Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Струмень Васіль 


Аўтар: Жалкоўскі Алесь,
Дадана: 12-12-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 46.



Ён Лідчыне, як і Валыні, блізкі

(95-год з дня нараджэння Васіля Струменя)

Гэта быў багаты чалавек. На добрыя пачуцці і шматлікіх сяброў. Людзей-аднадумцаў меў у Лідзе і Гародні, Дзятлаве і Бярозаўцы, у прынёманскіх вёсках Зачэпічы, Сялец, Беліца... З такімі ж сябрамі-таварышамі Васіль СТРУМЕНЬ быў заручаны і на Валыні, куды з бацькамі пераехаў з Зачэпічаў у 1938 годзе.

В. Струменя (сапраўднае імя Аляксандр Мікалаевіч Лебедзеў) ведаюць як беларускага і ўкраінскага пісьменніка. Свае першае творы ён апублікаваў у пачатку 1930-х гадоў у віленскіх беларускамоўных выданнях. У гэты ж час ён заяўляе пра сябе і як грамадскі дзеяч, устаўшы ў шэрагі барацьбітоў за волю і лепшае жыццё працоўных Заходняй Беларусі. Імкненне да праўды і справядлівасці прыводзіць юнага Аляксандра ў падпольныя ячэйкі камсамолу і камуністаў.

У 1935-1936 гг. А. Лебедзеў працаваў на шклозаводзе "Нёман". І тут , як раней у Зачэпічах і новакольных вёсках, малады чалавек застаецца ў віхуры нацыянальна-вызвольнага руху. Вядзе сярод гутнікаў агітацыйную работу. Выступае ў акцыях пратэсту супраць бяспраўя рабочых і селян, піша вершы. За антыўрадавыя публікацыі і ўдзел у забастаўках В. Струмень быў зняволены ў турмах Глыбокага, Вілейкі, Ліды. Пасля ўлады аддалі яго ў салдаты. Але і там юнак заставаўся самім сабою: адкрываў праўду жыцця жаўнерам 77-га пехотнага палка, за што зноў трапіў у астрог, а дакладней у Лідскую гарнізонную турму.

Звыш паўстагодзя жыццёвыя пуцявіны Аляксандра Мікалаевіча былі цесна звязаны з Украінай. Дапамагаў бацькам весці сялянскую гаспадарку. У гады акупацыі ўдзельнічаў у руху супраціўлення, а пасля вызвалення пайшоў на фронт, у баях з ворагам двойчы атрымаў раненні. Вярнуўшыся з арміі, прысвяціў сваё жыццё настаўніцкай працы. Валынская і Ровенская вобласці сталі для В. Струменя такімі ж родныымі і блізкімі, як і наша Прынёманне. Пісаў вершы на беларускай мове, з якімі выступаў рэгулярна ў друку і на сустрэчах з чытачамі. Часта публікаваўся і ў Беларусі.

Будучы ўжо ў сталым узросце, Васіль Струмень часта наведваў Лідчыну, Дзятлава, Менск. Адразу ж з чыгуначнага вакзала Ліды шпарка ішоў у рэдакцыю мясцовай газеты "Уперад". Кожнага супрацоўніка, творчага і тэхнічнага, лічыў тут сваім прыяцелем. Даведаецца аб нашым жыцці-быцці, потым распытвае пра сваіх сяброў яшчэ даваеннага часу. У іх ліку часта называў Вікенція Салыгу з Феліксава, колішняга актывіста Беларускай сялянска-работнікаў грамады і Таварыства беларускай школы, Івана Івашэвіча (Пятруся Граніта), вернага паплечніка з Зачэпічаў, актывіста КПЗБ Ісака Карабельніка з Ліды, Васіля Камянеўскага (Міхася Ліста) з Краснай і многіх іншых. І тут жа мяркуе, як і дзе з імі сустрэцца.

З цеплынёй у сваёй старэючай душы ўспамінаю сустрэчы з прыстойным і добразычлівым чалавекам: у рэдакцыі газеты "Уперад", у маёй лідскай кватэры, на адкрыцці ў Дзятлаве помніка Ігнату Дварчаніну, пра якога так узнёсла расказваў Аляксандр Мікалаевіч у таварыскіх гутарках і апублікаваных успамінах. У час кожнага прыезду ў Ліду Васіль Струмень заўжды запрашаў мясцовых журналістаў наведацца да яго ў Сарны. Першы раз я адправіўся туды разам з таварышам па рабоце паэтам Пятром Макарэвічам у сувязі з 70-годзем пісьменніка.

Мне выпаў гонар павіншаваць юбіляра ад калектыву газеты "Уперад" і ўручыць яму прывітальны адрас ад "Гродзенскай праўды", што было зроблена па просьбе яе рэдактара Аляксандра Богуша, майго папярэдніка па пасадзе рэдактара газеты "Уперад". А Пятро Макарэвіч прывітаў старэйшага сябра ад імя лідскіх літаратараў.

Пазней я наведаўся ў Сарны з жонкаю і ўнучкай Насцяй. І зноў была радасная незабыўная сустрэча. Аляксандр Мікалаевіч пазнаёміў нас з Сарнамі, а затым угаварыў з'ездзіць у Роўна і Астрог. З любасцю і пяшчотай расказваў наш гаспадар і гід пра гэтыя гарады і іх славутых людзей. Асобліва ўразіў Астрог, утульны і прыгожы горадок, адзін з першых цэнтраў усходнеславянскай пісьменнасці са сваімі музеямі. І яшчэ пару слоў пра Сарны і руплівую ды гасцінную гаспадыню Тамару Лебядзеву. Яна частавала нас адмысловымі прысмакамі, а, даведаўшыся пра недамаганні маёй жонкі Валі з хворай нагою, схадзіла з гасцей да знаёмай народнай лекаркі. І, о дзіва , пасля гэтага візіту боль той знік зусім.

1 красавіка 2009 года Васілю Струменю споўнілася б 95 гадоў. А пакінуў ён наш свет 25 кастрычніка 1992 года. Памёр ад інсульту, пахаваны у Сарнах. Апошнюю дату напісаў таму, што ў бібліяграфічным слоўніку "Беларускія пісьменнікі" (том 5), іншых выданнях указаны недакладныя звесткі аб сконе нашага слыннага земляка. Памяць пра Аляксандра Мікалаевіча жыве і на Гарадзеншчыне, і на Валыні. Яму нададзена, ў прыватнасці, годнасць Ганаровага грамадзяніна Дзятлаўскага раёна. У сувязі з юбілеем паэта-змагара ёсць такая думка. У Зачэпічах, вёсцы - гняздзе паэтаў, як яе назваў Уладзімір Калеснік, пустуе дом, пабудаваны Петрусём Гранітам з дапамогай В. Струменя. Добра было б адкрыць там грамадскі музей мясцовых пісьменнікаў. Паспрыяў бы ён, мяркую, і развіццю аграгарадка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX