Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Алесь Стадуб 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 03-06-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 54.



АГЛЕДЗІНЫ

80 гадоў Алесю Стадубу [1]

Калі ў маіх родных Сейлавічах з бацькавай хаты выйсці за хлеў пад векавечную грушу і глянуць удалечыню, то там за Куліком, за Вомшарам, амаль на гарызонце, відны вершаліны дрэў, яснай ноччу там відны агні - гэта Юшавічы. Цяпер кожны раз, глянуўшы ў той бок, я дадаю: Стадубавы Юшавічы. Нават, калі хмурна і не відно ні дрэў, ні агнёў, я ведаю, што там Юшавічы, у якіх нарадзіўся паэт Алесь Стадуб. Волей лёсу Алесь Стадуб сустрэўся мне ў Лідзе і стаў самым блізкім земляком, бо ні з Затур'і, ні з Бузуноў, ні з Андрушоў, ні з Кунасы сустрэць тут нікога не ўдалося.

А як яшчэ Стадуб - паэт, то душа блізкая і зразумелая, з якім здараецца глядзець на гэты свет аднымі вачыма і ўспрымаць падзеі аднолькава. А вось выказацца і пра свет і пра падзеі выпадае па-рознаму. У Стадуба свае словы, свае вобразы, не імкнецца ён быць ні лепшым за каго-небудзь, ні падобным на каго, і тым ён ёсць паэт Алесь Стадуб, такі як ёсць.

Надарылася пачуць яго кароткі верш. Хто-небудзь, напісаўшы такое, не паставіў бы кропку пасля чацвёртага радка. Стадуб паставіў, бо гэта яго крэда:

Не раз адольваў сцежкі коўзкія

На стромкі, велічны Парнас,

Каб там багі і дзеці боскія

Любілі Беларусь і нас.

Парнас - міфічная гара, месца прапіскі багоў мастацтва, але імкнуцца паэты туды зусім рэальна, бо калі імкненне тое толькі ўдаваць, то і будзе не паэзія а ўдаванне, імітацыя. Але, як бы не хацелася адсачыць шлях Алеся Стадуба на гэты самы Парнас, не ўдаецца, бо кніжкі Алеся Стадуба, чытаю прыхваткамі. Але калі возьмешся за якую, зачэпішся за думку, патонеш у гармоніі радкоў, і час спыняецца. Затое ў вершы:

Рыпяць праблемаў восі,

У целе ные верад,

Паціху цягне восень

Надзей туманных нерад...

Алесь Стадуб пачаў друкавацца рана. Нясвіжская раёнка "Чырвоны сцяг" змясціла першы допіс маладога юнкара, калі ён вучыўся ў сямігодцы. І Алесь Стадуб. цяпер ён захоўваецца ў аўтара. Пасля пайшлі публікацыі ў абласной, амаль ва ўсіх сталічных выданнях, у "Сельской газете", а таксама ва ўсесаюзных "Известиях", "Комсомольской правде", "Советской культуре". Ні разу не спісвалі ў архіў тое, што накіроўваў у маскоўскія часопісы "Советский кооператор", акадэмічнае выданне "Русская речь", на радыё і телебачанне.

А. Стадуб актыўна супрацоўнічае з газетай "Наша слова", на старонках гэтай рэспубліканскай газеты ўбачылі свет апавяданні, вершы, артыкулы, інфармацыі. Ён прафесійны журналіст, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар дзесяці кніжак паэзіі, у апошнія гады выйшлі: "Споведзь натхнення", "Твае вочы", "Водгук ісціны", "Сюжэт на фоне надвячорка", "Калінавыя гроны", "Шэпты крыл", "Скрыжалі " і інш., а таксама аповесць "Вандроўка між гадамі". Цяпер на чарзе яшчэ два зборнікі - вершы і апавяданні. Амаль гатовыя.

Як паэт А. Стадуб вядомы ўважлівым чытачам некалі па газеце "Піянер Беларусі", а таксама па цеперашніх "Новым часе", ЛіМу , "Гродзенскай праўдзе", аднагадовіку "Галасы", таксама па лідскім літаратурна-мастацкім часопісе "Ад лідскіх муроў". Вершы А. Стадуба перакладаліся ў ЗША, Расіі, Польшчы, кніжкі станоўча рэцанзаваліся ў рэспубліканскай, абласной, у месцовых газетах. Яго кнігі рэкламаваліся ў рэспубліканскіх выданнях, размяшчаліся на выставах у Нацыянальнай бібліятэцы.

Можна пражыць доўгае жыццё і ні разу не спыніцца перад карцінай мастака ў захапленні, ні разу не быць узрушаным да глыбіні душы прачытанай кнігай, ні разу не ўсхвалявацца да слёз пачутай песняй. Напэўна можна. Толькі невядома, з якой вялікай шкадобай растанецца душа такога чалавека са сваёй зямной юдоллю. Якая беднай такая душа. Сапраўды, калі ён абыякавы, калі не бягуць "мурашкі" па спіне - то і няма сапраўнай асобы. Калі жыў за межамі рэспублікі Алесь Стадуб - то і не было яго, як асобы. У Беларусі ён знайшоў сябе, праявіўся сярод сваіх, канешне: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.

Падчас працы ў газеце "Ўперад", пачалі з'яўляцца кароткія апавяданні А. Стадуба. Газета не дазваляла размахнуцца, напісаць шырока, але парадавалі і ўсхвалявалі чытача "Партрэт", "Бабёр", "Пастка", "Танцорка", "Восень", "Вар'ят", "Ліпа цвіла" і многія - многія іншыя. Ніколі яго не цягнула памяняць прафесію, памяняць спецыяльнасць. Ён тут быў сярод сваіх. Навесяле ён паўтараў словы вядомай песні: "Трое суток шагать, трое суток не спать ради нескольких строчек в газете". У рэдакцыі ён не раз выбіраўся старшынём прафсаюзнага камітэта. Прапагандыстам па асвятленні спорту займаў першае меца ў рэспубліцы.

Стаўшы пенсіянерам, не гуляў у "дурня", у "казла", а ствараў кніжкі паэзіі. Тое, што не паспеў у газеце, прадаўжаў на заслужаным адпачынку. Галава працавала, душа радавалася поспеху. Яго друкавалі. Дарыў кніжкі бібліятэкам. Выступаў як лектар. Яго хвалілі і чыталі. Таму сведкамі фармуляры. З ростам мэты, зразумела, расце чалавек. Гэта не важна, ці малады ён, ці не малады, галоўнае, якім сябе адчувае.

Чытаючы зборнікі, радуешся, што ён душой пламянее, што заптрабаваны. І пра гэта наступныя радкі:

Я постаць часу,

Плоць яго і кроў,

Мяжа дабра і зла,

Спакусы і спагады,

Люстэрка ўпартых,

Амплітуда ўцех,

Жыццёвы персанаж

У кадры і за кадрам.

Альбо:

Мы ў шорах вупражак будзённых,

Работай сонца й поўню будзім,

Паміж зямлёй і небам блудзім,

Шукаючы на хлеб надзённы.

Самая цяжкая прафесія - быць чалавекам, а вершатворцам удвая цяжэйшая. Але ж няма нічога лёгкага і немагчымага. Галоўнае - узяцца. І бярэцца кожны за тое, да чаго схільны. Таму мы багатыя на мастакоў, на вынаходнікаў, на геолагаў, на спарцменаў. Кожны любіць сваё. А Стадуб любіць сваё. Інакш бы не стварыў бы такіх вершаў, як "Даруй", "Знатоўка", "Будуць", "Спрадвеку", "Бяссмерце", "Рэчачка", "Твае вочы", "Лодка", "Адчай" і шмат якіх іншых.

Некалькі радкоў з тых, што пералічаны, назвы для аўтара і рэцэнзента шмат аб чым гавораць, для чытача ж яны загадка, таму хоць кавалачак таго, што піша аўтар пра Радзіму:

Як перад маці і сумленнем,

Мая святая Беларусь,

Я прад табою на каленях

Назад грахі свае бяру...


Заканчваецца верш такімі радкамі:

Не ўсё я сам сабе дарую,

Што можаш, мне даруй сама.

А. Стадуб сцвярждае:

Сам я не ўмоўны,

Не адмоўны,

Не згінны я,

Надзейны я.

Я не шматслоўны,

Аднамоўны,

І мова -

Матухна мая.

Дарога да паэзіі цяжкая і заўсёды індывідуальная. Ніколі не зблытаеш Юрку Голуба з Міхасём Скоблам, Рыгора Барадуліна з Максімам Танкам, Яўгенію Янішчыц з Піменам Панчанкам, Алеся Стадуба з Уладзімірам Васько, у кожнага свае тэмы, свае метафары, свае эпітэты, свае нечаканасці. Шмат якія вершы Алеся Стадуба кароткія. Яны вартыя тым, што прымушаюць думаць. Часта душа вершаў незвычайная. Яна чуйная да таго, што адбываецца поруч, што на свеце. Таму яго думкі запамінаюцца. У вершы "Пацалунак" толькі восем радкоў. Як у трыялеце. Канец верша нечаканы, і каб не быць галаслоўным, прывядзём поўнасцю. Восем радкоў не паэма. У кожным радку - свая думка.

Ён - неўміручая адданасць.

Ён - асалоды неспазнанасць.

Ён - супярэчлівасць і згода.

Ён - і давер, і наша мода.

Ён - нечаканасць і чаканне.

Ён - добрае бярэмя цудаў.

Ён - ключ да будучых спатканняў.

Ён - дотык здрадніцкі Іюдаў.

Аўтар робіць малое вялікім, пра што мы часта не думаем. Верш не сякера за лаваю - угледзеў і знайшоў. Здольнасць - гэта вера ў сябе, у сваю сілу. Трэба не забывацца, што мастацтва мае свайго ворага. Гэта - супрацьстаянне, яно існуе і ў адносінах да мовы. Таму не мог не з'явіцца верш на надзённую тэму - пра мову.

Вы яе маўчаннем не губіце,

Вы - вясна яе, грамы яе.

Па радні мы ўсе свае.

Вы яе маўчаннем не губіце.

Нехта ў шыхт за мову не ўстае,

Нехта загубіўся ў рыхлым быце.

Вы яе маўчаннем не губіце,

Вы - вясна яе, грамы яе.

Кожны мае права на спрэчку, але не трэба блытаць вечнае і часовае. Мова адносіцца да вечных скарбаў свайго народа. Да вечных і часовых адносіцца праблема бацькоў і дзяцей. Знешне яны падобныя, а праблемы розныя.

Такія мы падобныя,

Кантрастныя такія.

І сціплыя, і модныя,

Чуллівыя, глухія.

Адзін мароз марозіць,

Адно нас сонца грэе.

Верш заканчваеццца нечаканасцю. Аўтар сцвярджае, што "бацькі на правым флангу", на левым флангу дзеці". Хто ў юным узросце не лічыў сябе разумнейшым за тых, каму мінула за сорак. А то і больш. Але між іншым кожны з нас, напэўна, чуць-чуць паэт у душы. Ён не заўсёды ўзнёсла выказвае тое, што бачыць, але яно прыгожыць душу. Мастак маляваў Алеся Стадуба. Вось і з'явілася "Святло мазка":

Малюй мяне на светлым полі

Святлом пахучага мазка.

У нас усе ж з табою солі

Забрала дружных год рака.

А ў іншым вершы, дзе аўтар, будучы на вернісажы, здзіўляецца:

Мо ён сябе ў нязвыклым стане,

А мо мяне і вечар з сажы.

На вернісажы ён не скажа

Пра персанаж на заднім плане.

Запамінаюцца такія творы, як "Беларусь", "Твае вочы", "На Нёмане", "Адчай", "Люблю я край", "Жыта", "Маці-радзіма", "Не скарылі", "Прэм'ера", і інш.

Паверце, вершы з'яўляюцца часам з таго, пра што ніколі не падумаеш. Мне Алесь Стадуб аднойчы расказваў: "Глянуў у вакно - туман, ранішні шэры туман. У тумане, вядома ж, вільготна, холадна. Адразу радок. "Бядуе холад у тумане", а праз хвілін некалькі ўсе чатыры радкі:

Пакуль святло з-за лесу гляне,

І ранак радасцю кране,

Бядуе холад у тумане.

Каля каго пагрэцца мне?

Заканчваецца шаснаццацірадковік вось якім куплетам:

Ён (унук), можа, гэты свет спантанны

Упартай думкаю кране.

Бядуе холад у тумане.

А вы бядуеце ці не?

Самае цяжкае ў мастацтве - слова. Шукаеш яго заўсёды. І самае лепшае ўжываеш, але не кожны цэніць гэтае слова. І можа таму, што сам не меў спраў з пошукам слова.

А за словам - і тэма, за тэмай - думка. Цэлы каскад аўтарскіх пошукаў. І ў выніку нечаканы верш. На першы погляд ўсе проста. Але спаяць задумы не проста. Узяць хаця б наступнае:

Жыву падманнасцю вясёлай.

Каліны гронка на акне,

Шкада вавёрку ў вечным коле,

А хто паспагадае мне?

Схавалі хмары ласку сонца,

І лісце кісне на траве,

Мой век на трасе не бясконцы,

Але ж каму я ў галаве?

Моўны багаж А. Стадуба, я сказаў бы, багаты. Шмат дала газета, шмат дало чытанне. Шмат дала работа над сабой. Без ведаў няма чаго рабіць у літаратуры. Класікі раілі: каб пісаць, трэба шмат ведаць. Паэт, пісьменнік - інжынер душ. Інжынер павінен шмат ведаць. Адказваць на ўсе пытанні шматлікага калектыву. А ў пісьменніка ці ў паэта ён розналікі, і пастарайся сваім розумам быць вышэй за іншых, паспрабуй усім дагадзіць сваімі творамі і чатырохрадкоўем, і раманам, і п'есай. Таму жыццё патрабуе працы. Не здзіўна, што аўтар гэта ведае. Алесь Стадуб піша ў адным з вершаў:

Я прозай класікаў аброс,

Нібы даўней багамі скіфы,

Адсуну вершаў сваіх стос -

Кудысьці паляцелі рыфмы.

Гэта да слова. Шчыра прызнацца, мне няма калі аддаваць сябе класікам. Хаця паўтараю: чытанне - вучэнне. Сваіх чытаю не з-за таго, што цікава, што без іх жыць нельга. Наадварот, хачу ведаць узровень напісаннага.

Алесь Стадуб за некалькі гадоў да выхаду кніжкі у менскім "Кнігазборы" расказваў, што стварыў вялікую дакументальную аповесць, а цяпер рэжа - скарачае. Пра што яна? Нямецкі празаік Генрых Ман ёмка сказаў: "Варта напісаць пра сябе, каб загаварыла эпоха." Не дзіўна, што гэтыя словы ўзяты аўтарам дакументальнай аповесці эпіграфам, шкада, што не чытаў пасля машынкі. Забараніў б скарачэнне. Але ж аўтар мае права хоць спаліць твор. Выкінуты з аповесці шмат цікавых кавалкаў. Хаця б пра вучобу ў культпрасветвучэльні.

Першы раз Стадуб яе закончыў па народных інструментах. Другі раз прынялі без экзаменаў на драматычнае аддзялення. Тут былі адны дзяўчаты. А патрэбны мужчынскія галасы. Толькі б хадзілі! Ды як не будзеш хадзіць, як не будзеш вучыцца, калі педагогі чаго вартыя, змястоўна гаварылі, па-своему трактавалі п'есы. У канцы першага курса падгаварыў дзяўчат і ўзяўся за Макаёнка. Цягнула да свайго. Стадубу калектыў паверыў. А калі ў канцы першага курса здаваў пастаноўку, расхвалілі. Гэтак жа ён паступіў, калі працаваў на Радзіме. Таксама выдатна справіўся. Яго п'есу "Памяць" дзяўчаты вывучылі на зубок. Гэта ж яны едуць на вёску, дзе жывуць іх бабулі, паедуць на абласное тэлебачанне! Навучыў, як паварочвацца, як размаўляць, ведалі, як весці сябе ў мізансцэнах. І зноў на выдатна справіўся. Нават кніжка пра Нясвіжскі раён пісала аб гэтай п'есе. І пра іншае пісала. Але коратка. Можна было б займацца тым, што атрымоўвалася. Але гэта не было яго прызванне. Яго заўсёды цягнула ў іншае - у газету. Але покуль трапіць туды імкнуўся закончыць педагагічны інстытут. Вышэйшая адукацыя ўсё ж! Не давучыўшыся ў вучэльні, ён аддаў перавагу вышэйшай навучальнай, спаслаўшыся, што сесіі супадаюць. Яны і сапраўды супадалі. Ніяк не разарвацца, калі трэба быць і там, і тут.

Не сказана ў аповесці "Вандроўка між гадамі" пра амаль дзевяцігадовую работу кіраўніком мастацкай самадзейнасці. Да яго ў абласны Дом культуры прыходзілі ў вялікі гурток дзяўчаты і хлопцы ад 18 да 25 гадоў. Канешне, аўтар мае права са сваёй аповесці выкрасліць, што лічыць лішнім. Можа нават спаліць яе. Алесь Стадуб сваю добра пакрэсліў, але не спаліў. Яго твор выйшаў у Менску, хоць невялікім накладам, але ўсё ж такі выйшаў. Прачытаўшы, здзіўляешся, як сцісла адлюстраваны побыт, схільнасць людзей у пасляваенны галодны час. Тых людзей цяпер няма, памерлі. Цяпер моладзь не памятае жарон, ступы, нарога, рэзгінаў, атос, сярпа. А краявіды тыя ж ураджайныя палеткі, тыя ж узгоркі. Цяпер былыя кручаныя дарогі выпрастаны, заасфальтаваны. Пра гэта ў адным вершы:

Зязюля тут гадоў не лічыць

Паміж жытоў, паміж аўсоў.

Аж ад Нясвіжа ў Юшавічы

Праз Слаўкава і Ракавічы

Дарога хуткай паласой.

У аповесці Алесь Стадуб расказвае, што пры яго памяці вёска тройчы будавалася, спачатку палякі прымусілі сялян пераязджаць на хутары, тыя хаты, што ў прытык бедаваліся - плячо ў плячо, мусілі шукаць сабе месца ў полі. Затым пры саветах зноў перасяляліся ўжо ў перспектыўную вёску. Аўтар дакументальнай аповесці ўспамінае, што некалі ў Юшавічах працавала чатыры ветракі, мелася чатыры музыканты, восем краўцоў, штат людзей іншых спецыяльнасцей.

Творчая натура заўсёды нешта стварае. А. Стадуб, ведаючы ноты, пасправабаў выдумаць некалькі песень. Ацаніць іх папрасіў выкладчыка спеваў Нясвіжскай педвучэльні кампазітара Паўла Касача. А неўзабаве быў выкліканы ў абласны цэнтр. Вёў семінар Генадзь Цітовіч і таксама станоўча адазваўся аб першым доследзе А. Стадуба.

Шмат месца адводзіць Алесь Стадуб у дакументальнай аповесці родным - бацьку і маці. Ён запомніўся, што быў "нізкі, з не надта коратка пастрыжанай барадой. З рыжаватымі ад курыва вусамі, у кірзавых ботах, у зашмальцаванай скураной камізэльцы, у выцертых на каленях картовых портках" бацька ўмеў выгаворваць пярэпалах, удары, "высякаць" рожу. Я здзіўляўся, як пераканаўча ў яго атрымлівалася тое, чаго не маглі, не ўмелі іншыя юшаўцы. Здзіўляўся, як у яго ўжывалася вера ў Бога з гэтымі паспяховымі забабонамі. Бацька валодаў выдатнай памяццю і тое, што яму падабалася, вывучваў напамяць. Гэтага - памяці - нельга было адняць і ў мацеры. Больш запомнілася аўтару дакументальнай аповесці яе знешнасць. Яна была "рухавая, прыветная, вясёлая. Ёй ішла сярэдняя паўната, сярэдні рост, радасная гаворка, белыя зубы, калі ўсміхалася, і чорныя валасы таксама ішлі. Яны не выпаўзалі з-пад светлай хусткі. Каса была абаранкам на патыліцы, бо адтуль тырчала пукатым гузам".

У дакументальнай аповесці, хоць скупа, але распавядаецца пра нашчадкаў - прадаўжальнікаў стадубаўскага роду. Адзін з іх выйшаў у журналісты і пісьменнікі, другі дайшоў да прафесара, члена Міжнароднай Акадэміі кіравання і права, дачка аднаго - мастак, яе сын - акардыяніст, жонка Алеся Стадуба інжанер-канструктар, братаў сын пасля БДУ стаў знакамітым фатографам. Асвятляў дзве сусветныя алімпіяды.

А хто ж такі Алесь Стадуб? Сцярджае пра сябе: я - сонца, я - вецер, я - з вен пакручастых, я - з рэк" тут, прабачце, і вершы, і самавыражэнне. "Я - кульмінацыя цярпення, я - пуп зямлі". А наогул - гэта звычайныя метафары. Добра, што аўтар - выдумляка, што не ідзе прабітай дарогай, знаходзіць прыёмы для выражэння сваім і думам і пачуццям. Нават, можа, фантастычных. Папраўдзе, што гэта за паэт без фантазіі? Чаго варты, калі не шукае новыя формы? Вось так ён і трапіў на трыялет. Форма трыялета нарадзілася ў Францыі. Некаторыя творцы нават зборнікі трыялетаў выпускалі, шмат трыялетаў стварыў Максім Багдановіч. Сустракаюцца ў наш час трыялеты ў тоўстых часопісах, трыялет - гэта верш з васьмі радкоў. У А. Стадуба трыялетаў не цыкл, а цэлы зборнік - больш за сто пяцьдзесят. Смела аўтар заяўляў:

Зноў трыялеты сёння ў модзе,

Да вас надзейна прышчаплю.

З-за іх вялікасці не сплю,

Зноў трыялеты сёння ў модзе.

У яго трыялетах і любоўная лірыка, і любоў да Радзімы, і незвычайная супярэчнасць, бо не заўсёды давалася рыфма, форма выбівалася з задумы. Але брала верх павага і цярпенне. Цярпенне - гэта мастацтва спадзявацца на лепшае, на поспех. Аўтар заўсёды разумеў: жыць - працаваць; жыць, каб душа была ў справах, у падзяках:

Вітае сонца нас пачаткам дня

І волю выдае, як Бог Адаму.

"Сваю шукайце ў бессмяротнасць браму" -

Вітае сонца нас пачаткам дня.

Філасофія працягваецца ў такіх трыялетах як "Не ўсё канчаецца канцом", "Дарэмна, воля, не сумуй", "Я заўтрашні і я ўчарашні", "У вечнасці канец свой і пачатак", а таксама ў шмат якіх іншых. Гаворачы пра чалавека, пра нас з табой, аўтар заяўляе:

Разам усе мы, і ўсе паасобку.

Мы і разумныя, і няхлямяжыя,

Мы і труслівыя, мы і адважныя -

Разам усе мы, і ўсе паасобку.

Аўтар піша аб незайздросным чалавечым лёсе, аб яго неабыякавасці, бо сярод абыякавых няма сапраўднай асобы. А чалавек хоча быць ёю. Таму развівае прыродныя схільнасці і заяўляе:

Гнёмся, свіцімся, бываем і важныя.

Можам быць бомбай, гасціннаю стопкаю.

Разам усе мы, і ўсе паасобку.

Мы і разумныя, і нехлямяжыя.

Зусім з нічога робіць Алесь Стадуб свае трыялеты. Спяшаючыся, зайшоў да знаёмай, кот - калмач тут як тут, паўзе за гаспадыняй, але ўсё, як напісана:

Я на хвілінку. Справы рупяць.

Твой кот-калмач ізноў крадзецца.

А ў галаве гудзьма гудзецца.

Я на хвілінку. Справы рупяць.

А вось самае галоўнае з чаго, пэўна, можна было б пачынаць трыялет:

Ад воч тваіх куды мне дзецца?

Ніхто за баксы ўзрост не купіць.

Пра гэтую няшчастую бяду аўтар са шкадаваннем распавядае ў другім трыялеце:

Калісьці мне здрадзіць усё:

І слых мой, і зрок мой, і памяць,

Грахі памнажаючы з вамі,

Калісьці мне здрадзіць усё.

Трыялеты не дарунак Боскі. Яны не сыпаліся з рога, яны - вынік упартай працы. Таму вартыя ўвагі такія з іх, як "Шэпты крыл", "Месяц рогам залатым", "Растучы ў чалавека". "Фермата прызвання", "Палячы", "Крыжы над купалам","Трыялет еднасці", "Бяроза" і многія іншыя. А трыялеты пра Радзіму, пра каханне, пра мову. Пра складанасці жыцця паэта Алесь Стадуб кажа так: "Цяжка быць вершаскладальнікам - дамашнія шкодзяць. Усё ім мала. Мала, мала. Думаюць, за вершы - вялікія грошы. А калі дарма! У кожнага ёсць свае схільнасці, свае недахопы, да ўсяго чалавек прывыкае. І да складання вершаў. Каб выгаварыцца, каб выпісацца, патрэбен час. Вось таму і просіцца:

На год у творчасць адпусці,

Сама сумуй каля экрана.

Мо зажыве цярпення рана -

На год у творчасць адпусці.

Маім прызваннем пакарана.

Ад вершаў - нельга адхрысціць.

На год у творчасць адпусці,

Сама сумуй каля экрана."

Прызванне - гэта шчасце, а шчасце, калі ты сябе лічыш чалавекам. Але з чаго той чалавек. Вось таму і аўтар пытаецца, скажам, у знаёмага:

З чаго ты, браце, чалавек?

З душы, пратэсту ці з любові?

Гляджу на вочы і на бровы.

З чаго ты, браце, чалавек?

Ці ў вечнасці ты выпадковы?

Ці ёю створаны на здзек?

З чаго ты, браце, чалавек?

З душы, пратэсту ці з любові?

У "Скрыжалях" спадабалася сцісласць і нечаканасць. Што самае лепшае? У кожнага свой густ. Напрыклад, мяркуючы па кароткай рэцэнзіі Пятру Макарэвічу спадабаўся зборнік. І ён шчыра пахваліў аўтара, можа каму і не ўсё спадабалася. Кожны падымае сваю штангу. У Алеся Стадуба яна даволі цяжкая, але паэт спраўляецца з ёю. У кожнага пасля сябе застаюцца справы. Яны застануцца і пасля А. Стадуба. Дзесяць кніжак - гэта само пра сябе гаворыць, іншая справа, што аўтару нямала гадоў. І ў гэтым ён сам сабе спагадае:

Сам да спісання на мяжы.

Фінал бясконцаму сувою.

Мой Бог, мяне пасцеражы

Ад сумных думак неспакою.

У другім вершы - працяг гэтай тэмы. У "Літарах" ён піша:

Нішто не вечнае пад сонцам -

Ні гэты свет, ні ты ні я.

Мы літары ўсё ж на старонцы

У тоўстай кніжышчы быцця.

Праз некаторы час пасля юбілею Алеся Стадуба часопіс "Маладосць" у рубрыцы "Літаратурныя мясціны Беларусі" надрукуе:

" Вёска Юшавічы , цэнтр сельсавета - Стадуба Алеся (псеўдаміны: Будзевіч А., Красавіцкі А., Старадуб А., Ярашэня А., н. 24.4.1931 г.), паэта, радзіма. Скончыў філалагічны факультэт Яраслаўскага педінстытута. Працаваў у школах, рэдакцыях газет. У 1972 г. пераехаў у Ліду. Працаваў у рэдакцыі газеты «Уперад» (1972-1987), кіраўніком юнкараўскіх гурткоў у Доме школьнікаў (1993-2001). Друкаваўся з 1972 г. Выдаў зборнікі паэзіі «Твае вочы» (1997), «Вузел» (1998), «Споведзь натхнення» (1999), «Букет настрою» (2000), «Летапіс пачуццяў» (2000), «Калінавыя гроны» (2001), «Сюжэт на фоне адвячорку» (2004), «Водгук ісціны» (2007)."

Вось чым слаўная вёска Юшавічы. Не сваімі гектарамі і цэнтнерамі ўраджаю, не надоямі і прывагамі цялят і парасят, не аграгарадком, а тым, што нарадзіўся тут паэт Алесь Стадуб. І хай сабе гэта толькі адна з ацэнак і толькі часопіса "Маладосць", але яна ёсць, і яе ўжо нікуды не дзенеш.

На жаль гэты артыкул не ўдаецца аздобіць многімі і рознасюжэтнымі здымкамі з цікавага і разнастайнага жыцця паэта, а ўсё таму, што Алесь Стадуб - яшчэ і фатограф, а гэта значыць, што ён, як правіла, за кадрам. Гэта лёс усіх фатографаў. Але артыкул у нас не пра фатографа, а пра паэта. А як паэт ён у цэнтры жыцця, у цэнтры падзей, упарта нясе беларускую паэзію на запаветны Парнас.

Станіслаў Суднік , рэдактар кнігі "Водгук ісціны".



[1] Стадуб Алесь (Аляксандр Дзям'янавіч) нарадзіўся 24 красавіка 1931 г. у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна. Скончыў Юшавіцкую сямігодку, Нясвіжскую СШ № 1, філалагічны факультэт Яраслаўскага педагагічнага інстытута імя Ушынскага (вячэрняе аддзяленне). У Яраслаўлі працаваў у школах, у рэдакцыі газеты "Заводская жизнь" маторнага завода, рэдактарам у НДІ шыннай прамысловасці, у газетах "Ленинское знамя" і "Сельхозтехника". Кіраваў харавымі калектывамі ў Яраслаўлі. Тры гады адпрацаваў у Комі АССР у Вуктыле.У 1972 г. пераехаў у Ліду. Супрацоўнік рэдакцыі газеты "Ўперад" (1972-87). Заг. аддзела лістоў у "Воранаўскай газеце" (1990-93), кіраўнік юнкараўскіх гурткоў у Доме школьнікаў (1993-2001), у таварыстве "Веды" нам. старшыні. Друкаваўся ў рэспубліканскіх, абласных і мясцовых газетах з 1972 г. Выдаў зборнікі паэзіі "Твае вочы" (1997), "Вузел" (1998) , "Споведзь натхнення" (1999), "Букет настрою" (2000), "Летапiс пачуццяў" (2000), "Водгук ісціны", "Сюжэт на фоне надвячорка", "Калінавыя гроны", "Шэпты крыл", "Скрыжалі", аповесць "Вандроўка між гадамі".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX