Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Іван Гушчынскі 


Аўтар: Хітрун Алесь,
Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 55.



"Для мяне паэзія - свята, а ў гэтым свяце шмат маіх сяброў"
Івану Гушчынскаму - 60 год

Пазнаёміцца з Іванам Гушчынскім мне давялося ў самым канцы 90-х гадоў, калі я час ад часу наведваўся да паэта Віктара Бачарова, які працаваў на пасадзе дырэктара 13-ай школы г. Ліды. У той час тут працаваў і Іван Сцяпанавіч. Прызнаюся: я не ведаў, што паважаны І. Гушчынскі - таксама лідскі творца. Пра тое, што ён з'яўляецца паэтам, я даведаўся ў кнізе Бачарова "Дембель неизбежен", дзе ў нізцы сяброўскіх шаржаў змешчаны верш "Мастацтва патрабуе ахвяр". Адступлюся і скажу, што гэта адзіны беларускамоўны вершаваны твор Віктара Мітрафанавіча (у той час так казаў мне ён сам) напісаны як пародыя на верш "Толькі не будзі яе ты ранак…" Івана Гушчынскага. Далей маё знаёмства з паэзіяй Івана Гушчынскага прадоўжылася ў альманасе "Ад лідскіх муроў", у падборках твораў літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце". Аднойчы я звярнуўся да Івана Сцяпанавіча з вершаваным пытаннем:

Ляцяць кудысьці мае словы,

Вятрыскам разагнаныя,

Я без іх, як без падковы,

Конь не падкаваны.


Як злавіць іх, падкажыце,

Мае сябры-паэты,

Як усцішыць гэты вецер,

Адкрыйце мне сакрэты!

Ён усміхнуўшыся, мне адказаў: "Паспрабуй адчуць у паэзіі рытм і рыфму, вось тады гэты вятрыска і ўсцішыцца". Для мяне, паэта-пачаткоўца, гэтая парада мела важнае значэнне.

Успамінаю цікавы момант. Аднойчы ў госці "Літаратурна-музычнай гасцёўні" Лідскага радыё быў запрошаны Іван Гушчынскі. А паколькі па ўстаноўленай традыцыі, радыёпраграма праходзіла ў жывым эфіры, любы слухач мог задаць пытанне выступоўцу па тэлефоне. Гэты шанец выпаў мне: я спытаў у госця, калі ўбачыць свет яго паэтычны зборнік. Мяне Іван Сцяпанавіч заўпэўніў: зборнік выйдзе, ва ўсякім разе рыхтуецца і з кожным новым творам паўнее… Гэтае пытанне я яму напамінаў пры сустрэчах пасля неаднаразова, на якое атрымліваў: "Павінен вось-вось выйсці…"

І нарэшце наступіў доўгачаканы час. У чэрвені 2010 года паэт мне паведамляе прыемную навіну: на Купалле павінна выйсці ягоная кніжка. Чаму менавіта на Купалле? Урэшце-рэшт раскрылася гэтая затаемнасць: 7 ліпеня - дзень яго нараджэння. Узгаданая дата яшчэ больш усхвалявала: гэты ж дзень - дзень народзінаў беларускага нацыянальнага паэта - прарока Янкі Купалы - незвычайнае супадзенне! У гэты дзень, калі расцвітае папараць-кветка, новароджанаму даецца шчасце, якое ўсміхнулася імяніннікам Янкам (Іванам): усясветнаму Янку Купалу і лідзяніну Івану Гушчынскаму. Ну чым не шчасце быць паэтам?! А які ж ты паэт, калі не маеш сваёй кніжкі?! І. Гушчынскі яшчэ раз даказаў сваё прызванне ў сваім томіку вершаў "Ідзі і вяртайся", які падпісаў мне так: "Сябрук Алесь! Каб я не так доўга чакаў тваёй кніжкі, як ты маёй". Гэты подпіс быццам уваходзіць у вызначэнне "ты - мне, я - табе". Ну што ж, калі так, то кніга аўтара артыкула рыхтуецца і з кожным новым творам папаўняецца.

Аднойчы мне ў рукі трапілі ўласнаручныя лісты, у якіх Іван Сцяпанавіч занатаваў свае невялічкія ўспаміны з жыцця. Чытаючы гэтыя рукапісы, адразу адчуваецца, што яшчэ з маленства ў асобе паважанага І. Гушчынскага сфармаваўся вобраз дасціпнага жартаўніка, майстра на штукарствы. Але падкрэслю, што гэтыя жыццёвыя эпізоды ў яго ўзнікалі і ўзнікаюць хіба што знянацку, ці, калі казаць літаратурным тэрмінам, экспромтам. Гэта яшчэ адна прыступка, на якой зазначаны творчыя гумарыстычныя вартасці нашага таленавітага лідзяніна. А вось і гэтыя занатаваныя радкі ўспамінаў (падаюцца ў арыгінале):

"1. Дзень нараджэння - Купалле.

2. З дзяцінства адчуваў вялікую цягу да тэхнікі і мастацтва. З братамі разабралі і перанеслі дахаты замежную сеялку, каб дома зрабіць з яе не меней, чым самалёт. Абыйшлося. Стаў скульптарам. Прыйшлося таксама адмовіцца, бо суседу вельмі не спадабалася наша скульптура. Яго каню - таксама. Гняды спужаўся і выкінуў нашага суседа ў гліністы роў, поўны вады."

А далей аўтар успамінаў раскрывае сваю затаемнасць, як у яго сфармавалася цяга да творчасці:

"3. Пазней паспрабаваў пісаць вершы. І да гэтай пары ніхто не супраць.

У дзяцінстве вельмі любіў казкі. Прыдумваў свае. А для тых, хто змяшчаўся на нашай печы, я быў папулярным ілгуном.

Нешта сталае і сур'ёзнае пра паэзію ўпершыню пачуў ад малодшага настаўніка рускай мовы і літаратуры Міколы Міцкевіча.

Свае "шэдэўры" пачаў друкаваць у школьнай газеце. Пазней, у інстытуце, Віктар Бачароў - рэдактар інстытуцкай літаратурнай газеты, надрукаваў некалькі маіх вершаў. Вельмі шмат карысных і сардэчных парад атрымаў ад нашага любімага выкладчыка Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча.

Па сённяшні дзень для мяне паэзія - свята, а ў гэтым свяце шмат маіх сяброў".

Да гэтага ўсяго трэба дадаць, што паважаны Іван Сцяпанавіч нарадзіўся 7 ліпеня 1951 года ў вёсцы Парэчча Лідскага раёна. У 1968 годзе скончыў сярэднюю школу. У 1972 годзе закончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школах Лідчыны. У 1973-1974 гг. служыў у шэрагах Савецкай Арміі ў Беларускай вайсковай акрузе. Некаторы час працаваў на заводзе "Лідсельмаш". У друк увайшоў з 1974 года. З'яўляецца актыўным сябрам літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Трэба адзначыць, што творчасць І. Гушчынскага не праходзіць бясследна. Яго неаднаразова вылучалі ў лік найлепшых творцаў Лідчыны. У 2006 годзе пры рэдакцыі "Лідскай газеты" у літаратурнай суполцы "Суквецце" праводзіўся творчы конкурс, прысвечаны В. Таўлаю. І. Гушчынскі за ўдзел у ім атрымаў 2 месца. Незадоўга пасля гэтай нагоды, ужо ў 2008 годзе, паэтычны талент Івана Сцяпанавіча зноў не застаўся пры боку. У творчым конкурсе, аб'яўленым раённым выканаўчым камітэтам і рэдакцыяй "Лідскай газеты", прымеркаваным да 685-годдзя заснавання г. Ліды, паважаны творца атрымаў таксама ўзнагароду. Яго верш "Я - лучнік твой" быў заўважаны журы з прафесарска-выкладчыцкага калектыву Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэта. Паэт быў узнагароджаны заахвочваючай прэміяй.

Лідчына і сапраўды багата на таленты, якія ўпрыгожваюць і ўзводзяць горад на паэтычную прыступку.

Томік І. Гушчынскага, які лёгка можа схавацца ў кішэні ўвабраў цэлы душэўны збор паэтычнай шматграннасці. Зборнік "Ідзі і вяртайся", прысвечаны аўтарам сваёй маме, змяшчае ў сабе вершы, напісаныя ў розныя гады. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Васько ў прадмове пазначае: "У сваёй творчасці Іван Гушчынскі ідзе ад жыцця да паэзіі, а да жыцця - праз паэзію. Карціць сказаць, што тэмы для сваіх вершаў ён не высмоктвае з пальца, а шукае іх у роднай вёсцы, на прасторах дарагіх яго сэрцу палеткаў, на дарогах Лідчыны і вуліцах горада, у асяроддзі сяброў і людзей, знаёмых і незнаёмых, ва ўсмешках дзяўчат, мігценні зорак і г. д.".

Паэзія тут рознатэмавая: з грамадзянскім чуццём, філасофскім разважаннем, гумарыстычным поглядам. Зборнік кранае чытача душэўнасцю, сваеасаблівай эмацыянальнай прачуласцю, глыбінёй думак. Не забывае паэтычная душа і тое, што звязвае паэта, - гэта жыццёвыя карані родных мясцін. У адным з вершаў "Мая прыстань" аўтар прызнаецца:

Упэўнены ў адным: ёсць месца, дзе

я захаваў стары, надзейны якар.


…А пірс пусты даўно пільнуе мама,

бліжэе далеч ад яе вачэй.

У такім тэмавым кірунку ёсць і вершы "Малюнак дзяцінства", "Гармонік грае", "Дома", "Вяртанне ў любы сэрцу край", не забывае і свой горад у вершы "Я - лучнік твой":

З даўніны, як здалёку, рэкі

ў заўтра, як у мора, усе цякуць.

А горад мой над ціхаю Лідзейкай

вякі дзявоцкім іменем завуць.

Задумваецца аўтар і пра свой незвычайны дзень нараджэння:

Кукавала зязюля ў бары:

ку-ку-раз,

ку-ку-два,

ку-ку-тры.

Можа ёю імя мне абрана

рана-раненька на Івана…

…Кукавала зязюля ў бары,

як сказаць,

ці то многа,

ці мала?

Скукаванае шчыра пражыў?

Што ж зязюля не скукавала?..

Прысвячае паэт і верш свайму аднадзённаму імянінніку Янку Купалу ("Песні Купалы"):

Кветкай шчасця цяжкога

зорка з неба ўпала

ў лес дрымучы і цёмны,

у лес нядолі людской.

Дзеўкі й хлопцы ў Купалле

дарма шчасце гукалі -

на якой яно сцежцы,

у старонцы якой?

Назва зборніка Івана Гушчынскага нясе рэфрэнаўскі вокліч - загад: "Ідзі і вяртайся", верш, які прысвечаны аднаму са сваіх сяброў-паэтаў - В. Бачарову. Героя верша вучаць бацькі, сястра, сябры, даюць яму жыццёвыя парады перад нязведанай дарогай: " ад зла не хавайся", " будзь моцным, сынуля", " зграшыў, дык пакайся", " з сябрамі не цесна на шумным Парнасе". Але да ўсяго гэтага герою напамінаюць: " Ідзі і вяртайся".

Прысвяціў аўтар свайму сябру і іншыя вершы: "Падаюць яблыкі, падаюць яблыкі", "Пастух". Ёсць прысвячэнні М. Мельніку ("Сярэбраныя пеўнікі", "Наша слова"), Л. Вінніку ("Патухлая зорка"), У. Мельнікаву ("Мастацтва і жыццё"), У. Васько ("Грузчык"), Г. Зубрыцкаму ("Праўда і страх"), С. Сліўко ("Смарагд - не камень") і інш.

Пра тое, што І. Гушчынскі з'яўляецца ў нейкім сэнсе гумарыстам, я ўпэўніўся чытаючы радкі ў вышэй названым зборніку. Умее Іван Сцяпанавіч убачыць незвычайнае хараство жыцця ў жанры гумару. Верш "Як свата стрыглі" высмейвае цырульніка, які добра падпіты падстрыг свата так, што " валасы з-пад тае меркі каб маглі, то ўсталі б", а ўсё з-за таго, што " ты ж (жонка) паставіла, скупая, малую пасуду". І дадае аўтар у якасці маралі, што " як цябе, ці ты стрыжэш - не забудзь пра дзверы". Гумарыстычным пяром напісаны "Тост", "Чый дзед большы", "Цёшчына загадка", "Пекла", "Кум" і іншыя.

Напэўна няма паэта, які б не пісаў вершы на інтымную тэматыку?! Іван Сцяпанавіч адзін з іх. У яго багаты арсенал такой лірыкі ("Зорка мая", "Ягада-маліна", "Да цябе, да цябе, да цябе", "Вальс", "Да цябе"). У адным з іх ён па-свойму разважае так:

Зорка мая!

У вечар позняга лета

ты й на зямлі,

хоць далёка, а ёсць…

…А ці будуць шчаслівымі

нашы ў выраі сэрцы,

між планетаў - адзіныя,

між людзей - адзінокія?

У вобразе каханага ён прызнаецца, што " аб спакоі не зведае многа той, хто думае пра цябе", " і цябе не забудзе ніколі той, хто бачыць і чуе цябе", " за спіною адчуе крылы, хто ідзе ўсё жыццё да цябе", " у забытай тузе і знямозе, хто абняў і цалуе цябе".

Як і сказана вышэй, зборнік невялікага памеру і з невялікім накладам асобнікаў. Але знайсці ў гэтым выданні можна вялікія каштоўнасці як мастацкіх сродкаў (што вельмі важна для паэта), так і жыццёвых разваг і парад. Важна, што паэт бачыць тыя з'явы, якія не ўяўляюцца простаму чалавеку. Лірычны герой (ці ён жывая ці персаніфікаваная істота) І. Гушчынскім надзелены шматлікімі рысамі, мікравобразамі. Паэт параўноўвае (" станцыя, як запісная кніжка"), параўноўвае і разам з тым адухаўляе (" горад крылы - вуліцы раскінуў", " душы пялёсткі… паляцелі", " зямля напухла пад падталым лісцем"), увасабляе (" халады прыгарцуюць на спінах вятроў"). З густам паэт увіхаецца складанымі мастацкімі сродкамі пры адлюстравані прыроднага хараства. Спалучаючы тропы - метафару і эпітэт, як наватворны паказчык (метафарычны эпітэт) (" ноч узяла ў пуховыя далоні твой твар з усмешкай дня", " намаляваў у паўзмроку невыразна туман пушысты лесу ўздых"), І. Гушчынскі надае пры гэтым ажыўленчую асаблівасць твору. Фарбавальнымі сродкамі - метафарай падаецца і такая якасная фраза " спадзяванняў сіні парашут", эпітэтамі " у туманах беласонных", " нямая няўтульнасць забытых садоў". Здаецца, што свет, наваколле, прырода, уся тая рэчаіснасці, якая часцей сустракаецца з чалавекам, пры дотыку, пры позірку Івана Сцяпанавіча нібыта казачна ажывае, дыхае, гаворыць з чытачом, як у чароўную ноч на Купалле.

Пад выказваннем "Малы залатнік ды дарагі" падразумець можна і кніжку лідскага творцы Івана Гушчынскага. Яна, як і люстэрка бачання адваротных з'яў жыцця, прапануе прайсці ў яго і адчуць лёсавызначальныя затаемнасці, але і напамінае чытачу, што неабходна адтуль і вярнуцца ў гэты жыццёва-бурлівы свет: "Ідзі і вяртайся!"

Алесь Хітрун, кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце".


PS: Матэрыял Алеся Хітруна пра паэта Івана Гушчынскага можна прачытаць у газеце "Наша слова" пад назвай "Крокі ў затаемнасць з выйсцем у прастору жыццёва-бурлівага свету Івана Гушчынскага" (6 кастрычніка, 2010 год, № 40 (983), стар.4); а таксама падборку вершаў да юбілею "А за лугам гармонік грае песню даўніх шчаслівых дарог"у "Лідскай газеце" з уступным словам Уладзіміра Васько (5 ліпеня, 2011 год, № 74 (12036), стар.6); у літаратурна-мастацкіх часопісах "Ад лідскіх муроў" (2001, № 1/5, стар.23-26; 2010-2011, № 7, стар.53-57) і ў іншым друку.


Івану Гушчынскаму - даўняму і вернаму сябру, таленавітаму паэту.

Нарадзіўся ты на Купалле,

У шчаслівую ліпеня ночку,

Мой сябрук-весялун Іване, -

І паэт, і каваль, і "свой у дошку"…


Ты жыў і жывеш у натхненні

І нялёгка, ды ў дружбе адданы -

Не такі, як штучныя геніі -

Ад зямлі і жыцця пазваны.


Хай дасць Бог табе вечную сілу,

Жыццястойкасць і светлую долю,

Каб зямля цябе доўга насіла

На Пегасе ўтрапёным і вольным.

1997 г. З павагай Міхась Мельнік.


Падборка вершаў Івана Гушчынскага

Пракляцце

Пракляла, вядзьмарка, пракляла!

Скуль у словах гэтакая сіла?

Вокам, нібы брытвай павяла,

а на словах толькі дадала:

Каб цябе зямелька не насіла!


Прыкладуся толькі да віна,

да гарэлкі толькі прыкладуся -

слабнуць рукі, ногі і спіна,

не трымае плот, вушак, сцяна,

як зямля не носіць - то й валюся.


Кум

- Хто ў хрысціны на сяле

шкадаваў гарэлкі мне?

- Кум.


- Хто крычаў, што яму мала,

калі кумка падлівала?

- Кум.


- Хто пужаў, каб не маргала,

мяне локцем не штурхала?

- Кум.


- Хто куму павёў дадому

ля капы ржаной саломы?

- Кум.


- Хто да копкі не дайшоў,

п'яны пляснуўся ў роў?

- Кум.


- Хто не бачыў, як на полі

кумцы ржышча спінку коле?

- Кум.


Вішні

Стомленае сонца

ў кошык вішань ўпала.

Ой, чаму ж для хлопца

гэтых вішань мала?


Не частуй, красуня,

вішняй каля хаты:

нос суседка суне,

блізка мама, тата.


Пахне вішняй спелай

і салодкай самай

твая шчочка злева,

твая шчочка справа.


Не дрыжы ты голлем,

вішняк чырванюткі.

Ды за ўсё найболей

пахнуць вішняй губкі.


- У цябе, Ванюха,

нос - ой не дурак!

Толькі ты панюхай

лепей мой кулак.


І калі ты самы

сярод ўсіх насаты -

йдзем тады да мамы,

йдзем тады да таты.


Эскіз

Накрэйзаў у паўзмроку невыразна

туман пушысты лесу ўздых - эскіз.

Вясенні вецер хутка клямкай бразне,

вясна шугне, як з горкі стромкай, ўніз.


Зямля напухла пад падталым снегам,

шукаюць сонца сосны ў вышыні,

а недзе там, за лесам і за светам,

наш бусел лічыць да спаткання дні.


Туманным гэтым ціхім раннем

і знізу ўверх, і зверху ўніз

гляджу - пішу эскіз чакання

і лесу лёгкі ўздых - эскіз.


Зорка мая

Кацярыне

Зорка мая!

Табой здзіўлены вечар.

Развітаемся з летам -

адлётным птахам.

Вандравалі мы доўга

да нашай сустрэчы

па халодных ваколіцах

Млечнага шляху.


Лёс надзяліў нас

гэтым казачнам светам,

назаўжды знепакоіў,

падарыў прыгажосць.

Зорка мая!

У вечар позняга лета

ты й на зямлі,

хоць далёка, а ёсць.


І хоць гэта пара

яшчэ летам завецца,

Спас буслоў устрывожыў

дарогай далёкаю.

А ці будуць шчаслівымі

нашы ў выраі сэрцы,

між планетаў - адзіныя,

між людзей - адзінокія?


Наша слова

Міхасю Мельніку

Падмануць паспытае Бога

падмануўшы даўно сябе,

аб спакоі не зведае многа

той, хто думае пра цябе.


Без развагі аб волі - няволі

з райскіх кратаў замкі саб'е,

і цябе не забудзе ніколі

той, хто бачыць і чуе цябе.


Не скрадзе пуцявіна сілы,

калі ты ўжо не сам па сабе.

За спіною адчуе крылы,

хто ідзе ўсё жыццё да цябе.


Шчасце нават у гэтай дарозе.

І з крыніцы ратунку п'е,

у забытай тузе і знямозе,

хто абняў і цалуе цябе.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX