З Ліды ў вялікае мастацтва
(60-гадоў доктару мастацтвазнаўства Р.Б. Смольскаму)
СМОЛЬСКІ Рычард Баляслававіч. Нарадзіўся ў Лідзе 3.04.1946 г. Беларускі тэатразнавец, педагог. Доктар мастацтвазнаўчых навук (1991), прафесар (1999). Старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Рэктар Беларускай Акадэміі Мастацтваў.
Яго творчы шлях быў нялёгкі. Рычард Смольскі паспытаў свае сілы і як пісьменнік, і як драматург, і як рэжысёр.
Першы паэтычны твор Р. Смольскага з'явіўся ў школьнай насценгазеце, калі аўтар вучыўся ў 6-м класе. Затым ён спрабаваў іграць у школе розныя сцэнкі. Папова Надзея Іванаўна, якая вучыла Рычарда ўспамінае: "Мы ў клубе чыгуначнікаў ставілі спектакль пра Ламаносава, і Рычард так добра сыграў, што такога ад яго ніхто не чакаў." Напэўна гэтая першая тэатральная спроба адыграла значную ролю ў яго жыцці.
Пасля заканчэння школы Рычард Смольскі прымаў удзел у спектаклі гарадскога Дома культуры "Над хвалямі Серабранкі", які быў паказаны не толькі перад гледачамі Ліды, а, нават, у Менску.
"Добры хлопчык, добра чытаў, актыўна ўдзельнічаў у самадзейнасці, прасіў парады, куды лепш пайсці вучыцца: на гістарычны факультэт ці ў тэатральны інстытут", - так успамінае пра свайго вучня заслужаная настаўніца Беларусі Алена Генрыхаўна Бузава.
Пайшоў у Беларускі тэатральна - мастацкі, дзе і пачаў цікавіцца тэатразнаўствам. Пасля заканчэння інстытута (1970) працаваў на кінастудыі "Беларусьфільм", спачатку асістэнтам рэжысёра па рэквізіту, затым асістэнтам па рабоце з акторамі, пасля другім рэжысёрам-пастаноўшчыкам трупы.
Быў прызваны ў войска. Служыў у Куйбышаве ў акруговай газеце, там пачаў пісаць пра Куйбышаўскі тэатр імя Горкага.
Пасля службы вярнуўся на "Беларусьфільм" на пасаду рэдактара творчага аб'яднання "Летапіс". Стаў аўтарам навукова-папулярнага кіначасопіса "Сельская гаспадарка Беларусі".
Затым скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, тэмай якіх была тэатральная дзейнасць.
З 1976 года ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі (з 1988 заг. аддзела), адначасова з 1997 рэктар Беларускай Акадэміі Мастацтваў. Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рускай тэатральнай культуры на Беларусі. Аўтар кніг: "На сцене - бессмертие подвига", Мінск, 1982; "Пазначана часам. Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры", Мiнск "Навука і тэхнiка", 1984; "Грядущим в наследство. Тема ВОВ в белорусском театре 80-х годов", Мінск, "Навука і тэхніка", 1986; "Театр и жизнь. Некоторые проблемы театрального процесса в Белоруссии 70-80-х годов" (адзін з аўтараў), Мінск, "Навука і тэхніка", 1989; «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70-80-х гг.» (1987), "Тэатр у прасторы і часе", Мiнск, "Мастацкая літаратура", 1998; "На скрыжаваннi. Тэатр у працэссах станаўлення і развiцця гiстарычнай і нацыянальнай свядомасцi беларусаў", Мiнск, "Беларуская навука", 1999. «Рэха мінулага: Тэатразнаўчыя эцюды аб беларускай культуры XX ст.» (2000); раздзелаў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 2-3, 1985-87); п'ес (з Ю. Сохарам) «Разбег» (1974), «Выкупленне» (1976), «Не толькі пра каханне» (паст. 1978); радыёп'есы «Лёс, які мы выбіраем» (паст. 1986); сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Марыя» (1975); «Праз усё жыццё» (1978, пра Е. Міровіча), «Уладзіслаў Галубок» (1982); «Жыццё кліча» (1984, пра У. Крыловіча), «Антракт» (1992, пра М.Яроменку; з В. Навуменкам). Адрэдагаваў зборнік "Сучасная беларуская рэжысура. Пошукі мастацкай адметнасці ў кантэксце традыцый еўрапейскага тэатра." (Мінск, 1998).
Але свой першы артыкул "Героі жывуць вечна" надрукаваў усё-такі ў лідскай газеце "Уперад" у далёкім ужо 1965 годзе.