Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Антоні Гарэцкі: забыты паэт 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-02-2011,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Антоні Гарэцкі: забыты паэт // Наша Слова № 5 (1000), 2 лютага 2011 г.

Спампаваць




Антоні Гарэцкі (1787-1861) - паэт, удзельнік напалеонаўскіх войнаў і паўстання 1831 г. жыў і тварыў на Віленшчыне. Ён нарадзіўся ў Вільні ў сям'і войскага Валенты Гарэцкага (маці - Ганна з Рэвутаў). Валенты Гарэцкі (сын Каспара і праўнук Міхала, хелменскага гарадскага суддзі) належаў да заможнага шляхецкага (з пачатку XV ст.) роду герба Даленга.

Антоні Гарэцкі.

Антон быў чацвёртым дзіцём у сям'і. Ён меў старэйшых сясцёр - Ружу (у першым шлюбе жонка Тадэвуша Высагерда, у другім - Людвіга Замбржуйскага) і Схаластыку (жонка Мельхіёра Ваньковіча, маці Валенты Ваньковіча, слыннага партрэтыста), а так сама брата Юзафа. Пра малодшага сына Ганны Гарэцкай, Мараўскі пісаў: "Антоні, малодшы з тварам брыдкім як смяротны грэх, але ... наймілейшы чалавек, які гледзячы у люстэрка сам сабе "чыстым жыдком" называў..." (S. Morawski, Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1959, S.68.). Сучаснікі пісалі пра яго як пра чалавека паважнага але ўразлівага і прыязнага да людзей.

Атрымаўшы неабходныя для вышэйшай адукацыі веды ад хатніх настаўнікаў, Антоні Гарэцкі ў 1802 г. паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Пад час студыяў пазнаёміўся і пасябраваў з будучым слынным гісторыкам і палітыкам Лелевелем. У 1805 г. калі быў закончаны ўніверсітэт, стаў відочным літаратурны талент Гарэцкага. Дэбютам, надрукаваным ў "Дзённіку Віленскім", стаў яго пераклад першай элегіі Тыбула (Antoni Gorecki, Przeklad elegii I Tybulla, "Dziennik Wilenski", 1805, t. II, s. 105-109).

У 19 гадоў Антоні пераязджае ў Княства Варшаўскае і пачынае вайсковую службу ў 3-цім палку пяхоты якім камандаваў Калікст Закржэўскі, потым служыў у 11 і 15 палках, стаў афіцэрам. У войску працягваў пісаць вершы. Каратынскі (L. S. Korotynski, Poeci-legionisci. Warszawa 1907, s. 84) пісаў: "Вайціцкі піша пра яго ў адной з сваіх мемуарных прац: "Найболей тварыў пры фартыфікацыйных работах у Модліне, куды быў накіраваны для нагляду за гэтымі работамі. Седзячы на насыпаных высокіх валах, паглядаючы то на блакітныя воды Нарава, то на белыя воды Віслы, якія тут злучаюцца, запісваў на паперы свае уражанні і пачуцці".

Падчас кампаніі 1812 г. Гарэцкі быў ад'ютантам генерала Станіслава Мелжынскага і атрымаў вядомасць сваімі "абознымі песнямі". Прыняў удзел і бітвах пад Смаленскам, Мажайскам, Таруцінам. Пасля бітвы пад Мажайскам, 11 кастрычніка, Напалеон зрабіў яго кавалерам Ордэна Ганаровага легіёна.

Параза французскіх войскаў на доўгія гады пакінула смутак у душы паэта, у 1818 г. ён апублікаваў у "Тыгодніку Польскім" верш пад назвай "Бітва пад Беразіной" у якім выражаў свае расчараванне і жаль з гэтай нагоды.

У 1815 г. у чыне капітана Антоні звальняецца з войска і пасяляецца ў радзінным маёнтку Дусянента на рэчцы Рудамінка пад Вільняй. Аднак паэт меў яшчэ адзін радзінны маёнтак - Біскупцы ў Лідскім павеце дзе жыў працяглы час. Паўстанец 1863 г. Мірон Браніслаў Нарбут пісаў ў сваіх мемуарах "Ліда і лідзяне": "Лідскі павет меў людзей, якія займалі не апошняе месца ў гісторыі айчыннай літаратуры: ... паэта Антонія Гарэцкага ... знакамітым талентам мастака вылучаўся заўчасна памёрлы сын Антона Гарэцкага, які пакінуў ўдаву Марыю, дачку нашага бессмяротнага паэта Адама Міцкевіча" (Zіemіa Lіdzka. 1997. № 26-27.). А лідскі гісторык і краязнавец А. Гржымайла-Прыбытка ў кнізе "Кароткі турыстычны даведнік па Лідскаму і Шчучынскаму паветах" напісаў: "... таксама ў Лідскім павеце неабходна наведаць маёнтак Біскупцы, які у свой час быў маёмасцю і месцам жыхарства паэта Антонія Гарэцкага, аўтара баек, удзельніка Напалеонаўскіх войнаў і лістападаўскага паўстання" (Antoni Grzymała-Przybytko. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. Lida. 1936. S.30.).

Таму замоўчваць імя Антонія Гарэцкага, як прадстаўніка беларускай польскамоўнай літаратуры ХІХ стагоддзя неправамерна..

У 1815-18 гг. Гарэцкі шмат вандруе па Еўропе. Маладога паэта і напалеонаўскага афіцэра з задавальненнем запрашалі у арыстакратычныя салоны Варшавы, Вены, Вільні, ён удзельнічаў у шматлікіх балях і пазнаёміўся з вялікай колькасцю людзей. "Гарэцкі, дзіўна непрыгожы, надзвычай любіў пекных жанчын. З першай сустрэчы заінтрыгавала яго вельмі прыгожая Веляпольская, размаўляючы, ён ад вялікага хвалявання пачаў заікацца. Панна Веляпольская адказала яму смехам" - пісаў Станіслаў Мараўскі ва успамінах маладосці. На што абражаны паэт запісаў ёй у альбом:

У тых вершах вечная памяць

пра дзве хібы застанецца.

Я заікнуўся,

а пані з мяне смяецца.

І скажу нашчадкам,

робячы параўнанне,

Што вінавата тут прырода,

а там дрэннае выхаванне

(Пераклад С. Судніка.)

Аднак паводле Юзафа Фальскоўскага "гэта была не панна, а пані Яна Веляпольская, з дому Патуліцкіх, жанчына дасціпная і разумная". Яна адказала Гарэцкаму, даслаўшы яму ў Вену верш:

Памылка, хоць і дасціпная,

ёсць мудрых прызнанне,

Што смех - плод прыроды,

як і заіканне.

А хто смеху над слабай

плоццю баіцца,

Той добрым выхаваннем

не можа пахваліцца.

(Пераклад С. Судніка.)

(S. Morawski, Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1959. S. 458. 593-594. )

Паэт працягваў пісаць ваенныя вершы і палітычныя байкі, друкаваўся ў віленскіх (Dziennik Wileński, Wiadomości Brukowe) і варшаўскіх выданнях (Pamietnik Warszawski, Tygodnik Polski i Zagraniczny). 8 чэрвеня 1818 г. Антоні Гарэцкі быў прыняты ў сябры Таварыства шубраўцаў у Вільні. Згодна са статутам таварыства ён атрымаў псеўданім на падставе літоўскай міфалогіі Варпу (Warpu), бажка вайсковай пабудкі. (Jolanta Orlowska. Gorecki Antoni (1787-1861). Zolnierz czy poeta? // Nasz Czas. № 32 (521) 2001.).

У 1818 г. Гарэцкі ажаніўся з Веранікай Эйдзятовіч, дачкой землеўладальніка з Аўгустоўскага ваяводства. Відочна яна была вельмі прыгожай жанчынай, бо Станіслаў Мараўскі называў яе "Рафаэлевай мадоннай". Маладая сям'я пасялілася ў Дусянетах, паэт часта бывай ў Вільні, наведваў Варшаву. 5 траўня 1825 г. нарадзіўся першы сын Тадэвуш, потым нарадзіліся сын Людвік і дочкі Ружа, Каміла і Ганна. Дом Гарэцкіх заўжды быў адчынены для гасцей, гаспадары часта ладзілі так званыя "вясёлыя абеды" пра якія ведала ўся Вільня, і на якія збіраліся "вяршкі" віленскай інтэлігенцыі. Паэт любіў імправізаваць пры стале для гасцей, напрыклад:

Вінцо - дарагі дар неба,

Але паводзься асцярожна -

Пры вінцы маўчаць не можна,

А сёння маўчаць трэба.

(Пераклад С. Судніка.)

(Jolanta Orlowska. Gorecki Antoni (1787-1861). Zolnierz czy poeta? // Nasz Czas. № 32 (521) 2001.).

Падчас справы філаматаў менавіта ў Гарэцкіх адбываліся нарады з мэтай дапамогі студэнтам, збіраліся грошы. Жонка паэта - Вераніка Гарэцкая называлася паліцыяй сярод галоўных завадатараў збору грошай рэпрэсаваным студэнтам (Jerzy Borowczyk. Rekonstrukcja procesu filomatow i filaretow 1823 - 1824. 2003. Poznan. S.723.).

Папулярнасць паэта расла, выдаваліся яго кнігі, ягоныя вершы хадзілі ў рукапісах. А за патрыятычную байку пра фурмана, Гарэцкі быў нават на нейкі час арыштаваны ў Варшаве Вялікім князем Канстанцінам.

Напры канцы студзеня 1831 г. з ініцыятывы Лелявеля у Вільні паўстаў Цэнтральны Віленскі Камітэт, які павінен быў арганізаваць і узначаліць паўстанне на Літве. У склад камітэта увайшлі Антоні Гарэцкі, Станіслаў Шумскі, Людвік Забржыцкі, Эдвард Ромер, Юстын Грабніцкі, Міхал Балінскі і Леан Рагалінскі.

Антоні Гарэцкі, як былы вайсковец, пры Камітэце выконваў абавязкі начальніка штаба. Ён удзельнічаў у баях пад Вількамірам і Тэльшамі, а перад канцом паўстання быў пасланы з дыпламатычнай місіяй у Швецыю, Англію і Францыю. Пры вяртанні, быў ледзь не арыштаваны ў Шчэціне але з дапамогай капітана англійскага карабля "Пенелопа" Вільгельма Рамсдэна яму удалося ўцячы. Потым англійскаму капітану паэт прысвяціў адзін са сваіх вершаў. На пачатку жніўня Гарэцкі разам з Міцкевічам ужо быў у Дрэздэне. Міцкевічу, як сябру па выгнанні 1831 г., таксама прысвечаны адзін з ягоных вершаў.

На радзіму паэт ужо не вярнуўся. Маёмасць яго была канфіскавана ўладамі (напрыклад, лідскі маёнтак Біскупцы секвестраваны ў 1833 г.). Вераніка Гарэцкая, жонка паэта, засталася адна. Шмат гадоў, гадуючы дзяцей, яна магла разлічваць толькі на сябе.

Пасля Дрэздана, Гарэцкі перабраўся ў Парыж. Хутка ў Парыж прыехаў генерал Юзаф Двярніцкі які карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод эмігрантаў. Атачэнне генерала прапанавала выбраць Камітэт нацыянальных спраў з адзінаццаці сяброў. У склад камітэта абралі Гарэцкага, аднак хутка замест яго быў абраны ксёндз Аляксандр Ялавіцкі. Абражаны паэт-ваяр вырашыў не браць болей удзелу ў палітычных справах. Калі потым яму яшчэ раз прапанавалі балатавацца ў склад камітэта ён адмовіўся.

Прыезд Адам Міцкевіча ў Парыж згуртаваў частку эмігрантаў вакол яго. З зімы 1833 г. ў Міцкевіча стала збіраліся Ігнат Дамейка, Багдан і Юзаф Залескія, Стэфан Вітвіцкі, Стэфан Зан, Гарэцкі, Багдан Янскі. Усё гэтая людзі былі больш ці менш звязаныя з літаратурай. Акрамя Гарэцкага, неблагія вершы пісаў Вітвіцкі, а Багдан Залескі быў нават вядомым паэтам. Менавіта гэтым асобам Міцкевіч чытаў толькі што напісаныя часткі паэмы "Пан Тадэвуш".

Радаснай з'явай стала для Гарэцкага выданне ў 1834 г. яго першага паэтычнага зборніка ў эміграцыі "Паэзія ліцвіна", які апроч баек змяшчаў і патрыятычную лірыку часоў паўстання. У 1837 г. выйшаў наступны том паэзіі Гарэцкага пад назвай "Байкі і новыя вершы", у якім было шмат вершаў напісаных пад уплывам вядомага польскага містыка Тавянскага.

Як і Міцкевіч, Гарэцкі быў адным з самых адданых прыхільнікам дактрыны Тавянскага. Містычны запал паэта-афіцэра аднак хутка прайшоў. Вось як адбыўся адыход яго ад "магістра" Тавянскага: "Пра адыход аднаго з двух найпершых адэптаў Тавянскага ... ходзяць такія чуткі. Аднаму з першых чытаў Тавяньскі "Акт Веры" які, сам Пан яму прадыктаваў. Гарэцкі слухаў чытанне "Акту" з увагай і пабожнасцю, але калі нараніцу Тавянскі паклікаў яго для падпісання гэтага "Акта", паэт убачыў вялікую колькасць правак: "О магістр - кажа - Пан Бог не можа памыляцца, і што зробіць, ужо ніколі не правіць, і не Пан учора дыктаваў гэты "Акт", калі сёння на ім столькі правак. І не падпісаў гэтую паперу" (J. Szelag. A. Gorecki, Diabel i zboze. Warszawa 1960, S. 10.).

Пасля адыходу ад Тавянскага, Гарэцкі пачаў кантактаваць з колам, якое гуртавалася вакол Яна Казмяна. Паэт востра крытыкаваў тэорыю свайго былога "магістра" аб магчымасці вяртання на радзіму праз веру, без высілкаў і барацьбы.

У 1843 г. выйшаў чарговы том ягонай паэзіі - "Польскі каласок" ("Kłosek polski). У 1850 г. Гарэцкі выдае ў Парыжы кнігу паэзіі "Вольны голас" (Wolny głos). Пачынаючы з 1857 г. кнігі паэта выходзяць кожны год ("Siewba, czyli nowy tomik pism" (1857), "Nowy zbiorek" (1858), "Jeszcze tomik" (1859), "Nowe pisemko" (1860), "Wiersze rozne, ktore napisal Walentego syn Antoni Gorecki" (1860), "Rozmaitosci" (1861)). Аднак крытыкі не высока ацанілі вершы, змешчаныя ў гэтых кнігах. Паэт сам адчуваў, што былога таленту ўжо няма, і моцна з таго пакутаваў.

У 1850 г. паэту ўдалося сустрэцца з сваім сынам, Тадэвушам Гарэцкім. Тадэвуш вучыўся у Пецярбургскай імператарскай Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Карла Брулова, і як адзін з самых таленавітых студэнтаў, ён атрымаў урадавую стыпендыю для ўдасканальвання за мяжой. На гэтыя грошы малады мастак прыехаў у Парыж, дзе пражыў 3 гады, потым стажыраваўся у Іспаніі і Італіі. У 1857 г. Тадэвуш Гарэцкі вярнуўся ў Парыж і ажаніўся з Марыяй Міцкевіч - дачкой Адама. Маладыя засталіся жыць у Парыжы і апекавацца над састарэлым бацькам. Хворы Антоні Гарэцкі 4 гады пражыў у муніцыпальным доме здароўя. Падтрымкай для старога паэта, былі кантакты з сынам. Захавалася шмат лістоў іх перапіскі, з якіх можна дазнацца не толькі пра сямейныя адносіны, але і пра жыццё эміграцыі і агульны стан палітыкі таго часу.

Антоні Гарэцкі памёр 18 верасня 1861 г. Пахаваны быў на могілках на Манмарце. Удзел у пахаванні прыняла значная частка польскай эміграцыі, была і ганаровая варта французскага войска. Потым парэшткі паэта былі перазахаваныя ў сямейным склепе Гарэцкіх на могілках Манмарансі. Праўнук Антонія, Ежы Гарэцкі так апісваў гэтыя могілкі: "Могілкі Манмарансі, якія называюцца "польскімі могілкамі", былі адкрыты... праз двух маіх прадзедаў, Антона Гарэцкага і Адама Міцкевіча. Абодва пачулі тут нейкае падабенства з Літвой і выказалі пажаданне быць тут пахаванымі." (Jolanta Orlowska. Gorecki Antoni (1787-1861). Zolnierz czy poeta? // Nasz Czas. № 32 (521) 2001.).

Ва успамінах сучаснікаў, Антоні Гарэцкі застаўся як чалавек надзвычай добры, шчыры і непасрэдны ў выражэнні сваіх пачуццяў. Гонар і справядлівасць ён лічыў для сябе галоўным у жыцці і быў нязломным у перакананнях.


Вершы Антонія Гарэцкага ў перакладзе з польскай мовы

Ганны СЕРЭХАН

Наша Вера. 1(31)/2005


Гімн да Бога пра захаванне волі, напісаны Антонам Гарэцкім, прысвечаны Кракаўскаму навуковаму таварыству

О Ты! Хто ўмомант магутнай рукою

Свет цэлы знішчыць і зноў стварыць можа,

Бедны люд ласкай укрыты Тваёю,

Быццам шчытом, неўміручы наш Божа!

Мольбы нясём да Цябе, Уладару,

Не забірай у нас вольнасці дару.


Іншым хай золата з цёмных глыбіняў

Горы падораць; магутнасць іх зброі

Хай дасягае агністых вышыняў,

Свет ледзяніць несупыннай вайною.

Просьбы нясём да Цябе, Уладару,

Не забірай у нас вольнасці дару.


Бачыш, нядаўна пазбавіў нас волі -

Слёз і крыві разліваюцца рэкі.

Колькі ж пануе адчаю і болю

Там, дзе навек ланцугоў небяспека.

Мольбы нясём да Цябе, Уладару,

Не забірай у нас вольнасці дару.


Слова адно Тваё, Божа магутны,

З праху заўжды ўваскрасіць было здольна.

Прыйдзе ж калі пакарання час смутны -

Зноў вярні ў прах нас, ды толькі ў прах вольны.

Мольбы нясём да Цябе, Уладару,

Не забірай у нас вольнасці дару.



Да Найсвяцейшай Марыі

Без грахоўнае заганы,

О святая Неба Панна!

Памаліся Свайму Сыну

За людскія ўсе правіны.


Маці свету! Дапаможца!

Маці Бога-Пераможцы!

Дом святы, Каўчэг для згоды,

Ты - як вежа ў час нягодаў.


Хто адзін, асірацелы,

Хто засмучаны, змарнелы -

Знойдуць у Цябе ахову:

О! Прымі ў любові сховы!


Сёння і ў гадзіну смерці

Ты малітвай чыстай, гожай

Памажы грахі нам сцерці,

Вартымі быць Ласкі Божай.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX