Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Тадэвуш Чарнавус 


Аўтар: Хітрун Алесь,
Дадана: 26-07-2023,
Крыніца: Хітрун Алесь. Памяці Тадэвуша Чарнавуса // Лідскі Летапісец. 2022. № 3-4(99-100). С. 78-80.



У суботу, 5 лістапада 2022 года перастала біцца сэрца журналіста "Лідскай газеты", сябра літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Тадэвуша Чарнавуса.

Так, зменшыліся шэрагі ў Тадэвуш Чарнавус. журналісцкім і літаратурным асяроддзі... Не стала сярод нас Чалавека яркага, адкрытага, смелага. У прынцыпе, такія і павінны быць журналісты. Меў Тадэвуш Вацлававіч і густ у паэзіі. Яго творы друкаваліся ў шматлікіх выданнях. Ён быў на адной назе з тымі, хто ведаў сэнс выказвання "людзьмі звацца". Ён быў шчырым патрыётам сваёй Радзімы... Ужо на пенсіі, у сваёй роднай "Лідскай газеце" ў якасці пазаштатнага аўтара ён вёў рубрыку "Матчына мова: гаворым па-беларуску". Эпіграфам да яе былі, напісаныя ім, такія радкі:

"Кажуць, мова мая знікае...

Вось адзін яшчэ толькі міг.

А па-мойму тут справа такая:

Усё залежыць ад нас саміх... ".

Для аўтара гэтых радкоў ён таксама пакінуў важкі след у творчай дзейнасці і ў біяграфіі. Менавіта Тадэвуш Чарнавус быў першым, хто працягнуў мне руку з раённага перыядычнага выдання, даваў парады, вычытваў мае першыя нататкі. Было гэта ўжо ў далёкім 1998 годзе. З тых пор я не пакідаю сувязі з "Лідскай газетай". Тадэвуш Чарнавус пастаянна наведваўся ў Дом Валянціна Таўлая, прымаў удзел і ў пасяджэннях "Суквецця"... Але ж так і не выдаў свайго зборніка. У першую чаргу ён хацеў пабачыць мой зборнік, нават прапаноўваў свайго знаёмага выдаўца і выдавецтва... Пісаць можна доўга...

У літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў" № 9 (2016-2019) былі змешчаны яго вершы. Для знаёмства з чытачом ён напісаў пра сябе наступнае:

"ЗНОЎКУ Я СПАЦЬ НЕ ЛЯГУ…

(Радкі з аўтабіяграфіі)

Ізноўку я спаць не лягу,

Пакуль не ўтаймую смагу.

А смага мая такая:

Прагну ўвесь час радка я,

Прагну, нібы жанчыны, -

Дык, можа, не без прычыны?..

Гэты невялічкі вершык нарадзіўся ў мяне яшчэ ў далёкім юнацтве, а пытанне: "Дык, можа, не без прычыны?.." - хвалюе па сённяшні дзень. Па сутнасці, ужо тады - у гэтым шасцірадкоўі - я пачаў шукаць сваё месца ў паэзіі, засумняваўшыся ў сваіх паэтычных здольнасцях. І шукаю і сумняваюся аж да гэтага часу.

Я ніколі не пісаў вершаў, седзячы за сталом, не вымучваў з сябе радок за радком. Лірычная ўзнёсласць і натхненне суправаджалі і суправаджаюць мяне заўсёды і ўсюды: дома, у дарозе, у час працы ў агародзе, на бацькоўскім падворку, калі кашу траву ці сяку дровы… І хаця заўсёды, як той крот, глыбока імкнуўся ўзорваць паэтычную глебу, засейваць яе толькі ўласным насеннем, усведамляю, што я не стаў класікам беларускай літаратуры і наўрад ці стану ім калі-небудзь. Але ўпэўнены, што і графаманам не быў ніколі. Зрэшты, аб гэтым меркаваць ужо не мне, а маім дарагім чытачам. На вялікі жаль, іх вельмі мала, бо паэзія да гэтага часу так і не стала масавай з'явай, як, скажам, эстрада ці шоў-бізнэс. Як мала і тых (што вельмі прыкра), хто выкарыстоўвае матчыну мову ў паўсядзённым жыцці. Гэтая аказія, як той чарвяк, даўно свідруе маё сэрца наскрозь і будзе свідраваць, напэўна, да самай смерці.

Калі больш падрабязна, то нарадзіўся я ў 1954 годзе на Лідчыне - у вёсцы Рылаўцы. Бацькоўскі лясны хутарок туліцца між дзвюх рэчак - Крупкі і яе матулькі Дзітвы. Апошняя, што вельмі важна, працякае амаль ля самага падворка, і менавіта яе срэбраводныя хвалі заўсёды спрыялі майму паэтычнаму натхненню. І спрыяюць па сённяшні дзень, хаця меліяратары ў свой час бязбожна зруйнавалі маю родную Дзітвульку, якая ўжо даўно ператварылася ў старое і зарастаючае русла.

Навучаўся я ў Яўсеевіцкай васьмігадовай школцы, скончыў таксама Лідскі індустрыяльны тэхнікум, падчас службы ў арміі - завочную школу ваенных карэспандэнтаў. Завяршыў адукацыю на факультэце журналістыкі БДУ імя Леніна. Працоўны творчы шлях пачынаў у наваградскай раённай газеце "Новае жыццё", але найбольш - амаль тры дзесяцігоддзі - шчыраваў у роднай мне назаўсёды "Лідскай газеце".

Журналістыка ніколі не была для мяне мачахай, але і з паэзіяй не развітваўся ніколі. Мо таму яны і перапляліся ў маёй творчасці, нібы родныя сёстры, а многія вершаваныя творы набылі рэпартажны характар. Добра гэта ці не надта, не ведаю, але як сталася, так сталася. Назад ужо, як кажуць, "ніц" не вернеш.

На жаль, асобнага свайго зборніка пакуль што не маю, але мару і часта ўяўляю, што трымаю яго ў руках. Праўда, гэта адбываецца пакуль хіба што ў сне. Але калі Бог паспрыяе, то абавязкова выдам яго пад назвай, як і ў гэтай нізкі вершаў: "Каб любіць Беларусь нашу мілую…". Тэма Радзімы, не толькі малой, але і ўсёй бясконца дарагой мне сінявокай, васільковай, ільняной Беларусі, заўсёды жыла і будзе жыць у маім сэрцы да скону дзён.

Зрэшты, грэх скардзіцца, што мой паэтычны шлях да чытача быў абмежаваны. Мае вершаваныя творы гучалі па рэспубліканскім радыё, друкаваліся ў газеце "Літаратура і Мастацтва", іншых рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі ды літаратурных часопісах. Але калі яны захаваліся хіба толькі ў архівах саміх рэдакцый, то агульныя паэтычныя зборнікі, у якіх я са сваімі вершамі разам з іншымі паэтамі стукаўся да чытацкіх сэрцаў, можна і сёння знайсці ў бібліятэках. А іх шэсць: "Вёсны" (1976 г.) і "Квадра" (1982 г.) - выдавецтва Белдзяржуніверсітэта, "Краю, мой Нёман" (1986 г., прадмова Васіля Быкава, укладальнік - Данута Бічэль-Загнетава, рэдактар - Юрка Голуб, дзяржаўнае выдавецтва "Мастацкая літаратура"), "Шануйце роднае слова" (2008 г.), "Мой любы горад Ліда" (таксама 2008 г.), "Мой горад - гонар мой" (2013 г.). Апошнія тры надрукаваны ў Лідскай друкарні.

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумееш тады, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць…

Словы вядомай песні на вершы Алеся Ставера, якая калісьці так прыгожа гучала ў выкананні вядомага беларускага спевака Віктара Вуячыча. Але, правёўшы некалькі гадоў за межамі Бацькаўшчыны, я перайначыў другі радок з гэтага куплета і напісаў свой верш. Тым самым я хацеў выказаць погляд на любоў да Радзімы з пункту гледжання сённяшняга дня. Асабліва пасля таго, як з сусветнай карты знік Савецкі Саюз і ўсе краіны СНД аказаліся на раздарожжы, а наша родная Беларусь нарэшце набыла самастойнасць.

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Можна ў розных краях не бываць,

Пра яе, як матулю чуллівую,

Можна песні і дома складаць.

Пра палеткі яе вераснёвыя,

Ля дарог дзе цвітуць васількі,

Дзе рамонкі - дзяўчаты вясковыя,

Што вядуць карагод ля ракі.

Дзе бярозы - красуні зайздросныя, -

Так і хочацца ў прымы пайсці,

Дзе пахучыя ранкі і росныя,

Хоць зімою атаву касі.

Дзе клякочуць натхнёна, бы моляцца,

Сімвал нашай Айчыны - буслы,

Дзе ў Белае Вежы ваколіцах

Здабылі сваё месца зубры.

Не ў сытай Еўропе, Амерыцы,

Дзе мераюць шчасце грашмі,

А ў нас - Беларусі - бо вераць нам,

Бо заўсёды былі мы людзьмі.

Выйду ў поле ляноў сінявокае,

Акрыяю душой на ляту,

З фарбаў родных, як неба шырокае,

Я вяночак каханай спляту.

Птушкай лёгкай ўзлячу ў паднябессе я,

Агляджу і прасторы, і край,

І ніякім вятрыскам-кудзеснікам

Не зманіць мяне ў казачны рай.

А як зб'юся з дарогі няроўнае,

З туманамі ў вырай зляту,

Я дарогу дадому нялёгкую,

Як і птушкі, па зорках знайду.

Наталюся я роднаю моваю -

Беларускай, якую люблю,

І, заместа гарэлкі вясковае,

Я з крынічкі гаючай пап'ю.

Ты даруй мне, матуля шаноўная,

За мае і чужыя грахі,

Што збіваўся з дарогі няроўнае

І рабіў мо не тыя кругі.

…Долар сёння ў вялікай пашане,

Толькі роднага ў ім не знайду,

А за Белую Русь - буду ў храме я -

Беларускі рубель пакладу!"

На жалобнай імшы ў Лідскім фарным касцёле 9 лістапада прысутнічалі родныя, сябры, супрацоўнікі рэдакцыі "Лідскай газеты", лідскія пісьменнікі.

Пахавалі Тадэвуша Чарнавуса на лідскіх могілках "Зосіна".

Бывай, мой зямляк і настаўнік...

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX