Лідзянка, якая стала сімвалам прыгажосці ўсёй Польшчы
Поля Ракса (у замустве Ракса-Кастэнка), славутая польская кінаактрыса, абвешчаная сімвалам прыгажосці ўсёй Польшчы, нарадзілася 14 красавіка 1941 года ў Лідзе ў сям'і Эдварда Станіслававіча Раксы. Дом Раксаў стаяў па колішняй вуліцы Шырокай. Зараз гэта недзе на стыку вуліц ім. Труханава і ім. Шаўчэнкі, у раёне апошніх прыпынкаў аўтобуса на маршруце № 4. Каля дома быў вялікі сад.
Эдвард Ракса выехаў з Ліды пасля вайны. Дом свой не прадаваў, а проста пакінуў. Перад ад'ездам прапаноўваў дом сваякам, якія тут заставаліся. У прыватнасці заставаўся родны брат Уладзіслаў, што жыў на хутары каля Васілішак. Уладзіслаў ад дома адмовіўся, пабаяўся, што выехаўшыя ў Польшчу хутка будуць вяртацца назад. Ніхто не вярнуўся. Эдвард Ракса так больш ніколі і не прыязджаў у Ліду. У Польшчы меў дом, краму.
Поля пасля сканчэння школы вывучала польскую мову і літаратуру ў Вроцлаўскім універсітэце, але стаць спецыялістам у паланісты-цы ёй не было наканавана. У 1960 годзе вядомы польскі кінаражысёр М. Канеўская прапанавала Полі ролю Ванды ў фільме "Чарцяня з сёмага класа".
Поля перайшла на акцёрскае аддзяленне Вышэйшай школы тэатра і кіно ў Лодзі і ў 1964 годзе скончыла яе. Ужо падчас вучобы Поля паспела сыграць ролі Марысі ў фільме "Рэчаіснасць" (1961), Марысі ў фільме "Клуб кавалераў" (1962), Гражыны ў фільме "Іхні будзённы дзень" (1963), Крысі ў фільме "Разводаў не будзе" (1964). Пасля заканчэння ДзВШТК Поля Ракса працавала ў тэатры "Усеагульны" ў Лодзі (1964-1968) і тэатры "Сучасны" ў Варшаве (1968-1986). Адначасова працягвала здымацца. Роля Беаты ў фільме "Беата" (1965), адна з галоўных роляў у фільме "Блакітны пакой" (1965), роля Зузанны ў серыяле "Капітан Сава ідзе па следу", знялася ў савецкім фільме "Накцюрн". Вялікую вядомасць Полі прынесла роля Гелены дэ Віт у фільме "Попел" (1965). У тым жа 1965-м годзе Поля сыграла яшчэ ролю Інезілы ў фільме "Рукапіс знойдзены ў Сарагосе". Але выключную вядомасць і ўсяпольскую любоў прынеслаПолі роля Марусі Аганёк у фільме "Чатыры танкісты і сабака", у якім яна здымалася з 1966-га па 1970 год. У гэты ж час яна іграла ролі Гані ў фільме "Біч божы"(1967), Альжбэты ў фільме "Парыж-Варшава без візы" (1967), Зосі ў савецкім фільме "Зося" (1967), Марыэлы ў фільме "Прыгода з песенькай" (1969), Камы ў фільме "Пагоня за Адамам" (1970). Праз 23 гады ў 1993 годзе Поля Ракса знялася ў ролі мамы Агаты ў фільме "Уводзіны Агаты". Фактычна можна сцвярджаць, што кінакар'ера Полі Раксы доўжылася ўсяго дзесяць гадоў: з 1960-га па 1970-ты.
Гэта так і не так. Поля сапраўды перастае здымацца ў класічных ігравых фільмах, але шмат здымаецца на тэлебачанні.
1968 год: роля пані Ганскай у тэлеспектаклі "Дзіўны раманс пана Бальзака", роля Ганны ў т/с "Помнік, які іграе";
1970 год: т/с "Усмешка Джаконды", роля Марыкі ў т/с "Залатая карэта", роля Веры ў т/с "Княжна Мары", т/с "Радасная панна", "Мяліса";
1972 год: роля Івоны дэ Галайс у т/с "Мой сябар Дужы М.";
1973 год: роля Альзэн ў т/с "Каханне і гнеў", т/с "Абман", роля Лорайны Плейгель у т/с "Тое немагчымае каханне";
1975 год: роля Ірмы Вуоры ў т/с "Небяспечная забава";
1976 год: роля Дамінікі ў т/с "Не бразгаць дзвярыма", роля Лідзіі ў т/с "Стрэл на світанні", т/с "Генеральная рэпетыцыя";
1979 год: роля Евы Герулд у т/с "Канцэрт";
1981 год: роля Рут у т/с "Трылогія адноўленых спатканняў";
1983 год: роля жонкі пракурора ў т/с "Ваўкі ў начы";
1985 год: роля дзеўчыны з Махагоны ў т/с "Махагона";
1986 год: роля Марылі ў т/с "Імгла";
1988 год: роля пані Шрыкэ ў т/с "Міс самотных сэрцаў";
1989 год: роля Зузі ў т/с "Пакой на гадзіну".
Побач з гэтым Поля іграе ў тэатры:
1970 год: роля Шатоўны ў сп. "Акварыюм ІІ";
1975 год: спектакль "Ігра";
1984 год: роля Вікторыі ў сп. "Бітва карнавалу з постам", ролі мадам Ірэны і Беаты ў сп. "Але хай толькі заквітнее...";
1985 год: роля дзяўчыны ў сп. "Ідзі на бераг, відаць агонь.";
У 1986 года Поля Ракса пакідае тэатр, а з 1989 перастае здымацца і на тэлебачанні. Але ў 1997 годзе ізноў з'яўляецца на сцэне. У варшаўскім "Драматычным" тэатры яна іграе ў спектаклі "Лісты нашых чытачоў". 24 кастрычніка 1997 года Поля Ракса выйшла на сцэну варшаўскага тэатра з назвай "Сцэна прэзентацыі" ў ролі пані Алонбы ў спектаклі "Жанчына без значэння". Вось што напісала з гэтай нагоды тэатразнавец Агнешка Невядомская:
" Ці хто калі-небудзь цікавіўся, чым занялася Поля Ракса пасля здымкаў "Попелу" і апошніх кадраў "Чатырох танкістаў...". Мяркую, што не часта. Для большасці яна застанецца Марусяй -- звыклым сімвалам прыгажосці Польскай Народнай Рэспублікі, па якой уздыхалі тысячы мужчынскіх сэрцаў на якую спрабавалі быць падобнымі ўсе польскія жанчыны.
Сёння Полю Раксу цяжка сустрэць у артыстычным свеце, таму, калі ўбачыла яе на афішы ў спектаклі "Жанчына без значэння" Оскара Вільда, які ішоў у тэатры "Сцэна прэзентацыі", доўга не вагалася і купіла білет.
Цікава было, як выглядае тая самая прыга-жосць пасля столькіх гадоў, і мушу прызнаць, што была міла здзіўлена. Недастаткова будзе сказаць, што Поля выглядае ашаламляльна з цалкам захаванай фігурай васемнаццацігодкі, гэта яшчэ падкрэсліваецца дасканаласцю свабоднага і пераканаўчага вядзення дыялогу на сцэне.
Жанчына, якая іграе, гэта сапраўдная дама, якая патрафляе знайсці сваё мейсца ў свеце крывадушных і мнімых звычаяў англійскай арыста-кратыі, інтэлегентная правакатарка пераможных дыскусій".
Сёння, калі Полі Раксе споўнілася 60 гадоў, можна смела сцвярджаць, што ў дыскусіі з нялёгкім і пераменлівым акцёрскім лёсам яна вышла пераможцай.
Поля не раз забірала ўзнагароды на розных фестывалях і конкурсах:
1965 год: ІІ тэлевізійны фестываль драма-тычных тэатраў -- індывідуальная ўзнагарода за ролю Юліі ў спектаклі "Жменя пяску" Пшаздзец-кага ў тэатры імя Міцкевіча ў Чанстахове;
1967 год: срэбная маска;
1967 год: узнагарода MON І ступені (калек-тыўная) для стваральнікаў фільма "Чатыры танкісты і сабака";
1969 год: срэбная маска ў плебесцыце "Вячэрняга экспрэса";
1970 год: срэбная маска.
У 1974 годзе Поля Ракса атрымала адну з вышэйшых дзяржаўных узнагародаў Польшчы "Залаты крыж заслугі".
У 1979 годзе Поля Ракса атрымала званне "Заслужаны дзеяч культуры".
І як бы сёння хто не адносіўся да ўзнагародаў сацыялістычнай Польшчы, пра Полю Раксу можна сказаць адназначна, што свае ўзнагароды яна атрымала за прыгажосць. За прыгажосць вобразаў, якія яна стварала ў кіно, і за сваю, Богам дадзеную на Лідскай зямлі, уласную прыгажосць.