Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Пісьменнік Юзаф Мацкевіч пра магілу Алаізы Пашкевіч у газеце 'Слова', 1938 г. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-01-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Пісьменнік Юзаф Мацкевіч пра магілу Алаізы Пашкевіч у газеце 'Слова', 1938 г. і яшчэ трошкі пра сям'ю Алаізы // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 42–46.

Спампаваць




Раз за разам вяртаючыся да заходнебеларускай прэсы, выпадкова знайшоў наступную зацемку ў газеце "Беларускі фронт":

"Яшчэ аб памятніку па Цётцы.

У справе памятніка ў сакавіку зьмясьціла вялікі рэпортаж "Slowo" (7.03) пяра Язэпа Мацкевіча, каторы быў на месцы і грунтоўна зазнаёміўся з справай. Аказваецца, што памятнік, які меў беларускі напіс, некаму не падабаўся. Каму - трудна згадаць - піша Я. М., можа старасьце, можа паліцыянту, каморніку, войту - і ў рэзультаце прышла ў гміну папера ад шчучынскага старасты: памятнік у працягу трох дзён павінен быць зьнесены. Гэтакую апінію выдаў кансэрватарскі ўрад, бо быццам памятнік не эстэтычны...

Помнік на магіле Алаізе Пашкевіч, фота з газеты 'Слова', 1938.

Гэтак піша "Słowo". Ад сябе адзначым, што цяпер, калі ў абарону выступіла "Słowo", магчыма памятнік ня будзе зьнесены. Калі б гэтак сталася, "Słowo" належыцца падзяка ад бел. грамадзянства. …"

Беларускі фронт. 1938. № 4 (26), 5 красавіка.


Потым пашукаў і знайшоў яшчэ і наступныя зацемкі:


"Помнік на магілу Цёткі

… беларускай паэткі і рэвалюцыянеркі Цёткі, ад смерці, якой сёлета мінае 20 гадоў. Пры гэтай нагодзе была парушага справа памятніка на яе магілку ў Новым Дварэ Шчучынскага павета. Вось-жа ў студні месяцы сёлета адведала рэдакцыю сястра Цёткі, грам-ка Сапоцьчыха і паведаміла, што яна ўжо заказала памятнік на магілку Цёткі і што будзе ён гатовы сёлета вясной. Ад адкрыцці помніка пастараемся паведаміць пасьля".

Шлях Моладзі. 1936. № 1.


"Вечар пасьвячаны Цётцы

З прычыны прападаймых сёння 20-тых ўгодкаў смерці Цёткі, Віленскі аддзел Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, ладзіў у сваёй залі вечар, пасьвячаны памяці гэтай слаўнай беларускай дзеячкі і паэткі …"

Шлях Моладзі. 1936. № 11.


"У справе помніка Цёткі.

У прошлым годзе ў фальварку Стары двор Шчучынскага павета, быў пастаўлены помнік Цётцы, беларускай паэтцы, над яе магілай. Памятнік паставіла сястра Цёткі. Даведаўшыся, што лёс гэтага памятніка цяпер няпэўны …"

Chryscijanskaja Dumka, № 5 (153), 20 лютага 1938.


"Сумныя весткі аб памятніку Цёткі.

У мінулым годзе ў Старым Двары (Шчучынскі павет) беларускай вядомай паэтке Цётцы, сястра яе паставіла помнік з адпаведным беларускім надпісам … ходзяць чуткі, што кансерватарская ўправа дамагаецца, каб памятнік гэты быў зняты …"

Шлях Моладзі. № 6, 26 лютага 1938.


Я адразу пачаў чытаць нумар "Слова" з артыкулам пісьменніка Юзафа Мацкевіча (які праз нейкі час стане агульнавядомым, славутым пісьменнікам) і зразумеў, чаму не звярнуў на яго ўвагу раней - у артыкуле ні разу не згадваецца, чый гэта помнік. Ні разу.

Трошкі ніжэй падаю пераклад артыкула з невялікімі скаротамі. У артыкуле шмат цікавых фактаў пра старэйшую сястру Алаізы Кайрыс з Пашкевіч (Цёткі) - Стэфанію Сапоцьку (1860 г.н.) [1].

Вядома, што Стэфанія, вучылася ў Гародні на агранома. Яна не вельмі спачувала поглядам малодшай сястры Алаізы, яна была выхаваная на польскі манер і хацела заставацца полькаю, а палітыкі наогул не разумела і не хацела ў яе ўмешвацца. З артыкула Юзафа Мацкевіча, даведваемся, што Стэфанія была актывісткай руху патаемных польскіх школ. А яе малодшая сястра Алаіза ў той самы час усе свае сілы паклала на арганізацыю сярод сялянскіх дзяцей патаемных беларускіх школ. У 1911-1914 гг. на ўскраіне Вільні, у Нова-Вілейцы, каля станцый Яшуны і Беняконі на Лідчыне, а таксама на радзіме Цёткі пад Васілішкамі дзейнічалі патайныя беларускія школы. Дзейнічалі яны і ў іншых кутках Лідчыны.

Шмат работы ўклала Цётка ў арганізацыю беларускага дзіцячага прытулку ў Менску, а калі скончыліся грошы на яго ўтрыманне, дык частку дзяцей-сірот, Алаіза адправіла на сваю радзіму, у Стары Двор, пад апеку старэйшай сястры Стэфаніі. І старэйшая сястра трымала іх на сваім харчаванні, вучыла роднай беларускай мове.

Лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч, паведаміў, што ў 1940 г. старэйшая сястра Алаізы Пашкевіч ва ўзросце 80 гадоў была выслана ў Палудзенскі раён Казахстана. Шымялевіч - сябар Таварыства беларускай школы - быў добра абазнаны ў беларускай культуры, ён пісаў: "Стэфанія паходзіць з ваколіцы Пешчын Васілішскай гміны, з дому Пашкевіч. Была замужам за Сапоцькам у фальварку Шымкаўшчына Сабакінскай гміны. Удава. Яе малодшая сястра Алаіза Пашкевіч, у замустве Кайрыс, знаная беларуская паэтка з псеўданімам "Цётка" з віленскіх "Нашай Долі" і "Нашай Нівы", якая памерла ў часы Першай сусветнай вайны". Маючы больш за 80 гадоў, тым не менш Стэфанія Сапоцька ў ссылцы працавала вартаўніком у калгасе. У 1946 г. выехала ў Польшчу [2]. Памерла Стэфанія ў 1947 годзе ў Шчэціне ў багадзельні. Вось такі быў лёс роднай сястры класіка беларускай літаратуры.

Цікава, што Алаіза Пашкевіч была пахавана ў фальварку Шымкаўшчына, які належаў мужу яе сястры Сапоцьку. Юзаф Мацкевіч не згадвае гаспадара фальварка, і таму можна зрабіць выснову, што муж Стэфаніі да таго часу ўжо памёр.


Раскажу трошкі пра абставіны смерці Алаізы Пашкевіч (Цёткі), як пра іх расказвае Лідзія Арабей.

6 студзеня 1916 г. Алаіза атрымала з дому вестку, што ў бальніцы ў Лідзе памёр ад тыфу яе бацька, і таму адразу паехала на пахаванне. Аплаквалі бацьку толькі тры дачкі. Да гэтага часу адзін сын быў забіты, другі пасля ранення зноў ваяваў з немцамі, маці з дачкою Каралінай і з жонкаю брата Войцеха выехалі ў бежанцы, яны жылі ў Чавусах Магілёўскай губерні. Бацька не паехаў з маці ў бежанцы, бо не хацеў пакінуць гаспадарку, і да таго ж ён быў хворы, у яго адымаліся ногі.

Сястра Стэфанія адразу пасля пахавання вярталася ў Шымкаўшчыну, дзе жыла замужам. У Старым Двары заставалася адна сястра Зося. І Алаіза пасля пахавання бацькі захацела трошкі пажыць на радзіме, у сястры ў Старым Двары.

Але Цётка не магла проста ціха адпачыць у роднай хаце, яна пачала хадзіць па дварах, па хатах, лячыць людзей ад хваробы - ведала, як гэта рабіць, бо сама нядаўна працавала ў інфекцыйным бараку. Але не было медыкаментаў, у хатах не было належнай санітарыі, хворым часта не было чаго есці. Таксама ў гэты час Алаіза пачала збіраць статыстычныя звесткі для публікацыі аб матэрыяльным становішчы сялян.

Нядоўга давялося Цётцы змагацца з народнай бядою, бо яна сама захварэла тыфам. Адразу зразумела, адчула, што ўжо не ўстане, і папрасіла сястру, каб пахавала яе на радзіме і пасля гэтага хутка ўпала ў бяспамяцтва. Доктар-немец з Васілішак не дапамог, і ноччу з 4 на 5 лютага 1916 г., Алаіза Кайрыс (з Пашкевічаў) памерла. Памёр вялікі чалавек, незвычайная жанчына, памерла паэтка, палітык, гонар Лідчыны і ўсёй Беларусі. Пахавалі яе ў труне, якую зрабілі суседзі Казімір Вінча і Баляслаў Яхоўскі.

Родная сястра Стэфанія Сапоцька загадала выбіць на помніку сястры паэткі чатыры радкі з яе верша:

На магіле ўзыду дубам,

Пачну шаптаць братнім губам

Аб іх долі, аб свабодзе,

Стану песьняй у народзе!

У 1943 г. каля магілы Алаізы была пахавана яе родная пляменніца Феліцыя (дачка брата Войцеха) і яе сяброўка Аля. Дзяўчаты разам вучылася ў Віленскім універсітэце і да 1942 г. жылі ў Вільні. Калі пачаўся вываз моладзі ў Германію, сяброўкі пераехалі з Вільні ў вёску. Вечарам 27 красавіка 1943 г. да іх у хату зайшлі трое невядомых і расстралялі дзяўчат.

***

Як вядома, нічога карыснага не можа вырасці на пустым месцы, і таму нам трэба ведаць, чаму менавіта гэты, спрадвечны беларускі куток Лідчыны даў нам Алаізу Пашкевіч, Вацлава Іваноўскага з яго сястрой Аленай Скіндар з Іваноўскіх, Фелікса Стацкевіча і вялікую колькасць іншых вялікіх і славутых беларусаў. Думаю, уся справа ў тым, і славуты пісьменнік Юзаф Мацкевіч пацвярджае гэта, што гэтыя мясціны маюць вялікую гістарычную і культурную традыцыю, яны з'яўляюцца сапраўдным "сэрцам Вялікага Княства Літоўскага".

А зараз падаю свой пераклад гэтага цікавейшага артыкула выбітнага пісьменніка і журналіста Юзафа Мацкевіча. Заўважым, што структура артыкула ў нечым нагадвае артыкулы савецкіх часоў - першая палова артыкула пра вялікія поспехі, другая - пра асобныя недахопы. Гэта не дзіва, палітычны рэжым тагачаснай Польшчы ўжо не быў дэмакратычным, і трэба памятаць, што праз год, родны брат і галоўны рэдактар газеты "Слова" Станіслаў Мацкевіч (псеўданім - "Cat") за пазіцыю газеты на непрацяглы тэрмін нават патрапіць у Бяроза-Картузскі лагер.

"На працягу трох дзён знесці гэты помнік"! [3]

Юзаф Мацкевіч

Цэнтр Віленшчыны

На поўдзень ад Вільні ляжыць край, багаты не толькі матэрыяльнымі рэчамі, але і маральнай традыцыяй гісторыі. Вельмі старой, перажытай гісторыі. Тут ідзе галоўны тэрытарыяльны шлях для ўздыму Рэчы Паспалітай "абодвух народаў". Бо са старых часоў самы Помнік на магіле Алаізе Пашкевіч, фота з Radzima.org. важны палітычны шлях з Вільні да Кракава ішоў праз Эйшышкі, Радунь і г. д., а потым - і з Вільні да Варшавы [4] […].

І ў матэрыяльным сэнсе гэты край ніколі нізка не западаў. Гэта, у цэлым, самадастатковы край з не самай горшай зямлёй. Рынкі, якія адбываюцца ў Эйшышках ці Радуні, фэсты і кірмашы маюць такую ж традыцыю, як і праезды каралёў і розныя гістарычныя падзеі. Тут заўсёды было сэрца Вялікага Княства Літоўскага - на поўдзень ад Трок і Вільні, а не крэсы ці безуладнае гуляй-душа поле. Блізкае да сталіцы месца, законапаслухмянае, прачэрчанае трактамі. Хоць на шляху гэтых трактаў і ляжала Рудніцкая пушча, а пад Гародняй - ад Новага Двара да Астрыны - непраходныя Бярштанскія лясы.

Зараз гэты край ляжыць у трохкутніку дзвюх чыгунак Вільня - Гародня, Вільня - Ліда, а замыкае трохкутнік вялікая Варшаўская шаша. Па чыгунцы імчацца хуткія цягнікі, а па шашы едуць шматлікія лімузіны, а нават і аўтамабіль № 1 у Польшчы - прэзідэнта Масціцкага. І хаця край гэты зараз выглядае зусім па-іншаму…, але для Варшавы, можа, ён і ёсць крэсамі, а для нас застаўся цэнтрам, якім быў - такім і застанецца!

Край тыповы

Трэба лічыць гэты край важным тэрытарыяльна і палітычна. Сабраў ён у сябе ўсё важнае на малым адцінку, усё характэрнае для ўсіх "усходніх ваяводстваў". Тут этнаграфічная мяжа адступаючага пад напорам беларускай мовы летувіскага элемента. І тут навокал свеціць тыповая віленская польскасць шляхецкіх засценкаў і двароў. Мястэчкі поўныя яўрэяў, ганарыстыя касцёлы і малыя цэрквы з цыбулінамі. […] Край тыповы.

Эйшышкі і новая Радунь

[…] на рынку ў Эйшышках пабудавалі цукерню, якая выглядае грандыёзна. Заезджыя дамы, бензінавая калонка, рух.

У Радуні памёр стары цадзік [5]. "Ах, які быў чалавек! Такога больш не будзе! - кажуць яўрэі, пляскаючы языкамі і ківаючы галавой. - Ён не браў грошы, жыў як святы, слаўны быў на цэлы свет! - Гэта праўда". Ён памёр, і ўся Віленшчына памятае яго дасканалае пахаванне. Меліся нават на Радуньскіх ржышчах прымаць самалёты міжнародных капіталістаў. Самалёты ўсё ж не селі, але калі людзі ішлі за пахавальнай працэсіяй, цыліндраў на галовах было больш, чым бруку ў мястэчку.

- Ай, ай, вось гэта быў цадзік! Пакінуў 80-ці гадовага сына, шматлікую сям'ю і вялікую школу рабінаў. Але ўсё ўжо не тое.

Яўрэі наракаюць:

- Радунь - Мекка рабінаў, Тэль-Авіў старых ашкеназінаў зараз прыйдзе ў заняпад. Гэтак, як раней, не паплывуць даляры з Амерыкі. З 500 вучняў засталося 200, бо сын - не бацька!

Гэта праўда, але …

Але ў самой Радуні, у самым цэнтры, з пустацельнай цэглы будуецца цэнтр хрысціянскага кааператыва, і ў ім будуць крамы і вітрыны. Стаіць перад ім грузавое і фірмовае аўто з таварамі. А што мяне найбольш цешыць, дык тое, што туалет на тым самым рынку, пасярэдзіне мястэчка, у такім жаласным стане, у такім страшным занядбанні і брудзе, што бярэ страх, каб бургамістра не саслалі ў Бярозу [6]. Але гэта добры знак таго, што людзі ў нас адварочваюцца ад туалетаў і звяртаюць больш увагі на дамы для гандлю і жыцця. А не так, як у іншым месцы - хата ўжо валіцца, і толькі туалет, як палац. Бо ў рэшце-рэшт разуменне іерархіі інвестыцый - гэта наша самая вялікая балячка.

Бюракратычныя бар'еры развіцця

Пра ўсё гэта напісаў наўмысна, каб на гэтым тле засведчыць, што я не ёсць такім ужо бескампрамісным песімістам. Адзначу, што можна дзейнічаць разумна і пачціва і "цягнуцца ўверх" не толькі праз распырскванне вапны [7] ці падсыпанне пясочку перад прыездам інспекцыі з ваяводства, а і праз рэальныя справы для грамадства. Калі можна рабіць матэрыяльныя рэчы, гэта станоўча адаб'ецца і на маральны стан. Таму яшчэ раз паўтараю: не трэба саромецца і чырванець з-за памылак, не трэба з-за гэтага, каб не ганьбіцца, нічога не рабіць, а трэба выпраўляць памылкі.

Калі мы зараз успомнім, што гэты па-хуткаму апісаны мной край - яго ядро, яго цэнтр які злучаны з Вільняй і цягнецца да Вільні, але быў ад яе адарваны па левы бераг ракі Сольчы з не вядома з якіх палітычных ці гаспадарчых мэтаў, але толькі з-за бюракратычнага глупства, і далучаны да Наваградскага ваяводства - дык трэба змагацца з такім збачэннем здаровага сэнсу. І ніхто не павінен бачыць у гэтым дрэнныя, а павінен бачыць толькі добрыя намеры.

Калі ў гэтым самым, па-хуткаму апісаным мною краю, нейкі чыноўнік, ці група чыноўнікаў, па падказцы зверху, знізу, або саматужна, дазволіць сабе адносіцца да літары закону, да пастановаў і правілаў, гэтак жа, як гэта было зроблена ў адносінах да фальварка на тракце з Васілішак да Сабакінцаў [8], і пры гэтым яны будуць падмацоўваць свае паводзіны аўтарытэтам уладаў - дык такіх паноў трэба браць у цуглі прававой дзяржавы. Не хаваць паміж пальцаў тое, што нельга схаваць, тое, што расцякаецца, паўтараю, як па далоні праз плёткі, размовы, нараканні, скаргі і зласліваіранічныя ўсмешкі насельніцтва.

Калі мы павінны змагацца з бюракратызацыяй здаровага сэнсу, мы павінны яшчэ больш змагацца з бюракратызацыяй законнасці, якая ёй пагражае.

Таму не буду называць імёны і прозвішчы. Фактаў дастаткова, каб зразумець нахабства сістэмы, якая пануе ў нашай краіне.

Двор каля тракту

Каля тракту з Васілішак да Сабакінцаў стаіць двор. Драўляны і на падмурках.

Бяда.

За сцяной жыве арандатар, другая палова "халодная", не адчыняецца наогул. На ганку ляжаць дровы. Сені вялікія і пустыя. Святло толькі ў двух пакоях. Сабака не брэша, плот пахіліўся, дарожка да хаты зарасла травой. Кусты здзічэлі. У гэтых двух пакоях жыве бабулька. Узростам, успамінамі, маладосцю ўрасла ў перадваенныя часы, калі яна тайна трымала школку і па лясах спявала з дзецьмі "Божа, чаму Польшча". Сёння зласліва і горка іранізуе з тых часоў. Чаму?

Пераступае парог, але ўздымае галаву ўверх: на паддашку гучны тупат і гармідар, несамавітыя бойкі і піск.

- Можа, шчуры?

- Пацы, - спакойна адказвае бабулька і, каб стала сявятлей, падкручвае газавую лямпу.

Сядаем. Адзінае крэсла. Адзіная выява на сцяне - група вучаніц перадваеннай віленскай гімназіі Прозаровай [9]. Адзіная каштоўнасць, памяць і любоў бабулькі - гэта магіла яе сястры.

Слухаю.

Засталася толькі магіла сястры

Памерла ў 1916 г. і пахаваная на адмыслова выдзеленай, уласнай зямлі. Малыя могілкі асвяцілі два ксяндзы, на магіле паставілі драўляны крыж, які стаяў і нікому не замінаў 21 год.

У 1936 г. пашыралі дарогу да Васілішак і ўзялі частку маёнткавай зямлі (да гэтага часу не заплацілі за яе), такім чынам наблізіліся да могілак. Аднак, і сёння могілкі ляжаць на адлегласці 11 метраў ад дарожнага паса і не маюць з ім нічога агульнага.

У 1937 г. бабулька паставіла на магіле памерлай сястры ладны помнік у простым, тыповым для могілкаў стылі. Замяніла ім ўжо гнілы крыж, пасадзіла кветкі, упарадкавала ўсё навокал, бо ўсё, што мае дачыненне да сястры, паўтараю, гэта апошні сэнс яе жыцця.

"Некаму" помнік не спадабаўся

Але па тракце каля двара праязджаюць не толькі сяляне на гандаль … Помнік некаму не спадабаўся. Як найменей. Не ведаю каму: старасту, паліцыянтам, каморніку ці войту. Шмат маем чыноўнікаў. У любым выпадку сярод гэтых чыноўнікаў не было дзяржаўнага кансерватара. Падкрэсліваю гэта, каб зразумець далейшае.

Але некаму не спадабаўся. І ў студзені гэтага года (1938 г. - Л. Л.) бабульку выклікалі ў гміну. Там войт, не даўшы ёй у рукі, толькі прачытаў ліст шчучынскага старасты: гаспадыня павінна знесці каменны помнік.

- На працягу трох дзён, - сказаў войт - бо …

- Як гэта? Якім правам?! На сваёй зямлі, высвечанай ксяндзамі, праз 22 гады існавання магілы! Пан войт жартуе? Чыіх рук гэта справа? На літары якога закона грунтуецца пастанова?

- Здаецца … пана кансерватара [10].

"Не эстэтычны"

Па-праўдзе, кансерватар помніка ніколі не бачыў. Ці яму загадалі?

Пытаюся я ў віленскага кансерватара:

- Прашу паінфармаваць: ці трэба дазвол на ўладкаванне помніка на могілках?

- Не.

- Ну, дык справа чыстая.

Даведваюся, што віленскі адначасова з'яўляецца і наваградскім кансерватарам. Тады пытаюся ў яго, як звычайная справа дайшла да такога грунтоўнага інцыдэнту?

Пачухаў твар, задумаўся …

- А, так. Той помнік не эстэтычны.

- Што?!!!

- Вы яго бачылі?!

- Маю здымак …

Не абмяркоўваю пытанне пра эстэтыку, якое, відочна, штучна прыцягнутае.

- Што наогул вы можаце сказаць? Загадаў стараста? На якой падставе?

- Гэта … ёсць распараджэнне, што на публічных пляцах нельга ставіць помнікаў.

- Але гэта ёсць звычайнае надмагілле! На прыватных могілках, на прыватнай зямлі - бясспрэчнай уласнасці гаспадыні маёнтка!

- Так … хм … у такім разе трэба ўдакладніць, ці гэтая зямля і сапраўды - прыватная маёмасць.

Кожны ведае, што не слушна

І зноў, адклаўшы ў бок пытанне, што гэта - злая воля ці толькі памылка з-за нейкіх асабістых ці палітычных мэтаў, ці проста непавага да права, але дзеля гэтага крыжа, гэтага помніка працаваў цэлы бюракратычны апарат. Яго фатаграфавалі. Прыязджала камісія, усё вывучала, апытвала суседзяў. Кожны з чыноўнікаў ведаў, што робіць гэта незаконна, кожны ведаў, чыя гэта зямля ўжо шмат гадоў, што могілкі высвечаны, агароджаны, недалёка ад двара. І пры гэтым усе рабілі гэтую справу.

А хто ім за гэта плаціць? Гэтым чыноўнікам, гэтым камісіям? Дзяржаўны скарб? Той самы скарб, куды бабулька плаціць падаткі.

З вялікай горыччу, з несумненным перабольшваннем яна іранізуе сама з сябе, пра свае даваенныя мары. Няма чаму дзівіцца, яна ўжо старая, і толькі магіла сястры засталася ў яе сэрцы.

Адчайна бароніцца. Піша скаргі міністрам, у Варшаву, да прэм'ера. Справа павінна ўсплыць у Варшаве, бо вельмі ўжо яна яскрава-абуральная.

"Слава Богу". Няма чаго саромецца. Бо, існуюць інстанцыі, якія бароняць закон.



[1] Гл. яшчэ: Лаўрэш Леанід. Лёсы родных Алаізы Пашкевіч // Лідскі Летапісец. 2016. № 3 (75). С. 15-16.

[2] Michal Szymielewicz. Wysiedlenie do Kazachstanu w r. 1940 znacznej czesci mieszkancow powiatu Lidzkiego // Fundacja-Zaklad narodowy im. Ossolinskich. Katalog Rekopisow akcesyjnych Akc. 26/56. S. 80.

[3] J. M. [Józef Mackiewicz] "W ciągu trzech dni znieść ten pomnik"! // Słowo. № 64(4988), 7 marca 1938.

[4] Маецца на ўвазе галоўная дарога ВКЛ, так званы "Каралеўскі тракт". Гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 136-138.

[5] Ісраэль Меір Коэн (Акаэн) (Хафец-Хаім; сапраўднае прозвішча Пупко; 1839-1933) - рабін, галахіст і мараліст. Пра яго гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 224-225.

[6] Аўтар іранізуе над барацьбой тагачасных польскіх уладаў за наяўнасць і чысціню туалетаў. Гл: : Лаўрэш Леанід. Славойкі на Лідчыне // Лідскі Летапісец. 2017. № 4 (80). С. 39-40.

[7] Аўтар іранізуе пра прымус сялян фарбаваць вапнай хаты і туалеты. Гл: : Лаўрэш Леанід. Славойкі на Лідчыне.

[8] Зараз Першамайск Шчучынскага р-на.

[9] Віленская прыватная 8-мі класная жаночая гімназія В.М. Прозаравай з правамі дзяржаўнай гімназіі. У гэтай гімназіі вучылася Алаіза Пашкевіч. Хто ведае, можа гэты здымак недзе захоўваецца і сёння.

[10] Асоба, якая адказвала за стан, захаванне і кансервацыю помнікаў культуры і гісторыі ў ваяводстве. У той час кансерватарам Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў быў Вітольд Кяшкоўскі, гл: Słowo. 1939. № 189.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX