Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Уладзімір Мельнікаў 


Аўтар: Мельнік Міхась,
Дадана: 21-03-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 43-44.



Незвычайны талент

70 гадоў Уладзіміру Мельнікаву


Уладзімір Мельнікаў нарадзіўся 9-га кастрычніка 1938 года ў г. Краснагвардзейску Ленінградскай вобласці. Яго бацька Сяргей Іванавіч у той час курсант Гатчынскага авіяцыйнага вучылішча, пасля афіцэр, які храбра змагаўся на франтах Іспаніі і загінуў у 1944 годзе на Першым Беларускім фронце. Маці мастака Ніна Андрэеўна была дачкою вядомага на Віцебшчыне народнага лекара Андрэя Прышчапёнка, нарадзілася ў шматдзетнай сям'і (сем дачок) у вёсцы Заполле Полацкага раёна. Па расказах маці прадзед быў заможным землеўласнікам, трымаў чацвёра выязных коней. Рэшткі падмурка былой яго сядзібы захаваліся ў вёсцы Мігуліна дагэтуль.

Уладзімір Мельнікаў.

У час вайны разам з маці Ўладзімір эвакуяваўся ў сяло Васкрасенскае да бацькавых бацькоў, што на Разаншчыне (Расія). Мясціны тут славіліся сваёй прыгажосцю і вядомасцю. За 30 кіламетраў ад сяла знаходзілася сядзіба Льва Талстога, а крыху далей - вёска Сяргея Ясеніна.

Аб жыцці ў с. Васкрасенскім у Валодзі засталіся адрывачныя ўспаміны. Яны іншы раз усплывалі як каляровыя фотаздымкі. Помніцца сад..., дрэвы..., вуллі..., злыя пчолы..., яны раіліся. Ён паспрачаўся з хлапчукамі, што прабяжыць праз сад... Бабка Матрона знайшла ўнука пад вечар у бульбяніку. Ён ляжаў без памяці ў градках. "Зямля яго адцягнула", - сказала бабка. Пасля рака... Дзядзька Вася з дрынам у вадзе... Кошыкі рыбы... Сонечнае зацменне... Кавалак шкла ў сажы... Рыканне кароў, выццё сабак... Ураган... Бачыў, як за дарогай жалезны дах хлебапякарні раптам падняўся і закуляўся па зямлі. А яшчэ адхон і белы конь. Шмат гадоў бачыў потым гэтага каня ў сваіх снах. Ён імкліва імчаўся па адхону. Неяк пляменніца маці Ліда задумала з'ездзіць у суседняе сяло і ўзяла іх з сабою. Вёска - побач, конь - рахманы. І паехалі. Але цётцы раптам перад вёскай захацелася праехаць з ветрыкам. Сцёбнула кабылу пугай. На бяду, аглоблі аказаліся кароткімі, ногі жывёліны пачалі біцца аб перадок. Ашалеўшы ад болю, кабыла панесла. Ратуючы сына, маці шпурнула хлапчука ў куст і скочыла сама. Маці з сынам абышліся драпінамі, а Ліда пацярпела... Потым прыезд бацькі... Запомніўся сонным у форме... Асабліва чамусьці запомнілася карычневая партупея... Потым зноў палутарка... Лёгкае воблака пылу... I ўсё... Потым бясконцая калона салдат... Яны ішлі праз сяло... Нейкі афіцэр раптам падняў Валодзю на рукі і прыціснуў так, што яму стала балюча...

У 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі маці прывезла сына да бацькоў у Заполле, а сама ўладкавалася на работу ў вёску Баравуха-1 Полацкага раёна, дзе размясцілася вайсковая залога, там паўторна выйшла замуж. Потым Літва, Коўня, куды пераводзяць па службе айчыма, а калі той выйшаў у адстаўку, маці ўгаварыла сям'ю пераехаць у Полацк, дзе жыла яе старэйшая сястра. Менавіта тут, у Полацку, прайшлі лепшыя гады будучага мастака. Гэты старажытны і прыгожы горад вельмі многае значыць у ягоным жыцці: тут знайшлі вечны спачын дзяды і прадзеды, сваякі, тут магіла маці.

За жыццё Ўладзіміру давялося шмат дзе пабываць і шмат чаго ўбачыць. Жыў у Літве і Эстоніі, бываў у Карпатах і Закарпацці, Калінінградзе, Львове, Рызе, Сімферопалі, пісаў пейзажы Азоўскіх ліманаў і Ялцінскіх берагоў, хадзіў па музеях Масквы і Ленінграда, захапляўся краявідамі Арэнбурга.

Маляваць Валодзя пачаў рана. Спачатку дапамагаў айчым, потым наведваў студыю пры Ковенскім мастацка-прамысловым тэхнікуме, затым паступіў у Талінскі мастацкі інстытут на вячэрняе аддзяленне па спецыяльным распараджэнні Палітаддзела Чырвонасцяжнага Балтыйскага флоту. Уладзімір Мельнікаў тады праходзіў тэрміновую службу авіямеханікам на Талінскай авіяцыйнай базе. Як старанны і дысцыплінаваны спецыяліст 1-га класа карыстаўся ўсеагульнай павагай, таму камандзіру часткі адразу далі адпаведны дазвол.

Пасля службы застаўся працаваць на базе вольнанаёмным, каб працягвать вучобу. Але здараецца прыкры выпадак, які крута мяняе лёс. Яго адлічваюць з інстытута за бойку, у якой ён не прымаў удзел.

Ля сцен інстытута адбываецца сутычка паміж "вячэрнікамі" і "дзённікамі". Уладзімір спрабуе разняць задзіракаў. Падобнае здаралася не ўпершыню, але на гэты раз сярод пабітых эстонцаў аказаўся сынок уплывовага чыноўніка. Сярод адлічаных аказаўся і Валодзя.

Гэта быў цяжкі ўдар. Валодзя кідае ўсё і вяртаецца ў Полацк з цвёрдым намерам назаўсёды выкрасліць жывапіс са свайго жыцця. Гэтак працягвалася 25 гадоў. Памяняў некалькі прафесій. Працаваў памочнікам майстра на Полацкім заводзе "Шкловалакно", літаратурным супрацоўнікам Лідскай газеты "Уперад". Тут, як ні дзіўна, у Мельнікава праявіўся талент журналіста і апавядальніка. Яго артыкулы, замалёўкі, фельетоны друкуюцца ў абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выданнях. Газеты "Гродзенская праўда", "Звязда", "Знамя юності", "Літаратура і мастацтва", часопіс "Вожык" з радасцю друкуюць матэрыялы лідскага журналіста. Аб літаратурных здольнасцях маладога журналіста высока адзываецца пісьменнік Васіль Быкаў. Прыходзіць вядомасць. Раёнка прымае ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе сярод раённых газет на лепшае асвятленне аховы прыроды і навакольнага асяроддзя. У рэдакцыі гэтую тэму асвятляе Уладзімір Мельнікаў, і газета на працягу трох гадоў заваёўвае Дыпломы 3, 2 і 1 ступеняў.

Здаецца, юнак знайшоў сваё месца пад сонцам. Але... Поспехі Мельнікава не падабаюцца некаторым калегам па газеце, і здольны журналіст пераходзіць на працу ў Лідскі райвыканкам на пасаду інструктара, потым працуе майстрам вытворчага навучання ў Лідскім індустрыяльным тэхнікуме. І піша артыкулы ў розныя газеты. Атрымлівае пасведчанне пазаштатнага супрацоўніка "Гродзенскай праўды". З галоўным рэдактарам гэтай газеты А. Богушам у яго даверлівыя адносіны, і ён нават прапануе Ул. Мельнікаву месца штатнага супрацоўніка.

Гады бягуць...

Уладзімір усё часцей паглядае на мальберт, які стаіць у куце пакоя. Нехта вельмі справядліва сказаў: лёс не падманеш. Пасля ваганняў і роздуму Мельнікаў бярэ ў рукі пэндзаль. Ад невытлумачанага хвалявання дрыжаць пальцы, здаецца, што ўсё забыта, пайшло прэч. Аднак першая работа - аўтапапртрэт - настолькі ўражвае, што самому здаецца чыстай выпадковасцю. А калі ў 1991 годзе адкрываецца абласная выстава прафесійных мастакоў Гарадзеншчыны "Гродна - Лімож - 91", вязе свае карціны. Іх усяго чатыры. Поспех у Гародні быў нечаканы: значыць, ён не "закапаў" свой талент. Цяпер трэба вярнуць страчанае. Працуе, не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Днём ён выкладчык выяўленчага мастацтва ў СШ №14 з архітэктурна-мастацкім ухілам, а з вечара да раніцы - жывапісец. Так на працягу больш, чым 15 гадоў. Неаднойчы сардэчныя прыступы кідалі на бальнічны ложак, але гэта ўжо не магло спыніць мастака. Выставы адбываюцца адна за адной. Пра яго пішуць, паказваюць па тэлебачанні. За 17 гадоў майстар стварыў дзесяткі палотнаў, якія прынеслі Мельнікаву папулярнасць. Яго партрэтная галярэя - унікальная з'ява ў сучасным выяўленчым мастацтве. Сярод цудоўных партрэтаў - партрэты Ніла Гілевіча, Вольгі Іпатавай, Анатоля Ярмоленкі, Уладзіміра Мулявіна, Віктара Вуячыча, Ігара Лучанка, Валянціна Таўлая, Ганны Радзько, Барыса Кіта, Мітрапаліта Філарэта, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і многія іншыя. У 1993 годзе Ул. Мельнікаў напісаў партрэт "жалезнай ледзі". Сёння гэтая работа знаходзіцца ў Англіі ў прыватнай калекцыі баранэсы М. Тэтчар.

Партрэт - асноўны жанр, у якім працуе Мельнікаў. I найболын цяжкі. Тут асабліва ярка раскрываецца дараванне майстра. Мастак выдатна валодае ўсімі тэхнічнымі сродкамі, бліскуча перадае не толькі знешняе падабенства з натурай, але і раскрывае індывідуальныя рысы чалавека. Вось што пісала "Народная газета" ў артыкуле "Псіхолаг з пэндзлем у руках": "Ніякі фотаздымак не заменіць стары добры партрэт. Фатаграфія - нават мастацкая - толькі спыняе імгненні жыцця, а на карціне быццам бы зліваецца ўнутраны свет двух людзей: майстра, які піша партрэт, і таго чалавека, якога, "пераносячы" на палатно, спрабуе разгадаць творца..." Гэта выстава "Партрэт на рубяжы тысячагоддзяў" адбылася ў 2004 годзе ў Менску ў старадаўнім асабняку Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з зарубежнымі краінамі. Не магу не нагадаць словы заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўная прэміі "За духоўнае адраджэнне" Яўгена Ждана: "Мельнікаў - незвычайна таленавіты партрэтыст, гэта мастакпсіхолаг, мастак- аналітык. Я не ведаю ў краіне роўнага яму".

За 17 гадоў творчага жыцця Мельнікава адбылося болей дваццаці выстаў у Лідзе, Гародні, Наваградку, Менску, Віцебску і Полацку. Ужо гэты факт сам па сабе ўнікальны.

У 2004 годзе Ул. Мельнікаў напісаў праблемны артыкул "Бляск і галеча Лідскага замка", які быў апублікаваны ў "Гродзенскай праўдзе" і ў рэспубліканскай газеце "Культура". Гэты артыкул яшчэ раз прыцягнуў увагу грамадскасці да пытання рэстаўрацыі замка.

Што датычыць выставаў:

1994 год - удзельнік і арганізатар выставы аб'яднання "Лідзяне". Менск. Палац мастацтваў.

1999 год - удзельнік Рэспубліканскай выставы беларускага партрэта "Пад белымі крыламі". Менск. Палац мастацтваў.

2001 год - персанальная выстава. Менск. Дом дружбы і культурных сувязяў з зарубежнымі краінамі.

2002 год - персанальная выстава "Людзі маёй Беларусі". Полацк. Цэнтр нацыянальных культур і рамёстваў.

2004 год - персанальная выстава, прысвечаная памяці Уладзіміра Мулявіна. Менск. Дом дружбы.

2005 год - Рэспубліканская выстава беларускіх мастакоў "Восень -2005". Менск. Палац мастацтваў.

2007 год - удзельнік 16 Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Мастацкі вернісаж". Віцебск.

Выставы Уладзіміра Мельнікава, як правіла, праходзілі пры вялікай колькасці людзей і сродкаў масавай інфармацыі. Напрыклад, выставу ў Доме дружбы дапамагалі арганізаваць супрацоўнікі Таварыства дружбы і Беларускі Саюз кампазітараў пры непасрэдным удзеле народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка. У кнізе водгукаў вядомы кампазітар пакінуў такія словы: "Дзякуў за Культуру, дзякуй за Талент! 3 павагай Лучанок". Імёны ўсіх, хто пакінуў свае аўтографы ў кнізе водгукаў за гэтыя гады, пералічыць проста немагчыма. Скажу, што там ёсць першыя асобы дзяржавы, члены Парламента, розных міністэрстваў і прадстаўніцтваў, сярод іх вучоныя, пісьменнікі, паэты, студэнты, прадстаўнікі пасольстваў Англіі, Кітая, Арменіі, а таксама прадстаўнікі з турыстычных дэлегацый многіх краін свету. Сёння імя беларускага мастака Уладзіміра Мельнікава вядома знатакам жывапісу ў ЗША, Канадзе, Германіі, Швецыі, Польшчы, Эстоніі, Расіі, Англіі і інш. Работы Мельнікава захоўваюцца ў самых прэстыжных музеях нашай краіны. Партрэты Віктара Вуячыча і Ігара Лучанка знаходзяцца ў Менскім дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Партрэт Уладзіміра Мулявіна знайшоў сваё месца ў музеі Ул. Мулявіна пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Восем карцін - у Гарадзенскім дзяржаўным гістарычна - археалагічным музеі, сярод іх партрэты Ніла Гілевіча, Вольгі Іпатавай, Івана Карэнды, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, прафесара Андрэя Майсяёнка і інш. У Наваградскім Доме-музеі Адама Міцкевіча знаходзіцца палатно пейзажнага плану, а ў Наваградскім краязнаўчым музеі - партрэт сусветна вядомага вучонага, наваградчаніна Барыса Кіта. Партрэт Мітрапаліта Філарэта размясціўся ў пакоях Свята-Успенскага жыровіцкага манастыра. У Віцебскім абласным абласным краязнаўчым музеі, дзе сабраны экспанаты з усёй краіны і з-за мяжы, ёсць работы і нашага лідзяніна. Гэта партрэт вядомага пісьменніка і старшыні Рэспубліканскага дзіцячага фонда Уладзіміра Ліпскага і аўтапартрэт самога мастака. Ну і апошняя па часе грандыёзная работа Уладзіміра Мельнікава - партрэт кампазітара Канстанціна Горскага, ураджэнца Ліды, сябра П. Чайкоўскага, дырэктара Тыфліскай і Харкаўскай опер, аўтара першай класічнай беларускай оперы на лібрэта У. Сыракомлі "Маргер". Партрэт, на шчасце, не выпусціў з рук Лідскі гістарычна-мастацкі музей.

Асабліва памятныя мастаку выставы на Віцебшчыне. Пра іх ён марыў многія гады. Віцебск дарагі Уладзіміру, як і Полацк. Дацэнт Віцебскага медінстытута кафедры ваенна-палявой хірургіі Васіль Жалязняк выратаваў цела юнака, а студэнтка таго ж інстытута Аня Лебедзева - душу. Ён беражліва захоўвае вобразы гэтых людзей.

Сустрэлі віцябляне нашага земляка з асаблівай асціннасцю. На адкрыццё выставы прыехаў Уладзімір Ліпскі, сабраліся мясцовыя мастакі, выкладчыкі школ мастацтваў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і святарства. Трансляцыя па Віцебскім тэлебачанні цягнулася каля гадзіны.

У Мельнікава завязаліся сяброўскія адносіны з супрацоўнікамі гэтага музея. Па іх запрашэнні мастак прыняў удзел у фестывалі мастацтваў. Напісаў для музея гістарычную карціну "Віцебск у І9 стагоддзі". Пасля Віцебска выстава адбылася ў Полацку. Гэтаму гораду мастак прысвяціў тры цудоўныя палатны: "На рацэ дзяцінства", "Над вечным спакоем", "Поўня на Дзвіне". Дзве карціны сталі набыткам Цэнтральнай.Полацкай бібліятэкі, а карціна "Над вечным спакоем" заняла годнае месца ў Сафійскім саборы, дзе праходзяць Міжнародныя канцэрты і фестывалі арганнай музыкі.

У 1992 годзе пры СШ №14 г. Ліды Ул. Мельнікаў стзарыў школьнае творчае аб'яднанне "Лідзяне", у склад якога ўваходзілі вучні і іх настаўнікі.Работы выстаўлялі ўсе разам. Такое ў практыцы не існавала нідзе і ніколі. Пасля ўжо па тыпу "Лідзян" пачалі стварацца аб'яднанні ў многіх гарадах нашай краіны. Выставы аб'яднання з вялікім поспехам праходзілі ў Лідзе, Гародні, Менску. Сябры аб'яднання прымалі ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах дзіцячай і юнацкай творчасці, станавіліся лаўрэатамі. Найбольшы поспех на долю "Лідзян" выпаў у 1994 годзе. У сталіцу Беларусі аб'яднанне прывезла болей за 300 твораў мастацтва. Дзейсную дапамогу аказалі намеснік Міністра культуры і друку Іван Карэнда, адказны сакратар Рэспубліканскай рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Васіль Вільтоўскі, а таксама Лідская гарадская арганізацыя ТБМ (старшыня Міхась Мельнік) і іншыя грамадскія арганізацыі Ліды, гарадскія ўлады.

Аб'яднанне ўзнагароджваюць Граматай Беларускага фонду культуры. Дзесяткі дзяцей заахвочваюцца дыпломамі, падарункамі Міністэрства адукацыі і навукі. На выставе прысутнічалі вядомыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, члены ўраду. Уладзіміру Сяргеевічу Мельнікаву ўручаецца Грамата Беларускага фонду культуры, яго лепшая вучаніца Іна Карней атрымлівае Дыплом І ступені, а Рэспубліканскі дзіцячы фонд прысуджае ёй спецыяльную стыпендыю. Пасля восьмага класа І. Карней паспяхова здае экзамен у Менскі мастацкі ліцэй, а па заканчэнні яго паступае ў Акадэмію мастацтваў і таксама выдатна яе закончвае. Вучні Ул. Мельнікава неаднаразова былі лаўрэатамі Міжнародных конкурсаў, многія ўжо самі сталі выкладчыкамі выяўленчага мастацтва. Неабходна адзначыць, што паспяхова вучыцца яшчэ адна выхаванка Ул. Мельнікава Наташа Сабакіна. Пасля школы яна паступіла ў Балтыйскі ўніверсітэт Міжнародных адносін у Санкт- Пецярбургу на факультэт кампутарнай графікі.

За поспехі ў педагагічнай дзейнасці Уладзімір Сяргеевіч Мельнікаў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Гарадзенскага абласнога ўпраўлення адукацыі (1993, 2003 гг.), Ганаровай граматай аддзела культуры Лідскага райвыканкаму (2006 г.), Ганаровай граматай Лідскага гістарычна-мастацкага музея (2006 г.). Мае падзячны ліст ад былога прэм'ер-міністра Велікабрытаніі Маргарэт Тэтчар, Патрыяршага экзарха Усея Беларусі Мітрапаліта Філарэта, Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, ад Міністэрства культуры за поспехі ў галіне выяўленчага мастацтва ўзнагароджаны каштоўным падарункам.

Ул. Мельнікаў адным з першых творчых людзей горада ўзняў пытанне пра стварэнне ў Лідзе школы мастацтваў, дзе б маглі навучацца адораныя дзеці.

Зараз, калі, дзякуючы інтэрнэту, тэхнічныя магчымасці пашырыліся, з работамі Ул. Мельнікава можна пазнаёміцца практычна ў любым пункце планеты, зайшоўшы на яго асабісты сайт www.melnikov.in

У 2008 годзе шэсць работ беларускага мастака былі прадстаўлены на адным з буйнейшых у Еўропе Міжнародных аўкцыёнаў у Лондане (Англія).

З 70-годдзем мастака павіншавалі сябры і знаёмыя, а таксама: творчы калектыў ансамбля "Сябры, супрацоўнікі музея У. Мулявіна, кампазітар Ігар Лучанок, пісьменнік У. Ліпскі, супрацоўнікі музеяў Віцебска і Полацка... А яшчэ мастак атрымаў віншаванне з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У Лідскім раённым палацы культуры прайшоў творчы вечар У. Мельнікава, дзе прысутныя побач са словамі павагі і падзякі выказалі пажаданні, каб мастак зрабіў для Ліды і Беларусі яшчэ, як мага больш. І мастак абяцае. У яго творчых планах на пачатак патрэты Вайдылы і Марыі Альгердаўны. То поспехаў яму.



УЗНАГАРОДА

апавяданне


Прачнуўся Колька рана. Доўга ляжаў, накрыўшыся з галавой, успамінаючы падзеі апошніх дзён. Нешта трывожнае паволі ўпаўзала ў яго дзіцячую душу.

У пакоі панавала дрымотная цішыня. Манатонна цікалі ходзікі. Залацісты прамень сонца, наўскасяк, прарэзаў пакой, высвяціўшы шырокае лісце фікуса. З кухні даносіўся звон посуду, і пад коўдру запаўзаў духмяны пах.

- Коля, уставай, - раздаўся з кухні голас маці, - табе ўжо пара ў школу. Не чакай, каб я цябе сцягнула. Мне сёння таксама трэба на працу крыху раней.

Колька ад нечаканасці тузануўся і глыбей залез пад коўдру. Уставаць яму рашуча не хвцелася. У яго, раптам, мільганула дураслівая думка. Ён ускочыў, перабурыў пасцель, нырнуў у далёкі канец вялікага салдацкага ложка, залез пад прасціну, згарнуўся там ваверчанём і замёр.

- Табе колькі раз трэба паўтараць! Зараз жа ўставай, інакш учыню халодны душ, - раззлавалася маці.

Колька маўчаў. Маці рашуча падышла да пасцелі і скінула коўдру. Пасцель была пустая.

- Божа, дзе ты? - войкнула маці, спалохана мацаючы рукамі. Нарэшце рукі яе намацалі маленькі кашчавы камячок, які радасна, пашчанячу, завішчаў.

- Ліханька ты маё гарапашнае, - засмяялася маці. - Госпадзі, ну хто скажа, што ты ўжо пяцікласнік. Худзенькі, маленькі, як верабейка. І кармлю я цябе, а ўсё адны костачкі. - У яе вялікіх сініх вачах было гэтулькі цеплыні і ласкі, што Колька адчуў іх усім сваім целам. У ім раптам заварушылася нешта крыўдлівае і плаксівае. Ён ледзь не расплакаўся, але перадужаў сябе і выслізнуў на падлогу.

- Затое, бачыш, якія мускулы, - пакрыўджана вымавіў Колька, згінаючы ў локці руку.

- Добра, я пажартавала, - пагадзілася маці, хаваючы ўсмешку. - Ідзі мыйся, хлопцы, напэўна, ужо зачакаліся цябе. - І яна лёгенька падапхнула сына.

Дажоўваючы на хаду, Колька выскачыў на двор і спыніўся здзіўлены. Ярка свяціла сакавіцкае сонца. Прамяні пераліваліся, нібы хвалі, і ўсё вакол купалася і танула ў вясёлкавым ззянні. Снег амаль растаў, ад чорных праталін зямлі празрыстай імгой падымалася пара. Сцягнутыя ранішнім марозікам лужыны зіхацелі так, што было балюча вачам. Чыстае, свежае паветра ўлівалася ў лёгкія, напаўняючы цела здароўем і радасцю. Гучна гарлапанілі вераб'і, а на тэлеграфным слупе, трапечучы крыламі, заліваўся шпак.

- Ур-р-а! - Загарлапаніў Колька і, размахваючы над галавой партфелем, панёсся да ракі…

Сяброў заўважыў здалёк. Яны стаялі на высокім беразе Нёмана і глядзелі туды, дзе ў прамянях ранішняга сонца прарэзаліся абрысы горада.

- Прывітанне! - крыкнуў Колька, са шчаслівай усмешкай працягваючы кожнаму руку. Але сябрукі сустрэлі таварыша без адмысловага ажыўлення, ніхто нават не спытаў, чаму ён сёння спазніўся. Кольку гэта пакрыўдзіла.

- Лёд хутка кранецца, - сказаў Алька, як бы між іншым і, абярнуўшыся да Колькі, спытаў:

- Глядзець прыйдзеш? Толькі не спазняйся.

- А калі ён кранецца? - усё яшчэ крыўдзячыся спытаў Колька.

- Можа, заўтра… А можа, уначы.

- Вось бы як пазалетась, - вымавіў Генка, - ізноў самалёты бамбавалі б ледзяны затор…

- Бачылі вы яго! - здзівіўся Толік. - Табе-то што, тваю хату тады не затапіла. А ты ведаеш, тады паўгорада заліло па самыя дахі. Людзі ледзь не патанулі. Мой татка з салдатамі на амфібіях іх ратаваў.

- Не хлусі! - перабіў Алік, - затапіла, але не па самыя дахі. І ніхто не патануў.

- Ну і што? - не здаваўся Толік, - маглі б, калі б не мой татка…

- Што ты ўсё са сваім таткам, - пакрыўдзіўся Генка. - Не ён адзін ратаваў, зразумеў!..

- Добра. Не сварьцеся, - прымірэнча сказаў Алік. - Пайшлі ў школу.

- Можа, не пойдзем? - нечакана прапанаваў Генка. - Неахвота сёння ісці ў школу.

- Годзе балаболіць! Пайшлі! - секануў рукой паветра Алька і рашуча закрочыў да моста.

Хлопцы зрушыліся за важаком. Ішлі моўчкі. Толькі Толік нешта бубніў сабе пад нос ды збіваў нагамі камякі бруднага снегу.

Раптам з супрацьлеглага берага ранішнюю цішыню разарваў магутны гудок. Яму адклікнуўся другі, трэці… І над горадам, раздзіраючы душу, паплыло натужлівае цягучае выццё, якое запоўніла сабой увесь абшар. Яно ледзяніла мазгі, у жылах стыла кроў, здавалася неба абарвецца на зямлю, згасне сонца і наступіць канец свету. Хлопцы з усіх ног кінуліся да моста. Да яго было ледзь больш за кіламетар, але прабеглі хлапчукі гэтую адлегласць на адным дыханні. Жудаснае выццё гналася за імі да самай будкі, што стаяла перад уваходам на мост, дзе дзяжурылі ахоўнікі. Колька са здзіўленнем заўважыў, што сёння тут незвычайна ціха і пуста.

Не відаць было і іх даўняга знаёмца Міколы. Хлопцы перавялі дух і паціху прашмыгнулі міма ахоўніка, які стаяў да іх спіной.

Шмат раз хадзіў па гэтым мосце Колька, але ўсякі раз, калі нага ступала на хісткія дошкі, яго ахопліваў незразумелы страх. Да вайны тут стаяў вялікі жалезабетонны мост, але немцы, адыходзячы, падарвалі яго, і засталіся толькі бетонныя слупы, якія ўсе чамусьці называлі быкамі. Некалькі гадоў яны сіратліва тырчалі з вады, і, каб патрапіць у цэнтр горада, трэба было шукаць лодачніка. Потым сюды прыгналі сапёраў, і яны стварылі часовае збудаванне, якое складалася з дошак і цэлай сістэмы рознакаліберных тросаў. Здалёк мост нагадваў карабель з ветразямі, што невядома як засеў папярок ракі. Нават пры слабым ветры сістэма прыходзіла ў рух: разгойдвалася ва ўсіх кірунках. Ахова прапускала людзей праз мост па адным чалавеку, выконваючы вызначаны інтэрвал. Але хлапчукі парушалі інструкцыю самым нахабным чынам. Абмінуўшы будку, яны зрываліся, як з прывязі, і несліся па хісткіх дошках з лямантам і крыкам. Альбо ўхапіўшыся за тросы, пачыналі разгойдваць мост. Ахова ганяла хлопцаў, і не дай бог, калі некага лавілі, выходзіў з будкі, трымаючыся рукамі за мяккае месца.

Мост быў адзінай артэрыяй, якая звязвала ўскраіну з цэнтрам. У будні, а асабліва па святах, тут было ажыўлена, як на вялікім кірмашы. Прадавалася літаральна ўсё: самаробнае мыла, соль, запалкі, іголкі, гузікі і запальніцы з вінтовачных гільзаў. Гандлявалі грушамі-дзічкамі і цукеркамі хатняй вытворчасці - ірыскамі. На рубель іх выходзіла аж дзесяць штук. Гэты тавар у хлопцаў быў самым хадавым і замяняў грошы. На ірыскі абменьваліся сцізорыкі, рагаткі, афіцэрскія кукарды, пагоны і іншыя рэчы. Ірыскі цаніліся за іх незвычайныя ўласцівасці. Яе, напрыклад, нельга было з'есці адразу, як звычайны цукерак. Ірыску можна было смактаць, жаваць хоць цэлы дзень, або заціснуўшы ў зубах, расцягваць як гуму. Але часцей за ўсё ірыскі станавіліся прадметам розыгрышу пачаткоўцаў. Патрапіў на вуду і Колька. Здарылася гэта на ўроку батанікі. Неяк Колькаў сусед па парце Борка Вераб'ёў па мянушцы Сава, выцягнуў з кішэні ірыску і прапанаваў Кольку.

- Частуйся. Ты такога яшчэ не спрабаваў. Толькі спачатку пажуй, каб мяккая стала, потым зацісні зубамі і смакчы. Яна тады вельмі салодкая.

- Сардэлька заўважыць, - шэптам адказаў Колька, - я лепш потым, на перапынку…

-Не заўважыць, бяры, а то яна ў кішэні ўжо растала.

Не падазраючы падвоху, Колька ўзяў цёмна-карычневую плітку, падобную на шакалад,

І пачаў жаваць, пазіраючы на настаўніцу.

- Усё, разжаваў? - нечакана гучна спытаў Борка.

Колька матнуў галавой, здзіўлена вытарашчыўшы вочы на суседа.

- Чым вы тут займаецеся? - падышла настаўніца да хлопцаў. - Я даўно назіраю за вамі. У чым справа, Вераб'ёў?

- Гэта не я, Зоя Іванаўна, гэта ўсё ён.., - залепятаў Вераб'ёў, гледзячы на настаўніцу.

- Званароў, зараз жа ўстань і паўтары тое, што я гаварыла, - злосна тупнула ножкай Сардэлька. Мянушкай Зою Іванаўну ўзнагародзілі вучні. Гэта была маленькая, тоўсценькая жанчына з пухленькімі дзіцячымі ручкамі. Вясёлая, няўрымслівая і лагодная. Сардэлькай звалі яе не толькі дзеці, але і настаўнікі. Зоя Іванаўна ведала пра гэта, але ні на кога не сердавала.

Колька ўстаў, хацеў сказаць, што ён не вінаваты, але не змог. Рот не адкрываўся. Званароў з жахам адчуў, як зубы склеіліся. Клейкая маса мёртвай хваткай трымала сківіцу.

- Адказвай! Я чакаю! - сердавала Сардэлька. - Ці не чуеш пытання!?

Колька стаяў апусціўшы галаву, твар яго гарэў. Счырванелі нават вушы. Ён быў разгублены і злы.

- Ён… ён, - крывіўся Вераб'ёў. Ён ірыску жаваў…

- Ах, вось як! На маім уроку!.. Гэта нахабства… Я такога… Званароў - табе два і выйдзі прэч!

Клас выдыхнуўся стогнам-рогатам.

… Розная публіка збіралася на мосце. Жабракі, п'янтосы, цыганы, бязрукія і бязногія салдаты. Колька цураўся гэтых людзей. Яны здаваліся яму з іншага саету, чамусьці было перад імі ніякавата і сорамна, таму абыходзіў ляжаўшыя на зямлі ірваныя шапкі і зашмальцаваныя картузы. І ні разу не кінуў манету. Не, не грошай было шкада, не мог прымусіць сябе падаць міласціну даросламу чалавеку, які глядзеў на яго знізу ўверх. Але выпадак усё ж звёў яго з чалавекам на мосце.

Неяк у канцы лета сярод усяго гэтага прымільгаўшагася рознашорстага кагалу з'явіўся новы інвалід. Салдат гадоў дваццаці трох без абедзвюх ног. Бялявы, блакітнавокі, з прыемнай усмешкай на твары. Хлопцы адразу заўважылі яго. Ён прыкметна адрозніваўся ад астатніх інвалідаў. Быў заўсёды выгалены, прычэсаны, старэнькая гімнасцёрка напрасаваная, а на грудзях пазвоньвалі медалі. Прыязджаў салдат на драўлянай калясцы з шарыка-падшыпнікамі замест колаў. Калі ён ехаў, упіраючыся драўлянымі калодкамі ў зямлю, каляска выдавала такі грукат, нібы па бруку рухалася калона танкаў.

Садзіўся салдат у баку ад усіх, гандляваў іголкамі і запальніцамі. Часам граў на трохрадцы. Хлопцы ў такія дні дадому не спяшаліся, слухалі франтавыя песні. Голас у выканаўца быў моцны і меладычны. Людзі спыняліся, слухалі, хтосьці кідаў скамечаны рубель, іншыя адыходзілі, выціраючы вочы. Хлопцы дбайна сачылі за тым, хто колькі даваў салдату, і калі ім здавалася мала, абураліся. Салдат хлопцаў таксама запрыкмеціў і неяк раз падклікаў да сабе. Дастаў з кішэні грошы, папрасіў купіць папяросаў. Ад грошай хлопцы рашуча адмовіліся, але просьбу выканалі з радасцю.

- Дзякуй, хлопчыкі, - усміхнуўся салдат, разпячатваючы пачак. - Ну, што, браткі-славяне, запалім?

Хлопцы закруцілі галовамі. Салдат засмяяўся.

- Гэта я так… Ведаю, што не паліце. Благая звычка, а мне без гэтага ніяк нельга. Дзякуй за выручку. А гэта ад мяне на памяць, сам рабіў, не падвядзе, - і ён працягнуў Кольку, які стаяў бліжэй усіх, сапраўдную франтавую запальніцу. У таго аж дух захапіла.

- Цябе як клікаць, салдат.

- Колям, - ледзь чутно адказаў Званароў, не ведаючы браць або не браць падарунак.

- Выходзіць, мы з табой цёзкі, - узрадаваўся салдат. - Гэта добра… Ды ты бяры, не губляйся.. Бацькі ва ўсіх жывыя?

- У мяне ёсць, у іх няма, - за ўсіх адказаў Толік. - У Колькі ёсць, але не родны.

- Айчым, значыць… Ну нічога, браткі-славяне, не тужыце. Жывыя будзем - не памром. Салдат узяў гармонік, нахіліўся вухам да мяхоў, потым ускінуў галаву і па-блазенску забіяцка крыкнуў: - А ну, браткі, давай, - і рвануў мяхі…

Так вось пачалося гэтае незвычайнае сяброўства хлопцаў з былым палкавым выведнікам, кавалерам шматлікіх франтавых узнагарод. З той пары хлопцы сустракаліся з Міколам амаль кожны дзень. Дзяліліся радасцямі і няўдачамі. Але сёння Мікола чамусьці не прыехаў на сваёй таратайцы, як ён жартам зваў каляску.

- Можа, захварэў? - выказаў здагадку Алік, калі хлопцы амаль прайшлі мост.

- Чаго ён будзе хварэць? - здзівіўся Генка. - Ён жа салдат, а салдаты загартаваныя. І шынель у яго… Ён, ведаеш, які цёплы…

- Ты яго насіў ці што? - агрызнуўся Алька - Па-сядзеў б сам на зямлі, тады і гаварыў.

- Давайце яму дапаможам, - сказаў Колька і збянтэжыўся. Гэтая ідэя даўно засела яму ў галаву. Але ён не ведаў, як успрымуць сябры.

- Як мы яму дапаможам?

- Ну, ліст напішам.. Пішуць жа…

- Што? Які ліст і куды мы яго напішам? - скры-віўся Генка.

- У Маскву! У Крэмль! - амаль крыкнуў Колька, адчуваючы, што яго зараз падымуць на смех.

Генка нібы чакаў гэтага, схапіўся за жывот і закруціўся на месцы.

- Ха! Ну, пацеха!.. Ну, дае!.. Ты зусім або напалову, - круціў ён пальцам ля скроні.

- Ты думаеш там не ведаюць? Там усё ведаюць… Такіх салдат ведаеш колькі?.. Іх хутка ўсіх у прытулак адправяць, зразумеў…

Школа сустрэла нязвыклай цішынёй. Над парадным уваходам віселі чырвоныя сцягі з чорнымі стужкамі. Хлопцы з асцярогай пераступілі парог. Клас ужо быў у зборы, чакалі класнага кіраўніка Зою Міхайлаўну.

Колька сеў за парту, і погляд яго мімаволі накіраваўся туды, дзе над класнай дошкай у пазалочанай раме вісеў партрэт. Раму зараз апраўляла чорная стужка з бантам. З партрэта, як заўсёды, на Кольку глядзелі знаёмыя вочы і, як яму здалося, даверліва ўсміхаліся. Кольку стала страшна. Што зараз будзе? З ім, з мамай, яго сябрамі, бязногім Міколам? Як усім зараз жыць?

Дзверы адчынілася, але заміж класнай з'явілася настаўніца нямецкай мовы - Клара Рыхардаўна. Моўчкі спынілася ля стала і марудна абвяла ўсіх позіркам.

- Дзеці, - дрыготкім голасам вымавіла немка. - Дарагія мае дзеці… Нас спасцігла гора.. Наш любімы правадыр і настаўнік Іосіф Вісарыёнавіч … Клара Рыхардаўна дастала з сумачкі хустку і прыціснула яе да вачэй.

- Непапраўнае гора… Мужайцеся, дарагія мае…

У Колькі заказытала ў носе, камяк падкаціў да горла. Хтосьці ўсхліпнуў. Наташа Каралькова, лепшая вучаніца класа, раптам закінула галаву, стукнулася аб парту і загаласіла, нема, як дарослая, па-бабску. Дзяўчынкі кінуліся ў плач. Хлапчукі апусцілі галовы, зашморгалі насамі. І толькі Колькаў сусед Вераб'ёў быў абыякавы, звыкла круціў вушастай галавой і крывіўся ва ўхмылцы. Кольку захацелася трэснуць яму па мясістым носе за ўсе крыўды адразу.

- Вось дурніцы, чаго равуць, - зашаптаў ён Кольку ў самае вуха, - ведалі б, дык не раўлі б.

Раптам ён палез пад парту і, зло сыкнуўшы, штурхнуў Каралькову нагой:

- Сціхні, дурніца! Ён што, бацька твой?

Клара Рыхардаўна, нібы драпежны звер, адным скачком апынулася каля Вераб'ёва.

- Гнюс! Шчанюк! Як ты адважваешся так гаварыць! - І аплявуха, як стрэл, лопнула ў класе. Борка выляцеў з-за парты. Клас войкнуў, замёр. Такога яшчэ не здаралася. Зараз немка паімчыцца да дырэктара і вінаватым акажацца ізноў пяты "Б". Але Клара Рыхардаўна сама знайшла выйсце з гэтай сітуацыі. Толькі імгненне яна была ў разгубленасці, але хутка акрыяла і ўзялася хадзіць паміж шэрагамі партаў, гаворачы суцяшальныя словы, быццам нічога не адбылося.

- Я ёй адпомшчу, - прашаптаў Вераб'ёў. - Гэтая чортава немка мяне запомніць. Шчака ў яго пачырванела і напухла. Ён папрасіў у Колькі ліст паперы і ўзяўся нешта пісаць, прыкрыўшы рукамі. Але Званарова зараз не цікавіла, што там задумаў яго сусед. Ён сачыў за настаўніцай, за кожным яе крокам. Словы амаль не даходзілі да свядомасці, а толькі ўзмацнялі пагарду і нянавісць. Па вачах аднакласнікаў бачыў, што ўсе чакаюць не дачакаюцца, калі ўсё гэта скончыцца, і яны вырвуцца з душнага класа. Нарэшце, вырашыўшы, што канфлікт канчаткова ўладжаны, і клас пра яго забыў, Клара Рыхардаўна спынілася каля Колькавай парты і далікатна, з давернай усмешкай вымавіла:

- Дзеткі, я вас на хвілінку пакіну, а вы толькі паціху сядзіце. - і накіравалася да дзвярэй. Калі яна павярнулася спіной, клас ахнуў. На спіне ў немкі вісеў лісток з сшытка. На ім тоўста вылучалася свастыка, а ўнізе надпіс: "Смерць фашыстам!" Колька з адкрытым ротам утаропіўся на суседа. Вочы Боркі гарэлі, у іх было ўсё: злараднасць, радасць і страх.

… Нясцерпна цягнуўся час. Чакалі навальніцы. Зараз яе ўжо сапраўды не абмінуць. І калі на парозе з'явіўся дырэктар школы, клас асуджана ўстаў. Іван Канстанцінавіч кіўнуў класу галавой і жэстам паказаў сесці. Колька літаральна ўпіўся вачамі ў дырэктара і раптам з радасцю зразумеў, што разносу не будзе. У класе нібы свежым ветрыкам падзьмула. Дзеці глядзелі на ўсеагульнага ўлюбёнца школы і не разумелі, чаму былы марскі афіцэр сёння так незвычайна ўсхваляваны. Не, знешне Іван Канстанцінавіч выглядаў такім, як заўсёды, але вось вочы яго… Вочы дырэктара свяціліся загадкавым бляскам.

- Заняткаў сёння не будзе і заўтра таксама. Можаце быць вольныя. Дырэктар вытрымаў невялікую паўзу і з дакорам вымавіў:

- Я лічыў, што хоць сёння ваш клас абыйдзецца без дурасцяў. Я разумею вас, але.. Да таго ж Клара Рыхардаўна нас пакідае… з'язджае ў іншы горад. А зараз ідзіце…

Дадому ішлі ўсё разам. Хлапчукі наперадзе, дзяўчынкі - ззаду. Звычайна вяртанне са школы суправаджалася шумнай валтузнёй, хлапчукі ладзілі жартаўлівую бойку партфелямі, альбо азартнай гульнёй у футбол кансервавай банкай, якая лётала праз усю вуліцу, перашкаджаючы сустрэчным мінакам, але сёння ні ў кога не было настрою.

- Ну, табе, Барыс, старшыня дохлых пацукоў, выдатна пашанцавала, - сказаў Генка, пляснуўшы Вераб'ёва па плячу. - Здорава ты ёй, а?..

- Якія ж вы, хлопчыкі, дурныя, - з крыўдай сказала Каралькова. - Ты, Бора, павінен сказаць "дзякуй" дырэктару… Гэта хамства, а ты проста дурань.

- Ну ты, рова-карова , - узлаваўся Борка. - Ах-ах… Ах бацька, ах родны… Сама ты дурніца, і Сталін твой таксама…

- Ты што сказаў? - падляцеў да яго Алька, - Паўтары!

- А то што будзе? - выставіў плячо Вераб'ёў.

- Мала ад немкі атрымаў ? Насапырнік растаўку, зразумеў! Паўтары што сказаў!

- І паўтару, не спалохаеш. Бачылі мы такіх!..

Алька кінуўся на Вераб'ёва, але паміж імі сталі Генка і Толік. Дзяўчынкі таксама ўчапіліся ў задзір. Забіякаў расцягнулі.

- Добра, - сказаў Борка, - чорт з вамі. - Вы яшчэ пашкадуеце. - І з сябрукамі пабег да маста.

- Нос я яму ўсё роўна растаўку, - сказаў Алька і злосна паглядзеў на сяброў, - дарма перашкодзілі. За Сталіна я любому…

Хлопцы былі на сярэдзіне моста, калі з боку будкі пачуліся гукі знаёмага гармоніка. Забыўшы пра ўсё, з ўсіх ног кінуліся бегчы. Гармонік раптам заціх, пачуліся гучныя галасы. Адзін належаў Міколе, другі, відавочна, ахоўніку. Яны гучна лаяліся. Хлопцы пераглянуліся: няўжо іх сябар патрапіў у бяду? Алька махнуў рукой і дадаў ходу. Заўважыўшы хлопцаў, ахоўнік паказаў Міколе кулак і адышоў у бок. Але далёка не пайшоў. Хлопцы прывіталіся з інвалідам.

- А, гэта вы, хлопчыкі, - усміхнуўся Мікола, аднак вочы яго не ўсміхаліся. Яны былі цёмныя і злыя.

- Вось гутару тут з адным. - погляд Міколы хіснуўся ў бок ахоўніка, - ды гутарка не атрымліваецца - яму, ці бачыш, песні мае не падабаюцца. А ты бываў там, дзе я?… Паглядзеў б, што б тады заспяваў… - Мікола гаварыў гучна, каб чуў ахоўнік. - А мы вось, дзеткі, зараз прапяём, нашую салдацкую, франтавую. - Мікола з разлютаванасцю ірвануў гармонік.

- Заткні гарляк, камедыянт! - загарлапаніў ахоўнік, накіроўваючыся да інваліда. - Заткніся, а то я табе заткну. Я не пагляджу, што сабраў тут байстручат… Вош акопная.

- Гэта я - вош акопная? - ускіпеў Мікола. - Я ваяваў… А дзе ты быў? ! Нашага брата ў штрафнікі ганяў?… Дзяцей не крані. Сука, іх бацькі голавы паклалі. Зразумеў Ты, чырвонапагоннік! ...

Ахоўнік стукнуў цяжкім кулаком у плячо Міколы так, што каляска адкацілася на некалькі метраў.

- Ты мяне, набрыдзь! - дзіка загарлапаніў Мікола. Ён глядзеў на рослага, здаровага, як біцюг, ахоўніка і кіпеў ад лютасці і бяссілля. - Я, гад, за цябе кроў праліваў, а ты мяне… Патрапіў б ты мне там… Мы такіх…

Сяржант з сілай пхнуў нагой каляску. Салдат узмахнуў рукамі, прывязная папруга лопнула, і ён зваліўся на спіну, але адразу падняўся на руках. Ірвануў на грудзях шынель. Зазвінелі медалі, гузікі паляцелі ў бакі.

- Сабака! Халуй! - Мікола сарваў папругу з цяжкай салдацкай бляхай, крутануў вакол рукі і юзам папоўз на ахоўніка. Стукнуць не паспеў. Каваны бот закрыў твар інваліда. Аглушыўшы калеку, ахоўнік узяўся мясіць ботамі чалавечы абцінак, які качаўся па брудным снезе.

- Дзядзечка, не біце!.. Дзядзечка!.. - нема крычалі хлопцы, бегаючы вакол ахоўніка. Але той азвярэў. Раптам Алька, прыгнуўшы галаву, з разгону стукнуўся ў ногі, пад калені, сяржанта. Удар не быў моцны, але настолькі нечаканы, што той паслізнуўся і зваліўся. Хлопцы шуснулі ў розныя бакі. Неміласэрна мацюкаючыся, ахоўнік пагнаўся за Алькам. Сябры беглі побач, раздзіраючы паветра крыкам страху і жаху. Ім здавалася, што дагнаўшы іх сябра, ахоўнік заб'е яго да смерці. І калі велічэзная пяцярня ўжо навісла над Алькавай галавой здарылася неверагоднае. Хлапчук раптам рэзка прысеў. Сяржант, атрымаўшы нечаканую падножку, усім цяжарам цела плазам грукнуўся на брук. Хлопцы завішчалі ад радасці. Кінуліся да сябра.

- Уцякайма хутчэй! - крыкнуў Генка. - Ён хутка ачухаецца, нам тады ўсім капут.

- Стой! - закрычаў Алька. - Куды. А Мікола? Кінем, так?

Мікола ўжо сам спрабаваў узлезці на каляску, але гэта яму не ўдавалася. Твар ў яго быў разбіты, і кроў залівала вочы. Хлопцы кінуліся дапамагаць, сяк-так прышпілілі папругу і, пхаючы рукамі ў спіну, пакацілі інваліда далей ад моста. Дарога ішла з ухілам, і каляска набрала ход. Прамчаліся міма ахоўніка, які з цяжкасцю падняўшыся, закрыўшы твар рукамі, хістаючыся, паплёўся да будкі.

- Ну, браткі, ну дзеткі, - .. - гаварыў Мікола, - век вас не забуду. - Дзякуй… Гэта па-салдацку, гэта па-франтавому… Але вы лепш уцякайце… Я сам… Уцякайце..

Хлопцы не слухалі, яны выдатна разумелі, што без іх дапамогі Міколе далёка не ўцячы. І яны пхалі і пхалі каляску не шкадуючы сілаў. На роўным месцы каціць стала цяжэй, а да асфальту было яшчэ далёка. Мільганула думку схаваць Міколу. Але дзе? Хто з жыхароў возьме скрываўленага калеку, якога будуць шукаць. Ахоўнікі ўжо, вядома, паведамілі ў камендатуру. Дацягнуць бы да асфальту, а там, сярод гарадскіх закуткаў, знайшлі б надзейную схованку. Але ці паспеюць? Хлопцы ўжо выдахліся. Пот градам каціўся па іх тварах, заліваў вочы. Кольку здавалася, што ён зараз зваліцца і не ўстане. Сэрца ашалела латашылася дзесьці ў горле і гатова было выскачыць. Перад вачамі мільгала шэрая спіна ды камяні, якія ўцякалі з-пад ног. Думак не было, быў толькі страх.

Наперадзе пачуўся шум машыны. З-за павароту выляцела паўтаратонка з высокім закрытым кузавам.

- Уцякайце, хлопчыкі! - закрычаў Мікола. - Уцякайце, богам прашу! Дзякуй.. Век не забуду.

Машына рэзка вільнула і спынілася папярок дарогі. З кузава выскачылі салдаты. Хлопцы кінуліся да плота і, перамахнуўшы цераз яго, пачалі назіраць. З кабіны вылез камлюкаваты афіцэр, марудліва падышоў з салдатамі да Міколы, нешта сказаў яму. Той адказаў. Але слоў хлопцы не ўчулі. Афіцэр наводмаш выцяў інваліда па твары.

- У машыну! - загарлапаніў салдатам.

Салдаты схапілі Міколу за рукі і пацягнулі разам з каляскай. З размаху кінулі ў кузаў. Ускочылі следам. Афіцэр, нагнуўшыся, узяў жменю снегу, выцер рукі, атрос далоні і сеў у кабіну. Зароўшы, машына хутка схавалася за паваротам.

Прыціснуўшыся да дошак, хлопцы бязгучна плакалі.

- Гады, - шаптаў Алька, - набрыдзь. З аўтамата б вас. - Раптам ён сарваўся з месца, пераскочыў цераз плот і што ёсць сілы панёсся да моста. Хлопцы закрычалі, але ён нават не аглянуўся.

- Звар'яцеў, ці што? - дыхаючы ротам, вымавіў Генка. - Там ж ахоўнікі… Вось дзівак.

Бегчы за Алькам ужо не было сілаў, і хлопцы, спатыкаючыся, папляліся да моста. Колька не спускаў вока з будкі, са страхам чакаючы, што вось зараз ахоўнікі ўбачаць Альку і схопяць… Вось ён ужо дабег да таго месца, дзе сядзеў Мікола. Нагнуўся падняў нешта і панёсся назад. З будкі ніхто не выйшаў. Хлопцы з палёгай уздыхнулі. Ад усяго перажытага Колька адчуў, што ў яго няма больш сілаў і сеў на брук. Генка і Толік апусціліся побач. Алька падбег да сяброў і зваліўся на калені. Па яго мокрым твары распаўзалася шчаслівая ўсмешка.

- Мы думалі, табе ўсё, - стомлена вымавіў Колька. - Ахоўнік цябе запомніў надоўга.

- А, глупства! - адмахнуўся Алька. - Вось глядзіце… Ён расціснуў пальцы. На потнай дзіцячай далоні ляжаў медаль "За адвагу" з абарваным вушкам.

Уладзімір Мельнікаў

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX