Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Жыццёвы шлях Антонія Гарэцкага 


Аўтар: Шаўчэнка Ганна,
Дадана: 02-09-2015,
Крыніца: Шаўчэнка Ганна. Жыццёвы шлях Антонія Гарэцкага // НАША СЛОВА № 35 (1238), 2 верасня 2015 г.



Да дня беларускага пісьменства

Існуе некалькі ўзаемазвязаных прычын на тое, каб далучыць да даследавання творчасці А. Гарэцкага апісанне яго жыццёвага шляху. Па-першае, пасля таго, як у 1998-1999 гадах асоба паэта была ўведзена ў гісторыю літаратуры Беларусі праз пераклад з польскай мовы некалькіх яго вершаў, зроблены У. Мархелем і К. Цвіркам, узнікае лагічная неабходнасць даць беларускаму чытачу кароткі нарыс яго жыццёвага шляху, які дагэтуль не асвятляўся ў беларускім літаратуразнаўстве. Па-другое, А. Гарэцкі з'яўля ецца значнаю і цікаваю постаццю ў літаратурным жыцці XIX стагоддзя. Па-трэцяе, жыццёвы шлях паэта вельмі моцна звязаны з найважнейшымі момантамі айчыннай гісторыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, гэтаксама як яго творчасць - з барацьбой за незалежнасць былой вялікай канфедэратыўнай дзяржавы. Таму без знаёмства з лёсам А. Гарэцкага немагчыма дастаткова глыбока зразумець яго творчы шлях, у дадзеным выпадку заўсёды "адчуваецца < ..> цень асобы над паэзіяй і выпраменьванне паэзіі над асобаю".

Антоні Гарэцкі (поўнае імя - Францішак Ксавэры Антоні Мікалай Гарэцкі) нарадзіўся 1 снежня 1787 года ў Вільні як самае малодшае, чацвёртае дзіця ў сям'і. Бацька Антонія, Валенці Гарэцкі, належаў да старажытнага шляхецкага герба "Даленга" і славіўся як вопытны адвакат Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, браў чынны ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і памёр даволі рана, каля 1812 года. Маці будучага паэта, Ганна з дому Рэўтаў, пакінула па сабе яскравы след ва ўспамінах сучаснікаў як заўзятая патрыётка. Станіслаў Мараўскі згадвае, што "яна ў 1792 годзе і пазней, маючы яшчэ малых сыноў, выносіла іх на двор на руках, хоць ужо былі яны цяжкімі, і наймала маскальскіх жаўнераў, плоцячы кожнаму па рублю, каб тыя дазвалялі гэтым дзеткам біць сябе ў твар. А сама ўвесь час шэптам заклікала гэтых дзеткаў: "Бі маскаля, бі маскаля!". У доме Гарэцкіх, што і цяпер стаіць у Вільні на вуліцы Дамініканскай пад нумарам 15, часта збіраліся прадстаўнікі ліцвінскай інтэлігенцыі. Ва ўспамінах сучасніка чытаем, што "дом пані войскай Гарэцкай быў адным з самых паважаных у Вільні. Дом старапольскі, з якім навамодныя тагачасныя афранцужаныя дамы іншых паноў і побач не стаялі...". Аб тым, якое выхаванне мог атрымаць будучы паэт, падрастаючы ў такой атмасферы, сведчаць і ўспаміны Г. Пузынінай пра маці А. Гарэцкага: "Яна славілася як старасвецкая дама Літвы і гарачая патрыётка. Навучаная і прызвычаеная горача любіць Айчыну, а таксама смела і голасна пра гэта казаць у спрыяльныя часы, яна не магла і не хацела адвучыцца ад гэтага, не гледзячы на змену кіраўніцтва. Праўда, пры Аляксандры I не каралі за кожнае слова, але досыць таго, што былі такія, як Навасільцаў і Байкоў, якім пані Гарэцкая ў вочы рэзала праўду...". Паэт эпохі Асветніцтва Францішак Карпінскі ў сваіх "Pamietnikach" ("Успамінах") распавядае пра тое, як падчас балю ў Вільні, дадзенага камендантам горада пасля паражэння паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, адна толькі пані Гарэцкая ўстрымалася ад танцаў: "Падышоў да яе генерал [камендант горада. - Г. Ш.] і, бачачы, што яна ні з кім не хоча танцаваць, просіць, каб яна хоць яму аказала гэты гонар і пратанцавала з ім адзін танец. Яна ж, заліўшыся слязьмі, з усхпіпамі кажа яму: "Няўжо ты, васпане, хочаш, каб я на пахаванні сваёй Айчынымаці танцавала?" Усе грамадзяне засаромеліся, і танцы скончыліся". Відавочна, сын пераняў ад маці гэтыя нязломныя патрыятычныя якасці, пра што сведчаць яго пазнейшыя творы.

Пісаць вершы А. Гарэцкі пачаў падчас вучобы на літаратурным факультэце Віленскага ўніверсітэта (1802-1806), куды паступіў пасля несістэматычнай хатняй адукацыі. Яго паэтычным дэбютам стаў пераклад Першай элегіі Тыбула, апублікаваны ў "Dzienniku Wilenskim" у 1805 годзе.

Можна з упэўненасцю меркаваць, што вучоба ва ўніверсітэце аказала вялікі ўплыў на станаўленне маладога паэта А. Гарэцкага. Па-першае, менавіта на пачатку XIX стагоддзя з асяроддзя віленскіх студэнтаў сфармавалася "першае пакаленне моладзі ў сучасным значэнні гэтага слова, г. зн. як самастойная і своеасаблівая частка грамадства. З гэтай пары яно становіцца найбольш адчувальным рэцэптарам нацыянальнага арганізму, натуральным правадніком і трансфарматарам усялякіх ідэй і кірункаў". Па-другое, сярод віленскай акадэмічнай моладзі ў 1805-1808 гадах дзейнічала Таварыства навук і мастацтваў (на працягу свайго існавання яно некалькі разоў мяняла назву, спыніўшыся ў рэшце рэшт на папулярным у той час найменні Таварыства філаматаў). У склад гэтага аб'яднання ўваходзіў і А. Гарэцкі, прапаноўваючы свае першыя вершы для крытыкі ў коле сяброў і аднадумцаў. Заканамерна, што асветніцкая праграма дзейнасці Таварыства навук і мастацтваў паўплывала на эстэтыку і паэтыку творчасці А. Гарэцкага.

Пасля ўтварэння Варшаўскага княства малады паэт, як і многія іншыя ліцвіны, якім быў неабыякавы лёс Рэчы Паспалітай. тайком перабраўся цераз Нёман, каб далучыцца да напалеонаўскага войска. З гэтага часу ў жыцці і творчасці А. Гарэцкага распачынаецца якасна новы этап, звязаны з вайсковаю кар'ераю. Як падае "Polski Slownik Biograficzny" ("Польскі біяграфічны слоўнік"), паэт служыў у трэцім пяхотным палку на чале з Калікстам Закрэўскім, затым - у пятнаццатым пяхотным палку. Быў ад'ютантам генерала брыгады Станіслава Мяльжынскага, удзельнічаў у бітвах пад Смаленскам, Мажайскам, Таруцінам, у пераправе цераз Бярэзіну. Пра апошнюю падзею з цікавымі акцэнтамі распавядае С. Шумскі ва ўспамінах пад назваю "У баях і вязніцах". Рыхтуючыся да пераправы разам з аўтарам гэтых успамінаў і зносячы з ім розныя вайсковыя цяжкасці, А. Гарэцкі выпадкова напаткаў конюха С. Шумскага, што фігуруе ў творы пад іменем Талочка. Той жа вёз з сабою два пакункі капітана Юзафа Гарэцкага (роднага брата Антонія), лаючыся з-за таго, што мае толькі лішнія клопаты з-за гэтых таямнічых цяжкіх "пачкаў". Як выявілася, у адным з іх былі чатыры багата аздобленыя абразы, "нарабаваныя або ў царкве, або ў спальнях магнатаў, якія звычайна трымаюць такія абразы ў кутах сваіх спальных пакояў; па традыцыі яны ў маскалёў даюцца ў пасаг. Кожны такі абраз, напэўна, можна было б ацаніць у пяць або шэсць тысяч дукатаў". Антон Гарэцкі быў моцна ўгневаны братавым учынкам. Яго наступныя словы нагадваюць пра тое, што і ў сітуацыі вайны не павінна быць месца рабунку і подласці, нават у адносінах да супраціўніка: "Што французы рабуюць, то гэта не навіна, але паляку пускацца на такую подласць - недаравальна, гэта ганьба. Бяру цябе за сведку, Станіславе, што, як толькі прыедзем у Вільню, я адразу ахвярую ўсё гэта ў Вострую Браму, бо не хачу пэцкаць рук гэтым нягодна набытым багаццем".

Вартасці і ідэалы, за якія А. Гарэцкі вёў змаганне ў напалеонаўскай вайне, знайшлі сваё ўвасабленне ў яго вайсковай лірыцы, якую асабліва высока цаніў А. Міцкевіч. Тагачасная паэзія А. Гарэцкага, як і іншых паэтаў-легіянераў, з'яўляецца ўнікальнаю з'яваю ў гісторыі літаратуры народаў былой Рэчы Паспалітай, стаўшы часткаю еўрапейскай "напалеонаўскай эпапеі", якая выяўляла вялікія надзеі і цяжкія расчараванні, уся афарбаваная непазбежным "адценнем смутку".

Падчас службы ў напалеонаўскім войску А. Гарэцкі быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. Паранены, пасля кампаніі 1812 года ён пакінуў войска, пэўны час знаходзіўся на лячэнні ў Кракаве, а затым вярнуўся ў сямейны маёнтак Дусіненты (Дусіняты) паблізу Вільні. На радзіме паэт працягваў займацца літаратурнаю творчасцю, адначасова актыўна ўдзельнічаючы ў грамадскім жыцці.

У 1815 годзе А. Гарэцкі выехаў у падарожжа па Еўропе, наведаў Вену, Падую, Фларэнцыю, Балонню, Рым, Пізу. У адным з лістоў ён дзяліўся з сябрам сваімі творчымі задумамі і справамі: ".. Як магу, заканчваю "Паэму пра Фішара". Наш час няпэўны. Цяжка мне было б паміраць, не аддаўшы пашаны праху сябра, нашага героя Панятоўскага". На жаль, гэтая паэма не захавалася (акрамя адрыўкаў). Паводле адной з версій, А. Гарэцкі сам яе знішчыў пасля таго, як у друку з'явілася сатыра Ф. Мараўскага "Новы Парнас". З. Цеханоўская сцвярджае, што па гэтай жа прычыне паэт "нібыта спаліў збор сваіх твораў, які рыхтаваўся да выдання, хоць больш праўдападобным з'яўляецца пазнейшае сведчанне Міцкевіча, што да друку [гэтыя творы] не дапусціла цэнзура". Так ці інакш, але паэт надоўга замаўчаў у друку пасля нядобразычлівай сатыры Ф. Мараўскага.

У 1818 годзе А. Гарэцкі быў урачыста прыняты ў віленскае Таварыства шубраўцаў, асноўным друкаваным органам якога была газета "Wiadomosci Brukowe". Паводле "Kodexu szubrawskiego" ("Шубраўскага кодэксу"), кожны новы сябар павінен быў прымацца ў таварыства толькі па рэкамендацыі іншага сталага ўдзельніка аб'яднання. У выпадку з А. Гарэцкім пасярэднікам паміж паэтам і таварыствам стаў Міхал Балінскі, які ў шубраўскім друку карыстаўся псеўданімам Аўшлявіс. Пра гэта даведваемся з "Mowy Dygnitarza Szubrawissymusa Okopirnosa z powodu przyjencia dо Szubrawstwa nowego czlonka" ("Прамовы Саноўніка Шубравісімуса Акапірноса з нагоды прыняцця ў шубраўства новага сябра [г. зн. А. Гарэцкага. - Г. Ш.]"), апублікаванай у 89-м нумары "Wiadomosci Brukowych": "Шаноўны наш калега Аўшлявіс, які рэкамендаваў нам вяльможнага пана, Вартаўнік пачэснай лапаты і менаваны Саноўнік, пры рэкамендаванні прыносіў, згодна з нашымі правіламі, твор вяльможнага пана, складзены вершам у байцы пад назваю "Авечка і вол". Дух шубраўскі, які можна было ў ім заўважыць, схіліў галасы ўсіх [сяброў таварыства. - Г. Ш.] да аднадушнага прыняцця вяльможнага пана ў нашае кола". Але, як падкрэслівае Рудольф Отман у артыкуле "Да пытання пра гісторыю Таварыства шубраўцаў. На аснове нататкаў з архіва Міхала Балінскага", А. Гарэцкі не знайшоў спажытку для сваёй ваярскай душы ў клубе жартаўнікоў і "пенсіянераў-прафесараў", таму ўжо праз некалькі месяцаў пакінуў таварыства. Польская даследчыца Я. Коваль акцэнтуе ўвагу на тым, што жаданне пакінуць таварыства ўзнікла ў А. Гарэцкага тады, калі ён "зарыентаваўся, што ўсё часцей галоўнаю формаю выступленняў шубраўцаў станавіўся пасквіль, а гэта, на яго думку, было яўным парушэннем асноўных прынцыпаў гуманізму" . Пасля выхаду паэта з таварыства ў "Wiadomosci Brukowуch" з'явіўся "надмагільны верш" былому шубраўцу Гарэцкаму:

"Мінак! Ля магілы той

затрымай крокі,

Беднага Літваніса

ляжаць тут парэшткі,

За тое, што ў шубраўцаў

ўвайшоўшы грамаду

Хацеў без працы карыстацца

слаўным імем..."

Цяжка пагадзіцца з гэтай "эпітафіяй", таму што А. Гарэцкі амаль што адзін забяспечваў "Wiadomosci Brukowe" паэтычнымі творамі "ў шубраўскім духу". І, не гледзячы на ананімнасць друкаваных там твораў, папулярнасць А. Гарэцкага як аўтара "вольналюбівых" баек толькі ўзрастала, вершы яго разыходзіліся ў рукапісах, перапісваліся і захоўваліся ў асабістых архівах. "Хто ж з нас у сваім таемным архіве, дзе, на жаль, знаходзілася шмат атрутнага плёну, не раз пакрытага шаноўнымі прозвішчамі паэтаў мінулага стагоддзя, не меў перапісанага верша "Смерць здрадніка Айчыны" або "Байкі пра фурманаў"" , - пісаў Л. Рэталь. Акурат за гэтую "Байку пра фурманаў" у 1828 годзе А. Гарэцкі быў арыштаваны ў сваім вясковым доме, вывезены ў Варшаву і там зняволены. Праз пэўны час паэт выйшаў з вязніцы пры той умове, што дасць распіску з наступным зместам: " Я, ніжэйпадпісаны... даю наступную распіску аб тым, што ў далейшым часе не буду займацца складаннем вершаў, у якіх утрымліваліся б вольныя думкі і згадкі пра ваенныя дзеянні супраць Расіі, а таксама з'едлівыя словы ў адрас навуковага кіраўніцтва, якія выклікаюць у моладзі шкодныя думкі, ...і што ў далейшым буду паводзіць сябе ціха і спакойна...". Але, як падае "Польскі біяграфічны слоўнік", гэтая карная мера яшчэ больш узмацніла папулярнасць А. Гарэцкага.

Пераломнымі ў лёсе і творчасці паэта сталі 1830-1831 гады. Пасля паражэння ў напалеонаўскай вайне паўстанне 1830-1831 гадоў давала новую надзею на вызваленне і аднаўленне Рэчы Паспалітай. таму А. Гарэцкі ўзяў у ім чынны ўдзел і быў нават сябрам Віленскага камітэта па падрыхтоўцы паўстання на землях Вялікага Княства Літоўскага.

Гучны рэзананс ва ўспамінах і мастацкіх творах атрымала спроба здабывання паўстанцамі Вільні з-пад расійскай улады. Пра непасрэдны ўдзел А. Гарэцкага ў гэтай выправе засталіся згадкі ў ("Успамінах жыхара Упіцкага павета"). А. Гарэцкі з'яўляўся начальнікам штаба Караля Залускага, які кіраваў усёй экспедыцыяй, і ўдзельнічаў у бітве пад Каўганамі. Паэт працягваў тварыць нават у кароткіх прамежках паміж баямі. Відавочна, ён бачыў у гэтым сваю місію як паэта. Вершы гэтай пары насілі прынагодны характар і не з'яўляліся шэдэўрамі паводле крытэрыяў класіцысцкай паэтыкі, бо яны ўжо пісаліся не для літаратурных салонаў, а для стомленых і параненых жаўнераў, якія ледзь не штодня глядзелі ў вочы смерці і мелі патрэбу ва ўмацаванні духу. "Назаўтра, добра ўпэўніўшыся ў кірунку непрыяцеля, - піша аўтар "Успамінаў", згадваючы пра бітву пад Каўганамі, - патрыёты прынялі ўдзел ва ўрачыстым набажэнстве, а ў вершах, імправізаваных Гарэцкім, захавалася памяць пра некалькіх палеглых".

Калі здабыванне "губернскага горада" было адкладзена на няпэўны, больш удалы час, Гарэцкі пакінуў штаб К. Залускага і разам з Замбжыцкім і варшаўскімі эмісарамі прыняў удзел у паўстанні Цяльшэйскага павета. Змагаўся ў бітвах пад Дарбянамі, Палангаю і Таўраге. Для выканання пэўнай місіі паэт быў высланы за мяжу, і, дзякуючы гэтаму, яму ўдалося пазбегнуць арышту. Перш чым А. Гарэцкага павінны былі схапіць у Шчэціне, ён уцёк на ангельскі карабель "Реnelоре" і праз некаторы час дабраўся да Парыжа як эмісар ліцвінскага паўстання. Тут паэт сустрэўся з А. Міцкевічам. Маючы намер перабрацца ў Польшчу, прыкладна 20 ліпеня 1831 года яны разам адправіліся ў Дрэздан, куды прыехалі на пачатку верасня. Падчас гэтага падарожжа А. Гарэцкім быў створаны вершпрысвячэнне ("Да Адама Міцкевіча, майго спадарожніка ў 1831 годзе, у дарозе паміж Нансі і Шалон"), у якім у адно настальгічнае пачуццё зліліся і туга па адабранай Радзіме, і сяброўская прывязанасць да адрасата верша, які падзяляе з ім лёс выгнанца, і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Заўважым, што гэтыя тры складнікі вызначалі асноўную асаблівасць літаратурнай творчасці ліцвінска-польскіх эмігрантаў, што, відавочна, было адным з фактараў, якія паўплывалі на вылучэнне даследчыкамі асобнага тыпу рамантызму, адрознага ад "краёвага", - т зв. рамантызму "эміграцыйнага".

Аблічча лірычнага героя А. Гарэцкага ў выгнанніцкі перыяд жыцця паэта таксама стала істотна змяняцца, хоць, на думку многіх даследчыкаў, А. Гарэцкі пасля паўстання 1830-1831 гадоў не эвалюцыянаваў як творца, застаўся на тым жа самым узроўні, паўтараючы старыя матывы і ідэі. Але змены, якія адбываліся ў яго паэзіі ў гэты перыяд, заключаліся ў набыцці пэўнага містычнага рэлігійнага досведу аўтара, злучанага з яго патрыятычнымі перажываннямі. Адсюль паглыбленыя месіянскія матывы ў яго творчасці і, верагодна, тыя рэлігійныя шуканні, з-за якіх паэта не разумелі нават блізкія сябры.

Вяртаючыся да апісання падарожжа А. Гарэцкага, праведзенага разам з А. Міцкевічам, дадамо, што з Дрэздана апошні адправіўся ў Пазнанскае княства, а Гарэцкі затрымаўся там з-за хваробы. Няма дакладных звестак пра тое, ці ўдалося паэту ў той час яшчэ хоць раз наведаць Радзіму. Вядома толькі, што вясною 1832 года ён зноў сустрэўся з Міцкевічам у Дрэздане і адтуль вырушыў у Парыж, дзе пасяліўся на сталае жыхарства.

У асяроддзі ліцвінскай і польскай эміграцыі, якая прыбывала ў Францыю пасля паражэння паўстання, пачало стварацца мноства патрыятычных аб'яднанняў. Іх сябры не толькі падтрымлівалі адзін аднаго матэрыяльна, каб мець магчымасць уладкавацца і выжыць на чужыне, але і ставілі перад сабою самыя разнастайныя палітычныя, сацыяльныя, духоўна-рэлігійныя задачы. Адным з першых у Парыжы быў створаны Нацыянальны камітэт Польшчы і захопленых зямель (Камітэт польскай эміграцыі, Камітэт Дварніцкага), у склад якога было прапанавана ўвайсці і А. Гарэцкаму. Але, пакрыўджаны з-за таго, што на яго месца неўзабаве быў абраны ксёндз Аляксандр Ялавіцкі, паэт адмовіўся ўвогуле прымаць удзел у якіх-кольвек эмігранцкіх палітычных аб'яднаннях.

Тым часам ён захапіўся рэлігійнай практыкай і ў снежні 1834 года разам з Багданам Янскім, Адамам Міцкевічам. Ігнатам Дамейкам, Стэфанам Вітвіцкім, Янам і Багданам Залескімі падпісаў акт заснавання Таварыства з'яднаных братоў. Утварэнне гэтай арганізацыі стала плёнам сяброўскіх і творчых сустрэч эмігрантаў і французскіх інтэлектуалаў, што рэгулярна адбываліся ў Парыжы з 1832 года. Сам А. Гарэцкі ў гэты перыяд перажываў глыбокае рэлігійнае навяртанне, кінуў азартныя гульні і вызначаўся асабліваю пабожнасцю. З цягам часу ён далучыўся да т. зв. "Дома Янскага" - рэлігійнай супольнасці, утворанай 17 лютага 1836 года, браты якой на чале з Багданам Янскім (Братам Старэйшым) далі абеты пажыццёвай братэрскай еднасці. Аднак А. Гарэцкі не вытрымаў цвёрдай дысцыпліны, якая патрабавалася ад сяброў супольнасці, і выйшаў з яе.

Пакінуўшы "Дом Янскага", праз пэўны час паэт сутыкнуўся са спакусаю захапіцца новым рэлігійным рухам на эміграцыі, звязаным з асобаю Андрэя Тавянскага - "прарока", "які прыбыў з Літвы". Каб як мага дакладней прадставіць духоўныя пошукі А. Гарэцкага, звязаныя з сектаю Тавянскага, працытуем адрывак з ліста Яна Казьмяна да кс. Пятра Семяненкі ад 30 верасня 1841 года: "...Я сустрэў Гарэцкага. Той казаў мне, што Бог злітаваўся над народам славянскім і над народам габрэйскім; над габрэйскім народам за тое, што той вытрываў у законе. Калі габрэі, казаў ён, прызнаюць Месію - скончыцца іх нядоля; праз народы славянскія, асабліва праз палякаў, Бог здзейсніць вялікія рэчы. Прыйшоў час. калі Евангелле будзе ўведзена ў жыццё, у грамадскія адносіны. Касцёл заснуў, Папа Рымскі не выконвае сваіх абавязкаў, але праўда толькі ў Касцёле. З'явіцца муж вялікі з мячом у руцэ, які будзе ваяваць за праўду, прарокі ўжо прадвяшчаюць яго. Святары будуць працівіцца і прароцтву, і яму самому, а скончыцца тым, што Святы Айцец дабраславіць [яго]. Тавянскі ведае пра душы многіх папаў і святароў, якія пакутуюць з-за невыканання абавязкаў. Хрысціяне выпраўляюцца ў далёкія місіі, хочуць навяртаць паганцаў, а самі, не выправіўшыся. падаюць ім прыклад зла".

Як бачым з гэтага фрагмента, на пачатку 40-х гадоў XIX стагоддзя А. Гарэцкі стаў надзвычай моцна захапляцца месіянствам, бачачы прарока і вызваліцеля былой Рэчы Паспалітай у асобе А. Тавянскага. З гэтай жа сітуацыі бярэ пачатак і яго антыклерыкалізм, звязаны з недаверам да касцельнай іерархіі (не да самога Касцёла!). Ліст Я. Казьмяна пацвярджае, што А. Гарэцкі быў чалавекам моцнай, нязломнай веры, а выйсце з выпрабаванняў і роспачы шукаў у містычным досведзе - як сваім, так і іншых сваіх суайчыннікаў. Такім чынам, разам з А. Міцкевічам ён стаў адным з першых прыхільнікаў тавянізму.

Але адным з першых паэт і пакінуў кола Тавянскага, хутка расчараваўшыся ў аўтэнтычнасці містычных перажыванняў і бачанняў "прарока". Пра гэты канфлікт настолькі каларытна распавядаецца ў "Аlbumie Рszonki", што дадзены эпізод з жыцця А. Гарэцкага набыў своеасаблівы "міфічны" арэол і пераказваецца ў многіх біяграфічных крыніцах: "Пра адступленне аднаго з двух найпершых паслядоўнікаў Тавянскага (паэта Гарэцкага) ходзіць такая чутка. Аднойчы Тавянскі чытаў яму Акт веры, які - па яго словах - Пан Бог яму прадыктаваў. Гарэцкі слухаў гэты Акт уважліва і пабожна, але калі назаўтра Тавянскі выклікаў яго для падпісання Акта, а той заўважыў на ім густыя папраўкі, зробленыя пасля ўчарашняга дня, то сказаў: "О Настаўнік, Пан Бог непамыльны і што адзін раз учыніць - ніколі не папраўляе; значыць, не Пан Бог табе ўчора Акт дыктаваў, калі сёння я бачу ў ім столькі паправак". I не падпісаў Акта".

Разрыў А. Гарэцкага з асяроддзем Тавянскага пацягнуў за сабою і непаразуменні ў адносінах з А. Міцкевічам, які па-ранейшаму заставаўся верным вучэнню новага "прарока Літвы". Не пагадзіла паэтаў і каханне, што зарадзілася паміж прыбылым у Парыж сынам А. Гарэцкага Тадэвушам і дачкою А. Міцкевіча Марыяй. 17-гадовая дзяўчына да знаёмства з Тадэвушам ужо мела нарачонага - бацькавага сакратара Арманда Лера, але адмовілася ад шлюбу з ім і ў 1857 годзе выйшла замуж за Тадэвуша Гарэцкага.

Верагодна, да смерці А. Міцкевіча паэты так і не знайшлі паразумення, хоць А. Гарэцкі неаднойчы рабіў спробы прымірэння з былым блізкім сябрам.

Разрыў з сектаю Тавянскага і рознымі іншымі ліцвінска-польскімі арганізацыямі ўсё ж не прывёў да поўнай адарванасці А. Гарэцкага ад удзелу ў культурным і грамадскім жыцці "Вялікай эміграцыі". Ён па-ранейшаму заставаўся адкрытаю і абаяльнаю асобаю, якая прываблівала да сябе іншых. Адзін з эмігрантаў, Ю. Зялінскі, згадваў пра яго наступным чынам: "На твары ... відаць былі сляды моцных перажыванняў. I гэта была сапраўды дзіўная мешаніна дабрадушнасці, досціпу, багабойнасці, знешняй палахлівасці, сапраўднай адвагі, роздуму і неразважнасці, нястрымнай жарсці да гульні, невычэрпнай пачцівасці. <...> Звычайна ён заікаўся, меў ліцвінскі акцэнт, але міла было яго слухаць, калі ён чытаў які-небудзь свой верш". I сапраўды, без чытання вершаў А. Гарэцкага не абыходзілася амаль ніводная гадавіна 29 лістапада, што заўжды ўрачыста святкавалася ў асяроддзі "Вялікай эміграцыі".

Тым часам здароўе паэта ўсё больш слабела. Ім апекавалася сям'я Тадэвуша і Марыі Гарэцкіх, што жылі таксама ў Парыжы. Апошнія гады жыцця А. Гарэцкі правёў у доме здароўя Маіson Мunicipalе dе Santе Dubois, дзе яму асаблівую радасць прыносілі адведзіны сяброў і знаёмых. Б. Ліманоўскі ўспамінае пра адзін з такіх візітаў, звязаны таксама з гадавінаю паўстання 1830-1831 гадоў: "Не гледзячы на хваробу, ён не ляжаў у ложку і быў цалкам апрануты. Мы заспелі яго ў таварыстве нейкага эмігранта. Бадзёры і гаманкі, ён сустрэў нас вельмі пачціва, распытваў пра Літву, Інфлянты; сам апавядаў нам разнастайныя падрабязнасці пра паўстанне 1831 года і прачытаў некаторыя са сваіх вершаў. Ён выказваў вялікае задавальненне ад таго, што мы яго наведалі".

У гэтым жа доме, 18 верасня 1861 года, А. Гарэцкі скончыў шлях зямных пакутаў і змаганняў. Пахаваны ён быў спачатку ў 15-асабовай калектыўнай магіле на могілках Манмартр у Парыжы. Толькі праз некаторы час яго парэшткі былі перанесены ў сямейны склеп Гарэцкіх на могільніку ў Манмарансі, дзе знайшлі спачынак самыя выбітныя прадстаўнікі ліцвінскай эміграцыі, у тым ліку А. Міцкевіч і Ю. У. Нямцэвіч.

Творчая спадчына, якую пакінуў пасля сябе А. Гарэцкі, дастаткова вялікая, хоць, на думку крытыкаў, не ўсё ў ёй вартае пільнай увагі чытача і даследчыка. Усе кнігі паэта выходзілі па-за межамі Айчыны, на эміграцыі, і варта заўважыць, што, не гледзячы на ранні літаратурны дэбют у перыёдыцы, складаць вершы ў паэтычныя зборнікі А. Гарэцкі пачаў ужо ў зусім не маладым узросце: першая яго кніга - "Роеzyie Litwina" ("Паэзія ліцвіна") - выйшла ў Парыжы ў 1834 годзе. Пасля новыя зборнікі пачалі з'яўляцца даволі часта: "Ваjkі і роеzjе nowе" ("Байкі і новыя вершы", 1839), "Klosek Роlskі, сzylі Nоwу tоmіk роеzуі" ("Каласок Польшчы, або Новы томік вершаў", 1843), "Wolny glos, сzуlі Nowу tomik pism" ("Вольны голас, або Новы томік твораў", 1850), "Siewbа, сzуlі Nowу tomik pism" ("Сяўба, або Новы томік твораў", 1857), "Nowу zbіоrеk wіеrszу" ("Новы зборнік вершаў", 1858), "Jeszczе tоmіk ріsm" ("Яшчэ адзін томік твораў", 1859), "Nowе ріsеmkо" ("Новая кніжачка", 1860), "Rozmaitosсі" ("Рознае", 1861).

Пасля смерці паэта ўкладаннем яго твораў заняўся Л. Рэталь, падрыхтаваўшы да друку зборнік выбранага пад назваю "Ріеsnі" ("Песні", 1868), а затым - двухтомнік "Ріsmа" ("Творы", 1886), куды ўвайшлі ўсе выдадзеныя паэтам кнігі ў храналагічным парадку.

Перавыданне выбраных твораў А. Гарэцкага ў XX стагоддзі было ажыццёўлена толькі аднойчы: у 1950 годзе ў Варшаве выйшла кніга "Djabel і zbozе" ("Чорт і збожжа"), падрыхтаваная Я. Шэлёнгам. У той жа час на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку цяперашняй Беларусі, яшчэ ніводнага разу асобнаю кнігаю не выходзіла "паэзія ліцвіна", хоць патрэба ў гэтым усё больш узрастае ў культурным жыцці краіны.

Як бачым, жыццёвы шлях А. Гарэцкага працякаў у адзін з самых складаных перыядаў айчыннай гісторыі. Атрымаўшы патрыятычнае выхаванне ў бацькоўскім доме, на пачатку XIX стагоддзя ён увайшоў у культурнае і грамадскае жыццё зямель былога Вялікага Княства Літоўскага як гарачы барацьбіт за вызваленне Айчыны. Удзел у напалеонаўскіх войнах, затым - у паўстанні 1830-1831 гадоў, а таксама жыццё ліцвінскай эміграцыі паўплывалі на тэматыку і праблематыку яго творчасці. Аўтар шматлікіх зборнікаў, прысвечаных паэтычнаму роздуму пра лёс Літвы-Беларусі, ён яшчэ чакае свайго вяртання да беларускага чытача.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX