Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Міхась Мельнік 


Аўтар: Мацулевіч Аляксандр,
Дадана: 30-01-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №47.



ПАЭТ, НАСТАЎНІК, БЕЛАРУС.
Міхасю Мельніку - 60

Калі размова пойдзе пра адраджэнне беларускай культуры ў нашым горадзе, то, напэўна, першай асобай, з якой асацыюецца гэтае адраджэнне, будзе Міхась Іванавіч Мельнік - сапраўдны рухавік і натхняльнік аднаўленчага руху ў Лідзе, актыўны грамадскі дзеяч і цудоўны паэт, адзін з тых, на кім трымаецца годнасць беларускай нацыі.

Міхась Мельнік.

Міхась Іванавіч Мельнік нарадзіўся 7 лістапада 1949 года ў вёсцы Майсеевічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і калгаснікаў. Вучыўся ў Гарадзенскім ПТВ-49 хімікаў, некаторы час працаваў слесарам-інструментальшчыкам на заводзе гандлёвага машынабудавання ў Гародні. У 1972 годзе скончыў філфак Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Астравецкай СШ, а пасля тэрміновай службы ў шэрагах Савецкай Арміі - намеснікам дырэктара Красноўскай і Голдаўскай сярэдніх школ Лідскага раёна; у 1980 годзе быў абраны старшынём прафсаюзнага камітэту Лідскага СПТВ № 55 механізацыі меліярацыйных работ.

3 1984 года выкладае беларускую мову і літаратуру ў Лідскай педнавучальні (з 2001 года - Лідскі педкаледж, з 2006 года - Лідскі каледж Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы). Адначасова займаў пасаду старшыні прафкаму гэтай навучальнай установы. Міхась Іванавіч вядомы як творчы і дасведчаны педагог, якому ўласцівы высокі прафесіяналізм, добрасумленныя адносіны да працы. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод педагогаў і навучэнцаў.

3 першых гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці Міхася Іванавіча хвалявала праблема адраджэння беларускай культуры, вывучэння роднай мовы ў школах і навучальных установах, нават на розных прадпрыемствах і ў арганізацыях.

Ужо маючы пасаду старшыні прафкаму, яшчэ ў 80-я гады, Міхась Мельнік стаў ініцыятарам адкрыцця ў раённай газеце рубрыкі "Беларуская мова і мы". Змешчаны ў ёй артыкул аб праблемах роднай мовы "Без яе мы станем нямымі" (кастрычнік 1989 года) ускалыхнуў грамадскую думку ў горадзе.

Паглыбленае вывучэнне беларускай мовы пачалося з СШ № 13, потым пайшло распаўсюджвацца на іншыя школы горада і раёна. Падтрымку школе пачаў аказваць калектыў Лідскай педнавучальні, які ўзяў над ёй шэфства. I тут ужо не абышлося без Міхася Іванавіча. Па яго ініцыятыве ў навучальні было створана літаб'яднанне "Крынічка", якое наведвалі і школьнікі, наладжаны выпуск двух рукапісных часопісаў "Вытокі" і "Рунь", штомесячнай насценгазеты "Крынічка".

Міхась Іванавіч Мельнік - ініцыятар стварэння ў Лідзе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У жніўні 1989 года ён становіцца старшынём аргакамітэту па стварэнні гэтай арганізацыі, а ў канцы таго ж года - старшынём гарадской рады створанага ТБМ. Адказную пасаду ён займаў на працягу васьмі гадоў. За гэты час таварыства зрабіла многае ў адраджэнні беларускай культуры ў горадзе. Ужо напачатку існавання ТБМ, дзякуючы выступленню Міхася Мельніка, адбылося адкрыццё з-пад тынку мемарыяльнай дошкі ў гонар Людвіка Нарбута - аднаго з паплечнікаў К. Каліноўскага. У 1993 годзе, дзякуючы ў першую чаргу намаганням Міхася Мельніка, у Лідзе быў адкрыты другі ў краіне помнік вялікаму першадрукару і асветніку Францішку Скарыне (адкрыццё адбылося 25 ліпеня 1993 года, скульптар - Валяр'ян Янушкевіч). Міхась Іванавіч узначальвае арганізацыю ТБМ Лідскага каледжа - адну з самых буйных у Беларусі.

Але гэтым яшчэ не вычэрпваецца дзейнасць Міхася Мельніка на ніве адраджэння беларускай культуры. Ён - дасведчаны педагог, адметны паэт, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1995 г), выбіраўся народным дэпутатам Гарадзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў па Маладзёжнай выбарчай акрузе № 51 (1990-1995 гг), уваходзіў у склад тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992-1994 гг).

Першы верш (на рускай мове) надрукаваў у 1966 годзе ў рэспубліканскай газеце "Зорька". А першы верш на беларускай мове "Задуменная ноч" з добраславення славутага Васіля Быкава быў надрукаваны 25 лістапада 1967 года ў газеце "Гродзенская праўда". У 1996 годзе ён разам з Пятром Чаборам склаў зборнік вершаў "Скрыжаванне", у 2009 годзе выйшла ў свет яго кніга паэзіі "Лодка жыцця". Ім так-cама выдадзены інфармацыйны фотаальбом "Время и судьбы" (2004 г., сумесна з Леанідам Віннікам), дзе змешчана інфармацыя пра вядомых людзей Лідчыны канца XX - пачатку XXI стагоддзя; анталогія твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова" (2008 г.) - зборнік, якому няма аналагаў ні ў адным другім горадзе краіны.

Міхась Іванавіч Мельнік выступаў і выступае ў мясцовым, абласным і рэспубліканскім друку з літаратурна-крытычнымі, навукова-метадычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі, а таксама - па радыё і тэлебачанні. Ён з'яўляецца адным са стваральнікаў у Лідскім каледжы музея асветы і культуры Лідчыны і адным з заснавальнікаў і выдаўцоў газет "Народная трыбуна" і "Голас з Ліды" (1992-1995 гг), мае сувязь, як з творчымі дзеячамі Лідчыны, так і з многімі іншымі пісьменнікамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з тымі, хто жыве зараз за яе межамі, і нават з замежнымі беларусазнаўцамі. 3 2004 года кіруе літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" - буйным аб'яднаннем літаратараў, куды ўваходзяць, як дасведчаныя, вядомыя лідскія паэты і празаікі, так і пачаткоўцы , уключаючы навучэнцаў школ (усяго каля 130 чалавек). На словы Міхася Мельніка напісана шмат песень кампазітарамі Я. Петрашэвічам, В. Пыпецем, Д. Мазітавай, С. Мазітавай, Д. Ціханам, С. Лявонавай, С. Чарняком, I. Воранам, В. Пазнуховай, Уладзімірам Норанам і іншымі. Грамадская і творчая дзейнасць ідуць рука аб руку ў яго жыцці і не спыняюцца па сённяшні дзень.

У яго нямала новых твораў. Але галоўная тэматыка іх усё тая ж, бо яна на сённяшні дзень па-ранейшаму актуальная і патрэбная асвятленню: гуманнасць, дабрыня, узаемадапамога, прызначэнне члавека ў жыцці, любоў да Радзімы, імкненне захаваць усё спрадвечна беларускае, захаваць родную мову. I сёння мы спынімся на некаторых аспектах яго творчасці.

Вершы Міхася Мельніка разнастайныя па сваёй тэматыцы. Аднак найбольш пераважае ў яго творчасці філасофская лірыка. Другое месца дзеляць лірыка пейзажная і інтымная. I, нарэшце, ёсць у паэта і вершы грамадзянскага гучання.

Кожны яго верш - невялікі па аб'ёму (звычайна тры страфы), але вельмі вобразны і лірычны, глыбокі па свайму зместу. У іх не заўсёды назіраецца рыфма і дакладны памер - але ці так важна гэта ў творчасці?! Часам вельмі цяжка, а то і зусім немагчыма падабраць словы, каб яны адначасова і рыфмаваліся, і адпавядалі сапраўдным пачуццям і настроям паэта. Як сцвярджае Міхась Мельнік,

Не рыфмаю, а праўдаю

Звініць страфа ў вяках.

("Паэтам")


I Міхась Іванавіч заўсёды верны такому прынцыпу ў сваіх шматлікіх творах. Таму кожны з іх такі шчыры і задушэўны, і вобразы, створаныя паэтам, назаўсёды застаюцца ў нашай памяці як неад'емная часцінка нашага ўнутранага свету.

Як ужо гаварылася, вершы Міхася Мельніка вобразна багатыя. Але сярод самых распаўсюджаных вобразаў-сімвалаў : дуб-асілак, свежы некрануты снег, цёмная ноч, чалавечыя вочы. Дуб - сімвал вернасці Радзіме, вечнай памяці пра яе мінулае. Снег - сімвал душэўнай чысціні і светласці. Цёмная ноч сімвалізуе тугу і роспач. Вочы, кажучы словамі самога паэта, - "люстра душы чалавечай". Увогуле, вершы гэтага цудоўнага паэта багатыя на метафары і параўнанні, прытым вельмі трапныя і нечаканыя.

Так, каб паказаць прыгажосць дуба, хаця і аброслага мохам, паэт ужывае наступнае параўнанне: "Ён [дуб] мохам, як футрам шыкоўным, абшыты..." ("Вернасць").

Каб мы ярчэй маглі ўявіць, якія энергічныя, пытлівыя навучэнцы займаюцца пад яго кіраўніцтвам, паэт ужывае вельмі трапную метафару "няўрымслівыя птахі" ("Няўрымслівыя птахі - мае вучні...").

Такія прыклады можна прыводзіць бясконца. Можна яшчэ, калі глыбей ўгледзецца ў многія яго вершы, заўважыць вельмі сугучныя словы, якія прыдаюць ім большую эмацыянальнасць і звонкасць, служаць лепшаму іх запамінанню. I хаця паэт не адводзіць першае месца ў сваёй творчасці сугучнасці слоў і іх частак, але і не адракаецца ад яе, як дзейснага паэтычнага сродку. Вось як, напрыклад, трапна выкарыстаў ён алітэрацыю ў наступных радках:

...Нас ад веры не адвернеш.

("Вера")

...Рыпіць пратэзвайне пратэст!

("Пратэст")


У першым прыкладзе сугучнасць слоў узмацняе ідэю чалавечай веры ў лепшае, без якой жыццё губляе сэнс. У другім прыкладзе - ідэю недапушчальнасці вайны, як перашкоды нармальнаму жыццю на зямлі.

Але, калі гаварыць толькі пра багацце паэтычных сродкаў, гэта значыць, прадставіць творы аднабока. Спынімся па парадку на кожнай з разнастайнасцей лірыкі Міхася Мельніка.

Як было сказана, філасофская лірыка - самы аблюбаваны від лірыкі паэта. Элементы яе сустракаюцца і ў пейзажных, і ў інтымных, і нават у некаторых грамадзянскіх вершах. Роздум аб прызначэнні чалавека ў жыцці, аб тым, як пражыць жыццё годна і правільна, аб будучым чалавецтва вельмі часта наведвае паэта. Свае жыццёвыя прынцыпы і імкненні ён выказвае вельмі разгорнута і праўдзіва. Паэт імкнецца быць у жыцці светлым, адкрытым, спагадлівым і мудрым, пражыць жыццё разнастайна, творча - і ўсе гэтыя якасці перадаць нашчадкам. Не ў правілах паэта раскісаць ад гора, паддавацца абыякавасці і разладу са знешнім светам. Нават у самых сумных яго вершах гучаць аптымістычныя ноткі:

На зоркі гляджу і дзіўлюся,

іх тайнаму лёсу зайздрошчу:

яны над маёй Беларуссю

гараць нават цёмнаю ноччу!

("Выратаванне")


А "цёмную ноч" выклікаюць нямала праблем і трывог, што не пакідаюць паэта абыякавым:

3 трывогаю жыву на свеце,

бо ў ім суіснуюць даўно што нас дурманіць, як віно...

("Вера")


Толькі б ні попелам-гарам,

толькі б ні воблакам гібельным,

ні тэрмаядзернай хмарай,

неба, ніколі не быць табе...

("Роднае неба")


Аднак любоў, надзея і шчасце, нягледзячы на ўсе трывогі, па-ранейшаму з'яўляюцца для паэта трыма галоўнымі спадарожніцамі жыцця, трыма ярчэйшымі зоркамі, што верна асвятляюць шлях жыццёвай лодкі.

Плыві, мая лодка, плыві,

Пакуль прадаўжае свяціцца

Жыцця шлях зарніцай любві,

Надзеі і шчасця зарніцай!

("Лодка жыцця")


Вельмі блізкая да філасофскай, нават часам не-адрозная ад яе, у Міхася Мельніка лірыка пейзажная. Да кожнага пейзажнага верша можна намаляваць цудоўную і непаўторную карціну. Карціны прыроды вельмі часта накладваюцца на розныя адцягненыя паняцці і схіляюць да роздуму. Так, дуб увасабляе вернасць, памяць; рака Нёман - глыбіню душы. Асабліва наводзіць паэта на роздум лес.

Калі садзіцца вечар на яліны,

I цішыня на роздумы наводзіць,

Прыходжу ў лес, нібыта ў рай гасцінны,

Нібыта ў храм да Госпада на споведзь...

("Сустрэча з лесам")


Спакойным быць хачу, як снежны лес,

калі прырода мудрасцю кранае,

калі жыццёвы чалавечы лёс

адметную выразнасць набывае...

("Пераўвасабленне")


Сярод пейзажных вершаў нямала і такіх, дзе паэт проста любуецца прыгажосцю роднай прыроды, усхваляе яе, як і ўсю Радзіму. Прырода для паэта, кожнае яе праяўленне - нешта святое, цудоўнае, казачнае.

Прытаюся -

не грэх! -

казка прад вачамі...

Не рашуся

белы снег

патаптаць нагамі... -

прызнаецца паэт у вершы "Захапленне".


Карціны прыроды вельмі дарагія паэту, яны вяртаюць яго ў мілае дзяцінства. О, мая вясёлая ваколіца, ой ты, ахмялёнае дзяцінства! Нерушная, ясная душа, звонкі плёс і шумная шаша... ("Успамін").

Вельмі высакародныя і таямнічыя рухі душы ўмела і тонка ўвасоблены ў інтымных вершах паэта. У іх - і цяжкае, але вернае чаканне ("Ты прыйдзі!"), і глыбокая падзяка ("Як я жыў"), і азарэнне (аднайменны верш), і смутак ("Прызнанне"), і вера ("Навошта ўсе трывогі"), і нават балючы роздум ("Каханне").

I менавіта ў інтымных вершах вельмі дапамагаюць, як нідзе болей, перадаць гэтыя тонкія пачуцці параўнанні і метафары. Многа іх, напрыклад, у вершы "Азарэнне". Ліст ад каханай, такі доўгачаканы, параўноўваецца тут з крыгаходам, "што раскрышыў ільды сумненняў". Надзея, якую так доўга выношваў паэт, - з "іскрай", роспач - з "чорнай зімой", завірухай, доўгачаканы радасны смех каханай - з "веснавым азарэннем". Нямала і трапных эпітэтаў: "празрысты смех" (шчыры, няскрыты), "светлае суцяшэнне" (радаснае, доўгачаканае). У вершы супрацьпастаўляюцца два вобразы - "чорнай зімы" (роспачы) і вясны (азарэння), наступіўшай адразу з прыходам доўгачаканага ліста. Як бачна, надзея, аптымізм прысутнічаюць, меней ці болей, у кожным з такіх вершаў.

Навошта ўсе трывогі,

навошта ўсе шкадаванні...

Праз перашкоды-парогі

прыйду да цябе на світанні.

Ты ведаць не будзеш - аднойчы

я стану тваім сумленнем...

I ты ўсміхнешся мне ў вочы

ад шчасця гарачым праменнем.

("Навошта...")


Самыя нешматлікія з вершаў Міхася Мельніка, але не менш каштоўныя ў мастацкіх і ідэйных адносінах - грамадзянскія. Грамадзянскія вершы паэта гучаць цвёрда і надзённа. Тым болей, калі яны датычаць тэмы непатрэбнасці ва ўсім свеце вайны. Вельмі ўражваюць, напрыклад, наступныя:

Рукі яго

будавалі дом,

у якім гадаваліся дзеці;

рукі яго

даглядалі поле,

што хлебам надзённым карміла;

рукі яго

саджалі дрэва,

якое пладамі дарыла;

рукі яго

ворага білі;

рукі яго

працу любілі...

Гэтыя рукі

вайна адабрала.

Новага дома не стала,

дрэва не вырасла,

поле сумуе...

Несціхана рыпіць пратэз -

вайне пратэст!

("Пратэст")


Губляе памяць прозвішчы і даты...

Ды ўстануць зноў, нібыта з жар-агню,

не выкрасляцца з памяці салдаты,

што за мяне загінулі ў вайну...


I не забуду, як не забываем

радкі, што клічуць на апошні бой,

нас не разлучаць час, бяда ліхая,

равеснік нестарэючы, з табой.


Не адступлю ад рызыкі, вятрыскі...

Наказ далі мне зберагчы зямлю,

каб не раслі над намі абеліскі

на месцах тых, дзе ёсць ужо яны!

("Клятва")


Ёсць у паэта радкі, прысвечаныя гораду Лідзе, які даўно стаў для паэта родным і любімым, яго працавітым людзям, яго поспехам, яго прыгажосці і непаўторнасці. Як гімн гораду, гучыць верш "Ліда - горад мілы".

Ліда, Ліда - горад мілы,

Светлы, як вясна...

Народ мужны і руплівы

Тут жыве здаўна...

Ты акінь наўкола вокам -

Запяеш душой.

Знаюць горад наш далёка

Ў нас і за мяжой...

I растуць, растуць будынкі

Да нябёс і ўшыр...

А вясёлыя дзяўчынкі

Ў песнях славяць мір...


Тэма паэта і паэзіі таксама пабуджае Міхася Мельніка выказваць свае погляды і пачуцці.

...Паэты - людзі гордыя,

Нічым іх не сагнеш.

Перад манернай модаю

Не б'е паклоны верш.

...Гады радком пракладваюць

У будучыню шлях.

Не рыфмаю, а праўдаю

Звініць страфа ў вяках.

("Паэтам")


"Не рыфмаю, а праўдаю"... Менавіта такім шляхам знаходзяць вершы Міхася Іванавіча Мельніка прызнанне шматлікіх чытачоў, пракладваюць дарогу ў светлую будучыню, змагаюцца з цёмнымі і непажаданымі з'явамі мінулага і сучаснага, напаўняюць наша жыццё верай, надзеяй, любоўю.

3 трывогаю жыву на свеце,

бо ў ім суіснуюць даўно

падман, і прагнасць, і бясчэсце,

што нас дурманіць, як віно...

Пытаеш: "Гэтак доўга будзе?"

Ты кажаш: "Свет не перавернеш..."

Ды не! Мы ўсё ж такія людзі,

што нас ад веры не адвернеш.

("Вера")


Сапраўды, чытаючы такія радкі, хочацца верыць у дабро, у тое, што ўсе добрыя справы і імкненні не прападуць дарма. Пераглядаеш, напрыклад, жыццё і творчасць Міхася Мельніка - яркі прыклад таму - і гэтая ўпэўненасць расце. I добра, што на свеце ёсць такія людзі. Пажадаем жа поспехаў у творчасці і ў жыцці гэтаму цудоўнаму чалавеку!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX