Мікола Лазоўскі - мастак і паэт,(85 гадоў з дня нараджэння)
Лазоўскі Мікалай Фёдаравіч нарадзіўся ў в. Лазяны Беліцкай гміны, Лідскага павету 20 лютага 1926 г. Беларус.
Закончыў 5 класаў вясковай польскай школы. З ліпеня 1944 г. і па жнівень 1950 г. служыў у Чырвонай Арміі:
У час Другой Сусветнай вайны ўдзельнічаў у вызваленні Польшчы, Прагі, Венгрыі, штурме Берліна. Узнагароджаны "Ордэнам Айчыннай вайны", медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За ўзяцце Берліна" "За вызваленне Прагі", "За перамогу над Германіяй", "Медаль Жукава" і інш.
Пасля вайны яшчэ праслужыў звыштэрмінова шэсць гадоў. Вярнуўся на радзіму. Працаваў на Лідскай чыгунцы мастаком, шмат рабіў насценных роспісаў. Паралельна вучыўся ў Маскоўскім народным універсітэце імя Крупскай. Затым дваццаць пяць гадоў працаваў мастаком -афармляльнікам на Лакафарбавым заводзе. Маляваў Мікалай Фёдаравіч з дзяцінства. Яшчэ будучы хлапчуком, браў вугольчык і выводзіў ім клёпкі на бочках і іншых вырабах. У час вайны, на фронце, калі было зацішша, маляваў сябрам - таварышам ружы на салдацкіх лістах-трохкутніках. Дапамагаў камандзірам у афармленні агітматэрыялаў. Галоўнае месца ў творчасці Мікалая Фёдаравіча займалі любыя яго сэрцу пейзажы Лідчыны, іканапіс. Таксама пісаў карціны з жанравым зместам, пейзажы з тонкім гумарам.
Будучы за мяжой у гады вайсковай службы, Лазоўскі бачыў шмат цікава напісаных карцін у Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі, і сам пачаў пісаць іх. Прымаў удзел Мікалай Фёдаравіч у рэстаўрацыі разбуранай Радзівонішскай царквы, і ім адрэстаўравана карціна "Узнясенне Хрыста". У праваслаўным храме каля старога рынку ўсе абразы выкананы Лазоўскім - іх там звыш 50. Ім жа створана "Святая Сям'я" - цэнтральны абраз касцёла, які знаходзіццца па вуліцы Тухачэўскага. Вельмі любіў Мікалай Фёдаравіч прыроду. Асабліва краявіды Ліды, Дзітвы. У свабодны час пісаў замалёўкі з жыцця вёскі. Многія даручалі Лазоўскаму намаляваць іх родны хутар, вёсачку.
Многія яго карціны аб Лідзе знаходзяцца за мяжой - ва Ўкраіне, Германіі, Францыі, Канадзе, ЗША.
Добрыя пачуцці і глыбокі раздум выклікаюць карціны "Сады над Нёманам", "Бацькоўскі хутар", "Панарама Нёмана", "Хатка пад Нёманам", "Ліда з вышыні птушынага палёту", "Нараджэнне Ліды".
З заказамі да мастака прыходзілі самыя розныя кліенты, звярталіся настаўнікі з просьбай аформіць школу.
Бывала, калі душу мастака ахоплівала асаблівае натхненне, ён пісаў вершы. Зноў жа аб родным краі: пра замак над Лідзейкай, вясковыя хаты, Цыбарскі бор, ранішнее сонейка, якое дапамагала мастаку афарбоўваць яго карціны. Ёсць вершы з частушкамі і гумарам. Кожны яго верш стварае непаўторны свет і настрой.
За свой век Мікалай Фёдаравіч напісаў вялізарную колькасць карцін. Яму былі аднолькава падуладныя графіка, акварэль, алей. Сваёй творчасцю ён нёс людзям дабрыню, веру, спагаду.
Дзяцінства. Юнацтва,
Працоўныя годы,
Радасць і гора -
У жыцці ўсё было.
Франтавыя дарогі,
У магілах салдаты...
Даўно ўсе травой зарасло.
Але ж я душой не старэю,
І пакуль мае вочы глядзяць
Палітру і пэндзлік
Ў руках моцна трымаю,
Пабачу цікавае ў Лідзе -
Спяшаюся намаляваць.
2001 г. М. Лазоўскі.
Ад кожнай яго карціны вее народнасцю і лірызмам. Светлае пачуццё гармоніі, якое ўзнікае пры сустрэчы з яго творамі, нараджаецца не толькі чароўнай каларыстычнай гамай і вытончанасцю кампазіцыі, але і тым радасным узняццем аптымістычнага настрою мастака, перададзенага ў іх.
На жаль у 2009 г. мастака не стала. Яго справу прадаўжаюць дачка Лідзія, унучкі Аня і Ліда. У іх, як кажуць, усё наперадзе.