоцячыся аб нашым перавыхаванні, рашыла паказваць нам патрыятычныя кінафільмы. Аднойчы, калі на пачатку кінасеанса пачалі круціць кіначасопіс і паказалі Омскі нафтаперапрацоўчы завод, а каментатар сказаў, што аб'ект быў збудаваны ў вельмі кароткі тэрмін сіламі ленінскага камсамолу, у зале падняўся небывалы вэрхал. Зняволеныя пачалі тупаць нагамі, свістаць і крычаць: "Ложь! Пропаганда! Обман! Мы строили, а не комсомольцы!..." Уміг было ўключана святло, у залу ўварваліся наглядчыкі і ўсіх разагналі. На гэтым культпрасветная дзейнасць нашых апекуноў закончылася.
У Джэзказгане прыйшося папрацаваць і ў глыбінях шахты, і (пасля цяжкога прыступу, выкліканага запаленнем нырак) на паверхні.
У чэрвені 1956 года прыбыла ў наш лагер камісія Вярхоўнага Савета СССР, якая пачала пераглядаць справы зняволеных. Быў выкліканы і я, і 5 ліпеня 1956 года атрымаў даведку, у якой значылася, што "освобожден со снятием судимости".
А праз увесь час майго зняволення сям'я мая гаравала і мусіла зносіць здзекі і абразы.
Жонку на працу не прымалі, некалькі разоў выклікалі яе адпаведныя ўлады і змушалі аформіць са мной развод і перайсці на сваё дзявочае прозвішча. Старэйшая дачка ўладкавалася на працу ў калгас рахункаводам. Але праз некаторы час была звольнена без ніякай матывіроўкі. Малодшая дачка выдатна здала экзамен у настаўніцкі інстытут, але правучылася там толькі адзін месяц, пасля чаго была выключана. Жылі яны пры маіх старэнькіх бацьках у маленькай цеснай хаціне ў вёсцы Люташ Валожынскага раёна. Жонка зарабляла трохі шытвом, вязаннем, і сям'ёй працавалі на калгасных сотках.
У гэты час насцігла іх яшчэ адна бяда. Наш сын пайшоў першы раз у школу, але, правучыўшыся некалькі тыдняў, вельмі моцна абварыўся кіпнем. Лячыць прыйшлося дома, выздараўленне цягнулася доўга - не хапала лекаў і сродкаў на іх. А ў старэйшай дачкі абвастрылася хвароба каленнага сустава, дайшло да таго, што ўжо зусім не магла хадзіць...
Вярнуўшыся дадому, я павінен быў як найхутчэй знайсці працу, але пра маю даўнейшую прафесію (настаўніка) нельга было нават марыць - на перашкодзе стаяла сапсутая біяграфія.
Пасля двухмесячных бясплённых пошукаў і надзей, я зноў падаўся да мітрапаліта, які з уласнай ініцыятывы пад час майго зняволення падтрымоўваў матэрыяльна маю сям'ю. 29 верасня ён даў мне накіраванне ў вёску Галавачы Скідзельскага раёна, зазанчыўшы, што накіроўвае мяне туды часова. І 3 кастрычніка 1957 года я быў пераведзены ў Петрыкаў.
Два першыя гады жыцця ў Петрыкаве прайшлі ціха і адносна спакойна. Дочкі ўжо былі замужам, мы заставаліся толькі з сынам, які хадзіў у гарадскую сярэднюю школу. Да сваёй працы я прывык, зжыўся з людзьмі і карыстаўся аўтарытэтам сярод насельніцтва горада і раёна, на добрым уліку быў і ў свайго духоўнага начальства. Некаторы час быў дабрачынным Жыткавіцкай царкоўна-адміністрацыйнай акругі (пазней гэта дабрачынне было загадам мітрапаліта скасавана). Атрымаў усе магчымыя, звязаныя са стажам, епархіяльныя ўзнагароды.
І вось зноў, зусім для нас нечакана, зацікавіліся мною органы КДБ. Пачаліся выклікі ў гарсавет і райкам, спачатку зрэдку днём, а пасля штораз часцей і па начах. У адрозненне ад турэмных допытаў, дзе вёў следства адзін следчы, тут маёй апрацоўкай займаліся адначасова два, а то тры і больш чалавек. Спярша гутарка ішла пра час зняволення, пра лагерныя ўмовы і пра знаёмых і незнаёмых мне былых зняволеных і незняволеных. А калі я пачаў адмаўляцца ад паказанняў, мне сказалі, што мая справа не закончана, што яна можа быць, калі я буду паводзіць сябе неадпаведна, узноўлена. Нарэшце яны адкрылі мне сваю мэту: я павінен быў адмовіцца ад сану і публічна, праз прэсу, ахаяць рэлігію. Прыйшлося выкручвацца і змагацца ўсякімі спосабамі. Мае апекуны гвалтоўна не налягалі. Пасля кожнай "апрацоўкі", якая каштавала нямала здароўя, яны, адпускаючы мяне, раілі сур'ёзна задумацца над іхняй прапановай, задумацца над лёсам сям'і...
Праз некаторы час перайшлі ад запалохванняў да абяцанак, казалі, што я магу атрымаць настаўніцкую працу ў Гомелі або ў Рэчыцы. Абяцалі кватэру і добрую зарплату. Гэта быў час, калі многія святары (вядома, не па ўласнай ініцыятыве) пакідалі сан і аб'яўлялі пра гэта ў прэсе. Гэтага ж патрабавалі ад мяне. Бралі зморам. Нарэшце ў гэту акцыю быў уключаны і ўпаўнаважаны па справах культаў па Гомельскай вобласці, які сваю справу зрабіў. Прыдраўшыся да таго, што на свята Прэабражэння служба ў царкве не была закончана, як ён загадаў, да 11 гадзін, адабраў даведку - права выконваць абавязкі царкоўнаслужыцеля ў дадзенай вобласці.
Такім чынам з Петрыкавам прыйшлося развітацца, але, ад'язджаючы, я сказаў, што ніякага майго адрачэння ў прэсе не будзе. "Тады, - сказаў упаўнаважаны Патапаў, - на атрыманне добрай працы не разлічвай".
У гэты ж час паступілі трывожныя весткі з дому і прыспешылі наш выезд. Цяжка хварэлі нашы маці - мая і цешча, якая памерла ў той жа дзень, калі мы прыехалі дамоў.
І вось мы зноў апынуліся ў старэнькай бацькавай хатцы. Сын пайшоў за 3 кіламетры ў школу, жонка пачала клапаціцца аб маіх знямоглых бацьках, а я пачаў стукаць у розныя інстанцыі ў пошуках працы. Тыя, што мне яе абяцалі, больш не з'яўляліся, яны сваё зрабілі, атрымалі прэмію за вынікі сваёй працы і засталіся сядзець у Гомелі ці Менску, цяпер ужо я ім не быў патрэбен.
Ходзячы ў ролі прасіцеля, я сустрэўся і з бюракратызмам у самай махровай форме, і з абыякавасцю, і са зларадствам. Даўнейшыя знаёмыя не заўсёды мяне пазнавалі, вакол мяне склалася шмат плётак, домыслаў і перасудаў.
Больш за паўгода прыйшлося пахадзіць у еспрацоўных. І толькі вясной наступнага, 1963 года прынялі мяне на працу ў Вішнеўскую СШ настаўнікам нямецкай мовы і малявання. Жыллё далі ў старым мураваным будынку - сыры і халодны пакой.
І тут спачатку справы складваліся нядрэнна. Я ўліўся ў настаўніцкі калектыў, хутка заваяваў аўтарытэт, як у дарослых, так і ў моладзі. Аднак па меры таго як умацоўваліся ў школе мае пазіцыі, пачаліся супраць мяне інтрыгі з боку дырэктара. Гэты тупалобы сталінец з былых тарбахватаў, якія называлі сябе партызанамі, паводзіў сябе пыхліва і самаўпэўнена і не мог зносіць побач з сабой таго, хто ведаў за яго больш і асмельваўся быць іншай думкі, чым ён. Апроч таго, у школьныя справы нахабна ўмешвалася ягоная жонка-клікуша, якая не мела ніякага дачынення да школы. Пасля маёй крытычнай заўвагі на гэтую тэму на мяне абрынуўся іхні неабмежаваны гнеў. Пачаліся дробныя пакасці адносна мяне і маёй жонкі, а пазней наогул жыць стала немагчыма. Апроч таго, пайшлі даносы на мяне ўва ўсе магчымыя інстанцыі - у КДБ, райкам, райвыканкам і нават у Саюз пісьменнікаў, калі выйшла з друку мая першая кніжка "Замкі і людзі".
Вынікам гэтай пісаніны было тое, што, пасля шэрагу праверак, пастаўлены быў другі дырэктар школы. Аднак той самадур не супакоіўся і далей праводзіў сваю брудную інтрыгу супраць мяне. Па яго ініцыятыве была ўведзена ў школе французская мова, каб пазбавіць мяне навучальных гадзін. Мая зарплата знізілася да 45 рублёў у месяц, бо пачалі мне залічваць мінімальны стаж (толькі ў савецкай школе) і толькі за сярэднюю педагагічную адукацыю, а не як спачатку - за няпоўную вышэйшую. Не прызнавалі ўрэшце за мной права выкладаць нямецкую мову і гэтак далей...
А тым часам у 1965 годзе я паступіў у Менскі педінстытут імя М. Горкага на завочны факультэт беларускай мовы і літаратуры, а пазней на Маскоўскія курсы "Ин-Яз" на аддзяленне нямецкай мовы і ў 1970 годзе прад'явіў сваім паклёпнікам зараз два дыпломы. Гэта іх збянтэжыла, але ненадоўга. Інтрыгі не спыняліся, дык змушаныя створанымі нам невыноснымі ўмовамі ў школьнай кватэры, мы купілі ў Вішневе старую хату і перасяліліся ў яе.
У 1974 годзе мне прыйшлося пайсці на пенсію, якую налічылі ў суме 53 рублёў 15 капеек.
На заканчэнне - некалькі заўваг пра маю літаратурную дзейнасць. Пісаць пачаў яшчэ будучы студэнтам настаўніцкай семінарыі. Працягваў, працуючы настаўнікам. Аднак усе тыя спробы пяра загінулі ў час вайны. У друк трапіла толькі тое-сёе ў 1939-1941 гадах.
У польскіх часопісах з'явілася некалькі маіх артыкулаў на педагагічныя тэмы, а пасля аб'яднання Беларусі ў Валожынскай раённай газеце "Іскра" друкаваліся мае вершы і нататкі на розныя тэмы.
У лагеры, выпадкова сутыкнуўшыся са зборнікам твораў А. Міцкевіча, я пераклаў на беларускую мову яго паэмы "Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод" і "Гражына".
Пазнейшым часам пераклаў і шэраг іншых яго твораў. Ароч таго, перакладаў вершы рускіх, польскіх, нямецкіх, славацкіх, украінскіх, літоўскіх і іншых паэтаў. Пісаў і ўласныя творы. У 1968 годзе выйшла мая паэма "Замкі і людзі", у 1984-м - кніга "Паэмы", у 1989-м - пераклад аповесці Ю.І. Крашэўскага "Хата за вёскай". Публікаваліся мае вершы і пераклады ў альманаху "Далягляды" за розныя гады і ў розных газетах і часопісах Беларусі. У 1990 годзе выйшла кніга "Дзве вайны". Членам Саюза пісьменнікаў БССР з'яўляюся з 1985 года.