Паэтэса, грамадскі дзеяч і публіцыст Алаіза Пашкевіч (1876-1916) нарадзілася ў фальварку Пешчын у шляхецкай сям'і, але ранняе дзяцінства прайшло пад апекай бабулі Югасі ў суседняй вёсцы Тарэсін, у маёнтку Стары Двор.
Сям'я Пашкевічаў складалася з маці Ганны з Вызгаў, бацькі Стэфана Пашкевіча, старэйшай сястры Стэфаніі, сясцёр Зосі, Караліна і Алаізы, братоў Войцаха і Язэпа.
Пры канцы лістапада 1914 г. "Наша Ніва" піша пра беларусаў на вайне, у тым ліку і пра Язэпа Пашкевіча, афіцэра з Лідскага павета [1], роднага брата Алаізы Пашкевіч (Цёткі). А ў лютым 1915 г. газета на першай старонцы друкуе некралог "Памяці Юзюка Пашкевіча", напісаны Антонам Луцкевічам [2].
У 1915 г. Алаіза Пашкевіч прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школаў і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў, як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку. У 1916 г. памёр яе бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.
Муж паэтэсы, інжынер Стэпонас Кайрыс успамінаў пра сям'ю сваёй жонкі: "Алаіза Пашкевічанка, ... нарадзілася і вырасла ў Старым Двары, Васілішскай воласці, Лідскага павета Віленшчыны, на бацькавай гаспадарцы блізу ў 100 гектараў. ... Ейныя два браты, Войцах і Язэп Пашкевічы, абодва афіцэры Маладзечанскага пяхотнага палка, нежанатыя, мелі супольнае памяшканне на Сніпішках. Братоў наведвалі прыездам з правінцыі старэйшая сястра Стэфанія і маладзейшая Караліна. Наймаладзейшая Цётчына сястра - Зофія - паказвалася тады ў Вільні рэдка. У братоў жыла і Алаіза. Паводле нацыянальнай сведамасці Цётчына сям'я была неадналітная, а адначасна і своеасабліва "тутэйшая". Хатняя мова была польская, польская таго асаблівага характару, які яна мела ў дробнай шляхты Летувы і Беларусі, і на які гэтак своеасабліва ўплывалі сінтаксіс, вымова і слоўнік мясцовых моваў. Цётчына маці была пад найбольшым уплывам польскай культуры. Старэйшая сястра Стэфанія была "па-панску" настаўленая і выразна аддавала першыню польскай мове. Прыхільнасць да польскай культуры выяўлялі брат Войцах і сёстры Караліна ды Зофія. Найбольш за ўсіх з беларускай вёскай і беларускай мовай зросся Цётчын бацька і ейны брат Язэп. Дзейнай падтрымкі сваёй беларускай нацыянальнай працы ад чальцоў сваёй сям'і Цётка не мела. Але і ейны ўдзел у беларускім руху не ўважаўся ў сям'і за нейкае няшчасце" [3].
Перакладаючы і рыхтуючы да друку рукапіс "Высяленне ў Казахстан у 1940 г. значнай часткі жыхароў Лідскага павета" лепшага знаўцы гісторыі Ліды Міхала Шымялевіча, копію якога атрымаў з фонду Асалінскіх у Вроцлаве, я знайшоў кароткую інфармацыю пра лёс старэйшай сястры Цёткі Стэфаніі і брата Войцаха. Старэйшая сястра Цёткі ва ўзросце 80 гадоў была выслана ў Палудзенскі раён Казахстана.
У другой палове 1941 г., калі Сталін дамовіўся з лонданскім польскім урадам пра фармаванне на тэрыторыі Савецкага Саюза польскай арміі, для ссыльных у Казахстан пачаўся перыяд адноснай лібералізацыі. Ссыльны Міхал Шымялевіч, як чалавек з вышэйшай адукацыяй, быў прызначаны прадстаўніком польскай амбасады ў Палудзенскім раёне Казахстана - раёне, у якім жыла значаная частка ссыльных лідзян. Шымялевіч вёў адмысловыя спісы выселеных лідзян, і за гэта ў 1943 г. ва ўзросце 64 гадоў у дадатак да ссылкі гісторык атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1948 г. ён быў памілаваны і выехаў да сваёй сям'і ў Сопат, дзе ў 1950-я гг. аднавіў свой спіс у шмат сотняў чалавек і дэпанаваў у фондзе Асалінскіх.
Міхал Шымялевіч - сябар Таварыства беларускай школы быў добра абазнаны ў беларускай культуры, і таму ён адразу заўважвае, што Стэфанія Сапоцька (1860 г.н.) - гэта старэйшая сястра Алаізы Пашкевіч: "Стэфанія паходзіць з ваколіцы Пешчын Васілішскай гміны, з дому Пашкевіч. Была замужам за Сапоцькам ў фальварку Шымкаўшчына Сабакінскай гміны. Удава. Яе малодшая сястра Алаіза Пашкевіч, у замустве Кайрыс, знаная беларуская паэтка з псеўданімам "Цётка" з віленскіх "Нашай Долі" і "Нашай Нівы", якая памерла ў часы Першай сусветнай вайны" [4]. Маючы больш за 80 гадоў, тым не менш Стэфанія Сапоцька ў ссылцы працавала вартаўніком у калгасе. У 1946 г. выехала ў Польшчу.
Інфармацыю пра Войцаха Пашкевіча, Шымялевіч падае са слоў сястры, бо яго не было ў Казахтане: "Войцах Пашкевіч, 1872 г.н., падпаручнік рускага войска, жыў у Катлове пад Вільняй, у Рудамінскай гміне. Арыштаваны ў 1939 г., загінуў" [5].
Дадатак
Памяці Юзюка Пашкевіча [6]
Ешчэ адна ахвяра вайны - колькі іх усяго?! "Юзюк Пашкевіч - падпаручнік ... палка - 10.02.1915 г. аддаў душу, баронячы Гродна" ...
Гэткі кароткі надпіс зроблены на магіле добра вядомага віленскім беларусам падпар. Пашкевіча, пахаванага да часу ў Гродні.
Неяк не пашанцавала яму ад самага пачатку вайны.
28 жніўня яго ранілі ў Прусіі: прастрэлены былі рука і нага, кантужана галава.
Лячыць павезлі ў родны горад - Вільню, дзе паў жыцця пражыў.
Не паспеў зусім паправіцца, вярнуць сілы - 18 лістапада ізноў паехаў на пазіцыі. 28 сьнежня пісаў аттуль:
"Як толькі прыехаў, то зара атрымаў роту і ўжо ею камандую трэці месяц. Людзі вельмі добрыя і любяць мяне, бо як пачулі, што мяне хочуць перавясці ў другую роту, то прасілі не пакідаць іх ... Яны знаюць, што за іх плечы не схаваюся, як будзе туга, і каждую мінуту могуць забіць ..."
Бытцам напрарочыў сабе ...
10-га лютага - ужо будучы пад Гроднам - загадалі Пашкевічу вясьці роту ў атаку. Пайшоў сам наперадзі.
Ішлі па голым полі. Разам затрашчэлі кулямёты, засыпалі ўсіх градам куль. Прастрэляны ў трох мейсцох - у грудзі і ў жывот, падпаручнік Пашкевіч упаў на зямлю першы. І ўжо не ўстаў.
Салдаты пахавалі яго недалёка ад таго мейсца, дзе ён душу аддаў. Тры дні на тым полі ішоў бой, тры дні лілася йшчэ кроў ...
Дайшла сумная вестка да Вільні. Тутака лечыцца брат нябошчыка - капітан Вацюк Пашкевіч, жыве сястра яго - міласэрдзя ў заразным бараку. Яны ў двох с прыяцелем забітага паехалі ў Гродно - шукаць цела.
Знайшлі скора: салдаты с сьлязьмі ў вачах вялі іх і выкапывалі з магілы забітага камандзіра, каторы паказаў, што папраўдзі ніколі за іх плечы не хаваўся, заўсёды быў пры іх, думаў аб іх.
А пад той час за чвэрць вярсты - бытцам страшэнная музыка - грымелі гарматы, разрываліся шрапнэлі.
Цела пакуль-што пахавалі ў Гродні - ля капліцы. Пасля павязуць у Лідскі павет, дзе Пашкевіч радзіўся, дзе йшчэ цяпер жывуць бацькі яго старэнькія.
А яго гэтак цягнула да сабе родна зямліца. Заўсёды думаў, што пасьля вайны пакіне службу і сядзе на родны загон - між сваім народам, каторы гэтак любіў. Юзюк Пашкевіч заўсёды быў шчырым беларусам, ад роднай мовы не адрэкаўся. Заўсёды гаварыў ёй, пісаў па беларуску.
Тут, у Вільні, бываў усюды, дзе зьбіраюцца беларусы. Між імі чуў сябе найлепей.
У роднай старонцы сьмерць яго спаткала. На сваей зямлі косьці злажыў.
Не судзіла яму доля прыждаць лепшых часоў, ясьнейшай будучыні Беларусі, у каторую шчыра верыў.
Хай жа будзе яму лёгкай гэта зямліца родная, мілаваная!
[1] Наша Ніва № 47, 27 лістапада 1914.
[2] Наша Ніва № 7, 21 лютага 1915.
[3] Кайрыс С. З маіх успамінаў пра Цётку // На суд гісторыі. Мн., 1994. С. 12. 15-16.
[4] Michal Szymielewicz. Wysiedlenie do Kazachstanu w r. 1940 znacznej czesci mieszkancow powiatu Lidzkiego // Fundacja-Zaklad narodowy im. Ossolinskich. Katalog Rekopisow akcesyjnych Akc. 26/56. S. 80.
[5] Там жа.
[6] Наша Ніва №7, 21 лютага 1915.