На пасадзе старшыні вершы шчырыя складаў
(100 гадоў з дня нараджэння Пятруся Граніта)
ГРАНІТ Пятрусь (ІВАШЭВІЧ Іван Пятровіч) - (11(24).01.1909 - 14.01.1980) нарадзіўся ў в.Зачэпічы Лідскага павету (цяпер Дзятлаўскага раёна) у сялянскай сям'і, вучыўся ў Беліцкай вячэрняй школе ў 1930-я гады. У 1927-39 г. працаваў дарожным рабочым, у 1930 -я ўступіў у шэрагі КПЗБ. Прымаў удзел у нелегальным з'ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні ў 1933. Арыштоўваўся. Пасля аб'яднання працаваў старшынём Беліцкага сельсавета (1940-41). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскай брыгады "Барацьба". Скончыў Наваградскую педнавучальню (1950), працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах (1945-71). У друку ўпершыню выступіў у 1933 г. у "Беларускай газеце". Публікаваўся ў газетах "Наша воля", "Беларуская газета", "Папросту", у часопісах "Асва", "Беларускі летапіс", "Шлях моладзі". Выдаў кнігу вершаў для дзяцей "Сцяжынка" (1978). Цыклы вершаў апублікаваныя ў зборніках "Сцягі і паходні" (1965), "Ростані волі" (1990), друкаваўся ў лідскіх газетах "Сцяг працы" і "Уперад" у 1963-76 гг.
Іван Івашэвіч... У свой час імя гэтага чалавека было шырока вядома ў лідска-дзятлаўскім рэгіёне. А аматары паэзіі ведалі яго па літаратурным псеўданіме Пятрусь Граніт. Натуральна, ён часта наведваўся да лідскіх журналістаў і друкаваў свае вершы ў раённай газеце. Упершыню я сустрэўся з Іванам Пятровічам у рэдакцыі газеты "Сцяг працы", папярэдніцай якой была газета "Уперад". Новае выданне з'явілася ў траўні 1962 года як орган Гарадзенскага абкаму партыі і, акрамя Лідскага, распаўсюджвалася таксама ў Воранаўскім раёне.
Пятрусь Граніт зачароўваў сваіх суразмоўцаў прастатой і абаяльнасцю і, канешне, вершамі. Калі ён пераступаў парог рэдакцыі, вакол яго адразу ж "кучкаваліся" малады паэт Лёня Казачэўскі, старэйшы ў нашым калектыве журналістаў, Віктар Кучынскі, які таксама спрабаваў пісаць вершы, іншыя супрацоўнікі.
I. Івашэвіч паходзіў з сям'і беднага селяніна. Нарадзіўся, вырас і жыў у вёсцы Зачэпічы, гэта недалёка ад Беліцы, толькі па іншы бок Нёмана. Дарэчы, вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Калеснік назваў згаданую вёску гняздом паэтаў. Бо там жа жылі і тварылі яшчэ два літаратары: Аляксандр Лебедзеў (Васіль Струмень), таксама шчыры сябра лідскай газеты, і Іван Пышко (Герасім Прамень). Усе трое актыўна працавалі ў мясцовым гуртку сялянска-работніцкай грамады, адстойвалі святое права звацца беларусамі, змагаліся за лепшае жыццё народа. Яны ж разам з іншымі актывістамі наладжвалі ў вясковых хатах ці проста на дварэ спектаклі па п'есах беларускіх драматургаў. На такія канцэрты ў Зачэпічы прыходзілі сяляне і з вёсак на правым беразе Нёмана.
За сваю літаратурную дзейнасць і падпольную работу Івашэвіч, як і яго таварышы па барацьбе, зведаў ператрусы, арышты, катаванні. Але дух паэта быў нязломны. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР ён працаваў старшынём Беліцкага сельсавета. У гады ж нямецкай акупацыі - сувязны партызанскай брыгады "Барацьба". Пасля вайны Іван Пятровіч доўгі час быў дырэктарам Зачэпіцкай школы. I пастаянна, аж да сваёй смерці ў 1980 годзе, заставаўся сябрам літаб'яднання пры рэдакцыі лідскай газеты "Уперад", рэгулярна друкуючыся на яе старонках.
Яшчэ крыху аб літаратурнай дзейнасці Пятруся Граніта. Яго першыя творы пабачылі свет у 1933 годзе ў Вільні ("Беларуская газета", "Літаратурная старонка", "Наша воля"...). Асноўная тэма тагачасных твораў - лёс вясковай беднаты, крытыка палітыкі нацыянальнага ўціску, заклікі да ўз'яднання з БССР. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў паэта пераважапі грамадска-публіцыстычная лірыка, вершы для дзяцей. Менавіта ім, сваім выхаванцам і нашчадкам, Іван Пятровіч пакінуў паэтычны зборнік "Сцяжынка" (выдавецтва "Мастацкая літаратура", 1978 г.).
Сёлета споўніліся сотыя ўгодкі з дня нараджэння паэта-земляка. Думаецца, гэтую дату не позна адзначыць больш шырока. Добра было б правесці ў Лідзе і Беліцы вечарыны чытачоў, прысвечаныя памяці Івана Пятровіча. Тым больш, што ў нашым горадзе жыве ўнучка знакамітага чалавека, а ў Зачэпічах - дачка. Сталі лідзянамі Уладзімір Калодка і Аляксандр Калодка, былыя кіраўнікі музычнай школы і аддзялення ДАІ, іншыя вучні настаўніка. Можа, варта назваць імем Івана Івашэвіча адну з вуліц в. Беліца. Словам, для яго ўшанавання хацелася б зрабіць больш: ён таго заслугоўвае. Гэта, як кажуць, патрэбна не нябожчыкам, а жывым.