Кароткі ўспамін пра Ларысу Канчэўскую
15 сакавіка 2021 г. памерла Ларыса Георгіеўна Канчэўская.
Дачка афіцэра, яна нарадзілася 9 кастрычніка 1946 г. на востраве Сахалін. У дзяцінстве жыла ў Расіі і Латвіі. З 1956 г. - у Лідзе.
Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Была рабочай, лабарантам на заводзе электравырабаў, мастаком-афарміцелем, касірам у банку, малодшым навуковым супрацоўнікам у гарадскім архіве, інструктарам гарвыканкама, інжынерам па эстэтыцы, выкладчыкам у педвучылішчы.
Заўсёды знаходзілася ў самым цэнтры інтэлектуальнага жыцця горада Ліды, была душой любога калектыву, генератарам ідэй, стваральнікам сэнсаў.
Грала ў народным тэатры, усё жыццё пісала вершы і прозу, мела "абсалютны" літаратурны слых і вытанчаны густ. Калі-нікалі друкавалася ў "Лідскай газеце", газеце "Чистый мир", у альманаху "Ад Лідскіх муроў", у "Лідскім летапісцы".
Ларыса Канчэўская заўсёды была сябрам маіх сяброў, але працяглы час мы з ёй былі толькі знаёмы, покуль у лістападзе 2014 г. не стэлефанаваліся, і я прыйшоў да яе, ужо вельмі хворага чалавека, у госці. Мая першая фраза пры нашай сустрэчы потым увайшла ў адзін з яе тэкстаў:
- Мы з вамі … амаль не перасякаліся. Затое мае сябры ... у пэўныя перыяды свайго жыцця бясконца паўтаралі: "Ларыса Канчэўская ды Ларыса Канчэўская ...".
Шмат пра што размаўлялі з ёй у той дзень, і яна перадала мне для публікацыі рукапіс цікавых мемуараў Уладзіміра Крушэўскага пра лідскі рок-фестываль 1982 г. (надрукаваны ў менскім альманаху "Асоба і Час", Вып. 8). Пасля той сустрэчы яна пачала пісаць свае цудоўныя белетрызаваныя ўспаміны. Напісала найкарыснейшыя ўспаміны пра нашага з ёй агульнага сябра Валянціна Ляцецкага (Лідскі летапісец. 2015. № 4), і таленавітую "Маленькую аповесць пра любоў" - лірычныя ўспаміны пра дзяцінства, якое прайшло ў нашым горадзе ("Ад лідскіх муроў", № 8). Пасля аповесці, з канца 2015 г., пачала пісаць раман успамінаў і працавала над ім каля года. Напісала, па маіх разліках, каля чвэрці рамана, але давесці справу да канца ёй не дазволіла хвароба. Я ўпэўнены, што мы надрукуем яе апошні тэкст у чарговым альманаху "Ад лідскіх муроў", а фрагмент з яго нават ужо быў надрукаваны ("І Быкаў такі малады... Да 70-годдзя Ларысы Канчэўскай" // Лідскі летапісец, 2016. № 4 (76)).
Не хачу пісаць стандартныя словы пра тое, што мы яе ніколі не забудзем. Пасля кожнага з нас застаецца, толькі тое, што ён пакінуў на гэтым свеце. Пасля майго сябра Ларысы Канчэўскай застануцца яе тэксты.
Леанід Лаўрэш, пісьменнік.
 Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
        